Нацыянальная ідэнтычнасць:
“патрыятычная” і “пазітывісцкая” інтэрпрэтацыя
(з параўнаннем рознаўзроставых этнасаў)
Пётра Садоўскі
Нацыя – гэта бесперапынны плебісцыт
Хасэ Артэга-і-Гасэт
Такі загаловак можна ўжыць, разважаючы пра любы этнас, які прэтэндуе быць названым нацыяй, бо пэўны нацыянальны міф (у шырокім сэнсе слова) можа быць напісаны як патрыятычным прадстаўніком гэтага этнасу (ці па нейкіх прычынах чужым заангажаваным сімпатыкам), так і халодным аналітыкам-аб’ектывістам, які кіруецца пэўнымі агульнапрынятымі правіламі ды інвентаром прыкметаў. Натуральна, што ў “аўтабіяграфічным“ міфе можна хутчэй знайсці суб’ектыўна-заангажаваныя высновы: свая маці – заўсёды самая прыгожая.
У выпадку з беларускім міфам добрай ілюстрацыяй патрыятычнага падыходу могуць быць, напрыклад, гістарычныя нарысы Вацлава Ластоўскага або бліжэйшы нам па часу папулярны зборнік ”150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі“, што выйшаў у Вільні ў выдавецтве “Наша Будучыня” ў 2002 г. (пакуль толькі пабежна заўважым, што гісторыя – гэта частка шматлікіх складнікаў феномена нацыянальнай ідэнтычнасці). Тыповым прыкладам “пазітывісцкай” інтэрпрэтацыі (вельмі сумленнай!) можа быць праца нямецкага гісторыка Райнэра Лінднэра “Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX – XX стагоддзяў.” (Rainer Lindner: Historiker und Herrschaft. Nationsbildung und Geschichtspolitik in Weißrußland im 19. und 20. Jahrhundert. München, 1999). У беларускім перакладзе кніга выйшла у 2003 годзе ў Менску.
Уявіце сабе такія два феномены: узбуджаны розум тузінаў двух маладых беларусаў, апантаных гісторыкаў з хвалі адраджэнцаў пачатку 90-ых гадоў 20-га стагоддзя ў Менску і “сумрачный германский гений” універсітэцкага прафесара Райнэра Лінднэра з усведамленнем “канца гісторыі“ (паводле Ф. Фукуямы) недзе там, на самым поўдні Нямеччыны, на берагах Бодэнзээ, які мог бы гэтак жа грунтоўна, з халодным сэрцам пабудаваць паводле сучаснай еўрапейскай схемы дыхтоўную гістарычную спаруду любога этнасу – шведскага, мексіканскага ці якога яшчэ.
Атрымаюцца непазбежна два розныя прадукты.
Кожны час патрабуе свайго нацыянальнага міфа
Кожны этнас у свойчас пісаў свой “нацыяналістычны” міф пра адзінства, вайсковую славу, мову... Нямецкі (ужо нямецкі, а не германскі!) мовазнаўца Якаб Грым у 1873 годзе ў нарысе “Пра родную мову” даводзіў: ”Кожны народ ёсць увасабленнем людзей, якія гавораць на адной мове. ...Ніводзін народ на зямной кулі не мае такой моўнай гісторыі, як нямецкі“. Фон Фалерслебэн, аўтар нацыянальнага гімна Нямеччыны, у 1842 г. заклікаў: “Германія – перадусім”. Наш Купала на пачатку ХХ ст. пісаў: “Мова народа ёсць для яго і скіпетрам і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасцяй...”
Маштабы ацэнак дыскурсаў і высноваў прац тыпу вышэйзгаданых павінны быць розныя. Я не маю на ўвазе адрозненняў жанраў нарыса і грунтоўнай манаграфіі. У нашым выпадку беларускія гісторыкі, аўтары “150 пытанняў“, – жывыя ўдзельнікі нацыятворчага працэсу, маладыя, але ўжо бітыя на марксісцкіх кафедрах за “нацыяналізм”, пякуць гарачыя гістарычныя праснакі сваім прыспаным землякам, клічуць да яднання. Тут непазбежна стылявыя фігуры жанру становяцца як бы часткай дыскурса, зместу, импліцытных высноваў. Нават манаграфічныя даследаванні, пісаныя носьбітамі нацыянальнай ідэі ў пераломныя моманты гісторыі этнасу, будуць несці на сабе адзнаку “загарбніцтва“ (украінскі выраз), перабольшанняў і залішняй самадастатковасці.
Можна па-добраму ўсміхнуцца і зразумець публіцыстычныя пасажы маладых беларускіх адраджэнцаў-неафітаў кшталту: “ Дастаеўскі быў беларус”, “у нас была свая нацыянальная буржуазія”, “у нас магічны рэалізм нарадзіўся раней, чым у Лацінскай Амерыцы”, “беларуская мова другая пасля італьянскай паводле мілагучнасці“, калі ведаць гісторыю і міфы (тут таксама і ў вузкім сэнсе слова) іншых этнасаў. Такое перажыў кожны этнас на шляху да нацыянальнага сталення, да “мадэрнасці“.
Гэты не вельмі для мяне мілагучны тэрмін пачалі ўжываць ужо і некаторыя беларускія даследчыкі, відавочна, пасля з’яўлення ў ЗША ў 1992 г. шмат цытаванай манаграфіі Ліі Грынфэлд “Пяць шляхоў да нацыі з індустрыяльным грамадствам” (Liah Greenfeld: “Five roads to modernity”). Ужываюць нават выраз – мадэрная нацыя, што павінна азначаць: сталая нацыя-дзяржава, якая ідэнтыфікуе сябе паводле прыкметаў “мадэрнасці“: развітых рынкавых адносінаў, індустрыяльнай вытворчасці, высокай ступені урбанізацыі і сацыяльнай мабільнасці, кадыфікаванай літаратурнай мовы і сістэмай масавай адукацыі на гэтай мове, якая грунтуецца на выразна сфармуляванай нацыянальнай ідэі і гісторыі.
Аналіз стану нацыянальнай ідэнтычнасці паводле наяўнасці ці адсутнасці пэўных рысаў “мадэрнасці“ можа быць дастаткова прадуктыўны. Пра беларускае “напаўненне” гэтай схемы – крыху пазней.
