Сяргей Астравец
РАДЗIВIЛАЎСКIЯ ДАМАВIНЫ
cучаснае апавяданьне
Прысьвячаецца рэфэрэндуму
1.
У раённым рэстаране на задворках старасьвецкай ратушы, сёньня— Доме пiянэраў, кармiлi мiзэрна i нясмачна, зусiм не па-радзiвiлаўску. Перад ратушай Ленiн штосьцi прасiў у птушак або ў лётчыкаў, якiя сьцераглi яго ад паветраных шароў. Роспачна ўзьняўшы ўгору свае здранцьвелыя рукi, непрапарцыйна вялiкiя, як рукi бурлака або грузчыка. Праходзiў мiма мясцовы гарнiзонны афiцэр з нашыўкай на рукаве, якая зусiм не пасавала да савецкай формы i серпа-молацкай зорачкi на галаве. Драпежна-несацыялiстычны чорны радзiвiлаўскi арол моцна нагадваў бундэсвэрскi. Але меў замест гэрманскага беларускi сьцяжок, у якiм белыя паскi былi зафарбаваныя ружовым флямастэрам. Паводле рашэньня рэфэрэндуму. Невядома, цi сам маёр пастараўся, цi ягоны ардынарац, цi сын-школьнiк. Калiсьцi сам Радзiвiл марыў стаць сярод пляцу ў бронзавым выглядзе, на канi i нават у рымскай тозе, як сапраўдны iмпэратар. Навокал павiнны былi ўкленчыць рабы з тварамi ягоных ворагаў, але ўжо з таньнейшага чыгуна. З гэтым нiчога не атрымалася, а замест Радзiвiла паставiлi Ленiна, хаця ён пра такое ня марыў i нават ня ведаў, што iснуе райцэнтар Радзiвiлаўск.
На ратушным пляцы ганарыўся калгаснымi рэфэрэндумскiмi сьцягамi гар-райвыканкам, паведамляючы, што раён сельскагаспадарчы, прамысловасьць неразьвiта, а сяляне дагэтуль ходзяць у палатняных кашулях з арнамэнтам. Узорна пазiрала на прахожых партрэтная галерэя перадавiкоў амаль спыненай вытворчасьцi, якiя цяпер мелi час, каб пазiраваць перад фотакамэрай. Драмалi ў дзьвюх машынах з сiнiмi лямпачкамi на даху наяўныя сiлы правапарадку. У крамах не было нiякай кавы. Слуцкая брама, бачаная ўпершыню, спаткала белай нетутэйшасьцю, анёльскай чысьцiнёю. «Слу-уцкая бра-а-ма — сьведка авантур!» — нашэптвалi вусны магнiтафонныя словы з навушнiкаў. Брама была заселена. Справа — тандэтная напаўзапоўненая крамка з гучнай назваю. Зьлева — па лесьвiцы нагару — ювэлiрная майстэрня. Пусты пакой зь вiтрынкай: пярсьцёнкi, завушнiцы, крыжыкi. Нiкога. За матавым шклом гуло шлiфавальнае колца, поўнячы памяшканьне шкодным пылам. Калiсьцi тут была каплiца, ксёндз па сьвятах выходзiў на гаўбец, каб паказаць сьцiжме вернiкаў абраз. У доле мясьцiлася квардыгардыя, варта старалася ня спаць у шапку. Цяперашнi ксёндз марна аббiваў парогi, просячы вярнуць каплiцу. Да ксяндза ставiлiся падазрона з-за ягонага крыху польскага акцэнту.
Погляд улева, праз оптыку. За штучным возерам з зялёных купаў па-замежнаму вызiрала замест сiласнай вежы гадзiньнiкавая. Бронзавая статуя ў манаскай шаце трымала ў руцэ разгорнутую кнiгу, прапануючы яе вулiчным чытачам. Зь белымi плямкамi птушыных экскрэмэнтаў на старонках. Абыякавыя чытачы стаялi да мужчыны сьпiнамi, чакаючы маршрутнага аўтобуса. Рукi iхнiя былi абцяжараныя фiзычнай ежай. Камянiца трымала на сабе дзьве шыльды. Адна паведамляла, што бронзавы чалавек пры сваiм жыцьцi надрукаваў тут першыя беларускiя кнiжкi на беларускай тэрыторыi, другая мовiла, што цяпер дом займае друкарня райгазэты «Чырвоны сьцяг» i райаддзел саюзу палякаў.
За сьпiнай бронзавай статуi ўсё яшчэ стаяў ватыканскi касьцёл у зьменшаным выглядзе, да якога ў савецкай улады з-за вечнай барацьбы за надоi ды бiтвы за ўраджай так i не дабралiся рукi. Як цацка. Дзьверы былi адчыненыя, але насьцярожана. Сярэдзiну дазвалялася разглядаць скрозь краты. Вочы ўгору. Дзiўна размаляваныя не пабляклымi за чатырыста гадоў, дагэтуль яшчэ сакаўнымi фарбамi скляпеньнi, купалы. Уражаньне экзатычнае. Нечаканае падабенства да арабесак. Але сутнасьць рымская. Ян Марыя Бэрнардонi? Чырвоную званiцу, якая стаяла асобна ад белага храма, нiбы пазычылi ў Замiрскага замка. Унутры быў вiдзён звон. Цi жывы ён? Цi мае яшчэ голас? Цi памятае сваю мэлёдыю? Цi не пазбаўлены языка? Жывы, памятае, але колькi можна адно i тое ж паўтараць! Лепш памаўчаць. У яго таксама акцэнт, якi не падабаецца начальству.
Мы — экскурсанты, якiя прыехалi здалёк на белым аўтобусе з чырвоным надпiсам, тоўпiмся на кукiшках як iндыкi каля расчыненых вокнаў касьцельных сутарэньняў. На вокнах тоўстыя краты, а ў доле — дамавiны. Вельмi вялiкiя i ня дужа. Агулам семдзесят восем. Мы стараемся ўбачыць як мага больш, а ледзьве бачым пад кожным вакном у паўзмроку дзьве-тры дамавiны. Вокнаў шэсьць. Мы ўзрушаны i зьбянтэжаны адначасова. На некаторых дамавiнах пыльныя сьпятрэлыя нiбы музэйныя вяночкi, якiя пачарнелi ад часу. Некаторыя з саркафагаў сьцягнуты дротам, бо рассохлiся i трэснулi. Дубовыя, унутры — мэталiчныя. Накрыўкi некаторых крыху ссунуты. Хто? Як? Чаму?
Нехта пстрыкае — раз, другi, яшчэ раз. Фотаздымка з маланкай. Я першы й апошнi за падарожжа раз моцна шкадую, што без фотакамэры. Заставаўся апошнi кадар. З-за аднаго не хацелася браць. Уяўляю, што на тры мэтры ўпоцемкi cягнула блiскавiца i фота атрымалася б. Адзiн кадар. Закратаваныя дубовыя дамавiны роду Радзiвiлаў. Магнацкага. Нароўнi з каралеў-скiм. Але дурняў сярод iх таксама хапала. Яны — за кратамi. Адносна нас. Мы — адносна iх. Адносна iншых мы ўвогуле — за калючым дротам. Хочацца памацаць рукамi, а — нельга.
Ключ ёсьць толькi ў ксяндза. Ён iх праветрывае. У некага паяўляецца крыўда на яго, што не пускае да саркафагаў экскурсантаў. А вельмi карцiць. Напэўна, каб зазiрнуць унутр. Альбо каб пакiнуць аўтографы. Несьвядомая прага напiсаць пальцам сваё iмя на пыльных трунах.
Стары ксёндз добра памятаў пяцьдзесят трэйцi год. Калi пачаў псавацца Ленiн. I калi палiтбюро сабралася падлажыць яму суседа. Партыйная мянушка «Коба». Якi таксама вымагаў бальзамацыi. Больш надзейнай за ленiнскi рэцэпт. Вось тады прыехалi з Масквы адказныя таварышы. У белых халатах, з навукова-дасьледчага iнстытуту — нii бальзамiраваньня правадыроў пралетарыяту. Калгаснага сялянства. Працоўнай iнтэлiгэнцыi. I ўсяго прагрэсiўнага чалавецтва. Белыя халаты iм выдавалi на Лубянцы. Маскоўскiя госьцi без кiтайскiх цырымонiй зламалi замкi саркафагаў, расчынiлi iх, убачылi Радзiвiлаў, ад якiх адстрыглi нажнiчкамi кавалачкi барады, валасоў, адзеньня.
Пра астатняе невядома. А стары ксёндз маўчыць. Ён у пяцьдзесят трэйцiм быў яшчэ на Калыме. На тысячы кiлямэтраў не iснавала касьцёлаў. Толькi праз акiян — на Алясцы. У яго нават адабралi малiтоўнiк. Але ён ведаў малiтвы напамяць, як лягерная ахова — статут гарнiзоннай i каравульнай службы, аўтамат ппш, кароткi курс вкп(б). Тым часам труп Ленiна пачаў псавацца, пагаршаючы паветра ў маўзалеi каля крамлёўскай сьцяны. Сэрца крамлёўскiх курантаў ад смутку пачало барахлiць, а крамлёўскiя курсанты, а папросту кажучы — ахова з карабiнамi на плячы стала трацiць ад смуроду прытомнасьць. Палiтбюро адразу засакрэцiла гэтую iнфармацыю, аднак яна ўсё адно прасачылася ў варожыя радыёгаласы i на старонкi за-ходнiх газэт.
У санчастцы пацярпелым за iдэю курсантам, дастаўленым ад маўзалейных дзьвярэй, тэрмiнова аказвалi неабходную мэдычную дапамогу i давалi пазачарговае звальненьне ў горад. Як статуi, яны мусiлi стаяць ля дзьвярэй нават па начах, калi ня трэба было камянець дзеля публiкi, а таксама ў самае кепскае надвор`е. Аднак яны не зважалi, iм падабалася ўласнае становiшча. Гэта было вельмi ганарова. Iх лепш кармiлi i апраналi. Яны больш падабалiся дзяўчынам. Ахоўнiкам было даспадобы, калi iх фатаграфавалi разам з маўзалеем i надпiсам на iм. Асаблiва калi багатыя замежнiкi з фотакамэрамi на шыi, якiя зайздросьцiлi неўмiручасьцi Iльлiча i ягонай iдэi. Крамлёўскай варце нават на дэмбель не хацелася ехаць. Але аднойчы экспанат, дзякуючы якому яны мелi такую сталiчную службу, пачаў не зусiм добра пахнуць.
Супрацоўнiкi маўзалейнага нii, якiя таксама ганарылiся, таксама атрымлiвалi лепшы паёк i таксама былi спраўджаныя на надзейнасьць да сёмага калена, атрымалi камандзiровачныя грошы, навострылi свае нажнiчкi i рушылi ў раённы горад Радзiвiлаўск, дзе хуткiмi тэмпамi будаваўся камунiзм i пераход да агульнакамунiстычнай мовы. Таму яны не паехалi блукаць памiж эгiпэцкiх пiрамiдаў або ў брытанскi музэй, якi пазбавiў нiльскiх жыхароў бальшынi iхнiх мумiяў. Нiiсты марылi пра новыя дысэртацыi i навуковыя ступенi. Доктар бальзамацыi правадыроў, прафэсар маўзалейных навук, дацэнт генсеказнаўства — цi пра штосьцi падобнае.
Ахова мумii давала гарантаваную пуцёўку ў лепшае жыцьцё. Ахоўнiкаў з ахвотай прыймалi ў партыю, у якую, як i ў маўзалей, увесь час iснавала чарга. Ня толькi без праблем, але нават з радасьцю iх залiчвалi ў iнстытуты i афiцэрскiя школы. Ад такога латвага жыцьця яны часта сьпiвалiся, прасьпiртоўвалiся накшталт iхняй улюбёнай, хлебадайнай мумii.
Вучоныя з маўзалейнага iнстытуту таксама мэтанакiравана i ў вялiкай колькасьцi спажывалi мэдыцынскi сьпiрытус, якога для навуковых мэтах заўсёды мелi шмат. Гаманілi нават, што ў iхнiм iнстытуце iснаваў адмысловы сьпiртаправод. Масава адарвацца ад згубнай звычкi атрымалася толькi аднойчы, калi цэлую групу супрацоўнiкаў накiравалi спэцавiярэйсам у горад Шыпку, дзе тамтэйшае палiтбюро на закрытым паседжаньнi таксама вырашыла забальзамiраваць свайго горача любiмага генсека. З таго шчаснага моманту крамлёўскiя госьцi рэгулярна наведвалiся ў шыпкаўскi маўзалей дзеля кантролю стану цела мумii, тэмпэратурнага рэжыму i якасьцi маладога шыпкаўскага вiна, якое весялiла сэрцы i не дурыла галовы.
Маўзалейная ахова, адзеўшы цывiльнае, наведвала Шыпку яшчэ часьцей, каб пракантраляваць, цi так як трэба крочыць ганаровая варта, цi належным чынам падымае мыскi ботаў i цi не мiргае вачыма ў часе аслупяненьня. Яны любiлi ня толькi вiно, але яшчэ больш моцныя шыпскiя вiньякi. I шыпскiх дзяўчын з вачыма, якiя, даруйце за кнiжнае параўнаньне, сапраўды чорныя з алейным бляскам — як масьлiны, якiмi файна закусваць вiньячок. Яны вельмi любiлi рускага салдата Алёшу, якi быў з бронзы i стаяў на пляцы г.Шыпка. Пра яго сьпяваў чульлiвую песьню рускi народны артыст Яша Кабзонаў. Шыпкаўскiя дзяўчаты адно не цярпелi сьмярдзючыя цыгаркi «Шыпка» бяз фiльтру, якiя дзеля ўмацаваньня дружбы народаў выпускала па спэцзаказу палiтбюро крамлёўская тытунёвая фабрыка. Iх выдавалi маўзалейнай ахове ў сухiм пайку. Дзяржава гэтак эканомiла, бо цыгарэты з фiльтрам тады былi дэфiцытам...
Саркафагi. Мы нiяк ня можам адарвацца ад вiдовiшча, бачанага кожным упершыню. А ў дубовых дамавiнах Радзiвiлы, ад магутнасьцi якiх сёньня застаецца адно марна ўспамiнаць. З уздыхамi. З расчараваньнем. Па-нашанiўску. Калiсьцi адная з кабет-Радзiвiлаў дапамагала нават беларусам грашыма. Якраз «Нашай Нiве» на сучасную лiтаратуру. Але гэта выключэньне. Паны не любiлi называцца аднолькава з мужыкамi, пра якiх была большасьць вершаў у нашанiўскiх паэтаў.
2.
Аглабэльды, расейскi артыст з Чукоцкай аўтаномнай акругi, заўсёды вельмi марыў убачыць жыўцом адзiную на сьвеце Крэпасьць-Герой. Ён напiсаў заяўку ў сваё мiнi-мiнiстэрства культуры, у горад, назва якога надта ж нагадвала слова «нашатыр». Усе яму гаварылi, што тамтэйшыя жыхары — бульбажэры — людзi новага гарту i па сваёй незапатрабавальнасьцi cтаяць у савецкiм саюзе на другiм мейсцы пасьля самiх чукчаў.
Чукоцкая зорка эстрады любiла глядзець папулярны чорна-белы кiнафiльм пра iхняга начальнiка. Кiно так i называлася «Начальнiк Чукоткi». А камандаваў Чукоткай i чукчамi нейкi спрытны бульбаш, але, праўда, ня з Крэпасьцi, а зь iншай мясьцiны. Паводле Кароткага курсу вкп(б) яго прыслала да чукчаў родная кампартыя бальшавiкоў, хаця гэта дакладна невядома. Магчыма, што ён быў уцекачом з катаргi, куды трапiў за польскi сэпаратызм. Але на катарзе, праз самаадукацыю, ён зрабiўся шчырым аматарам бульбы i беларускiм патрыётам. Так, ва ўсякiм разе, паведамляецца ў адной эмiгранцкай кнiжцы, якая выйшла пазьней у Новым Ёрку.
Гэты самы сьведамы беларус меў аднекуль амэрыканскi кулямёт на рагулi са скрыняй набояў да яго. З дапамогаю кулямёту i амаль зусiм непiсьменных чукчаў, якiх ён узброiў i нават навучыў сяк-так хадзiць вайсковым крокам, а таксама падначальвацца камандам, беларус выгнаў з Чукоткi амэрыканскiх iнтэрвэнтаў. Яны былi скiнутыя ў пратоку Вiтуса Бэрынга, а потым разжалаваныя ў шэраговыя жаўнеры сваiм камандаваньнем, бо ня здолелi далучыць Чукотку да Аляскi.
Начальнiк Чукоткi, перамогшы амэрыканскiх захопнiкаў, даволi хутка зажурыўся ад вечнай мерзлаты, браку бульбы i суцэльнай сьнежнай пустэльнi. Засумаваў па родных гонях, бярозках ды соснах. Сярод ягонага непрафэсiйнага войска i жыхароў «Нашатыра» знайшлося яшчэ некалькi чалавек з краiны бульбяных палеткаў. Яны ўтварылi зямляцтва, пачалi вы-пiсваць айчынныя газэткi i аднойчы разам з поштай атрымалi кур’ерскi лiст ад ураду Народнай Беларускай Рэспублiкi з неабыякiмi афiцыйнымi паўнамоцтвамi. На ўтварэньне чукоцкай фiлii НРБ!
Аднойчы, калi надвор’е зусiм сапсавалася, адбыўся агульны сход аленегадоўцаў, паляўнiчых на маржоў i проста нашатырскiх жыхароў. Яны з рэвалюцыйным энтузiязмам адназгодна прагаласавалi за цiкавыя дэклярацыi — аб неiснаваньнi расейскай iмпэрыi, аб праве нацыяў на самазахаваньне i за апошнюю — пра абвешчаньне «незалежна-сувэрэннай Чукоцка-беларускай Народнай Рэспублiкi». Цераз амаль зусiм замерзлую пратоку на ўсход былi пасланыя самыя лепшыя паляўнiчыя на iртах, зь лёгкiмi каякамi з аленевых скур — у сабачых запрэжках. Яны дабралiся, пераплыўшы ваду, да Амэрыкi i перадалi тамтэйшаму губэрнатару аленевы мех з паперамi, у якiх быў заклiк прызнаць незалежнасьць новай краiны, прапанова абмяняцца дыпляматычнымi мiсіямi i — вельмi пiльна! — аб прысылцы экспэдыцыйнага вайсковага атраду. Для абароны маладой рэспублiкi ад дзiкiх бальшавiцкiх гордаў. Так што чытаць гiсторыю вкп(б) зусiм ня так варта.
Крыху незвычайнае «чукоцка-беларускае» спалучэньне начальнiк Чукоткi абгрунтаваў мясцоваму Хуралу iснаваньнем недзе Лiтоўска-Беларускай, а гэта значыцца ня чыста славянскай Рэспублiкi. Нiхто асаблiва не спрачаўся, пачуўшы што сама бульбяная краiна знаходзiцца дзесьцi непадалёк ад Бэрлiна i Парыжу i што менавiта яе прадстаўнiка тубыльцы абралi пер-шым губэрнатарам Гавайскiх астраўцоў — 50-га штата Амэрыкi. А Чукотка, як паабяцаў начальнiк, можа стаць 51-ым або 49-ым, калi адбудзецца яе дабраахвотнае ўз`яднаньне (пасьля ўсенароднага рэфэрэндуму) з Аляскай, зь якой яны разыйшлiся ў розныя бакi — у Азiю i Паўночную Амэрыку ў вынiку тэктанiчных працэсаў.
У пералiку беларускiх дасягненьняў публiка толькi неадназначна прыняла зьвестку аб тым, што жонка Ленiна з паходжаньня таксама беларуска. Але начальнiк патлумачыў, што яна як бы «наш агент» i ўтаймоўвае, нэўтралiзуе занадта крыважэрныя настроi свайго мужыка. Рэваншуючы за першынство i дыктат нешматлiкiх летувiсаў (разам з яўрэямi) у ЛiтБеле, правадыр чукчаў удала растлумачыў i сучасны сэнс сваёй пасады — спаслаўся на «начальнiка польскай дзяржавы», «таксама дарэчы беларуса», Язэпа Пiлсудзкага, якi перарабiўся ў паляка (што яшчэ блiжэй да Парыжа) пасьля таго як царскiя сатрапы запраторылi яго на катаргу амаль на Чукотку — у 50-градусныя маразы i вечную мерзлату.
Амэрыканцы крыху адчувалi сябе абражанымi, крыху бюракратычная машына замарудзiла справу. Пакуль кангрэс плюс сэнат ды яшчэ прэзыдэнт думалi цi патрэбна столькi беларускiх рэспублiк адразу, дык не засталося анiводнай. Вайсковая дапамога не спатрэбiлася зусiм. Вырашэньне беларускiх справаў засталося на далёкую будучыню, Клiнтану.
Так i не дачакаўшыся афiцыйнага запрашэньня ў Крэпасьць-Герой, Аглабэльды купiў цягнiковы бiлет i паехаў уласным коштам. Цэлы тыдзень ён трэсься, каб зьдзейсьнiць запаветную мару i аб’еў буфэт-рэстаран, якi быў хутчэй буфэтам, чым рэстаранам. На вакзале ён сышоў на варшаўскiм баку, здаў на ўсякi выпадак у багаж чамадан i наведаў на таксоўцы гераiчную крэпасьць. Пасьля ён зноў забраўся ў свой вагон, у якiм якраз дзьве гадзiны зьмянялi савецкiя колы на замежныя. Аглабэльды даехаў да Парыжа i зрабiўся там крыху антысавеччыкам, застаўшыся на эмiграцыi. Чаму ён так учынiў невядома, фээсбэ, нават памяняўшы назву, дагэтуль локцi кусае. Зразумела толькi, што вiнавата замежная прапаганда, бо Аглабэльды пачаў нават выступаць у парыскай студыi радыё «Свабода» з закiдамi супраць савецкай улады на Чукотцы. Пакуль гэтую фiлiю дзеля эканомii сродкаў не зачынiлi. Аглабэльды давялося зьмянiць аблiчча, каб стаць шансанье, сьпяваць непазнаным у падземных пераходах, i аднойчы яму падала сама Раiса Гарбачова, бо якраз наступiла перабудова, з-за якой чукоцкi пясьняр пазбыўся радыёганарараў.
Аднойчы ён у рэшце рэшт быў запрошаны ў Герой-Крэпасьць, каб пацешыць песьнямi iхняй маладосьцi двух прыяцеляў прэзыдэнтаў — крамлёўскага i крэпасьць-геройскага. Апошняму асаблiва падабалася песенька «Увязу цябе я ў тундру», а таксама «Стуардэса па iмянi Жана». У крэпасьцi памiж салютамi Аглабэльды выконваў патрыятычныя савецкiя песьнi пры падтрымцы хору з аркестрам чырвонасьцяжнай вайсковай акругi, у якой пачынаў свой пакручасты шлях да блiскучай кар’еры сам Алесь Грыгаровiч — прэзыдэнт. З-за сьвяточных гарматных залпаў, хоць i несапраўдных, раптам абрынуўся стомэтровы бэтонны штых, якi важыў шэсьцьсот дваццаць тонаў. Нiчога дзiўнага, пры будоўлi гэтая штука падала некалькi разоў. Так што асаблiва нiхто не зьдзiвiўся. Тым больш яна павалiлася ў бок палякаў, якiя разьлюбiлi варшаўскi дагавор i пачалi заляцацца да NATO, што не падабалася абодвум прэзыдэнтам. Аднак аркестар быў аглушаны грукатам, а ў салiста кансылiюм выязнога ваенна-палявога шпiталю выявiў прыкметы кантузii. Артбатарэя ўвогуле аказалася пахаванай пад штыхавым друзам. Так што давялося з музыкай скончыць. Але затое Грыгаровiч паказаў Мiкалаеву свой ложак у казарме i калашнiкаў аўтамат, зь якiм у складзе пагранвойскаў кагэбэ эсэсэсэр ахоўваў варшаўскi мост i гiганцкi штых у крэпасьцi. (Аўтамат, канешне, быў зусiм iншы. Той даўно сьпiсалi ў расход i ў якасьцi гуманiтарнай дапамогi абмянялi на нешта ў афрыканскiх паўстанцаў супраць iхняй тыранii). Аглабэльды за мужнасьць атрымаў асабiста ад прэзыдэнта ганаровую грамату i пуцёўку ў радзiвiлаўскi санаторый, дзе яго напаткалi мы.
3.
