|
Юры Гумянюк
ВIЗУАЛЬНАЯ ТЭРАПIЯ ПАМЯЦI
Я прыехаў да апошняй брамы
На сваiм зьнявечаным канi.
Змыю з рук крывi нявiннай плямы
З горкiм сьмехам... Божа, баранi.
Андрэй Пяткевiч
1.
Гэтыя вузкiя цьмяныя iнтэрнатаўскiя калiдоры, напоўненыя пахам кiслай капусты, смажанай бульбы з салам, цыгарэтным дымам i яшчэ нечым неакрэсьленым, але вельмi знаёмым зь дзяцiнства. Гэтыя брудныя лесьвiцы ды запляваныя пляцоўкi, усыпаныя разнастайнымi недапалкамi й коркамi ад пляшак. Гэтыя санлiвыя расчухраныя дзяўчаты й ахмялелыя хлопцы, якiя бязмэтна сноўдаюць з пакоя ў пакой... Карацей кажучы, звычайнае жыцьцё шараговага студэнцкага iнтэрнату. Мяне нiколi не спакушала рамантыка закурадымленых калiдораў, супольных сьпеваў пад гiтару цi магiя сынхроннага рыпеньня стандартных жалезных ложкаў, бо я ня жыў у iнтэрнатах, а толькi пэрыядычна наведваў сваiх знаёмых, якiм ня вельмi падабаўся тамтэйшы «рай».
Аднак часам, асаблiва, калi рыхтуешся заснуць i знаходзiшся ў «падвешаным» стане памiж яваю i сном, незалежна ад твайго ўласнага жаданьня, у сьвядомасьцi ўзнаўляюцца падзеi й вобразы дзесяцiгадовай даўнiны, якiя хутка матар’ялiзуюцца ў выглядзе каляровых карцiн. Суцэльнае глупства параўноўваць сябе зь вiдэамагнiтафонам, але менавiта ў гэткiм стане даволi часта нараджаюцца спантанныя вершы. I тут вельмi важна змусiць сябе пракруцiць сьвежую стужку памяцi яшчэ раз, выскачыць з ложка й пералiць склееныя рыфмамi вобразы на паперу. Iнакш — засьнеш, а зранку пашкадуеш, што кiнуў словы-дыяманты ў чорную зеўру нябыту. Пасьля зноўку будзеш чакаць таго салодкага стану, калi адбудзецца вiзуальная тэрапiя памяцi.
Выдатным стымулятарам зьяўляюцца дзёньнiкi, лiсты ды фотаздымкi, якiя назапасiлi энэргiю тых гадоў, каб пры нагодзе выпраменьваць нябачныя карпускулы зашыфраванай iнфармацыi. Расшыфраваць, адэкватна ўспрыняць, пераварыць i ацанiць належным чынам дадзеную iнфармацыю можа адно дасьведчаны й чульлiвы чалавек, схiльны да мастацкай рэфлексii.
I вось я гартаю часопiсы й зборнiкi зь вершамi Андрэя Пяткевiча, перачытваю некаторыя лiсты, разглядаю сьцiплыя нешматлiкiя здымкi студэнцкiх гадоў, прыпамiнаючы найбольш цiкавыя эпiзоды з жыцьця гэтага невылечна хворага хлопца, артадаксальнага правiнцыяла, якi, уявiўшы сябе беларускiм Дыягенам, абвясьцiў вайну навакольнаму сьвету i, зразумела, прайграў, але да канца свайго кароткага жыцьця, мабыць, не ўсьвядомiў асабiстую паразу. Спакваля вымалёўваецца ягоная выява, нiбыта вылуняецца з пашарпанай сьцяны таго самага студэнцкага iнтэрнату, дзе мне некалi даводзiлася зрэдку бываць. Андрэй плыве ў шэра-малочнай iмгле па знаёмых да болю калiдорах ды зьнiкае ў адным з дальнiх дзьвярных праёмаў...
2.
Упершыню ў гэтым студэнцкiм iнтэрнаце на БЛК (Бульвар ленiнскага камсамолу) я апынуўся ў 1980-м годзе. Мяне, ружовашчокага кучаравага вучня, запрасiлi туды студэнткi фiлфаку, якiя праходзiлi пэдпрактыку ў маёй роднай школе. Iм тэрмiнова трэба было падрыхтаваць насьценгазэту на агульнаўнiвэрсытэцкi конкурс, але яны ня ўмелi прыгожа маляваць i таму, зразумела, настойлiва прасiлi ў вучняў дапамогу. «Хто ў клясе добра малюе?» Я, як сябе помню, адразу схаваў вочы й загартаў падручнiк. I тут дзяўчаты-зайздросьнiцы амаль адзiнагалосна «здалi мяне, як шклатару», гучна выбухнуўшы: «Гумянюк!» Зрэшты, дзiцячае хваляваньне было дарэмным. Новасьпечаныя цёткi-вучылкi (так мы называлi практыкантак) шчодра аддзячылi за дапамогу. Чакалядныя цукеркi плюс «пяцёрка» за сачыненьне на той час былi каралеўскаю ўзнагародай! Ужо дакладна ня памятаю, што я там маляваў, i, можа, нiколi б не ўспамiнаў гэты выпадак, каб не апынуўся празь сем гадоў другi раз у тым самым будынку на БЛК-3.
Гэта здарылася пасьля таго, як мяне ва ўнiвэрсытэце «пракацiлi па конкурсе», i я безвынiкова спрабаваў уладкавацца куды-небудзь на працу. Часу было багата для наведваньня бiблiятэк, пiсаньня вершаў i самаўдасканаленьня. Неяк выпадкова ў прадуктовай краме сустрэў свайго колiшняга аднаклясьнiка Славу Стацэнку, зь якiм разам паступалi на фiлфак. Дык ён «прайшоў» i ўжо пасьпяхова здаў першую сэсiю, таму мiла пасьмiхаўся, зьвяртаючыся да мяне:
— Слухай, цi ведаеш Юрася Пацюпу? Ён вучыцца на нашым курсе i хоча з табой пазнаёмiцца. Можаш хоць заўтра зьявiцца на заняткi ва ўнiвэр.
Iмя Пацюпы на той час ужо «засьвяцiлася» ў друку. Праўда, гiранiчная ўсьмешка Славы крыху насьцярожыла, але я зь цiкавасьцю пайшоў на прапанаваную сустрэчу. Ля дзьвярэй аўдыторыi N226 мяне адразу атачылi знаёмыя дзяўчаты-студэнткi й пацягнулi ўнутр, пасадзiлi за парту ды пачалi распытваць:
— Ну як ты? Дзе? Што?
Празьвiнеў званок. Пачалася лекцыя па замежнай лiтаратуры. Я ўявiў сябе вольным студэнтам з раманаў ХIХ-га стагодзьдзя, адгарнуў сшытак зь вершамi ды пачаў iмiтацыю запiсваньня лекцыi, сачыў за дзяўчатамi й выкладчыцай Людмiлай Гарданавай. Студэнткi, адпаведна, сьвiдравалi мяне двухсэнсоўнымi позiркамi й перашэптвалiся. Неўзабаве першая частка пары скончылася, i я сабраўся ўжо дахаты. На калiдоры да мяне нясьмела, нiбыта чагосьцi баючыся цi саромеючыся, наблiзiўся Юрась Пацюпа. Размова была кароткай. Мы проста дамовiлiся сустрэцца ў iнтэрнаце на БЛК-3.
У той лютаўскi вечар 1987-га ў пацюпавым пакоi сабралося шмат народу, у асноўным — студэнты фiлфаку. Усiм, асаблiва дзяўчатам, хацелася найхутчэй пачуць мае вершы. Раптоўна Пацюпа ўскочыў зь месца:
— Пачакайце, я паклiчу Андрэя Пяткевiча...
Прысутныя моўчкi згадзiлiся, але некаторыя твары нарадзiлi адмоўныя грымасы. Мне зрабiлася крыху нiякавата, бо я яшчэ ня ведаў прычыны падобнай рэакцыi разьняволеных студэнтаў. Нямая сцэна цягнулася нядоўга, да зьяўленьня самога Пяткевiча.
Дзьверы расчынiлiся, i ў перапоўнены пакой нячутна ўвайшла маленькая хударлявая iстота, падстрыжаная «пад гаршчок», я падумаў, што маю дачыненьне з казачным пэрсанажам — дзядком-лесавiчком. Гэта й быў Андрэй Пяткевiч. Ён цiхенька разьмясьцiўся ў куточку й падрыхтаваўся слухаць.
Я чытаў расейскамоўныя сымбалiсцкiя рэчы, пасьля расказваў пра свае прыгоды, дзялiўся далейшымi плянамi, адказваў на пытаньнi. Зараз цяжка згадаць, што мы тады абмяркоўвалi. Ужо напрыканцы сустрэчы, калi ўсе пачыналi разыходзiцца, Андрэй прысеў побач ды цiха, але з захапленьнем прамовiў:
— Якая цудоўная лiрыка!
Мне, вядома, захацелася пачуць ягоныя творы, i я адразу папрасiў гэтага грыбка-лесавiчка прадэклямаваць хаця б два-тры вершы.
— Добра, — згадзiўся ён. — Але хай гэтыя пойдуць. Толькi папярэджваю: я — беларускi нацыяналiст!
— А мне падабаюцца нацыяналiсты! — спакойна адпарыраваў я.
У сталёва-блакiтных вачох Андрэйкi запалiлiся агеньчыкi зьдзiўленьня й задаволенасьцi. Ён проста не чакаў падобнага адказу. На той час, калi адраджэнцкiя працэсы ў нашым грамадзтве знаходзiлiся ў прэтубэртатнай стадыi, большасьць унiвэрсытэцкае моладзi абыякава ставiлася да ўсяго нацыянальнага. Гэтую iндыфэрэнтную «большасьць» Андрэй называў «дубамi», «проламi», «дэбiламi». Адпаведна яны прымалi яго за дурня й дзiвака. Асаблiва зьбянтэжыў фiлфакаўцаў пяткевiчавы верш «Дубы», якi зьявiўся ў студэнцкай насьценгазэце. Там былi такiя радкi: «Сяджу на лекцыi, а вакол — сотнi дубоў...» I, як рэзюмэ: «Я ня буду дубам, я вазьму сякеру». Ужо пазьней Андрэйка гэты твор не цытаваў, бо зразумеў, што падобныя паралелi нiкому нiчога не растлумачаць, нiкога не пераканаюць, і трэба шукаць сутнасьць зьявы значна глыбей. Але сацыяльныя матывы ў пяткевiчавым вершапiсаньнi прабiвалiся яшчэ ў застойныя гады, паступова набрыньваючы «антысаветчынай». У рэшце рэшт бытавы канфлiкт перарос у паэзii Пяткевiча ў канфлiкт асобы з грамадзтвам i ўладамi. Ужо напачатку 1990-х Андрэй друкуе свае ўспамiны «Паэт i КДБ» у «Наваградзкiм кур’еры», а пазьней у пашыраным i дапоўненым варыянце ў газэце «Пагоня», крыху зьмянiўшы назву — «Паэт i камiтэт».
Аднак вернемся ў 1987-мы, у той самы пакой, дзе праходзiлi «паэтычныя чытаньнi». Андрэй запрэзэнтаваў тады колькi вершаў. Дагэтуль круцiцца ў галаве ягоны радок «I Пугачова скача сумазбродкай...» Я не магу сьцьвярджаць, што мы адразу пасябравалi. Нас нiчога не аб’ядноўвала акрамя паэзii.
Вельмi хутка скончылася зiма, а разам зь ёй нашыя зiмовыя вечарыны ў iнтэрнаце. Юрась Пацюпа перабраўся жыць на кватэру па вулiцы Болдзiна.
У красавiку ў Палацы культуры «Юнацтва» праходзiў фэстываль народнай творчасьцi. Нехта вырашыў, што там павiнны выступiць сябры лiтаб’яднаньня «Наднёманскiя галасы». I вось мы ўпецярох (я, Юрась Пацюпа, Андрэй Пяткевiч, Ганна Шакалей i Юра Карэйва) выбралiся на гэтую iмпрэзу. Мерапрыемства адбывалася спантанна, без рэжысуры, без падрыхтоўкi. Зь якой мэтай яно ладзiлася — дагэтуль ня ведаю. Паэтаў запрасiлi на сцэну. Юра Карэйва расказаў пра ўнiвэрсытэцкае лiтаб’яднаньне, прадставiў кожнага паасобку, і мы па чарзе чыталi вершы. Пасьля да нас падбегла дзiўнаватая жанчына i запрасiла на тэлебачаньне. Мне тады ейны тон чамусьцi не спадабаўся, i я не пайшоў на здымкi. Пазьней ад Андрэя Пяткевiча даведаўся, што гэта была паэтка Марыя Шаўчонак, зь якой ён на тэлевiзii пасварыўся, бо яна нiбыта забракавала ягоны верш «Родная мова». Зусiм бяскрыўдны, нiчым не адметны вершык а-ля Янка Купала дарэвалюцыйнага пэрыяду. Хутчэй за ўсё Марыя Шаўчонак, як больш дасьведчаная й спрактыкаваная ў «перабудовачнай» лiтаратурнай палiтыцы, перастрахавалася, бо ў пяткевiчавым вершы надта выразна гучала, што пад прэсам савецкай русыфiкацыi «разам з бусламi i верасамi» зьнiкае мова нашых продкаў.
3.
1987-мы стаўся для мяне этапным. Сьветлыя ўражаньнi, безьлiч знаёмстваў, вялiкiя гурмы людзей у Гарадзкiм доме культуры, дзе праводзiлiся паседжаньнi (яны й цяпер нiбыта праводзяцца, але гэта ўжо ня тое) гiсторыка-культурнага клюбу «Паходня», якiм тады кiраваў вядомы гiсторык — прафэсар Мiхась Ткачоў. Пасьля — таварыскiя вечарыны ў Доме-музэi Максiма Багдановiча. Жыцьцё віравала, адчувалася дынамiка, аптымiзм, грамадзкiя зрухi.
Безумоўна, мы тады сустракалiся з Андрэем, публiчна чыталi вершы, удзельнiчалi ў адраджэнцкiх акцыях. Калi глянуць з дыстанцыi часу, дык усё гэта можа падацца нязначным, бо мала хто з калегаў згадвае ў друку нечуваны энтузiязм i энэргiю тае пары. Тым ня менш падзеi дзесяцiгадовай даўнiны ня толькi пакiнулi выразны сьлед у сьвядомасьцi, але й спрычынiлiся да ейнага фармаваньня. Вельмi важна было адчуць, што ты не самотны, што вакол цябе шмат падобных людзей, якiя ўсьведамляюць сябе нацыянальна ды iмкнуцца вывучаць i пашыраць родную мову i культуру. Я не заўсёды меў мажлiвасьць наведваць кожнае паседжаньне ды ўдзельнiчаць ва ўсiх iмпрэзах, бо два гады (1987-1989) адпрацаваў на швэйнай фабрыцы з надзеяй паступiць ва ўнiвэрсытэт.
I вось ў жнiўнi 1989-га, пасьля ўступных iспытаў, я быў залiчаны студэнтам аддзяленьня палянiстыкi Гарадзенскага дзяржунiвэрсытэту iмя Янкi Купалы. Пачаўся зусiм новы этап маёй бiяграфii i, вядома ж, узаемаадносiнаў з Андрэем Пяткевiчам. Пра пэрыяд студэнцтва можна было б напiсаць старонак 200 i добрую палову адвесьцi на аналiз паводзiнаў i ўчынкаў Андрэйкi. Тым больш з 1989-га i да сваёй раптоўнай сьмерцi 29 красавiка 1995-га ён вёў вельмi iнтэнсыўны, актыўны стыль жыцьця, шмат пiсаў, падарожнiчаў, «змагаўся» з кiм было магчыма, учыняючы баталii адначасова на розных франтах. I хто толькi ня быў аб’ектам ягоных атакаў! Нават сябры й блiзкiя знаёмыя. Такiя выбрыкi многiх ня тое што зьдзiўлялi, але й абражалi. Таму непрызвычаеныя да падобнага панiбрацтва разрывалi з Андрэем адносiны. I ён цяжка мучыўся, перажываў, пакутаваў пасьля няўдалых спробаў узнавiць сяброўства.
Пракручваючы стужку памяцi, спынюся на апошняй чвэрцi 1989-га, калi ва ўнiвэрсытэце адбылiся дзьве «грандыёзныя» вечарыны. Першая — у лiстападзе — прэзэнтацыя катэдры польскае фiлялёгii i аддзяленьня палянiстыкi, другая — паэтычная вечарына «Наднёманскiх галасоў». На першай спыняцца ня буду, бо хваля шумнага розгаласу вакол адраджэньня «пальшчызны» на Беларусi даўным-даўно схлынула. А вось на другой падзеi варта спынiцца, яна мела немалое значэньне для нас як лiтаратараў.
Праходзiла iмпрэза ў той самай 226-ай аўдыторыi, бiтма набiтай выкладчыкамi й студэнтамi. Менавiта тады дэбютаваў Толiк Брусевiч, менавiта тады Андрэйка Пяткевiч «бабахнуў» свой верш «Над нашай краiнаю свастыкай зорка», напiсаны ў 1988 годзе:
Над нашай краiнаю свастыкай зорка.
Партыйнай маною паветра прагоркла.
Свабода у межах калючага дроту.
Хiба ж нам дадуць камунiсты свабоду?
У Рыме Сусьветным, у тым маўзалеi —
Шкляная труна — там вампiр акалелы,
А побач на плошчы нябачнай ракою
Нявiнная кроў разьлiлася зь бядою.
Iмпэрыя рухне, я веру ў час сьветлы!
У гiсторыю кане савецкае пекла!
I выкiнуць людзi «вождя» з маўзалея,
I толькi тады Беларусь расквiтнее!
Для паэта гэта быў геройскi ўчынак, выклiк, якi справакаваў прысутных, спарадзiў тайфун эмоцый. Безумоўна, вечарына мела скандальны розгалас. Але Андрэйка ўжо нiкога й нiчога не баяўся, бо пакiнуў унiвэрсытэт i займаўся тым, чым хацеў. Многiя выкладчыкi цягнулi яго назад, каб ён хоць скончыў вучэльню i атрымаў вышэйшую адукацыю. Дзеля гэтага трэба было скарыцца, прынiзiцца, ледзь не прасiць у некага прабачэньня, што анiяк не стасавалася з iмпульсыўнай нонканфармiсцкай натурай Пяткевiча, якi любiў супрацьпастаўляць сябе грамадзтву.
Каб узнавiцца на фiлфаку, Андрэй мусiў здаць прафэсару па мянушцы Корч «Сынтаксiс расейскай мовы». Прафэсар Корч, якога яшчэ называлi аднаногiм футбалiстам (ён кульгаў), здаўна ў студэнцкiм асяродзьдзi меў сумную славу выкладчыка-монстра. З-за яго шмат фiлфакаўцаў павылятала на трэцiм курсе з унiвэрсытэту, у тым лiку й Андрэй Пяткевiч. Памятаю, як пасьля «адыходу Карча ў лепшы сьвет» студэнты расейскага аддзяленьня цэлы тыдзень пiлi й сьвяткавалi на БЛК-3, усьцешаныя тым, што Корч ужо больш нiкога не завалiць на экзамене.
Пасьля сьмерцi Карча Андрэйка, здаецца, увогуле адкiнуў iдэю ўзнаўленьня, бо цалкам захапiўся змаганьнем, забыўшыся на сэнс i мэты сваёй барацьбы. Ён адвольна выбiраў сабе аб’ект атакi i пачынаў бессэнсоўную вайну. Я ўжо ня буду спыняцца на ягоных лiстах да Гарбачова, Ельцына, Шушкевiча ды iншых высокапастаўленых асобаў, бо гэтыя лiсты — вялiкае глупства. I дурню зразумела, што яны нiколi не патраплялi да адрасатаў. Бадай, самымi ўлюбёнымi пяткевiчавымi аб’ектамi былi два выкладчыкi-«кадэбiсты» — Пецька й Мiколка (так ён iх любоўна клiкаў). Пра «майстэрскае выкрыцьцё» стукачоў Андрэйка распавядаў ледзь не на ўсiх лiтаратурных тусоўках пачатку дзевяностых гадоў. Тады, пасьля публiкацыi ў маскоўскай «Литературной газете» матар’ялу «Я стукач, мой псевдоним «Корчагин»...», дзе цытаваўся лiст паэта Славамiра Адамовiча, гэтая тэма была надзвычай папулярнай. Мне здаецца, што й зараз, у сувязi з пагаршэньнем палiтычнага надвор’я, яна актуальная. Некаторыя калегi-лiтаратары сьцьвярджаюць, што i для Славамiра Адамовiча, i для Андрэя Пяткевiча «кадэбiзм» стаўся навязьлiвай iдэяй (obsession). Нездарма абодва паэты з дакумэнтальнай падрабязнасьцю ды замiлаваньнем апiсвалi свае «ўзаемiны» з жахлiвай пачварай, якая прыкрылася абрэвiятурай КДБ.
4.
Грамадзка-палiтычныя падзеi 1990-га разгортвалiся зь нечуванаю хуткасьцю. У гэтай калейдаскапiчнай карузэлi кожны малады творца iмкнуўся адшукаць для сябе нешта прыдатнае й вартаснае, намацаць уласны шлях у «вялiкае» мастацтва. Той-сёй пасьпеў схапiць «зорку зь неба», iншыя вырашылi не выпендрывацца i, абвясьцiўшы пра сваю «адданасьць традыцыi», зьлiцца з афiцыйнымi лiтструктурамi ды ўладкавацца ў рэдакцыях часопiсаў цi выдавецтваў. Кожнаму, вядома, сваё. Мы ж, як сапраўдныя гарадзенцы, нiколi ня плiшчыліся анi ў Саюз пiсьменьнiкаў (зараз ён зусiм змарнеў), анi ў менскiя рэдакцыi, нiколi не шукалi «халявы», бо за галоўнае лiчылi свабоду творчага самавыяўленьня. Нездарма напрыканцы 1980-х стварылi суполку «Верш-гурт Дыяген».
Зразумела, што не апошнюю ролю ў суполцы граў Андрэй Пяткевiч, якi здаўна захапляўся фiлязофiяй Дыягена Сiнопскага. Пяткевiчава чатырохрадкоўе «Мая бочка — калгас,// А я сам — Дыяген.// Не вярнуся да вас,// Не схiлю я кален!» сталася ледзь не хрэстаматыйным. Прынамсi, многiя калегi часта яго выкарыстоўваюць у друку й на лiтаратурных вечарынах. У гэтым чатырохрадкоўi выявілася ўся сутнасьць непахiснай андрэйкавай натуры, якую нiхто дарэшты так i ня здолеў расшыфраваць. Тут трэба быць доктарам Фрэйдам цi Юнгам, каб даць поўны псыхалягiчны партрэт сьцiплага беларускага паэта з наваградзкай вёскi Ўселюб, дзе я нiколi ня быў i нават ня ведаю: цi патраплю калi на магiлу Андрэя Пяткевiча...
І дасюль ня верыцца, што ён памёр! Дзiўна, але здаецца, што Дыяген Наваградзкi зноў замкнуў свой сусьвет, сядзiць у роднай вёсачцы ды складае свае вершы, перапоўненыя нечуванай тугою ды роспаччу. Так, як гэта было ў 1990 годзе, калi ён стварыў шмат прыгожых i значных для ягонай творчай бiяграфii вершаў. Туга i роспач у гэтых творах — гэта ня сьведчаньне невылечнага пяткевiчавага пэсымiзму. Андрэйка нiколi не лiчыў сябе анi пэсымiстам, анi аптымiстам. Ён быў адмаўленьнем самога сябе ды прасторы й часу, у якiх цягнуў сваё напаўжабрацкае iснаваньне.
А што такое добраахвотнае жабрацтва ў перабудовачныя й постперабудовачныя часы? Дзiвацтва? Выбрыкi самаўпэўненага ў сваёй генiяльнасьцi маладзёна? Пасiянарнасьць рэлiгiйнага фанатыка? У выпадку Андрэя Пяткевiча анi тое, анi другое, анi трэцяе, анi дзесятае. Некаторыя андрэевы сябры схiльныя тлумачыць ягоныя паводзiны фiзычнымi недахопамi, хранiчнаю хваробай сэрца, маўляў, пакутваў хлопец, што не такi як усе i г.д. Ня буду спрачацца, доля праўды ў тым ёсьць. Ды для мяне ня гэта галоўнае. Хаця зьнешнасьць i зьяўляецца адлюстраваньнем нутранога сьвету.
— Юра, што цябе зьвязвае з гэтым iнвалiдам?! — абуралiся «прыкiнутыя» студэнткi, калi бачылi мяне разам з Андрэем Пяткевiчам.
— Ён паэт, — спакойна адказваў я, не зважаючы на дзявочае хiхiканьне.
Многiя мае каляжанкi з БЛК-3 (Божа, колькi iх там было!), прачытаўшы пяткевiчавы вершы ў рэспублiканскiх газэтах i часопiсах, міжволі пачалi яго паважаць. I менавiта з-за вершаў, што мяне найбольш цешыла. А Пяткевiч гэткiх дзяўчат ненавiдзеў. Ужо й не згадаю, калi ў яго выпрацавалася антыпатыя да жанчын. Напэўна яшчэ да нашага знаёмства. Сам ён знаходзiў шмат таму тлумачэньняў, маўляў, кабеты — нiжэйшыя iстоты, паслугачы д’ябла, здрадлiвыя жывёлiны i г.д. Прычым ягоная пазыцыя была прынцыповаю i непахiснаю. Часам андрэйкавы аргуманты не вытрымлiвалi анiякай крытыкi ды разьбiвалiся, бы пенiстыя хвалi аб каралявыя рыфы сяброўскiх усьмешак. Ён проста ведаў, што нiколi ня знойдзе сабе пачэснага месца i ў таварыстве фанабэрыстых прыгажуняў, i сярод звычайных правiнцыялак, якiя прыехалi ў горад, каб спаткаць мяйсцовага каралевiча з кватэрай. Зрэшты, былi ў жыцьцi Андрэя Пяткевiча жанчыны, якiх ён паважаў. Менавiта паважаў, а не любiў. I, вядома, не за жаноцкасьць. Але пра гэта крыху пазьней...
1990-ты стаўся кульмiнацыяй перабудовачнага буму, пасьля якога рана цi позна павiнна была надыйсьцi хуткая разьвязка. Прадчуваньне нечага грандыёзнага агортвала масы людзей незалежна ад iхнае палiтычнае арыентацыi. Савецкая імпэрыя трашчала па ўсiх швох, нiбыта дзiцячая вопратка на гарэзьлiвым таўстуне. Здавалася, вось-вось лясьнецца калос на глiняных ножках. У Гароднi, як i на ўсёй Беларусi вельмi часта ладзiлiся мiтынгi, пiкеты, iндывiдуальныя акцыi пратэсту, якiя бударажылi грамадзкую думку. Так, напрыклад, 28 верасьня 1990 году на пляцы перад помнiкам Ленiну малады мужчына аблiў сябе бэнзынам i чыркануў запалкаю. Акт самаспаленьня настолькi ўразiў Андрэя Пяткевiча, што ён са зьдзiўляючай апэратыўнасьцю адгукнуся на гэтую падзею ажно двума вершамi:
1.
На плошчы дзядулi Ленiна
Жывы гарэў чалавек.
Зямлiца касьцямi засеяна
З нагоды Ленiнскiх вех.
А Ленiн з каменным тварам
Глядзеў на жывы агонь.
Падзякуем камiсарам
За гэты пякельны боль.
Куды ж вы глядзелi, людзi?
На заднiцу Iльлiча?
Дакуль жа гарэць мы будзем?
I колькi яшчэ крычаць?
Я веру — вампiр загiне;
А з попелу ўстане ЁН.
Як горка мне жыць у краiне,
Дзе Ленiн, агонь i палон.
2.
Сябе спалiць, не — лепш спалiць вампiра,
Што ў маўзалеi падлаю ляжыць.
Паэт, няхай гучыць пратэсту лiра!
Вампiр — загiне, чалавеку — жыць!
Няхай пiшчаць фашысты-камiсары
Пра рай, якi яны нясуць.
Яны запаляць страшныя пажары
I кроў людзей вадзiцай назавуць.
А ты паўстанеш сьветлай птушкай Фэнiкс,
Цябе ня зьнiшчыць гэты бальшавiк,
Якi на плошчы. Ды яму да фенi
I твой пратэст, i твой сьмяротны крык.
2.10.1990.
Падобных антытаталiтарных вершаў у паэтычнай спадчыне Андрэя Пяткевiча не адзiн дзесятак. Ня ўсе яны аднолькавага ўзроўню, i бальшыня iх (як працытаваныя вышэй) пабачыла сьвет ужо пасьля сьмерцi паэта. У рукапiсных варыянтах ён рассылаў «вершы-баявiкi» амаль усiм сваiм калегам i знаёмым, чытаў на лiтаратурных вечарынах i сяброўскiх сабантуйчыках. Гэта было натуральна, бо нiякi рэдактар не адважыўся б надрукаваць антысавецкiя агiткi. Затое нэўтральную пэйзажную лiрыку Андрэя Пяткевiча ахвотна друкавалi ледзь ня ўсе асноўныя айчынныя лiтвыданьнi. Чаму ж не падтрымаць апошняга вясковага песьняра, якi паўставаў перад iхнымi вачыма ў менскiх рэдакцыях, нiбыта дзіўны выкапень, рарытэтны аўтэнтык патрыярхальнай беларушчыны?!
Сам Андрэйка, вядома, лiчыў сябе вельмi сучасным i дасьведчаным чалавекам, нiколi не спасылаўся на вясковую патрыярхальнасьць i традыцыю, хаця й быў прылеплены да iх доўгаю й моцнаю пупавiнай. Зрэшты, i ў асяродзьдзi аднавяскоўцаў, i ў багемных колах ён адчуваў сябе iзгоем, але рабiў выгляд, што знаходзiцца ў цэнтры ўвагi. Здаецца, гэтая маска яму не пасавала.
Калi Пяткевiч у Гароднi цi Ўселюбе адчуваў сябе няўтульна, цi яму было цесна i нецiкава ў «замкнёным сусьвеце», ён без ваганьняў купляў квiток i шыбаваў у Менск, каб «прайсьцiся па рэдакцыях» ды паспрачацца з тамтэйшымi лiтаратарамi аб сутнасьцi мастацкае творчасьцi. Гэтым ваяжам паспрыяў таксама шлюб Юрася Пацюпы з Анжалiнай Дабравольскай, якi адбыўся 13 кастрычнiка 1990 году. Мне акурат тады не ўдалося выбрацца ў Менск, каб паглядзець на гэтае экзатычнае вiдовiшча. Дагэтуль шкадую. Па-першае, дата рэгiстрацыi — 13-е! Па-другое, праваслаўная А.Дабравольская i каталiк Ю.Пацюпа бралi шлюб у Кальварыйскiм касьцёле, якi знаходзiцца на могiлках! А па-трэцяе, на вясельлi прысутнiчала шмат знакамiтасьцяў: Анатоль Сыс, Славамiр Адамовiч, Мiхась Скобла, Вiтаўт Чаропка (у якасьцi сьведкi) ды iншыя. Карацей кажучы, знамянальная падзея сабрала адборную сьмятанку. Мяркую, што ў такой кампанii Андрэю Пяткевiчу было вельмi цiкава. Больш таго, ён, пэўна, знаходзiўся на сёмым небе... Напэўна, тады ж ён зблiзiўся з журналiстам газэты «Лiтаратура i мастацтва» Юрасём Залозкам, паэтам Мiколам Касьцюкевiчам i Паўлюком Быкоўскiм з «Чырвонай зьмены». Новыя знаёмствы, канешне, натхнiлi Андрэя Пяткевiча. Ён умеў захапляцца ды раздаваць камплiмэнты налева й направа. Аднак часта пасьля экстатычнага захапленьня яго агортвала глыбокае расчараваньне. Нешта кшталту манiякальна-дэпрэсыўнага псыхозу.
Прыкладна празь месяц мы з Андрэйкам выбралiся ў Менск разам. Трэба было атрымаць нейкiя ганарары, пабачыцца з патрэбнымi людзьмi ды адведаць Юрася Пацюпу, якi вырашыў застацца ў сталiцы. Хто ведае, мо ягоны лёс склаўся б iнакш, калi б ён не вярнуўся назад у Гародню ў 1992-м? Але тады быў яшчэ прахалодны лiстапад 1990-га, адпаведныя палiтычныя рэалii, савецкiя грошы i, напэўна, нейкая пэрспэктыва творчага росту. Многiя ж маладыя лiтаратары — учорашнiя дзецi вёскi — пасьпелi атрымаць кватэры, цёпленькiя мейсцы ў рэдакцыях лiтвыданьняў з надзеяй на iдылiчнае жыцьцё беларускiх савецкiх пiсьменьнiкаў. Iм здавалася, што калгаснае шчасьце ў калгаснай краiне будзе доўжыцца цэлую вечнасьць. Iзноў прыпамiнаецца пяткевiчава выслоўе «Мая бочка — калгас». Не, мы зь iм ня ехалi ў Менск уладкоўвацца на працу, шукаць «сталiчнага» шчасьця ў калiдорах Дома друку. Прыгодаў, здаецца, таксама не шукалi. Хаця ў Менску iх больш, чым дастаткова.
Сьпярша наведалi Юрася Пацюпу, якi пасялiўся ў кватэры жончыных бацькоў у вайсковым гарадку Ўручча. Дабiрацца, праўда, трэба было з перасадкамi. Спачатку — мэтро, потым — аўтобусам. Памятаю, што павiншаваў Юрася з Анэляю, уручыў падарунак. Потым бесьперапынна размаўлялi пра Гародню, Менск, лiтаратурныя справы. Андрэй Пяткевiч дэклямаваў новыя вершы. Усё было прыстойна й рамантычна. Адзiная праблема, якая паўстала — дзе спынiцца пераначаваць? Вырашылi ехаць у iнтэрнат Акадэмii Навук да выкладчыка Мiколкi (ён акурат знаходзiўся ў Менску на стажыроўцы). А ў iнтэрнаце пазнаёмiлiся з файнымi хлопцамi — лiтаратуразнаўцам Зьмiцерам Санюком (некалi таксама скончыў фiлфак гарадзенскага дзяржунiвэрсытэту) i празаiкам Анатолем Казловым, якi пасьля асьпiрантуры ўладкаваўся ў часопiс «Маладосьць». Андрэйка ўжо нагаварыўся й наспрачаўся ўволю. Ён быў такi натхнёны й захоплены, што потым доўга ўспамiнаў гэтыя «гарбатныя» турнiры iнтэлектуалаў. Лiтаратурныя дыскусii працягнулiся на паседжаньнi лiтаб’яднаньня «Крынiцы» пры газэце «Чырвоная зьмена». Тады «Крынiцы» квiтнелi. Кiраваў суполкай пiсьменьнiк Алесь Масарэнка. Было сапраўды весела й файна! Менавiта там мы пазнаёмiлiся з асноўнаю часткаю цяперашнiх лiтаратурных паплечнiкаў, менавiта там атрымлiвалi станоўчы зарад эмоцый, якi заахвочваў да далейшае творчасьцi. Малюпасенькi пакойчык на першым паверсе Дома друку, дзе па панядзелках зьбiралася таленавiтая моладзь. Водар запаранай гарбаты, торцiк цi печыва плюс вершы, проза i песьнi ў аўтарскiм выкананьнi... Шкада, што ўсё гэта засталося ў смузе мiнулых гадоў. Дый цi засталося?
На тым лiстападаўскiм паседжаньнi я зблiзiўся з Сяргеем Верацiлам i Вiтаўтам Чаропкам. I не таму, што яны былi старэйшыя цi разумнейшыя за астатнiх, а хутчэй дзякуючы iхным экстравагантным паводзiнам. Пазьней знаёмства перарасло ў шчырае сяброўства i супрацоўнiцтва. Тады Андрэйка падараваў Вiтаку Чаропку нарыхтаваныя ўлетку лекавыя зёлкi для запарваньня адмысловай гарбаты. Пяткевiч здаўна зьбiраў зёлкi, здаваў iх у аптэкi, каб зарабiць якую капейчыну. А мо й проста таму, што сам быў часткаю палёў i лясоў, дзе пачуваў сябе абсалютна свабодным чалавекам. Ён некалькi разоў частаваў мяне гарбатай уласнай вытворчасьцi, ведаючы, што я ўжываю выключна iндыйскую цi цэйлёнскую. Не скаштаваць ягоны фiрмовы напой — значыць пакрыўдзiць гаспадара, не зразумець ягоныя шчырыя iнтэнцыi. Я ўжо ня памятаю смак андрэйкавай гарбаты. Нешта чэмернае, гаркавае. Але з цукрам пiць можна. Ня ведаю, цi ўжываў гэтую гарбату Чаропка. Пра зёлкi мы зь iм нiколi не размаўлялi.
Нашая супольная выцечка ў Менск скончылася, калi Юрась Залозка праводзiў мяне з Андрэйкам на аўтавакзал. Праўда, мы вярталiся дамоў рознымi шляхамi. Ён — ва Ўселюб, я — у Гародню. Наперадзе нас чакаў сэмiнар маладых лiтаратараў «Iслач-1990».
Згаданы сэмiнар стаўся падзеяй сапраўды эпахальнай. Напэўна блiжэйшым часам ужо не адбудзецца нечага падобнага. У Дом творчасьцi Саюзу пiсьменьнiкаў «Iслач», што каля Ракава, зьехалася таленавiтая моладзь з усёй Беларусi, былi нават госьцi з Масквы й Пiцера. Гарадзеншчыну акрамя мяне на сэмiнары рэпрэзэнтавалi: Алесь Чобат, Юры Карэйва, Аляксандар Захарэвiч i Андрэй Пяткевiч. Шпацыры зiмовымi адвячоркамi ў засьнежаным лесе, гарачыя дыскусii з «мэтрамi» беларускай савецкай лiтаратуры, сяброўскiя сабантуйчыкi ў нумарох, iмправiзаваныя канцэрты i чытаньнi надоўга застануцца ў памяцi. Менавiта тады паўстала iдэя стварэньня незалежнай ад афiцыёзнага Саюзу пiсьменьнiкаў сябрыны, якая б злучыла ў сваiх шэрагах творцаў, не абцяжараных стэрэатыпамi савецкага мысьленьня. Андрэй Пяткевiч быў адным зь iнiцыятараў стварэньня падобнай суполкi, бо пасьля спрэчак зь Янкам Брылём, Iванам Чыгрынавым ды Ўладзiмерам Паўлавым, у яго выпрацаваўся сталы недавер да «старой гвардыi». Больш таго, Андрэйка быў зацятым антыкамунiстам, што таксама ўплывала на ягоныя «нязгоднiцкiя» паводзiны. Ён рэзка крытыкаваў пiсьменьнiкаў —уладальнiкаў партбiлетаў, часам адкрыта выказваючы ў iх адрас непрыстойнасьцi. Зрэшты, на сэмiнары мяжа памiж «прыстойнасьцю» i «непрыстойнасьцю» не заўважалася. Хiба што толькi тады, калi расчырванелы намесьнiк старшынi Саюзу пiсьменьнiкаў Уладзiмер Паўлаў уляцеў у актавую залю з газэткай, якую намалявалi сабутэльнiкi Толiка Сыса, i пачаў агулам ахайваць усiх сэмiнарыстаў. Але разьятранага Паўлава хутка «абламалi». Сам Андрэй Пяткевiч зьвярнуўся да «старой гвардыi» ў прэзiдыюме, маўляў, калi «пахабную» газэтку выдаў Анатоль Сыс са збраяносцамi, дык хай Паўлаў, як адзiн з кiраўнiкоў СП, i выключае Сыса з Саюзу пiсьменьнiкаў, а не чапляецца да астатнiх сэмiнарыстаў!
Безумоўна, на тамтэйшым сэмiнары надарылiся яшчэ iншыя «прыколы», якiя спрычынiлiся да разрастаньня плётак i легендаў. Але гэта былi закалоты дробнапобытавага пашыбу, пра што напiсаў Генрых Далiдовiч ў студзеньскiм «ЛiМе» 1991-га, так i не разабраўшыся ў сутнасьцi канфлiкту памiж лiтаратурнымi пакаленьнямi. Такiм чынам «Iслач-1990», дзякуючы зьяўленьню вялiкай колькасьцi таленавiтых людзей новай генэрацыi, набыла шырокi розгалас далёка за межамi лiтаратурных колаў. Больш таго, для многiх сэмiнар стаўся своеасаблiвым трамплiнам у «вялiкую лiтаратуру».
5.
Незаўважна, бы сьнегавая лавiна, насунуўся 1991 год, бадай, адзiн з самых насычаных здарэньнямi, публiкацыямi i грамадзка-палiтычнымi падзеямi. Год iнтэнсыўных вандровак па Беларусi, знаёмстваў, надзеяў i расчараваньняў. Ён быў аднолькава плённым як для мяне, так i для Андрэя Пяткевiча. Здаецца, гэта быў пiк нашага творчага супрацоўнiцтва, бо пазьней, пачынаючы з сярэдзiны 1992-га, мы часта спрачалiся й разыходзiлiся ў поглядах на шматлiкiя пытаньнi жыцьця i мастацтва. Рана цi позна гэта павiнна было здарыцца, тым больш ёсьць такiя рэчы, якiя выключаюць кампрамiснае вырашэньне канфлiктаў.
Сьпярша баталii пачалiся з-за лiтвыпуску газэты «Гродзенскi унiверсiтэт», якi сябры «Верш-гурта Дыяген» вырашылi назваць проста i сымбалiчна — «КОЛА». Iдэя стварэньня гарадзенскага выданьня з удзелам маладых паэтаў, празаiкаў i бардаў з усёй Беларусi даўно лунала ў наэлектрызаваным гарбачоўскай «галоснасьцю» паветры. Гонар i пахвала тадышняму кiраўнiку «Наднёманскiх галасоў» выкладчыку Мiколку, што ён спрычынiўся да рэалiзацыi гэтай шляхетнай iдэi, а напярэдаднi выхаду першага нумару «КОЛА» арганiзаваў ва ўнiвэрсытэце вечарыну з нагоды выхаду «маладосьцеўскай» кнiжачкi Юрася Пацюпы «НОЧ». Тады ў Гародню прыехала шмат нашых менскiх сяброў: Мiхась Скобла i Вiтаўт Чаропка, Мiкола Касьцюкевiч i Зьмiцер Дзядзенка, Анжалiна Дабравольская й Вольга Акулiч, Зьмiцер Санюк i Ала Петрушкевiч. Вечарына прайшла ўдала. З найлепшымi пажаданьнямi выступiў тадышнi старшыня абласнога аддзяленьня Саюзу пiсьменьнiкаў — сьветлай памяцi Аляксей Нiчыпаравiч Карпюк. Такiм чынам згаданая вечарына была фактычнай падставай i абгрунтаваньнем для стварэньня лiтвыпуску «КОЛА». Першы нумар выйшаў 26 сакавiка 1991 году i выклiкаў шырокi рэзананс ня толькi ва ўнiвэрсытэце, але й далёка за ягонымi межамi. Здавалася б, пажыўнай глебы для спрэчак i канфлiктаў не павiнна было iснаваць.
Яблык разладу падкiнуў нiхто iншы як Андрэй Пяткевiч, абвiнавацiўшы выкладчыка Мiколку ў супрацоўнiцтве з КДБ. Справа ў тым, што Андрэйка бачыў, як кiраўнiк лiтаб’яднаньня ўласнаручна набраў нумар тэлефону сумнавядомай установы й папрасiў, каб паклiкалi функцыянэра Вiталя Сьцяпанавiча, якi «курыраваў» унiвэрсытэт. Мiколку й ня сьнiлася, што Андрэй Пяткевiч можа ведаць ня толькi «сакрэтны» нумар, але й самога «куратара»! Гэта здарылася крыху раней, чым канфлiкт увайшоў у заавансаваную стадыю. Яшчэ да выхаду «КОЛА» адбылася цэлая сэрыя вечарынаў i выступленьняў па школах, бiблiятэках ды iншых установах. Вядома, з актыўным удзелам Мiколкi, якi шмат нам дапамагаў, спачуваў, быў ледзь не найлепшым сябрам i дарадчыкам. Нават, калi я сам даведаўся пра кантакты Мiколкi з функцыянэрам, у мяне ня ўзьнiкла пачуцьця нянавiсьцi цi нечага падобнага, што б выклiкала ў Мiколкi падазронасьць i недавер. Напэўна ўсе больш-менш вядомыя цi надта актыўныя асобы сутыкалiся некалi з кадэбiстамi, ня кажучы пра звычайных стукачоў, якiх процьма ў людных месцах. Хацелася разабрацца: дзеля чаго чалавек абраў менавiта такi шлях, цi была альтэрнатыва? Я прыглядаўся да Мiколкi, аналiзаваў ягоныя паводзiны, доўга зь iм размаўляў на агульныя тэмы i прыйшоў да высновы, што чалавек проста хоча зрабiць кар’еру, не зважаючы ні на якiя там акалiчнасьцi, грамадзка-палiтычную сытуацыю i г.д. Адзiнае, што абурала, дык ягоныя пракамунiстычныя погляды й захапленьне саўдэпам, маўляў, раней было лепш, чым зараз. Я ня мог зразумець: як трыццацiгадовы лiтаратуразнавец жывiцца савецкiм псэўдамастацкiм сьмецьцем? Можа й неправамерна творы клясыкаў папярэдняга iдэйна-эстэтычнага пэрыяду называць лiтаратурным сьмецьцем i «смазывать карту будня, плеснувши краской из стакана», як гэта часам робiць рэдактар «Нашай Нiвы» Сяргей Дубавец, але атрымлiваць асалоду ад опусаў Шамякiна, Навуменкi, Танка... Выбачайце, гэта не маё амплуа. Новы час — новыя песьнi.
Дык вось Андрэй Пяткевiч у «змаганьнi» зь Мiколкам дзейнiчаў вельмi прымiтыўна й неахайна. Ён бачыў у выкладчыку не звычайнага кар’ерыста, а нейкага монстра, якога нацкавалi кадэбiсты, каб зьнiшчыць таленавiтую нацыянальнасьвядомую моладзь. (Андрэйка запомнiў на ўсё жыцьцё, як яго вадзiлi ў змрочны будынак КДБ i палiлi вершы, прысьвечаныя акадэмiку А.Сахараву). Аднак малады паэт ня быў пасьлядоўны ў сваiх перакананьнях, балянсаваў на мяжы «за» i «супраць». Таму, пасьля «перастрэлкi» зь Мiколкам, мяняў настрой ды зноў удзельнiчаў, як зараз модна гаварыць, у розных праектах унiвэрсытэцкага лiтаб’яднаньня «Наднёманскiя галасы». А куды б ён падзеўся? Замкнуў свой сусьвет у роднай вёсцы?
Савецкi Саюз як супэрдзяржава дажываў свае апошнiя месяцы. Нiхто й не спадзяваўся, што Iмпэрыя Зла хутка завалiцца. Але мы, апавiтыя няведамаю трывогай, прадчувалi нешта грандыёзнае. Цi ня гэтым сьвятым прадчуваньнем мацаваўся наш лiтарацкi энтузiязм? Пасьля нечаканага посьпеху першага выпуску «КОЛА» я (калегi адпачатку даверылi мне функцыю ўкладальнiка) тэрмiнова пачаў зьбiраць творы на наступны нумар. Цi ведаў тады хто з маладых паэтаў, што найвышэйшае кiраўнiцтва (можа i пазаўнiвэрсытэцкае) занепакоiлася нашаю залiшняю актыўнасьцю? Пасьля гучных вечарынаў i выступаў з намi сустракалiся (цi мы зь iмi?) першы прарэктар i сакратар парткаму (на запрашэньнi камсамольцаў мы не зьвярталi ўвагi). Ведаеце, такiя шчырыя ненавязьлiвыя гутаркi пра лiтаратуру i мастацтва, ролю творцы ў грамадзтве i г.д. Падобныя сустрэчы праходзiлi надзвычай цiкава. Асаблiва, калi дабрадушны партыец, цытуючы верш Лермантава, урачыста абвяшчаў: «Как писал великий Пушкин...» Ну, як кажуць у народзе, карцiна Рэпiна «Прыплылi!» Зрэшты, усё заканамерна: ролю кiраўнiкоў ды iдэолягаў выконвалi людзi, мякка кажучы, вельмi далёкiя ад культуры i мастацтва. Здаецца, i сёньня мала што зьмянiлася, хаця афiцыёзныя газэты i пралукашэнкаўскiя радыё i тэлебачаньне стала талдычаць пра небывалы росквiт айчыннай культуры. А дзе той росквiт, калi назiраецца суцэльны заняпад. Дэкаданс, спадары, дэкаданс!
Дык вось выкладчык Мiколка хутка ўсьведамiў, што «КОЛА» з посьпехам можа выходзiць i безь яго ўдзелу. Тым больш новапрызначаны рэдактар «Гродзенскага унiверсітэту» Сяргей Лаўнiк таксама захапiўся працай над лiтвыпускам. Натуральна, Сяргей быў нашым аднагодкам, заканчваў журфак БДУ, быў знаёмы з бардам Алесем Камоцкiм ды сам пiсаў вершы i сьпяваў пад гiтару. Зь Сяргеем Лаўнiкам мы тады ледзь не пасябравалi. Ён, у вадрозьненьне ад Мiколкi, не лiчыў сябе вышэйшым за астатнiх, ня меў камандзёрскiх замашак. Гэткая нефармальнасьць, «свойскасьць» i падкупiла Андрэя Пяткевiча, якi часта наведваўся ў рэдакцыю «Гр.У.», усьцешаны тым, што яго прымаюць як замежнага госьця.
Пад час летняе сэсii выйшла «КОЛА» N2 — цi ня самы ўдалы паводле надрукаваных матар’ялаў нумар. Аднак лыжку дзёгцю падлiў новы сакратар унiвэрсытэцкага парткаму. Яго, гiсторыка з адукацыi, страшэнна абурыла «дэкадэнцкае» апавяданьне Вiтаўта Чаропкi «Перад маiмi вачыма». Парторг, зразумела, не прамiнуў зрабiць заўвагу Мiколку (а магчыма, i рэдактару Сяргею Лаўнiку), маўляў, што вы друкуеце, гэта ня ўпiсваецца анi ў якiя рамкi! Памятаю, як выкладчыкi-пурытане выказвалi незадаволенасьць з нагоды публiкацыi вершаў Юрася Пацюпы, потым — навэлы Iгара Сiдарука «Самагубца». I пайшло, i паехала... Карацей кажучы, я ў крэсьле ўкладальнiка «КОЛА» пачуваў сябе ня вельмi зручна, бо разумеў, што i найвышэйшаму начальству, i Мiколку зь яго камандзёрскiмi замашкамi мая «самадзейнасьць» мулiць вочы. Кiраўнiк лiтаб’яднаньня колькi разоў папярэджваў мяне, каб я ня лез уперад бацькi (г.зн. яго), а ўсе творы прыносiў яму на «прагляд». Тут Мiколка чарговым разам сутыкнуўся з Андрэем Пяткевiчам. Андрэйка адкрыта выступiў супраць «камуняцкай цэнзуры» i пасварыўся з выкладчыкам. Пасьля ў «ЛiМе» выйшла нататка Сяргея Верацiлы «Пакацiлася «КОЛА», дзе акцэнтавалася ўвага i на праблеме цэнзураваньня маладога выданьня. Але закалоты вакол «КОЛА» тады яшчэ не дасягнулi свайго апагею.
Пасьля трохмесячнага летняга перадыху пачалiся новыя закруткi. Сьпярша ўсе мы перажылi няўдалы антыдзяржаўны жнiвеньскi пераварот, ГКЧП i г.д. Напярэдаднi путчу ў мяне гасьцяваў Сяргей Мiнскевiч, прывозiў вершы для новага «КОЛА». Ужо празь месяц — 17 верасьня — я разам зь iншымi лiтаратарамi апынуўся перад Домам ураду ў Менску. Гутарыў з Уладзiмерам Дамашэвiчам i Анатолем Сiдарэвiчам, Данутай Бiчэль-Загнетавай i Алесем Чобатам, Мiхасём Скоблам i Вiктарам Шнiпам... Усiх не пералiчыш. Публiка нэрвавалася, чакала вынiкаў выбараў старшынi Вярхоўнага Савету Беларусi. Перад прысутнымi выступiлi дэпутаты ад апазыцыi, свае песьнi выканаў Сяржук Сокалаў-Воюш. Усхваляваны натоўп мацаваўся пэрманэнтнымi воклiчамi «Жыве Беларусь!» Чым не рэвалюцыя?
Наэлектрызаваны менскiмi падзеямi, у Гароднi я тэрмiнова ўзяўся ўкладаць «КОЛА» N3. Балазе матар’ялы былi, а жаданьне ня вычарпалася папярэднiмi лiтвыпускамi. Дый усьцешыў выхад калектыўнага зборнiка «Наднёманскiх галасоў» пад назовам «ШЛЯХ». Ня помню, дзе тады падзеўся Андрэй Пяткевiч, але, даведаўшыся пра выхад зборнiчка, Дыяген Наваградзкi, як быццам з-пад зямлi вырас. Тым часам мне на абласным радыё прапанавалi весьцi лiтаратурна-мастацкую перадачу, якой я даў простае й ёмiстае iмя — «КАНТЭКСТ». Першы эфiр адбыўся 10 кастрычнiка 1991 году i атрымаў высокую ацэнку галоўнага рэдактара: «Такi радыёчасопiс зараз нам вельмi патрэбны! Хаця б два разы на месяц». Самае цiкавае, што выкладчык Мiколка загадзя «працэнзураваў» мой радыёсцэнар i меў намер рабiць гэта надалей. Маўляў, «КАНТЭКСТ» павiнен стаць ворганам лiтаб’яднаньня «Наднёманскiя галасы». Але гэта не ўваходзiла анi ў пляны кiраўнiцтва абласной тэлерадыёкампанii, анi ў мае асабiстыя пляны. I, калi Мiколка пасунуўся з прэтэнзiямi да радыйнага начальства, каб нейкiм чынам уплываць на зьмест радыёчасопiса «КАНТЭКСТ», зубры савецкай журналiстыкi яго «крута бартанулi», маўляў, ня суйся, даражэнькi хлопча, не ў свае справы, на гэтай тэрыторыi гаспадарым мы, а ты кiруй сабе лiтаб’яднаньнем i не дуры галавы...
Гэта, праўда, здарылася крыху пазьней, пасьля таго, як Мiколка паспрабаваў з дапамогай «Наднёманскiх галасоў» адлучыць мяне ад «КОЛА». Нагодай, якая перапоўнiла келіх мiколкавага цярпеньня, стаў выхад «КОЛА» N3, дзе я надрукаваў свой верш «Кавалер». Выбухнуў скандал. Мiколка ж катэгарычна забаранiў мне друкаваць гэты верш, а я нiбыта аслухаўся й працiснуў у лiтвыпуск! Прызнаюся шчыра: несьвядома. Занёс матар’ялы Сяргею Лаўнiку й забыўся пра гэты кляты верш. Ай-яй-яй! Мiколка тэрмiнова склiкаў сход «Наднёманскiх галасоў», каб абмеркаваць «непрыстойныя паводзiны Ю.Гуменюка». Тады якраз удалося сабраць найбольш актыўных i ўплывовых аўтараў «КОЛА». Зь Менску прыехаў Юрась Пацюпа, у Гароднi знаходзiўся й Андрэй Пяткевiч. Акрамя iх ды Сяргея Лаўнiка прысутнiчалi Эдзiк Мазько i Таня Абухоўская. Ну й пачалiся «разборкi». Калегам, вядома, мой верш спадабаўся, яны ня бачылi ў iм «крамолы» цi, як даводзiў расчырванелы Мiколка, антыэстэтыкi. Я збольшага маўчаў ды прыслухоўваўся да сяброўскiх меркаваньняў. У прынцыпе, мяне ўжо захапiла праца над радыёчасопiсам «КАНТЭКСТ», i я быў маральна падрыхтаваны пакiнуць «пасаду» ўкладальнiка «КОЛА». Тым больш на радыё плацiлi нейкi ганарар. А тут — анiякага стымулу. Пасьля гарачай слоўнай перапалкi мой лёс вырашыўся звычайным галасаваньнем. Большасьць выказалася, каб я й надалей заставаўся складальнiкам «КОЛА». Вялiкi дзякуй сябрам, што не здалi, а падтрымалi. Зразумелi, што на карту пастаўлены ня мой лёс, нават ня лёс нашай сьцiплай газэткi, а значна большае — нашыя асабiстыя ўзаемаадносiны. Дзякуй Богу, не перасварылiся, на зло апанэнтам захавалi братэрскае адзiнства...
Пасьля фатальнай паразы Мiколка, канешне ж, не супакоiўся, а працягваў змагацца за «КОЛА». Мне гэтая валтузьня ўрэшце надакучыла, i я, не задумваючыся, адмовiўся ад укладаньня лiтвыпуску. «КОЛА» на той час ужо вычарпала сябе, трэба было ўдзельнiчаць у вялiкiх гульнях, а не чабохтацца ў прагнiлым хлеўчыку. I я актыўна друкаваўся ў менскiх выданьнях, стала нарошчваючы творчы патэнцыял.
Чым жа займаўся Андрэй Пяткевiч? Богаборнiцтвам! Новае захапленьне Андрэйкi знайшло адлюстраваньне на старонках чарговага выпуску «КОЛА» ў выглядзе палемiчнага артыкулу «Вакол Бога i Чалавека». Выданьне ж пасьля «адстаўкi» Ю.Гуменюка трэба было тэрмiнова ратаваць! I тут Мiколка зь Сярожкам Лаўнiкам (зьнюхалiся цi што?), наабяцаўшы залатыя горы, прыцягнулі да супрацоўнiцтва Андрэя Пяткевiча. Мяне гэта вельмi зьдзiвiла: «Галоўны апанэнт Мiколкi разам зь iм?!» Ведаючы нестабiльнасьць андрэйкавага характару, я прадбачыў новы канфлiкт ды сумны фiнал гэтай камэдыйнай забавы. Так яно й сталася.
Напачатку 1992-га з-за недахопу сродкаў цi зь якое iншае прычыны выданьне шматтыражкi «Гродзенскi унiверсiтэт» i, зразумела, лiтвыпуску «КОЛА» спынiлася. Сярожка Лаўнiк перакiнуўся на пасаду адказнага сакратара ў посткамсамольска-бульварнай газэце «Молодежный курьер», якая спэцыялiзавалася на праблемах сэксуальных меншасьцяў, рок i поп-музыцы ды iншых кiдкiх рэчах, якiя хвалююць сучасных падлеткаў. Дарэчы, «М.К.» у свае лепшыя часы зрабiў са мной iнтэрвію, надрукаваў некалькi падборак вершаў, кавалак з раману «Апосталы нiрваны», пазнаёмiў моладзь з творчасьцю Толiка Брусевiча, Iгара Сiдарука ды iншых аўтараў. Андрэй Пяткевiч, помнiцца, адмовiўся друкавацца ў «М.К.», даслаўшы, як заўсёды, пэтыцыю зь дзiўнымi патрабаваньнямi. Я спакусiўся зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, наклад газэткi напачатку 1990-х вагаўся ад 20.000 да 30.000 паасобнікаў! Па-другое, там працавалi мiлыя пасii — прыхiльнiцы маёй «сьцiплай» творчасьцi. Мы хадзiлi разам на каву, шпацыравалi па горадзе, сустракалiся на розных культурнiцкiх iмпрэзах i прыемна бавiлi час.
Праўда, ледзь ня ўсю першую палову 1992-га мяне адцягвала ад творчасьцi недарэчная камэдыйная валтузьня з выкладчыкам Еблядзевiчам, якi з астабрыдлым выглядам тупагаловага маркача адмаўляўся ставiць мне залiк па мэтодыцы выкладаньня расейскае лiтаратуры. Даведаўшыся пра гэты канфлiкт, Андрэй Пяткевiч вырашыў тэрмiнова прыехаць у Гародню, каб асабiста «разабрацца» з нахабным выкладчыкам. Я адгаварыў гарачага хлопца, бо ведаў, што ягоная iнтэрвэнцыя можа толькi нашкодзiць. «Абламаць» нiкчэмнага кар’ерыста трэба было афiцыйна, i я зьвярнуўся да першага прарэктара ўнiвэсытэту — прафэсара Сяргея Аляксандравiча Габрусевiча.
— Як гэта цябе, Юра, добрага студэнта, маглi пакрыўдзiць?! — зьдзiвiўся прафэсар. — Зусiм ужо падурэлi гэтыя выкладчыкi!
Сяргей Аляксандравiч паабяцаў разабрацца, зразумеўшы, што канфлiкт мае шырэйшыя межы i можа набыць розгалас з непажаданым для ўнiвэрсытэту адценьнем. Тым больш прафэсар у маладыя гады сам пiсаў вершы, быў чалавекам актыўнай грамадзянскай пазыцыi ды ў дадатку да свайго прарэктарства ўзначальваў Гарадзенскае аддзяленьне Беларускага фонду культуры, якое нейкi час выплочвала Андрэю Пяткевiчу адмысловую стыпэндыю «дзеля падтрымкi таленту». На той час для паэта-жабрака гэта была iстотная падтрымка, бо на сьцiплы заробак вартаўнiка асаблiва шыкаваць не даводзiлася.
Дый я прамучыўся гэтыя паўгады без стыпэндыi, пакуль урэшце Еблядзевiч не паставiў мне залiк. Дагэтуль памятаю зьедлiвыя словы гэтай вычварнай крэатуры: «Что вы носитесь тут со своей полонистикой и беларускай мовай! Все равно ведь пойдете в школу преподавать русский язык и русскую литературу!» На падобнае выказваньне можна было б i забыцца, каб Еблядзевiч разам з сваiм сябрам-калегам па катэдры расейскай i замежнай лiтаратуры раптоўна не перакінуўся на катэдру беларускай лiтаратуры i ня стаў апантаным адраджэнцам ды прыхiльнiкам беларушчыны! Такія вось мэтамарфозы.
6.
Увесну 1992-га, калi канфлiкт з Еблядзевiчам яшчэ не дайшоў да свайго фiналу, ва ўнiвэрсытэт заявiўся дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусi Мiкола Маркевiч, каб запрасiць таленавiтую моладзь да супрацоўнiцтва з нованароджанай газэтай «ПАГОНЯ». Вядомы лiнгвiст —прафэсар Iван Лепешаў — прапанаваў маю кандыдатуру, i Маркевiч адразу згадзiўся, бо ведаў мяне па выступах на радыё i публiкацыях у прэсе. «ПАГОНЯ» ня мела яшчэ ўласнага памяшканьня й калектыву, таму рабiлася ў рэдакцыi газэты «ПЕРСПЕКТИВА», якая тады часова спынiла выхад. Прапанова Маркевiча мяне вельмi зацiкавiла. I ня толькi таму, што газэта мела акрэсьленае матар’яльнае забесьпячэньне i палітычную накiраванасьць. Я прадбачыў, што зь цягам часу ў «ПАГОНI» зьявiцца свой чытач, i яна стане ўплывовым апазыцыйным выданьнем, дзе можна будзе друкаваць i лiтаратурныя творы.
У рэдакцыi «ПЕРСПЕКТИВЫ» сустрэў вядомых гарадзенскiх шчоўкапёраў —Вiктара Бараноўскага i Аляксандра Раманава. Першы выконваў абавязкi галоўнага рэдактара «ПАГОНI», другi — ствараў крыжаванкі, бясконца палячы танныя цыгарэты. З Бараноўскiм мы ўзялiся праглядаць наяўныя матар’ялы, адбiраць найлепшае да друку, а пасьля разважаць над кандыдатурамi нашых патэнцыйных аўтараў. Натуральна, гутарка вялася й пра знаёмых лiтаратараў, бо ж менавiта яны ведалі беларускую мову i карысталіся «тарашкевiцай». Карацей кажучы, падрыхтавалi й выпусьцiлi нумар «ПАГОНI», якi я тэрмiнова паслаў Андрэю Пяткевiчу ва Ўселюб з прапановай супрацоўнiцтва з новым выданьнем.
Празь некалькi дзён атрымаў ад Андрэйкi разгромны лiст, дзе мiж iншым гаварылася, што сорамна йсьцi на паваду ў новаяўленых буржуяў ды зьбiраць аб’едкi з бiржавога стала, i як гэта я — паэт-нонканфармiст — мог спакусiцца ўдзельнiчаць у ганебнай афёры! Пасьля Андрэйка крыху палагаднеў, прапанаваў сваю рэцэнзiю на зборнiк вершаў Iгара Сiдарука «Чарнабел», i лiтстаронка ў васьмiпалоснай «ПАГОНI» атрымалася досыць разнастайнай. Пяткевiч ня надта быў задаволены публiкацыяй, наракаў на карэктарскiя памылкi ды iншыя тыпова газэтныя хiбы. Тым ня менш, гэта быў пачатак ягонага кантакту з гарадзенскай «ПАГОНЯЙ». Я працаваў ў так званым часовым творчым калектыве блізу двух месяцаў i пасьпеў яшчэ надрукаваць канцэптуальнае эсэ Алеся Аркуша «Без надрыву, роўным голасам», дзе ўздымалася праблема ўзаемадачыненьняў новай i старой лiтаратурных генэрацый. Матар’ял быў надзвычай актуальны i патрэбны як iдэйная пляцформа для стварэньня новай лiтаратурна-мастацкай сябрыны, пра якую тады вялася карэспандэнцыйная дыскусiя памiж маладымi творцамi з розных гарадоў Беларусi.
Улетку 1992-га «ПАГОНЯ» не выходзiла. Рэдакцыя разам з культурна-асьветнiцкiм фондам «Бацькаўшчына» перабралалася ў прасторныя памяшканьнi па вул. Дамiнiканскай, што ў самым цэнтры Гароднi. Мiкола Маркевiч набраў новы калектыў i галоўнае рэдактарства аддаў Сяргею Астраўцову, ну а на пасаду адказнага сакратара прызначыў (з маёй, вядома, падачы) Сяргея Лаўнiка, якому ўжо надакучыў «Молодежный курьер». Я надта не перажываў, што мне не дасталося анiякай пасады ў газэце, бо працягваў весьцi на абласным радыё праграму «КАНТЭКСТ», якая карысталася папулярнасьцю ў слухачоў. Некалькi разоў у «КАНТЭКСЬЦЕ» прымаў ўдзел Андрэй Пяткевiч: чытаў новыя вершы, пародыi на калегаў-лiтаратараў, апавядаў забаўныя показкi пра вясковае жыцьцё. Здаецца, час ад часу ён i ў «ПАГОНI» друкаваў нейкiя зацемкi, але найбольшы розгалас мелi ягоныя вышэйзгаданыя ўспамiны пад назвай «Паэт i камiтэт». Выкладчык Мiколка, пазнаўшы сябе ў публiкацыi, зьбiраўся нават падаваць у суд на аўтара за абразу, але перадумаў. Навошта яму псаваць нэрвы ды разьдзьмухваць чарговы скандал, на якi так спадзяваўся Андрэй Пяткевiч?
Бальшыня пяткевiчавых сяброў не заўважала цi не хацела заўважаць такiя паскудныя рысы ягонага характару як зьедлiвасьць, злараднасьць, жаданьне некага падражнiць, выклiкаць адмоўную рэакцыю i г.д. Прычым, цяжка было разабрацца: цi робiць ён гэта сьвядома, цьвяроза ўзважыўшы ўсе акалiчнасьцi ды наступствы, цi неабдумана, як дурненькае дзiця, якое цешыцца, калi напракудзіць. Кароткачасовае задавальненьне заканчвалася для Андрэйкi глыбокiм расчараваньнем, пакутамi цi працяглай дэпрэсiяй. Гэткiя спробы кампэнсаваць свае фiзычныя недахопы i нездаровыя схiльнасьцi ўяўнаю моцаю ня мелi анiякага дачыненьня да супэрмэнства, а паходзiлi хутчэй на банальнае дзiцячае прыдурства. Сымптаматычным у гэтым пляне было андрэйкавае захапленьне героямi тандэтных баевiкоў кшталту Бруса Лi цi Чака Норыса. Няўжо ён хацеў быць падобным да iх? Відаць, гэта былі няўдалыя пошукi iдэалу. Здаецца, вось-вось знайшоў, прыбягаў ўсьцешаны, усхваляваны ды экзальтавана расказваў пра чарговае «адкрыцьцё» цi захапленьне. Пасьля высьвятлялася, што гэта — нiякае не «адкрыцьцё Амэрыкi», i новы iдэал на вачах рассыпаўся, як картачны дамок. Ведаючы пяткевiчавы схiльнасьцi да безсэнсоўнага распальваньня канфлiктаў, я заўсёды трымаў яго на адпаведнай дыстанцыi й паводзiў сябе вельмi стрымана. Не апошнюю ролю адыграў i эстэтычны фактар: ягоныя гнiлыя зубы, паражаючы пах поту ад зашмальцаванай вопраткi i чырвоныя шнуркi ненаваксаваных пантофляў выклiкалi ў мяне натуральную гiдлiвасьць. Андрэйка адчуваў усiмi фiбрамi водападзел памiж намi, тым ня менш пайшоў чарговы раз у атаку, быццам энэргетычны вампiр, якi мусiць падсiлкавацца сокамi абранай ахвяры.
Каталiзатарам новага канфлiкту выступiла асоба жаночага роду —таксама студэнтка фiлфаку нашага ўнiвэрсытэту — Галiна П. Дзiўнаватая дзяўчына з пакалечаным лёсам, няўдачнiца, якая спрабавала пiсаць вершы, iмкнулася заняць актыўную грамадзянскую пазыцыю, шукаючы сваё месца ў падманна-санлiвай прасторы Гароднi. Натуральна, што зь ейнай мужападобнай зьнешнасьцю i цяжкiм характарам, вельмi складана было знайсьцi сяброў, а тым больш спадарожнiка жыцьця. Аднак ёй удалося праз Анжалiну Дабравольскую пазнаёмiцца з Андрэем Пяткевiчам. Ня ведаю якiм чынам Галка зачаравала непакорнага Дыягена Наваградзкага. Здаецца, i вершы яму прысьвячала, i дэманстравала шчырае захапленьне ягонай фiлязофiяй i творчасьцю, i ў вёску да яго езьдзiла... Карацей, акруцiла самотнiка, якi дагэтуль з пагардай ставiўся да жанчын! Усе спадзявалiся, што Галка i Андрэй, знайшоўшы адно аднаго, крыху супакояцца, вернуцца да нармальнага ладу жыцьця. Але гэта былi марныя спадзяваньнi наіўных iдэалiстаў.
Першым выбухам супольнага вар’яцтва Галкi i Андрэя быў адрасаваны мне лiст-ультыматум . Увесь тэкст — навязьлiвая бязглузьдзiца параноiка, якi здаўна практыкуецца ў жанры эпiсталярнай лаянкi. Аказваецца, Галка ўбiла Пяткевiчу ў галаву, быццам я да яе заляцаўся i т.п. Андрэйка, пэўна, сапраўды крануўся, калi даў веры трызьненьням сяброўкi. Бач ты, наляпiлi на мяне этыкетку ўводнiка! Ды заляцацца да Галкi мог толькi або псыхiчна хворы, або моцна п’яны. Сьпярша мне было сумна, нават крыху крыўдна за паэта, якi зноў патрапiў у пастку чужых iнтрыгаў. Вядома, што на вар’яцкую правакацыю я ня клюнуў, а наадварот – дэманстраваў знаёмым пяткевiчавы лiст, як дакумэнтальны прыклад чалавечага дурноцьця. Але ж яны ад сьмеху надрывалi жывоцiкi! Можа гэта й грэх сьмяяцца з убогiх, але сьмех у дадзеным выпадку — выдатныя лекі супраць рэцыдываў глупоты.
Я быў цалкам упэўнены, што i андрэйкавы шлюб — гэта яшчэ адно недарэчнае здарэньне ў доўгiм шэрагу неабдуманых як сьлед учынкаў. Кульмiнацыя шаленства, пасьля якога чакалася трагiчная разьвязка. Пяткевiч сам ня ведаў: цi патрэбны яму гэты шлюб, цi не. Напярэдаднi рэгiстрацыi ён мне прызнаўся, што ня хоча жанiцца. Аднак нейкая сiла пацягнула яго выслухаць пажаданьнi жрыцы грамадзянскiх абрадаў пад гучныя акорды маршу Мэндэльсона. На вясельле мяне нiхто не запрашаў, ды я б i не пайшоў. Не хацелася быць саўдзельнiкам...
А вось «прарокам» стаць давялося! Мае словы «Яны доўга разам не пражывуць» збылiся хутчэй, чым я меркаваў. Заставалася толькi ўявiць iхны сямейны побыт. Грызьлiся, як котка з сабакам. Два боты — пара. Не бяруся нiкога асуджаць. Як кажуць у народзе, Бог iм судзьдзя. Пасьля разводу Андрэй Пяткевiч шмат разоў прасiў у мяне прабачэньня, кожны раз нагадваючы, што я меў рацыю.
7.
Звычайна, калi выкарыстоўваць у якасьцi эталёну старажытны афарызм, пра мёртвых гавораць або добрае, або нiчога. Але ёсьць iншы афарызм, якi дапамагае пазьбегнуць прыхаванае хлусьнi: «Пра мёртвых або нiчога, або праўду». Мая сьцiплая мiсiя дакуманталiста й палягала на тым, каб паказаць Андрэя Пяткевiча такiм, якiм ён адбiўся ў люстры маёй памяцi. Без прыхарошваньня i тэатральнага грыму. Хай чытач мне прабачыць залiшнi натуралiзм i некаторую дыстансаванасьць, але я заўсёды быў i застануся прыхiльнiкам аб’ектыўнасьцi, калi рэчы называюць сваiмi iмёнамi. Хай даруюць таксама й тыя, хто пазнаў сябе ў гэтых успамiнах ды затаiў у душы сваёй вялiкую крыўду. Калi Вы прававерныя хрысьцiяне i Вас ляснулi па правай шчацэ, дык падрыхтуйце, шаноўныя, i левую. Сьвядома адкiдаючы пiкантныя дэталi i «смажаныя» факты пяткевiчавай бiяграфii, не бяруся й аналiзаваць ягоную творчасьць, бо гэта ня ёсьць задача ўспамiнаў. Тут патрэбны адмысловы досьлед, якi б, безумоўна, абапiраўся на жыцьцярыс паэта.
А паэзiю Андрэя Пяткевiча нiхто сур’ёзна так i не прааналiзаваў. Яна яшчэ чакае свайго ўдумлiвага чытача i дасьледчыка. Чаму так здарылася? Андрэй Пяткевiч пры жыцьцi часта друкаваў свае творы i быў вядомы ў лiтаратурных колах. Яму даўно прапаноўвалi скласьцi ды выдаць зборнiк вершаў. А ён заўсёды знаходзiў падставы, каб пасварыцца, адмовiцца, карацей, паказаць свой нязгоднiцкi характар. Дзiўна, але паэт сам сабе рабiў шкоду! А мо атрымліваў мазахістычнае задавальненьне? Яму б сканцэнтравацца на вершапiсаньнi, самаўдасканаленьнi... Дарэчы, ён склаў зборнiк «Шчасьлiвым сканаць», у якi ўключыў вершы 1990-1991 гадоў. Я нават маю копiю рукапiсу, якую зрабiла Галка яшчэ ў сакавiку 1993 году. Дзiўна, але ў гэты зборнiк, на мой погляд, не патрапiла бальшыня найлепшых пяткевiчавых вершаў! Чым кiраваўся Андрэйка пры складаньнi — зараз цяжка высьветлiць.
Апошнiя два гады свайго нялёгкага жыцьця паэт працягваў «змагацца зь ветракамi»: пiсаў «адкрытыя лiсты» Алесю Аркушу (маўляў, якое той мае права ствараць Таварыства Вольных Лiтаратараў), рэдактару часопiса «Першацьвет» Алесю Масарэнку (маўляў, чаму той у часопiсе «кастрыруе» творы i выступае супраць граматыкi Б.Тарашкевiча), вёў эпiсталярную палемiку зь Iгарам Сiдаруком ды iншымi сябрамi. Тым часам хвароба сэрца стала нагадвала пра сябе. I Андрэю давялося праходзiць сур’ёзныя абсьледваньнi ды курацыi ў гарадзенскiх i менскiх шпiталях, каб урэшце атрымаць групу iнвалiднасьцi з адпаведнай пэнсiяй. Вось на гэтыя сьцiплыя сродкi ён і вандраваў па Беларусi, каб сустракацца з цiкавымi людзьмi, удзельнiчаць у незалежнiцкiх акцыях ды iмпрэзах.
Помню, як Андрэйка разам зь менчукамi нечакана зьявiўся ў лiстападзе 1994-га на першай мiжнароднай лiтаратурнай канфэрэнцыi ТВЛ у Наваполацку. Ён ня быў афiцыйным дэлегатам, хутчэй экзатычнай аздобай значнага для лiтаратараў-незалежнiкаў форуму. Спавешчаньняў не агучваў, затое ў кулуарах весялiў гасьцей з Масквы й Украiны сьмешнымi вершамi й показкамi. Пасьля нефармальнай таварыскай вечарыны й банкету мы яшчэ сабралiся ў маiм гатэльным пакоi, каб працягнуць бяседу. Ужо дакладна не ўзнаўлю, пра што вялася няспынная гутарка й колькi пляшак мы асушылi, затое выразна ў памяцi застаўся эпiзод, калi Вiтаўт Чаропка, зьняўшы свой срэбраны крыжык на ланцужку, тэставаў прысутных на станоўчую й адмоўную энэргiю. Ва ўсiх выпадках крыжык выпiсваў кругi або па шляху гадзiньнiкавай стрэлкi, або супраць. Калi ж чарга дайшла да Андрэя Пяткевiча, дык крыжык пачаў «артачыцца»: замiраў у нерухомасьцi цi ледзь-ледзь дрыжэў. Андрэйка, вядома, ня мог згадзiцца з такiм станам рэчаў, маўляў, увесь экспэрымэнт — лухта сабачая, таму што за ланцужок трымае чалавек. А рука можа таксама дрыжэць! Аднак экспэрымэнт паўтарылi другi раз. Крыжык па чарзе трымалi розныя людзi. Потым, каб пераканацца ў вынiках, ланцужок увогуле прычапiлi да шуфлядкi пiсьмовага стала. I ўсё паўтарылася, як за першым разам! У андрэевым жа выпадку крыжык зноў паводзiў сябе дзiўна: цi дрыжэў, цi спыняўся ў здранцьвеньнi. Што гэта азначала — дагэтуль нiхто ня ведае.
Пасьля канфэрэнцыi ў Наваполацку Андрэй Пяткевiч прымаў ўдзел у Першым зьезьдзе Беларускiх нацыяналiстаў у Вiцебску, дзе выступiў са спавешчаньнем «Камунiстычны фашызм». Гэты (апошнi, на колькi мне вядома) публiцыстычны твор паэта пабачыў сьвет ужо пасьля ягонай сьмерцi, у газэце «Беларуская маладзёжная»* дзякуючы руплiвасьцi Славамiра Адамовiча. Сам зьезд улады разагналi. Выбухнуў вялiкi скандал, якi падхапiла афiцыёзная й незалежная прэса.
Апошнi раз я бачыў Андрэя 13 сакавiка 1995 году на вечарыне Славамiра Адамовiча ў менскім Доме лiтаратара. Недзе за гадзiну да iмпрэзы мы спаткалiся ў рэдакцыi часопiса «Крынiца», гутарылi пра жыцьцё-быцьцё, абмяркоўвалi лiтаратурныя справы. Гэткая нязмушаная i шчырая гутарка «братоў па пяру» ў сяброўскiм коле. Алесь Разанаў i Валянтын Акудовiч, Аксана Данiльчык i Сяргей Мiнскевiч, Алесь Аркуш i Вiтаўт Чаропка — усе слухалi, як Андрэйка распавядаў пра свае прыгоды. Нiхто тады й падумаць ня мог, што праз паўтара месяца Андрэйкi ня стане. Усе былi такiя вясёлыя, гаваркiя, задаволеныя...
Жахлiвая вестка пра сьмерць Андрэя Пяткевiча дайшла да гарадзенскiх сяброў прыкладна праз два тыднi(!) пасьля ягонага пахаваньня, якраз напярэдаднi сумнавядомага травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. На той час я сумяшчаў выкладчыцкую працу ва ўнiвэрсытэце з працай у «ПАГОНI». У рэдакцыю патэлефанавала андрэева сваячка (здаецца, стрыечная сястра, Зоя Чарнецкая) i паведамiла, што Андрэйка памёр ад разрыву сэрца ноччу з 28 на 29 красавiка, у 0.40. Гэтую iнфармацыю зь ейных вуснаў пачуў карэспандэнт Георг Астроўскi, якi адразу ж усё пераказаў мне. Спачатку не паверылася. Што за кепскiя жарты?! Дастаткова перадвыбарчай валтузьнi й шалёнай агiтацыi ў падтрымку лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Але гэта была горкая праўда. Настрой сапсаваўся, i я адчуў пранiзьлiвы холад магiлы. Чамусьцi найперш згадаўся верш, якi Андрэй Пяткевiч прысьвяцiў мне яшчэ ў 1990 годзе:
Дзе магiлы, бы вежы, стаяць,
Там блукае самотны паэт.
Вершы ў сэрцах памерлых гучаць.
Але веру — пачуе iх сьвет.
А навокал шалеюць зьвяры.
Серп i молат калечаць душу.
Перавернецца ўсё дагары,
Перайшоўшы злачынства мяжу.
А паэт застанецца адзiн
Сярод лесу аблезлых крыжоў
I пакiне натоўпу ўспамiн —
Поўны зборнiк гадзюк i вужоў.
Верш нiбыта меў на мэце iмiтаваць мой, так бы мовiць, творчы вобраз i эстэтычную паставу. Лёс распарадзiўся iнакш — Дыяген Наваградзкi намаляваў уласны партрэт. Уяўляю, як танклявы цень паэта блукае па вясковых Уселюбскiх кладах i не знаходзiць сабе месца...
Вядома, я апавясьцiў калегаў-лiтаратараў з Гароднi, Менску, Наваполацку, пачаў праглядаць свае архiвы, вышукваючы ненадрукаваныя творы памерлага, сустрэўся зь ягонай былой жонкай Галiнай, каб яна даведалася: што сталася з рукапiсамi паэта? Галка зьезьдзiла ва Ўселюб, наведала магiлку, пашчыравала й разьдзялiла несуцешнае гора з андрэевым бацькам Бранiславам Фадзеевiчам. З «памiнальнае вандроўкi» прывезла мае чатыры апошнiя лiсты, цiкавыя фотаздымкi ды прыкрую вестку, маўляў, разьбiты горам бацька спалiў усе пакiнутыя сынам рукапiсы, лiсты i дзёньнiкi, каб яны не патрапiлi ў непажаданыя рукi. Кажуць, рукапiсы не гараць. Гараць, i яшчэ як! Андрэю, напэўна б, i ў самым кашмарным сьне не падалося, што ягоная лiтаратурная спадчына лёгка пойдзе з дымам туды, куды пасьля сьмерцi ўзьнеслася ягоная трапяткая душа.
Праглядаючы фотаздымкi з андрэйкавага шлюбу й пахаваньня, я ўпершыню пабачыў яго ў гарнiтуры. Ён нiколi не апранаў гарнiтураў (за выключэньнем хiба школьнай формы) i не насiў гальштукаў! I тут зноўку згадалася старасьвецкая звычка цi традыцыя: да нядаўняга часу ў глухой правiнцыi, асаблiва на вёсцы, строгi мужчынскi гарнiтур (а яго мелi далёка ня ўсе) выконваў рытуальную функцыю: або да шлюбу, або да паховінаў. Так здарылася i ў выпадку Андрэя Пяткевiча — у шлюбным гарнiтуры яго паклалi ў труну.
На заўчасную сьмерць блiзкага чалавека трэба было тэрмiнова адгукнуцца, каб пакласьцi яму на магiлу сымбалiчны вянок у якасьцi пасьмяротнай публiкацыi ягоных твораў ды сяброўскiх ўспамiнаў. I я з калегамi сплёў гэты вянок зь дзьвюх друкарскiх палос у газэце «ПАГОНЯ»**, а праз год у «КАЛОСЬСI»***. На вялiкi жаль, зборнiчак вершаў Андрэя Пяткевiча дагэтуль так i не пабачыў сьвет. Дый не вядома, хто з былых паплечнiкаў паэта возьме на сябе адказнасьць выдаць ягоную кнiжку. Нехта лiчыць, што неабходна сьпярша выпусьцiць складзены самiм Пяткевiчам зборнiк «Шчасьлiвым сканаць», iншыя прапануюць надрукаваць «выбранае». Такiм чынам «воз и ныне там». А дзе няма згоды — няма й справы...
Усё гэта мiнула, праляцела, як кадры архiўнае кiнакронiкi, але адбiлася ў маёй памяцi найбольш яскравымi вiзуальнымi вобразамi. Андрэя Пяткевiча можна было любiць цi ненавiдзець, але яго нельга забыць, бо ён яшчэ пры жыцьцi стаў чалавекам-легендай. Яму здавалася, што яго ведала ўся краiна: ад звычайнага студэнта да мiнiстра культуры i друку, ад унiвэрсытэцкага выкладчыка да сьледчага КДБ, ад старшынi калгасу да старшынi Саюзу пiсьменьнiкаў Беларусi. I вось цяпер легенда, пазбаўленая матар’яльнай абалонкi, так i засталася ЧЫСТАЙ
ЛЕГЕНДАЙ.
*«Беларуская маладзёжная», N22(48), 16.06.1995.
**"Пагоня", N21(120), 2-8.06.1995; N22(121), 9-15.06.1995.
***"КАЛОСЬСЕ", N4, 1996.
1996-1998, Горадня
|