Пакуль што хацелася б звярнуць увагу на іншае: усе нацыі – і своечасовыя, і запозненыя – аднолькава твораць нацыянальныя міфы, – для кожнага часу свае, часцей за ўсё нават незалежна ад наяўнасці або адсутнасці, так бы мовіць, факталагічных рэсурсаў. (Зразумела, калі этналагічны светапогляд уладнай эліты супадае з нацыянальнай ідэяй, якую сфармулявала сабе патрыятычная інтэлігенцыя).
Згаданы раней нямецкі гісторык Райнэр Лінднэр лічыць, што для гісторыкаў “запозненых”, “незавершаных” нацыяў тыпу Беларусі ды Украіны асабліва ўласцівае імкненне да міфатворчасці : перабольшванне ролі “дыскурсных групаў“ у фармаванні гістарычнай ідэнтычнасці, штучная “дабудова” міфаў пра паходжанне, дзяржаўнасць, міф айчыны, “залаты век” у гісторыі, міф вынішчэння і пакутаў, змрочнае ўспрыманне чужога, перавага публіцыстычнай гісторыі над рэфлексійным метадам і крыніцазнаўствам, брак гістарычнага аптымізму і г. д.
Пагаджаючыся з аўтарам па большасці пазіцый, хацелася б толькі запярэчыць ў адным: схільнасць да асаблівай міфатворчасці ўласцівая не толькі “запозненым нацыям”, але нават і самым “своечасовым”, “мадэрным этнасам”: і ў дадзяржаўную эпоху, і ў наш час, калі яны ўжо з’яўляюцца “геапалітычнымі грандамі“. У дасярэднявечную эпоху пасіянарныя “германанемцы” былі, можа, самымі дынамічнамі міфатворцамі “германанямецкай“ дзяржаўнасці, вайсковай славы, ды тэўтонскай харобрасці, Дастаткова згадаць дзве славутыя гістарычныя легенды: пра Армінія-Германа ды Фрыдрыха Барбаросу.
Міф пра Германа ёсць сімвалам барацьбы за адзінства Нямеччыны, міф пра Барбаросу сімвалізуе аднаўленне вайсковай магутнасці. Паводле легенды, Герман (у сапраўднасці ў пісьмовых крыніцах існуе толькі лацінскі варыянт Arminius) быў вайскаводам племені херускаў, якое ў 9-ым годзе пасля нараджэння Хрыстова знішчыла тры рымскія легіёны пад кіраўніцтвам Публія Квінктылія Вара (Varus) у Тэўтабурскім лесе (дакладна месцазнаходжанне лесу невядомае).
Гэтая тэма знайшла сваё багатае адлюстраванне ў XVIII і на пачатку XIX ст. у нямецкім мастацтве. Нямецкі гісторык Ганс-Юрген Пандэль (далей будуць выкарыстаныя некаторыя падрабязнасці з ягоных расповедаў) дае такую лічбу: з 1750 да 1850 з’явілася больш за 200 гераічна-патрыятычных паэм ды опер, прысвечаных асобе Германа. Ясна, што міф тварыўся для актуальнай гісторыі: Нямеччына ішла насустрач вайне з Францыяй, якую яна выйграла ў 1871 г. У 1875 годзе, пасля перамогі, немцы ў меркаваным Тэўтабурскім лесе паставілі 57-метровы помнік Герману, меч якога паказвае чамусьці не на поўдзень, на Рым, а на Захад, у бок Францыі.
Чаму тут трэба гаварыць пра чыстую міфатворчасць у вузкім сэнсе слова ? Па-першае, з гістарычнага пункту гледжання атаясамліваць германцаў і немцаў – абсурдна. Зборным паняткам “Германія” рымскія гісторыкі называлі усяго толькі ўсе заходнія народнасці як геаграфічную, а не этнічную рэальнасць, якой на пачатку нашай эры проста не магло быць. Тым не менш імператар Вільгельм I пры адкрыцці помніка ўжываў выраз “Герман-немец”. Для сённяшніх гісторыкаў зразумела, што панятак “нямецкі“ дарэчна ўжываць толькі, можа быць, пачынаючы з X стагоддзя. З такім жа поспехам Армініуса-Германа маглі б “захапіць” іншыя суседзі Германіі. Французскі папулярны энцыклапедычны даведнік Larousse у артыкуле Hermann адсылае чытача да артыкула Arminius, дзе даецца нейтральнае тлумачэнне: Chef des Cherusques, demuere populaire en Allemagne sous le nom de Hermann (Кіраўнік херускаў, вядомы ў Нямеччыне пад іменем Германа).
Па-другое, ці можа лічыцца вялікім дасягненнем перамога варвараў над цывілізаванымі рымлянамі з пункту гледжання гістарычнай перспектывы, каб яго запісваць у аналы патрыятычнай гісторыі? Гэта як бы, напрыклад, ганарыцца тым, што твой п’яны сваяк разбіў даўбнёй галаву ветэрынару-габрэю, які прыйшоў даць рады тваёй абдутай карове, што аб’елася на роснай руні.
Па-трэцяе, калі быць дакладным, Армініус-Герман не быў “патрыятычным” правадыром сваіх супляменнікаў, а наёмнікам-здраднікам. Ён быў хлопчыкам захоплены ў палон рымлянамі ў час нападаў на германскія плямёны (дакладна невядома, ці быў ён сам херускам), разам са сваім братам Флавусам выхоўваўся і вучыўся на салдата ў Рыме, пасля чаго браў удзел у нападах на сваіх былых супляменнікаў (варыянт германскага манкурта!). За свае “баявыя заслугі“ над германцамі атрымаў нават рымскае грамадзянства. Потым за перспектыву стаць “правадыром” перайшоў на бок супляменнікаў. Пазней, праўда, падчас уладных закалотаў быў, як бы цяпер сказалі, “заказаны” сапернікамі і па-здрадніцку забіты сваякамі, калі меў ад нараджэння 37 гадоў. Звычайны лёс наёмніка. Аднак чаго толькі не можа гістарычны міф! А мы цяпер схільныя прыпамінаць старыя грахі Краўчанку, Булахаву, Фядуту ці Лябедзьку... Божа, яны яшчэ могуць стаць беларускімі Германамі! Сённяшняя Беларусь нагадвае “Нямеччыну” 1648 года пасля падпісання Вестфальскай мірнай дамовы. Матываў для параўнання шмат.
Міф пра Барбаросу яшчэ больш уражвае сваёй заблытанасцю. У сваім імкненні стварыць прапагандысцкі грунт для ўслаўлення нацыянальнай баёвай гісторыі у XVI стагоддзі немцы “пераблыталі“ Фрыдрыха II (1194 – 1250) , які, паводле падання, спачывае на гары Кіфгойзэр(Kyffhäuser), – хаця ён памёр у сваім замку ў Апулеі – з ягоным дзедам Фрыдрыхам I (1122 – 1190) па мянушцы Барбароса (рудая барада). Рэч у тым, што Фрыдрых I (Барбароса) загінуў падчас трэцяга крыжовага паходу ў Малой Азіі (утапіўся ў рацэ Салеф). Але ў пастамент манумента першаму нямецкаму імператару Вільгельму I, спадкаемцу славы Фрыдрыха II у змаганні з Папам, на гары Кіфгойзэр уманціравана фігура ... Барбаросы.
Імя Барбаросы добра праславіў адзін вайсковы паход немцаў на Усход. Можа, таму і прайгралі, што абапіраліся на спрэс фальшывы міф.
Жарты жартамі, але такія гістарычныя легенды-міфы ствараюць аснову вялікага міфа нацыянальнай ідэнтычнасці. Галоўнае – самабытны вобраз. Праўдзівасць зместу адыгрывае другарадную ролю. Акрамя таго, падобныя міфы служаць для падтрымання гістарычнага аптымізму нацыі, матэрыялізуюць досвед мінулага, тлумачаць сучаснае, адчыняюць перспектыву на будучыню. Вялікі міф нацыянальнай ідэнтычнасці ў гэтым сэнсе трохмерны.
У кожнага этнасу такія міфы ёсць. Я спецыяльна не бяру міфы суседзяў, каб не быць абвінавачаным ў нацыяналістычных прэтэнзіях. У немцаў усё добра. Яны стрываюць. Яны заслужылі. Помніцца, пасля вайны ў школах вучылі на памяць верш Кандрата Крапівы “Янка і Карла”, так бы мовіць, малявалі германскую ідэнтычнасць. Цытую, як запомнілася: Янка і Карла суседзі былі, // Ды розныя сцежкі іх змалку вялі. // Янка вучыўся жыццё будаваць, // Карла вучыўся людзей забіваць. // Янка асушваў абшары балот, // Карла, як сыч, пазіраў цераз плот... Здаецца, канец верша быў такі: Зямлі захацеў ты, – дык на вось – бяры, // І вылезлі вочы з арбіт немчуы.
Дзіўлюся сіле вершаванага міфа. Ніводнага разу не бачыў жывога сыча-птушкі. Не ведаю, як глядзіць сыч, хаця кажуць: глядзіць, як сыч. Але, калі жонка аднойчы купіла малой дачцы птушку-цацку сыча, я быў унутрана збянтэжаны: як гэта дзіцяці можна даваць такую цацку? Жонцы я так нічога і не сказаў, каб не пакрыўдзілася. А ў самога так і не выходзіў з галавы вобраз даўгашыяга нядобрага Карлы, што пазірае цераз плот. У цацкі-сыча шыі зусім не было.
Даводзіцца толькі здзіўляцца, чаму сучаснае беларускае кіраўніцтва пры пошуках нацыянальнай ідэі і вызначэння беларускай ідэнтычнасці, пра што шырокафарматна заяўлена, пераступае цераз сапраўды велічныя старонкі сваёй, напрыклад, вайсковай гісторыі. Ну, няхай сабе не будзем чапаць бітву пад Воршай: гэта крыўдзіць пасіянарных братоў у працэсе “планавай” інтэграцыі. Але чаму ж мы аддалі Грунвальд толькі палякам ды летувісам? У апошніх “Жальгірысы” – і спартовыя каманды, і вуліцы, і плошчы, і кампутарныя гульні, дзе яны, дарэчы, б’юць не “вакецяў“, а “гудаў“, г. зн. не немцаў, а суседзяў-чужынцаў. “Гуд” у літоўцаў – не толькі беларус. Дарэчы, і пераможаныя “немцакрыжакі“ прынялі такі гістарычны міф. Чытаю у біяграфіі Адэнаўэра, выдадзенай сумесна немцамі і палякамі ў Варшаве ў 2003 годзе: “У 1958 годзе Адэнаўэра ўрачыста прынялі ў члены Нямецкага Ордэна (так немцы называюць Крыжацкі ордэн). Здымак Адэнаўэра ў мантыі Ордэна быў змешчаны ў шмат якіх польскіх і нямецкіх выданнях. У 1960-ым годзе, падчас святкавання 550-ай гадавіны польска-літоўскай перамогі над Нямецкім Ордэнам, гэты матыў часта выкарыстоўваўся ў польскай прапагандзе супраць т. зв. заходнегерманскага рэваншызму...”
Між тым нашы гісторыкі добра ведаюць, што ў Грунвальдскай бітве ўдзельнічалі харугвы з Полацка, Віцебска, Мсціслава, Слуцка, Пінска, Воршы, Магілёва, Ліды, Наваградка, Ваўкавыска, Гародні, Драгічына, Берасця. Можа, мы баімся пакрыўдзіць братоў-велікаросаў, што іхны маскоўскі князь Васіль ухіліўся ад удзелу ў бітве? У свой час адзін наш неблагі паэт спрабаваў стварыць абрысы агульнаўсходнеславянскага міфа пра Грунвальд, Чудское возера ды Палтаву, дзе беларусы таксама фігуравалі:” Дзяды нашы білі драпежнікаў прускіх, // Не даўшы надзець на сябе кайданы, // Пад Грунвальдам білі, на возеры Чудзкім... // Там разам з украінскім братам і рускім // Сваю Беларусь баранілі яны ...”
Як ствараюцца сучасныя міфы (нямецкі досвед)
Прывяду толькі два прыклады: адлюстраванне падзеяў на Усходнім фронце ў час Другой ўсясветнай вайны і праблемы халакосту ў гітлераўскай Германіі.
У школьных падручніках па гісторыі – як правіла, кожная федэральная зямля мае свой падручнік ды і настаўнік не абмежаваны ў выбары дадатковых дапаможнікаў – для “савецкага чытача” кідаецца ў вочы даволі сціплае паводле аб’ёму асвятленне вайны з СССР. Кожная з папярэдніх кампаній да чэрвеня 1941 года ( польская, аўстрыйская, французская і г. д.) займаюць разы ў два больш месца, чым баі на Усходнім фронце. Даволі падрабязна характарызуецца двухбаковы пакт Германія – СССР і сакрэтны пратакол Молатава – Рыбентропа. Палітыка татальнага вынішчэння славянскага насельніцтва падаецца ў адным-двух сказах. Ніякія лічбы, як правіла, не прыводзяцца.
Зразумела, Германія імкнецца пазбавіцца комплексу віны за нацысцкія злачынствы: выплачвае грашовыя кампенсацыі вывезеным прымусовым працаўнікам на карысць Рэйха, знішчаным габрэям, вязням-дзецям, ідуць шматлікія гуманітарныя праекты. Нямецкія палітыкі публічна просяць прабачэння ў яўрэяў (Вайцзэкер у музеі халакосту ў ЗША, Шмідт у Асвенціме стаў на калені). Аднак “у сухім астатку” маем вынік: пакаленне 30-40-гадовых ужо мае новы міф пра 30—40-ыя гады.
Зайдзіце сёння ў музей нямецкай гісторыі ў Боне. Тут немцы – больш супраціўленцы, чым паплечнікі Гітлера. Стэнда пра камуністаў Тэльмана я не знайшоў (я наведаў музей у 1994 годзе), затое пра сястру і брата Шоляў, якія распаўсюджвалі лістоўкі ў Мюнхенскім універсітэце, – велізарны стэнд на добра асветленым месцы. Вельмі добра глядзіцца шыкоўны стэнд, прысвечаны палкоўніку Штаўфэнбэргу і ягоным паплечнікам, што рыхтавалі замах на Гітлера. Маляўніча прадстаўлены паветраны мост “Заходняя Германія – Берлін”, які арганізавалі амерыканцы, забяспечваючы насельніцтва Берліна ежай ды іншымі жыццёва неабходнымі рэчамі. (Аўтабан, што злучаў Берлін з Захадам, праходзіў праз тэрыторыю ГДР і кантраляваўся Заходняй групай войскаў СССР і гэдээраўскімі спецслужбамі). Невялічкая экспазіцыя пра Усходні фронт месціцца ў цёмным кутку. Сціпла адлюстраваныя злачынствы ў канцлагерах.
Можа, так і трэба? Можа, зараз экспазіцыя ўжо памянялася?
Гады тры таму па Германіі прайшла хваля пратэсту былых салдат вермахта супраць выставы “Злачынствы вермахта на акупаваных тэрыторыях”, арганізаванай двума гамбургскімі журналістамі. Былыя ўдзельнікі усходняй кампаніі не хацелі прызнаваць сябе хоць часткова вінаватымі: гэта ўсё справа СС!
У канцы мінулага года дэпутат Бундэстага сп. Хоман з фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў паставіў пытанне аб прыпыненні гістарычных абвінавачанняў немцаў як нацыі за злачынствы ў Другой сусветнай вайне, у прыватнасці за вынішчэнне габрэяў. Справа набыла міжнародны рэзананс.
Была прапанова выключыць дэпутата з парламента. Калегі адстаялі.
Надзвычай цікавымі ўяўляюцца вынікі анкетавання ў сем’ях немцаў сярэдняга ўзросту, якія задавалі пытанні сваім старэйшым сваякам пра іх адносіны да гітлераўскага рэжыму і да пераследу іншадумцаў і габрэяў, і самі давалі адказы, грунтуючыся, так бы мовіць, на сямейных легендах, калі дзяды ўжо памерлі. Усе апытаныя мелі універсітэцкую адукацыю.
Высветлілася, што 26% немцаў, сучаснікаў Гітлера, “дапамагалі пераследаваным”; 13% “былі актыўнымі супраціўленцамі рэжыму”; 17% “маральна падтрымлівалі ахвяраў і пераследаваных”; 3% “прымалі ўдзел у антысеміцкіх акцыях”; 1% “падтрымлівалі рэжым” (дадзеныя з газеты DIE ZEIT).
Застаецца толькі запытацца: на каго ж тады абапіраўся рэжым Гітлера? Вось так творацца сучасныя міфы: праз сям’ю, падручнікі, СМІ, грамадскія ўстановы. Але галоўнае – імкненне людзей забывацца пра кепскае і проста жыць, утульна і сытна. Тым больш не думаць дрэнна пра блізкіх. Такі, відаць, закон прыроды. Можна спрачацца.
Адносны характар складнікаў нацыянальнай ідэнтычнасці.
Мы ўжо заўважылі, што вызначэнне нацыянальнай ідэнтычнасці паводле наяўнасці або адсутнасці прыкметаў “мадэрнасці” (у тэрміналогіі Л. Грынфэлд) можа быць даволі прадуктыўным. Можна было б скласці своеасаблівую табліцу-матрыцу дыферэнцыйных прыкметаў (яны ж прыкметы мадэрнасці) для любога этнасу, дадаўшы адвольна шырокі спіс тэматычных характарыстык тыпу (выпадковы парадак): мы і ўласнасць, нашы міліянеры, нашы нацыянальныя мецэнаты, наша дабрачыннасць, мы і рэлігія, нашы паганства і хрысціянства, мы і ўлада, мы і дыяспара, мы і замежжа, мы і блізкія суседзі, мы і суверэнітэт, мы і мова, адлюстраванне ў моўных фігурах нацыянальнага складу, нашы гістарычныя міфы, мы і глабалізацыя, мы і войска, вайсковая слава, нашы вайсковыя песні, наша сучаснае мастацтва, мы і гандаль, беларусы і габрэі, беларусы і цемнаскурыя, геі і лесбіянкі, нашы рэгіёны і цэнтр, мы і грамадскія арганізацыі, як мы працуем, наш ландшафт і ментальнасць, геаграфія і геапалітычная ідэя, нашы асацыяцыі, нашы галоўныя гістарычныя даты, наш характар, нашы колеры, што асаблівае (піянерскае) лалі мы чалавецтву, нашы сябры і ворагі; нашы жанчыны і мужчыны, нашы жарты і анекдоты і г. д.
Паводле апрыёрна закладзеных дыферэнцыйных прыкметаў можна прапанаваць інфармантам малакампанентныя і шматкампанентныя інтэграваныя загадкі на нацыянальную ідэнтычнасць (прыгадайце выказванне Х. Артэгі-і-Гасэта ў эпіграфе!). Напрыклад, 4-кампанентная загадка з тэматычнымі элементамі жанчына, чарнаскурыя, гомасексуалісты, атэісты; у якой дзяржаве 90% грамадзянаў згодныя, каб у іх была прэзідэнтам жанчына; 90% – каб у іх быў чарнаскуры прэзідэнт, 59% – каб прэзідэнтам быў гомасексуаліст; толькі 49% – каб прэзідэнтам быў атэіст?
Лёгка здагадацца, што гэта ЗША. Аднак некаторыя пазіцыі патрабуюць каментара. Рэдка хто будзе спрачацца, што, напрыклад, паўночнаамерыканская рэлігійнасць, французская ці польская – значна адрозніваюцца.
Прыкметы “мадэрнасці“ (развітасць рынку, урбанізацыя, кадыфікацыя мовы і г. д.) могуць быць коратка ахарактарызаваныя простымі дыхатамічнымі маркерамі тыпу “+” або “–“, а тэматычныя характарыстыкі патрабуюць разгорнутага апісання, якому павінны папярэднічаць адмысловыя даследаванні і дасціпныя назіранні. Маркіроўка можа праводзіцца шляхам апытання (анкетавання) або апрыёрна паводле індывідуальных меркаванняў даследчыка, што пазней павінна быць праверана іншым спосабам.
Зразумела, што і “мадэрныя” прыкметы не могуць вычарпальна характарызавацца проста станоўчай ці адмоўнай маркіроўкай. Напрыклад, характарызуючы Беларусь як урбанізаваную краіну (пэўнай градацыі), нельга не адзначыць, што чыста колькасны паказчык не адлюстроўвае сутнасці з’явы урбанізацыі ў еўрапейскім разуменні. Дагэтуль можна канстатаваць, што па вядомых прычынах (гвалтоўная калектывізацыя, бясплатная праца ў калгасах, вымушаныя дробныя крадзяжы, масавая індустрыялізацыя за кошт сельскіх жыхароў, цынічная ідэалогія, прававая неабароненасць, сістэма забеспячэнскага блату і г. д.) значная колькасць (можа, і большасць?) гарадскога насельніцтва захавала сялянскія (савецкія) звычкі імкнуцца да ўраўнілаўкі, падазрона ставіцца да інтэлігенцыі, успрымаць гандаль і атрыманне прыбытку як абман, а не нармальную працу, сялянска-кансерватыўную падазронасць да новых тэндэнцый і г. д.
Беларуская ідэнтычнасць у святле “гістарычнага праекта” “РУСЬ”
Развагі, якія будуць пададзены ў гэтым раздзеле, уяўляюцца важнымі для разумення пытання аб гістарычным аптымізме нацыі і пераадоленні (разуменні) міфалагічных топасаў пра “пакутныя нацыі“, “супраціў“, “імперскія нацыі“ і г. д. Тут сам падыход да асэнсавання падзей у аўтараў, якіх мы назвалі ў загалоўку і ўступе “патрыётамі“ і “пазітывістамі“, будзе розны. Часткова праблема была праілюстравана ў параўнанні асобы нямецкага гісторыка Райнэра Лінднэра і беларускіх аўтараў “Ста пяцідзесяці пытанняў“.
У гісторыі этнасаў у кожную эпоху, кожны год, кожную гадзіну, кожнае імгненне заўсёды нехта на некага ўплываў, нехта некага падпарадкоўваў, захопліваў – зброяй ці розумам-геніем.
Разуменне гэтага дапамагае пазбавіцца ад комплексу выключнасці, наканаванасці няшчаснага лёсу нацыі, нейкага гістарычнага праклёну, што часта знаходзіць сваё адлюстраванне ў літаратуры, публіцыстыцы, эмацыйным гісторыяпісанні. Назавіце хоць адзін этнас, які не зведаў гістарычных пакутаў! Згадайце габрэяў, палякаў, сербаў, украінцаў... Кожны этнас можа прыгадаць і свой “Залаты век”. Для нас найбольш вядомыя топасы пра “Залаты век” габрэяў ў Іспаніі (да выгнання ў 1492 годзе) ды беларусаў у ВКЛ. Параўнанне сябе з іншымі дадае ведаў пра самога сябе і магчымага гістарычнага аптымізму.
У гісторыі чалавецтва было шмат “гістарычных праектаў“ падпарадкавання і захопаў: ваяўнічых старазапаветных філістымлян (сённяшні адгалосак у палесцінцах), Аляксандра Македонскага, манголаў, Напалеона, германа-нямецкіх ордэнаў, Брытанскай імперыі...
Мы знаходзімся ў рэчышчы развіцця гістарычнага праекта “Русь”
Зараз ужо няма неабходнасці тлумачыць, што феномен “Русь“, як і вышэйзгаданыя (мангольскі, брытанскі і г. д.), не належыць да сферы паняткаў этналогіі, што гэта – імперска-канфесійная з’ява.
Сутнасць гістарычнага праекта “Русь” вельмі ёмка ахарактарызаваў Рычард Пайпс у сваёй часта цытаванай працы “Расія пры старым рэжыме”. Русь старая і больш сучасная, паводле Пайпса, ўяўляе сабой цывілізацыйна-культурны генатып канфесійна-дзяржаўнага ўтварэння, арыентаванага на месіянскую экспансію. Яму ўласцівы імперска-патэрналістычны тып адносінаў з перыферыяй. Інакш і стацца не магло, бо, паводле падлікаў аўтара, паміж сярэдзінай XVI і канцом XVII ст. Масква “набывала” ў сярэднім па 35 000 кв. км. (плошча сучаснай Галандыі) ў год на працягу 150 гадоў. Прыстойны прырост: сто пяцьдзесят Галандый за паўтара стагоддзя!
Праваслаўная імперыя прырастала простымі захопамі або канфесійнымі прысабечваннямі тыпу кацярынінскага “Отторженное возвратих”. Гэта добра праілюстравана В. Ластоўскім у “Гісторыі беларускай/крыўскай кнігі“ тэкстам і выявай спецыяльнага медаля, на адваротным баку якога змешчаны відарыс мардатай імператрыцы.
Адпаведна эксплуатацыя такой тэрыторыі магла быць толькі павярхоўнай за кошт, так бы мовіць, прыроднай “ясачнай рэнты”. Як і сёння: метраполія тлусцее, перыферыя занепадае.
Неістотна, будзем мы прытрымлівацца варажскай тэорыі паходжання Русі ці не, сутнасць застаецца: “рускімі“ станавіліся ўсе, хто папаў у гэтую плынь, у тым ліку і так званыя велікаросы. Рускімі станавіліся часова і татарскія ханы, калі білі ў хаўрусе з Аляксандрам Неўскім ягоных сваякоў, рускім быў Ленін, калі за нямецкія грошы запачаткаваў новы працяг рускай імперыі, рускімі былі царскія генералы ды службоўцы нямецкага паходжання, рускімі былі дзяржаўныя дзеячы і людзі мастацтва з каўказскімі ды мусульманскімі прозвішчамі. Рускім быў палкоўнік Масхадаў – калі падаўляў літоўскі супраціў, генерал Дудаеў – калі браў удзел у афганскай вайне, генерал-эстонец Міхельсон – калі разам з рускім генералам Паніным ганяўся па стэпах за рускім Емяльянам Пугачовым.
Кожны этнас і кожная асоба (этнас праз асобы, асоба праз этнас) маюць свабоду захапляць (у эстэтычным сэнсе) і падпарадкоўваць сабе іншых. Я сказаў – маюць свабоду. Я не сказаў – маюць права. Эпохі збройых захопаў прайшлі. Хельсінкскі працэс паставіў кропку ў еўрапейскай гісторыі. Своеасаблівы канец гісторыі. Цяпер, у “постнацыянальную” эпоху, гістарычны аптымізм нацыі павінен спраўджвацца праз разуменне гісторыі і абложную штодзённую працу нацыянальнага інтэлекту. Тут я абсалютна згодны са Святланай Алексіевіч: інтэлігенцыя павінна займацца галоўным чынам сваёй справай, даваць нацыянальны прадукт, які, магчыма, “захопіць” іншыя этнасы так, што захавае і свой. (Тут канец развагаў мой). У партыях і на вуліцах этнас не ператворыцца ў “мадэрную нацыю”. У “постнацыянальную эпоху” (тэрмін, дарэчы, прыдумалі “своечасовыя” нацыі) запозненыя этнасы могуць дабудавацца толькі з моцным інтэлектуальным імпульсам сваіх супольнікаў.
Этнас яшчэ тады стане нацыяй, калі, акрамя набыцця ўсіх “мадэрнавых” прыкметаў, дасць чалавецтву яшчэ нейкі свой, асаблівы інтэлектуальны прадукт – хутчэй не тэхналагічнага кшталту, а той, які наблізіць чалавецтва да разумення сваёй ці то боскай, ці то д’ябальскай сутнасці. Чалавецтва па-рознаму ацэньвае гэты прадукт у розны час.
Напрыклад, калі адкінуць убок кан’юнктурна-палітычныя нюансы вакол Нобелеўскай прэміі па літаратуры, то можна было б смела сцвярджаць, што Васіль Быкаў атрымаў бы гэтую прэмію безумоўна, калі б ён тварыў ў дахельсінкскую эпоху. У пасляхельсінкскую эпоху сярод атрыбутаў страху мадэрнай цывілізацыі – як аднаго з галоўных імпульсаў для мастацкай творчасці – вайна ўжо перастала быць галоўнай. Пра тэрарызм тады яшчэ не гаварылі. Прыблізна так разважаў Андрэй Дынько ў “Нашай Ніве”, з чым не ўсе пагадзіліся. Думаецца, Дынько меў рацыю. Праілюструю сваім прыкладам.
Добры дзесятак гадоў Еўропа другой паловы ХХ стагоддзя чытала “Парфуму” Зюскінда як бэстсэлер, таму што там закапаны вечны кантрапункт ейных комплексаў, імкненняў, моцы і слабасці. І жартам, і ўсур’ёз я мог бы прапанаваць сённяшнму еўрапісьменніку тэму рамана на Нобелеўскую прэмію з вечнай схемай: пераадоленне самога сябе, творчыя пакуты, гендэрныя пошукі, ціхія злачынствы і боскае пакаранне шараговага аркестранта з аркестравай ямы, які ўсё жыццё марыць стаць салістам. Тут інструментарый і лакалізацыя дзеяння ў прамым і пераносным сэнсе – найвыдатнейшыя. Еўропа праглынула б гэта з захапленнем. Сёння падобная тэма мае нашмат больш шанцаў прыцягнуць увагу эстэтаў, чым ваенная. Праўда, не ведаю, – можа, такі раман ужо напісаны?
Аднак вернемся да “рускага праекта”. Каб вырвацца з “рускага поля”, трэба самім тварыць, уплываць, захапляць (не захопліваць!). Грамадска-палітычныя дэмаршы, партыйная дзейнасць, дыпламатычныя высілкі, нават тэхналагічныя прарывы ды спартыўныя поспехі, будуць толькі часовымі пульсарамі, што прыцягнуць увагу чалавецтва да краіны, дзе Быкаў пісаў аповесці ды прыпавесці, а Скарына – беларускія прадмовы да Вечнай Кнігі.
На заключэнне – самае апошняе і на сённяшні дзень надзвычай важнае. Кожны этнас, калі ён хоча стаць нацыяй, набыць сваю ідэнтычнасць, павінен вылузнуцца з шырэйшага “гістарычнага праекта”, які яму накідваюць, вабячы грандыёзнасцю і веліччу мэты, – ашчаслівіць эйкумену. У гэтым сэнсе імкненне Беларусі да незалежнасці ды нацыянальнай дзяржаўнасці не сумяшчаецца з “гістарычным пректам” РУСЬ. “Планавая” радасная інтэграцыя – абсурд. Бо гэты праект паводле азначэння гістарычна павінен пераварыць усе кампаненты ў сваёй плыні. Супраціўляючыся яму, мы, магчыма, сябе ў нечым збядняем, нешта набываем, знаходзім у саміх сабе. Аднак захоўваемся. Можна паплыць разам з мацнейшай плынню і быць шчаслівым. Кожнаму сваё.
Аднак – не забівайце аўтара камянямі! – гістарычныя трагедыі этнасаў – вялацечныя трагедыі, так бы мовіць, ціхія меланхоліі, па-свойму прыгожыя і паэтычныя, пад якія можна іграць сінкапічныя мелодыі тыпу блюза ды пісаць чароўныя непасіянарныя вершы:
Я пасылаю прывітанне // Народу, што не мае слёз // з нагоды Слуцкага паўстання... Я проста бескарысны чалавек. // Дабра і зла раблю занадта мала. // Хоць у маёй клапотнай галаве // Не ўсё й не ўсюды крыецца туманам. // Мяне ў хаўрус не возьмуць змагары... // Не разбуру, не звергну, не прыстукну...
Гэта Барыс Жанчак. Камерны Беларус. Добры паэт, які ў асноўным піша сам для сябе.
P. S. Замест заключэння
Калі я ўжо паставіў апошнюю кропку ў сваіх толькі збольшага прычасаных нататках, у рукі трапіўся 6-ы нумар часопіса ARCHE за 2003 год. Увагу прыцягнуў артыкул Андрэя Екадумава з бравай назвай “Разбор палётаў беларускай думкі“, бо адразу ўявіліся начальнік эскадрыллі з палявой сумкай і партупеяй, зязюліна гняздо і беларуская думка пад белымі крыламі... Да таго ж і прозвішча аўтара інтрыгавала сваімі алюзіямі на эйкумену: павінна быць нешта ўсёабдымнае. Са звестак пра аўтара дазнаўся, што ён – сацыёлаг, філосаф, аўтар аналітычных працаў пра беларускія мясцовыя выбары і пра сцэнары рэформаў для Беларусі. Актуаліст, так бы мовіць. Але – малайчына: і сівой даўніны ВКЛ не цураецца.
“Разбіраючы” палёты беларускай думкі, сп. Екадумаў сярод трох праграмных артыкулаў, якія могуць “задаць кантэкст для прачытання-тлумачэння ўсёй анталогіі“, першым згадвае твор Алеся Чобата з раздзела “Эйдас” (у анталогіі ёсць яшчэ раздзелы “Логас” і “Топас”).
Твор А. Чобата назывецца “Трансфармацыя беларускай нацыянальнай ідэі“. Беларускі чытач, асабліва чытач дынькоўскай “Нашай Нівы”, памятае Чобата як бескампраміснага крытыка беларускай апазіцыі, правінцыйнасці нацыянальнай думкі і г. д., якія ён лёгка перамагае ў завочных пісьмовых спрэчках.
Аглядальнік сп. Екадумаў акцэнтавана-задаволена паведамляе прыцішанаму беларускаму чытачу ARCHE: “У артыкуле Алеся Чобата – разгромная крытыка нацыяналістычнага міта пра вялікую беларускую культуру. Артыкул гэты карысны. Вымушае сур’ёзна задумацца над “прапіснымі ісцінамі“ нацыяналістычнага міта. Сур’ёзна аспрэчваецца тэза пра Вялікае Княства Літоўскае як духоўную радзіму беларускай нацыі...”
Спадар аглядальнік у заключнай частцы сваіх абагульненняў не шкадуе і нас, сучаснікаў, тых, хто дачыніўся да “Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”: “Падборка тэкстаў у “Анталёгіі“ акурат дае мажлівасьць супастаўленьня ідэяў і дыскурсаў міжсобку. Ад чаго і да чаго прыйшла беларуская думка за тузін гадоў, пачынаючы ад Дэклярацыі аб сувэрэнітэце? З “Анталёгіі” відаць – не была тая Дэклярацыя забяспечаная ні эйдасамі, ні лёгасамі. Філасофскае асэньсаваньне беларускіх праблемаў, якое павінна было б апярэджваць набыцьцё незалежнасьці, ішло сьледам за яе набыцьцём...”
Вось такі айчынны “крытычны пазітывізм”. Згадваю нямецкіх Германа і Барбаросу ды шукшыноўскага “праведніка”, які “в приступе дурного правдолюбия сказал своему соседу, что его жена спит с агрономом”...
Няёмка мне стала: я ж таксама пэўным чынам руку да “Дэкларацыі“ прыклаў, галасаваў за яе, быў пазней нават членам Канстытуцыйнай камісіі як член Прэзідыума ВС БССР. І ўсё гэта – без лёгасу, эйдасу і топасу... Трэба было пачакаць, пакуль Чобат з Екадумавым падрастуць. Каюся...
Не спрачаючыся ні з аўтарам разгромнага артыкула, ні з філосафам-аглядальнікам, толькі коратка заўважу, што ў сучаснай еўрапейскай тэорыі нацыятворчых працэсаў “бінарныя апазыцыі нацыяналістычнага дыскурсу” (выраз А. Екадумава) не ёсць апошнім павевам моды. Культуралагічныя гістарычныя межы не разглядаюцца паводле лагарыфмічнай лінейкі начальніка эскадрыллі з палявой сумкай. Асабліва гэта заўважаецца зараз, калі Еўропа шукае шляхі збліжэння. Здаецца, што пачынае пераважаць так званы шматперспектыўны падыход.
Так, калі раней на ўроках астраноміі ці гісторыі настаўнік спасылаўся на імя Каперніка (Капернікуса), робячы пэўны акцэнт на тое, што ён быў палякам або немцам (у залежнасці ад таго, хто быў настаўнік), то зараз шматперспектыўная дыдактыка раіць перш за ўсё падкрэсліваць еўрапейскасць вучонага, які сілкаваўся агульнай сістэмай навуковых дасягненняў, што назапасіла Еўропа часу Капернікуса.
Ці не лепш было бы, аналізуючы беларускасць або небеларускасць, еўрапейскасць або нееўрапейскасць дзеячаў культуры і навукі на тэрэнах ВКЛ і прылеглых тэрыторыях, мець на ўвазе, што, па сутнасці, межы Еўропы як культурнай з’явы заканчваліся там, дзе канчалася цывілізацыя, навука, культура. Падчас ВКЛ выразных культурна-цывілізацыйных межаў не было. Так што ў шмат якіх выпадках можна прапанаваць такую кампрамісную фармулёўку: “Паводле шматлікіх культурна-гістарычных паказчыкаў, Еўропа “прысутнічала” ў Беларусі часоў ВКЛ”.
Такое ж можна гаварыць, напрыклад, пра больш познюю Расію часоў Карамзіна, Пушкіна, Чаадаева, хоць апошні (другім пасля Хварасціна) быў аб’яўлены вар’ятам паводле палітычных поглядаў, што нават тады выглядала не вельмі па-еўрапейску. Калі ж пачытаць карамзіноўскія “Записки русского путешественника”, і асабліва прадмову да нямецкага выдання, то стане абсалютна зразумелым, што тады Расія была паводле “бязмежасці“ ідэяў, можа быць, больш Еўропай, чым цяпер.
Паспрабую праілюстраваць еўрапейскасць і культурнасць нашых землякоў эпохі ВКЛ простым прыкладам з культурнай гісторыі нашага краю. Уявіце сабе сённяшняе Іўе Гарадзенскай вобласці. Звычайны гарадскі пасёлак з сельпоўскім універмагам, поштай, брацкімі могілкамі часоў ВАВ, Домам культуры і вуліцамі К. Маркса, 1 Мая, Леніна. Адзіны помнік даўніны – мячэць будовы 1848 г.
Паглядзім на Іўе часоў ВКЛ, задоўга да ўваходжання паводле “рускага праекта” ў склад Расійскай імперыі (1795 г.). У пісьмовых крыніцах Іўе ўзгадваецца з XV ст. З XVI ст. – мястэчка Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ. У цэнтры мястэчка – гандлёвая плошча паміж вуліцамі Віленскай, Наваградскай і Крывой. Абапал – дамы гандляроў, рамеснікаў, корчмы, мураваны дом цырульніка. Больш за 170 прыстойных сядзібаў, кальвінскі збор разам са школай, мураваны касцёл, кляштар бернардзінцаў, драўляны парафіяльны касцёл, шпіталь... Заглянем у 1586 год...
У гэтым годзе рэктар Іўеўскай школы, што існавала пры кальвінскім зборы, Ян Ліцыні Намыслоўскі, напісаў падручнік логікі з прыкладамі, узятымі з багаслоўскіх тэкстаў, але супярэчных догмам хрысціянскага веравучэння. Германскі багаслоў Іюніус напісаў трактат-філіпіку супраць Яна Ліцынія, абвінаваціў яго ў блюзнерстве і напісаў скаргу-данос князю Радзівілу. Трактат Іюніуса быў надрукаваны ў Базелі (сёння – Швейцарыя).
Падручнік логікі іўеўскага рэктара быў надрукаваны на нашых абшарах, у Лоску. Лоск да 1790 г., калі быў далучаны да Расіі, быў адным з еўрапейскіх цэнтраў арыянства, меў статус горада, гандлёвую плошчу з адпаведнымі забудовамі, замак, славутыя друкарні, дзе друкаваліся кнігі на лацінскай, польскай і старабеларускай мовах. Тут працаваў асветнік Сымон Будны, які ў 1574 г. пераклаў Новы Запавет і напісаў трактат “Пра дзве сутнасці Хрыста”.
Сёння Лоск – вёска ў Гародзькаўскім сельсавеце Валожынскага р-на па дарозе з Мінска на Вільнюс. Кажуць, што там захавалася замчышча. Дзе стаялі славутыя друкарні – ніхто не ведае. Там пасуцца гусі і свінні. Так, здаецца, пісаў Кастусь Тарасаў у кнізе “Памяць пра легенды”.
Чаму я ўсё гэта згадваю? Каб актуалізаваць гісторыю і задумацца пра беларускую культуру часоў ВКЛ. Глядзіце: у Іўі пішуць трактат. Друкуюць у Лоску. Немец-германец чытае, палемізуе, звяртаецца да суверэна на тутэйшых тэрэнах, скардзіцца, друкуецца ў еўрапейскім Базелі. Ці не ёсць гэта дыялог еўрапейскіх культураў, дзе эліта нашага этнасу з еўрапейскай дасведчанасцю – няхай сабе і пад уплывам заходніх павеваў – на роўных палемізуе з Захадам? Сапраўды, Еўропа прысутнічае тут.
Паспрабуйце ўявіць сённяшняга дырэктара Іўеўскай школы і нейкага інтэлектуала ў друкарні швейцарскага Базеля, якія вядуць навуковы дыспут. Нешта цяжка гэта ўяўляецца. Дык дзе больш еўрапейска-беларускай культуры: у сённяшнім Іўі і Лоску ці ў XVI ст.
Прычына заняпаду Лоска ды Іўя зразумелая: папалі ў плынь “рускага гістарычнага праекта”, як дзесяткі іншых беларускіх познесярэднявечных мястэчкаў-цацачак.
Мы ўзгадвалі 1586 год. Гэты год цікавы для Беларусі, акрамя ўсяго іншага, яшчэ тым, што ў гэтым годзе ці не першы наш зямляк, Саламон Рысінскі (нарадзіўся ў в. Рысіна на Полаччыне), назваў сябе беларусам, будучы ў Заходняй Еўропе. Калі яго заносілі 2 снежня 1586 г. у матрыкуляцыйную ведамасць Альтбургскага ўніверсітэта у Саксоніі, ён запісаўся як Solomo Pantherus Leucorussus (Салямон Рысінскі, беларус; leucos па-грэцку белы, пантэра – рысь, Салямо – Салямон). Германіі тады яшчэ не было, а былі Баварыя, Цюрынгія, Пфальц, Гесен, Шлезвіг-Гольштэйн і г. д. Ужо (ці яшчэ?) у 1841 годзе – пасля напалеонаўскага аб’яднання Еўропы і ў тым ліку Германіі – фон Фаллерслебэн, пазней аўтар нямецкага нацыянальнага гімна, усё яшчэ заклікаў немцаў да яднання: Deutschland über alles (“Германія перадусім”).
Нагадваю гэта, каб ахалодзіць нашую пазітывісцкую суворасць пры рэтраспектыўным і актуальным вызначэнні ўласнай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Яшчэ раз хацеў бы звярнуць увагу пасіянарных айчынных “пазітывісцкіх” крытыкаў, якія спецыялізуюцца на разгроме нашых уласных даволі добра фундаваных нацыянальных міфаў (у шырокім сэнсе слова), на феномен “патрыятычнага” выкладу нямецкімі інтэлектуаламі міфаў тыпу фантастычных легендаў пра Германа і Барбаросу.
Не разумею гэтага пустадомскага мазахізму беларускіх маладзёнаў, што накляваліся мадэрнага суржыкавага “дыскурса” ды нясуць “самадастатковыя” яйкі, не абгрувашчваючы сябе простым жаданнем чытаць кніжкі ды варыццца ў жывым жыцці. На жаль, такое назіраецца і ў паліталогіі, і ў журналістыцы, і ў літаратуразнаўстве. Паехаў чалавек за мяжу, падзівіўся на краіну з фотаапаратам, – і гатовы сацыялагічны нарыс. Папрацаваў выпускнік універсітэта ў замежным праекце, напісаў два артыкулы ў справаздачнай брашуры, выступіў на канферэнцыі тут і там – і гатовы “трансфармацыйны праект” для Беларусі. Засвоіў гуманітар праз замежнамоўны інтэрнет мадэрную метамову, нават не спрабуючы зразумець яе праз натуральны пераклад, – і гатова новая тэорыя ў літаратуразнаўстве.
Адна надзея, што гэта пройдзе з узростам. А можа, яны так адразу ў Еўрапейскі Звяз замаршыруюць? Там жа таксама ёсць свае адмаўленцы-аб’ектывісты, што не жадаюць бачыць дэголеўскую “Еўропу Радзімаў“.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу ФІЛАМАТЫ