БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 6

Лаўрэн Юрага

ВIЛЕНСКАЯ КАРЧМА
апавяданьне

Кожны раз свае адведзiны Вiльнi я заканчваю ў карчме. Найчасьцей гэта пэўная маленькая карчомка, як iсьцi ад Вострай Брамы ў бок Замкавай гары. Яна называецца «Пад ільвом» — там яшчэ вiсiць такi вялiзны, выраблены з бронзы леў, больш, праўда, падобны да сабакi.

Скончыўшы ўсе свае справы ў вечар перад адбыцьцём дадому, я прыходжу туды i сяджу да позьняе гадзiны, патроху каўтаючы гаркавае вiленскае пiва ды пазiраючы на людзей. Часам я заводжу зь iмi гутарку, а бывае i запiсваю, што гавораць. Бо нiдзе больш не пачуеш, што можна пачуць тут, дый людзей такiх не спаткаеш. Напраўду.

* * *

— Пытаесься, што думае кат пад час выкананьня прысуду? Ды нiчога такога асаблiвага ня думае. Гэта ж, цi разумееш, — розна бывае. Калi, скажам, мусiш павесiць важнага злачынцу, а на пакараньнi прысутнiчае кароль з усiмi можнымi ды натоўпы люду, вядома ж, тады перш за ўсё думаеш, каб добра выканаць сваю справу. А калi проста трэба даць бiзуноў якомусь зладзейчыку цi мо руку адсекчы — дык ясна, што ўжо моцна не засяроджваесься. Тады ўжо можаш думаць пра нейкiя хатнiя справы — цi, скажам, жонка сукно прадала, або каня трэба перакаваць. Гэта як ва ўсiх. Спытай, напрыклад, цесьлю, што ён думае пад час працы; цi там краўца якога. Табе ўсё тое ж самае скажуць. Бо як рукi навучаныя, а праца звычайная, дык яны — сабе, а галава — сабе.

Цi не шкада чалавека забiваць? Да ну, — кiнь дурное! Ты ж не чалавека забiваеш, а на злачынцы прысуд выконваеш. Проста ня трэба ўсяго гэтага надта да галавы брацi: зрабiў дый забыў. Бо як будзеш думаць: слушна цi не, шкада цi не шкада — дык табе самому не на дабро выйдзе. Змарнееш, думаючы, а нiчога ня выдумаеш. На ўсё Божая воля — як Бог захацеў, так няхай i будзе.

Не, кажу табе, мне i ў першы раз не было шкада. Ты сьвiньняў калi калоў? А, не... ну, вядома ж — ты ж панiч. А мне вось давялося, хаця й я ня хлопскага паходжаньня... ды ня важна. Калi забiваеш сьвiньню, дык нiколi ня будзеш маркоцiцца i шкадаваць, што пазбавiў жыцьця жывую iстоту. Бо разумееш, што яна — сьвiньня. Яна створаная, каб яе забiлi i зьелi. Гэтак жа i са злачынцамi — яны створаныя, каб быць пакаранымi. Я не гляджу на iх, як на адухоўленых iстотаў, а толькi як на злачынцаў. А вось калi сабаку свайго забiць мусiў — яго тады коньмi зьбiла, не адратаваць было — дык з паўгадзiны над iм з нажом праседзеў, нiяк ня мог наважыцца.

Так, безумоўна, i да маладых гожых вядзьмарак я гэтак жа стаўлюся. Зрэшты, яны рэдка бываюць маладымi ды гожымi. Хаця ж, маеш рацыю —аднойчы й мяне прабiла... Можа памятаеш, пару гадоў таму тут у Вiльнi спалiлi адну — Ганнай звалася, Служчанкай. Вось дзе пякнуся была! Лаўнiкi колькi разоў зьбiралiся, а ўсё адно да вогнiшча яе прысудзiлi, хаця кажуць, д’ябал iх намаўляў, каб адпусьцiлi. Бо многiх яна зьвяла. Дый я, як стос падпальваў, — усё на яе глядзеў. I потым, праз агонь, глядзеў — ня мог вачэй адвесьцi. А — бач такi спалiў — бо ад д’ябла была гэтая прыгажосьць, дык да д’ябла яе i трэба было адправiць.

Не, я яе не катаваў. Я, цi разумееш, увогуле да катаваньняў ня надта ахвочы. Iншае — калi сьмерцю караеш; бо сьмерць — рэч сур’ёзная, паважная, ты Боскi прысуд, празь людзей выказаны, ажыцьцяўляеш. А катаваньнi толькi сьмерць бэсьцяць, годнасьць у яе адбiраюць. Не люблю я тых справаў — зрэшты, у мяне на iх адмысловы памагаты ёсьць — Сьцяпашкам клiчуць. Вось ён дык з катаваньняў цешыцца. А я яго за гэта не люблю — але цярплю, бо патрэбны.

Як я з такiмi поглядамi катам стаў? Цяжка сказаць. Цi разумееш, на тое шмат розных прычынаў склалася. Але, што праўда, ёсьць адна —галоўная. Я ж з народжаньня бастард. Мой бацька — вялiкi магнат, уладальны князь. Ня ўсьмiхайся, я праўду кажу. Мацi ж — простая мяшчанка. Ён, распавядаюць, i зараз да дзевак спрытны, а мая мацi ў маладосьцi дужа пекная была — усе суседзi кажуць. Ён неяк яе ўбачыў — i ўпадабаў. Забраў да сябе ў замак, вядома ж, без анiякага шлюбу, толькi каб прыхамаць сваю задаволiць. Ты скажаш — пашэнцiла, бацька магнат — на ўсё жыцьцё мог бы нас з мацi забясьпечыць. А то й усынавiць, тыды б i я шляхецтва прыймеў, бо так проста, празь няправае ложа, яно не перадаецца. Ды дзе там! У яго законных сыноў аж сямёра, ды яшчэ, прынамсi, столькi ж незаконных у кожным зь ягоных месцаў. Дзе ж яму пра ўсё памятаць. Ён мо ўвогуле ня ведае пра маё iснаваньне. Бо — мацi казала — забраў яе ў замак, а пасьля, як надакучыла, выкiнуў i забыўся. А яна ўсё спадзявалася, што ўзгадае, назад возьме, хай на’т i незаконнай жонкай. Бо пакахала яго... Але добра, досыць. Дык вось гэта i ёсьць галоўная прычына — бацьку адпомсьцiць. Ня будзе для яго горшае абразы, як даведацца, што ягоны сын — кат, а я ўжо пастараюся, каб ён даведаўся. Я, цi разумееш, перад гэтым шмат дзе i шмат кiм быў. Нават сем вольных навукаў у езуiтаў вывучаў — яны бо зь бедных грошай за навуку ня бралi. Я тут, у Вiльнi, вучыўся — Акадэмiя тады яшчэ калегiяй была. Вандраваў таксама, а нават часам i тое рабiў, за што цяпер сам сябе караю. Аднойчы, у час тых вандровак, прыйшоў я ў роднае места. А на рыначным пляцы тады якраз пакараньне адбывалася. Я стаяў у натоўпе i назiраў, як адсякаюць галаву аднаму са здрадлiвых дворных майго бацькi. I бацька быў там — сядзеў у залатых шатах у атачэньнi багатага аршаку перад шафотам i назiраў за пакараньнем. Вось тады я i прыдумаў, як яму адпомсьцiць.

Чаму менавiта ў Вiльнi? Не, зусiм выпадкова. Цi разумеееш, Вiльня — гэта сталiчнае места, а я, дзякуючы сваёй пасадзе, тут не апошняя асоба. Бацька нiчога мне ня мог бы зрабiць, калi б раптам i захацеў. Апроч таго, тут былi большыя магчымасьцi разбагацець дый шляхецтва атрымаць. Прынамсi, пры папярэднiм каралi. Гэты дык праваслаўных ня любiць.

Пытаесься, цi нiколi я ня грэбаваў сваёю працай? Толькi аднойчы, пазалетась — калi мусiў палiць перад Катэдрай Сьвятога Станiслава кнiгi.

* * *

— Но, так, сынку, i не кажы — усялякага я наглядзеўся за свой век. Хутка ўжо васьмiдзесятае лета прамiне, калi Бог дасьць. Я ж, бачыш, яшчэ чарку моцна трымаю, дый шаблю нягож. Усе Ваўкавiцкiя доўга жылi, i аж да самое сьмерцi да бою ставалi — але я даўжэй за ўсiх жыву. А ведаеш чаму? Бо з бабамi ня зьвязваўся. Яны ж бо з мужчыны ўсю сiлу выпiваюць. Дальбог так! Во, ксёндз у нядзелю ў касьцёле казаў... Ты ў касьцёл ходзiш? — Ня надта? Я як малады быў, дык таксама ня вельмi ўчашчаў, а цяпер — мала, штонядзелю, дый у будзённыя днi стаў бываць. Но... дык вось ксёндз у нядзелю казаў: увесь грэх у сьвеце праз кабетаў, яны начыньне ўсялякага зла. Ня верыш. Ну, вядома, малады — зараз табе адныя дзеўкi ў галаве, дзе ж ты пра iх блага памысьлiш. А я табе кажу: тры насалоды павiнен мець шляхцiч — вайна, паляваньне ды добрая чарка, а ўсё астатняе — ад д’ябла. Ты ж шляхцiц? А якога гербу? Дык ты ж мой пабрацiмец! Вiтай браце! Здароўечка!.. Пi, пi, не крывiся... Гэта ж трэба — пабрацiмца сустрэў...

Што кажаш? Цi я так за ўсё жыцьцё i не закахаўся? Не, канешне, як жа ж бяз гэтага. I я ў маладосьцi падурэў троху. Добра, ужо, як ты мой пабрацiмец, дык распавяду.

Ты ведаеш, напэўна, што Бона — матка папярэдняга караля — супакой Пане Божа, ягоную грэшную душу — влошкаю была. Як яна замуж у Польшчу выходзiла, дык увесь свой двор з сабой прывезла. А ў аднаго зь ейных дворных дачка дужа пекная была — Магдалена, Магдзя па-нашаму. Я ў той час у ягамосьцi пана Хадкевiча ў збраяносцах хадзiў, а пазьней да ягонай блiжэйшай шляхты належаў. Таму й выпадала мне ад часу да часу разам зь iм на дварох каралеўскiх бываць. Бачыў там Магдзю, яшчэ як зусiм малая была. Можа ўжо тады й пакахаў — сам не нашмат быў старэйшы. I яна мяне пакахала. Заручылiся нават, бо Хадкевiч спрыяў. Але ведаеш, як падрасла, дык i кароль на яе стаў ласа паглядаць — слабы ён быў да красуняў. Але тая не пра яго апынулася — ганарлiвая, не падпускала да сябе. Дужа я шанаваў яе за гэта. А сiлай ён узяць яе ня мог — бо роду была шляхотнага.

А тут, на бяду, гэтая вунiя здарылася. Склiкаў кароль у Люблiн сойм i загадаў магнатам нашым вунiю падпiсацi. I прасiлi яны яго, i адмаўлялiся, а ўсё адно мусiлi, як кароль хацеў, зрабiцi. Я ў жыцьцi гэткага прынiжэньня не перажываў. А быў малады, няўрымсьлiвы — выцягнуў прыхаваны корд дый кiнуўся на караля. Схапiлi мяне, ясная рэч. Кароль сьпярша галаву сьцяць хацеў, але пасьля перадумаў: паслаў да Магдзi сказаць, што адпусьцiць мяне, калi яна стане ягонай каханкай, а як не — дык заб’е. Згадзiлася яна, і мяне адпусьцiлi. I ведаеш, што я зрабiў, як выйшаў зь вязьнiцы? Прыйшоў да яе i ўбiў ёй корд проста ў сэрца. Яна нават ня ўскрыкнула.

Але, шчыра кажучы, я дагэтуль не магу яе забыць.

* * *

Шчоўкае кнопка дыктафону: стужка скончылася. Я нейкi час сяджу ў цiшынi i паўзмроку, не разагнаным сьвятлом настольнай сьвечкі. Я яшчэ нiбыта чую водгукi галасоў маiх суразмоўцаў. Заўтра раздрукую на машынцы запiсанае i занясу ў якi-небудзь часопiс. Людзi будуць чытаць i думаць, што я ўсё гэта прыдумаў.

Я ўстаю i асьцярожна дастаю са свайго хатуля высушаныя скрыдлы кажана, намазаныя тлушчым шалёнага сабакi i з намаляванымi месячнай крывёй нявiньнiцы рунамi. Зараз я запалю ад iх сьвечкi, прамоўлю заклён — i праз момант апынуся дома, за шмат гадоў i кiлямэтраў адсюль. Але я яшчэ вярнуся. I ў гэтую Вiльню, i ў гэтую карчомку. I, мяркую, неаднойчы.

1997, Люблiн.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія