|
Мікола Гіль
Як я начараваў цётцы Ганьне
Аповед-згадка
Пэўна, не ў аднаго мяне бывае такое: прыслепіцца з самага ранку штосьці — ці то матыў якое-небудзь песенькі, ці то радок з верша, а то й слова адненькае — і доўга, цягам гадзіны-другой, а часам і ўвесь дзень з галавы не выходзіць. Дзе ні ходзіш, што ні робіш — тое на языку ці ўвушшу. Адмахнешся, нават з самога сябе пасьміхнешся: а хай яго трасца, як насланьнё якое! — а яно возьме ды зноў зьнячэўку прыбяжыць, выблісьне ў памяці.
Ці помніш ты, Ганна,
Шчасьлівы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябoжчык Вінцэнт?
Сёньня от азвалася гэтая Коласаўская страфа. Зрэшты, спачатку й не страфа, а ўсяго толькі гэты нязвычны, у старой форме слова “мамэнт”. Здаецца, і прачнуўся з ім. Трызьніцца, нібыта сьнілася нешта, зьвязанае з вайной, з блакадай, і быццам бы гучала там нямецкае “айн мамэнт”. А прачнуўся — і гэты самы “мамэнт” выбліснуў у іншым, як кажуць, кантэксьце, — ужо ў Коласаўскім. І рукамі трохі памахаў, каб скінуць з сябе ня гэтак санлівасьць, як старэчую скаванасьць, балючую нерухлівасьць суставаў і пазванкоў, і пагаліўся старою і з гэтае прычыны грымліваю, як трактар, электрычнаю “Эраю”, і пад душам колькі хвілінаў патаптаўся-пападстаўляўся, — а ўсё не выходзіў, круціўся ў галаве гэты самы “мамэнт”.
Чаго раптам? Што за прычына?
Дык жа й пасьля сьняданку ён мяне не пакінуў. Сеў за стол, падсунуў да сябе друкарку “Эрыку” (на камп’ютэр ня ўзьбіўся і ўжо наўрад ці ўзаб’юся), каб распавесьці на паперы пра адзін даўні выпадак, што застаўся ў памяці, нягледзячы на пэўную, так бы мовіць, ягоную трагічнасьць, сьветлаю згадкаю, а “мамэнт” зноў — тут як тут.
Ну як было не задумацца і не пашукаць нейкае сувязі з тым, што карцела распавесьці і дзеля чаго акурат сеў за стол?
Мамэнт, альбо момант, калі па-сучаснаму. Гэта значыць, міг, імгненьне, хвіліна… А калі прадоўжыць ланцужок? Гадзіна, дзень, тыдзень, месяц, пара, год, час, век, эпоха… Вунь ажно куды сягае гэты самы мамэнт!
Самі па сабе зьвёны ланцужка не сказаць каб выклікалі нейкія эмоцыі ці пачуцьці. Аднак жа досыць было дадаць да іх якое-небудзь азначэньне, як адразу, з ходу ўсё мянялася, набывала іншыя акрас і сэнс. Ну хоць бы тое ж Коласаўскае азначэньне “шчасьлівы”: шчасьлівая гадзіна, шчасьлівы дзень, месяц, год, час, шчасьлівая пара… У выніку ўга што зварушваецца ў памяці, асабліва калі гэтая памяць ня юная і нават ня сталая, а старэчая! Сентыментальную, лёгкую нібыта ў старасьці сьлязу выціскае згадка ўжо ня толькі пра шчасьлівыя часіны, поры ці гады, а і пра ўсяго толькі “шчасьлівы мамэнт”. Дзе яны, тыя моманты, дні, месяцы і гады? Часьцей за ўсё — далёка і да таго ж у тым самым тумане, за якім, сапраўды, няшмат чаго й відна. Часьцей ужо яно ня гэтак віднеецца-бачыцца, як адно азываецца ціхім, сьветлым смуткам-рэхам.
Гэтак, неяк значэўку, азвалася ўва мне далёкае ўжо лета пачатку 60-х — больш пэўна датаваць яго не адважваюся. Мама тым часам засталася ў яшчэ зусім нядаўна галасістай, нямоўчнай — васьмёра ж дзяцей! — хаце адна. Прыходзіць пара, і чалавечыя дзеці, як і птушыныя, разьлятаюцца з роднага гнязда. Добра, калі ў ім застаюцца двое — бацька й маці. Ды часта, на жаль, бывае інакш: жыхаркай і вартаўніцай раптам надта ж схаладнелага і нязвычна прасторнага гнязда застаецца адна маці. Гэтак сталася і ў нас, хоць бацька тады яшчэ й не памёр, і афіцыйна не разьвёўся з маці. Проста сышоў, ці, калі ўжо зусім папраўдзе, “яго сышлі”. Зрэшты, мо пра гэта й наогул ня варта было б казаць? Мы, дзеці, тут бацькам ня суддзі і не дарадцы.
Мама, дзякаваць Богу, была яшчэ ў сіле, і яшчэ буяў-красаваў у яе чыста выпалаты гарод, і кудахтала, рохкала і рыкала ў хляве. А, значыцца, ва ўсёй паўнаце паўставала перад намі, дзецьмі, сьвята, спалучанае, неаддзельнае ад заўсёднага і жаданага: “Паеду да мамы!” І вялікага грэху ў гэтым сваім прызнаньні ня бачу, бо й сёньня, на схіле гадоў, кажу: аніколі і анідзе больш ня еў такой смачнай яешні-баўтухі, такіх пульхных і апетытных бліноў з маслам і той жа яешняю, такога неймавернага смакоцьця, як смажаны ў масьле сыр, што еў калісьці ў мамы!
Дык вось, лета пачатку шасьцідзясятых (другога, мо шэсьцьдзясят трэцяга году?). На двары — ці самы канец ліпеня, ці пачатак жніўня. Ня самая горшая пара на Беларусі, калі яшчэ й лета ня надта стомленае і сасьмяглае, і восень яшчэ анічым не агукаецца, адно хіба тым зусім незаўважным першым — пятровым — апалым лістком.
І я яшчэ не жанаты, хоць, зважаючы на гады, варта было б ужо і ачалавечыцца, зрабіць гэты першы крок у кірунку наканаванага Богам працягу роду. Зрэшты, мама мяне з гэтым не падганяла. “Галоўнае, сынок, не калі, а з кім”, — казала, маючы на ўвазе ці не мае заляцаньні да прысланай у нашую Слабаду маладой фельчаркі, у якой нібыта пасьпелі перабываць ці ня ўсе слабодскія і неслабодскія “каты-марцовікі”. Зрэшты, і дадому я прыязджаў рэдка, і заляцаўся да тае вясковае даступніцы таксама рэдка, мо ўсяго аднойчы нешта й было такое, але ў сяле ўсё тут жа трапляе на прыцэл, а значыць і на язык, і ўжо праз нейкі час, мо тым жа днём, маме было вядома, што “Коля стаяў (ці ішоў) з той сучкай-фельчаркай”. А, можа, мама мела на ўвазе нешта зусім іншае? Скажам, ня самы лепшы выбар каго-небудзь з другіх дзяцей, маіх братоў і сясьцёр? Ня ведаю і ўжо ніколі не даведаюся.
Але-але, прыязджаў я дадому ня надта часта, як мог бы і як трэба было б, будучы ня зьвязаным сям’ёю і, адпаведна, сямейнымі ды гаспадарчымі клопатамі. А між тым — дадому мяне цягнула. Ня супраць быў бы і штотыдзень прыязджаць. Ды неяк так выходзіла, што прыязджаў акурат жа рэдка, ці не радзей нават за тых братоў, што мелі ўжо і жонак, і дзетак.
А прыязджаючы ж — радаваўся! Кожны раз, калі мінаў Баранава, і калі на выхадзе з лесу, з пагорку, адкрывалася Слабада, у сэрцы нешта скраналася, яно, быццам у паветранай яме, падымалася-ўсплывала пад горла, і ўсярэдзіне рабілася млосна-трымкліва, нават ці не трывожна-тужліва. А потым па ўсім целе разьлівалася мяккая, пяшчотная цеплыня, якая не міналася, заставалася са мною ўвесь час, пакуль быў дома. Усьцешвала і радавала ўсё — і родная, знаёмая да ўсіх чыста камянёў вуліца, і хаты паўз яе, і платы, і дрэвы, і людзі, якіх страчаў, ідучы да нашае, цяпер мамінае, хаты.
Яшчэ большая радасьць ахоплівала на родным дворышчы. Тут літаральна ўсё дадавала тае збуджанай у душы цеплыні: і трэснутая, заклееная па шчыліне зрудзелай палоскай паперы шыбка ў акне, ля якога калісьці стаяў мой дзіцячы ложак; і напаленая амаль як у горне сьпякотным сонцам клямка; і чаднаваты пах керагазу ў сенцах; і нечакана рэзкая, ацьверажальная прахалода, і прыцемак у першай палове хаты, у якой адзінае вакно глядзіць на захад, і ў якое сонца зазірне пазьней, амаль надвячоркам (другое вакно было ў адгароджаным закутку-кухні і на хату амаль не сьвяціла).
Улетку маму ў хаце не засьпееш — нават у самую паўдзённую сьпёку: цёнгле корпаецца ці ў гародзе, ці на гумне, ці ў хляве. Угледзіць здалёк, калі я й не абзавуся яшчэ, што мяне заўсёды зьдзіўляла — няйначай кожнае хвіліны была ў стане чаканьня, гэты стан для яе стаўся звычным, жыцьцёвым, неадменным, — і, кінуўшы ўсё, што б ні рабіла, сьпяшаецца насустрач. А падышоўшы, скажа раптам зусім спакойна, нават быццам без аніякіх адзнак радасьці:
— Наважыўся прыехаць, сынок? Ну то й добра. А я Лёвачку чакала. Маніўся пад’ехаць. Ажно гэта ты. Ну то й добра. Пойдзем у хату…
І пойдзе першай, а я ўжо ўсьлед, так і ня ўгледзеўшы, не разглядзеўшы, як мама, ці не зьмянілася, ці не пастарэла. Папраўдзе, наўрад ці пра гэта й думаў. Мамы — не старэюць. Яны адно з часам… адыходзяць. А старэем мы, іхнія дзеці… Пэўна ж, тады пра гэта ня думаў. Тады хіба магло мільгнуць нешта, кшталту лёгкае крыўды: Лёвачку чакала, не мяне! Ды крыўда тая, калі й была, тут жа міналася, бо — канешне ж, Леўку чакала, свайго найпершага памочніка і ратоўцу, які, завіхнецца тут і з сякераю, і з малатком, і з касою. А я што? Я — пісар-пісака, грамацей, прафесар Мамлок — сачыніцель ваксы, які з мяне толк? Аніякага тоўку, як казала суседка і сваячка Надзя, хай ёй будзе добра там, на нашым пагорку…
Пра якую крыўду можна казаць, калі ў мяне быў акурат гэты згаданы “шчасьлівы мамэнт”! Я ж прыехаў да мамы! Усё роўна, у якое надвор’е ці якою парою году. Галоўнае — я дома, у мамы!
Як і ў дзяцінстве, не дакарала і не ўшчувала мяне мама ані ў чым, нават і тады, калі даходзіла да яе сёе-тое пра нейкія мае выбрыкі. Мо ўжо і занадта пеставала, ашчаджала, як на сёньняшні розум. Мо й толку таго было б больш, каб змалку перападала мне ад мамы — дзеля навукі! — хоць трошку, як перападала малодшым ад мяне братам Марату і Алесю. Іх мама сяды-тады гладзіла і супраць поўсьці, а мяне — адно па галоўцы: “Вучыся, сынок! Калі даў Бог розум і здатнасьць, дык… А іх ня ўбудзе, калі й не дачытаюць трохі, а дровы папілуюць…”
Ах, мама, мама! Чаму ж гэтак? Чаму не лупцавала, як Сідараву казу? Хоць бы хвастачом з калянымі некачанымі кутасамі-махрамі, як цётка Паўліна свайго Віцю. Бо вось жа. Я сваіх рыштантаў таксама адно гладзіў па галоўках. Ды не рыштантаў — анёлаў! Рыштантамі яны сталі пасьля, неўпрыкмет, як вырасьлі, аперыліся, і калі раптам я перастаў быць для іх татам, а ўжо бы чужаком — бацькам. Строгасьць і патрабавальнасьць — найлепшыя настаўнікі, а не празьмерная любоў і ўсёдаравальнасьць. Колькі трэба пажыць, мама, каб зразумець, што нават і любоў бывае празьмернай? Ну, можа не празьмернай, а сьляпою…
Аднак жа вярнуся ў той слаўны і незабыўны час, калі была мама і калі ня толькі не было ў мяне рыштантаў, а й ня думаў пра іх…
Быў канец ліпеня ці пачатак жніўня. Мы з мамаю — на двары. Мама сядзіць на маленькім зэдліку, які бярэ з сабой у хлеў, калі йдзе даіць Малюту, ці калі скрабе ў двары бульбу альбо робіць што іншае. Я сяджу проста на зямлі, па-кітайску скрыжаваўшы пад сабою ногі. Вечарэе. Нават шарэе, бо сонца ўжо, здаецца, села. Ля плоту, між дзьвюх цаглінаў гарыць невялікае, з трэсак, цяпельца, а на цаглінках — кацялок з маладой бульбаю, яшчэ драбнаватай, першай, “падгледжанай”. Яна ўжо даўнавата кіпіць-булькае, неўзабаве можна будзе адцэджваць, мо нават і ўжо час, але мама не сьпяшаецца: яшчэ ж не прыйшла з поля Малюта. Яна павінна вось-вось прыйсьці, пастушкі не затрымаюцца ні на хвіліну пасьля заходу сонца, нават калі каровы па першай вечаровай расе накінуцца на траву.
А пакуль Малюты няма, мы сядзім з мамаю ля цяпельца і ленавата гамонім аб тым-сім. Зрэшты, ня гэтак гамонім — пасьпелі абмяняцца навінамі адразу па прыезьдзе, за сталом, палуднуючы, — як гуляем з катком. Ён у мамы паявіўся ня надта даўно, нейкі месяц назад, яму і ўсяго месяцы тры, а мо і менш. Каток — сімпатычны, амаль увесь чорненькі, белыя адно шыйка, пярэднія лапкі і самы кончык хваста. Перад гэтым была ў мамы кошка Рыска, была гадоў дзесяць, а мо нават і больш, ды мінулай восеньню нечакана зьнікла. Памятаю, мама ажно бедавала — гэтак прывыкла да яе. Ня ведала, што й думаць: куды яна падзелася? Парашыла: сышла паміраць, няйначай. Каты, як і сабакі, сыходзяць з хаты і лячыцца, і паміраць, калі набліжаецца час. Зіму мама перазімавала без ката, а сёлета не ўцярпела — узяла ў дачкі Ліны (яна адзіная з нас, дзяцей, засталася ў Слабадзе) кацяня. Узяла, бо кошка ў Ліны — не памаўзьлівая, па сталах ня лазіць, а мышэй ловіць спрытна. Паспадзявалася, што мо й сынок яе гэткі ж удалы будзе.
Пакуль жа ён не мышэй ловіць — дурэе з папяровай “мышкай”. Спачатку проста аціраўся каля нас, лез куды трэба й ня трэба. Мама ўжо й апсікала на яго:
— Апсік! Поўсьць абсмаліш!..
Я схадзіў у хату, адматаў са шпулькі ладнаваты кавалак ніткі — моцнае, дзясятага нумару, для ручнога шытва, прывязаў да яе папяровы баньцік. Атрымалася катку забава — “мышка”. Цягну я паціхеньку за нітачку. Каток прыляжа спачатку, сьпінку выгнуўшы, затоіцца, а пасьля наструніцца, скокне, ухопіць “мышку” і давай яе рваць-шкуматаць, угору падкідваць. Глядзець на яго бяз сьмеху — нельга. Мы з мамаю і сьмяемся, дружна, адно перад адным.
— А хай вас! — Мама выцірае вочы ад набеглай са сьмеху сьлязіны. — Абодва — дзеці! Адно — малое, другое — дурное…
Дурное — гэта я. Няхай! Я ані троху не крыўдую. Ведаю, мама ня надта любіць катоў, як і сабак, дарэчы, і калі б ня мышы, якія самапасам, без ката ў хаце, надта ж распярэзваюцца, наўрад ці й трымала б яго.
А я люблю і сабак, і катоў. Прыгожыя і слаўныя яны стварэньні! Ну от гэтага дуроніка — як не любіць! І як, гледзячы на ягоныя выбрыкі-скокі, ня цешыцца, ня радавацца, не захапляцца?
І гаварылі мы з мамаю больш акурат пра гэтага дурасьліўца. Пра нешта больш важнае — як я там, у Менску, жыву, што ў мяне на рабоце, ці даўно бачыў Сьвету, Леўку, Ніла і пра іншае, пагаварылі ўжо. Але маме таго мала, яна просіць, каб я расказаў пра ўсё чыста і падрабязна, і яна ўжо ці не злуецца:
— Сядзь ты і раскажы па-людску, што там у вас. Як там гаспадыня твая, ці не сярдуе часам, ня дзьмецца на цябе? А суседка хто? Старая, маладая? Ты казаў, што дзіцятка ў яе? Ад мужа ці так нагуляла?
Я адмахваюся:
— Адкуль мне ведаць! Я сплю — яна ўжо на работу пайшла, прыйду ўвечары дадому — яна ўжо сьпіць!
— А дзе робіць?
— На фабрыцы. Ці ў атэлье. Швачка яна, здаецца.
— У адной хаце жывучы й ня ведаць! — зьдзіўляецца мама.
Я прапускаю тое міма вушэй. Што мне да тае суседкі, як і ёй да мяне? У мяне — сваё, у яе — сваё. Гэта ж горад! От апынуліся выпадкова побач. А ці надоўга ж? Заўтра яна пройдзе ў інтэрнат (чуў нешта такое ці ад яе самой, ці ад гаспадыні), вось і скончыцца нашае знаёмства-суседства. Мама ж гэтага не разумее. Яна думае па-вясковаму, дзе кожны чалавек — навідавоку, усе і ўсё ведаюць пра ўсіх. Зрэшты, у маміных словах чуецца мне больш праўды і чалавечнасьці, але што з таго? Жыцьцё крутнулася зусім у іншы бок і назад ужо наўрад ці адкруціцца…
— Сядзь, кажу, супакойся з гэтым чорным чортам!
Я прывязваю катку нітку да шыйкі — вольна і зашмаргай, каб лёгка і сама зьнялася пры нагодзе. Каток ужо гуляе сам па сабе, без мяне. Бяжыць, а “мышка” — за ім. Дык ён спыніцца, прыцэліцца ды на яе! І яму зноў радасьць, і мне…
Мама яшчэ пра нешта пытаецца ў мяне, але, здаецца, я не пасьпяваю што-небудзь адказаць: у двор, піргнуўшы рагамі незашчэпленыя варотцы, заходзіць Малюта. Мама падымаецца з зэдліка, кажа:
— Пайду даіць. А ты здымі і адцадзі бульбачку. І прасушы яе пасьля трошкі. Толькі не прыпалі, глядзі…
Пасьля мы з мамаю вячэраем. Нясьпешна і спакойна. Маладая бульбачка з кропам, палітая тукам з хрумсткімі скварачкамі, ды з маласольным агурочкам — аб’ядзеньне. Ужо, здаецца, і наеўся, а рука ўсё роўна, бы хто яе падштурхоўвае, цягнецца па наступную бульбіну. Усё ж нездарма мы займелі мянушку — бульбашы. Ну й хай! Зрэшты, што ў тым крыўднага ці зьняважлівага? Як той казаў, абы ня скрэблі ды ў печ ня ставілі! І конаўка густога, скібамі, кіслага малака да маладой бульбы, на закусь, замест гарбаты — таксама смаката несусьветная.
Ну а мама, да ўсяго, яшчэ і пляшку на стол паставіла: я ўжо ня проста сын — госьць. Дык мы пад той самы агурок і прычасьціліся трохі. Больш, вядома, я, бо мама адно магла, як кажуць, прыгубіць, язык памачыць: практычна ня брала ні гарэлкі, ні віна. Але для госьця ў хаце трымала і таго, і другога заўсёды, кажучы: “Або, ці ж тады бегаць да каго?!”
Ліха яго ведае, што было прычынаю, — ці то нясьпешная і ціхамірная вячэра з мамаю, ці то мая тадышняя безнадзейная закаханасьць у шэравокую і даўгакосую аднакурсьніцу, ці то проста апанаваў душу лагодны, ажно да сентыментальнай расчуленасьці настрой, — аднак жа мне было не да сну. Пасьля вячэры, досыць задоўжанай і запозьненай, выйшаў на двор — нібыта пакурыць: ужо ўцягнуўся быў у гэтую недарэчную і паскуднейшую звычку. І пакурыў, сьцягаў-сцмыгаў цыгарэціну да самога фільтра, але ў хату вяртацца не сьпяшаўся. Ноч была незямная. Ціхая, спакойная, сьветлая. Ліст на дрэве — не зварухнецца, ня тое што зашалясьціць. І ні гуку вакол. Нават сабакі і тыя не падавалі голасу. І над гэтай цішынёй, над хатамі, над нашым клёнам, над бярозаю па той бок вуліцы, над усім, што ня гэтак бачыла, як угадвала вока, гэтак жа ціха трымцеў зіхатлівымі зоркамі цёмны купал неба. Прыбегла думка, што калісьці і дзед, і прадзед, і іхнія дзяды і прадзеды таксама бачылі гэты ж нябесны купал з гэтымі ж самымі зіхатлівымі зоркамі, і дзеці мае будуць іх бачыць, і гэтаксама расчульвацца, млець ад любові да ўсяго і заміраць у бясьсільлі і нікчэмнасьці перад гэтай вечнай і таемнай бяскрайнасьцю і бяздоннасьцю. І журботна рабілася, і вусьцішна, і нават безнадзейна, роспачліва…
І, здаецца, згадаліся словы Лермантава пра такую ж акурат ноч, калі ў “небесах торжественно и чудно” і “звезда с звездою говорит”. А зараз от, калі прыпамінаю пра тое, згадалася і захапленьне, якое выклікаў радок Куляшова — заменьнік гэтага самага лермантаўскага радка: “зорка зорцы голас падае”. І нечакана падумалася, што ці такі ўжо й геніяльны адпаведнік? Па форме, бадай, так: здорава! А па-сутнасьці? Гаварыць можна і моўчкі, а голас падаць — гэта значыць, парушыць цішыню. Дык, пэўна, нешта не да канца прадумаў Аркадзь Аляксандравіч, наш вялікі паэт, пераствараючы Лермантава, калі запыніўся акурат на такой беларускай форме гэтага радка расейскага паэта?
Зрэшты, калі папраўдзе, гэта цяпер мне журботна і вусьцішна. А тады наўрад ці думалася пра нешта такое. Не скажу пэўна, бо — ня памятаю, пра што думалася, калі стаяў пад начным небам сярод двара, а пасьля сядзеў на дошцы адсыпанай на лета прызбы. Мяркую, вусьцішнасьці ці безнадзейнасьці не магло быць. Ня той узрост быў тады ў мяне. Толькі што перайшло за дваццаць пяць, калі да пачуцьцяў тугі далёка, а да безнадзейнасьці — тым больш. У такім узросьце ўсе мы, бадай, яшчэ бесьсмяротныя. І мінор у душы — гэта мінор простае расчуленасьці, трымценьня душы пад нябёсамі, у якіх сапраўды “торжественно и чудно”, на зямлі, якая “спит в сияньи голубом”, — ад усьведамленьня, што і табе належыць увесь гэты таемна-неспазнаны і такі прыгожы — аж разьмякчаецца, робіцца бязважкай душа!— сьвет, і адначасова не належыць, бо ты й гаспадар яго, і пясчынка, драбязінка, казюрка ягоная: зьнікнеш ты— і сьвет не заўважыць, ані здрыганецца, ані пабяднее. Адно, кажуць, упадзе долу, пакінуўшы ціхі агністы сьлед-пісяжок на небе, зорка. Ды, пэўна, і гэта — усяго толькі прыгожая байка-легенда. Бо калі б сапраўды было гэтак, на начным парасоне за тысячагоддзі даўно б не засталося аніводнае зорачкі — столькі людцаў адышло, як кажуць, у лепшы сьвет! А зорак — не паменела. Пэўна ж, не паменела! Прынамсі, не зафіксавалі гэтага астраномы — ад старажытных да сёньняшніх…
Спаць я той ноччу лёг позна, затое спаў моцна і спакойна. На бацькавым ложку пры вулічным акне, за шафаю. На тым ложку з даваенным яшчэ спружынным матрацам, на якім бацька… гарэў. Лёг спаць нападпітку з махорачнай самакруткай у зубах, і закурэла ад іскры ватовая коўдра. Прахапіліся ўсе, калі ў хаце не было ўжо чым дыхаць: белы дым, бы ядавіты туман, стаяў ад падлогі да столі. Мама, памятаю, выцягвала тую абгарэлую коўдру ў двор, на сьнег, бо ў хаце яе было не патушыць — у адным месцы залье куродым’е, дык у другім пачынае разгарацца. Памятаю, як мама сварылася на бацьку. Не за коўдру, а за тое, што і ў пасьцель лёг са сваёю суслаю ў роце і мог бы загубіць і сябе, і ўсіх нас.
Тады, сплючы на бацькавым ложку, пра той колішні пажар у хаце я й ня ўспомніў. Як лёг, так і заснуў, бы праваліўся (каб цяпер калі гэтак заснуць!). І спаў да сонца, да ранку. Ня чуў, як паднялася мама, як, падаіўшы, выганяла на пашу Малюту. Прачнуўся, праўда, неўзабаве пасьля гэтага — мама на вуліцы гаманіла з цёткаю Ганнаю. Голас цёткі Ганны мяне й разбудзіў…
— Ну скажы, Кацярына, і каму гэта я так не дагадзіла, што ажно начараваў мне?
— А што зрабілася? Хто табе і як начараваў?
— А йдзі паглянь! Выйшла з хаты, зірк — на яблыні, што адразу за варотамі на гумно, чорны кот вісіць!
— Ганначка, то ж можа гэта мой каток? Коля ўчора перад вячэраю дурэў з ім, нітку прывязаў… А сёньня Малюту даю, а яго нямашака…
— Адкуль жа я ведаю? Ідзі, паглянь, можа й твой…
На Ганьнінай яблыні вісеў, вядома ж, наш каток. Я не разьвязаў — забыўся! — зашмаргу на ягонай шыйцы, бегаў ён, гуляючы з ніткаю і прывязанай да яе “мышкаю”; гэтак і забег, пэўна, у двор да цёткі Ганны і, дурненькі, ускараскаўся на яблыню; скокнуў долу і завіснуў на заблытанай у галінах нітцы; так і сканаў, засіліўся, бядача! Мама шкадавала, вядома, але, ашчаджаючы мяне, не дакарала. Калі я, пабедаваўшы, пачаў бэсьціць сябе, абармота, за гэткую дурноту, мама адно сказала: “Ці ж ты хацеў, сынок? Хто ж думаў, што тым абернецца? Ты зьдзяцініўся, і ён, дурненькі, надумаўся на яблыню ўскочыць…” І больш пра тое — ні слова, як забылася. І я быў удзячны маме, бо ўсё ж разумеў: мая віна, што яе вясёлы і ласкавы дуронік, які шторанку і штовечар скрашваў яе адзіноту, скончыў гэтак недарэчна і гэтак пакутліва…
Мама, мама! Колькі разоў і пасьля ты даравала мне розныя і нашмат горшыя мае правіны, кажучы, суцяшаючы, падтрымліваючы, апраўдваючы мяне тымі ж, што і ў дзяцінстве чутымі словамі: “Ці ж ты хацеў, сынок? Хто ж думаў, што тым абернецца?..” Так, мама, так: не хацеў і ня думаў. Бачыць Бог: не хацеў і ня думаў! Ды толькі ж акурат і трэба было думаць. Мо тады й ахвоты, хэньці рабіць што благое не ўзьнікала б. Мала думаў, мама! Ах, мама, як цяжка і пакутліва стала мне, калі ўрэшце зразумеў, што гэтак доўга жыў бяздумна, як набяжыць, не аналізуючы сваіх учынкаў і паводзінаў, не кантралюючы словаў, не зважаючы на тое, што вакол, побач са мною — іншыя людзі і што ім тое зусім ня сьмешна, а балюча, што перш чым сказаць што ці зрабіць, варта падумаць, паставіць сябе на месца таго ці іншага чалавека! Чаму, мама, гэтак позна дайшло да мяне, што нічога не даецца дарма, што нішто ў гэтым жыцьці не праходзіць бясьследна, што за ўсё — рана ці позна — трэба плаціць? І чым большая віна ці правіна, тым большая будзе гэтая плата, тым цяжэйшы рахунак будзе выстаўлены для пагашэньня ў канцы, на схіле жыцьця. Цяпер во засталося адно з горыччу паўтараць чыесьці балючыя і безнадзейныя словы: “Як шмат для цела і як мала для душы!” Паўтараць з роспачлівасьцю, што ўжо анічога ні зьмяніць, ні паправіць…
“Ці ж ты думаў, сынок?” Дай веры, мама, але ці ня гэтак і я казаў сваім сынам у іхнія малыя, школьныя і студэнцкія гады. Дарэмна казаў. Цяпер я гэта ведаю. Мае хлопчыкі, якія прыносілі нам з маці столькі радасьці і ўцехі, вырасьлі і, на жаль, ужо не адно радуюць нас, але сяды-тады і моцна засмучаюць.
За ўсё трэба плаціць… Усьведамленьне гэтае аксіёмы прыходзіць да нас у старасьці, і чым старэй мы, тым часьцей. Жалем і шкадаваньнем агукаюцца грахі маладосьці, якія калісь і грахамі не здаваліся, хоць зараз акурат гэтак і мянуюцца. Тады тое выглядала ўсяго толькі хлапечаю легкадумнасьцю, маладою гарэзьлівасьцю, выхваляньнем. Захмялець, павесіць на губу папяросу спакушала, падбівала жаданьне выглядаць старэйшым, сьмялейшым, нават ці не разумнейшым, бо чарка разьвязвала язык і рабіла цябе, сарамяжнага і заікастага, амаль красамоўным.
Ды чарка на малады розум — як сухавей на кволы парастак: высушвае, моршчыць, зьнежыўляе шэранькае рэчыва. Захапленьне ёю нават нядоўгі час не праходзіць бясьсьледна. І гэта цяпер я ведаю…
За ўсё трэба плаціць… Рана ці позна. Самае ж страшнае, што часта плата гэтая спаганяецца, бярэцца ўжо не з цябе, а з дзяцей тваіх. А ці ж яны вінаватыя? Таму і плбчу я, і плачэ. За свае правіны перад сынамі. За тое, што, пэўна ж, дрэнным быў я бацькам, прынамсі — ня быў для іх добрым прыкладам. Плачэ згрызотамі сваёй зьнерваванай, няўцешлівай старасьці. І па звычцы, хоць атэіст, прашу Бога: калі ты ёсьць, пашкадуй дзяцей! Вазьмі з мяне да рэшты, а іх — пашкадуй! Памажы ім! Каб не рабілі маіх памылак! Каб былі шчасьлівейшыя за мяне! Каб зьдзейсьнілі наканаванае і дадзенае ім! Каб у старасьці не дакаралі сябе гэтак, як дакараю я!..
Ды гэта ўжо зусім іншы аповед. А гаворка ж усчалася ўсяго толькі са згадкі пра “шчасьлівы мамэнт”, калі была яшчэ ў мяне мама, і калі сам я быў “малады і нежанаты”, і калі аніякая зязюля, як цяпер, на парозе недалёкага ўжо фінішу, не магла сапсаваць настрой сваім скупым кукаваньнем. Летні вечар, цяпельца на родным дворышчы, бульканьне вады ў кацялку з маладой бульбачкай, мама на зэдлічку — добрая, ласкавая, з пяшчотным паглядам сьветлых вачэй і такім жа пяшчотна-ціхамірным голасам, нешматслоўная і ня надта важная гаворка між намі ў чаканьні з пашы каровы, урэшце дуронік-каток, што аздабляў нам гэтае чаканьне, — хіба ж гэта й праўда не “шчасьлівы мамэнт”? Шчасьлівы ўжо хоць бы таму, што ніколі ня вернецца. Як ня вернецца маладосьць, дзе мы былі шчасьлівымі нават у дробязях.
А ў дадатак аказалася, што Коласаўская страфа, азваўшыся ў душы спачатку адно “шчасьлівым мамэнтам”, нечакана атрымала і іншую прывязку. Ганна, для якое, як і для лірычнага героя, граў на дудцы нябожчык Вінцэнт, усплыла і ў маіх згадках. Маю на ўвазе цётку Ганну, голас якой абудзіў мяне ранкам у матчынай хаце і якой я, аказваецца, гэтак неспадзеўна і недарэчна начараваў.
Няма ўжо даўно і цёткі Ганны. Памёрла неўзабаве пасьля мамы. Зусім нечакана, ня надта і хварэўшы. Валодзя ейны жыў пасьля яе і пасьля мамы яшчэ не адзін год, і я, атабарыўшыся ў Слабадзе на лецішчы, часта сядзеў з ім вечарамі (а то й ранкамі, на ўзыходзе сонца) на лаўцы. Больш маўчалі: дзядзька Валодзя быў негаваркі, ня ў прыклад цётцы Ганьне, у якой, як кажуць, рот не закрываўся.
Мяне, як прыязджаў да мамы, ушчувала ўсё:
— Ты, Коля, хоць і вучыўся добра, а як самы недарэка сярод слабодскіх! Каторы год у Менску, а ніяк па-гарадскому гаварыць не навучышся, — усё па-нашаму, па-свойску.
— Не навучыўся, цётка. Не выломваецца мой язык па-гарадскому! — аджартоўваўся я.
А яна мне ў адказ:
— Ты дурня ня корчы! І мяне дурной не лічы! Быццам я ня ведаю: ты знарок гэтак! Беларус я і ўсё тут! Хоць біце, хоць рэжце мяне, а — беларус!
— Дык а што ж вы пытаецеся?
— Ужо й папытацца няможна? Эйч ты! Я не з цябе сьмяюся, а з іх, дурняў каторых. Нянькай у Менску два тыдні пабудзе, а ўжо гаршчок з печы ня віламі вымае, а хватам!
— Ухватом, цётка Ганна.
— Я ж і кажу: хватам нейкім…
Няма ўжо цёткі Ганны, а калі б была, што б яна сказала сёньня?! Тады, чатыры дзясяткі гадоў назад, Слабада мая (як і ўсе іншыя бліжэйшыя і далейшыя вёскі) была беларускаю. І старыя, і малыя яе насельнікі гаманілі ў родным слове. Сёньня ж “няма таго, што раньш было”. Старых слабодцаў анікога не засталося, а маладыя — па гарадах. Дажываюць веку на самоце (дзяцей выправіўшы ў сьвет, а мужыкоў пахаваўшы) некалькі маіх равесьніц, ці трохі старэйшых жанчын. Называюць сябе пералётнымі птахамі: на зіму зьязджаюць да дзяцей у горад, а вясною, з цяплом, вяртаюцца, каб вярнуць да жыцьця і сябе, і акалелыя, ачужэлыя за зіму сьцены родных хат. Ёсьць некалькі, на пальцах пералічыць, маладых сем’яў, але іх ня более, а менее: толькі за год зьехалі ў Лагойск (набыў статус гораду) тры маладыя сям’і. Некалі калгас даў ім неблагія па сваім часе хаты — драўляна-панельныя, абкладзеныя белай сілікатнай цэглай. Ня стала ў калгасе працы — ня сталі патрэбныя і хаты, якія маладыя гаспадары не ўпусьцілі папрыватызоўваць. Апавясьцілі, што хаты прадаюцца, а самі з дзецьмі лахі пад пахі ды ў горад, няхай сабе і ўсяго толькі раённы. А хаты між тым пустуюць, бо пакупнікоў няма, калі хто й надараецца, дык небагаты, якому не пад сілу сабраць нейкую тысячу-другую “зялёных”.
Дзьве такія сям’і жылі акурат побач са мною: адна — цераз вуліцу, другая — справа, за глухою сьцяною маёй хаціны. У шафёра Віталіка з Інкай — дзьве дзяўчынкі-пагодкі, у трактарыста Толіка з Ленай — дзяўчынка і хлопчык. Яны ўжо не карэнныя слабодцы — бацькі жылі (і жывуць яшчэ) ў суседніх вёсках. Але ж ня ў гэтым справа. Яны ўжо ў многім наогул ня нашага, Лагойскага куточка дзеці. Карэньне роднае глебы падсечанае ў іх бязьлітасна, хоць, здаецца, і не падчыстую. З дзецьмі, з гаспадарамі сваімі маладыя жанчыны з усіх сілаў стараліся гаварыць па-руску. Ад ранку да вечара доўгага летняга дня чулася з вуснаў то Інкі, то Лены: “Нільзя! Куда ты лезіш?! Што за нязносны рабёнак! Глас не спусьціць! Госпадзі мой, ні мінуты спакою! Разьві так можна? Спрасі, есьлі што нада!..” І раптам ажно ці ня ўзрадуешся, пачуўшы зьнячэўку: “Што я табе казала? Чаго цяпер раскірэчыўся? Цябе што — як ката шкадлівага, носам у гэтую кучу? От шмаравоз! Казала ж: ня лезь! Хай бацька йдзе і мые цябе…”
Ага, значыцца, матчына слова ўсё ж жыве ў душы, яно яшчэ на языку, але — пад кантролем, пад уласным унутраным цэнзарам, заціснутае, загнанае кудысьці глыбей убітай у галаву “неабходнасьцю” адрачыся, выбавіцца, забыцца на яго, імкненьнем быць гарадскою, а не “калхозьніцай”. Ды толькі, выяўляецца, ня гэтак і лёгка — выкараніць з сябе ўсё чыста сваё, крэўнае, прыроднае, найперш — слова, усмактанае з малаком маці. Заціскае, каўтае, не спускае яго з языка жанчынка, пакуль уключаны ў галаве ўкадзіраваны туды шматгадовым гіпнозам-прымусам кантралёр-цэнзар, — пакуль больш-менш спакойная, падуладная кіраваньню душа. А ледзь узбунтуецца, абурыцца, ускінецца-зазлуе — кантралёра таго як ветрам здзьмухвае, і ўжо зьлятае вольна з языка зусім яшчэ незабытае, незьнявечанае, жывое, эмацыйнае, з тутэйшаю акрасаю роднае слова, спаконвечнае для насельнікаў гэтае зямлі.
І наўрад ці памрэ яно ў вуснах маіх былых ужо слабодскіх суседак Інкі і Лены, соцень і тысячаў падобных да іх. Тым больш не памрэ ў вуснах іх мужыкоў-гаспадароў, бо, наўзьдзіў, і Віталік, і Толік з рускім словам не вытыркаліся гэтак настырна і мэтаімкнёна, як іхнія маладыя палавіны. Карысталіся яны будзённай, звычнай на сёньня трасянкай, не вылузваючыся выстаўляцца больш культурнымі, гарадскімі.
Зрэшты, і жонкі іхнія, маладыя вясковыя маці, перакручвалі сябе на гарадскі манер хутчэй за ўсё не сьвядома, а інстынктыўна, дзеля дзяцей, іх будучыні. Яны ж, урэшце, не дурныя, бачаць, што і як робіцца, да чаго ўсё хіліцца, цямяць, што роднае слова дзецям будзе адно лішнім клопатам і перашкодаю, а таму хай змалку прывыкаюць і засвойваць слова, з якім іхняя жыцьцёвая дарога будзе і лягчэйшай, і больш персьпектыўнаю. Яно ж вунь гучыць усюды і адусюль, якую разетку ні ўключы, на якую кнопку ні націсьні. Вунь нават і “раёнка”, ад пачатку свайго беларуская, раптам, бы той ваўкалака, перакінулася цераз самую сябе і ўжо завыла да тутэйшага люду “тамбоўскім ваўком”.
Расейскае “нельзяканьне” і “кудаканьне” Інкі і Лены выклікала не абурэньне, а ціхую горыч і тугу, а зрэдзь часу і невясёлую ўсьмешку, калі з іх вуснаў зьляталі надта ж нечаканыя моўныя выкрунтасы, кшталту: “эта плахой сабака”, “в скорам часу будзет”, “ана пусьць не брэхает на міня” і г.д.
Ды што з іх узяць, з Віталікавай Інкі ды Толікавай Лены, якія да іх прэтэнзіі? А вось да дыпламаваных хлопчыкаў і дзяўчатак, якія вядуць на тэле хоць бы сабе перадачу “Добрай раніцы, Беларусь!”, ёсьць прэтэнзіі. Зрэшты, не прэтэнзіі, а — пытаньні. Дзе яны нарадзіліся і расьлі, у якіх сем’ях гадаваліся і якія школкі-універсітэты канчалі? Хлопец (ці дзяўчына) з вышэйшай адукацыяй, называе сябе беларусам (беларускай) і — поўнае непрыманьне, ігнараваньне ўсяго беларускага! Тэлевядучыя прыгадваюць розныя гістарычныя падзеі і розных асобаў, зьвязаных з тым ці іншым днём перадачы, вядуць з гледачамі нейкія гаворкі, закранаюць нейкія праблемы (часьцей дробныя, далёкія ад рэальных праблемаў большасьці нашых людзей), наладжваюць тэле-тэлефонныя конкурсы — і ўсё гэта толькі па-руску і цалкам безадносна да Беларусі, ня згадаваючы анічога ні з нашае гісторыі ці геаграфіі, ні з літаратуры ці мастацтва. Аніводнага факта, падзеі, імя, якія б мелі дачыненьне да Беларусі. Аніводнага слова, прымаўкі-прыказкі, літаратурнага ці міфалагічна-фальклорнага героя, аніводнай беларускай песьні. Анічым гэтым інтэлігентныя, з разумнымі, нават інтэлектуальнымі тварыкамі тэлехлопчыкі і тэледзяўчаткі вусенкі свае не “апаскуджваюць”. Што ж тады ў іх ад інтэлігентаў? Непавага, а тым больш пагарда да роднай мовы — першая адзнака дзікунства. І не прыходзіць у іхнія галоўкі, што нямала (нават вельмі шмат!) людзей хацелі б глядзець тэлебачаньне, якое б зьвярталася да іх акурат на роднай мове. Не задумваюцца тэлегалоўкі аб тым, што беларусы жывуць на сваёй зямлі, і хочуць жыць тут паўнакроўным, сваім беларускім натуральным жыцьцём, у атмасферы беларушчыны, а не расейшчыны. Зьязджаць нам няма куды. Усім астатнім нашым супольнікам, пры бядзе ці іншай нагодзе, ёсьць дзе шукаць ратунак ці проста прытулак, месца пад сонцам, а нам, беларусам, няма дзе. Наша калыска, наш адзіны прытулак у гэтым сьвеце — толькі тут! Дык чаго ж вы нас, хто не паддаўся прыгнёту і ўдушэньню, не стаў рабом ці халуём, гоніце адсюль? Куды? На той сьвет? Толькі таму, што не агрызаемся, маўчым, церпім? А можа ж, раптам, як пісаў класік, церпім, але — да пары? Чаму ж вы пра гэта не падумаеце? Чаго ж гэтак цынічна, адкрыта зьдзекуецеся з нас?
Толькі ўжо адно гэтак званае нацыянальнае “беларускае” тэлебачаньне красамоўна сьведчыць, што яно — каланіяльнае тэлебачаньне, мэты і задачы якога — канчаткова зрусіфікаваць беларусаў, найперш — насельнікаў, ужо, на жаль, нешматлікіх, нашых занядбаных, гаротных вёсак.
Колькі ўжо стагоддзяў мова нашая — косткаю ў горле розных каланізатараў краю, і дасюль яшчэ, але ўсё больш прыкметаў таго, што праглынуць яны ўрэшце гэтую костку, не падавяцца. Бо, калі папраўдзе, дык і ня костка ўжо гэта, а костачка, а мо й зусім мяккі, падатлівы храсток.
“Краю мой родны, як выкляты Богам…” Не памыляўся другі наш класік: сапраўды, выкляты! Колькі спробаў адраджэньня-абуджэньня — і ўсё марныя спробы, і пасьля іх — ня проста адкат назад, а ці не татальнае вынішчэньне ня толькі маладых парасткаў, а й бацькоўска-мацярынскіх каранёў, распыл самога грунту — каб і заваду не было, каб скончыць з гэтай клятай беларушчынай раз і назаўсёды.
Цяперашні распыл — самы жахлівы, бязьлітасны і ці не апошні, канчатковы. Тое, што робіць сёньняшні рэжым з беларушчынай, можна параўнаць хіба толькі з польскім тэрорам на заходнебеларускіх абшарах у 20—30-х гадах мінулага стагоддзя. Але той тэрор можна хоць зразумець: яго ажыцьцяўлялі чужынцы, прыхадні, захопнікі. А сёньня? Чаму зноў запанаваў, ужо на ўсёй Беларусі, каланіяльны рэжым? Якой ступені звыродства мазгі трэба мець, каб вынішчаць нібыта сваё, крэўнае, беларускае? А яны ж, цяперашнія паны-рада, называюць сябе, як ні дзіўна, беларусамі. І аддаюць загады дубасіць дубінкамі тых, хто гаворыць па-беларуску, сьпявае беларускія песьні, ідзе пад беларускім нацыянальным сьцягам. І выганяюць, тым самым асуджаючы на пагібель, беларускае слова са школаў і вну. Дзе, у якой краіне сьвету магчыма такое: служкі ўлады ў Беларусі зрываюць са сьценаў улёткі, замазваюць-забельваюць надпісы са словамі “Жыве Беларусь!”. Хто растлумачыць, чаму гэта робіцца? І як яшчэ пасьля гэтага назваць усталяваны ў Беларусі рэжым, калі не каланіяльны?!
Згадалася прачытаная ў беластоцкай “Ніве” нататка аб тым, што палякі чытаюць назву беларускай газеты як “Гіба”. Усьлед за імі ўжо й беларусы пытаюць у шапіках не “Ніву”, а “Гібу”. Быццам бы нічога за гэтым не стаіць: прывыклі палякі да лацініцы, вось і чытаюць — “Гіба”. Аднак жа міжволі думаецца і пра зьдзек. Гіба — гэта ж нешта надта блізкае да гібення, да пагібелі. Там, на Беласточчыне, беларусы на сваёй этнічнай зямлі, але не ў сваёй дзяржаве, і вымушаны цярпець, трываць зьдзекі. І ня толькі зьдзекі: калі б не праваслаўе, беларусаў там даўно б не было і знаку. Зрэшты, неўзабаве, па ўсім, і ня будзе: працэс апалячваньня — нястрымны і татальны.
Мы, нібыта, на сваёй зямлі і ў сваёй дзяржаве, ды, аказваецца, у сваёй — толькі па назьве. Рэспубліка Беларусь, а што ў гэтай рэспубліцы беларускае? Дзяржаўныя ўстановы? Не! Суд? Не! Асьвета? Не! Армія? Не! Радыё, тэлебачаньне? Не! Царква? Таксама не! Парламент? Зноў жа, не: аніхто там ні разочку не азваўся апошнім часам беларускім словам! Практычна ў беларускай дзяржаве анічога беларускага! Калі ж сёе-тое і ёсьць, дык часьцей за ўсё — фармальна, вонкава беларускае, па назьве, а не па сутнасьці. Дзеці беларускае зямлі, адарваўшыся ад матчыных грудзей, тут жа трапляюць у чужародную атмасферу, і ёю яны вымушаны дыхаць цягам усяго дадзенага ім Богам жыцьця, ні году, ні месяца, ні тыдня, ні дня так і не пражыўшы цалкам беларускім жыцьцём — каб усё атуляла, пеставала, суцяшала, мілавала, натхняла, мацавала яго беларускасьць!
Але — до (у сэнсе — досыць), як кажуць у нас на Лагойшчыне. Болька гэтая настолькі балюча-незагойная, што яе ні замовіць, ні залекаваць: усё адно пячэ, смыліць, ные. Пра што ні пачні, пра што ні згадай, нават пра самае для цябе радаснае, шчасьлівае, сьветла-шчымлівае, а яна ўсё адно напомніць аб сабе. Ды ў дадатак, на фоне сьветлае, ціхае, радаснае згадкі, яшчэ болей заные-забаліць. Гэтак забаліць, што й трываць нясьцерпна…
Убіліся ў галаву Коласаўскія словы “шчасьлівы мамэнт”, прынесьлі “сьветлыя згадкі з сабою” пра адзін мой жыцьцёвы шчасьлівы міг, калі была-жыла мама, і калі сам быў малады і амаль што бязгрэшны, хіба за выняткам таго, што вось так неўспадзеўкі і недарэчна начараваў цётцы Ганьне. А чым скончылася? Горкаю, пякучаю сьлязою і даўнім застарэлым болем. У маёй Таклюсі як не ўпяклося, дык не ўварылася… Надта ж нашая, беларуская прымаўка! Няйначай, усе мы і папраўдзе Таклюсі-недарэкі. Быццам ня Бог над намі і ў нас, а — сам д’ябал.
Згінь, сатана!
Чэрвень 2003 г.
«Дзеяслоўцы» шчыра віншуюць свайго старэйшага сябра і сталага аўтара
Міколу Сымонавіча Гіля з 70-годдзем і зычаць яму творчага плёну,
наймоцнага здароўя, шчасьця і радасьці ў працы на карысьць роднай Беларусі.
Публікуецца на сайце з ласкавай згоды
Рэдакцыі
"Дзеяслова"
|