БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук... | КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 23

ДЗЕЯСЛОЎ № 23Вольга Іпатава

Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
Аповесьць (Пачатак)

У 1374 годзе ў Канстанцінопалі былі кананізаваныя тры пакутнікі за хрысьціянскую веру Іаан (Ян), Антоній (Антон) і Яўстафій (Астап), якія ў язычніцтве насілі імёны Кумец, Круглец і Няжыла, што сьведчыць пра іхняе славянскае паходжаньне, хутчэй за ўсё з крывічоў, якія складалі значную частку насельніцтва Вільні. Да сьмерці вялі­кага князя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойц­кага Альгерда (сына праваслаўнай Вольгі і Гедзіміна) за­ставалася яшчэ тры гады. Несумненна, ён ня мог не да­знацца аб кананізацыі: усе тры пакутнікі былі некалі ягонымі прыдворнымі, ён добра ведаў кожнага і, паводле некаторых зьвестак, асабліва любіў Кумца і Няжылу.

Аднак жа менавіта ў час ягонага валадараньня яны былі пакараныя страшнаю сьмерцю – павешаныя на сьвяшчэнным дубе, стаўшы яго апошнімі ахвярамі, бо пасьля іхняе сьмерці гэты волат-дуб быў сьсечаны, а на яго месцы пабудавалі храм сьвятой Тройцы. Палітычныя меркаваньні, паводле якіх хрысьціянін-князь вымушаны быў аддаць пакутнікаў у рукі жрацоў, мінуліся ўжо праз нейкае дзесяці­годдзе, і Альгерд жорстка адпомсьціў тым, перад кім раней павінны быў схіляць галаву. Аднак справа была зробленая. Думаецца, што на сваёй апошняй споведзі (паміраў вялікі князь, прыняўшы праваслаўную манашскую схіму, што яшчэ раз сьведчыць пра ягоную палітычную і этнічную арыентацыю) ён спавядаўся найперш у гэтым сваім граху.

За сем з паловай стагоддзяў, якія прайшлі ад часу пакутніцкай сьмерці трох маладых прыдворных Альгерда, шмат навальніцаў пранеслася над беларускай зямлёй. Сьвятыя мошчы, якія вярнулі ў Вільню пасьля кананізацыі ў Канстанцінопалі, былі шанаваныя месьцічамі і праваслаўнымі беларусамі ажно да пачатку Першай сусьветнай вайны. Менавіта ў гэты час (1915 г.) мошчы былі зноў вывезеныя – гэтым разам у Маскву, і да 1926 году знахо­дзіліся ў музейных сховішчах, дзе над імі рабілі розныя эксьперыменты.

У вяртаньні мошчаў на радзіму актыўны ўдзел прыняла беларуская інтэлігенцыя, у прыватнасьці, бацькоўскі камітэт пры Віленскай беларускай гімназіі.

Але ранейшая вядомасьць да пакутнікаў усё яшчэ не вяртаецца: другая сусьветная вайна і яе жахі, страта Вільні, нарэшце, савецкая атэістычная прапаганда зрабілі сваю справу. Страчаная і іх выразная этнічная прыналежнасьць. Сёньня нават у Сьвята-Духавым манастыры ў Вільні пра іх гавораць як пра літоўцаў, што спазналі сьвятло праваслаўя. І гэта нягле­дзячы на тое, што некалькі гадоў запар праваслаўнае беларускае брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў прыязджае ў Літву, дзе знаходзяцца нятленныя мошчы, каб адзначыць сьвята сваіх аберагальнікаў.

Пакуль усё яшчэ не “вяртаецца” да беларусаў і Альгерд – князь, пры якім Вялікае княства Літоўскае дасягнула велізарных памераў – ад Чорнага да Балтыйскага мора, а беларуская мова квітнела як адзіная дзяржаўная мова краіны.

У гэтай аповесьці мне хацелася зьвярнуцца да тых старонак нашай гісторыі, якія складаюць яе духоўную славу і якія павінны быць адноўленыя, каб над нашай краінай прасьціралася ахоўная моц пакутнікаў, якіх ушанавалі яшчэ ў ХIV стагоддзі і якія, як вечная загадка для атэістаў, засталіся нятленнымі ў сьвеце, дзе рассыпаюцца камяні і царствы…

ВЕКША

Велізарны, з залатымі вусамі драўляны Пярун нерухома глядзеў удалячынь. Ён нібыта забыўся на людзей, якія корпаліся ля ягоных ног, мітусьліва прывязваючы да іх – тоўстых, абутых у чырвоныя ўсьмавыя боты – маладую дзяўчыну. Ён як бы думаў сваю адвечную думу, сягаючы ў далёкія, непадуладныя нікому пласты часу.

Дзяўчына была маладзенькай, яе тонкія рукі былі падобныя да маладых чарацінак, зламаных упэўненай, бязьлітаснай рукой. Залатыя валасы, акуратна заплеценыя ў касу і ўпрыгожаныя вянком са сьвежых рамонкаў, аздаблялі яе спалатнелы твар з роўным, прыгожым носам і вачамі, што былі той цёмнай, суцэльнай сінечы, якою цяжка адблісквае ў лістападзе ціхая лясная рэчка. Відавочна было, што яе напаілі адварам маку: яна не крычала, ня тузалася, а цьмяна глядзела, як пяньковыя вяроўкі абвіваюць ільняны падол ейнай сукні, як пяюць, ціха і працягла, жрацы ў белых нагавіцах і кашулях, паступова паскараючы сьпевы, як цьвёрда стаіць амаль насупраць яе ў канцы агромністае залы вялікі князь Альгерд.

Вярхоўны жрэц Перуна Бурыла ўзяў з блакітнае парчовае падушкі нож, які ярка і злавесна бліснуў у сьвятле безьлічы смалякоў, што зырка гарэлі па сьценах, упраўленыя ў сярэбраныя заціскі.

Лоўчы Кумец, стоячы ў багатай, бліскуча-вытанчанай купе прыдворных, адчуў, што ў яго сутаргай сьціснула горла. Дзяўчыну, якую зараз аддадуць у ахвяру Перуну, клікалі Векшай. Яна расла на суседняй з ім вуліцы, дзе жылі майстры, што абслугоўвалі вялікакняскі замак і багатае баярства Вільні. Ня раз яна прыносіла да ягонай маці, баярыні Людміліцы, сярэбраныя бранзалеты, колты і пярсьцёнкі, якія вырабляў ейны бацька, знаны залатых справаў штукар. Даўганогае, як бацянок, няўклюднае дзяўчо толькі ў апошнія два гады раптам акруглілася, заружавела маладым, прыгожым кветам, і вечна ўскудлачаныя ейныя валасы, таксама неяк раптоўна, зазьзялі колерам бледнага золата, а вочы сталі сінімі і глыбокімі. Ён часам думаў пра яе, калі маці, ласкава пасьміхаючыся, нагадвала, што хутка два ейныя сыны, як буслы ў вырай, адляцяць да іншых жанчын – такі закон жыцьця. Але думаў мімаходзь, бо хапала пры княскім двары і прыдворных дзяўчат, за кожнай з якіх стаяла багатая і магутная радня, і жанчын, якія згодныя былі падарыць мімалётную радасьць прыгажуну Кумцу. Віленскі Горні замак* ужо досыць даўно зрабіўся для яго месцам, дзе нямала куткоў было абазначана кароткімі, але надта салодкімі прыгодамі: то ў пустой параднай зале, за шэра-зялёнай тканаю шпалерай, то ў ваеннай вежы, дзе гулка аддаюцца крокі вартавога, які, атрымаўшы ў руку талер, адварочваецца і глядзіць удалячынь, нібы не заўважаючы пару, якая юрліва сьлізгае ў памяшканьне…

Цяпер жа, калі Векша назаўсёды адыходзіла ў Ірый, улагоджваючы багоў, ён адчуваў сябе абакрадзеным. Ніколі, ніколі не дакранецца ён да гэтых залатых валасоў, не абдыме тонкі стан, і рука ягоная не памацае грудзі, што высока ўздымаюцца пры кожным сутаргавым выдыху. Вочы Векшы раптам спыніліся на ім, яна, здаецца, пазнала яго, а можа, проста выдзеліла ягоны твар між чэлядзі, што абкружала князя Альгерда. Мабыць, нечым ён вызначаўся сярод іхніх вышытых золатам і серабром каптанаў, гладка голеных маладых і старых твараў. Ды не, наўрад ці яна пазнала яго здаля, толькі, можа, у сваім перадсьмяротным быцьці проста адчула нейкую спагаду ў твары высокага гожага хлопца: твар яе пакрывіў­ся, яна хацела нешта сказаць, але ў гэтую хвіліну нож з сілай ударыў у ейныя грудзі, і яна, спалохана выпрастаўшыся, тут жа абвяла, апала на вяроўкі, якімі была прывязаная да ног Перуна. Ногі божышча тут жа афарбавала ў густую чырвань кроў...

І адразу натоўп радасна загуў – агонь за сьпіной Перуна ярка ўспыхнуў, у сьвятле полымя пабляклі смалякі. Бог прыняў ахвяру, значыць, скончыцца страшны мор, які быў насланы злымі сіламі на свойскую скаціну, мор, ад якога здохла ледзь не траціна сьвіней і кароў у ваколіцах Вільні.

Людзі з воклічамі захапленьня сталі кідаць на вялікія тарэлы, якія тут жа зьявіліся ў руках жрацоў, каліты з манетамі, пярсьцёнкі, а некаторыя баярыні – уласныя колты, што, сьпяшаючыся, выцягвалі з вушэй. Колты тыя былі найбольш сьпіральныя – крывічоў сярод насельнікаў Вільні было непараўнальна болей, чым балтаў, дрыгавічоў ды яцьвягаў.

– Брат, ты што дрэмлеш? – пачуў Кумец голас старэйшага брата Няжылы, і схамянуўся. Выцягнуў з каліты, што вісела на паясным кручку, залаты пражскі грош і шпурнуў на тарэлу так, што ён адскочыў ад меднае паверхні і пляснуўся на яе другім бокам.

– Ты што, брат? – зьдзіўленыя вочы Няжылы трохі астудзілі полымя, што бушавала ў грудзях Кумца.

– Нічога! – буркнуў той. Няжыла зьдзівіўся яшчэ болей – ніколі яшчэ малодшы брат ня быў такім злосным. Наадварот – ягоны твар быў заўсёды вясёлым і прыветным, усьмешка амаль не сыходзіла з яго.

Браты любілі адзін аднаго. З таго часу, як у Нямеччыне загінуў іхні бацька, лоўчы Драмак, пакінуўшы чатырох дзяцей – двух сыноў і столькі ж дачок, яны ва ўсім дапамагалі маці. Баярыня Людміліца доўга і цяжка хварэла, і родзічы яе пачалі прыбіраць да рук багацьці, што засталіся пасьля мужа. Няжыла тады пайшоў у свой першы паход у войску Гедзіміна на Баербург, дзе загінуў вялікі князь і шмат ваяроў. Вярнуўся ён параненым, лячыўся барсучыным салам, часта езьдзіў у розныя сьвяцілішчы Віленшчыны ў пошуках найбольш магутных валхвоў. Шаснаццацігадовы Кумец тады неяк неўпрыкмет узяў усё ў свае рукі. Паціху, бяз звадаў і спрэчак, зьніклі з дому хцівыя родзічы, вярнуліся на свае месцы сярэбраныя келіхі, падораныя некалі бацьку за верную службу і Гедзімінам, і княжычам Альгердам. Сямейнікі Драмака ганарыліся, што ён служыў пры сыне вялікага князя Гедзіміна яшчэ тады, калі Альгерд толькі падрастаў і быў толькі спадчынным князем Крэва. Пры двары свайго бацькі тут, у Вільні, Альгерд вучыўся пазіраць на жыцьцё з вышыні ўладара, падпарадкоўваю­чы маладыя жаданьні няўмольнай сіле Неабходнасьці. Адсюль паехаў у багаты Віцьбеск, калі ажаніўся з князёўнай Марыяй і дзе прыняў тамтэйшы тытул пасьля сьмерці ейнага бацькі Яраслава.

За шэсьць гадоў, якія прайшлі пасьля гібелі Гедзіміна, шмат што зьмянілася ў Вільні. На сталец* спачатку сеў малодшы з братоў – княжыч Яўнут. Тады Няжыла так і ня змог стаць падчашым пры двары, хаця тая служба павінна была дастацца яму – так абяцаў Драмаку вялікі князь Гедзімін. Але Яўнут не зьбіраўся даваць ганаровую пасаду прыдворнага таму, хто служыў ягонаму брату і галоўнаму суперніку – Альгерду. Альгерд сядзеў у Віцьбеску, у родавым гнязьдзе сваёй жонкі Марыі, і Няжыла зусім ужо ўзбурыўся ехаць на службу да яго, але ўсё хварэла, ніяк не магла ачомацца іхняя маці, ды і сёстры падрасталі, трэба было шукаць ім добрых жаніхоў.

Але неўзабаве Альгерд і яго стрыечны брат Кейстут скінулі Яўнута – той падчас аблогі зьбег з замку ў адным кажушку, ледзь ня босы. Вярнуўшыся ў палац праз тыдзень пасьля ўкнязяваньня Альгерда, Няжыла адразу ж атрымаў месца хаця і ня чашніка, які адказваў за вінныя падвалы, але яго памочніка, што адразу паставіла яго ў трэці шэраг прыдворных. Першы, як усім вядома, займае маршалак, канцлер, земскі ды ваявода. Другі – кашталян і яго штат, уключаючы чашніка. А памочнікі – яны таксама могуць многае, і віленская знаць хіліцца перад імі часам ці ня больш, чым перад іхнімі чальцамі...

Узвышэньне Няжылы ня ўсе прынялі аднолькава. Яўнутавы стаўленік Кісель, які займаў раней гэтае месца, прыціх, стаіўся і болей не паказваўся нідзе – ні ў капішчах на сьвяты, ні ў дні народзінаў вялікага князя ці ягонай княгіні Марыі, калі на замкавым двары зьбіраецца ледзь ня ўся Вільня – купцы і рамесьнікі, баяры і сьмерды. А за Кісяля прасіў некалі сам ваявода Гаштольд, і цяпер ён непрыязна глядзеў на новага падчашага, калі той слугаваў за сталом вялікага князя.

А праз нейкі час Альгерд наблізіў да двара і малодшага брата, ды таксама на зайздроснае месца – памочнікам галоўнага лоўчага. Паляваньне – вялі­кая ўцеха амаль усіх валадароў, таму слугам толькі пасьпявай круціцца – даглядаць сокалаў, ганчакоў, выменьваць ды купляць лепшае ў краіне дый сачыць, ці ёсьць што вартае зайздрасьці пры іншых каралеўскіх ды княжых дварах. Узвышэньне братоў ашчасьлівіла іх маці, яна ўстала з ложка, і хаця з цяжкасьцю, але зноў узялася гаспадарыць у двары. Пайшлі ў хату адзін за адным і сваты. За апошні год выдалі замуж абедзьвюх сясьцёр – Бярозу і Радагосту. Адну – за гарадзенскага вознага, другую за віленскага купца Чура, і ў абедзьвюх сем’ях ужо чакаліся першынцы.

Няжыла, зьбіраючыся на сёньняшнюю ахвярную дзею, пачуваўся зусім шчасьлівым. Учора, калі князь прыехаў з ловаў і дужа хваліў сваіх лоўчых за ўдалае паляваньне, на яго брата Кумца ласкава паглядзела сама княгіня Марыя. Вечарам князь упадабаў аздабленьне стала, і зноў княгіня ласкавым позіркам аддзячыла памочніку падчашага Няжыле, а з-за яе сьпіны кінула на яго хітра-прывабны погляд ейная прыслужніца, дачка багатага купца Баравіка Рэчыца. Княгіня ўзяла дзяўчыну насуперак парадам старых прыдворных, якія ківалі, што дзяўчына не з баярскага роду.

Яе бабуля аказала некалі маладой Марыі важную паслугу, зьняла з яе твару вогнік*, і ўдзячная княгіня ўзгадала пра яе, калі села разам з Альгердам на вялікакняскі пасад. Рэчыца – не прыгажуня, але ёсьць у ёй тое, што падабаецца Няжыле – надзейнасьць і моцнае здароўе. Магутныя клубы, румянак на шчоках, кроў, здаецца, ажно кіпіць… Вядома, калі яны пабяруцца, ён даможацца, каб жонка пакінула гэтую службу, хай і занадта шаноўную для яе радні. Занадта многа ласых да дзяўчат малойцаў ашываецца пры двары...

Невысокі, каржакаваты, Няжыла быў зусім не падобны да свайго прыгажуна-брата, але, можа, якраз таму і любіў яго, спадзяваўся, што Кумец атрымае некалі вялікую пасаду пры двары. Што ён у параўнаньні з братам, які страляе з лука лепей за ўсіх прыдворных? Хто і ўзімку пераплываў імклівую Вяльлю, хутчэй за ўсіх караскаўся на сьвяточны слуп перад замкам, калі зьняць галоўны прыз з немалой вышыні зьбіраліся лаўкачы ледзь не з усяго Княства?

Стаць бы першым памочнікам чашніка, потым, калі дазволіць Пярун, і самім чашнікам, мець добры двор, жонку і шмат дзяцей – пра што яшчэ марыць? А вось Кумец з яго прыгажосьцю мог бы… можа, нават ажаніцца з дачкой маршалка альбо кашталяна, а то і ваяводы, а з цягам часу і самому ўзьбіцца на адну з гэтых пасад. Ён разумны і разважлівы. Няжыла на свае вочы бачыў, як сястра знатнага баярына Кругляца, далёкага іх родзіча, глядзіць на брата закаханымі вачыма. Ды колькі іх, такіх юных дзяўчатак, зіркае на брата з надзеяй і зацікаўленьнем?

