БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 6

Алесь Аркуш

НЕСПАКОЙ, ВЫКЛІКАНЫ САБАЧЫМ ВЫЦЬЦЁМ
эсэ

Часам мяне сам чорт цягне за язык. Выдатна разумею, што марна спрачацца і даказваць відочнае, але перасіліць сябе не магу.

Трэці тыдзень гвалтуе псыхіку кепскае надвор’е. Шчыльнасьць і працяжнасьць шэрай смугі з насалодай пляжаць апошні кволы настрой.

У клясычным дзіцячым матэматычным прыкладзе — два памножыць на два — прысутнічае апрыёрная веда існаваньня адказу. І неістотна, што з адказам — роўна чатыры — можна памыліцца; усё адно вы імгненна выдадзіце свой лік. Гэта як сьнег белы — а ці заўсёды ён белы? — а вугаль чорны — зь яго колерам таксама магчымыя адхіленьні. Ці ёсьць сэнс спрачацца пра колер сьнегу і вугалю?

Яшчэ адна апрыёрная веда — вясна прыносіць абнаўленьне. Сёньняшняя вясна аспрэчыла гэтую архаічную тэзу. У чым абнаўленьне? Новыя лісты на дрэвах і маладая трава на лузе? Духовае ачышчэньне і катарсіс памерлых надзеяў? Пачынаеш зайздросьціць калючай пасьлядоўнасьці елкі. Ніякіх рамантычных (вясновых) крозаў.

Трэці тыдзень недзе ў суседзяў вые сабака. Гэтае тужлівае выцьцё выклікае трывожныя асацыяцыі. Чаму вые? У нэрвовым выцьці ніякай сыстэмы і лёгікі. Калі б сабаку пакінулі аднаго ў хаце, дык выцьцё — патрабаваньне харчу і волі — мусіла нарастаць з кожным днём. Аднак жывёліна вые ў пэўныя часы — безь ніякай канкрэтнай пэрыядычнасьці — аднастайна і зацята. Гадзіну, паўтары і змаўкае. Магчыма, сабака згубіў гаспадара і ў часы асаблівай тугі выказвае свой сум і неспакой? Чаму тады новы(я) гаспадар(ы) не выводзіць(яць) чацьвераногага сябра ў хвіліны яго невыноснай роспачы ў двор — сьвежае паветра і шпацыр супакойваюць нэрвы, разьвейваюць цяжкія ўспаміны. Якую трэба мець вытрымку, каб жыць з такім сабакам у вадной кватэры. А што, калі гаспадар заплаціў за «цяўку» некалькі сотняў даляраў — ня выкінеш жа грошы на вуліцу, маўляў, павые ды супакоіцца. Сабака жыве на колькі паверхаў вышэй. Калі сольны канцэрт у мяне, дык як пачуваюць сябе непасрэдныя, "засьцянковыя" суседзі? Вушы ватай затыкай, або тэлевізар на ўсю моц. Можна схадзіць пасварыцца. «Вы прапануеце, каб я выкінуў сабаку на вуліцу?» «Што хочаце, то і рабіце, а дайце людзям адпачыць хаця б увечары!» А можа нічога такога і няма. Ну вые сабе сабака і вые. Ніхто і не заўважае. Іншых праблемаў плойма.

Пакуль выў сабака, ніводная думка не наведала маю галаву. Нейкае агіднае пачуцьцё рэфлексійнай насьцярогі. Спрабаваў чытаць. Марна. Усё блытаецца ў галаве і імгненна выпетрываецца вонкі.

Хочацца з кімсьці пагутарыць, паспрачацца, — пра сьнег і вугаль. Які ўжо раз. Толькі нікога ня вабяць мае спрэчкі. Пахаваліся людзі.

Саджуся за кампутар і пішу, пішу.

Неяк я спрачаўся пра лёс беларускае літаратуры.

— На гэты раз крыза беларускае літаратуры пасьлядоўна трансфармуецца ў яе заканамерную сьмерць.

— З чаго вы ўзялі?

— Няма жыцьцёвага прасьцягу. Нашае жыцьцё ўваходзіць у супэрпрагматычны пэрыяд. У беларускай літаратуры няма рэсурсаў. Я колькі год запар не чытаў нічога па-беларуску, але наўрад ці штосьці страціў. Назавіце хоць адзін варты твор, які нарадзіўся апошнім часам. Я вам магу прачытать урывак з коласавай «Новай зямлі». Памятаю зь дзяцінства. Ці захавае ў памяці са свайго дзяцінства хаця б радок мой сын? Вось вам і ўся пэрспэктыва.

— Вы глядзіце на літаратуру вачыма ўчарашняга савецкага чалавека. Кожны будаўнік камунізму мусіў прачытаць «Як гартавалася сталь» і «Маладую гвардыю». Кожны ў школе вучыў на памяць фадзееўскі ўрывак пра сэнс жыцьця. Або «Песьню пра Буравесьніка». Або «Я мужык-беларус». Для атэстату. Літаратуры ж ад гэтага ні горача, ні халодна. Ад падобнага масавага ўжываньня яна не расквітнела і ня выйшла на новы ўзровень. Аматараў літаратуры ня стала болей.

— Вы ізноў пра палітыку. Вы ня можаце нічога цьвердзіць, не кранаючы яе. Ну будавалі камунізм, сёньня будуем немаведама што. Якая розьніца. Я пры камуністах чытаў Булгакава і Платонава. Без сакратарскіх разнарадак.

— Значыць, і тады не чыталі па-беларуску.

— Чаму, чытаў Караткевіча, Быкава. Маю зборы твораў і таго і другога ў сваёй хатняй бібліятэцы.

— Але я ўпэўнены, што і новай расейскай літаратуры вы, карыстаючыся вашай тэрміналёгіяй — колькі апошніх гадоў запар — не чыталі. Крыза адбываецца ня толькі ў беларускай літаратуры. Электронныя мас-мэдыя і кампутары пасунулі кнігу са звыклага мейсца. Я таксама сёньня не раблю тое, што рабіў яшчэ ўчора, напрыклад, не гляджу мэксыканскія тэлесэрыялы. Але кнігі чытаў і чытаю.

Сабака ізноў завыў. Я ўстаў з-за кампутара і падышоў да вакна. На двары бязьлюдна. Нават вечныя дзеці з футбольным мячыкам некуды зьніклі. Клейкія, навюткія лісткі бярозы, якая амаль зазірае ў маё вакно, выглядалі неяк недарэчы, як віншаваньне са сьвятам, якое даўно мінула. Узгадалася, што на Радаўніцу я набіраў для «Калосься» апавяданьні Алега, — ён летась памёр на дваццаць шостым годзе жыцьця. Гэткае сымбалічнае супадзеньне, — і толькі зараз я ўсьвядоміў таемны сэнс выпадковасьці.

... Аднойчы ў цягніку я прачнуўся сярод начы і ніяк ня мог зразумець, дзе знаходжуся. У купэ было цёмна, а цягнік напэўна стаяў на нейкай станцыі. Зірнуўшы навокал, я супакоіўся і паспрабаваў ізноў заснуць. Але нейкая трывога засталася. Раптам я ўявіў сабе няштатную сытуацыю — патрапляю на пэрон незнаёмага горада, нейкі містычны цягнік завёз мяне немаведама куды. Пачуцьцё разгубленасьці і гранічнай адзіноты. Што пытацца ў людзей? Як назва места? Што гэта зьменіць, калі й так бачна, што места незнаёмае і чужое.

...Часам здаецца, што бацькі хаваюць ад мяне нейкую сямейную таямніцу. У васемнаццацігадовым узросьце я выпадкова даведаўся, што маці ў маладосьці, пасьля таго, як я нарадзіўся, рабіла некалькі спаронаў. Навіна мяне страшэнна ўзрушыла. Гэта сёньня я ведаю-разумею, што ў маёй краіне, напэўна, няма ніводнай дарослай жанчыны, якая хоць раз у сваім жыцьці не зрабіла б аборт. А тады, у пачатку майго самастойнага жыцьця, я доўга разважаў над мажлівасьцю нараджэньня іншых — у мяне ёсьць адзін брат — родных братоў і сясьцёр. Рэальна магло быць усё па іншаму. Іншая сям’я, іншая сытуацыя. А гэта ўжо таямніца. Калі разважаць на той капыл, дык мой бацька мог не ажаніцца з маёй маці, або яны маглі нарадзіць усяго адно дзіця. Мала чаго магло быць. Такіх таямніцаў безьліч.

Ну а ў чым надзея? Што містычных цягнікоў не бывае, а таямніцы падпарадкоўваюцца нашым жаданьням? Хочацца паспрачацца пра сьнег і вугаль: што цягнікі ўсе містычныя і загадзя ня ведаеш, куды цябе прывязе вось гэты, чарговы, а нашыя жаданьні толькі пашыраюць поле дзейнасьці для выпадковых таямніцаў. Але маўчу... Навошта пужаць людзей, яны й так заблыталіся ў звычайным і простым.

Трэба рабіць толькі таму, што трэба. Вядомая беларуская манекеншчыца пад час наведваньня роднай Беларусі пасьля Парыжу сказала ў сваім інтэрв`ю, што ёй падабаюцца францускія мужчыны — яны лёгкія людзі, маўляў, не задумваюцца глыбока аб сэнсе жыцьця, аб сьмерці, аб душы, таму зь імі прыемна кантактаваць. Інакш — зь імі прыемна адпачываць. А ці адпачынак жыцьцё? Можа і сапраўды адпачынак? А там далей цяжкая і бясконцая праца. Няведаньне дазваляе сьцьвярджаць што заўгодна. Там Рай, там Пекла, там адпачынак, там праца, там сон, там скон, там сьвятло, там цемра, там сад, там пустка, там радасьць, там пакута, там разуменьне, там вечнасьць... Але гэта ня там, а ў вас, у кожнага з вас. Таму як можна пераканаць адразу ўсіх?

Сёньня сабака зусім здурэў — вые праз кожныя паўгадзіны. Я выйшаў на гаўбец. Відавочна, гэта вялікі сабака, выцьцё сіпатае і дарослае.

Уключыў тэлевізар. Машынальна «перагарнуў» каналы. Нічога не зацікавіла. Спорт ніколі не гляжу, гэтак сама як і забаўляльныя перадачы. Сёньня выхадны дзень, усе адпачываюць — глядзяць тэлевізар, выяжджаюць на прыроду, сустракаюцца з сябрамі за кілішкамі ўлюбёных трункаў. І толькі ты ня ведаеш, куды сябе сёньня падзець.

Ізноў саджуся за кампутар, і пішу, пішу.

Аднойчы быў такі выпадак. У дзяцінстве. Мы з братам і сябрамі па двары вярталіся пешкі з возера. Возера было зарослае і тваннае — недзе сантыметраў пяцьдзесят вады, а затым — твань. Бераг багністы, але мы неяк налаўчыліся лавіць на тым возеры карасёў, мелі, схаваны ва ўзьбярэжных хмызах, човен. Мне было гадоў чатырнаццаць, а брату дзесяць. Маці адпускала нас на возера і ў больш раньнім узросьце. Да возера было кілямэтраў пяць, і мы дабіраліся да яго пешшу, або на роварах. Раней возера атачалі змрочныя балоты і хмызы. Але меліяратары ўдала папрацавалі і балота адступілася; адступілася, праўда, толькі з аднаго, нашага, боку, з супрацьлеглага заставаліся балацяныя, альховыя кусты. Зямлю, адваяваную ў жабаў, трытонаў і зьмеяў, узяліся асвойваць працаўнікі сельскагаспадарчай нівы — пачалі садзіць моркву, буракі, гарох, кукурузу (на сілас), авёс, ячмень, жыта. Вялікі кавалак зямлі пакінулі для выпасу саўгаснага статку. Найбольш мы любілі гарохавае поле. Заўжды, на зваротным шляху, зарульвалі па малочныя, пукатыя струкі. І калі з карасямі не шанцавала, дык душу адводзілі на гароху. Палі, празь якія дабіраліся да возера, былі разьбітыя на квадраты меліярацыйнымі канавамі. Усе дробныя водныя ніткі ўпадалі ў вялікі, цэнтральны канал, які нёс балацяную ваду ў нашу рэчку; далей рэчка ўпадала ў Бярэзіну, Бярэзіна ў Дняпро, а Дняпро ў Чорнае мора. Тады мы пра гэта не разважалі, наш сьвет зьмяшчаўся ў першым зьвяне — паміж канавамі і маленькай рэчкай. Дык вось, гэтым разам мы вярталіся з рыбалкі пешшу. Калі падыйшлі да «цэнтралу», на свой зьдзіў убачылі, што вады ў канале амаль няма. (Пазьней даведаліся прычыну: узровень вады ў цэнтральным канале рэгуляваўся шлюзамі — нехта спусьціў ваду). Мы заўжды ведалі, што і ў «цэнтрале» ёсць рыба, але на вуды яна не лавілася, таму канал не ўваходзіў у сфэру нашай зацікаўленасьці. Гэтым разам на свае вочы ўбачылі гэтую рыбу. Яна пляскатала ў неглыбокіх лужынах, на якія разьбілася абмялелае рэчышча. Шчупакі, акуні, плоткі, ментузы, верхаводкі, карасі. Мы кінуліся па здабычу. Некалькі гадзінаў, дарэшты запэцканыя ў глей, лазілі па лужах, абмацваючы чорную ваду чуйнымі рукамі. Бралі толькі буйную рыбу, інакш бы не зьнесьлі здабычу. Нашыя вочы сьвяціліся нейкім шалёным агнём. Забыліся на стому, на голад, на позьні час. Гэта быў самы вялікі ўлоў за ўсю гісторыю нашага рыбалоўства. На наступны дзень, ледзь сонца кранула расу на траве ўздоўж берага канала, мы, узброеныя сачкамі і вялікімі вёдрамі, зноў зьявіліся на «цэнтрале». Але канал сустрэў нас амаль звычайнай плыньню вады, зразумела, не такой паўнаводнай, як яшчэ нядаўна, але досыць глыбокай і непарыўнай. Рыбу рукамі ў такой вадзе ня зловіш. Ня даўшы веры сваім вачам, інстынктыўна, ня гледзячы на ранішнюю золь, усё адно паўлазілі ў канал. Але дзе там. У лякальных лужынах было ня проста злавіць ўвішнае рыбінае цельца, а тут суцэльная, досыць шырокая плынь. Спробы завершыліся хутка. Ніводнай рыбінай лускі. Пуста. Расчараваньне і пачуцьцё гульца, які прайграў выйгрышную партыю. Думка, што можна самім спусьціць ваду з канала не абмяркоўвалася і нават не выносілася на разгляд. Кожны разумеў, што гэтага рабіць нельга, гэта амаль злачынства.

Спусьціць ваду, значыць, стварыць экстрэмальныя, небясьпечныя ўмовы, парушыць жыцьцёвую раўнавагу. У прынцыпе, ва ўсіх нас хоць раз у жыцці з'яўляліся магчымасьці спусьціць ваду. Пра абязводжаны канал у кантэксьце «спусьціць ваду» я згадаў гадоў праз дзесяць-пятнаццаць. За гэты час шмат што зьмянілася. Зьмянілася і возера, на якім мы некалі лавілі карасёў, — пасьля таго, як тут пачалі пампаваць сапрапелі (донны глей), возера ператварылася ў традыцыйную ёмістасьць вады, — стала глыбокім, без чаратовых лябірынтаў і суцэльнага дывана зь белых і жоўтых гарлачыкаў. Праўда, і цяпер у ім ловяць карасёў. І зараз нейкі невядомы хлопчык, які не разважае пра наступствы абязводжаньня каналу, выпраўляецца на рыбалку.

Напісаў гэтыя радкі і адчуў пах рыбы, вазёрнага глею і дотык вільготнага ветра на твары.

... Вагон, пад мерны грукат колаў, гайдаецца як гушкалка; цягнік жа ўпарта працягвае набіраць хаду. Гайданьне вагона ўзмацняецца. Амплітуда кідкоў у бакі ўпарта нарастае. Хуткая хада выклікае насьцярогу. Затым хваляваньне. Затым страх. Цягнік нясецца, як ашалелы. За вокнамі цямноцьце, якое толькі ўзмацняе пачуцьцё хваравітага неспакою. Яшчэ хвіля і, здаецца, вагон пакіне сталёвую каляіну і выправіцца ў невядомае...

Сёньня Тацяна, мая жонка, знайшла гузік ад свайго паліто, які згубіла больш за месяц таму ў нашым двары. Яна моцна бедавала, бо гузік быў адмысловы, а запаснога няма. Веснавая гразь падсохла і гузік азваўся; азваўся, калі адшуканьне яго, здавалася, было безварыянтна-немагчымым, калі гаспадыня нават забылася на гэтую згубу. Чым ня прыклад таго, што надзея таксама любіць гуляць у хованкі.

«Воблакі клубяцца, зьліваюцца і зьніжаюцца; тонкія, празрыстыя, засланяюць сонечнае сьвятло, плывуць з поўдня на поўнач». Прыгожая, экспрэсіўная карцінка. Але, калі верыць народным прыкметам, яна прадказвае непагадзь. А яшчэ непагадзь чакаецца тады: калі пчолы таўкуцца, ракі выпаўзаюць на бераг, сабакі качаюцца па зямлі, ядуць траву, шмат п’юць, сычы крычаць па начах, уюны муцяць ваду, цвыркуны моцна трашчаць, кагаркі зьбіраюцца на беразе і падымаюць гвалт, жабы трымаюцца на паверхні вады, вароны лётаюць чародамі, узьлятаюць пад хмары, куры надзімаюцца, неспакойна кудакчуць, павукі вешаюць павуціну гарызантальна, зьяўляюцца на павуціне раніцай або ў сьпякоту...

А што прадказвае сабака, які вые трэці тыдзень запар?..

«Пра што пішаш?»— пытаецца сусед. «Пра вясновы неспакой», — адказваю без жаданьня што-кольвечы тлумачыць. Ён неўразумела паціскае плячыма. Расказвае, як учора, пад час шалёнае залевы, вяртаўся з сынамі з рыбалкі, — ад ракі да бацькавай вясковай хаты кілямэтры тры; стрымгалоў на роварах уцякалі ад непагадзі. Па дарозе на плячо суседа ўпаў электрычны провад. На шчасьце, ён быў абясточаны, — электралінію, відавочна падрала недзе раней, — таму ўсё абыйшлося. «А рыбы хоць пасьпелі налавіць?» — пытаюся я. «Толькі да ракі дабраліся, у ваду нават ня ўлезьлі са сваёю крыгай, як пачалося ўсё». Сусед увогуле аматар паляваць на рыбу з падводным ружжом. На сьцяне, адразу насупраць уваходных дзьвярэй, у яго вісіць мядзьведжая шкура, а ў галоўным пакоі — вялізная сушоная галава сама. Сусед кажа, што гэты сом — ягоная найбуйнейшая здабыча, шкуру ж мядзьведзя — купіў. Неяк пераконваў мяне, што паляваць на сама з падводным ружжом, тое ж самае, што ісьці на мядзьведзя з карабінам. Калі ўявіць, што паляваньне адбываецца пад вадой без аквалянгу, дык мусіш даць яму веры. Цяжка толькі ўсьвядоміць, што падобныя самы засталіся ў Дзьвіне. Такую таямнічую істоту атаясамляеш з вадзянікамі і русалкамі, з чымсьці фальклёрным, — не з нашага прагматычна-тэхнакратычнага жыцьця. Сусед кажа, што самоў у рацэ становіцца болей, як і ваўкоў у сельскай мяйсцовасьці. Напэўна, насамрэч сканчаюцца на Беларусі часы дыялектычнага матэрыялізму. Міталягічныя істоты вяртаюцца на абшары краю.

Напачатку я злавіў яшчарку. Яна выдала сябе імклівым бегам у абагрэлым веснавым сонцам верасе. Інстынкт паляўнічага спрацаваў імгненна. Некалькімі хуткімі рухамі я перакрыў шлях да струхлелага пню, у каранях якога, напэўна, мела жытло. Яшчэ адным спрытным рухам я прыціснуў порсткае цельца да зямлі і разам са сьцяблінкамі травы і кавалкамі моху сьціснуў яшчарку ў далоні. Я ўважліва разгледзеў здабычу. Зграбнае цельца, вочы іншапланецяніна, мініятурныя лапкі. Я ведаў, што яшчарка без развагі аддасьць свой хвост за свабоду. Аднойчы я папаўся на гэты хітрык. Хвост, які курчыўся ў канвульсіях, застаўся ў маёй руцэ, а яшчарка зьбегла. Тады я адчуў прыкрасьць — не за тое, што яшчарка зьбегла, а з прычыны нанесенага калецтва безабароннай істоце. Нават ня прыкрасьць, а жаль з дамешкам страху. І гэты спалох асацыяваўся з цёплым, нагрэтым травеньскім сонцам, верасам. На гэты раз я трымаў яшчарку за цельца, я не хацеў нанесьці ёй калецтва, хаця й ведаў, што хвост у яе затым усё адно адрасьце. Нанесены боль таксама з часам сунімаецца. Яшчарка — як сымбаль цнатлівай (недрапежнай) таямніцы. Гэта пазаміталягічная істота. Істота раўналежнага сусьвету. Я асьцярожна апусціў яе долу і расьціснуў пальцы. Імгненьне — і яшчарка зьнікла. І ці была яна ўвогуле?

У гэты ж дзень я злавіў трытона. Убачыў яго ў веснавой вадзе става ля парослага першай зялёнай травой берага. Трытон, згубіўшы пільнасьць, грэўся пасьля зімовага сну на меліне. Я сьцярожка падышоў да краю става, нахіліўся і выхапіў трытона з вады. Гэта быў самец — буйны, прыгожа расфарбаваны, з аранжава-чорнымі плямамі, зь вялікім «дыназаўравым», уздоўж усяго цела, грэбнем. Ён ня вельмі вылузваўся з маёй далоні, нібыта застыў, стаіўся. Трытон выклікаў у мяне насьцярогу, з якой пачынаецца агіда. Яшчаркі я не баяўся, трытона асьцерагаўся. Яшчарку я мог бы ўкінуць сабе за пазуху, трытона — не. Яшчарка была з майго незаўважнага, схаванага іншай хуткасьцю кінастужкі, сьвету. Трытон жыве ў невядомым, чужым мне асяродзьдзі. Трытон любіць вадаёмы, балота, сырыя мясьціны. Яшчарка — святло, трытон — цемра. Але гэта ня значыць, што яшчарка — дабро, а трытон — зло. Я гэтак жа асьцярожна, як яшчарку, апусьціў долу трытона, і вярнуў яго ў ваду. Ён, якую хвілю, ляжаў на дне нерухома, затым нетаропка пасунуўся ў бок чаратовага зарасьніку і зьнік між сухіх сьцяблінаў.

Тэарэтычна чалавек можа «спусьціць ваду» для трытона. А для яшчаркі? Ну зьнішчыць чалавек лес, але застанецца поле з хмызамі. І гэтага яшчарцы будзе дастакова. Хаця трытоны, пэўна ж, з асушэньнем балота, што было абапал возера, перабраліся ў шматлікія канавы і вялікі меліярацыйны канал. «Спусьціць ваду» можна, бадай, для ўсіх нас разам.

Пачатак амаль заўсёды зьяўляецца працягам. А пачатак жыцьця? Некаторыя сьцьвярджаюць, што ён таксама працяг. Гэта ня два памножыць на два, — карціць, аднак, паспрачацца, знайсьці сваё чатыры.

Сёньня сабака паўдня ня вые, але мне не лягчэй — пільна ўслухоўваюся, насьцярожліва чакаю. Чаму не чутно? Думкі ад гэтага не завязваюцца ў сьпелы плод, нараджаюцца і, неданошаныя, праз колькі хвіляў асыпаюцца пустым цьветам.

На вуліцы веснавая сонечная цішыня — амаль чыстае, з рэдкімі хмурынкамі, блакітнае неба, ветрык млява гайдае мяккія галінкі дрэва. Падобная цішыня таксама выклікае насьцярогу. Бо яна на супрацьлеглым баку буры. Цішыня — канцавая станцыя, цягніку трэба вяртацца ў адваротны бок.

— Літаратура ператварылася ў занятак для дзівакоў. Пісьменьнік цяпер не настаўнік, не дарадца і нават не палітінфарматар. Ён звычайны сьмяротны, які занатоўвае свае прымхі і андрыдулы.

— І гэтая акалічнасьць дае Вам падставы казаць аб сьмерці літаратуры?

— А згодна якіх якасьцяў цяпер ацэньваць творы: чым больш андрыдулаў — тым лепш? Сёньня я мушу хаваць частку сучаснай літаратурнай прадукцыі са сваёй бібліятэкі ад родных дзяцей, — ня дай бог, знойдуць і начытаюцца!

— «Дэкамэрон» Джавані Бакача напісаў у сярэдзіне чатырнаццатага стагодзьдзя, дарэчы, Бакача — пісьменьнік-гуманіст італьянскага Адраджэньня.

— Усё адно Вы мяне не пераканалі... Якую карысьць будзе мець мой чатырнаццацігадовы сын ад прачытанай кнігі, скажам, Г. ?

— Ён будзе мець уласнае меркаваньне аб кнізе Г.

— Ён стане лепшым — больш маральным, гуманным, адукаваным, шчырым?

— Ён мусіць стаць такім, якое выхаваньне дасьцё яму Вы. А літаратура — гэта як воблакі, аб якія гострыць свае промні сонца, або як хмары, якія імкнуцца засьпець вас сярод чыстага поля.

«Воблакі валакністыя, заходзяць адно за другое, кучаравыя, з расплывістымі краямі, з цёмна-сіняй афарбоўкай іх ніжняй часткі, разарваныя, параскіданыя дробнымі шматкамі, перыста-слаістыя, плывуць нізка, павольна, цемнаватыя, чырвоныя і чорныя пры ўсходзе сонца.» Гэтак воблакі папярэджваюць на дождж. А можа і не папярэджваюць нікога — проста плывуць ад кропкі А да кропкі Б.

Я сёньня прыйшоў да высновы-спадзяваньня: сабака выў з тугі па каханьні. Вясна патрабавала працягу, а гаспадары, пэўна ж, ніяк не маглі знайсьці вартую нявесту. Другі дзень ня вые сабака. Можа знайшлі самотніку сяброўку? Можа сабака зьмяніў гаспадара? А можа зьбег на пошукі чагосьці падсьвядомага, невытлумачальнага, больш прывабнага за сытую канапу і медзяны ашыйнік? Якая гэта прыкмета — калі зьбягае сабака?

1997, Наваполацак.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія