|
Анатоль Брусевiч
ЗА ДЗЕНЬ ДА СЬМЕРЦI
* * *
Я жыву, як хачу, i таму напляваць —
Зараз сёньня цi заўтра.
Я адною рукою схапiў далягляд,
А другою — ня варта.
Я трымаю нянавiсьць у левай руцэ,
А у правай — свабоду.
I таму лёс сьляпы ад мяне не ўцячэ,
Ён заўсёды са мною.
Я ня маю шчыта, каб хавацца ад зла,
Ад каханьня на словах,
Але маю я меч i яшчэ два крыла,
Каб ня йсьцi па галовах.
* * *
Iду, а за мною нiякiх сьлядоў.
Сьляды праглынае сухая лiстота.
I мроiцца мне, што наперадзе дом,
А ў доме чакаюць майго надыходу.
Таму не баюся, што пройдуць гады,
А можа i меней, i ў момант якiсьцi
Мяне праглыне, нiбы тыя сьляды,
Апалае некалi бурае лiсьце.
* * *
Нiбы восеньскi дождж,
Разаб’юся аб шэры асвальт.
Буду меншым, чым ёсьць,
I такiм жа халодным, бы сталь.
Не спрабуй пазiраць
У люстэрка самотнай вады,
Бо вада — гэта я.
I, на жаль, ува мне больш ня ты.
Ува мне мая злосьць,
Мая дурасьць таксама ўва мне.
Разаб’юся, бы дождж,
Расьцякуся па чорным вакне.
* * *
За дзень да сьмерцi файна пiць вiно
Зь сябрамi, што памерлi яшчэ ўчора.
Як файна адчуваць сябе тапёрам,
А не акторам сумнага кiно.
Я iншы раз хачу пабыць другiм,
Але мяне нiяк не разумеюць
Мае сябры, якiя ўжо памерлi,
Каб жыць на iншым беразе тугi.
* * *
Сонца-акурак датлее на прыступках неба,
Вечар утопiцца ў вогнiшчы жоўтых вiтрын.
Зьнiкне сапраўднасьць, а мы ператворымся ў шэпат,
Потым у подых, пасьля — застануся адзiн.
Буду адзiн, бо аддам свае вусны i цела
Мяккiм, нябачным сьлядам пацалункаў тваiх.
Бы ўпершыню, буду лашчыць рукою нясьмелай
Хвалi трохкутнiчка, персяў тугiя саскi.
Цiха схiлюся над аркушам сьцёгнаў i ножак,
Каб напiсаць языком свае вершы бяз слоў.
Цiха ўвайду, адгукнецца маўклiвы мой ложак,
Злы на мяне, што iзноў абарваў яго сон.
I, пакуль ранак на струнах тралейбусных лiнiй
Марш не зайграе на гонар чарговага дня,
Буду з табою, каб быць абсалютна шчасьлiвым.
Толькi з табою адною душа не адна.
* * *
Я палю свае вершы.
«А навошта?» — пытаюцца людзi.
Мне цiкава памерцi
Каля помнiка новых iлюзiй.
Мне цiкава пабачыць
Сярод твараў сьляпога натоўпу
Сваё сьветлае шчасьце
I няшчасьце — былую сяброўку.
Як наогул прыгожа,
I цiкава, i файна навокал!
Я спалiў свае вершы,
Каб было мне ля вогнiшча цёпла.
* * *
Жыць так, каб не хацелася памерцi —
Вось сэнс жыцьця, таму я не ў труне,
Таму ня страшны болей дзiкi вецер,
Якi лiстоту ў твар шпурляе мне.
Няхай шпурляе. Я ўсё роўна буду
Iсьцi туды, дзе за адным сталом
Лiлёвы Крышна, Магамэд i Буда
Спрачаюцца аб вечнасьцi з Хрыстом.
Туды, дзе Адзiнота i Каханьне
Са мной падзеляць яблык залаты,
Дзе ноч у дымэдролавым тумане
Выходзiць зь неадкуль у нiкуды.
Мяне чакаюць там, але чамусьцi
Iх не цiкавiць мёртвая душа.
Таму назад у свой сусьвет вярнуся
Жыць так, каб не хацелася сканаць.
1996,
Горадня.
|