|
Еўрапейскія кантэксты беларускай ментальнасці – гісторыя і сучаснасць
Аляксей Хадыка
Апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, праведзенае ў верасні 2002 г., і выкананае метадам face-to-face і, якое ахапіла 1509 грамадзян сталага (18 гадоў і вышэй) веку, дазволіла зрабіць шэраг цікавых назіранняў. І не толькі найбольш публічна запатрабаваныя і сенсацыйныя звесткі, кшталту замераў далейшага падзення рэйтынгу беларускага прэзідэнта, уяўлялі ў ім жывую цікаўнасць. Безумоўна, важна ведаць, што электаральная падтрымка Лукашэнкі зніжаецца (з 46 % у кастрычніку 2001 г. да 30,9% у красавіку і 27% у верасні 2002). Можна пагаджацца з аўтарамі, што гэта правакуе разнастайныя працэсы на знутры- і знешнепалітычным рынках, сярод якіх часовая прапагандысцкая суверэнізацыя палітыкі ўладаў. Адмоўная дынаміка папулярнасці беларускага кіраўніцтва паказвае, аднак, што механічныя і дэкаратыўныя змены яго іміджу не закранаюць глыбінных механізмаў нацыянальнай свядомасці ці падсвядомасці беларусаў і не злагоджваюць сітуацыю.
Здаецца, адказ на пытанне – чаму няўклюдныя рэверансы ўладаў у бок “дзяржаўніцкіх” сілаў не даюць жаданага эфекту – зашыфраваны ў пазіцыях апытання, прысвечаных стаўленню беларусаў да еўрапейскай інтэграцыі, агульнаеўрапейскіх структур і адносінах да іх Беларусі. Парадаксальныя ў некаторых пазіцыях яго вынікі справакавалі і выбар тэмы садаклада – “еўрапейскія кантэксты беларускай метальнасці – гісторыя і сучаснасць” – і падштурхнулі да арганізацыі самой канферэнцыі, якую мы хацелі б разглядаць першым крокам адукацыйна-асветніцкага праекта.
Адказваючы, як бы яны прагаласавалі на гіпатэтычным рэферэндуме пра ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі саюз, рэспандэнты выказаліся наступным чынам. Станоўчае рашэнне падтрымалі б 53,4% апытаных, адмоўнае – толькі 8,1%, а не галасавалі б 13%. Адзначым, што гэтыя лічбы не ніжэйшыя за паказчыкі ў некаторых суседніх краінах, якія ўжо не гіпатэтычна, а рэальна рухаюцца да Еўрапейскага Саюза. Зазначым, што атрыманыя яны ва ўмовах, калі ідэя збліжэння з Захадам у татальна кантраляваных дзяржавай беларускіх СМІ не толькі не прапагандуецца, але адкідаецца як непатрэбная. Ці не характэрна, што, насуперак афіцыйнай прапагандзе, у перыяд гвалтоўнага ўціскання дзейнасці КНГ АБСЕ 48,5 супраць 25,6% беларусаў лічаць, што краіна мусіць выконваць міжнародныя стандарты, не перашкаджаць дзейнасці КНГ. Між тым ідэя заходняй арыентацыі Беларусі, па вялікаму рахунку, сістэмна не асвятляецца нават у нешматлікіх па колькасці і тыражу дэмакратычных выданнях.
Якая сістэма каштоўнасцяў, або якая сістэма культурных каардынат, выклікае пэўнае стаўленне беларусаў да фармулявання геапалітычных арыенціраў, не тоесных стратэгічнаму выбару ўладаў? Можа, у пэўных кантэкстах фармавання ментальнасці беларусаў ляжыць адказ на ўяўную парадаксальнасць сітуацыі?
Фармалізуем некаторыя інструменты нашай спробы ацаніць праекцыю гістарычных генетычных кодаў беларускай свядомасці на сучаснасць. У прысвечаным брытанскаму славісту А.МакМіліну выпуску “Новазеландскага славістычнага часопіса” прафесар БДУ філолаг Н.Б.Мячкоўская змясціла артыкул “Чым беларусы адрозніваюцца ад рускіх?”. Даследчыца прапанавала 10 парэмій, 10 пар адрозненняў, часам сфармуляваных вельмі трапна, часам спрэчных. (Так, да апошніх належыць тэзіс 7 пра беларускую недаверлівасць або абыякавасць да слова, адукацыі, кніжнай і гарадской культуры насуперак рускай словацэнтрычнасці. Тут даследчыца, насуперак уласным назіранням у іншым месцы, супрацьпастаўляе сялянскую і савецкую культуру Беларусі поўнаму спектру расійскай культуры). Самае галоўнае супрацьпастаўленне, тэма №1 – “еўрапейцы-беларусы” versus “еўразійцы-рускія”. Асноўныя аргументы аўтаркі супадаюць з выкладзенымі (больш паслядоўна) Юрыем Хадыкам. Заходнія ўплывы дасягалі Маскоўскай Русі да ХVІІІ ст. пры пасрэдніцтве Беларусі і Украіны. У апошніх яны, дарэчы, нярэдка пашыраліся ў адаптаваных у польскай культуры формах. У ВКЛ, і ў прыватнасці ў беларускай культуры, далучанасць да еўрапейскіх мастацка-стылявых працэсаў, новых павеваў рэлігійнай і філасофскай думкі, сістэм права і юрыдычнай кадыфікацыі назіраюцца вельмі рана, у асобных элементах з Х—ХІІ стагоддзяў, а комплексна – з часоў Адраджэння, ХVІ ст. Прывядзём два не вельмі шырокавядомыя ўзоры “заходняга” выбару беларусаў з ХVІ стагоддзя. Нясвіжскі ўладар Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка, пераўтвараючы сваю сталіцу ў апошнія дзесяцігоддзі ХVІ ст., запрасіў італьянскага архітэктара-езуіта Яна Марыю Бернардоні. Калі апошні, прыехаўшы, убачыў новазбудаваны езуіцкі храм, узведзены ў стылі “інкастэляваных” цэркваў з элементамі абарончай архітэктуры, то запярэчыў гаспадару і падкрэсліў, што гэты стыль не адпавядае сучаснай еўрапейскай модзе і “тэхналогіі”. Сіротка, не зважаючы на выдаткі, распарадзіўся разабраць пабудову. Праз некалькі год на яе месцы ўзнік першы ў Еўропе па за межамі Італіі храм ранняга барока.
У 1582 г., пры ўвядзенні новага, грыгарыянскага календара, ВКЛ адразу афіцыйна далучаецца да новай сістэмы злічэння часу, хоць многія краіны Еўропы (Англія – толькі ў 1751 г.) прымаюць яго паступова. З другога боку, вялікалітоўская талерантнасць (і павага да права) прыводзіць да спецыфічнага, праўнага ўрэгулявання спрэчак, выкліканых новаўвядзеннем. Стэфан Баторый граматамі 1584, 1585 і 1586 гг. дазволіў праваслаўным ВКЛ карыстацца старым, юльянскім календаром.
Менавіта распрацаваны ў ХVІ ст. праўны падмурак забяспечвае асновы верацярпімасці і, адпаведна, існаванне канкурэнтных сістэм адукацыі ў межах рознаканфесійных навучальных устаноў. Апошнія забяспечваюць значна вышэйшую, чым у цэлым па Расіі, пісьменнасць беларусаў, зафіксаваную перапісам 1897 г.
Трэцяе супастаўленне беларусаў і рускіх праф.Н.Мячкоўскай (“беларусы – народ, пакараны за саюз з Польшчай, у адрозненне ад украінцаў”), падмацаванае статыстыкай падтрымкі ў ХІХ ст. стварэння інстытутаў вышэйшай школы ва Украіне (універсітэт, Харкаў, 1805; Сельскагаспадарчы інстытут, 1816, тамсама; Нежынскі ліцэй, 1820; Кіеўскія універсітэт, 1834, і медыцынскі інстытут, 1841; Адэскі універсітэт, 1865; Харкаўскі (1885) і Кіеўскі (1898) політэхнічныя інстытуты; кансерваторыя ў Кіеве, 1913) насуперак іх касаванню разам з вывазам бібліятэк і архіваў у Беларусі – справядлівае. Але нават стагоддзе стагнацыі асветы не знішчыла лідэрства “Паўночна-Заходняга краю”, прынамсі, на ўзроўні звычайнай абазнанасці ў пісьме. Усё разам паказвала на глыбокую ўкаранёнасць у свядомасці беларусаў павагі да права, закона, парадку – элементаў рацыяналістычнай заходняй цывілізацыі. Сімптомы падсвядомага існавання законацэнтрычнага мыслення заходняга тыпу зашыфраваны ў выніках апытання НІСЭПД. У пазіцыі 5 адказы на пытанне пра магчымае падаўжэнне прэзідэнцтва Лукашэнкі больш чым на 2 тэрміны шляхам адпаведных зменаў Канстытуцыі размеркаваліся так: за – 23,7% (2001, кастрычнік – 23,4%), супраць – 58,0% (52,7%). Але сярод групы, якая лічыць, “што ўлада і самавольства самаўладдзя ўзраслі”, г.зн., парушаюцца прыярытэт права, стабільнаць працэдур, павага да якіх уласціва “еўрапейскай” свядомасці беларусаў, – суадносіны адказаў ужо 7,1% (так) да 67,9% (не). Павага да закона не стасуецца з даверам да гэтай улады!
Вельмі важнай з’яўляецца тэма стаўлення да прыватнай уласнасці на зямлю. Вераснёўскае апытанне 2002 г. паказвае выразную лібералізацыю грамадскай думкі наконт праблемы зямельных адносінаў і прыватнай уласнасці на зямлю як асновы свабоднага эканамічнага гаспадарання. Доля асобаў, якія зусім не дапускаюць магчымасці гандлёвага абароту зямлі з чэрвеня 1997 г. упала з 36,6 да 28,6 працэнта, у той час як працэнт людзей, што лічаць магчымым выкарыстоўваць зямлю як сродак прыцягнення замежных інвестыцый, падняўся з 13 да 20,4. Можна пагаджацца з меркаваннем аналітычнай групы НІСЭПД у тым, што на пазіцыю беларусаў аказваў уплыў праз СМІ працэс абмеркавання новапрынятага зямельнага кодэкса Расіі. Перамены ў іншых суседзяў, уключаючы Украіну, таксама адыгралі станоўчую ролю пазітыўнага ўзору. Прыгадаем, аднак, другую з 10 парэмій праф.Н.Б.Мячкоўскай “беларускія сяляне-аднаасобнікі versus русскія сяляне-абшчыннікі (калгаснікі)”. Па адмене прыгонніцтва ў Расійскай імперыі ў 1861 г. у Беларусі, у адрозненне ад уласна Расіі, не захоўваўся інстытут абшчыны, якая па-ранейшаму кантралявала перададзеную сялянам зямлю і пераразмяркоўвала яе паводле колькасці мужчынскіх душ. У Расіі да рэформаў П.А.Сталыпіна (1906—1911, вымушаных рэвалюцыяй 1905—1906 гг.), абшчынная зямля не прадавалася і была нічыйнаю (“зямля – богава”).
Паводле падлікаў А.Кіштымава, дзейнасць Сялянскага банка, адказнага за крэдытаванне аперацый па “набыццю сялянамі ва ўласнасць прапанаваных для продажу земляў” (шляхецкіх), нідзе ў імперыі не была такой паспяховай, як у “заходніх губернях”. Па выніках першага дванаццацігоддзя дзейнасці банка (хутка 120 гадоў – 10 красавіка 1883 – 1895) Магілёўская губерня займала 1-ае месца па плошчы набытай зямлі, Мінская – 3-яе. У Магілёўскай, Віцебскай, Гарадзенскай губернях не было выпадкаў вяртання зямлі за нядоімкі па плацяжах, а ў Мінскай і Віленскай доля сялянскіх няўдач складала толькі 1% і 3% ад усіх прафінансаваных банкам аперацый. Затое ў чарназёмных – Варонежскай, Пензенскай і Курскай – не здолелі даць рады з прыватным гаспадараннем 59, 57 і 50% новых гаспадароў-сялян адпаведна. Тая ж тэндэнцыя захоўвалася ў “Паўночна-Заходнім краі” у наступнае дзесяцігоддзе (да 1905). А за 1906-1917 гг., як пішуць А.Белы – А.Антанян, без рэвалюцый, бунтаў, паўстанняў, сялянскае землеўладанне ў Беларусі перавысіла шляхецкае. Складаўся трывалы клас прыватнікаў, гатовы эфектыўна гаспадарыць на ўласнай зямлі.
Таксама і працэс стварэння калгасаў у СССР успрымаўся ў Беларусі, якая не мела досведу абшчыны, як абсалютнае зло. Негатыўныя настроі падсавецкіх беларусаў падтрымлівала тое, што ў Другой Рэчы Паспалітай права сялян на набытую за расійскімі часамі зямлю было пацверджана.
Цікава, што рост уласніцкіх настрояў сялянства ў пачатку ХХ ст. падтрымлівалі дваране-беларусы, дэпутаты І Дзяржаўнай думы Расіі. Па звестках Янкі Запрудніка, Раман Скірмунт (род якога стагоддзямі жыў на Палессі) у 1906 г. рэзка крытыкаваў ідэі нацыяналізацыі зямлі, бачачы за гэтым магчымасць паўнаўладдзя бюракратыі. Затое ён падтрымліваў права сялянаў на павелічэнне гаспадарак. Беларусафільскія настроі Скірмунта вялі яго да самавызначэння “беларусам, адно ўзгадаваным у польскай культуры” (Раман Дмоўскі, “Дзеннік Кіёвскі”). Ён не ўвайшоў у аўтанамістычнае Польскае Кола, а ўтварыў асобную групу з беларускімі дэпутатамі (Лядніцкі, Масоніус, біскуп Роп, Ялавецкі, ксёндз Сангайла і інш).
Пытанні зямлі і аўтаноміі спалучаў у сваёй публіцыстыцы іншы дэпутат І Дзяржаўнай думы ад Беларусі, прадстаўнік Мінскай губерні князь Іеранім Друцкі-Любецкі. Цытуем улед за Запруднікам адно з яго выступленняў на згаданую тэматыку: “Пачуццё ўласнасці гэтак глыбока пранікла ў душу жыхарства Паўночна-Заходняга краю, што яно заве гэтую зямлю сваёю зямлёю, а прынцып собскасці гэтак грунтоўна яму ўласцівы, што, уласна кажучы, яно нават уважае, што ўся тэрыторыя павінна належаць жыхарству, якое на ёй жыве”. Выказаны ў гэтых словах пастулат “тэрытарыялістаў” аб’ядноўваў у І Дзярждуме Расіі групу дэпутатаў, што дамагаліся аўтаноміі для Беларусі як перадумовы правядзення зямельнай рэформы (звесткі П.Церашковіча з перапісу 1897 г. – 43,3% дваран беларускамоўныя – 65 тыс. са 153).
На вялікі жаль, першая хваля беларускага нацыянальнага адраджэння прытрымлівася, паводле “адукаванай” моды часу, выразна лявацкіх поглядаў, у выніку чаго пафас публікацый “Нашай Нівы” накіроўваўся супраць прыватнай уласнасці на зямлю, супраць палітыкі Сялянскага пазямельнага банка, якія выстаўляліся носьбітамі сацыяльнага зла. Цікавыя назіраннні Белага-Антаняна ў згаданым артыкуле над сюжэтам пра падарожжа дзядзькі Антося ў Вільню сведчаць драматычную эвалюцыю поглядаў Я.Коласа. Вершаванае апавяданне, у перапрацаванай форме выкарыстанае пазней у ХХVІІ—ХХІХ раздзелах паэмы (1923 г.), было напісана ў час мінскай адседкі за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў і надрукавана ў 1918 г. У ім дзядзька Антось едзе ў Вільню прадаць зямлю, г.зн. дзейнічае насуперак абсалютнай большасці тагачаснага беларускага сельскага жыхарства!
(“На шчот зямлі. Прадаць мы хочым;
Ужо тры гадкі, як усё хлапочам
І з ёй ні можам развязацца.
Уляцелі здорава, прызнацца.”)
Пяць гадоў пасля публікацыі і катастрафічных падзей другой расійскай рэвалюцыі хапіла Коласу, каб дэклараваць у згаданым фрагменце дыяметральна процілеглае (1923).
(“Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля – вось што аснова!”)
Так, словамі аўтараў публікацыі, Колас рабіў у 1923 годзе хоць запозненую, але грунтоўную інвестыцыю ў беларускую будучыню, ствараючы паэтычны вобраз новай, жаданай еўрапейскай беларускай зямлі.
Уласнасць і стваральная праца на карысць адбудовы дабрабыту народа, падарванага эканамічнай эксплуатацыяй беларускіх земляў у Расійскай імперыі ў ХІХ ст., – вось рэальная перспектыва, не адразу заўважаная дзеячамі нацыянальнага адраджэння. Цікава, што спецыфічнай формай І-ай Расійскай рэвалюцыі ў 1905—1907 гг. у Беларусі былі антыалкагольныя бунты, асабліва насельніцтва (сялянства) Гродзенскай і Віленскай губерняў. Явачным парадкам выстаўляліся патрабаванні прыватнай уласнасці і цвярозай працы на сваёй гаспадарцы.
Прывядзём некаторыя іншыя “парэміі”, сфармуляваныя Н.Мячкоўскай: 4)”Прыватныя” жыхары заходняй імперскай акраіны versus “дзяржаўны” народ; 5)Беларусы раней, чым рускія, пакідаюць “агульнае ўлонне” ўсходнеславянскіх народаў; 6)Беларуская падатлівасць асіміляцыі і беларускі касмапалітызм versus неўспрымальнасць расійцаў да навакольных моваў (надэтнічная экзістэнцыялізацыя), і блізкае да гэтага 9)Двумоў’е і бікультурнасць беларусаў versus аднамоўе і монакультурнасць рускіх.
Нарэшце, вельмі аптымістычная 10 парэмія, – у Беларусі людзі жывуць даўжэй, чым у Расіі. Магчыма, карані гэтага адрознення не зусім еўрапейскія (высокі рэйтынг “чалавечага развіцця”, адпрацаваная сістэма аховы здароўя).
Мы маглі б дадаць яшчэ некалькі падобных парэмій, якія б паказвалі глыбокую ўкаранёнасць “празаходняй” свядомасці на ўзроўні моды, густаў, фармавання ладу жыцця, якія часам набывалі формы сацыяльна-палітычнай дэманстрацыі.
Грамадскія эліты ў адкрытай (ці падсвядомай) форме дэманстравалі свае заходнія прыярытэты ад часу падпарадкавання беларускіх земляў Расіі. Па лістападаўскім паўстанні 1830/1831 гг. у беларускіх губернях пашыраецца будаўніцтва дваранскіх рэзідэнцый у еўрапейскіх псеўдастылях – неараманскім, неагатычным (сядзіба Пуслоўскіх у Косаве, арх.Марконі), у маштабах, непараўнальных з Расіяй. Архітэктура робіцца матэрыяльным увасабленнем змагання за светапоглядны выбар: агульнавядома праграма будаўніцтва цэркваў у псеўдарускім стылі, “мураўёвак”, якая закранала і Польшчу (манаграфія дырэктара Інстытута мастацтва ПАН Пашкевіча “Пад скіпетрам Раманавых”). Нешта падобнае назіраецца зараз (праўда, больш стрымана і са знутранымі інтрыгамі) у будаўнічых праграмах РПЦ у Беларусі. З другога боку, перыяд выспявання ідэй “аўтанамізацыі” ў пачатку ХХ ст. таксама адзначаны новай хваляй прыўнясення гістарычна-еўрапейскіх псеўдастылявых элементаў у сядзібнай архітэктуры (палац Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе на Гомельшчыне, каля Рагачова, архітэктар Э.Шрэтар).
У савецкія часы “заходні густ” на ўзроўні масавай свядомасці увасабляўся ў выразнай цікавасці сярэдняга беларускага месціча ці заможнага вяскоўца да побытавай культуры балтыйскіх рэспублік, якая ўспрымалася своеасаблівым варыянтам Захаду, уключанага ў межы жалезнай заслоны.
Нарэшце самая выразная тэма – тэма міфалагічнага (а часам і навуковага) пошуку нацыянальных каранёў. Вядома інтэрпаляцыя ў беларускія хронікі і летапісы (у ХVІ ст.) міфа пра рымскае паходжанне вялікалітоўскай магнатэрыі. Фантастычныя сувязі з гэтымі “заходнімі” продкамі, пажадана не менш, як княскага статуса, настойліва даводзіць расійскай герольдыі беларуская шляхта ў ХІХ ст., па далучэнні да Расіі. Генеалагічная апантанасць роду Жагеляў прыводзіць да таго, што нават Міцкевіч у “Пане Тадэвушу” выводзіць героя пад прозвішчам Жагель і ўкладае ў яго вусны словы: “znajdziesz pono mitry i w niejednym domu”, “тут знойдзеш мітры ледзь не ў кожным доме”. (Князі Мікалай і Міхал Святаполк Мірскія, уладальнікі Мірскага замка з канца ХІХ ст., выводзілі свой княскі тытул “на мірскім замку” ад часу выцяснення Літвой славянскіх князёў з гэтых земляў). А як нагадваюць спрэчкі купалаўскіх “заходняга” і “ўсходняга” вучоных з “Тутэйшых” навуковыя дыскусіі пра этнагенез беларусаў!
Даследчыкі НІСЭПД, падаючы лічбы што да ацэнкі НАТА (станоўча – 41,2%, адмоўна – 31,3%), або што да жадання беларусаў з’ехаць на Захад на сталае жыхарства, адзначаюць “змяншэнне традыцыйна негатыўнага стаўлення да Захаду”. Але зададзімся пытаннем і мы: якога паходжання згаданая “традыцыйная негатыўнасць” – беларускага ці савецкага? Можа, наша здзіўленне вынікамі некаторых назіранняў грунтуецца толькі на непрацягласці, навізне самога працэсу свабоднага саманазірання і самааналізу для беларусаў? І з улікам папраўкі на ўплыў часоў страчанай самаідэнтычнасці вяртанне да еўрапейскага цывілізацыйнага выбару будзе натуральным.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу ФІЛАМАТЫ
|