Прыклады пашырэння іканаграфіі Божай Маці Жыровіцкай
у Беларусі, Украіне, Польшчы і Італіі
Піскун Юрый
Адной з найвялікшых хрысціянскіх святынь Беларусі з’яўляецца цудадзейны абраз Божай Маці Жыровіцкай. Яе рэльефная выява на маленькім авальным яшмавым камені-іконцы вось ужо пяцьсот гадоў збірае да сваёй рэзідэнцыі – Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра шматлікіх паломнікаў не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з суседніх зямель: Валыні, Падляшша, Літвы – і людзей простых, і знакамітых асобаў: вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, прадстаўнікоў слынных магнацкіх фамілій; вышэйшых царкоўных іерархаў. Шматлікімі былі ахвяраванні да Жыровіцкага абраза: і простыя металічныя крыжыкі, і ўпрыгожаныя каштоўнымі камянямі кароны, асвечаныя рымскім Папам Бенедзіктам XIII і ўрачыста ўскладзеныя да святыні 19 кастрычніка 1730 г., і сярэбраныя воты-падвескі, і чаканеныя абклады-рамы, якімі аздаблялі абраз каралева Бона Сфорца, канцлер Леў Сапега, Ганна Радзівіл з Сангушкаў і іншыя пілігрымы як вышэйшых, так і простых грамадскіх станаў Рэчы Паспалітай.
Калі б усе гэтыя рэліквіі зберагліся да нашых дзён, то толькі па іх адных можна было б яскрава пазначыць летапіс падзей, знітаваных з гісторыяй шанавання абраза Божай Маці Жыровіцкай.
Ужо з канца XVI стагоддзя каменны абразок Божай Маці Жыровіцкай стаў адным з найбольш шанаваных марыяльных скарбаў усёй Рэчы Паспалітай, сведчаннем чаму стала тое, што сярод уніяцкіх абразоў Божай Маці ў Беларусі і Украіне ён быў каранаваны найпершым, значна раней за Холмскі і Пачаеўскі абразы.
Нягледзячы на вялікую славу Жыровіцкага абраза, колькасць яго жывапісных спіскаў-паўтораў у параўнанні з іншымі ізводамі не была вельмі значнай, але вялікую славу жыровіцкай святыні характарызуе вельмі шырокі арэал распаўсюджання іканаграфіі Божай Маці Жыровіцкай: спіскі гэтага абраза вядомы ў Маскве, Рыме, на Падляшшы, у Прыкарпацці, Валыні і, натуральна, у Беларусі.
Адным з выразных прыкладаў асаблівага шанавання абраза Божай Маці Жыровіцкай на Валыні можна лічыць ватыўную карціну з яе выявай у аблоках і укленчаных перад ёю данатарамі: ткача Вербскага з жонкай і дачкой. Гэты напісаны на палатне твор, на жаль, не захаваўся, да рэвалюцыі ён знаходзіўся ў зборы Валынскага епархіяльнага сховішча старажытнасцей. Прозвішча і стан данатара – ткач Вербскі, а таксама дата стварэння, месца знаходжання ватыўнай карціны – 1745 г., вёска Вярхова Ковельскага павета – пазначаны ў анатацыі архіўнага фотаздымка, які знаходзіцца ў зборы БАН Украіны (ф. 278, № 957, фота № 46 – архіўныя фотаздымкі абразоў Валынскага сховішча старажытнасцей ўпершыню выяўлены і даследаваны В.Луцам, якому я асабліва ўдзячны за дапамогу і прадстаўленую фотакопію гэтага архіўнага матэрыялу).
Па сваёй кампазіцыйнай структуры і ватыўнаму зместу твор з вёскі Вярхова не з’яўляецца выключэннем у іканапісе тагачаснай Рэчы Паспалітай. Напрыклад, па сваёй пабудове вельмі блізкая да яго ватыўная табліца з адлюстраваннем цудатворнага Студэнцкага абраза з укленчанай перад ім сям’ёй данатара - шляхціца (сяр.XVII ст.; у зборы Анджэя Цеханавецкага; гл. іл.: A.Ryszkiewicz. O zbiorach fundacji imenia Ciechanowieckich // Biuletyn historii sztuki. Rok . LIV, № 4, Warszawa, 1992, s.42—43, il. 1).
Цалкам верагодна, што ватыўны абраз з вёскі Вярхова быў створаны ў падзяку за выратаванне дачкі Вербскіх; яе выява змешчана паміж выявамі укленчаных бацькоў. Выратаванне, выздараўленне дзяўчыны дзякуючы міласэрнаму заступніцтву Божай Маці тут як бы з’яўляецца новым паўторам, праекцыяй у тагачасную рэальнасць аднаго з першых вялікіх цудаў абраза Божай Маці Жыровіцкай – а менавіта, уваскрэсення Раіны Вайнянкі з вядомага беларускага праваслаўнага шляхецкага роду. (Цудоўная падзея пазбаўлення ад смерці Раіны з Войнаў адбылася каля 1558 года і зафіксавана ў шэрагу гістарычных архіўных крыніц. (Акты, относящиеся к истории Западной России, собр. и изд. Археографической комиссией. т.3, 1544—1587;СПб, 1848. С.252).
Божая Маці на абразе з Вярхова адлюстравана без тыповай для іканаграфіі Жыровіцкага абраза белай авальнай рамкі з тэкстам менавіта таму, што цуд з дачкой ткача Вербскага стаўся не канкрэтна ў прысутнасці Жыровіцкай святыні, а дзякуючы шчырым малітоўным зваротам бацькоў і дзяўчыны да Божай Маці Жыровіцкай, з нагоды таго, што яна раней ужо праявіла сваю адпаведную спагаду ў дачыненні Раіны Вайнянкі. Гісторыя Раіны Вайнянкі і іншых вялікіх цудаў Божай Маці Жыровіцкай была шырока вядома у Рэчы Паспалітай дзякуючы шматлікай друкаванай літаратуры – спецыяльныя кнігі з апісаннем цудаў Жыровіцкага абраза выдаваліся неаднаразова, пачынаючы з 1625 года, цуды Жыровіцкага абраза ў сваім творы «Небо новое...» апісаў таксама І.Галятоўскі (Голятовский Ионикей. Небо новое с новыми звёздами ... изд. тип. Киево-Печерской Лавры, 1677).
Другім арыгінальным прыкладам жывапіснага адлюстравання Божай Маці Жыровіцкай з выявай данатара з’яўляецца шанаваны абраз на дошцы, што знаходзіцца цяпер у зборы музея замка у Ланцуце ў Польшчы і паходзіць з Кросненскага ваяводства (з Гарадышча?). Р.Біскупскі, верагодна, абапіраючыся на гісторыю санктуарыя, падае яго як абраз першай паловы XVII ст. (Biskupski R. Ikony w zbiorach polskich. Warszawa, 1991, il.66, s. 28,38 – з уступнага артыкула аўтара, на жаль, незразумела, ці з’яўляюцца згаданая ім копія абраза Божай Маці Жыровіцкай ў Гарадышчу і адлюстраваны ў альбоме абраз з данатарам адным і тым жа помнікам). Пагрудная выява данатара змешчана ў правым ніжнім куце абраза, ніжэй авальнай стужкі, якая акаймоўвае паўпостаць Божай Маці Жыровіцкай, Хутчэй за ўсё адлюстраванне данатара тут з’яўляецца выявай рэальнага замоўцы гэтай копіі, бо напэўна немагчыма, хоць і спакусліва, прыняць гэтую выяву за міфічнае адлюстраванне Аляксандра Солтана – першага – у канцы XV ст. – уладальніка цудатворнага яшмавага абразка Божай Маці Жыровіцкай.
Позняя, 1851 г., копія абраза Божай Маці Жыровіцкай ёсць у царкве вёскі Мілейчыцы Беластоцкага ваяводства Польшчы. Падляшская вёска Мілейчыцы знаходзіцца недалёка ад Брэста, копію абраза Божай Маці Жыровіцкай напісаў, падпісаў і датаваў кобрынскі мастак-іканапісец Тэадор Васілеўскі (Katalog Zabytków sztuki w Polsce. Siemiatycze, Drohiczyn i okolice. Оpr. M.Kalamajska-Saeed. Warszawa, 1996, il. 216, s. 41).
Сярод іншых, і значна ранейшых за згаданую, апошняй з копій-спіскаў цудатворнага Жыровіцкага абраза, зробленых беларускімі майстрамі, назавём вядомую раней за 1732 г., слынную цудамі ікону Лядаўскай Божай Маці – копію Жыровіцкай (у Лядах, паблізу Мінска, знаходзіўся базыльянскі манастыр, фундаваны ў 1732 г. Ігнаціем Завішам, надворным маршалкам літоўскім). Эспедыцыя Інстытута мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору АН Беларусі у 1985 г. выявіла ў царкве вёскі Забалаць, паблізу Лядаў, дзве жывапісныя выявы Божай Маці Жыровіцкай-Лядаўскай – адну ў алтары і другую на вялікім палатне, складзеную на гарышчы. Абедзве гэтыя іконы трапілі ў Забалаць, пэўна, пасля закрыцця царквы ў Лядах у ХХ стагоддзі.
Яшчэ адна ікона, спісак Жыровіцкага абраза, з’яўляецца шанаваным абразом у царкве мястэчка Ракаў, паблізу Мінска. Як цудатворны, абраз Божай Маці Жыровіцкай-Ракаўскай згадваецца ў архіўных крыніцах канца XVIII – пачатка XIX стагоддзяў.
Амаль усе згаданыя вышэй жывапісныя адлюстраванні абраза Божай Маці Жыровіцкай належаць да XVIII ст., хоць Р.Біскупскі лічыць апублікаваны ім абраз творам першай паловы XVII стагоддзя. Калі пагадзіцца з яго меркаваннем, то ікона са збору музея замка Ланцут з’яўляецца адной з найбольш ранніх жывапісных копій Жыровіцкага абраза. Да XVII стагоддзя належаць таксама спісак 1669 г., зроблены, датаваны і падпісаны Мікітам Паўлаўцом у Маскве (зараз у зборы Сергеева-Пасадскага музея. Гл.: Николаева Т.В. Древнерусская живопись Загорского музея. Ленинград, 1977. С.338-399.) і ікона кафедральнай царквы ў Холме, памылкова атрыбутаваная як спісак абраза Пачаеўскай Божай Маці ў артыкуле А. Бараноўскага (A.Baranowski. Koronacje wizerunków Marii na Rusi koronnej w XVIII w. // Biuletyn historii sztuki. Rok LVII. Warszawa, 1995. № 3—4. S.313.).
Безумоўна, вялікую цікавасць уяўляюць спіскі Жыровіцкай іконы, выяўленыя у храмах, што знаходзяцца ў найбольш блізкіх да Жыровічаў населеных пунктах: гэта абразы ў вёсках Чарняны і Быцень Брэсцкай вобласці і ў слонімскім касцёле св.Андрэя Гродзенскай вобласці. Абраз на палатне з быценьскай царквы недаўна быў адрэстаўраваны, на нашу думку, ён з’яўляецца адным з ранніх, з XVII стагоддзя спіскаў Жыровіцкага абраза. Гэтая копія магла быць выканана тады, калі падчас нападу на жыровіцкі манастыр казакаў Багдана Хмяльніцкага Жыровіцкая цудатворная ікона была часова вывезена базыліянамі з Жыровіч у быценьскі уніяцкі манастыр.
Абраз Божай Маці Жыровіцкай шануецца цудатворным у нядаўна адрэстаўраваным і адкрытым для набажэнстваў касцёле св.Андрэя у Слоніме, за 10 км ад Жыровічаў. Цудадзейны абраз месціцца ў слонімскім андрэеўскім касцёле, у галоўным алтары, у атачэнні шматлікіх вотаў. І сам абраз, і каштоўныя яго ватыўныя падвескі раней не былі вядомы даследчыкам, яны захаваліся дзякуючы руплівасці вернікаў. Вернікі-католікі Слоніма лічаць сваю ікону самым раннім жывапісным спіскам Жыровіцкага абраза Божай Маці.
На нашу думку, абраз, які знаходзіцца зараз у Слонімскім касцёле, быў напісаны у Рыме і дасланы адтуль у Жыровічы ў 1730 годзе дзякуючы памкненням Ігнація Кульчынскага, рэктара рымскага базыліянскага манастыра Сергія і Вакха. Гіпатэтычна можна назваць і аўтара гэтага твора – італьянскага мастака Ларэнца Граміча дэ Каву, вучня слыннага у той час Вентуры Ламберці. Сваё меркаванне мы грунтуем на некалькіх падставах. Па-першае, – памылкі, нязвыклыя скарачэнні, пропускі літар, іх няправільнае напісанне ў кананічным царкоўнаславянскім тэксце на авальнай акантоўцы абраза сведчаць пра тое, што мастак не разумеў зместу надпісу, які капіраваў. Па-другое, – абраз у Слоніме ідэнтычны іконе Божай Маці Жыровіцкай у Ватыкане. Абедзве іконы відавочна зроблены адным мастаком.
І трэцяе, найбольш істотнае пацвярджэнне нашай гіпотэзы – сведчанні Ігнація Кульчынскага, выкладзеныя ім у сваёй кнізе, выдадзенай на італьянскай мове ў Рыме ў гонар праслаўлення абразоў Божай Маці Жыровіцкай у Жыровічах і Мадонны дель Паскола (копіі Жыровіцкага абраза) у Рыме, у царкве Сергія і Вакха. (Kulczynski Ignacy Il diaspro prodigioso di tre colori, ovvro narrazione istoria della tre Imagini Miracolose della Beata Vergine Maria... Roma, 1732) – выданне з ліку новых паступленняў аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (вывучалася намі разам з А.Ярашэвічам).
У сваёй аб’ёмнай манаграфіі Ігнаці Кульчынскі падрабязна распавядае гісторыю цудоўнага з’яўлення на сцяне ў калідоры галерэі рымскай царквы Сергія і Вакха з-пад тынкоўкі, што асыпалася, фрэскі з адлюстраваннем Божай Маці Жыровіцкай і пра іншыя падзеі, што адбываліся у гэты перыяд – з 1718 (час, калі цудоўным чынам з-пад асыпанага тынку з’явіўся абраз ў рымскай царкве) па 1730 (каранацыя абраза ў Жыровічах) і 1731 гады. Царква Сергія і Вакха ў Рыме была нададзена літоўскім базыліянам у 1639 г. Першымі насельнікамі утворанай місіі, як піша І.Кульчынскі, сталі Піліп Баравік і Іасафат Ісаковіч (адзначым, што аўтарам першага апісання цудаў Жыровіцкага абраза Божай Маці быў жыровіцкі манах Феадосій Баравік; яго кніга была выдадзена ўпершыню ў 1623 годзе, перавыдавалася ў 1625, 1628 і пазней. У кнізе 1628 года змешчана першае па часу графічнае друкаванае адлюстраванне абраза Божай Маці Жыровіцкай). Ігнацій Кульчынскі лічыў, што выяву абраза Божай Маці Жыровіцкай на сцяне калідора манастыра Сергія і Вакха зрабіў нехта з прыехаўшых з Літвы манахаў, каб прадставіць рымскаму народу выяву таго цуду, якім валодае жыровіцкі манастыр, і было гэта ў XVII стагоддзі. Пазней калідоры рымскага манастыра забялілі і толькі выпадкова пры рамонтных работах зноў з-пад тынкоўкі ўбачылі адлюстраванне Жыровіцкай іконы-фрэскі.
У 1730 г. гэту фрэску аддзялілі ад сцяны калідора і перанеслі ў галоўны алтар. Рэстаўрацыю абраза-фрэскі рабіў Ларэнца Граміча да Кава, і, магчыма, ён жа напісаў дзве копіі з рэстаўраванай іконы па заказу генеральнага пракуратара базіліян, рэктара Ігнація Кульчынскага. Адна з гэтых копій была паслана ў жыровіцкі манастыр у тым жа 1730 годзе, змешачана ў галоўным алтары Успенскага храма Жыровічаў і ў хуткім часе таксама пачала праслаўляцца цудамі.
Падводзячы вынікі, зазначым, што жывапісныя копіі з Жыровіцкага абраза, вядомыя нам, з’явіліся досыць позна – у XVII—XVIII стагоддзях. Тое, што пратограф уяўляў сабой трохколеравую яшмавую камею з рэльефнай выявай, наклала свой адбітак на размеркаванне колераў у жывапісных копіях Жыровіцкага абраза. На разгледжаных прыкладах адзенні Хрыста і Божай Маці маюць розную афарбоўку, у гэтым не было пэўнай рэгламентацыі, але найчасцей Божая Маці адлюстравана на спісках-копіях Жыровіцкага абраза ў адзеннях трох колераў: белым павоі, ружовай сукенцы і блакітным плашчы-мафорыі, што як бы ўказвае на тры колеры арыгінала-пратографа, пазначаныя нават у назве кнігі Ігнація Кульчынскага. Гэта назва ў перакладзе з італьянскай мовы нступная: «Цудоўнае з’яўленне ў трох колерах, ці Выкладзеная гісторыя трох цудадзейных выяў Прачыстай Дзевы Марыі: першая ў Жыровічах, у Літве, другая – дэль Паскола (Жыровіцкая) у Рыме, і трэцяя, копія другой, дадзеная рымскім народам у Жыровічы».
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу ФІЛАМАТЫ