|
Павятовыя соймікі ў дзяржаўна-заканадаўчым
і грамадска-палітычным жыцці ВКЛ апошняй трэці XVI – пачатку XVII стст.
Павел Лойка
Павятовы ўзровень адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу зямель ВКЛ
фарміраваўся паступова на працягу XV – першай паловы XVІ ст. Афіцыйны
тэрытарыяльны, адміністрацыйна-кіруючы, судовы, ваенны статус павета быў
акрэслены рэформамі 1565 г. і заканадаўча замацаваны Статутамі ВКЛ 1566 і 1588
гг. Узрастанне ролі паветаў у заканадаўча-палітычным жыцці краіны стала вынікам
змагання вялікакняжацкай шляхты за рэальную ўладу і ўплыў на стан спраў у дзяржаве,
якія мелі шырокія шляхецкія колы ў
суседняй з ВКЛ Польшчай. Менавіта паслялюблінскае пяцідзесяцігоддзе, што было
адметнае трыма бескаралеўямі, праходзіла пад знакам збліжэння палітычнай
практыкі дзвюх складовых частак канфедэратыўнай Рэчы Паспалітай (РП), калі
шляхта станавілася вызначальнай сілай у ВКЛ. Пэўна, гэта быў адзіны момант у
пяцісотгадовай гісторыі княства, калі дробная і сярэдняя шляхта ўдзельнічала ў
вызначэнні палітычнага курсу дзяржавы.
Апафеозам
шляхецкіх перамог і здабыткаў сярэдзіны 60-ых гадоў XVI ст. стала ўхваленне
вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам на Бельскім сойме ВКЛ 1564 г. прывілею,
згодна з якім ў Княстве на ўзор Кароны Польскай уводзілася дзейнасць павятовых соймаў,
што атрымалі назву соймікаў. Віленскі сойм у наступным, 1565 г. засведчыў сваёй
пастановай, якая зыходзіла ад гаспадара, што “приводечи ку большему порадку реч
посполитую, што быхмо на выбранье послов соймом власным и иншим потребам
земским належачих, дозволить порешили в поветах, то есть где колвек врады
судовые засажоны, … соймы… в каждом повете збирати, и на тые соймы поветовыя
всим… князям, паном, врадником земским и дворным, и всим станом народу
шляхетского и стану рыцерского, где хто бы в котором повете оселость маеть, на
часы через листы наши назначоные зъеждчатися, прикладом и порадком яко… обычай
захован ест в паньстве нашом Коруны полское…, каб зъехався в потребах речи
посполитой радити…» [[1]
Такім чынам, соймікі збіраліся ў павятовых цэнтрах ВКЛ. Для сённяшніх
беларускіх зямель гэта Вільня, Ліда, Ашмяны, Браслаў (Віленскае ваяводства),
Гародня (Трокскае ваяводства), Полацак (Полацкае ваяводства), Віцебск, Орша
(Віцебскае ваяводства), Мсціслаў (Мсціслаўскае ваяводства), Менск, Мозыр,
Рэчыца (Менскае ваяводства), Берасце, Пінск (Берасцейскае ваяводства),
Наваградак, Ваўкавыск, Слонім (Наваградскае ваяводства).
Вышэйцытаваная
Віленская соймавая пастанова акрэслівае кола соймікаваўшых усёабдымнай фармулёўкай: «всим станом народу шляхетского и стану рыцерского».
Шматлікія дакументальныя крыніцы паўтараюць гэтую стэрэатыпную фразу ў падобных
інтэрпрэтацыях: «стан рыцерски», «обыватели стану рыцерского», «станы народу
шляхетского» і г. д. Удзельнікамі соймікавых пасяджэнняў, паводле Статутаў ВКЛ, былі: «бискупове, воеводове,
кашталяни и врядники земские, князи, панове и шляхта, кождый у своем воеводстве
або повете» [[2]... Апошняе папярэджанне — абавязковае валоданне
зямельнай уласнасцю на тэрыторыі пэўнай
адміністрацыйнай адзінкі — стала адзіным абмежаваннем удзелу у шляхецкім сходзе
любога прадстаўніка вышэйшага прывілеяванага саслоўя ВКЛ.
Такім чынам, соймікавая павятовая практыка дазваляла шляхце ўсіх зямель ВКЛ
пагалоўна прымаць удзел у палітыка-заканадаўчай дзяржаўнай дзейнасці.
Механізм
склікання соймікаў заканадаўча быў дасканала распрацаваны. Ён абвяшчаўся
велікакняжацкім каралеўскім універсалам напярэдадні (за 6 тыдняў) агульнага
сойма Рэчы Паспалітай: “Абы вечными часы перед соймом великим вальным,
который маем мы и потомки нашы завжды, коли того потреба укажеть речи
посполитой, за порадою рад наших того ж паньства складаны листы нашими были,
теж соймики поветовые… также листы нашими будуть складаны… за шесть недель
перед соймом великим” [[3].
Рассыланнем каралеўскіх лістоў
з абвяшчэннем сойміка і пытаннямі, якія ставіліся да абмеркавання цэнтральнай
уладай, займаліся спецыяльныя павятовыя “возныя”: “А возные поветовые винни
будуть с пильностью тые листы розносити под караньем их за то … гды ж возные,
для таковых послуг земских, от службы военной вольни быти мають” [[4].
Вынікам соймікавай працы было выбранне ад кожнага павета па 2 паслы на вальны
сойм і выдача ім інструкцый “за печатьми обывателей того повету”, згодна якім павятовыя
дэпутаты выказвалі свае пазіцыі па актуальных пытаннях на галоўным дзяржаўным
форуме [[5]. На чале
соймікавых пасяджэнняў стаялі вышэйшыя службовыя асобы на месцах, у першую
чаргу кашталян і павятовы маршалак. Дзейнасць соймікаў не абмяжоўвалася толькі
перадсоймавымі зборамі. У прэрагатывы мясцовага шляхецкага з’езда ўваходзіла права
выбрання 4 кандыдатаў на вольныя пасады земскіх судоў (суддзі, падсудка,
пісара, а таксама падкаморага), аднаго з якіх гаспадар зацвярджаў потым да
выканання судовых абавязкаў. Такі соймік меў назву элекцыйнага. Штогод ад 1582
г. (пасля ўтварэння ў 1581 г. Трыбуналу
ВКЛ) 2 лютага, г. зн. У Дзень Маці Божай Грамнічнай, збіраўся соймік трыбунальскі, ці “грамнічны”, як ён называўся ў гонар дня правядзення.
У абавязак гэтага сходу шляхты ўваходзіла абранне дэпутатаў да працы ў галоўным
судзе ВКЛ, які дзейнічаў у Вільні, Наваградку і Менску. На 80-ыя гады XVI ст. прыпадае таксама з’яўленне і
заканадаўчае афармленне дзейнасці яшчэ аднаго павятовага шляхецкага сойміка —
рэляцыйнага. Ён склікаўся праз чатыры тыдні пасля заканчэння вальнага сойму.
Галоўнай прычынай і задачай збірання пасоймавага сойміка было інфармаванне
мясцовай шляхты дэпутатамі, якія вылучаліся ёю на сойм, “што бы на котором
сойме в справах и потребах речы посполитое справили и постановили”[6][6].
У кампетэнцыю рэляцыйнага сойміка ўваходзіла абмеркаванне соймавых пастаноў, іх
ухваленне ці выказванне нязгоды (гэта датычыла
галоўным чынам падаткавых збораў). Падчас бескаралеўяў, прынамсі, у
1587 г., у паветах збіраліся так званыя каптуровыя соймікі, якія сваімі
пастановамі забяспечвалі дзеяздольнасць мясцовай адміністрацыйнай, судовай
улады. Пры гэтым павятовы шляхецкі стан забяспечваў унутраны парадак, “абы
конфедерация была в цале и ненарушне захована…, абы…незнаски, своволенства,
кгвалты, наезды, забойства, однятя маетности и ниякое безправе од своволных
людей так стану духовного, яко и свецкого не делало”[7][7].
Улічваючы
правядзенне з экстранных нагод надзвычайных соймікаў, на кожны год і на кожны
павет прыпадала ад 1 да 3, а то і 4 шляхецкіх сходаў. Гэта сведчыць аб
інтэнсіўным палітычным жыцці ва ўсіх рэгіёнах Рэчы Паспалітай, у тым ліку на
беларускіх землях.
Соймікавая практыка, зафіксаваная дакументальна, акрэслівала
самае шырокае кола грамадзян палітычна актыўных: “уся шляхта”, “усе абывацелі
стану рыцарскага”, “усё рыцарства”, “стан рыцарскі” і да таго падобнае. Але, безумоўна, шляхта пагалоўна ніколі не выступала на
сваіх палітычных сходах. Асноўная маса паглыналася штодзённай руцінай жыцця,
аддаючы свой голас некалькім завадатарам са свайго тэрытарыяльнага асяродка. Ды
нават невялікія павятовыя цэнтры не маглі б раскватараваць і змясціць у
галоўным касцёле, дзе найчасцей збіраліся соймікі, усю шляхту павета.
Палітычна актыўную частку шляхецкага
насельніцтва дакладна вылічыць немажліва. У розныя часы яна вагалася. Падчас
бескаралеўяў, антыкаралеўскіх рокашаў, лёсавызначальных падзей, накшталт царкоўнай
уніі ці ваеннай небяспекі, актыўнасць «палітычнага народа» значна ўзрастала ў
параўнанні з часам адносна спакойным.
Але сярэднестабільны працэнт палітычна
ўплывовай шляхты збольшага можна вызначыць па ўскосных дадзеных. Адштурхоўвацца
ў падліках лагічна ад колькасці падпісантаў пад соймікавымі інструкцыямі паслам
на вальны сойм. Лічбы гэтыя, праўда, як тэрытарыяльна, так і храналагічна
вельмі розныя. У сярэднім яны вагаюцца ад 20 да 60 асобаў. Пры гэтым трэба
ўлічваць, што абавязку падпісання гэтага дакумента не існавала, таму
найвышэйшую лічбу (каля 60) лагічна прымаць за сярэднюю для кожнага павета. Хоць
зноў жа трэба зрабіць агаворку: актыўнасць павятовых соймікаў на заходняй
тэрыторыі Беларусі пераўзыходзіла ўсходнюю частку. Гэта абумоўлівалася меншай
там шчыльнасцю насельніцтва і памежным з Расіяй неспакойным становішчам
рэгіёна.
Палітычную эліту ВКЛ канца XVI ст.
колькасна прыкладна у тысячу асобаў дазваляе акрэсліць заўвага найбольш
дасведчанага грамадскага дзеяча таго часу, канцлера Вялікага Княства Льва
Сапегі. У сваім лісце з Маладзечна, які датаваны студзенем 1590 г., да ваяводы
віленскага і гетмана найвышэйшага Крыштафа Радзівіла ён пісаў аб прычынах
спазнення склікання соймікаў. Сітуацыя выклікана тым, што “копіі лістоў
соймавых і інструкцый 6 студзеня з Варшавы паступілі, для перапісвання якіх,
дай Божа, каб хапіла 2 тыдняў. Інструкцый павінна быць 23 (па колькасці паветаў.
— П. Л.), а кожная з іх на некалькіх аркушах сціслага пісьма. Яшчэ лісты да
паветаў, да паноў ураднікаў, да шляхты, да паслоў, трэба іх пад тысячу (вылучана мной. — П. Л.),
якія паводле права трэба ў час за два тыдні перад соймікам разаслаць”[8][8].
Паміж іншым, калі тысячу палітычнай шляхецкай эліты падзяліць на 23 паветы, то
ў сярэднім на асобную адміністрацыйную адзінку прыпадае каля 43 асобаў. Калі
ўлічыць, што канцлераўскія лісты накіроўваліся не да ўсіх палітычных
актывістаў, то лічбу мінімальна да 60 асобаў падняць здаецца рэальным.
Такім чынам, ВКЛ другой паловы XVI ст.
налічвала каля 4 млн. насельнікаў[[9].
Прынята лічыць, што шляхта складала 10 % ад агульнай колькасці жыхароў.
Значыць шляхецкі асяродак у ВКЛ налічваў прыкладна 400 000 чалавек. У выпадку
прыняцця лічбы 60 да колькасці соймікаваўшых у кожным з 23 паветаў ВКЛ, то
актыўных палітычных шляхецкіх асоб на тэрыторыі Вялікага Княства дзейнічала
1380. Гэта складала недзе 3,5 % “народу шляхецкага”. Лічба ўяўляецца
рэальнай у параўнанні з заходняй суседкай. Польскія даследчыкі палітычна актыўны
шляхецкі асяродак у канцы XVI—пачатку XVII ст. абмежавалі 6 %[10][10],
а традыцыі, вопыт, практыка шляхецкай Польшчы ў гэтым напрамку куды больш
важкія.
Шляхецкі ўплыў на палітычны стан
дзяржавы ацэньваўся не толькі і не столькі колькасцю удзельнікаў грамадскага
жыцця, а, галоўным чынам, сутнасцю абмяркоўваемых імі праблем ды выніковасцю
ўплыву іх думкі на канчатковыя палітычныя дзяржаўныя захады. Менавіта апошняя
трэць XVI — першая трэць XVII ст. стала часам, калі шляхецкі голас улічваўся ў
вырашэнні кардынальных пытанняў унутранай і знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай
Двух Народаў.
Пытанні, рашэнне якіх раней было
прэрагатывай толькі вышэйшай знаці, цяпер выносіліся на абмеркаванне шырокага
кола шляхты. Гэта былі жыццёваважныя міжнародныя і агульнадзяржаўныя праблемы.
Таксама на парадку дня соймікавых пасяджэнняў апошніх дзесяцігоддзяў XVI ст.
стаялі самыя разнастайныя пытанні: ад велікакняжацкіх да ваяводска-павятовых і
асабістых.
На першым
месцы значылася праблема дзяржаўнай бяспекі: “Яко бы Реч Посполитая в добром
безпеченстве обварованю опатрена была” [[11].
Вырашэнне праблемы палягала ва ўмацаванні дзяржаўных межаў, захаванні і
мажлівым пашырэнні зямельных уладанняў, дыпламатычнай і вайсковай арганізацыі
абароны ад знешніх ворагаў.
Пільна сачыла шляхта беларускіх зямель за працэсамі, якія адбываліся ва
ўнутрыпалітычным жыцці краіны. У першую чаргу гэта тычылася рэлігійных
пытанняў, якія на працягу трох стагоддзяў парушалі ўнутраны спакой і
стабільнасць ВКЛ. Менавіта ўсведамленне пагрозы ўнутраных узрушэнняў, прымушала
каталіцкую шляхту на сойміках займаць пазіцыю верацярпімасці, каб не дапусціць
да рэлігійных канфліктаў. Гэта адлюстравана ў матэрыялах абсалютнай большасці
соймікавых пасяджэнняў, “абы якога шкадлівага замяшання ў Рэчы Паспалітай не
сталася, трэба каб былі захаваны правы рэлігіі грэцкай і рэлігіі евангеліцкай” 12.
На сойміках беларускіх паветаў
абмяркоўваліся і такія ўнутрыпалітычныя праблемы, як міжэтнічныя стасункі. У
першую чаргу яны датычылі адносін з габрэямі і татарамі, што з XIV ст. сталі неад’емнай часткай велікакняжацкага грамадства. Мірнае
суіснаванне з мясцовым насельніцтвам ім гарантавалася дзяржаўным заканадаўствам
і велікакняжацкімі прывілеямі. Але існавалі пэўныя абмежаванні для іншаверцаў у
адносінах да хрысціян. Адступаць
ад іх выканання строга забаранялася, за чым пільна сачыла шляхта. Так, габрэі,
згодна лісту ім дадзенага ў 1541 г. вялікім князем літоўскім Жыгімонтам I, “не
мають люду хрестиянского в закон их приймовати… А хто бы то вчинил…, таковый
без кождого милосердья горлом и всею маетностью мает каран быти… В неволю собе
жадного хрестиянина брати и куповати не мають. И кгды который року умовеного
дослужить, таковым, учинивши супольную заплату за службу их, мають доброволне
от себе отпускати, державши закупа або закупку один год, а через год не мають у
пенезях у наймех хрестиян ховати”.13 Аб
недапушчэнні падобнай практыкі пастаянна дбалі на соймікавых сходах. Прыкладам,
у 1618 г. шляхта Віленскага павета пастанавіла, каб габрэі “хрысціян мужчын і
жанчын на паслугі свае не ўжывалі пад віною ў 100 грывен”. У 1632 г. лідскія
шляхціцы падцвярджалі тую ж забарону 14.
Галоўным заняткам габрэйскага
насельніцтва ВКЛ быў гандаль і рамесная вытворчасць. Як вярхоўная ўлада, так і
шляхта ВКЛ нікому не дазваляла чыніць ім тут нейкія перашкоды. У вышэйзгаданым
велікакняжацкім лісце падкрэслівалася: “И што дотычеть тых жидов, родичов
здешних и прихожих у Великом княстве, … без права николи не мають быти иманы,
ани по дорогом и в доме их гамованы (затрыманы. — П. Л.). Нижли мають
доброволно мешкати и, по куплям ездячи, торговати без всякого гомованья…” 15. Калі габрэйскім гандлярам не выпадала
“з домов своих с куплями нигде не смеют ездити…, за тым…в мытех наших (скарбу
ВКЛ. — П. Л.) шкода великая ся нам дееть” 16.
Шляхта беларускіх паветаў не дапускала абмежаванняў ў дзейнасці габрэйскіх
гандляроў і рамеснікаў. Так, у 1632 г. Наваградскі соймік настойваў, “каб жыды
свае прывілеі захавалі і гандаль вольны мелі, асабліва ў Наваградку, як і ў Вільне” 17. У тым жа годзе пінская шляхта
выступала з просьбай, “абы жыдом віленскім і пінскім, і іншым купцам, тавары
крамные, як і іншые рыштункі ваенныя дазволена было рабіць” 18.
Скарб ВКЛ спраўна папаўняўся падаткамі
з габрэйскага насельніцтва. Гэтую крыніцу даходнасці дзяржаўнага бюджэту
павятовая шляхта пільна кантралявала. Напрыклад, у 1596 г. Аршанскі соймік напамінаў:
“А иж жыдове Великого князства Литовского здавна звыкли были давать до скарбу
короля его милости побор кождого року по чырвоному золотому” 19. У 1613 г., цяжкім для казны ВКЛ,
Віленскі шляхецкі з’езд пастанавіў, што габрэі “пагалоўнае двайное маюць даць,
акрамя тых, якія з прычыны пажараў у Берасці і ў іншых гарадах пагарэлі” 20. Ашмянская шляхта ў 1625 г.
устанаўлівала, “каб пагалоўнае жыдоўскае збіралася ў суме 2500 злотых” 21.
Габрэйскія падаткаплацельшчыкі, спраўна
выконваючы свой абавязак, пры гэтым не прэтэндавалі на ўжыванне шляхецкіх
правоў і вольнасцей. Інакшай была татарская этнічная суполка: яна таксама мела
свае службовыя прывілеі, але імкнулася дасягнуць шляхецкіх. Гэта з’яўлялася
галоўнай прычынай перманентных канфліктаў шляхецкага павятовага грамадства з
мясцовым татарскім насельніцтвам. У 1611 г. соймік Ашмянскага павета падняў
праблему, якую паслы мусілі абмеркаваць з усімі станамі соймавымі: “Ці будуць
татары Вялікага княства ўраўнены са станам шляхецкім і будуць ужываць шляхецкія
вольнасці?” 22. У сваёй пераважнай
большасці шляхецтва пратэставала супраць такой мажлівасці і выстаўляла перад
соймам і каралём Рэчы Паспалітай прэтэнзіі да татарскіх службовых асоб. Прыкладам
таму інструкцыя павета Віленскага, дадзеная ў 1618 г. паслам на шляхецкі
агульны з’езд: “Ад татараў, якія ў тутэйшым панстве жывуць, маем вялікія
крыўды, бо тое паганства роўна з намі, станам шляхецкім, вольнасці ўжываць не
могуць. А яны прэтэндуюць сабе не толькі на свабоды, а яшчэ раўняцца з намі ва
ўсім. А найболей, калі ім выпадае на паслугі яго каралеўскай міласці і Рэчы
Паспалітай ехаць, тады стацыямі, гвалтамі абцяжярваюць нас і падданых нашых.
Таму паслы павінны старацца пільнаваць, каб гэта свавольства іх спыніць. А
лепей замест таго, каб татарыку самому са сваёй аседласці на вайну ехаць, на
кожны год даць па 10 коп грошаў літоўскіх з каня да скарбу. А каб у тым не было
ніякіх фартэлей, неабходна рэвізораў яго каралеўскай міласці і ад станаў
соймавых прызначыць, каб дэпутаты з кожнага павета былі” 23.
Развязку “татарскай праблемы” шляхта
шукала яшчэ паўтара дзесятка гадоў. У 1632 г. Наваградскі, Лідскі ды іншыя
павятовыя соймікі дабіваліся, “каб з зямель татарскіх служба ваенная
выконвалася, а яны на ўжыванне шляхецкіх вольнасцей не прэтэндавалі” 24.
Немалой турботай шляхты была і кадравая
праблема. Шляхта намагалася ўдзельнічаць у прызначэннях на вышэйшыя ўрадавыя
пасты, сачыла за выкананем іх тэрмінаў і адпаведнасці кандыдатур. Прыкладаў
таму мноства. Можна згадаць соймавую інструкцыю дэпутатам Менскага ваяводства
1598 г., дзе адзначалася: “Менавіта ў соймавых канстытуцыях апісана, што кароль
усе вакансіі на сойме ад яго пачатку ў тыднёвы час раздаць павінен. Паслам
трэба прасіць караля, каб не адкладаў на тым сойме пытанні аб вакансіях на
больш позні тэрмін” 25. У тым
жа 1598 г. шляхта Наваградскага ваяводства заўважала, што “ад гетмана польнага
моц усяго Вялікага княства Літоўскага залежыць. Таму трэба намагацца панам
паслам на сойме, каб гетманства польнае дасталася чалавеку годнаму,
заслужанаму” 26.
Прычым, як адзначалася на з’ездзе галоўным Слонімскім у 1618 г., каб раздача
вакансій адбывалася на соймах з удзелам прадстаўнікоў ВКЛ, бо “Айчына наша мае
людзей зацных і заслужаных” 27.
Таксама не заставалася без шляхецкай
увагі валютная праблема. Неаднойчы на павятовых сойміках паўставала пытанне аб
манетарным абарачэнні. Віленскі павятовы сход 1618 г. прапаноўваў спыніць выпуск
шэлегаў і сведчыў, што “шкод зашмат і крыўд церпім ад манет, што з іншы
паньстваў паступаюць, на то чырвона злоты, талер і орты вельмі высока
падняліся. Шкоду маем і ад шостака” 28.
Аб барацьбе з падробкамі і пакаранні фальшываманетчыкаў гаварылася на сойміку
Наваградскага павета 1618 г.29. Праблема
ўмацавання мясцовай валюты абмяркоўвалася ў 1625 і 1630 гг. на сходзе ашмянскай
шляхты 30.
Розныя праблемы ўзроўню міждзяржаўнага, велікакняжацкага,
ваяводска-павятовага, гарадскога,
саслоўнага, сямейнага закраналіся падчас абмеркавання шляхтай будзённай
рэчаіснасці. Прапаноўвалася
зрабіць перапіс (“попіс”) шляхты па ўсіх паветах для больш дакладнай
рэгістрацыі падаткаў і выканання ваеннай службы. Рабіліся захады да
канчатковага ўсталявання аднолькавых вагавых мер ва ўсім ВКЛ, асабліва ў
Вільні. У тых месцах, дзе спаганялася маставое, выстаўляліся патрабаванні, каб
былі добрыя пераправы. І збіраўся гэты падатак не бліжэй чым за 5 міляў ад
адной да другой пераправы. Шляхта беларускіх зямель не раз выступала з
ініцыятывай, каб шляхецкія і духоўныя землі агульным падатковым цяжарам
абкладаліся. Наогул, антыцаркоўныя эканамічныя настроі прэваліравалі ў
шляхецкім асяродку. На сойміках павятовых часцяком прамаўлялася, каб “стан
шляхецкі іх міласці паны духоўныя аб дзесяцінах і аб іншых рэчах не турбавалі” 31. Мясцовая
праблематыка шляхецкіх соймікаў неабдымная. У так званых “пецітах”, якіх часам
налічваюць некалькі дзесяткаў, ідуць просьбы, патрабаванні, рэплікі наконт
цяжкасцяў гандлёва-эканамічных (дазвол на ярмаркі, ліквідацыя мыт, пабудова
мастоў і г. д.), зямельных (зямельныя падараванні, спрэчкі, абарона пушчаў
і г. д.), судова-прававых (удасканаленне судовай дзейнасці, нязгода з усталяваннем
новых судовых цэнтраў, крымінальныя разборкі), узнагародавых і да таго
падобнае 32.
Такім чынам, сфера палітычных інтарэсаў шляхты беларускіх зямель у апошняй
трэці XVI — першай трэці XVII ст. была самай разнастайнай. Менавіта ў
гэты час палітычная актыўнасць “народа шляхетнага” была найвышэйшай, што
тлумачылася відавочным уздзеяннем на палітыку ўрада Рэчы Паспалітай пазіцый
шырокага шляхецкага кола. У паслялюблінскае паўстагоддзя цэнтр цяжару палітычнага
жыцця ВКЛ усё больш пераносіўся на павятовы ўзровень. Вымушаныя прашляхецкія
крокі магнацка-арыстакратычнага цэнтра, якія былі выкліканы знешне- і ўнутрыпалітычнымі
складанасцямі, паступова пераўтваралі павет ва ўплывовую, а ў некаторых
момантах (бескаралеўе) вызначальную дамінанту дзяржаўнай улады. Гэта
занакамерна, бо на працягу 60—70-ых
гг. XVI ст., па меры ажыццяўлення дзяржаўнага адміністрацыйна-судовага
рэфармавання на польскі лад, павет станавіўся ўнутрызамкнёнай тэрытарыяльнай
адзінкай мясцовага самакіравання, дзе канцэнтраваліся асобныя адміністрацыя,
палітычны цэнтр і выбарчая курыя, судовыя органы і ваенная харугва 33.
Павет ўсё настойлівей заяўляў пра сябе як пра самастойную сілу, якая ў
крытычных сітуацыях бярэ ініцыятыву ў свае рукі і ўпэўнена займае трывалае
месца ў палітычным жыцці ВКЛ. Але да сярэдзіны XVІІ ст. соймікавая эйфарыя
змяншаецца, і недзе з 30-ых гадоў XVII ст. павятовыя шляхецкія з’езды набываюць рысы абавязковых традыцыйных
шляхецкіх сходаў, на якіх адпрацаванымі выразамі складаюцца адозвы на
каралеўскія запыты.
[1] Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (ГАСА). Дакументы пергаментныя (Д. П.). № 7772.
[2] Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Мн., 1989. Раздз. III, арт. 6.
[5] Zakrzewski A. Marszałek
powiatowy Wielkiego Księstwa Litewskiego marszałkiem sejmikowym (XVI—XVIII w.)
// Parlament, prawo, ludzie. Studia
ofiarowana profesorowi Juliuszowi Bardachowi w sześćdziesięciolecie pracy twórczej. Warszawa, 1996. S. 356—361.
[6] Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Раздз. III, арт. 9.
[7] ГАСА. Архіў Радзівілаў (АР), адд. II, № 164, арк. 1.
[8] Archiwum Domus Sapiehanae. T.
I. Lwów, 1892. S. 52.
[9] Ochmański J. Historia
Litwy.Wyd. II. Wrocław, 1982. S. 155.
[10] Historia Sejmu polskiego. T. 1.
Warszawa, 1984. S. 224—225.
[11] ГАСА. АР, аддз. ІІ. № 346, арк. 6.
12 Тамсама. № 370, арк. 3.
13 Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 28. Мн., 2003. С. 113—114.
14 ГАСА. АР., аддз. II. № 693, арк. 6; № 1064, арк. 8.
15 Метрыка Вялікага
Княства Літоўскага. Кн. 28. С. 114.
17 ГАСА. АР., аддз. II. № 1089, арк. 7.
18 Тамсама. № 1086, арк. 3.
19 Тамсама. № 346, арк.4.
20 Šapoka A. Lietava ir Lenkija.po 1569 metu Liublino unijos. Kaunas, 1938. S. 334.
21 ГАСА. АР., аддз. II. № 940, арк.1.
23 Тамсама. № 693, арк. 5-6.
24 Тамсама № 1064, арк. 8; № 1089, арк.6.
25 Тамсама. № 378 , арк.3
27 Тамсама. № 683а, арк. 4.
28 Тамсама. № 693, арк.4.
29 Тамсама № 701, арк. 4.
30 Тамсама. № 940, арк.1; № 1035, арк. 4.
31 Тамсама № 444 арк.3; № 545, арк. 2; № 1064,
арк. 7-8; № 1089, арк. 6 і г. д.
32 Тамсама № 242, арк. 10; № 373, арк. 3; №
693, арк. 5; № 1086, арк. 3-4 і г. д.
33 Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994. С. 128—131.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу ФІЛАМАТЫ |