БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ФІЛАМАТЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ФІЛАМАТЫ № 2(5) 2003

Ці багатая Беларусь на мінеральныя рэсурсы?

Радзiм Гарэцкi

Вельмi многiя (у тым лiку i самыя высокiя кiраўнiкi нашай дзяржавы) лiчаць, што Беларусь – зусiм маленькая, бедная на прыродныя рэсурсы краiна. Цi так гэта? Калi параўнаць Беларусь з iншымi больш чым сарака краiнамi Еўропы, дык па многiх галоўных паказчыках (тэрыторыя, насельнiцтва, багацце нетраў, бiялагiчныя рэсурсы, прыродныя ландшафты i турыстычныя магчымасцi, рабочы i iнтэлектуальны патэнцыял, перспектывы развiцця сельскай гаспадаркi, прамысловасцi i г.д.), наша краiна ўваходзiць цi ў першую дзесятку цi трапляе ў першую палову. Беларусь можа стаць багатай квiтнеючай дзяржавай у шэрагу цывiлiзаваных краiн Еўропы. Далей разгледзiм, якiя мiнеральныя рэсурсы хаваюць нетры беларускай зямлi.

Геалагiчная будова тэрыторыi Беларусi

Уся тэрыторыя нашай краiны належыць да Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы (кратона) – найбольш устойлiвых лiтасферных плiт (буйных блокаў лiтасферы Зямлi). Кратон складаецца з крышталiчных парод фундамента (гнейсы, гранiтагнейсы, амфiбалiты, сланцы i iнш. узростам ад 1,6 да 3,5 млрд. гадоў) i адкладаў платформавага чахла (пяскi, пясчанiкi, глiны, мергелi, солi i iнш. узростам ад 1,6 млрд. гадоў да сучасных). Крышталiчны фундамент залягае на розных глыбiнях: у кар’ерах Мiкашэвiчаў i Глушкавiчаў ён выходзiць на паверхню Зямлi; на вялiкiх абшарах Мiншчыны i часткова Гродзеншчыны пагружаны неглыбока – да 500 м (тут знаходзiцца Беларуская антэклiза); каля Брэста апушчаны на 1—1,5 км (Брэсцкая ўпадзiна), каля Магiлёва, Вiцебска i Воршы – на 1,2—1,5 км (Аршанская ўпадзiна), а на поўднi Беларусi – галоўным чынам Гомельшчыны, часткова Мiншчыны i па ўсходу Брэстчыны – аж на 3—4 i нават да 5—6 км (Прыпяцкi прагiн). З пародамi крышталiчнага фундамента звязаныя адны карысныя выкапнi, з асадкавымi адкладамi – iншыя. Таму там, дзе фундамент выходзiць на паверхню Зямлi цi залягае неглыбока, рацыянальна шукаць мiнеральныя ўтварэннi, прыстасаваныя да парод фундамента, i наадварот, там, дзе ён пахаваны магутнымi ападкавымi адкладамi – выкапнi, звязаныя з апошнiмi.

Гiсторыя геалагiчнага развiцця тэрыторыi Беларусi вельмi складаная i разнастайная: тут былi вулканы i землятрусы, невялiкiя горы i лававыя плато, раўнiнная суша i мора з рознай глыбiнёй i салёнасцю (у тым лiку глыбокiя (да 700 м) тыпу сучаснага Чырвонага мора), буйныя азёры i рэкi, пакроўныя зледзяненнi i густыя трапiчныя лясы i г.д.

Кожная геалагiчная эпоха пакiнула пасля сябе своеасаблiвыя пароды з характэрнымi для iх карыснымi выкапнямi. Найбольш малады (ад 1 млн. год таму да сучаснасцi) так званы чацвярцёвы (цi антрапагенавы) перыяд характэрны некалькiмi пакроўнымi (мацерыковымi) зледзяненнямi, якiя пакiнулi ледавiковыя вельмi стракатыя па складу i магутнасцi (таўшчыне) адклады (пяскi, глiны, супесi, жвiр, валуны i iнш.). Яны пакрылi тоўстым (да 100—300 м) слоем усю тэрыторыю краiны i пахавалi пад сабой больш старажытныя пароды, якiя толькi ў некаторых месцах выходзяць на зямную паверхню па берагах рэк, у кар’ерах, у гляцыядыслакацыях (пароды, якiя выціснуў, выпхнуў цi адарваў ледавiк пры сваiм руху).

Якiя карысныя выкапнi вядомыя даўно?

У сувязi з тым, што ледавiковыя адклады чацвярцёвага перыяду пакрываюць амаль усю тэрыторыю Беларусi, тут аж да пасляваенных гадоў былi вядомыя галоўным чынам тыя карысныя выкапнi, якiя звязаны з гэтымi найбольш маладымi геалагiчнымi ўтварэннямi. Да iх перш-наперш належыць торф, здабыча якога ў Беларусi вядзецца здаўна, а ў савецкi час дасягала 50% ад усесаюзнай вытворчасцi. Першасныя тарфяныя рэсурсы ацэнiвалiся ў 5,7 млрд. т, адкрыта больш за 9 тыс. радовiшчаў. Здабыта ўжо больш за 1 млрд. т (торфу). Цяпер засталося эксплуатацыйных запасаў толькi 588 млн. т. Пры сучасным узроўнi здабычы iх хопiць прыблiзна на 35 гадоў. Таму торф як палiва рацыянальна захаваць толькi для бытавога сектара выкарыстання i больш эфектыўна спажываць у сельскай гаспадарцы (падсцiлка, угнаеннi i iнш.), а таксама ў хiмiчнай, медычнай прамысловасцi (лекi, новыя матэрыялы i iнш.).

З балотамi Беларусi звязаны жалезiстыя адклады – бурыя жалезнякi, якiя раней перапрацоўвалi на жалезныя руды. Але яны маюць толькi гiстарычнае значэнне i пакiнулi назвы звязаных з iмi населеных пунктаў (Рудня, Рудзенск i г.д.).

Нетры Беларусi багатыя рознымi будаўнiчымi матэрыяламi (пяскi, жвiр, глiны, мел, мергель), якiя вядомы з даўнiх часоў. Важнае значэнне маюць радовiшчы мергельна-мелавых парод – сыравiнная база цэментнай прамысловасцi (ПА “Валкавыскцэментшыфер”, “Крычаўцэментшыфер”, Беларускi цэментны завод у Магiлёўскай вобласцi). Разведана 15 радовiшчаў з агульнымi запасамi 831 млн. т. Распрацоўваюцца з iх 8. Гадавая здабыча – больш за 4 млн. т. Апрача таго, для вытворчасцi будаўнiчай i тэхналагiчнай вапны эксплуатуюцца радовiшчы мелу (iх разведана 32 з агульнымi запасамi 137 млн. т). Гадавая здабыча – каля 1,5 млн. т.

Вядомы два радовiшчы шкляных пяскоў: Лоеўскае ў Гомельскай вобласцi i Гароднае ў Брэсцкай (запасы – 15 млн. т). Гэтых пяскоў не хапае, i таму часткова iх прывозяць з Украiны. Разведана 80 радовiшчаў будаўнiчых i сiлiкатных пяскоў (агульныя запасы – 348 млн.м3), з iх эксплуатуюцца 40 з гадавой здабычай каля 8 млн. м3.

Фармовачныя пяскi, неабходныя для металургiчнай прамысловасцi, вядомы ў трох радовiшчах з агульным запасам больш за 44 млн. т. Цяпер распрацоўваюцца з iх два.

На паўднёвым усходзе Беларусi вядомы радовiшчы глаўканiта-кварцавых пяскоў. Запасы толькi аднаго з iх, каля Лоева, ацэнены ў 15—18 млн. т. Гаўканiт – важная сыравiна для вытворчасцi многiх рэчаў: мiнеральнай фарбы, угнаенняў, сарбентаў, паверхнева-актыўных рэчываў i г.д.

Пясчана-гравiйных кар’ераў больш за 80 з гадавой здабычай каля 25 млн. м3, а ўсiх радовiшчаў гэтых матэрыялаў – каля 140 (запасы – больш за 700 млн. м3).

Разведана 212 радовiшчаў лёгкаплаўкiх глiн для вытворчасцi цэглы (запасы – 208 млн. м3), эксплуатуецца з iх 113 (здабыча – каля 3 млн. м3). Тугаплаўкiя глiны (6 радовiшчаў з запасам 54 млн. т) патрэбны для сценавых камянёў i каналiзацыйных труб. Вядомы 9 радовiшчаў глiн (запасы – 61 млн. м3) для вытворчасцi аглапарыту i керамзiту.

Будаўнiчыя i аблiцовачныя камянi з крышталiчных парод фундамента здабываюцца ў кар’ерах Мiкашэвiчаў (Брэстская вобласць) i Глушкавiчаў (Гомельская вобласць), агульныя запасы якiх складаюць каля 340 млн. м3. Мiкашэвiцкi драбiльна-сартыравальны камбiнат – адзiн з буйнейшых у Еўропе – з прадуктыўнасцю каля 8 млн. м3 шчэбню ў год. Дарэчы, сярод крышталiчных парод Мiкашэвiцкага кар’ера (а таксама на глыбiнях у першыя дзесяткi метраў каля пас. Жыткавiчы) распаўсюджаны дыябазы i габра-дыябазы, з якiх можна атрымлiваць мiнеральныя валокны, керамiку i iнш.

З даўнiх часоў сяляне выкарыстоўвалi гразi i iлы азёр для ўгнаення агародаў. Гэта так званыя сапрапелi (запасы iх – больш за 4 млрд. м3). Яны,. апрача сельскай гаспадаркi (арганамiнеральныя ўгнаеннi, кармавыя дабаўкi), карысныя для медычных мэтаў (лекавыя гразi), для свiдравальных раствораў i г.д.

Па далiнах многiх рэк Беларусi знаходзяцца вялiкiя запасы моранага дубу.

Даламiты, якiя выходзяць на паверхню i якiя можна добра бачыць па абрывiстых берагах рэк на Вiцебшчыне, даўно выкарыстоўвалi ў якасцi карбанатных угнаенняў для вапнавання кiслых глебаў, а таксама для будаўнiчых мэтаў. Радовiшча Руба паблiзу Вiцебска мае запасы каля 800 млн. т. Тут знаходзiцца буйнейшае ў Еўропе прадпрыемства па вытворчасцi даламiтавай мукi (7—8 млн. т у год). Апрача таго, даламiты можна выкарыстоўваць як аблiцовачны камень, для вытворчасцi шчэбню, баласту i г.д.

Упрыгажэнні з бурштыну археолагi знаходзяць пры многiх раскопках. Пароды з кавалкамi бурштыну шырока распаўсюджаны на паўднёвым захадзе Беларусi, асаблiва ў раёне памiж гарадамi Пiнск, Iванава, Бяроза. Тут знойдзены ўжо не толькi адзнакi, але i першыя радовiшчы бурштыну.

Што вядома цяпер

Да 1940 г. самая глыбокая свiдравiна ў Беларусi мела ўсяго каля 300 м, i толькi перад самым пачаткам вайны была зроблена свiдравiна глыбiнёй крыху глыбей за 1000 м, якая адкрыла соль на Палессi. Геалагiчная будова Беларусi была настолькi мала вывучана, што геолагi звярнулiся да вывучэння яе тэрыторыi як да “белай плямы” на карце былога СССР. Былi шырока праведзены геалагiчныя (у тым лiку i свiдравальныя) i геафiзічныя работы, i Беларусь стала сапраўдным адкрыццём як у сэнсе яе геалагiчнай будовы, так i пошукаў карысных выкапняў, сярод якiх аказалася шмат новых i важных. Мiф пра беднасць нетраў Беларусi не спраўдзіўся.

Адзін з галоўных мiнеральных выкапняў Беларусi – калiйныя солi, якiя з 1963 г. здабываюцца са Старобiнскага радовiшча (Прыпяцкi прагiн), прычым яно давала каля 50% калiйных угнаенняў усяго былога СССР. Разведаныя запасы калiйных соляў Старобiнскага радовiшча разам з яшчэ не эксплуатаванымi Петрыкаўскiм, Жыткавiцкiм i Акцябрскiм дасягаюць 9,7 млрд. т, а прагнозныя – звыш 80 млрд. т, з iх да глыбiнi 1200 м (да якой рацыянальны шахтавы метад здабычы) – каля 20 млрд. т. Разам з калiйнай соллю можна здабываць i спажывецкую соль, што ў апошнiя часы нарэшце пачалi рабiць. Тут прысутнiчаюць i прамысловыя канцэнтрацыi брому, але ён, на жаль, не здабываецца. Запасы спажывецкай солi ў Прыпяцкiм прагiне практычна невычарпальныя. Яна залягае на глыбiнах ад 400 да 4000 м, яе магутнасць дасягае 1—3 км, а плошча распаўсюджання – прыблiзна 30 тыс. км2. Цяпер разведаны тры радовiшчы – Давыдоўскае, Старобiнскае i Мазырскае. На базе апошняга працуе Мазырскi камбiнат, якi дае высакаякасную спажывецкую соль (больш за 250 тыс. т солi “Экстра” у год) шляхам падземнага растварэння.

З солямi звязаны радовiшчы гiпсу, адно з якiх разведана каля в. Брынёў Петрыкаўскага раёна. Глыбiні яго залягання – 170—470 м, а запасы – больш за 1000 млн. т. Тут рэальна можна падрыхтаваць здабычу гiпсу ў 1 млн. т у год.

Да Прыпяцкага прагiну – гэтай сапраўднай скарбнiцы карысных выкапняў Беларусi – прыстасаваны радовiшчы высакаякаснай нафты, першае з якiх (Рэчыцкае) было адкрыта ў 1956 г. Ужо ў 1998 г. урачыста адзначалi здабычу 100-мiльённай тоны нафты. Тут вядома каля 60 невялiкiх радовiшчаў нафты, а яе здабыча трымаецца на ўзроўнi 2 млн. т у год. Адначасова запасы нафты прамысловых катэгорый складаюць каля 70 млн. т, газу ~10 млрд. м3.

У заходняй i цэнтральнай частках Прыпяцкага прагiну размешчаны басейн гаручых сланцаў. Магутнасць пластоў гаручых сланцаў – ад 0,2 да 3,7 м, цеплыня згарання – 4,2—5,5 мДж/кг, зольнасць 75%, выхад смол – 6,0—9,2%. Агульныя прагнозныя запасы – 8 млрд. т, глыбiнi залягання сланцаў – 50—600 м. Найбольш вывучана Тураўскае радовiшча сланцаў. Сланцы прыгодныя для перагонкi на вадкае i газавае палiва, яны цiкавыя як каштоўны хiмiчны прадукт, будаўнiчыя матэрыялы, угнаенне. Апрача таго, з iмi звязаны некаторыя рэдкiя элементы. Толькi комплекснае выкарыстанне гаручых сланцаў можа зрабiць iх здабычу рэнтабельнай.

На тэрыторыi Беларусi былі тры эпохi вугалеўтварэння. Найбольш старажытны (300 млн. год таму) вугаль знаходзiцца ў Прыпяцкiм прагiне на глыбiнях звыш 300 м. Яго падлiчаныя запасы – каля 300 млн. т. Больш маладыя – юрскiя i неагенавыя вугалi распаўсюджаны на поўднi Беларусi, ад Гомеля да Брэста. Першыя з iх залягаюць на глыбiнях 100—300 м, i iх прагнозныя запасы толькi на найбольш вывучанай Лельчыцкай плошчы перавышаюць 500 млн. т. Самыя блiзкiя да зямной паверхнi (25—100 м) i самыя разведаныя — гэта неагенавыя вугалi, прагнозныя запасы якiх дасягаюць 3 млрд. т. Дэталёва разведаны тры радовiшчы: Жыткавiцкае, Брынёўскае i Тонежскае. Для першага з iх распрацаваны праект, па якому тут можна здабываць у кар’еры кожны год па 2—2,4 млн. т вугалю, а тэрмiн працы 20—25 гадоў. Адмоўныя экалагiчныя праблемы не дазваляюць пакуль што здзейснiць гэты праект. Вуаглi Беларусi – бурыя, па якасцi блiзкiя да торфу, але прыдатныя для энергетычнага i камунальна-бытавога палiва. У перспектыве ў Беларусi можна здабываць каля 5 млн. т бурага вугалю ў год.

У Прыпяцкiм прагiне геолагi знайшлi рэдкi мiнерал – даўсанiт, якi ўтварае тут прамысловыя радовiшчы i можа быць добрай сыравiнай для вырабу алюмiнiю i кальцынiраванай соды. На Заазёрным радовiшчы ён залягае адносна неглыбока (240—1000 м), рудныя лiнзы маюць магутнасць 0,4—5,7 м, а ўтрыманне даўсанiту ў рудзе 26—38%. На базе гэтага радовiшча маюцца добрыя магчымасцi па арганiзацыi адпаведнай вытворчасцi.

На поўднi Беларусi знойдзены два фасфарытаносныя басейны – Сожскi i Прыпяцкi. Першы знаходзiцца на ўсходзе Магiлёўскай вобласцi, дзе разведаныя Мсцiслаўскае i Лабковiцкае радовiшчы фасфарытаў з запасам 30 млн. т. У межах другога знаходзiцца Брэсцкi фасфарытаносны раён (запасы – 53 млн. т) з Арэхаўскiм радовiшчам. Востры дэфiцыт фасфатных угнаенняў у краiне прымушае звярнуць асаблiвую ўвагу на гэтыя радовiшчы фасфарытаў.

У Магiлёўскай вобласцi знойдзены радовiшчы цэалiтаносных сiлiцытаў (трэпела, апокi, крэменязёмiстыя мергелi) Дружба (запасы – 81 млн. т) i Стальное (запасы – 134 млн. т). Гэтыя пароды з’яўляюцца выдатнымi прыроднымi сарбентамi i патрэбныя ў многiх вiдах вытворчасцi: цэментнай i цаглянай прамысловасцi, сельскай гаспадарцы, ачыстцы харчовых прадуктаў, адпрацаваных масел, сточных вод, газаў, нафтапрадуктаў i г.д.

Каля Жыткавiчаў i Мiкашэвiчаў вядомы 4 радовiшчы каалiна з агульнымi прагнознымi рэсурсамi 27 млн. т. Яны залягаюць на глыбiнях 13—35 м, з магутнасцю пластоў 1,2—29 м. Яны могут знайсцi скарыстанне для вытворчасцi фарфоравых, фаянсавых вырабаў i iнш.

Усцяж паўднёвага борту Прыпяцкага прагiну праходзiць паласа распаўсюджання пiрафiлiту – якаснай керамiчнай i вогнеўстойлiвай сыравiны. Асаблiва перспектыўная Лельчыцкая плошча.

Надзвычайна важнае значэнне маюць радовiшчы падземных вод: пiтных i тэхнiчных, мiнералiзаваных – бальнеалагiчных i прамысловых. Пiтныя падземныя воды Беларусi – адны з лепшых у Еўропе. Большасць беларускiх гарадоў карыстаецца гэтай вадой. Мiнеральныя воды рознага складу шырока распаўсюджаны па тэрыторыi краiны. Іх здабыча iдзе са свiдравiн. На iх базе функцыянуе шэраг санаторыяў, а таксама заводаў па iх разлiву. У 1998 г. за адкрыццё i асваенне мiнеральных вод група спецыялiстаў атрымала Дзяржаўную прэмiю Беларусi.

Некаторыя воды тэрмальныя (гарачыя) i могуць скарыстоўвацца для ваннаў, абагрэву кватэр i цяплiц. Найбольш гарачыя воды ў Прыпяцкiм прагiне (да 60—900), у Брэсцкай упадзiне (да 400).

У Прыпяцкiм прагiне, а часткова i ў Аршанскай упадзiне асадкавы чахол змяшчае вялiкiя запасы высокаканцэнтраваных расолаў. Гэта – “вадкая руда”, з якой можна вылучыць ёд, бром, цэзiй, калiй, лiтый, рубiдый, стронцый i многiя iншыя рэдкiя i рассеяныя элементы. Тут сур’ёзныя праблемы з тэхналогiяй здабычы i перапрацоўкi расолаў. Сам расол можна выкарыстоўваць у медыцыне, раслiнаводстве, жывёлагадоўлi, прамысловасцi.

Пералiчаныя мiнеральныя рэсурсы звязаны галоўным чынам з адкладамi асадкавага чахла. Самыя разнастайныя карысныя выкапнi прывязаны да парод крышталiчнага фундамента, з якiх раней ужо згадвалiся будаўнiчыя матэрыялы. Разведаны два радовiшчы жалезнай руды: Навасёлкаўскае каля Карэлiчаў i Аколаўскае каля Стоўбцаў. Першае – iльменiт-магнетытавыя руды з сярэднiм утрыманнем жалеза 32% i на глыбiнi 150 м. Прагнозныя рэсурсы жалеза – 76 млн. т. Другое – жалезiстыя кварцыты з сярэднiм утрыманнем жалеза 27%. Запасы да глыбiні 700 м – 500 млн. т. Руды радовiшчаў комплексныя: тут ёсць тытан, ванадый, фосфар, кобальт, германiй, серабро, золата. На базе Аколаўскага радовiшча магчыма збудаваць руднiк з гадавой вытворчасцю 14 млн. т руды i тэрмiнам iснавання 30 гадоў. Вядомы ў гэтай правiнцыi шэраг рудапраяўленняў жалеза – Аталез, Сула, Рубяжэвiцкае.

У межах Жыткавiцкага горста (падняцця) разведана рэдкаметальнае радовiшча – Дыябазавае, якое таксама з’яўляецца комплексным. Яно прыгоднае для вытворчасцi рэдкiх металаў, рэдкiх зямель цэрыевай групы, а таксама мiнеральных валокнаў, шчэбню i iнш.

Што можна чакаць у будучым?

З крышталiчнымi пародамi фундамента звязаны перспектывы пошукаў радовiшчаў самых размаiтых карысных выкапняў: чорных i легiруючых (жалеза, ванадый, тытан, кобальт, нiкель, малiбдэн, вальфрам), каляровых (медзь, цынк, свiнец, волава), высакародных (золата i серабро) металаў; рэдкiх i рэдказямельных элементаў. Багатыя рудапраяўленнi ўсiх гэтых выкапняў геолагi ўжо знайшлi ў многiх мясцiнах Беларусi. Вядомы таксама праяўленнi многiх неметалiчных карысных выкапняў: графiт, мармур, граніт. Плошча, на якой можна шукаць такiя мiнеральныя рэсурсы ў пародах фундамента на адносна невялiкiх глыбiнях (менш за 500 м), дасягае амаль 80 тыс. км2 (тэрыторыя Беларускай антэклiзы, Мiкашэвiцкi i Жыткавiцкi горсты, край Украiнскага шчыта — раён Глушкавiчаў i iнш.).

З эпохамi вулканiзму (венд – 650 млн. гадоў таму i познi дэвон – 360 млн. гадоў таму) звязаны своеасаблiвыя тэктанiчныя элементы, так званыя трубкi выбуху – канцэнтрычныя структуры дыяметрам ад некалькiх соцень метраў да першага дзесятка кiламетраў i глыбiнёй да 20—60 км (да нiжняй зямной кары i нават верхняй мантыi). Да iх дапасаваны розныя карысныя выкапнi, i найбольш важныя з iх – алмазы. Вендскi вулканiзм распаўсюджаны ў Брэсцкай упадзiне i Палескай седлавiне (Брэсцкая вобласць), а познедэвонскi – самы ўсход Прыпяцкага прагiну, Брагiнска-Лоеўская i Жлобiнская седлавiны (Гомельская вобласць). Ужо знойдзена каля 30 такiх трубак выбуху. Такога ж тыпу структуры можна шукаць на поўначы Вiцебскай вобласцi, у раёне Полацкай зоны разломаў, якая праходзiць у субшыротным напрамку амаль праз Полацк.

З асадкавым чахлом, апрача пошуку новых радовiшчаў ужо пералiчаных раней карысных выкапняў, звязаны перспектывы знаходжання рассыпных радовiшчаў розных металаў (цыркон, iльменiт, тытан, рутыл, касiтэрыт, гранат, золата, рэдкiя i рэдказямельныя элементы i iнш.). На поўднi Беларусi магчымы пошукi меднай руды, ртуцi.

Што трэба рабiць?

Развiццё цывiлiзацыi заўсёды апiралася на ўжыванне карысных выкапняў. Без мiнеральнай сыравiны немагчыма гаспадарчая дзейнасць чалавека, само iснаванне чалавецтва. Мiнеральна-сыравiнная база – аснова навукова-тэхнiчнага прагрэсу.

Якiя агульныя праблемы iснуюць перад чалавецтвам у сувязi з выкарыстаннем мiнеральнай сыравiны? Рэзка павялiчваецца ўзровень выкарыстання мiнеральнай сыравiны (кожныя прыблiзна 10 гадоў у два разы), што вядзе да хуткага вычарпання радовiшчаў карысных выкапняў i “сыравiннай катастрофы”. Адсюль выцякае неабходнасць рацыянальнага спажывання прыродных рэсурсаў. Цяпер большасць радовiшчаў карысных выкапняў, якiя залягаюць блiзка да паверхнi Зямлi, знойдзены i таму даводзiцца шукаць больш глыбокiя, а гэта выклікае павелiчэнне выдаткаў на iх пошукi i эксплуатацыю. Каб хутчэй i танней знайсцi такiя радовiшчы, патрэбны дасканалы навуковы прагноз. Пры здабычы мiнеральнай сыравiны ўзнiкаюць праблемы павелiчэння яе выбрання з радовiшчаў (яно невялiкае: нафты – 30—40%, калiйных солей – 40—50%, вугалю – 60—80% i г.д.) i, наадварот, змяншэнне стратаў пры перапрацоўцы i абагачэннi руд. Пры гэтым трэба скарацiць колькасць адходаў, для чаго неабходна выпрацаваць малаадходныя, а яшчэ лепш безадходныя тэхналогii. Радовiшчы звычайна ўтрымліваюць некалькi карысных мiнералаў, а здабываецца вельмi часта толькi адзiн з iх. Таму ўзнiкае праблема комплекснага выкарыстання мiнеральнай сыравiны.

Важны аспект праблемы мiнеральнай сыравiны – мiжнародны, якi звязаны з нераўнамерным распаўсюджаннем i выкарыстаннем карысных выкапняў. Увесь час iдзе барацьба за мiнеральныя рэсурсы. Краiны свету падзяляюцца на экспарцёраў i iмпарцёраў той цi iншай сыравiны. Гандаль мiнеральнай сыравiнай складае чвэрць усяго мiжнароднага таваразвароту. Важна адзначыць, што сучасная структура цэн на сыравiну, прадукты яе перапрацоўкi i гатовыя вырабы вельмi часта прыносяць найбольшыя выгады iмпарцёрам. Выгадней прадаваць гатовы прадукт, чым сыравiну. Яскравы прыклад – Японiя, прамысловасць якой працуе галоўным чынам на прывазной сыравiне. Бывае i наадварот, калi краiна някепска жыве за кошт экспарту нафты, як Кувейт. Але гэта крайнiя выпадкi. Звычайна бываюць прамежкавыя сiтуацыi. Чым большае багацце нетраў краiны, чым лепш яно выкарыстоўваецца, тым больш магчымасцей мець сапраўдную незалежнасць. У гiсторыi, мiнулай i сучаснай, мы маем шмат прыкладаў палiтычнага нацiску праз мiнеральную сыравiну. Добра вядома, як Беларусь i Украiна залежаць цяпер ад палiва Расii.

Нарэшце, здабыча, перапрацоўка i выкарыстанне мiнеральнай сыравiны патрабуюць спачатку вялiкiх фiнансавых затратаў (якiя з часам, безумоўна, акупяцца), а таксама выклiкаюць складаныя экалагiчныя праблемы, якiя неабходна адразу прадбачыць i ўлiчыць.

Як яскрава бачна з пералiку мноства карысных выкапняў, якiя ўтрымлiвае беларуская зямля, традыцыйнае ўяўленне пра беднасць нетраў Беларусi павiнна быць адкiнута. Шэраг вiдаў мiнеральнай сыравiны ўжо здабываецца, але большасць яшчэ нерухома ляжыць у зямлi, а многiя чакаюць адкрыцця.

Новыя палiтычныя i эканамiчныя ўмовы самастойнай Беларусi патрабуюць i новага, больш гаспадарскага падыходу да мiнеральных рэсурсаў. Неабходная распрацоўка спецыяльнай дзяржаўнай праграмы па праблемах мiнеральнай сыравiны. Патрэбна глыбокая эканамiчная ацэнка мiнеральна-сыравiннай базы. Адсутнасць навукова распрацаванай ацэнкі каштоўнасцi карысных выкапняў у нетрах i практыка дармавой перадачы iх запасаў прамысловасці робiць уражанне, што багацце нетраў для грамадства не мае цаны. Прыняты закон аб нетрах не павiнен застацца толькi на паперы. Багацце нетраў – багацце народа. Але яно не павiнна падначальвацца вядомаму негаспадарскаму прынцыпу: “Усё калгаснае – усё маё”.

Незалежнасць краiны патрабуе карэннай змены кiравання народнай гаспадаркай, змены многiх структур урада, многiх кiраўнiкоў, якiя засталiся з часу камандна-адмiнiстрацыйнай сiстэмы. Апошняе асаблiва важна, бо сучаснай гаспадаркай незалежнай краiны можа кiраваць толькi высокакампетэнтны спецыялiст. Час, калi дзейнiчаў прынцып “дзе б ні працаваць, абы кіраваць”, прайшоў. Пра гэта даводзiцца нагадваць, бо да нашага часу многiя кiруючыя асобы, узгадаваныя на сiстэме валюнтарызму i бяздумнага выканання загадаў зверху, лiчаць, што кiраваць можна любым напрамкам прамысловасцi, сельскай гаспадаркi, культуры, навукi, адукацыi, не маючы для гэтага спецыяльнай падрыхтоўкi.

Цяпер геалагiчная служба Беларусi рэзка скарацiлася, раскiнута па розных мiнiстэрствах i ведамствах. Яе галоўнае ядро – аб’яднанне “Белгеалогiя” – належыць да Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў, сярод кiруючых кадраў якога няма нiводнага спецыялiста-геолага. Для пошукаў новых карысных выкапняў, разведкi i распрацоўкi ўжо вядомых радовiшчаў, эканамiчнай ацэнкi мiнеральных рэсурсаў i iх скарыстання, а таксама для вядзення агульнай мiнеральна-сыравiннай палiтыкi неабходна стварыць спецыяльнае Мiнiстэрства цi асобны Камiтэт геалогii i выкарыстання мiнеральных рэсурсаў (можа, i ў рамках Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў).

Ва ўсiх краiнах свету, як i ў былым СССР i ў некаторых дзяржавах СНД, вялася i праводзiцца дзяржаўная геалагiчная здымка па тапаграфiчных лiстах усёй тэрыторыi, прычым такая здымка павялiчваецца ад дробнамаштабнай (1:1 млн, – 1:500 тыс.) да больш буйной (1:200 тыс., а затым i 1:50 тыс., 1:10 тыс.). Краiны Еўропы ўжо цалкам пакрыты буйнамаштабнай здымкай, якая праз некаторы час паўтараецца. Цяпер мы павiнны праводзiць не проста геалагiчную здымку, а эколага-геалагiчную цi нават здымку прыроднага патэнцыялу. Такiя карты – база не толькi для пошукаў карысных выкапняў, асновы для любых народнагаспадарчых дзеянняў. Гэта – галоўная праца Мiнiстэрства (цi Камiтэта) геалогii. Апрача таго, яно павiнна праводзiць дзяржаўнае пацвярджэнне запасаў радовiшчаў розных карысных выкапняў, складаць iх кадастр i баланс, праводзiць iнспекцыю дзяржаўнага геалагiчнага кантролю, экспертызу ўсiх вiдаў геолагаразведачных работ, мець рэдакцыйна-выдавецкi савет па зацвярджэнню i выданню геалагiчных i iншых карт, геалагiчны фонд, даведачна-iнфармацыйны цэнтр з банкам геолага-геафiзiчных i iншых даных i г.д. Патрэбна не змяншаць, а пашыраць геалагiчныя арганiзацыi – напрыклад, у Германii кожны рэгiён (“зямля”), а ён ня большы па плошчы, чым наша вобласць, мае сваю геалагiчную службу.

У сваёй дзейнасцi Мiнiстэрства (Камiтэт) геалогii i мiнеральных рэсурсаў павiнна абапiрацца на акадэмiчную i галiновую навуку. На жаль, у Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi навукi аб Зямлi таксама не маюць адпаведнага развiцця. Неабходна стварыць самастойнае аддзяленне навук аб Зямлi (як гэта ёсць у большасцi краiн свету) i пашырыць яго шэрагам інстытутаў (водных праблем, геаграфii i iнш.). Даўно не стае нашай краiне i добрага геалагiчнага музея.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія