|
Дзе пахаваны Усяслаў Чарадзей?
Гіпотэза полацкага гісторыка і археолага
У кожнага народа ёсць асоба, якая пакінула пасля сябе яскравы і велічны след. У паданнях і легендах беларусаў народная памяць захавала імя славутага князя Усяслава Чарадзея. Для гісторыкаў яго імя звязана з таямнічым часам пачатку дзяржаўнасці ў крывічоў-палачан, незалежным княствам якіх правіў Усяслаў на працягу доўгіх 57 гадоў. Легендарны князь пакінуў пасля сябе моцнае, квітнеючае Полацкае княства, помнікам велічы яго асобы стаў Сафійскага сабора.
Многіх з нас, далёкіх нашчадкаў крывічоў-палачан, не можа не цікавіць пытанне: дзе быў пахаваны вялікі князь і ці можна сёння нават гіпатэтычна вызначыць месца знаходжання княжацкай пахавальні?
У другой палове ХІ стагоддзя, у час княжання Усяслава, у Полацку быў толькі адзін вядомы нам мураваны храм – гэта велічны Сафійскі сабор. Ад пачатку ў саборы знаходзілася бібліятэка і дзяржаўная казна, таму сабор не мог быць месцам княжацкага пахавання. Дакладнасць, з якой летапісцы адзначаюць час смерці Усяслава Чарадзея здзіўляе, бо такіх звестак няма больш ні пра аднаго князя ўсходніх славян. Памёр князь “в лето 6609 (1101)… месяца априля, в 14 день, в 9 час дне, в среду”. Усяслаў быў пахаваны як хрысціянін – інакш проста не магло быць, калі ўлічыць скіраванасць яго палітыкі, – гэта значыць, што можна хаця бы меркаваць аб месцы яго апошняга прыстанішча.
Пры сынах і ўнаках Усяслава Чарадзея ў Полацку пачынаецца шырокамаштабнае будаўніцтва мураваных храмаў. Кожная царква каштавала вялікіх намаганняў як дзяржаве, так і самому князю. Пабудаваць царкву, нават па сённяшніх мерках, патрабуе вялікіх эканамічных высілкаў. Як ні парадаксальна, але ў ХІІ стагоддзі, якое лічыцца часам палітычнага аслаблення княства, у Полацку было пабудавана не менш адзінаццаці (!) мураваных храмаў – менавіта столькі было даследавана археолагамі. А колькі яшчэ нам невядомых? Нават дагэтуль мы дакладна не ведаем, дзе знаходзіўся мужчынскі манастыр, які быў заснаваны прападобнай Еўфрасінняй і колькі ў ім было цэркваў.
У ХІІ стагоддзі ў Полацку знаходзілася сама меней два храмы, якія былі княжацкімі пахавальнямі, і адзін – пахавальня полацкіх епіскапаў. Адна з княжацкіх пахавальняў знаходзілася на стрэлцы Ніжняга замка, недалёка ад сучаснага Чырвонага моста праз Палату. У старажытнасці Палата цякла далёка ад таго месца, дзе знаходзілася царква. Храм-пахавальня быў пабудаваны на ўскрайку старажытных полацкіх могілак – там, дзе зараз знаходзіцца полацкае гарадзішча. Менавіта каля падмурка гэтага безыменнага храма былі знойдзены рэшткі багата аздобленага саркафага з шыфернага сланца, які быў прывезены за тысячу кіламетраў для вельмі знакамітай асобы. Другі храм-пахавальня – гэта Вялікі сабор Бельчыцкага манастыра, які ўтрымліваў спецыяльныя галерэі, дзе знаходзіліся крыпты – пахавальныя камеры. Размяшчэнне храма і яго дамінуючая роля сярод астатніх трох цэркваў Бельчыцкага княжацкага манастыра – усё гэта дае падставы лічыць, што менавіта ён з’яўляўся княжацкай пахавальняй
Ці маглі згаданыя храмы стаць апошнім прытулкам легендарнага Усяслава Чарадзея? Вялікі безыменны сабор быў пабудаваны ў 1100-1110 гадах сынамі Усяслава. Сабор узведзены пасля смерці князя, а яго размяшчэнне ў Бельчыцах – на левым беразе Дзвіны – сведчыць аб нетрывалым становішчы княжацкай улады і ўзмацненні ролі полацкага веча. Пры Усяславе веча не набыла такой сілы, каб дыктаваць князю сваю волю, таму звязваць пачатак будаўніцтва храма з імем Усяслава не даводзіцца. Храм на стрэлцы Ніжняга замка быў пабудаваны, прыкладна, у тыя ж гады. Узводзіла яго тая ж будаўнічая арцель, што і Вялікі сабор. Абодва храмы будавалі грэчаскія майстры, у якіх вучняваўся будучы знакаміты полацкі дойлід Іаан.
Узнікае пытанне: навошта ў пачатку ХІІ стагоддзя спатрэбілася будаваць два храмы-пахавальні, ды яшчэ ў розных месцах? Без прадаўжэння археалагічных раскопак адказ на гэтае пытанне цяжка знайсці. Можна меркаваць, што адзін з храмаў быў пабудаваны як пахавальня Усяслава Чарадзея, які, безумоўна, заслугоўваў вялікай пашаны. Калі так, дык гэтая роля найбольш падыходзіць да невялікага храма на стрэлцы Ніжняга замка. У 60-я гады ХІ стагоддзя Усяслаў перанёс адміністрацыйны цэнтр горада і сваю рэзідэнцыю са старажытнага гарадзішча на Верхні замак, і з таго часу гарадзішча стала выкарыстоўвацца як могілкі. Менавіта на гарадзішчы мог знаходзіцца магільны склеп вялікага полацкага князя. Пасля ўзвядзення храма ў яго зручна было перанесці саркафаг з парэшткамі Ўсяслава. На карысць гэтай версіі ўскосна сведчыць адсутнасць саркафагаў ў іншых полацкіх храмах-пахавальнях. Яшчэ ў глыбокай старажытнасці невядомымі вандаламі саркафаг быў разбіты, а царква прастаяла толькі да пачатку ХVІ ст. Мяцежны князь пакінуў не толькі добрую памяць сярод палачанаў - жыццё яго помнілася і ворагам Полацкай зямлі, а такіх за ўсю гісторыю нашага краю было нямала. Магчыма, знішчэнне саркафага адбылося падчас кровапралітных войнаў першай паловы ХІІ стагоддзя, калі на Полацк хадзілі вайной кааліцыі старажытных князёў, а можа гэта адбылося ў ХVІ ст., у той час, калі загінула сама царква?
Нельга не адзначыць становішча, у якім апынуліся рэшткі полацкіх храмаў ХІІ стагоддзя. На месцы царквы на стрэлцы Ніжняга замка зараз знаходзіцца прыватная сядзіба, якая актыўна забудоўваецца, а падваліны Вялікага (безыменнага) сабора ляжаць пад аўтамабільнай дарогай (дарэчы, не заасфальтаванай), - як дакор нашай нядбайнасці і бяспамяцтву. Кожны год агаляюцца галерэі храма і разбураюцца старажытныя падмуркі. Сёння няпроста знайсці месцы размяшчэння былых храмаў: на археалагічных помніках адсутнічаюць мемарыяльныя таблічкі і ўказальнікі.
Многія таямніцы полацкай гісторыі яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Прыемна ўсведамляць, што мы жывём у час, калі літаральна кожны можа ўнесці свой уклад у захаванне гістарычнай памяці і адчуць салоднае пачуццё першаадкрывальніка нязведаных старонак нашай гісторыі.
Дзяніс Дук, археолаг, старэйшы выкладчык ПДУ.
Рамантыкі з гурта “Ozon”
Наваполацкія музыканты з рок-гурта “Ozon” летазлічэнне свайго калектыву пачынаюць з 5 лютага 2001 года. У гэты дзень хлопцы сабраліся на першую рэпетыцыю: Мікалай Буслаеў (гітара, вакал), Леанід Пятроў (бас), Іван Шаўчук (гітара), Аляксей Павукоў (бубны). Вырашылі выконваць альтэрнатыўны рок і спяваць выключна па-ангельску.
З “інгліш” у калектыва не было праблем: Буслаеў і Пятроў вучыліся ў ПДУ па спецыяльнасці “Замежныя мовы”. У кожнага з “чацвёркі” быў вопыт удзелу ў розных музычных праектах, таму пачыналі не з нуля.
Складаней з вызначэнне музыкі, якую ўзяліся ствараць “азонаўцы”. Журналісты адразу заўважылі, што яна нагадвае кампазіцыі легендарнага ірландскага гурта “U-2”. Самі хлопцы не адмаўляюцца, што Бона з таварышамі паўплываў на іх творчасць, нават больш таго, Буслаеў і Пятроў называюць музыкантаў з “U-2” сваімі галоўнымі кумірамі. Але пры гэтым абавязкова тлумачаць, што іх захапляе ў гэтым калектыве: “Ірландскія рокеры ніколі не ішлі на кампраміс з сумленнем, не пісалі заведама камерцыйных кружэлак, заўсёды заставаліся сабой”. Сваіх рамантычных поглядаў у наш час бязмежнага практыцызму хлопцы не хаваюць: гэта бачна і ў самой назве гурта - кожны ведае, чым з’яўляецца азонавы слой для Зямлі. Буслаеў жа пайшоў далей: ён узяў сабе сцэнічнае імя Ідэн, імя героя рамана Джэка Лондана.
“Азонаўцы” кажуць, што для іх галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца сяброўства. У гэтым яны блізкія да полацкага гурта “Мясцовы час”, які спыніў сваё існаванне ў год стварэння “Ozona”. Цікава і тое, што Аляксей Павукоў быў апошнім бубначом “МЧ” і некаторыя музычныя ідэі прынёс з сабой у новы калектыў. Сяброўства ў “Мясцовым часе” таксама лічылася не апошняй рэччу. Ходзіць легенда, што вакаліст “МЧ” Алесь Кузьмін адмовіўся падпісаць кантракт са шведскім прадзюсарам толькі таму, што ён запрашаў яго ў Швецыю без калектыву, маўляў, музыканты слабыя, знойдзем новых. Кузьмін не пагадзіўся.
Праўда, музыка “Ozona” зусім не падобная да музыкі, што граў “МЧ”. “Мясцовы час” параўноўвалі з заходнімі заваднымі камандамі, накшталт AC/DC, але пры гэтым полацкі гурт заставаўся прадстаўніком светлай рок-музыкі – ніякіх жахаў, вампіраў, гвалту, разбурэння.
“Ozon” - таксама прыхільнік светлага року, аб чым сведчыць іх апошні альбом “Слова і справа” (2002). Пачуць гэтую музыку можна будзе 18 сакавіка ў наваполацкім клубе “Night city”. Нашая газета выступае інфармацыйным спонсарам гэтага канцэрту.
Алесь Козік
|