БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук... | КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 23

ДЗЕЯСЛОЎ № 23

Тацяна Лаўрык

Вершы-ветразі
Вершы

Эцюд

Стары дождж рэтушуе вокны.
Дрэў нярвовыя воплескі
праводзяць знаёмую постаць…
Позна…

Адзінотай прыручаны позірк
дасылаю птушынаю поштай:
ты пачуеш яго праз пошум
апошняга лісьця…

Помніш… мы з табою калісьці
слухалі музыку літасьці,
якая прасьветла гучала
у сьцішанай зале
лёсу —
удзячнымі слухачамі
былі толькі мы
і восень…


Пастараль

Статак аблокаў рахманых
пасьвіць ластаўка-мнішка:
ў травах золкавых туліпаны
схіляюць голаўкі ніжай…

дрэмле нябёсны кілім —
чмялі ў абдымках канвалій
сьняць: па сонечных хвалях
бяжыць басаногі лівень,
мілуюцца матылі
у каляровых блісках,
на павуціньні промняў
гушкае вусеняў мроіва…

аблокі ў паўсьне раставалі
на небасхілавых валвах…


Віралэ

Растае акварэль відагляду —
вечарэе…
Мы адны між прысадаў —
я ў плашчы лістападу,
марэлевым,
і анёл з тым паглядам,
у якім — зарапады…
Габрыэль,
пакажы мне нябёсны сад…


Акварэль

Маё цела — гарлач
з прахалодным блакітам:
з плеўкамі ласкі
аблокавай,
і па самыя берагі —
сунічная слодыч
з водарам позьніх зор…
у пырсках — крышталікі
золку,
на сподзе адтайвае
золь...


Двухрадковікі

Змоўчанае
Адхіні ад нас зямны жаль —
прачытай мяне, як скрыжаль…

Ты — маё залатое сечыва:
я скрозь цябе прасьвечваю…


Віланэла

Водзіць дождж ціхімі пальцамі
па літарах сумных аліў:
чытае біблію памяці.

У нагрэты пясок асыпаюцца
словы старой малітвы…
Водзіць дождж ціхімі пальцамі
па тварах ліхтарняў запаленых,
а нехта ў гэту хвіліну
чытае біблію памяці

і глядзіць за вакно, купанае
дотыкамі мокрых галін…
Водзіць дождж ціхімі пальцамі —

піша кірыліцай парасткаў
вечную кнігу зямлі.
Чытае біблію памяці:

скрозь пустату праступаюць
невядомых людзей абліччы,
і па іх
водзіць дождж ціхімі пальцамі…


Рытурнэль

Марыя
ў чаканьні маленькага Бога
слухала ветру павевы.

Язэп
абняў яе кволыя плечы,
сеў побач на зэдль.

Дзіця
зварухнулася ў цёплым улоньні…
дзьмуў з поўначы вецер жыцьця.


Лірычная секстына

Сьвет бяз Госпада стаў адзінокі:
плача дождж па выгнаных з раю
і змывае сьляды іх ног,
і абліччы ў пораш сьцірае…
у нябыт ім дарога — ў ноч,
па скалелай бязлюднай ускраіне.

Нема ціснуцца на ускраіне,
дзе пануе сум адзінокі,
дзе глухая нязводная ноч
ім здаецца прывідам раю —
цемра памяці пыл сьцірае
з рук пустых, са стомленых ног:

а Гасподзь садзіцца ля ног
матыльком, алтарнікам раю,
і крылцамі з твараў сьцірае
сажу зьняверы — пыл адзінокі
адлятае ў зацішак ускраіны,
каб схаваць уздых ў далонь-ноч…

Цьмяны жаль, як мніх, ў гэту ноч,
не шкадуючы зьбітых ног,
выйдзе зноў на сьцежку да раю
і пакіне вязьніцу ўскраіны —
ён міне мяжу, адзінокі,
што абрысы начы сьцірае…
са сьляпых вачэй сьлёз не сьцірае
дождж, бяссонны і адзінокі, —
толькі бруд змывае з іх ног,
з целаў, што дрэмлюць на ўскраіне,
каб успомнілі чыстасьць раю

і веру ў вяртаньне раю
паднялі з-пад брудных ног,
каб вочы ўбачылі: ноч
жыве на самай ускраіне
і думкі на тло сьцірае.
Сьвет бяз Госпада стаў адзінокі…


Манарым

Дождж у зрэб’і з лістоты апалай
згубіўся між рымскіх кварталаў:
шукаючы пляц Пятра, ступаў ён
па гострым каменьні, босы і занядбалы —
муром у дрымоце здавалася,
што вярнуўся апостал Павал,
каб прасьпяваць з імі хвалу
Таму, Хто ў нябескіх скалах
зьбірае свой статак прысталы…


Рэхаверш

Рэха блукае ў мурох журбы,
бы
людзьмі забыты законьнік…

коньнік-
час — апошні з Пагоні:
гоні
сьвету ў нямым сутоньні…
ні
душы — ён адзін прад Ім…
дым
хістае бездань зьнявер’я:
“Вер — Я
буду з табой, Мой вернік…”


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster