БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ФІЛАМАТЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ФІЛАМАТЫ № 1(4) 2003

КАНФЕСІЙНАЯ ПАЛІТЫКА Ў БЕЛАРУСІ: ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ

В.Ф. Голубеў,
кандыдат гістарычных навук

Тэрмін “палітыка” (ад грэцкага politikб – дзяржаўныя ці грамадскія справы) азначае дзейнасць у сферы адносін паміж сацыяльнымі групамі людзей, нацыямі, дзяржавамі. Пад тэрмінам “канфесійная палітыка” у нашым артыкуле мы будзем разумець, у першую чаргу, адпаведную дзейнасць дзяржавы, яе ўладных структураў ў сферы дачыненняў з рэлігійнымі канфесіямі як сацыяльнымі інстытутамі, а таксама ўзаемадачыненні з групамі насельніцтва ці асобамі, якія спавядаюць тую ці іншую рэлігію.

Беларусь гістарычна склалася як поліэтнічная (з перавагай беларускага этнасу) і поліканфесійная краіна. Былі перыяды, калі тут ў якасці “асноўнай” канфесіі ўсталёўвалася то праваслаўе, то каталіцызм, то пратэстантызм, у часы камуністычнага рэжыму нават панаваў “ваяўнічы атэізм”. Канфесійная сітуацыя ў Беларусі, як правіла, адлюстроўвала ўсе праблемы сацыяльна-палітычнага жыцця. Канфесіі часта самі аказвалі прама ці апасрэдавана ўплыў на ўнутраную і знешнюю палітыку краіны Улады, у сваю чаргу, імкнуліся схіліць царкву ці касцёл на свой бок, выкарыстоўвалі супярэчнасці паміж канфесіямі для правядзення сваёй палітыкі. Разам з тым, яшчэ ў часы феадалізму кіраўнікі краіны зразумелі важнасць таго, каб быў захаваны баланс у міжканфесійных адносінах і адносінах па лініі дзяржава – канфесіі. Як сведчыць гісторыя, парушэнне такога балансу ніколі не было карысным ні людзям, ні рэлігійным арганізацыям, ні дзяржаве. Таму мы паспрабуем не толькі прааналізаваць сучасную канфесійную сітуацыю ў краіне, але і зрабіць кароткі агляд гісторыі канфесійнай палітыкі ў Беларусі з часоў Полацкага княства да нашых дзён, звяртаючы ўвагу на тое, як гэтая палітыка ўплывала на агульны стан грамадства і дзяржаўнага будаўніцтва.

Нельга сказаць, што дзяржаўныя і палітычныя дзеячы сучаснай Рэспублікі Беларусь не разумеюць далікатнасці канфесійнага пытання. Так, засцерагаючыся ад магчымага супрацьпастаўлення грамадзянаў Беларусі, у тым ліку і па канфесійных пытаннях, жадаючы не дапусціць у будучыні нават самай малой мажлівасці прыцяснення любой палітычнай, сацыяльнай ці канфесійнай групы ці асобы, якая належыць да гэтых групаў, ўсталявання партыйнай, сацыяльнай альбо рэлігійнай манаполіі, ці ператварэння іх ідэалогіі ў дзяржаўную, улічваючы гістарычны вопыт і традыцыі грамадскага і духоўнага жыцця беларусаў, яшчэ ў 1994 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ўключыў у Канстытуцыю наступны тэкст: “Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб”яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян”. Без змяненняў гэтая фармулёўка ўвайшла і ў тэкст Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рэдакцыі 1996 г. [1, с. 5].

Але сёння з’явілася шмат прыкметаў, якія сведчаць на тое, што гэтае палажэнне Канстытуцыі можа быць парушана на карысць толькі адной канфесіі, а менавіта праваслаўя. Так, насуперак таму, што Асноўны закон зафіксаваў свецкі характар беларускай дзяржавы, вышэйшы чыноўнік пастаянна называе сваю краіну праваслаўнай. Больш за тое, улады адкрыта заявілі, што яны зрабілі выбар на карысць аднаго канкрэтнага веравызнання. Сапраўды, праваслаўе ў Беларусі самая шматлікая канфесія. Але ў дэмакратычных рэжымах роўнасць у правах не вызначаецца колькасцю вернікаў ці прыхільнікаў! У адносінах з дзяржавай усе канфесіі, як і ўсе грамадзяне, арганізацыі, партыі павінны мець роўныя правы.

Такім чынам, размову пра ўплыў канфесійнай сітуацыі на ўнутранае становішча грамадства Беларусі прыходзіцца весці ў даволі складаны час, калі ўлада пайшла па шляху шчыльнага супрацоўніцтва толькі з адной з распаўсюджаных у Беларусі канфесій. У першую чаргу маецца на ўвазе завяршэнне працэса падрыхтоўкі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой. Пасля прыняцця новага варыянта закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” адбылося тое, ад чаго засцярагала дэмакратычная частка беларускага грамадства: дзяржава выбрала адну, лепшую для сябе канфесію і аддае ёй прыярытэт у параўнанні з іншымі канфесіямі ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага (і не толькі) жыцця. На нашую думку, такія дзеянні не адпавядаюць частцы першай артыкула 16 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе сказана: ”Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам” [1, с. 8].

Несумненна, што заключэнне вышэйзгаданага пагаднення прывядзе да змены канфесійнай сітуацыі ў краіне, можа выклікаць (і ўжо выклікае) пэўную нязгоду як з боку прадстаўнікоў “неправаслаўных” канфесій, так і ўвогуле з боку людзей дэмакратычных перакананняў незалежна ад іх веравызнання. Так, удзельнікі грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнанне” выказалі пратэст як супраць унясення зменаў у закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, якія, на іх думку, значна абмяжоўваюць правы іншых, акрамя праваслаўнай, канфесій, так і супраць самой практыкі яго прыняцця – без усенароднага абмеркавання, без уліку заўваг прадстаўнікоў канфесій, з дэманстратыўнай пагардай да грамадскай думкі. На жаль, закон ў вышэйзгаданым выглядзе і вышэйзгаданым чынам быў прыняты. На думку ўдзельнікаў ініцыятывы “За свабоднае веравызнанне”, своеасаблівае разуменне дзяржаўнымі чыноўнікамі “дзяржаўных інтарэсаў” “аказалася вышэйшым за здаровы сэнс, а ў выніку, як гэта было ўжо мноства разоў, правы асобы былі адкінутыя, каб дагадзіць інтарэсам дзяржавы. А інтарэсы дзяржавы сёння, як мы разумеем, ляжаць у сферы стварэння новай дзяржаўнай ідэалогіі, дзеля чаго ў нас на вачах (без малейшай сарамлівасці і аглядкі на ўласную Канстытуцыю) усталёўваецца дзяржаўная рэлігія” [2, с. 1].

Дарэчы, стаўка ўладамі робіцца на царкву, якая ў цяперашнім стане не можа па вызначэнню праводзіць уласнабеларускую дзяржаўную і нацыянальную палітыку. Так, Беларуская праваслаўная царква не з’яўляецца царквой нацыянальнай, а ёсць толькі рэгіянальная частка Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) і, натуральна, што праводзіць яна канфесійную (і не толькі) палітыку, якая выпрацоўваецца не ў Мінску, а ў Маскве. Беларускім уладам, відаць, больш да спадобы “дзяржаўніцкія” падыходы РПЦ. Яна амаль заўсёды выступала і выступае на баку ўладаў, у Расійскай імперыі яе кіруючы орган (Сінод) быў адным з дзяржаўных міністэрстваў і працаваў на свецкія ўлады. Да беларускай сітуацыі поўнасцю падыходзіць расійскае тлумачэнне адносін РПЦ і дзяржавы: “У расійскай традыцыі менавіта дзяржава з’яўляецца кансалідуючай і вызначальнай сілай, а таму “згода з традыцыяй” не дапускае таго, што Царква можа быць свабоднай асацыяцыяй веруючых грамадзян (па прынцыпу: ад дзяржавы ніхто не свабодны) і тым больш якой-небудзь апазіцыяй, нават духоўна-маральнай. Наадварот, Царква ўяўляецца як шчырая супрацоўніца моцнай дзяржавы, і ўсе яе магчымыя прэтэнзіі зводзяцца да недапушчальнасці абмежавання яе нацыянальна-культурных і дзяржаўніцкіх “правоў” і “прывілеяў” [18].

Заўважым і тое, што змена канфесійнай сітуацыі адбываецца падчас актывізацыі працэсаў уключэння Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі праз так званую “саюзную дзяржаву”. Зусім верагодна, што канкардат беларускіх уладаў з праваслаўнай царквой ёсць спроба аказаць яшчэ большы ўціск на свядомасць насельніцтва, ўлічваючы рэзкае зніжэнне колькасці грамадзян, што жадаюць уступіць у саюз альбо аб’яднацца з Расіяй. Важным паказчыкам палітыкі ўладаў у рэлігійным пытанні таксама з’яўляюцца рэпрэсіўныя дзеянні супраць любых памкненняў прадстаўнікоў іншых цэркваў ствараць незалежныя, уласнабеларускія канфесійныя арганізацыі, ці тыя, якія маюць свае цэнтры не ў Расіі (Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква, пратэстанцкія абшчыны і да т.п.). Да прыкладу, святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Іван Спасюк, які доўгі час змагаўся за незалежную беларускую царкву, вымушаны быў пасля пагрозы быць асуджаным “за распальванне рэлігійнай варожасці”, з’ехаць з краіны і папрасіць палітычнага прытулку ў ЗША [3].

Дарэчы, пагадненне, ці дагавор царквы са свецкімі ўладамі зусім не вынаходніцтва праваслаўя ці беларускіх уладаў. Тут Беларусь і праваслаўная царква проста скарысталі і “творча перапрацавалі” каталіцкую традыцыю канкардата – пагаднення паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам пэўнай дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях. Для нас значную цікавасць уяўляе тое, што пачынаючы з ХІХ ст. такія пагадненні вельмі часта заключаліся Ватыканам у асноўным з дыктатарскімі ці аўтарытарнымі рэжымамі: канкардат 1801 г. папы Пія VІІ і Напалеона І; канкардат 1847 г. з Расіяй; канкардат 1929 г. з урадам Мусаліні; канкардат 1933 г. з урадам гітлераўскай Германіі; канкардат 1953 г. з урадам Франка ў Іспаніі [4, с. 145]. Менавіта таму беларускі варыянт дагавору “улады-праваслаўе” таксама падштурхоўвае на пэўныя аналогіі.

Разам з тым, нельга забываць, што гісторыя нашай краіны ўжо мае шмат прыкладаў умяшальніцтва дзяржавы ў канфесійныя справы. Улічваючы тое, што гісторыя ёсць настаўніца жыцця, што разумныя людзі вучацца на чужых памылках, паглядзім, якія ж вынікі давала аб’яднанне (ці, больш лагодна саюз, унія) дзяржавы з той ці іншай канфесіяй. Факты сведчаць, што ў пераважнай большасці выпадкаў гэта прыводзіла да стварэння напружанай сітуацыі ў грамадстве і негатыўна ўплывала на працэсы этнічнага, а потым і нацыянальнага самавызначэння.

Паспрабуем разглядзець асноўныя падзеі такога кшталту ў іх гістарычнай дынаміцы на тэрыторыі Беларусі, іх уплыў на ўнутрыпалітычнае становішча дзяржавы, а потым, з улікам гістарычнай традыцыі, звярнуцца да сучаснасці.

Атрымалася так, што пасля падзелу хрысціянства (1054 г.) на заходнюю і ўсходнюю часткі, большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі гістарычна апынулася ў сферы ўплыву “візантыйскай версіі” хрысціянства. Заходнехрысціянскія ўплывы пранікалі на тэрыторыю Беларусі праз місіянераў, гандлёвыя і эканамічныя сувязі з заходнееўрапейскімі краінамі. У 1250-я гады адбылося першае прызначэнне рымскага-каталіцкага біскупа для часткі беларускіх і літоўскіх зямель, калі вялікі князіь Міндоўг прыняў каталіцкае хрышчэнне і каралеўскую карону.

Пранікненне хрысціянства на беларускія землі, аднак, не азначала, что адразу і аўтаматычна большасць насельніцтва краіны сталіся яго прыхільнікамі. Паганства было распаўсюджаным не толькі ў Жмудзі. Нават у Полацкім княстве, дзе была ўтворана ў 992 г. першая ў Беларусі епархія, побач з хрысціянамі жылі язычнікі, у прыхільнасці да апошніх летапісцы падазравалі і знакамітага полацкага князя Усяслава. Аб тым, што сельскае насельніцтва магло яшчэ доўга зберагаць язычніцтва і не ведаць хрысціянства, сведчыць, на думку некаторых гісторыкаў, нязначная колькасць храмаў і манастыроў, якія ў гэты час у асноўным знаходзіліся ў гарадах [5, с.11].

Не сакрэт, што царква ў даўнія часы адыгрывала ролю своеасаблівага ідэалагічнага інстытуту і выконвала, між іншым, функцыю ідэалагічнай падтрымкі ўладаў. Гэта добра разумелі першыя гаспадары (вялікія князі) Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) і менавіта таму імкнуліся ці выкарыстаць пэўнае спаборніцтва паміж праваслаўем і каталіцызмам на гэтых землях, ці спрабавалі стварыць самастойныя канфесійныя цэнтры на тэрыторыі сваёй краіны, альбо абаперціся на старое язычніцтва. Так, напрыклад, вядома, што сыны вялікага князя Кейстута, як і сыны Альгерда ад Улляны Цвярской, пры жыцці бацькоў не былі ахрышчаны. Таму некаторыя гісторыкі лічаць, што Гедымін (1316—1341 гг.) імкнуўся надаць язычніцтву дзяржаўнае значэнне, аб чым ускосна сведчыць перанос сталіцы дзяржавы з Навагрудка ў Вільню, у цэнтры якой знаходзілася язычніцкае капішча [5, с. 12]. Вядома і тое, што і Гедымін і Альгерд (1345—1377 гг.) імкнуліся да стварэння незалежнай праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ.