На браме радзiвiлаўскага парку культуры i адпачынку працоўных iмя Валадарскага не было больш нi чырвоных зорак, нi выдзертых зь iх i жорстка сарваных з нашага чырвона-зялёнага сьцяга залацiстых сярпа з молатам. Паводле рашэньня першага рэфэрэндуму. Замест iх на абедзьвюх брамных кратах апынулiся выцягнутыя драпежныя арлы. Бадай такiя самыя як у бундэстагу — на ўсю сьцяну ззаду трыбуны. Напэўна раён прадаваў сваю сельгаспрадукцыю ў Нямеччыну. За брамай — дарога. Калiсьцi на ёй Радзiвiлы дурэлi ад багацьця: пасыпалi ўлетку сольлю i езьдзiлi ў санях, запрэжаных медзьвядзямi са смаргонскай акадэмii. Удзячны народ зьбiраў потым дэфiцытную «белую сьмерць», дзякуючы Пану Богу за ласку.
Мы сфатаграфавалiся каля арлоў. Абапал драмалi штучныя ставы, выкапаныя некалi запрыгоненым людам. Потым нас сустрэў салдат, нiбы моўчкi пытаючы пропуск на тэрыторыю. Так-так! У Радзiвiлаўску таксама ёсьць тыпавы рускi салдат Алёша, якi дайшоў да Шыпкi i збранзавеў. Дома, у саюзе, дзеля эканомii рэсурсаў iх часта выконвалi зь гiпсу i цэмэнту, але радзiвiлаўскi Алёша быў як мае быць, сапраўдны. Бронзавы. З увагi на магчымых тут замежных турыстаў. Каска, пэпэша, кірзавыя боты. Вядомую песьню пра яго выконваў заслужаны рускi артыст Магамаеў Мусьлiм, якi запiсаў нават яе як папулярны савецкi шлягер эпохi разьвiтога сацыялiзму — на маленькую чорненькую вiнiлавую кружэлку. На крамлёўскай усесаюзнай студыi грамзапiсу «Мэлёдыя». У гарпасёлку Апрэлеўка.
Перад мостам цераз вадзяны роў сустракала цэмэнтная радзiма-маць, на якую бронзы не хапiла. Хрушчоўскага ўзору: з пукатым бюстам i ядром у правай руцэ — рагатым, нiбы з двума кнотамi адразу. Маўляў, «мы раждзяны, штоб казку здзелаць быльлю». Мураваная, з памяшканьнямi зьверху, доўгая ўглыбкi як тунэль, замкавая брама бадзёра паведамiла, што мы зараз трапiм у межкалхозздраўнiцу iмя Цiмяразева. Крыху зьдзiвiўшыся княскам у гербу зьверху вывескi, мы пазнаёмiлiся са зьместам дзьвюх жалезных шыльдаў. Левая папярэдзiла, што — «за-мак Радзiвiлаў» i што «караецца па закону». Другая зрабiла экскурс у рэвалюцыйную гiсторыю. Тут, маўляў, першы зьезд цьвярозых салдат заходняга фронту прыняў рэзалюцыю аб «неукасьнiцельным саблюдзенii рэвалюцыйнага парадку ў армii».
Вельмi ўзбагачаныя на гiстарычныя веды, мы прайшлi брамным тунэлем i апынулiся на сонечным падворку, дзе мусiлi праслухаць лекцыю пра 365 пакояў палаца i залатых апосталаў, якiя некуды таямнiча зьнiклi. Ахвотнiкаў да iх было столькi, што Радзiвiлы не пасьпявалi рабiць з трупаў васковыя копii. Так яны стварылi галерэю постацяў з воску, калi нiчога падобнага яшчэ не было нават ў Лёндане. Мы разглядаемся навокал. У гарматных жэралах, укапаных у зямлю тырчма, мiрна пагасьлi недакуркi. Вежавы гадзiньнiк паказваў незразумелы час. Памiж вокнамi працэдурнага габiнэта вiсеў польска-беларускi паэт Сыракомля. Тандэтна запрашалi ўнутр палаца шыльды камэрцыйных крамак. Над дзьвярыма санаторна-цiмяразеўскай адмiнiстрацыi праступаў паўсьцёрты лацiнскi надпiс. Афарызм, сэнтэнцыя, рэцэпт?
Наш гiд з захапленьнем экскурсавода апавядаў пра схаваныя радзiвiлаўскiя скарбы, якiх сам ня бачыў. Пра доблесных рускiх афiцэраў, якiя ў 1812 годзе распаролi пярыны i падушкi, разьбiлi ў палацы камiны i, чамусьцi, усе да аднае шыбы, шукаючы княскiх багацьцяў. У зiмовым паветры клубiлася кудаса зь белага гусiнага пер’я. Эскадрон гусар лятучых. Сам Радзiвiл, няўдала паспрабаваўшы вызвалiць краiну ад расейцаў, мусiў з-за гэтага авантурнiка Напалеона ўцякаць разам з французамi. «А вы ведаеце, — да агульнага зьдзiўленьня загаварыў па-беларуску санаторнiк, якi напаўдрамаў побач на лавачцы,— i цяпер людзi шукаюць, асаблiва схаваную недзе скрынку са срэбнымi вiдэльцамi i лыжкамi, прастукваюць сьцены ў палатах, асаблiва калi побач няма дактароў. Дактары таксама шукаюць. Але санаторнiкi больш, каб пасьпець за свой тэрмiн. А болей тут няма чаго рабiць: працэдуры, газэты, ды пошук скарбаў». «А вы самi?» — разгублена пацiкавiўся Мiхал. «А навошта мне тыя лыжкi? У мяне дома ёсьць свае. Мне б лепей знайсьцi той падземны калiдор ад Радзiвiлаўска да Замiр’я, па якiм у карэце езьдзiлi...» Погляд яго зрабiўся летуценным, але ён здолеў вярнуцца назад i пахвалiўся: «А ў нас сёньня выступае Аглабэльды! Без фанаграмы».
Афiша сапраўды папярэджвала, што мы трапiм на канцэрт. Як нам пашанцавала! У санаторыi для працаўнiкоў палёў i фэрмаў мае выступiць сам Аглабэльды. З папулярнымi песьнямi, з мастацкай дэклямацыяй эпапеi пра начальнiка Чукоткi, рэабiлiтаванага савецкай уладай у хрушчоўскую адлiгу. Толькi адзiн канцэрт у Рэспублiцы-Гераiнi!
Па парадных усходах, як калiсьцi заможная шляхта, магнаты i нават самi каралi мы ўзьнiмалiся ўгору — туды, куды «пастароньнiм уход быў строга запрэшчон». Прачнулася за вахторскiм столiкам п’яная кабецiна ў белым халаце, зь якой скразiла прыбiральшчыца. Якая сьпiлася з-за мiзэрнага заробку, з-за таго, што нiяк не наступiць спачатку камунiзм, а затым рынкавы сацыялiзм. Ну, а таксама што нiдзе няма скрынкi з вiдэльцамi i лыжкамi, якiя належылi гаспадарам палацу да ягонай саветызацыi. Яна пачала была брыдка лаяцца, але наш гiд сунуў ёй пад нос паперыну, i цётка заткнулася з несьвядомай павагi да савецкай улады i адбiткаў гербавых пячатак.
Кавалеры з дамамi, пакiнуўшы карэты, падымалiся яшчэ вышэй — у бальную залю, дзе чакаў камэрны аркестар, каб зграць Гайдна або Глюка, альбо янычарская капэла, каб бразнуць меднымi талеркамi, уперыць вялiзнае турэцкае бухала, каб мэталёва рэзка загучалi тулумбасы, ды завiравала мазурка. Сёньня ў залi танчылi па-сучаснаму, пад бадзёрыя выкрыкi з дынамiка «Атас! Весялей рабочы клас!!» Прычым адныя бабы. Мужчыны недзе традыцыйна бавiлiся каля бутэлькi. Чакалi пакуль паклiчуць дамы. У куту трэнiравалiся лепшыя даяркi, засяроджана разьбiралi даiльны апарат. Меўся адбыцца конкурс «А ну-ка, жэншчыны!» Назiрала вучэньнi са сьцяны зусiм не радзiвiлаўская фамiлiя, а Сувораў, Кутузаў, першы рэспублiканскi прэзыдэнт, удзельнiкi сувораўскага пераходу цераз швайцарскiя Альпы i абароны Шыпкi ад турэцкага iга. Аглабэльды зьбiраўся выступаць яшчэ пазьней — пасьля праграмы «Урэмя» у начным шоў «Дружба народаў», таму мы ня сталi чакаць.
Экскурсавод вывеў нас на тэрасу, каб убачыць навакольле. За вялiкiм штучным возерам, як асьнежаная вяршыня далёкай адсюль, дзе адныя балаты i мэлiярацыя, гары бялела Слуцкая брама. Жалезную агароджу тэрасы аздабляў радзiвiлаўскi вэнзэль з каронай, сiняя фарба пачала лупiцца. У куту на гэткай жа сiняй лаўцы сядзелi два мужчыны з не па-тутэйшаму вузкімi вачыма. «Дык гэта ж сам Аглабэльды»,— ледзьве не трацячы прытомнасьць прашаптала адна з нашых жанчын, якая ў школьныя гады зьбiрала фотакарткi савецкiх сьпевакоў.
Сапраўды, сам Аглабэльды асабiста сядзеў з мужчынам, нейкiм Латыпам Уралавым, якi па старой звычцы пакурваў ужо непапулярную «Шыпку». Чукоцкi пясьняр паказваў яму самую дарагую мясцовую купюру з фальклорным арнамэнтам, гераiчнай крэпасьцю i ўпершыню з нечытэльным факсiмiле галоўнага банкiра. Яна, дарэмна хрумсткая i вялiкая па памеры, капiтулявала перад другiм фронтам i ленд-лiзам, якiя некалi перапраўлялiся цераз Аляску з Чукоткай. За 50-тысячную купюру з доблеснай цытадэльлю можна было купiць кiлё варанай каўбасы або тры амэрыканскiя даляры i порцыю лёдаў. «Здрада!» — нема крычалi за мурамi па-расейску з разнастайным акцэнтам абаронцы трыццацi нацый i народнасьцяў, у тым лiку i чукчы, якiм не давяралi абарону Чукоткi ад Аляскi i Камсамольска-на-Амуры ад японскiх самураеў i камiкадзэ.
Латып прыкiдваўся бiзнэсмэнам, якi хоча гандляваць з Радзiвiлаўскам кукурузнымi палачкамi. А на самой справе ён зьбiраўся ноччу — пад час аглабэльдовага шоў, калi ўсё радзiвiлаўскае кiраўнiцтва будзе баляваць у палацы, забрацца ў касьцельны склеп. Ён атрымаў заданьне выкрасьцi рэцэпт бальзамацыi, якi адзiн з Радзiвiлаў прывез калiсьцi з пiлiгрымкi ў Ерусалiм. Гэта праграма-максымум. А мiнiмальна яму трэба было адстрыгчы ад радзiвiлаўскiх мумiй кавалачкi. У яго была машына з дыпляматычным нумарам.
Мы падыйшлi i пазнаёмiлiся з дарагiмi госьцьмi. Скiнулiся i паслалi ганца ў краму. Сябра песьняра вельмi хвалiў нашага прэзыдэнта-iнтэгратара. Тады я яшчэ не здагадваўся, што гэтаму Латыпу галоўным у гэтай справе было езьдзiць да нас, каб адстрыгаць ад Радзiвiлаў шматкi. Бо iхнi Ленiн зноўку пачаў патыхаць. Таму i маўзалей зачынiлi. А прэзыдэнт нашай Рэспублiкi-Гераiнi абяцаў крамлёўскiм ленiнцам, што калi яны зноў возьмуць уладу, дык змогуць у любы час прыяжджаць у крэпасьць i ў Радзiвiлаўск, i нават забраць да сябе ў нii адзiн саркафаг, для чаго Алесь падпiсаў (не для друку) указ аб iхняй нацыяналiзацыi.
Але пра ўсё гэта Латып маўчаў як рыба аб лёд. А як шмат ён ведаў! Як часам карцела паказаць сваю дасьведчанасьць i круталобасьць, асаблiва перад жанчынкамi. Цяжка бывае стрымацца, калi побач наiўна разважаюць пра палiтыку, бачачы толькi заканчэньне айсбэрга... У пляжным бары за суседнiм столiкам пахваляюць вострае харчо i экзатычны кактэйль, паняцьця ня маючы пра рэцэпты, iнгрыдыенты, усю кухню! Бронзавыя шыпкаўскiя дзяўчаты ў пляжных мiнi ўжывалi «Стуардэсу» i пакеплiвалi зь яго, калi ён дзеля сучаснасьцi замест «Шыпкi» закурваў «Апал». А якiя былi пэрспэктывы! Агульнасьць сацыялiстычнага выбару, аднолькавы альфавiт-кiрылiца i шмат якiя прозьвiшчы (напрыклад, Iваноў, толькi з нацiскам на iншым складзе), нарэшце адна i тая праваслаўная рэлiгiя, якая, зрэшты, яшчэ нядаўна афiцыйна лiчылася опiюмам для народу. У часе сяброўства з шыпкаўскiмi дзяўчынамi ўзьнiкла нават iдэя злучэньня братэрскiх краiнаў на глебе маўзалеяў i любовi да Алёшы. Маўзалейшчыкi адно шкадавалi, што тады ня будзе болей замежных камандзiровак — у Шыпку, дзе свая валюта тугрыкi, мiнэральная вада «Назран», смачны залацiсты пяцiзорчаты вiньячок i адметныя смуглянкi, якiя гавораць па-руску крыху няправiльна, з пiкантным акцэнтам. Аднак, калi потым Шыпка з Крамлём разыйшлiся зусiм у розныя бакi, i па-капiталiстычнаму ўздаражэлi шыпкаўскiя курорты i каханьне дзяўчат, злучэньня захацелася яшчэ больш, па-сапраўднаму. Крыху настрою паддаў Барыс Мiкалаеў перад паездкай у Крэпасьць-Герой. Нечакана прапанаваў Шыпцы далучыцца да дваiстага саюзу СР, каб зрабiць яго траiстым на падставе агульнай рэлiгii i альфавiту.
Мне гэты уралмаш, калi шчыра казаць, адразу не спадабаўся. Няма ў мяне даверу да розных варагаў з-за Воршы. Ён быў з тых iншародцаў, якiя робяцца горшымi расейцамi за самiх расейцаў, калi верыць, канешне, Ленiну (поўны збор твораў, том 20, стар. 354). Пра свае падазрэньнi я як заўсёды — нiкому. Каб хаця б глянуць ягоныя, напэўна падробныя, дакуманты. Але ён хiтры лiс — Ура! — Латып, толькi панюхаў корак. Затое чукоцкi пясьняр пачырванеў адразу, сумна засьпяваў «Ах какая жэншчына! Мне б такую!» Потым увогуле «Ты мая банька, я — твой тазiк». Карацей, сучасныя крамлёўскiя шлягеры. Латыпу вельмi падабалася. А чукча раптам прызнаўся, што ён, здаецца, унук таго самага начальнiка Чукоткi, таму яго так цягнула заўжды ў крэпасьць. Нам трэба было разьвiтвацца, расчулены Аглабэльды па-паўночнаму маркотна зацягнуў «Касiў Ясь канюшыну» — разоў сем, як сапсаваная кружэлка. Усiм стала сьмешна. Апошнi тост — за беларуска-чукоцкую дружбу народаў, за выкарыстаньне чукоцкiх портаў нашымi субмарынамi, ды за яшчэ нейкае бадзёрае глупства. Я папрасiў песьняра выканаць як апошнюю заяўку «Маша з Уралмаша», але ён нiяк ня мог успомнiць усе словы.
Замкавыя муры як экзэмай цi яшчэ горшай трасцай апанавала разбуральнай вохкасьцю, разам з тынкам крышылася цэгла, як нерамантаваныя зубы. Мне нават упершыню не захацелася ўзяць у кiшэнь кавалачак «на незабудзь», было гiдка. Штучныя азёры ланцугом ачапiлi замак. Калiсьцi дзеля пацехi публiкi па загаду Радзiвiлаў тут iнсцэнавалi марскiя баi, бiтву пры Трафальгары. Зяўралi баёвым агнём палубныя гарматы, множачы забiтых i параненых. Але мы нiчога ўжо ня бачылi. Раптам пырснуў пяшчотны дожджык у сонечным асьвятленьнi. У алеi бронзавых бюстаў сьцiплы букецiк з дробных палёвых кветак быў па-кладзены толькi Яну Марыi Бэрнардонi. Цiкава, як гэта — другое iмя па мацi, а не па бацьку.
4.
Позна ўвечары мы сядзелi далёка ад Радзiвiлаўска ў пакоi iнтэрнацкай начлежкi ў былой сталiцы колiшняга Вялiкага Княства. Перад руiнамi замка стаяла гiпсавая кабецiна, iдэнтычная радзiвiлаўскай. У правай руцэ яна мела сапраўднае гарматнае ядро сярэдневечнай эпохi, кучку якiх мы потым бачылi ў сьцiплым мясцовым музэi краязнаўства. Ядро без нiякiх дурацкiх кнотаў, гладкае. Баба-волат. Iдэал часоў маральнага кодэксу будаўнiкоў камунiзму.
Пiлi лiтровую гарэлку Kazakoff, добра што хоць не Suvoroff, партрэтамi якога мы былi сыты па горла. Потым яшчэ нейкую, радзiвiлаўскага розьлiву, даволi пякоткую, тандэтную. Няма таго, што раньш было, як сказаў паэт. Тосты гучалi ўсе запар прачулыя — за Радзiвiлаў, за iхнiя дамавiны. А таксама за апошнiя рэшткi роду — яго жаночай галiны. Цiкава, як у канцы шушкевiцкай адлiгi замежны мiнiстар, сёньня антысавецкi фракцыянэр у парламэнце, цалаваў ручкi старым кабетам, стараўся гаварыць па-польску (мужыкi таксама патрапяць!). Першы зьезд Радзiвiлаў у аднайменным райцэнтры! Савецкае шампанскае ў палацы сярод партрэтаў палкаводцаў на сьценах (прэзыдэнта ў нас тады яшчэ не было) i санаторнiкаў у сьвежых халатах, выдадзеных адмiнiстрацыяй з гэтай нагоды. Вячэра ў раённым рэстаране i начоўка з тараканамi i каляровым тэлевiзарам у райцэнтраўскiм люксе.
«Файны мужык ён — гэты Аглабэльды, — прызнаўся нехта ўголас. — Так. I сябра таксама. Сапраўдны рускi ён мужык, гэты Латып Уралаў. Ня здраджвае iдэалам — курыць «Шыпку», п’е ўсё, што гарыць...» Раптам у iнтэрнаце дырэктыўна скасавалi асьвятленьне, каб насельнiкi хочаш цi не клалiся спаць. Разьлiваць па шклянках давялося пры кароткiх успышках запальнiчкi. Размова мiжволi зацiхла, адно словаахвоча пачала баяць са сьцяны радыёкропка. Ад яе мы даведалiся, што партрэт з радзiвiлаўскай залы для танцаў на «трудавым пасту» адстаяў ужо два гады. Час ляцiць! Сам партрэт пачаў пахваляцца як ён «сахранiў страну» ад нашэсьця саранчы i як цяпер спрабуе «склеiць обшчэства» быццам разьбiтую талерку.
«Ды пайшоў ён...! — абурыўся нехта ў цемры. — Не хачу я, каб мяне склейвалi ўсякiя. Ды яшчэ з рознымi недаробкамi. У кавалак. Як зьлiплая макарона ў салдацкiм бачку». «Вой нядобра — у старой сталiцы па-расейску лаяцца, — нiбы наш ксёндз запярэчыў нечакана для сябе я. — Давайце лепш за яго вып’ем. Ён пакуль самы спрытны бульбаш, ва ўсякiм разе па пашпарце». Запалiлi агеньчык, пачалi моўчкi шукаць па пляшках, але гарэлкi больш не было. Анi крыхi. А балбатлiвая радыёкропка ўсё не жадала ўтаймавацца. Давялося высмыкнуць шнур з рызеткi.
Запанавала густая ноч. Недзе Латып уцякаў з мумiяй дахаты. На вялiкай хуткасьцi, хоць перашкоды на дарозе не было. Дзякуй Шуру Грыгаровiчу, якi сьпiлаваў з усходу памежныя слупы бэнзапiлой «Дружба», а самiх памежных салдат распусьцiў па хатах, звольнiўшы ў запас. Дзейны Латып, натхнёны ўласным спрытам, ствараў у марах новыя пляны. Пашырэньне маўзалейных абсягаў. Фiлii ў Пхэньяне, Гаване, у Буркiна-Фасо i Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублiцы, а таксама ў Хо-Шы-Мiне. Вельмi шкадаваў страту Бухарэсту i Тыраны. Грамадзяне гераiчнай рэспублiкi пераважна спалi. Шура сьнiў, як будуе новы штых, гэткi аграмадны i цяжкi, што пры падзеньнi накрые сабой усё NATO. Аглабэльды прастукваў сьцены. У суседнiх палатах стаiлiся, чакаючы вынiкаў.
12 лiпеня 1996, Горадня.
МУЖЫЦКАЯ ПРАЎДА
сэнтымэнтальнае апавяданьне
Асноўная вулiца мястэчка цягнулася ў кiрунку мiждзяржаўнай мяжы. Называлася яна прозьвiшчам маршала Пiлсудзкага. Як бы дзеля кпiнаў зь мясцовых летувiсаў, якiя ваявалi супраць яго, свайго земляка, але досыць безвынiкова i мусiлi задаволiцца польскiм грамадзянствам. Па гэтай самай вулiцы пад гарматныя выбухi i кулявую стралянiну ў мястэчка калiсьцi пачаргова ўяжджала лiтоўская кавалерыя ды польскiя ўланы. Мястэчка iмклiва пераходзiла з рук да рук, як прастытутка ў салдацкiм публiчным доме, у кароткую, але вельмi зацятую лiтоўска-польскую вайну. Гэта была адзiная мiнi-вайна, якая выпала на лёс лiтоўскага войска, якому больш нiколi не давялося панюхаць пораху з-за страху да Молатава з Рыбэнтропам.
У складзе малалiкай лiтоўскай брыгады заўзята змагалася яшчэ меншая саюзьнiцкая армiя, якая ваявала ня столькi за незалежнасьць Лiтвы, колькi супраць польскiх збройных апэтытаў. Гэта было невялiкае беларускае войска з двух стралецкiх батальёнаў i коннага аддзелу — усе мiзэрныя аружныя сiлы ўжо досыць апэрэтачнага Ўраду БНР, якi iснаваў на правох маленькага мiнiстэрства ў складзе лiтоўскага ўраду. У стралецка-кавалерыйскiх шэрагах пяяў стракаценьне кулямётаў, дзвынканьне i пошчак куляў, гарматны дым, ды iншыя баталiчныя прыкметы аматар прыгожага пiсьменства ў маёрскiм чыне. Пяяў у сваiх балiстычных, надзвычай паэтыцкiх вершах.
Ужо празьвiнела трубкi рытурнэль.
Вушмi кранухшы, задрыжэлi конi.
На штандару чырвоны знак Пагонi
Яскрава сьвецiць... Трэснула шрапнэль.
Праменьня слонца залiваюць блонi.
Перад вачмi як быццам акварэль.
Мацней сьцiскаеш шаблю у далонi
I чуеш, як ляцiць яшчэ шрапнэль.*
***
Летувiсы часьцяком пасылалi ў самае пекла беларусаў, якiм, як iм здавалася, не было чаго трацiць. Аднойчы, апошняга разу захапiўшы мястэчка, лiтоўскае войска атабарылася ў кляштары за касьцёлам каб адпачыць, а штаб—на галоўнай вулiцы ў талмудычнай школе. Тым часам беларускi батальён лiтоўскi камандзер паслаў авангардам наперад—перасьледваць польскi ар’ергард.
Стральцы батальёна iмя «Мужыцкай праўды», маючы падтрымку кавалерыйскай сотнi на чале з паручнiкам Ражанскiм, гналi палякаў кiлямэтраў пятнаццаць у заходнiм накiрунку, але натрапiлi на агнявы пункт абароны i мусiлi спынiцца. Палякi скупавалiся, атрымалi дапамогу i пачалi атакоўваць стральцоў. Затым здолелi перацяць iм дарогу назад i зусiм сьпiхнулi ўбок ад гасьцiнца — у хмызьняк, да пералескаў. Неўзабаве пацямнела i запанавала ноч.
Месца для абароны было малапрыдатным, беларускiя ваякi адчувалi небясьпеку быць абкружанымi. Чакаць жа падтрымкi ад летувiсаў, па ўсiм было вiдаць, што не выпадала. Яны там недзе заначавалi ва ўтулку, у сытасьцi, за моцнымi кляшторнымi мурамi, дзе можна ператрываць пры патрэбе доўгую аблогу. А тут цягнула вохкасьцю, мясьцiна была нiзiннай. Жаўнеры жавалi бяз смаку сухi харч, адно раскашавалi на поплаве конi, пасьля цяжкага баёвага дню маючы гэткi сакаўны папар.
Аддзел не спыняў руху, пасьля кароткай перадышкi, пачаўшы далей паглыбляцца ў лясiстую нiзавую мясцовасьць, каб прышукаць адпаведнага месца для лягеру, прыдатнага для магчымай абароны. У даволi хуткiм часе яны ўзьбiлiся на неблагую грунтовую дарогу, якая запятляла i вывела да моцнай фартэцыi. Як адразу высьветлiлася, гэта быў кляштар, даўно вольны ад манахаў. У разарваных аблоках дзякуючы месячнаму сьвятлу пазначыўся крыж, потым другi. Касьцельныя званiцы.
Перасьледу не было. Жаўнеры пачалi ўладкоўвацца ў памяшканьнях, якiх было значна больш, чым патрэбна. У кляштары жыў вартаўнiк, якi, трымаючы ў руцэ лiхтар, паказаў дзе i як лепш разьмясьцiцца. Штабс-капiтан Лапiцкi пакiнуў варту на гадзiньнiкавай вежы, ля брамы i ў некалькiх сотках мэтраў у прыдарожных зарасьнiках. Усе астатнiя павалiлiся спаць як пасьля кiрмашовага дню. Конi спалi пад начным небам.
***
Вартаўнiк увесь час прыслухоўваўся да жаўнерскай гаворкi, але ўначы на гэта бадай анiхто не зьвярнуў увагi. Назаўтра такая ўважлiвасьць гаспадара пакiнутага кляштара выклiкала падазрэньне. Жаўнеры прывялi яго да камандзера, i той стаў дапытваць вартаўнiка.
— Чаму пан пiльна слухае ўсе размовы? Для каго шпягуеш? Хутка адказваць!
— Я... мне... цiкава слухаць гаворку. Пан афiцэр гаворыць на якойсьцi gwarze wilenskiej. Што ў вас за войска, калi можна запытацца?
— Паведамляю, што мы — жаўнеры лiтоўскай армii, беларускага аддзелу. Жаўнеры —беларусы, размаўляюць па-беларуску. Зразумела?
— Можна так сказаць, агулам кажучы.
— Нiякiх сакрэтных зьвестак тут няма. Але за шпягоўства сапраўды размова з панам будзе зусiм iншай. Згодна законам вайсковага часу.
— Ды не, пан афiцэр! Проста мне дзiўна, што вы ў Польшчы апынулiся. Хаця я i сам ня ведаю дакладна, што тут за тэрыторыя. Можа, вашая — беларуская?
— Сытуацыя такая. Мы змагаемся за сапраўдна лiтоўскiя землi, яны тут ад вякоў.
— Дык i вашых тут хапае, так амаль як вы размаўляюць. Праўда, беларусамi яны сябе не называюць. Нiхто i нiколi. Тутэйшыя яны.
— Гэта цiкава, але я ня маю лiшне часу. На размовы. Мы нiкога ў навакольлi не кранем, браць чужога ня будзем, нам трэба толькi купiць харчы. За грошы.
— А за якiя, пан афiцэр?
— За лiтоўскiя, iншых у нас няма.
— Не зусiм яны вартыя. Але, дарэчы кажучы, у возеры плойма рыбы.
— Улiчым. — Штабс-капiтан адчуваў сябе не ў сваёй талерцы. На занятай ворагам тэрыторыi, у чужым войску, адцятым ад астатнiх аддзелаў i ўвогуле ў пастцы — з трох бакоў плёскалася азёрная вада.
***
Выявiлася, аднак, што стары — нямецкi шпег. Ноччу ён размаўляў па-нямецку, выкрыкваючы паасобныя фразы, хутчэй за ўсё лаянку. Гэта пачуў вартавы жаўнер, да яго прыстаўлены. Шпегу надавалi кухталёў i прывялi да заспанага камандзера.
— Шпрэхэн зi дойч? — Я, я! — Ты, халера ясна, працуеш на немцаў?!! — Вас iст дас?.. Не працую я. — Не дуры мне галаву, трасца тваёй матары! — Я ад немцаў навучыўся. —Ясна што не ад рускiх. — Я не люблю маскалёў. — Я таксама ня дужа каб. — Я пакажу пану афiцэру склад. Дойчэ цэйгаўз. — Цэйгаўз? —Нямецкi! — Вядома, што не расейскi.
Вартаўнiк быў прывучаны апошнiм жыцьцём выказваць прыхiльнасьць да расейцаў, потым да немцаў, палякаў, летувiсаў i беларусаў. Нават да войскаў Антанты, калi iхнi экспэдыцыйны корпус усё ж прышлюць сюды, каб разьмежаваць палякаў з летувiсамi, бо апошнiя дзейнiчалi пакуль зручна Маскве. Ён завёў беларускiх жаўнераў у касьцельныя сутарэньнi, дзе немцы, якiя недалюблiвалi каталiцкiя храмы, схавалi боезапас.
Дзьверы былi замураваныя высокаякасным бэтонам, бо ў немцаў традыцыйна ўсё было вельмi якаснае. Жаўнерам давялося некалькi гадзiн высiляцца, каб трапiць у цэйгаўз. Там яны знайшлi сапраўдны скарб: цалкiя нямецкiя карабiны, скрынi з гранатамi, набоямi, два кулямёты ў разабраным стане, мэталёвыя спражкi з годлам Gott mit uns. Хiба што не было гарматы, але затое гаспадарлiвыя немцы схавалi таксама прадуктовы запас — кансэрваванае мяса, згуслае малако, тытунь у пачаках, джэм, галеты i каву ў залітаваных бляшанках, i нават крыху шнапсу, да якога яны самi былi ахвочыя. Словам, харчы хавалi так, каб iх не патрапiлi зьнiшчыць пацукi.
Стральцы акрыялi, загучала сама сабой зухавая «Сьвiшча куля ё-ха-ха!» Штабс-капiтан Лапiцкi пачуваўся вельмi задаволеным. Дзякуй спадарам бошам! Нават пацяплелi кавалерысты. Штабс-капiтан дазволiў сабе крыху пакаштаваць нямецкай гарэлкi, загадаўшы каптэнармусу пералiчыць астатнiя прыпасы i скласьцi попiс.
***
Праз суткi-другiя летувiсы былi выбiтыя з мястэчка, i больш нiколi бот лiтоўскага жаўнера не ступiў на тутэйшы брук. Штабс-капiтан Лапiцкi аб гэтым не здагадваўся.
Польская кавалерыя паспрабавала зь лёту ўехаць у кляшторную браму i захапiць цытадэль, але была зрэзана на подступе кулямётным сьвiнцом. У той жа дзень адбылася паўторная спроба, пасьля гарматнай стралянiны, атакаваць абаронцаў пяхотнымi аддзеламi. Артвыбухi, аднак, не маглi пашкодзiць моцных кляшторных муроў. Польскiя стральцы ня здолелi пагатоў нават наблiзiцца да ўмацаваньняў, панесьлi iстотныя страты. Некалькi забiтых засталiся ляжаць у сэктары абстрэлу, астатнiх палякi пасьпелi адцягнуць у хмызы.
Жаўнеры «Мужыцкай праўды» радавалiся ўдаламу бою. Яшчэ не надыйшоў час задумацца над тым, што апынуўшыся ў польскiм тыле яны ваююць немаведама за што. Пакуль яны адчувалi адно ваяцкi азарт.
***
Увечары жаўнеры разагравалi на вогнiшчы нямецкi сюрпрыз — кансэрваваную ялавiчыну з бабамi. Кожны атрымаў з нагоды ўдалага бою порцыю гарэлкi. Жаўнеры вясёла гарлалi:
Нам няўцям вiхры-грымоты,
Дадае пярун ахвоты!
Сьвiшча куля ё-ха-ха!
Каля вуха дзецюка!
Калi на падворку паявiлiся штабс-капiтан Лапiцкi з паручнiкам Ражанскiм, каб пабыць сярод сваiх людзей, жаўнеры,падагрэтыя шнапсам, засьпявалi яшчэ голасьней:
Камандзер наш знае дзела,
Ён на ворага йдзе сьмела!
Здавалася, закранутыя хваляй сьпеваў, цiхенька абазвалiся ў начным небе касьцельныя званы, нiбы ўздыхнулi. Штабс-капiтан заахвоцiў сьпевакоў: «Малайцы хлопцы!»
— Так ёсьць! — хорам з дзясяткаў глонавак адказалi ваякi. — Можаце сьпяваць на вясковым вясельлi, — дадаў ён. У адказ загучаў вясёлы рогат.
Раптам з гадзiньнiкавай вежы пачуўся стрэл.
— Хто на варце? — пiльна запытаў капрала камандзер. — Грэсь. Шэраговы Грэсь! Пан капiтан. Але вартавы ў тую хвiлю сам абазваўся згары.
Афiцэры разам з капралам паднялiся па вiтой лесьвiцы на аглядную пляцоўку. Штабс капiтан машынальна прыклаў да вачэй бiнокаль, але марна. Жаўнеру здалося, што нехта пракрадаўся ў бок цытадэлi.
— Адкуль самi будзеце? — пацiкавiўся Лапiцкi на адыходак. — Зьнедалёк ад Гораднi! Пан камандзер. — Добра. Пiльна назiрайце. Ноччу вас зьменяць. — Так ёсьць!
***
Уначы легiянэры зрабiлi новую спробу штурму, яны iмкнулiся забрацца наверх па вiнаграднай лазе, якая густа аплятала кляшторныя муры... Наранiцу яны прыслалi свайго парламэнцёра, якi нiбы часова адарваў аб польскага сьцяга чырвоную частку.
На падворку адзiн аддзел паўтараў шыхтавыя практыкаваньнi са зброяй. —Радам стаць! — Направа зва-жай! — Узаплеч стаць! — роў вусаты капрал.
Вучэньнi на пляцы не спынялiся. — Да бою рых-туй! — На ру-ку! Да на-гi. — На пля-чо! Стрэльбу на чэсьць!
Паляк ажно рот разявiў, пачуўшы каманды i ўбачыўшы на флагштоку бел-чырвона-белы сьцяг. Яго павялi далей, паўз месца дзе адбывалiся адзiночныя практыкаваньнi.
—Ста-вай! Ля-гай!.. — Спа-воль! Спачнi!
Iншы жаўнер адказваў пад’афiцэру напамяць завучаны ўрок: «Ты павiнен быць гордым i шчасьлiвым тым, што стаiш пад Беларускiм Нацыянальным Сьцягам, што ты ўзброены дзеля таго, каб стаяць за роўнасьць Беларусi з другiмi народамi зямлi. Сваю беларускую славу ты павiнен баранiць да апошняй кроплi крывi...»
Паляк, каб убачыў тут шатляндзкiх гвардэйцаў у кратчатых спаднiцах, мабыць, зьдзiвiўся б менш, чымсьцi трапiўшы на вучэньнi беларускiх жаўнераў. «Няхай жыве Пагоня на браме незалежнай Беларусi!» — бялелi на муры вялiкiя лiтары.
Штабс-капiтан чакаў, прыблiзна прадумаўшы паводзiны ў размове. Паляк прадставiўся, казырнуў i перадаў Лапiцкаму запячатаную капэрту. Штабс-капiтан вонкава спакойна зламаў арловую пячатку.
***
Назаўтра мiнуў час ультыматуму, але на вежы не забялеў сьцяг. Пазьней прыляцеў аэраплян i скiнуў бомбы. Або пiлёт быў шчырым каталiком i баяўся пашкодзiць у цэнтры падворка касьцёл, альбо ён ненаўмысна спудлаваў, бо выбухi прагучэлi за кляшторнымi мурамi, у азёрных чаратах. Аэраплян вярнуўся, напэўна для агляду вынiкаў. Жаўнеры сталi страляць ўгору i ён зьнiк.
Праз некалькi гадзiн зноў пачулася стракаценьне паветранага рухавiка з прапэлерам. Гэтым разам пiлёт пацэлiў i ўлёткi рассыпалiся над галовамi жаўнераў. Над iмi раскiдалi тэкст дэкрэту Язэпа Пiлсудзкага аб пачатку фармаваньня беларускага войска ў горадзе Слонiме i аб прызначэньнi ягоным камандзерам палкоўнiка Канапацкага...
Зьнiякавелыя жаўнеры з некаторым недаверам перачытвалi дэкрэт. А тым часам капрал Чарноцкi з дапамогаю шэраговых жаўнераў Макарэвiча i Вiтажэнца ў схроне пад касьцёлам за скрынямi i бочкамi адшукалi дзьверы, за якiмi пачынаўся падземны калiдор.
Загуло ў паветры i кляшторны пляц скаланулi выбухi. Цалялi з можджараў, якiя б’юць высока ўгору, навесам. Пачаўся пажар. Застагнаў шасьцернямi вежавы гадзiньнiк, рассыпаўшыся па навакольлi ад гарматнага выбуха. Паявiлiся параненыя i забiтыя.
Палякi зноў кiнулiся ў атаку. На подступе да муроў перад iмi ўзьнялася сьцяна выбухаў. Нямецкiя гранаты. Супрацiўнiк адступiў. Пачало брацца на прыцемкi.
***
Начной гадзiнаю жаўнеры, без параненых, пакiнутых на месцы, па чарзе пачалi, заходзячы ў касьцёл, спускацца ў сутарэньнi. Калiдор кiраваў усё нiжэй. Першыя апынулiся—да свайго жаху — у маленькiм памяшканьнi. Зламаныя крэслы, два сталы, пакрытыя пылам. На адным якоесьцi друкарскае начыньне. Шафа. У ёй стосы нейкiх папер... Але за шафай — зноў дзьверы.
Ранiцай батальён крочыў у хадавой калёне даволi далёка ад кляштара. Крочыў гасьцiнцам. Наперадзе лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Праз некалькi гадзiнаў калёна ўвайшла ў заспаны горад. Жаўнеры без каманды як бы змагаючы нэрвовае напружаньне зьнянацку засьпявалi:
Будзь здаровы, бацька, мацi!
Мы iдзем ужо ваявацi.
Сьвiшча куля ё-ха-ха
Каля вуха дзецюка!
Пагаруем-паваюем
На радзiме запануем.
Сьвяшча куля ё-ха-ха!
Каля вуха дзецюка...
Батальён выйшаў на пляц, якi атачалi касьцёл, ратуша, царква, крамы.
—Калёна, стаць!— закрычэў камандзер. — На-ле-ва! Рады здвой!
Дамы на пляцы прачыналiся з панiчным пачуцьцём.
Штабс-капiтан Лапiцкi марудзiў. Хацелася немаведама чаго крыху счакаць. Потым, набраўшы ў сябе паветра, ён сьцiшана вымавiў:
—Стрэльбы да долу кла-дзi! Зважай! Спачнi.
Пошчак капытоў. На пляц сьпешлiва ўяжджалi ўланы. Штабс-капiтан намацаў у кiшэнi пачак старой паперы з падземнай друкарнi. Выняў, паднес да вачэй i прачытаў загаловак «Muzyckaja Prauda», а потым адразу подпiс зьнiзу — «Яська—гаспадар з-пад Вiльнi».
***
Батальёнцы былi раззброеныя i пратрыманы некалькi месяцаў у лягеры для палонных. Выпушчаныя на волю, яны растварылiся ў польскiм моры. Па некаторых зьвестках, частка, праўдападобна, сорак-пяцьдзесят жаўнераў, крыху пазьней у збройным парадку перайшла зялёную мяжу на бальшавiцкую тэрыторыю, каб змагацца за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Лёс iх быў прадказальны. Iмёны iхнiя нам невядомыя. Яны пакiнулi нам пасьля сябе адно бел-чырвона-белы сьцяг i жаўнерскую песьню «Сьвiшча куля», словы да якой, як гаварылi, напiсаў сам Янка Купала, наш пясьняр. Ён таксама загiнуў ад бальшавiцкай рукi.
*Верш маёра А.Ружанца-Ружанцова. Пажыўшы ў Летуве, пакінуў беларускія шэрагі, стаў летувісам.
25 чэрвеня 1996, Вiгры-Горадня.