БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ФІЛАМАТЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ФІЛАМАТЫ № 1(4) 2003

РОСКАЯ МАСТАЦКАЯ КАЛЕКЦЫЯ

Хадыка А.Ю.
мастацтвазнаўца

Калi гаворка заходзiць пра гiсторыю прыватных мастацкiх збораў i меценацкую дзейнасць беларускай магнатэрыi i шляхты, звычайна прыгадваюць знакамiтыя калекцыi Радзiвiлаў, Сапегаў, Тышкевiчаў. Мiж тым агульнавядомы набор прыкладаў значна звужае ўяўленне пра ўзровень развiцця эстэтычных густаў нашых продкаў i пра пашыранасць звычкi ствараць ва ўласных маёнтках музеi самага разнастайнага складу. Часам хатнiя калекцыi паказвалi толькi дурное самалюбства гаспадара, але было багата сядзiбаў, што, дзякуючы разумным намаганням пераўтваралiся ў “малыя Афiны”. Многiх з гэтакiх сядзiбаў зараз ужо няма, але сабраныя ў iх творы мастацтва працягваюць сваё iснаванне ў iншых музеях, сведчачы, што iмкненне да прыгажосцi не бывае марным. Так здарылася i з палацам у Росi.

Мястэчка Рось, вядомае яшчэ ў 16 ст. як частка латыфундый бераставiцкай, а затым супрасльскай лiнii магнацкай сям’i Хадкевiчаў, узнiкла над аднайменнай рэчкаю, што нясе свае воды ў Нёман, прыкладна ў 15 кiламетрах на поўнач ад Ваўкавыску ў Наваградскiм ваяводстве. Паводле традыцыi, сям’я не жыла ў Росi стала, з’яўляючыся там толькi пад час соймаў, дзеля прыёмаў навакольнай шляхты, падкупляючы на шыкоўных банкетах яе галасы. Вiленскi кашталян Геранiм Хадкевiч (пам. 1617) застаўся ў гiсторыi Росi тым, што фундаваў у ёй касцёл Св. Тройцы (1611) прыгожай рэнесанснай архiтэктуры. У другой палове 17 ст. Рось належала Марцыбеле Глебовiч (пам. 1681), што часова прынесла маёнтак ва ўладанне троцкаму ваяводзе, а пазней канцлеру ВКЛ Марцыяну Аляксандру Агiнскаму, вядомаму не толькi сваiм ўдзелам у войнах сярэдзiны 17 ст. i перамовах з маскоўцамi ў Андрусове, але i конным партрэтам, якi намаляваў з яго ў 1655 г., калi Агiнскi па справах вучобы знаходзiўся ў Галандыi, славуты Рэмбрандт. Па тастаменце, Марцыяна перадала роскiя ўладаннi сваёй пляменнiцы, Крысцiне Сапежыне. У 1752 г., па шлюбе Тэрэзы Сапежанкi з Йахiмам Патоцкiм (пам. 1791), Рось на болей чым паўтары стагоддзi перайшла ва ўладанне гэтай польска-украiнскай фамiлii з лiнii герба “Залатой Пiлявы”1 . Зрэшты, сямейнымi сувязямi Патоцкiя былi моцна знiтаваныя з беларуска-лiтоўскай арыстакратыяй – Сапегамi, Пацамi i iнш. Дачка Йахiма, Крыстына, ажанiўшыся са сваяком, Пётрам Францiшкам Патоцкiм (1745—1828), якi тытулаваўся ўжо “панам на Тыкоцыне, Росi i Бочках”, апошнi раз перадала Рось як пасаг. З гэтага часу маёнтак трымалi Патоцкiя адной лiнii – сын Пятра Фелiкс (1777—1811), палкоўнiк войск Варшаўскага княства, па яго смерцi – яго малодшы брат Ян Алаiзы (пам. 1855). Сын Яна Алаiзага, паўстанец 1863 г. i эмiгрант Герман (пам. 1868), пакiнуў уладанне свайму адзiнаму i ўжо бяздзетнаму спадчыннiку – сыну Стэфану (1825—1910). Ад часоў Стэфана, якi ўтварыў з Росi непадзельную ардынацыю памерам 8495 дзесяцiн зямлi i ахвяраваў па тастаменце свайму хроснаму – Адаму Бранiцкаму (1892—1947) з Вiлянава, паходзiць найбольшая частка дакументацыi, звязанай са справай, што найболей праславiла ўладальнiкаў Росi – збiраннем прыватнай мастацкай калекцыi2 .

Мефрэн Контэ. Нацюрморт. Францыя, 17 ст.

Ужо ў 1888 г. ў змешчаным у Геаграфiчным слоўнiку Польскага Каралеўства артыкуле адзначалася, што “у Росi знаходзяцца трафеi i хатняе сталовае начынне, здабытыя ў 1656 г. Ст. Чарнецкiм у Карла Густава” пад час ваенных дзеянняў супраць шведскiх войскаў3 . Адкрыўшы прысвечаную культуры i гiсторыi шляхецкiх рэзiдэнцый у Рэчы Паспалiтай шматтомную манаграфiю Р. Афтаназi, можна даведацца i аб лёсе маёнтку, дзе захоўвалiся зборы. Драўляны палац стаяў у Росi з часоў Хадкевiчаў, з 16 ст., але апошнi, пабудаваны на тых самых фундаментах i больш дасканалы ў архiтэктурным рашэннi, паўстаў перад 1727 г., калi ў iнвентарным вопiсе будынак быў названы “нядаўна збудаваным палацам”4 . Ад гэтага часу палац перажываў толькi нязначныя перабудовы, прынамсi ў 1779 г. ужо iснавалi абодва бакавыя флiгелi, вядомыя з пазнейшых гравюр (у тым лiку Напалеона Орды, 1877 г., iл. 1), а на першым паверсе было 10 вялiкiх пакояў i зала, размешчаная з боку двара. Паводле класiцыстычнай моды пакоi, з элементамi залочанай дэкаратыўнай разьбы i камiнамi, былi ўпрыгожаны насценнымi роспiсамi, пераважна з матывамi рымскiх руiн. У падзеленым на чатыры зоны “iтальянскiм” садзе з садавiнавымi дрэвамi, па канале плаваў размаляваны боцiк з блакiтнымi фiранкамi на iлюмiнатарах. Канчатковы экстэрьерны выгляд пабудовы склаўся пры Фелiксе Патоцкiм (1777—1811), якi таксама на месцы старадаўняга хадкевiчаўскага касцёла ўзвёў новы ў “iтальянскiм” стылi. Двунаццацiвосевы палац з вальмавым дахам (змешчаны на высокiх сутарэннях, якiя ўтрымлiвалi дадатковы нiжнi паверх) з фасаду аздобiў 6-калонны паўкруглы порцiк пад сплошчаным паўкупальным пакрыццём. Тыльная частка атрымала ў цэнтры шырокi рызалiт з трохкутным франтонам, бакавую адкрытую лоджыю з 4 тасканскiмi калонамi, тынкаваныя (магчыма, ў пазнейшыя часы) сцены палацу ўвенчваў прафiляваны карнiз.

Афтаназi адзначае, што знутранае ўбранства палацу мала змянялася на працягу стагоддзяў – планiроўка пакояў была 2-восевая, а характар аздобаў i прадметаў у iнтэр’ерах

адлюстроўвалi гiстарычна-“сармацкi” густ уладароў. Сведчаннi аб характары дэкарацыi з часоў каля 1800 г. надрукаваў у часопiсе “Niwa” у 1880 г. К. Валiшэўскi. Некаторыя ўспамiны аб яе стане перад першай сусветнай вайной захавала жонка апошняга гаспадара – Беата з Патоцкiх Бранiцкая. Па правым баку ад вялiкай цэнтральнай сенi-хола, адкуль сходы вялi ў нешматлiкiя пакоi другога паверху, знаходзiлiся 3 вялiкiя i высокiя залi, вiдаць, рэпрэзентатыўнага характару. Адна з iх была абабiта чымсцi накшталт французскага габелену з марскiмi краявiдамi. Налева ад хола таксама былi 3 залi, у дваровай восi размяшчэнне пакояў было падобным да фасаднай часткi, за выключэннем правага боку. Цэнтр дому, ад фасада да двара, займала вялiкая абедзеная зала, называная “калоннай залай”. Яе дэкараваная штукатурнай ляпнiнай столь спачывала ў сярэдзiне на дзвюх бэльках, абапертых на 2 пары iанiчных калон. Сцены залы, на ўсю вышыню, былi завешаныя партрэтамi. Сярод iх, па дакументах Валiшэўскага (ён меркаваў, што залу аформiлi ў часы Яна III Сабескага), былi вобразы Марыi Ляшчынскай i Людовiка XV пэндзля французскага прыдворнага мастака К. Ван Лоо, Аўгуста Моцнага, гетмана Яна Клеменса Бранiцкага (пам. 1771) з “позiркам Марса”, паказанага ў зброi, яго жонкi Iзабелы з Панятоўскiх (пэндзля Бачарэлi?), Рэверы Патоцкага i героя шматлiкiх партрэтных галерэй на Беларусi – Льва Сапегi. Ужо ў публiкацыi 1931 г. Я. Вейсенгоф дадаў у гэты спiс партрэт Я.К. Бранiцкага работы Гiацынта Рыго, чатыры галавы рыцараў, намаляваных Цiнтарэта (!)5 , партрэты Ст. Чарнецкага i яго бюст натуральных памераў. Iншыя палотны вакол вобраза вялiкага гетмана Cт. Чарнецкага Вейсенгоф назваў “рознымi” па якасцi.

У кутах залы стаялi дзве старасвецкiя шафы з прыватнай карэспандэнцыяй i 70-ю фалiянтамi гiстарычных дакументаў, пераважна пачынаючы ад сярэдзiны 18 ст. Тут знаходзiлiся некалькi дзясяткаў каралеўскiх лiстоў, 2 фалiянты дакументаў лiтоўскага надворнага падскарбiя Юзафа Ф. Сапегi (пам. 1744), архiў апошняга пасла Рэчы Паспалiтай у Турцыi i кандыдата ў маршалкi на 4-гадовым Сойме Пятра Патоцкага (пам.1829), карэспандэнцыя жонкi К. Радзiвiла “Пане Каханку” Марыi з Любамiрскiх i iншыя цiкавыя дакументы.

За некалькi гадоў да пачатку першай сусветнай вайны гаспадары перанеслi архiў, узбагачоны новымi набыткамi, разам са старым французскiм i саксонскiм фарфорам, на 2 паверх. З новых дакументаў у iм з’явiлiся тыкоцынскi архiў Чарнецкiх i Патоцкiх, беластоцкi – Бранiцкiх (30 фалiянтаў), Сапегаў з Бочак, прыватныя паперы гетмана Я.К. Бранiцкага, дакументы Любамiрскiх, Радзiвiлаў i iнш. Апрача архiву, перад 1914 г. у Росi знаходзiлiся бiблiятэка старадрукаў i калекцыя гравюр.

Асабiстыя кантакты Афтаназi са спадчыннiкамi Росi дазволiлi яму дапоўнiць спiс мастацкiх работ з палацавай калекцыi, прыведзены Валiшэўскiм i Вейсенгофам. Ён прыгадаў партрэты смаленскага ваяводы Ст. Канецпольскага работы Аляксандра Гасеўскага, Пятра Патоцкага пэндзля Графа, Ад. Чартарыйскага – Ван Лоо, Ул. Патоцкага (Э. Вiжэ-Лебрэн?), i палотны iншага характару – “Св. Геранiм” нямецкай школы 16 ст., “Уваход П. Патоцкага ў Канстанцiнопаль” Ф. Смуглевiча, гравюра з выявай Джэфферсана – малюнак Т. Касцюшкi, гравiраваны М. Сакалiнскiм6 .

Безумоўна, вартыя ўспамiну трафеi, здабытыя ў Карла Густава X: каралеўскi прапар з шытай золатам выявай птаха ў промнях, срэбратканы каралеўскi шалiк, 2 срэбныя талеркi з каралеўскай манаграмай i срэбнае кухоннае начынне. Гэтыя рэчы, як частка карцiн i две каласальных памераў саксонскiя вазы, што выклiкалi захапленне Вейсенгофа, трапiлi ў Рось з Беластоцкага палацу Бранiцкiх.

Пасля першай сусветнай вайны роскi двор ацалеў, але стаяў зусiм пусты i знiшчаны (часова ў iм месцiўся шпiталь i прытулак для дзяцей). Спробы апошнiх гаспадароў аднавiць палац у першапачатковым стане ў 1922–25 гг. не ўдалiся з-за недахопу сродкаў, а ў 1939 – з-за вайны. Па вайне палац, як i шмат што iншае з гiстарычных помнiкаў, якiя траплялi пад савецка-камунiстычную ўладу, перастаў iснаваць.

Але што ж сталася з начыннем палацу, якое на час перад 1914 г. Афтаназi назваў “дасканалым i вялiкапанскiм”? Аўтар зазначае, што перад наблiжэннем фронту прадметы з палацу былi вывезены ў Харкаў, а пазней, паводле дамовы ў Рызе (1921), часка збораў была звернута гаспадарам i змешчаная iмi ў Вiлянаве.

Якая ж частка збораў захавалася? Адказ на гэтае пытанне дае публiкацыя Т. Похеч-Перкоўскай з 1981 г., дзе лёс роскiх калекцый, на шчасце, у значнай частцы ацалелых, прасочваецца да нашых дзён. Паводле даследваных ёю архiўных звестак, падзеi разгортвалiся наступным чынам. 2 жнiўня 1915 г. з Росi да Гомеля было выслана 66 драўляных скрыняў, пазначаных рымскiмi лiчбамi i 2 скрынi з манаграмай S.G., агульнай вагой 538 пудоў 31 фунт (!), якiя ўтрымлiвалi “карцiны, стары фарфор, старое срэбра, дыванкi, гiстарычныя памяткi па Ст. Чарнецкiм, зброю, гадзiннiкi, бюсты, паясы i кiтайскiя тканiны, персiдскiя i iншыя арнаты, гiстарычны архiў i бiблiятэку”. 28 жнiўня скрынi паспяхова прыбылi ў Гомель i размесцiлiся ў сховах мясцовага аддзелу Расiйска-Азiяцкага Банку. У 1918 iх перанеслi ў палац Паскевiчаў, дзе ствараўся “Народны музей”. Паводле складзенага 4–14 жнiўня 1919 спiсу маёмасцi Патоцкiх-Бранiцкiх у Гомелi, там знаходзiлася 199 карцiн. У тым жа 1919 г. карцiны i частка гiстарычных аб’ектаў вывозiцца ў Маскву, дзе яны месцяцца ў “Сховiшчы № 1 Дзяржаўнага Музейнага Фонду Галоўмузея па Садовай-Чарнагродзкай № 6 – дом Зубалава”.

3 лютага 1923 паседжанне Спецыяльнай Змешанай Камiсii (створанай па Рыскай дамове 1921 памiж Расiяй i Польшчай) канстатуе, што прынята рашэнне пра перадачу польскаму боку маёмасцi Адама Бранiцкага з Росi. Праўда, польскiя прадстаўнiкi забралi частку збору з Масквы яшчэ 17 жнiўня 1922 г. У ёй было 176 карцiн (23 знiклi. Цi не адшукаюцца калi-небудзь творы Цiнтарэта, Ван Лоо, Бачарэлi, Вiжэ-Лебрэн, Рыго, Графа, Смуглевiча з беларускай Росi, месцазнаходжанне якiх цяпер невядомае, у закрытых спецыяльных сховiшчах Пушкiнскага музея ў Маскве або Эрмiтажа, дзе ўтрымлiваюцца незаконна перамешчаныя ў Расiю творы мастацтва?). Усе карцiны шчаслiва даехалi да Варшавы i былi аддадзены спадкаемцамi ў Вiлянаўскi музей. На сённяшнi дзень значная частка iх – 130 – ня гледзячы на страшныя разбурэннi Варшавы ў 2 сусветнай вайне, ацалела, хаця i была расфармаваная паасобку i ўжо не ўяўляла сабою адзiнай калекцыi. Вялiкая праца даследчыцы дазволiла iдэнтыфiкаваць творы па наклейках, нумарах, надпiсах на адвароце палотнаў i падрамнiках, а таксама па спiсе, складзеным яшчэ ў 1915 г. у Гомелi7 .

Улiчваючы пакуль недастатковы характар навуковага вывучэння калекцыi, Т. Похеч-Перкоўская характарызуе яе як “цiкавы збор польскага (у польскiх даследчыкаў гэта трэба разумець як “звязанага з Рэччу Паспалiтай”) i замежнага жывапiсу, пачынаючы з 16 ст., з пэўнай часткай капiйных работ”. Досыць разнастайныя па тэматыцы карцiны класiфiкуюцца наступным чынам: партрэты ўласнiкаў i сваякоў гаспадароў Росi, нацюрморты, рэлiгiйныя i мiфалагiчна-дэкаратыўныя кампазiцыi. Да публiкацыi Т. Похеч-Перкоўскай толькi 12 з iх прыгадвалiся ў каталогах Нацыянальнага музея ў Варшаве (даследчыца дадала яшчэ 20). Т. Похеч-Перкоўская перадусiм адзначае высокую мастацкую якасць партрэтнай фамiльнай галерэi (сярод мастакоў – парыжскi манаграмiст Fr. R., 1811, Ант.Брадоўскi, Ал-др Камiньскi, I. Банкоўскi), гiстарычную вартасць адлюстраванага Луiджы Мэйерам “Уезда пасольства П. Патоцкага да Перы ў 1790”, каштоўнасць збору рэлiгiйных палотнаў. Сярод апошнiх асаблiва вылучаюцца “Св. Геранiм у скальным гроце” нямецкага мастака 16 ст. i палатно iтальянскага майстра 18 ст. “Пакланенне Св. Дзiцяцi” (iл. 2).

Асобны раздзел – нацюрморты, з iх некалькi – вельмi высокай якасцi: 2 работы 17 ст. француза Мефрэна Контэ (Meiffren Contes) з адлюстраваннем вытанчаных металiчных збаноў i кветак, 2 нацюрморты з бiтай дзiчынай – вестфальскага мастака 17 ст. i нямецкага – 18 ст. (iл 3).

У зборы мiфалагiчных i жанравых кампазiцый сустракаюцца “Апалон са скрыпкаю” Аўг. Стома, “Старая кабета са збаном” Г. Доў (аналаг – у венскiх калекцыях).

Нарэшце, вартыя ўспамiну яшчэ некалькi партрэтаў, упершыню надрукаваных той жа Т. Похеч-Перкоўскай: “П-т Ст. Галенбiоўскага” Ю. Пiчмана, “П-т Марыяны Макраноскай” Ал. Малiнары, i такi неабходны дзеля ўсталявання “сармацкага духу” роскiх калекцый – вобраз Яна III Сабескага ў даспехах i лаўровым вянку, работы невядомага мастака апошняй чвэрцi 17 ст. (iл. 4).

Безумоўна, роскiя калекцыi яшчэ будуць вывучацца. Для нас жа галоўнае, каб не згасала памяць пра гэты прыгожы беларускi мастацкi музей, якi зараз ужо не iснуе на сваiм месцы, бо ён таксама часцiнка вялiкай культуры нашага народа.


Заўвагі

1. Zielinska T. Poczet polskich rodow arystokratycznych. Warszawa, 1997.— S. 54–62.

2. Pochec-Perkowska T. Dzieje zbioru malarstwa z Rosi w galerii Wilanowskiej w swietle danych archiwalnych // Studia Wilanowskie VII, 1981.— S. 17–26.

3. Slownik Geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. T. IX. Warszawa, 1888.— S. 747.

4. Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczpospolitej. Wyd. 2. T. 2. Wojewodztwa brzesko-litewskie, nowogrodzkie. Warszawa-Krakow, 1992.— S. 331–336.

5. Цiнтарэта, Якопа (1518—1594) – самы знакамiты прадстаўнiк венецыянскай школы жывапiсу XVI ст., перыяду позняга Адраджэння або маньерызму, аўтар манументальных цыклаў, рэлiгiйных i алегарычных карцiн i партрэтаў.

6. Тадэвуш Касцюшка (1746—1817) з 1775 па 1784 знаходзiўся у ЗША i ўдзельнiчаў у вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы, у чыне ад палкоўнiка да брыгаднага генерала. Ён праславiўся ў бiтве пад Саратогай (1777), дзе перамога каланiстаў была перадвызначаная яго ўдалымi дзеяннямi. Цiкава, што Касцюшка добра маляваў. У 1998 г. у Музеi войска польскага ў Варшаве дэманстравалася выстава, прысвечаная ўдзелу грамадзянаў Рэчы Паспалiтай у вайне за незалежнасць ЗША, на якой былi прадстаўленыя i малюнкi Касцюшкi.

7. Osrodek Dokumentacji Naukowej Muzeum w Wilanowie, M. Zrodl. 231 wedlug Archiwum Glowne Akt Dawnych, Papiery Morelowskiego Nr 17: “Zbiory Sztuki Branickich wywiezione z Rosi do Homla 1915, stamtad do Moskwy 1919”.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія