БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ФІЛАМАТЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ФІЛАМАТЫ № 1(8) 2004

Беларуская нацыянальная ідэя: гістарычны аспект і сучасныя праблемы

Уладзімір Конан

Нацыянальная ідэя ёсць духоўна-творчы аналаг гістарычнага быцця народа ў яго трох вымярэннях – мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасці і сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сваім быццём пэўную ідэю, альбо, кажучы тэалагічна, пэўную задуму Сусветнага тварца, якая рэалізуецца ў гістарычных дзеях народа і яго самабытнай культуры.

Ёсць па меншай меры тры грані выяўлення нацыянальнай ідэі народа: яго гістарычныя дзеі і геапалітычныя праекты, нацыянальны характар ва ўсіх яго супярэчнасцях, урэшце самабытнасць яго культуры, уключаючы ў гэтае паняцце эканоміку, сацыяльна-палітычныя структуры, літаратуру ды іншыя віды мастацтва, філасофію, рэлігію, мараль і прававыя інстытуты. На тэарэтычным (розумаспасцігальным) узроўні нацыянальная ідэя выяўляецца ў культурна-гістарычным тыпе народа, яго нацыянальнай асабістасці; на штодзённа-эмпірычным узроўні – у нацыянальным менталітэце.

Праблема нацыянальнай ідэі, такім чынам, ахоплівае ўсе тры аспекты быцця народа – яго гісторыю, геапалітыку і культуру ў самым шырокім значэнні гэтага паняцця. Нацыянальную беларускую ідэю ў яе паўнаце можна было б раскрыць толькі ў фундаментальнай манаграфіі. У гэтым кароткім рэфераце абмяжуюся лаканічнымі тэзісамі.

Геапалітычныя і агульналюдскія аспекты гэтай праблемы раскрыты ў філасофіі, этналогіі, літаратуры і публіцыстыцы XX стагоддзя (Ул.Салаўёў, М.Данілеўскі, К.Ляонцьеў у Расіі, О.Шпенглер у Германіі. “Наша Ніва”, перыядычны друк Беларускай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Самойла і Адам Станкевіч разам з яго сябрамі па Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Заходняй Беларусі). Можна вывесці агульную парадыгму гэтага універсальнага ўсведамлення нацыянальнай ідэі. Вось яна ў няпоўным вызначэнні.

Кожны гістарычны народ мае сваю ўласную задачу, сваю ідэю. Кожны народ, які выявіў гэтую ідэю ў гістарычных дзеях і ў самабытнай культуры, мае права на арганізацыю ў суверэнную нацыю і незалежную дзяржаву. Задача нацыянальнай дзяржавы – стварыць аптымальныя ўмовы для самарэалізацыі народа ў самабытнай мове і культуры ў цэлым, стварыць сваю непаўторную грань рэгіянальнай і універсальнай цывілізацыі. Агульналюдская культура рэалізуецца як сугучнасць, сімфонія нацыянальных і рэгіянальных культур. Аднатыпная агульналюдская культура, калі б яна была магчымая, аказалася б не чым іншым, як разбурэннем духоўнай самабытнасці так званых “меншых” народаў псеўдамесіянскімі імперыямі іхніх “большых” братоў.

Сёння сістэматычна пакуль што даследаваны руская, дакладней, расійская, ідэя ў навукова-папулярнай кніжцы М.Бярдзяева “Русская идея" (Парыж, 1946). Яе варта грунтоўна ведаць беларускім палітыкам, каб дакладна вызначаць свае геапалітычныя і культурна-творчыя стратэгічныя інтарэсы. Прывяду тут толькі агульную характарыстыку “расійскасці” Бярдзяевам: “Рускі народ, – пісаў Бярдзяеў, – ёсць у найвышэйшай ступені палярызаваны народ, ён – сумяшчэнне супрацьлегласцяў /.../ Рускі народ не ёсць ні чыста еўрапейскі, ні чыста азіяцкі народ. Расія – цэлая частка свету, вялізны Усход–Захад, яна злучае два светы. І заўсёды ў рускай душы змагаліся два дачаткі – усходні і заходні. Рускі народ не быў пераважна народам культуры ў першую чаргу, як народы Заходняй Еўропы, ён быў пераважна народам адкрыццяў і натхненняў, ён не ведаў меры і лёгка ўпадаў у крайнасці /.../. Два супрацьлеглыя пачаткі леглі ў аснову фармацыі рускай душы: прыродная, язычніцкая, дыянісійская стыхія і аскетычна-манаскае праваслаўе. Можна адкрыць дзве палярныя ўласцівасці ў рускім народзе: дэспатызм, гіпертрафія дзяржавы – і анархізм, вольнасць; жорсткасць, схільнасць да гвалту – і даб-рыня, чалавечнасць і мягкасць, абрадавая вера (“обрядоверье”) – і пошукі праўды; індывідуалізм, вострае ўсведамленне асабістасці – і безасабовы калектывізм; нацыяналізм, бахвальства – і універсалізм, усечалавечнасць; эсхаталагічна-месіянская рэлігійнасць – і вонкавая набожнасць; шуканне Бога – і ваяўнічая бязбожнасць; пакорлівасць – і нахабства, рабства – і бунт”.

Сёння “Русская идея” М.Бярдзяева надзвычай папулярная ў асяроддзі расійскай эмігранцкай інтэлігенцыі: там па радыё “Свабода”, здаецца, ужо пяты год Барыс Парамонаў вядзе аднайменную філасофска-публіцыстычную праграму. На жаль, мала хто ведае прарока беларускага нацыянальнага Адраджэння, які за трыццаць пяць гадоў да выхаду ў свет “Русской идеи” Бярдзяева алублікаваў пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч філасофскае эсэ “Адвечным шляхам: Даследзіны беларускага светапогляду” (Вільня, 1921). Гэта быў малады паэт Ігнат Канчэўскі, якога напаткаў трагічны лёс Максіма Багдановіча (памёр на 27-ай вясне свайго жыцця ад сухотаў).

І.Канчэўскі на аснове філасофскага абагульнення духоўнага вопыту нашай літаратуры даволі дакладна вызначыў сутнасць беларускай ідэі. Ён пісаў: “Беларусь ад Х веку да гэтай пары (маецца на ўвазе 1921 год. – Ул.К.) фактычна з’яўляецца полем змагання двух кірункаў еўрапейскай, пэўне – арыйскай, культуры – заходняга і ўсходняга. Граніца абодвух уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць праз Беларусь, Украіну і хаваецца ў балканскіх краях. Дзесяцігадовае ваганне сведчыць аб тым, што беларусы, як украінцы і балканскія славяне, не маглі шчыра прылучыцца ні да аднаго, ні да другога кірунку”.

Паводле І.Канчэўскага, беларуская ментальнасць, або нашая нацыянальная ідэя, – гэта адмаўленне крайніх, “месіянскіх” формаў усходняга “візантызму” (унітарнасць грамадска-палітычнага жыцця, нецярпімасць да іншадумання, канцэнтрацыя ўлады ў адных руках, абшчыннасць і слабае выяўленне асабістасці, татальны экспансіянізм) і заходняга індывідуалізму (бо ў ім прыхавана тэндэнцыя да захопу ў сваю зону ўплыву слабейшых народаў ды іх асіміляцыі), і сінтэз лепшых бакоў гэтых двух культурна-гістарычных тыпаў на аснове самабытных нацыянальных формаў грамадскага жыцця і культуры. Сутнасць яе – няспынная творчасць, непрыманне раз і назаўсёды вызначаных, аб’ектызаваных і дэгуманізаваных ідэй і прынцыпаў накшталт “сацыялізму” або “капіталізму”.

У гістарычным плане ўвасабленнем беларускай нацыянальнай ідэі былі выдатныя дзяржаўныя нацыянальна-культурныя і рэлігійныя дзеячы Беларусі. Полацкі князь Усяслаў Чарадзей быў не толькі вялікім князем і палкаводцам, але аб’ектыўна і прарокам: ён, верагодна, прадбачыў гістарычны лёс беларуска-крывіцкай дзяржавы, імкнуўся ваеннымі і дыпламатычнымі сродкамі забяспечыць яе незалежнасць і выгаднае геапалітычнае становішча – ключавыя пазіцыі на “шляху з варагаў у грэкі”, што злучаў паўночную і цэнтральную Еўропу з Візантыяй, а праз яе – з цэнтрамі азіяцкай цывілізацыі. Яго прадаўжальнікам у гэтым плане быў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега (1557—1633), які прадбачыў небяспеку станаўлення Расійскай захопніцкай імперыі і спрабаваў нейтралізаваць яе – спачатку смелым геапалітычным праектам стварэння супердзяржаўнай канфедэрацыі Масковіі – Расіі і Рэчы Паспалітай, палітычным ядром якой стала б Беларусь – Літва, а пазней – стварэннем “смуты” ў Расіі.

Яшчэ да канцлера Сапегі беларускі асветнік і славянскі першадрукар Францішак Скарына недзе ў сярэдзіне І520-ых гадоў, верагодна, паспрабаваў ажыццявіць сваю маскоўскую місію – пашырыць сваё вольнае кнігавыдавецтва на Маскоўскую дзяржаву і праз гэта забяспечыць прыярытэт старабеларускай мовы, а праз яе і ўсёй беларускай культуры ва ўсходнеславянскім рэгіёне. Няўдача гэтай місіі (спаленне “ератычных” кніг Скарыны і выгнанне першадрукара з Масквы) азначала, між іншым, нарастанне ідэалагічнай канфрантацыі паміж двума цэнтрамі аб’яднання ўсходнеславянскіх народаў – Масквой і Беларуссю – Літвой. Зусім верагодна, што калі б місія Ф.Скарыны, а пазней геапалітычны праект Льва Сапегі ўдаліся, калі б адбылася ў ХVI—ХVII стст. гэтая духоўная і палітычная сустрэча Усходу і Захаду, то яна падрыхтавала б пазней павольную стыкоўку і пазітыўнае ўзаемадзеянне двух культурна-гістарычных тыпаў – расійскай Еўра-Азіі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай.

У духоўна-рэлігійным аспекце беларуская ідэя самабытна выявілася ў праектах сусветнай царкоўнай Уніі ХV—ХVI стст., якія часткова рэалізаваліся ў рэгіянальнай Брэсцкай Уніі 1596 года. Яна праіснавала каля двух з паловай стагоддзяў, стаўшы па сваёй сутнасці беларуска-сялянскай царквою, трэцяй духоўнай сілаю паміж нацыяналізаванымі ў ХVII—ХVШ стст. расійскім праваслаўем і польскім каталіцтвам. Яркімі постацямі, якія ўвасаблялі гэтую рэлігійную ідэю, былі мітрапаліты Іпат Пацей у 1599—1613 гг., Іосіф Руцкі ў 161З—1637 гг. і полацкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч, які стаў ахвярай сваёй ідэі яднання цэркваў падчас віцебскага антыуніяцкага бунту ў 1623 годзе.

Прадаўжальнікамі дзяржаўна-палітычнай і духоўна-культурнай беларускай ідэі ў эпоху станаўлення беларускай нацыі (ХІХ—пачатак XX ст.) былі Кастусь Каліноўскі (1838—1864), беларускія народнікі Ігнат Грынявіцкі і выдаўцы падпольнага часопіса “Гоман” (1884), Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ, 1903—1917), газеты “Наша Ніва” (1906—1915) і “Гоман” (1916—1918), беларуская класічная літаратура (Янка Купала, Цётка, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі і іх паслядоўнікі). Урэшце дзеячы БНР паядналі духоўна-культурнае і дзяржаўна-палітычнае адраджэнне і ў 1917—1920 гг. часткова рэалізавалі беларускую нацыянальную ідэю. Яе няўдача, падзел Беларусі паводле Рыжскага міру Расіі і Польшчы былі вынікам стратэгічнага і духоўнага праліку аб’яднанай Еўропы ў асобе Антанты: яна падтрымала менш развітыя нацыянальныя ідэі народаў Цэнтральнай Еўропы (этнічнай Літвы, Латвіі, Эстоніі і інш.), без усякага ўліку культурна-гістарычнай традыцыі і геапалітычных інтарэсаў дазволіла бальшавікам і прыхільнікам Вялікай Польшчы падзяліць Беларусь.

3 гэтага часу пачаўся новы, драматычны шлях духоўнай барацьбы беларускай нацыянальнай эліты за адраджэнне Беларусі ў новых .умовах – апошняга этапу распаду тэрытарыяльных імперый. Беларуская нацыянальная эліта ў БССР у гады беларусізацыі (1920-ыя гады) правільна разлічыла, што аднаўленне Расійскай імперыі ў абліччы СССР – з’ява часовая, несумяшчальная з гістарычным прагрэсам, вынікам якога стаў распад імперый, гэтых “вавілонскіх вежаў” Новай гісторыі. Але яна змагалася за Беларусь і яе культуру ў гады часовага абнаўлення гэтай імперыі, а не яе заняпаду. У выніку наша эліта была знішчана, а рэшта яе падаўлена бальшавіцкім імперыялізмам з няведанай у гісторыі жорсткасцю і скрытасцю ад сусветнай інфармацыйнай прасторы. Аднак паўразбуранае гвалтоўнай індустрыялізацыяй і калектывізацыяй этнічнае ядро беларускай нацыі ў сярэдзіне XX ст. яшчэ захавалася: яно нараджала з сябе новую нацыянальную эліту, якая ў рэшце рэшт агульнымі намаганнямі з нацыянальнымі элітамі іншых народаў разбурыла гэтую апошнюю Вавілонскую Вежу.

Настаў час усеагульнага нацыянальнага адраджэння ў складаных умовах, калі аказалася разбураным ужо само этнічнае ядро нацыі. У такіх умовах узросшая колькасна нацыянальная эліта сама павінна хоць часткова кампенсаваць адсутнасць згуртаванага этнічнага ядра.

Сёння нацыянальнае адраджэнне ёсць гістарычнае прызначэнне ўсіх народаў, якім не наканавана знікнуць у “чорнай дзірцы” гісторыі. Для былых заваяваных або “добраахвотна” далучаных народаў – “саюзнікаў” (тэрмін, які прыдуманы яшчэ ў Рымскай імперыі для вызначэння мірных, часова небунтоўных калоній) нацыянальнае адраджэнне ёсць альтэрнатыва гістарычнай анігіляцыі. Але і для народаў-метраполій, для імперскіх нацый яно таксама ёсць пазітыўны варыянт вырашэння спрадвечнага пытання: быць або не быць?

Жанр кароткага рэферата не дазваляе мне аргументаваць гэтую, на мой погляд, відавочную ісціну. Напомню толькі, што стабільнасць нацыі забяспечваецца, па-першае, яе трывалым этнічным ядром і, па-другое, яе духоўна актыўнай і сацыяльна пасіянарнай элітай. У народаў, пазбаўленых паўнацэннай нацыянальнай дзяржаўнасці, духоўная эліта і этнічнае ядро (яно больш устойлівае толькі ў эпоху неглыбокай сацыяльнай мабільнасці і павярхоўнай уключанасці народа ў пануючую “дзяржаўную” культуру) разбураюцца шляхам планамернага расцярушвання на абшарах імперыі, эміграцыі і асабліва метадамі дэнацыяналізацыі. А на адваротным полюсе аналагічная дэстабілізацыя адбываецца ў асяроддзі метраполіі: актыўная частка насельніцтва і нацыянальная эліта самарассейваюцца на абшарах далучаных іншанацыянальных тэрыторый, эканамічныя і духоўныя сілы трацяцца на ўтрыманне імперыі (войска, дзяржаўны апарат, культуртрэгерства і інш.), адзіная нацыянальная мова распадаецца на каланіяльныя жаргоны, эканоміка і культура развіваюцца не інтэнсіўна і не ў глыбіню, а экстэнсіўна і павярхоўна. Іспанцы, англічане, французы своечасова пайшлі насустрач лёсу, дэманціравалі свае імперыі. Германіі і Японіі “дапамаглі” іх паразы ў Другой сусветнай вайне. Палякам наогул пашэнціла: іхняя імперыя не адбылася. Сёння – чарга за Расіяй.

Што сёння трэба рабіць і куды ісці, калі наступіў драматычны час страты нацыянальных ідэалаў дэмаралізаванай псеўданароднай масы і адхілення нацыянальнай эліты ад палітычнай стратэгіі і дзяржаўнага кіравання? Адказ на гэтае пытанне тут магчымы толькі ў форме кароткіх тэзісаў.

1. Па-першае, не страчваць перспектыву нацыянальнай ідэі. Яна рэалізуецца ў скажонай форме нават тымі, хто сёння на чале нашай дзяржавы. Бо такі час, такі гістарычны кантэкст. Эпоха тэрытарыяльных, па сутнасці, напоўфеадальных імперыяў даўно мінула. Сёння магчыма толькі фінансавая імперыя. У нашай сітуацыі – гэта тады, калі расійскі рубель пераможа амерыканскі долар у сусветным маштабе. Варыянт цяжкі. Цягнік, як гаворыцца, даўно пайшоў. Варта было трансфармаваць сваю феадальную імперыю яшчэ ў 1920-ыя гады – па прыкладу Англіі, Францыі ды іншых разумных дзяржаў.

2. 3 часоў Гегеля і самога Маркса захавалася філасофская прымаўка: разумны ідзе насустрач свайму наканаванню, а неразумнага лёс валачэ да гэтай мэты. У XXI ст. для тэрытарыяльных імперый няма перспектывы: Расія пры наяўнасці разумнага дэмакратычнага кіраўніцтва магла б захаваць свае эканамічныя ды інфармацыйныя дамінанты на прасторы былой імперыі і былога СССР. 3 расійскай фінансавай імперыяй амерыканскага тыпу памірыліся б нават лідэры Чачэніі. 3 другога боку, у Расійскай Федэрацыі, куды хацелі б уцягнуць Беларусь расійскія палітыкі ад правых да левых (усе яны адносна Беларусі і Украіны ў той ці іншай меры банальныя чарнасоценцы), беларусаў чакае этна-культурная анігіляцыя, незайздросны лёс псеўдарускіх другога ці трэцяга гатунку, лёс хімернага этнасу, які гаворыць на жаргоне вялікай рускай мовы.

3. Гэтая аб’ектыўна аптымістычная перспектыва ажыццяўлення беларускай нацыянальнай ідэі зусім не азначае, што яна прыйдзе, як манна нябесная. Нават пра Царства Нябеснае сказана, што яно пасля прарокаў “сілаю здабываецца”. Тым больш – царства зямное. Неабходна духоўнае і грамадска-палітычнае змаганне за яго. Яўрэі пасля свайго расцярушання Рымскай імперыяй у І ст. н.э. змагаліся за сваю нацыянальную ідэю амаль два тысячагоддзі. Беларусы ваююць за сваю пакуль што каля двух стагоддзяў. У гэтай барацьбе ёсць патрэба ў тактычных кампрамісах, асабліва ў сферах эканомікі і палітыкі. Але немагчымы кампрамісы, па крайняй меры, у сферы духоўных каштоўнасцей – нашых трох святынях: роднай мовы, і сваёй самабытнай культуры (нацыянальнай сімволікі), і суверэннай дзяржавы. Страцім іх – загубім усё іншае. Барацьба за іх павінна быць няспыннай, хоць бы абазначанай сімвалічна. Тут ёсць евангельскі архетып. Калі слугі стараяўрэйскіх першасвятароў бралі Хрыста, каб забіць яго, апосталы не ведалі, што рабіць. Але “Сымон Пётр, дастаўшы меч, ударыў першасвятаровага раба і адсёк яму правае вуха” (Ян 18: 10).

Зразумела, гэта сімвалічнае "вуха". Маюцца на ўвазе вайна духоўная і меч духоўны.


Літаратура

1. Бердяев Н. Русская идея: Основные проблемы русской мысли XIX и начала XX века. Париж, 1946.

2. Конан Ул. Беларуская ідэя // Беларусістыка. Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім. Мн., 1992. С.95—104.

3. Конан Ул. Беларуская ідэя і місія Беларусі // Беларуская думка. 1992. № 11—12. С.10—14.

4. Конон В. О белорусской идее // Нёман. 1993. № 3. С.125—1З1.

5. Конан Ул. Антыноміі дэмакратыі і культуры, шляхі іх вырашэння // Міжнародны кангрэс у абарону дэмакратыі і культуры. "Посттаталітарнае грамадства: асоба і нацыя". Мн., 1994. С. 182—186.

6. Конан Ул. Антыноміі дэмакратыі і культуры (Нацыянальныя і міжнародныя аспекты) // Беларусіка – Albaruthenica. Кн.З. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. Мн., 1994. С. 98—103.

7. Конан Ул. Этнічная і нацыянальная ідэнтыфікацыя: аналіз паняццяў у кантэксце гістарычнага лёсу беларусаў // Грамадзянская супольнасць і праблемы нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі ў Беларусі. Матэрыялы навуковага семінара (Мінск, 30—31 мая 1996 года). Брэст, 1996. С. 21—27.

8. Конон Вл. "Не пора ли нам обратно; из варягов в греки" // Нёман. 1997, №3. С. 240—253.

9. Станкевіч Ад. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934.

10. Stankievič Adam. Biełaruski chryścianski ruch (histaryčny narys). Vilnia, 1939.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія