БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук... | КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 22

ДЗЕЯСЛОЎ № 22Вінцэсь Мудроў

Самы прыгожы сьцяг
Апавяданьне

— Вышэй падымі! І больш напружаньня ў руках! — загадаў Іван, рвучы на шматкі аркуш скрэмзанай паперы.

Васька, дванаццацігадовы вісус, перакрывіў мурзаты твар. Хлопец ужо цэлую гадзіну трымаў ва ўзьнятай руцэ пустую бутэльку, дарэшты стаміўся і гля­дзеў на Івана ўмольнымі вачыма, чакаючы той хвілі, калі мастак падхопіцца на ногі й дастане з кішэні парусінавых штаноў абяцаныя рубель пяцьдзясят на марозіва. Бутэльку партвейну, якую трымаў хлопец, Іван выпіў учора на самоце; сёньня ў мастака балела галава, зьлёгку трэсьліся рукі, і эскіз задуманай кар­ціны пад назваю «Апошняя граната» ніяк не вымалёўваўся.

— Не... ну ты стаіш, быццам цьвікі забіваеш. Ты ж піянер-герой! Перад табою гітлераўская зграя... – мастак узяў вугальны аловак, правёў на паперы за­вілую рысу, а пабачыўшы мурзаты й дарэшты негераічны Васьчын твар, з нярвовым імпэтам тыцнуў алоўкам у паветра. – Ты не на мяне глядзі, а на дарогу. Уяві, што па ёй рухаюцца варожыя танкі, і ты павінен іх падбіць.

Васька паныла зірнуў на дарогу; Іван правёў яшчэ адну рысу, пакутліва ўздыхнуў.

— Вось што... глядзі і апавядай – што бачыш. Галавою толькі не круці.

— Ну гэта... варона на плот села, — прамармытаў падшыванец й Іван задаволена кіўнуў: — Та-ак.

— Цётка Ганна з сумкай ідзе. Відаць, з базару, — хлопец шморгнуў носам, і мастак, сьпехам накідваючы асноўны контур, торгнуў падбароддзем: — Ну-ну...

— Легкавушка з-за павароткі выехала, сюды едзе...

Рука мастакоўская набыла, нарэшце, патрэбную цьвёрдасьць, і вочы Іванавыя захоплена бліснулі.

— Ну, і хто там едзе? Ахрэм на «Пабедзе»? — легкавушка за сьпінай натужліва завуркатала і спынілася.

— Ды не... не «Пабеда». Чорная, бліскучая і фіранкі на вокнах.

Іван сьцепануўся, і вугальны аловак прабіў лядашчую паперу. Паволі, з хуткасьцю 8 румбаў у секунду, мастак павярнуў галаву. За сьпінаю стаяў, бліскаючы, што той гнаявік, ільсьнянымі бакамі, урадавы “ЗіС”. Халадзёнка непакою казытнула грудзіну. Іван увабраў голаў у плечы, стаў ліхаманкава крэмзаць алоўкам, прабіўшы паперу яшчэ ў двух мясьцінах, а калі ззаду ляснулі дзьверцы, пудліва падскочыў і намаляваў на месцы галавы піянера-героя квадратную загагуліну.

— Таварыш Гусянок? Іван Мікалаевіч? — мужчына ў шэрым палітоне скасіў вока на ліст з мастакоўскімі крамзолямі.

— Я... Гусянок, — пралепятаў мастак, не пазнаўшы ўласнага голасу.

— Вы не маглі б з намі праехацца?

Сэрца ўраз абамлела. Іван Мікалаевіч падняўся, выцер аб штаны вільготныя далоні, пашкандыбаў на нягнуткіх нагах і, ужо ля самай машыны, азірнуўся і гукнуў апалым голасам: — Скажы там... маім.

Мурзатаму падшыванцу, якому былі прызначаны гэтыя словы, толькі ўчора стукнула дванаццаць, але ён ужо ведаў: калі дарослага дзядзьку запрашаюць праехацца, паездка можа зацягнуцца на доўгія гады. Пагатоў, і Васькавага бацьку, паэта Алеся Блізьнюка, зьвезьлі летась у невядомым накірунку. Таму хлопец разьвітаўся ў думках з дзядзькам Іванам і з сумам згадаў драўляную будку, што стаяла наўзбоч Дому афіцэраў, дзе ад самага ранку прадавалі марозіва з вафельнай скарынкай.

Машына праехала ў канец вуліцы, завярнула на прасьпект, і на Івана дыхнула задушлівым смуродам: гэта сьмярдзеў ягоны пот, што казыт­ліва зьбягаў па драбах. За шыбаю ўсплыла і стала пагрозьліва набліжацца жоўтая пачвара – нядаўна збудаваная нямецкімі палоннымі будыніна МДБ.

— Не хвалюйцеся, — чалавек у палітоне кіўнуў на жоўтую пачвару, — нам не сюды.

Іван спадзяваўся, што чалавек патлумачыць – куды яны едуць, але той нічога больш не сказаў, адно прыпаліў папяросу.

Будынак Цэнтральнага Камітэту, перад якім яны спыніліся, хаця і меў усяго шэсьць паверхаў, выглядаў хмарачосам і даўжэзны шост, які тырчэў пасярод франтону, здавалася, працінаў пярэстыя аблокі.

Узьбягаючы па ўсходах, Іван спатыкнуўся, прыпаў каленам на гладкі граніт і быў падтрыманы за локаць. — Асьцярожней, тут сьлізкія прыступкі. – Чалавек у палітоне пабег наперад, адчыніў масіўныя дзьверы, і ў вочы зірнуў трывожны прыцемак.

Ля ўваходу яго прыхапкам абшукаў малады лейтэнант, пры гэтым прыязна пасьміхнуўся, маўляў, выбачайце, такі парадак; Іван хацеў пасьміхнуцца ў адказ, але яго тузанулі за рукаво, і ён патупаў даўжэзным калідорам, гнаны наперад шоргатам уладных крокаў за сьпінай.

— Сюды, калі ласка...

Іван увайшоў у невялічкі пакой, сутыкнуўся позіркам са стрыжанай кабетай, што зацята лупіла пальцамі па клавішах трафейнай друкаркі, і кабета, выцягнуўшы аддрукаваны ліст, папрасіла хвілінку пачакаць. Зрэшты, чакаць не давялося; абабітыя чорным дэрмацінам дзьверы адчыніліся і ў дзьвярах паўстаў чалавек у паўваенным фрэнчы.

— Сакратар Цэка Наталеня. Пятро Усьцінавіч, — з робленай радасьцю ў голасе адрэкамендаваўся гаспадар кабінету, а калі ўражаны госьць працягнуў яму дрыжачую руку, унікнуў поціску і задушэўна замармытаў: — Праз парог... праз парог не выпадае...

Кабінет уражваў сваімі памерамі, галавакружнай вышынёю столі, даўжэзным, пакрытым зялёным сукном, сталом і вялізным сталінскім партрэтам: зьвёўшы да пераносься суворыя вочы, правадыр на партрэце распальваў люльку.

— Ну дык... заходзьце, сядайце... распавядайце – над чым працуеце. — Пятро Усьцінавіч падштурхнуў госьця ў сьпіну. – Я ж толькі другі месяц тут у вас... Дагэтуль працаваў у Краснаярскім крайкаме. Так што знаёмлюся з людзьмі, выслухваю іхнія просьбы. Работнікі Цэка мусяць быць з народам. Гэта наш першачарговы абавязак, — сказаўшы так, Наталеня паказаў госьцю на крэсла, але сам ня сеў; нетаропкай хадою прайшоўся ўздоўж стала.

— Ну... я слухаю...

Госьць ціхенька кашлянуў, загаварыў пераселым ад хваляваньня голасам.

— Працую над вобразам піянера-героя. Думаю зрабіць цэлую серыю карцінаў на гэтую тэму.

— Цудоўна! — прамовіў гаспадар кабінету і нават паскорыў крок ад захапленьня. – Дайшоўшы да дзьвярэй, Наталеня рэзка павярнуўся, прылашчыў кароткі вожык на гламаздаватай галаве. – Мы, таварыш Гусёнак, ведаем вас як таленавітага і ўдумлівага творцу, як адданага байца нашай партыі. А таму вырашылі даручыць вам справу дзяржаўнае важнасьці... – пасьля такіх словаў баец прыўстаў, але Наталеня загадным жэстам загадаў сесьці. – З ініцыятывы Цэнтральнага Камітэту УКП(б) і асабіста Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна... – гаспадар кабінету абцягнуў фрэнч, з утрапеньнем зірнуў на сталінскі партрэт; госьць таксама зірнуў на партрэт і яму падалося, што з правадырскай люлькі вырваўся шызы дымок, — ...я рэспубліка, поруч з іншымі брацкімі рэспублікамі, займее свой дзяржаўны сьцяг. Распрацаваць эскіз сьцяга мы вырашылі даручыць вам, таварыш Гусёнак.

— Гусянок, — прашаптаў уражаны мастак, але сакратар не дачуўся і працягваў: — Так што засуквайце рукавы – і за справу. Усе патрэбныя матэрыялы мы вам дамо.

Іван падхапіўся на ногі ў памкненьні зараз жа бегчы выконваць дзяржаўную замову, але сакратар з усьмешлівай лагоднасьцю паляпаў яго па плячы.

— Вы толькі не мітусіцеся, — Наталеня падышоў да стала, выцягнуў з шуфляды скураную тэчку, — у гэтай справе не павінна быць самадзейнасьці... Вось тут у нас выкладзены пэўныя ўмовы... – гаспадар кабінету разгарнуў тэчку, выцер насоўкай узмакрэлую патыліцу. — Усё вам чытаць ня буду, але з пэўнымі момантамі мушу азнаёміць. Па-першае, дзьве траціны шырыні сьцяга павінна быць чырвонага колеру. Што азначае для нас, камуністаў, чырвоны колер я вам тлумачыць ня буду. Рэшту палотнішча мусяць складаць палосы сіняга альбо зялёнага колераў. Ну і ў верхнім левым куце павінны знайсьці сваё месца – цытую: «ізабражэньне сярпа і молата і над імі – пяціканцовая зьвязда», — сакратар закрыў тэчку, націснуў кнопку на тарцы стала, і ў кабінет – імклівым ценем – увайшла стрыжаная кабета. Кабета паклала на стол папяровыя выцінанкі, скоса зірнула на наведніка і гэтак жа імкліва выйшла з кабінету.

Сакратар выцер насоўкай узмакрэлую шыю, загаварыў парывіста і заклапочана. – Мы позьнімся. Эскізы сьцягоў Расейскай Федэрацыі і Украіны ўжо зацьверджаныя. У нас засталося два... максімум тры дні... А цяпер зірніце сюды. Вось гэта... – увішныя пальцы прыклалі да сіняй палоскі чырвоны прастакутнік, — сьцяг Расейскай Федэрацыі. Украінскі крыху іншы, — сіняя паласа тут, а чырвоная тут. Уцямілі? — гаспадар прайшоўся ўздоўж стала. – Мы тут параіліся... з таварышамі... наконт сьцяга... Цікава было б пачуць вашыя прапановы.

Бязладныя думкі віравалі ў мастакоўскай галаве і гулі, як пчолы.

– Я думаю, сьцяг павінен быць такім жа, як украінскі, толькі замест сіняй паласы падмаляваць зялёную.

— Паслухайце, таварыш Гусёнак, — у Наталевіцкім голасе прабіліся суворыя ноткі, — вам трэба праверыцца. Вы чытаеце нашыя думкі, — усьмешка заблукала на бяскроўных вуснах, але тут жа зьляцела ўпрочкі. – Пра нашую размову, вядома ж, нікому ні слова. Заўтра па абедзе чакаем эскіз. За вамі прыедзе машына.

Гаспадар кабінету націснуў кнопку, паказаў рукою на дзьверы, і тыя з лёгкім рыпам адчыніліся.

Ужо дзясяты год насіў Іван Мікалаевіч Гусянок высокую годнасьць члена мастакоўскага саюзу. Пяць разоў удзельнічаў у калектыўных выставах, карціна «Наркам Кагановіч на адпачынку» выстаўлялася ў Маскве, колькі разоў прозьвішча мастака Гусянка пракідвалася ў цэнтральным друку, але ўсё адно: прапанова стварыць эскіз дзяржаўнага сьцягу зьбянтэжыла і адбілася непрыемнай дрыготкай у каленях. Зьбянтэжаны й спанталыжаны, на дрогкіх нагах, падымаўся Іван па прыступках свайго пад’езду; на пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі спыніўся, каб перавесьці дых, і пачуў раптам здушаны лямант: «А Іванка ж ты мой мілы-ы... А куды ж ты зьеха-аў!» Пераскокваючы праз тры прыступкі, ён узьляцеў на чацьвёрты паверх і патрапіў у жончыны абдоймы.

— Іваначка-а! Вярнуўся-а! — жонка Кацярына павісла на шыі, пакамечыўшы рулон каляровай паперы, які Іван трымаў пад пахай.

— Ды суніміся ты... далібог, — Іван азірнуўся.

Дзьверы суседскай кватэры прачыніліся, і ў вузкай пройме лыпнула цікаўнае вока.

— Чаго ты ўсхадзілася? — незадаволена сыкнуў Іван, калі яны ўбіліся ў кватэру. – Увесь пад’езд вушы наструніў.

— Ну дык як жа... – жонка ўздыхнула, шморгнула носам, — Васька, сын Блазьнюковы... прыбег, крычыць ад парогу: «Дзядзьку Ваню на чорнай машыне зьвезьлі!» Сэрца і абарвалася.

— Чаго яму было абрывацца? — Іван разгладзіў рукамі аркушы каляровай паперы, насупіў кусьцістыя бровы.

— Ну як жа... забыўся, як Блазьнюка забралі? Таксама на чорнай машыне пад’ехалі.

— Блазьнюк бязродны касмапаліт, а я савецкі мастак, — сіпата абвясьціў Іван і, прасьлізнуўшы ў свой пакойі, ледзь чутна дадаў: — Мяне не турбуй... працую.

Перш-наперш, трэба было зрабіць планшэт. Цэлую гадзіну Іван зьбіваў рамку, потым абцягваў яе шэрай паперай, якую выдалі цэкоўцы; Кацярына два разы сьцярожка стукала ў дзьверы, запрашала сёрбнуць гарачай капусты, а Іван пры гэтым незадаволена крывіўся і плаксіва выдыхаў: «Ну я ж прасіў...»

Сьцяг, памерам 60 на 30 сантыметраў, ён выразаў з чырвонай ды зялёнай паперы, прыляпіў да планшэту, потым, высалапіўшы язык, рупліва выразаў серп ды молат, а калі праца была скончаная, павесіў планшэт на цьвік і задаволена пацёр рукі.

— Каця... зайдзі!

Жонка прачыніла дзьверы, утыркнула ў пройму цікаўны твар, з гіранічнай ясачкай уваччу зірнула на планшэт.

— Гэта што, для Дома чыгуначнікаў?

— Ды не-э, — Іван усхвалявана аддзьмуўся, узмахам рукі сагнаў муху, якая атабарылася на канцы сярпа. – Я тут пасур’ёзьней згламэздаў дэкарацыю.

Распавядаць – што канкрэтна ён згламэздаў, — не выпадала, і Іван, правёўшы даланёй па няголеным падбароддзі, няўцямна прамармытаў: — Ня выключана, што атрымаю прэмію.

— Як жа... дадуць... Сталінскую... першай ступені, — рагатнула жонка і незадаволена буркнула: — Ідзі еш... трэцім разам грэю.

...Гарачая капуста апякла паднябеньне. Іван увабраў ротам паветра, вышчыпнуў з часнычнай галоўкі важкі зубок, — часнык пад гарачую капусту – сама тое, — ды, згадаўшы — куды трэба будзе зьявіцца, — уздыхнуў і адкінуў зубок на сярэдзіну стала.

— Чаго ты? — запыталася жонка.

— Заўтра сур’ёзная сустрэча, — Іван пабоўтаў лыжкаю ў талерцы. – Cьмярдзець часныком не пажадана.

— Гэта з кім сустрэча? Ці ня з бабай якой?

Іван бразнуў лыжкай аб край талеркі, і жонка, зразумеўшы недарэчнасьць свайго жарту, палашчыла мужа па сьпіне.

— Ну, расказвай... куды там цябе сёньня вазілі... – мовіла Кацярына, стала наліваць у шклянку гарбату, і ў гэты самы момант у дзьверы грымотна пастукалі.

Жончына рука страпянулася, гарбата пралілася міма шклянкі й Іван падхапіўся на ногі. Ступаючы на ватных нагах, ён ліхаманкама згадваў: хто б гэта мог быць? Дрогкія пальцы ніяк не маглі намацаць клямку, нарэшце намацалі, і з калідору пачуўся сіплы Ахрэмаў вокліч: — Ну што ты там... адчыняй!

Сусед стаяў на парозе – усхваляваны, ускудлачаны, з зашпіленым не на той гузік прарэхам. – Там... табе... з Цэка званілі... Прасілі перадаць: машына будзе праз дзесяць хвілінаў.

Ва ўсім пад’езьдзе тэлефон быў толькі ў Ахрэма – паставілі летась, як Сталінскаму лаўрэату. Дагэтуль лаўрэат сам нікога да тэлефону не за­прашаў – да суседзяў бегалі альбо ягоная жонка Алімпіяда, альбо дачка Маня. Цяпер жа прыбег сам і, азірнуўшыся на бокі, стоена запытаў:

— Што, непрыемнасьці якія?

Іван у адказ перакрывіўся і зачыніў дзьверы.

Планшэт быў вялікі, заняў увесь салон, і давялося трымаць яго на галаве.

Гэтым разам Івана не абшуквалі, адно памацалі планшэт – ён быў загорнуты ў старыя газеты, – ды загадалі расшпіліць пінжак.

Пятро Усьцінавіч Наталеня сустрэў Івана кароткім пытаньнем: — Як справы? — мелькам зірнуў на эскіз і з інтанацыяй абарванага мацюга паведаміў: — Нас апярэдзілі.... Гэта сьцяг Карэла-Фінскай СэСэР.

Хвіліну сакратар маўчаў, паціраў удумны лоб, потым схамянуўся, працяў Івана патрабавальным позіркам: — Якія будуць прапановы?

— Ну, а калі зялёную паласу адбіць вузкай белай паласою? — голас Іванаў здрыгануўся.

— І атрымаецца сьцяг Літоўскай СэСэР. Яшчэ якія прапановы?

— А калі зялёную паласу правесьці пасярэдзіне чырвонага поля?

— Правялі ўжо... на сьцягу Малдавіі.

Наталеня кашлянуў, а Іван пачухаў патыліцу і няпэўным голасам прамармытаў: — А калі зялёную паласу правесьці вертыкальна? Як на сьцягу Расейскай Федэрацыі. У іх сіняя паласа , а ў нас зялёная...

Гаспадар кабінету ў задуменьні хітнуўся, рыпнуў юхтовымі ботамі.

— Мы ўжо думалі пра такі варыянт, — боты ізноў рыпнулі, Наталеня адрывіста запытаўся: — Тры гадзіны хопіць? — і чарговым разам націснуў кнопку званка.

Праз тры гадзіны Іван ізноў узьбягаў па гранітных прыступках. Гэтым разам сакратар сустрэў яго на калідоры, выхапіў з рук планшэт і, ні слова не сказаўшы, кіўнуў на скураную канапу, што стаяла ля сьцяны.

У калідоры было пустэльна, прыцемна і пахла мышамі. Дзесьці за сьцяною несупынна стракатала друкарка, у кабінеце насупраць бубнела радыё й Іван, пазяхнуўшы ў кулак, асавела павёў вачыма. Ён доўга змагаўся з дрымотай, нарэшце задрамаў і нечакана ўбачыў перад сабой стрыжаную кабету.

— Ідзіце за мной, — выдыхнула кабета і ўладна матлянула галавою.

На трэцім паверсе стаяла гамана: усьцяж усяго калідору блукалі людзі, а з расчыненых дзьвярэй аднаго з кабінетаў выплывала тытунёвая засмуж. «Паседжаньне нейкае. На перапынак выйшлі», — падумаў Іван, і стрыжаная кабета, не паварочваючы галавы, загадала:

— Стойце тут.

Праз хвілю з натоўпу выбіўся Наталеня, схапіў Івана за рукаво, адвёў убок.

— Эскіз не прайшоў. Колерам памежны слуп нагадвае, — Сакратар выцер насоўкай угрэты лоб. – За аснову прапанавана ўзяць папярэднюю выяву.

— Дык… у карэла-фінаў таксама... чырвона з зялёным...

Наталеня кашлянуў, незадаволена панурыў вочы.

— Мы ў цэйтноце. Заўтра, не пазьней абеду, эскіз павінен быць зацьверджаны і адпраўлены ў Маскву. Так што чакаем прапановаў, — Наталеня рэзка, па-вайсковаму, павярнуўся, пагрозьліва затупаў па паркеце, і шчокі Іванавы крануў гарачы румянец.

Здавалася, што можа быць прасьцей: выцінай з каляровай паперы прастакутнікі ды ляпі на планшэт. Прыляпіў да чырвонага поля сінюю паласу – уздымай сьцяг Расейскай Федэрацыі, паклаў сінюю паласу гарызантальна – маеш сьцяг Украіны, замяніў сінюю паласу зялёнай – тут табе дзяржаўная аздоба Карэла-Фінскай СэСэР... Ну а што будзеш ляпіць, калі ўжо ўсе варыянты перабраныя?

Чарговым разам абмацюкаўшы карэлаў, а разам з імі і фінаў, Іван закінуў рукі за патыліцу, задуменна раскінуўся ў крэсьле. Ён сядзеў так, утаропіўшы вочы на планшэт, і не даваў рады скончыць працу над эскізам. На планшэце бліскаў глянцам чырвона-зялёны сьцяг Карэла-Фінскай СэСэР, а зьлева, уздоўж дзержака, была адбітая белая паласа, якую трэба было нечым запоўніць. Чаго ён там толькі не маляваў! І валошкі з канюшынай, і каласы ядранай лысенкаўскай пшаніцы, і шыхт перавязаных жычкай сярпоў ды молатаў! І вось, акурат у той момант, калі Іван з лёгкім сэрцам падумаў: ці не пакінуць паласу некранальна-белай? — у дзьверы ягонай кватэры сьцярожка пастукалі.

— Каго там яшчэ? — буркнуў Іван, прыкрыў планшэт падзертай прасьцінай, наструненай хадою пайшоў адчыняць.

На парозе, трымаючы ў руках бутэльку армянскага каньяку, стаяў пісьменьнік Ахрэм. Сусед прасьлізнуў у кватэру, памкнуўся прайсьці ў сьвятліцу, ды гаспадар скіраваў яго ў кухню.

Ахрэм быў вядомым празаікам. Увесну, за раман «Глыбокае бурэньне», атрымаў Сталінскую прэмію другой ступені, паехаў з сям’ёй на Каўказ, і вось толькі днямі вярнуўся – загарэлы, у фетравым капелюшы, у новым гарнітуры і на патрыманай, набытай у нейкага адстаўнога генерала, «Пабедзе». Сусед быў ня толькі вядомым пісьменьнікам, але й вядомым на ўсю акругу сквалыгам, а таму ягонае зьяўленьне з пляшкай дарагога каньяку насьцярожыла Івана.

Госьць паставіў на стол пляшку, дастаў з кішэні пінжака зеленаватую цытрыну, падкінуў на далоні.

— З Сухумі, — выгукнуў Ахрэм, потым ўраз пасуравеў і запытаўся: — Ну, як?

— Апошні раз піў такі ў саракавым годзе, — буркнуў Іван, разглядаю­чы бутэльку.

— Ды я не пра тое... – незадаволена выдыхнуў госьць. — Раман мой чытаў?

Раман «Глыбокае бурэньне» — з дарчым подпісам аўтара, Іван пачынаў чытаць два разы, але кожнага разу, на чацьвёртай старонцы, сківіцу крывіла ад позеху, і ён, салодка пазяхнуўшы, адкладваў кнігу.

— Магутна! — прамовіў Іван, паціраючы рукі.

— Сапраўды чытаў? — Ахрэм наліў шклянкі, уадначас напоўніўшы паветра густым каньячна-шакаладным пахам.

— Некаторыя мясьціны нават перачытваў, — Іван увабраў носам пахкае паветра. – Перачытаў, напрыклад, як яны на саракаградусным марозе бурыльную ўстаноўку манціравалі.

Госьць ускінуў брыво, маракуючы – праўду кажа субяседнік, ці то прыкідваецца і, здушана крэкнуўшы, узьняў шклянку.

Прыемная цеплыня разьлілася па грудзіне. Іван прымружыў вочы, падумаўшы – ці не пусьціць па белым полі якія карункі, потым страсянуў галавой і скоса зірнуў на суседа. Ахрэма ён не любіў, але ў той жа час пабойваўся: сусед увесь час круціўся ля начальства, праціраў штаны ў прэзідыумах, а летась зьвёў са сьвету паэта Блізьнюка, сям’я якога жыла ў суседнім пад’езьдзе. Назваў таго – на аб’яднаным пленуме творчых работнікаў – бязродным касмапалітам і марганістам ад паэзіі, і праз тыдзень па Блізьнюка прыехалі...

Ахрэм працягнуў Івану пачак «Казьбеку».

— Кажуць, быў у Цэка? — сталінскі лаўрэат пусьціў паўзьверх Іванавай галавы струмень шызаватага дыму.

«Ня ўсё ж табе... бегаць па Наталенях», — падумаў Іван і, прыпаліўшы папяросіну, пусьціў дым у застылы Ахрэмавы твар.

— Быў...

— Ну і... – ня зводзячы з Івана вачэй, Ахрэм напоўніў шклянкі.

— Больш нічога сказаць не магу. Дзяржаўны сакрэт.

— Ваня... – Ахрэм азірнуўся на дзьверы, налёг жыватом на стол, — ты ж мне лепшы сябар...

Яны выпілі па-другой, і Іван ізноўку згадаў пра карункі на белым полі.

— Наталеня, між іншым, цябе згадваў.

Ахрэм нярвова закашляўся, наставіў на субяседніка дапытлівыя вочы.

— Вось, кажа, наш лаўрэат... Цягне яго на экзотыку. Напісаў раман пра сахалінскіх буравікоў. А чаму б не напісаць пра беларускую вёску, пра героіку калгасных будняў?

Ахрэм задыхаў парывіста і трывожна:

— Што... так і сказаў?

— Так і сказаў.

Праз пяць хвілінаў, падхапіўшы недапітую пляшку, сусед пабег дахаты і ў дзьвярах сутыкнуўся з Кацярынай, якая вярталася з крамы.

— Куды гэта ён? — спыталася жонка, й Іван, дапіўшы рэшткі каньяку, прамовіў: — Пабег пісаць раман... пра гераічныя будні. – І, падняўшыся на ногі, ледзь чутна дадаў: — Лаўрэат х...

Да самай ночы Іван сядзеў ля планшэту, маракуючы – што ж там намаляваць, на тым белым полі?.. На раніцу ён падняўся з цяжкой галавой і з дарэшты сапсутым настроем. Выпіўшы халоднай гарбаты, мас­так узьдзеў на клубы дыяганалевае галіфэ – вырашыў прыпадобніцца да кадравых партыйцаў, — нацягнуў на левую нагу хромавы бот і потым доўга шукаў – чым пашараваць халяву. Нарэшце, знайшоў пад ложкам нейкую вышыванку.

Вышыванка з ціхім віскатам зашамацела па халяве, Іван міжволі па­зяхнуў, ды так і замёр з раскрытым ротам.

— Слухай, адкуль у цябе гэтая... ануча? — з хваляваньнем выгукнуў мастак, разглядаючы вышываныя, перапэцканы гуталінавымі пісягамі, карункі.

— Глянь на яго! — незадаволена азвалася Кацярына. – Я гэтым падкладаюся, а ён боты шаруе...

«Разьбіць на квадраты... перанесьці ўзор на белае поле... чырвонае на белым... тое, што трэба», — мітусіліся ў галаве адчайныя думкі, а ніжняя губа дрыжэла ад хваляваньня.

— Бабці маёй кашуля, — патлумачыла Кацярына, хацела яшчэ нешта паведаміць, ды махнула рукой і падалася ў кухню.

Хвілінаў праз сорак пад вокнамі гулка квакнуў цэкоўскі “ЗіС”.

— Каця... бяжы... скажы – хай пачакаюць, — крыкнуў Іван, дрогкімі рукамі выцінаючы з паперы чырвоныя ромбы і квадраты.

Легкавіку давялося яшчэ разоў пяць квакаць, перш чым Іван, падхапіўшы планшэт, вылецеў з кватэры. Ён ужо быў на першым паверсе, як пачуўся немы жончын голас:

— Ты што, ашалеў?! У адным боце пабег, — і ў той жа міг з гары, балюча стукнуўшы па карку, зваліўся хромавы чобат.

Убачыўшы Івана, Пятро Усьцінавіч Наталеня пстрыкнуў пальцам па шкле ручнога гадзіньніка.

— Позьнімся, таварыш мастак.

Мастак пачаў быў казаць нешта ў сваё апраўданьне, але Наталеня махнуў рукой і стаў разглядаць эскіз. Праз хвілю палец Наталеняў паляпаў па чырвоных карунках.

— Нацыянальны арнамент, — патлумачыў мастак, — чырвонае на белым: самыя папулярныя беларускія колеры.

— Арнамент, кажаш... – Наталеня заклаў рукі за сьпіну, прайшоўся ўздоўж стала. – У нацыяналістаў, што тут пры немцах бегалі, таксама быў сьцяг — чырвонае на белым, — Наталеня ўскінуў брыво, зірнуў на Івана з учэпістым падазрэньнем, і мастаку здалося, што гэта не нацыяналісты, а ён сам, Іван Гусянок, бегаў па Менску з нацыяналістычным сьцягам.

— Ну а калі ўсё наадварот: на чырвоным тле – белыя карункі? — ужо з прыязнай інтанацыяй запытаўся Наталеня і тут жа, імпэтным рухам, сьцягнуў са стала зялёны абрус: – Бяры паперу, клей – і за працу! Праз тры гадзіны самалёт на Маскву.

У разьлеглай, асьветленай трыма вялізнымі кандэлябрамі зале, зья-віўся маладжавы палкоўнік. Палкоўнік расчыніў дзьверы, падышоў да вакна, зазірнуў за штору і застыў, неадрыўна пазіраючы ў бок адчыненых дзьвярэй. Неўзабаве, на другім канцы анфілады, нарадзіліся шаргатлівыя зыкі і ў залу, у суправаджэньні тузіна вайскоўцаў, увайшоў нехта нізкарослы і рабаціністы. Апрануты ён быў у шэры маршальскі мундзір, а ў руцэ трымаў прыгаслую люльку. Рабацень прымружыўся на зыркую кандэлябру, валюхастай хадою падышоў да сьцягоў, папяровыя выявы якіх віселі ўздоўж сьцяны.

На карэла-фінскі сьцяг рабацень не зьвярнуў ніякай увагі, а вось на эстонскі, упрыгожаны сінімі хвалямі, глянуў з ухвалаю і нават змадэляваў тыя хвалі, павёўшы ў паветры прыгаслай люлькай. Найбольш, аднак, рабаценя ўразіў сьцяг з арнаментам. Узьняўшы люльку, ён павярнуўся да вайскоўцаў:

— Эта чэй?

— Флаг Белорусской СэСэР, товарищ Сталин.

— Пэрэдайтэ билоруским таваришшам, что у ных – самый красывый флаг! — прамовіў Сталін.

Ужо ў дзьвярах Сталін азірнуўся, акінуў дапытлівым позіркам палкоўніка, што стаяў ля вакна, і калі грамада выйшла з залы, палкоўнік выцер рукавом упрэлую лабаціну.

* * *

Ранак адбіраў вочы. Іван памружыўся на зыркае сонца, удыхнуў на поўную грудзіну п’янкое, настоенае на паху таполевых пупышак паветра. Непадалёку, на прасьпекце, граў аркестар, але галасы медных трубаў патаналі ў птушыным граі, і чутныя былі толькі глухія ўдары бубна.

Тым часам дзьверы суседняга пад’езду расчыніліся, і на двор выбег, махаючы над галавой чырвона-зялёным сьцяжком, падшыванец Васька.

— Гэй, што гэта ў цябе?! — крыкнуў мастак, і падшыванец, без асаблівай ахвоты, азваўся:

— Сьцяжок. У школе далі.

— Ану... падыдзі...

Іван з замілаваньнем памацаў каляную палатніну.

— Чый сьцяг – ведаеш?

Васька перасмыкнуў плечукамі.

— Сьцяг Беларускай СэСэР, — з дыдактычнай суворасьцю паведаміў Іван, – няўжо вам у школе не сказалі?

— Казалі, ды забыўся, — прызнаўся хлопец, і Іван, хітнуўшы галавою, напаўголасу запытаў: — Ад бацькі – нічога няма?

Потым ён дастаў з кішэні пакамечаны чырвонец, тыцнуў у потную хлапечую пяцярню:

— Давай, бяжы на дэманстрацыю.

Прабягаючы па ходніку, Васька ляпнуў даланёю па капоце Ахрэмавай легкавушкі, спыніўся на хвілю ля навюткай Іванавай «Пабеды», і мастак, з усьмешкай на вуснах, паківаў гарэзьніку пальцам.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster