Славамір Адамовіч
Вяртаньне ў Рэвалюцыю
(Спавешчаньне, агучанае пад час уручэньня літаратурнай прэміі ТВЛ «Гліняны Вялес-96» за паэтычны зборнік «Каханьне пад акупацыяй»)
Усё адбылося так, як мусіла адбыцца: я вярнуўся.
Вазоны ў пакоі пасохлі, але кактус быў яшчэ зялёны. Пакуль я паліваў мужную расьліну з пабітага імбрыка, жанчына прымала душ. Пахла мёртвым лістом, турмой, мышамі й пылам.
«Не, — сказаў я жанчыне, калі яна прапанавала мне пачак прэзэрватываў, — хутчэй я зьем сырой табакі, чым скарыстаю гэта. Я хачу даць табе сваю плоць, а ня гуму.»
Так сказаў я. І ўсё адбылося, як мусіла адбыцца.
Праз колькі дзён кактус наліўся сокам, рассунуўшы свае цёмназялёныя калючыя бакі. Дзесяць месяцаў ён чакаў мяне. А выжыў, бо заставаўся калючым.
На другі дзень жанчына зьнікла. У «Нашай Ніве» мне падаравалі раскошную барвова-бутонную ружу. На калючым дубцы й па сёньня зелянее новы атожылак, які адскочыў замест засохлай кветкі...
Паэзію і Рэвалюцыю цяжка ўявіць без жанчыны і кветак. У турме мы ня мелі першай, але заўсёды ў нас на самаробнай паліцы стаяў букецік — некалькі бярозавых галінак, выцягнутых з камэрнага дзеркача. Дробненькія клейкія лісточкі давалі надзею. Надзея ўтрымлівала дух супраціўленьня. Дух супраціву забясьпечваў выжываньне. Выжыўшы — я тут. Я з радасьцю адзначаю, што за гэтыя дзесяць месяцаў нарадзілася новае пакаленьне — пакаленьне Нацыянальнай Рэвалюцыі. Нарэшце я чую, што рэчы пачалі называць іх уласнымі імёнамі. Паэзія Супраціўленьня набывае сваіх чытальнікаў. Каханьне жыве й пад акупацыяй. Любоў да Бацькаўшчыны расплюшчвае засаўкі рэжыму.
Калі Паэзія — Слова, дык Нацыянальнае Супраціўленьне (Рэвалюцыя) — гэта Справа. Калі Паэзія — Слава, дык Рэвалюцыя — шлях да ўлады. Калі Слава — гэта любоў іншых да цябе, дык улада — гэта свабода для ўсіх нас і незалежнасьць для Беларусі.
Паэзія сёньня — гэта моцнае жаданьне ўлады. Нельга атрымаць увагу жанчыны, пры гэтым не жадаючы яе хаця б крыху...
12 сакавіка 19.97, Менск
Пікет гарадзенскіх літаратараў "Свабоду Славаміру Адамовічу!"(Зьлева на права) Аляксей Дземідовіч, Данута Бічэль, Анатоль Брусевіч, Эдзік Мазько, Юры Гумянюк, Юрась Пацюпа. Горадня, красавік 1996г. Фота Яраслава Ванюкевіча.