БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук... | КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ДЗЕЯСЛОЎ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ДЗЕЯСЛОЎ № 23

ДЗЕЯСЛОЎ № 23Міра Лукша 

Тутэйшыя
Тры навэлы

Падпольшчык

Цэзар, размашыста памахваючы пустой абвіслай сеткай, коўзаючыся па абледзянелай вулачцы, сьпяшаўся ў маркет «АВС» у цэнтры Беластоку. «Ой, як добра цяпер, — усё можна купіць, ня тое, што за той абрыдлай камунай!» — цешыўся Цэзар.

Купіў у мясным аддзеле 200 грамаў паляндвіцы і аж 300 грамаў ліверкі. Заехаў з вялікім возікам у другі аддзел — з каляскай лягчэй, хоць разьвярнуцца цяжка, трэба шмат натугі і кемлівасьці, каб не сутыкнуцца з іншымі пакупнікамі ці не зваліць тавар з па­лі­цаў. А то паб’еш які слоік і плаці! Не наясіся, а грошы выдай. Маюць жа яны ў краме на ўтруску ды ўсушку свае сумы, палічылі б гэта за нешчасьлівы выпадак, а то не — дзяруць, плаці, пенсіянер-разявака! А колькі тых грошай у былога «працуючага інтэлігента»! За што мы ваявалі?! Ну, за што здароўе Цэзар страціў? Нервы зьела яму тая камуна! Ды калісь то хоць у які камітэт накіраваўся б! А ён нядаўна пайшоў быў са сваімі ідэямі ў будынак новай кіруючай сілы, а там – ні аднаго знаёмага! Усе нейкія маладыя, кар’еру робяць, а з тых, хто разам біўся з нячыстай сілай... Дзе яны? А мо яны такія ж падпольшчыкі, як у той час, у гады барацьбы. Тады гэтак скрываліся моцна, што ніхто пра іх і ня ведаў, і сёньня ня ведае? Ні бясьпека, ні ў той час міліцыя, ні шэрыя члены арганізацыі, ні грамадства?.. А ў новыя камбатанты пішацца, пэўна, з 20 мільёнаў грамадзянаў; будзе іх столькі, як партызанаў у другой сусьветнай...

Укінуў Цэзар у сваю каляску макароны «Dаnutа», ячменную здаровую кашу, паўхлеба, торбачку фасолевага супу. Заўважыў, што ад нейкага часу, захіляючыся ад іншых, пасоўваецца ўсё за ім ды за ім нейкі дзіўны тып у доўгім шэрым плашчы, у капялюшы насунутым на бровы ды ў цёмных акулярах. А ў вазку ў яго ўвесь час пяць торбаў з цукрам. Для прыліку, подлы гад, адно той цукар возіць, а ўсё толькі сочыць за народам, а ад Цэзара дык і не адступае. У які бок стары ні кінецца са сваёй каляскай, той асобень зараз жа ў пару метрах і прэцца за ім. Халодныя кансьпірацыйныя дрыжыкі забегалі па сьпіне былога падпольшчыка. Уцячы! Дык жа з гонарам трэба, бяз гонару зусім жа неганарова, хай бы і галаву пакласьці... Чаму ён у школе вучыў сваіх выхаванцаў? Што дзяды з бабамі і бацька з маткай перадавалі — ну, кто ты естэсь? Уцякаць?.. Перад кім? Ну, хто цяпер пасылае такіх асобеняў, каб сачылі за пажонд­нымі грамадзянамі? Ды хто, хто цяпер кіруе краінай?!! Мы гэта ўсе добра ведаем! Не паддамося такім!

А гэты гад, заўважыўшы, што Цэзар рассакрэціў яго, выйсьця ўжо ня меўшы, вось падкаціў сваю каляску ды пытае:

— Шаноўны пан, вы дражджэй ня бачылі? Няма розуму ў гэтых прадаўцоў, — раз кладуць іх туды, раз сюды!! А мо ўжо яны «выйшлі?»

— Нікуды дрожджы ня ходзяць! — азваўся ў Цэзары настаўнік. — Вы хіба не разумееце?

— Вядома, пан прафесар. Памятаю гэта з вашых урокаў! — засьмяяўся таямнічы чалавек і прыўзьняў свой капялюш.

На Цэзара глянулі чырвоныя ад перапою вочы ягонага найлепшага былога вучня Януша К.

— Што нам тая школа дала! Лепш менш цытатаў на памяць давалі б, а больш вучылі, як выжываць, — паляпаў па торбах з цукрам Януш К. — Добра, што хоць хімія чалавеку да чагосьці прыдаецца ў жыцьці.

Нетутэйшы

Найлепш, кажу табе я, Васіль Шпак з вёскі Шпаковічы родам, адпачываць на ўлоньні прыроды. Хто дурэе ад Канарскіх астравоў, хто ад Тунезіі, а я хвалю сабе адпачынак пад роднай грушкай. У Шпаковічах. Хатка там дзядоўская, па дзедку, значыць, трымаецца яшчэ зямлі. Думаў прадаць калісьці, ды добра, што апамятаўся. Люблю я час ад часу самотна параздумваць, каб ніхто мне на вочы не зьяўляўся. А там такую магчымасьць маю — суседзяў усё менш, на пляшку на халяву ня пруцца, а калі і пачастуеш, то такі ўжо зашмат ня вып’е. Праўда, даехаць там цяжэй стала, бо цягнікі адмянілі, аўтобус даязджае, як яму хочацца. Але аўто ёсьць у мяне, хай і ня вельмі важнае – усё ж папыркае, папырхае, ды і давязе.

Лягу сабе на выгане, жывоцік свой пад неба выпну, сонейка яго лаш­чыць, песьціць, загар малюе. Ну ці ня горшы мой загар за канарскі? Кум мой Андрусь Віцюк маім знаёмым шле паштоўкі з далёкага краю, як дамовіліся, што то я быццам бы адтуль прывітаньні дасылаю.

Не, што ты, грошы ў мяне ёсьць! Можна было б заехаць у тую далёкую краіну. I быў я там ня раз, бо асяроддзе патрабуе ад чалавека, каб бываў. Не бываеш — няма цябе, і ўсё! Нават у садку, кажа Шпак, калі трэба было зрабіць фотавыставу «Мае канікулы», унук мой саромеўся даваць здымак з вёскі. Засьмяялі б яго смаркачы, бо іх бацькі паказвалі якую там Францыю ці Грэцыю. Зрабіў я яму быў здымак на карове, дык зманіў, што ў Іспаніі быў, а Красуля гэта той славуты бычок, якога зараз пагоняць на карыду. Вядома, гаўнючкі не паверылі, бо дзеці цяпер не такія як калісь былі, ведаюць больш, чым нават трэба. Прызнаўся ўнучак, што жартаваў толькі. Але татку ледзь галаву не аб’еў, што нікуды не павёз яго летам, а канчаў праект ды дзіцё выправіў у вёску, у прадзедаву хату. А да мяне таксам прэтэнзіі сын мой меў, а больш можа і нявестка — ну што гэта за дзяды цяпер павяліся — самі яшчэ працуюць, замест каб унукамі займацца? Але грошы дай, не адмовяцца, от дзеткі!

І, кажа Васіль, зноў заманулася мне паехаць у Шпакі. Прыдалося б рамонт які зрабіць, а то ўсё часу мала... Запакаваў сёе-тое апрануцца ды паесьці, сеў у сваю таратайку ды пакаціў у родную вёску.

Вёска як вёска, бы трохі цішэйшая ад апошняга візіту... Ды не, разгудзелася, і то як! Аж цёмна стала за шыбай лабавой!

— Напалі на мяне камары! — яшчэ і цяпер, на ўспамін пра жахлівае здарэньне Васіль Шпак размахвае рукамі, бы адбіваецца ад камарынага рою. Тысячы крыважэрных тутэйшых камарыц білі насамі ў шкло, вырачаліся на прынаднага кругленькага пасажыра, цікавалі, дзе найбольш мяккацелы ды сакавіты ён!..

— А я ж тутэйшы! — крычаў у жаху Васіль Шпак і цягнуўся да сотавага тэлефону, бо ўжо востраносыя пачалі праціскацца, як яму здавалася, праз усе шчыліны яго «Лады». — Вы што, не пазналі мяне, гадаўкі!? Каго тут вызваць, прасіць ратунку?! Ці то пажарнікаў, ці скорую... Назад перці ў свой Беласток!

Ды тут падышоў да Васевага нібы-то-аўто Сьцёпа Кірмуць са сваім «Спортам» за губой, пыхнуў дымам, густа кашлянуў, і крыважэрныя камарыцы затхнуліся атрутным дыхам нікаціну, загулі-закахэкалі і з піскам далі ходу з поля бітвы... Ідылія!

Райка і шчырае люстэрка

Стаяла Райка ў жалезнай краме. У добрую пару трапіла Райка туды на працу, бо і час быў агульна добры, як кажуць людзі, і Райка будавалася, а сама вёска расла ў сілу ды людзі жылі ў дастатку. Памятаеце?

Было тады ў вёсцы каму купляць. А што купляць! Які выбар, тое і купіш, абы грошы меў. У жалезнай Райчынай краме — усё: хочаш вядро — бяры, колькі на рукі паложана, але ёсьць, праўда, адны цынкавыя. Бяры тканіну, чобаты гумовыя, газу, ровар нават, дамскі ці з рамай, бо два стаяць... А люстэрак можаш купіць колькі хочаш, каб памадай (ёсьць таксама яна ў жалезнай Райчынай краме) вусны крыва не памаляваць ды не разрэзацца брытвай (ёсьць і яны) ад вуха да вуха. А адно, найбольшае люстра, вісіць у Райкі за сьпінай, ды не прадае яна яго, не. Выйдзе пакупнік з крамы, яна ў тое люстэрка ўзіраецца, пытаючыся:

— Скажы мне, любае люстэрка, ці ёсьць ад мяне ў гміне хто прыгажэйшы ды разумнейшы? Зырчэйшы і хітрэйшы? Ну, скажы, люстэрачка любае, ці хто такі не паявіўся?

А люстрэка блісьне-жахне маланкай ды прамовіць:

— Няма, Райка, ад цябе гладчэйшай бабы ва ўсёй Энскай гміне, ні больш кемлівай, няма, і быць ня можа!

Расьце Райка ў моц жаноцкую, гладчэе, а і будуецца, ня крыўдзячы зусім ГСу. Усім добра. Бо так і трэба, Народ мае чобаты і вёдры, Райка мае мураванку, ГС пра прыбытак дбаць ня мусіць, абы хапіла ўжэнднікам на прэміі. Люстэрка не запацее, хукае ўласным гарачым дыхам на яго Райка са сваіх пухкіх гарачых грудзей, паліруе яго ўласнай насовачкай, а яно не шчадзіць ёй кампліментаў, зусім ня менш чым камендант ці дырэктар пачатковай школы, не гаворачы пра мужа Райчынага, прымачка Цімошку, што ціха солтысуе, пашаньку арэ кулковым трактарам, пра ўласны камбайн мроіць...

Жылі б далей усе ў справядлівасьці доўга і шчасьліва, каб не Сьняжына, Цімошкава далёкая пляменьніца. Вырасла, гадаўка, хутка так, а харошая, халерка! Кончыла эканамічны ліцэй у Беластоку, ды жыць там ня хоча чамусьці! Дай ёй клуб! Даў ёй клуб Цімошка-солтыс, даў ёй усяго іншага, каб толькі ня ведала Райка, бо што мае ведаць яна стоячы ў жалезнай краме пра тое, што робіцца ў хаце тады, калі яна там стаіць або едзе ў гміну? Традыцыйна зноў аднойчы запыталася ў люстэрка Райка пра сваю красу ды розум, а яно памутнела ды ціха скрыпнула:

— Харошая ты, Райка, як райскі яблычак, і хітрая, як лісічка, але хітрэй ды прыгажэй ад цябе Сьняжына!

Думала Райка швагерку разарваць як жабу, меркавала камерцыйна зьнішчыць клуб, дзе ня толькі жалезнае, але і вадкаснае прадаецца, рыхтавалася нават наслаць на яе рускую мафію... Ды тая мафія сама ж са Сьняжынай сувязь трымае, пастаўляе ёй „Раял». А калі ў аколіцы пачалі дзейнічаць яшчэ дзесяць прадпрымальнікаў-кіяскёраў, апалі ў Райкі рукі ніжэй грудзей. Найгорш, што вёдраў цынкавых амаль ніхто купляць ня хоча, ды і Цімошка перавёўся да маладзейшае разам з нованабытым камбайнам.

Люстэрка шкада. Нікога ўжо яно не пахваліць лісьліва, нікому і горкай праўды ня ўрэжа. Ляжыць цяпер, у аскепках, на сьметніку за гміннай малачарняй. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі "Дзеяслова"

 кантакт: dzieja@tut.by dzieja@list.ru

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster