|
Расея – якая яна сёння ёсць
Генадзь Лех
На абшарах былога СССР, у значнай часткі насельніцтва захаваліся шматлікія стэрэатыпы аб матухне Расеі кшталту «загадочной русской души», «русского мира», «доброго русского народа и враждебного окружения», «па праўду ў Маскву», «демократической и справедливой России» і г.д. Гэтыя стэрэатыпы настолькі моцныя, што, нягледзячы на развал СССР, шматлікія палітыкі савецкага партыйна-камсамольскага прызыву з былых саюзных рэспублік працягваюць гойсаць у Маскву па «праўду», апелююць да «дэмакратычнага» ўладара РФ – «рассуди и помоги...» або да яго атачэньня, хтосьці з іх тлумачыць гэта неабходнасьцю «нейтралізацыі Расеі» ў хатніх справах, і пры гэтым у стасунках з імпэрскім кіраўніцтвам яны захоўваюць наменклатурны табель аб рангах. Простая магілёўская даярка-калгасьніца марыць аб саюзе (РБ з РФ), бо «павінна ж лягчэй жыць стаць», таму што «братняя Расея абавязкова мусіць дапамагчы»... мабыць, нават даіць кароваў... Сустракаюцца падобныя стэрэатыпы ня толькі ў звычайных абывацеляў, а нават у нашых адраджэнцаў (нават у асобных бэнээфаўцаў). Калі ж зірнуць на гэтыя міты збоку, са сталіцы былое імпэрыі, то інакш, як «заскарузлы правінцыялізм» (найбольш мякка) гэта ўсё не ўспрымаецца. Прычым гэтая заскарузласьць у глухім палескім калгасе часам ня меншая, чым у цэнтры Менску. Філасофія жыцьця РФ дый Масквы зусім іншая, прагматычная і зьневажальная як да чужых, так і да сваіх. Зусім ня такая, як уяўляецца шмат каму ў Беларусі. Міты застаюцца мітамі. Сучасная РФ – выключна прагматычная і паскудная краіна.
І.3 гісторыі
Сучасная РФ узьнікла ня сёньня і ня ўчора, не на голым месцы. Вядома шмат мітаў кшалту «Москва- третий Рим», «Византийская Русь». Але на справе тут зусім іншая сістэма каштоўнасьцяў. Маскоўская дзяржава прыйшла на зьмену Залатой Ардзе, паглынуўшы яе народы і тэрыторыю. Пры далейшым пашырэньні з гэтага ўтварылася Расейская імпэрыя, потым СССР і, нарэшце, сучасная Расейская Федэрацыя. Вядомы Казьма Пруткоў калісьці выказаўся: «Зри в корень». А карані тут вызначаюцца гістарычнай восьсю Залатая Арда – Маскоўская дзяржава – Расейская імпэрыя – СССР – Расейская Федэрацыя. Нават фармаваньне самой гэтай дзяржавы праходзіла па тым жа мангольскім прынцыпе: захоп краіны з ператварэньнем ва ўлус і выкарыстаньне рэсурсаў, у тым ліку чалавечых (чужога гарматнага мяса), для захопу наступнай краіны і г.д. Адсюль такая моцная імпэрская ідэалогія «стэпу» ў сучаснай РФ. Адсюль такое стаўленьне як да сваіх так і да чужых. Адсюль ментальнасьць сучаснага расейца.
II.Вайна
«Война очищает Россию», – выказвае свае думкі сучасны вядомы расейскі палітык. У свой час расейскі прэм'ер Вітэ казаў, што ў гісторыі Расеі не было нават трох гадоў, каб яна не ваявала, і што трэба 50 гадоў спакою, каб краіна наладзіла вартае жыцьцё для сваіх грамадзянаў. Сучасная РФ традыцыйна ў вайне. На вайну сьпісваюцца ўсе праблемы, туды «зьнікаюць»грошы, на ёй робяцца палітычныя кар'еры (на крыві, як калісьці мангольскія ханы). Адзін і той жа аб'ект будуецца на паперы некалькі разоў (ўсё ўзрываецца ў папяровых справаздачах «бандытамі»), – якое поле для чыноўнікаў, бо сродкі з бюджэту выдзяляюцца колькі разоў і кожны згодна табелю і месцу атрымлівае сваё. Калі б вайны не было – яе б давялося пачаць або прыдумаць падставу для яе. Сучасны ўладар РФ чарговай вайне ў Чачэніі абавязаны сваім абраньнем на прэзыдэнта. Згодна старой ардынскай традыцыі з непакорным улусам (Чачэніяй) ваююць ня толькі самі рускія, але й татары, мардва і г.д. У тым ліку і беларусы – грамадзяне РФ, і нават самі чачэнцы, якія прагнуць месца пад «сонцам», або кавалкаў з Фэдэральнага бюджэту. Найбольшы прызыў з Паволжа ды Ўралу, дзе вельмі высокі адсотак іншамоўнага і іншавернага, у тым ліку масульманскага насельніцтва. Практычна «нулявы» прызыў з Масквы ды Піцера ды буйных гарадоў, дзе амаль пагалоўна «косяць» ад войска, і на кожнай сцяне ў мэтро напісана, як гэта зрабіць. Таму «гарматнага мяса не стае» і было б сумна, каб гэты дэфіцыт пакрылі беларускай крывёй, крывёй сына даяркі, якога навучэнца магілёўскага ПТВ, даяркі, якая спадзяецца на паляпшэньне жыцьця праз «саюз», а патэнцыйна можа атрымаць труну...
Складваецца нават уражаньне, што стан вайны падтрымлівае расейскую імпэрскую мэнтальнасьць; і як толькі скончыцца вайна ў Чачэніі, яе пачнуць у іншым месцы, можа, за транзытныя шляхі праз Беларусь, бо тут увязаныя даходы расейскіх алігархаў.
ІІІ.Пра эканоміку
Існуе і актыўна падтрымліваецца дзяржаваю міт аб «рыночной России». Але на справе гэта ня так. На справе эканоміка РБ ня так ужо моцна адрозьніваецца ад эканомікі РФ, асабліва у сфэры буйной прамысловасьці і дзяржзаказаў. Сучасная эканоміка РФ цалкам збудавана на сістэме «откатов».Фірмы-пастаўшчыкі мусяць рабіць адкат (хабар) мэнэджэрам фірмаў-пакупнікоў, у першую чаргу дзяржаўнай або напалову дзяржаўнай карпарацыі. Жадаеш атрымаць кантракт ад буйнога канцэрну – плаці адкат, хто больш прапануе, той і атрымае. Мытня – адкат, ліцэнзія – адкат, усё адкат. Кошт самога кантракту у РФ мае меншае значэньне, чым памер адкату. Гэта ўжо зусім ня рынкавы параметр. Генералы маюць адкаты на тэндэрах для войску. Дзяржчыноўнікі набываюць за мяжой тыя лекі або курэй , якіх вырабляюць і ў РФ, нават таньней, але фірмы-пасярэднікі, створаныя тымі ж чыноўнікамі, плацяць адкат. Пры кожнай мытні створаныя свае мытныя фірмы, якія вырашаюць усе справы кліентаў за адпаведную плату, болыпая частка якой ідзе на адкат. Фірмы-экспарцёры зьвяртаюць ПДВ(НДС), але ж ня цалкам, розьніца ёсьць адкат.У РФ 21 млн. чыноўнікаў, і ўсе яны жывуць не на заробак, а на адкат. Прычым ў большасьці выпадкаў гэта робіцца досыць адкрыта, не заплаціш – ня зрушыш ніводнае справы. Пры апошнім уладары РФ быў узяты курс на падвышэньне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Шэраг буйных прыбытковых прадпрыемстваў праз так званы «перадзел маёмасьці» быў зьвернуты пад крыло Газпрама або РАО ЕЭС. У хуткім часе гэтыя прадпремствы сталі страчваць сваю прыбытковасьць, бо кіруючыя каманды мэнэджэраў ад гэтых дзяржаўных манаполій у складзе былых генералаў, пракурораў, касманаўтаў і іншых дзяржчыноўнікаў, прыходзячы на «пастой» на некалькі месяцаў на падобныя камбінаты, адкрыта імкнуцца забяспечыць свае і сваіх дзяцей-унукаў фінансавае становішча. На металургічным «горадаўтваральным» авіяпромаўскім камбінаце ў Маскоўскай вобласьці на працягу ўжо двух гадоў б’юцца каманды мэнэджэраў – прадстаўнікі аднаго уласьніка – Газпраму, або дзяржавы. Іх кіраўнікам, двум генералам, дамамагаюць АМАПЫ, суды і г.д., і кожны з іх захоплівае на 2-3 месяцы па чарзе камбінат, які раней быў адабраны ў прыватніка.
IV.Падаткі
Ад падаткаў у РФ бегаюць абсалютна ўсе прадпрыемствы, незалежна ад формы ўласнасьці. Толькі насельніцтва плаціць больш-менш спраўна, але ж яно самае неабароненае і залежыць ад сьвятла, вады , цяпла ды пенсіі. Бухгалтар – адна з самых аплочваемых прафесій. Сучасны бухгалтар вядзе чорную, шэрую, белую бухгалтэрыю. Самыя вядомыя расейскія канцэрны маюць па некалькі (часам дзесяткаў) юрыдычных твараў. Дапамагаюць тут фірмы-аднадзёнкі, якімі абкладваюцца расейскія банкі, зарэгістраваныя часьцей на не існуючых або памерлых людзей, а г.зв. «сінякоў». Падатковая паліцыя, створаная ўладамі РФ і зараз ужо ліквідаваная, існавала ня столькі для збору падаткаў, колькі дзеля самазабесьпячэньня праз адкаты.
Пра вываз капіталу з РФ і потым яго часткова адмыты зварот у выглядзе інвестыцый напісана шмат.
Найболыл рынкава ў РФ працуе дробны ды сярэдні бізнэс, асабліва ў сфэры гандлю, бытавое абслугі і маларэнтабельнага вырабу. Самае сьмешнае , што калі ў гэтых галінах плаціць ўсе падаткі, то гэтыя сфэры стануць стратнымі. Найбольш спраўна плацяць падаткі і сумленна працуюць прадпрыемствы заходніх фірмаў, пабудаваныя нанава, у голым полі (Макдональдсы, Марсы і г.д.), без удзелу расейцаў, але ж доля гэтых прадпрыемстваў у гадавым абароце РФ мізэрная. Да таго ж выпадак з забойствам амэрыканскага ўладара гатэля «Рэдысан-Славянская» (маёмасьць перайшла да свайго расейскага чачэнца пры падтрымцы маскоўскага мэра), абмежаваў плыню буйных заходніх інвестыцыяў.
Пра тое, як ішла «прыхватызацыя» ў РФ, напісана досыць багата. Не хацелася б, каб падобная «прыхватызацыя» паўтарылася ў Беларусі. У першай палове 1990-ых гадоў на шматлікіх акцыянаваных прадпрыемствах, дзе стабільна ня выплачваўся заробак, можна было назіраць малюнак, як на прахадных дзве-тры фірмачкі «бандыцкія», або «дырэктарскія», скуплялі акцыі працоўнага люду, выкарыстоўваючы фонд заробку. Такім чынам, людзям далі акцыі, і адразу забралі іх за іхны ж заробак. Сабраныя такім чынам буйныя пакеты акцыяў былі прададзеныя ва ўласнасьць банкаў або фінансавых групаў, якія сабралі з людзей грошы на фінансавых пірамідах. Былі і іншыя схемы. Так ўзьніклі расейскія алігархі.
Усе дэфіцыты расейскае эканомікі пакрывае нафтагазавая «труба» , як і пры СССР. Але Беларусь, ня маючы такой крыніцы, расейскага варыянту «прыхватызацыі» ды «эканомікі» проста ня вытрымае.
V.Пра расейскую навуку, або «а кароль то голый»
Пра расейскую навуку, пра яе сусветны ўзровень шмат што гаворыцца, расейскія ўладары надуваюць шчокі, але на справе сучасная расейская навука амаль ўжо памерла (кароль сапраўды «голый»). Дастаткова зазірнуць на тэрыторыю маскоўскіх НДІ. Звычайна гэта сакратарка, дырэктар, сантэхнік, электрык, бухгалтар у некалькіх пакойчыках, а астатняя тэрыторыя здадзеная ў арэнду (часам прададзеная) камэрцыйна-гандлёвым структурам – сховішчы, офісы, прыватныя паліклінікі і г.д. У правінцыі справы яшчэ горшыя. Існуюць ужо цэлыя галіны навукі, дзе ў РФ не засталося ніводнага спецыяліста – маладыя з’ехалі за мяжу або перакваліфікаваліся ў гандляроў, старыя памерлі. Аспірантуры даўно ужо пустыя, шэраг навуковых саветаў або спынілі існаваньне , або гадамі не зьбіраліся.
У маскоўскім раёне Сетунь яшчэ фармальна існуе Ўсерасейскі (некалі Ўсесаюзны) Інстытут лёгкіх сплаваў (былая галоўная авіяпромаўская «паштовая скрыня») – ВІЛС. Калісьці Інстытут меў вядомы хакейны клюб «Крылы Саветаў», архітэктарам па ўпрыгожваньню тэрыторыі працаваў сусветнавядомы Эрнст Неізвестный, інстытут быў галоўным па распрацоўцы новых матэр’ялаў ды тэхналёгіяў, іх вырабу для авіяцыі, космасу ды абаронкі , маючы пры сабе досыць прыстойны доследны завод. Інстытут па шэрагу накірункаў меў 100-працэнтную нішу па вырабу, некалькі тысячаў навуковых супрацоўнікаў працавала ў ім, ды некалькі тысячаў спецыялістаў на заводзе вырабляла новую навуковаёмістую прадукцыю. Інстытут меў разнастайныя ільготы і г.д. Інстытут не пацярпеў ад перабудовачных працэсаў пры Гарбачове, але расейскую прыхватызацыю «ператрываць» ня здолеў.
Ён не належаў да прыватызацыі па закону, але хіба ў РФ нехта выконвае законы? Пры прэм’еру Гайдару расейскія дэмакраты адмовілі спробам дырэктара ды ягонага намесьніка «прыхватызаваць прадпрыемства». Прычым «прыхватызатараў» цікавіла не навука, а велізарная тэрыторыя прадпрыемства ў Маскве, завод, які вырабляў тытанавыя, нікелевыя, алюміневыя ды іншыя вырабы. Дырэктар прадпрыемства Бондараў запрасіў новага на той час прэм’ера В.С. Чарнамырдзіна на хакей , на вар’етэ (ці не ад «вар’ята») ды лазню ў тых жа «Крылышках» – дазвол новы «камунацэкоўскі» прэм’ер даў. Калектыву паабяцалі вялікія заробкі, і большасьць калектыву прагаласавала за «прыхватызацыю», бо абяцалі – будзем двух матак ссаць – «дзяржаву за навуковыя распацоўкі» ды самі зарабляць, на экспартных пастаўках. Савецкія людзі былі трохі наіўныя. Потым паўтарылася тая ж схема, што паўсюль, заробкі не падвысілі, а сталі затрымліваць; паколькі ВІЛС ператварыўся ў АТ, то дзяржава спыніла фінансаваньне навукі – і «першая матка» адмовіла дзіцяці.
На прахадной з’явіліся дзве фірмачкі, адна дырэктарская, а другая – намесьніка, і пачалі скупляць акцыі – людзі, не атрымаўшы заробку, прадавалі акцыі амаль задарма за свае ж грошы. Але гэтая ручаінка хутка зьнікла і дала кіраўніцтву толькі каля 10%. Тады быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс – падпісаны загад здаць акцыі ў кіраваньне гендырэктару, прычым загадчык цэху , лабараторыі або аддзелу звальняўся, калі не забясьпечваў збор акцыяў – у выніку шматтысячны калектыў здаў (аддаў сваю маёмасьць) дырэктару. Гэта было пачаткам канца. Усяго 2 дзесяткі асобаў, у тым ліку аўтар гэтых радкоў, ня здалі акцыі. Праз некалькі месяцаў гэты пакет здадзеных акцыяў (каля 40%) быў перададзены банку «Менатэп» вядомага алігарха М. Хадаркоўскага «за паслугі», потым улада мянялася шмат разоў. Не мяняўся толькі заробак ды ягоная затрымка, нягледзячы на інфляцыю. Згодна з новай расейскай традыцыяй былі судовыя прыставы, захопы, пагрозы буйных уладальнікаў адзін аднаму на сходах акцыянераў, АМАПЫ, бандыты і г.д. Але навукоўцы, навука, спецыялісты былі ўжо ні пры чым. Асобныя дырэктары ад уласьнікаў працавалі 1-3 дні, і надыходзіў чарговы перадзел. Амаль год прапрацавалі на прадпрыемстве «сонцаўскія», якія нагналі пад наглядам «быкоў» бамжоў ды алкаголікаў на «задні двор» прадпрыемства, дзе зрабілі пераборку ды прыёмку лому каляровых мэталаў – але, як ні дзіўна, гэтыя «браты» спраўна плацілі заробкі супрацоўнікам інстытута. 3 прыходам Пуціна да ўлады ў РФ на ВІЛС прыехаў сьпікер Думы камуніст Селязьнёў, дэкляраваў, што дзяржава аднаўляе кантроль над прадпрыемствам, і прадставіў новага кіраўніка – дырэктара вядомай «Славнафты» Гуцарыева. Праз некалькі дзён на ВІЛС засялілася «чачэнская» каманда – яё ачольваў нейкі Маціеў (як прадстаўнік Гуцарыева) – цясляр з гор. Чачэнцы перакрылі выязныя брамы, абклаўшы ўсе машыны падаткамі, прадалі ўсе запасы мэталу на прадпрыемстве, забралі грошы з усіх захаваных заходніх кантрактаў і пачалі распрадаваць усё, што можна, з прамысловага абсталяваньня. «Крылышкі», з кірмашом, Лядовым плацам, стадыёнамі, басейнамі, кавярнямі і г.д. – цэлы квартал Масквы яны прадалі самім сабе па кошту пакоя ў камуналцы. Пры гэтым на ўсіх заўважных месцах былі вывешаныя партрэты Пуціна: Пуцін з Гуцарыевым, Пуцін з Кадыравым ды Гуцарыевым. Пасьля чачэнцаў ВІЛС быў перададзены даччынай кампаніі «Газпрама». На сёньняшні дзень галоўны лабараторны корпус ды шмат іншых здадзены ў арэнду ды пад склады. З навукоўцаў (якіх калісь было каля 6 тысячаў) засталося блізка 150 чалавек пенсіянераў. 3 галаўных лабараторыяў па СССР у складзе 50-100 чалавек засталіся 1-3 чалавекі ў сутарэньнях пры цэхах, большасьць якіх зачынена. Калісьці матэр’ялы распрацоўваліся на дакладныя дэталі па прынцыпу 3 рэсурсаў. Але сёньня большасьць авіяпарку вылетала нашмат больш рэсурсаў, і вядома, як «падаўжаецца» далейшая эксплуатацыя тэхнікі. Калісьці ў Інстытута было нават права «вета». Для гэтага на ВІЛСе існававала самая забясьпечаная абсталяваньнем лабараторыя «зморанасьці мэтала» .Цяпер праз некалькі год апошнія пенсіянеры-навукоўцы, якія атрымліваюць сьмешныя заробкі з затрымкамі, фізічна паставяць тут вялікую навуковую кропку.
VI.Пра дэмакратыю
Расея ўсяму сьвету дэманструе свой дэмакратычны фасад, але на справе з кожным годам ён ўсё бліжэй да беларускага, уся справа ў іміджмэйкерах ды рэкляме. Рэальная дэмакратыя праіснавала ў Расеі нядоўга – апошнія гады Гарбачова, ды першыя 5 год кіраваньня Ельцына. Пры сёньняшнім ўладары РФ каналы ТV усе дзяржаўныя; ужо не пачуеш крытыкі на ягоны адрас, ды вольных, незалежных аналітыкаў, рэйтынгаў; выступы прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў дазуюцца і рэжуцца, улада ўсё актыўней умешваецца ў выбары – падразаючы праз ЦВК ды суды ўсіх непатрэбных. На самай справе сёньняшняе становішча дэмакратыі ў РФ ўсё больш нагадвае беларускае, проста часам выкарыстоўваюцца не адміністрацыйныя рычагі, а судовыя ды фінансавыя, ды падаткавыя і, як раней, «тэлефоннае права». Чым далей ад Масквы, тым мацней падобны ўціск. Залежныя цяпер ад Крамля СМІ усё часьцей выступаюць па прынцыпу: «У Багдадзе ўсё спакойна...», г.зн. «расейцы жывуць усё лепш ды лепш», «стан эканомікі паляпшаецца», і гэта пры наяўнасьці зусім іншых працэсаў. Пуцін на гэты конт выказаўся, што «час рэвалюцыяў мінуў». Можна дадаць: час расейскай дэмакратыі мінуў, застаўся толькі зьнешні фасад.
VII.Пра саюз ды славянскае адзінства
У адрозьненьне ад РБ, у РФ ніколі не было прапаганды славянскага адзінства ды саюзнай дзяржавы. Пра гэта прыгадвалі толькі падчас сустрэч Лукашэнкі з уладарамі РФ. Пастулат славянскага адзінства увогуле непрымальны для сучаснага расейца. Расейская імпэрыя ніколі не была славянскай краінаю.
Тут трэба сказаць, што ў Маскве жыве амаль паўтара мільёна пашпартных татараў (ня толькі казанскіх, але сібірскіх і іншых), а яшчэ больш за мільён іншых мусульманаў. Іслам, разам з праваслаўем, з’яўляецца паўнавартай дзяржаўнай рэлігіяй РФ. Па розных падліках, у РФ каля 50 млн. мусульманаў ды будыстаў.
Па-другое, расейцы ніколі не лічылі сябе за частку славянскага сьвету, або проста чыёй-небудзь часткай. Яны нашмат часьцей кажуць пра «русский мир». І гэта зразумела сучаснаму расейцу. Больш за тое, калі кажуць пра славакаў, чэхаў, палякаў, славенаў, харватаў і г.д. – тэрмін «славянскі» амаль не ўжываецца. Калі тут апытваць на вуліцах, то 9 з 10 могуць запытаццца: а што, чэхі – гэта славяне? Больш за тое, сучасны расеец заўсёды зьверху глядзіць на ўсе славянскія народы ды іх дзяржавы, ён нават паставіць сябе вышэй за славяніна. Сапраўды, усе славянскія народы – эўрапейскія, як і іх дзяржавы, а расейцы – нацыя эўразійская, тут іншая мэнтальнасьць, набытая ад Залатой Арды, іншы размах. Таму пытаньне Саюзнай дзяржавы, якое так нагнала аскому беларусам праз дзяржаўныя СМІ, у РФ – усяго адзін са шматлікіх палітычных вектараў, пра які проста немагчыма ўвесь час талдычыць. Ельцын падпісаў саюзную дамову, зрабіўшы чарговы прапагандавы крок. Расейцы ніколі не пагодзяцца на нейкую надбудову над расейскім пірагом, які даўно ўжо падзелены і перадзелены, але яны з задавальненьнем, згодна са сваёй мэнтальнасьцю, адгрызуць кавалак чужога. Гэтую саюзную дамову ніхто ўсур’ёз ня ўспрымае, яе выкарыстоўваюць толькі для набыцьця палітычнага капіталу сярод постсавецкага натоўпу. Але савецкае ў РФ хутка памірае і становішча ўжо не такое, як пяць гадоў таму. Нават камуністы ў РФ больш ня робяць капітал на саюзе. Таму саму савецкую маску можна адкінуць і вярнуць сваё больш традыцыйнае, ардынска-імпэрскае, аблічча. Што Пуцін і зрабіў.
VIII.Заканчэньне
У РФ свой гістарычны шлях, у Беларусі свой. І зараз гэтыя шляхі йдуць у розныя бакі. Час гульняў скончыўся. Усё астатнее з боку Беларусі – гэта гвалт самой сябе. Расея глядзіць на Беларусь, як драпежнік на кавалак мяса. Часам хочацца сказаць : «Хлопцы, вы з кім у гульні гуляеце, як толькі ад вас кавалкаў не застанецца?». Таму, калі сустракаеш у Маскве якога-небудзь «пана спартсмена» з фракцыі «Рэспубліка», які так «перажывае» з зацікаўленасьці якога-небудзь «Сургутнафтагазу» нафтагазавай маёмасьцю ў Беларусі, ці глядзіш на відовішча сустрэчы расейскай і беларускай палітычнай эліты ў гатэлі «Залатое кола» ў Маскве, на якім дрэнна апранутым «уладным калгасьнікам» з Беларусі прапануюць адкрытым тэкстам грошы за продаж сваёй краіны і яны ў адказ ня могуць нічога супрацьпаставіць, акрамя «саюзных саплей» – становіцца сумна, бо ўлада ў Беларусі знаходзіцца ня ў тых руках, руках людзей, чые адукацыя, далягляд ды розум прымушаюць жадаць лепшага. На справе РФ не жадае, ды ня будзе плаціць гэтым «калгасьнікам», яны не атрымаюць сваіх камісійных пры любым раскладзе. У Беларусі ёсьць толькі эўрапейскі шлях. У Расеі свой – эўразійскі.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу ФІЛАМАТЫ
|