ЗМАГАЎСЯ ЗА АЙЧЫНУ – СПАЧЫВАЕ НА ЧУЖЫНЕ
(Да 100-годдзя ад дня нараджэння Вінцэнта Жук-Грышкевіча)
Леанід Лыч
Беларускі народ свята захоўвае ў памяці сваёй усіх тых слынных сыноў і дачок, якія ў самы адказны для Бацькаўшчыны час аддана служылі яе святым нацыянальным інтарэсам. На вялікае шчасце, лёс не абдзяліў нас такімі асобамі, дзякуючы чаму мы не скарыліся суровым выпрабаванням часу, захавалі сваё нацыянальнае “я”.
Нарадзіўся Вінцэнт Жук-Грышкевіч 23 лютага 1903 года ў мястэчку Будслаў на Мядзельшчыне. Гэты куточак беларускай зямлі даў ёй шмат неардынарных людзей. Да таго як стаць шырока вядомым педагогам, літаратуразнаўцам, гісторыкам, культурным і палітычным дзеячом беларускае эміграцыі, В. Жук-Грышкевіч шмат і плённа працаваў над павышэннем свайго адукацыйнага ўзроўню.
Пер шая сусветная вайна не дала магчымасці працягнуць вучобу пасля заканчэння ў 1915 г. двухкласнага павятовага вучылішча. Але час марна не бавіў. Працуючы хатнім настаўнікам у вёсцы Васілеўшчына, разам са сваімі аднадумцамі стварыў на занятай кайзераўскімі войскамі тэрыторыі адну з першых беларускіх нацыянальных школ.
Чарговай прыступкай да больш высокай адукацыі стала вельмі прэстыжная ў нашай моладзі Віленская беларуская гімназія, якую скончыў у 1922 годзе. Далей быў філасофскі факультэт Карлавага універсітэта ў Празе.
Авалодванне навукамі ішло тут вельмі паспяхова. Знаходзіў час і для ўдзелу ў грамадска-культурным жыцці. У поўным аб’ёме праявіліся і публіцыстычныя здольнасці. Друкаваўся ў беларускамоўных часопісах і газетах: “Беларуская справа”, “Наша слова”, “Народны звон”, “Сям’я і Школа”, “Беларускі звон”, “Маладая Беларусь”. Пад час вучобы ў Празе далучыўся да навуковай дзейнасці: з’яўляўся актыўным сябрам аб’яднанняў “Навуковае таварыства”, “Беларускі вучыцельскі саюз”, “Таварыства беларускай школы”.
Пасля заканчэння ў 1926 годзе Карлавага ўніверсітэта вяртаецца ў родную Беларусь з цвёрдым намерам папоўніць шэрагі тых моцнай нацыянальнай арыентацыі педагогаў, што самаахвярна вядуць змаганне супраць дзяржаўнай палітыкі паланізацыі. В. Жук-Грышкевіча вельмі ветліва сустрэлі і з вялікай радасцю прынялі ў свой згуртаваны калектыў педагогі Віленскай беларускай гімназіі, дзе давялося працаваць выкладчыкам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры на працягу 1927—1937 гг.
Як толькі мог прышчапляў нацыянальныя ідэалы маладым пакаленням, працуючы раўналежна яшчэ выкладчыкам беларускай мовы ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навукаў у Вільні. 3 прыходам у верасні 1939 г. савецкіх войскаў у Вільню такіх шчыра адданых беларускай нацыянальнай ідэі педагогаў, як В. Жук-Грышкевіч, на добры лад трэба было б на руках насіць, вылучаць на самыя высокія пасады ў сістэме народнай адукацыі, якую савецкая ўлада мерылася карэнным чынам рэфармаваць. Атрымалася ж наадварот: ужо 30 верасня таго года яна зняволіла нашага героя ў сумнавядомую Лукішскую турму. Затым яго “гасцінна” сустракалі і давалі начлег падобнага роду ўстановы Беластока, Вілейкі, Мінска, Полацка, Оршы. І нарэшце апынуўся ў адным з лагераў далёкай і суровай Комі АССР.
3 гэтага пекла выратавала прынятая неўзабаве пасля нападу Гітлера на СССР дамова, у адпаведнасці з якой усе польскія грамадзяне савецкіх лагераў і турмаў выпускаліся на волю. Гэтае права выкарыстаў і В. Жук-Грышкевіч. Аднак жыць у СССР не пажадаў. Уступіўшы ўвосень 1942 года ў 3-ю польскую дывізію стралкоў, дабраўся праз Іран, Ірак, Егіпет, Палестыну да Еўропы і браў удзел на баку саюзніцкіх войскаў у барацьбе з фашысцкай Германіяй, за што атрымаў чатыры англійскія медалі.
Пасля кароткатэрміновага знаходжання ў Італіі В. Жук-Грышкевіч у якасці краіны сталага жыхарства выбірае Англію, куды нямала з’ехалася беларусаў. Ён быў адным з заснавальнікаў утворанага ў 1946 годзе Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), галоўнай мэтай якога з’яўлялася нацыянальнае адраджэнне на Беларусі. Першым старшынёй ЗБВБ на працягу 1947—1948 гг. быў В. Жук-Грышкевіч. Побач з вырашэннем іншых неадкладных задач шмат намаганняў прыклаў да арганізацыі беларускага друку ў Англіі. Тут з 1946 г. пад яго рэдакцыяй сталі выходзіць часопіс “На шляху”, а ў наступным годзе – “Беларус на чужыне”. Выдаваліся і брашуры, аўтарам адной з іх на вельмі актуальную тэму – “Беларусь пад расійскай акупацыяй” (1949) – быў сам В. Жук-Грышкевіч.
3 1950 г. жыццё В. Жук-Грышкевіча звязана з Канадай (пасяліўся ў Таронта). Тут ён у 1952 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Лірыка Янкі Купалы”, прычым рэфераваў яе па-беларуску. Адбывалася гэтая падзея ў час, калі ўся нацыянальна свядомая частка нашай эміграцыі адзначала дзесятыя ўгодкі трагічнай гібелі народнага паэта Янкі Купалы. Дзякуючы сваім сістэматычным выступленням з лекцыямі перад рознымі слухачамі В. Жук-Грышкевіч хутка стаў вядомай у Канадзе асобай. Галоўнымі тэмамі яго выступленняў былі: беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне канца XIX – пачатку XX стст., роля газеты “Наша Ніва” ў распаўсюджванні беларускай нацыянальнай ідэі, месца Першага усебеларускага кангрэса 1917 года ў змаганні за нацыянальна-дзяржаўную незалежнасць, Беларуская Народная Рэспубліка як суверэннае дзяржаўнае ўтварэнне.
Як таленавітага прапагандыста і публіцыста В. Жук-Грышкевіча ў лютым 1954 года прызначаюць кіраўніком беларускай секцыі амерыканскай радыёстанцыі “Вызваленне”, якая неўзабаве атрымала назву “Свабода”. Працаваць давялося толькі трохі больш як два гады, але і за гэты час удалося падрыхтаваць і агучыць велізарную колькасць перадач, у якіх аб’ектыўна асвятлялася жыццё Беларусі ў далёкім і блізкім мінулым. Каму пашчасціла хоць фрагментарна пачуць тыя выступленні (глушылі іх на выдатна), той пачынаў намнога лепш разумець сутнасць антынацыянальнай палітыкі Масквы ў дачыненні да беларускага народа.
У красавіку 1956 года В. Жук-Грышкевіч ізноў у Канадзе, у якой пад той час паспеў утварыцца даволі моцны беларускі эміграцыйны асяродак. Як і многіх нацыянальных патрыётаў, яго непакоіла, што родная Беларусь, будучы палітычна беспраўнай у складзе СССР з яго русіфікатарскім курсам, няспынна губляла сваё этнакультурнае аблічча.Прычым нішто так не раз’ядала яго, як дзейснасць пабудаваных на рускай культурна-моўнай аснове агульнаадукацыйных школ, прафесійна-тэхнічных вучэльняў, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Як добра дасведчаны ў гэтых пытаннях навуковец і педагог, грамадска-палітычны дзеяч В. Жук-Грышкевіч выкарыстоўваў любую магчымасць, каб давесці да ведама найперш за ўсё нашых эмігрантаў, а затым і сусветнай супольнасці пра антынацыянальную палітыку партыйных і савецкіх органаў БССР у сферы народнай адукацыі. Наяўнасць свядомай, мэтанакіраванай палітыкі русіфікацыі адукацыі і выхавання маладых пакаленняў беларускага народа абгрунтоўваў тым, што ўжо ў 60-х гадах у сталіцы рэспублікі практычна не існавала аніводнай чыста нацыянальнай школы. Нешта падобнае назіралася і ў іншых гарадах. Хаця фармальна некаторыя іх школы лічыліся беларускімі, на практыцы, было не так, “бо ў іх усе прадметы выкладаюцца па-расейску, а беларуская мова абмежаваная да мінімальнага ліку гадзін”.
Бясконца любімай тэмай, якая прайшла праз многія публіцыстычныя творы В. Жук-Грышкевіча, была Беларуская Народная Рэспубліка. Ён выявіў тытанічную энергію, жалезную логіку дзеля адстойвання яе прагрэсіўнай ролі ў лёсе беларускага народа, бо ў савецай гістарыясрафіі аж да самай гарбачоўскай перабудовы БНР падавалася толькі з негатыўнага боку. 3 прынцыпова іншых пазіцый ставіўся да БНР В. Жук-Грышкевіч, што добра відаць з яго перапіскі з канадскім доктарам В.Кайе, якая вялася ў 1959 годзе. У гэтай перапісцы мы знаходзім поўны пералік дзяржаў, якія de jure ці de facta прызналі ўрад БНР, а таксама пераканаўчае сведчанне, што апошні ні ў чым не запляміў сябе ў перыяд Другой сусветнай вайны. У час перамоў з прадстаўнікамі Гітлера, якія праходзілі за два тыдні да нападу Германіі на СССР, прэзідэнт Рады БНР Васіль Захарка рашуча настойваў на тым, каб у выпадку захопу нямецкімі войскамі беларускай тэрыторыі тут, па-першае, была рэстаўравана Беларуская Народная Рэспубліка, як незалежная і суверэнная дзяржава; па-другое, каб у час ваеннага перыяду нямецкая армія шанавала гэтую незалежнасць і суверэннасць; па-трэцяе, каб па заканчэнні вайны з СССР нямецкая армія пакінула Беларусь.
Асабліва шмат публікацый В. Жук-Грышкевіча пра БНР з’явілася ў 1968 годзе, калі адзначаўся пяцідзесяцігадовы юбілей яе абвяшчэння. У артыкуле “БНР - спадчына ўсіх беларусаў”, змешчаным у дадатку да газеты “Беларус” – “Весткі з Канады” (№ 132), ён урачыста называе Беларускую Народную Рэспубліку агульным усебеларускім дзяржаўным творам, дзяржаўным ідэалам беларусаў бацькаўшчыны і эміграцыі. У 130-м нумары гэтага ж дадатку, праўда, не без пэўнага перабольшвання заяўляў: “За 50 год незалежніцкая ідэя не толькі не памерла ў беларускім народзе, але расце і мацнее. Наш народ робіць усё, што магчыма ў абставінах бальшавіцкага таталітарнага рэжыму, каб даць адпор наступу русіфікацыі, каб узбагаціць беларускую культуру, каб захаваць беларушчыну, каб разбудаваць эканамічны добрабыт і ўнезалежніць яго ад Масквы”. Для нас, беларусаў з метраполіі, у змесце гэтай цытаты больш бачыцца шчырае пажаданне яе аўтара, чым рэальнасць сітуацыі, бо савецкай камандна-бюракратычнай сістэме ўдалося ўсталяваць у нас такія парадкі, што проста ніхто не асмельваўся рашуча паўстаць супраць старанна спланаванай партыйным цэнтрам у Маскве русіфікацыі нашага краю, і таму замест узбагачэння культуры яго карэннага насельніцтва адбывалася нечуваная для ўсіх папярэдніх гадоў дэфармацыя яе нацыянальнага патэнцыялу.
Час няўмольна бег наперад. 3 прычыны натуральнай смерці ўсё менш і менш у кіраўніцтве палітычным жыццём беларускай эміграцыі заставалася людзей, якія стаялі ля вытокаў нацыянальна-культурнага адраджэння Бацькаўшчыны ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя. На замену такіх людзей прыходзілі больш маладыя асобы. Імкліва – і зусім заслужана – ішоў угару В. Жук-Грышкевіч: з 1966 года – кіраўнік Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады, з 1968 г. – першы намеснік старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Калі ў 1970 годзе памёр яе старшыня Мікалай Абрамчык, лепшага пераемніка яму, як В. Жук-Грышкевіч, не знайшлося.
Абавязкі старшыні Рады БНР выконваў да 1982 года. Гэта быў нялёгкі як для самой Беларусі, так і для эмігрантаў час. У СССР шырокім фронтам разгарнулася барацьба за пабудову камуністычнага грамадства з яго адзінай для ўсіх савецкіх народаў культурай і мовай. У гэтых варунках нацыянальнае цалкам падпарадкоўвалася інтэрнацыянальнаму, у якім дамінантай з’яўляліся руская культура і мова. Практычна русіфікацыя трушчыла нацыянальны духоўны патэнцыял беларускага і украінскага народаў, як найбольш блізкіх да рускіх па культуры і мове. У поліэтнічных дзяржавах ад гэтай трагедыі ніяк нельга ўхіліцца блізкароднасным да тытульных нацый народам.
За ўвесь пасляваенны час у друку БССР не з’явілася аніводнага артыкула пра пагрозу рускай культурна-моўнай асіміляцыі беларускага народа. Затое не спынялася пра гэта біць у званы беларуская эміграцыя ў надзеі, што яе голас пачуюць на гістарычнай радзіме.
Сваю пазіцыю па самых актуальных пытаннях беларускага нацыянальнага жыцця на Бацькаўшчыне і за мяжой гранічна выразна выклаў В. Жук-Грышкевіч ужо ў верасні 1970 года на 9-ай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Паколькі сустрэча праходзіла пад знакам “Беларусь у змаганні”, “мы, беларуская эміграцыя, – заяўлялася ў яго прамове, – павінны быць у гэтым змаганьні. Мы мусім выконваць тыя заданьні, якія вызначае нам наша палажэньне ў вольным сьвеце, якія недаступныя нашым братом на бацькаўшчыне. А гэта:
1) тварыць і утрымліваць беларускае арганізацыйнае жыццё ў вольным сьвеце;
2) перахоўваць і культываваць беларускую нацыянальную спадчыну й беларускія незалежніцкія дзяржаўныя традыцыі;
3) інфармаваць увесь сьвет аб тых здзеках і злачынстве, якія чыніць над нашым народам маскоўскі акупант;
4) дапамагаць усімі магчымымі спосабамі нашым суродзічам на Беларусі ў іх змаганьні супраць нацыянальнага й палітычнага паняволеньня, супраць русіфікацыі й эканамічнага вызыску”.
Настаўнік па прафесіі, В. Жук-Грышкевіч не мог не клапаціцца арганізацыяй нацыянальнага выхавання і навучання дзяцей беларускай эміграцыі. Усе ж яны вучыліся ў школах на дзяржаўных мовах тых краін, дзе атабарыліся. Веды па роднай мове набывалі толькі ў сем’ях, што не заўсёды магло выратаваць ад асіміляцыі. Неабходнасць узгадавання дзяцей беларускіх эмігрантаў у беларускай мове тлумачыў яшчэ і спасылкай на такую акалічнасць: “Наш народ знаходзіцца ў савецкай няволі, дзе беларускія школы ператвараюць у расейскія, перасьледуюць беларускую мову, перасьледуюць нашых суродзічаў за тое, што яны гавораць па-беларуску. Масква стараецца вынішчыць усё беларускае, зрусыфікаваць край і народ беларускі. І напэўна ў нашым народзе ёсьць надзея на нас, што жывем у вольным сьвеце, ў свабодзе й дастатку, што можам без ніякіх абмежаваньняў культываваць сваю мову і культуру, узгадоўваць кадры сьведамыя нацыянальна беларускай інтэлігенцыі”. Хаця сказана гэта было 30 гадоў таму, яго ніяк нельга і зараз ігнараваць нашай эміграцыяй, бо стан беларускай мовы ніколькі не палепшыўся і мае быць яшчэ горшым, калі Бацькаўшчына поўнасцю пяройдзе на крайне невыгадныя для яе стандарты саюзнай руска-беларускай дзяржавы. Баюся, што гэта можа стацца апошняй палітычнай інтэграцыяй у гісторыі беларускага народа, бо захаваць у ёй сваю этнакультурную самабытнасць будзе ў дзясяткі разоў цяжэй, чым у складзе Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі ці СССР. У апошнім, дарэчы, барацьба такіх моцна этнічна скансалідаваных народаў, як літоўцы, латышы, эстонцы, армяне, грузіны азербайджанцы і іншыя супраць русіфікацыі трохі стрымлівала агульнасаюзны партыйны цэнтр па яе правядзенні, паказвала і беларусам, што не трэба быць такімі абыякавымі да здзекаў са свайго нацыянальнага жыцця. У запланаванай да стварэння руска-беларускай дзяржаве нельга будзе знайсці народаў, падобных да вышэйпералічаных.
Усе, каму сёння 30 гадоў і болей, добра памятаюць, на якую вышыню камуністычная ідэалогія ўзняла надуманую ёй самой з’яву ў развіцці грамадства, як фармаванне новай гістарычнай супольнасці людзей – савецкага народа. Найбольшай вартасцю яе прызнавалася набліжэнне ўсіх нацый і народнасцяў СССР да сацыяльна-класавай аднароднасці, і зусім не бралася пад увагу магчымасць захавання іх этнакультурнай самабытнасці. Падаць голас у абарону беларускай нацыі на яе этнічнай тэрыторыі было зусім нерэальнай справай. Затое яго падала беларуская дыяспара. У адным з сакавіцкіх нумароў газеты “Беларус” (Нью-Ёрк) за 1978 год В. Жук-Грышкевіч пісаў: “Яшчэ страшнейшым для нерасейскіх народаў сталася стварэньне з усіх народаў Савецкага Саюза “аднаго савецкага народу”, што значыць поўную русіфікацыю ўсіх нерасейскіх народаў. Мерапрыемства гэтае праводзіцца бальшавіцкай Масквой бесцырымонна ад часу пераможнага для яе заканчэньня Другой Сусьветнай вайны”.
У выніку русіфікацыйных мерапрыемстваў нішчыцца у беларускім народзе нацыянальная сьведамасьць, нішчыцца веданьне гісторыі Бедарусі, недапушчаецца веда пра беларускае нацыянальнае Адраджэнне й нацыянальны вызвольны рух. Недапушчаецца інфармацыя пра беларускае нацыянальнае жыцьцё ды пра беларускія школы й установы ў савецкай і заходняй Беларусі перад апошняй вайной”.
Як маўклівая закладніца русіфікатарскай палітыкі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, БССР святочна не адзначала ні адну з сваіх па-сапраўднаму нацыянальных датаў. Датычыла гэта і такой знакавай падзеі, як міжваенная беларусізацыя. Яна з’явілася такім магутным імпульсам нашага нацыянальна-культурнага Адраджэння, што многія людзі, чыё жыццё, а галоўнае – актыўная стваральная дзейнасць у гэтым накірунку акурат прыпала на той час, асаблівую павагу да ўсяго беларускага мелі яшчэ і ў 1970–80-я гады. Ужо сам факт, што ў афіцыйнай гістарыяграфіі на распрацоўку тэмы беларусізацыі было накладзена табу, ёсць пераканаўчае сведчанне яе прагрэсіўнага значэння. За пасляваенны перыяд у рэспубліцы ўзгадаваны мільёны маладых людзей, якія нічога не ведалі пра беларусізацыю, што з’яўлялася сур’ёзнай перашкодай для іх этнічнага сталення і нацыянальнай актыўнасці. Гэта вельмі моцна непакоіла нацыянальна-патрыятычныя сілы беларускай дыяспары і іх кіраўніка В. Жук-Грышкевіча.У надзеі як-небудзь дагукацца да беларусаў метраполіі, 12 сесія Рады БНР прыняла наступнага зместу пастанову: “Зварачаючы ўвагу на факт, што сёння 55-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі супадаюць з паўвяковым – 50-гадовым юбілеем уводу беларусізацыі ў БССР. Рада БНР уважае за адпаведнае абвясьціць ідучы 1973 год залатым юбілейным годам дзяржаўнае беларушчыны й заклікае ўсё беларускае грамадства прысьвяціць гэты юбілейны год, наколькі магчыма, вывучэньню, усьведамленьню фундаментальнага гістарычнага значэньня усебаковай ацэне й абароне пазытыўнае спадчыны беларусізацыі, выкаранянае цяпер русыфыкацыйнаю палітыкай камуністычнага савецкага кіраўніцтва”. Канцоўка пастановы напісана нібыта пра сённяшні дзень Рэспублікі Беларусь.
Хаця і сёння такая палітыка зусім не адпавядае карэнным нацыянальным інтарэсам краіны, аднак у нас куды лепшыя магчымасці, каб адзначыць 80-гадовы юбілей беларусізацыі.
На час выканання В. Жук-Грышкевічам абавязкаў старшыні Рады БНР прыпалі два найважнейшыя юбілеі ў айчыннай гісторыі: 60-годдзе Першага ўсебеларускага кангрэса і 60-годдзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Урачыстае святкаванне гэтых юбілеяў, чаму папярэднічала адпаведная ідэалагічная, растлумачальная праца, садзейнічла актывізацыі нацыянальнага жыцця беларускай дыяспары, дапамагла яе маладым прадстаўнікам лепш зразумець, колькі моцы і энергіі, чалавечых ахвяр запатрабавала ад нашага народа змаганне за дзяржаўную незалежнасць, якую так і не ўдалося ўтрымаць у сваіх руках. Уся барацьба за яе яшчэ была наперадзе. Таму прывітанне Старшыні Рады БНР на 60-я ўгодкі Першага ўсебеларускага кангрэсу “Да ўсяго беларускага грамадства”, заканчвалася такім заклікам: “Прэч зь Беларусі Расейскую бальшавіцкую ўладу, узурпаваную Масквой!”
В. Жук-Грышкевіч прыклаў тытанічныя намаганні, каб 60-гадовы юбілей абвяшчэння Радай Беларускай Народнай Рэспублікі дзяржаўнай незалежнасці стаў для нашай эміграцыі па-сапраўднаму вялікім святам. Калі ідэалагічны апарат ЦК КПБ няшчадна паліваў гразёю гэтую славутую дату, дык у нашых замежных суродзічаў яна выклігкала законны гонар, жаданне хоць штосьці карыснае зрабіць дзеля таго, каб жыла ідэя аб гістарычнай важнасці для беларускага народа любой цаной здабыць сабе дзяржаўную незалежнасць. Каб змаганне за нацыянальны суверанітэт не аслабела пасля святкавання юбілею, В. Жук-Грышкевіч наступнымі словамі закончыў свой зварот да беларускага грамадства: “Памятайма, што мы – беларусы ў вольным сьвеце – неадрыўная частка Вялікага і Слаўнага Беларускага Народу. Жывучы ў свабодзе і дастатку, мы мусім ня толькі інфармаваць вольны сьвет пра жахлівы стан паняволеньня нашага народу, але й весьці змаганьне за вызваленьне яго, каб не дапусьціць да ягонай і нашай нацыянальнай сьмерці”.
І вельмі добра было б, каб нашыя супляменнікі за мяжой не забываліся на гэты запавет. Сёння, калі на валаску трымаецца нацыянальны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь з-за паталагічнага жадання яё палітыкаў быць з Расіяй у адной саюзнай дзяржаве, асабліва актуальна гучаць наступныя радкі з выступлення В. Жук-Грышкевіча ў верасні 1976 года на 12-ай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі: “Памятайма... мы станем вольнай беларускай нацыяй толькі тады, калі будзем змагацца за незалежную беларускую дзяржаву і асягнем гэту мэту.” Прывяду і такія шматзначныя для нас словы са згаданнага выступлення: “... толькі праз нацыянальную й палітычную сьведамасьць ды змаганьне за сваю незалежную дзяржаву народ стаецца нацыяй, а не толькі якойсьці этнічнай групай...” Мы павінны быць ўдзячнымі В. Жук-Грышкевічу і яго паплечнікам за вялікую адданасць незалежніцкім традыцыям Беларускай Народнай Рэспублікі. Яшчэ і пасёння афіцыйныя гісторыкі не спыняюцца пісаць пра нібыта ілюзорны характар БНР. А вось што было сказана пра яе ў падпісаным Старшынёй Рады БНР прывітанні ўдзельнікам 13-ай сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая праходзіла на пачатку верасня 1978 года: “Хоць у сваёй прапагандзе Масква цьвердзіла, што эмігранцкая БНР ня мае ніякага значэньня, у сапраўднасьці баялася дзейнасьці і ўплываў Рады й ураду БНР і за ўсякую цану пастанавіла знішчыць іх нават цаной уступак беларусам у БССР.
Вось чаму была абвешчана на ўвесь сьвет у пачатку 20-х гадоў, што толькі ў БССР будуецца “Беларускі Дом” і што – у пашыраных тады межах – БССР ёсць адзінай сапраўднай беларускай дзяржавай. І таму ж пачалася сапраўдная беларусізацыя БССР”.
Бясспрэчна, калі б Масква не баялася ўплыву БНР на настроі і паводзіны беларусаў, яна не пайшла б на такія ўступкі ім. І толькі пасля таго, як у моц розных прычын дзейнасць Рады і Урада БНР страціла сваю былую эфектыўнасць, партыйны цэнтр у Маскве зрабіў усё, каб спыніць далейшае ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі ў БССР, ізноў ператварыў яе ў аб’ект русіфікацыі, жорстка расправіўся з нацыянальнай элітай”.
Будучы непасрэдным удзельнікам многіх акцый нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд і добра ведаючы, што ў гэты час рабілася ў БССР прагрэсіўнымі сіламі грамадства, В. Жук-Грышкевіч вельмі перажываў, што камуністычная ідэалогія робіць усё, каб не даць тым падзеям захавацца ў памяці людзей. З вялікай горыччу пісаў у 1978 годзе: “Пройдуць яшчэ два-тры дзесяткі год, вымруць жывыя сьведкі беларускага жыцьця й зусім знікне памяць аб ім, быццам яго й не было. І не застанецца ніякіх дадзеных з выяваў і фактаў гэтага жыцьця для гісторыі...
Застаецца надзея на беларусаў у вольным сьвеце, надзея, што яны пакінуць аб’ектыўныя друкаваныя матар’ялы пра беларускае жыцьцё перад Другой Сусьветнай вайной і ў часе яе. Інакш і быць ня можа, бо-ж нашы суродзічы на Бацькаўшчыне пры найлепшых здольнасцях і ахвоце – пад савецкім рэжымам пісаць і друкаваць такіх матар’ялаў ня могуць”.
Да голасу выдатнага дзяржаўнага дзеяча беларускай эміграцыі прыслухаліся. Да тых кніг і брашур, што былі напісаны раней, дабавіліся новыя публікацыі па гісторыі Беларусі 20-х – першай паловы 40-х гадоў XX ст. Заклік В. Жук-Грышкевіча да людзей, што жывуць у эміграцыі і маюць здольнасць пісаць пра гісторыю роднай Бацькаўшчыны, не згубіў актуальнасці і пасёння, паколькі тым, хто знаходзіцца на сваёй этнічнай тэрыторыі, усё цяжэй і цяжэй па палітычных матывах забяспечваць чытача праўдзівай інфармацыяй пра наша мінулае і сучаснасць.
Як і многія таленавітыя палітыкі. В. Жук-Грышкевіч не быў пазбаўлены талента прадбачання. Да развалу садружнасці сацыялістычных краін і іх авангарда – СССР заставалася каля дзесяці гадоў, а ён прадракаў такое: “...міжнародная сытуацыя мяняецца на нашых вачох. Дэтанат паміж дэмакратычнымі дзяржавамі й Савецкім Саюзам ператвараецца ў замаскаваную барацьбу , якая можа зьмяніцца ў сьцюдзённую, ці нават гарачую вайну”. Ад апошняй, дзякаваць Богу, удалося ўхіліцца. Нешта падобнае назіралася толькі, калі Масква імкнулася ўтрымаць за сабою саюзныя рэспублікі, што так рашуча рваліся на волю.
Зрабіць так багата для святой беларускай справы ў той архіскладаны час В. Жук-Грышкевічу, несумненна, дапамгло вялікае сямейнае шчасце. Рэдка хто з буйных дзяржаўных дзеячоў меў такую адданую ідэалам мужа жонку. А стала ёю 4 верасня 1953 года беларуская студэнтка факультэта дантыстыкі Таронтскага універсітэта Раіса Жукоўская, якую сёння добра ведаюць як актыўную нацыянальную грамадска-палітычную дзяячку – Раісу Жук-Грышкевіч. На працягу ўсяго 35-ці гадовага сумеснага сямейнага жыцця яны ішлі поруч па нялёгкім беларускім шляху ў далёкім замежжы. Раіса дапамагала яму лягчэй, не так балюча пераносіць цяжкія наступствы хвароб, што адна за адной накідваліся на аслаблены арганізм у апошнія гады жыцця. Дзякуючы яе клопатам і старанням у 1993 годзе ў Таронта выдадзена кніга “Жыццё В. Жук-Грышкевіча”, якая дапамагае навечна захоўваць у памяці беларускага народа вялікія здзяйсненні яго славутага сына у змаганні за агульнанацыянальныя інтарэсы.
Свае паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР В. Жук-Грышкевіч здаў 27 лістапада 1982 года на 17-ай сесіі Рады БНР. Ішоў тады яму 80-ы год. У кнізе Раісы Жук-Грышкевіч ёсць такі яе ўспамін:” ... не давялося Вінцэнту Жук-Грышкевічу дабыць да канца сваёй апошняй сэсіі Рады БНР.. хуткая дапамога забрала яго ў гошпіталь”.
На шчасце хвароба была адужана. Пяройдзены 80-гадовы рубеж, з нагоды чаго В. Жук-Грышкевіч атрымаў багата віншаванняў. Вось толькі адно з іх: “За Вамі 80 гадоў жыцьця, але ж з гэтых гадоў Вы асабіста аддалі самую вялікую частку для нашай Беларускай Справы. Вы сваёй працай упісалі сваё імя ў лік вялікіх працаўнікоў – змагароў за нашу Беларусь”.
Без рэшты аддаваў сябе беларускай справе і ўсе астатнія гады , пакуль 14 лютага 1989 года не скончылася яго зямное жыццё. Упэўнены, што надыйдзе час, калі яго спадзяванні на палітычна незалежную Беларусь спраўдзяцца і нашага юбіляра будуць добра ведаць на яго роднай зямлі.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