БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ФІЛАМАТЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ФІЛАМАТЫ № 2(9) 2004

Перспектывы «аксамітнай рэвалюцыі» ў Беларусі

Уладзімір Роўда

Перамога грузінскай дэмакратычнай апазіцыі напрыканцы лістапада 2003 г., фактычнае паўтарэнне гэтак званага «сербскага сцэнару» перамогі аўтакратыі 2000 г., прымушае многіх даследнікаў задацца пытаннем: ці не з’яўляюцца гэтыя падзеі сведчаннем новай прыліўной хвалі дэмакратызацыі ў посткамуністычным свеце, якая тут захлынулася ў першай палове 90-х гадоў? І калі сапраўды так, дык на якія яшчэ краіны былога СССР гэты працэс можа распаўсюдзіцца?

Сярод найбольш магчымых прэтэндэнтаў на «аксамітную рэвалюцыю» ў недалёкай будучыні называюць Малдову, дзе апазіцыя змагла кансалідавацца і праваліць выгадны Расіі варыянт урэгулявання прыднястроўскай праблемы, і Украіну, дзе ў гэтым годзе павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Вядома, перавыбранне Леаніда Кучмы на трэці тэрмін малаверагоднае, нягледзячы на ўсе намаганні кіраўніка ўкраінскай дзяржавы знайсці для гэтага канстытуцыйныя хібы.

Больш складаная і заблытаная ў гэтым сэнсе сітуацыя ў Беларусі. У нашай краіне напрыканцы года таксама адбудуцца выбары, праўда, не прэзідэнцкія, а парламенцкія, але шанцаў на тое, што дэмакратычная апазіцыя зможа падчас іх хоць бы ўмацаваць свае пазіцыі, не кажучы пра асэнсаванае выкарыстанне «сербска-грузінскага сцэнару», няма ніякіх. Разам з тым, спецыфіка аўтарытарнага палітычнага рэжыму ў Беларусі, яго ахавальная накіраванасць, а таксама відавочная перавага кансерватараў над рэфарматарамі ў структурах улады дае вельмі мала магчымасцяў для дастасавання тут іншых формаў пераходу да дэмакратыі, акрамя тых, якія былі рэалізаваныя нядаўна ў Сербіі і Грузіі.

Іншымі словамі, калі ў нашай краіне ў недалёкай перспектыве і будзе зроблена спроба замены рэжыму асабістай улады Лукашэнкі на дэмакратыю, яна непазбежна паўторыць многія ключавыя аспекты мадэлі «аксамітнай палітычнай рэвалюцыі», ці, дакладней, як назваў гэты феномен амерыканскі палітолаг Сэмюэл Хантынгтон, «замяшчэння» («replacement»)1. Таму параўнальны аналіз мірных палітычных рэвалюцыяў у Сербіі, Грузіі й вывучэнне досведу дэмакратычных рухаў у гэтых краінах выглядае вельмі актуальнай навуковай і прыкладной палітычнай задачай.

СТРУКТУРНЫЯ ПЕРАДУМОВЫ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ

Найперш неабходна адказаць на прынцыпова важнае пытанне: ці існуюць аб’ектыўныя магчымасці пераходу да дэмакратыі Беларусі, краіны, якую шмат хто з журналістаў і аналітыкаў ахрысціў «чорнай дзіркай» Еўропы і «апошняй дыктатурай» на кантыненце? Наколькі сталымі з’яўляюцца структурныя перадумовы дэмакратызацыі ў нашай краіне, наколькі яна гэтымі параметрамі розніцца ад іншых посткамуністычных дзяржаваў, напрыклад, ад Сербіі і Грузіі?

Пад структурнымі перадумовамі прынята разумець ступень мадэрнізаванасці грамадства: узровень эканамічнага развіцця, перавагу індустрыяльнага сектара над аграрным, ступень урбанізацыі насельніцтва, развіццё адукацыі — аб’ектыўныя ўмовы, якія непасрэдна не прыводзяць да дэмакратыі, але робяць яе магчымай2. Інтэгральным паказнікам сталасці структурных перадумоваў для пераходу да дэмакратыі з’яўляецца ВУП на душу насельніцтва. Хантынгтон лічыць, што найбольш спрыяльнымі для ўступлення ў фазу дэмакратычных пераўтварэнняў ёсць умовы ў дзяржавах з сярэднім узроўнем ВУП на душу насельніцтва (ад $300—$500 — $500—$1000). У краінах, якія знаходзяцца ніжэй гэтага паказніка, дэмакратызацыя малаверагодная, краіны, дзе ўзровень перавышае прыведзены паказнік, зазвычай ужо дэмакратычныя3.

Натуральна, ад памеру даходу залежыць не ўсё. Надзвычай важна мець разнастайную, складаную і залежную ад знешніх сувязяў эканоміку, якую складана кантраляваць аўтарытарнымі метадамі, а таксама сучасную сацыяльную структуру грамадства. Яна дае магчымасці для ідэнтыфікацыі людзей не з канкрэтнымі групамі, такімі, як сям’я, клан, вёска, а з больш складанымі і неперсаніфікаванымі — як клас і нацыя.

Паводле гэтых параметраў Беларусь належыць да ліку найбольш развітых краінаў СНД. У 2002 годзе паказнікі валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва ў ёй, паводле звестак Сусветнага банка, склалі $13604. Гэта значыць, Рэспубліка Беларусь крыху перавысіла планку ўзроўню эканамічнага развіцця, які адкрывае шлях дэмакратычнай трансфармацыі. Беларуская эканоміка носіць адкрыты (яна істотна залежыць ад экспарту і імпарту), але не рынкавы характар, што істотна зніжае паказнікі яе эфектыўнасці, а ў недалёкай перспектыве пагражае сур’ёзным адставаннем ад суседніх краінаў. Мноства з іх правялі ўжо структурную перабудову народнай гаспадаркі і ўступаюць у стадыю постіндустрыяльнай мадэрнізацыі.

Беларускае грамадства урбанізаванае і дастаткова адукаванае. Больш за 70% насельніцтва жыве ў гарадах, а каля 11% жыхароў маюць дыпломы аб вышэйшай адукацыі. Згодна са звесткамі статыстыкі ААН, Беларусь займае першае месца сярод краінаў СНД і 53-е ў свеце па «ахопе насельніцтва асветай, развіцці вышэйшай адукацыі і даступнасці аховы здароўя»5. Паводле амерыканскага палітычнага філосафа Фрэнсіса Фукуямы, «грамадствы сярэдняга класа спараджаюцца ўсеагульнай адукацыяй. Сувязь паміж адукацыяй і ліберальнай дэмакратыяй часта адзначалася і лічыцца вельмі важнай»6.

Такім чынам, паводле пералічаных вышэй структурных параметраў, за выняткам ступені развіцця рынкавых дачыненняў, Беларусь апярэджвае і Сербію, якая апынулася ў надзвычай цяжкім становішчы з-за пастаянных войнаў і этнічных канфліктаў у 90-я гады, і, канечне ж, Грузію. Згодна з ацэнкамі амерыканскіх экспертаў, за 11 гадоў знаходжання Шэварднадзэ ва ўладзе гэтая дзяржава ператварылася з адной з самых багатых савецкіх рэспублік у адну з найбяднейшых краінаў рэгіёна. 20% грузінскага насельніцтва, у тым ліку высокаадукаваныя спецыялісты, вымушаныя былі шукаць лепшай долі за мяжой. Грузія належыць да ліку найбольш карумпаваных краінаў у свеце, займаючы 124-е месца з 133-х у міжнародным індэксе карупцыі за 2003 год7.

Яшчэ адзін даволі важны аб’ектыўны паказнік, па якім Беларусь апярэджвае і Грузію, і Сербію, і шэраг іншых посткамуністычных краінаў, — гэта «слабое адлюстраванне ці поўная адсутнасць міжкультурных канфліктаў». Роберт Даль лічыць, што «тэндэнцыя да выяўлення і захавання дэмакратычных палітычных інстытутаў у большай ступені ўласцівая тым краінам, якія ў культурных дачыненнях даволі аднародныя. І, наадварот, у краінах, дзе субкультуры рэзка розняцца і нават супрацьборствуюць, з’яўленне такіх інстытутаў малаверагоднае»8. Згодна апошняму перапісу насельніцтва, што праводзіўся ў 1999 г., Рэспубліка Беларусь — фактычна монанацыянальная дзяржава, 79% жыхароў якой назвалі сябе беларусамі. Нашай краіне ніколі не былі ўласцівыя ні сур’ёзныя этнічныя, ні рэлігійныя канфлікты. Гэта сведчанне таго, што беларусы маюць высокую ступень талерантнасці — надзвычай важную палітыка-культурную перадумову дэмакратыі.

ПЕРАДУМОВЫ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ Й НАЦЫЯНАЛІЗМ

Слушна паўстае пытанне: калі мы такія развітыя, дык чаму мы не жывём пры дэмакратыі? Чаму пераход да народаўладдзя (няхай і нестабільнага і гібрыднага) адбываецца ў краінах, якія значна адстаюць ад Беларусі ў плане мадэрнізаванасці, а адукаваны народ еўрапейскай індустрыяльна развітай дзяржавы жыве пад прыгнётам «калгаснага банапартызму»? Чаму, нарэшце, маючы неблагія структурныя паказнікі, беларусы так і не ўвасобілі іх у перадумовы, якія б зрабілі магчымай не толькі нестабільную, але й кансалідаваную дэмакратыю? Да іх, згодна з Хуанам Лінцам і Альфрэдам Сцяпанам, адносяцца такія фактары, як «супольнае грамадства, палітычнае грамадства, прававая культура, функцыянальная бюракратыя (згодна з вебераўскім значэннем гэтага слова), эканамічнае грамадства»9.

На маю думку, адказы на гэтыя пытанні неабходна шукаць у галіне культуры. Вельмі нізкі ўзровень нацыянальнай сведамасці беларусаў розніць іх не толькі ад сербаў і грузінаў, але і ад усіх іншых народаў, прынамсі, еўрапейскіх. А без развітага пачуцця нацыянальнай ідэнтычнасці вельмі складана, калі наогул магчыма, артыкуляваць інтарэсы грамадства, знайсці духоўны стрыжань, які б кансалідаваў ягоныя разнастайныя часткі. Як адзначае наконт гэтага польскі сацыёлаг Ядвіга Станішкіс, «драмай народаў, змушаных жыць у савецкай імперыі, ёсць тое, што нацыяналізм тут не толькі непазбежны (з-за адсутнасці іншых асноваў для грамадскай супольнасці», але й у некаторым сэнсе неабходны як першы крок у барацьбе за сваю аўтаномію ў дачыненнях з дзяржавай»10.

Нацыянальная ідэя дае магчымасць дасягнуць нарматыўнага і цэнаснага кансенсусу палітычнаму грамадству, пазбегнуць канфрантацыі і барацьбы не на жыццё, а на смерць паміж партыямі й рухамі: адна і тая нацыянальная ідэнтычнасць уласцівая і правым і левым, і радыкалам, і памяркоўным. Ізраільская даследніца Яэль Тамір зазначае, што «нацыянальныя сувязі не перапыняюцца нават у выпадку крайніх рознагалоссяў па нарматыўных пытаннях. Паколькі карані адзінства ў нацыянальных суполках выходзяць за рамкі нарматыўнае сферы, яны могуць даваць прыстанак ідэйнай разнастайнасці і ў гэтым сэнсе аказваюцца больш плюралістычнымі, чым групы, якія падтрымліваюць адзінства пры дапамозе агульных каштоўнасцей»11. Палітычны й ідэйны плюралізм у суполках, аб’яднаных нацыянальнай ідэнтычнасцю, аблягчае працэс дэмакратычнага будаўніцтва, робіць яго больш моцным і стабільным.

Існуюць сур’ёзныя падставы пагадзіцца і з грузінскім палітычным філосафам Гія Нодзія, што нацыяналізм ёсць неабходнай умовай кожнай сапраўднай дэмакратызацыі. «Дэмакратыя заўсёды ўзнікала ў пэўных суполках; нідзе не было так, каб свабодныя, ні з чым не звязаныя і разважлівыя індывіды спантанна збіраліся разам дзеля заключэння грамадскай дамовы ex nihilo. Незалежна ад нашага жадання, нацыяналізм — гэта тая гістарычная сіла, якая стварае палітычныя суполкі для дэмакратычнага кіравання. «Нацыі» — гэта сінонім словазлучэння «Мы — народ»»12. Ажыццяўленне важнейшага дэмакратычнага прынцыпу — народнага суверэнітэту, немажлівае без адказу на пытанні: што ўяўляе сабой народ і на якую тэрыторыю распаўсюджваецца ягоная суверэнная ўлада, а гэта — праблематыка нацыяналізму.

Канечне, толькі нацыяналізм у акрэсленай форме садзейнічае дэмакратызацыі. Такі нацыяналізм звычайна называюць грамадзянскім, важнейшыя адметныя асаблівасці якога — магчымасць карыстацца грамадзянскімі правамі ўсім жыхарам дзяржавы, незалежна ад іхнага этнічнага паходжання, свабодная нацыянальная ідэнтыфікацыя, прызнанне права грамадзянаў на выбар мовы і культуры. Нацыянальная прыналежнасць у такіх умовах — справа сведамага выбару індывіда, сведамыя намаганні прадстаўніка нацыянальнага згуртавання, здзейсненыя толькі свабодным чалавекам, які мае права выбару.

У адрозненне ад грамадзянскага, этнічны нацыяналізм нецярпімы ў дачыненні да правоў чалавека і нацыянальных меншасцяў, і таму з цяжкасцю сумяшчаецца з сучаснай дэмакратыяй. Ён зыходзіць з таго, што ідэнтычнасць індывідаў цалкам залежыць ад аб’ектыўнай этнакультурнай прыналежнасці, а іхная асабістая воля будзе па-сапраўднаму свабоднай, калі стане незаўважнай у «агульнай волі» (тэрмін Русо). Захаванне сябе ў нацыянальных межах не патрабуе ад асобы сведамага выбару ці творчых высілкаў, але, хутчэй, лаяльнасці, адданасці і гатоўнасці да самаахвяравання.

Грамадзянскі нацыяналізм гістарычна склаўся ў Францыі і іншых, сумежных з Атлантыкай, краінах Заходняй Еўропы, а таксама ў ЗША. Галоўным фактарам фармавання нацыі тут выступала дзяржава, палітычныя межы якой амаль цалкам супадалі з культурнымі межамі дамінуючага этнасу. Здзейсніўшы дэмакратычную рэвалюцыю, французы, напрыклад, вызвалілі сябе ад палітычнага прыгнёту, ураўнавалі правы ўсіх грамадзянаў краіны, абвясціўшы іх чальцамі французскай нацыі, і ажыццявілі працэс далучэння да стандартызаванай культуры тытульнай нацыі простых людзей праз развіццё дзяржаўнай сістэмы адукацыі. Этнічны нацыяналізм першапачатна ўзнік у Германіі і пазней распаўсюдзіўся ў шмат якіх краінах усходняй і паўднёва-ўсходняй Еўропы. Напачатку там узнікла стандартызаваная культура, пазбаўленая адзінай дзяржаўнасці.

У выніку, нацыянальны рух, зрабіў акцэнт на характэрных рысах і перавагах сваёй культуры, а ў палітычным сэнсе стаў не столькі вызваленчым, колькі этатысцкім, скіраваным на аб’яднанне ўсіх прадстаўнікоў адпаведнага этнасу пад дахам моцнай і не абавязкова дэмакратычнай дзяржавы.

Сітуацыя, якая склалася на пачатку 90-х гг. у Беларусі, рабіла магчымай эвалюцыю нашай краіны згодна французскаму, а не нямецкаму шляху нацыянальнага будаўніцтва. Галоўным фактарам выступіла незалежная дзяржава, межы якой у асноўным супадалі з межамі беларускага этнасу. Закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь надаваў роўныя правы ўсім жыхарам, якія на момант абвяшчэння суверэнітэту пастаянна пражывалі на тэрыторыі дзяржавы. У нашай краіне адсутнічалі якія-небудзь уплывовыя палітычныя сілы, якія б выступалі за ўціск правоў нацыянальных меншасцяў. Яны былі толькі ў мроях некаторых палітыкаў, якія для заваёвы і ўтрымання ўлады, падобна Лукашэнку, спекулявалі на страху савецкіх абывацеляў перад наступствамі «беларускага этнічнага нацыяналізму». Апошні быў немагчымы ў Беларусі найперш з-за недастатковага развіцця такога феномену, які Гелнер называў «воляй да прыналежнасці»: нацыянальнага міфу, што ствараўся і ўкараняўся ў масавай сведамасці інтэлігенцыі13.

Іншымі словамі, менавіта грамадзянская нацыянальная ідэя, якая адкрывала шлях да дэмакратычнай трансфармацыі грамадства, была і застаецца рэальнай альтэрнатывай для Беларусі. Таму нацыяналізм разумеўся і ўсведамляўся пагрозай беларускім аўтарытарызмам, які, у адрозненне ад шэрагу іншых аналагічных палітычных рэжымаў, імкнецца да кансервацыі нізкага ўзроўню, што дастаўся ў спадчыну з часоў СССР, нацыянальнай сведамасці (волі да прыналежнасці) народа і шырокаму ўзнаўленню сваёй галоўнай сацыяльнай апоры — дэнацыяналізаваных і саветызаваных чальцоў грамадства. Маюцца на ўвазе не якія-небудзь асаблівыя сацыяльныя групы, а носьбіты савецкай культуры ў розных грамадскіх стратах. Напэўна, важнейшым яе атрыбутам, апроч манкуртызму, з’яўляецца фармаванне дзіцячых пачуццяў у адрасатаў, калі ў сведамасці дарослых людзей пераважаюць пачуцці іхнай бездапаможнасці і поўнай залежнасці ад дзяржавы, а таксама недаверу і страху ў дачыненні да «іншых».

«Беларускі эксперымент», праведзены ў эпоху кіравання Лукашэнкі, дае падставы сцвярджаць, што ў грамадстве павінен быць пэўны мінімальны ўзровень грамадзянскага нацыяналізму (як мінімум эканамічнага развіцця), без якога вельмі цяжка разлічваць на поспех у справе дэмакратычнага будаўніцтва, асабліва на ранніх этапах. Гэтага можна дасягнуць мэтанакіраванымі намаганнямі грамадства, якое ўстанаўлівае свой кантроль над дзяржавай і ўключае інстытуты сацыялізацыі для развіцця культуры тытульнай нацыі і культураў нацыянальных меншасцяў (французскі і патэнцыйны беларускі варыянты пераходу да дэмакратыі).

Іншая магчымасць ёсць складаны і балесны шлях эвалюцыі палітычных элітаў ад этнакультурнага да грамадзянскага нацыяналізму (нямецкі й сербска-грузінскі варыянты будаўніцтва дэмакратычных інстытутаў).

Гэты вывад адпавядае меркаванням Фрэнсіса Фукуямы, які, нягледзячы на абарону ім ідэі перавагі універсальнай ліберальнай дэмакратыі над партыкулярным нацыяналізмам, лічыць, што нацыяналізм і лібералізм сумяшчальныя паміж сабой. Гісторыя ведае мноства прыкладаў іх шчыльнага супрацоўніцтва. «З іншага боку, — акцэнтуе філосаф, — дэмакратыя наўрад ці ўзнікне ў краіне, дзе нацыяналізм ці этнацэнтрызм ейных групаў нагэтулькі вялікі, што ў іх няма агульнага пачуцця нацыі ці прызнання правоў адно аднаго. Таму моцнае пачуццё нацыянальнай еднасці абавязкова павінна з’явіцца да ўзнікнення стабільнай дэмакратыі, як гэта было ў такіх краінах, як Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, Францыя, Італія й Германія. Адсутнасць такога пачуцця ў Савецкім Саюзе сталася адной з прычынаў, на падставе якой стабільная дэмакратыя не магла там узнікнуць да развалу краіны на меншыя нацыянальныя адзінкі»14.

Беларусь, з аднаго боку, Грузія і Сербія — з іншага, па-рознаму падыходзяць да вырашэння такой фундаментальнай для лёсу дэмакратыі праблемы. Асабліва цікава параўнаць пазіцыі адносна гэтага пытання двух паплечнікаў у барацьбе з «імперыялізмам» і «ліберальным тэрарызмам» — Мілошавіча і Лукашэнкі: яны дыяметральна процілеглыя. Калі першы аддаваў анафеме цітаўскую («інтэрнацыяналісцкую») Югаславію, разглядаючы яе як «турму для сербаў», дык другі называе часы БССР лепшым перыядам у гісторыі беларускага народа15. Калі Мілошавіч, каб дагадзіць вялікасербскай ідэі, мог ісці на раскол свайго народа на «сапраўдных сербаў», якія са зброяй у руках змагаліся за нацыянальныя інтарэсы ў Босніі й Косаве, і гэтак званых дэнацыяналізаваных «srbjanci», то для другога раскольнікамі станавіліся беларусы, якія пачыналі смела думаць пра адраджэнне нацыянальнай гісторыі і мовы16. Тым самым яны «ўбівалі клін» паміж братнімі беларускім і рускім народамі.

З такіх процілеглых пазіцыяў вынікалі і процілеглыя ідэйныя і палітычныя выйсці. Сербскія эліты, паколькі падмуркам іхнага падыходу быў этнічны нацыяналізм, знайшлі ў сабе сілы адмовіцца ад яго як несумяшчальнага з лібералізмам і дэмакратыяй духоўнага феномену, перайсці на пазіцыі памяркоўнага грамадзянскага нацыяналізму, пагадзіўшыся з меркаваннем Ваіслава Каштуніцы, які на адным з перадвыбарных мітынгаў у 2000 годзе заявіў, «што можна быць нацыяналістам і не пагарджаць пры гэтым іншымі народамі». Тыя ж, хто не правёў такой эвалюцыі, аказаліся, як і Ваіслаў Шэшаль, у становішчы палітычных маргіналаў. Падобную эвалюцыю цяпер здзяйсняе Міхаіл Саакашвілі ў Грузіі.

У Беларусі палітычныя эліты трапілі ў іншую сітуацыю. Яны міжволі сталі прадаўжальнікамі познесавецкіх традыцыяў. Гэты духоўны праект адпачатку выглядаў штучнай «салянкай», сабранай з лозунгаў інтэрнацыяналізму, сацыяльных ідэяў і радыкальнага месіянства для утылітарных мэтаў камуністычных правадыроў. Пасля краху Савецкага Саюза бальшыня краінаў посткамуністычнага свету з ім даволі лёгка рассталася. У Беларусі гэтага не адбылося, таму што замяніць савецкую традыцыю адразу не было чым з-за слабасці нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. А па_ дзе і для утылітарных мэтаў прэзідэнта.

І ўсё ж такі ў гэтым выпадку Аляксандр Лукашэнка дапусціў сур’ёзную памылку, якая можа стаць для яго фатальнай. Па-першае, як ужо адзначалася, савецкія традыцыі адышлі ў нябыт у пераважнай бальшыні краінаў, дзе яны калісьці былі папулярныя. Па-другое, павысіць легітымнасць улады прэзідэнта ўнутры краіны, якая звязана з хутка пераменлівым светам, з дапамогай няхай і мадэрнізаванай, але ўсё роўна гістарычнай старызны, уяўляецца ўсё менш і менш магчымай. Па-трэцяе, ад «беларускага саветызму» няма шляху адступлення да цывілізаванага грамадзянскага нацыяналізму, сумяшчальнаму з дэмакратыяй. Іншымі словамі, такая пазіцыя асуджае палітыка, які займае гэткую пазіцыю, на перманентную маргінальнасць.

Лічыць, што з дапамогай абноўленага савецкага традыцыяналізму можна паказаць сапраўдную беларускую ідэнтычнасць, значыць, быць не вельмі высокай думкі пра свой народ, думаючы, што беларусы — ёсць «homo sovieticus», які захаваўся ў нас у некранутым выглядзе. Безумоўна, традыцыі беларускага народа маюць некаторыя рысы, якімі спекулюе Лукашэнка, але наўрад ці беларусы, пры усёй іхнай «памяркоўнасці» і «талерантнасці», з энтузіязмам кінуцца абараняць «сілы патрыятычнай накіраванасці з усёй нашай Айчыны» ад «неаліберальнага тэрору» ў імя рэалізацыі вялікай місіі Беларусі як новага «духоўнага лідэра ўсходне-еўрапейскай цывілізацыі», як падкрэсліваецца ў тэксце дзяржаўнай ідэалогіі17. Гэта — яўны перабор. Канцэпцыя савецкай ідэнтычнасці, якая быццам бы тоесная беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, наўрад ці паддаецца якой-небудзь рацыянальнай карэкцыі. Яна даказала сваю дысфункцыянальнасць і патрабуе поўнай замены.

«СЛАБАСЦІ МОЦНАЙ УЛАДЫ» Ў БЕЛАРУСІ І МАГЧЫМЫЯ ФОРМЫ ПЕРАХОДУ ДА ДЭМАКРАТЫІ

Тупіковая сітуацыя, у якой апынулася эліта ўлады ў Беларусі, выяўляецца ў тым, што зроблены выбар на карысць рэстаўрацыі і развіцця савецкіх каштоўнасцей на беларускай глебе можа быць знішчаны толькі разам з гэтай элітай. Сама яна не здольна адмовіцца ад такога выбару і перайсці да іншай парадыгмы развіцця Беларусі. Гэта тлумачыцца не толькі паходжаннем кіруючай эліты. Лукашэнка і ягонае атачэнне — аўтсайдэры былое савецкае сістэмы, выхадцы з найбольш саветызаванай і прарасейску настроенай Усходняй Беларусі.

Сацыяльная база падтрымкі сённяшняга рэжыму складаецца з малаадукаваных грамадзянаў, жыхароў сельскіх раёнаў і невялікіх гарадоў, людзей сталага ўзросту — гэта значыць усіх тых, хто баіцца зменаў і жадаў бы захаваць больш звыклы для іх парадак. І, наадварот, найменшую падтрымку Лукашэнка атрымлівае ад людзей з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, жыхароў сталіцы і вялікіх гарадоў, людзей маладога і сярэдняга ўзросту.

Такі сацыяльны партрэт прыхільнікаў і супраціўцаў рынкава-дэмакратычных пераўтварэнняў агульны для шэрагу посткамуністычных дзяржаваў, а не спецыфічна беларуская з’ява. Аднак тая акалічнасць, што дадзеныя групы насельніцтва складаюць асноўную апору рэжыму ўлады, азначае, што гэты рэжым звернуты да мінулага. Непазбежны ўдзел Беларусі ў працэсах постіндустрыяльнай мадэрнізацыі падрывае асновы дыктатуры ў нашай краіне, таму што штодзённа і штогадзінна ўзнаўляе менавіта тыя сацыяльныя групы, якія зацікаўлены ў развіцці рынкавай эканомікі, палітычнай дэмакратыі, інтэграцыі Беларусі ў згуртаванне цывілізаваных еўрапейскіх народаў. У доўгатэрміновай перспектыве кансерватыўны персаналісцкі рэжым у Беларусі асуджаны.

Яскрава адлюстраваная асаблівасць нашай краіны карэніцца ў тым, што яе лідэр у сваім палітычным курсе арыентаваны на выразны сацыяльны папулізм. Японскі даследнік Кімітака Мацузата справядліва назваў Беларусь «востравам папулізму ў акіяне кланавай палітыкі»18. Папулізм адначасова стварае Лукашэнку і прывілеі, і праблемы. Ён дазваляе кіраўніку мець значную ўнутраную легітымнасць, канцэнтраваць у сваіх руках усе ніці ўлады, жорстка кантраляваць бюракратыю, аддаючы непажаданых кіраўнікоў «на разарванне» натоўпу. Адваротным і нязручным бокам папулізму з’яўляецца тое, што такая палітыка заганяе кіраўніка дзяржавы ў даволі жорсткія рамкі, робіць немагчымым для яго выбар непапулярных, але жыццёва неабходных рашэнняў, напрыклад, дзеля аздараўлення эканомікі. Кожны папулізм мае абмежаваныя рэзервы, з цягам часу яны расходуюцца. Гэта непазбежна адбіваецца на папулярнасці і палітычных перспектывах былога народнага ўлюбёнца.

Адказ на пытанне, як ажыццяўляецца дэмакратызацыя, залежыць ад дэталёвага аналізу трох групаў суадносінаў сілаў: паміж уладай і апазіцыяй у грамадстве, паміж рэфарматарамі і кансерватарамі ва ўрадзе, паміж памяркоўнымі і экстрэмісцкімі групамі ў апазіцыі. Такія перспектывы дачыненняў так ці іначай праяўляюць сябе ва ўсіх пераходных краінах.

Сукупнасць разгледжаных фактараў (паходжанне эліты ўлады, сацыяльная база яе падтрымкі і стратэгія сацыяльнага папулізму) амаль цалкам выключае такую магчымасць, як радыкальнае змяненне скіраванасці палітычнага курсу Беларусі зверхуbь пераходу да дэмакратыі ў навуковай літаратуры называецца «трансфармацыяй», альбо «рэформамі зверху»19.

Трансфармацыя Беларусі зверху немагчымая яшчэ і таму, што з неабходных для яе умоваў (улада мусіць быць мацнейшай за апазіцыю, рэфарматары павінны дамінаваць у структурах улады, а памяркоўныя апазіцыянеры над радыкальнымі) у нашай краіне адсутнічае ключавая: значны рэфарматарскі патэнцыял самой улады, які дзеля паспяховай дэмакратызацыі павінен пастаянна расці за кошт вызвалення ўраду ад палітыкаў-рэтраградаў і паступовай замены іх памяркоўнымі выхадцамі з апазіцыі. Лукашэнка здзяйсняе процілеглы працэс. Ён можа пазбаўляцца ад кожнага члена ўраду, які хоць трохі мысліць па-рэфарматарску, альбо ад прадстаўніка «вертыкалі» на месцах, зыходзячы з таго, што ў нашай краіне надзвычай нізкая ступень аўтаноміі чынавенства любога ўзроўню. У адрозненне ад Грузіі пры Шэварднадзэ, у Беларусі пры Лукашэнку няма «мядзведжых кутоў» і «феадальных вотчынаў». Усё навокал належыць прэзідэнту і ягоным «апрычнікам».

Змешаная форма ўяўляе ўзгоднены паміж уладай і апазіцыяй варыянт пераходу да дэмакратыі. Яна патрабуе балансу сілаў паміж прыхільнікамі і супраціўцамі рэжыму, перавагі ў грамадстве памяркоўных, здольных да кампрамісаў палітыкаў. У Беларусі адсутнічае і парытэт сілаў улады і апазіцыі, які б падахвочваў бакі да пачатку перагаворнага працэсу, і «дагавораздольнасць» ураду. Таму такая форма, пакуль улада знаходзіцца ў руках Лукашэнкі, а апазіцыя слабая і расколатая, малаверагодная. Але яна можа быць запатрабавана ў выпадку змены існуючай улады ў выніку наменклатурнага перавароту і змены формы аўтарытарызму. Новая ўлада сядзе за стол перамоваў з дэмакратычнай апазіцыяй, калі апошняя будзе ўяўляць сабой рэальную палітычную сілу, здольную ўплываць на грамадства і стрымліваць урад.

«Аксамітныя палітычныя рэвалюцыі», разгляданыя на пачатку артыкулу, — адзін з варыянтаў такой дастаткова распаўсюджанай у сучасным свеце формы дэмакратызацыі, як «замяшчэнне». Яна ўяўляе сабой хуткі працэс пераходу ўлады з рук дыктатарскіх сілаў у рукі дэмакратаў і мяркуе, што апазіцыя мае пераважную ўладу на момант палітычнага крызісу, калі тая губляе грамадскі давер і робіцца нелегітымнай, што кансерватары ва ўрадзе дамінуюць над рэфарматарамі, а памяркоўныя апазіцыянеры, якія выступаюць адзіным фронтам з радыкаламі на этапе змены ўлады, будуць мацнейшымі за іх на этапе кансалідацыі дэмакратыі.

У цяперашні час у Беларусі прысутнічае толькі адзін фактар, які садзейнічае замяшчэнню: кансерватары цалкам кантралююць структуры ўлады. Апошняя пераважае над вельмі слабой апазіцыяй, у якой няма адзінства, хоць памяркоўныя дэмакраты і маюць перавагу над радыкальнымі супраціўцамі народаўладдзя. Тым не менш менавіта замяшчэнне, нягледзячы на ўсю, здавалася б, фантастычнасць такога сцэнару, на мой погляд, найбольш магчымая форма пераадолення рэжыму асабістай улады ў Беларусі. Гэта можна патлумачыць некалькімі прычынамі.

Як сведчыць палітычная статыстыка, рэжымы, кшталту лукашэнкаўскага, звычайна пераадольваюцца менавіта замяшчэннем. Паколькі яны не схіляюцца да правядзення рэфарматарскай палітыкі і абмеркавання за сталом перамоваў разам са сваімі апанентамі сцэнару рэформаў, грамадства на нейкім этапе проста не мае выбару, акрамя як здзяйсняць «аксамітную рэвалюцыю».

Згодна з С. Хантынгтонам, падчас трэцяй глабальнай хвалі дэмакратызацыі (сярэдзіна 70 — пачатак 90-х гг. ХХ ст.) сем дыктатураў пераадолены замяшчэннем (Партугалія, Грэцыя, Аргенціна, Філіпіны, ГДР, Чэхаславакія, Румынія)20. У канцы 90 — напачатку 2000-х гг. да гэтага пераліку дадаліся Славакія, Харватыя, Сербія, Грузія. Найчасцей замяшчаюцца рэжымы асабістай улады (7 выпадкаў), на другім месцы знаходзяцца аднапартыйныя дыктатуры (2 выпадкі) і, нарэшце, ваенныя рэжымы (2 выпадкі).

Ва ўмовах кожнага персаналісцкага рэжыму змяненне балансу сілаў — схаваны ад вачэй назіральнікаў працэс. У беларускім грамадстве, паводле звестак Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), за 2002 год пражэктыўны электаральны рэйтынг Лукашэнкі знізіўся ў два разы. На працягу першай паловы мінулага года рэйтынг прэзідэнта знаходзіўся на адзнацы 25—27%. Аднак восенню ён зноў падвысіўся да 32%21. Улічваючы непазбежнасць скарачэння мноства сацыяльных праграмаў у сучаснай Беларусі ў сувязі са спадам рэзерваў сацыял-папулізму: абмежавання дапамогі з боку Расіі, росту цэнаў на энерганосьбіты, росту камунальнай платы, — антыпрэзідэнцкія настроі ў грамадскай сведамасці будуць толькі нарастаць.

Самая вялікая праблема супраціўцаў рэжыму асабістай улады ў Беларусі ў тым, што яны да цяперашняга часу не змаглі сфармуляваць і прапанаваць грамадству папулярную праграмную і персанальную альтэрнатыву Лукашэнку. На гэтай падставе зніжэнне падтрымкі прэзідэнта не суправаджаецца ростам папулярнасці ягоных апанентаў. Згодна з вераснёўскім 2003 г. апытаннем НІСЭПД, 56% рэспандэнтаў заявілі, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах яны _ а гэтае пытанне не змаглі адказаць). Разам з тым, 83% рэспандэнтаў заявілі, што не ведаюць чалавека, здольнага паспяхова канкураваць з Лукашэнкам. Апазіцыйным палітычным партыям давяраюць толькі 18% апытаных. Усё гэта сведчыць пра тое, што «чаканне альтэрнатывы становіцца дамінуючай палітычнай устаноўкай беларусаў»22.

Параўноўваючы сітуацыю ў грамадскай сведамасці сучаснай Беларусі з той, што існавала ў Сербіі 2000 г. і Грузіі 2003 г., неабходна сказаць, што наша краіна павольна, але ўпэўнена набліжаецца да «сербскай мадэлі», аднак яшчэ далёка да «грузінскай». У Грузіі, як вядома, рэжым Шэварднадзэ не меў значнай падтрымкі ў грамадстве (людзі стаміліся ад амаль трыццацігадовага кіравання «Шэві»), што аблегчыла ягоным апанентам вырашыць праблему мабілізацыі амаль усяго пратэстуючага электарату.

У Сербіі за год да выбараў 2000 г. 55% рэспандэнтаў не жадалі бачыць ва ўладзе прадстаўнікоў кіруючай кааліцыі (24% яе падтрымлівалі), прыхільнікі дэмакратычнай апазіцыі атрымалі прыкладна 40% падтрымкі (26% складалі яе праціўнікі)23. У персанальным плане рэйтынг Мілошавіча амаль раўняўся рэйтынгу найбольш папулярнага палітыка з лагера апазіцыі — З. Джынджыча. Калі гаварыць пра рэйтынг будучага пераможцы прэзідэнцкіх выбараў — В. Каштуніцы, ягоны электарат на той час не перавышаў 5%24. У Беларусі на цяперашні час найбольш папулярны апазіцыйны палітык — генерал У. Фралоў з дэпутацкай групы «Рэспубліка» мае рэйтынг 18%, і ў сітуацыі выбару саступае Лукашэнку ў два разы. Праўда, да прэзідэнцкіх выбараў у нас больш як два гады.

Гэтыя лічбы сведчаць, што рэжым Лукашэнкі дагнаў рэжым Мілошавіча па непапулярнасці, але беларуская апазіцыя ўсё яшчэ саступае сербскай узроўнем сваёй грамадскай падтрымкі. Калі не браць пад увагу разважанні пра крайне цяжкія ўмовы, у якіх даводзіцца дзейнічаць супраціўцам Лукашэнкі (жорсткасцю югаслаўскі рэжым у апошні перыяд існавання мала чым розніўся ад беларускага), дык важнейшыя прычыны цяперашняга незайздроснага становішча беларускай апазіцыі, на мой погляд, наступныя.

СУБ’ЕКТЫЎНЫ ФАКТАР МАЖЛІВАЙ «АКСАМІТНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ» Ў БЕЛАРУСІ

У другой палове 90 — пачатку 2000-х гг. мы былі сведкамі даволі дзіўнай з’явы. З аднаго боку, палітычны рэжым з кожным годам рабіўся ўсё больш і больш жорсткім, арыентаваным не на мадэрнізацыю, а на кансервацыю грамадскіх дачыненняў, што склаліся. Такія рэжымы звычайна не маюць патрэбы ў партыйнай сістэме, таму што зацікаўлены ў дэмабілізацыі палітычнага ўдзелу і дэпалітызацыі грамадскай свядомасці з дапамогай рэпрэсіяў, кантролю над СМІ, масавых забаўляльных мерапрыемстваў, «чаркі і скваркі» і да т. п. У Беларусі, напрыклад, у адрозненне ад дарэвалюцыйных Сербіі і Грузіі, няма партыі ўлады.

З іншага боку, на апазіцыйным флангу адбываўся бурны працэс партыйнага будаўніцтва і размежавання. Дайшло да таго, што на сённяшні дзень у нас дзейнічаюць дзве нацыянал-дэмакратычныя партыі, дзве ліберальныя (адна, па вялікім рахунку, не з’яўляецца ні ліберальнай, ні апазіцыйнай), чатыры сацыял-дэмакратычныя, дзве жаночыя, дзве экалагічныя, дзве камуністычныя (адна з іх у апазіцыі да Лукашэнкі, а другая — прапрэзідэнцкая). Палітычныя партыі дэмакратычнай арыентацыі, якія выйшлі з масавага нацыянальна-дэмакратычнага руху БНФ «Адраджэньне» ў першай палове 90-х гадоў, апынуліся ў новай сітуацыі. Яны ўтвараліся як інстытут дэмакратыі, сучасныя партыі парламенцкага тыпу, арганізацыі з класічнымі еўрапейскімі ідэалогіямі, структуры, якія маглі б пры змяненні выбарчага заканадаўства і ўвядзенні элементаў прапарцыянальнай сістэмы разлічваць на значнае прадстаўніцтва ва ўрадзе... Лукашэнка пазбавіў іх такога палітычнага асяродку, да дзейнасці ў якім яны рыхтаваліся. Неабходна было распрацоўваць новую стратэгію барацьбы, чаго, на жаль, так і не было зроблена.

Беларускія партыі выглядаюць поруч з няўрадавымі арганізацыямі элементамі вельмі вузкага і элітарнага грамадства, але яны не здолелі пакуль што сфармаваць палітычнае грамадства, якое ў Беларусі існуе ў форме патэнцыйнага, а не актуальнага. Палітычныя партыі выціснуты ўрадам Лукашэнкі ў сектар НПА, які, як вядома, не вядзе барацьбу за ўладу, але толькі ўздзейнічае на яе. Для многіх партыяў праваахоўная дзейнасць, папулярызацыя беларускай культуры, грамадзянская адукацыя сталі заняткам важнейшым, чым рэальнае суперніцтва з аўтарытарным рэжымам за ўладу.

Гэта сярод іншых прычынаў паўплывала на замыканне партыяў на саміх сябе, на адрыў іх ад беларускіх грамадзянаў, стварэнне самадастатковага «паралельнага грамадства» са сваёй сімволікай, сваімі святамі, сваёй мовай, сваімі газетамі і часопісамі, сваім парламентам, якім напрыканцы 90-х гг. стала частка дэпутацкага корпусу Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, што адмовілася пайсці ў адстаўку ў 1996 г. пасля незаконнага канстытуцыйнага рэферэндуму, сваім ценявым кабінетам міністраў і г. д. Кульмінацыяй таго працэсу сталіся так званыя «віртуальныя прэзідэнцкія выбары», праведзеныя апазіцыяй у 1999 г. п м пайшоў на сведамае завышэнне яўкі: паводле ягоных звестак яна склала 54%. Насамрэч у «віртуальных выбарах» прымалі ўдзел не больш як 5% выбаршчыкаў.

У гэтым жа шэрагу знаходзяцца і дзве кампаніі байкоту: мясцовых выбараў 1999 г. і парламенцкіх выбараў 2000 г. Можна пагадзіцца з асноўнымі довадамі арганізатараў гэтых кампаніяў (яны, дарэчы, імкнуліся, дзякуючы байкоту, дамагчыся дэлегітымацыі рэжыму Лукашэнкі і яго прадстаўнічых органаў улады, ды на справе гэтыя мэты не ажыццявіліся). Апазіцыя ж адгарадзіла сябе ад крайне неабходных ёй кантактаў з выбаршчыкамі і практычнага абучэння камандаў перад галоўным спаборніцтвам палітычнага сезону — прэзідэнцкімі выбарамі 2001 г. У сувязі з гэтым да месца нагадаць, што сербскія дэмакраты скарысталі мясцовыя выбары 1997 г. дзеля ўмацавання сваіх пазіцыяў у Бялградзе і некаторых іншых гарадах краіны і мабілізацыі прыхільнікаў на шматтысячныя масавыя акцыі. Праз год пасля кампаніі па абароне перамогі дэмакратычных сілаў на выбарах у Бялградзе з’явілася і славутая арганізацыя «Адпор».

Яшчэ адной праблемай беларускай апазіцыі ёсць няўменне выкарыстоўваць разнастайныя тактычныя элементы з арсеналу палітычнае барацьбы. Досвед Сербіі, Харватыі, Славакіі, а цяпер і Грузіі, сведчыць, што найбольшы плён дае спалучэнне электаральных метадаў з негвалтоўнымі законнымі масавымі акцыямі, выбарчай і мабілізацыйнай кампаніяў. Толькі так можна ператварыць выбары, арганізаваныя аўтарытарным рэжымам, у «ашаламляльныя», г. зн. прывесці ўладу альбо да паразы, альбо да істотнага паслаблення ейных пазіцыяў25.

У Беларусі пасля канстытуцыйнага перавароту 1996 г. апазіцыя зрабіла крэн у бок масавых акцыяў, якія жорстка падаўляліся рэжымам. Да 2001 г. яны фактычна не суправаджаліся электаральнымі метадамі барацьбы. Перад прэзідэнцкімі выбарамі вулічныя акцыі рэзка пайшлі на спад. Энергія іх удзельнікаў была растрачана напярэдадні, а самі акцыі надакучылі людзям, таму што не ставілі перад сабой дасягнення канкрэтных мэтаў, а выглядалі, хутчэй, як дэманстрацыі прысутнасці апазіцыі ў грамадстве ў прывязцы да памятных датаў: Дня Канстытуцыі, Дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г., чарговай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Дня Незалежнасці, Дня Беларускай ваеннай славы, Дня памінання памерлых «Дзяды» і г. д.

Пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г. акцэнты кардынальным чынам змяніліся. Цяпер галоўнай задачай дэмакратычных сілаў стаў удзел у выбарах пры негалоснай адмове ад масавых акцыяў. Пасля 2001 г. можна ўзгадаць толькі адно сапраўды масавае шэсце ў Мінску, ды і то яго ніхто не арганізоўваў. Гэта — удзел у пахаванні народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава 25 чэрвеня 2003 г. Тым самым апазіцыя зрабіла чарговую памылку: з дапамогай толькі выбарчых тэхналогіяў рэжым Лукашэнкі перамагчы немагчыма. Беларусі неабходны свае аналагі негвалтоўных кампаніяў «Cotov Je» і «Kmara». Толькі такім чынам можна «прадэманстраваць» перавагу сілаў на карысць апазіцыі дэпалітызаваным абывацелям, сарваць фальсіфікацыі вынікаў галасавання кіраўнікамі выбарчых камісіяў, паўздзейнічаць на чынавенства, прадухіліць прымяненне сілы супраць мірных дэманстрантаў.

У гэтым сэнсе найбольш павучальны досвед Грузіі. За паўтара гады апазіцыйныя сілы гэтай краіны стварылі адзіную масавую арганізацыю «Нацыянальны рух», колькасць якой хутка дасягнула 20 000 чалавек. Міхаіл Саакашвілі (лідэр арганізацыі, а цяпер прэзідэнт Грузіі) і Зураб Жванія (былы спікер парламенту) дамовіліся з сербскімі дэмакратамі наконт арганізацыі трэнінгаў згодна з палітычнымі тэхналогіямі для 1500 сябраў руху. У красавіку 2003 г. з’явілася маладзёвая група «Kmara» («Хопіць»), якая паспяхова скарыстала на грузінскай глебе многія ідэі негатыўнай кампаніі сербскага «Адпору». За тры тыдні палітычнай барацьбы ў лістападзе мінулага году, дзякуючы каласальным арганізацыйным намаганням, дысцыпліне і таму, што «кожны ўдзельнік падзеяў ведаў, што ён павінен рабіць», негвалтоўная «рэвалюцыя ружаў» у Грузіі перамагла26.

У Беларусі таксама ёсць дэмакратычныя арганізацыі добра знаёмыя і з сербскім, і з славацкім досведам (у 1998 г. няўрадавыя арганізацыі Славакіі правялі паспяховую мабілізацыйную кампанію ОК’98), у нас ёсць і асабісты пазітыўны і негатыўны досвед удзелу ў негвалтоўных масавых акцыях, існуюць маладзёвыя арганізацыі «Малады фронт» і «Зубр», якія не адзін год вядуць няспынныя «вулічныя баі» з аўтарытарным рэжымам. Адзінае, чаго няма пакуль у Беларусі і што, несумненна, прысутнічала ў Грузіі і ў Сербіі, — гэта каардынацыя сілаў арганізатараў акцыяў, уваходжанне кампаніі негвалтоўнага супраціву ў агульную стратэгію апазіцыі. Дэфіцыт згаданых фактараў і стаўся адной з галоўных прычынаў паразы беларускіх дэмакратаў на прэзідэнцкіх выбарах 2001 г.

У Беларусі востра адчувалася адсутнасць сістэмнай сумеснай дзейнасці беларускіх апазіцыйных палітыкаў і незалежных аналітыкаў. У нашай краіне так і не ўзнікла аналагаў уплывовых цэнтраў, як G-17 у былой Югаславіі ці Інстытуту свабоды ў Грузіі, якія планамерна і мэтанакіравана супрацоўнічалі з апазіцыйнымі арганізацыямі, застаючыся пры гэтым незалежнымі ад іх і свабоднымі для рознай канструктыўнай крытыкі.

Нягледзячы на нізкі рэйтынг апазіцыйных палітычных партыяў, пакуль яшчэ існуе шанц палепшыць імідж беларускай апазіцыі. Кансалідацыя апазіцыі і выстаўленне ёю прывабнай альтэрнатывы — задача, якая залежыць ад ведаў і жадання, гэта значыць, якая належыць да сферы суб’ектыўнага, а не аб’ектыўнага. Яна падахвочвае дэмакратаў да актыўнасці, а не да чакання і прыстасавання да ўмоваў, зададзеных аўтарытарнай уладай.

Дзеля справядлівасці неабхода сказаць, што за апошні перыяд апазіцыйнымі палітычнымі партыямі праведзена значная работа, якая дазваляе гаварыць пра шанцы дэмакратычных сілаў на поспех у будучым з стрыманым аптымізмам. Найперш, пачынаючы з 2001 г., аднавілася работа апазіцыі з рэальным беларускім грамадствам. Бальшыні палітыкаў дэмакратычнай арыентацыі ўдалося пераадолець вельмі небяспечны сіндром віртуалізацыі апазіцыйнай дзейнасці, існавання ў вузкім коле паплечнікаў і аднадумцаў, якое не мае нічога агульнага з вялікім светам рэальнай палітыкі.

Дэмакратычныя партыі не дапусцілі расколу па культурных параметрах на беларускамоўныя і рускамоўныя арганізацыі, што, напэўна, сталася б апошнім пахавальным акордам для апазіцыі ў цэлым. Праўда, галоўная заслуга ў гэтым належыць не самім дэмакратычным партыям і арганізацыям, а Лукашэнку. Нецярпімасць прэзідэнта да кожнага іншадумства і арыентацыя ўладаў на ўстараненне ўсіх апанентаў аб’ядноўвае нават непрымірымых супраціўцаў.

Нарэшце, пасля чарговае паразы, гэтым разам на мясцовых выбарах 2002 г., у якіх апазіцыйныя партыі ўдзельнічалі незалежна адна ад аднае і атрымалі разам каля 0,7% (174 дэпутацкія месцы з 24000), пачаўся доўгачаканы працэс кааліцыйнага будаўніцтва. Летам мінулага года ўзнікла аб’яднанне пяці палітычных партыяў (Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, партыя Беларускі Народны Фронт, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада, Партыя Працы і Партыя Камуністаў Беларуская), якія падпісалі пагадненне з дэпутацкай групай «Рэспубліка» і некаторымі мінскімі і рэгіянальнымі няўрадавымі арганізацыямі дзеля каардынацыі намаганняў у падрыхтоўцы да парламенцкіх выбараў. Цяпер яно вядома пад назвай «Народная кааліцыія «5+»». Восенню з ініцыятывай сфармаваць Еўрапейскую кааліцыію «За Вольную Беларусь» выступіла Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя — Народная Грамада, жаночая партыя «Надзея» і 22 няўрадавыя арганізацыі і рухі, у ліку якіх аказалася і добра вядомая грамадзянская ініцыятыва «Хартыя-97». У студзені 2004 г. сфармаваўся і трэці цэнтр прыцягнення — аб’яднанне «Маладая Беларусь», якое адкрыта для маладых кандыдатаў у дэпутаты парламенту ад розных дэмакратычных партыяў і арганізацыяў. Стрыжань згаданай кааліцыі склаў «разведзены» з БНФ «Малады фронт».

Працэс аб’яднання і каардынацыі намаганняў з боку беларускай апазіцыі можна толькі вітаць. Аднак ён будзе мець поспех толькі ў тым выпадку, калі дойдзе да лагічнага завяршэння. Тры цэнтры прыцягнення апазіцыйных сілаў для нашай краіны — гэта зашмат. Досвед апошніх парламенцкіх выбараў у Расіі павінен стаць урокам для беларускіх дэмакратаў. Калі яны хочуць дамагчыся палітычнага поспеху, трэба неадкладна наладзіць дыялог паміж «Пяцёркай+», еўрапейскай і маладзёвай кааліцыямі з мэтай фармавання адзінага антыдыктатарскага руху.

У апазіцыйнай прэсе можна сустрэць развагі пра тое, што вельмі розныя палітычныя сілы аб’ядналіся ў «пяцёрку», што гэта дрэнна: сусветны досвед сведчыць, што не бывае ўстойлівых кааліцыяў, у якія, з аднаго боку, уваходзяць лібералы і камуністы — з іншага. З такім меркаваннем нельга пагадзіцца. Звесткі параўнальнага аналізу пераходу да дэмакратыі такіх розных краінаў, як Партугалія, Філіпіны, Чылі, Паўднёвая Карэя, Паўднёвая Афрыка, Балгарыя, Югаславія, сведчаць, што дэмакратычныя сілы дасягалі поспеху толькі там, дзе ім удавалася сфармаваць максімальна шырокія «парасонавыя структуры», а іхныя палітычныя лідэры памяталі словы выдатнага амерыканскага палітолага Габрыэля Алмонда пра тое, што «вялікія лідэры — гэта вялікія будаўнікі кааліцыяў». Гэта важна для таго, каб мець магчымасць працаваць з рознымі сацыяльнымі групамі, мабілізуючы іх на агульную барацьбу з рэжымам.

Як гэта ні здаецца парадаксальным, адзіная кааліцыя дэмакратычных сілаў у Беларусі (калі такая з’явіцца), нягледзячы на тое, што яна ствараецца перад парламенцкімі выбарамі і для ўдзелу ў іх, дасягне поспеху толькі ў тым выпадку, калі будзе разглядаць выбары і выбарчую кампанію як этап іншай, больш значнай кампаніі замяшчэння дыктатуры асабістай улады ў нашай краіне. Дамагчыся поспеху, арыентуючыся толькі на электаральную барацьбу, электаральныя тэхналогіі ў аўтарытарнай Беларусі, немагчыма. Калі нават у Расіі, якая ідзе далёка наперадзе па шляху рэфармавання эканомікі і палітычнай сістэмы, улада змагла задзейнічаць адміністратыўны рэсурс і не дапусціць у Думу правую апазіцыю і ў два разы скараціць прадстаўніцтва левай, дык што казаць пра Беларусь. Тут чынавенствам ужо даўно адпрацаваны тэхналогіі дасягнення запланаваных прэзідэнтам паказчыкаў падчас выбарчых кампаніяў.

Іншымі словамі, для будучай адзінай кааліцыі дэмакратычных сілаў удзел у парламенцкіх выбарах павінен разглядацца не як мэта, а як сродак дзеля дасягнення іншай больш важнай мэты, як адзін з этапаў на шляху да канчатковай перамогі. Апазіцыі неабходна ўдзельнічаць у выбарах, нават самых недэмакратычных, таму што гэта адзін з вельмі важных каналаў палітычнай камунікацыі з насельніцтвам. Яны дазваляюць сфармаваць каманду кандыдатаў, выпрацаваць альтэрнатыву палітычнаму курсу прэзідэнта, папулярна выкласці сваю праграму і давесці яе да выбаршчыкаў, заваяваць давер з боку шараговых грамадзянаў, адпрацаваць механізмы мабілізацыі прыхільнікаў, вызначыць кола асобаў, якія могуць стаць патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на пост адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на чарговых ці пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах.

Але гэтая стратэгія будзе поспяховай толькі тады, калі ўдасца выбарчую барацьбу дапоўніць метадамі мабілізацыі дэмакратычна настроеных грамадзянаў, прадуманай стратэгіяй рэалізацыі негвалтоўных масавых дзеянняў, акцыямі па «абароне перамогі». Ніводнай апазіцыйнай партыі альбо кааліцыі ў тагачаснай Беларусі самастойна гэта зрабіць не пад сілу.

Такім чынам, ацэньваючы перспектывы «аксамітнай палітычнай рэвалюцыі» ў Беларусі, вынікае, што, нягледзячы на наяўнасць шэрагу спрыяльных фактараў ўнутранага і вонкавага характару (да апошніх неабходна аднесці міжнародную ізаляцыю рэжыму, які з кожным днём узмацняецца), разлічваць на хуткае паўтарэнне «сербска-грузінскага» сцэнару ў нашай краіне не даводзіцца. Калі параўноўваць аб’ектыўныя ўмовы, якія існуюць у Беларусі для рэалізацыі сцэнару «аксамітнай рэвалюцыі», з суб’ектыўнымі фактарамі, мы вымушаны канстатаваць наяўнасць сур’ёзнага разрыву. Аб’ектыўныя ўмовы саспелі, шмат якія — пераспелі, але гатоўнасць канкрэтных сілаў да палітычнае барацьбы, рэалізацыі асэнсаванай стратэгіі пераадолення аўтарытарызму, жадае быць лепшай. Без пераадолення гэтага разрыву за той час, што застаўся да прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., разлічваць на замену аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі на дэмакратычны ў недалёкай перспектыве не даводзіцца.


Заўвагі

1 Huntington S. The Third Wave. Democratization in the Late Twentieth Century. Norman and London: University of Oklahoma Press, 1991. P. 142—149.

2 See: Wiarda H. Concepts and Models in Comparative Politics: Political Development Reconsidered and Its Alternatives // Comparative Political Dynamics. Global Research Perspectives. Ed. by D. Rustow and K. Erickson. N.Y.: Harper Collins Publishers, 1991. PP. 32—53.

3 Huntington S. Op. cit. P. 61.

4 Belarus at a glance // http://www.worldbank.org/data/countrydata/aag/blr_aag.pdf 

5 Белорусский рынок. № 30 (563), 4 августа 2003.

6 Фукуяма Ф. Конец истории и последний человек. М.: АСТ, 2004. С. 188.

7 Shelley L. I., Scott E. R. Georgia’s ‘Revolution of Roses’ Can Be Transplanted // Washington Post. November 30, 2003. P. 5.

8 Даль Р. О демократии. М.: Аспект-Пресс, 2000. С. 143.

9 Linz J., Stepan A. Problems of Democratic Transition and Consolidation. Southern Europe, South America and Post-Communist Europe. Baltimore and London: The Johns Hopkins University Press, 1996. P. 7.

10 Staniszkis J. Main Paradoxes of the Democratic Change in Eastern Europe // Constructing Capitalism. Ed. by K. Poznanski. Boulder, San-Francisco, Oxford: Westview Press, 1992. P.188. У названым артыкуле тэрмін «нацыяналізм» ўжываецца ў сэнсе «тэорыі палітычнай легітымнасці, якая патрабуе, каб этнічныя межы не падзяляліся палітычнымі і, асабліва, каб этнічныя межы ўнутры дзяржавы... не аддзялялі носьбітаў улады ад астатніх». See: Gellner E. Nations and Nationalism. New Perspectives on the Past. Oxford & Camblidge: Blackwell, 1983. P. 1.

11 Tamir Y. Liberal Nationalism. Princeton: Princeton University Press, 1993. P. 90.

12 Nodia G. Nationalism and Democracy // Nationalism, Ethnic Conflict, and Democracy. Ed. by L. Diamond and M. Plattner. Baltimore & London: The Johns Hopkins University Press, 1994. P. 7.

13 Gellner E. Op. cit. P. 55.

14 Фукуяма Ф. Указ соч. С. 328.

15 Сіліцкі В. Адкладзеная свабода. Посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі // ARCHE. № 3. 2003. C. 141.

16 Лукашенко А. О состоянии идеологической работы и мерах по ее совершенствованию // Материалы постоянно действующего семинара руководящих работников республиканских и местных государственных органов. Минск: Академия управления при Президенте РБ, 2003. С. 13.

17 Лукашенко А. Указ. соч. С. 21.

18 Matsuzato K. A Populist Island in the Ocean of Clan Politics: The Lukashenko Regime as an Exception among CIS Countries (рукапіс праф. Мацузато з Slavic Research Center of Hokkaido University).

19 Хантынгтон у кнізе «Третья волна: демократизация в конце ХХ века» вылучае тры асноўныя формы пераходу: «замяшчэнне» (replacement), «трансфармацыю» (transformation) і змешаную форму (transplacement), якая аб’ядноўвае элементы першай і другой. Хуан Лінц і Альфрэд Сцяпан вылучаюць два ідэльныя тыпы пераходу да дэмакратыі, ужываючы іспанамоўныя тэрміны: «ruptura» и «reforma». Гл.: Huntington S. Op. cit.; Linz J., Stepan A., op. cit. P. 7.

20 Huntington S. Op. cit. P. 113.

21 Гл.: Белорусский рынок. № 41 (574), 20 октября 2003.

22 Гл.: Белорусский рынок № 41 (574), 20 октября 2003.

23 Partner-international www.partner-international.com/ 

24 Сіліцкі В. Адкладзеная свабода. Посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі // ARCHE. № 6, 2003. С. 176—196.

25 Huntington S. Op. cit. P. 175—180.

26 See: Baker P. Tbilisi’s ‘Revolution of Roses’ Mentored by Serbian Activists: Foes of Milosevic Trained Georgians // Washington Post Foreign Service. Tuesday, November 25, 2003.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ

  кантакт: p_university@open.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster