|
Вольга Іпатава
Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба
Аповесьць. (Заканчэньне)
УЦЁКІ НЕ АДБЫЛІСЯ
Ноч таемна шапацела сьнегам, ляпіла з вартавых, калі яны хаця на хвіліну выходзілі з вежаў, дзівосныя фігуры, падобныя да тых, якія спальваюць з прыходам Вясны-Лялі. Сьнег падаў і падаў, і варта ўжо з гадзіну нават і не спрабавала выходзіць з утульных, з цёплай печачкай, старожак, толькі час ад часу хто-небудзь высоўваў галаву і спрабаваў углядацца ў цемру, якую дарэмна спрабавалі разагнаць смалякі, што натужна трашчалі і шыпелі пад металічнымі, з адтулінай, накрыўкамі.
Начальнік другой зьмены ля Верхняе брамы Дрозд, які нядаўна зьмяніў варту Ваўка, нудзіўся. Цэлую ноч змагацца са сном нялёгка. І хаця ён добра выспаўся перад дзяжурствам, сёньня ў яго ламіла косьці і ныла ў вантробах. Чым і як лячыцца ад гэтае напасьці, ён добра ведаў. Але сёньня ў замку не было аніякіх баляваньняў, і наперадзе не сьвяціла нават глытка добрага цёмнага піва, ужо ня кажучы пра медавуху. Таму ён паныла сядзеў у куце і назіраў, як вартаўнікі робяць выгляд, нібы яны слухаюць ноч. Хутка ён зноў пагоніць іх аглядаць сьцены, перагукацца з ніжняй вартай і ўтоптваць сьцяжыны, па якіх раніцай першымі пабягуць кухары і пакаёўкі, а за імі малодшыя дружыньнікі, каб да таго часу, пакуль прачнецца вялікі князь, навокал усё было гладка і Альгерд мог пакрочыць па двары альбо ўніз, не баючыся замачыць свае тонкія юфтавыя боты.
Але калі маліцца багам ды слухацца іх, то шчасьце прыходзіць нібыта само сабой. У тым Дрозд пераканаўся, калі зарыпелі дзьверы і, здымаючы адной рукой з галавы башлык, у вартоўню зайшла памочніца малодшага кухара Бярозка. У другой яе руцэ гнулася лазовая ручка ад аплеценага лазой гляка, у якім – Дрозд імгненна вызначыў гэта па паху – штурхалася ў сьценкі вышэйшага гатунку медавуха.
Бярозка зьявілася ў замку ўсяго тыдзень таму, і бачыў яе Дрозд толькі некалькі разоў, калі яна прыносіла ежу для вартаўнікоў і для тых некалькіх вязьняў, якім быў аказаны гонар – сядзець у замкавых сутарэньнях. Адкуль жа медавуха?
– Што гэта? – асьцярожна запытаўся ён, старанна хаваючы радасьць. Раптам яна нясе гэты гляк кудысьці, і толькі зайшла да іх на якую хвіліну! Але Бярозка яго супакоіла:
– Вялікая княгіня загадала занесьці гэта вам. Табе... – паправілася яна, зьвяртаючыся да Дразда.
– Ну, калі ты, вядома, захочаш падзяліцца з іншымі.
І, апярэджваючы пытаньні, дадала:
– Яна не спадзяецца перажыць гэтую ноч. І помніць, што некалі ты ўратаваў ёй жыцьцё. Таму хоча разьвітацца з табою, пасылаючы гэтае пітво.
Дрозд з радасьцю перахапіў гляк, ад паўнаты пачуцьцяў ушчыкнуў дзяўчыну, а яна, лоўка вывернуўшыся, папярэдзіла:
– Вы ж толькі па глытку зрабіце тут, а то ўгледзіць хто, данясе ваяводзе. Зараз я і есьці прынясу.
Яна хуценька выскачыла за дзьверы, а Дрозд, адкаркоўваючы старанна засмалены лычык пасудзіны, апавядаў даўно вядомую стражнікам гісторыю аб тым, як летась княгіня Марыя, спускаючыся да брамы, пасьлізнулася, і яе па першым зімовым лядку панесла напрасткі на вострыя драўляныя, абабітыя жалезьзем калы, да якіх прывязвалі стражнікі коней. Аднак Дрозд перахапіў гаспадарыню і, штурхануўшы яе ў мяккі сьнег і адвёўшы ад калоў, сам не ўратаваўся і ўпіўся-такі плячом у жалезьзе, расьсекшы лапатку. Было шмат крыві, давялося клікаць шаптуху, якая, да жаху прыдворнага лекара Ганса, заматала рану павуціньнем, і яна на дзіва хутка зацягнулася. Вялікія ўладары дзячылі Дразду пастаянна. Адразу ж ваявода зрабіў яго старшым над вартай Верхняга замку, а княгіня адарыла выратоўцу вялікім срэбным талерам. Цяпер, бязьмерна расчулены, ён наліў у драўляны, выразаны з ясеню, ладны глячык напой, і з воклічам “За нашу гаспадарыню!” выліў яго ў свой губасты, прагны да пітва рот. Пасьля перадаў глячык іншым.
Калі Бярозка вярнулася з чарпаком і драўляным вядром з аўсянай кашай, адкуль патыхала парай, у старожцы стаяў гул і рогат. Дрозд адмахнуўся ад дзяўчыны, калі тая запрасіла іх павячэраць.
– Ты лепей бы салёных гуркоў прынесла!
– А што я буду рабіць з кашай?
– З кашай?
Дрозд падумаў. Хмель ужо віраваў у ім, туманіў галаву. Звычайна стражнікі каштавалі ежу, пасьля астаткі несьлі самым знатным вязьням. Рабілася так дзеля таго, каб, ратуй Пярун, не атруцілі па нейчым заказе кагосьці з іх. Бо некаторыя вязьні ўсё яшчэ захоўвалі таямніцы, пра якія хацелі даведацца як вялікі князь, так і яго акружэньне.
– Ат, занясі ты ім сама!
Звычайна варыва заносілі стражнікі, але сёньня, па ўсім відаць, ніхто не хацеў адрывацца ад медавухі. Пойдзеш – і нічога не пакінуць табе прагныя да напою хлопцы! Дразду ж хацелася сёньня быць добрым. Сама вялікая княгіня адзначыла яго!
– Глядзі толькі, каб яны ня зьелі цябе замест гэтай кашы! – п’яна крыкнуў ён і зноў прыпаў да гляка. Ноч на дварэ, сьнег шалясьціць па цагляных сьценах, трашчаць смалякі... Дарогу да Верхняй брамы праглядае ніжняя варта – чаго асабліва турбавацца!
...Дзяўчына пацягнула вядро ўніз, па вышчарбленых пляскатых прыступках, і, хаця яно было цяжкае, крокі яе паскараліся. Яна перадыхнула імгненьне і, пакінуўшы вядро ля дзьвярэй, упэўнена дайшла да чацьвёртае каморкі і зазірнула ў яе цёмную зяпу. Пасьля паклікала таго, хто павінен быў там знаходзіцца.
Спачатку было ціха, але прайшло некалькі імгненьняў, зазьвінела жалезьзе, і слабы голас, ад якога яна ўся задрыжэла, прашаптаў зьдзіўлена і недаверліва:
– Уна?!
– Гэта я, я. Кумец. Ты не чакаў мяне, канешне. Але я прыйшла. Прыляцела, каб вызваліць цябе адсюль.
Яна задыхалася, сэрца яе калацілася – не ад цяжкага вядра, якое яна только што правалакла па высокіх прыступках, а ад таго, што там, у каменнай пячоры, жывым азваўся да яе той, аб кім яна думала ўсе гэтыя пакутныя месяцы. Яна сама ніколі не прыйшла б да яго першаю, калі б ён ня быў бязьлітасна вырваны са свайго асяроддзя і ня кінуты ў шэрагі адрынутых і багамі, і ўладай, і людзьмі. Урэшце, так сталася і з ёю. І хто мог бы асудзіць яе цяпер?!
Ёй ужо не было месца ў Вільні, яна і зараз, застаючыся тут амаль ужо на два месяцы пасьля наведваньня іхняга дому Бурылам і шукаючы паратунку для Кумца, падстаўляла пад пятлю ня толькі сябе, але і галаву брата, які бязьмерна любіў яе і дапамагаў. Наўрад ці маглі б уратавацца і тыя, хто дапамог ёй зьявіцца ў замку, амаль усутыч з людзьмі, хто мог яе апазнаць, выдаць, затрымаць.
У яе ўжо не было нават часу. Небясьпека ішла па ейных сьлядах, як ішла за ёю нянавісьць аднаго з самых магутных людзей у сталіцы – вярхоўнага жраца Перуна.
Коратка, таропка яна перадала Кумцу сваю гісторыю.
– Цябе ўсюды шукае Бурыла, а ты прыйшла ратаваць мяне? – запытальна-недаверліва сказаў Кумец, і голас яго перарваўся.
– Не пытайся ні аб чым, бо пад замкавай гарою чакаюць Круглец і наш слуга Рамша з коньмі. Ты паімчышся куды хочаш: у Германію ці Рым, у Візантыю ці Чэхію. Ты будзеш свабодным!
– А Няжыла – ён таксама паедзе са мною?
– Вядома! Мы купілі каня і для яго.
– А іншыя?
– Хто пасьпее выскачыць – той уратуецца. Стражнікі наверсе ўсе сьпяць, і можна непрыкметна выпаўзьці ўніз, пад гару. Але я не змагу адчыніць усе замкі. Часу зусім мала!
– У мяне яго зараз стала замнога...
Яна амаль ня слухала:
– Вось абцугі – трэба хутчэй зьняць жалезьзе. Ты, відаць, нацёр ногі да крыві!
Яна тузала ланцугі, якія паблісквалі ў слабым чырванаватым сьвятле смаляка, запаленага ў калідоры, але рукі яе сутыкнуліся з ягонымі, цьвёрдыя пальцы абхапілі запясьце дзяўчыны.
– Уна, пачакай. Я хачу табе нешта сказаць...
– Брат, хто там з табою? – данёсься да іх устрывожаны голас Няжылы.
– Пачакай, брат, памаўчы!
У каморцы сьмярдзела потам і гнільлём. Салома пад нагамі Уны была вільготнаю. Са сьцяны тачылася вільгаць, у яе за колькі імгненьняў ужо скарчанелі ногі. Яна не разумела спакою Кумца. Чаму ён ня рвецца адсюль? Чаму абцугі, якія яна амаль сілком уклала ў ягоныя рукі, яшчэ не выварочваюць цяжкія ковы, якімі ён, гэты разумны, прыгожы хлопец, прыкаваны да сьцяны? Жаль да яго, што захапіў яе істоту тады, калі яна толькі дазналася аб ягоным арышце, а яшчэ жах быць злоўленай, небясьпека і захапленьне ўжо зьдзейсьненым прымушалі яе гарачкава гаварыць і пытацца.
– Ты можаш варушыццца?
Ён не адказваў, сядзеў у нейкім здранцьвеньні.
З кожным імгненьнем расло і мацнела нешта непапраўнае, тое, на што не разьлічвалі яны з братам, два месяцы рыхтуючы дзёрзкі і, як ім здавалася, беспамылковы план пабегу братоў з вязьніцы. Абое яны, добра ведаючы замак і ягоныя патаемныя хады, разьлічылі ўсё наперад: і службу Уны пад выглядам дачкі аднаго з віленскіх месьцічаў, і атручанае сонным парашком віно, якое зараз павінна было ўжо падзейнічаць на варту, і вераўчаную лесьвіцу, па якой вязьні вылезьлі б за муры замку і, асьлізнуўшы ўніз, селі б на коней, якія чакалі іх непадалёк, і нават пропускі беглякам, якія пад выглядам пасланцоў князя маглі без усялякіх перашкодаў выехаць праз Вострую браму пасярэдзіне начы... Адзінае, чаго яны не змаглі – гэта загадзя папярэдзіць Кумца і Няжылу аб сваіх планах. Але хто мог падумаць, што ён, той, да каго ірвалася ўся яе душа, замест таго каб сьпяшацца з вязьніцы, стаіць на сьмярдзючай саломе і спакойна глядзіць на яе, нібыта з нейкай далечы!
– Чаму ты не вызваляешся ад ланцугоў? – амаль выкрыкнула яна нарэшце. – Можа, на цябе навялі морак гарцукі? Ці сам Жыжаль?
Ён усё глядзеў на яе, міргаючы. Як асьлеплены слабым водсьветам недалёкага смаляка. Нарэшце ўстаў, патузаў жалезны пояс з замком, на якім мацаваўся ланцуг. Адарваць яго было немагчыма.
– Мяне трымае ня гэта, – сказаў ён нарэшце амаль бязгучна.
– А што?!
– Ня ведаю, як табе сказаць...
– Бяры абцугі, Кумец! Ці давай я сама раскую твой ланцуг!
– Пачакай, не сьпяшайся, – ён адвёў дзявочую руку. – Тут, у цямніцы... да мяне прыходзіў Усявышні... Я бачыў яго як зьзяньне. І гэта... дало мне такое сьвятло! Такую радасьць і такую моц!
– І... што?! – яна не разумела.
– Я ўзгадаў, што казаў мне аднойчы Лойка: такое сьвятло ідзе з далёкіх зорак, з самога Ірыю.
– Кумец, стражнікі хутка ачомаюцца, тады нам ня выбрацца!
– А ці стане Сьвятло прыходзіць да мяне... там? – ён паказаў рукой у накірунку лесьвіцы. – Там, дзе тлум, пагоня за багацьцем, за ласкаю князя... дзе няма калі думаць аб тым, навошта дадзенае нам жыцьцё? Думаю, яно мяне пакіне. Т а м я стану ранейшым – трохі веры, трохі ўцехаў. І ўсё як ва ўсіх.
– Чаму ж пакіне?... да цябе яно будзе прыходзіць усюды! Чаму ж не? – яна разгубілася, як губляюцца перад вялікім няшчасьцем. Гэта было так неспадзявана, так... несправядліва! Колькі яны з братам зрабілі дзеля таго, каб зьдзейсьнілася немагчымае: уцёкі з замкавае цямніцы, дзе днём амаль ні хвіліны двор не бывае пустым, дзе столькі варты, дружыньнікаў, гасьцей!
– А твой брат... Ты вырашаеш і за яго?
– Майму брату перабілі нагу, і я, тым болей ты, яго адсюль ня вынесу. Што ж – значыць, і яму, як і мне, варта падумаць над усім, што з намі адбылося, – раздумліва адказаў Кумец, і рука яго звыкла падклала пад плячо, да крыві нацёртае (цяпер яна бачыла гэта і ў скупым сьвятле) жалезьзем, кавалак таго, што засталося ад ягонага парчовага каптана. Дарагія некалі рэчы, што цяпер сталіся толькі рызьзём, глядзеліся на ім так, нібы ён усё жыцьцё насіў толькі гэтае: рызьзё, лахманы, бядноцьце, і не заўважаў таго. Але смуглявае маладое цела было ўсё тым жа – пругкім, цьвёрдым, нібыта і ня месяцы праседзеў ён тут без аніякага руху, а толькі ўчора прыйшоў з паляваньня альбо балю ў палацы князя. І пачуцьцё, што яе зашпурнулі ў бездань, што яна ляціць уніз, не адчуваючы пад сабою нават далёкага дна, прымусіла яе заплакаць і прагаварыць ужо з папрокам, з горыччу:
– Нас з Кругляцом павесяць на сьвяшчэнным дубе, калі зловяць і дазнаюцца, што мы спаілі варту…
– І хацелі вызваліць нас з братам? – дагаварыў Кумец. – Думаю, што Усявышні ахіне вас крысом свае літасьці, і ворагі вас ня выкрыюць. Ідзі адсюль, Уна, ідзі хутчэй, і забудзься на мяне. І твой брат няхай таксама забудзецца. Іначай нашае сваяцтва дорага вам абыдзецца. Дзякую за ўсё, і за тое, што клапоціцеся нават пра такіх далёкіх сваіх сваякоў, як мы...
Яна сьцялася, як ад удару. Не сваяцкае пачуцьцё вяло яе сюды, і не ад яго хацелася маладой дзяўчыне прыхінуцца да гэтага прыгожага, такога спакойнага ў сваіх няшчасьцях юнака. Яна адчула, што ён наўмысна загаварыў аб сваяцтве. Не сьляпы ж ён і не глухі, каб не адчуць, што вяло яе сюды, чаму яна, плачучы, ня хоча сыходзіць. А варта толькі каму-небудзь зайсьці да варты і пабачыць, як валяюцца гэтыя мацакі па вартоўні, сонныя і ачмурэлыя, як адразу ж уздымецца трывога, і тады яна ніколі ня выйдзе з гэтае страшнае цямніцы! Ён падштурхнуў яе:
– Ідзі ж!
– Я не пайду без цябе! Я... я застануся тут!
– Падумай пра Кругляца!
– А іншыя? Ім таксама патрэбнае тваё зьзяньне? Яны маглі б атрымаць свабоду!
– Тут два забойцы і тры злодзеі. Думаю, Бог ведаў, што ім трэба, таму яны ў вязьніцы, дзе падумаюць над тым, як і чым жыць. Віленскаму люду будзе бяз іх спакайней. Але рашай сама, Уна. Вызвалі іх замест мяне.
Тады яна пайшла, хістаючыся, да выхаду. Спатыкнулася аб вядро, якое глуха шмякнулася аб падлогу. Застыглая зьверху каша засталася гарачай і балюча абвалакла нагу. Ужо ступіўшы на першую прыступку лесьвіцы, дзяўчына азірнулася:
– Чаму?!
І пачула дзіўны адказ:
– Таму што люблю.
– Мяне?!
– І цябе таксама.
– Таксама?!
– Я люблю ўсіх людзей, Уна. І цябе сярод іх.
Дзяўчына кінулася ўверх па лесьвіцы, спатыкаючыся і плачучы ўголас. І пакуль адольвала прыступкі, усё чула трывожны голас Няжылы:
– Хто там, брат, хто там?
– Хто там? – крычалі і іншыя вязьні – хрыпата і адчайна, нібы глоткі іх зацягнула цінай доўгага маўчаньня, і яны адвыклі вымаўляць нават простыя словы.
І глуха-глуха, нібы з бездані, гучаў спакойны голас Кумца:
– Захавай, Божа, душы нашыя, а ня целы, пакінь нам сьвятло тваё, каб мы ачысьціліся…
Варта яшчэ спала – каго дзе застаў нечакана моцны і небясьпечны хмель, аднак Дрозд, што зваліўся на лаву, пачынаў пакутліва варушыцца, нават прыўзьняў галаву. Было ціха, адно трашчалі на сьценах смалякі. Уна асьцярожна дастала з вышытага скуранога футаралу, што вісеў на пасе аднаго са стражнікаў, шырокі блішчасты нож, вой таргануў нагой, павярнуўся на дубовым пяньку і тут жа зноў заплюшчыў вочы.
Яна асьцярожна, амаль ня дыхаючы, прайшла па сонным калідоры, прасьлізнула за сьпіной вартавога, што, аблеплены сьнегам, нерухома стаяў непадалёк ад дзьвярэй і глядзеў на дарогу наперадзе, дзе вялізным белым памазком бяліла і бяліла зямлю завіруха.
Тут, на вышыні, вецер завываў асабліва моцна, і ў яго злавесным завываньні патаналі іншыя гукі. Уне, абдзіраючы рукі і дзе-нідзе насякаючы зарубкі забраным нажом, удалося пралезці па ледзяным сьлізкім каменьні сьцяны да месца, дзе на ўбітым загадзя круку была замацаваная вяроўчатая лесьвіца. Перад тым як учапіцца за хрумсткія ад наледзі вяроўкі, яна зірнула на сьцяну высокай круглай вежы. Там, у вузкай шчыліне акна, слаба сьвяціўся жоўты агеньчык. Як савінае вока, цікаваў ён за Вільняй, за ўсім Вялікім Княствам.
Яна ня ведала – вялікі князь сядзеў над сталом, дзе ляжалі данясеньні віжоў аб тым, што кажуць пра яго вязьняў-хрысьціянаў замежныя паслы і купцы. Ён таксама думаў пра тых, хто пакутаваў унізе, і думкі яго былі надта невясёлымі...
КРУГЛЕЦ У РОЗДУМЕ
Расчараваньне і жаль, якія ахапілі Кругляца пасьля таго, як Уна вярнулася адна і расказала аб адмове малодшага з братоў выбрацца з падзямельля, патроху праходзілі. У сьнежнай крутаверці дзяўчыне ўдалося шчасьліва спусьціцца з замкавае кручы, разам са сваім надзейным суправаджэньнем незаўважна і хутка аддаліцца ад княскай гары, тым уратаваўшыся ад небясьпекі. Пра сёньняшняе яе жыцьцё з таго часу, як з адчыненага акна роднай сьвятліцы яна скочыла ўніз, ня ведаў ніхто, апроч брата.
Тады ёй пашанцавала так, нібыта несьлі дзяўчыну на крылах самі залатыя браты Ашвіны. А можа, і сапраўды яны паслалі ў тыя кароткія імгненьні, калі яна, скочыўшы ўніз, не зламала нагі і кінулася да дарогі, той карычневы вазок з залацістымі ўзорамі? У ім з гасьцяваньня вярталася дахаты багатая ўдава Вольха, некалі закаханая ў ейнага бацьку Леся. Удава пазнала дзяўчыну, схавала яе ў свой вазок, а пасьля прывезла дахаты. Яна ж узрадавала Кругляца вестачкай аб сястры, і гэта па задуме Вольхі замест сапраўднай Бярозкі ў замку пад ейным імем атабарылася іншая. Яна павінна была выбраць патрэбную хвіліну і патрапіць да вязьняў. Бярозку ж разам з яе бацькамі паслалі ў Чэхі, дзе яны змаглі адкрыць уласную карчму на грошы, шчодра ахвяраваныя Кругляцом.
Вольха надта старалася надаць Уне іншае аблічча, каб, ня дай Мокаш, не пазнаў яе хто са знаёмых. І праўда, было аднойчы, калі памочніцы малодшага кухара давялося несьці вячэру ў вартоўню: галоўны стражнік Воўк неяк дзіўна прыглядаўся да яе, пакуль яна разьлівала па тарэлах поліўку. Уна нават зьніякавела ад таго, хаця попельныя валасы яе, пафарбаваныя гарэшкамі альшыны, выглядалі касматымі і грубымі, а начарнёныя тым жа гарэшкам бровы зусім перайначылі яе прыгожы і пяшчотны тварык. Яна ўпарта шукала хаця якой зачэпкі трапіць да братоў. Аднак, хаця як і належала тое памочніцы, начавала яна ў пакойчыку каля кухні, каб першай, яшчэ да сьвітаньня, распальваць печ, за ўвесь тыдзень ні разу не давялося нават наблізіцца да лесьвіцы, якая вяла ў падзямельле: варта дзень і ноч пільнавала сховы. І тады разам з братам яны прыдумалі іншы план – дзёрзкі і нечаканы, з сонным парашком у віно стражнікам і вызваленьнем Кумца і Няжылы.
Але тыя разьлікі ня зьдзейсьніліся. Упартасьць Кумца здавалася неспасьцігальнай, і ўсе вырашылі: яго акруціў Злыдух і памуціў розум хлопца.
Праўда, слуга Рамша з асьцярогай выказаў шкадаваньне, што гаспадары не зьвярнуліся да галоўнага жраца храма Сварога Лойкі. Шапталіся ў народзе, што перад Лойкам расчыняюцца ўсе дзьверы таму, што некалі прыдбаў ён чароўную разрыў-траву. Ня кожны вядун можа яе дастаць, бо шлях да яе акрутны: замазаць глінай гняздо адной з вешчых птушак – сойкі, сарокі альбо савы, каб тыя птушкі не маглі насіць ежу сваім дзеткам. Паляціць тады птушка-маці шукаць разрыў-траву, каб ёю прабіць загароду і накарміць птушанят. А калі паляціць тая трава ўніз, трэба пільнаваць пад дрэвам, разаслаўшы белы абрус, а пасьля разрэзаць правую далонь і зашыць пад скурай чароўнае зельле. Тады, калі штурханеш гэтай рукой любыя дзьверы, яны расчыняцца.
– Чаму ж не даўмеўся Лойка таемна прабрацца ў хату да Дзівейны, каб там знайсьці каралі? – загаварыла было Уна, ды абсеклася. Нягожа Лойку шныпарыць па чужых хатах, як якому вышуканцу ці віжу! Але Рамша растлумачыў па-іншаму:
– Людзі кажуць, што яго спыніла Нара. Мацнейшаю яна аказалася за Лойку. Ды толькі травы ў яе няма – не далася ёй разрыў-трава, бо ня кожныя рукі прыдатныя да таго!
Ніхто не гаварыў пра самае балючае: нашто была тая разрыў-трава, калі ўсе іхнія высілкі ўсё роўна сталіся марнымі!
Той жа ноччу Уна, зноў пераапрануўшыся хлопцам, як і тады, калі прыходзіла ў замак, ад’ехала ў Нямеччыну. Кумец застаўся ў Вільні. Наўрад ці дазнаюцца возны ці кашталян Нарбут аб тым, што зьніклая з замку Бярозка была насамрэч ягонай сястрой Унай. Ніхто ня мог ведаць аб тым. Яны пабачыліся ў замку толькі аднойчы, калі яна перадавала кругляк з нумарам, які трэба было падкінуць да вартаўнікоў, і ў скрыпторыі, як і па ўсім доўгім калідоры, тады не было ніводнае душы.
З таго дня, як іхняе з Унаю мірнае, спакойнае жыцьцё перапыніў вярхоўны жрэц, а любімая сястра мусіла хавацца і будучае для яе нібыта зьнікла, ён перастаў спаць па начах. Ляжаў, утаропіўшыся ў столь, глядзеў, як цені ад сьвечкі трапечуць па чырвоных цаглінах, як варушацца па кутах тонкія, ледзь улоўныя абрысы нейкага іншага жыцьця, якое – ён адчуваў гэта – пранізала іхні час і іхнія лёсы. Можа, гэта былі душы продкаў, якія спачувальна спрабавалі ахутваць іх заслонай ад няшчасьцяў, а можа, гэта ажывала будучае, якому ніякай справы не было да таго, што адбудзецца з ім і Унай.
Яе каханьне забрала цямніца. Але і ейнае жыцьцё сталася цямніцай. На яе наладзіў паляваньне сам вярхоўны жрэц, і калі б яна засталася тут, ягоныя віжы-выжлы рана ці позна выйшлі б на сьлед, сястру знайшлі б, каб аддаць у ахвяру Перуну. Выйсьця не было – ні яму, ні ёй.
План, які здаваўся яму самым дзейсным – каб Кумец разам з Унай і братам выехалі ў іншую краіну, не ажыцьцявіўся. А мог бы. Яны, зацныя людзі Княства, не прывязаныя да аднаго месца, ім адкрыты ўвесь сьвет. Багацьця ягонай сям’і дастаткова было для таго, каб сястра атрымала тое адзінае, чаго яна хацела і чаго заслугоўвала сваёй прыгажосьцю і самаахвярнасьцю – каханага мужа.
Аднак Кумец адмовіўся ўцякаць, і цяпер, калі ўсё абрушылася, і спроба вызваленьня не ўдалася, Кругляцу карцела самому сустрэцца з Кумцом і зразумець нарэшце, чаму ён застаўся тут, у Вільні.
Чаму? Гэтая думка не давала яму спакою. Хаця і быў ён хрышчаны і верыў у адзінага Бога, усё ж круцілася, тузалася ў ім сумненьне: няўжо сапраўды такая магутная ў Кумца вера, каб перамагчы нават страх сьмерці? Каб пераадолець у ім прагу шчасьця, каханьня, свабоды, хай сабе і ў чужой краіне? Але якая ж іншая прычына прымусіла б Кумца застацца ў сьмярдзючай каменнай дзірцы, гніць жывому і ня мець надзеі выбрацца?
Але выйсьце, хаця і інакшае, чымся ўцёкі з цямніцы, павінны знайсьціся. Сітуацыя ня бачылася яму беспрасьветнай. Украдзеныя смарагды недзе ж былі, і душа яго адчувала, што не Няжыла быў прычынай іхняга зьнікненьня. Рэчыца вярнулася дадому. Чаму? Хаця яе апанавалі нячысьцікі і яна амаль нікога не пазнавала, ды занадта вялікай была правіна, каб проста так адпусьціць яе дахаты. Да таго ж, Круглец ведаў, што допыты Няжылы не далі ніякага выніку. Яго дваццаць разоў усьцягвалі наверх на дыбе, яму палілі пальцы, але ён не сказаў, дзе каралі. Каб ведаў, ня вытрымаў бы гэткіх зьдзекаў. Круглец мог бы яшчэ паверыць у адчайную вытрымку чужога невядомага злодзея, якому, калі б віна была даказаная, пагражала страшная, з нялюдскімі пакутамі сьмерць. Аднак Кругляца ён ведаў. Перашкаджала паверыць у яго віну і іншае: зьвязьнілі амаль адразу, хаця і па розных прычынах, адразу абодвух братоў. Кумец трапіў у цямніцу не таму, што быў братам злачынцы, а таму, што быў хрысьціянінам.
Каму спатрэбілася зьмясьці са сваёй дарогі і Кумца, і Няжылу? Узьнікаў і адказ: таму, хто заняў іхнія месцы. А гэта былі людзі, зьвязаныя з Бурылам і, асабліва, з вярхоўнай жрыцай Нарай.
Круглец ведаў і пра вобыск у доме Дзівейны, які ня даў ніякага выніку. Але ня проста ж з нічога ніякага ўзьнікла падазрэньне ў Лойкі! Ды і не падазрэньне, а ўпэўненасьць, калі сам ён пайшоў да дому ды яшчэ пасьля маленьня.
Аднак, крычала ў ім нешта, Лойка ўпаў ля хаты, і магчыма, ішоў ён ужо апоены чамярыцай?
А калі паўставала перад вачыма Дзівейна, у ім нарастала трывога і агіда да яе. Ён зноў і зноў перабіраў у памяці падзеі апошніх тыдняў.
Нейкая сувязь была між тым, што менавіта Нара, яе сястра, першаю заўважыла крыж на грудзях Кумца – крыж, які быў схаваны ў таго пад кашуляю. І тым, што якраз на Дзівейну паказаў вялікі жрэц Лойка, ды пасьля таго ўпаў бяз памяці. Хаця ўсё гэта і трымалася ў вялікай таямніцы, але пра тое пасьпеў расказаць свайму сябру мечнік Сьвідрыгайла, які суправаджаў Лойку ў ноч гаданьня. А той расказаў Кругляцу падчас сустрэчы на вуліцы, пры тым бесьперапынна азіраўся па баках – ад страху. І нездарма.
Сьвідрыгайлу сьцялі горлам за нібыта хлусьню. Лойка пасьля таго гаданьня ледзь выжыў – мабыць, зайшоў занадта далёка ў іншы сьвет. Калі ж ён страціў прытомнасьць і быў перанесены ў храм, яго лячыў жрэц Вакула. Ды толькі хворы чамусьці не здаравеў. Наадварот – ён траціў сілы штодзень і, калі вярхоўнаму жрацу стала зусім блага, сьсінеў як мярцьвяк. Спруцянелага Лойку паклалі на сьмяротнае ложа і праз тры дні намерыліся спаліць, як тое і належала. Пайшлі перамовы: хто стане галоўным жрацом, каго выбера вялікі князь і зацьвердзяць мудрыя старцы. Перашкодзілі таму Ашвіны – з іхняга галоўнага сьвяцілішча на пахаваньне Лойкі прыехаў надта абазнаны ва ўсіх атрутах старац. Ён і адкрыў, што Лойка яшчэ жывы, і сам прыгатаваў для яго напой, пасьля якога той расплюшчыў вочы. Жрэц Вакула некуды зьбег, яго шукаюць па ўсім Княстве.
У храме Сварога пасьля таго паставілі моцную ахову супраць злыдухаў, і Лойка стаў папраўляцца. Але ж каму патрэбная была ягоная сьмерць? Нары ці самому вялікаму князю? Але нашто?
Шукаць смарагды ў доме сястры вялікай жрыцы не маглі б без дазволу самога вялікага князя. Чаму ён даў такі дазвол?
І Круглец вырашыў дзень і ноч сачыць за домам дзяўчыны, чый лёс уплёўся ў лёс Кумца, а праз Уну – і ў ягоны. Ён бачыў Дзівейну толькі два разы, і тое адбывалася ў час пакланеньняў у храме Лады, куды прыходзіла ўся знатная моладзь Вільні нават часьцей, чымся ў храм Перуна ці Вялеса. Прыгажуня, моцная, як маладая рэпка, глядзелася нявіннай і чыстай, як крынічка, але абвостраны позірк Кругляца ў гэтай гарачай усьмешлівай маладосьці адчуваў нешта трывожнае для яго, нейкую схаваную глыбока чарнату...
І ён загадаў свайму слузе, каб той заняўся віжаваньнем разам з даверанымі людзьмі Лесевага дому. Маладога затворніка напачатку моцна бянтэжыла тое, што ён змушаны карыстацца віжаўством, але іншага выйсьця, каб вызваліць Кумца і Няжылу з вязьніцы і выратаваць сястру, ён ня бачыў. Падазраваў ён і сувязь Бурылы з Нарай – таксама сувязь таемную, нябачную для іншых, але такую моцную, якая магчымая толькі паміж людзьмі, зьвязанымі агульнымі інтарэсамі. Якія былі тыя інтарэсы? Жрацы таго ці іншага бога часам варагавалі адзін з адным, змагаючыся за ўплыў, але храмы Лады і Перуна заўсёды жылі ў згодзе.
Усе ягоныя падазрэньні былі хісткімі – такімі ж, як цені на столі, але ён думаў над усімі падзеямі, што пранесьліся праз апошнія месяцы бурапеннай віхурай, кожныя дзень і ноч. А з таго часу, як віжы пачалі дакладаць яму аб тым, хто і калі прыходзіў у дом Дзівейны, ён стаў упэўнівацца, што душа ягоная прадчувала многае з таго, што схаванае пад покрывам сьвятасьці і жрэчаскіх інтарэсаў.
Ён даведаўся аб тым, што Дзівейна некалькі разоў удзельнічала ў закрытых сьвяшчэннадзействах у храме Лады, дзе ва ўкрадзенае адзеньне вялікага князя Альгерда былі ўшытыя магутныя заклёны аб каханьні. Дазнаўся і аб тым, што з храма Перуна пачалі разыходзіцца чуткі, што толькі прыгажуня Дзівейна прынясе шчасьце Вільні, калі стане вялікай княгіняй. Ніхто не сумняваўся, што Марыя Віцебская памрэ, а князю бяз жонкі не абысьціся. Дык няхай возьме ён тую, якая верная старым багам, і тады яны змогуць адвесьці ад Вільні няшчасьці... А няшчасьці стаялі ля парога княства – законны гаспадар Яўнут, як даносілі весткі, зьбіраўся адбіраць свой сталец. Не спакайнелі і іншыя браты Альгерда, а між тым набіралі сілу і іхнія сыны, спадчынныя княжычы.
Паступова ў галаве яго пачалі складацца, кавалак за кавалкам, дэталі вялікага плану, задуманага жрацамі. Браты Кумец і Няжыла былі не вінаватыя, але па задуме жрацоў іхнія жыцьці павінны легчы пад нейчыя колы, каб стаць гацьцю, па якой праедуць іхнія калясьніцы. Ганеньні на хрысьціян былі зараз патрэбныя жрацам, як ніколі. Новы шлюб Альгерда павінен узмацніць іхні ўплыў. Першым вынікам арышту братоў сталася тое, што ў замку павялічыўся ўплыў Нары. Яна заклікае да сябе княжычаў і першаю віншуе з народзінамі маладых князёўнаў... Замененая пакаёўка, як пачало здавацца многім, адсоўвае ў цень тых, хто любіць Марыю і цягнецца да яе. Можа, гэта і выпадкова. Але чаму Рэчыца, не пасьпелі яе як сьлед дапытаць, адразу ж паказала на свайго жаніха? Вядома, як кахала яна яго, як радаваўся іхняму будучаму шлюбу Кумец, брат Няжылы. Што ж зрабілі з ёю, чым запалохалі?
Калі ўзвысіцца Дзівейна, то Альгерд будзе цалкам у іхніх, сквапных і бязьлітасных руках. Так, Круглец цяпер мог казаць гэта пра жрацоў. Сьвяцілішчы былі поўныя каштоўнасьцяў, але летась, у голад, толькі маленькая часьцінка тых багацьцяў пайшла бедным людзям, але які шум паднялі жрацы, апавяшчаючы віленскі люд аб сваёй дапамозе!
Ды ён быў бясьсільны. Упершыню ён, знатны і магутны чалавек, адчуваў сябе пясчынкай на дарозе, якую можа ўзьняць і перанесьці куды захоча магутны вецер. Ён баяўся таго, што ягоныя з сястрой захады дапамагчы братам будуць выкрытыя жрацамі – у іхняй магутнай сіле ён пераконваўся ня раз.
Што, калі яны адкрыюць, што не раптоўна зьніклая служка Бярозка прыслугоўвала на княскай кухні, а ягоная сястра Уна, якую паўсюль шукалі выжлы Бурылы? Ёй бы трэба было зьехаць адсюль нашмат раней, была б цяпер яшчэ далей ад небясьпекі, але тады моцна трымаў яе тут Кумец. Яна не хацела шчасьця без яго.
І ён, ейны брат, быў таксама прывязаны да ўсяго, што раптоўна завязалася тугім вузлом здрады, хцівасьці і чужых планаў і зацягнула ў гэты вузел іх з Унай.
І ўсё ж ён вырашыў змагацца. Няхай ён загіне, ды затое ня як палахлівы заяц, што туліцца пад кустом у спадзяваньні, што яго не заўважаць драпежныя валадары лесу. Ды нават і заяц, калі выганяць яго з прыбежышча, аддае сваё жыцьцё толькі ўжо канчаткова змогшыся, аддае ў апошнім, сьмяротным, але высокім скачку. Няўжо ён, Круглец, здасца абставінам і замрэ, заляжа, ажно пакуль тугі вузел не захопіць яго горла ў пятлі, з якой ня выбрацца? Не, ён загіне ў адкрытым баі, ён будзе біцца да апошняга!
Дзьверы скрыпторыя выходзяць на лесьвіцу, а адтуль – усяго некалькі прыступак да пакояў вялікай княгіні, якія часта бываюць адкрытыя – у зачыненым пакоі яна задыхаецца. І ён вырашыў каравуліць ля дзьвярэй скрыпторыя і па магчымасьці назіраць ці хаця б чуць нешта з таго, што ў гэтыя дні віравала – ён адчуваў гэта – вакол княгіні Марыі.
На чацьвёрты дзень, адзінока седзячы ля адчыненых наўмысна дзьвярэй у вялікай залі, застаўленай куфрамі з кнігамі і сьпіскамі, бяздумна ўчытваючыся ў словы грэчаскага пергамена аб узяцьці вялікай Троі, ён пачуў шэпат, які, адбіваючыся ад вузкіх сьцен, быў выразна чуцён у скрыпторыі:
– Пачакай, яна яшчэ ня сьпіць...
Ён ціха спусьціўся па лесьвіцы, стараючыся, каб каптан не зачапіўся за шурпатую паверхню сьцяны, каб тоўстыя дубовыя масьніцы не рыпелі пад ботамі, і асьцярожна вызірнуў з-за вуглавога каменю, што востра вытыркаўся з каменнай кладкі.
Зімовае сонца з верхніх акенцаў залатымі чатырохкутнікамі клалася на шэрую каменную падлогу, высьцеленую каля пакояў княгіні калматымі баранковымі скурамі, высьвечвала звычайна цёмныя і панурыя куткі прасторнага калідору, ясна паказвала тых, хто, магчыма, хацеў бы схавацца ад яго – пакаёўку старэйшай князёўны Гайну і новую прыслужніцу вялікай княгіні, чарнавалосую і высокую Зязюлю, якую Марыя загадала пахрысьціць як Васілісу, бо не жадала карыстацца паслугамі язычніцы. Васіліса была ў клятчастай хусьце, накінутай на блакітную кашулю з чырвоным аксамітавым гарсэтам, Гайна ж была ў зялёным каптанчыку са срэбнай аблямоўкай.
Дзяўчаты шапталіся, але маладыя душы яшчэ не навучыліся лаўчыць і хітраваць па-сапраўднаму, таму галасы іхнія гучалі даволі гучна і выразна, так што Круглец чуў кожнае слова:
– А што, калі гаспадарыня загадае праводзіць сьледства? – турбавалася малодшая, спалохана азіраючыся па баках.
– Стрыга цябе забяры, дзяўчына! Няўжо мала табе двух срэбных талераў?
– Ня мала, не, але ж жыцьцё даражэйшае...
– Няма ўжо калі перарабляць усё, што задуманае, чуеш – няма, – Гайна павысіла голас, і Зязюля-Васіліса спалохана зашыпелала:
– Цішэй, яшчэ пачуе хто!
– А ты рабі тое, што абяцала!
– Баюся, галубачка, ой баюся.
Гайна выпрасталася. Круглец ня бачыў вачэй пакаёўкі, але з тым большай увагай глядзеў на невялічкі скрутак у ейных караткапалых, моцных пальцах, і белым ільняным скруткам гэтым яна ткнула ў грудзі сваёй суразмоўніцы:
– Калі ты, Стрыга цябе забяры, не пакладзеш іх туды, куды мы дамаўляліся, ты не пражывеш і тыдня. Чуеш ты – нават тыдня! Вялікая княгіня павінна надзець іх сёньня!
– Чаму – “іх?” – падумаў Круглец. – Што там такое – “яны”?
І ў той жа момант ён раптам здагадаўся, што было ў белым невялічкім скрутку. Гэта маглі быць толькі смарагдавыя каралі, якія вось ужо некалькі тыдняў шукалі патаемныя службы войта, і якія належалі вялікай княгіні.
Першым памкненьнем яго было жаданьне кінуцца да дзяўчат і выхапіць скрутак з рук Гайны, затым абвясьціць пра сваю знаходку варце і самому войту, каб ужо яны дазнаваліся, як апынулася гэтая каштоўнасьць у руках пакаёвак. Аднак абвостранае ўяўленьне адразу падказала яму, што будзе далей: Гайна падніме крык, што гэта ЁН трымаў у руках смарагды, што гэта ЁН быў злоўлены тут як злодзей. І гэтая, другая, пацьвердзіць усё, што скажа першая. І падчашы знойдзе яшчэ пару сьведкаў, якія будуць пераконваць вялікага князя, што бачылі яго тут з гэтым скруткам...
Ён, сьцяўшыся, чакаў далей. І ўбачыў, як, апусьціўшы галаву, узяла скрутак Зязюля-Васіліса, сунула яго сабе ў гарсэт, прамармытала:
– Пайду. Можа, яна яшчэ не прачнулася. А калі ня сьпіць, то я іх… заўтра…
– Сёньня, да заходу сонца. Што хочаш рабі, але яна павінна іх надзець... сёньня! Так паказала гаданьне. Заўтра прыязджае лекар з Візантыі, з гары Афон – чула пра такую? – патрабавала Гайна.
Зязюля-Васіліса шчыльней захутала шыю хустай, згорбілася і, адчыніўшы дзьверы ў пакоі сваёй гаспадыні, панура ўвайшла туды. Гайна сачыла за ёю, пасьля пругка, як зьмяя, пацягнуўшыся, азірнулася навокал і, хутка падабраўшы спадніцу, пашыбавала ў накірунку да пакояў старэйшай князёўны, што месьціліся ля супрацьлеглага ўваходу. Прайшоўшы некалькі крокаў, яна нібыта адчула погляд Кругляца, неспакойна паматляла плячыма, нібыта адганяла назойлівую муху, і зноўку хутка, ледзь схіліўшы галаву, агледзела ўсё навокал. Але ён ужо паднімаўся наверх, прыгнечаны і задуменны, абдумваючы, што трэба рабіць яму, і рабіць неадкладна...
Ён ня бачыў, што за ім краўся цень, разрастаючыся па сьцяне, дастаючы галавой высокую столь. Цень размахнуўся даўбешкай... Удар па галаве, храбусьценьне костак – і Круглец грымнуўся на каменную падлогу бяз памяці. Ён ужо ня чуў, як яго цела, засунутае ў мех, валаклі да вакна, як скінулі ў роў, што абкружаў замак, а пасьля – у Вяльлю. Ды толькі Усявышні, якому маліўся ягоны бацька ў Візантыі, відаць, дапамог маладому кніжніку: мех зачапіўся за галіну вярбы і не патануў, а тым часам па беразе скакаў баярын Кіян, які спалохаў нападоўцаў і выцягнуў Кругляца.
Аднак памяць аб тым дні і ўсіх абставінах злачынства да яго не вярнулася нават пасьля колькіх тыдняў, калі лекаваўся і паступова набіраў здароўя. А тым часам супраць яго ўзьнялася крутня: Бурыла і Нара запатрабавалі кары для новавыкрытага хрысьціяніна.
Альгерд жа, як палічылі жрацы, зноў даў круцяля: загадаў, каб сьледства – хто і дзе хрысьціў хлопца, правялі толькі пасьля таго, як Круглец цьвёрда ўстане на ногі. Пакуль жа няхай ляжыць у сваёй лажніцы, а дом будуць вартаваць стражнікі самога князя – каб нікуды ня ўцёк. Загад той мог азначаць і тое, што вялікі князь аберагае Кругляца ад новага замаху, і сам хоча яго дапытаць. А раптам памяць вернецца да хлопца? Але княжы загад жрацы пакуль ня сталі аспрэчваць. Мусіў яму падпарадкавацца і Бурыла, бо вялікі князь нібыта сам ішоў насустрач пажаданьням жрацоў. Толькі вось час мяняў абставіны, сам расстаўляючы па шахматнай дошцы ўсіх дзейсных асоб адпаведна яму аднаму вядомай задуме, і яны застывалі ў ім, часе, як казюркі ў бурштыне. Той бурштын праз стагоддзі дастануць нашчадкі і будуць углядацца ў Мінулае, каб нешта зразумець у Будучым...
ПАХАВАНЬНЕ МАРЫІ
Трашчалі, аплываючы, дарагія васковыя сьвечкі. Роўна, не спыняючыся, гучаў у храме Параскевы Пятніцы голас сьвятара Нестара. Вялікаму князю здавалася, што ў яго садралі скуру, і таму кожны гук, кожнае трапятаньне сьвечкі было балючым і адчувальным.
Жоўтае, страшнае сваёй нерухомасьцю і незнаёмасьцю цела, што ляжала перад ім у дубовай калодзе, не магло быць княгіняй Марыяй. Яе ён кахаў, абдымаў і лашчыў кароткімі летнімі начамі ў віцебскім замку над Дзьвіной, да яе пругкага жывата прыціскаўся, слухаючы штуршкі свайго першынца Андрэя, яе плечы гладзіў, калі яна ўдзячна схілялася перад ім пасьля чарговага падарунка, якіх ён многа прывозіў ёй са сваіх паходаў. І заўсёды ён адчуваў нейкую асаблівую аксамітнасьць, мяккасьць і вабнасьць гэтай жаночай плоці, нават калі васільковыя вочы жонкі выцьвілі і маршчынкі пабілі некалі бела-ружовы твар. З таго далёкага ўжо 1318 году, калі ён пабраўся з Марыяй, прайшло амаль дваццаць сем гадоў. Праляцелі яны, як цяпер здаецца, у адно імгненьне…
І ён задаваў сабе спрадвечнае і заўсёды горкае для сьмяротнага чалавека пытаньне: што засталося пасьля яе? І хто гэта ляжаў тут замест яе, над кім схіляўся знаёмы да кожнага паклону хрысьціянскі сьвятар з доўгай сівой і шырокай, як рыдлёўка, барадой?
Малодшыя сыны і дочкі прыехалі ў Вільню. Шкада, што ня будзе тут Андрэя – ён ужо чатыры гады княжыць у Пскове, пасьля таго як яны з Кейстутам баранілі пскоўцаў ад новагародцаў. Пскоў – горад Даўмонта, ягоны меч ляжыць там у храме недалёка ад ягонага цела, і Андрэй кляўся пскоўцам у вернасьці якраз на Даўмонтавай лесьвіцы. Хто мог бы думаць, што стане той родзіч караля Міндоўга сьвятым Цімафеем?
Нялёгкім было жыцьцё Даўмонта, воўкам па глыбокіх сумётах скакаў ён з родавых земляў, забіўшы Міндоўга і тым змыўшы ганьбу, калі той гвалтам забраў ягоную жонку. Колькі ваяваў за пскавічоў, колькі праліў варожай і сваёй крыві! А мог бы тую сілу і імпэт пакласьці за княства Наваградскае, з якога, як з бутона, вырасла Вялікае княства Літоўскае, што набірае моц, як крэпкі, ужо пасталелы дуб, з кожным годам усё шырэй раскідаючы свае галіны... Лепей бы не забіваў, а дараваў ёй грэх і ўрэшце пахаваў Даўмонт сваю жонку, як пахавае заўтра ён, Альгерд, сваю Марыю ці тое, што ляжыць у гэтай дубовай калодзе. Жрацы патрабавалі спаліць яе, як зазвычай тут, у Вільні, ды не пайшоў на тое Альгерд, бо адразу ж узбунтуецца Віцьбеск, а за ім і Полцеск. Але нязгоду са жрацамі давялося аплочваць, падпісваць указы, дзе тым ці іншым сьвяцілішчам рабіліся саступкі. Праўда, усё яшчэ ня вырашанай была справа Кумца і Няжылы. Супраць пакараньня Кумца паўстаў Лойка і вярхоўны храм Ашвінаў. Няжылу абараняў ваявода Гаштольд. Мудрыя старцы не маглі сабрацца – двое з іх па старасьці зьляглі і ледзь ліпелі. Таму, нягледзячы на згоду Альгерда і высілкі Бурылы і Нары, справа пакуль ня рухалася.
Вялікі князь шкадаваў, што Кумец занатурыўся і сам, як муха, палез у сьмяротнае павуціньне багіні сьмерці Марэны, замест таго каб голасна пакаяцца ды пасьля патаемна насіць свой крыж. Альгерд сам зрабіў бы менавіта так. Усё жыцьцё ён, як і ягоны бацька, мусіў выбірацца з найцяжэйшых сітуацый і ўзважваць ня сэрцам, а розумам. А хіба і Міндоўг не хістаўся ўсё жыцьцё паміж язычніцтвам і праваслаўем, паміж каталіцтвам і наваградскімі баярамі? Калі ты гуляеш у хованкі са сьмерцю і няслаўем, палюючы на ўдачу і ўладу, мусіш чуйна сачыць за кожным павевам ветру, за шэптам каласкоў на полі і за здрадніцкім бляскам нібыта прыхільных да цябе вачэй.
А пасьля ён зноў вяртаўся думкамі да тых дзён, якія правёў разам са сваёй княгіняй. І вынікала – мала было тых дзён, агурных* і бесклапотных. Усё захілялі доўгія, моташныя гадзіны ў сядле, пад сьнежнай завеяй ці сякучым ліўнем, налогі* на ворагаў ды змаганьні, а паміж імі – цянёты для непрыяцеляў і намаганьні, каб не зацягнулі ў цянёты цябе самога. Колькі памятае сябе: то пры бацьку адбіваліся ад Полюша, за якім стаяў сам вялікі магістр Карл Трырскі, то зусім нядаўна – ад сьмяротных інтрыг хана Узьбека ды крыжакоў, ад сварак Цьверы і Масквы. А ён, гаспадар Вільні, – у цэнтры тых сварак. Старэйшая сястра Марыя была за цьвярскім князем Міхаілам, па-здрайску забітым у Залатой Ардзе з-за даносаў маскоўскага князя Юрыя. Пасьля ягоны наступнік Іван Каліта заліў Цьвер крывёй і за тое атрымаў ярлык на вялікае княжаньне ад татар. Сястра Аўгуста за Сімяонам Гордым, старэйшым сынам гэтага прагнага і подлага Каліты, з-за якога восем гадоў таму паклаў у той жа Залатой Ардзе сваю галаву Аляксандр Міхайлавіч з сынам Хведарам. І зараз Каліта цягне сквапныя лапы свае да Цьвярскога княства, ды Цьвер пакуль не здаецца маскоўскай ганарлівай і па-азіяцку вераломнай уладзе. Шукае падтрымкі ўсюды, а найперш тут, у Вільні, у крывічоў, аднапляменьнікаў. Гатовая прапанаваць яму, вялікаму князю, нявесту, – ужо з таго часу, як занядужыла Марыя, сачыліся ў гаворках паслоў намёкі на прыгажуню Юльяну, дачку Аляксандра Міхайлавіча. Узяўшы яе, ён умацаваў бы сувязі з Цьвярскім Княствам, і, магчыма, яны разам адолелі б Маскву, а землі разам з іншымі маглі б некалі стаць часткаю Вялікага Княства…
Задушлівы водар жоўтых сьвечак туманіў галаву. Сьцены маленькай цэркаўкі, з яе шэрымі сьценамі і багатым, у чырвона-залатых і сініх фарбах іканастасе, плылі, нібы стаяў ён, Альгерд, пасярэдзіне ладдзі, а грабцы штосілы граблі ў шэрым марыве зьвечарэлай ракі.
– Ня сьпі, вялікі князь, – перапыніўшы чытаньне, строга сказаў Нестар. Ліловая раса яго, абшытая залатой кручанай тасьмой, блішчэла, пералівалася ў жоўтым трапяткім сьвятле. І сьвяточнасьць адзеньня як разанула Альгерда, прымусіўшы яго яшчэ раз напоўніцу, да сьмяротнага холаду ў чэраве адчуць урачыстасьць і непаўторнасьць сьмерці. У кутах ціха зашалясьцелі гаворкай памочнікі Нестара і замкавыя слугі, што суправаджалі вялікага князя, – ім давялося колькі гадзін стаяць, гледзячы, як нерухома, сагнуўшы магутную сьпіну, колькі часу сядзіць немалады ўжо валадар ля цела жонкі. Ён сам зажадаў таго, а яны павінны былі з апошніх сіл трымацца, каб не зваліцца з ног і ня ўпасьці прама тут жа на каменную падлогу, засланую ля нябожчыцы карычневым тканым каберцам*, а каля ног князя доўгай пушыстай дарожкай усходняга ткацтва.
– Я не засну – азваўся Альгерд. – Ведаю, што малітвы нашы дапамогуць ёй падняцца да сьветлага Ірыю.
– Да царства Божага, колькі я ўжо казаў табе гэта, княжа! – гэтак жа строга запярэчыў Нестар, і доўгая ягоная барада нібы таксама выцягнулася, сівыя неахайныя пасмы раптам падаліся застыглымі клінкамі, а выцьвілыя старэчыя вочы бліснулі.
– Табе відней, Уладыка – прымірэнча азваўся Альгерд. – Няхай ідзе ў царства Божае. Можа, і я спадоблюся некалі. Тады – сустрэнуся з ёю...
Ён ня гневаўся на япіскапа. Таму зараз нялёгка. Памерла яго заступніца, яго верная авечка, якая ўтрымлівала хрысьціянства пры двары нягледзячы ні на што. Яе накладам*, яе клопатамі пабудаваны гэты храм, іканастас, упрыгожаны лепшымі майстрамі Вільні. А цяпер... Нябось, мяркуе сьвятар, прыкідвае – куды хісьнецца вялікі князь?
Сапраўды, Нестар думаў пра гэта і тады, калі ўпершыню занядужала Марыя Яраслаўна, думаў і цяпер, пры ейным целе. Рэчаіснасьць прымушала яго да вялікага роздуму аб тым, што станецца з ім і ягонай справай цяпер. Нават у час хваробы вялікай княгіні не ўдалося Нестару вызваліць з цямніцы братоў Кумца і Няжылу, а пасьля ейнай сьмерці наўрад ці стане яго трымаць пры двары і тым болей слухацца князь, якому патрэбная падтрымка насельнікаў Вільні, сярод якіх пераважная большасьць язычнікаў.
Нестар пачуваў сябе адзінокім. Тым даражэйшым рабіўся для яго малодшы з братоў, якія пакутавалі зараз у цямніцы. Антон, як цяпер называўся хрышчаны ім Кумец, сустракаў сьвятара, які штодзень наведваў яго, са спакойнай, нават радаснай прыязнасьцю, і з ім гаварыў Нестар так, як некалі, яшчэ ў полацкім Сьвята-Духавым манастыры, вёў бяседы са сваімі аднадумцамі – з гарачай верай у сваю місію, з надзеяй на ўваскрашэньне грахоўнай чалавечай душы і на тое, што менавіта яму, Нестару, і ягоным суразмоўцам удасца ўратаваць чалавецтва, якое, нібыта і не за іх быў расьпяты Хрыстос, упарта не хацела ратавацца. Гэтая юная душа слухала яго, яна трапятліва пыталася аб тым, аб чым ён, за штодзённымі клопатамі пры княскім двары, часам забываўся думаць: навошта прыйшоў у гэты сьвет чалавек? Ці нараджаўся ён калісьці, ці толькі аднойчы прыходзіць на зямлю? Ці маюць зоры над галавой якую-небудзь уладу над лёсам чалавека? Чаму арыяне паўставалі супраць ікон, і ці сапраўды на драўляных дошках Дух можа пакінуць свой вогненны сьлед?
Мігатлівыя сьвечкі разганялі па цёмных змрочных кутах царквы прывіды духаў, якія зараз змагаюцца за душу нябожчыцы там, у паднябесных высях. Мясцовы люд верыць, што душа пасьля сьмерці пакутліва паўзе на шкляную гару Меру, дзе яе чакае нябесны суд. Вось чаму кладуць у дубовую калоду зьвярыныя кіпцюры і ўсё зямное начыньне. Вераць, што душы трэба харчавацца, каб не стамілася яна паўзьці наверх, трэба прычэсвацца ды прыгожа выглядаць, каб ня надта строга судзілі яе паганскія багі. Нестар жа цьвёрда спадзяваўся на таго адзінага Бога, што там, наверсе, адразу ўбачыць усе грахі нябожчыка.
Альгерд і Нестар – яны абое думалі і пра нябожчыцу, і пра Вечнасьць. Міжволі прыходзілі ім у галовы думкі і пра тое, якую ролю ва ўсім гэтым адыграў крадзеж. Але калі Нестар ведаў толькі тое, што ляжала навідавоку, Альгерд цяпер ужо не сумняваўся, што зьнікненьне, а пасьля раптоўнае зьяўленьне смарагдаў было кімсьці прадумана. Для чаго? Ці не для таго, каб зьмяніць сітуацыю? А яе зьмяніць унутры Княства магла найперш сьмерць Марыі.
Яго жонка, магчыма, пераадолела б хваробу, пражыла б яшчэ, колькі ёй адвялі багі. Але хутчэй за ўсё падштурхнула яе да Ірыю гісторыя з любімымі каралямі. Украдзеныя, яны раптоўна знайшліся. І дзе? Пад сьвятліцаю вялікай княгіні, на кручку, куды вешала яна, не давяраючы таго нікому, клетку з любімай сінічкай, калі хацела паслухаць птушыныя сьпевы. Марыя цяжка нахілілася – і ад нечаканасьці клетка вываліся з ейных рук... Смарагды пераліваліся ў скупых праменьнях ранішняга сонца, як быццам былі тут заўсёды, нават паціху гайдаліся.
Паднялася вялікая калатня. Дапытвалі пакаёвых дзевак, варту на калідоры. Ніхто нічога ня бачыў, і, нягледзячы на катаваньні, дамагчыся хоць нейкага тлумачэньня ад абслугі не ўдалося.
Нестара папрасілі, каб ён апырскаў знойдзенае сьвятой вадой. Ён папярэдзіў вялікую княгіню, што каралі трэба яшчэ “адмольваць” – на іх можа быць чужая і варожая сіла. Але Марыя назвала яго словы забабонамі і надзела на шыю ўлюбёныя ўпрыгожаньні. І што ж? Праз два тыдні яна памерла ў вялікай гарачцы, не ачуняўшы нават для апошняга прычасьця.
Альгерд ня ведаў, з кім можна яму даверліва параіцца аб усім. Лойка ўсё яшчэ да канца не ачуняў. У яго хваробе таксама было шмат загадкавага. З кім перасякліся ягоныя шляхі ў загадкавым сьвеце, дзе ўсё адкрыта і ясна, дзе пабачыў ён злодзеяў і прывёў мечніка да іх? І калі ён страціў прытомнасьць – навошта і каму трэба было яшчэ і труціць вярхоўнага жраца? Ці не таму, што ён указаў на дом, дзе каралі сапраўды былі? І што стаіць за таямнічым замахам на Кругляца? Можа, у Вільні пачалося тое, чаго ён заўсёды баяўся – паляваньне на хрысьціян?
Наступае час, калі і яму, Альгерду, трэба выбіраць: Нестар альбо Бурыла, мудрыя старцы альбо хрысьціяне Цьверы і Ноўгараду, а найперш, вядома ж, Рыму. Вялікае княства – гэта разлом, мяжа між Захадам і Усходам, апошняя краіна, дзе пакуль што існуе двоеўладдзе. І калі ён адрыне хрысьціянства, то нібы замкне сваю краіну на моцны замок. Толькі вось – да якога часу?
– Але не язычніцтва, а хрысьціянства дапамагае ў зьнешняй палітыцы! – думаў Альгерд. – І найперш ва ўсходняй. І Цьвер, і гэтая самаўпэўненая Масква, што так неспадзявана набірае і набірае моцы, – яны ўспрымаюць Вільню ці як надзейнага саюзьніка, ці як сілу, з якою трэба лічыцца. І Папа, хаця хрысьціянства ўсходняга абраду яму не да спадобы, усе ж ня можа абыходзіцца з намі як з язычнікамі, чаго дамагаюцца крыжакі… Новую жонку будуць успрымаць як знак – куды, якім шляхам будзе далей ісьці Княства…
…І тады, схамянуўшыся, ён канчаткова зразумеў, што кавалак жыцьця, зьвязаны з Марыяй Віцебскай, назаўсёды ўжо адрэзаны, а ўсё астатняе, што яшчэ чакае – пахаваньне, жалоба, спачуваньні – гэта ўсё ззаду, ззаду. А яму, не спыняючыся, трэба ісьці наперад.
І усё ж ён дазнаецца, дзе былі смарагды, і хто хаваецца за ўсім, што здарылася. За войтам здаўна стаяў кашталян Нарбут, і ня дзіўна, што абодва цьвердзілі адно, а менавіта: у хаце Дзівейны абшукалі ўсе куткі, ды не знайшлі ніякіх сьлядоў караляў, а значыць, на яе ўзьвялі паклёп. Але вялікі князь верыў Лойку, верыў яго вешчаму дару, нягледзячы на хваробу, што навалілася на яго потым. Агулам жа за ўсё, што здарылася, асабліва ж за сваё шчырае сэрца заплаціў мечнік Сьвідрыгайла, – але ён таксама быў толькі адчэпным для жрацоў.
І Альгерд рашыў аддаць дазнаньне ў рукі ваяводы Гаштольда. Няўжо не разьбярэцца ва ўсім гэты надзвычай разумны і дасьведчаны чалавек, шчыра адданы дому Гедзіміна?
ВАЯВОДА ВЫБІРАЕ
Ваявода Пётра Гаштольд хадзіў па залі, дзе звычайна зьбіраліся паседжаньні паноў-рады. Магутны, як мядзьведзь, ён рухаўся лёгка, нягледзячы на гады і раны, якіх яму шмат надарылі ў паходах і бітвах. Кожную ён адчуваў і памятаў, праз некаторыя ледзь не разьвітаўся быў з жыцьцём, ды пакуль багі трымалі яго тут, не даючы спакою, падкідаючы адна за адной цяжкія жыцьцёвыя падзеі.
І цяпер яму трэба было рашаць яшчэ адну, надта ж няпростую задачу – на чый бок стаць у вялікай замятні, якая магла вось-вось успыхнуць у Вільні. Ваявода ведаў амаль усю праўду: возны Сухта, што дасьледаваў справу, выбіў з каханкі Лелюша Гайны многія таямніцы. Яму пашанцавала: Лелюш займеў яшчэ адну каханку, вядомую віленскую вісьлену Асаку, і раўнівая Гайна ў запале выклала перад возным ягоныя правіны і ўдзел у інтрызе.
Але як даказаць усё гэта? Як паглядзіць на праўдзівы аповед вялікі князь? Ці не загадае сьцяць горлам самога ваяводу, які разблытвае непажаданыя для ўсіх таямніцы? І што будзе далей?
Тое, што каралі Марыі нейкі час былі схаваныя ў сястры вялікай жрыцы Нары, было праўдападобным. Але сьведкаў таму не было – адно прызнаньне Лойкі, зробленае ў гарачцы, нават напаўтрызьненьні. Вешчыя старцы высьмеюць гэткі доказ... І хто дакажа, што смарагды падкінутыя назад? Што не сама забыўлівая Марыя павесіла іх на кручку пад акном, каб сядзець і любавацца пералівамі сьвятла? І хто возьмецца пераконваць, што замах на Кругляца і спроба ўтапіць яго ў Вяльлі неяк зьвязаныя з усім гэтым? Але хто ж зробіць такое без жрацоў? Ды іх чапаць страшна, хаця дапусьціць прычыну таго, што адбылося, можна: яны мелі ў княстве немалую сілу і хацелі яе павялічыць праз новы шлюб Альгерда. Калі ж вялікі князь зробіць па-свойму, выбярэ сабе іншую – яны могуць узьняць супраць яго стольны горад і паспрабаваць вярнуць слабавольнага Яўнута, які нават у думках ня мог дапусьціць таго, каб не паслухацца Бурылу альбо вешчых старцаў. Але ваявода добра разумеў і іншае: князь Альгерд з кожным месяцам набіраў сілу, ён не бязвольны Яўнут, які уцякаў ад братоў і так і не сабраў войска для вяртаньня вялікага стальца. Непазьбежна некалі гаспадар краіны сутыкнецца са жрацамі, і для таго атрымае падтрымку ў хрысьціянскіх краінах, якіх большасьць.
Жрацы баяцца і ненавідзяць і яго, Гаштольда. Нягледзячы на тое, што хрысьціянства заходняга абраду, якое ён нядаўна патаемна прыняў, мела пакуль што староньнікаў толькі сярод іншаземных купцоў ды паслоў, усё ж было і яно выклікам старым вераваньням. Гаштольд адкрыта не хадзіў у касьцёл Дзевы Марыі, ён прыходзіў туды на споведзі ды бяседы позна ўвечары, але жрацы маглі ведаць пра тое і чакаць хвіліны, калі можна ўдарыць і яго. Таму Гаштольду даводзілася хадзіць на ўсе язычніцкія сьвяты і быць асьцярожным удвая, спадзеючыся на тое, што Альгерд некалі пераможа ў сьмяротным паядынку са жрацамі...
Дапамагчы гэтаму дужа ж разумнаму і рашучаму сыну Гедзіміна значыла ня толькі ўтрымацца пры ўладзе сёньня, але і забясьпечыць сваім дзецям добрыя месцы пры княжым двары заўтра. Дапамога жрацам магла даць тое ж самае, але яны запатрабуюць яго ўсяго, яны не абмяжуюцца толькі ім, але возьмуцца і за сыноў. Яшчэ для ягонага пакаленьня жрацы – сіла, але час іх праходзіў, і сынам, калі будуць кідаць яйкі толькі ў адзін кошык, у будучым давядзецца нясоладка....
Павагаўшыся, ён прыняў рашэньне і паслаў ганца да вознага з загадам прыбыць у замак. Няхай Сухта паўторыць усё, аб чым даведаўся, самому Альгерду...
Возны Сухта доўга стаяў на каленях перад Перуном і Мокашшу. Гэтым багам у хатняй малельні прыносілі найболей ахвяр, і толькі яны маглі даць параду: што гаварыць вялікаму князю? Лёс мечніка яскрава засьведчыў, што адбываецца з тымі, хто ідзе супраць жрацоў. Таму кашталян замку Нарбут, якому першаму належала дакладаць аб выніках расьсьледаваньня, ня ведаў многага з таго, што возны расказваў ваяводзе Гаштольду. Гаштольд быў апекуном Сухты, дзякуючы яму малады яшчэ служка заняў гэтую важную пасаду. Але ці зможа ваявода захаваць галаву вознага? І ці не перастрэнуць яго, Сухту, у шумлівым натоўпе падчас набажэнстваў людзі з воўчай мордай на галовах, якія на сьвяты нясуць выявы багоў па вуліцах Вільні і, як добра ведаў ён сам, умеюць атручанай рыбінай косткай непрыкметна кальнуць у руку ці лытку неслухмяных і непакорлівых? І ня капне хто са служак атруты ў кубак, што пададуць яму ў сваёй жа хаце?
Але… такі яго лёс. Ён мусіць казаць тое, што патрабуе ад яго ваявода. І няхай праз гэта пазбавіцца ён міласьці непасрэднага свайго дабрадзея і кіроўцы Нарбута – можа, як-небудзь здолее выкруціцца і перад ім…
Праз нейкі час у той жа залі возны Сухта дакладаў вялікаму князю вынікі сваіх высілкаў.
– Мечнік казаў праўду, вялікі князь. Два тыдні каралі былі ў Дзівейны, і там штодзень праводзіліся вялікія маленьні. Яна клалася спаць, надзеўшы іх на шыю, і адпраўлялася туды, дзе блукаюць нашыя душы ў час сну.
– Значыць, каралі былі заклятыя на сьмерць княгіні? І на тое, каб я выбраў потым Дзівейну? – задумліва сказаў Альгерд. – Якая яна, гэтая дзяўчына? Чаму – яна? Адкуль узялася? Хто за ёю стаіць, апроч уплывовай і магутнай сястры?
Але Сухта добра падрыхтаваўся. Нездарма ў кожным храме былі ў яго свае людзі, якія бачылі і чулі надзейна схаванае ад чужых вачэй і расказвалі пра гэта толькі яму самому. Праз нейкі час вялікаму князю стала вядома многае з тых таямніц, каторы раз ён падзівіўся спрыту жрацоў, якія пры жывой яшчэ ягонай жонцы разьлічвалі наперад на колькі хадоў. І гарачая хваля гневу ўдарыла яму ў сэрца: яны палічылі, што ён, Альгерд, нібы недальнабачны, неразумны сьмерд, кінецца на сьвежае дзявочае цела, як маладзенькі бычок, апоены сонцам і ветрам, кідаецца на лузе да крэпенькай цялушкі!
– Нікому пра тое ні слова! – загадаў ён. – Хай усё ідзе так, як ідзе. А ты за вялікі спрыт і за тое, што не пабаяўся жрацоў, атрымаеш узнагароду. І табе, ваявода, не забуду адданай службы…
Сухту карцела нагадаць пра мечніка, які паклаў сваю галаву за тое ж, за што ўзнагароджваюць сёньня яго, але спахапіўся. Добра памятае пра пакараньне вялікі князь, і, можа, сёньня пашкадаваў ён мечніка.
Ды ў кожнага ёсьць свой лёс і свой час.
У ЧАКАНЬНІ
…У той дзень княжацкі скарбнік надта дзівіўся: загадаў вялікі князь прынесьці наверх у асабістыя пакоі дзьве грэцкія чашы, запісаныя ў рэестры як “кратэры”, адну – з бронзы, другую – з серабра з чорнай чаканкай, а каму аддаў іх – невядома. Было ў той дзень у яго шмат народу, ды толькі пасланец ад князя Сьвят маўчаў, як вады ў рот набраўшы, а чашы былі запісаныя як “падарункі за асабліва важныя паслугі князю”, а за якія – ведаў толькі Гаспадар ды ягоны служка. Ды яшчэ тыя, хто тыя падарункі атрымлівалі. Калі расказваў тое скарбнік Гайне, якая прагна слухала ўсё, што магло спатрэбіцца яе гаспадарам, то выказаў меркаваньне, што пайшлі тыя каштоўныя чашы вярхоўнаму жрацу Лойку, з якім гаспадар доўга гаварыў у той дзень і якому, як выказаўся прыслужнік, што насіў у пакоі пачастунак, шмат дзякаваў. Вядома, чашы пайшлі Лойку! Ну не Сухце ж і не ваяводзе, што таксама доўга сядзелі ў троннай залі і, мабыць, раіліся пра злодзеяў, якіх нядаўна выкрылі ў сталіцы, было даваць такія падарункі, што прысталі толькі асабліва важным асобам! А гэтыя – і ваявода, і возны – былі проста слугамі, якія шчасьлівыя ўжо добрым словам, якое ім падарыць гаспадар княства! З тым пагадзілася і Гайна, а пасьля і Нара, якая слухала ўсе навіны, што сарокай на хвасьце прынесла каханка Лелюша. Ацэньвала навіны вялікая жрыца, лежачы аголенай на чорных і бурых мядзьвежых скурах. Пакуль яна зьнешне ляніва, ды насамрэч вельмі чуйна ацэньвала сказанае, дзьве ўмелыя жрыцы спрытнымі рухамі ўбівалі ў яе пругкае і цьвёрдае, як жалеза, цела пахкія алеі з Эгіпту. Нара глядзела на слугоўніцу, якая пасьля хуткага пахаваньня Марыі мусіла пакінуць сваю службу, і, хітаючы галавой, раздумвала, ці варта пакідаць яе жывою? Занадта важныя рэчы ведае яна, а жаночы язык легкаважкі, любіць ён матляцца памялом…Але, разважыла яна потым, Гайна зьвязаная гэтымі таямніцамі, яна правераная на іх, і такіх людзей трэба заахвочваць і трымаць каля сябе. Да таго ж, яе яшчэ могуць і вярнуць у замак, а тады яна захавае сваё значэньне… І вялікая жрыца літасьціва падарыла дзяўчыне шкляны з залатымі знакамі слоічак, з якога асьцярожна выбірала яе слугоўніца пахкую жаўтаватую мазь і дзе ладна яшчэ яе аставалася. Гайна выбралася з ейнага жытла ашчасьліўленаю, беражліва прыціскаючы да сябе падарунак. Дасьць Пярун, ніхто не дазнаецца пра тое, што гэта яе доўгі язык распавёў вознаму важныя таямніцы!
Праз кароткі час пасьля паховінаў Марыі княжацкі скарбнік выдаў ёй дзесяць шэлегаў – тое, што зарабіла яна за сваю службу ў нябожчыцы княгіні. Аднак у замку яна не засталася, хаця надта імкнулася зачапіцца за яго хаця адным кіпцюрком.
Яе ўзяла да сябе Дзівейна, якая жыла ў Вільні асобна ад сястры, і дзе новая служка стала вучыцца майстэрству рабіць вабнаю любую жанчыну, нават калі багі ўзнагародзілі яе брыдкаю абалонкай.
Выкладалі тыя сакрэты вышэйшыя жрыцы храма Лады, і вядомыя яны былі ў храме з самых пракаветных часоў. Нездарма жанчыны ўсёй Вільні, асабліва ж найбольш заможныя, не шкадавалі для храма падарункаў, калі выходзілі адтуль пахарашэлымі, з бляскам у вачах і патаемнымі парадамі для радасьці сужонка ці каханка, а часам і пасылалі сваіх мужчын да багіні каханьня дзеля таго, каб і яны дазналіся пра сакрэты цела і спаталеньне пажадлівасьці.
Дзівейна такімі ведамі не валодала: у храме Ашвінаў галоўным было высьпяваньне душы, а цела лічылі толькі ейным храмам.
Таму жрацы імкнуліся, каб дзяўчына як хутчэй стала жывым увасабленьнем самой багіні і зацьміла ўсіх жанчын Вільні, нават сваю славутую сястру. Мэта апраўдвала ўсе высілкі: Дзівейна мусіла стаць выратаваньнем для ўсяго язычніцтва ў краі! Таму сам Бурыла прыязджаў у дом Дзівейны, каб вучылася яна разуменьню, што ёсьць вялікая палітыка, і зьвяртаўся да яе з пачцівасьцю, якая кружыла дзяўчыне галаву.
Месяцы ляцелі хуткамгненна, і неўзабаве дзяўчына павінна была зьявіцца ня толькі перад маладымі прыдворнымі, якія атабарыліся ў храме і ў доме ейнай сястры, часта прыходзячы ў дом Дзівейны, але і перад усёй Вільняй.
Альгерд, слухаючы бясконцыя размовы прыдворных пра гэтую надзвычайную прыгажуню, пра яе голас, думаў, што жрацы прымеркавалі ўсё як мае быць: такой дзяўчынай мог бы сапраўды зацікавіцца і сам гаспадар Княства. Мог бы, каб ня тая размова ў троннай залі, перад самым пахаваньнем жонкі, і ня досьвед, з якім ён ужо добра бачыў усю тонкую гульню вярхоўных жрацоў, што рыхтавалі яго да Вялікай Сустрэчы.
Калі ж яны выплюхнуць на яго сваю красуню? Мабыць, на завіваньні вянкоў, калі Маці Сырая Зямля абуджаецца ад зімовага сну і маладая бурлівая сіла бяжыць па жылах нават сівых старцаў? А ён жа ня быў старцам, а быў мужчынам у поўным росквіце сілаў, і нездарма вакол яго двара ўжо, нягледзячы на тое, што па звычаях хрысьціян трэба было трымаць гадавую жалобу па княгіні, пачыналі віраваць залёты замежных паслоў…
Ён ужо нават чакаў Дзівейну. Хацеў памерыцца сілаю са жрацамі, абдурыць іх, пераўзысьці розумам і хітрасьцю. Адчуваў: яму патрэбна гэтае процістаяньне, яму патрэбная перамога. І ніхто ня мог яму дапамагчы ў тым процістаяньні. Нават Лойка. Нават Лойку ня мог ён давяраць болей. І ён з горыччу думаў, што “яны” (так называў у думках жрэчаства Вільні) адабралі ў яго адзінага мудраца, у якога вучыўся таму, што ўсё яшчэ заставалася сілаю язычніцтва – тонкаму адчуваньню прыроды і яе таямнічай магутнасьці, уменьню слухаць навакольны сьвет і ісьці па шляху лёсу. У Лёс ён верыў неадменна: Судзяніцы, што прадуць прадзіва жыцьця, адразаюць яго кавалкі кожнаму і пасьля запісваюць у Кнігу Жыцьця, што каму дасталася – яны часта прыходзілі ў ягоныя дзіцячыя сны. Якраз жрацы Судзяніц прадказалі, што менавіта ён з усіх сыноў Гедзіміна стане вялікім князем – і гэтае прароцтва павяло яго разам з братам Кейстутам на Вільню, прымусіла пасягнуць на запавет бацькі і перайначыць яго – не, ня дзеля сябе толькі, і нават зусім ня дзеля сябе, а дзеля Княства, чыім абаронцам абраў яго Лёс…
Аднак ён ня толькі не паверыў, нават пра сябе пасьмяяўся з прароцтва, што зрабілі яму ў храме Перуна: што ягоная абраньніца выратуе старых багоў і ўзвысіць край сярод усіх іншых менавіта старою верай. “Ты, вялікі сын Гедзіміна, прызваны ўмацаваць Княства праз старую веру”, – казаў яму малады жрэц, які торгаўся і матляў галавой, нібы нехта гаварыў ягоным голасам і валодаў ягоным целам. Альгерд падзякаваў і аддаў храму належныя ахвяры, але ён выразна бачыў, што гэтыя прароцтвы – не сапраўдныя, што жрацы ілгуць, бо гэта адпавядае іхнім задумам. Яму было горка, што некалі любімы ім храм робіцца чужым і варожым, але, відаць, трэба было прайсьці праз вялікі Агонь і Ваду, каб дазнацца, дзе праўда, а дзе хлусня...
За некалькі тыдняў, што прайшлі пасьля сьмерці жонкі, сьвет вакол яго як згусьціўся. Дыхаць яму рабілася ўсё цяжэй.
Быў Гаспадаром Княства – але ня меў улады над сьмерцю, над моракам, над вышэйшымі сіламі, якія кіравалі і ім, і ўсімі людзьмі. Не ўтрымаў на гэтым сьвеце Марыю. Ня быў гаспадаром над Рэчыцай, якая страціла розум і ў сваёй багатай хаце, пры служках, білася ў сутаргах, калі бачыла нешта круглае, падобнае да караляў, і праводзіла свае дні ў іншым сьвеце, больш літасьцівым да яе. І над Баравіком і Зайкай, якія чарнелі і сохлі ўсе болей, назіраючы за любай дачкой. І над мечнікам, які быў цяпер у Ірыі і час ад часу ў сьне прыходзіў да яго і глядзеў ясным нявінным позіркам. І над многімі іншымі людзьмі, якія трапілі пад калясьніцу вялікай палітыкі і вялікай улады, – калясьніцу, лейцы ад якой ён, сьмяротны чалавек, трымаў з усяе свае моцы…
Аднак на Завіваньні вянкоў Дзівейна не зьявілася, і ён парадаваўся таму. Ды жрацы не адступіліся – прыдатная для ўдалых зьдзяйсьненьняў часіна была іншаю, чым меркаваў вялікі князь...
ШЛЯХІ СПАСЬЦІЖЭНЬНЯ
Дні рабіліся кароткімі, як быццам укарочвалася жыцьцё. Ды так яно, відаць, і было: Кумец жыў у цемры і адзіноце, і толькі Нестар час ад часу прыходзіў да яго. Тады гадзіны рабіліся такімі, як спаконвеку, яны ўкладваліся ў звыклае вымярэньне часу, якім жыў усе свае кароткія гады малады прыдворны і якім прывык давяраць. Але цяпер ён давяраў і новаму адчуваньню, калі жыцьцё пераходзіла ў трызьненьні, і карціны, што прыходзілі да яго, былі больш яркімі і рэальнымі, чым усё, што зьведваў дагэтуль. Расказваў пра іх Нестару, і той, згорблены і яшчэ больш пастарэлы, тлумачыў хлопцу, што ён прарываецца ў іншы сьвет – той, адкуль прыходзіць чалавек для нараджэньня.
– Гэта Ірый? – пытаўся Кумец. – І сьпевы, і сьвятло, і адчуваньне шчасьця, і нікчэмнасьць ранейшых мараў – усё адтуль?
– Так называеце вы Рай, хай так і будзе, – Нестар ківаў. Расказваў пра сьвятых, што спасьцігалі вышэйшы сьвет праз катаваньні і пакуты.
– Чаму праз пакуты? – не разумеў Кумец. – Няўжо чалавек ня можа прыйсьці да сьвятла праз роздум? Праз душу?
– Грахі… – казаў Нестар. – Чалавеку было падараванае ўсё, але ён захацеў большага. Ён дзёрзка і самачынна замахнуўся на тое, чаго ня мог па тым часе спасьцігнуць, а гэта было небясьпечна для Быцьця. Усявышні даў бы яму ўрэшце ўсё веданьне і ўсю задуму Сусьвету – але для гэтага трэба было пачакаць і зразумець хаця б тое, што дадзена… Сьвет праз грэх пайшоў у іншым накірунку, але як было вярнуцца на раздарожжа, з якога ўсё пачалося? Таму Бог паслаў Хрыста, якому трэба было пераплавіць сваёй крывёй і ахвярнасьцю ўсю чарнату сьвету і тым адчыніць вароты пекла, адкуль не было выйсьця грэшным чалавечым душам.
Кумец і сам адчуваў, што сьвет кіруецца зусім іншымі памкненьнямі, чым, мабыць, было загадана багамі. Гэта падказваў нават ягоны пакуль яшчэ невялікі жыцьцёвы досьвед.
Мячом можна было прыдбаць у сотні, а мо і тысячы разоў болей багацьця, чым сабраць яго працай – на ральлі, у лесе, у пчэльні.
Выгадны шлюб цаніўся ў людзей куды болей, чым самае моцнае, палкае каханьне. А яны ж ведалі, што толькі шчырае каханьне дае моцных здаровых дзяцей. Нашто ж чалавек, беручы нялюбую жонку, з якою кожны дзень трэба было дзяліць ложак, сам падрываў карэньні ўласнага роду, сваіх будучых нашчадкаў?
Дабіваючыся ласкі Гаспадара, многія трацілі сумленьне і гатовыя былі на любую подласьць, – ён сам паспытаў тое на сабе. Раз за разам узгадваючы зялёныя вочы Бурылы і ілжывыя вусны Нары, курчыўся, як ад болю – зразумеў, што яны згаварыліся загубіць яго і брата дзеля нейкіх сваіх, адным ім вядомых мэтаў. Аднак жа не праклінаў іх, бо адчуў, што цямніца зрабіла яго іншым. Вера ў тое, што сьвет трэба мяняць, іначай ён загіне, мацнела ў ім нягледзячы на здзекі і пакуты – а можа, якраз дзякуючы ім.
Ранейшыя жаданьні, якія некалі віравалі ў душы і сэрцы, па якія гатовы быў кідацца вопрамецьцю, цяпер страцілі сваю вартасьць, здаваліся нікчэмнымі. Нават ласка князя, які аддаў яго на катаваньні, таму што яму самому трэба было абараняцца, бачылася яму цяпер вартай аднаго жалю... Кумец, чыё хрысьціянскае імя было цяпер Антон, спасьціг пасьля доўгіх роздумаў – забіваць свайго былога прыдворнага, як таго патрабавалі жрацы, Альгерд не хацеў. Хаця дзеля ўлады і выратаваньня Княства яму ня раз даводзілася забіваць нявінных, ды надта моцнаю рабілася ў ім нянавісьць да людзей, што аспрэчвалі ў яго тое, дзеля чаго быў абраны ён Судзяніцамі – самую вялікую ўладу ў гэтай зямлі. Можа, таму гаспадар, як аб тым гаварылі, сапраўды адпрэчваў высілкі Бурылы аб хутчэйшым пакараньні важкім довадам: няхай яшчэ пасядзяць, бо сьмерць для хлопцаў будзе лягчэйшаю, чым замкавая вязьніца.
І так сапраўды думаў Няжыла, старэйшы з братоў.
Ён хацеў сьмерці, прасіў яе ў багоў. Нават Заяц стаў спачуваць чалавеку, які так прагнуў небыцьця, бо сьвет стаў яму нямілым. А нашто яму было жыць? Каханая Рэчыца, чый кожны рух лавіў ён з замілаваньнем і шчасьцем, абылгала яго, ейны бацька адрокся ад самага сватаўства, а князь і княгіня паверылі ў нагаворы і адвярнуліся ад яго. Брат, якога ён так любіў, быў таксама ў цямніцы – з-за яго, Няжылы. Маці іхняя ад ганьбы памерла. Сёстры ж, Бяроза і Радагоста, ні разу не адгукнуліся ні словам, ні хаця б кавалкам вепручыны, які маглі б перадаць брату і яму ў цямніцу. Ад голаду ён гатовы быў грызьці сьцены, калі б яны былі з дрэва, але камень, да якога быў прыкуты ланцугом, не паддаваўся нават яго моцным кіпцюрам, калі ў шаленстве драпаў яго пасьля таго, як ачуньваў ад катаваньняў. Вільготныя ад сырасьці лахманы церліся аб сьпіну, калі ён клаўся на падлогу, каб заснуць і забыцца на ўсё, што было вакол, і раны смылелі, сьвярбелі і адгукаліся невыносным – у тысячы голак – болем.
Нават гаворкі-спрэчкі з любым братам ня надта расьцярушылі той жывёльны стан адчаю, у якім курчылася душа Няжылы.
Браты нібы сталі па абодва бакі ад быцьця, у якім месьцілася чалавечае жыцьцё: Кумец усё болей узвышаўся душой і радаваўся кожнай праяве існаваньня. Няжыла адварочваўся нават ад промню – пасланца Ярылы, што зрэдзь зазіраў у вузкае вакенца наверсе.
Першыя дні, што браты правялі разам, былі надта цяжкімі. Замест чаканай радасьці між імі стаў адчай і нянавісьць Няжылы да ўсяго, аб чым бы ні загаворваў Кумец. Калі б Няжыла мог раздумваць, ён здагадаўся б, што для яго невыносны ня брат, а той стан, у якім той апынуўся: замест вытанчанага, у барвовым плашчы з залатымі абярогамі маладзёна з доўгімі русымі кудзерамі, заўсёды чыста паголенага, перад ім, прыкаваны да вялізнага шэрага валуна, сядзеў змучаны, худы, у пацерлым рызьзі аброслы барадой чалавек, які амаль зьліваўся з шэраньню каменю. І гэта было нясьцерпна, гэта казеліла вочы, як самае горшае пакараньне.
Як радаваўся некалі старэйшы брат, калі малы падрос і стаў лепшым у школцы! Як ганарыўся, разглядаючы братавыя васковыя дошчачкі ці кавалкі бяросты, на якіх амаль не відно было сьвярдзёлка настаўніка, што выпраўляў памылкі! А калі Кумца ўзялі ў замак, і той надта спадабаўся самому вялікаму князю Гедзіміну і ягонаму сыну Альгерду, ён ажно спаць ня мог ад радасьці! Марыў: ажэніцца з Рэчыцай, а пасьля знойдзе і для брата лепшую дзеўчыну з якога-небудзь багатага альбо знатнага роду, – і тады можна жыць, ні аб чым болей ня думаючы.
І што цяпер? Хлусьлівы нагавор, цямніца, і няма болей дарогі назад. Хіба здарыцца нейкі цуд, дапамогуць багі. Але ён сам, сам здрадзіў ім, сам захацеў яшчэ больш падлабуніцца пад міласьць княгіні, згадзіўся хутка ахрысьціцца ў новую веру. І вось вынік: жыцьцё закончылася, яшчэ не пачаўшыся.
– Не кажы мне нічога пра Хрыста! – крыкнуў ён, як толькі Кумец зьвярнуўся да яго імем гэтага бога, які так падмануў усе спадзяваньні і мары Няжылы.
І больш ня слухаў нічога, толькі біўся галавой аб камень і, дарэшты зьнясілены, заснуў тут жа, на кіпе гнілой саломы.
Праз тыдзень ён папрасіў Зайца, каб той паклікаў да яго вярхоўнага жраца Лойку.
– Ты што, думаеш, што вялікі жрэц і сапраўды прыйдзе да цябе ў гэтую гніль? – расьсьмяяўся яму ў твар турэмшчык.
– Калі яго папросіць Круглец, наш родзіч, ён не адмовіцца.
– Кругляцу не да вас.
Убачыўшы, як наструніўся Кумец, Заяц загыгыкаў, выстаўляючы гнілыя зубы:
– Ягоная сястрыца – кугу! Зьбегла, як лісіца з пасткі, нават хвост прышчаміць ей не пасьпелі.
– Куды? – ускочыў з саломы Кумец. Яго худыя рукі затрэсьліся, ён задыхаўся ад хваляваньня. Няжыла глядзеў на яго са зьдзіўленьнем. Ён ніколі ня бачыў брата ў такім узбуджэньні.
– Спачатку дай грош, тады скажу! – пацьвельваўся Заяц.
– Ты ў мяне ўсё выбраў, сьлізень! Заплачу, як толькі родзічы перададуць мне сюды яшчэ штосьці.
– Калі клянешся Родам і парадзіхамі, што аддасі грошы, тады…
– Кажы! – крыкнуў Кумец, трацячы цярпеньне.
– Ніхто ня ведае, куды, – гыгыкаў Заяц. – Адно толькі вядома, што за ёй прыязджаў сам вялікі Бурыла, каб забраць у капішча. Кажуць, што схаваў яе брат, за што трапіў у няміласьць ня толькі да жрацоў, але і да двара. За нечуванае сьвятатацтва!
– Я дам табе дэнарый – раптам сказаў Няжыла. – З умовай – калі прывядзеш сюды кагосьці са жрацоў з храма Вялеса альбо Перуна. Ён мне паможа.
– Цэлы дэнарый! – захлынуўся радасьцю Заяц. – Калі толькі мяне ня кінуць сьвяшчэнным зьмеям, я выпрашу ў яго гэтую міласьць! Мой дзядзька вартуе капішча Перуна… Але што яму казаць? Навошта ён табе?
– Скажы, што ён не пашкадуе.
– Добра, лізун замкавай медавухі! Загадчык чашаў і брэцьяніц! Я зраблю гэта!
– Брат, скажы шчыра: навошта табе жрэц? – як толькі са скрыгатаньнем зачыніліся цяжкія, акаваныя меддзю дзьверы вязьніцы, запытаўся Кумец.
– Дазнаешся заўтра, – коратка адказаў Няжыла. Яго шырокі, круталобы твар пабляднеў, вусны падцяліся. Вялікае рашэньне, якое ён падспудна насіў у сабе, зараз высьпела ў рашучасьць. Ён павінен ратаваць брата, калі той ня хоча ратавацца сам. І хаця Кумец заўсёды быў разумнейшым за яго і знаходзіў лепшыя рашэньні, Няжыла быў упэўнены, што ў бязвыходнай сітуацыі трэба не маліцца, не пакорліва чакаць, пакуль іх павесяць на сьвяшчэнным дубе, а дзейнічаць…
Калі пасланы Бурылам Лелюш выслухаў Няжылу, ён зразумеў: пакараньне Няжылы можна адкласьці, таму што ня сьмерць яго, а жыцьцё лепей паслужыць жрацам. Такую ж думку выказаў і Бурыла:
– Марыя памерла, і гэты пахолак нам нястрашны. Наадварот – мы пакажам Альгерду, які так яго шкадуе, што мы не крыважэрныя, і што мы лічымся з пачуцьцямі вялікага князя. Хай пакуль пажыве...
САРАКАВІНЫ. МОРАК
Карчажка з хмельным мёдам стаяла на магіле вялікай княгіні Марыі, што месьцілася ля самай царквы Параскевы Пятніцы, побач на ручніках ляжалі яйкі, кавалкі жытняга хлеба і дзічыны. Паабапал, накрытыя ручніком, стаялі брэцьяніцы, аднак краўчы трымаў у руках залатую з эмальлю грэцкую чашу, з якой будзе піць вялікі князь. Хлопчыкі-памагатыя выстаўлялі наперад чашы меншыя, з серабра, аздобленага пярлінамі – для вярхоўных жрацоў. Вецер ірваў шытыя золатам павязкі на галовах прыдворных жанчын, уздымаў полы сініх, жоўтых, зялёных корзнаў іхніх мужоў, загаляў доўгія рукавы на жрэчаскіх каптанах. Беглі аблокі, адчынялі час ад часу сіні крышталь недасяжна-вечнага неба, адкуль глядзелі на трызну па мёртвай княгіні Марыі тыя, хто прымаў дары і паднашэньні.
Вялікі жрэц Бурыла чытаў маленьне да ўладаркі сьмерці Марэны, якая, як верылі ўсе прысутныя, прынесла сюды, на саракавіны, душу вялікай княгіні, каб магла яна пабачыць усіх дарагіх яе сэрцу людзей і суцешыць іх у вялікай жальбе.
Япіскап Нестар не выходзіў з храму – там зараз рыхтавалася паніхіда па памерлай, і князь Альгерд, пасьля таго як ён праводзіць душу нябожчыцы назад, у чысьцец перад Ірыем, прыйдзе ў храм, каб папрасіць для яе спакою і добрага адказу перад тым, Адзіным, хто судзіць усе справы яе і думкі.
Нямногія маглі здагадацца, колькі жарсьцяў і вузлоў закруцілася вакол гэтай нечуванай для Вільні падзеі, калі вярхоўныя жрацы прыйшлі да хрысьціянскага храму, хай нават і на магілу вялікай княгіні.
– Для нас гэта не царква – для нас гэта найперш сьвяцілішча Рагуціса, хай і разбуранае, – сказаў урэшце на вялікай радзе сьвяшчэнных старцаў і вярхоўных жрацоў стомлены ад шматгадзінных пярэчаньняў і састарэлых крыўдаў Бурыла. – Ягоны дух там, бо стагоддзі запар пакаленьне за пакаленьнем прыходзілі да яго, каб узьнесьці яму пахвалу і маленьні. І калі мы будзем паводзіць сябе абачліва і мудра, можа, неўзабаве верне сабе Рагуціс сваё законнае месца? І каменьне з нечасьцівай будыніны будзе раскрышана маланкамі Перуна?
Тое самае адразу ж загаварыла, як засьпявала, Нара:
– Нам не выпадае сварыцца з вялікім князем, які цяпер у скрусе. Падтрымаем яго зараз – ён падтрымае нас у цяжкую хвіліну. А вы бачыце: вакол нас змыкаецца кола хрысьціянства. Ды і ўнутры: уся усходняя частка Княства паддалася гэтай заразе, хаця і гвалціў сын рабыні князёўну Рагнеду перад бацькам і братамі! І што ж? Хіба адпомсьцілі палачане так, як гэта належала б воям? Хіба не здрыганулася рука ў Рагнеды? Яна ўрэшце сама стала рабыняй, прыняўшы схіму ў Ізяслаўлі!
– Што згадваць старыя часы! – падняўся з месца Лойка. – Страшнейшае тое, што мы – мы, хто в е д а е! — прыйдзем да апаганенага чарвямі цела – былога сасуду сьвятла і высокай сілы. Ня вам казаць пра тое, што, спальваючы цела, мы дапамагаем вызваліць з цямніцы полымя Духу, якое павінна падняцца ў Сваргу! І як я ўздыму там, ля апаганенай зямлі брэцьяніцу, як буду вітаць дух, які, можа, усё яшчэ ня можа выбрацца з тае цямніцы, ажно пакуль яна не згніе да костак!
Усе доўга маўчалі. Пасьля падняўся адзін з вешчых старцаў імем Вецер. Быў некалі вялікім празарліўцам, ды даўно зацьменіўся спакусамі жыцьця і каханьнем да простай жанчыны, з якою прыжыў сына. Нара, якая даведалася пра тое выпадкова, ня толькі захавала таямніцу, але і вылечыла сына ад цяжкай хваробы. За тое старац быў бязьмерна ўдзячны ёй і падтрымліваў, дзе і як мог. Востры розум дапамагаў яму захоўваць сваё высокае становішча, і ягоныя парады слухалі заўсёды з пашанай.
– Мы можам выклікаць там новы агонь* і такім чынам ня будзем апаганеныя, – прапанаваў ён.
Шэлест прайшоў па прысутных. Выклікаць на кавалку сьвяшчэннага ясеню альбо вярбы новы агонь каля магілы вялікай княгіні, як вышмароўвалі яго сьвярдзёлкам каля магіл высокіх духам старцаў, каб людзі пасьля несьлі той агонь да сябе ў хаты, значыла паказаць князю высокую пашану да ягонай жонкі, і разам з тым ачысьціць сябе ад непажаданага абраду. Гэта быў добры выхад, і ўсе згадзіліся з тым.
У той жа вечар, сабраўшыся ўтраіх у капішчы Перуна, вырашылі Бурыла, Нара і Вецер упершыню паказаць вялікаму князю Дзівейну. Цяпер было гэта надта няпроста: Лойка і яго маленьне моцна сапсавалі ім задуму. Бо, хаця і не знайшліся смарагды ў Дзівейны, усё ж цьмянае падазрэньне вісела над ёю, а значыць, і над ейнай сястрой. І ўсё ж трэба было працягваць – назад шляхоў ужо не было...
…І цяпер, калі маленьне завяршалася, збоку ад магілы вешчы старац Ар з нашытай на белым плашчы знакам Сваргі – рагатым чатырохкутнікам сонцазвароту – стаў шморгаць ясеневым цурбалкам па палене сухой вярбы, якое моцна трымалі з аднаго боку хлопчык у белай кашулі, а з другога – дзяўчына ў празрыстым покрыве, які закрываў ейны твар. Тое, што гэта была маладая дзяўчына, выдавалі яе рукі – тонкія, белыя, далікатныя. Народ, што тоўпіўся ля храму, спачатку не зьвяртаў увагі на старца і яго памагатых. Але паступова агульная ўвага засяродзілася як на Бурыле, так і на старцы, які раўнамерна рухаў сваім цурбалкам па палене. Сьпіна яго ўзмокла, цёмныя пляміны распаўзаліся па кашулі. Бурамір паскараў чытаньне, і ў рытм яму рухаўся цурбалак.
Толькі Нара магла заўважыць, што вопытны Бурыла доўжыў маленьне якраз да той хвіліны, калі з-пад рук Ара ўпершыню паказаўся нясьмелы сіняваты, амаль нябачны ў дзённым сьвятле матылёк агню. Натоўп ахнуў, хлопчык памагаты імгненна падкінуў да матылька пук сухіх сьцяблінак, а памочніца старца схапіла сваімі далікатнымі пальцамі палову таго пучка і кінула сабе ў чашу, дзе ляжала загадзя падрыхтаваная спажыва для агню*, ад чаго ён успыхнуў ярка і весела. Яна адкінула пакрывала, і вакол раздаўся яшчэ адзін агульны ўздых: гэта была Дзівейна, пра якую віленцы і гаварылі, і слухалі на працягу апошніх тыдняў ці ня болей, чым пра самога вялікага князя.
З новым, толькі што народжаным агнём у руках яна пайшла проста да яго, і ўсім здалося – дзяўчына ня рухаецца, а плыве ў паветры. Цёмныя хмары пераддожжа надалі агню ў ейных руках асаблівую значнасьць: яго чырвоныя пасмачкі здаваліся большымі, а твар Дзівейны – таемным і велічным.
– Вазьмі, вялікі гасудар, гэты чысты і сьвяты агонь, няхай затуліць ён цябе ад чорнай сілы і немачы, – сказала яна рытуальныя словы, і вочы яе – сьветлыя, з чорнымі доўгімі вейкамі, сустрэліся з зеленаватымі, ледзь пачырванелымі на рэзкім ветры вачыма Альгерда. Гук ейнага голасу як абарваў у ім нейкую струну, сэрца вухнула і застыла, пасьля забілася шалёна, быццам хацела выскачыць з грудзей.
Захоплены зьнянацку, ён адразу, усёй істотай, спасьціг тое, пра што ня раз чуў як пра выраз, якому не надаюць асаблівага значэньня: “увайшла ў душу”.
Ды яна не проста ўвайшла – уляцела. Уся, дашчэнту – высокая, гнуткая, з белым лілейным тварам, з румянкам на шчоках і чорнымі прамымі брывамі, з выразнымі, як намаляванымі, вуснамі і гэтым сваім нявінным выразам вачэй, адначасна наіўных і мудрых. Уляцела і, нібы заняўшы належнае ёй месца, тут жа ўладкавалася там, у ім, і нават скруцілася ў клубочак, як котка ці… зьмяя?
Пасьля, калі ён узгадваў гэты момант, спасьціг, што ня толькі голас, які абарваў нешта ў душы, і агонь, які яна несла, паслужылі задуме: яны дашчэнту спапялілі нешта ўнутры яго – можа, гэта была абярожная сьцяна, што ёсьць у кожнага чалавека, а можа, гэта было гало ўлады, што абкружае толькі гаспадара краіны. Іначай чаму ж, прыняўшы агонь, ня мог адвесьці погляду? Ня памятаў, як падхапіў чашу нехта з прыдворных, як сам ён падзякаваў дзяўчыне і ўзьняў брэцьяніцу з хмельным пітвом, каб памянуць нябожчыцу жонку.
І ўвесь той дзень ён быў як апоены нечым: яна, толькі яна стаяла перад ім – цнатліва-белая, як яблыня ў квецені. Недзе па баках ад яе хаваліся погляды, якія ён заўважыў і схаваў глыбока ў памяці: затоена-зласьлівы Бурылы і радасна-дзёрзкі Нары. А яшчэ – чамусьці разгублены – ваяводы.
Ваявода сапраўды разгубіўся: вялікае ўражаньне ад Дзівейны, стаўленьніцы жрацоў, было ў Альгерда настолькі відавочным, што гэта магло скончыцца для яго самога кепска. Ён раскрыў клубок змовы, але пра гэта ведалі толькі тры чалавекі. Калі ж вялікі князь, зачараваны дзяўчынай, раскрые ёй таямніцу, яго, ваяводу, можна толькі пашкадаваць. Ён зьнікне ці то ў водах Вяльлі, ці то ў страшных сховішчах храмаў, і ніхто ніколі не даведаецца пра яго…
Такое ж адчуваньне было і ў вознага Сухты. Гэта ён ставіў бяссонную варту ля камяніцы Дзівейны і ля храму багіні Лялі. Ён падкупляў прыслугу і там, і там. І як толькі штосьці стане вядома гэтай прыўкрасна-страшнай у сваёй нялюдскай гожасьці дзеўцы – яго, менавіта яго абяруць чарговай ахвярай, якую трэба аддаць багам, каб яны ня гневаліся на вільнянаў. Гарэць яму тады на сьвятым вогнішчы, з вырваным языком, каб ня выкрыкнуў у апошнюю хвіліну якую-небудзь таямніцу, якую ведаюць толькі яны, сапраўдныя гаспадары Вільні! Возны ня быў прыхільнікам хрысьціян, але паступова агіднымі рабіліся яму оргіі ў багіні каханьня, а таксама тое, што высокія баяры-язычнікі мелі па некалькі жонак і мноства наложніц. Ён любіў сваю жонку і не хацеў больш нікога, нават у Купальскую ноч. Цяпер яму заставалася адно – служыць вялікаму князю, і малады чалавек за гэтыя тыдні паступова прыходзіў да высновы, што гаспадар у краі павінен быць адзін. Тое, што калісьці вялікі Гедзімін і жрацы былі заадно, цяпер мянялася. Альгерд іншы, і іншыя цяпер стасункі паміж уладай і багамі.
Альгерд адчуў і іхнія настроі, і тых, хто радаваўся яго мораку: Мікша там, далёка ад магілы, глядзеў на яго змрочна і з надзеяй. Князь ведаў і адчуваў Мікшаву, а разам з ім і многіх іншых надзею: а можа ўсё вернецца на ранейшы кон? Калі замест хрысьціянкі Марыі вялікай княгіняй стане ня прышлая, не заморская, а свая?
Але гэта ўсё асэнсаваў ён пасьля.
А цяпер ледзь вытрымаў Гаспадар заканчэньне маленьня, а пасьля і паніхіду ў хрысьціянскім храме. Змушаны быў загадаць Нестару скараціць яе. Плылі ў ягоных вачах сьвечкі, жоўтымі плямамі клаліся на маелікавую падлогу. Твар Марыі, калі спрабаваў яго ўявіць, таксама струменіўся і мяняўся да непазнавальнасьці, а замест яго ўсплываў іншы – яе, Дзівейны! Вогнішча чыстага, толькі што створанага агню клалася на яе аблічча, яно трапятала, сьвяцілася. Ільняная сукня вымалёўвала абрысы прыўкраснага цела…
Так доўжылася тры дні. Ён не выходзіў са сваёй лажніцы, толькі піў ваду і адвар карэньняў дзівасілу, як пасьля моцнай атруты. Паслоў прымаў за яго ваявода Гаштольд.
Альгерд дакараў сябе: выходзіць, жрацы мацнейшыя за яго, вялікага князя! Ён зноў і зноў уяўляў сабе велізарнае сьвяцілішча Перуна: дзесяцімятровыя сьцены, трохпавярховая цагляная будыніна, каля якой, пад неймаверна старадаўнім дубам, стаяла медная постаць вярхоўнага бога, чые маланкі забівалі непакорных. Дваццаць прыступкаў, што вялі да алтара, мелі выявы месяца ва ўсіх яго квадрах, па іх можна было прадугледзець зацьменьні на сотні гадоў наперад. Гэтак жа можна было і прадбачыць будучае кожнага – але жрацы ўжо не маглі адолець старадаўняй навукі, як тое рабілі іхнія папярэднікі для знатных людзей Вільні, ня кажучы ўжо аб простай чадзі. Можа, таму, што рабіліся ўсе больш цяжкімі для падарожжаў у нязнаны сьвет, там, дзе ўсе рэчы, падзеі і думкі знаходзяцца ўсе разам, не разьдзеленыя ні часам, ні лёсамі.
Выходзіць, будучае існавала, але як угадаць яго нават на некалькі крокаў наперад?
Вялікі князь таксама ня ведаў свайго будучага. Адно ён вызначыў цьвёрда: ніколі, ніколі ня возьме ў жонкі Дзівейну. І нават не таму, што за ёю стаялі Бурыла, Нара і вешчыя старцы, а яны, хаця яшчэ моцныя, усё ж адыходзілі, як адыходзіць час язычніцтва.
Дзівейна – гэта сьмерць вялікай княгіні Марыі, гэта здрада і морак. Гэта жаночая сіла, якая накіраваная не на стварэньне і сьвятло, а на захоп і валадараньне. З-за гэтай сілы давялося ў пракаветныя часы вырываць уладу з рук Жанчыны і ўтаймоваць яе сілай. Аднак, як помсьцячы за тое, яна часам вырываецца з усіх путаў і авалодвае мужчынам. Варта яму толькі аднойчы саступіць.
Яму ж на тыя гады, што засталіся, патрэбная спадарожніца. І, апроч таго, саюзьніца. За ёю павінен стаяць нейчы меч, войска, сіла, якая дапаможа яму ў цяжкі час.
Такой сілай маглі б быць цьверычы. Ён ня раз дапамагаў ім у барацьбе з маскавітамі. Разам яны маглі б выстаяць і перад маскавітамі, і перад крыжакамі. Тыя лезьлі ў край, як клапы: тачыліся ў кожную шчыліну, шукалі кожную зачэпку. Зноў і зноў зьвярталіся да Папы, да іншых гасудароў, схіляючы іх на свой бок. І ўсё дзеля таго, каб захапіць чарговы кавалак зямлі, пашырыць свае ўладаньні. Ім усё мала. Кажуць, іхні замак у Мальбарку расьце ледзь не да неба. Вялікі магістр, калі адчыняе акно, утыкаецца ў аблокі. Вядома, гэта росказьні, але лазутчыкі сапраўды расказвалі пра гэтую цьвержу крыжакаў цуды. Казалі пра добра прадуманую сістэму пропуску, пры якой у замак ня мог пралезьці нават пацук, пра сістэму абпаленых гліняных трубак, што гнала з падполу цяпло ажно на самую вышыню цьвержы, пра тое, што абведзены ракой, замак супрацьстаіць любой хваробе, што прыносяць вецер і непагадзь. Яму, Альгерду, пакуль што такое недаступна. Замак у Вільні нашмат бяднейшы, чым у Мальбарку, бо абапіраецца князь толькі на сваю зямлю ды на тое, што назьбіраў і назапасіў ягоны бацька, вялікі Гедзімін.
Раніцай чацьвёртага дня да яго папрасіўся Нестар. Альгерд прыняў яго з неахвотай. Отрака, што перадаў просьбу, выкінуў з лажніцы, толькі праз паўгадзіны паклікаў яго зноў і загадаў прывесьці сьвятара ў малую тронную залу. Адчуваў перад ім няёмкасьць – шанаваньне саракавін пасьля сьмерці Марыі прайшло больш урачыста па язычніцкім, а не хрысьціянскім абрадзе. Здагадваўся, што ўжо ўсе паслы адпісалі ў свае краіны тое, што пры двары Альгерда існуе вялікая згода паміж князем і язычніцкімі жрацамі, – а гэта ўзмацняла пазіцыі крыжакоў і Масквы, Цьвер жа, як і Ноўгарад з Псковам, тым былі прыніжаныя. Прыніжаны быў і Нестар – усе ведаюць, што хрысьціянскаму храму аддаў вялікі князь куды меней часу, чым жрацам.
Таму сустрэў Нестара насьцярожана, загадзя рыхтуючыся да спрэчкі і доказаў сваёй праўды. Аднак сьвятар ня стаў узгадваць пра саракавіны. Сказаў адразу, як толькі блаславіў князя:
– Адпусьці, мой сын, з цямніцы Антонія.
– Гэта каго? – не адразу зразумеў Альгерд. Ён не цярпеў, калі сьвятар называў яго “сынам”, і той казаў так вельмі рэдка, калі быў настроены рашуча і гатовы быў спрачацца з князем да апошняга.
– Кумца, – патлумачыў Нестар. – Ён пакутуе толькі за тое, што хрысьціянін. Гэта несправядліва. У Вільні шмат купцоў заходняга хрысьціянства, яны маюць свае храмы. І ўсходняга абраду таксама. Цьверычы, якія сюды пастаянна прыязджаюць, таксама ўжо спадобіліся ісьціннай веры. А хлопец у дадатак і твой былы прыдворны. Няўжо ты не шкадуеш маладое жыцьцё? Я дзень і ноч малюся дзеля таго, каб зьмякчыць тваё сэрца.
– Але ж ты колькі разоў ужо прасіў за Кумца, і я табе адмаўляў. Дык як ты асьмельваешся малаціць дзясяты раз адно і тое ж?!
– Ня злуйся, вялікі князь. На гэты раз ёсьць і зьмены. Цябе прыйдуць прасіць за Няжылу. І ты яго адпусьціш. Хаця ён злодзей і ўкраў смарагды.
– Якія зьмены?
Твар Дзівейны плыў перад Альгердам, і не было сіл адмовіцца ад яго. Князь паматляў галавой.
– Няжыла адмовіўся ад хрысьціянства, якое спавядае ягоны брат. Жрацы прыйдуць да цябе з просьбай зноў узяць падчашага да цябе на службу. Розгалас аб гэтым ужо ідзе па Вільні.
І дадаў з горыччу:
– Бурыла ўжо абвясьціў, што Пярун і Вялес даруюць адступленьне ад ісьціннай веры. Кажуць, гэта адбылося па маленьню гэтай… дзяўчыны, якая падносіла табе агонь.
– А прычым тут дзяўчына?
– Яны ўсё робяць, каб паказаць, што могуць дамагчыся болей, чым хрысьціяне. Каб проціпаставіць свае дзівосы ісьціннаму Богу. І таму мне так цяжка змагацца з гэтай цемрай.
Альгерд раздумваў. Вярнуць Няжылу ў замак? Сапраўды, ніхто не даказаў, кім жа ўкрадзеныя смарагды. Ніхто ня ведае ісьціны, і ці ня зьдзівяцца людзі, чаму ўвогуле застаўся жывым такі страшны злачынца? І ён дакараў сябе, што адклаў рашэньне аб лёсе гэтага хлопца. Трэба было ўсё ж пакараць яго. Тады не давялося б зноў гуляць па правілах жрацоў, а не паводле сваіх меркаваньняў…
У пакой нячутна сунуўся бледны отрак, ён чакаў, пакуль вялікі князь зьверне на яго ўвагу, і толькі пасьля дазваляльнага знаку прашаптаў:
– Да гаспадара просіцца вялікі жрэц Перуна Бурыла.
– Ну што я казаў? – падняўся з крэсла сьвятар.
– Я пакуль што не дазволіў табе ісьці, – сурова мовіў Альгерд.
– Ты забыўся: я ня твой слуга, княжа.
– Але ты прыйшоў да мяне з просьбай.
– Ня дзеля сябе. Дзеля літасьці і сьвятла для юнака, якому адкрылася ісьціна.
– Наконт ісьціны мы шмат з табой спрачаліся яшчэ ў раньнія гады. Я памятаю, якім ты быў у Віцьбеску. Ты цяпер стаў куды больш згаворлівым, Нестар, але і зараз ты ня хочаш разумець, што я не магу рабіць так, як загадвае мне сэрца. Я – гаспадар княства!
– Гэта значыць, што ты не адпусьціш Антонія? Але адпусьціш злодзея, які ўкраў каштоўную рэч, толькі таму, што аб гэтым будуць прасіць жрацы?
– Ён ня злодзей, – глуха адказаў Альгерд. – Ты, ойча, многага ня ведаеш. Таму – не асуджай мяне. Ідзі з мірам. Я ня выканаю тваёй просьбы, колькі б ты яе ні паўтараў.
– Я таксама жадаю табе міра. Але яго няма ў тваёй душы. Што ж, я заўсёды гатовы дапамагчы табе, толькі пакліч.
– У мяне няма патрэбы клікаць цябе. Пакуль што.
– Я паўтару табе, княжа, безьліч разоў: калі табе патрэбна будзе дапамога, я ўсё роўна прыйду да цябе.
– Ты, выходзіць, на мяне, як сапраўдны хрысьціянін, ня крыўдзішся, хаця я і адмовіў табе, ойча?
– Я – толькі служка Госпада. Гэта яму ты адмовіў сёньня. Памятай пра гэта, вялікі гаспадар…
ПАГАДНЕНЬНЕ
Высокі, як заўсёды чыста паголены Бурыла ледзь не даставаў галавой вышыні дзьвярэй. Альгерд пайшоў яму насустрач, але не схіліўся перад вялікім жрацом, як бывала гэта раней, і госьць адзначыў тое з прыкрасьцю, але не паказаў сваіх пачуцьцяў.
– Заўсёды рады вітаць вярхоўнага жраца вялікага Перуна.
У голасе вялікага князя было ледзь улоўнае зьдзіўленьне – роўна настолькі, каб прымусіць нечаканага наведвальніка адчуць няёмкасьць ад таго, што прыехаў зьнянацку. Але той не варухнуў і брывом. Агледзеў залу, дзе ня быў з таго дня, як вялікі князь рабіў тут свой першы прыём для жрацоў усіх язычніцкіх капішчаў Вільні – першы пасьля яе гвалтоўнага захопу і ўцёкаў пастаўленага бацькам Гедзімінам на сталец брата Яўнута. З таго часу гаспадар княства часта мусіў ісьці да жрацоў, прыносячы багам багатыя і пышныя ахвяры, гадзінамі прастойваючы ў час вялікіх маленьняў перад іхнімі выявамі.
– Тут не было гэтых… тканак, – з цікаўнасьцю ўгледзеўся жрэц у сьцены. Сапраўды – вялікія тканыя шпалеры з кветкамі і падобныя на шары пладамі на зеленавата-шэрым фоне зусім нядаўна падарылі Альгерду паслы Папы. Ярка-аранжавыя нетутэйшыя плады рабілі залу ня гэткай змрочнай, як заўсёды. Зброя, што вісела на сьценах і раней, адзіная ўпрыгожвала сьцены, цяпер нібы страціла свой ваяўнічы і злавесны выгляд і мякка адблісквала ў промнях няяркага, яшчэ слабога сонца. Трашчалі дровы ў вялікім каміне, абкладзеным зялёнымі кафлянымі пліткамі, на якіх карычнева выдзяляўся трызубец – сямейны знак Гедзіміна.
Бурыла сеў на крэсла, пачціва падстаўленае яму служкам, расшпіліў аплікі багата аздобленага залатымі шнурамі суконнага каптана, з-пад якога паказаўся вялікі залаты медальён-зьмеявік, і строга зірнуў на князя.
– Пакараньне зламысьнікаў заўсёды прымушае простую чадзь схіляцца перад уладай і пачціва прымаць усе законы, якія мы даём людзям дзеля іхняй жа карысьці, – сказаў ён, выдзяляючы кожнае слова.
– Пра каго ты гаворыш, вялікі жрэц?
– Пра любога, хто не выказвае пакоры багам.
– Але ж ня дзеля таго, каб я пачуў тое, што добра ведаю, ты ўспароў мяне з ложку? Нешта здарылася, аб чым мне не сказалі?
– Табе і не маглі гэтага сказаць: толькі сёньня ў капішча прыйшла вестка аб тым, што бяглянка, якая адмовілася служыць багам, жыве сабе ў Нямеччыне і не зьбіраецца вяртацца.
– Ты гаворыш пра Уну, дачку пасла Леся, якая зьнікла колькі месяцаў таму? Адшукаў яе брат?
– Думаю, што гэты нягоднік сам дапамог ёй уцячы, хаця хлусьліва прыкідваўся, што для яго гэта таксама вялікая навіна.
– Мне якраз здаецца, што Круглец – шчыры і добры хлопец. Калі ён так гаворыць, значыць, сапраўды ня ведае, дзе ягоная сястра.
– Гаспадар, ты можаш яго праверыць: няхай ён сам прывязе сястру ў Вільню.
Альгерд раздумліва глядзеў на Бурылу.
– Але яна – знатная баярыня. Нягожа цягнуць яе сілком, як цёлку на вяроўцы. Бачыш, як ня хоча яна служыць Перуну. А ты, помніцца, казаў, што дзяўчына толькі і марыць аб тваім храме... Што ж – ёсьць сотні іншых, выберыце сабе. З Лесем мы сябравалі. Ён шмат зрабіў для Княства і для майго бацькі Гедзіміна, і я не хацеў бы…
– Вялікі гаспадар! – перабіў яго жрэц. – Калі ня будуць слухацца багоў знатныя баяры – ня стане таго рабіць і простая чадзь. Трэба добра пакараць зламысніцу – нягледзячы ні на заслугі бацькі, ні на знатнасьць ейнага роду. Як жа ты хочаш, каб у нашым Княстве быў парадак, калі людзі ня будуць ведаць цяжару сваіх абавязкаў і несьці іх, як належыць!
У голасе Бурылы Альгерд злавіў нязвыклую для таго гарачнасьць і насьцярожыўся. Але не паказаў таго. Наадварот, спытаўся як бы між іншым:
– А дзе жыве Уна?
Бурыла махнуў рукой, нібы падкрэсьліваючы тым, што гэта дробязь.
– Калі гэты мудрэц паедзе, мы яму скажам, дзе яна. І дадзім двух жрацоў, каб яны… дапамагалі.
– Але пакуль ты скажы гэта мне, – сьцішана прамовіў князь. Ён адчуваў размову, як гульню ў варцобы альбо паядынак на дзідах. Праціўнікі ходзяць адзін вакол другога, шукаюць слабое месца, каб пасьля сабраць усе сілы і перамагчы.
– Яна ў Хайдэльбергу, – спакойна мовіў Бурыла, толькі на імгненьне зялёным выбліснулі яго вочы.
– Яна што, купіла там дом? Ці здымае жытло?
– Ці не зьбіраешся ты, вялікі князь, сам паехаць за ёю? – з усьмешкай паглядзеў на яго жрэц.
– Я не хацеў бы, каб за ёю паехаў ты, – таксама нібыта жартуючы, усьміхнуўся і Альгерд. – Тут столькі ўсялякіх спраў, як жа мне спраўляцца без цябе?
– Якраз я і хачу пагаварыць пра справы, – Бурыла адразу перайшоў на заклапочаны тон, паказваючы, што ўсё, аб чым яны тут толькі што гаварылі, было ня самым значным.
– Кажы. Пра што ты?
– Пра тваю жаніцьбу, княжа, – цьвёрда гледзячы ў вочы Альгерду, адсек вярхоўны жрэц.
– Гэтым займаюцца паны-рада. Ды і ня час: усяго сорак сем дзён прайшло, як княгіня памерла.
– Гэтыя звычаі ўвялі хрысьціяне. Нашыя ж гавораць пра тое, што адразу пасьля трызны, калі праводзілі душу ў Ірый, кожны зноў можа выбіраць сабе спадарожніцу жыцьця. Яшчэ раней жонкі абавязкова ішлі ўсьлед за мужам, але ўжо Гедзімін пакінуў зямны сьвет без гаспадыні. Думаю, душы яго там няўтульна. Але так захацелі вы, ягоныя сыны, і мы, жрацы, праявілі слабасьць.
– І каго ж вы, жрацы, мне знайшлі? Ці яшчэ шукаеце?
Альгерд казаў гэта проста, як быццам гаворка была для яго сапраўды новаю. Бурыла страсянуўся:
– Ты ня раз чуў пра гэта!
– І ўсё ж скажы яшчэ раз.
– Я кажу пра сястру вялікай жрыцы Нары Дзівейну!
– І зноў жа: я ня раз адказваў табе. На гэта ня пойдуць паны-рада. Жонка павінна прыносіць дзяржаве землі, багацце, сувязі з саюзьнікамі.
– Гарачае пачуцьцё – гэта таксама скарб. Нашы продкі аб тым ведалі і карысталіся гэтым. Усё занядбаньне на зямлі ідзе ад таго, што сталі думаць, як выгадней. А трэба кіравацца запаветамі любові і сьвятла.
...Калі б гэта казаў Лойка! Лойку Альгерд верыў і, гаворачы з ім, скрушна думаў аб тым жа. А яшчэ аб тым, што ён, гаспадар Княства, ня можа кіравацца пачуцьцямі, нават калі б хацеў, а мусіць рабіць тое, што робіць увесь сьвет: наступае, абараняецца, захоплівае, захоўвае і прымнажае – землі, багацьце, скарбы, якімі купляецца ўсё наўкол. Не, ня ўсё, – паправіў ён сам сябе. – Але тое, што не купляецца, і ня цэніцца ў сьвеце…
Бурыла сам рабіў гэтак жа: цікаваў, дзе лаўчэй можна дабіцца свайго. Купляў, калі трэба было. Загадваў, але калі ня мог дамагчыся свайго сілай, то ўпрошваў, угаворваў, але і быў да супраціўнікаў бязьлітасным.
– Згодны з табою. Але менавіта за гарачае пачуцьцё да новага бога і сядзіць у цямніцы мой лоўчы Кумец. Ягоны брат Няжыла яшчэ не апраўданы.
– Гэта іншае. Няжыла пакаяўся ва ўсім, і таму я прашу выпусьціць яго на свабоду.
– Ты ня просіш за другога?
– Ён страшэнны злачынца, бо грашыць супраць багоў. У яго гарачае не пачуцьцё, а духоўнае асьляпленьне, і гэта тым болей небясьпечна. Але…
Бурыла спыніўся, нібы захрасла ў горле. Абяцаньне, якое ён гатовы даць, ня ўзгоднена са жрацамі. Ды што рабіць з нязломкам-князем?! І ён дакаўтнуў словы:
– Жрацы, калі ты так хочаш, нават даруюць яму грахі – у дзень твайго вясельля. Ён наўрад ці адмовіцца ад свайго хрысьціянства, але мы ведаем, як ты яго любіш, і нешта прыдумаем…
– Я б не хацеў сёньня гаварыць пра вясельле!
– Я не настойваю, гаспадар. Мы так цябе любім, што ня хочам брацца з табой у сутонкі...
Бурыла усё ж падлавіў яго на агаворцы “сёньня”. Значыць, размова ня скончаная. Князь не адцураецца Дзівейны, тым супрацьпаставіўшы сябе жрацам!
Альгерд пабачыў, як задаволена бліснулі зялёныя вочы на твары жраца. Каторы раз супакоіў сябе: “Мне конча трэба выйграць час, каб пасьля ставіць свае ўмовы ім. Колькі ж мне яшчэ працягваць гэтую гульню!”
Бурыла ўстаў, тым паказваючы, што ён задаволены размоваю. Але ўсё ж напомніў:
– Загадай, гасудар, выпусьціць з вязьніцы Няжылу. Як бы добра было, каб ты ўзяў яго назад у замак. Гэта быў бы знак тваёй бязьмернай літасьці да ўсіх адшчапенцаў.
– Зламаны, ён вам ужо ня страшны? Добра, я вярну яго ў замак.
– Я рады, што мы паразумеліся, вялікі князь, – Бурыла падняў руку над галавою Альгерда, і таму, хоць і міжволі, давялося схіліць яе перад жрацом Перуна…
СЁСТРЫ
Сьвяцілішча багіні Лады поўнілася ажыўленым, адданым людам і ў гэты пахмурны сакавіцкі дзень. Вялікая жрыца са сваёй сьвятліцы зьверху, праз патаемныя адтуліны ў сьцяне, назірала за рэдкімі мужчынскімі постацямі сярод стракатага натоўпу жанчын. А тыя то клалі вянкі і прынашэньні перад алтаром багіні, то ўкленчвалі перад ёю, расьсьцілаючыся на падлозе, то стаялі на каленях, закрыўшы твары рукамі, дасылаючы Ладзе свае просьбы і самыя патаемныя жаданьні.
Абедзьве сястры адпачывалі. Зірні хто зьверху на сьвятліцу, дзе яны сядзелі, параўнаў бы яе з прыгожай клеткай, дзе ўладкаваліся дзівосныя птушкі: чырвоная прасторная сукня Нары і лазуровы каптан Дзівейны, залатыя і срэбныя бранзалеты, колты, абручыкі надавалі абедзьвюм жанчынам падабенства з яркімі заморскімі шчабятуньнямі. І сьвятліца адпавядала таму высокаму становішчу ў Вільні, якое займала вялікая жрыца: сьцены былі абцягнутыя сьветла-жоўтым атласам, на бялюткім абрусе месьцілася чарнёнага серабра амфара з пахкім грэчаскім віном і такія ж кубкі. На круглай пукатай тарэле грувасьціліся крутабокія чырвоныя яблыкі. У куце дымілася празрыстым духмяным дымам пазалочаная курыльніца. Сёстры ледзь ня грузнулі ў мностве маленькіх падушак, а ногі ў мяккіх поршніках паклалі на ніжнюю вузкую лаву, усьцеленую белай аўчынай. Адтуліны ў сьцяне маскаваліся пад узоры, выкладзеныя алавастрам. Нара паказала на чарнавалосую, у пышным вяночку дзяўчыну, што стаяла на каленях:
– Каханка майго дзядзькі Нарбута. Прыходзіць штодзень вось ужо месяц, і дзядзька па маёй просьбе зрэдзь, пасьля кожнага ейнага маленьня, сустракаецца з ёю. У кожнай з іх плача сэрца, – сказала яна і пагладзіла па плячы Дзівейну.
– Сюды цягнуцца пераважна жанчыны. Учора жаданыя для мужчыны, сёньня яны робяцца для яго звыклымі, а пасьлязаўтра – надаеднымі, і ён жадае іншую жонку альбо наложніцу.
– Хрысьціянства тое забараняе, – адгукнулася Дзівейна.
– Хрысьціянства выгаднае жанчыне, бо сужонак вымушаны браць яе на ўсё жыцьцё. Але ж... гаспадар сёньняшняга жыцьця мужчына, і таму якраз ён – галоўная апора нашага храма. Як ваўку патрэбная спажыва, так і мужчыне – сьвежаніна, жаночае цела. А значыць, колькасьць няшчасных не паменшыцца, і яны будуць вечна хадзіць у наш храм!
– Калі вялікі князь не ажэніцца са мною ў царкве, а проста тройчы абвядзе вакол сьвяшчэннага дуба, то я таксама магу яму хутка надакучыць, – усьміхнулася Дзівейна.
– Гэтага не дапусьцім мы. Ён павінен паказаць усяму сьвету, што шануе старых багоў. Што ягоная краіна ня стане хрысьціянскай. А што да надакучнасьці... Хочаш, я раскажу табе пра разумную жонку. Яна жыла недзе там, на ўсходзе, сярод касавокіх народаў. І муж яе, уладыка краіны, пакахаў маладзенькую прыгажуню і ўзяў яе ў дом. Тады жонка пасябравала з прышлай і стала дагаджаць ёй, як толькі магла. Што тая ні пажадае – яна ёй дорыць і ўсяляк задобрывае… Калі пра гэта даведаўся муж, ён надта ўсхваліў сваю жонку: “Такімі паводзінамі яна паказвае, што падпарадкоўваецца майму жаданьню і паважае іх!” І вось, калі абедзьве жанчыны так пасябравалі, што, здаецца, не маглі жыць адна без адной, маладая папрасіла парады, як ёй сябе паводзіць, каб каханьне ўладыкі да яе было яшчэ мацнейшым. І тады старая жонка сказала: “У табе ўсё яму падабаецца, апроч носа. Ты прыкрывай нос хусткай альбо наміткай, і ўсё будзе добра”. Праз нейкі час уладыка запытаўся ў сваёй старой жонкі, чаму маладая ўвесь час прыкрывае нос. “Ах, навошта табе гэта!” – закапрызіла жанчына. Калі ж той пачаў настойваць, нехаця прызналася: “Яна такая цудоўная, што даверыла мне страшную таямніцу, якую я расказваю табе толькі таму, што не магу адмовіць табе, усемагутнаму”. – “Дык што там з ёю?” – дапытваўся цар.
– Зьлітуйся! Яна не пераносіць твайго паху.
– Ах вось як! Яна не пераносіць майго паху! – зароў абражаны мужчына. – У такім разе, адрэзаць ёй нос, і зараз жа!
І маладой дурніцы тут жа адрэзалі нос…
Дзівейна адкінулася на крэсла, паглядзела на Нару, і абедзьве жанчыны ад душы расьсьмяяліся.
– З такою дарадчыцай, як ты, я не баюся ніякіх памылак, – сказала малодшая сястра.
– І добра. Вер мне, і ўсё будзе па-нашаму, – прамурлыкала вялікая жрыца. – На наш век яшчэ хопіць усяго – і багацьця, і багоў, а там… там, у будучым, усё яшчэ можа зьмяніцца. Ды мы зможам глядзець на ўсё гэта здаля, з Ірыю, і будзем там гэтак жа, як зараз, сьмяяцца… А пакуль – стань вялікай княгіняй, і хай табе дапаможа абярэжніца каханьня!
– А што, калі яна, наадварот, мне... адпомсьціць? – сьцішана запыталася дзяўчына. – Я не кахаю Альгерда, больш таго – баюся яго.
– Пра гэта ня думай! – амаль прыкрыкнула на яе сястра. – Гэта справа жрацоў. Я прымушу князя, каб ён заўсёды хацеў цябе, і каб таго юру было даволі для абодвух!
Наступіла маўчаньне. Дзівейна глядзела ўніз на жанчын, якія раскладалі свае няхітрыя падарункі перад выявай багіні Лады, і аб нечым думала, нахмурыўшы бровы.
– Я веру табе, сястра. Але і табе не заўсёды ўсё ўдаецца. Той малады прыдворны, які табе падабаўся… не застаўся з табою, калі ты таго захацела…
– І дзе ён цяпер? – адрывіста адказала жрыца. – У цямніцы, дзе яго грызуць пацукі і сырасьць выядае гарачыню крыві… Ён неўзабаве стане кастратам… Нават калі застанецца жывым, ніколі ня зможа больш любіць жанчыну так, як таго патрабуюць багі…
– Затое я чула, што пад ягонае акенца зьбіраюцца людзі і слухаюць яго словы так, як ня слухаюць многіх жрацоў…
– Ты гэта чула? Сапраўды?
Нара ўскочыла, скінуўшы пульхную аксамітавую падушку, на якой сядзела. Сказала заклапочана:
– Трэба будзе сказаць пра тое Бурылу.
І, пацягнуўшы носам, раптам перамяніла тэму:
– Нехта з гэтых няшчасных прынёс у сьвяцілішча выдатную медавуху. Для Лады яна не патрэбная, а нам… Апошнім часам у мяне нешта стыне кроў, так што ня шкодзіць трохі сагрэцца. Як ты, вялікая княгіня?
– Не суроч, сястра! – апасьліва прашаптала Дзівейна. – Нешта неспакойна ў мяне на сэрцы. Пакуль ня стану валадаркай…
І з раптоўнай гарачнасьцю амаль крыкнула:
– Каб ня ты, ня вы ўсе... я ляжала б у абдымках Бусла, аднаго з Ашвінаў, і кахала б яго! У яго гладкая скура і магутныя рукі, і я марыла аб Конскім тыдні*, каб аддацца яму!
– Стань валадаркай, і ў маім храме цябе праз які год абдыме Бусел, а ніводная душа пра тое не даведаецца.
– А пасьля я пайду на ложа старога! І буду хлусіць яму!
– Дзіця! Ты яшчэ не спазнала, як салодка млець ад таго, што ты валадарыш над мужчынам, і не над адным. Што ты належыш толькі сабе і сваёй прыхамаці... Сваёй, а не ягонай! О, я хацела б быць валадаркай Княства! Ды Кон* ня даў мне і ценю такога шанца. Дык – сьмялей наперад!
– Альгерда я баюся. Ён усё бачыць...
– Ня ўсё. Мы яго перахітрым. Калі ты будзеш цьвёрдай і пакуль што забудзешся на ўсіх Буслоў, разам узятых.
– Пакуль што, сястра? Але пасьля... хай і праз год...
– Абяцаю! А пакуль будзем піць медавуху і грэць кроў. Холадна мне нешта…
ВЯРТАНЬНЕ З ВЯЗЬНІЦЫ
Калі ён караскаўся па брукаванцы, што крута ўздымалася да замку, у ягоных вушах гучаў голас брата. Калі ў глыбокіх падземных сховішчах, высака ўзьняўшы вогненны смаляк, пералічваў глякі з медавухай і аплеценыя павуціньнем бочкі з віном, у яго вачах паўставаў брат. Брат прыходзіў па начах, калі Няжыла спаў, а душа яго блукала па тым сьвеце.
Не па гэтым.
Бо гэты сьвет, пасьля таго як яго выпусьцілі з цямніцы, ператварыўся ў нейкі іншы, нязвыклы і чужы.
У ім не было шмат чаго са звыклага і роднага.
Найперш – Рэчыцы.
Некалі вёрткая і гнуткая як плотка дзяўчына стала вялай і ціхай, яна пазнавала толькі бацькоў, а іншыя для яе былі прычынай бесьперапыннага жаху. Няжыла ня вытрымаў – пайшоў у некалі гасьцінны дом, пастукаўся ў запаветныя дзьверы. Ды бацькі Рэчыцы сустрэлі яго як злачынцу, разам выскачылі ў перадпакой і далей не пусьцілі.
– Гэта ж з-за цябе забраў розум у нашай дачушкі Лядашчык! – загаласіла Зайка. – Каб ня ты, яна б выйшла за Вепра, і дзеці былі б ужо!
– Ідзі ў храм Перуна і сатвары крывавую ахвяру, можа, дачка наша ачуняе ад ляку! – басіў прыгнечаны і хмурны Баравік.
Няжыла чуў – Рэчыца бесьперапынна хадзіла пад дзьвярыма, якія падпіралі бацькі, і слухала, аб чым гаворка. Калі ж ён узвысіў голас і паклікаў яе, яна азвалася такім страшным, нутраным выцьцём, што ён выбег з хаты і нёсься па вуліцы, пакуль не перацяла дых і не адняліся ногі.
Ягоныя сёстры парадаваліся вызваленьню, але ніводная не прыехала ў родную хату, каб даведацца, як жа цяпер ён там жыве: без матулі, бяз брата, толькі з двума служкамі, якія ні аб чым не пытаюцца ў гаспадара.
Не пыталіся пра тое і ў замку. Ды Няжыла адчуў: стаўленьне да яго цяпер іншае. Ён ня стаў зноў сваім. Хрышчэньне сьцяной аддзяліла яго ад сяброў, якія тады, калі гэта адбылося, глядзелі на яго ўжо як на іншага, на чужога... Гэтак жа насьцярожана глядзелі яны і цяпер. Няхай ён |