Тым часам чэлядзь расступілася, каб прапусьціць да выхаду вялі­кага князя Альгерда. Абапіраючыся на служку Кужаля, трохі пакульгваючы, ён павольна прайшоў пад аркамі з чырвонай цэглы да выхаду, дзе чакаў яго любімы конь Зьвер. Ні высокая шапка з тонкай скуры, аблямаваная собалем, ні вышыўкі з вялікімі жоўтымі і чырвонымі рубінамі на шаўковай зялёнай кашулі, ні пурпуровы аксамітавы плашч з залатой шнуроўкай па рукавах – нішто б ня вылучыла яго з гэтае самае гурмы чэлядзі (некаторыя былі апранутыя ня горш за самога гаспадара), калі б ня велічная пастава галавы і невыказная словамі, але надта ж адчувальная для навакольных сіла, якая зыходзіла ад усяе яго постаці.

Усё схілялася перад вялікім князем. Але былі сярод натоўпу вочы, якія глядзелі на яго з прыхаванай нянавісьцю. Мікша, цяперашні просты служка храма Макошы, усяго два гады назад быў галоўным жрацом капішча Рагуці­са, разбуранага па загадзе княгіні Марыі Віцебскай дзеля таго, каб на яго месцы паўстаў храм Параскевы, нарачонай Пятніцай*. Тады гэта выклікала вялікае паўстаньне літоўцаў і жамойтаў, часткова задушанае, часткова шчодра аплочанае пасьля з казны вялікага князя, якому давялося прыкласьці шмат намаганьняў, каб ня даць скінуць сябе са стальца. Тое паўстаньне выкарысталі і прыхільнікі Яўнута – шмат каго з іх давялося вярнуць на княскую службу. Але хутка Альгерд спыніў пагадненьне з непрыяцелямі, бо на дапамогу брату-суправіцелю пасьпеў Кейстут з яго магутным войскам.

Мікша пасьля задушэньня паўстаньня не схаваўся ў дрымучых лясах, якімі была абкружаная Вільня, як тое зрабілі іншыя жрацы. Ён застаўся ў стольным горадзе, атабарыўся на дробнай, нязначнай пасадзе. Але ён чакаў свайго часу. Ня можа быць, каб князь Альгерд, з якім ён сябраваў з юначых гадоў, калі той яшчэ не пабраўся з гэтай хітрай віцяблянкай, гэтай ласіцай, што змагла акруціць самога вялікага Гедзіміна, так што той дазволіў ёй завесьці ўласны, хрысьціянскі двор са сваімі сьвятарамі – ня можа быць, каб князь урэшце не аднавіў храм Рагуціса! Калісьці малады Альгерд любіў той храм і адорваў яго часьцей за іншыя, можа, якраз таму, што мог пагаварыць са сваім аднагодкам Мікшам больш даверліва, чым з іншымі – хаця цалкам даверлівым Альгерд ня быў ні з кім. Можа, дзякую­чы менавіта той даўняй юнацкай прыязьні вялікі князь заплюшчыў вочы на тое, што адзін з галоўных завадатараў вялікай калатнечы застаўся ў сталіцы. Але да сябе ён больш яго не набліжаў.

Мікша шмат разоў спрабаваў падлабуніцца да Альгерда, шукалі паразуменьня і іншыя жрацы. Былі і тыя, хто вырашыў змагацца да апошняга.

Але, нягледзячы на ўсё супраціўленьне жрацоў, месяц за месяцам царква Параскевы Пятніцы атрымлівала ад вялікай княгіні падтрымку і ахвяраваньні, багацела, уздымалася, і ўсё болей моладзі заходзіла туды, каб схіліць калені перад маляванымі дошкамі, з якіх глядзелі новыя, візантыйскія багі. А бронзавая статуя Рагуціса, ледзь не ў апошнюю хвіліну выратаваная ім і жрацом Молам, ляжала пад адным са сьвяшчэнных дубоў у Перуновым гаі, закапаная ўначы жрацамі.

Пры ўспамінах аб тых несправядлівасьцях нянавісьць усё болей авалодвала Мікшам. Ён стаяў, сьпіной адчуваючы холад чырвонай цэглы, і холад гэты працінаў ягоную душу.

– Як добра, што багі прынялі ахвяру! – пачуўся голас побач з ім.

– Мне шкада яе. Векша магла б жыць ды жыць! – адказаў другі, мяккі і ласкавы.

– Шкада?! Яна пойдзе адразу ў Ірый. А мы з табой яшчэ колькі нажывём, столькі награшым!

Гаварылі браты. Мікша пазнаў іх. Язычнікі, яны часьцяком прыносілі ахвяры і ягоным балцкім багам, а ня толькі сваім, славянскім. Асабліва шчыравала маці. Ейная бабка была жамойткай, таму ў маладосьці яна хадзіла найболей у храм багіні ранішняй зары Аўшры, якая падарыла ёй добрага мужа. Пасьля, калі стала ўдавой, тая ахвярнасьць згасла, жанчына прыносіла ахвяры да Рагуціса рэдка. З гадамі часьцей пакланялася Макошы і Роду з парадзіхамі – прасіла за сыноў і дачок.

І сыны ўдаліся на зайздрасьць усім. Абодва служылі пры двары. Іх ведаў і цаніў сам вялікі князь. І цяпер Мікша раптам пазайздросьціў ім – іхняй бестурботнасьці, весялосьці, лёгкасьці.

Нейкая патаемная, цёмная думка нараджалася ў былога жраца, калі ішоў ён за хлопцамі, якія бестурботна дзяліліся паміж сабой сваімі таямніцамі. Ды якія там былі і таямніцы!

– У Рэчыцы сярод пасагу ёсьць шапка з нямецкага аксаміту. Паверыш – якраз па маёй галаве! Нібыта на мяне шылі. А ты ж ведаеш, галава ў мяне – што той чыгунок! – рагатаў старэйшы.

Малодшы адказваў нехаця. Ён быў яўна прыгнечаны. Жрэц, які краўся ззаду, даведаўся з размовы, што ён заўтра ідзе да Кругляца. Здаецца, гэты Круглец таксама служыў у замку, бо размова ішла пра тое, каб паклікаць яго пасьля службы на бяседу, што ладзілася ў адной з мураванак пад замкам. Усё гэта былі дробязі, ня вартыя таго, каб іх слухаць. Аднак жа Мікша ведаў – чым болей дазнаешся пра набліжаных да валадароў людзей, тым больш моцным робішся сам. І праўда: у размове нарэшце прагучалі словы, які прымусілі Мікшу навастрыць вушы: Кумец прыязна ставіўся да хрысьціянства! А гэта ўжо была нагода, каб ісьці за братамі. Якраз таму, што жонка вялікага князя была хрысьціянкай, жрацы раўніва сачылі за кожным крокам самога Альгерда – ці моцна абараняе ён язычаства? Адна справа жонка – яна прынесла княжычу Альгерду Віцебскае княства, ён змушаны быў ахрысьціцца. Але тут, пры двары, хрысьціянам хадоў не было. Альгерд не ўтрымаўся б на стальцы, калі б жрацы ў свой час не падтрымалі яго, а найперш ягонага брата Кейстута, зацятага язычніка. Аднак і ў жрацоў не было сілы, каб узьвесьці на сталец самога Кейстута, больш любага ім, чымся Альгерд. Ды Альгерд валодаў вялікімі землямі на ўсхо­дзе, куды большымі, чым былі ў Кейстута. А сутыкнуць стрыечных братоў значыла б разьвязаць вялікую калатнечу. І таму яны цярпелі Альгерда. Пакуль што, да лепшага часу...

Браты даўно схаваліся ў двухпавярховай пабеленай мураванцы, дзе яны жылі разам з маці, а былы вярхоўны жрэц Мікша стаяў ля вугла і пазіраў на высокія вокны, зацягнутыя не слюдой, як амаль ва ўсіх дамах у Вільні, а дарагім шклом. Твар яго крывіўся і зайздрасьцю, і бясьсільнай злосьцю.

Як спыніць новае вучэньне, чым выпальваць яго ў душах? Як змагацца за веліч багоў, якім пакланяліся спрадвеку?

Поўня, што адзінока і велічна плыла над Горнім замкам, на імгненьне кранула яго сваім серабрыста-жоўтым промнем, і ён пасьпешліва адхіснуўся ў цень, каб ніхто, нават поўня, не маглі пабачыць ягонага твару…

КРУГЛЕЦ

Сын памерлага пасла Леся, некалі ўлюбёнца самога Гедзіміна, Круглец рос у атачэньні тых, каго віленскі люд уважаў за вышэйшую ўладу Княства. Прыгожы кучаравы хлопчык, кругленькі, як снапок лёну, ня раз сядзеў на каленях вялікага князя, калі той прыязджаў у іхны дом, каб падчас вячэры пагутарыць з бацькам пра хітрыя стасункі з замежнымі краінамі, а таксама абгаварыць патаемнасьці свайго двара, якія маглі ведаць зусім нямногія.

Калі сын стаў падрастаць, бацька аддаў яго спачатку ў школу пры замку, дзе вучыліся дзеці прыдворных і паслоў, але пасьля, першы ў краіне, завёз сына ў Нямеччыну, каб там спасьцігаў ён навуку, якая ўзвышае чалавека амаль да Бога.

Можа, таму, што мала бываў у сваёй краіне і быў чуйны да новага, Лесь першым з паслоў Княства прыняў хрысьціянства. Праўда, ахрысьціўся паводле ўсходняга абраду і ў самым канцы жыцьця, але Гедзімін гэтага ніколі ня ўведаў. Ягоны пасол, вяртаючыся дадому, старанна, разам з усімі прыдворнымі, наведваў найважнейшыя капішчы і кланяўся багам як належала. Калі жрацы мазалі чалавечай крывёй вусны прыдворных, ніводная жылка на ягоным твары не выдавала, што насамрэч адчуваў ён у тыя хвіліны – пасол умеў хаваць пачуцьці. Ён езьдзіў у многія краіны сьвету, асабліва часта пасылаў яго Гедзімін у Рым, каб перадаць самому Папу чарговае пасланьне. Тое, што пасол пад старасьць сабраўся наведаць грэцкі Царгорад, ды яшчэ разам з сямействам, нікога не зьдзівіла – праваслаўныя баяры Полаччыны, Наваградка, Турава ды іншых гарадоў Княства здаўна, пакаленьне за пакаленьнем, пакланяліся менавіта царгародскім сьвятыням. Нават і тады, у амаль легендарныя часы, як Царгорад належаў рыцарам заходняга абраду*, плынь гэтая не мялела. Езьдзілі ў Афон да манахаў, падарожнічалі па манастырах, асабліва ж любілі Улахерну*, цуды якой былі зьвязаныя з домам Усяслава Полацкага.

Для маладога Кругляца падарожжа ў Візантыю стала нібыта вялізным нажом, што разрэзаў яго жыцьцё на дзьве палавіны. Тое, што засталося ў першай, ужо пражытай – і вясёлыя калядаваньні, і юрлівыя шаленствы купальскай начы, і таямніча-страшныя ахвярапрынашэньні ў капішчах паганскіх багоў, і яшчэ многае іншае, чым жыў і што здавалася звыклым і прыемным, – усё гэта адышло кудысьці ў незваротнае. Прыйшло іншае, уладна захапіла душу і не адпускала. Сталася ўсё гэта ў час падарожжа ў Цар-горад, дзе сустрэлі і пранізалі душу хлопца-язычніка вочы мазаічнага Хрыста на сьцяне велічнага храма сьвятой Сафіі. Былі ў гэтых вачах тужлівасьць, але адначасна і непарушны спакой, і спагада, і разуменьне… Было тое, чаго не давалі навукі ва універсітэце, на што не маглі знайсьці адказу жрацы ў ка­пішчах, хаця яны ведалі хаду зорак і прадказвалі зацьменьні і мор.

Ён памятаў кожны свой крок у агромністым, ці не да нябёсаў, храме сьвятой Сафіі, дзе ў гулкай пустэчы рэхам адгукаліся самыя ціхія рухі. І тое імгненьне, калі спыніўся ля зеленаватай калоны з парфіру, падобнай на высачэзны дуб у сьвятой дуброве за замкам Гедзіміна. Якраз каля яе архірэй Нікас распавядаў бацьку пра спляценьне пальцаў на руках у сьвятых, мазаічныя выявы якіх глядзелі на наведвальнікаў. Гэтыя спляценьні правераныя стагоддзямі, яны кіруюць боскае сьвятло ў тыя ці іншыя чалавечыя органы, дапамагаюць пры розных хваробах і называюцца мудрамі. Круглец жа любаваўся на мазаічныя фрэскі, дзе залацістая смальта нібы сьвяцілася ў паўцемры храма. Раптоўна вочы яго, якія да гэтага няўцямна сьлізганулі па фрэсцы, зноў сустрэліся з жывымі, пранізьлівымі і разам з тым спакойнымі вачыма Хрыста.

Ён застыў, нібы ў яго адняліся ногі. Разам з тым адчуў, што ўсю ягоную істоту напаўняе нейкае новае для яго пачуцьцё — магутнае, як марская хваля, з тых, што нядаўна ўзносілі і кідалі іхні карабель на Понцкім* моры. І гэтае пачуцьцё было любоўю.

Круглец любіў маці і бацьку. Ён любіў гульбішчы, калі жанілі Цярэшку ці гукалі вясну і калі можна было прыціскацца да пругкай і гнуткай, як маладая вярбіна, дзеўкі. Усё роўна, хто была яна – дачка баярына ці прыдворнага блазна, ці – аднойчы – нават дачка вялікага князя. Ён любіў сустракаць узыходы сонца, калі пасьля бяссоннай ночы, праведзенай у княскім скрыпторыі над кнігай, з вышыні замкавай гары добра было гля­дзець, як павольна, велічна ўстае з-за сіняватай, пасыпанай ружовым попелам хмары залаты бог сонца Сур’я*. Любіў блінцы, посную драчону на макавым малацы, флячкі – рубцы з падліўкай… І пергамены, на якіх пісцы золатам і цынобраю* выводзілі літары. Зьведаў ён хвіліны найвялікшай радасьці, калі браўся чытаць вяроўчатае пісьмо, якое памяталі ўжо нямногія жрацы… Любіў таксама свае варцобы з рога тура, залатую чашу для пітва. І многае іншае, чым шчодра надзялілі яго багі.

Але ніколі, ніколі не абыймала яго душу такая гарачая пяшчота да навакольнага, ніколі ня поўнілася ягонае сэрца такой спагадай… У гэтую хвіліну, што, здавалася, доўжылася вечна, ён узгадаў свайго старога служку Вусеня, якога штурхануў штосілы, калі той падаваў брэцьяніцу з мядовым пітвом і незнарок праліў трохі вільгаці на яго расшытыя золатам нагавіцы. Тады Вусень, адляцеўшы да сьцяны і ўдарыўшыся ў яе так, што заняло дых, ссунуўся на падлогу і сьмешна лыпаў вачыма, стараючыся хапануць паветра, а яны, маладыя, весела рагаталі з яго сьсінелага маршчыністага твару і каравых рук, якія варушыліся, як клешні ў злоўленага рака. Успомнілася Кругляцу і тое, як, палюючы на мядзьведзя, злавілі яны, маладыя баяры, у князевых уладаньнях сьмерда, што ўпаляваў зайца, і як, атачыўшы яго, штурхалі коньмі на сярэдзіну кола, а ён, утоптваючы сьнег каленьмі, дзе на пералатаных портах адразу ж зацьмянелі вільготныя кругі, маліў аб дараваньні. Ды не дапрасіўся – яны, гікаючы, урэшце затапталі яго і, не сышоўшы з коней, паімчаліся прэч, гнеўныя, але задаволеныя… І яшчэ, і яшчэ…

Пры тым ўспаміне сэрца моцным штуршком ударыла ў грудзі. Стала так цяжка, быццам усе ягоныя правіны абярнуліся жалезьзем і пацягнулі некуды ў бездань, як няшчаснага, што ў латах трапіў пад лёд.

– Што з табою, сыне?

Толькі тады Круглец заўважыў, што і бацька, і архірэй Нікас пільна глядзяць на яго.

– Ты зьбялеў. Табе блага?

Цяжка прамаўляючы словы, ён азваўся:

– Штосьці ў грудзях… Даўка…

Архірэй узяў ягоныя рукі, склаў вялікі і ўказальны пальцы*. Сьціснуў іх. Ад гэтага служкі хрысьціянскага бога пахла духмянымі зёлкамі, ягоная простая чорная вопратка, аздобленая толькі залатым медальёнам на тоўстым ланцужку, здалася Кругляцу сьветлай. І хлопец абвострана, амаль празорліва адчуў у гэтым высокім, худым, з пранізьлівымі чорнымі вачыма грэку часьцінку тае магутнай, спагадлівай, усёдаравальнай сілы любові, якой так неспадзявана напоўнілі яго душу багі. Багі? Не, тут іх няма – ні Перуна з яго залатой барадой і залатымі вусамі, ні Вялеса з нагамі, запырсканымі крывёю ахвяр, ні ўладаркі мораку і сьмерці Мары… Тут ёсьць толькі адзін бог, загадкавы Хрыстос, які спалучае ў сабе ажно тры сілы, тры іпастасі. Але яму, Кругляцу, у гэтым ніяк не разабрацца. Гэта занадта складана і… і ўвогуле яму непатрэбна.

Нешта ў ім запярэчыла ўсяму, што адбывалася тут – і храму, і выявам сьвятых, і самому архірэю...

Ён жыве сярод свайго, звыклага, знаёмага, і нашто яму мучыцца загадкамі – чаму людзі пакланяюцца мёртваму богу, богу, які настолькі бездапаможны, што ня мог нават сам абараніць сябе? Дзе была ягоная сіла, якой ён мог страсянуць сьвет і паказаць усім сваю магутнасьць? А калі не паказаў – значыць, ён слабы. У сьвеце ж шануюць толькі сілу. Слабы проста ня выжыве. Ды і што такое слабы чалавек? Ягонае месца – за сьпінамі моцных, ягонае слова нічога ня вартае…

З тым помсьліва-зласьлівым пачуцьцём выскачыў, як вырваўся з храма сьвятой Сафіі.

Але не сыходзіў з сэрца ўспамін пра імгненьне, калі шкадаваў усіх – слабых жа асабліва. Ці такі ўжо вінаваты быў той сьмерд, якому трэба было карміць сям’ю? Ці справядліва гэта – плаціць жыцьцём за ўпаляванага зайца бацьку шасьцёх дзяцей?

Ноччу ж доўга думаў пра ўсё, што адбылося ў храме. Калі прыняць Хрыста, трэба мяняць жыцьцё. Але навошта, калі яму так добра?

Яснасьць сьвету, яго непарушнасьць вярнуліся да яго. Але, як стрэмка, засталося і тое, што перажыў ён перад вялікай мазаічнай іконай, што асьвятляла паўцёмны храм залатым зьзяньнем.

Яно жыло ў ім і тады, калі вярталіся яны з Царскага, севастам* Канстанцінам пабудаванага горада, уволю падзівіўшыся на вялізныя мармуровыя палацы імператарскай сям’і, дзе іх прымаў намесьнік прэфекта гэтага велічнага, сапраўды царскага горада, і на іпадром, дзе здаля бачылі яны самога імператара, абкружанага еўнухамі, і на вуліцы, дзе спрэс стаялі пяці-, а то і шасьціпавярховыя мураванкі, і на многае іншае, што, нават расказанае, уражвала сяброў Кругляца. Ніхто з іх, аднак, ня мог здагадацца, што іхні сябар іншым вярнуўся з таго далёкага падарожжа, і што, бацька яго там ахрысьціўся. Лесь узяў з сына слова, што той захавае ўсё, што там адбылося, у глыбокай таямніцы. І сын імкнуўся жыць, як і ўсе іншыя, ня надта вытыркаючыся з купы маладых бесклапотных пахолкаў, але і не адстаючы ад іх. Стараўся схаваць і сваё найвялікшае захапленьне навукамі – вясёлыя прыдворныя і так часам кпілі з яго частых прыходаў у Горні замак. Некаторыя меркавалі, што Круглец стараецца быць бліжэй да двара вялікага князя, і зайздросьцілі прывілеям маладога баярына.

Вой-дружыньнік, Круглец карыстаўся яшчэ бацькавым правам – свабодна заходзіць у замкавы скрыпторый, альбо, як часьцей называлі яе, бібліятэку. Пасьля сьмерці пасла права гэтае сын пацьвердзіў у вялікага князя Яўнута, а пасьля і ў Альгерда. І гэта сталася для яго сапраўдным шчасьцем. Можна было колькі хочаш сядзець у вялікай зале палаца, застаўленай паліцамі з вялікімі, у цёмных скураных пераплётах кнігамі і рознымі – крохкімі і зшарэлымі, новымі і старымі – скруткамі пергамену. Некаторыя, асабліва важныя, захоўваліся ў футаралах, часам аздобленыя каштоўнымі камянямі, – каменьчыкі выблісквалі сінім, жоўтым і зялёным у ранішнім ці вечаровым сьвятле... Тут былі копіі, зробленыя з найважнейшых дзяржаўных актаў і пасланьняў, што прывозілі вялікім князям паслы з усяго сьвету.

Раней хлопец прагна чытаў менавіта тое, што тычыла дыпламатыі, стараўся, сьледам за бацькам, разабрацца ў хітраспляценьнях вялікай палітыкі, калі тут, у Вільні, ня толькі стараюцца разгадаць чужыя намеры, але і схаваць свае інтарэсы за красамоўнымі сказамі і рыторыкай.

Але цяпер яму было гэта нецікава. Цяпер браў ён і чытаў Вялікую Кнігу, перапісаную з той, што ў храме Параскевы Пятніцы ўрачыста і нясьпешна гартаў архірэй храму і духоўнік вялікай княгіні Марыі Нестар, каб нарасьпеў прагаварыць патрэбны абзац і патлумачыць яго нешматлікім яшчэ хрысьціянам Вільні.

У скрыпторыі было некалькі Бібліяў, падораных і Міндоўгу, і Віценю, і Гедзіміну гаспадарамі розных хрысьціянскіх краінаў. Былі гэтыя кнігі на лаціне, на грэцкай і нямецкай мовах. Было некалькі і на стараславянскай, прывезеных цьвярскімі князямі, што шукалі прытулку і дапамогі супраць сваіх маскоўскіх супернікаў ужо ў Альгерда. Гэты былі атуленыя разьбянымі дошкамі або закутыя ў сярэбраныя аклады, альбо проста пераплеценыя цялячай скурай лісты, дзе хавалася Вялікая Мудрасьць.

Круглец чытаў спачатку на нямецкай – яна была найбліжэйшай яму пасьля славянскай: нездарма колькі гадоў штудыяваў навуку ў Нямеччыне, з вясёлымі буршамі вёў дыспуты наконт стварэньня сьвету. Пасьля наняў настаўніка грэцкай мовы – здавалася яму, што так стане ён бліжэй да сьвету, што гэтак уразіў душу ў Візантыі. Грэцкая мова давалася надзвычай лёгка, нібы ўжо ведаў яе спрадвеку, і праз які год павольна, дапамагаючы сабе тэкстамі па-нямецку, чытаў Круглец па-грэцку пасланьне апостала Паўла карынфянам:

“Ніхто не шукай свайго, але кожны п а т р э б ы другога”.

Амаль кожны раз пры чытаньні гэтай дзіўнай, ні да якой іншай не падобнай кнігі, усё ў ім пераварочвалася.

Як жа не шукаць свайго? На гэтым і трымаецца сьвет. Кожны хоча атрымаць як болей слодычы, задавальненьня і радасьці. Калі ўжо і не за кошт бліжніх, дык за кошт сваіх здольнасьцяў, альбо багацьця бацькоў і іхняга высокага становішча. Хіба не багі – тут ён кожны раз папраўляў сам сабе: Бог! – дык вось, хіба ня Бог дае тое, што мае кожны на гэтым сьвеце? Хіба ня супраць Бога ідзеш, калі ня дбаеш аб сваёй карысьці, не чужой, а сваёй уласнай! Чаму ж другому, аб чыёй патрэбе я стану клапаціцца, ня даў Бог таго, што ён даў мне?!

Але нешта падказвала яму ясна і цьвёрда, што сьвет, хаця і стаіць ён сёньня на патрэбе для самога сябе, не павінен быць такім. А калі дапаможаш іншаму – атрымліваеш такую радасьць, якой ня ведаеш, калі зрабіў нешта толькі для сябе. Вось жа толькі адно пацікавіўся ён, як жыве Вусень, і даў яму на лячэньне хворай жонкі сорак шэлегаў*, як сэрцам адчуў гарачую ўдзячнасьць чалавека, якога ён, здаецца, добра ведаў ад самага дзяцінства – але разам з тым ня ведаў пра яго нічога. Ні пра тое, што Вусень мае залатыя рукі і пляце лапці для ўсіх сваіх родзічаў, ні таго, што ў ягоную жонку ўсялілася Трасца* і страшэнна мучыць яе па начах. Калі ж, упаўшы ў ногі, шчыра дзякаваў служка свайму маладому гаспадару, зноў адчуў Круглец, як ахапіла яго гарачая хваля радасьці... Падымаючы слугу, пабачыў ягоныя вочы. Сустрэліся позіркі – і адкрылася сыну пасла Леся, што і Вусень – такі ж чалавек, як і ён сам.

Дзіўным было для яго тое адкрыцьцё. Як і многія іншыя адкрыцьці, што, нібы згаварыўшыся, апаноўвалі адзін за адным ягоную душу. Ажно да часу, пакуль не пачаў усьведамляць усім сэрцам, што звыклы для яго сьвет, магчыма, інакшы, і іншыя законы пануюць у ім, толькі іх трэба і ўбачыць, і адчуць…

“Не рабі іншаму таго, чаго ня хочаш, каб рабілі табе”…

І ён зноў думаў, у душы перабіраў усё, што назапасіў за нямногія яшчэ гады свайго жыцьця.

Так проста гэта – і так пакуль неспасьціжна! Бо ёсьць слугі і гаспадары, ёсьць багатыя і бедныя. Вусень пакліканы лёсам, каб служыць іхняй сям’і. Яго прадалі некалі дзеду за капу грошай, яшчэ маленькім. Прадалі віленскія сьмерды, каб не памерці з голаду. І цяпер варта Вусеню ўцячы, як яго будуць шукаць імем закону, а зловяць – загадаюць сьцяць горлам*.

А ён, Круглец, недасяжны ні для кога, апрача самога вялікага князя. Ён можа ехаць у Нямеччыну, да грэкаў, і ніхто яму таго не забароніць. Ён можа піхнуць Вусеня, можа, калі надта разгневаецца, забіць слугу. А ці хацеў бы ён, каб яго піхнуў Вусень? Каб раб забараніў яму ехаць у далёкія краіны, як таго хочацца? Калі ўяўляў тое, кроў закіпала, і гарачая хваля гневу шугала ў грудзі. Тады хацелася забіць слугу, які, сам таго ня ведаю­чы, хадзіў перад ім нейкім вечным дакорам жыцьцю, якое вёў Круглец – жыцьцю бесклапотнаму і вольнаму.

“Але жывуць жа іншыя!” – казаў ён сам сабе. “Мае аднагодкі не задумваюцца над тым, што такое іхнія слугі – тыя, што падаюць пітво, чысьцяць коней, мыюць дубовую падлогу ў замку і аруць на палях у сьпёку, калі так добра сядзець у сьвятой дуброве, слухаючы развагі разумных жрацоў! Чаму ж мне, у самую тую хвіліну, калі стомлены слуга, сапучы, здымае боты з маіх ног, хочацца то забіць яго, то, наадварот, упасьці перад ім на калені і абняць яго, як свайго брата? Можа, зазірнуўшы ў вочы яму, я ўбачу, што і ён такі ж самы чалавек, і яму баліць тое, што баліць мне, калі мяне ўдараць. І тая ж чырвоная кроў пальецца на зямлю, калі меч пасячэ ягонае цела… Хто адкажа мне на гэтыя пытаньні, хто дапаможа маёй душы?”

А тым часам ішлі месяц за месяцам, і аднойчы хлопец ня вытрымаў. Зімовай раніцай, калі сьнегам, як пярынай, была ахутаная ўся Вільня так, што толькі чырвона-шэры Горні замак і сьвятая дуброва за ім вытыркаліся з гэтай бяскрайняй белі, ён пайшоў у храм хрысьціянскага Бога.

Страх скоўваў ягоныя рухі. Што калі багі – так любімыя раней – кінуць у адступніка сваімі вогненнымі паліцамі, што, калі разаб’е яго паралюш? Суцяшаў сябе: княгіня Марыя адкрыта пакланяецца Хрысту, ейныя дзеці ўсе хрышчаныя, як і сам вялікі князь Альгерд. Але ж ён мусіў ажаніцца з віцебскай князёўнай, бо гэта дадавала да земляў Княства магутны на­дзел. Ды нават яе, хрысьціянку, усё роўна тры разы абвялі вакол сьвятога дуба, бо іначай народ не прызнаў бы ейнага шлюбу. Жрацы, хаця і з вялікай неахвотай, згадзіліся на хрысьціянскі абрад, бо ведалі, што князь Альгерд усё ж выхаваны ў язычніцтве, і менавіта ў язычніцкія храмы дае найбольшыя ахвяры. А што ён па вялікіх сьвятах ходзіць у царкву і нават запрашае туды паслоў – дык гэта з цягам часу было таксама прызнанае жрацамі, бо вакол – сьвет хрысьціянскі, і трэба шукаць паразуменьня і з ім. Тое робіцца дзеля міру ў краіне і дзеля яе карысьці…

Іначай могуць паставіцца багі да яго. Яму, як Альгерду, ня трэба лаўчыць сярод вялікіх хрысьціянскіх краінаў – з каторай сябраваць выгадней. Яму вольна і весела жывецца ў сталіцы, у іхнім доме поўна слугаў і багацьця, сабранага дзедам і бацькам. Круглец, хоць і лічыцца дружыньнікам, аднак пойдзе ў войска са сваёй уласнай харугвай і сотняй вояў, толькі калі аб’явяць паспалітае рушэньне на вайну альбо Пагоню*. Частку сабранага скарбу іхняя сям’я штогод ахвяруе на розныя капішчы, і задаволеныя багі даюць ім шчасьце і слодыч жыцьця. Тры сястры, адна за адну прыгажэйшыя, ужо замужам, яны зьехалі за сваімі мужамі ў розныя краіны: Чэхію, Нямеччыну, Польшчу. Чацьвёртую, Уну, здаецца, упадабаў сын маршалка, але Уна на яго не зважае. Ёй даспадобы, мабыць, малады Кумец, памочнік галоўнага лоўчага, іхні далёкі родзіч. На яго самога, варта толькі зьявіцца на княскім баляваньні, употай зіркае не адна заваблівая нявеста. Чаго яшчэ жадаць?

Навошта ж ён пераступае высокі дубовы парог, ступае на каляровыя кафляныя пліты, дзе ўсе зараз, на момант перашкодзіўшы чытаньню Вялікай Кнігі, павернуцца, каб убачыць неверагоднае: воін-дружыньнік Круглец, сын пасла Леся, заходзіць у хрысьціянскі храм?

НЕСТАР

У маленькім, цёмнакарычневым пакойчыку пры новым віленскім храме Параскевы Пятніцы было душна. Пахла зёлкамі і ладанам. Вялікая княгіня Марыя цяжка сядзела на нізкім дубовым крэсьле, што стаяла ля сьцяны, пад выявай сьвятой Параскевы. Новая разьба на ім нібы ўгрызалася ёй у сьпіну, ногі, трохі апухлыя падчас службы, цяпер невыносна балелі, нібы тонкія юхтавыя боцікі ссохліся і сталі зацеснымі. Пакаёўка Рэчыца, сеўшы на невысокі зэдлік, церла тонкую чырвоную скуру абутку, намагаючыся аблегчыць пакуты сваёй гаспадыні. Стражнік Дрыгайла чакаў у калідоры, задуменна разглядаючы маляваныя дошкі з невядомымі яму тварамі зацных людзей і хрысьціянскага бога, і раздумваў над тым, што яны зусім нястрашныя, а значыць, няма ў іх сапраўднай моцы. Ці ж параўнаць іх з Перуном альбо Вялесам – вялізныя, яны ўзвышаюцца над усімі, і нават высокі князь Альгерд здаецца перад імі маленькім карузьлікам!

Архіерэй Нестар, высокі, ужо сутулы, з сівой барадой і пранізьлівымі шэрымі вачыма, прайшоў у пакой, вялікая княгіня, седзячы, схілілася перад ім. Пацалавала руку. Коратка загадала Рэчыцы:

– Выйдзі.

З-за нямогласьці княгіні быў дадзены дазвол не ўставаць перад духоўнікам, але яна кожны раз падчас споведзі адчувала няёмкасьць. Як расказаць пра тое, што найбольш мучыла – схаваную ад усіх трывогу за лёс мужа і дзяцей? Вядома, Альгерд любіць іх. Але ж і вялікі князь Гедзімін, яе магутны свёкар, таксама любіў дзяцей і ад Віды, і ад Вольгі. А вялікакняскі сталец пакінуў малодшаму, якога хітрая Еўна, яго апошняя жонка, дачка полацкага Івана Усеваладавіча, назвала сваім імем – Яўнут – і якога заўсёды пры розных нагодах падсоўвала старому ўжо бацьку, адцясьняючы іншых сыноў! І вось – у княстве звады, неспакой, выгнаны Яўнут бадзяецца па сьвеце, шукае падтрымку то ў немцаў, то ў маскавітаў. Што, калі яна неўзабаве памрэ? Альгерд, відавочна, ажэніцца зноў. Ён яшчэ поўны сілаў і жадны да ўцехаў жыцьця. Але калі будуць яшчэ дзеці, то што станецца з ейнымі сынамі?!

Нават зараз, хаця шмат гадоў яна пражыла ў Вільні нявесткаю Гедзі­міна, а цяпер ужо пяць гадоў і вялікаю княгіняй, адчувае яна, якая моцная сіла, як раць, стаіць супраць яе і мужа. Гэта перш за ўсё староньнікі язычніка Кейстута: жрацы, вешчыя старцы, сваяк Гедзіміна апантаны прыхільнік Рагуціса Ерыдоне і ўся іхняя язычніцкая купа. А яшчэ ўдава Гедзіміна княгіня Еўна, амаль ейная равесьніца і былая вялікая княгіня, і яе дзеці, самы страшны з якіх – Яўнут. Бо якраз ён законны спадкаемца на вялікім стальцы! Альгерд і Кейстут перамаглі яго, але ж Еўна да самай сваёй сьмерці не прымірыцца з гэтым!

Небясьпечная яшчэ і іншая групоўка. Яе ачольвае ваявода Пётра Гаштольд, які спавядае хрысьціянства заходняга абраду і схіляе да таго гаспадара Княства. Ня варта верыць і Кейстуту, ягонай шляхетнасьці. Тут, у Вільні, моцныя карані жамойцкага князя. Яго, якога шалёны шал вайны нясе заўсёды да перамогі, любяць болей, чым разумнага, але стрыманага і халаднаватага Альгерда. Не было б за мужам ейнага пасагу – віцебскіх харугваў, ня ўзносіла б яна разам з нешматлікімі хрысьціянамі штодзённых гарачых малітваў за яго – невядома, ці стаў бы ён вялікім князем. А іншыя браты Альгерда – яны што, зьмірыліся з ягонай перамогай?

Яна не захацела ўзгадваць далей свае трывогі, і духоўнік Нестар стаў супакойваць вялікую княгіню, хаця ў яго самога было турботна на душы. Хаця Марыя была яшчэ зусім не старая – усяго васемнаццаць гадоў, як пабралалася з Альгердам, – але твар яе пайшоў дробнымі маршчынкамі, вялікія вочы нібыта паменелі на трохі азызлым твары, скура стала нібы мяккая вільготная гліна. Мучылі вялікая слабасьць, бяссоньніца і боль у грудзях. Доктар-іншаземец Ганс ня мог справіцца з хваробай, а люд шаптаўся, што гэта помсьцяць Марыі багі, якіх яна пакрыўдзіла, асабліва ж Рагуціс і Медзін*.

Нестар з болем адчуваў – неўзабаве давядзецца несьці на сабе ўвесь цяжар праўдзівай веры тут, у Вільні, аднаму, бо Гаспадар рана прыбярэ вялікую княгіню, ня жыць ёй доўга. Апроч яе, саюзьнікаў тут няма – людзі, што ходзяць у царкву, ня маюць пры двары вялікага ўплыву. З Навагародку, дзе больш за чвэртку веку заснаваная метраполія*, дапамога таксама ідзе невялікая, бо там думаюць, што яму, Нестару, пад крылом вялікага князя жывецца лягчэй, чым ім. Але ў Навагародку хрысьціян здаўна болей, чым у язычніцкай Вільні, жрацы там ня маюць значнага ўплыву. У тамтэйшым храме вернікаў прываблівае Замкавая ікона Багародзіцы, якая яшчэ сто гадоў таму ў цудадзейным сьне князя Войшалка натхніла яго на прыняцьце манашскага сану.

У Вільні ж усё трэба пачынаць самому. Япіскап Вільні няроўны са жрацамі, хаця і бліжэйшы да вялікакняскага стальца, чым яны. У яго ўсяго толькі нядаўна пабудаваны храм – а да іхніх капішчаў дарога пракаветная, пракладзеная прадзедамі і дзядамі, багацьці, сабраныя таксама не за адно пакаленьне...

Але пра гэта трэба думаць не цяпер. Зараз трэба ўважліва слухаць вялікую княгіню...

Расказаўшы пра свае трывогі, княгіня хацела ўжо прасіць дараваньня грахоў, але раптоўна ўзгадала:

– Пазаўчора, калі я пайшла ў скрыпторый, каб узяць там запісы аб шлюбных дамовах вялікіх князёў, да мяне падышоў Круглец, сын Леся.

– Ён часам прыходзіць у наш храм, – асьцярожна заўважыў Нестар.

– Мне цяжка запамінаць твары маладых, яны для мяне ўсе на адзін капыл. Але гэтага хлопца я добра ведаю, бо надта падобны да бацькі, – нецярпліва прамовіла Марыя. – Ён хоча пахрысьціць сваю сястру і па­прасіў мяне быць ейнай хроснай маці.

– Гэта вялікая радасьць, – ажывіўся Нестар. – Яго любіць моладзь, ён разумны і рахманы. Але чаму не зьвярнуўся адразу да мяне?

– Ты для яго чужы. А мяне ён памятае яшчэ з дзяцінства. Здаецца, я яго нават трымала на руках, але зараз ужо і ня ўспомню, ці ён гэта быў. І зараз бачу яго рэдка. На баляваньні ў замак ён не сьпяшаецца, яго там я ня бачу. А на дружынныя трызны не прыходжу я.

– Дык ці зробіць ласку вялікая княгіня і ці стане хроснай маці для гэтай божай авечкі?

Марыя згодна кіўнула. У апошнія гады, калі Альгерд стаў вялікім князем у выніку змовы з Кейстутам, яна нездарма пачувала сябе тут, у даўно знаёмай Вільні, адзінокай. Колішні двор Гедзіміна, хаця і спрэс язычніцкі, абкружаў жонку княжыча пашанай: яна прынесла ў пасаг багатую Віцьбескую зямлю. Аднак пасьля таго, як памёр Гедзімін, усё памянялася. Былых прыхільнікаў засталося няшмат, а колішнія маўкліва асуджалі княгіню, бо ўважалі ўзвышэньне Альгерда за надкуртачаньне, ашуканства. Выгнаньне Яўнута і гвалтоўны захоп Вільні Альгердам і Кейстутам мучылі Марыю. Ёй усё здавалася, што, парушаючы запавет бацькі-нябожчыка, браты моцна саграшылі.

Адзінокім пачуваў сябе і Нестар. Часам, праходзячы па Вільні, чуў ён злавесны шэпт за сьпіной. Ня раз здавалася яму, што, каб ня страх перад Альгердам і не апека вялікай княгіні, язычнікі разьдзерлі б яго на кавалкі і без усялякай літасьці выкінулі сабакам.

Ён з трывогай паглядзеў на азызлы твар вялікай княгіні і, як клапатлівы бацька, беражліва накінуў на ейныя плечы цёплую вязаную хустку.

Рэчыца, стоячы ў калідоры разам са стражнікам, спакойна глядзела на дзьверы. Радасна думалася пра жаніха – надзейнага, дужага Няжылу, пра вясельле і будучых дзяцей. Але калі б зараз глянуў на яе самы вядомы ў Вільні празарліўца, вялікі жрэц Сварога Лойка, то са спачуваньнем па­гладзіў бы яе па галаве і пашкадаваў бы. Ён бы ўгледзеў, што ля левага пляча дзяўчыны стаяла Нядоля, адштурхнуўшы сваю сястру, багіню шчасьця Долю, і ўсьміхалася зласьліва, таму што нічога з гэтых мараў не адбудзецца ў жыцьці высокай, белатварай, мажнай дзяўчыны, якая пяшчотна падносіць да вуснаў маленькую драўляную Мокаш, цалуючы багіню жытла і прадзіва з надзеяй хаця б на каліва шчасьця…

САРАКІ

Круглы каменны храм багіні каханьня Лады, што стаяў на левым беразе Вяльлі, недалёка ад Горняга замку, ледзь сьвяціўся ў зімовай цемрадзі слабымі жоўтымі абрысамі вокнаў – сьвятло тачылася зьнізу. Каля дзьвярэй, якія былі зачыненыя, валуны сьценаў з роўнымі палоскамі вапны слаба адлівалі вільгацьцю ў сьвятле адзінокага смаляка, схаванага пад гонтай.

Удзень тут тупацеў, усхвалявана-пажадліва дыхаў і скакаў у карагодах велізарны натоўп віленчукоў, сьвяткуючы Саракі. Карычнявата-шэрыя шма­ты ад Сьнегавіка, якога тапталі з прыгаворамі і замовамі, а таксама груды аскабалкаў ад старых глякаў, збаноў і брэцьяніц, з якімі прадвесьнікі Вясны ішлі да багіні, доўга, да самага вечара, прыбіралі храмавыя служкі.

Кожны мог бы падумаць, што сьвята скончылася: бяззорная, туманова-сьнежная, як кучма, ноч панавала над Вяльлёй, над ракой, што нячутна шумела ўнізе. Але ў сярэдзіне храмавай агароджы стаялі багатыя вазкі, з недалёкай канюшні чулася іржаньне коней, а з дзьвярэй, якія вялі ў лёхі і якія раз-пораз адчыняліся перад гасьцямі, вырывалася такое зыркае, гарачае і яркае сьвятло, што кожны, хто назіраў бы зараз за храмам, даўмеўся б: сьвяткаваньне толькі пачынаецца.

Сьвята віравала, захопліваючы ўсё больш і больш мужчынаў і дзяўчат, якія сабраліся ў падземнай зале. Тут, нягледзячы на ледзяныя гурбы вакол храма і сьцюдзёны вецер, што гудзеў у шчылінах агароджы наверсе, цёпла, амаль горача. Нягледзячы на тое, што вясна яшчэ не пачалася, шмат жывых кветак у цёмна-брунатных лазовых кошыках, прымацаваных на гладка абструганыя сьцены з тоўстага брусу, аздаблялі залу. Там жа віселі скураныя шчыты з сярэбранымі насечкамі (іх прыносілі Ладзе ашчасьліўленыя каханьнем воіны). Аздаблялі памяшканьне бронзавы і медны посуд на вялікіх ланцугах, курыльніцы з празрыстага сьветлага каменю, якія струменілі востра-казытлівыя колцы пахкага дыму, вянкі, выкаваныя з рэдкім майстэрствам ды многае іншае, што прымушала прысутных з захапленьнем углядацца ў рэчы, падораныя самаму, бадай што, улюбёнаму храму віленчукоў. І гэта нягледзячы на тое, што большасьць з прысутных былі пастаяннымі ўдзельнікамі абрадаў.

Кумец таксама быў тут. Як заўсёды, вясёлы, жыцьцярадасны, сёньня ён, аднак, адчуваў пэўную разгубленасьць. Вялікая жрыца Нара раніцай адмыслова паслала да яго служку, якая перадала яму чорную, з пярлінамі, скрыначку.

Кожны юнак у Вільні марыў атрымаць гэты знак увагі. Пахкасьці, што месьціліся там у залачоных шкляных сасудах, былі прывезеныя з усходніх храмаў, і купіць іх нельга было ні за якія шэлегі. Уцёртыя ў скуру, яны рабілі мужчыну няўрымсьлівым у каханьні, нястомным і моцным, як разьюшаны тур. І тады ён мог дастойна прымаць чароўныя ласкі вялікай жрыцы, выносьлівай і вынаходлівай у каханьні, як ніводная жанчына ў Вільні. Кожны год яна прысылала чорную скрыначку з пярлінамі мужчыне, якога лічыла вартым сябе. І тыя, хто праводзіў з ёю ноч на Саракі, маўчалі так красамоўна, што іншым заставалася толькі ўяўляць, якою былі ночы з тою, якую любіла сама Вясна.

Але Кумец ня стаў націрацца ніводным з чараўнічых алеяў. Уна, сястра далёкага родзіча Кругляца, стала перад вачыма, калі ён працягнуў руку да скрыначкі. І невядома было, чаму паўстала ў ягонай памяці і сэрцы менавіта гэтая худзенькая дзяўчынка з вялікай тоўстай касой, з трохі сумнымі, нібыта ў параненай аленіхі, поглядам. Але насланьнё было такім моцным, што яму здалося – яна сапраўды прыйшла і бачыць ўсе тыя бессаромныя карціны, якія звабліва было закалыхаліся перад ім...

І цяпер, стоячы ў патаемным сьвяцілішчы, даступным толькі для абраных, ён адчуваў, што яму, мабыць, ня варта было наагул прыходзіць сюды.

Пасярэдзіне зале грувасьціўся памост, пакрыты белым шоўкам, – тонкая, амаль празрыстая тканіна каштавала столькі, што на яе можна было купіць ня меней як трыццаць рабоў. Над узвышшам, не абапіраючыся ні на якія падпоры, нібыта ў паветры, вісела драўляная, цёмная ад часу постаць багіні Лады, альбо, як тут часьцей яе называлі, Лялі. Жаночы сілуэт з тонкім станам і высокімі грудзьмі, з залатым вянком на пышных, раскіданых на плячах кудзерках, сінія лазурыты вачэй, умела падсьветленых сьвятлом каганца, пунсовыя вусны, выразаныя з вялікага рубіна, што пажадліва-капрызна ірдзеў на твары, імклівае загібаньне сукні, нібыта багіня бегла кудысьці, – усё гэта неўпрыкмет заварожвала і настройвала на лад дрыготліва-чакальны, неспакойны, як заімглёная будучым дажджом далеч.

Ад хмельнага напою, які ў сярэбраных чашах разносілі прыслужніцы, пачыналі кружыцца галовы нават у самых моцных. А іх, зацных – славутых – людзей стольнага гораду, было тут роўна сорак. Толькі пяцёра, самых немаладых, прыйшлі з жонкамі, якія таксама хацелі бачыць абрад. Астатнія імкнуліся ў храм не па відовішча, а па тое, што давала ва ўсёй Вільні толькі яна адна – багіня Вясны і Каханьня.

Змоўклі размовы. Напружанае чаканьне тонка і настойліва прарэзала жалейка. Яна павяла сваю мелодыю, і тады разам згасла амаль палова сьвяцільнікаў, а драўляная багіня нібыта растаяла на вачах, пакінуўшы за сабой вогненны віхор, які нібыта вырваўся з апраметнай. У вочы прысутным як ударыла – і асьляпіла. Калі ж яны ачомаліся, на памосьце ўжо стаяла жывая, рухлівая і асьляпляльна-вабная жанчына.

– Нара! Нара! Вялікая жрыца! – пранеслася па зале.

Яе моцная постаць з пукатым жыватом і вялікімі грудзьмі, што бессаромна тырчэлі ў бакі, была прыкрытая адно празрыстай адзежынай, схопленай на плячах вялікімі залатымі фібуламі. На бялявых, струменліва-пераліўных валасах быў такі ж залаты вянок, што і на выяве багіні Каханьня. Доўгія мускулістыя ногі цьвёрда стаялі на невысокім сярэбраным трохножніку, які таксама невядома як і адкуль паўстаў на белым шаўковым покрыве.

Яна падняла руку – і ціхае шаргаценьне прайшло па зале: вакол яе на меншых, але таксама сярэбраных трохножніках узьняліся і ціха закача­ліся, як чорныя водарасьці, чатыры вялікія, амаль у ейны рост, зьмяі. Нехта баязьліва войкнуў. Жанчына ўсьміхнулася, колькі хвілінаў пагайдалася ў такт музыкі і зьмяіных выкрутасаў, пасьля шчоўкнула пальцамі. Служкі, апранутыя ў пругкія блішчастыя апранахі накштал латаў, што аберагалі іх ад сьмяротных укусаў, адначасна вылезьлі з-пад памосту і працягнулі да зьмеяў драўляныя рыдлёўкі з доўгімі чаранкамі. На кожнай курчылася спалоханае трусяня, якое, аднак, чамусьці не спрабавала ўратавацца. Зьмеі, адна за адной, злосна і коратка дзюбнулі свае ахвяры – і трусяняты забіліся ў сутаргах. Іх, ужо ў апошніх канвульсіях, тут жа вынесьлі з зале. І зноў коратка, як па камандзе, таргануліся прысутныя – раптоўная гібель маленькіх кволых істотаў як падхліснула нешта ўнутры кожнага, як адчыніла нейкія заслоны, што стрымлівалі і аберагалі ў чалавеку чалавечае. Яны нібы адразу адчулі сябе іншымі – першабытны страх сьмерці адначасна з пажадлівасьцю да ўцехаў і асалоды ахапілі пякучымі абцугамі ўсіх – старых і маладых.

Тады пачаўся Вялікі Танец. Жанчына выгіналася, круціла клубамі, і зьмеі пакорліва, як зачараваныя, паўтаралі ейныя рухі. Жалейка паскарала рытм, у яе голас упляліся дуда і барабан, гукі нібы загусьцелі, апускаючыся ніжэй і ніжэй…

Кумец адчуў, што ягоныя клубы стала паступова, але няўхільна зводзіць салодкай сутаргай. У сутарзе былі свае перапады: яна то азывалася, то нібыта зьнікала. Ён неўпрыкмет глянуў навокал – ужо ўсе, і мужчыны, і нешматлікія жанчыны, былі ва ўладзе рытму. Адкрытую, нястрымную юрлівасьць, жаданьне чужой плоці і лютасьць выпраменьвалі іхнія вочы. Нават немаладыя сямейнікі не маглі стрымацца – рукі іх сутаргава шукалі нечага, твары непазнавальна пакрывіліся...

І тады ў залу ўвайшлі, як пратачыліся скрозь сьцены, жанчыны. Не, гэта ўсё былі маладыя дзяўчаты – у вянках з танюткімі срэбнымі і меднымі лісточкамі, у тых жа празрыстых покрывах, якія не хавалі ані гру­дзей, ані чорных, русых альбо бялявых валасяных трохкутнікаў паміж роўненькіх, нясьцерпна-заваблівых ног...

Першым ня вытрымаў, кінуўся да высокай бялявай жрыцы баярын Хведар. Яна імгненна, нібы чакала таго, прытулілася да яго ўсім целам, а пасьля сьлізганула ўбок, да дзьвярэй, і яны абое, ледзь ня выбіўшы дзьверы, вываліліся з залы. Тады і астатнія сталі хапаць дзяўчат, мацаць іх гарачымі, дрыготкімі рукамі, тузаць за грудзі і цягнуць з залы.

Чашнік Ярамір схапіў чарнявую, з раскосымі, хітрымі вачыма дзеўку і павалок яе за сабою на шаўковую тканіну, адной рукой учапіўшыся ў тонкі стан, а другой разьвязваючы порткі. За ім пасьпяшалася другая, трэцяя пара… І тады ў зале ўсчалося тое, дзеля чаго і прыходзілі сюды зацныя мужы Вільні – храбусьценьне чалавечых костак, віскат жанчын, утробныя рыкі разьятраных, распатланых істотаў, што яшчэ раніцай важна сядзелі на радзе, прымалі дзяржаўныя рашэньні, судзілі іншых… Зараз яны спляталіся ў скурчаныя, шматрукія і шматногія клубы, рагаталі і тузаліся. Аднекуль, нібы падкінутыя зьверху, там і тут зьявіліся мяккія атласныя падушкі, іх хапалі, як падарункі.

Рэзка абарвалася мелодыя. Некуды зьніклі зьмеі. Жанчына на памосьце працягнула рукі да Кумца, і ён міжволі зрабіў крок наперад.

Ён ня першы раз бываў у храме багіні Каханьня. Пажадлівасьць, якая магутнай хваляй абдала яго і напачатку затуманіла голаў, таксама была паспытанай не аднойчы. Ды і хто з прысутных ня даў бы ўцягнуць сябе ў ашаламляльны вір уцех, якія напоўніцу можна было адчуць толькі тут, са жрыцамі Лялі-Лады?

Але зноў як паўстала перад ім дзяўчынка з тоўстай касой – чыстая, юная, недасягальная Уна. А праз яе, як прабіўшыся скрозь віраваньне пажадлівага натоўпу, зусім неспадзявана глянулі яму ў душу і вочы Векшы, што нядаўна ў перадсьмяротным забыцьці нібыта ўвайшла ў яго са сваёй усьмешкай, поўнай невыказнага жалю і спазнаньня роднаснасьці абоіх. Векшы, якая глядзела з нейкае далечыні, куды яна ўжо зазірнула і таму нібыта шкадавала – усіх: яго, сябе, людзей, што зьбіраліся забіваць яе.

Чаму ў ейных вачах быў жаль? Чаму яна, якой заставалася жыць некалькі імгненьняў, шкадавала яго, які заставаўся тут, у гэтым, такім прываблівым, поўным уцехаў сьвеце?!

Ён адступіў. Вочы яго і Нары сустрэліся. Яна спачатку не зразумела, што адбылося, але ўсьмешка сышла з ейнага твару, яна павярнула галаву ўбок і падала знак адной са сваіх служак.

Кумец адступаў назад, спатыкаючыся. Адхіліў рукі ружова-белай, з сунічнымі саскамі і вогненна-гарачым лонам жрыцы, што хацела падвесьці яго да Нары, і пасьпяшаўся, паскараючы крокі, прэч, да бакавых дзьвярэй, далей ад вялікай жрыцы, якая застыла – як ужаленая адной са сваіх зьмеяў.

А дзяўчына-служка трушком пасьпяшалася за ім, і яе спрытныя рукі агладжвалі яго цела, а бессаромныя словы зьляталі з вуснаў…

Ён пабег.

Пабег, як спалоханы хлопчык, пакінуўшы цёплую, з водарам кветак і вострых пахкасьцяў залу, міма вазкоў, ужо забеленых рэдзенькім сьняжком, які віўся ў паветры, у браму, дзе на яго насьцярожана і неадабральна зірнуў вартавы.

Кумец не заўважаў холаду і таго, што ягонае бабровае футра засталося ў храме Лады, што сьнег пабяліў і ягоную галаву. Стаміўшыся ад бегу, ён, задыхаўшыся, перайшоў раку і пашыбаваў сам ня ведаючы куды. Пра­мінуў Дольні замак, прамінуў сьвяцілішча з вечным агнём Перуна і да­ліну Сьвятарога, дзе над магіламі былых вешчуноў стаяць засьнежаныя дубы. Ён сьпяшаўся, нібыта за ім гналіся, і няўцямна паднімаўся ўверх, да сьвяшчэннага Перуновага гаю.

Раптам ногі яго спыніліся. Ён быў перад брамай, вароты якой былі адчыненыя. Роўныя, ціхія сьпевы плылі з дзьвярэй, і яго як панесла да іх – да мелодыі, якая супакойвала ўскаламучаную душу і прыцягвала сэрца.

Цяжкія, каваныя жалезам дзьверы адчыніліся на дзіва лёгка і нават нібыта радасна, быццам чакалі яго даўно. Сіняваты дым ад сьвечак расплываўся ў паветры, Нестар у жоўтай парчовай рызе, са срэбным кадзілам у руцэ стаяў пасярэдзіне і ахутваў духмяным дымам людзей, якіх было недзе пад дзесяць і якія азірнуліся, каб паглядзець, хто яшчэ адважыўся далучыцца да Усяночнай службы ў вялікую ноч веснавога раўнадзенства.

Кумец, зусім нечакана для самога сябе, апынуўся ў хрысьціянскім храме Параскевы Пятніцы, і густы сьнег з яго галавы, растаючы, сьцякаў на лоб і плечы, на скураны каптан з нашытымі срэбнымі грыўнамі.

НЯЖЫЛА

Драўляная тарэла была поўная смажанага разам з цыбуляй мяса. Яна стаяла на вышытым абрусе, тоўстыя, крываватыя лусты хлеба горкай ляжалі побач. Яшчэ далей перад Няжылам вольна месьціліся на доўгім стале місы з мочаным гарохам і бобам, варанай капустай і грыбной поліўкай. За імі, па другі край стала, на дубовай лаве сядзелі Баравік і Зайка. Рэчыца, іхняя дачка, месьцілася збоку. Усе трое з любасьцю пазіралі на хлопца, але шэра-блакітныя з зялёным адценьнем вочы нявесты поўніліся асабліва адкрытай і гарачай пяшчотай.

– Гай выражу, а жытло пабудую такое, каб уся Вільня дзівілася! – са смакам чэрпаючы драўлянай лыжкай гарох, хваліўся Няжыла. – Найму майстроў, можа, іншаземных, каб кожную дошку абгаблявалі як во ейную далоньку! А ў яе далонькі – што табе ў вялікіх князёўнаў – мя-я-а-к-кія!

Рэчыца млела ад шчасьця. Няжыла пазіраў на яе з задавальненьнем. Яе, вядома, не параўнаць з князёўнамі, далонькі ў іх сапраўды як акса­мітавыя, бо, ведама, нічога ня робяць. Але ж і яна ня зломак які. Навышывала ручнікоў як ніводная нявеста на іхняй вуліцы. Каго толькі яна там не зьмясьціла – і Рода з парадзіхамі, і Мокаш, і Перуна, і Вялеса. Вышывала – шаптала замовы, прынаджвала шчасьце.

– Дык і наш дом ня цесны, – басіў Баравік. Тоўсты і нізенькі, ён, аднак, быў адважным як тур. Калі аднойчы на ягоны купецкі абоз напалі крыжакі, ён здолеў, паваліўшы вакол вазкоў колькі ялінаў, арганізаваць са сваімі малайцамі сапраўдную абарону, і, паклаўшы колькі вояў, крыжакі паскакалі далей, пакінуўшы ўпартых віленчукоў.

Дом Баравіка быў сапраўды вялікі і прыгожы, складзены з цэглы, якую рабілі пры княжацкім двары. Мураванка выйшла на два паверхі, з лажні­цамі для гаспадароў і дачкі наверсе. Унізе, пад сьвятліцай, гандлёвай каморай і кухняй, месьціліся склады, дзе ўсё было закладзена таварамі. Сьвятліца ж, дзе зараз прымалі дарагога жаніха, была гонарам гаспадароў: сьцены яе тынкаваныя, на іх вапай* нанесеныя квяцістыя ўзоры, а ў вокнах замест звычайных бычыных пухіроў празрыста зыркала ў водблісках агню нядаўна прывезенае і яшчэ нязвыклае для гораду шкло. У чырвоным куце на бажніцы перад Родам, Перуном і Мокашшу гарэла газьніца з чыстым ільняным алеем, палымнеў запаветнымі ўзорамі багата вышыты ручнік. Печ у Баравіка была, па новай замкавай модзе, кафляная, зеленаватая кафля з узорамі паблісквала пры сьвятле лучын, устаўленых у медныя зажымы. Бабін кут, дзе на вясельлі сядзе нявеста, аддзяляў ад печы кавалак абшытага сярэбранай аблямоўкай ільнянога палатна, пячны слуп, ці, як яго называлі віленчукі, конь, быў чыста пабелены. Усё тут сьведчыла аб багацьці і ўдачы гаспадароў.

Гэты багаты віленскі купец ганарыўся тым, што ягоны будучы зяць чалядзінец самога вялікага князя, што ягоная дачка пакаёўка княгіні Марыі. Ужо адсьвяткавалі заручыны, а цяпер Баравік рыхтаваўся да вясельля, што адбудзецца пасьля Купальля: падлічваў у сваіх еўнях і кладоўках гарнцы жыта, бочкі піва і хмельнага мёду, а яшчэ рыхтаваўся да закупу мядзьведзіны, ласяціны і птаства – дробнага і буйнага. Баравік зьбіраўся запрасіць на вясельле вялікакняжацкую пару, і яму здавалася, што, калі Альгерд і Марыя прыедуць у ягоны дом, ён памрэ ад шчасьця.

Усе яны: і гаспадары, і Рэчыца, і найперш сам Няжыла не маглі дачакацца Купальля. Менавіта там, пасьля вогнішча, калі скокі праз зыркія языкі полымя ачысьцяць маладых і запаляць іх першародным юрам, надыдзе для Рэчыцы і Няжылы вялікае выпрабаваньне. У спаборніцтве – хто спрытнейшы, у шалёнай пагоні, калі зловіць ён дзяўчыну за косы і кіне на мяккі мох, спазнаюць яны адзін аднаго. Хаця і тады яшчэ не даведаюцца, ці прыдатныя для самай галоўнай мэты, з якою сыходзяцца маладыя: ён – апладніць яе, а яна – нарадзіць здаровых нашчадкаў, перадаць ім сьвяшчэнны агонь быцьця, але пачатак будзе пакладзены. Без яго вясельле ладзіць нельга. Ведама, што ў тых, каго сілком зводзяць бацькі дзеля багацьця ці розных хцівых мэтаў, дзеці родзяцца слабымі, болей хварэюць, а значыць, меней у іх сілаў і магчымасьцяў захоўваць магутны корань жыцьця. Патрабуюць багі, а найперш ён, цудадзейны ачышчальнік Купала*, каб не пераводзіўся ў людзях агонь жаданьня, без якога заледзянее сьвет.

Вясельле ладзіцца неўзабаве пасьля цялеснага спазнаньня адно аднаго. Потым ужо тройчы ўрачыста абвядуць вакол сьвятога дуба, зьбяруць блізкіх і далёкіх сваякоў, гасьцей ды пастараюцца ўсіх прысутных так накарміць-напаіць, каб яны памяталі вясельны пачастунак усё астатняе жыцьцё.

Цешыліся Баравік і Зайка, што спадабаўся іхняй дачцы ня сьмерд які, ня таць, што квапіцца на багацьце, а радавіты баярын з добрай, набліжанай да князя сям’і. Таму і лавілі кожнае слова Няжылы, падтаквалі яму ды пераглядаліся, угледзеўшы, як хораша ўпраўляецца ён з лыжкай: любіць паесьці, дык будзе слаўна і працаваць!

Яшчэ ня ўсталі з-за стала, як пачулі ад служкі, што ў сядзібу завітаў малодшы брат Няжылы, памочнік галоўнага лоўчага Кумец. З задавальненьнем прынялі тую вестку. Прыгожага, вясёлага хлопца шанавалі ў замку, нездарма князёўны радасна ўсьміхаліся, калі прыносіў да іх Няжыла кубкі з шыпучым заморскім віном альбо падаваў тарэлы са смажанай рыбай – узгадвалі, мабыць, пры тым прыгажуна Кумца. Альгерд заўсёды браў яго з сабой, калі ехаў на ловы альбо ў паходы. Кумец, як ніхто, адчуваў сокалаў, і яны, трапляючы на яго парчовую рукавіцу нават з затуленымі каўпаком вачыма, спакайнелі. Звычайна якраз ён, Кумец, урэшце вырываўся наперад падчас паляваньня, даганяючы сокала, які дзёўб і дзёўб упаляванага зайца. Гэта ён куды хутчэй за галоўнага лоўчага ўмеў суцішыць разьятраную пагоняй птушку. У замку шапталіся, што вялікі князь хутка памяняе сваіх лоўчых месцамі, і памочнік нарэшце зойме належнае ягонаму таленту становішча...

Брат Няжылы ўвайшоў, як звычайна, вясёлы, хаця ў душы быў моцна заклапочаны. Праз тыдзень павінен быў ён прымаць хрост, і хацелася яму, каб пры тым быў брат. Але як завабіць Няжылу ў царкву? Дзікім здаецца брату вобраз Бога, які, валодаючы с і л а й, дазволіў расьпяць сябе на крыжы. Які, могучы зьнесьці з зямлі сваіх ворагаў, сьцерці іх у попел, сам узьнёс на свае плечы непасільны для яго крыж і нёс яго, губляючы прытомнасьць, на гару, каб там працягнуць ворагам свае рукі, у якія яны і забілі цьвікі. Колькі разоў гаварыў пра тое з Няжылам, а той жартаваў ды адмоўчваўся, а то і абяцаў калі-небудзь зайсьці нарэшце ў храм. І цяпер Кумец спадзяваўся пагаварыць аб усім гэтым ня ў хаце, а менавіта тут, пры будучых родзічах. Ведаў, чым можа закрануць іхнія сэрцы: бацькі Рэчыцы мараць пра тое, што вясельле ўшануе вялікакняская пара. Таму, калі яго запрасілі да стала, ён, як і Няжыла, не адмовіўся ні ад смажанага ўюна, ні ад вяпрачыны, пасыпанай чырвоным пякельна-вострым парашком, які называўся перцам і які звычайна падаваўся толькі пры княжым двары. Усё гэта, асабліва ж дарагая замежная прыправа, сьведчыла пра тое, што яго тут прымалі як высокага госьця.

Гаворка пра будучае вясельле ішла доўгая, зацікаўленая. І, пасылаючы ў рот апошні кавалачак мядзьвежага языка, прамовіў Кумец як бы між іншым:

– Праз тыдзень я прымаю хрышчэньне. У царкве будзе сама вялікая княгіня. Шкада, што Няжыла ня хрышчаны. Мабыць, давядзецца вам бяз нашых вялікіх гаспадароў ладзіць вясельле... Да нехрысьцяў вялікая княгіня наўрад ці пойдзе. А вялікі князь без яе да вас не зьбярэцца. Усё ж ня зацныя вы людзі, не баяры...

Баравік падскочыў, пераглянуўся з жонкай.

– А… а ці пусьцяць у царкву, ёрш вас забяры, язычнікаў?

– А чаму ж не? Кожны, хто хоча, можа зайсьці.

– Ну дык мы… мы можам… таксама…

Жонка глядзела на яго з жахам. Няжыла ўпарта маўчаў. Але тут у бяседу ўплішчылася Рэчыца:

– Я часта бываю ў храме, і ніхто мне слова не сказаў. І духоўнік гаспадарыні Нестар такі ціхі і прыветны. Зусім ня тое, што вялікі жрэц Бурыла. Той, калі і з вялікім гаспадаром гаворыць, супіць бровы і ўсё з нейкай пагрозай, пагрозай… Гаспадарыня яго ненавідзіць, а ўжо ён яе... о! Цяпер пры двары нядобра быць язычнікам. Я заўважыла: як схаджу з вамі, тата і матулечка, да Вялеса – адразу галава балець пачынае, і слабасьць ахутвае. А ў царкве мне добра…

– І ты туды ж! – у Няжылы ссунуліся бровы. Ён адпіхнуў ад сябе тарэлу, устаў і з падзякай пакланіўся гаспадарам, а тыя, таксама падняўшыся, адказалі гэтак жа. Хлопец падышоў да бажніцы, і магутная рука яго дастала драўлянага Перуна. Вочы боства, зробленыя з чорнага агата, змрочна бліскалі на прысутных. Няжыла пацалаваў яго зашмальцаваныя калені, паставіў на месца.

– Гаспадара неба ты, дзяўчына, ужо не баішся?! І вы, мае будучыя бацькі, таксама?

– Баюся, ёрш вас забяры ўсіх! – ссунуў жыдзенькія русявыя бровы Баравік. – І тут страшна, і не патрапіць новаму богу таксама страшна. Бо вялікія гаспадары ўжо ідуць да іншага бога, яго прызнаюць! А што ж нам, нікчэмным зямлянам, рабіць? Ісьці ўсьлед за ўладай. Яна для нас, хлопчыкі, самая галоўная. Калі яшчэ той Пярун да тваёй душы дабярэцца, а вялікі князь… вялікі князь і цівуны ўжо тутака… Так, жонка?

– Як скажаш, гаспадар, – Зайка пакорліва схіліла галаву, у вачах яе на імгненьне мільганула любасьць да свайго сьсівелага мужа, але адначасна і жаночая мудрасьць гаспадыні, якая не паказвае, хто сапраўдны ўладар у хаце.

– Ну вось маё слова: мы пойдзем на хрышчэньне! – рашуча сказаў Баравік. Тады і Няжыла сумеўся, раздумліва гледзячы на бажніцу.

– Тады пайду і я, – вымавіў нарэшце.

Кумец хітра паглядзеў на брата, засьмяяўся радасна.

– Ня бойцеся. Вялікая княгіня абароніць нас усіх, – сказаў упэўнена. – За ёю Віцьбеская і Полацкая зямля, а там усе баяры хрышчаныя, усюды ў гарадах цэрквы, нават для купцоў ёсьць свае, купецкія. Сам бачыў у Віцьбеску, калі яшчэ з бацькам туды езьдзілі. А гэта – вам у падарунак ад мяне.

І ён таксама ўстаў, падышоў да бажніцы і, дастаўшы вялікі, ростам з Перуна, драўляны крыж з сярэбранымі насечкамі, паставіў яго паперадзе Перуна так, што зусім захіліў бога-грамавіка, які раптам здаўся ня грозным, а як бы нават разгубленым, ягоныя чорныя агатавыя вочы нібыта згасьлі, падпарадкоўваючыся непазьбежнаму. Толькі Вялес побач з ім глядзеў непрымірыма і насьмешліва, нібыта ведаў нешта такое, што дасьць яму магчымасьць паставіць на сваім, чаго б гэта ні каштавала....

– Як добра, што мы ўсе пойдзем у царкву! – сьпяшалася Рэчыца.— У царкве адразу сьветла робіцца на душы. Там пяюць так ціха і хораша…

– Замоўч! – цыкнуў на яе бацька. – Мы, ёрш цябе забяры, самі вырашым.

І сказаў цьвёрда:

– Ідзем у царкву. Можа, вялікая княгіня нас заўважыць ды нешта зробіць для цябе, зяцёк… Хаця ты ў нас і так высака ўзьляцеў.

І ён ласкава пагладзіў Няжылу па плячу, з задавальненьнем адчуўшы цьвёрдыя мускулы і ўсю надзейную сілу маладога прыдворнага. Яму на імгненьне памроіліся сьветлыя, як у яго, і цёмнарусыя, як у жонкі, валасы будучых унукаў. Жыцьцё наперадзе было ясным і такім жа надзейным, як гэтае цьвёрдае маладое мужчынскае плячо пад рукой. Адно на імгненьне азмрочыла добры настрой Баравіка: раптоўна з грукатам бяз дай прычыны ўпаў з бажніцы драўляны Род. Яго паднялі, і, пацалаваўшы, паставілі зноў на ільсьняную ад ільнянога ахвярнага масла дошчачку – хай беражэ ён і там, у бязьмежным Ірыі, дзядоў-прадзедаў, расказвае ім аб тых, хто жыве пакуль што на зямлі. І не скупіцца на клопат аб будучых пакаленьнях непераводнага крывіцкага роду, часьцінка якога – ягоная дзяўчына – ласкава глядзіць на чужога ім па крыві, але ўжо бязьмерна блізкага і любага ёй хлопца, чыя кроў-руда заструменіцца ў жылах ягоных, Баравіка, унуках.

Яны сьмяяліся і гаманілі, а Род змрочна глядзеў на іх раўнадушна-далёкімі вачыма, зазіраючы ў невядомую пакуль для іх сьцяжынку жыцьця, дзе атожылак роду Баравіка не буяў на галіне радаводнага дрэва, а ляжаў, перарублены і пакрышаны сілай, якая непадуладная людзям і якая завецца ў іх Лёсам....

ІНТРЫГА ЖРАЦОЎ

Вялікая жрыца Нара хуталася ў шэрую пушыстую хусту, ляніва варушыла пальцамі ног у мяккіх, мехам унутр, цёплых боціках. На ейных каленьках, абцягнутых доўгай ваўнянай спадніцай, ляжала белая вязаная падушачка, пасярэдзіне якой чырванела выява Лады. Размова доўжылася трэцюю гадзіну, і хаця печ напалілі з самай раніцы, ад вакна, зацягненага сьлюдой, дзьмула, і жанчына час ад часу закідвала назад галаву з пышнымі бялявымі валасамі, каб ня ныла шыя, а яе сінія вочы прымружва­ліся, як у вялікай, сытай кошкі, якая схавала пад пульхнымі падушачкамі лапак гострыя кіпцюры.

Толькі нядаўна стала яна адчуваць, што цела, здавалася б, яшчэ па-юначы маладое і пругкае, усё ж пачынае няўлоўна стамляцца як пасьля шалёных оргіяў у гонар багіні каханьня Лады, так і падчас сур’ёзных бяседаў, калі яна разам з іншымі вялікімі жрацамі Вільні вызначала агульную палітыку язычаства і ягоныя патрабаваньні да вялікага князя. У глыбіні сьвятога дубовага гаю, адрокшыся ад сьвету і яго спакусаў, сем вешчых старцаў вызначалі тую палітыку для вялікіх жрацоў, а ўжо тыя несьлі яе далей, да людства і ўлады.

Але сёньняшняя размова, хаця і ішла яна пра лёс Княства і вялікую палітыку, вялася ў храме Лады, у асабістых пакоях вялікай жрыцы, што дазваляла жанчыне паўляжаць у высокім крэсьле, сярод аксамітавых падушак. Звычайна ж у такіх выпадках даводзілася сядзець у сьвяцілішчы вешчуноў, выпрастаўшыся, высока ўзьняўшы галаву, сярод сьсівелых нямоглых старцаў. Замест утульнай хатняй адзежыны яна мусіла быць у доўгай белай сукні і сярэбраным вянку, з калінавым кіем у руцэ і ў жрэчаскім каўпаку, чаго жрыца моцна не любіла: каўпак той выразна старыў ейны твар.

У пакоі, дзе задушліва пахла сушанай мятай, і дзе лавы былі абцягнутыя зялёным сукном, а курыльніцы ледзь улоўна дыміліся пахкасьцямі, месьціліся, таксама зручна ўладкаваўшыся на лавах і абклаўшыся падушкамі, тыя, хто дапамагаў Нары ў яе нялёгкім жыцьці вялікай жрыцы: ейны дзядзька, кашталян Нарбут, вярхоўны служка Лады Лелюш і ягоная каханка Гайна – пакаёўка старэйшай князёўны, жрэц Мікша. Наводдаль, на такім жа высокім, як у Нары, крэсьле сядзеў галоўны жрэц Перуна Бурыла. Яго твар, плоскі і расьцягнуты, як у жабы-рапухі, быў сур’ёзны, вузкаватыя зялёныя вочы глядзелі ўладна і пагрозьліва. Ён зьвяртаўся да прысутных, нібыта папракаючы іх кожным сваім словам:

– Нашы сьвяцільні пачынаюць чадзець, а нашы старажытныя багі дзень за днём губляюць тое, што ім належыць ад веку – чалавечыя душы. Хрысьціянскі бог, бог мёртвых і нямоглых, авалодвае імі. Распаленымі сякерамі трэба адсякаць адступнікаў, каб гніль не пайшла далей!

– Чаму ж вы ўсе не адстоялі Рагуціса? – з горыччу прашаптаў як бы пра сябе Мікша. Але Бурыла не прамінуў і гэтага ціхага шэпту:

– Таму што ты тады не насьмеліўся на тое, чаго я патрабаваў у цябе перад галоўнымі жрацамі, і на што тады не рашыліся і яны!

– Атруціць вялікую княгіню?

– Цішэй вы! – выпрасталася ў крэсьле Нара. – Цяпер не даверышся і самым адданым служкам!

– Не атруціць, а адправіць яе ў Ірый! – амаль шэптам, але гэтак жа горача пранізаў Мікшу зялёнымі разьятранымі вачыма галоўны жрэц. – І тады ўсё зьмянілася б адразу. Тады заглухла б будаўніцтва царквы. І мы аднавілі б храм яшчэ больш велічным і прыгожым, чым ён быў раней.

– Але галоўныя жрацы адмовіліся…

– Хто менавіта? Гэты агаломшаны прывідамі Лойка, які даўно жыве ня ў гэтым сьвеце? Служка жамойцкага Лелевеля, які дрыжыць за сваё месца, як палахлівы заяц? Гэтыя браты – кастраты, што спавядаюць Ашвінаў*?

– Не далі згоду і вешчыя старцы…

– А нашто ў іх пытацца? Ня ўсё і яны могуць спасьцігнуць. Мы таксама нешта цямім. Морак накрые ўсё, што мы захочам, калі… калі мы возьмемся за гэта разам. С і л а ёсьць у яе, – ён кіўнуў на Нару, – ёсьць яна і ў цябе, Мікша. Я ўгавару яшчэ некалькіх. Мы правядзём патаемны абрад. І тады… тады ні вешчыя старцы, ні Лойка не здагадаюцца, чаму віцьбеская паляндра* ўзьнялася да продкаў раней, чым яны яе паклікалі…

– Ня варта гэтага рабіць, – знарок ляніва пацягнуўшыся, так што за­зьвінелі сярэбраныя падвескі-колты ў вушах і бранзалеты з бомамі на доўгіх мускулістых нагах, прамовіла Нара.

– Яна ўсё роўна памрэ. Судзяніцы* сказалі мне гэта ўчора ўначы.

– Ты гадала па зорках? – ускінуўся Бурыла.

– Не, па дыме з начнога кастрышча. А яшчэ па палёце арліцы, якую задзяўблі сьвяшчэнныя вараны.

– Памрэ… Але наколькі хутка? Тут дарагі кожны тыдзень! – усклікнуў Мікша.

– Памрэ! Тады… тады трэба хутка шукаць яму сапраўдную жонку. Не з Полцеску альбо Віцьбеску, не з Цьвяры ці Германіі. Усе яны там ужо хрышчаныя! – загарачыўся Лелюш.

– Нашу! Якая будзе ўсёй душой аддадзеная старым багам і перакрэсьліць у душы Альгерда ўсё, што заклала там гэтая... прышлая, – ускінуўся Нарбут.

– Але надзвычай важна, з якога яна роду. Ці н а ш гэта будзе род? Ці іншыя багі завалодаюць Альгердам, а мы будзем адсунутыя ад яго і ад самога княжага двара? – задумаўся Бурыла.

І яны сталі перабіраць усіх вятшых людзей Вільні і ўзгадваць пра іхніх дачок. У кожнай то адзін, то другі знаходзілі нейкія хібы, ажно пакуль Нара працяжна і як бы нехаця не прамовіла:

– Я ведаю, хто будзе найлепшай жонкай для Альгерда. На каго мы можам спадзявацца і хто дапаможа язычаству супрацьстаяць новым багам.

– І хто гэта? Якая-небудзь служка вялікай багіні? Дзеўка, якая аддавалася безьліч разоў усім зацным мужам Вільні? З-за якой нас падніме на сьмех усё Княства? – ускінуўся Бурыла.

Нара вытрымала паўзу, абводзячы ўсіх усьмешліва-няўлоўным позіркам, пад якім, аднак, праглядалася моцная воля і настойлівасьць.

– Няўжо вы, высакародныя мужы Вільні, можаце падумаць, што я лёгкадумна стаўлюся да такой важнай падзеі, як новая жонка князя? І што я не прадбачыла будучага, гледзячы, як друзьнее Марыя?

– І што, у цябе ёсьць нехта на прыкмеце? – нецярпліва ўсклікнуў Нарбут.

– Вядома, ёсьць. Гэта мая сястра Дзівейна.

– Сястра?! – разам усклікнулі ўсе, а грамчэй за ўсіх – Нарбут. Яны ўтаропіліся ў жанчыну, ня ведаючы, як успрымаць ейныя словы. А тая загадкава ўсьміхалася, вытрымліваючы паўзу.

– Так, у мяне ёсьць сястра. Праўда, толькі па бацьку, ведамаму вам усім высакароднаму Мікуле. Вырасла яна ў храме Ашвінаў на Нёмане і ніколі ня ведала мужчыны. У яе няма ворагаў... пакуль няма. За ёю, праўда, не стаіць нейчы магутны род, толькі галоўны храм і ўплывовыя вернікі іншых храмаў сьвятых братоў, але, думаю, што найперш станем апораю ёй мы. Ці ня праўда, тыя, хто сабраўся тут, нечага ўсё ж вартыя?

Прысутныя дружна захіталі галовамі.

– Але як нам зьвесьці іх? – задумаўся Лелюш.

– Яна ўзьнікне ў адпаведны час перад Альгердам, і багі падкажуць яму ўсё астатняе…

– Чаму ж мы нічога ня ведалі пра яе дасюль? І… і твой бацька да самае сьмерці ніколі ня згадваў яе! – падазрона ўпіўся ў вярхоўную жрыцу погляд Бурылы.

– Таму што ён сам даведаўся пра тое амаль што перад тым, як легчы ў дубовую калоду*. Ці мала высакародных мужчынаў, што, як браты Ашвіны, магутнымі жарабцамі апладняюць кабыліц – прыгожых жанчын? Парода, што ад іх нараджаецца каля храма Ашвінаў, лепшая ў нашым краі, больш магутная, чым нават пры храме багіні Лады. Мне сказаў тое ўсяго пяць гадоў таму сам бацька, і я апекавалася гэтай дзяўчынкай, рыхтуючы яе для служэньня Ладзе. Яе маці, жрыца боскіх братоў, памерла рана, і я перадала ў храм нямала падарункаў, пакуль яны аддалі яе мне і зьнялі з яе апеку Ашвінаў.

– З Ашвінаў… Гэта добра, вельмі добра. Найстарэйшыя багі, яшчэ ад арыяў. Але ці валодае яна старажытнымі ведамі? – усхвалявана пытаўся Мікша.

– На якія забываюцца сёньня нават жрацы? – ушпіліў яго Нарбут.

– І – дзе яна? – Бурыла ўпіўся зялёнымі вачыма ў Нару, погляд яго пацьмянеў. Сінявокая, ружова-белая прыгажуня адказала яму нявінным позіркам.

– Калі хочаце, я пакажу яе вам.

– Зараз?!

– Канешне. Яна ўжо некалькі дзён гасьцюе ў маім храме, і мы шукаем для яе будынак, каб тут, у Вільні, для будучай жрыцы Лады, а, магчыма, і вялікай княгіні, быў свой дом…

Яна лёгенька стукнула доўгім пальцам у вялікі пругкі бубен, што вісеў каля яе на сьцяне. Праз колькі доўгіх імгненьняў – такіх нясьцерпных, нібы ўсім прысутным разам казыталі пяткі, дзьверы расчыніліся.

Гнуткая і зграбная, як маладая аленіха, з доўгімі попельнымі валасамі, на якіх зіхацеў сярэбраны абруч са скроневымі колтамі-кругамі, з яснымі шэрымі вачамі і ледзь прыкметнымі ямачкамі на пругкіх і круглых, як рэпка, шчочках дзяўчына стала перад прысутнымі. Колты з тонкага срэбнага дроціку, закручанага ў прыхаматлівыя ўзоры, аздобленыя эмальлю, надавалі жывы бляск яе ружовай, амаль празрыстай скуры. На серабрыстай сукні і на лёгкіх скураных поршнях зьзялі аднолькавыя, золатам вышытыя выявы коней. Жрацы ведалі: гэта знак таго, што Ашвіны – дзеці кабыліцы, якая выганяе са сховішчаў Ноч і Дзень.

– Мая сястра Дзівейна, – з асалодай назіраючы за разгубленасьцю мужчын, прамурлыкала Нара.

“Цнатліўка”, – адразу вызначыў надта вопытны ў гэтых справах Нарбут, “плоць у ёй яшчэ не прачнулася, ад таго такая моц і яснасьць, як у дзіцяці”.

Ён неўпрыкмет зірнуў на Нару. “Яны трохі падобныя. Але ў пляменьні­цы, якая зьведала мноства мужчынаў, сіла іншая. Сіла в е д а н ь н я, а не чысьціні. Яна ўмее абудзіць у любым, нават у самым стрыманым мужчыне, таго зьвера, таго асьпіда, які знаходзіцца ўнутры кожнага, і якога мы так і ня можам да канца ўтаймаваць. Але і ў гэтай ёсьць свая перавага – у яе ўсё наперадзе. На шчасьце, я ня родзіч ёй, бо Нара пляменьніца мне па маці”.

Бурыла маўчаў. Дзяўчына яго ашаламіла. І не сваёй прынадлівай, гарачай і неадольна – чараўнічай вабнасьцю. За свае гады ён пабачыў шмат прыгажунь. Заняты больш важнымі, чым уцехі з жанчынамі, рэчамі, ён браў кожную, якая хаця на імгненьне абуджала ў ім жаданьне, і тут жа забываўся на яе. І так доўжылася гадамі, пакуль да яго, немаладога ўжо мужчыны, прыйшло тое, што ён сам спачатку не разумеў – жаданьне мець адзіную, атрымаць ад яе дзіця. І такая знайшлася. Гэтая сьвежая, як ранішні гурочак на гародзе, бяляначка была надта падобная да той, якая трывожыла яго думкі, сама ня ведаючы аб тым.

Да Уны, дачкі пасла Леся.

Даўно зазіраўся ён на Уну – яшчэ з той памятнай хвіліны, калі пасол Лесь атрымліваў ад Гедзіміна залаты медальён за пасьпяховыя перамовы з Ватыканам. Было гэта ў вялікай дубовай зале, дзе сабралася ўся знаць Княства. Тады яркія, каляровыя, з зялёнымі вінаграднымі лістамі шпалеры на сьценах цьмянелі перад безьліччу парадных сукняў з атласу, парчы і адамашка, а сонца ўспыхвала ў зіхоткіх дыямантах прыдворных баярыняў. Былі там і вялікія жрацы ўсіх храмаў Вільні. Калі вяртаўся пасол ад трона, дзе вялікі князь сам начапіў на ягоную шыю зіхоткі кругляк са сваім родавым гербам Калумнамі, ён радасна і ўсьмешліва глянуў у кут, і, прасачыўшы за ягоным позіркам, пабачыў Бурыла дзяцей Леся Кругляца і Уну. Помніў іх круглатварымі, шэравокімі дзіцянятамі па тры-пяць гадкоў і цяпер бы нізавошта не пазнаў – так яны падрасьлі. Але калі Круглец яшчэ ня выцягнуўся ў юнака, то Уна ў свае трынаццаць-чатырнаццаць пераляцела праз тую нябачную, але адчувальную мяжу, што аддзяляе зялёнае, цыбатае дзеўчанё ад паненкі. І ён, абмацаўшы чэпкім, шматвопытным позіркам яе юную постаць у зялёнай ядвабнай сукні, з зіхоткім абручыкам на попельных валасах, адчуў не пажадлівае і ліпкае жаданьне, якое ня толькі задаволіць, але і выклікаць у сабе з гадамі рабілася яму ўсё цяжэй і цяжэй. Не – ён раптам успыхнуў, як смаляк, па жылах прабег жывы агонь. І дзіўна: увесь час, як жрэц непрыкметна назіраў за Унай, агонь ня толькі не згасаў, але і мацнеў, разгараўся. Даўняе пачуцьцё радасьці ахапіла яго душу, і ён радаваўся і грэўся ў гэтай радасьці, як трапяткі аўсянік у сонечным сьвятле.

Тады ж ён вырашыў завалодаць гэтым дзеўчанём. Але падступіцца да Уны было нялёгка – бацьку яе шанаваў і нават любіў Гедзімін, ёю апекаваўся сам жрэц Сварога Лойка. Бурыла змушаны быў чакаць. Чакаць і бесьперастанку сачыць за кожным крокам Леся і яго сям’і.

Пасьля сьмерці Гедзіміна ён паспрабаваў завабіць брата і сястру ў вернікі храма Перуна, але тыя не паддаліся, трымаліся абасоблена. Калі зьязджаў кудысьці па справах бацька, яны былі пад апекай маршалка, у доме вечна віравалі ахоўнікі і слугі. Усе яны хадзілі пераважна ў храм Сварога, бо любілі слухаць Лойку. Ішоў час, падрастаў Круглец, рабіўся мужным воем, якому падуладныя дзіда і меч, корд і нож. Калі памёр бацька, юнак быў залічаны ў княжацкую дружыну. І Бурыла зноў ня мог падступіцца да гэтай сям’і і ўсё чакаў зручнае хвіліны.

Зьяўленьне Нарынай сястры ўскалыхнула ў ім тое, што за цягам дзён некуды нібы адышло. І ён стаяў, а яго вузкі рот сьціскаўся ў такую пажадлівую злосную і рашучую лінію, што нават Гайна зірнула на яго з няясным пачуцьцём трывогі. Толькі Нара нібыта не заўважала стану свайго блізкага сябра, хаця яе шматвопытны позірк імгненна адзначыў бледнасьць, якая на кароткі час пакрыла лоб служкі Перуна.

– Сядай з намі, ня бойся, – вялікая жрыца ляніва паказала госьці на зялёны покрыў лавы.

– Дзякуй, сястра. Але зараз час маленьня Ашвінам. Я не хацела б прапусьціць яго. Шкада, што ў цябе госьці – мы маглі б памаліцца разам.

– Я думаю, што мая дарога ў Ірый ужо тройчы ўсьцеленая малітвамі, – усьміхнулася Нара. Але Дзівейна не зразумела ці не захацела разумець іронію. Яна глядзела сур’ёзна і строга.

– Зараз я пазнаёмлю цябе з маімі сябрамі. Яны стануць і тваімі, дзіця, бо без сяброў ты ня знойдзеш у жыцьці правільнай сьцяжыны…

Жрыца па чарзе назвала ўсіх прысутных. Дзівейна глядзела на кожнага ўважлівым позіркам, нібы імгненна ацэньвала ўсе ягоныя вартасьці, пачціва схіляла галоўку кожны раз, калі называлася чыёсьці імя. Прысела за лаву, узяла прапанаваную Нарбутам падушку і паклала за сьпіну.

Тым часам слугі падалі прысутным залатыя краціры з віном. Дзівейна асьцярожна пасмакавала густы чырвоны напой, пасьля стала піць яго маленькімі глыткамі, час ад часу праводзячы маленькім чырвоным язычком па краёчку кубка. Нарбут адчуў, як сьцёгны яго нібы кусаюць мурашкі, і хутчэй адвёў погляд ад пульхных вуснаў цнатліўкі.

– І чаму яна навучылася ў Ашвінаў? Што яна можа? – запытаўся Бурыла, як быццам дзяўчыны ў пакоі зусім не было.

– Можа лекаваць многія хваробы і разьбіраецца ў зёлках. А яшчэ... – зноў загадкава ўсьміхнулася вялікая жрыца. – Яна валодае Гукам.

Жрацы – Бурыла і Мікша – пераглянуліся.

Валоданьне Гукам давалася нямногім, для гэтага трэба былі здольнасьці, якія даюць багі толькі абраным, а менавіта: адчуваць сьвет як адзін агульны вялізны гук, дзе выказвае сябе ня толькі чалавек, але і кожная расьліна, нават камень ці простая пясчынка. Адрозьніваць кожны такі голас – валодаць вялізнай сілай, бо вышэйшыя жрацы ведалі і тое, што гук сам можа зьмяняць форму і абрысы існага*.

– А... можа яна паказаць гэта? – запытаўся Мікша. – І... на якім яна ўзроўні?

– На простым, – коратка растлумачыла Нара. – На тым, дзе ня бураць цьвержы*, а даюць асалоду і забыцьцё.

– І яна можа даць... гэтае? Ну, асалоду? – ажывіўся Нарбут.

– Можа.

Нара зірнула на сястру, тая ледзь улоўна ўсьміхнулася, так што паглыбіліся ямачкі на круглых шчоках. Пасьля, ня зводзячы вачэй з магутнага каржакаватага, падобнага да мядзьведзя мужчыны, выцягнула вусны, акругліўшы іх у выглядзе гарлачыка.

Ціхі, але такі нізкі, быццам нёсься з глыбокага падзямельля, гук прымусіў усіх уздрыгнуць. Дзівейна пачала і вяла яго бесьперастанку, як быццам залівала ў кожнага з прысутных гляк густога залацістага мёду. І гэты салодкі, вязкі, напоўнены водарам чабору мёд паступова запаўняў цела, цьмяніў галаву і расслабляў волю. Дзяўчына ўзмацніла голас – і Нарбут адкінуўся ў крэсьле, твар яго скрывіла грымаса, адначасна радасная і пакутлівая, а Гайна затрэслася, як у ліхаманцы. Жрацы не паддаліся насланьню, але і ў іх пачырванелі твары, і кроў хутчэй пабегла па жылах.

– Хопіць! – Нара махнула рукой, і гук замоўк.

Нарбут расплюшчыў вочы.

– Што гэта было? Падлога пада мною зыбалася, як кладка!

– А ў мяне ледзь не адваліліся грудзі, іх як быццам лашчыў дзясятак Лелюшаў! – паскардзілася Гайна.

– А я... – Лелюш махнуў рукой. – Ат, і казаць ня буду!

– Ну што, даволі? – Нара шматзначна зірнула на прысутных, усьміхнулася Дзівейне. Тая таксама ўсьміхнулася – яснай, нявіннай усьмешкай, і стала надта падобнай да вярхоўнай жрыцы нейкай уладна-халаднаватай цьвёрдасьцю, што прамільгнула ў ёй і гэтак жа раптоўна зьнікла.

Потым, пакланіўшыся, адступіла назад і імгненна зьнікла за дзьвярыма.

Стукнулі дзьверы, з калідора дыхнула пахам чабаровага мёду. Прысутныя моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Нарбут апамятаўся першым.

– Ці не занадта… – ён пакруціў рукой у паветры. – Ці не занадта незвычайная яна для вялікай княгіні? Ды ад яе ўсё жывое трапеча!

– І маладая?

– І прыгожая? – раздаліся галасы.

– І ці можна будзе ёю… кіраваць? – выказаў самае галоўнае сумненьне Бурыла. – Яна, здаецца, да таго ж і бяз меры набожная?

Але Нара толькі засьмяялася.

– З самых зацятых цнатлівак, – сказала яна спакойна, – выходзяць самыя вялікія распусьніцы. Можаце мне паверыць. Хто-хто, а ўжо я ведаю гэта лепей за вас усіх. Але для таго, каб Дзівейна ўрэшце трапіла ў вялікакняскі палац, нам трэба мець там як болей сваіх людзей. Гэтая твая справа, крэўны, – кіўнула яна Нарбуту.

– Ня ўсё я магу. Вось, вазьмі, напрыклад, падчашага Няжылу, забі яго Стрыга! Гэта ня наш чалавек, а толькі Альгердаў. Ягоная нявеста прыслужвае вялікай княгіні. Брат – памочнік лоўчага, яго гаспадар цэніць больш за самога лоўчага. І іхнія сябры маюць там вялікі ўплыў. У гэтай чарадзе і Круглец, сын пасла Леся. І ўсіх іх трымае і любіць вялікі князь – ці сама гаспадарыня.

– Круглец сябруе з сынамі Драмака? – адразу ж азваўся Бурыла.

– Так. І Круглец, я чуў, хацеў бы выдаць за аднаго з братоў сваю сястру! – рады, што можа ўкласьці ў агульную гаворку і нешта сваё, азваўся Мікша.

– Гэта каторую?

– Здаецца... здаецца, яе клічуць Унай.

– Во як… – працадзіў вялікі жрэц. Яго вочы яшчэ болей звузіліся. – За каторага ж з братоў, цікава ведаць?

– За Кумца. Але той, пасьля таго як ахрысьціўся, можа, і не захоча ўзяць язычніцу! – з гатоўнасьцю дакладаў Мікша.

– Гэта цэлае ахрап’е*, забі іх Стрыга! Гняздо павучынае! Разьмесьці яго хутчэй! – з гарачнасьцю стукнуў па стале Нарбут.

Пачакай! – асьцерагла Нара. – Адразу толькі жабы скачуць. Трэба перачакаць, нагледзець за гэтымі хлопцамі, ну хаця б спачатку за Кругляцом, нейкую правіну ці грэх, каб валадар неўзьлюбіў яго. Тады і за яго, і за сястру, і за ейнага мужа (яна азірнулася на Бурылу) заступацца ён не стане.

Яна пільна паглядзела Мікшы ў вочы.

– Што пра яго кажуць віжы? Ці ты сам віжаваў?

– Не віжаваў, а назіраў, – пакрыўдзіўся той.

– Добра! – нецярпліва абарвала жрыца. – Што ты выгледзеў?

– Ды пакуль нічога такога не заўважыў. Гэты малойчык надта цікавіц­ца скрыптамі, таму часта бывае ў замкавым скрыпторыі. Пасьля гуляе са сваімі хартамі. Прымаюць гасьцей – найчасьцей Няжылу і Кумца. Сястра таксама ў яго адукаваная, ведае многія мовы, дзеці шмат езьдзілі з бацькам то ў Рым, то ў Візантыю. Цяпер яна вышывае модныя шпалеры…

– Да Стрыгі тыя шпалеры! – ня вытрымаў Нарбут. – Кажы нешта істотнае!

– Няхай дакладае ўсё. Кожная дробязь можа спатрэбіцца, – холадна абарваў яго Бурыла.

– Бавіцца з кветкамі… – працягваў Мікша. – У іхняй хаце ўсё цьвіце, як у капішчы Мілды. Ну, нядаўна Кумец з іхняе хаты тройчы хадзіў у хрысьціянскі храм. Праўда, адзін.

– У храм?! – узьвіўся Бурыла. – І ты не сказаў пра гэта адразу?

– Ну дык жа сама вялікая княгіня…

– Ёй можна, яна ня з нашай зямлі. А гэтым… гэтым мы не дазволім!

Яго расьцягнуты, з шырока расстаўленымі жабінымі зрэнкамі твар пацьмянеў, іскры, здавалася, так і пасыпаліся з вачэй:

– У храм Кумец ходзіць пастаянна. А нядаўна быў там са сваім братам. А нявеста брата – пакаёўка ў самой вялікай княгіні, яна і сваіх бацькоў у храм прыводзіла, калі там была гаспадарыня – уставіла сваё і Гайна.

– З братамі справіцца прасьцей, чым з Кругляцом. Яны пастаянна на вачах вялікага князя, і даказаць, што яны хрысьціяне, лёгка – задумаўся Бурыла. – А там і да Кругляца дабяромся.

– І да ягонай сястры, – нявінна ўставіла Нара, ды Бурыла так пагрозьліва зіркнуў на яе, што яна як падавілася – закашлялася, схавала твар у цёплую хусту. Мікша паслужліва паднёс ёй квасу з пазалочанай брэцьяніцы.

Бурыла задаволена пацёр свой калінавы жэзл.

– Калі ў замку будуць нешта сьвяткаваць, кашталян?

– Ну калі? Вядома, на Дажджбога.

– Ну так, так… На Вялічка-чырвона яечка.

Ён задумаўся. Вялікая жрыца нецярпліва хуталася ў накідку. Яна шкадавала, што дазволіла сабе пакпіць з Бурылы. Нара добра ведала гэтага чалавека. Гэта ён, упершыню паспытаўшы ейных уцехаў і адчуўшы ў дзяўчыне роднасную душу, некалі прывёў яе на месца галоўнай служкі храма Лады, пераканаўшы вешчых старцаў у тым, што менавіта гэтай бялявай гнуткай, як ласіца, жрыцы найбольш падуладнае Будучае. Яна была тады зусім нявопытнаю, і перад выпрабаваньнем Бурыла добра яе падрыхтаваў. Найперш расказаў пра падзеі, якія хутка павінны будуць адбыцца пры двары вялікага князя, – разумны і хітры, ён ведаў многае, што было схаванае ад простых людзей. Загадзя падказаў ёй, як трымацца перад старцамі, што казаць. Бурыла вучыў яе тым таемным ведам, якія вядомыя адзінкам, і ён жа ў галоўным сьвяцілішчы Перуна, падкупіўшы служак каго страхам, каго золатам, загадаў непрыкметна павыцэджваць яд у сьвяшчэнных зьмеяў якраз перад тым, як паміж імі пройдзе, выконваючы свой галоўны іспыт, будучая вялікая жрыца. Менавіта яе бясстрашша перад зьмеямі (у душы яна калацілася ад страху, ды змагла схаваць пачуцьці) найбольш і пераканала пяцёх вешчых старцаў. Два з іх, аднак, паўсталі супраць Нары, ды калі яна перамагла, абодва праз год памерлі таямнічай, загадкавай сьмерцю....

Бурыла пасьля ўсяго гэтага займеў жаночую душу, якая была яму аддадзеная да самых патаемных глыбіняў, якая разумела яго раней, чым ён пасьпяваў сказаць слова. І хаця на агульных жрэчаскіх нарадах яна заўсёды трымалася нібыта наводдаль, Бурыла ведаў: вялікая жрыца Лады дапаможа ў самых цьмяных і страшных справах, зможа тое, на што нават ён ня здольны, таму што ёй багі далі хараство і спакусьлівасьць, якія будуць дзейсныя датуль, пакуль будзе стаяць сьвет. Праўда, ня ўсе сьляды ўдалося схаваць. Заўважылі шматмудрыя вялікія жрацы іншых сьвяцілішчаў, што менавіта той вешчы старац, які першым падняў голас супраць новай служыцелькі Лады, чамусьці неўзабаве памёр, хаця быў рухавым і спрытным. І абставіны яго сьмерці былі дзіўныя: ён быў знойдзены мёртвым у адным з вясковых храмаў Каханьня, а сямнаццацігадовая прыгажуня-служка расказала на распачатым сьледстве, што сівы вяшчун так быў апантаны яе вабнасьцю і маладосьцю, што забыўся на ўсё, апроч яе цела, і таму памёр у самы непрыдатны для таго час… У нагавор спачатку не паверылі, бо мудры старац ніколі не грашыў на хоць, аднак Бурыла засьведчыў, што, прадчуваючы хуткі адлёт у Ірый, паддаўся-ткі вяшчун спакусе хоць аднойчы паспытаць уцехаў Лады і сам прасіў павезьці яго ў вясковы храм – далей ад сталіцы... Астатнія мудрыя старцы сабраліся былі на агульнае маленьне, каб спытацца ў нябожчыка, што ж здарылася на самой справе, ды цяжкім было тое маленьне. Маўчалі, не захацелі гаварыць з імі ні багі, ні душа іхняга сабрата. Да таго ж, вялікі князь Гедзімін якраз прапанаваў на месца памерлага свайго чалавека... На тым і скончылася ўсё, і заціхлі размовы, бо ўсіх урэшце ці то залагодзіла, ці то застрашыла вялікая жрыца, і праз гады ніхто і ня памятаў, як яно ўсё пачыналася. Не дазналіся і прычыны няўдалага звароту ў Іншы Сьвет.

Ведалі толькі Нара ды Бурыла, ды некалькі бязьмерна адданых ім служак, што на агульным тым маленьні ў сьвяшчэннае вогнішча падкінутыя былі сьцябліны чамярыцы, якая атуманьвае галаву, таму і не дайшоў агульны покліч да тых месцаў, дзе можна сустрэцца з мёртвымі, і дарэмна плакала на страшным скрыжаваньні двух сьветаў душа памерлага, не вінаватага ні ў якім граху…

І, калі б ведалі бесклапотныя маладыя людзі – Круглец, Кумец і Няжыла, якія цешыліся жыцьцём, павагай вялікакняскай сям’і ды рознымі іншымі зямнымі радасьцямі, што задумваецца зараз супраць іх у ціхім пакоі з высокімі вокнамі, яны, мабыць, здрыгануліся б калі і не ад страху, дык ад агіды і наіўнага недаўменьня, што такое можа быць на гэтым сьветлым, сонечным і пакуль што такім бязьмерна ласкавым да іх сьвеце…

ЛОЙКА

Магутным і суворым яго бачылі тыя, хто прыходзіў у храм на маленьні ці на ахвяры. Але вялікі князь Альгерд, часьцяком гаворачы з вялікім жрацом Сварога, ня раз суцяшаў гэтага жвавага, то вясёла-парыўнага, то маркотна-задуменнага саракагадовага чалавека, які даўно адчуваў, што багі ўсклалі яму на плечы занадта цяжкі груз.

Вось і сёньня, калі, скінуўшы шэры суконны каптан і застаўшыся ў кашулі-вышыванцы, сядзеў Альгерд у пакоі вялікага жраца, змагаючыся супраць таго касьцянымі выявамі варцобаў*, гаварылі яны пра тое ж самае.

– За апошнія стагоддзі язычніцтва амаль страціла свой жывы і яркі агмень, застаюцца вугольлі, а мы, жрацы, замест таго, каб шукаць дровы, спрабуем на тых вугольлях засмажыць для сябе хто курапатку, а хто і быка – маркоціўся Лойка.

– Ці табе скардзіцца на лёс? Табе, якому багі адкрываюць болей за ўсіх астатніх жрацоў! – забіраючы з дошкі касьцянога гарцука-пешку, сарамаціў яго вялікі князь.

– Калі б не любілі мяне багі, то іншыя жрацы даўно прынесьлі б мяне самога ў ахвяру ці Перуну, ці Вялесу!

– Лепей тады Ладзе…

– Жартуеш, княжа! А між тым я кажу праўду. Жрэчаства абмялела душой, бы тая рэчка, страціла вешчы дух, і некаторыя храмы – сорамна сказаць! – падсылаюць да мяне пасланцоў, каб даведацца, ці будзе ўдалым твой будучы паход. Я ня раз раіў, як лячыць іхніх хворых, асабліва тых, у каго ўсяліліся злыя духі. А гэта ж павінны ведаць і яны самі!

– А нашто ты адгукаешся? Думай пра свой храм. Сварог жа некалі шанаваўся нароўні з Перуном, а цяпер больш занядбаны. Мяне яшчэ ў дзяцінстве вучылі, што ўсё жыцьцё трэба рыхтавацца да таго, каб цябе прыветна сустрэла Сварга*, а цяпер пра тое ўжо нават ня ўзгадваюць у храмах, – казаў Альгерд, перастаўляючы пешку.

– Старажытныя запаветы забываюцца. Хто цяпер пасадзіць на даху маладзіла, каб адвесьці гнеў Тора*? Расьліну тую цяпер месьцяць там, дзе паляць цела, яна стала магільнай, а прызваньне яе – славіць і павялічваць жыцьцё. І так перайначваецца многае. А пра іншыя храмы… Як жа не адгукацца? Там жывыя людзі, ім блага. Калі і я перастану душой балець за кожнага, багі адвернуцца і ад мяне. Такі закон сьвету.

– А па-мойму, закон сьвету – кожны за сябе і сваю сям’ю. За с в а ё Княства.

– І ты так ня думаеш, бо цябе вучылі лепшыя, чым цяперака, жрацы, але ты жывеш зямным, грэшным жыцьцём. Ты ступаеш, як на купіны ў балоце, на слабыя чалавечыя месьцейкі – хцівасьць, зайздрасьць, нянавісьць – і выйграеш, таму што яны сёньня кіруюць сьветам.

– Ну, ёсьць жа і дабро, вернасьць, адданасьць…

– Яны другасныя сёньня, а трэба, каб былі наперадзе. Тады сьвет ня будзе перакрыўляцца. А зараз ён перакрыўлены, і нават мы, жрацы, ня можам яго вярнуць да асноваў, на якіх ён быў закладзены багамі.

Альгерд задуменна круціў у руках пацямнелую, выразаную з зубрынае косткі постаць Жыжаля, якою можна падчас пэўнай камбінацыі зьняць з дошкі самога Перуна. На грудзях боства ледзь віднеўся старажытны рунічны знак – калісьці гэта быў балцкі Патолс, бог падземнага агню і памерлых продкаў.

Зямля, якою Альгерд валодаў цяпер і дзе быў вяршыняю, куды сыхо­дзіліся памкненьні і спадзяваньні мноства люду, яшчэ з тых глыбінных часоў, куды сягалі легенды, калісьці належала балтам-жамойтам і аўкштайтам. Пасьля сюды прыйшлі славяне, і ўжо іхнія боствы пачалі авалодваць чалавечымі душамі і змагацца са старымі багамі. Але наступіў пэўны час, і ўсе яны – і славянскія, і балцкія багі зараз аб’ядналіся, каб выстаяць супраць новага, яшчэ больш магутнага бога, якому пакланяецца ягоная жонка Марыя і яе спадчыннае Віцьбескае княства, а яшчэ самае вялікае з усіх Полацкае, і Тураўскае, і Заслаўскае...

Тут, на гэтай зямлі, яны ўсё яшчэ магутныя. Ды толькі і лепшыя са жрацоў – а Альгерд ведаў усе віленскія капішчы і тых, хто там валадарыў – адчуваюць сваю слабасьць. Яна ў замутненьні, у зацьменьні агульнага чалавечага, а значыць і жрэчаскага Духу.

– Скажы мне, мудры Лойка, – асьцярожна пачаў ён, – багі ўсё ж адкрылі табе, што пакуль я жывы, мая дзяржава будзе вялікай, ад мора да мора. Але Нестар кажа, што нельга чалавеку зазіраць у будучыню, а трэба адно спадзявацца на міласьць Божую. Ці ня значыць гэта, што ён проста ня хоча нічога казаць пра тое, што будзе пасьля маёй сьмерці? Ня хоча гнявіць мяне, бо весьніку благога недарэмна калісьці адсякалі галаву. Ды і ты мне ніколі не казаў, што ж будзе пасьля мяне?

Худы, з глыбокімі маршчынамі пад упалымі шэрымі вачыма і на высокім ілбе, у белай ільняной кашулі і воўчымі каралямі на высокай шыі Лойка замаркоціўся:

– Колькі я ні тлумачыў табе, валадар, што багі – ня служкі, якіх мы выклікаем, калі захочам, ты ніяк не паверыш маім словам. Скажу табе адно – ня ведаю! Калі я прашу багоў адкрыць мне будучае нашай краіны, я бачу пажарышчы і людзей сярод багны, што, учапіўшыся адзін у аднаго, адначасна нікому не даюць выкараскацца наверх. А разам з тым – вышыні, аблокі і сонца. Так што мне ўвогуле часам здаецца, што мы ўсе, разам з нашай краінай, аднойчы ўздымемся ў Ірый і растанем там…

– А ў чым жа прычына таго, што мы, людзі, так мучым адзін аднаго, што зайздрасьць душыць нас, хаця жыцьцё такое кароткае?

Лойка не пасьпеў адказаць. У дзьверы пакою ціха пастукаліся. Жрэц незадаволена ўстаў, лёгка ступаючы, падышоў да дзьвярэй. Там стаяў спалоханы служка. Адштурхнуўшы яго, у пакой уварвалася і адразу бухнулася на калені нейкая дзяўчына. Альгерд з глыбіні пакою адразу пазнаў яе – гэта была пакаёўка вялікай княгіні Рэчыца. Лойка не пасьпеў нахмурыць бровы, як служка таропка пачаў тлумачыць, што пусьціў дзяўчыну толькі таму, што... Але Альгерд перабіў яго, адразу зьвярнуўшыся да Рэчыцы:

– Што з Марыяй?

І тут жа паправіўся:

– З вялікай княгіняй?

– Вялікі гаспадар, Родам і парадзіхамі клянуся, ня брала! Ня крала! – закрычала дзяўчына і на каленях папаўзла да яго. Зачапілася сукняй за парог і, парваўшы яе, рухалася далей, бесьперапынна выціраючы спалатнелы, заліты сьлязьмі твар. Рознакаляровыя стужкі з вяночка на галаве падалі на ейныя вочы.

Альгерд, гледзячы на яе, грозна вымавіў:

– Ты з-за нейкага свайго глупства насьмелілася сюды ісьці?!

– Не з-за сябе... З вялікай княгіняй… вохці мне, бяда… ой, нашто мне тыя смарагды! Я чужога на макавае зерне не вазьму! – калацілася перапужаная да паўсьмерці Рэчыца.

– Што ты пляцеш? Якія смарагды?

– Смарагдавыя каралі! Княгініны!

– Дык што з імі?

– Яны прапалі, зьніклі, нібы сам Лядашчык вынес іх праз комін! А цьвердзяць, што гэта я… Але ж я макавінкі…

– Хопіць! А княгіня?

– Я ж і кажу, што яна зьнямела і рукой не варушыць…

Тады вялікі князь жвава, як малады, ускочыў з крэсла:

– Каня, хутчэй! – загадаў ён – Гэтую… пад варту. З крадзяжом разьбярэмся пазьней. Паедзеш са мной, вялікі жрэц?

– Паеду, калі твой лекар Ганс не пакрыўдзіцца.

– Апранайся!

Альгерд імгненна нацягнуў на сябе каптан, увесь адразу як падцягнуўся, пастражэў. Небясьпека падхліствала яго дух, у ёй, як некаторыя птушкі ў навальнічных перападах над зямлёй, адчуваў ён сябе тым, кім яго і стварыла жыцьцё – барацьбітом і ўрэшце пераможцам.

Сьпяшаючыся і, як заўсёды, не пасьпяваючы за вялікім князем, улазіў у прасторны жрэчаскі плашч вялікі жрэц Сварога, у той час як служка таропка падаваў яму жэзл і востраканечную шапку з белага лямца, абшытую собалем, а другі служка надзяваў гаспадару на шыю каралі з мядзьвежых зубоў – абярог супраць нечысьці.

Пакуль не прыбег стражнік, што падагнаў да дзьвярэй Зьвера, які неахвотна ішоў са стайні, яны абое зразумелі з плачу Рэчыцы галоўнае: паралюш разьбіў княгіню Марыю тады, калі яна даведалася, што зьніклі яе любімыя, падораныя бацькам, віцьбескім князем, смарагдавыя каралі. Яны былі надзвычай каштоўныя – некалі з самой Візантыі прывезьлі іх полацкія князі, вяртаючыся пасьля высылкі на радзіму. Тыя смарагды суправаджаліся рознымі паданьнямі. Казалі, што адзін з іх, самы вялікі, ярка-зялёнага зьзяньня, быў тым, праз які некалі глядзеў на падпалены ім Рым сам жахлівы кесар Нерон.

Вешчуны Вільні ведалі, што смарагд – вешчы камень, праз іх Саламон мог бачыць будучае, а Альберт Вялікі цьвердзіў, што смарагды палохаюць нячыстую сілу і супакойваюць сэрца. Лойка, якому аднойчы на цэлую ноч перадалі тыя каштоўныя камяні ў сьвяцілішча, каб выгнаў з іх усё благое, правёў абрад ачышчэньня, аднак усё ж ня раіў доўга насіць іх на целе. Ён нават адкрыў валадарцы таямніцу, што рэчы, якія пераходзяць ад аднаго чалавека да другога стагоддзямі і асабліва тысячагоддзямі, пачынаюць жыць сваім уласным, асобным ад іхніх уладальнікаў жыцьцём, а часам і дарэшты забіраюць клёк у новых гаспадароў. Аднак княгіня Марыя нібыта трапіла ў палон да любай ёй рэчы: трымала каралі ў разьбяным сандалавым куфэрку каля свайго ўзгалоўя і часта надзявала на шыю падчас вялікіх прыёмаў у палацы. Яны нагадвалі Марыі заручыны з Альгердам, першы погляд на яго і імгненную дзявочую захопленасьць. Яна памятала, як востры позірк будучага мужа дапытліва спыніўся на ейным твары, затрымаўся на белай сукні і шыі, дзе пераліваліся смарагды (ёй казалі, што яны ўдала адцянялі зеленаватасьць вачэй), і памякчэў, і нібы аддаўся ў палон ейнай маладой вабнасьці.

Вось чаму зьнікненьне бацькавага падарунку вострым сярпом падка­сіла княгіню, адняло ў яе мову і спаралізавала. А здароўе і жыцьцё гаспадарыні Княства – гэта ўжо ня толькі справа княжацкай сям’і. Гэта – вялікая палітыка. Таму і Альгерд, і Лойка сьпяшаліся: кожная хвіліна сапраўды магла пераважыць шалі Лёсу у той ці іншы бок.

– Выклікаць кашталяна, а таксама вознага і земскага! – распараджаўся Альгерд, пакуль слуга нацягваў на яго падбіты мехам плашч. І тут жа, прапусьціўшы наперад жраца, разам з ім зьнік у зімовай віхуры, што шалёна крутанула дзьвярыма.

Ніхто не заўважыў, як упаў і адкаціўся пад лаву драўляны Пярун з шахматнай дошкі і застаўся ляжаць там, забыты ў мітульзе. Толькі Лойка, вярнуўшыся з палаца, узгадаў пра яго і пасьля доўга стаяў пасярэдзіне сьвятліцы, углядаючыся ў абрысы старажытнай, адпаліраванай пальцамі многіх папярэднікаў постаці вярхоўнага славянскага бога, нібыта тужліва ўглядаўся ў невядомае і неспасьцігальнае будучае…

СЬВЯТА ДАЖБОГА

Разьбяныя галовы ільвоў на парэнчах загадкава і, як заўсёды, трохі адрачона выглядалі з-пад доўгіх парчовых рукавоў сьвяточнага кунтушу* вялікага князя. Альгерд, адбыўшы вялікае служэньне ў храме, сядзеў на абедзенным крэсьле, над якім, здаецца, яшчэ бачыўся цень папярэдняга валадара, і госьці перашэптваліся, наколькі сёньня ён падобны да свайго бацькі Гедзіміна: нахмураны лоб, спакойная, абцяжараная многімі дзяржаўнымі клопатамі веліч, асабліва ж пастава галавы, на якой зьзяў залаты княскі абруч з каштоўнымі камянямі, што час ад часу адсьвечвалі чырвонымі, зялёнымі і малінавымі зіхоткімі іскрынкамі.

Гасьцей за вялікімі сьвяточнымі сталамі было шмат: замежныя паслы, паны-рада, зацныя людзі Вільні, купцы. На фоне чырвонай плінфы сьценаў іхнія аксамітавыя, парчовыя, шаўковыя каптаны, залатыя і срэбныя фібулы, гаплікі, апухі рукавоў выглядалі ўпрыгожаньнямі самой залы, яе неад’емнымі складнікамі. Сярод іншых выдзяляліся жрацы. Яны сядзелі на асобнай лаве ў сваіх высокіх белых каўпаках, з жэзламі ў руках і белых ільняных кашулях, на якіх магічнымі ўзорамі былі нашытыя залатыя і сярэбраныя круглякі-абярогі. Адзіная жанчына сярод іх, Нара, вялікая жрыца Лады, на гэты раз уразіла ўсіх ярка-чырвонай сукняй, на якой золатам былі вышытыя трохкутнікі – на грудзях і на лоне. Сукня была з найтанчэйшага шоўку, таму ўсё зграбнае цела жанчыны, асабліва ейныя грудзі і выразныя гузічкі вялікіх смочкаў, былі як выстаўленыя на агляд, ад чаго жарсьцю, нягледзячы на строгую цішыню першых хвілінаў урачыс­тага абеду, запальваліся позіркі мужчынаў.

Жанчын было няшмат. Усё гэта былі жонкі самых зацных мужоў Вільні, і на кожнай было столькі ўпрыгожаньняў, што, як пажартаваў блазен Альгерда Костка, кожная коштам была з добры карабель, так што можна было пускаць іх уніз па Вяльлі.

Клопатамі як Лойкі, так і прыдворнага лекара Ганса ўстала са свайго ложа і цяпер цяжка сядзела побач з мужам вялікая княгіня Марыя, стараючыся, каб мноства цікаўных вачэй не ўпалявала таго, што рука, якою яна трымае лыжку, калодай ляжыць на стале і амаль ня рухаецца.

– Слухай, госьці пярэстыя, як птушкі ў матуліным пакоі, – шапнула старэйшая князёўна Ганна сястрычцы Еўне. Сапраўды, княгіня Марыя трымала ў сваіх пакоях мноства яркіх, як баяры ейнага двара, замежных птушак і часта раніцай ляжала ў ложку гадзінамі, разглядаючы сваіх улюбёнцаў і слухаючы іхнія галасы. Цяпер яна пачула голас дачкі і востра глянула ў ейны бок, адначасна скоса пазіраючы на свайго духоўніка Нестара, нібы баючыся прапусьціць кожны самы нязначны ягоны рух. Трывога была ў ейным паглядзе, і нешта задушлівае, як перад навальніцай, вісела ў вялізнай зале, хаця хіба маглі заўважыць высокія госьці, што сёньня не было дваіх звыклых для большасьці з іх княскіх слугаў: ні Рэчыцы, ні падчашніка Няжылы, які звычайна рабіў сервіроўку сьвяточнага абеду. А яна была няпростаю: трыста сорак сярэбраных тарэлаў стаялі на доўгіх, тканых княжацкімі, яшчэ Гедзімінавымі ініцыяламі настольніках, а паміж імі месьціліся велізарныя падносы з закусьсю: мочаным гарохам, яблыкамі, рэдзькай і іншай бацьвінай*. Кіраваў усімі слугамі стольнік: ён толькі паварочваў галаву – а тыя ўжо ляцелі да гасьцей, несучы то