|
Беларусы ў Літве
Анатоль Грыцкевіч
Пранікненне славянскіх пасяленцаў на сучасную тэрыторыю Літвы сягае часоў Полацкага княства. Так, у ХІ—ХІІ стст. на месцы, дзе цяпер знаходзіцца Вільня, існавала паселішча гарадскога тыпу, якое паводле славянскай традыцыі атрымала назву ад меншай ракі Вільня. Літоўскі даследнік К. Буга лічыў, што горад заснаваны крывічамі. Ужо ў другой палове XI ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства, удзельнага княства Полацкае зямлі. У 1070 г. тут княжыў полацкі князь Расціслаў Рагвалодавіч, а пасля 1129 г. — ягоныя сыны. Бальшыню жыхароў Вільні (Крывы горад) складалі крывічы; жылі тут і тубыльцы — аўкштайты. Нямецкія хронікі XIV ст. называюць горад «русінскім горадам». Паселішча паступова разрасталася1. У Вільні, якая згадваецца ў грамаце ад 25 студзеня 1323 г., гаворыцца, што горад існаваў з даўніх часоў. У гэты час у Вільні было некалькі праваслаўных цэркваў. У 1432 г. утворана гарадская рада, якая падзялялася на дзве «лавіцы» — «лавіцу рускую» (праваслаўную) і «лавіцу рымскую» (каталіцкую). Паводле прывілею вялікага князя Жыгімонта Казіміравіча, у якім удакладняліся функцыі гарадской рады, палова радцаў і бурмістраў складалася з праваслаўных мяшчанаў, палова — з каталікоў. Мяшчане-рамеснікі да сярэдзіны XVI ст. былі аб’яднаныя ў 20 брацтваў (цэхаў). Развівалася пісьменнасць на афіцыйнай беларускай мове. У канцы XV ст. у горадзе было 14 праваслаўных цэркваў і 7 каталіцкіх касцёлаў2. Менавіта ў першай палове XVI ст. у Вільні, асяродку беларускай культуры, дзейнічаў Францішак Скарына, а пасля яго іншыя беларускія асветнікі. Трэба зазначыць, што да XX ст. ні дзяржаўнай, ні адміністрацыйнай мяжы паміж беларускай і літоўскай тэрыторыяй не існавала. Беларусы і літоўцы да канца ХVІІІ ст. жылі ў межах Віленскага і Троцкага ваяводстваў. У памежных з сучаснай Літвой раёнах ішоў працэс абеларушвання часткі літоўскага насельніцтва, які доўжыўся і ў XIX ст.3. Гэты працэс быў распаўсюджаны і на тэрыторыю цяперашняй Літвы4. Паводле этнаграфічнай карты А. Ф. Рытыха (1875), абшары, пераважна заселеныя беларусамі, прасціраліся далёка на захад ад Вільні ўздоўж ракі Віліі, улучна з Трокамі, а на поўначы са Свянцянамі. Аналагічную карту, зыходзячы з сабраных у 1844—1887 гг. звестак, апублікавалі ў 1888 г. у Германіі. Дзяржаўныя граніцы Беларускай Народнай Рэспублікіна на карце 1919 г. у найбольшай ступені адпавядаюць этнаграфічным звесткам усерасійскага перапісу 1897 г.5. Паводле гэтага перапісу беларусы складалі 56 адсоткаў насельніцтва Віленскай губерні, а літоўцы толькі 17,6. У Вільні ў 1897 г. літоўцаў было толькі 2%6.
Падчас уваходжання Вільні ў склад Польшчы ў 1922—1939 гг. літоўскае насельніцтва зменшылася да 0,5%. Таму пасля перадачы Сталіным Віленскага краю Літве згодна дагавору паміж СССР і Літвой 10 кастрычніка 1939 г. літоўскі ўрад пачаў палітыку засялення Вільні й іншых гарадоў літоўцамі, асабліва ў выніку рэпрэсіяў савецкай улады ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі ў самой Вільні ў верасні—кастрычніку 1939 г. Літоўцы засялялі Вільню і іншыя гарады і мястэчкі краю пасля ліквідацыі гітлераўскімі і літоўскімі паліцэйскімі карнымі падраздзяленнямі гэбраяў. Такая ж палітыка засялення праводзілася і пасля 1945 г. савецкім урадам Літвы7. Да гэтага трэба дадаць канцэнтрацыю ў Вільні ўсіх адміністрацыйных установаў. Праўда, нязначная колькасць беларусаў перасялалася ў Вільню і іншыя гарады Літвы ў гэты ж перыяд па вярбоўцы, на новабудоўлі і г. д., асабліва з памежных раёнаў Беларусі. Частка жыхароў Віленскага краю лічыць сябе палякамі, але ў доме гаворыць па-беларуску. У выніку ў 1989 г. з 592,5 тыс. жыхароў Вільні літоўцы складалі 291,5 тыс. жыхароў (49,2%), а беларусы 30,3 тыс. жыхароў (5,1%). Такім чынам, старажытная Вільня паступова становіцца літоўскім Вільнюсам. У Літве літоўцы складаюць 81% насельніцтва, беларусы 1,5 (63 тыс. чалавек). З гэтай колькасці беларусаў больш за 50 тыс. у Вільні і Віленскім краі. Такім чынам, можна лічыць, што ў бальшыні беларуская дыяспара ў Літве — карэннае насельніцтва Віленскага краю.
Да канца 80-х гадоў XX ст. арганізаванага беларускага нацыянальна-культурнага руху ў Літве не было. У Савецкім Саюзе гэта было немагчыма. Аднак у Вільні існавала кола беларускай інтэлігенцыі, якое працягвала сваю дзейнасць як традыцыю беларускасці Вільні 20—30-х гадоў. Гэта былі мастак Пятро Сергіевіч, Зоська Верас (беларуская легенда Вільні), журналіст Лявон Луцкевіч і іншыя. Актывізацыя беларускага нацыянальна-культурнага жыцця ў Вільні і Літве пачалася ў другой палове 80-х гг. ХХ ст., калі ў СССР адбываліся змены ў грамадска-палітычным жыцці, звязаныя з правядзеннем эканамічных і палітычных рэформаў і лібералізацыі савецкага рэжыму. Пачалі ўзнікаць першыя беларускія культурна-асветныя арганізіцыі. У 1988 г. арганізаваўся клуб аматараў беларускай народнай творчасці «Сябрына», якім кіраваў Валянцін Стэх. Ён ладзіў сустрэчы беларусаў Вільні і Літвы, канцэрты гасцей з Менску — артыстаў, літаратараў, палітыкаў. Запрашаліся і вучоныя-гісторыкі А. Грыцкевіч і М. Ткачоў, якія выступалі з лекцыямі па гісторыі Беларусі, пісьменнік і літаратуразнаўца А. Мальдзіс. Аднак, калі ў Вільні была зарэгістравана гэтая першая беларуская суполка «Сябрына», у гарвыканкаме арганізатарам было сказана: «Толькі без Луцкевічаў». Таму журналіст Лявон Луцкевіч, які ў гэты час быў ужо на пенсіі, не жадаючы перашкаджаць у рэгістрацыі, у склад яе кіраўніцтва не ўвайшоў8.
Клуб «Сябрына» праводзіў сустрэчы ў Палацы прафсаюзаў. Ладзіліся вечарыны памятных дат і юбілеі нацыянальных дзеячоў. Кіраўніцтва «Сябрыны» ў 1989 г. арганізавала беларускія перадачы на літоўскім радыё і тэлеканалах. Але паступова актыўнасць працы клуба «Сябрына» падала. Людзей на сустрэчы прыходзіла ўсё менш. Тады з ініцыятывы і пры актыўным удзеле Лявона Луцкевіча 4 лютага 1989 г. быў праведзены ўстаноўчы сход Таварыства беларускай культуры ў Літве, які прайшоў у зале музычнай школы імя Чурлёніса. Сабралася больш за 200 чалавек. Шмат гасцей было з Беларусі. У зале віселі бел-чырвона-белыя сцягі і герб Пагоня. Былі абраныя Рада ТБК і старшыня — інжынер Хведар Нюнька, які і да гэтага часу займае гэтую пасаду9.
Таварыства беларускай культуры ў Літве сталася найбольш актыўнай палітычна-гарамадскай беларускай арганізацыяй у гэтай краіне. Сярод актывістаў сабраліся адданыя беларускай справе патрыёты, прыхільнікі адраджэння беларускай культуры, якія падтрымліваюць незалежнасць Рэспублікі Беларусь. Сярод іх Лявон Луцкевіч (1922—1997), Мікола Рулінскі, Кастусь Шышэя, Яраслаў Станкевіч, Лявон Кароль, Леакадзія Мілаш, Павел Саўчанка, Міхась Іголка і іншыя10. Таварыства беларускай культуры ў Літве падтрымлівае сталыя кантакты са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Яно часта ладзіць імпрэзы, прысвечаныя гістарычным датам, вечарыны, сустрэчы з літоўскімі дзяржаўнымі дзеячамі і прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі. Аўтар гэтых радкоў — ганаровы сябра ТБК у Літве. Суполкі ТБК дзейнічаюць у іншых гарадах і мясцінах Літвы. Мае сувязь Таварыства беларускай культуры ў Літве і з іншымі арганізацыямі беларусаў замежжа, найперш з краінаў Балтыі, Масквы, Пецярбурга, Польшчы, ЗША, Канады і Аўстраліі. Старшыня ТБК Хведар Нюнька — сябра Рады і прэзідыуму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Таварыства беларускай культуры ёсць адным з цэнтраў навукова-асветнай дзейнасці беларусаў замежжа. Яно вызначылася ў выдавецкай справе. Выпушчана некалькі кніг пра культурную і грамадскую дзейнасць беларусаў у Вільні ў XX стагоддзі. Сярод гэтых кніг: Л. Луцкевіч «Вандроўкі па Вільні» (1998), Ю. Вітан-Дубейкаўская «Мае ўспаміны»(1994), М. Пецюкевіч «У пошуках зачараваных скарбаў» (1998), «Беларусы Балтыі» (1998), Л. Мілаш «Таварыства беларускай культуры ў Літве» (2000), Хв. Нюнька «Мае ўспаміны» (2001), Г. Войцік «Лявон Луцкевіч» (1999), Г. Войцік «Барыс Кіт» (2001), Л. Луцкевіч і Г. Войцік «Адам Станкевіч» (2002). Па дапамогу да Лявона Луцкевіча як сведкі беларускага грамадскага жыцця ў Вільні ў 30-я гады XX ст. звярталіся пісьменнікі і дзеячы культуры з Менску Вольга Іпатава, Сяргей Панізнік, Генадзь Каханоўскі, Арсень Ліс, Міхась Чарняўскі, Галіна Дзягілева і іншыя11.
У Вільні з 1993 г. дзейнічае беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай мовы. З 1 верасня 1994 г. беларуская школа працуе ў асобным будынку. На факультэце славістыкі Віленскага педагагічнага ўніверсітэту — кафедра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. У самой Вільні, Салечніках (Шальчынінкай), Свянцянах (Швянчонісе), Вісагінасе, Друскенінкаі і іншых мясцінах культурна-асветную працу вядуць 15 беларускіх арганізацыяў, сярод іх ёсць Таварыства былых палітвязняў на чале з пісьменнікам Аляксеем Анішчыкам. Яны аб’ядноўваюцца вакол Каардынацыйнай рады беларускіх згуртаванняў у Літве. Яе ўзначальвае Л. Мурашка. З 1991 г. беларускія мастакі ў Вільні А. Аблажэй, А. і К. Балаховічы, С. Зялёнка, У. Кузьменка, У. Падбярэзскі, А. і С. Поклады і іншыя ўдзельнічаюць у выставах Аб’яднання беларускіх мастакоў краінаў Балтыі «Маю гонар». З 1997 г. выдаецца газета «Рунь» (рэдактар А. Мінкін).
У дзейнасці беларускіх грамадскіх арганізацыяў у Літве ёсць і цяжкасці. З лістапада 1997 г. адзначыўся неаднолькавы падыход у беларускіх арганізацыях да падзеяў у Беларусі. Тады зварот Таварыства беларускай культуры ў Літве да ўлады ў Беларусі і да міжнароднай супольнасці супраць утрымання ў ізалятары і супраць суда над маладымі патрыётамі Аляксеем Шыдлоўскім і Уладзімірам Лабковічам адмовіліся падпісаць Згуртаванне беларускіх арганізацыяў у Літве на чале з Л. Мурашкам, суполкі ў Вісагінасе, Салечніках і Свянцянах. У далейшым гэтыя суполкі ні разу не выказвалі пратэстаў супраць парушэння правоў чалавека, антыдэмакратычнай і антыбеларускай палітыкі ўлады. Яны перайшлі да супрацоўніцтва з амбасадай Беларусі ў Літве і адміністрацыяй прэзідэнта ў Беларусі. Таварыства беларускай культуры ў Літве адмовілася ад матэрыяльнай дапамогі ўлады ў Беларусі, якую прапаноўвалі за пераход на бок кіруючага рэжыму. Таму кантакты ТБК з падпарадкаванымі амбасадзе суполкамі сталі вельмі абмежаванымі12.
Такая ж сітуацыя склалася з кіраўніцтвам беларускай школы ў Вільні. З 1999 г. кантакты школы з Таварыствам беларускай культуры спыніліся, бо кіраўніцтва школы перайшло пад кантроль прадстаўнікоў амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве13.
ТБК у Літве працягвае грамадскую дзейнасць. Акрамя друкавання і выпуску кніг, ягоныя сябры ўстанавілі 6 помнікаў сваёй работы на магілах беларускіх дзеячоў і 7 мемарыяльных дошак. Сябры таварыства ладзілі пікеты і рабілі заявы пратэсту. Асабліва актыўнае кіраўніцтва ТБК у кантактах з літоўскімі ўладамі на ўсіх узроўнях, баронячы інтарэсы беларускай меншасці ў Літве14. Дзейнасць Таварыства беларускай культуры ў Літве падтрымліваецца і беларускімі нацыянальнымі сіламі на Бацькаўшчыне на агульную карысць беларускай нацыянальный ідэі і ідэі беларускай дзяржаўнасці.
Заўвагі
1 Голубович В., Голубович Е. Кривой город—Вильно // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. — М., 1945. — С. 125; Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. — Мінск, 1994. — С. 74.
2 Грыцкевіч А. Вільня // Ф. Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1988. — С. 283—284.
3 Гринблат М. Белорусы. Очерки происхождения и этнической культуры. — Минск, 1968. С. 148—151.
4 Тамсама. С. 160.
5 Ширяев Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Чёрная и Литва в картах. — Минск, 1991. — С. 13—14, карты 38—40.
6 Ширяев Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Чёрная и Литва в картах. Прилож. 2, с. 78—79.
7 Тамсама.
8 Войцік Г. Лявон Луцкевіч. — Вільня, 1999. — С. 11.
9 Нюнька Хв. Мае ўспаміны. — Вільнюс, 2001. — С. 27—28.
10 Мілаш Л. Таварыства беларускай культуры ў Літве. — Вільня, 2002. — С. 7, 17, 23, 24.
11 Мілаш Л. Таварыства беларускай культуры ў Літве. С. 11.
12 Нюнька Хв. Мае ўспаміны. С. 41.
13 Тамсама. С. 35.
14 Нюнька Хв. Мае ўспаміны. С. 45.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу ФІЛАМАТЫ
|