|
Пошукі працягваюцца
- Полацкія старажытныя лёхі - хутчэй за ўсё міф, - да такой высновы прыйшлі дыгеры з Санкт-Пецярбурга, група якіх днямі пабывала ў Полацку. Усе яны з’яўляюцца членамі незалежнага аб’яднання “Чорны крыж”, які на добраахвотных прынцыпах згуртаваў аматараў даследвання разнастайных падземных збудаванняў.
- Рух дыгераў зараз даволі моцны ў Расеі,- адзначыў у размове з нашым карэспандэнтам кіраўнік групы Арсен Жданоўскі. - Створаны клубы, грамадскія аб’яднанні энтузіястаў. Цікавасць да загадак таямнічых сутарэнняў перарасла межы звычайнага захаплення, аматарства, рамантыкі. Для некаторых сяброў руха захапленне ператварылася ў сталы прафесійны занятак. Дыгеры дапамагаюць камунальным службам вызначаць сейсмічную небяспеку пабудоў, удакладняюць карты падземных камунікацый і нават адшукваюць старажытныя сховішчы гістарычных рарытэтаў.
Дарэчы, надзея адшукаць нешта з артэфактаў полацкай мінуўшчыны паклікала піцерцаў у Полацк. Яны ніколі дагэтуль у Полацку не былі, аднак шмат чулі пра легендарныя сярэдневечныя падземныя пераходы і склепы, што верагодна засталіся яшчэ ў цэнтральнай частцы Полацка. Асабліва ў раёне, які прылягае да будынкаў былога Езуіцкага калегіума і ў ваколіцах былога Бернардзінскага кляштару ў Задзвінні ( цяпер - псіхіатрычная бальніца). У Полацку каманда дыгераў працавала ўсяго два дні, але гэтага часу хапіла для расчаравання.
- Мы патрапілі ў склепы калегіума, даследвалі ўзоры мураванкі, - паведаміў Арсен Жданоўскі.- Нечым манера будаўніцтва падмурка калегіума нагадвае падзямеллі Кракава, дзе мы пабывалі два гады таму. Знайшлі рэшткі якіхсьці адтулін. Але не думаю, што яны мелі нейкае дачыненне да падземных хадоў. Хутчэй за ўсё гэта часткі сістэмы вентыляцыйных калодзежаў альбо ацяплення. На жаль, мы не змаглі на гэты раз узяць дастаткова абсталявання для дэталёвага вывучэння склепаў. Ды і часу было небагата. Але, на маю думку, на сенсацыі ў бліжэйшы час разлічваць не выпадае.
-У гэтым вы пераканаліся канчаткова?
-Амаль. Ведаеце, цэнтральная старажытная частка Полацка шмат разоў па-дзікунску перакопвалася. Галоўны будынак калегіума быў увогуле зруйнаваны. Страчаны фрагменты гістарычнай забудовы. Можа недзе на ўскраінах і знойдуцца яшчэ цікавыя знаходкі і нават патаемныя склепы. Але шукаць старыя хады ў застаўшыхся мурах калегіума - марная справа.
Па словах Арсена Жданоўскага, легенды пра полацкія падзямеллі сёння не больш як міф, прадукт народнай фантазіі. Поўныя сістэмы старажытных падзямелляў наўрад ці захаваліся. Вядома, калісьці яны былі ў Полацку. Цэнтр гандлю і рамёстваў, які стаяў на перакрыжаванні шляхоў заваёўнікаў, не мог абыйсціся без разгалінаванай сістэмы патаемных абарончых хадоў.
Праўда, гэта не значыць, што таямніц полацкіх падзямелляў больш не існуе. Ёсць, прынамсі, нямала склепаў нядаўняй гісторыі: 40-я альбо 50-я гады XX стагоддзя, рэшткі даваенных альбо пасляваенных тэхнічных, гаспадарчых збудаванняў. Менавіта падзямеллі такога характару супрацоўнікі службы надзвычайных здарэнняў і мясцовыя краязнаўцы выпадкова адшукалі летась у Задзвінні.
Ігар Карнееў
Усё вяртаецца на свае кругі
Гэтая падзея ўвойдзе ў гісторыю Полацка чырвоным радком: 21 лютага адбылася цырымонія перадачы комплекса будынкаў колішняга езуіцкага калегіума Полацкаму дзяржаўнаму універсітэту. Раней у гэтых буданках размяшчаўся ваенны шпіталь, які 1 лютага спыніў сваё існаванне. На ўрачыстае мерапрыемства прыехала шмат гасцей: прадстаўнікі адпаведных міністэрстваў, Віцебскага аблвыканкама, Белрэстаўрацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, пісьменнікі, гісторыкі, археолагі. Унікальнасць будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума ў тым, што менавіта ў гэтых старажытных мурах размяшчалася першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Прыхільнікі і праціўнікі
Галоўным прыхільнікам і ініцыятарам перадачы гістарычных будынкаў Міністэрству адукацыі з’яўляўся рэктар ПДУ Эрнст Бабенка. Першапачаткова меркавалася, што ўсе карпусы былога езуіцкага калегіума пяройдуць да Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Бабенка так згадвае той час: “За гэты комплекс мы змагаліся каля дзесяці гадоў. Як толькі політэхнічны інстытут ператварыўся ва універсітэт, я выступіў з ініцыятывай, каб будынак калегіума, у якім размяшчаўся ваенны шпіталь, быў перададзены нам. У той час было прынята рашэнне, што на месцы шпіталя будзе музейны комплекс. Але паступова маю ідэю успрынялі, з’явіліся прыхільнікі” (універсітэцкі студэнцкі бюлетэнь “Настежь”, 19.02.2003). Прыхільнікаў рэктар знайшоў найперш сярод творчай інтэлігенцыі, кіраўніцтва Полацка і ў Міністэрстве адукацыі. Апошняе слова было за Прэзідэнтам, - ён сказаў “так”.
Асноўнымі праціўнікамі ідэі Бабенкі былі ваеннае ведамства і наваполацкія гарадскія ўлады. З ваеннымі ўсё зразумела: не жадалі праблем з пераносам шпіталя. Але чаму былі супраць наваполацкія ўлады? Старшыня Наваполацкага гарвыканкама Аляксандр Камароў наступным чынам патлумачыў сваю пазіцыю: “Паводле папярэдняй ацэнкі экспертаў, гэты комплекс патрабуе каля 60 млрд. рублёў капітальных укладанняў. Але ці мы настолькі багатыя, каб патраціць такую суму на вучэбны корпус, без якога можна абыйсціся? (…) Я думаю, што рашэнне аб перадачы комплекса адкіне развіццё універсітэта на гады, а можа, і на дзесяцігоддзі. (…) Цяпер я ўсур’ёз непакоюся, што сродкі на рэалізацыю праекта пачнуць шукаць не толькі ў Міністэрстве адукацыі. А ў горада сённа шмат праблем” (наваполацкая гарадская газета “Химик”, 11.02.2003).
Акрамя фінансавай ёсць яшчэ адна прычына. Камароў з’яўляецца самым зацятым праціўнікам аб’яднання двух гарадоў, Полацка і Наваполацка. Раней вучэбныя карпусы і інтэрнаты ПДУ знаходзіліся выключна ў Наваполацку. Перадача універсітэту будынкаў у Полацку, відавочна, прыспешыць аб’яднаўчы працэс.
Выглядае, што паразумення з Камаровым кіраўніцтва універсітэта напярэдадні ўрачыстасці не знайшло, бо на цырымоніі перадачы не прысутнічаў ніводзін прадстаўнік наваполацкай гарадской улады.
Няхай музы вяртаюцца ў гэтыя муры
Цырымонія перадачы пачалася паседжаннем ў актавай зале Полацкага гарвыканкама. Першым выступіў гаспадар, полацкі мэр Уладзімір Тачыла, які пералічыў апошнія дасягненні Полацка ў культурным будаўніцтве (да 2005 года горадскія ўлады павінны выканаць комплексную праграмму развіцця Полацка як гісторыка-культурнага цэнтра). Рэктар ПДУ, як галоўны арганізатар мерапрыемства, прадставіў гасцей свята.
Затым удзельнікі ўрачыстасці перайшлі ў памяшканне адзінага адрэстаўраванага корпуса калегіума, у якім зараз месціцца Мастацкая галерэя; там прадстаўнікі Белрэстаўрацыі пазнаёмілі гасцей з архітэктурнымі асаблівасцямі гэтых будынкаў і гісторыяй стварэння навучальнай установы. Рэстаўратары перадалі Бабенку каштоўны падарунак - копію абмернага плана будынкаў калегіума ХІХ стагоддзя.
Асноўная цырымонія адбылася ў Сафійскім саборы. Ключ ад комплекса гістарычных будынкаў перадаў рэктару ПДУ начальнік полацкага гарнізона, палкоўнік Аляксандр Малалеткін. Пісьменнік Уладзімір Арлоў падарыў універсітэту стос сваіх кніг і пажадаў, каб у муры былога калегіума хутчэй вярталіся музы. Аташэ па культуры польскай амбасады ў РБ Мар’ян Сімаковіч паабяцаў спрыяць умацаванню сувязяў паміж ПДУ і польскімі ВНУ. Загадчык аддзела археалогіі АН РБ Сяргей Тарасаў пажадаў, каб старажытныя сцены навучальнай установы запомнілі добрыя справы цяперашніх студэнтаў і выкладчыкаў. Свае вершы прачыталі Генадзь Бураўкін і Навум Гальпяровіч. Цырымонію завершыў Полацкі камерны хор пад кіраўніцтвам Людмілы Жукавай, які выканаў песню Мікалая Сіраты на словы Францыска Скарыны.
OPERAE PRETIUM EST*
Эрнст Бабенка прызнаецца, што наперадзе універсітет чакае вялікая праца: “Ганарыцца атрыманым комплексам можна будзе толькі тады, калі ўсе будынкі будуць асвоены і адрэстаўраваны, калі будуць створаны ўсе умовы для арганізацыі навучальнага працэсу. У першую чаргу мы ліквідуем кацельню, якая да сёння ацяпляла будынак, і арганізуем цеплазабяспячэнне праз цэнтральнае ацяпленне. Другі этап – гэта рамонт, які дазволіў бы пераехаць у новы будынак хаця б аднаму нашаму факультэту. Нашчадкі б нам не даравалі, калі б мы не зрабілі гэты крок і не вярнулі б Беларусі яе першы універсітэцкі будынак.” Мяркуецца, што ў Полацк пераедзе гістарыка-філалагічны факультэт.
Сапраўды, справа вартая працы.
* Справа вартая працы (лац.)
Алесь Козік
|