Рэлігія можа аб’яднаць, а можа і пасварыць грамадства, можа садзейнічаць кансалідацыі нацыі, а можа і раскалоць яе. Такія прыклады ёсць і ў беларускай гісторыі. Так, прыняцце Крэўскай уніі 1385 г. і рэалізацыя яе асноўных палажэнняў рэзка змяніла канфесійную сітуацыю ў ВКЛ. Калі вялікі князь Ягайла выдаў 20 лютага 1387 г. прывілей з шырокімі правамі толькі для феадалаў каталіцкага веравызнання [6, с. 101—102] і пачалася палітыка дзяржаўнай падтрымкі каталіцызму, ігнаравання “русінаў”, якія складалі 80% насельніцтва ВКЛ, праваслаўныя феадалы выказалі рэзкую незадаволенасць такой палітыкай вярхоўных уладаў. Некаторыя даследчыкі, у прыватнасці вядомы беларускі філосаф Сямён Падокшын, лічаць, што ў гэты час менавіта ў барацьбе супраць рэлігійна-прававой дыскрымінацыі праваслаўных беларуска-украінскіх феадалаў, упершыню ў грамадскім жыцці ВКЛ быў сфарміраваны моцны апазіцыйны рух на чале з Вітаўтам, Андрэем Полацкім, Свідрыгайлам і інш. [7, с. 18]. Зусім верагодна, што якраз у гэты час у значнай часткі беларускага грамадства пачало фармавацца разуменне сваёй праваслаўнасці і адсюль беларускасці, усведамленне сябе як прыгнятаемай групы, з імкненнем абараніць свае правы. Канфесійнае супрацьстаянне перарасло ва ўзброены супраціў (унутраная вайна 1432—1436 гг.). Вайна насіла адкрыты характар супрацьстаяння двух частак грамадства: каталікоў і праваслаўных. Заўважым, што барацьба гэтая ў асноўным тычылася вярхушкі грамадства. Сялянства, якое складала больш за 90% насельніцтва, часта нават не разумела пра што спрачаецца эліта. Дзейнічаў просты прынцып: “якой веры пан, такой веры і халоп”. Аднак паступовае ўцягванне насельніцтва ў міжканфесійную і, такім чынам і палітычную барацьбу не прыводзіла да кансалідацыі нацыі. Узброенае супрацьстаянне прывяло да таго, што ў 1432 г. Княства нават аказалася падзеленым на дзьве часткі – Літву і Русь: “И Литва же посадиша великого князя Жигимонта Кесьтутевич на великое княжение на Вилни и на Троцех месяца сентября 1 день. И приде Швидригайло на Полотескь и на Смоленскь, и князи руськыи и бояре посадиша князя Швидригайло на великое княжение на Руское” [8, с. 57].

Справа скончылася тым, што кароль Уладзіслаў-Ягайла 15 кастрычніка 1432 г. выдаў прывілей, па якому прызнавалася палітычнае раўнапраўе праваслаўных і каталікоў. Некалькі пазней, 6 мая 1434 г. падобны прывілей спецыяльна для ВКЛ выдаў вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч [6, с. 119—121]. Гэта быў першы агульнадзяржаўны прывілей, які абвяшчаў раўнапраўе русінаў і літоўцаў у ВКЛ, праваслаўныя нароўні з каталікамі атрымалі гарантыі недатыкальнасці сваіх зямельных уладанняў, свабоду распараджэння зямлёй і да т.п. Свідрыгайла яшчэ спрабаваў выкарыстаць канфесійную карту ў сваім змаганні і выступіў з ідэяй царкоўнай уніі. Але пасля выдання прывілея 1434 г. колькасць яго прыхільнікаў пачала змяншацца і ў выніку Свідрыгайла пацярпеў паразу [9, с. 98—99]. Правільная канфесійная палітыка ўладаў на пэўны час усталявала ў дзяржаве адносны спакой і парадак.

Канечне, згаданыя вышэй падзеі не былі апошнім прыкладам супрацьстаяння ў грамадстве на канфесійнай глебе. Нават вядомы мяцеж князя Міхала Глінскага 1508 г. праходзіў пад заявамі аб неабходнасці бараніць праваслаўе і праваслаўных.

Нежаданне кіраўніцтва ВКЛ мець пастаяннае супрацьстаянне ў грамадстве паміж рознымі канфесійным групамі, як і разуменне таго, што падтрымка любой адной канфесіі аўтаматычна паставіць прадстаўнікоў другой у апазіцыю да ўладаў, прывяло да таго, што ўжо з пачатку ХVІ ст. у краіне пачала праводзіцца дзяржаўная палітыка, заснаваная на роўнасці феадалаў ВКЛ, незалежна ад іх этнічнага паходжання, ці канфесійнай прыналежнасці. У 1563 г. вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст выдаў дэкрэт, які абвясціў поўную грамадзянскую роўнасць каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты ВКЛ. Нават нягледзячы на тое, што пасля Люблінскай уніі 1569 г. аб’ектыўна пазіцыі праваслаўных павінны былі пагоршыцца, сітуацыя захоўвалася даволі стабільнай, таму што за суверэнітэт ВКЛ і свае правы вялі барацьбу праваслаўныя магнаты ВКЛ. Больш за тое, роўнасць правоў ўсёй шляхты “веры хрысціянскай” было заканадаўча аформлена ў галоўным законе краіны – Статуце 1588 г. [10, с. 112—114].

Увогуле, утвораная ў 1569 г. Рэч Паспалітая ўяўляла ў тагачаснай Еўропе, якая была падзеленая рэлігійна і культурна, вельмі своеасаблівую дзяржаву. “У абсягу гэтай дзяржавы больш-менш у роўных прапорцыях апынуліся тэрыторыі, звязаныя з заходне- і ўсходнееўрапейскім культурным узорам. Не было другой такой краіны ў Еўропе, дзе існаваў бы падобны стан рэчаў. Мяжа паміж заходне- і ўсходнееўрапейскім культурным прасцягам праходзіла цяпер не ўздоўж дзяржаўных межаў, як гэта мела месца ў сярэднявеччы, а ў абсягу адзінай дзяржавы, заходняя частка якой традыцыйна мела культурную лучнасць з лацінскай Еўрпопай (ужо з Х стагоддзя, а ў выпадку Летувы з ХІV стагоддзя), а ўсходняя частка з візантыйскай Еўропай, і таксама з Х стагоддзя. Гэта быў фактар, які бясспрэчна абцяжарваў функцыянаванне дзяржавы і быў вытокам унутраных канфліктаў, але адначасова ён быў вельмі карысны для ўзаемнага культурнага збліжэння падзеленай паводле гэтай адзнакі Еўропы” [11, с. 320].

Значны ўплыў на фармаванне самасвядомасці беларусаў і ўвогуле на дзяржаўнае будаўніцтва маглі зрабіць ідэі Рэфармацыі і Адраджэння. Рэфармацыя, як барацьба за чысціню каталіцкай царквы прыйшла ў Беларусь у выглядзе пратэстантызму, у асноўным у форме кальвінізму. Прыхільнікі кальвінізму ў ВКЛ выступалі за набажэнствы на роднай мове, за незалежнасць ВКЛ у супрацьвагу палітыцы каталікоў на замацаванне каталіцызму ў Княстве і паступовую інкарпарацыю ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай. Рэфармацыя ў Беларусі (1553—1596 гг.) не змагла стаць як у некаторых краінах Еўропы агульнанацыянальным рухам, а ахапіла толькі вышэйшыя слаі грамадства – магнатаў і частку гараджанаў. Здавалася, што пратэстантызм зможа стать аб’яднаўчай ідэяй хоць бы для эліты грамадства. Прыклад таму давала дзейнасць канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага, быў актыўнага прыхільніка пратэстантызму, з дапамогай якога ён імкнуўся аб’яднаць грамадства, абараніць краіну ад ідэалагічнага ўплыву Польшчы і Масквы. Першапачаткова такая палітыка мела пэўны поспех. Толькі ў сваіх уладаннях ён зачыніў 187 касцёлаў і адчыніў 134 кальвінісцкіх зборы [12, с. 400—401]. Да 60-х гадоў ХVІ ст. у кальвінізм перайшла большасць беларускіх праваслаўных магнатаў. Гісторыя дала беларусам чарговы шанец выпрацаваць нацыянальную ідэалогію, атрымаць канфесію, якая зможа аб’яднаць грамадства і будзе незалежнай ад канкурыруючых рэлігійных цэнтраў суседзяў.

Але шанец гэты не быў скарыстаны. Моцны ўдар па пратэстантызму нанесла дзейнасць ордэна езуітаў, якая насіла аткрыта пракаталіцкі характар. Некаторыя гісторыкі з гэтай прычыны выказваюць думку, што замест тэрміна “контррэфармацыя” больш дакладна было б ужываць выраз “каталіцкая Рэфармацыя” [14, с. 235]. Ворагамі каталіцкай царквы былі аб’яўленыя і пратэстанты (дысідэнты) і праваслаўныя (схізматыкі).

Контррэфармацыя, якая пачалася ў ВКЛ ў 70-я гады ХVІ ст., стала часткаю агульнаеўрапейскага працэсу. Але ў Беларусі яна мела свае асаблівасці. Тут контррэфармацыя парушыла прынцып верацярпімасці і не дапусціла стварэння нацыянальнай пратэстанцкай царквы. Праваслаўная знаць, якая прыйшла ў свой час у пратэстантызм, потым у большасці сваёй перайшла ў лона каталіцкай царквы. Але ў гэты ж час справу выпрацоўкі агульнадзяржаўнай ідэалогіі і стварэння агульнанацыянальнай рэлігіі поспрабавала ўзяць у свае рукі дзяржава. Грамадству, ужо з боку дзяржавы, альбо з яго адкрытай падтрымкай была прапанавана ідэя аб’яднання (уніі) каталіцкай і праваслаўнай цэркваў на тэрыторыі ВКЛ. Адзначым, што, на наш погляд, напачатку гэтая ідэя не выклікала актыўнага супраціву ні з боку феадалаў-каталікоў, ні з боку феадалаў-праваслаўных. Але пазней стала ясна відаць, што пасля уніі 1596 г. пазіцыі праваслаўя яшчэ больш пагоршыліся.

Супраціў такой канфесійнай палітыцы прывёў да таго, што ў 1633 г. кароль Уладзіслаў ІV запэўніў праваслаўных у рэлігійнай свабодзе і аб’явіў аб стварэнні праваслаўных епархіяў з цэнтрамі ў Луцку, Львове, Перамышлі і Магілёве [5, с.15]. Але найбольшага напружання міжканфесійнае змаганне дасягнула пад час так званай казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг. і вайны з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гг. Прынесены звонку канфлікт прывёў да змяншэння колькасці насельніцтва Беларусі з 2 млн. 876 тыс. чал. у 1650 г. да 1 млн. 352 тыс. чал. у 1667 г. Агульныя страты насельніцтва склалі 53% [13, с. 92]. Больш за тое, з гэтага моманту пачаўся ўнутраны канфлікт у краіне паміж праваслаўнымі, каталікамі і часткова пратэстантамі, які так і не знайшоў свайго завяршэння.

Тое, што ў 1685 г. Кіеўская мітраполія аказалася падпарадкаванай Маскоўскаму патрыярхату, прывяло да больш значных дзеянняў ураду і грамадства Рэчы Паспалітай, як і насельніцтва Беларусі на карысць уніяцкай царквы. Унія бачылася, як калісьці пратэстантызм, асновай для стварэння незалежнай ад Масквы канфесіі, магчымасцю неяк нейтралізаваць па-маскоўскаму зарыентаванае праваслаўе. Уплыў уніяцтва асабліва пашыраўся на тэрыторыях, дзе пераважала праваслаўнае насельніцтва. “Яшчэ нядаўна асуджаная на поўнае вынішчэнне Уніяцкая Царква ў апошняй трэці ХVІІ ст. вырасла колькасна, узмацнілася ўнутрана і на мяжы ХVІІ—ХVІІІ стст. нягледзячы на моцнае супрацьдзеянне звонку, стала самай масавай канфесіяй у Беларусі” [15, c. 12—13].

Спроба пазбегнуць дыялогу з некаталіцкімі канфесіямі з боку кіраўніцтва Рэчы Паспалітай і правячай каталіцкай царквы, адмова на сейме 1766 г. даць роўныя правы некаталікам (пратэстантам і праваслаўным) нанесла велізарныя страты дзяржаве, не садзейнічала аб’яднанню, а яшчэ больш раз’ядноўвала беларускую нацыю, тармазіла працэсы нацыянальнага самавызначэння. Адмова ад канфесійнай роўнасці прывяла да стварэння ў 1767 г. Торуньскай пратэстанцкай і Слуцкай праваслаўнай канфедэрацый, якія пачалі шукаць падтрымкі за мяжой, што прывяло да ўмяшальніцтва іншаземцаў ва ўнутраныя справы краіны, а потым і да падзелаў Рэчы Паспалітай.

Але ХVІІІ – пачатак ХІХ стст. сталі для Беларусі часам, калі сама аснова нацыянальнай самасвядомасці моцна пахіснулася. Спачатку, прыкладна з сярэдзіны ХVІІ ст. беларусы штучна аказаліся падзеленымі на прапольскую каталіцкую шляхту і “людзей простага стану” – праваслаўных ці уніятаў. Эліта нацыі зрабіла выбар на карысць больш моцнай польскай культуры і больш магутнага каталіцызму. Простае насельніцтва не магло нават вызначыцца, хто яно ёсць па веры, якая пад уплывам тых ці іншых фактараў часта мянялася, і па паходжанню, часта называючы сябе проста мясцовым насельніцтвам, “тутэйшымі”.

Падобны крызіс адбыўся і напрыканцы ХVІІІ ст., калі Беларусь была інкарпаравана ў склад Расійскай імперыі. (Па падліках літоўскіх даследчыкаў, на 1791 г. колькасць уніятаў у ВКЛ складала 39% ад агульнай колькасці насельніцтва, каталікоў – 38%, праваслаўных – 6,5%, іўдзеяў – 10%, старавераў – каля 4%, мусульмане, пратэстанты і караімы складалі разам каля 2%. Каля 80% сельскага беларускага насельніцтва было ўніяцкім [5, с. 16].

Напачатку рускі урад на далучаных землях Беларусі праводзіў даволі асцярожную палітыку, у тым ліку і ў канфесійнай сферы і дазволіў дзейнаць усіх канфесій. Але вельмі хутка царызм пачаў ператвараць на расійскі капыл канфесійную арганізацыю на тэрыторыі былога ВКЛ, імкнучыся зрабіць царкоўныя структуры разнавіднасцю расійскага дзяржаўнага апарата.

Разам з тым, стаўка (як і цяпер у Рэспубліцы Беларусь) была зроблена на праваслаўе. Дзеля гэтага ўлады нават пайшлі на скасаванне уніяцкай царквы ў 1839 г. Мінусам для беларускага этнаса ў гэтым выпадку стала тое, што ўсе праваслаўныя (у тым ліку і былыя уніяты) былі аб’яўленыя “рускімі”. Хаця былыя ўніяцкія прыхажане пэўны час захоўвалі рэшткі уніяцкай самасвядомасці, з цягам часу яны змірыліся са сваім праваслаўем (апошні моцны пратэст сялян-уніятаў – паўстанне 1863 г.). Адзначым, что большасць эліты ізноў выбрала больш моцную дзяржаву і больш магутную рэлігію.

Пасля падаўлення паўстання 1863 г. палітыка царызму на беларускіх землях прыняла жорсткую накіраванасць на замацаванне тут толькі ўсяго рускага, у тым ліку і “рускай” веры – праваслаўя. Правадніком такой палітыкі павінна была выступіць праваслаўная царква, і ўлады стыварылі ёй для гэтага ўсе магчымасці. “Калі на пачатку ХІХ ст. ішоў працэс завяршэння ўвядзення праваслаўнай царквы ў апарат кіраўніцтва, дык у канцы стагоддзя яно ўжо мела там даволі трывалыя пазіцыі. Клерыкалізацыя закранула ўсю ўнутраную палітыку самадзяржаўя. Праваслаўная царква аказвала вялікі ўплыў на усе бакі жыцця расійскага грамадства, з’яўляючыся апорай самадзяржаўя. Яе статус падтрымліваўся з дапамогай спецыяльных законаў” [16, c. 71].

З прыходам да ўлады ў кастрычніку 1917 г. бальшавікоў становішча ўсіх канфесій у грамадстве карэнным чынам змянілася. Пачалася доўгая, палітая крывёю многіх пакаленняў святароў і вернікаў канфрантацыя дзяржавы і царквы. Савецкая ўлада нават не змагла зразумець чаму так хутка адрадзілася царкоўнае жыццё на акупаванай пад час Другой сусветнай вайны тэрыторыі. І ізноў, замест таго, каб выкарыстать патэнцыял канфесій і вернікаў на стварэнне, улады працягвалі праводзіць палітыку на забарону і згортванне рэлігійнай дзейнасці.

І толькі з пачатку 1990-х гадоў, з пачаткам перабудовы і дэмакратызацыі адбыліся некаторыя змены бальшавіцкіх стэрэатыпаў на становішча і ролю канфесій у жыцці грамадства і дзяржавы. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў нашай краіне ў снежні 1992 г. быў прыняты закон “Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях”, які вызначыў новыя прынцыпы адносін дзяржавы да рэлігіі. “Яны заключаюцца ў тым, што дзяржава бярэ на сябе шэраг абавязкаў, звязаных з прызнаннем існавання і дзейнасці рэлігійных арганізацый, садзейнічае ўстанаўленню адносін цярпімасці і павагі паміж грамадзянамі, якія вызнаюць рэлігію ці не вызнаюць яе, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў, а таксама паміж іх паслядоўнікамі. Абвяшчаючы аддзяленне царквы ад дзяржавы, закон надае царкве сапраўдную самастойнасць, прызнае за ёй надзейнае месца ў жыцці грамадства, а таксама падкрэсліавае, што дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству” [c. 318—319]. Сёння да гэтых словаў можна дадаць: “Так было...”

На жаль, акадэмічныя працы пазбягаюць разгляду канфесійнай палітыкі ў сучаснай Беларусі, гістарычнага ўплыву канфесійнага фактару на працэсы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Вось адзінае, што на гэты конт мы знайшлі ў главе “Этнічнае развіццё беларусаў у навейшы час” акадэмічнага выдання Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі пад назвай “Беларусы. Вытокі і этнічнае развіццё”: ”Вялікую ролю ў ладзе жыцця, духоўным абліччы народа іграла рэлігія. Найбольшы ўплыў на беларусаў мела праваслаўе. Другое займала каталіцкая вера. Поліканфесіянальны характар рэлігійнага светаўспрымання беларусаў вызначаў асаблівасці іх этнічнай самасвядомасці”[17, с. 420]. Яно як-быццам і так. Але ж гісторыя этнічнага і канфесійнага жыцця беларусаў і доўгая і зусім не такая адназначная, як падаюць яе акадэмічныя і афіцыйныя даследчыкі. Акрамя таго, што не толькі каталіцызм і праваслаўе ўплывалі на працэсы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі белаорусаў, дык і вышэйзгаданыя канфесіі не заўсёды займалі аднолькавае месца ў жыцці беларускага грамадства, як відаць хаця б з прыведзеных намі фактаў.

Хацелася, каб у нашай краіне захаваўся той розум і тая разважлівасць, якія былі прыналежнасцю нашых продкаў. На нашую думку, уладам неабходна пазбягаць любой спакусы “выбраць” сабе спрыяльную канфесію, набыць ў яе асобе падтрымку і “выдаць” людзям “правільную” ідэалогію. Пасварыць прасцей. Мірыць цяжка. Самае разумнае – азірнуцца ў сваю гісторыю і павучыцца ў сваіх продкаў. Працытуем некаторыя палажэнні Артыкула “Аб захаванні ў спакоі ўсіх падданых нашых жыхароў гэтай дзяржавы з боку рознага разумення і ўжывання набажэнства хрысціянскага” Статута ВКЛ 1588 г.: “… А так як у Рэчы Паспалітай існуе немалая рознасць у адносінах веры хрысціянскай, папярэджваючы, каб з гэтай прычыны паміж людзей сутыкненні якія-небудзь шкодныя не пачаліся, якія ў іншых каралеўствах мы ясна бачым, абяцаем тое сумесна за нас і за нашчадкаў нашых на вечныя часы пад абавязкам прысягі, пад вераю, гонарам і сумленнем нашым, што мы, якія з’яўляемся рознымі ў веры, мір паміж сабой захоўваць, а ў сувязі з рознасцю веры і адрозненняў ў цэрквах крыві не праліваць і не караць адбіраннем маёмасці, пазбаўленнем гонару, турэмным зняволеннем і выгнаннем. І ніякаму вяршэнству, ні ураду, да такіх паступкаў ніякім чынам не дапамагаць, а наадварот, дзе б хто яе праліваць хацеў, з той прычыны будзем бараніцца, пра тое будзем абавязаны хаця б пад страхам асуджэння, ці за якім-небудзь судовым дзеяннем, хто б яго не хацеў учыніць” [10, с. 113]. На гэтым Статуце прысягалі вялікія князі ВКЛ, карацейшы, але па зместу падобны тэкст ёсць у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь… Ці дадасца гістарычны вопыт?

Хацелася б адзначыць, што пакуль не было празмернага ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы канфесій у грамадстве быў спакой і здаровае спаборніцтва. Значна змяніліся адносіны асноўных канфесій да Беларусі і беларускага этнасу. Пачалі праводзіцца набажэнствына нацыянальнай мове, адносіны да прыхажаніна сталі адносінамі да верніка, а не да патэнцыяльнага прыхільніка “тытульнай” для канфесіі дзяржавы. Калі канфесіі больш былі з людзьмі, чым з уладамі, гэта бачылі і цанілі людзі. На жаль, зараз яны бачаць іншае, а менавіта спробу буйнейшай канфесіі стаць афіцыйна-дзяржаўнай, з аднаго боку, і імкненне ўладаў найсці сабе “духоўную” падтрымку і дапамогу “у разуменні” насельніцтвам неабходнасці аб’ядноўвацца з адзінаверным усходнім суседам, з другога.

Ці не пра цяперашнюю Беларусь гэтыя словы: “Такім чынам, у наяўнасці імкненне дзяржавы, умацоўваючы “уладную вертыкаль”, усталяваць эфектыўны кантроль і над рэлігійнымі працэсамі ў грамадстве. Наўрад ці гэта прывядзе да рэцыдыву “савецкай” рэлігійнай палітыкі. Сёння сітуацыя іншая: два аўтарытарызмы – царкоўны і свецкі – ідуць насустрач адзін аднаму” [18].


Літаратура

1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Мінск, 1997.

2. Белая книга. Материалы по проекту закона “О свободе совести и религиозных организациях”. Минск, август 2002.

3. Белорусская деловая газета, 21 марта 2003 г., № 41.

4. Рэлігія і царква на Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001.

5. Філатава А. Канфесійная гісторыя Беларусі (ад Вялікага княства Літоўскага да Рэспублікі Беларусь) // Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце. Матэрыялы гістарычных семінараў, якія адбыліся ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры ў 2001 г. Мінск, 2002.

6. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Минск, 1959.

7. Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мінск, 1998.

8. Полное собрание русских летописей. Т. 35, М., 1980.

9. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі. Мінск, 2001.

10. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989.

11. Падраза А. Гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры на землях колішняй Рэчы Паспалітай // Быць або ня быць сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне. Менск, 2000.

12. Гісторыя Беларусі: у 2 ч. Ч. І. Са старажытных часоў да канца ХVІІ ст. Курс лекцый. (І.П. Крэнь і інш.). Мінск, 2000.

13. Карпачёв А.М., Козловский П.Г. Динамика численности населения Белоруссии во второй половине ХVІІ-ХVІІІ в. // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1968 г. Ленинград, 1972.

14. Косман М. Кальвіністы ў культуры Вялікага княства Літоўскага. Адметныя элемэнты й чужыя ўплывы // Быць або ня быць сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне. Менск, 2000.

15. Марозава С. Дзейнасьць Уніяцкай Царквы па кансалідацыі беларускага народу. Берасце-Гродна, 2001.

16. Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ—ХХ ст.). Мінск, 1998.

17. Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мінск, 2001.

18. Кырлежев А. Церковь и мир: парадокс или синтез? // Русская мысль, Париж. 1—7 июня 2000, № 4320.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія