БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ФІЛАМАТЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ФІЛАМАТЫ № 2(5) 2003

Антоній Тызенгаўз – стваральнік мануфактур, асветнік і мецэнат*

Валянцін Голубеў
Ірына Кітурка

* Аўтары выказваюць шчырую падзяку спадарыні прафесару Эльжбеце Смулковай, Фонду “Каса Юзэфа Мяноўскага” і Нямецкаму Гістарычнаму Інстытуту ў Варшаве (Фонд імя Роберта Боша) за прадстаўленую магчымасць працы ў Archiwum Gіуwne Akt Dawnych і бібліятэках Варшавы, дзе былі выяўлены шматлікія матэрыялы, якія сталі асновай гэтага артыкула.

У артыкуле, надрукаваным у трэцім нумары часопіса “Філаматы” (чэрвень 1999 г.), мы распачалі размову пра дзейнасць неардынарнай асобы Беларусі другой паловы ХVІІІ ст. – Антонія Тызенгаўза. Артыкул быў прысвечаны аналізу аграрнай рэформы ў каралеўскіх сталовых эканоміях, аўтарам якой і з’яўляўся А. Тызенгаўз. Але гэтая рэформа была толькі адным з цэлага шэрага мерапрыемстваў эканамічнага характару, якія правёў А. Тызенгаўз падчас свайго знаходжання на пасадзе надворнага падскарбія Вялікага княства Літоўскага і генеральнага адміністратара каралеўскіх эканомій у ВКЛ.

Сёння мы хацелі б пазнаёміць чытачоў з дзейнасцю А. Тызенгаўза па стварэнню мануфактур, а таксама ў сферы распаўсюджання асветы, навукі і культуры на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, пераважна на Гродзеншчыне. Мануфактуры, тэатр, аптэка, медыцынская акадэмія, друкарня, батанічны сад і шмат чаго іншага ўпершыню з’явілася ў Гродне менавіта ў часы адміністрацыі А. Тызенгаўза, што дазволіла замежным гандлярам і падарожнікам нават назваць гэты горад у другой палове ХVІІІ ст. “квітнеючай Галандыяй на Нёмане”.

Антоній Тызенгаўз як стваральнік мануфактур

Антоній Тызенгаўз увайшоў у гісторыю як арганізатар мануфактур у Вялікім княстве Літоўскім. Іх заснаваннем надворны падскарбі пачаў займацца ў вельмі адказныны для краіны момант, калі развіцця прамысловай вытворчасці патрабавала само жыццё.

Нагадаем, што два глыбокія гаспадарчыя крызісы, выкліканыя войнамі сярэдзіны – другой паловы ХVІІ і пачатку ХVІІІ ст., значна запаволілі працэс эканамічнага развіцця ў Вялікім Княстве. Больш за тое, калі ў Еўропе ў ХVІІІ ст. даволі шырока пачалі распаўсюджвацца прамысловыя прадпрыемствы капіталістычнага тыпу, а ў найбольш перадавых краінах (Англія) якраз у 60-ыя гады XVІІІ ст. адбываўся прамысловы пераварот* , то эканоміка ВКЛ з сярэдзіны ХVІІ ст. фактычна цэлае стагоддзе знаходзілася ў стадыі адбудовы.

* Прамысловы пераварот – пераход да машыннай тэхнікі.

З гэтай прычыны Рэч Паспалітая востра адчувала патрэбу ў высакаякаснай прамысловай прадукцыі, неабходнай у першую чаргу для войска і флоту, якая выпускалася на Захадзе. Акрамя таго, у гэты час у заходніх краінах з’явілася мноства новых модных тавараў і прадуктаў, якія былі прызначаны для асабістага ўжытку ў асноўным прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Гэтую прадукцыю даволі складана было набыць на тэрыторыі Княства і ўвогуле Рэчы Паспалітай з-за яе дарагавізны і недахопу сродкаў (як у дзяржавы, так і ў прыватных уласнікаў) ці ўвогуле з прычыны адсутнасці неабходных тавараў на ўнутраным рынку.

Да таго ж ужо тады ў Еўропе лічылася, што ўзровень развіцця эканомікі дзяржавы з’яўляецца не толькі паказчыкам яе гаспадарчай і ваеннай моцы, але і адной з важных прыкметаў цывілізаванасці краіны, стану яе навукі і культуры.

Натуральна, што А. Тызенгаўз, які быў адукаваным чалавекам і шмат падарожнічаў па свеце, гэта добра разумеў і, як дзяржаўны чалавек высокага ўзроўню, закладаючы мануфактуры, імкнуўся вырашыць разам з эканамічнымі шэраг праблем сацыяльнага, навуковага і культурніцкага характару.

Даследаванні вучоных пацвярджаюць, што патрэба стварэння ў Рэчы Паспалітай уласных прамысловых прадпрыемстваў узнікла значна раней за сярэдзіну ХVІІІ ст. Праблема існавала, і першымі яе паспрабавалі вырашаць найбольш заможныя, адукаваныя і эканамічна падрыхтаваныя прадстаўнікі пануючага саслоўя. Так, напрыклад, вядомы даследчык гісторыі Рэчы Паспалітай ХVІІІ ст. Т. Корзан адзначаў, што першыя прамысловыя прадпрыемствы ў ВКЛ і Польшчы ўзніклі не ў гарадах і мястэчках, а ў маёнтках некаторых феадалаў. Апошнія, каб не плаціць занадта вялікіх грошай за замежныя прамысловыя тавары (а магчыма, і для таго, каб знайсці новыя сродкі ці праславіцца выпускам рарытэтных вырабаў), імкнуліся знайсці магчымасці для арганізацыі ўласнай вытворчасці найбольш неабходнай і дэфіцытнай прадукцыі [1, с. 225].

Сапраўды, на землях Вялікага княства Літоўскага ўжо ў першай палове – сярэдзіне ХVІІІ ст. прадстаўнікамі самага заможнага магнацкага роду – Радзівіламі – быў пабудаваны шэраг мануфактур. Так, у 20—30-ыя гады ХVІІІ ст. Ганнай Радзівіл былі заснаваны шкляныя мануфактуры (гуты) у Налібоках і Урэччы, дзе вырабляліся аконнае шкло, шкляны посуд, крышталёвыя вырабы, люстэркі і інш. Акрамя таго, Радзівілам належалі шырока вядомыя фабрыка шпалераў у Карэлічах, мануфактуры габеленаў у Міры і Альбуці, фаянсавая мануфактура ў Свержані, Слуцкая фабрыка шаўковых паясоў, Нясвіжская суконная мануфактура. Усяго ж на сваіх землях Радзівілы мелі 23 мануфактуры.

Працавалі мануфактуры і ў маёнтках некаторых іншых магнатаў: паперня, суконная і палатняная фабрыкі князя Сапегі ў Ружанах (Слонімскі павет), шкляныя заводы графа Салагуба ў мястэчку Ілля (Менскі павет), гетмана Масальскага ў маёнтку Мыш (Наваградскі павет) і інш. Прыватнаўласніцкія мануфактуры, створаныя магнатамі ў сваіх уладаннях, абслугоўваліся пераважна працай залежных сялян, наёмныя работнікі былі яшчэ рэдкасцю. Гэтая акалічнасць уплывала, натуральна, як на арганізацыю самой вытворчасці, так і, у пэўнай ступені, на вынікі працы прадпрыемстваў.

Але ў другой палове ХVІІІ ст. неабходнасць заснавання мануфактур была ўсвядомлена і на дзяржаўным узроўні, і менавіта дзяржаўная ўлада выступіла ў той час як ініцыятар стварэння мануфактур. Адноўленая да сярэдзіны ХVІІІ ст. сельская гаспадарка разам з паляпшэннем кан’юнктуры на збожжавых рынках Еўропы стварылі станоўчы падмурак для арганізацыі прамысловай вытворчасці ў краіне, у тым ліку і ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ.

У першым перыядычным выданні эканамічнага характару на тэрыторыі Рэчы Паспалітай – часопісе “Новыя эканамічныя і навуковыя веды”, які выйшаў у 1758 г., адзначалася, што “калі паглядзець на польскую даму або кавалера, то можна ўбачыць, што яны з ног да галавы апрануты ва ўсё замежнае. А гэта ёсць вялікае няшчасце!” [2, с. 84]. Аўтары часопіса падкрэслівалі, што адзін з галоўных поспехаў гаспадарчага развіцця грунтуецца на вызначэнні ўсяго таго, што ў сваёй дзяржаве можна стварыць і мець, каб гэтыя тавары не ўвозіць з іншых краін.

Разам з тым, было зразумела, што новыя мануфактуры, якія з’явяцца ў Рэчы Паспалітай, не адразу стануць дастаткова дасканалымі. “Нашыя суседзі – немцы, англічане, галандцы, французы, італьянцы – нас у гэтым даўно апярэдзілі як з гледзішча іх працы, так і гандлю паміж сабой. Цяжка нам з імі параўнацца, але гэта і непатрэбна. Дастаткова для нас будзе, калі шляхам арганізацыі мануфактур зменшым колькасць замежных тавараў і грошы ў краіне будуць заставацца”, адзначалася ў вышэйзгаданым часопісе [2, с. 86].

Такім чынам, будаўніцтва мануфактур, разам з рэфармаваннем сельскай гаспадаркі, станавілася стратэгічным напрамкам эканамічнай палітыкі ўладаў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст.

Шырокая арганізацыя дзяржаўных мануфактур на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага непасрэдна звязваецца з дзейнасцю Антонія Тызенгаўза. Дарэчы, кароль Станіслаў Аўгуст асабіста цікавіўся развіццём мануфактурнай вытворчасці, у чым знайшоў агульную мову са сваім паплечнікам і юнацкім сябрам А. Тызенгаўзам. Апошні спецыяльна ездзіў за мяжу, дзе знаёміўся з арганізацыяй працы на шэрагу прамысловых прадпрыемстваў, а таксама пасылаў туды сваіх прадстаўнікоў для вывучэння вопыту прамысловай вытворчасці. Так, напрыклад, адзін з паплечнікаў надворнага падскарбія Тадэвуш Даўнаровіч у 1773 г. быў адпраўлены А. Тызенгаўзам у трохгадовае “вялікае падарожжа” па Еўропе для знаёмства з арганізацыяй там прамысловай вытворчасці, сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі [3, D 22/16—18, арк. 3].

А. Тызенгаўз прымаў удзел у выпрацоўцы тэксту Статута “Кампаніі Ваўняных Мануфактур”, якая была створана ў 1766 г. у Варшаве. Акрамя таго, у 1763 г. ён адкрыў невялікую папяровую фабрыку, ткацкія майстэрні, гарбарню ва ўласным маёнтку Паставы (Ашмянскі павет) і, натуральна, меў пэўны вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці [4, с. 7].

Будучы чалавекам адукаваным і перадавых для свайго часу поглядаў, ён, як і значная частка эліты Рэчы Паспалітай, разумеў, што для спрыяння гаспадарчаму развіццю ў краіне было неабходна правядзенне пэўных палітычных і эканамічных рэформаў, стварэнне законаў у падтрымку эканомікі. Заканадаўчыя новаўвядзенні другой паловы ХVІІІ ст., сярод якіх можна адзначыць абмежаванне прымянення на агульнадзяржаўных сеймах права вета па эканамічных пытаннях, дазвол мяшчанам набываць маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страты сваіх шляхецкіх правоў, увядзенне адзінай сістэмы мераў і вагаў і некаторых іншых, садзейнічалі фарміраванню і ўсталяванню новых эканамічных адносінаў у дзяржаве [5, с. 108].

Дзякуючы заканадаўчым новаўвядзенням, стварэнню спецыяльнай сістэмы падтрымкі прамысловасці сваёй краіны, своеасаблівай сістэмы “пратэкцыянізму”, А. Тызенгаўз хацеў за кароткі тэрмін арганізаваць у аграрнай краіне, якой было ў другой палове ХVІІІ ст. Вялікае княства, развітую прамысловасць. Такія памкненні знайшлі сваё адлюстраванне, напрыклад, у інструкцыі, складзенай для дэпутатаў Гродзенскага павета, якія былі абраныя на Сейм 1766 г. (адным з яе аўтараў быў А. Тызенгаўз). Згодна дакументу, паслы павінны былі дамагацца больш шырокіх правоў для развіцця прыватных мануфактур, што садзейнічала б затрыманню грошай у краіне, укладванню іх у развіццё ўласнай вытворчасці і памнажэнню, дзякуючы гэтаму, агульнага дабрабыту [6, с. 227].

Гэта былі не простыя мары, а рэальная праграма дзеянняў, паколькі для задуманых пераўтварэнняў надворны падскарбі меў усё неабходнае: уладу, грошы (у тым ліку і ад фінансавых паступленняў, якія сталі вынікам арганізаванай ім аграрнай рэформы), дастатковую колькасць прыхільнікаў і паплечнікаў, а таксама неабмежаваны давер з боку караля. Зрабіўшы за 1757—1765 гг. імклівую палітычную кар’еру (ад гродзенскага падстаросты і простага пасла на сейм да кіраўніка Гродзенскага староства, пісара, а потым і надворнага падскарбія Вялікага княства Літоўскага), А. Тызенгаўз пачаў здзяйсняць свой “вялікі мануфактурны план”.

Цэнтрам гаспадарчых рэформаў стала рэзідэнцыя адміністратара каралеўскіх эканомій у ВКЛ – г. Гродна і яго прадмесце, вёска Гарадніца. Месца было выбрана невыпадкова. Гродна было ў той час важным эканамічным і адміністрацыйна-палітычным цэнтрам ВКЛ, і, галоўнае, горад ляжаў на вялікім тракце з Варшавы да Пецярбурга і карыстаўся ў тагачасным грамадстве “большай папулярнасцю”, чым усе астатнія каралеўскія гарады ў ВКЛ [6, с. 233]. Намаганнямі А. Тызенгаўза Гродна стала месцам дзейнасці розных дзяржаўных устаноў: Скарбовай камісіі, Літоўскага трыбунала, Асэсарскага суда. Тут адбываліся і сеймавыя пасяджэнні.

У прадмесці Гродна Гарадніцы быў пабудаваны прамыслова-культурны цэнтр з 85 будынкаў рознага прызначэння, якія ўтваралі тры асобныя зоны: адміністрацыйную, вытворчую і навучальную [7, с. 321]. Пры забудове тут упершыню ў Беларусі былі выкарыстаны новыя метады праектавання і будаўніцтва ў выглядзе тыпавых праектаў і уніфікаваных канструкцыйных прыёмаў. Прыкладамі першай у Беларусі тыпавой жыллёвай забудовы сталі так званыя «“басняцкія дамы»”, якія ўзводзіліся як жыллё для запрошаных на мануфактуры А. Тызенгаўза замежных майстроў і “баснякоў”*. Дамы мелі мураваныя фасады і драўляныя бакавыя сцены. На першым паверсе будынкаў знаходзіліся жылыя пакоі, кухня і сенцы, з якіх лесвіца вяла на мансарду [8, с. 172—173]. З 20 такіх дамоў, збудаваных на Гарадніцы, сёння ў Гродне захаваўся толькі адзін, па вул. Э.Ажэшкі, вядомы як “дамок майстра”.

* “Баснякі” — вайсковая варта Гродзенскай каралеўскай эканоміі.

Заснаванне першых фабрык сукна і палатна ў Гродне адбылося ў 1766—1768 гг. Аднак гэта не былі “фабрыкі” ў поўным сэнсе гэтага слова, а хутчэй мануфактуры з некалькімі станкамі, пры якіх працавалі адзін або два рамеснікі з невялікай колькасцю вучняў [6, с. 267]. Пачаткам шырокай мануфактурнай вытворчасці ў Гродне можна лічыць 1770 год, калі ў Варшаве была ліквідавана “Кампанія Ваўняных Мануфактур” і суконны мануфактурны цэнтр перамясціўся ў Гродна. Раней менавіта гэтая кампанія адкрыла тры суконныя мануфактуры на тэрыторыі Беларусі: у Гарадніцы, Ласосне і Берасці, якія пасля спынення дзейнасці кампаніі набылі пэўную самастойнасць.

Больш за тое, у тым жа 1770 г. кароль Станіслаў Аўгуст выдаў адмысловы універсал, у якім выказвалася жаданне, каб у ВКЛ была створана мануфактурная прамысловасць. З гэтага часу ў Гродне ўзняўся сапраўдны будаўнічы бум.

У 1777 г. гродзенскі прамысловы цэнтр налічваў ужо больш за 15 прамысловых прадпрыемстваў. Тут, акрамя згаданых палатнянай і суконнай фабрык, дзейнічалі гарбарная мануфактура, мануфактуры па вытворчасці гармат і ружжаў, вырабаў з золата, свечак, панчошная, тытунёвая, карэтна-экіпажная, металаапрацоўчая, шаўкаткацкая, карункавая, капялюшная, дывановая, шаўковых паясоў, па вырабу ігральных карт, гузікаў, фарбы і іншых тавараў, а таксама цукраварня і паперня*. Самымі буйнымі на той час былі шаўковая фабрыка, дзе выкарыстоўваліся 62 розныя станкі, і суконная, толькі ў ткацкім аддзяленні якой было 40 станкоў [9, с. 359]. Станкі прывозіліся з-за мяжы, і ў дакументах яны звычайна адзначаліся як “машыны ангельскія” [3, D-3/XVI, s. 279].

* У Галоўным архіве Старажытных Актаў у Варшаве (AGAD) у фондзе Антонія Тызенгаўза (АТ, D-3//ХУІ) захаваліся чарцяжы і малюнкі некаторых вырабаў гродзенскіх мануфактур, узоры палатняных і шарсцяных тканін, якія там выпускаліся, і інш.

Не толькі машыны (станкі), але таксама інструменты, іншае абсталяванне і каля 70% сыравіны для гродзенскіх мануфактур прывозіліся з-за мяжы. На мясцовых рынках куплялася толькі каля 25% сыравіны, 5% спецыяльна пастаўляла Гродзенская эканомія (воўну, дрэва, вугаль і да т.п.). Натуральна, што мануфактурная вытворчасць, акрамя ўсяго іншага, стымулявала развіццё розных галін эканомікі ўнутры краіны, у прыватнасці авечкагадоўлю, лясную і перапрацоўчую прамысловасць.

Агульная колькасць рабочых на гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах у 1777 г. складала больш за 3000 чалавек [4, с. 82]. Асартымент тавараў, якія выпускаліся на мануфактурах, быў вельмі разнастайны: жупаны, хусткі, шалі, атлас. Шаўковыя тканіны вырабляліся на шаўкаткацкай мануфактуры; на палатнянай — муслін, батыст, палатно для абрусаў і сурвэтак; цвікі, рыдлёўкі, замкі, напільнікі і іншыя рэчы з жалеза выраблялі на металаапрацоўчай мануфактуры; на карункавай і залататкацкай плялі каштоўныя карункі, выраблялі залатую і срэбную ніці, а таксама некаторыя ювелірныя ўпрыгажэнні; мануфактура пацерак выпускала, акрамя саміх пацерак, яшчэ і шкляны посуд; а на карэтна-экіпажнай мануфактуры майстравалі экіпажы “накшталт парыжскіх” [10, с. 74—75]. Відавочна, што пераважную большасць пералічаных тавараў складалі прадметы раскошы. Асноўнымі пакупнікамі мануфактурнай прадукцыі былі каралеўскі двор і войска.

Эканамічныя пераўтварэнні патрабавалі значнай колькасці адукаваных людзей: арганізатараў вытворчасці, майстроў, проста кваліфікаваных работнікаў. Паколькі сваіх спецыялістаў не хапала, то спачатку па заданню ўладаў іх вербавалі за мяжой пераважна паслы і дыпламаты Рэчы Паспалітай. Замежныя спецыялісты, на думку А. Тызенгаўза, павінны былі надаць гродзенскім мануфактурам большую вагу і, магчыма, давер з боку патэнцыяльных пакупнікоў, таму запрошаных майстроў-іншаземцаў было даволі многа.

Так, толькі ў Гродне працавалі каля 70 замежных майстроў у асноўным з Францыі, Швейцарыі і Прусіі. Гэта былі людзі рознай кваліфікацыі: цесляры, сталяры, фарбавальшчыкі сукна і шоўку, спецыялісты па апрацоўцы золата і срэбра, півавары, аўчары і інш. [3, D-3/XVI, арк. 264]. У архівах захаваліся кантракты, якія былі заключаны з некаторымі замежнымі майстрамі, напрыклад, з Мішэлем Розэ, аўчаром з Прусіі; Якабам Пільтзыкерам з г. Гумбіна, “майстрам мастацтва цяслярскага”; Йоргам Кейзлігам, сталяром з Прусіі, і інш. [3, D-3/XVI, арк. 241—244].

Ва ўсіх кантрактах, якія заключаў з рамеснікамі і майстрамі А. Тызенгаўз, акрамя асноўных абавязкаў запрошаных спецыялістаў, звязаных непасрэдна з добрасумленнай працай у канкрэтнай галіне, стала і нязменна фігураваў адзін пункт, які разумеўся адміністрацыяй каралеўскіх эканомій як першасная і найважнейшая задача ўсіх кантрактных спецыялістаў, — аб’яднанне вакол сябе вучняў, увядзенне іх у таямніцы прафесійнага мастацтва, навучанне іх “належна і дасканала” для якаснай працы на мануфактурах [11, D-3/XVI, арк. 75, 103, 235, 238—245 і інш.].

Такім чынам, прамысловыя прадпрыемствы, якія ствараліся ў ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст., па ініцыятыве А. Тызенгаўза набывалі яшчэ характар прафесійных школ, якія павінны былі пад кіраўніцтвам інструктараў-практыкаў падрыхтаваць кваліфікаваных работнікаў і майстроў. Найбольш вядомы даследчык дзейнасці А. Тызенгаўза Станіслаў Касцялкоўскі лічыў, што такі выхаваўчы характар мануфактур надаваў ім істотны змест і значэнне і ў значнай ступені акупаў памылкі, якія былі дапушчаны пры іх заснаванні [11, с. 35].

Мінусам палітыкі запрашэння замежных спецыялістаў з’яўлялася тое, што самі вярбоўшчыкі былі мала знаёмыя з пытаннямі арганізацыі прамысловых прадпрыемстваў і працэсам вытворчасці той ці іншай прадукцыі і таму не заўсёды запрашалі менавіта патрэбных спецыялістаў. У выніку не абышлося без канфузаў. Так, 13 снежня 1772 г. нейкі П. Бандэні (хутчэй за ўсё прадстаўнік А. Тызенгаўза ў Варшаве, які адказваў за адпраўку майстроў-іншаземцаў на тэрыторыю ВКЛ) напісаў свайму патрону ліст, у якім паведаміў, што французы, якія ехалі да Гродна, на адным з прыстанкаў такі скандал учынілі паміж сабою, што “ледзь да забойства не дайшло”. Акрамя таго, пачалі патрабаваць асобныя фурманкі, якія вельмі цяжка было дастаць на такую доўгую дарогу [11, D-3/XVI, арк. 67].

Праз тры дні, 16 снежня 1772 г., П. Бандэні накіраваў А. Тызенгаўзу яшчэ адзін ліст з паведамленнем, што майстры-французы нарэшце паехалі далей (“дай Божа шчасліва”), але пры гэтым ён выказаў сумненне наконт таго, да чаго гэтыя людзі будуць здатныя і чаго вартыя, калі яны так будуць працаваць і паводзіць сябе ў Гродне [3, D-3/XVI, арк. 67].

Яшчэ адной асаблівасцю запрашэнняў на працу было тое, што частку падарожжа да Гродна замежныя майстры павінны былі здзяйсняць за ўласныя сродкі, якія ім потым вярталіся. Вельмі часта (ці не заўсёды?) сумы, прадстаўленыя для аплаты, былі значна вышэйшыя за сапраўдныя выдаткі. Так, той жа П. Бандэні ў студзені 1773 г. у справаздачы А. Тызенгаўзу быў вельмі здзіўлены памерамі той сумы, якую патрабавалі рамеснікі, што прыехалі са Швейцарыі, “але працівіцца заключанаму кантракту не мог” і грошы выплаціў [3, D-3/XVI, арк. 67 адв.].

Да таго ж дакументы сведчаць і аб тым, што іншаземцы не заўсёды выконвалі ўмовы кантракта. Больш за тое, атрымаўшы грошы (кампенсацыю за падарожжа і аванс), некаторыя з іх папросту з’язджалі з Гродна. Так, шліфоўшчык срэбра Фрэдэрык Форст на падставе кантракта, заключанага 4 мая 1772 г., павінен быў тры гады працаваць бясплатна за тое, што “дапамог уцёкам немцаў-майстроў” [3, D-3/XVI, арк. 264]. Такім чынам, запрашэнне замежных спецыялістаў для працы на мануфактурах каштавала вялікіх сродкаў, якія, да таго ж не заўсёды былі апраўданы працай гэтых людзей.

Мануфактуры ствараліся не толькі ў Гродне: суконна-капялюшная мануфактура была адкрыта ў мястэчку Азёры Гродзенскага павета, тонкасуконная – у мястэчку Ласосна Гродзенскага павета. У Рэчыцы пад Брэстам былі заснаваны суконная мануфактура, шліфавальня, фабрыка для выпрацоўкі медзі, жалезная гута. Апошняя мела найбольшае значэнне, паколькі жалеза ў той час вельмі цанілася. Сярод абсталявання гуты пералічваліся вялікая печ для пераплаўкі жалезнай руды на сырэц і дзве “фрызеркі” для перапрацоўкі сырца ў жалеза, якое ўжо было прыдатнае для вырабу металічнай прадукцыі. Як слабы бок жалезнай гуты адзначаліся адсутнасць ці недахоп у яе ваколіцах жалезнай руды добрай якасці. Як сыравіна ўжывалася балотная руда, і таму гатунак жалеза, якое тут выраблялася, быў даволі нізкі [6, с. 267].

Па сцвярджэнню С. Касцялкоўскага, усяго ў каралеўскіх эканоміях ВКЛ было створана больш за 20 розных мануфактур, з іх 16 – у Гродне. Спецыяльнай каралеўскай граматай ад 1777 г. яны перадаваліся пад адказнасць і клопат надворнага падскарбія А. Тызенгаўза. Кароль дазваляў яму наймаць майстроў і даваў поўную свабоду ўнутранага кіравання і гандлю: “... што толькі будзе зроблена панам падскарбіем, усё гэтае мы за непарушнае і нязменнае паважаць абяцаем, як бы нашымі рэскрыптамі пацверджана было” [10, с. 70].

Але адно толькі будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў і вытворчасць на іх тавараў не з’’яўляюцца дастатковымі для развіцця эканомікі любой краіны. У арганізацыі паўнавартаснага гаспадарчага развіцця важную ролю таксама адыгрывае гандаль, без наяўнасці і развітасці якога прамысловасць губляе ўсялякі сэнс і не можа існаваць. Як аграрная, так і мануфактурная рэформы другой паловы ХVІІІ ст. у ВКЛ разам з пашырэннем экспарту і імпарту выклікалі таксама неабходнасць развіцця ўнутранага гандлю ў краіне, станаўлення і пашырэння ўнутрыдзяржаўнага рынку. Дзеля гэтага прадпрымаліся шматлікія меры па ўдасканаленню і развіццю шляхоў зносін, па рамонту старых і будаўніцтву новых дарог, адкрыццю новых кірмашоў, што, несумненна, павінна было садзейнічаць актывізацыі гандлю. Даволі спрыяльнай, асабліва ў параўнанні з папярэднім часам, стала і дзяржаўная палітыка ў дачыненні да купецтва, пасрэдніка ў адносінах вытворца – спажывец.

Дзейнасць у напрамку паляпшэння шляхоў зносін, развіцця ўнутранага рынку і пашырэння унутранага і знешняга гандлю была адной з важных састаўных частак прапанаваных А. Тызенгаўзам пераўтварэнняў. На думку С. Касцялкоўскага, зацікаўленасць А. Тызенгаўза гэтай справай была абумоўлена яго дзвюма пасадамі – кіраўніка каралеўскіх эканомій і члена Скарбовай Камісіі ВКЛ, якая займалася фінансавымі пытаннямі і эканомікай. Неабходнасць рамонту старых і пабудовы новых гасцінцаў была асэнсавана на дзяржаўным узроўні, і гэтае пытанне нават уздымалася на сейме ў 1764 г. Паводле пастановы сейма было прызначана выдзяляць штогод сродкі на ачыстку рэк, рамонт мастоў і дарог у наступных памерах: Кароне – 200 000 злотых польскіх, Літве – 100 000 (праз дзесяць гадоў сума для ВКЛ складала ўжо толькі 60 000 зл.) [6, с. 316].

У другой палове XVІІІ ст. былі пабудаваны дзве новыя значныя дарогі: Пінска – Слонімская і Пінска – Валынская. Але перавагу ў распачатай справе паляпшэння шляхоў зносін атрымалі водныя шляхі, якія ў XVІІІ ст. адыгрывалі галоўную ролю ва ўнутраным і знешнім гандлі Вялікага княства Літоўскага. Для стварэння адзінай воднай сістэмы А. Тызенгаўз прапанаваў распрацаваць і пашырыць рэчышчы, наладзіць сплавы па рэках, пабудаваць каналы. Так, тры гады ад камення ачышчалі Нёман, у 1767—1784 гг. быў пабудаваны канал, які злучыў Нёман праз Шчару, Ясельду і Прыпяць з Дняпром. У 1781—1784 гг. быў пабудаваны яшчэ адзін канал, які злучыў Прыпяць з Заходнім Бугам. Такім чынам, стала магчымым вывозіць водным шляхам прадукцыю з Беларусі ў чарнаморскія і балтыйскія порты. Удасканаленне водных шляхоў зносін было звязана і з тым, што А. Тызенгаўз вырашыў больш актыўна заняцца экспартам за мяжу лесу з каралеўскіх уладанняў, у першую чаргу з тых пушчаў, што былі размешчаны ў басейне Нёмана.

Парадаксальна, але будаўніцтва трактаў, акрамя станоўчых, мела і адмоўныя вынікі, паколькі А. Тызенгаўз аддаваў перавагу ў гэтай справе метаду “праставання (спрамлення) дарог”. У выніку яны станавіліся раўнейшымі і карацейшымі, але, як сведчаць крыніцы, з’яўляліся і новыя праблемы. Так, згодна дакументу за 1780 г., “вёскі заставаліся без трактаў, корчмы – без падарожнікаў, а людзі, якія ездзілі па такіх дарогах, размешчаных у бязлюдных месцах, не мелі ніякай выгоды і дапамогі ў выпадку неабходнасці паратунку” [16, ІІІ/279, арк. 6]. Таму, калі была неабходнасць у нейкіх важных асобаў (напрыклад, замежных паслоў) ехаць па такіх дарогах, кароль Рэчы Паспалітай асабіста паведамляў А. Тызенгаўзу і прасіў аказаць належную дапамогу і арганізаваць ахову [16, ІІІ/269, арк. 78].

Само стварэнне разгалінаванай сеткі водных і сухапутных шляхоў з’яўляецца толькі адной з умоваў паспяховага гандлю. Другая ўмова – развіццё грашова-крэдытнай, фінансавай сістэмы. Таму, па прапанове А. Тызенгаўза ў Гродне была заснавана Камерцыйная кантора, якая павінна была займацца ў першую чаргу рэгуляваннем пытанняў экспарту і імпарту. Такая неабходнасць была абумоўлена перашкодамі ў ажыццяўленні замежнага гандлю для прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай, таму што ўсе замежныя гарады Балтыйскага ўзбярэжжа забаранялі іншаземным купцам перавозіць тавары праз свае порты. Разам з гэтым існавалі вялікія цяжкасці з абменай валюты, паколькі банкіраў, згодна з сцвярджэннем С. Касцялкоўскага, у той час у Варшаве было вельмі мала [6, с. 342]. Таму сярод іншага ў абавязак Камерцыйнай канторы ўводзілася валоданне інфармацыяй пра курсы замежных валют, здзяйсненне аперацый па іх абмену, каб такім чынам вызваліць купцоў з Рэчы Паспалітай ад апекі “балтыйскіх пасрэднікаў”.

Акрамя таго, з ініцыятывы А. Тызенгаўза ў Гродне была заснавана яшчэ адна важная эканамічная структура – Гандлёвая кантора, галоўнай задачай якой была арганізацыя спрыяння ў продажы тавараў, якія вырабляліся на мануфактурах Гродзенскай эканоміі. Існавалі філіялы гэтай канторы ў Берасці, Шаўлях, Пінску, Паставах. Зыходзячы са сваёй асноўнай мэты беспасрэдніцкага гандлю, Гандлёвая кантора мела розныя стасункі з галоўнымі гандлёвымі і банкаўскімі пунктамі Заходняй Еўропы – Амстэрдамам, Берлінам, Хемніцам, Гамбургам, Дрэздэнам, Парыжам, Прагай, Рыгай і інш. [6, с. 353].

Неабходна адзначыць, што ў 1775 г. у ВКЛ была ўведзена так званая “генеральная мытная пошліна”, абавязковая для ўсіх саслоўяў і станаў. Да таго ж, сейм Вялікага княства Літоўскага, каб абмежаваць ліхвярства, увёў норму даўгавога працэнту ў памеры не больш як 7% для свецкіх і не больш як 6% для духоўных крэдытораў. Акрамя таго, з мэтай навядзення парадку ў гандлі, яшчэ ў 1766 г. былі ўведзены адзіныя для ўсяго ВКЛ меры вагі, аб’ёму і даўжыні. Толькі ў 1775 г. былі скасаваны мытні на межах ВКЛ і Кароны (ці не сведчанне эканамічнага суверэнітэту ВКЛ!). У выніку хутка раслі гарады, у якіх была найбольш развітой эканоміка і якія былі важнымі гандлёвымі цэнтрамі. Так, Менск налічваў у гэты час 7 тыс. чалавек насельніцтва, Гродна – 6 тыс., Магілёў і Віцебск – па 5,5 тыс.

У 1766 г. у Рэчы Паспалітай пачалася радыкальная грашовая рэформа, галоўнай мэтай якой было выключыць з абарачэння старыя грошы (манеты) і даць краіне ўласную новую, паўнавартасную валюту. У ходзе рэформы была зменена каціроўка шэрага грашовых адзінак: быў уведзены талер – у 8 злотых, злоты – ў 4 сярэбраныя ці 30 медных грошаў. Такая часткова змененая грашовая сістэма складвалася з шырокага набору наміналаў: дукат, талер, паўталер, васьміграшовік, чатырохграшовік, двухграшовік, траяк, грош, паўгрош і солід (1/3 гроша). Пры гэтым зніклі орт (тынф), 6 грошаў і паўтараграшовік.

Былі пабудаваны манетныя двары ў Кракаве і Варшаве. У 1767 г. Скарбавая камісія прыняла рашэнне пра арганізацыю біцця манеты ў Гродне і адкрыцці тут дзеля гэтага манетнага двара. Для ажыццяўлення гэтай пастановы быў набыты будынак, прывезена абсталяванне, запрошаны майстры. Аднак у 1769 г., калі ўжо ўсё было прыгатавана для вырабу грошай, тая ж Скарбавая камісія па нейкіх прычынах адмяніла папярэдняе рашэнне [12, с. 48—49].

Натуральна, што згаданыя мерапрыемствы, разам з дзеяннямі Антонія Тызенгаўза па рэфармаванню аграрнага сектара эканомікі, значна спрыялі развіццю эканомікі краіны. Адзначым таксама, што, хоць большасць планаў А. Тызенгаўза ўсё ж аказаліся не поўнасцю рэалізаванымі, а тое, што было зроблена, на жаль, не знайшло працягу ў сувязі з рознымі абставінамі (у першую чаргу з-за падзелаў Рэчы Паспалітай і анексіі Беларусі ў склад Расійскай імперыі), роля надворнага падскарбія ў гаспадарчым развіцці сваёй Радзімы была вельмі значнай і вартай ухвалы. Не менш важным за эканамічныя дасягненні было яго імкненне ўзняць палітычны і культурны прэстыж Вялікага Княства ў Еўропе, падняць гаспадарку, галоўным чынам Беларусі, да ўзроўню вядучых краін Еўропы.

Антоній Тызенгаўз як асветнік і мецэнат

Замежныя майстры, пра якіх ішла гаворка вышэй, не маглі забяспечыць патрэбаў прамысловасці ў кваліфікаваных кадрах. Таму з мэтай падрыхтоўкі мясцовых прафесіяналаў і пашырэння асветы ў краі па загаду А. Тызенгаўза ў Гродне было створана некалькі спецыяльных навучальных устаноў. У сувязі з грандыёзнымі пераўтварэннямі былі адкрыты будаўнічая, гандлёвая, бухгалтарская і мернічая школы, якія павінны былі служыць практычным мэтам і гаспадарчым патрэбам сталовых добраў у ВКЛ.

Сярод элітарных навучальных устаноў можна адзначыць адкрыццё ў горадзе Кадэцкага корпуса, або Рыцарскай школы, для шляхецкай моладзі Гродзенскага павета. На жаль, пра Кадэцкі корпус існуе вельмі мала звестак. Вядома толькі, што лічба навучэнцаў тут не перавышала 20 чалавек, а сярод заняткаў былі геаграфія, тэорыя геаметрыі, арыфметыка, алгебра, каліграфія, малюнак, а таксама фехтаванне і страявая падрыхтоўка [6, с. 409].

Акрамя таго, былі адкрыты нямецкая школа для дзяцей замежных спецыялістаў і школа для дзяцей работнікаў мануфактур.

Але найбольшую вядомасць набыла гродзенская Медыцынская школа (Акадэмія). Калі ініцыятыва адкрыцця на Гарадніцы гэтай школы належала А. Тызенгаўзу, то яе стварэнне і арганізацыя навучання ў ёй былі непасрэднай заслугай французскага прафесара анатоміі, хірургіі і натуральнай гісторыі Жана Эмануэля Жылібера (1741—1814 гг.). Размяшчалася медыцынская школа ў спецыяльна ўзведзеным трохпавярховым будынку і мела тры аддзяленні: падрыхтоўкі “сучасных дактароў для гарадоў” (10 чалавек), падрыхтоўкі правінцыяльных дактароў і хірургаў (20 чалавек), аддзяленне павітух (спачатку 5, пазней 17 чалавек) [13, с. 128].

Навучанне мела акадэмічны характар, але ўзровень яго быў не вельмі высокі. Гэта было не па віне прафесара, а хутчэй па віне “акадэмікаў” (вучняў), якія не былі падрыхтаваны для гэтай ролі [6, с. 389]. Частка адказнасці ляжыць і на фундатары, які спачатку загарэўся новай справай, а потым, знаходзячыся ў цяжкім фінансавым становішчы, не выдзяляў столькі грошай, колькі патрабавалася на дзейнасць гэтай установы. Незадавальненне Жылібера выклікала сталаванне і адзенне вучняў. На адзенне выдавалася толькі 40-50 злотых на чалавека ў год. “Гэтая сума такая малая, – пісаў Жылібер А. Тызенгаўзу ў 1779 г., – што дзеці праз паўгода амаль голыя ходзяць, не маюць ні ботаў, ні кашулі” [6, с. 392].

Нягледзячы на розныя цяжкасці, каралеўская медыцынская школа ў Гродне выхавала ў, паміж іншымі, і знакамітых вучоных, такіх як Андрэй Матушэвіч, які стаў прафесарам пасля пераносу школы ў Вільню, і Юзэф Ясінскі – аўтар вядомай кніжкі “Антрапалогія – аб фізічных і маральных здольнасцях чалавека”, якая была выдадзена ў 1818 г.

Пры акадэміі дзейнічалі таксама шпіталь на 60 ложкаў, анатамічны музей, кабінет прыродазнаўства, аптэка, бібліятэка, заалагічны парк і асаблівы гонар – батанічны сад, які ў 1778 г. налічваў 1500 відаў экзатычнах раслін [14, с. 32]. Сучаснікі адзначалі, што Гродзенскі батанічны сад па разнастайнасці, рэдкасці і колькасці відаў раслін не саступаў лепшым садам Еўропы. Калекцыя камплектавалася з раслінаў, якія прысылаліся па абмену з батанічных садоў Страсбурга і Эдынбурга, некаторыя расліны былі падараваныя вядомымі батанікамі. У 1781 г. медыцынская школа была пераведзена ў Вільню, дзе на яе базе быў створаны медыцынскі факультэт універсітэта.

Ж.Э. Жылібер не толькі вёў падрыхтоўку медыкаў. Ён склаў і падаў А. Тызенгаўзу свае заўвагі наконт заснавання і дзейнасці земляробчай школы ў Гродне. Прафесар падкрэсліваў, што земляробства – гэта навука, і таму яе трэба дасканала ведаць, у першую чаргу, трэба вучыць людзей разбірацца ў якасці глебы, пародах жывёлы, гатунках збожжа [3, D-3/XVI, арк. 43]. Для забеспячэння фабрык уласнай сыравінай ён прапаноўваў вырошчваць на тэрыторыі Княства ўсе неабходныя расліны: шафран, тытунь і трыццаць розных траў, прызначаных для фарбавання тканіны.

Ж.Э. Жылібер актыўна займаўся і навуковай працай, вынікам якой стала выданне шматтомнай “Флоры Літвы”. Першыя тры тамы гэтай працы былі надрукаваны ў гродзенскай друкарні, якую ў 1775 г. арганізаваў таксама А. Тызенгаўз. Гродзенская друкарня была створана на аснове Віленскай акадэмічнай друкарні, перавезенай надворным падскарбіем у Гродна пасля скасавання ў Рэчы Паспалітай ордэна езуітаў (1773 г.). Акрамя навуковай літаратуры, у ёй выдаваліся падручнікі, духоўныя кнігі, стараславянскія, польскія і лацінскія малітоўнікі, “Гаспадарчы каляндар”, а таксама першае ў Беларусі перыядычнае выданне – “Gazeta Grodzieńska”* (1776—1783). У 1776—1796 гг. Гродзенская друкарня выдала каля 100 кніг на польскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, французскай, нямецкай, яўрэйскай мовах. Большасць выданняў складалі матэрыялы сесій сеймаў Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ, выпускалася шмат навуковай літаратуры, мастацкія творы Вальтэра, Мальера і інш. У 1793 г. тут была надрукавана лістоўка з вершамі Я. Ясінскага “Аб сталасці”, накіраваная супраць захопніцкіх памкненняў Расіі. У сярэдзіне 1790-ых гадоў Гродзенская друкарня спыніла сваю дзейнасць, яе абсталяванне паводле загаду віленскага біскупа І. Касакоўскага было перададзена Віленскай каталіцкай епархіі [13, c. 126—127].

* “Гродзенская газета”

А. Тызенгаўз выступаў і як мецэнат мастацтва. Для надання вагі сваім пачынанням і проста як дасведчаны і высокаадукаваны чалавек, ён вёў перапіску са знакамітым французскім асветнікам і філосафам Ж.-Ж. Русо. Двор А. Тызенгаўза ў Гродне быў рэзідэнцыяй адміністрацыі каралеўскіх эканомій у ВКЛ і, адпаведна, цэнтрам палітычнага жыцця, культуры і мастацтва.

А. Тызенгаўз стварыў у Гродне свой тэатр. Біёграфы А. Тызенгаўза пісалі, што тэатру належала яго душа. Цікава, што першыя звесткі пра А. Тызенгаўза былі змешчаны на тэатральнай афішы школьнага спектакля ў Вільні ў 1747 г., падчас яго вучобы ў езуіцкім калегіуме [6, с. 57].

У створаным А. Тызенгаўзам гродзенскім тэатры працавалі замежныя артысты, балетмайстры, музыканты, спевакі і харэографы. Для падрыхтоўкі ўласных артыстаў з ліку прыгонных сялян па ініцыятыве гродзенскага старосты была адкрыта тэатральная школа. У школе вучыліся дзеці прыгонных сялян і мяшчан, якіх адбіралі пры наяўнасці ў іх музычных здольнасцяў. Былі створаны тры класы, дзе вучні вучыліся іграць на скрыпцы, альце, віяланчэлі, кантрабасе, віёле, флейце, габоі, кларнеце, фагоце, валторне, трубе, клавікордах. Праграма навучання ў школе ўключала таксама танец, спевы, нотную грамату, тэорыю музыкі і кампазіцыю. Выкладаліся і агульнаадукацыйныя прадметы — пісьмо, арыфметыка, французская і італьянская мовы, рукадзелле, а таксама этыкет. Кіраўніком школы быў скрыпач і капельмайстар Л. Сітанскі, сярод педагогаў – італьянцы: кампазітар К. Аббатэ, харэографы Г. Пецінеці, К.А. Марэлі, а таксама польскія і беларускія музыканты. Выхаванцы гэтай школы – артысты балета Е. Валінскі, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі – пазней праславіліся ў польскім тэатры [7, с. 322]. У сувязі са звальненнем у 1780 г. А. Тызенгаўза з усіх пасад тэатральная школа была пераведзена ў яго асабістае ўладанне Паставы, дзе праіснавала да 1785 г. У пастаўскі перыяд тэатральнай школы А. Тызенгаўза тут рыхтавалі пераважна танцораў, а таксама вакалістаў і інструменталістаў.

Можна пагадзіцца з гісторыкамі, якія лічылі, што ў стаўленні да тэатра найбольш яскрава праявіліся асветніцкія ідэі рэфарматара. У тэатры ён бачыў не крыніцу прыбыткаў, а сродак асветы, інструмент выпраўлення нораваў і ўсталявання роднай мовы. Такія думкі пра выхаваўчую ролю тэатра былі сугучнымі палажэнням французскіх асветнікаў, асабліва Д. Дзідро. Але пры гэтым А. Тызенгаўз лічыў, што тэатр існуе толькі для прывілеяванай часткі грамадства, а не для мяшчан, рамеснікаў і неадукаваных сялян. Таму тэатр А. Тызенгаўза не стаў агульнадаступным і агульнанацыянальным. Тэатр працаваў у Гродне ў 1769—1780 гг.

Неабходна заўважыць, што ўсе пералічаныя пераўтварэнні, асабліва культурныя, маглі адбыцца толькі пры адпаведным грамадскім клімаце горада, у якім па-ранейшаму існавала традыцыйная талерантнасць. Нагадаем, што значную колькасць насельніцтва горада складалі замежныя майстры і рабочыя, якія па веравызнанню ў большасці былі пратэстантамі.

Як адзначалі даследчыкі жыцця надворнага падскарбія, энергічная дзейнасць А. Тызенгаўза была рознабаковай, але падобнай на феерверк, які хутка заканчваецца.

Стварэнне вялікай колькасці мануфактур у кароткі тэрмін патрабавала значных фінансавых сродкаў. 10-мільённы крэдыт, які Станіслаў Аўгуст узяў у Галандскім банку, хутка скончыўся, а мануфактуры патрабавалі капіталу не толькі пры заснаванні, але і на працягу ўсяго свайго існавання. Аграрная рэформа ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ дазволіла павялічыць даходы скарбу за 1764–1770 гг. не менш, чым у тры разы [15, с. 309]. Таму на першым часе прадпрыемствы мелі магчымасць штогод атрымоўваць субсідыі са скарбу ВКЛ пад вельмі невялікія працэнты — 3% гадавых. Так, С. Касцялкоўскі сцвярджаў, што за 1770–1777 гг. мануфактурам было выдадзена субсідый на суму 1 450 582 польскіх злотых. Сума 3% ад яе склала 144 068 злотых, а фабрыкі на працягу гэтага часу далі даход 143 859 польскіх злотых [6, с. 277]. Такім чынам, відавочна, што прыбытак ад мануфактур не мог пакрыць нават працэнтаў ад узятых пазыкаў.

Усё гэта так, але выяўленыя намі дакументы паказваюць, што агульная сума, якую ўзяў А. Тызенгаўз для сваіх новаўвядзенняў, была яшчэ значна большай. Калі да 1770 г. большая частка даходаў з эканомій трапляла ў каралеўскі скарб, то з 1771 г. яна пачала заставацца ў распараджэнні надворнага падскарбія. Напрыклад, калі ў 1767 г. з агульнай сумы даходу ў 2 232 893 злотых А. Тызенгаўз пакінуў 382 563 злотых, то ў 1771 г. пасля выдання каралеўскага універсала аб стварэнні мануфактур у ВКЛ, з прыбытку ў 3 155 936 злотых на патрэбы генеральнага адміністратара ўжо паступіла сума ў 2 133 252 злотых [16, ІІІ/279, арк. 36].

А ўвогуле з даходу сталовых эканомій за перыяд з 1770 па 1777 г. сума грошай, якая засталася ў распараджэнні надворнага падскарбія (10 683 511 злотых) нават перавышала тую, якая трапіла ў каралеўскі скарб (8 715 500 злотых). Відавочна, што пераўтварэнні А. Тызенгаўза фінансаваліся не столькі за кошт замежнага крэдыту, сколькі за кошт унутраных рэзерваў, галоўным з якіх стала сельская гаспадарка каралеўскіх сталовых эканомій.

Сітуацыя, якая ўтварылася, на думку многіх даследчыкаў, не была нечаканай і яе можна было прадбачыць. Але А. Тызенгаўз гэтага не зрабіў, а разам з тым дапусціў у сваёй дзейнасці па стварэнню мануфактур шэраг памылак і промахаў:

Па-першае, была створана занадта вялікая колькасць разнастайных фабрык, якія будаваліся спехам. Гэта было зусім не варта рабіць да таго часу, пакуль раней збудаваныя мануфактуры цвёрда не сталі на ногі. Адно з абвінавачванняў у адрас А. Тызенгаўза на пачатку 80-ых г. ХVІІІ ст. датычыла якраз размаху арганізаванага ім будаўніцтва. Шмат якія з закладзеных будынкаў, так і не былі дабудаваны з прычыны недахопу фінансаў і хутка пачалі руйнавацца [16, ІІІ/279, арк. 8]. Такім чынам, грошы аказаліся, па сутнасці, выкінутымі на вецер.

Па-другое, будаўніцтва ўсіх прадпрыемстваў вялося на пазычаныя грошы, пры гэтым карыстанне крэдытамі было вельмі смелае, нават безадказнае. Сродкі крэдыту выдаткоўваліся не толькі на будаўніцтва непасрэдна мануфактур, з якіх потым разлічвалі атрымаць прыбытак для пагашэння крэдыту, але і на стварэнне розных устаноў навучальнага і культурнага характару, якія ў прынцыпе не маглі даць прыбытку, а для нармальнага функцыянавання патрабавалі далейшых датацый.

Па-трэцяе, аснову асартыменту мануфактурных тавараў складалі прадметы раскошы, якія каштавалі часам даражэй за імпартныя з-за высокіх цэнаў на замежную сыравіну і высокія памеры аплаты працы іншаземных майстроў. Нечуваная рэч, але для забеспячэння належнай сыравінай ювелірнай і залататкацкай мануфактур па вялікіх коштах за мяжой купляліся залатыя і срэбныя манеты. З іх пасля пераплаўкі рабіліся галуны, залатыя і срэбныя ніці, якія, зразумела, былі вельмі дарагія, неканкурэнтназдольныя і не знаходзілі попыту ў краіне.

Па-чацвёртае, няправільная арганізацыя працы на прадпрыемствах, калі замежным майстрам плацілі не за колькасць і якасць прадукцыі, а за час, які яны былі на працы. Таму, хоць матэрыял на фабрыках меўся каштоўны, часта куплены за мяжой, тавары, якія з яго вырабляліся, былі не зусім якасныя. Гродзенскія вырабы спрабаваў прапагандаваць нават сам кароль Станіслаў Аўгуст, які, каб уласным прыкладам заахвоціць мясцовае насельніцтва набываць прадукцыю у 1777 г. замовіў сабе капелюшы, але хутка пачаў скардзіцца, што яны дрэнна сядзяць на галаве, асабліва падчас язды конна [11, с. 34].

Натхнёныя каралеўскім прыкладам, кліенткамі гродзенскіх мануфактур сталі прыдворныя дамы, але хутка і яны пачалі вяртаць купленыя ў Гродне тавары назад, дакараючы А. Тызенгаўзу, што выпускаць неякасную прадукцыю – гэта нават непатрыятычна.

Па-пятае, мануфактуры былі заснаваны на фактычна бясплатнай працы каралеўскіх сялян. Магчыма, гэта была своеасаблівая палітыка дзяржаўнага пратэкцыянізму для прамысловасці, якая толькі нараджалася, паколькі такая палітыка выяўляецца не толькі ў падтрымцы самой ідэі тэхнічнага прагрэсу, наданні розных прывілеяў і льгот, але, у першую чаргу, у дзеяннях, якія забяспечваюць канкурэнтаздольнасць тавараў, што выпускаюцца ў краіне. На этапе станаўлення прамысловасці гэта магло быць дасягнута ў тым ліку і за кошт таннасці рабочай сілы.

Такая з’ява не была вынаходніцтвам Рэчы Паспалітай. У Прусіі і Аўстрыі з гэтай мэтай у якасці рабочых на фабрыкі пасылалі жаўнераў і нават выкарыстоўвалі працу дзяцей [17, с. 84]. Палітыка дзяржаўнага пратэкцыянізму для станаўлення ўласнай прамысловасці актыўна выкарыстоўвалася ў Англіі, Францыі, ЗША.

Аднак, не маючы ніякіх асабістых стымулаў (ні фінансавых, ні падаткавых), каралеўскія сяляне, якія працавалі на гродзенскіх мануфактурах, абсалютна не былі зацікаўленымі ў выніках сваёй працы, што таксама адмоўна адбівалася на якасці прадукцыі.

Па-шостае, не садзейнічала росту зацікаўленасці і навучанне сялянскіх дзяцей (300 хлопчыкаў і 100 дзяўчынак), якія павінны былі папоўніць шэрагі мясцовых рамеснікаў. Сяляне Гродзенскай эканоміі ў сваіх супліках скардзіліся каралю, што іх па загаду надворнага падскарбія “на некалькі дзён да фабрык выпраўляюць” і па гаспадарцы “няма дапамогі, бо сыноў і дачок да фабрык забіраюць” [16, ІІІ/191, арк. 25—26]. Скаргі былі выкліканы тым, што дзяцей забіралі з дому без згоды бацькоў, “аддавалі пад уладу чужаземцаў, якія прыставілі іх да работы незвычайнай, невядомай і ўдвая цяжэйшай” [1, с. 249].

Па-сёмае, недастатковая арганізацыя сістэмы збыту фабрычных вырабаў. Як было адзначана, большасць тавараў мануфактур складалі прадметы раскошы, а вузкасць мясцовых рынкаў і суадносіны грамадскіх сіл, калі большасць насельніцтва была бедная, не садзейнічалі хуткай рэалізацыі гэтых рэчаў. Вытворчасць не абапіралася на натуральныя патрэбы, і гэтую прычыну С. Касцялкоўскі лічыў найважнейшай у неперспектыўнасці работы мануфактур [6, с. 284].

На гэтую важную памылку ўказвалі А. Тызенгаўзу і прадстаўнікі мануфактур, якія 28 снежня 1779 г. накіравалі яму адмысловы Мемарыял. Там, у прыватнасці, адзначалася, што неабходна грунтоўна клапаціцца пра продаж тавараў, паколькі без гэтага “ніводная фабрыка доўга ўтрымацца не здолее” [3, D-3/XVI, арк. 52]. У якасці бліжэйшых і лепшых рынкаў збыту ў Мемарыяле называліся Курляндскае княства і Семігалія.

Такім чынам, тызенгаўзаўскія мануфактуры не былі ў стане забяспечыць рэнтабельнасць вытворчасці. Яны не толькі не прыносілі прыбытку, але нават не былі самадастатковымі, а існаваць маглі толькі дзякуючы дадатковаму фінансаванню, сродкі для якога чэрпаліся з розных крыніц, у першую чаргу з сельскай гаспадаркі каралеўскіх эканомій, што не спрыяла яе развіццю, а, наадварот, паскарала разбурэнне.

Памылкі Тызенгаўза ў арганізацыі і вядзенні вытворчасці ўжо тады былі відавочнымі для спецыялістаў. Так, прускі кароль Фрыдрых ІІ, які падтрымліваў прамысловасць у сваёй краіне, быў вельмі зацікаўлены мануфактурнай дзейнасцю А. Тызенгаўза ў Гродне, але як толькі зразумеў іх “негандлёвы характар”, адразу страціў усялякую цікавасць [11, с. 34].

Як ужо адзначалася, вялікія сродкі неабходны былі і для стварэння навучальных і культурных устаноў, утрымання шпіталя, аптэкі, батанічнага сада, друкарні і г.д. У выніку атрымалася так, што надворны падскарбі літоўскі, які абяцаў фінансавую падтрымку каралю і папаўненне скарбу, сам патрабаваў для сваіх пераўтварэнняў значных капіталаў.

Даследчык унутранай гісторыі Польшчы другой паловы ХVІІІ ст. польскі гісторык Т. Корзан лічыў сябе абавязаным напісаць пра дзейнасць А. Тызенгаўза з мэтай, каб прыкладу з гэтай асобы “ніхто ніколі не браў” [1, с. 245]. Назваўшы планы падскарбія “цудоўнымі і патрыятычнымі”, Т. Корзан пры гэтым сцвярджаў, што брацца за выкананне падобных праектаў з такімі інтэлектуальнымі рэсурсамі, якімі валодаў А. Тызенгаўз, было вельмі рызыкоўна (аўтар меў на ўвазе недахоп у рэфарматара спецыяльнай адукацыі і практычных навыкаў). Гісторык вылучыў унутраную прыроду прычыны заняпаду дзейнасці А. Тызенгаўза. Згодна з яго думкай, галоўная памылка рэфарматара заключалася ў тым, што ён выступаў у фабрычнай ролі не як міністр, а як непасрэдны прадпрымальнік і кіраўнік. У выніку непрадбачлівых мерапрыемстваў А. Тызенгаўза была створана вялікая колькасць розных мануфактур без забеспячэння іх матэрыяламі па даступных коштах, без адпаведных разлікаў, без тэхнічнага кантролю, з адной толькі крамай у Гродне для продажу разнастайнага асартыменту прамысловых тавараў. Такім чынам, паводле заўвагі даследчыка, выразы “геній” і “Антоній Тызенгауз” не могуць спалучацца ў сцвярджальным сэнсе [1, с. 253-257].

Бясспрэчна, А. Тызенгаўз быў неардынарнай асобай, аднак, напэўна, справядлівым будзе меркаванне, што для мануфактурнай галіны гаспадаркі, за стварэнне якой ён так смела ўзяўся, адных ініцыятывы і энтузіязму было недастаткова. Эканоміка развіваецца па сваіх законах і, у першую чаргу, патрабуе дакладных ведаў, якіх, трэба прызнаць, не было ў А. Тызенгаўза.

Жыццёвы шлях актыўнага грамадскага і гаспадарчага дзеяча закончыўся драматычна. У 1780 г. з розных прычынаў (у тым ліку і з-за непрыязнага стаўлення да Расіі і яе кіраўніцтва) А. Тызенгаўз быў пазбаўлены ўсіх дзяржаўных пасад. У дадатак супраць яго Скарбам быў распачаты доўгі судовы працэс.

Гледзячы на заняпад сваёй працы, А. Тызенгаўз псіхічна захварэў, але быў вылечаны. Аднак душа яго не знаходзіла спакою, і 31 сакавіка 1785 г. Антоній Тызенгаўз пакінуў гэты свет.

Напрыканцы неабходна адзначыць, што, нягледзячы на ўсе крытычныя заўвагі адносна гаспадарчай і культурнай дзейнасці А. Тызенгаўза, якія выказваліся і яго сучаснікамі, і даследчыкамі, станоўчага ў яго працы на карысць Радзімы было таксама шмат. Чаго вартае толькі ўзвядзенне амаль на адзін узровень з прадпрыемствамі Англіі, Францыі і Чэхіі мануфактур, што былі створаны ў Гродне! Не ўсё атрымлівалася, была складаная знешне- і ўнутрыпалітычная абстаноўка, у краіне пераважала прыгонніцкая традыцыя. Але ж распаўсюджанне ў краіне ідэяў эпохі Асветніцтва звязана і з імем А. Тызенгаўза. Патрыятычна настроеная эліта ВКЛ, якая валодала наватарскім мысленнем і верыла ў вялікую ролю рэформаў, шмат зрабіла для эканамічнага, палітычнага і культурнага ўздыму Радзімы, усталявання больш шчыльных сувязяў з еўрапейскімі краінамі. Магчыма, самае галоўнае, што вынікае з аналізу грамадска-палітычнай і гаспадарчай дзейнасці А. Тызенгаўза, – гэта тое, што Вялікае княства Літоўскае зусім не было ў адсталасці, разгубленасці і заняпадзе, як тое сцвярджала савецкая і расійская гістарыяграфія. Краіна ішла наперад, у тым ліку і дзякуючы намаганням надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза.

 


Літаратура

1. Korzon T. Wewnкtrzne dzieje Polski za Stanisіawa Augusta (1764–1794). T. I. Krakуw–Warszawa, 1897–1898.

2. Nowe wiadomoњci ekonomiczne i uczone albo Magazyn wszystkich nauk do szczкњliwego їycia ludzkiego potrzebnych. T. I. Warszawa, 1758.

3. Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (Archiwum Gіуwne Akt Dawnych (AGAD), zes. Archiwum Tyzenhauzуw.

4. Романовский Н. Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина ХVVІІІ – первая половина ХІХ в.). Мн., 1966.

5. Эканамічная гісторыя Беларусі /Пад рэд. В.І.Галубовіча. Мн., 1996.

6. Koњciaіkowski St. Antoni Tyzenhauz. Podskarbi Nadworny Litewski. T. I. Londyn, 1970.

7. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. Мн., 1995.

8. Архітэктура Беларусі: Энцыкл. даведнік. Мн., 1993.

9. Гісторыя Беларускай ССР: У 5 тамах. Т. І. Мн., 1972.

10. Швед В. В., Госцеў А. П. Горадня. Аповяды з гісторыі горада (сярэдзіна 16 – канец 18 ст.). Гродна, 1997.

11. Koњciaіkowski St. Studia i szkice przygodne. Londyn. 1956.

12. Грузицкий Ю.Л. История развития денежно-кредитной системы Беларуси. Мн., 2002.

13. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 тамах. Т. 3. Мінск, 1996.

14. Майсяёнак А., Мілінкевіч А. Навацыі еўрапейскай медычнай адукацыі ў гродзенскай медычнай школе (канец XVIII ст.) //Беларусіка. Кн. 3: Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994.

15. Kula W. Szkice o manufakturach w Polsce XVIII wieku. Warszawa, 1956.

16. AGAD, zes. Archiwum Kameralne.

17. Baszkiewicz J. Wіadza /Pod red. A.M№czaka. Wrocіaw–Warszawa–Krakуw, 1999.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія