БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук... | КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 22

ДЗЕЯСЛОЎ № 22Васіль Зуёнак

Гіпноз 
Элегія

Сёньня Цімку не пазнаць.

Сёньня Цімку як з кіпетню выцягнулі, — як вараны-перавараны ён... На Пахомава «здароў» толькі буркнуў, а на Язэпку нават і не зірнуў...

Не пазнаць Цімку...

А яшчэ толькі ўчора...

— Пра камету пытаешся? — ад словаў гэтых Язэпка аж галавой закруціў: хто ж гэта ў яго, у Цімкі, пытаецца? Нікога і не відно, здаецца. А Язэп і языком не варухнуў. Ды і варухнуць ня мог: як пытацца, калі ён і слова тое, «катлета», ці як яго там, першы раз чуе... — Дык вось, як цяпер помню, каб ня схлусіць: на другі дзень вялікага паста было —у адна тысяча дзевяцьсот шостым годзе. Дзед мой басанож на падворак выскачыў...

— Гы-гы-гы! А ты адкуль усё гэта ведаеш? З дзедам жа было...

— А таму і ведаю, дурная твая галава і так далее, што з дзедам!.. Бо нарадзіўся я ў такім разе куды пазьней за яго. А калі б раней, то адкуль бы, сапраўды, ведаць мне, што яшчэ будзе з дзедам... А ты тут «адкуль», «адкуль», — адтуль, кажу, што вопыт гісторыі так і перадаецца: ад дзядоў да ўнукаў, а не наадварот... Прадугледжана гэтак. От і сьведчу, што стагоддзе назад тварылася...

Тут ужо Язэп і сумеўся, і апраўдвацца, было, сабраўся, ды рашучасьці на тое не хапіла, бо перад навукай ён ня дужа й моцны. Не такі галавасьцік ды языкач, як Гіпноз, між намі кажучы, — ну, Цімка гэты самы...

А Цімка тым часам гнаў хвалю далей: зачапіўся, Кроцік (гэта яшчэ ў давершак да звычайнейшага — Язэпка, як знала і клікала яго Узбор’е – за драбнату целам і нерашучасьць духам: быццам з нары іншы раз выскачыць на сьвятло і тут жа вомільгам хаваецца), высунуўся, то і маеш:

— Ну вось, сядзім мы тут сабе, гамонім, маракуем... Добрая кумпанія салідная, — палова з нас, няхай сабе, і дурняў, але ж другая палова... — Цімка азіраецца, нават рукой наўкола абводзіць, каб ахапіць гэтую «кумпанію», што іх усяго толькі двое ў ёй і ёсьць, у «кумпаніі», Цімка, аднак, сказаць не пасьпявае. А можа, і сьпецыяльна гэта робіць, — знае: кропку трэба ставіць не ў канцы, а перад саменькім парогам, каб сьверб застаўся — зазірнуць далей... Не, хутчэй што не пасьпявае. Бо тое «але» раптам, як рэха, выкацілася з-за плятня: — Але ж... але ж, хто тут ёсьць хто, бяз трэцяга не разабрацца!.. — I трэці — дзед Пахом — спачатку перакінуў цераз пляцень кавялу, а потым нагу сапраўдную пачаў перацягваць, ужо грабучыся задам наперад.

— Ага, дык вось, як цяпер помню: у адна тысяча... — вычакаўшы, пакуль Пахом зробіць поўны разварот, працягвае Цімка: — ...дзевяцьсот дзявятым годзе мой дзед...

— Дык жа ў шостым... — зноў неўспадзеўкі ўтыкаецца Язэпка — ні то з пярэчаньнем, ні то з запытаньнем... А от гэтага якраз і ня варта было рабіць. Цімка дужа крыўдлівы ў такіх выпадках:

— А ў цябе хто пытаецца? — аж ускіпае ён. — Ведаеш многа... то сам і расказвай. А ў мяне так: было — значыць, было. Камета, як цяпер бачу, тады пралятала, — якраз вось над гэтым плятнём. Дзед во тут, з гэтага боку стаяў, па патрэбе сваёй... А яна з таго боку, цераз усё неба, як насунецца... Перапалохаўся дзед — ды ў хату, ды на печ... А людзі казалі тады: канец сьвету надыходзіць — рэвалюцыя, бо супраць цара. Гэтаксама як і цяпер во: канец стагоддзя, камунізам разбураюць, — і камета да зямлі шыбуе. Ня тая, іншая зусім, але і яна ўмэнт разьнесьці можа — і пляцень гэты, і зямлю, калі трэба... Так і кажуць разумныя людзі па целявізару...

— Паслухаем ды патыліцу пачухаем... — яшчэ няўстойліва хістаючыся на адной назе пасьля фарсіраваньня плятня — праўда, у самым зручным месцы: цераз прасла, прыгоцанае малечай, ласай да суседскай агародніны, — ні то аб’яўляе, як са сцэны, ні то падахвочвае публіку, і сябе у тым ліку, дзед Пахом. З гэтым ён — як бы рыхтуючы патыліцу для таго чуханьня — сьцягвае з галавы шапку-блінец: упарыўся бо. Чапляе ўбор той, яўна ветэраністага гарту, на колік — хай праветрыцца. Тым часам і галава падыхае...

— І трэба ж так: пляцень — а колькі яму ўгатавана, колькі над ім пранеслася ўсялякага... — нясмела, як заўсёды, быццам з перапалоху, зноў чапляецца за гамонку Кроцік. — Ды і пад ім, пад плятнём, тое-сёе здаралася... — Вочкі ягоныя хітравата хаваюцца, затое аж ярчэй неяк пачынае блішчэць — чорненька гэтак — бародаўка на лобе ў міжвоччы. Як трэцяе вока, якога, здавалася, аднаго б і хапіла, як для Кроціка...

— Не пляцень, а Вялікая Кітайская сьцяна... У гісторыі быць варты, — непахіснасьцю, сваёй і так далее...

— Але ж і соўгалі яго... туд-сюд, сюд-туд... — гэта ўжо каменьчык Язэпкаў Цімку ў агарод: колькі разоў, помняць жа ва Узбор’і, дзед Пахом умацоўваў колікі, як слупы на дзяржаўнай граніцы, а Цімка за ноч цішком перасоўваў іх, разам з плятнём, канешне, — на паўметра, каб пашырыць тым самым сваю прысядзібную палосу. А ўсё таму няўстойліва пляцень пачуваўся, што зямля тут згубіла цьвёрдае памежжа, падпаўшы пад агародныя дзялкі. Так бы і дагэтуль, можа, пераскокваў пляцень, калі б аднойчы ня вызвалілі яго з аднаго боку, з Цімкавага, ад памежнай службы, зрабіўшы прагон для калгаснага статку. Ды і дзед Пахом, тым часам, здавацца пачаў: «А для мяне ўжо, — махнуў рукою, — зямлі з кожным годам усё больш і больш робіцца. О-о, раней гектар дзесяцьцю соткамі здаваўся, а зараз дзесяць сотак на гектар цягнуць. Адбаранаваў сваё, адслужыў Пахом, як пляцень гэты...»

— Што і казаць, пляцень музейны... Хоць зараз за шкло стаўляй —для ўразуменьня прапраўнукаў і так далее, — Цімка летуценна задумваецца, быццам увачавідкі бачыць перад сабою тых далёкіх нашчадкаў, што дзівуюцца гэтым агародна-абарончым збудаваньнем другой паловы дваццатага стагоддзя — плятнём з узборскага выгану... Але, як выяўляецца, думкі Цімкавы сягаюць, хоць і далёка, але зусім у іншым кірунку, у адваротным, — ва ўспаміны:

— Як цяпер гляджу: быў і яшчэ адзін у маёй аўтабіяграфіі пляцень. Толькі не раўня гэтаму — высачэзны быў, бо так во, — Цімка паказвае, як любуецца, — гара, а за ёй абрыў адразу, прорва: калі сігаць, дык і парашут не зашкодзіць. А я вось гэтак — як стаю, гэтак і паляцеў: голенькі, — ну, значыць, без якога-небудзь выратавальнага рыштунку... Чаго лётаў, пытаецеся? А вінаград там якраз быў, за гэтым плятнём вертыкальным. А мы — у колькасьці аднаго чалавека — па ўвальніцельнай... ідзём сабе — ну я, вы ж разумееце,— з часьці: яна ня так і далёка была, — і спакусіўся. Палез, узгробся — і ўжо руку працягнуў, каб за гронку ўхапіцца ды сашчыкнуць... Ды тут і здарылася — дзяўчына з-за куста, чарнявенькая такая, малдаванка. I сьмешна ёй стала — як зарагоча. А я хістануўся на тым плятні — ды ўніз, пад абрыў ды ў сьнег, у сумёт, — во, па пахі, як цьвік, уехаў... — Цімка і рукой адмярае, праводзіць па грудзях рысу, да якой ён у сьнезе сядзеў. І тут ужо Пахом не ўтрымаўся, зарагатаў, як тая малдаванка, толькі сіпла, з кашлем у дадатак, і Язэпка дробненькім сьмяшком падсабіў.

— А што за сьмех, пытаюся?.. Гэта я ў вас... Сказана ж: горы, то і знаць трэба: унізе лета, а зьверху зіма.

— Дык ты ж уніз ляцеў, бліжэй да лета, калі што якое...

— Паўтараю — горы, то і з надвор’ем адпаведна: сонца — за хмарку, а холад па карку... Але ж, помню, выбірацца трэба. Сітуацыя, як камузводу кажа... То і я кажу — ёй, рагатуньні гэтай: так і так, вінаграду купіць думаў, прыцаніцца...

— Дык заходзь, салдацік, пачастуешся!.. — гэта яна ўсё: ну й сьмяецца, ну й сьмяецца... Зубкі на сонцы сушыць... А я ёй адкрыта і дакладваю: «Не салдацік, а яфрэйтар...»

— Не бяды — хай сабе й гэтак, хай сабе... — А дзеўка, па ўсім відаць, акрутлівая: так і глядзі, за жабры возьме — і на бераг!.. — Заходзь, — кажа, — толькі ня тут, цераз верх, а вунь там — праз весьнічкі, — і пальчыкам так накірунак дае. А адтуль і яшчэ адна жанчына паказалася, старэйшая, маці, пэўна... Разумею: падхарчыцца зараз клікаць будзе... Так яно і выйшла... Здаўся я... А ў іх госьці якраз, і так далее... Шмат гасьцей было, усіх я агледзеў: быў адзін пляшывы, быў гарбаты, і быў, як дазнаўся потым зусім глухі, нават нямы, — але не было такога, які б ня ўстаў перада мною... Як-ніяк — абаронца, шчыт. Ад капіталістаў, ад НАТы іхняга і так далее... І частавалі — як абаронцу!.. Смажэні ўсякае было, а пра садавіну дык і гаварыць нечага — горы на стале дый наўкола. Ну і выпіўкі — ад пуза. Віно, праўда, а каб мацнейшага чаго — то рот не разяўляй занадта: па чарачцы ўсяго і выйшла...

— Для разгону ці што?.. — нецярпліва аж прыўзьнімаецца Кроцік.

— Ды мяне дужа не разгоніш... Найперш — статут... воінскі... унутранай службы, — Цімка загінае адзін палец... — А потым другі палец ператвараецца ў кручок, — гэта ўжо асабістая лінія: на дзеда, малы, наглядзеўся,то і адвярнула. Не зусім каб... але... Так, дзюбну пры нагодзе ды ахвоце. Але ж, само слова — у дзюбу шмат ня возьмеш...

А дзед у мяне на гэты конт мацаком быў. Бутэлька для яго за духоўнага пастыра мелася... Рэлігія, а ня выпіўка... Перад першай — калі з чаркі, а не з гарла — як малітву прамаўляў:

— Чарачка, адкуль ты?

— З хлеба.

— Куды ідзеш?

— На неба.

— А пашпарт ёсьць?

— Няма...

— Вось табе й турма!..

Турма ж у дзеда была, трэба праўду сказаць, прасторная. Мастак быў дзед наконт выпіць...

Во — як цяпер бачу: гэта я ўжо сам з той печы гляджу, на якой дзед сядзеў, ад канца сьвету ратуючыся. А дзед ужо за сталом цяпер, са сватам сваім, Ахрэмам з Казубца. Чаго «сват», пытаеце? А «цялушка» яго ведае!.. Але мне пакуль што не сказала. То і я да гэтага часу ня знаю, кім той Ахрэм нам даводзіўся. Але «сват» ды «сват» — так усе ва Узбор’і і клікалі. I ён адгукаўся... Сьмяяліся, што калісьці дзед сасватаў яму дзеўку, — завочна, праўда: жаніх ня бачыў, а дзед толькі чуў пра яе. А як выявілася, дык завочніца тая не зусім спраўная ў хадзе, кульгае ды яшчэ з падскокам. А ў дадатак, суседзі шапнулі, яшчэ й цнатліўка на ўсю вёску: каго хачу, таго й пушчу... А дзеду што з таго!.. Узяў ня ўзяў Ахрэм дзеўку, а запоіны дзед вымантачыў адразу ж, на самым пачатку. Ды і сватамі назваліся... А за сталом яны зараз, бо дзед цялушку свату прадае, — сапраўдную, целявізараў тады яшчэ не было, і найменьня таго ня зналі. Сядзяць яны гэтак за сталом — дзед быццам прадае, а сват быццам купляе. Прадасьць — не прадасьць, купіць — ня купіць, а ўжо замочваюць. Па ўсіх правілах. А дзед моцны ў мяне, помніце, быў, загартаваны. Ведама ж, з-пад каметы жывы выйшаў. То і паўлітрам ня зваліш. Гэта я ўжо цяпер так разумею. А тады — сяджу ды гляджу з печы. А ў хаце неяк цямнець раптам пачало, навальніцай дыхнула. Дзед нават сьвятло ўключыў — навіна ў нас тым годам, як цяпер помню, адна тысяча дзевяцьсот сорак дзявятым, на Першамай, здарылася: лямпачка Ільіча ўспыхнула...

— Расказвае Цімка заўсёды і пра ўсё так, быццам пра тое аніхто, апроч яго і ня чуў, і ня ведае. Не малыя ж Пахом з Язэпкам, каб так ужо ім распляскваць: самі помняць. Вось толькі з нумарацыяй гадоў тугавата ў абодвух — з Цімкам тут не пацягаешся... І ўсё ж Пахом наважыўся сунуцца з удакладненьнем:

— А ці ня ў сорак восьмым гэта?.. Я тым часам якраз...

— Ну, ты гэта забудзь!.. У адна тысяча дзевяцьсот сорак восьмым годзе зусім іншае было: маці мне першую сапраўдную кашулю пашыла — з нямецкага парашуту... Да гэтага ўсё хавала, каб не адабралі як трафей... Тады ўсё трафейнае на службу аднаўленьня разбуранай гаспадаркі ста­вілася... Той самы рухавічок з генератарам, што лямпачку Ільіча ў нас запаліў — Леніна, каб ведалі, Уладзіміра Ільіча,— таксама нямецкі быў — літары там трафейныя і арла зубілам яшчэ зьбівалі... Дык вось рухавічок той ня рухаўся, а генератар замест жорнаў на вадзяным млыне падключылі. Малоць не было чаго, а жыцьцё сьветлае наступіла... I як цяпер бачу: толькі дзед гэта выключальнікам пстрыкнуў — ён тут жа, ля стала быў, гэтак жа, як і адвод для разеткі, — каб усё пад рукою... I толькі гэта яны працягнулі шклянкі — будзьздароўкнуцца каб, а тым часам і за здароўе цялушкі выпіць... Дзед яшчэ і аспрэчыць не пасьпеў сватава бубненьне: «І якое там цялятка — не раўнуючы, як агнец біблейскі...» — дзед у кішэню па слова не палез:

— Сёньня цялятка, а заўтра карова, справа ж такая... жыцейская...

— Адкуль карова?!. — першацёлка яшчэ, а з яе малака... Якая там карова... — гэта ўжо сват... І тут раптам — як выблісьне, з разеткі той самай!.. Клубок вогненны выскачыў — трэснула гэтак, ну, гром ці што... Як цяпер гляджу: сват — напавал... пад стол зьехаў. А дзед — сядзіць. Толькі рука са шклянкаю ня гнецца — ні паставіць, ні выпіць, а пальцы ўчапіліся, казаў пасьля... То ўзяў ён тады шклянку леваю рукою, а тая спраўная засталася, дык і да роту слухмяна пайшла. Каўтануў дзед што было наліта, толькі ўжо закусваць ня стаў, часу ня меў: пад стол палез — свата адходж­ваць. Нічога, адкачаў,— аглушыла толькі свата. А дзед магутны быў... Кажу — сямсот мілілітраў бярэ і так далее...

— Ну ўжо... — Кроцік і акрэсьліць не пасьпеў: сумняваецца ён ці ў захапленьне ўваходзіць, ды Цімка як адсякае:

— А ты, пажыўшы з маё, тады і спрачайся, і вучы!..

Што праўда, Язэпка маладзейшы — не на палову, але ладнавата, — ды і ў арміі не служыў, сьвету не пабачыў. Але ж ад нормы дзедавай ніякавата робіцца і другому, прысутнаму дзеду, Пахому. Што літру — удвух, калі што якое, дык было, адольвалі: сам сьведка... А то сямсот... якога там чорта, але ж сямсот...

Аднак пярэчыць Пахом не наважыўся. Толькі ні то пагадзіўся з Гіпнозам, ні то зазірнуў у пацёмкі ўласнага вопыту:

— Душа меру знае... — а далей заглыбляцца ня стаў. Зважае Гіпнозу дзед па той жа прычыне, што і Кроцік: абодва яны безцелявізарныя, лічы. У Кроціка ёсьць «бяльмо» нейкае, што не паказвае, а само глядзіць на цябе вадзяніста і мутна... — добра, што яшчэ гаворыць так-сяк, не маўчыць... А ў Пахома і такога няма. Ды, папраўдзе, і не было ніколі. От і перабіваюцца яны ля Гіпноза: у таго «цялушка», як сам Гіпноз называе, і масьцю ўдалася — ня чорна-белая ці, яшчэ горш, сівая, а на ўсе колеры ільсьніцца, і голасам бярэ — рыкае спраўна... Сын уважыў: са свае гаспадаркі сьпісаў, бо сабе новы, з японскай трубкай, паставіў, — столік на лапах такіх, тыгровых, кажа, а мо і сабачых... Ня дзіўна, бо і служба такая: цэлы дзень шахвёраў ганяць ды руля выкручваць... А от жа, абяцаў, і «Масквіча» таго, на бацькавыя грошы купленага, неўзабаве з вяртаньнем прыгоніць. Сам жа, сьмяецца, на японцы прыкачу, «Міцубісі» кажа... Неяк, калі на наша вуха, гуляшчае штосьці чуецца... Але дармо... Ідзе ўгору сынок, ідзе... Па службе... і так далее... Пабачылі б вы яго — куды там! — пры форме з аплечнікамі колеру сталі ў салатавы пасак, з палкаю паласатай: стаіць — як ільля Мурамец з булавою на раздарожжы, пільна ўглядаецца, з якога боку парушальнік транспартнага руху з кашальком даляравым пад’едзе... Тут ужо не абмінеш «заставу багатырскую»: і правы прад’яві, і так далее...

Хваліцца гэтак Цімка, а між тым, і пра сябе падумвае: хоць бы якую доўжнасьць, каб з пячаткай, каб народам пакіраваць, паперкі дзяржаўныя пападпісваць... А то знайшлі аднаго тут, самасейку, і радасна ўсе крычаць, што толькі ён і варты старшыняваць вечна... А Цімка?!. — ды ён жа яшчэ са школы на начальніка руку набіваў: уласнаручны подпіс распрацоўваў. Колькі ўсялякіх кручкоў ды загагулінак хітрых пераспрабаваў — і паперадзе, і ў хвасьце, і зьверху, і зьнізу... О-о, подпіс выйшаў! — ніхто ў сьвеце не падробіць, — будзь ты хоць дзьвюх краінаў прэзідэнт!.. «Мне б электарату трохі ды грошай накарбаваць, а подпіс ужо ёсьць: хоць на рублёвую паперку, хоць на мільённую, пры грашовым бясцэнку, — стаўляй, без падробкі!.. — і рулюй: там брыгадай, там калгасам ці саўгасам, савецкай гаспадаркай, значыць, і так далее... Павёў бы ня горш некаторых...

— Слухаеш цябе — і аж валасы на лысіне прарастаюць і дыбка становяцца: такі размах, такі розум у галаве носіш... — дзівуецца тады Пахом.

— А я вось тут... з вамі, грыбы чарвівыя... — з ахвотай падхоплівае Гіпноз. — Галава нішто сабе, і лысіна пры адпаведнасьці: начальсьцьвеная, ня хвалячыся... — I ўдакладняе: — Гэта як у каго што — для начальсьцьвенасьці. У дзеда майго, прыкладам, вусы былі. О-о, вусы!.. Крайні волас — да вуха, калі нацягнуць... І голас меў... Па мне ўдаўся ...

Што гэтак то гэтак: сышоўся Гіпноз — кропля ў кроплю — з дзедам, прынамсі (дый бясспрэчна — маглі пацьвердзіць старыя ўзборцы), у адным — у цягавітасьці пагаварыць. Дзед Гіпнозаў, а тады яшчэ проста Пракоп, у актывістах узборскіх пастаянна ашываўся. Затое кім толькі не перабыў: і пры Керанскім, і пры Пілсудскім... Лес пасьля рэвалюцыі, што ў пана за парк лічыўся, першы пад сякеру пускаць пайшоў... Потым — за зямлю ўзяўся, кулакоў прыціскаў... Тут ужо і Сталіным яго аднойчы, за чаркай, жартаўнік Ягор паіменаваў... «Што з таго выйшла, пытаецеся? — успа­мінае Цімка. — А нічога такога: Ягора больш ня бачылі за Узбор’і — зьнік...» Як паклікалі Ягора ў раён — пагаманіць — у габінецік асобны, бяз шыльдачкі, — так дагэтуль і гамоняць — ніяк не нагамоняцца... Жонка чакала — не дачакалася, на той сьвет пайшла з надзеяй на сустрэчу. Дзеці хто куды разьехаліся, каб у ворагах народу па Узбор’і не хадзіць... А Ягор усё гамоніць — дужа цікавая гамонка завязалася... А Пракоп застаўся, хоць ён жа і выпіваў тады — адзін-на-адзін — з Ягорам... Толькі да Сталіна імя ягонае ніхто больш не асьмельваўся прыстаўляць: язык уняло вострым на слова узборцам. Так і дажываў Керанскім дзед, той, што ўвесь у Гіпноза... Не дачакаўся толькі гонару за ўнука...

Затое дзед Пахом любуецца Гіпнозавай лысінай, у захапленьне прыходзіць:

— Не раўня маёй... — і, змахваючы з лысіны назойлізую муху, аргументуе: — Мая што — мая па старасьці... А на цябе во: колькі гляджу, — здаецца, і нарадзіўся ты з лысінай гэтай, і тады ўжо яна галаву тваю разумна ўпрыгожвала...

— Што тады! Яшчэ да таго... Успаміналі, што і чытаць я навучыўся раней, чым гаварыць... Кінуць аднаго ў хаце, на ложку, ды яшчэ і да балясіны прывяжуць, каб долу не кульнуўся... А сьцяна газетамі была аб­клееная, замест шпалераў. Вось і чытай, пакуль дадому пазьбіраюцца хто адкуль... З працы там, з гуляў — бо я самы меншы быў...

І яшчэ адзін занятак помніў Цімка. Гэта ўжо як на свае ногі стаў. Па хаце гойсаў — ад печы да тапчана пры акне. Бо на вуліцы холадна, а на ногі абутку няма, ды і на плечы нечага ўскінуць. Зноў жа — дома нікога. Сумна Цімку. Вось і прыладжваўся ён у акно глядзець: то на кані хто праедзе, то пеўні счубяцца ў бойцы, то цёткі ля калодзежа гамонку завядуць: стаяць, рукамі махаюць, хуценька так вуснамі і языком перабіраюць — навіны высыпаюць (а мо й сварацца?..), ды голасу не чуваць. Сядзіць гэтак Цімка і ўсё на словы пераводзіць, усяму сваю мову дае... Нібы кіно нямое глядзеў. Ці во цяпер тэлевізар, калі гук, бывае, прападзе... Гэтак і налаўчыўся ён прыдумляць ды пераказваць прыдумкі свае, — спачатку толькі сабе, а потым і ўсім, хто слухаць яго не ленаваўся ды часу лішняга меў добры запас. Гэта з гадамі, па ўзросьце — пасьля перавалу... Але і на пачатку важна было першы раз падступіцца да выдумкі — як на кручок трапіць, каб усё з часам само пайшло-паехала — жыва і весела. Як фурманка парожняя з гары: сама коціцца-грукоча, сама сябе падганяе і каню пад зад паддае, каленкі крышыць — аж іскры сыплюцца...

Быццам чмур які нападаў на Цімку: так расьпісвае, так размалёўвае, — хоць і знаеш, што ілжэ, у зман уводзіць, а верыць хочацца. I верылі — асабліва дзеці і кабеты, — і сьмяяліся і спачувалі, і абураліся. Тэатр дый годзе!.. — Ці гіпноз які?..

І толькі Цімка рот раскрые: «Як цяпер помню, каб не зманіць...» — кожны з амаль што няўцямным смуткам пра сваю курыную памяць падумае, зайздросьцячы: «От жа галава — як запісана ўсё...», а больш падкаваныя ў школьнай праграме яшчэ й дададуць: «Машына гіпнатычная...» Што неўпрыкмет, і замацавалася ў Цімкавай мянушцы.

А Цімка, дужа і не пярэчыў таму, і не крыўдаваў. Яму нават і ўпадабалася найменьне. I апраўданьне было: во, маною ўсё наўкола, як поле пырнікам, парасло, — і ня выкарчаваць. Ад пастуха і да самага верху бяры, па «вертыкалі» — суцэльны гіпноз: адзін аднаго водзяць за нос... I ўсе ня вераць ні слову свайму, і ўсе робяць выгляд, што вераць, і заклікаюць астатніх быць пэўнымі ў іх праўдзівасьці... Самі ў гіпноз упадаюць і ад іншых таго ж вымагаюць: замовы блазенскія за ісьціну ўважаць... Абы ў сон людзей увагнаць. Як у той калыханцы: «Люлі-лю-лі-люлі,— пайшоў кот у дулі, адмарозіў лапкі...» — ня зважна, што «дулі» і «мароз» у адначасьсе, — абы дзіця заслухалася ды заснула... Тое ж амаль, што ў Цімкі: з вінаграду ды ў сьнег...

Асабліва целявізар у гэтым стараецца — Цімку аж у зайздрасьць уводзіць. Уласна, з яго, з целявізара, і сьверб начальніцкі да Цімкі не на жарты прычапіўся, — як «ваўчкі», ці «сучкі» па-ўзборску, за штаны, калі ў іх непралазь дзе-небудзь на пустэчы ўсунешся... А што — іншым можна, а яму — не? Дарога Цімку завалаю перакрыта?.. I Пахом з Кроцікам, калі на тое, у дзьве рукі прагаласуюць: там бы, на «цялушцы», Цімка ўсіх вусаценькіх пераплюнуў... З вусамі ў яго, ня будзем маніць, брак атрымаўся, на жаль: рэдзенькія высядаюць, як сіўчык... Затое з зубамі — аж занадта: цеславатыя, між намі, — кожны, як цясла, струмант такі цясьлярскі, — а ўсе разам за губой не ўмяшчаюцца, цеснавата ім у роце... У малалецтве пакутваў з-за іх. Гульня такая была — ці не сьпецыяльна для Цімкі і прыдуманая: суніц назьбіраюць — і ў агульную шапку, а адтуль бяруць і, вочы заплюснуўшы, кожны сабе ў разяўлены рот хуценька па адной кідае. Дык у Цімкі — што ні кіне, то ўсё па зубах, і ўсё на дол, усё на дол ягады... Вочы расплюсьнеш — а ў шапцы ўжо, тым часам, пуста... А што ад зубоў упала — не тваё, прапала... То было, а цяпер — зубы, можа, якраз тое самае, што й трэба: жалеза перагрызуць... Струмант сучасны...

Вось толькі б дабрацца да тых, што на целявізар выпускаюць, — да дзяржаўнага б гіпнозу... Дабрацца б, то выпусцілі б, — ён жа не супраціўнік іхні, а ўсяго толькі спаборнік: хто каго перагаворыць... Ды нічога — ён і тут упраўляецца... Натрэніруецца на Кроціку з Пахомам — а там: даёш дзяржаву! — аж да Крамля, можна сказаць, ад самых ускраінаў...

А пакуль — на мясцовых кадрах пасядзець трэба... От прыходзіць, канкрэтна, гэты самы Пахом. «Барбару» паглядзець. А Цімка яму: «Мандат ваш... Ці квіточак, калі не ўдастоены онага... Прад’явіце — і так далее...»

Таму й пабойваецца дзед Пахом Гіпноза. Чорт яго ведае, што ўчыніць можа... Як учора: толькі за клямку дзед узяўся, а ўжо гарлае Гіпноз: «Дзень няпрыёмны!..» Ды яшчэ і рагоча: «У цябе ж свая Барбара, то ідзі і любуйся...» Праўда, да целявізара дапусьціў, зьлітаваўся, але тлумачыць пачаў: «Бо хіба ж ня ведаеш, што Варка твая якраз і ёсьць Барбара, — Варвара, значыць. Толькі ў іх там на «б...» усё. Буржуі яны на тое і буржуі: ад капіталу палеюць, — усё на «б...» перакручваюць. Ды нам з імі не па пуці...»

А дзед Пахом глядзеў на тую, далёкую, Варку, — ня так на яе, як на «жыцьцё тамашняе, і праз дрымоту даводзіў Гіпнозу: «Ды я, тваімі словамі кажучы, бяз той дарогі пабег бы, па водах-акіянах, каб да такой жытухі дабегчы. А ты кажаш...» І ўжо сам сабе — ні то ў сьне, ні то наяве — пярэчыў: “Але ж і мая Варка во... таксама Барбара... Грэй плечы ля сваёй печы...”

А Барбару чужую можна і ў Гіпноза, па «цялушцы», паглядзець. А калі што не пабачылі, то і Гіпноз ня без ахвоты перадасьць, нават цікавей, ад сябе, размажа...

Прасіцца во толькі... А што паробіш... Наогул, ды і прыватна, у Пахома з целявізарам жыцьцё з самага пачатку ня склеілася. Усе людзі як людзі: сядзяць — дома глядзяць. А ягоная, Барбара, жонка гэтая самая, нават і слухаць пра паскудства ня хоча. Аднойчы Пахом, было ўжо, і ў раймаг па-сапраўднаму сабраўся, і сума адпаведная ў кашальку завялася: парсючка закантрактаваў. Дык Варка на парозе з вілкамі, як з ружжом на два штыхі, стала:

— Ды я табе зараз, — абяцае гэтак, — глядзелкі бясоўскія твае павыкалю, абедзьве адразу, каб не цягнула зыркаць на баб голых, на талаку іх вядзьмарскую. Яшчэ й галаву, як чыгун, ухватам гэтым падчаплю — ды ў печ! — гары там, як у пекле, разам з похацьцю грахоўнай...

А Варка, Пахом добра знае, словаў на вецер кідаць ня будзе: веры цьвёрдай, старога звычаю, дрэўляй веры баба. І відовішчаў розных, грахоўных, па-ейнаму, цярпець ня можа. От жа ў лазьню дык і цяпер разам, па завядзёнцы сваёй стараверскай, пражэцца. Але толькі памыцца. А так — ні-ні – і пальцам ня здумай крануць, ня тое што... I песьні ж сьпявала, і карагоды, маладая, вадзіла — усё старынныя. За гэта ж і пакахаў Пахом пявуньню-стараверачку. Ды і цяпер ня ў крыўдзе... А от з целявізарам — ніяк не ўламаць Варку: як убіла сабе ў галаву, што там толькі распусьніцы выгаляюцца ды цалуюцца прылюдна, то і крык паставіла: «І нагі чорта гэтага ў маёй хаце ня будзе. А ты, — Пахому сказала, — да Гіпноза вунь чыкільгай, любуйцеся там з гэтым слова-блудам, як бабы на мужыкоў грабуцца...» Пахом, хоць і веры новай, ніканіянскага выроддзя, як Варка, пад злую хвіліну, трактуе, хоць і загартоўку савецкую мае, і фронту яшчэ айчыннага захапіў, нагу там пакінуўшы пад Берлінам, але з Варкай апастыляцца ня стаў, бо і сам ня дужа падкі быў да блазенскага крыўляньня ды гарладзёру. А вось палітыка... З-за палітыкі і мусіў іншы раз Пахом бегаць да чужога целявізара, як да бабы чужой... I што паробіш з Варкай, калі з вілкамі наступае: «Я табе зараз выкалю...» «А мне ці ў глаз, ці ў вока — адзін чорт, — адвярнуўся, каб ня плюнуць, Пахом. Ён і «глаз» гэты сьпецыяльна, каб увярэдзіць Варчын гонар, увярнуў: здаўна пасьміхаюцца са «стараверскае», прынесенай з Расіі, гаворкі карэнныя ўзборцы. Яе ўжо і гаворкі той амаль няма, растварылася, але слоўцы асобныя засталі­ся, выскокваюць як са схованкі. Во, ускіпеўшы, іншы раз Варка, як зараз, вілкі ўхватам назаве, а чапялу скавароднікам. Ці і пры добрай лагодзе, бывала, прашэпча: «Солнышка маё...» — як песьню сьпявае... А цяпер во, на старасьць, быццам падмянілася Варка: целявізар люта ўзьненавідзела і нават яго, Пахома, да веры сваёй старой схіляць пачала: «Пахаваюць побач, — пераконвае, — а то разьвязуць па розных кладбішчах — і не дагукаемся...» «Ат, зямля адна — ці на кладбішчы тваім, ці на могілках...» — толькі і знайшоў што сказаць Пахом: каб і няпэўна, і ня крыўдна для Варкі было...

Свае, і калі гістарычна, ня простыя, рахункі з «цялушкаю» і ў Гіпноза. Першае захапленьне, калі ўсе, ледзь не натоўпам, валілі да брыгаднай канторы паглядзець гэты цуд, зьмянілася трывожным неспакоем: Гіпноз нутром адчуваў, што ў яго зьявіўся зацяты супернік. З кожным новым тэлевізарам, што пасяляўся ў чыёй-небудзь хаце, радзеў вечаровы гурт на веснагорскай лавачцы. Да таго часу, як абзавёўся целікам і сам Цімка, ужо ці не на тры чвэрці Узбор’е вачыма сваіх насельнікаў углядалася ў шкляную прорву, з якой на паказ і на подзіў людскі штодня выварочваўся, віраваў, бадай, увесь белы сьвет. Выходзіў тады Цімка на лавачку, з пагардаю пазіраў то ў адзін канец вуліцы, то ў другі, і лютая, амаль што Варчына, але з іншым начынкам, нянавісьць да гэтага бяльматага балабола пераскоквала з аднае антэннай жардзіны да другой — усіх, па чарзе, перабіраў Цімка: «Бач, пазашываліся па шчылінах... тараканы.... Ды мы і бяз вашага... гэтага... знаем усё — бачылі... забыліся ўжо даўно, успамінаючы... Мудрацы... на два канцы: з аднаго есьці, з другога за вугал несьці... Сядзіш во тут з-за Вас, як пень альховы, — ні пагаварыць, ні закурыць... Хоць ты з вераб’ямі бяры ды чырыкай. Гэх, усхадзіліся!.. З усіх навакольных падстрэшшаў на скарынку, выплеснутую з памыйкамі, накінуліся. Кожны ў свой бок хапаецца, а падняць ня могуць. I ўсе лапочуць: «Калекціў... калекціў...» Таксама мне — калекцівісты. Знаем такіх: «І ўсё наўкол калгаснае, і ўсё наўкол маё»... Падабаецца калгас: нясуць усе — і ты нясі, цягнуць — і ты цягні... Певень адным вокам — галаву набок — пазірае: гэты — як раённая галава — на большы кавалак разьлікі мае, на дробязі не спакушаецца, у вераб’іны вэрхал ня лезе... А вочка круглае і як шкляное, з кры­вінкаю чырвонай... быццам целявізара наглядзеўся... Аць ты — кыш!..

Дайшоў, было, да таго Цімка, што нават чорны тэрор вясковай целяві­зацыі таемна аб’явіў — наёмнікаў завёў з п’янай басоты — каго за чарку, каго за цыгарку, — каб антэны, быццам жартуючы, псаваць: таму апору разгайдаюць ветранай ноччу, «прыцэл» саб’юць, таму, наогул, кабель антэнны кусачкамі перашчыкнуць... Цёмны тэрор такі... З-за таго і апошніх сваіх двух заўзятараў ледзь ня страціў. Нават нікчомна-душны, як лічыў Гіпноз, Язэпка, здагадаўшыся пра гэтакія жарцікі, запытаўся:

— А ці ня выйдуць тутака канцы з целявізарам?..

— Ты... як жа гэта можна, — абурана не пагадзіўся і дзед Пахом, каб целявізару і капцы раптам... у нікчэмнасьці нашай... Дык я скажу: калі яно ўсё так пойдзе, то тады і ўсё, як піць даць... А калі што якое — целявізар паглядзім і жыць будзем. Хоць на людзей парадуемся... А так што – тады ўжо зусім здыхай?..

— Н-н-е-е, — хай лепш ён здыхае, — гнуў сваё Гіпноз, бо толькі з пагібельлю ва Узбор’і целявізара бачыў ён адраджэньне сваёй згубленай амаль славы...

Але, як ні круці, як ні кляні, задавальненьня поўнага, нават палёгкі, рэвалюцыйнае шкодніцтва гэтае не прыносіла. А яшчэ больш разьвярэдж­вала нутро: быццам хто стрэмку загнаў туды і паварочвае, як пераключальнік: шчоўк, шчоўк... — усё, падла, даступна целявізару. А яму, Цімку, з галавой, што на любой уладнай «вертыкалі» можа красавацца, адно азаддзе застаецца, мякіна, каб перавейваць яе з Пахомам ды з Кроцікам. Адны яны бадай, і трываюць пры Цімку. Ды і то не па ўласнай ахвоце...

Толькі цяпер во, як сваім тэлевізарам абзавёўся, Цімка зноў страпянуўся: адчуў грунт пад нагамі, а за сьпіной — крылы. Цяпер хочаш сядзі, хочаш ляці, — сам выбірай: ці гэтых двух недарэкаў — лавачку шліфаваць, ці ў той жа Афрыцы раптам апынуцца, каб на Бакасу зірнуць, альбо ў Тыбет пераключыцца — ламу-Далай паслухаць...

Толькі Цімка дзяліць ня будзе, ня можа ён як бяз першых двух, так і без усяго «астатнага» сьвету. З двума — пройдзены этап, а з тымі... Толькі разам яны патрэбныя Цімку: каб і трыбуна з электаратам, як у сапраўднага правадыра, і «матар’ял для перасьпекцівы» для абвяшчэньня мэты, адпаведны. Толькі тады знаходзіць задавальненьне ўся шырыня Цімкавай натуры. Вось тырчаць побач Кроцік з Пахомам, а не было б таго ж Бакасы, Цімка зрабіўся б адразу нявартым самога сябе, здрабнеў бы, як невядомая сьвету кузюрка во гэтая, што па травінцы паўзе і сама не здагадваецца — куды і чаму, бо несьвядомая, дурная і так далее... Зьмізарнеў бы Цімка — і найперш ва ўласных вачах...

А то — лацьвей:

— Пасьнедалі? I абедаць, пэўна ж, намерыліся? А з харчовай праграмай як, пытаюся ў вас? Як праграму выконваць думаеце?.. — У Цімкавым голасе не-не дый праразаецца сіплавата-ўладнае рэха такое — ад усенародна-знаёмага целявізара... — ёсьць прыклады. I вельмі цікавыя... У Афрыцы і так далее... Вось — Бакаса. Як выкінулі з прэзідэнскага крэсла, дык у халадзільніку ведаеце што знайшлі?.. Я ў вас пытаюся!..

— Дык, яно ж, мы там і не былі, здаецца, калі што якое... — Пахом ня столькі апраўдваецца, колькі падахвочвае Цімку.

— Ня ведаеце? Скажу: поўны набор чалавечыны. Чалавечым мясам ласаваўся... Сілкаваўся дзеля дзяржаўных патрэбаў... Прэзідэнт-людажэр... У Афрыцы і так далее... А вы мне тут кукарэкаеце «не былі», « ня ведаем»...

— Я вось і думаю... Бакас гэты... Быццам і птушка, як па-нашаму, калі што якое, не драпежная баранчыкам блякоча, а глядзі ты... — Пахом натужваецца, як прыгадваючы, пра што і пра каго ён думае, але Цімка за­трымкі не дае:

— Ня думаць, а знаць трэба!..

Сам Цімка зараз ні на пазногаць не сумняваецца, што яму ўсё вядома на сьвеце і яшчэ далей. Але і дзед не здаецца:

— Я вось, думаю: колькі чалавек за жыцьцё зьесьці можа вось гэтак... Бульбы, думаю, той жа самай, каб не сказаць... калі што якое...

— Ты не бяры нас, бульбашоў, ты на сьвет падзівіся: што яны ядуць? Сабак ды зьмеяў дабаў, а то сьлімакоў яшчэ — для асалоды... А тады ўжо і лічы... — Цімка заўсёды так пятляе, зьбівае з тропу аспрэчніка, убок адводзіць ад таго, што ня ведае. Хоць, разгарачыўшыся, з асаблівым імпэтам пачынае гаварыць і пра тое, чаго, бывае, і зусім ня кеміць, пра што і чуць ня чуў. Тут ужо ён напралом лезе, прэцца цераз пень-калоду, — абы даводзіць і быццам бы даказваць... Нават тое, чаго няма ды і быць ня можа, размалюе так, што ўсе павераць: ёсьць яно! — нельга, каб не было, — гэтак скажа, як памацаць ці пакаштаваць дасьць, яшчэ й прыцмокне пры гэтым... Зманіць — і не заплюшчыцца... Ну, вертыкальшчык дый годзе?.. I заўсёды выходзіць, што аспрэчнік ягоны (хай сабе і «вертыкальшчыкам» абзаве) пад гэтым шалёным напорам змаўкае зьбянтэжана і прысаромлена... Праўда, пра гэты сакрэтны прыём ведае, бадай, толькі ён сам, Цімка. Ды і то — сам сабе — ня верыць наконт сваіх жа хітрыкаў, адмятае ўсялякія хістанкі і падцкоўваньні, цьвёрда стаіць на сваёй перавазе. Бо ня верыў бы сам у тое, што гаворыць, не далі б веры і Пахом з Кроцікам ды і іншыя там... знатакі... сьвядомыя... Атакай з ходу заве гэта Цімка і гэтак жа з ходу падсумоўвае: «Знаць трэба, а не кукарэкаць...» — і з выглядам пераможцы паляпвае далонямі па сьцёгнах, потым ускідвае рукі — і сам рыхтык певень: перамог не перамог, але крыльлем пляскае, галаву выцягвае на доўгай шыі і па-геройску кукарэкае — сьмяецца гэтак з супраціўніка. Сьмех у Цімкі кароткі — каб зубы трохі прыхаваць — на два, самае большае на тры выдыхі, але густымі штуршкамі, — то і атрымліваецца з ягонага «хо-хо» штосьці пеўневае — не кукарэканьне, а «ко-ко».

Якраз гэтым самым ці не адным, а то, можа, і двума лішнімі «ко» Цімка і зьдзівіў зараз Пахома. Ды й насьцярожыў: нязвычна доўгім выдаўся гэты сьмяшок Пахому, — працяжна неяк ды і мякчэй нават, чым звычайна, атрымалася. «Будзе нешта будзе зараз...» — нюх у Пахома на Цімкаў сьлед быў зьвярыны, каб не сказаць сабачы. Ды і ня толькі на Цімкаў: вышкаліла Варка — уга як!— за столькі гадоў. Толькі дыхне ці ўздыхне — пы­лінка пад носам на губе ня ўзрушыцца — а Пахом ужо знае, колькі чаго адважана будзе, і якім бязьменам...

— От, ты пра яе пытаешся, пра малдаванку... То — калі цікавішся, — як цяпер помню: усё нічым і скончылася, як з нічога і пачалося.

Гэта яна вучыцца, пасьля школы і так далее, ад’язджала. Яе і праводзілі. А я не пра тое, я пра харчпраграму. Пра яе выкананьне ў дзяржавы сёньня душа баліць і паджылкі трасуцца. А я — перавыканаў тады. Два дні таму і паўспамінаў, што перавыканаў... Не-не, не пра тое думаецца, — мёду асабліва перахапіў... Надвячоркам, ля месца дыслакацыі, зваліўся... пазагараць, дык пчолы навыперадкі да мяне — роем, ды яшчэ і восы ў прыдачу. Калі прыглядзеўся, дык гэта кропелькі на харчапараце, што ў нас пузам завецца, пад сонцам выступілі. Цірнуў даланёй, лізнуў — соладка!.. Мёд з потам, аказваецца, выходзіў. О — гэта было выкананьне харчовай праграмы, як разумееце, — на ўсе адна тысяча чатырыста пяцьдзясят сем і чатырнаццаць сотых працэнта!.. Як у Стаханава — помніце яшчэ?.. Не забыліся, трутні перабудовачныя?.. Як чалавек, шахцёр, пад зямлёй па-стаханаўску трудзіўся: сто дзьве тоны вугалю накрышыў за зьмену, а норма — сем усяго была... То і лічыце працэнт... І прыкідвайце: колькі вас ці такіх во, як вы, пад зямлю дзяржаве трэба загнаць было, каб стаханаўскую здабычу выдаць, — паўтара дзясятка, ня меней!..

— Трэба раяльна глядзець на абстаноўку: перавяліся Стаханавы... — пагадзіўся Пахом, а Кроцік толькі ўздыхнуў: куды яму да гэтакіх працэнтаў...

...Было, было... I яшчэ раз было...

А сёньня — маўчыць, зацяты, Цімка.

Маўчаць і Пахом з Язэпкам...

— А вы кажаце пра тое, пра даўняе, ну, пра чарнявенькую, пра малдаваначку... — Не пазнаць было голас Цімкаў. Але — гэта быў ён, — і голас, Цімкаў голас, быццам зараз для таго толькі быў і дадзены Цімку, каб прамовіць пра вось гэтае, сёньняшняе:

—Ідзе... Страшны суд ідзе...

Ніхто яшчэ — ні Пахом, ні Язэпка — нічога яшчэ ня чулі. А Цімка — як неба слухаў, голас адтуль, усявышні... Не — хутчэй за ўсё, голас зямля падавала. Ускалыхнула дарогу цяжкае гумава тупаньне: набліжалася Маруся. Водгульле гэтае ня мог не пачуць Цімка: ведаў жончыну вагу... таму і прарэзаўся голас ягоны: «Ідзе...»

Іншым разам, пад злосную руку, ці калі чакаўся добры прачуханец, можа было б сказана і мацней: «А от і хлорка мая!.. Зараз прачышчаць пачне...» — Гэтак ён, Цімка, пакепліваў з заатэхнічнай Марусінай службы, дзякуючы якой, дарэчы, і сам няблага прыляпіўся да фермы — матарыстам: вада, прыкладам, пампуецца ў вежу, а ты — мудрасьць назапашвай, мазгуй...

Ды сёньня — не сказаў, а толькі падумаў Цімка, але вызначэньне сваё паглыбіў на падказцы найноўшых дасягненьняў хіміі: «Тут ужо ня хлорка, а хларафос ісьцінны...» — ціхенька так, ледзь чутна й самому, падумаў... I выгляд жончын даваў на гэта ўсе падставы... Яна рашуча набліжалася з паленам у руцэ. Цімка адразу пазнаў: гэта тое... Тое, што падсыхала для падтопы на пяколку. Яно злавесна паблісквала зараз на сонцы мядзьвянай сасновай карой. Аж уваччу закалола, Тут бы нервы ўсяго Узбалоцкага сельсавету ня вытрымалі. I Цімка заплюшчыўся...

— Ня бойся, біць ня буду... па гэтак лысай галавешцы... палена шкада...

Гэта ж ня я, Маруська, — Цімка адразу, нутром, унюхаў паслабку, — гэта гіпноз галаву вадзіў — вось гэтую самую... — і Цімка, здавалася, адарваць, адкруціць зараз жа быў гатовы яе, галаву сваю. — Няйнакш гіпноз на гіпноз трапіў, сутыкнуліся, як навальнічныя хмары... Тут і грымнула... I Цімка, усё яшчэ з асьцярогай пазіраючы на палена — ужо не прыладу пакараньня, а толькі рэчавы доказ віны — пачаў тлумачыць...

— Прылёг я гэтак перад целявізарам, а ён гаворыць і паказвае. I я гэтак слухаю і гляджу... I загайдала мяне, паплыў і паплыў гэтак... I ўжо нейкім чынам я на тым баку апынуўся, — ну, адкуль голас той... I ўжо, як цяпер чую, — гэта я там гавару. I я сьвячуся... I ўжо не абы-хто я, ня Цімка ўзборскі... I не зьдзіўляюся, хоць пэўна знаю: я, ні больш ні менш, за самага галоўнага старшыню тут, а ня ён, ня гэты, наш... ну, старшыня калгасны... Гавару я гэтак, але і ён не пакідае целявізара, хоць высоўваецца з галавою, а то і ўсім тулавам, руку да грудзей прыкладвае: «Я жа сказаў: накарміць народ задача…” — як цяпер чую... І адкуль ты ўзяўся, карміцель гэтакі? — спытацца карціць. — Толькі ж, здаецца, быў во тут з раніцы на поплаве: з канторы ехаў ды трактар у нізіне спатыкнуўся. Пецька, ведама гусеніцы разьвярнуць не пасьпеў, каб разьмінуцца, а старшынёўскаму «Газону» з накатанай дарогі ссунуцца давялося. Дык гэты, наш, як выскачыць, ды на Пецьку!.. А той — цісклё — між вачэй, каб бачыў, хто едзе!.. — ды з кулакамі... А тут ён ужо во... У целявізары!.. Ды хвасты сьвіньням закручваць і то ці даверыла б Марыя Іванаўна мая… А то целявізар!..

— Ты мяне не прыплюсоўвай тут… і не высоўвай… — коратка абсякае лісьлівае Цімкава падлабуньваньне Маруся.

— Дык я і кажу... «Накарміць...» Цябе народ корміць, а ня ты яго. I ня блага, відаць, корміць. Бач, як цяпер думаю сам сабе, ільсьніцца — і ў пяць валасін не прыкрыеш... I сваю параўноўваю... Але я не скнарысты наконт пасадаў ды і разьлік маю: гляджу я і ўсё падвышаю яго — у чыне, значыць, — каб амаль са мною напоравень стаў і пабачыў сваю няздатнасьць...

А ён яшчэ больш петушыцца, пер’е распускае: «Саздадзім ізабіліе»... У мяне ўжо ня тое што блюзьнерыцца — не-е, ужо ўвачавідкі — во, хоць ушчыкні сябе, каб упэўніцца: гэта ўжо я сам прамаўляю... Трыбуна перада мною, мікрафоны, як гусакі, з выгнутымі шыямі — здаецца, вось-вось зашыпяць, галовы то чорныя, з яйка гусінае навелькі, то з маркіроўкамі рознымі — з якой пароды: «НТВ», «БТ» і так далее... Я да яйка гэтага бліжэй рот нахіляю, каб на ўсю моц крыкнуць, а ён ухапіўся аберуч за тую шыю і да сябе цягне: «Ты хто жа такі? — разьятрана сіпіць. — Хто дапусьціў, каб бяз сьпецдазволу на камандны канал?.. Апазіцыянер, відзіма? Вораг дзяржавы і народу?» «Ды я сам і ёсьць народ».. — нібы чую свой голас — так, як збоку хто гаворыць. «А я, — гэта ён так,— бяры вышэй: я — усенакалгасны, калі хочаш, — усім калгасам прызначаны... То і ўпраўляюся без цябе. На тое і даверана мне, каб ты ня пхнуўся... І чаго, лезеш? Парадкі свае сюды прывёў? Ці яны самі ўсьлед за табой прыпляліся?.. Сядзеў бы сабе дома, — на печы, калі хочаш. А не дык — месца знойдзем: палацаў з лядоўнямі хапае...»

— А ты што? — не здаюся і я. — Можа б і самому ды сюды, да нас, на ферму, у жыты пасядзець?

— Не дачакаешся! Не для таго ўладу бяруць, каб аддаваць.

— Ды не надоўга ж, — падказваю, — толькі падняць гаспадарку... — Хоць і знаю, што не падыме, але так, папалохаць, думаю...

— Дзякуй у шапку!.. За сядзеньне такое... З мяне хопіць!.. Я ўжо сваё адсядзеў... на хадзяйсцьве, і на сельскім, у тым ліку...

— Ну то паляжы цяпер... бокам — як я во... — адны сядзяць, другія ляжаць... Ды няма калі мне тут з табой!.. — і адштурхнуў-такі мяне. I штуковіну гэтую, крыкуна гэтага, у мяне выхапіў і назад у целявізар павалок. Схаваўся і сам на момант. А потым раптам сьвята паказалася. I ён там, як цяпер бачу, за сталом доўгім, у полі проста, — старшынюе, бо налівае, і здравіцы гаворыць, і падарункі раздае... Дажынкі, называюцца... Тут і я слова бяру, выходжу, па ўсіх правілах, да народу: «Табе, Пахом Ляксеевіч, кірзач замест гумавіка, а от другі ня знаю каму... Табе, Язэп Кузьміч, швэдар, як пісьменьнік адзін называе, — то ў яго і спытайся, што гэта за такое... А табе, Маруська... Што табе, Маруська?.. Я ў цябе пытаюся!..»

— Цьфу ты... — Маруся паглядзела на палена, потым на Цімкаву галаву пагляд перавяла. — Ну й атрута ж ты, аднак... Сьвінец — як з трубы выхлапной — так і тхне, за два глыткі ўчадзееш...

— Гэта я цяпер пытаюся... А тады, у целявізары, так і гавару, так і гавару... I ўсё складна, па-вучонаму... Быццам я ўжо сам целявізар гэты. І рот — як збоку гляджу на сябе — такі шырокі рот, і сьвеціцца, у горле недзе, і голас адтуль... А ты — «атрута», «сьвінец»... То гіпноз, пэўна, у нас такі двайны, сустрэчны, выйшаў, агульны чмур для галавы — калектыўны... Таму й моцны... Гавару я, а ён усё перадкаваць пнецца, наперад, значыць, забягае, адціскае мяне, пад ногі сунецца. І ключ ад легкавіка на пальцы трымае, пакручвае гэтак: «Лепшаму механізатару»... Тут і я — не зважаючы на сваю доўжнасьць вялікую — пасунуўся бліжэй: а раптам?!. Чорт з ёй, з доўжнасьцю, пабуду і камбайнёрам: жаў ня жаў, малаціў не малаціў, — абы ключ ад машыны... Угледзеў ён мяне — руку працягвае. Я — таксама, сваю, разумеецца... I, каб не зманіць, аж сьлёзы ў мяне ад радасьці выступілі, — рыхт у той песьні: «И верится, и плачется, и так легко, легко...» І — што за д’ябал! — рука ягоная застывае, нібы здравянелая, ня гнецца, не раўнуючы як у дзеда майго калісьці са шклянкаю... Я сваёю хачу навярстаць, да ключа дацягнуцца. А ён гэтак — быццам ня ён ужо, а я — глядзіць... гэта я ўжо сам на сябе гляджу, адтуль, з целявізара, — і сьмяшок такі дробненькі: «А што жа гэта з рукой у цібя? Не згінаецца?..» Гэта у мяне?!.

Крануў, а яно і сапраўды! — і рука ўжо не рука, а жазло, што ў Сьцёпкі майго, міліцэйскае, як цяпер бачу, з рукава ў мяне тырчыць. I каб жа толькі... а то яшчэ — як вырак чытае: «Папрывыклі жазлом заграбаць ды чэрпаць!.. Вы жа ў міня ўсе вось тут — у кампрамаце...» — і жмутам папер, як на ветры, трасе... — Працягвае, знай, — каб і ключык яму ад машыны пачапілі...» — I гэтак рэзка крутануўся — і як цяпер бачу, — зьнікае, раствараецца. I ключ разам з ім... I ўмэнт рука мая зноў рукою зрабілася і неяк сама сабой з пяколка, палена гэтае ўхапіла, — і толькі, як зараз чую, — друзачкі з акрана зазьвінелі-пасыпаліся... Прама жа й скажу: зьліліся, зьвязаліся мы з ім у гіпнозе, — і от... разьвязка... Сумная, скажу... Для каго, можа, вас не называючы, і сьмешная... А для мяне... «цялушкі» — от як шкада, от шкада...

2001


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster