БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ФІЛАМАТЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 ФІЛАМАТЫ № 2(9) 2004

З навуковай спадчыны Антона Луцкевіча

Алесь Смалянчук

Антон Луцкевіч (1884 – ?) – адна з выбітных постацяў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагодьдзя. Ён увайшоў у нашую гісторыю як палітык, грамадзкі дзяяч, публіцыст, літаратурны крытык і гісторык. Апошняя іпастась славутага беларуса найменей дасьледавана. Між тым добра вядома, якую велізарную ролю ў выпрацоўцы нацыянальнай ідэалёгіі адыгрывала (і адыuрывае!) гістарычная памяць. Гістарычныя публікацыі беларускіх адраджэнцаў яшчэ чакаюць грунтоўнага навуковага аналізу.

У верасьні 1935 г. сябры Беларускага навуковага таварыства Антон Луцкевіч і Вінцук Грышкевіч прынялі ўдзел у працы VI Усеагульнага зьезду польскіх гісторыкаў, які праходзіў у Вільні. Падчас адкрыцьця зьезду А. Луцкевіч выступіў з прывітальным словам на беларускай мове. Асноўнае выступленьне было прысьвечана дзейнасьці беларускай фракцыі «Народнай волі» і часапісу «Гоман». Пасьля выступленьня адбылася кароткая, але даволі вострая дыскусія.

Стэнаграма паседжаньняў і тэксты рэфэратаў былі апублікаваныя ў выданьні «Pamiкtnik VI powszechnego zjazdu historykуw polskich w Wilnie. 17–20.09.1935 r» (Lwуw, 1935. T. 1–2).

Прапануем увазе чытачоў тэкст прывітальнага слова (з захаваньнем усіх асаблівасцяў арыгіналу), рэфэрат і выступленьні падчас дыскусіі на адзначаным навуковым форуме Антона Луцкевіча. На беларускай мове гэтыя матэрыялы друкуюцца ўпершыню.

Зьвяртаем увагу, што падрадковыя заўвагі й спасылкі належаць або А.Луцкевічу, або рэдакцыі выданьня «Pamiкtnik...».

ВЫСТУПЛЕНЬНІ НА VI УСЕАГУЛЬНЫМ ЗЬЕЗЬДЗЕ ПОЛЬСКІХ ГІСТОРЫКАЎ У ВІЛЬНІ. 17–20 ВЕРАСЬНЯ 1935 Г.

Прывітальнае слова Антона Луцкевіча VI Усеагульнаму зьезду польскіх гісторыкаў

Ад імя Беларускага навуковага таварыства вітаю VI агульна-польскі зьезд гісторыкаў, скліканы ў адвечнай сталіцы нашага краю – Вільні. На гэтым зьезьдзе, дзякуючы гасьціннасьці яго арганізатараў, будуць гаварыць аб сабе і беларусы.

Ужо гэтая акалічнасьць, незалежна ад усіх іншых, дае зьезду ў вачах беларускіх навукоўцаў асаблівую вагу. Але яшчэ большую вагу мае для нас факт, што зьезд за галоўную тэму сваіх працаў выбраў мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага.

Бо-ж гісторыя Вялікага Княства Літоўскага – гэта ня ёсьць гісторыя нейкага адналітага нацыянальнага дзяржаўнага арганізму. Наадварот: гэта ёсьць адначасна гісторыя тых народаў, якія складалі супольную дзяржаву. А найбольш чысленным у В. Кн. Літоўскім было насяленьне беларускае, якое складала асноўную масу насяленьня дзяржавы і свае творчыя сілы аддавала на будаваньне духовае культуры і фізычнае моцы краю. У выніку гэтага тут панавала ў працягу стагодзьдзяў беларуская культура і беларуская мова. У выніку гэтага беларуская мова сталася ня толькі мовай урадовай у В. Кн. Літоўскім, але гэтай мовай гаварыла і пісала ўсё асьвячонае грамадзянства – як этнічна беларускіх, так і этнічна літоўскіх зямель. Ня дзіва, што ў гэтых абставінах народ беларускі мог пачуваць сябе гаспадаром у Вялікім Княстве, што лічыў яго сваёй дзяржавай і ахвотна складаў цяжкія часта ахвяры дзеля абароны яго.

Але сталася так, што імя беларускае неяк дзіўна зацёрлася ў гісторыі краю, які носіць назоў Літвы. «Літвінамі» або «русінамі», «рускімі» называлі беларусаў, хаця апошні назоў абдымаў адначасна і ўкраінцаў. А ў выніку гэтага, калі гаворыцца аб злучэньні Літвы з Польшчай, дык кажуць аб аб’яднаньні ў вадну дзяржаву «двух народаў»: польскага і літоўскага, – і сярэдні грамадзянін Польшчы (– ды не аднэй толькі Польшчы!) мае прадстаўленьне, што колішняя Літоўская Дзяржава была такой самай нацыянальнай літоўскай, як сучасная нам Літоўская Рэспубліка.

Расейская гістарыяграфія называла В. Кн. Літоўскае гаспадарствам «Руска-Літоўскім», але і тут было пэўнае тэрміналягічнае баламуцтва, абапертае на падобнасьці назоваў рускі (ruthenus) i расейскі (rossicus).

Толькі з маменту выхаду на сусьветную арэну беларускіх гісторыкаў гэты туман, які спавіваў нашую гісторыю, пачаў патроху расьсейвацца, і пачалася праца над вывучэньнем мінуўшчыны беларусаў, як самастойнае нацыянальнасьці.

Зацікаўленьне польскіх гісторыкаў гісторыяй В. Кн. Літоўскага і факт учасьця ў сягоньняшнім зьезьдзе беларусаў дае нам надзею, што гэты туман урэшце будзе расьсеяны да канца.

Выказываю гарачае пажаданьне, каб VI агульна-польскі зьезд гісторыкаў у Вільні даў імпульс для выяўленьня ў гістарыяграфіі ўсёй праўды аб ролі беларускага народу ў жыцьці Вялікага Княства Літоўскага.

Горача жадаю зьезду, каб праца яго дала багаты плён для гістарычнае навукі.


«Pamiętnik VI powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie. 17–20.09.1935 r». Lwów, 1935. T. 1. Referaty. S. 28–30. Падаецца на мове арыгіналу (па-беларуску).

 

РЭФЭРАТ АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА «НАРАДАВОЛЬЦЫ-БЕЛАРУСЫ І ІХ ОРГАН «ГОМАН» (ДА ПЫТАНЬНЯ ПРА ЭВАЛЮЦЫЮ ПАЛІТЫЧНАЙ ІДЭАЛЁГІІ БЕЛАРУСАЎ У ХІХ СТ.)»

Напачатку 1884 г. выйшаў першы нумар нелегальнага часапісу нарадавольцаў-беларусаў «Гоман». Гэты часапіс, хоць і выдаваўся на расейскай мове, адыграў вялізарную ролю ў гісторыі беларускага палітычнага руху: менавіта ў ім упершыню выразна і канкрэтна быў сфармуляваны пастулят дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі ў складзе расейскага фэдэратыўнага хаўруса. «Гоман» выдавала «лякальная беларуская фракцыя» партыі «Народнае Волі», створаная, паводле часапісу, па ініцыятыве Ігната Грынявіцкага, забойцы цара Аляксандра ІІ. Гэты факт вызначае час утварэньня фракцыі – перад 1881 г.

Імкнучыся вызначыць месца «Гомана» ў гісторыі беларускага руху, мы павінны перш за ўсё нагадаць, які шлях прайшла беларуская палітычная думка на папярэднім этапе.

Пасьля таго як беларускія землі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі пад уладу Расеі, яны па-ранейшаму жылі сваім адметным жыцьцём, якое – насуперак уніфікацыйным намаганьням польскай улады – было цесна зьвязанае з былым самастойным дзяржаўным ладам В. Княства Літоўскага. Пачуцьцё адметнасьці краю ад Расеі было яшчэ больш моцным, чым пачуцьцё адметнасьці ад Кароны. Новыя палітычныя ўмовы амаль не паўплывалі на нутраное становішча краю, а духоўнае жыцьцё беларускага народу цалкам пазьбегла іх уплываў. Таксама не зьмянілася стаўленьне да гэтага народу з боку лепшай часткі краёвай інтэлігенцыі. Цікавасьць да беларускага народу, яго паэзіі, яго адметнай мовы, якая стала відавочным ужо напрыканцы 18 ст., зь цягам часу расла і ператваралася ў глыбокі і шчыры сэнтымент. Мовай беларускага народу, як сьцьвярджаў Ян Чачот у сваіх «Сялянскіх песьнях з-над Нёмана і Дзьвіны» (Вільня, 1846), любілі карыстацца старэйшыя земяне. А ў 1818 г. маршалак шляхты Завіша выказаў клопат і пра матэрыяльнае жыцьцё беларускага народу, прапанаваўшы праект адмены прыгоннага ладу.

Справа Беларусі як палітычнай катэгорыі неаднаразова разглядалася краёвай грамадзкасьцю. Апроч вышэйадзначаных прычынаў, гэтаму спрыялі палітычныя падзеі вялікай вагі, якія адбываліся або на памежжы краю, або на яго тэрыторыі і абуджалі грамадзкасьць.

Адной з такіх падзеяў было стварэньне Напалеонам Княства Варшаўскага: факт, што вызваленая такім чынам Польшча не ўключала Беларускіх Земляў, прымушаў шляхоцкую краёвую інтэлігенцыю, выхаваную пераважна ў польскай культуры і мове, шукаць шляхі, каб адарваць Беларускія Землі ад Расеі і аб’яднаць іх з Польшчай пры поўнай абыякавасьці беларускага народу, на працягу стагодзьдзяў пазбаўленага права ўдзелу ў палітычным жыцьці. Тут хавалася прычына той ваеннай акцыі, якая шырока разгарнулася на Беларускіх Землях у 1812 г. Грамадзкасьць разумела, што толькі шляхам узброенай барацьбы магчыма дасягнуць вызваленьня краю з-пад расейскае улады. Такая пазыцыя была цалкам слушная.

Тое ж самае паўтарылася ў 1831 г. ізноў з адмоўным вынікам. Верагодна, што гэты вынік, абумоўлены, як і ў 1812 г., пасіўнасьцю шырокіх народных масаў, прымусіў эмігрантаў 1831 г., якія ўваходзілі ў парыскае «Дэмакратычнае таварыства», пераглядзець сваю ранейшую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі, якая зводзілася да звычайнага – «без сумненьняў» – далучэньня гэтага краю да Польшчы. У выніку гэтай рэвізіі замест былога лёзунгу ўніфікацыі нарадзіўся новы: фэдэрацыя Беларусі, Літвы і Ўкраіны з Польшчай. Яны выдатна разумелі, што Беларусь, Украіна і Літва зьяўляюцца адметнымі землямі, па меншай меры не ідэнтычнымі з этнаграфічнай Польшчай. Асабліва яны адчувалі адметнасьць беларусаў і іх мовы. Менавіта таму, яны заняліся пошукамі шляхоў да актывізацыі беларускага насельніцтва дзеля выкарыстаньня яго ва ўзброенай барацьбе супраць панаваньня Расеі. На гэта (па меншай меры, калі размова ідзе пра эмігрантаў зь Беларусі) указваюць выступленьні Аляксандра Рыпіньскага, які ў 1839 г. у Парыжы сярод палітычных эмігрантаў прачытаў цыкл рэфэратаў пра Беларусь і беларусаў, выдадзеных пазьней асобнай кніжкай (A.Rypiсski. «Biaіoruњ». Paryї, 1840). Cваю кніжку аўтар прысьвяціў «першаму з беларускіх сялянаў, які спачатку чытаць, а потым і думаць па-беларуску навучыцца». Гэтае прысьвячэньне цалкам раскрыла палітычную праграму аўтара: актывізацыя беларускага народу шляхам яго паланізацыі.

Аднак паланізацыйная тэндэнцыя не знайшла падтрымкі сярод найбольш вядомых краёвых прыхільнікаў актывізацыі беларускіх масаў. Пра гэта сьведчыць чыннасьць Яна Чачота. Адначасна і Сыракомля, зьвяртаючыся да беларускага народу ў сваіх вершах, напісаных па-беларуску, сьцьвярджаў, што імкнецца прыцягнуць беларусаў да барацьбы супраць Масквы ня шляхам іх паланізацыі, а пры дапамозе прапаганды салідарнасці селяніна з панам – дзеля вызваленьня ад Масквы. (Верш «Добрыя весьці», напісаны ў 1848 г.) Рашуча разарваў з тэндэнцыяй, якую прадстаўляў Рыпіньскі, кіраўнік паўстаньня ў Беларусі ў 1863 г. Канстанцін Каліноўскі. Ён стварыў рэвалюцыйную літаратуру на беларускай мове (сем нумароў адозваў пад агульнаю назвай «Мужыцкая праўда») і не толькі прызнаў такім чынам нацыянальныя правы беларусаў, але ў сваіх адозвах выразна заяўляў пра самастойнае аўтанамічнае існаваньне Беларусі ў складзе адноўленай Польшчы.

Як вядома, намаганьні Каліноўскага, які ўласнае жыцьцё ахвяраваў сваёй ідэі, ня здолелі прыцягнуць да ўдзелу ў паўстаньні беларускія сялянскія масы. Ня будзем аналізаваць прычынаў: яны агульнавядомыя. Як вядома, сяляне Беларусі ня толькі не падтрымалі паўстаньне (за рэдкім выняткам), але нават часьцяком выступалі супраць «панскага» паўстаньня. Характэрным можна лічыць прызнаньне Мураўёва ў адным зь неапублікаваных ягоных лістоў1. У лісьце да свайго сябра з Пецярбургу ён пісаў: «Пра становішча на Магілеўшчыне Пан даведаецца з далучанага адказу на ліст князя Яшвіла; там бунт падаўлены, на жаль, самымі сялянамі. Пішу Яшвілу, каб не дапусьціў пашырэньня гэтага руху, бо ён вельмі небясьпечны; але і выступаць супраць сялянаў са зброяй у руках ня трэба; зрэшты, ніякага гвалту яны не рабілі. Дастаткова славеснага перакананьня вышэйшых мясцовых уладаў; спадзяюся, што такім чынам здолеем спыніць гэты сялянскі выбух; рыхтуем адпаведнае распараджэньне».

Факт, на які зьвяртае ўвагу Мураўёў, надзвычай сімбалічны, асабліва ў сувязі з ацэнкай аўтара ліста. Відавочна, што актывізацыя беларускага сялянства распачалася ўжо ў той час, але не ў тым кірунку, пра які думала культурна паланізаваная і палітычна краёвая шляхоцкая інтэлігенцыя. Гэтая актыўнасьць нарадзілася на сацыяльнай глебе і была накіраваная супраць земянства, якое падтрымала паўстанцкі рух і было яго галоўнай сілай. Сялянскі рух, хоць і варожы да паўстаньня, але, маючы выразныя рысы сацыяльнага руху, не без падставы быў прызнаны Мураўёвым небясьпечнай зьявай: усё ж такі аналягічны рух – напярэдадні адмены прыгоннага ладу і пасьля яго – разьвіваўся і ў карэннай Расеі, дастаўляючы ўраду шмат клопату. Адначасова ўсё часьцей адчуваецца боязь перад рабочым рухам у буйнейшых прамысловых цэнтрах. Рэвалюцыйная агітацыя па ўсёй Расеі ўзмацняецца. У сувязі з гэтым, як адзначыў А.Тун2 у сваёй гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расеі, у Беларусі – пад уплывам агітацыі – уздымаецца хваля тэрарыстычных акцыяў на вёсцы ў выглядзе падпальвання маёнткаў, асабліва ў 1880–1882 гг.

Характэрнай зьявай можна лічыць адначасовую актывізацыю рабоча-сялянскіх элемэнтаў у этнаграфічнай Польшчы. На гэтыя элемэнты імкнулася абаперціся польская радыкальная інтэлігенцыя, якая гуртавалася вакол «Пралетарыяту». Нават і там адбываецца пэўная зьмена фронту: справа незалежнасьці паступова адсоўваецца – фактычна – на другі плян. Першае месца заняла барацьба ўсіх прыгнечаных Расеяй народаў супраць царскіх уладаў. На руінах існуючага палітычнага рэжыму царскай Расеі павінна была ўзнікнуць фэдэрацыя свабодных народаў альбо шэраг незалежных нацыянальных рэспублікаў у адпаведнасьці з рабочай праграмай партыі «Народная Воля», распрацаванай у 1880 г. Варшаўскі «Пралетарыят» на гэтай падставе дамаўляецца пра фэдэратыўны хаўрус з «Народнай Воляй», якая зьяўлялася кіруючым органам усяго тагачаснага рэвалюцыйнага руху ў Расеі3.

Зразумела, што сацыяльна актыўныя беларускія элемэнты таксама зьвярнулі ўвагу на гэтую арганізацыю, так што нават інтэлігенцыя, якая размаўляла па-польску і была выхаваная ў польскіх традыцыях, падтрымала барацьбу «Народнай Волі» і зь яе перамогай зьвязвала сьветлую будучыню Беларусі. Дастаткова ўважліва прачытаць хроніку арыштаў у нумарах часопісаў «Народнай Волі» альбо вядомую «Хроніку рэвалюцыйнага руху ў Расеі» генэрала Шабекі4, каб знайсці дзясяткі імёнаў беларусаў зь Меншчыны, Віленшчыны, Віцебшчыны, Магілеўшчыны, Горадзеншчыны (асабліва зь Беластоку). Можна меркаваць, што колькасьць нявыяўленых уладамі рэвалюцыянэраў у шмат разоў перавышала лічбу ў згаданым сьпісе.

Відавочна, што сярод гэтых рэвалюцыйных дзеячоў, якіх даў беларускі народ, лічба нацыянальна сьвядомых людзей не магла быць значнай. Нацыянальны беларускі рух у сучасным разуменьні толькі нараджаўся. Менавіта гэтыя нешматлікія беларускія дзеячы зрабілі спробу арганізаваць на Беларускіх Землях рэвалюцыйную акцыю пад беларускім сьцягам. Уваходзячы ў склад партыі «Народная Воля», яны стварылі ўнутры яе «лякальную беларускую фракцыю» – па ініцыятыве і пры ўдзеле Ігната Грынявіцкага, пра што паведаміў орган гэтай фракцыі «Гоман».

Першыя зьвесткі пра беларускую фракцыю нарадавольцаў паведаміў той самы «Гоман». У пэўнай ступені гэта сэнсацыйная інфармацыя. Сэкцыя ўтварылася падчас сяброўства ў «Народнай Волі» Грынявіцкага, гэта значыць у 1879-80 г., бо 1 сакавіка 1881 г. Грынявіцкі загінуў. Такім чынам датай заснаваньня беларускай фракцыі трэба лічыць 1879 або 1880 г., – прычым, хутчэй, апошні зь іх, бо наўрад ці ўжо на першы год уступленьня ў партыю Грынявіцкі здолеў стварыць фракцыю.

Якія былі мэты і задачы беларускай фракцыі? Што гэта была за арганізацыя і з каго яна складалася? Чаму і калі перастала існаваць? Вось пытаньні, на якія хоць часткова паспрабуем адказаць.

Адказ на першае з гэтых пытаньняў знаходзім у № 2 «Гомана», паасобнік якога – sui generis унікальны – знаходзіцца ў Беларускім музэі імя Яна Луцкевіча ў Вільні. Актыўным удзелам у агульнарасейскім рэвалюцыйным руху заслужыць права на ўладу ў Беларусі пасьля перамогі над царызмам; падрыхтаваць грамадзкую думку да дасягненьня самастойнасьці Беларусі ў складзе той фэдэрацыі, у якую павінна ператварыцца Расея; на гэтым падмурку і пад гэтым лёзунгам аб’яднаць усе беларускія рэвалюцыйныя гурткі, колькасьць якіх – паводле «Гомана» – на пачатку 80-х г. была досыць унушальнай, – вось задачы і сфэра дзейнасьці фракцыі, адлюстраваныя ў артыкулах «Гомана». Няма ніякіх сумневаў: «Гоман» быў органам фракцыі і адлюстроўваў яе погляды і імкненьні.

Цяжэй адказаць на другое пытаньне. Ніводная з публікацыяў не прыводзіць дакумэнтаў або разважаньняў на гэты конт. Нават такое дакумэнтальна багатае выданьне, як савецкі «Красный архив», сьцьвярджае ў рэдакцыйнай прадмове да артыкулу «К истории процесса 21» (т. 5 – 1929 г.), што рэканструяваньне дзейнасьці «Народнай Волі» да 1881 г. наогул немагчымае з прычыны адсутнасьці дакумэнтаў. Іх няма ні ў архівах «Охраны», ні сярод матэрыялаў замежных партыяў. Мы можам абаперціся толькі на дзьве крыніцы: на той жа «Гоман» і на лісты актыўнага ў 80-я г. дзеяча беларускай фракцыі на Меншчыне Адама Багдановіча.

Паводле Багдановіча ў Беларусі – поруч з беларускай – дзейнічалі яшчэ дзьве нацыянальныя фракцыі: польская і жыдоўская. Абапіраючыся на назве «местная» (мясцовая) беларуская фракцыя, як акрэсліў яе «Гоман», і ўлічваючы пачатковую стадыю беларускага нацыянальнага руху, трэба прызнаць, што беларуская фракцыя была тэрытарыяльнай арганізацыяй. Хутчэй за ўсё, у яе склад уваходзілі нарадавольцы, якія паводле сваёй нацыянальнасьці не маглі належаць да польскай і жыдоўскай фракцыяў, г.зн., перш за ўсё беларусы, як нацыянальна сьвядомыя, так і несьвядомыя. Група нацыянальна сьвядомых беларусаў, зразумела, не магла быць шматлікай. Толькі праз чатыры гады сваёй дзейнасьці яна здолела арганізаваць выданьне органа фракцыі пад назвай «Гоман». Асьвятленьне асабістага складу гэтага цэнтру беларускай нацыянальнай думкі ўнутры фракцыі мае надзвычай важнае значэньне для гісторыі беларускага Адраджэньня.

Вядомыя імёны шэрагу славутых нарадавольцаў, якія павінны былі ўваходзіць у склад беларускай фракцыі. Гэта: Анатоль Боньча-Асмалоўскі, Кавалік, Судзілоўскі, Параска Іваноўска, ужо згаданы Адам Багдановіч, названыя ім Гаховіч, Ян Акаловіч, Анатоль Сіціньскі; з Гаховічам супрацоўнічалі вучні праваслаўнай Духоўнай сэмінарыі ў Менску Сяўрук, Разьдзялоўскі, Кізёвіч. Відавочна, што да яе належалі і тыя шматлікія дзеячы, імёны якіх мы чытаем у хроніках арыштаў на тэрыторыі Беларусі. Толькі іх нязначная частка стварала нацыянальна сьвядомую і нацыянальна актыўную групу. Багдановіч лічыць, што да яе належалі трое: Гаховіч, Акаловіч, Сіціньскі. «Гоман» называе ініцыятарам стварэньня фракцыі і яе ідэйным кіраўніком – Ігната Грынявіцкага.

Няма магчымасьці прывесьці тут біяграфію Грынявіцкага, якая надзвычай характэрная для тагачаснага беларускага дзеяча. Толькі заўважу, што паходзячы з каталіцкай сям’і, ego ipso ён падпаў пад польскія культурныя ўплывы, аднак пачуцьцё прыналежнасьці да беларускай нацыі было прычынай таго, што ён не мог цалкам зьліцца з польскаю грамадскасьцю і шукаў кантактаў адначасова з расейскімі рэвалюцыянэрамі. Як сьцьвердзіў Тун, з гэтай прычыны Грынявіцкі меў шмат непрыемнасьцяў: калегі-палякі ягонае супрацоўніцтва з расейцамі былі гатовыя лічыць «нацыянальнай здрадай» – перакананыя ў тым, што як каталік Грынявіцкі павінен быў быць палякам. Безумоўна, адчуваючы сябе беларусам, пра што шырокія колы відавочна ня ведалі, Грынявіцкі не чуўся як «у сябе» ў складзе польскіх арганізацыяў. Тое ж датычыла і расейскіх. Менавіта таму павінна была нарадзіцца думка пра неабходнасьць утварэння беларускай арганізацыі ўнутры «Народнай Волі»* .

 


* Рэдакцыйная заўвага. Сям’я Грынявіцкіх vel Грынявіцкіх, герба Przegonia паходзіць з Падляшша; яе галіны сустракаюцца таксама на Меншчыне. Ігнат Грынявіцкі, рэвалюцыянер, сябра «Народнай Волі», быў сынам Яўхіма, з польскай сям’і. Некаторы час ён рэдагаваў таксама расейскую «Рабочую газету». Нацыянальныя матывы ў той час не адыгрывалі ніякай ролі ў расейскім рэвалюцыйным руху, які наогул меў дзяржаўны расейскі характар. Польская і расейская рэвалюцыйная літаратура лічыць Грынявіцкага хутчэй палякам. Аднак гэта не змяншае значэння выдання «Гомана» ў гісторыі беларускага нацыянальнага руху.

Распавядаю пра гэтыя моманты, бо яны асьвятляюць тагачасныя дачыненьні і паказваюць генэзіс ідэі стварэньня беларускае фракцыі. Фракцыя перажыла свайго заснавальніка і працавала некалькі гадоў, набіраючыся моцы, бо ў 1884 г. распачала выданьне ўласнага часапісу і, як відаць зь ягонага зьместу, імкнулася арганізаваць уласную нелегальную друкарню. Аднак пасьля выданьня двух нумароў «Гомана», дасягнуўшы кульмінацыйнага пункту свайго разьвіцьця, фракцыя ў 1885 або на пачатку 1886 г. нечакана была зьліквідаваная. Ліквідацыя наступіла ў выніку аб’яднаньня трох фракцыяў: беларускай, польскай і жыдоўскай, як сьцьвярджае ў сваіх лістах Багдановіч. Праўда, прычынаў ліквідацыі Багдановіч не называе, але не цяжка здагадацца: гэта быў час заняпаду «Народнай Волі» і паступовага звужэньня тэрарыстычна-рэвалюцыйнай чыннасьці – у сувязі з тым, што расейскія ўлады дасягнулі кантролю над сытуацыяй і зьліквідавалі асобныя мясцовыя групы.

Дзеля грунтоўнага асьвятленьня ідэалёгіі нарадавольцаў-беларусаў, аб’яднаных вакол «Гомана», варта затрымацца на гэтым часапісу.

«Гомон. Белорусское революционное обозрение» – гэта поўная назва часапісу, другі нумар якога мы ведаем. Ці захаваўся першы нумар, мы не здолелі ўстанавіць. [Першы нумар часапіса захоўваецца ў бібліятэцы Расейскай Акадэміі Навук у Санкт-Пецярбургу. – Заўвага публікатара, А.С.]. Зыходзячы з таго, што выданьне № 1 «Гомана» было зафіксаванае пад 1884 г. у «Хроніцы» генэрала Шабекі, можна выказаць меркаваньне, што «Охрана» трымала гэты нумар у руках, і цалкам магчыма, што яго можна знайсьці ў яе архівах. Што датычыць вядомага нам № 2, то адзначым, што пра яго існаваньне расейскія ўлады ня ведалі і выхад яго з друку не зафіксавалі.

Месца выданьня «Гомана» невядомае. Ускосныя дадзеныя дазваляюць сьцьвярджаць, што выдаваўся часапіс у Пецярбурзе. Часапіс быў гектаграфічны; фармат – 17,5 х 21,5. Меў 38 старонак тэксту, напісанага на рускай мове – апроч назвы, якая была па-беларуску (слова «гоман» азначае па-беларуску тое, што «gwar» па-польску).

Зьмест № 2 складаўся з уступнага артыкулу, датаванага 15 лістапада 1884 г., нутранага агляду, карэспандэнцыяў, тэарэтычнага артыкулу па нацыянальнай праблеме, двух нататак «ад рэдакцыі», нарэшце – «абвестак». Для нас важныя два зьмешчаныя ў «Гомане» вялікія артыкулы. На іх зьмесце варта затрымацца.

Ва ўступным артыкуле рэдакцыя перш найперш заявіла, што падзеі, якія адбываюцца ў Расеі, безумоўна вядуць да рэвалюцыі. Яе правакуе сам урад уласнымі рэпрэсіямі. Рэпрэсіі ў адносінах да ўсіх кірункаў апазыцыі замыкаюць перад ёю дзьверы для мірнай культурнай працы.

На жаль, сярод апазыцыі адсутнічае згода. Адбываецца ўнутранае змаганьне. Увесь цяжар сапраўднай барацьбы нясе на сваіх плячах адна «Народная Воля». Гэта вядзе да марнаваньня сілаў, патрэбных для дасягненьня іншых мэтаў, на дзейнасьць, зь якой выдатна маглі справіцца іншыя палітычныя групоўкі. Апазыцыя гаворыць, але не змагаецца. І партыя «Народнай Волі» вымушаная разьлічваць толькі на ўласныя сілы, імкнучыся да перавароту, якога можна дасягнуць толькі пры дапамозе сканцэнтраванай дыктатарскай улады. Пасьля перамогі гэтая сіла – сіла партыі – збудуе новы лад. З думкай пра гэта і імкнучыся атрымаць магчымасьць пабудовы новага ладу на Польскіх землях, польская рэвалюцыйная партыя «Пралетарыят» аб’ядналася з «Народнай Воляй» на прынцыпах фэдэратыўнай арганізацыі.

Таксама і сацыялісты-беларусы, якія перасьледуюць інтарэсы Беларусі, павінны заняць адпаведнае месца ў рэвалюцыйнай барацьбе, уступаючы ў шэрагі «Народнай Волі». Гэта першая прычына, якая прымушае беларускіх сацыялістаў прыняць актыўны ўдзел у барацьбе, якая разгортваецца ў Расеі. Але існуе яшчэ адна прычына, пра якую «Гоман» гаворыць так: «Уваходзячы ў склад адзінай актыўнай партыі, да якой безумоўна – паводле нашага перакананьня – належыць будучыня, мы адначасова ўвядзем у сьвядомасьць сяброў гэтай партыі практычную мажлівасьць самастойнасці Беларусі ў складзе фэдэрацыі ў будучым, а таксама неабходнасьць рыхтавацца да гэтай самастойнасьці ўжо сяньня. Прынцыпова партыя і сяньня стаіць на пазыцыі фэдэралізму ў дачыненьні да краёў («областей») Расеі, што неаднаразова пацьвярджала, але фактычна на гэтую самастойнасьць можа разьлічваць толькі тая тэрытарыяльная адзінка, якая ў змаганьні будзе ісьці поруч з баявой партыяй і будзе мець у яе складзе сваіх прадстаўнікоў, дастаткова добра ведаючых мясцовыя патрэбы. Наколькі недастаткова для самастойнасьці краёў аднаго толькі прынцыповага яе прызнаньня сьведчыць міжвольная заява спадара Ціхамірава [у будучым расейскі шавініст і манархіст. – А.С.] у № 2 «Вестника Народной Воли» адносна «непатрэбнасьці» і «штучнасьці» стварэньня новых нацыяў. Практычная неабходнасьць палітычнай і эканамічнай самастойнасьці асобных краёў так слаба яшчэ ўсьведамляецца, што аўтар вырашыў нават і хвіліны часу не марнаваць на доказ «непатрэбнасьці» і «штучнасьці», перакананы, што сустрэне маўклівую згоду сваіх чытачоў».

Рэдакцыя «Гомана» рашуча пратэставала супраць такога погляду на Беларусь і беларусаў, нагадваючы, што ўжо «Бакунін, Драгаманаў і шмат іншых, гаворачы пра распад Расейскай імпэрыі на натуральную фэдэрацыю, называлі Беларусь побач з Польшчай і Украінай». «Нават урад, які імкнецца да аднастайнасьці на ўзор казармы, лічыцца зь ёю (Беларусьсю. – А.Л.), як з асобным краем, і існуе цэлы шэраг эканамічных і адміністрацыйных загадаў, прызначаных толькі для Беларусі. Канешне, сярод люду яшчэ няма сьвядомага імкненьня да фэдэратыўнай незалежнасьці ў такім выглядзе, як гэта ўяўляе сабе інтэлігенцыя, аднак неабходнасьць незалежнасьці выцякае сама па сабе з усьведамленьня людам сваёй адметнасьці ад суседзяў; самастойнасьць таксама абумоўленая эканамічнымі і кліматычнымі асаблівасьцямі Беларусі, што значна адрозьніваюцца ад умоваў іншых краёў Расеі, – выцякае нарэшце з арыгінальнасьці характару самой нацыі».

Дзьве прыведзеныя цытаты з «Гомана» дазваляюць з поўным перакананьнем заявіць, што акцыя нарадавольцаў, якія выдавалі «Гоман», у прынцыпе мела нацыянальны характар. Беларусь яны лічаць нацыянальнай беларускай тэрыторыяй і ламаюць дзіды за прызнаньне патрэбы і неабходнасьці «стварэньня новых нацыянальнасьцяў», як памылкова называюць народы, што адраджаюцца, у т.л. і беларусаў. Мы бачым, што яны ўжо вераць у нацыянальнае адраджэньне беларусаў. Гэтая вера ў гісторыі разьвіцьця беларускай нацыянальнай ідэі ўяўляе сабой цалкам новую зьяву і таму заслугоўвае быць асабліва адзначанай. Безумоўна, нарадавольцы-беларусы разумеюць усю цяжкасьць сваёй задачы: абуджэньня беларускага нацыянальнага руху, накіраванага на ўтварэньне новых формаў самастойнага палітычнага быту. Яны ж заклікаюць беларускую інтэлігенцыю распачаць падрыхтоўчую працу, зблізіцца з беларускім людам.

Разумеючы, што перамога над поглядамі, выказанымі Ціхаміравым, ня будзе лёгкай, бо сярод сяброў «Народнай Волі» яны маюць сваіх прыхільнікаў, рэдакцыя заявіла, што інтарэсы партыйнага цэнтра патрабуюць стварэньня мясцовай беларускай партыі, прасякнутай усьведамленьнем рэальных патрэбаў Беларусі. Такая партыя, выдатна арыентаваная ў мясцовых умовах, будзе найбольш эфэктыўна вырашаць і агульныя задачы рэвалюцыйнай партыі «Народная Воля». Нарэшце – яна зьяднае тыя шматлікія беларускія колы сярод беларускай інтэлігенцыі, якія хоць і настроены рэвалюцыйна, але прапануюць розныя шляхі вырашэньня беларускае праблемы. Прапагандуючы фэдэратыўную самастойнасьць Беларусі, мясцовая арганізацыя на гэтай плятформе здолее прыцягнуць да сябе лепшыя з тых гурткоў...

Напрыканцы артыкулу чытаем:

«Сьцвярджаем нарэшце, што ў вырашэньні нашай задачы сустрэнем шматлікія цяжкасьці – як у сувязі з пасіўнасьцю беларускай інтэлігенцыі, так і па прычыне коснасьці ў поглядах на праблему фэдэралізму. Аднак, нягледзячы на гэтыя цяжкасьці, па меры нашых сілаў мы пакладзём першы камень у падмурак фэдэратыўнай незалежнасьці Беларусі. Галоўнае, зрабіць першы крок, – а для далейшай працы, без сумненьня, прыйдуць новыя сілы з большым запасам энэргіі і давядуць справу да канца».

Гэты дзіўны на першы пагляд аптымізм, гэтая глыбокая вера ў ажыццяўленьне прапагандаванай ідэі былі сапраўды прарочымі: не прайшло і чвэрці стагодзьдзя, як зьявілася новае пакаленьне нацыянальна сьвядомых беларусаў і распачало працу над рэалізацыяй ідэі самастойнасьці Беларусі, ідучы пры гэтым значна далей, чым нарадавольцы: яны імкнуліся ўжо да дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі...

Але вернемся да «Гомана». Другі вялікі артыкул, зьмешчаны напрыканцы № 2 «Гомана», ня мае назвы, – затое мае наступную анатацыю рэдакцыі:

«Дадзены артыкул, як нас інфармавалі, ужо працяглы час перадаваўся з рук у рукі сярод беларусаў Пецярбурга. Праблему, якую закрануў аўтар, мы лічым цікавай і не пазбаўленай пэўнай вагі, спосаб яе разгляду ў многіх дачыненьнях адпавядае нашым уласным паглядам. Публікуем гэты артыкул у нашым часапісу, каб больш шырокае кола чытачоў атрымала магчымасьць пазнаёміцца зь ім».

Гэтая анатацыя патрабуе адмысловае ўвагі: яна сьцьвярджае, што дадзены артыкул ня выйшаў за межы кола дзеячоў-нарадавольцаў, а г.зн., што і па-за «Народнай Воляй» ужо існавалі нацыянальна сьвядомыя беларусы, погляды якіх на беларускую праблему адпавядалі поглядам партыйных дзеячоў.

Артыкул мае тэарэтычны характар. Аўтар разважае на тэму нацыянальнага пытаньня, прапануючы прынцыпы, на якіх павінна грунтавацца нацыянальнае адраджэньне беларусаў. Яны згодныя з агульным сьветапоглядам нарадавольцаў. Стоячы на агульначалавечым падмурку, аўтар абараняе права на жыцьцё і свабоднае разьвіцьцё кожнае нацыі, у т.л. і беларускай. Вось найбольш характэрныя фрагменты артыкулу:

«Кожная нацыя, нават слабейшая, заслугоўвае на прызнаньне яе самастойнасьці, і ўсе спробы прыціску слабейшага суседа з боку іншых народаў трэба лічыць шкоднымі, нягледзячы на іх матывы, ня толькі для слабой нацыі, аде і для той, якая прыціскае. Не шануючы чужой самастойнасьці, пераможца тым самым выяўляе непавагу да сваёй уласнай, а падтрымліваючы сярод сваіх дух гвалту, рызыкуе стаць аб’ектам тыраніі асобных прадстаўнікоў уласнай нацыі». «Калі нацыя, – сьцьвярджаюць вузкія нацыяналісты, – ня здольная да абароны ўласнай самастойнасьці альбо мае слабую культуру і слабую фізычную сілу, то яна павінна быць праглынутая больш моцным народам». «А вось мы лічым, што такі народ трэба падтрымаць і даць яму мажлівасьць стаць на ўласныя ногі, каб нішто не перашкаджала яму выказацца. Так мы глядзім на нацыянальную праблему і ў сувязі з гэтым лічым неабходным энэргічна бараніць беларусаў як ад гвалту з польскага боку, так і з боку расейскага, хоць кожны зь іх імкнецца надаць гвалту лагодную форму нібыта дабрачыннага для Беларусі культурнага ўплыву і апекі».

Далей аўтар абгрунтоўвае права Беларусі на «аўтаномную фэдэратыўную самастойнасьць у сям’і іншых народаў Расеі» натуральнымі, эканамічнымі і гістарычнымі асаблівасьцямі краю. «Да ўсяго гэтага трэба надаць, што Беларусь мае ўласную мову, якая ... з часам можа атрымаць такое ж права грамадзянства, як і маларуская мова. Разьвіцьцё мовы – гэта, безумоўна, справа будучыні, калі сама Беларусь трохі ўмацуецца духам, а гэта зноў жа будзе залежаць ад яе эканамічнага прагрэсу».

Абмяжоўваючыся вышэйсказаным, прапаную выснову, якая лягічна выцякае з прапанаванага тэксту.

Ідэя аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай фэдэрацыі ўзьнікла ў выніку спалучэньня беларускае нацыянальнае ідэі зь ідэяй сацыяльна-палітычнае барацьбы на глебе агульнарасейскага рэвалюцыйнага руху. Гэтая ідэя выціснула былую канцэпцыю аўтаноміі Беларусі ў складзе адроджанае Рэчы Паспалітай Польскай. Яна праіснавала ў беларускім грамадстве аж да 1918 г., калі беларуская палітычная думка цалкам стала самастойнай, заняўшы незалежніцкую пазыцыю. Вынікам гэтага было праклямаваньне сувярэннай Беларускае Народнае Рэспублікі ў Менску 25 сакавіка 1918 г.


Pamiętnik VI powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie... S. 87–99. Тэкст падаецца ў перакладзе з польскае мовы.

 

ДЫСКУСІЯ *


* Pamiętnik VI powszechnego zjazdu historyków polskich w Wilnie. 17–20.09.1935 r. T. 2. Lwów, 1935. S. 55–63.

М.Шулькін:

Рэфэрэнт пры падрыхтоўцы матэрыялу пра нарадавольцаў-беларусаў ня выкарыстаў апублікаваных у апошні час крыніцаў і дакумэнтаў (Левицкий В. Партия «Народная Воля». Москва–Ленинград, 1928; Кон Ф. История революционого движения в России. Харьков, 1929; Фигнер В. Запечатленный труд. Т. І–ІІ. Москва, 1928, ды інш.), у выніку чаго ня здолеў належным чынам паказаць пачатковы этап чыннасьці «Народнае Волі» на беларускіх землях. А гэтыя пачаткі датычаць яшчэ 70-х г. 19 ст., калі былі створаныя першыя рэвалюцыйныя гурткі, якія складаліся пераважна з нацыянальна неаднароднай моладзі. Зрэшты, праграма партыі «Народнай Волі», якая лічыла галоўнай мэтай рэвалюцыйнага руху сацыяльную перабудову грамадзкасьці, у нацыянальным пытаньні ня была дастаткова распрацаваная. Гэтае пытаньне заставалася недзе на пэрыферыі.

Першыя гурткі «Зямлі і Волі» і «Народнай Волі» разгарнулі ў Беларусі досыць энэргічную прапагандысцкую дзейнасьць. Напрыклад, у 1879 г. у Менску была арганізаваная першая нелегальная друкарня, у якой былі надрукаваныя тры першыя нумары газеты «Черный передел», некалькі нумароў газеты «Звено» і шэраг невялічкіх выданьняў. Тэзіс рэфэрэнта, што «сацыяльна актыўныя беларускія элемэнты ... нават інтэлігенцыя, якая размаўляла па-польску і была выхаваная ў польскіх культурных традыцыях, падтрымала барацьбу «Народнай Волі» і зь яе перамогай зьвязвала сьветлую будучыню Беларусі» зьяўляецца не зусім дакладным, бо ўсе сябры рэвалюцыйнай партыі (Грынявіцкі, Кавалік, Вахоўска, Пумпянска, Боньч-Асмалоўскі ды інш.) на першы плян ставілі сацыяльную перабудову, як галоўную мэту рэвалюцыйнага руху. Яны належалі да розных нацыянальнасьцяў і былі абыякавымі да гэтай праблематыкі. Нацыянальнымі лёзунгамі яны карысталіся як дапаможнымі, якія маглі прыдацца дзеля актывізацыі шырокіх сялянскіх масаў. Што датычыць асобы Ігната Грынявіцкага (1858–1881), аднаго з найбольш славутых рэвалюцыйных дзеячаў, гіпотэза спадара Луцкевіча, што «адчуваючы сябе беларусам, пра што шырокія колы відавочна не ведалі, Грынявіцкі не чуўся як «у сябе» ў складзе польскіх арганізацыяў», мне падаецца недакладнай, бо чаму рэвалюцыянэр ня мог адчуваць сябе добра ў патрыятычных арганізацыях польскіх студэнтаў, калі ён у першую чаргу быў дзеячам рабочага руху і вёў прапагандысцкую працу як сярод расейскага пралетарыяту, так і беларускага, і польскага. Зрэшты, ён быў адным з галоўных супрацоўнікаў «Рабочей газеты» ў 1880-81 г.5.

Падсумоўваючы ўсё гэта, можна сьцьвярджаць на падставе крыніцаў, што тэза рэфэрэнта нібыта «нарадавольцы служылі выключна беларускай ідэі» (у апошняй рэпліцы), зьяўляецца недакладнай і прадыктавана сьветапоглядам сучаснага нацыяналізму. У гістарычных дасьледаваньнях трэба рэканструяваць праўдзівы вобраз мінулага.

Я.Станкевіч:

Рэфэрат спадара Луцкевіча як пэўныя ўводзіны ў беларускую гісторыю 19 ст. лічу вычарпальным. Сьвядомасць крышталізавалася яшчэ раней. Беларуская інтэлігенцыя была паланізаваная, але пазьней вярнулася да нацыянальнай беларускай сьвядомасьці.

П.Жукоўскі:

Дакумэнты і сярэднявечныя хронікі пісаліся ў Літве на рускай мове, а не па-беларуску. Таксама нельга славянскае насельнітцва на гэтых землях называць беларусамі, хоць яно і складаецца з продкаў сучасных беларусаў. Тое ж можна казаць пра тэрмін «украінскі». Нельга, напрыклад, Сьв.Уладзіміра называць украінцам.

А.Луцкевіч:

Спадар доктар М.Шулькін атакаваў тую частку майго рэфэрату, якая была надрукаваная ў кнізе рэфэратаў зьезду і па прычыне недахопу часу не была тут агучаная. Вымушаны ў некалькіх словах вярнуцца да яе.

Безумоўна, большасьць нарадавольцаў слаба цікавілася нацыянальнымі праблемамі. Яны мала займалі і большасьць сяброў беларускай фракцыі. У надрукаваным рэфэраце я выразна гэта пазначыў, сьцьвердзіўшы, што толькі іх нязначная частка была нацыянальна сьвядомая, і падаў імёны тых, каго меў падставы аднесьці да адчуваючых сябе беларусамі. Сярод іх назваў імя Грынявіцкага, які, паводле зьвестак рэдакцыі «Гомана», быў ініцыятарам арганізацыі беларускай фракцыі.

Заўвага апанента, што я ня выкарыстаў усіх матэрыялаў, у прыватнасьці, не згадаў пра «Черный передел», памылковая. Я не імкнуўся паказаць увесь спэктар рэвалюцыйнага руху ў Беларусі ў пэрыяд «Народнае Волі», а толькі шукаў у гэтым руху беларускія нацыянальныя акцэнты і вёў гаворку толькі пра іх. Падобных акцэнтаў у «Черном переделе» я не знайшоў, таму і не згадаў пра гэтую арганізацыю.

Пэрыяд «Народнае Волі» ў Беларусі сапраўды быў пераломным у беларускім жыцьці. Пасьля польскае інтэлігенцыі, якая прыходзіла да беларускага люду, каб прыцягнуць яго да ўзброенай барацьбы супраць Расеі за вызваленьне былое Рэчы Паспалітай Польскай, у беларускай вёсцы зьявіліся новыя людзі, якія імкнуліся перш за ўсё служыць гэтаму люду і змагацца за яго правы. Адпаведна гэтыя новыя людзі – нарадавольцы, павінны былі з павагай аднесьціся да нацыянальных асаблівасьцяў беларусаў, да іх мовы і адметнай культуры. Яны павінны былі зьвярнуць увагу таксама на вырашэньне нацыянальнай беларускай праблемы.

Ці быў Грынявіцкі беларусам? Спадар Шулькін аспрэчвае гэтую тэзу і лічыць Грынявіцкага палякам. Але ж Грынявіцкі ўласную беларускасьць найлепш пацьвердзіў сваёй чыннасьцю. Маючы магчымасьць працаваць у польскай фракцыі, не ўступіў у яе, а ініцыяваў стварэньне беларускай фракцыі. Ідэалёгію яго прынялі і ў «Гомане» яе прадэманстравалі рэдактары часапісу.

Шаноўнае спадарства! Прапаную дамовіцца наконт крытэру, які трэба ўжываць у навуковых досьледах дзеля вызначэньня нацыянальнасьці. Безумоўна, калі размова ідзе пра люд, няздольны з прычыны нізкага культурнага ўзроўню да сьвядомага нацыянальнага самавызначэньня, то мы можам выкарыстоўваць пэўныя аб’ектыўныя дадзеныя, напрыклад, мову і г.д. Аднак, калі справа датычыць асобаў высокай культуры, то ў гэтым выпадку ні мова, ні паходжаньне ня могуць заслугоўваць поўнага даверу. Рашаючую ролю адыгрывае сьвядомасць асобы. У іншым выпадку, спадары, вы павінны былі б выдаліць за дужкі польскасьці Ашкеназаў, Фэльдманаў, Эстрайхераў, якія працай усяго свайго жыцьця далі прыклад прыналежнасьці да польскае нацыі. Такі крытэр я выкарыстаў для вызначэньня нацыянальнасьці Ігната Грынявіцкага.

Пытаньні спадара Жукоўскага непасрэдна не зьвязаныя з тэмай майго рэфэрату. Зрэшты, магу адаслаць яго да багатай навуковай літаратуры па гэтай праблеме, нагадаю толькі Карскага. Таму адкажу ў некалькіх словах.

Ужо ў 11 ст. у стараславянскіх (царкоўна-славянскіх) рукапісах, якія пісаліся ў Беларусі, заўважаюцца рысы беларускай мовы. У наступных стагодзьдзях гэта праявілася яшчэ больш і нарэшце пісьмовая культура ў Беларусі становіцца цалкам беларускай. Мы гэта бачым ужо ў 13–14 ст. на пачатку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Ці ня была гэтая літаратура і культура ўкраінскай, пытаецца спадар Жукоўскі. Адназначна заяўляю, што ня была. Ня буду прыводзіць іншых шматлікіх доказаў гэтага, толькі нагадаю тую абставіну, што ў час, калі ў Беларусі ў межах ВКЛ квітнела нацыянальная культура, Украіна жыла пад чужым ярмом, патаптаная капытамі татарскіх коняў. Гэта гаворыць само за сябе.


Заўвагі

1 Ліст захоўваецца ў зборах Беларускага музея імя Яна Луцкевіча ў Вільні.

2 A.Thun. Istorja riewoluciоnnawo dwiżenija w Rossii. Knigoizdatielstwo «Ziemla i Wola» (s.l.a.).

3 «Narodnaja Wola» Nr. 10. 1884.

4 «Chronika socjalisticzeskawo dwiżenija w Rossii. 1878–1887. Officjalnyj otczot». Moskwa, 1906.

5 Допіс рэдакцыі. Ігната Грынявіцкага лічыла палякам тагачасная патрыятычная польская моладзь у Галіцыі, пра што сведчаць «Мэмуары» («Pamiкtniki») Ігн. Дашыньскага (І, 8): «Глыбокае ўражаньне на наш гурток (саюз патрыятычных маладых хлопцаў з сярэдніх школаў Станіславова) зрабіла сьмерць цара Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881 г. Як толькі зьвесткі пра гэта дайшлі да Станіславова, брат хутка намаляваў крэйдай некалькі малюнкаў і напісаў адпаведны радасны вершык унізе. Уначы гэтыя малюнкі былі расклеяныя на галоўных будынках горада, так што раніцай людзі ўжо разглядалі. Для нас гэта быў адзін з найбольш радасных дзён. З напружанай цікавасьцю мы чыталі пра ўсе падрабязнасьці замаху, так удала выкананага палякам Ігнатам Грынявіцкім».

Прадмова, публікацыя й пераклад з польскае мовы
Алеся Смаленчука


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу ФІЛАМАТЫ

  кантакт: p_university@open.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster