БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 6

Томас Кенэлі

СЯМЕЙНАЕ ВАР`ЯЦТВА
урыўкі з раману

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1.

Бацька Тэры Дэлейні часта рабіў заўвагі наконт стану Мэйн-стрыт у Пэнрыце ў цяжкія часіны васьмідзесятых. — Крамы, што прадаюць сапраўдныя рэчы, зачыняюцца, — казаў ён, — а на іхнім месцы зьяўляюцца перад табою буданы з шаманскім лекаваньнем.

Пад буданамі з шаманскім лекаваньнем старэйшы Дэлейні разумеў установы заклапочанай улады — мясцовай, штатнай і фэдэральнай: прыстані зь дзявятай да пятай для тых, хто сутыкнуўся з жорсткасьцю гераіну, сужонства або працаўладкаваньня; крамы зь вітрынамі, за якімі давалі парады агаломшаным. Убок ад Мэйн-стрыт, на заходняй ускраіне парку, стаяў дом, у якім прапаноўвалі фінансавыя парады для тых, у каго фінансы ўжо выйшлі. Гэта была міласэрнасьць муніцыпальная. Калі патрабавалася міласэрнасьць штатная, ты йшоў да Службы па Справах Моладзі й Грамадзкасьці, а ў сваю чаргу ласка фэдэральная ўвасаблялася ў Сацыяльнай Службе. Усе яны, згодна з назіраньнямі й думкамі старога Дэлейні, мелі больш занятку, чымсьці цырульнік. У любой зь іх можна было заўсёды сустрэць тых самых патармошаных і падбітых жонак ды мужчын, якія некалі працавалі на бойнях Хоўмбуша або Рывэрстоўна, ці на заводзе пагрузчыкаў у Флэмінгтане, ці ў цяжкім машынабудаваньні ў Клайдзе. Будучы работнікамі, яны голасна выказвалі сваю незадаволенасьць і штотыдзень куплялі латарэйныя білеты, зьбіраючыся чакаць нават усё жыцьцё, пакуль багі лічбаў акажуць ім ласку. Цяпер сталі задумёнымі, страшна пакорлівымі, нядбала галіліся, і нейкі мох неспакою засеў у разорынах іхніх твараў. Яны спрабавалі рабіць самакруткі, тоненькія з тоненькіх, чакаючы, пакуль распараднікі невялікіх шчадротаў знойдуць час заняцца іхнімі справамі.

Яны былі з тых мужчын, сярод якіх Тэры Дэлейні, як яму думалася, ніколі ня сеў бы побач. Аднак калі ён ахвяраваў цэлым працоўным днём, седзячы сярод гэтых мужчын і жанчынаў і чакаючы юрысконсульта, каб зь ёю пагаварыць, у яго ўжо не засталося годнасьці нават настолькі, каб выясьняць, што ён прыйшоў сюды дзеля каханьня, а не дзеля нястачы. І цяпер, будучы ў адчаі, ён ужо ведаў, чаму людзі прыходзяць у такія месцы. Бывае, проста ня маеш іншага выйсьця, як чакаць, што адзін з тых службоўцаў зможа выцягнуць з–за свайго пісьмовага стала бліскучы адказ.

Дэлейні прыйшоў туды якраз па такі адказ. Ён растлумачыў, якім чынам Данела Кабел сталася заложніцай разам зь дзіцём, як яны сталіся заложнікамі вар’яцтва старога Рудзі.

— Вы сьцвярджаеце, што вы — бацька гэтага дзіцяці? — спыталася ў яго юрысконсульт, калі яго нарэшце паклікалі да яе стала. Яна была малой смуглявай дзяўчынай, з выгляду як грачанка.

— Я рэгістраваў яе нараджэньне, другога красавіка 1984, — сказаў Дэлейні, дастаючы мэтрыку нараджэньня й кладучы яе на стол перад дзяўчынай. Дзяцінная супрацоўніца сацыяльнай службы. Я аддаю маю дачку ў рукі гэтай наведвальніцы сэмінараў. Рукі ў дзяўчыны былі тонкія, што палачкі. Дэлейні пабойваўся, што яна, праўдападобна, адна з тых вэгетарыянцаў з цэнтру. Яе цела было няздатнае дзеля паратунку ягонай дачкі.

Ён паказаў свой дазвол на кіраваньне аўтамашынай.

— Гляньце сюды. Гэткі самы подпіс, што й на рэгістрацыйным пасьведчаньні. Я хачу прасіць, каб хтосьці паехаў і паглядзеў той дом. Без электрычнасьці, без абаграваньня. Наколькі я ведаю, ваду таксама адключылі. Як яны могуць падагрэць бутэльку для дзіцятка? Без электрычнасьці?

— Калі ўмовы сапраўды такія, як вы апісалі, — сказала дзяўчына, — я буду мець падставу, каб забраць немаўля з–пад матчынай апекі. Гэта ня значыць, што вашу дачку аўтаматычна аддадуць вам. Вам трэба будзе пісаць просьбу аб прызнаньні апекі асобна. Можа аказацца патрэбным пасяліць маці разам зь дзіцём, калі яно яшчэ корміцца грудзьмі.

Вобраз Аляксандры пры Данелавых грудзях напоўніў яго галавакружнай надзеяй.

— Забярэце маё дзіцятка з таго дому, — папрасіў ён. — Я сам не магу, бо Уорык Кабел прыгразіў мне сваёй дубальтоўкай, калі я туды пайшоў. Але яны ня зробяць нічога падобнага вам, бо вы прадстаўляеце ўладу.

— Ох, — яна кісла ўсьміхнулася, — вы хочаце выставіць мяне пад агнястрэльную зброю, містэр Дэлейні.

— Я ня супраць выставіць сябе самога — я гатовы на ўсё. Але гэта не дапаможа.

Ён ня быў у стане растлумачыць ёй, што яна будзе цалкам у небясьпецы, што Кабелавы хлопцы будуць законапаслухмяныя й ветлівыя. Яны ж былі ветлівыя з тым чалавекам, які прыйшоў адключыць ваду. Нягледзячы на той арсэнал, што быў у іхнім доме, яны добра ведалі, у чыіх руках знаходзіцца ўлада ў гэтым сьвеце перад Хваляй. Таму ён быў упэўнены, што Кабелы падпарадкуюцца нават кволенькай ўладзе гэтай дзяўчыны.

— Ці можаце вы ўзяць з сабою паліцыянтаў, каб пайшлі з вамі? — спытаўся ён.

— Безумоўна, магу. І вазьму.

Яна пасяліла ў ім хмяльную надзею.

— Магчыма, што ўжо ня сёньняшнім днём, містэр Дэлейні, — сказала яна. У ейным голасе была выразная чутна зморанасьць клопатам аб добрай сотні пакрыўджаных дзяцей.

Ён праехаў тры мілі па аўтастрадзе да Кабелаў і паставіў машыну ў трохкутніку каўчукавых дрэваў паміж чыгуначнай лініяй і чародкай малых гарадзкіх дамкоў. Яны былі зь нейкімі прэтэнзіямі на архітэктурнасьць. Дэлейні падумалася, што іх спраектаваў, пэўна, гэткі ж архітэктар, як той, у Кірыбалі, які насіў кашулі з адкрытым каўнерам і езьдзіў на БМВ. Ён ведаў таксама, што нягледзячы на знадворную прэтэнцыёзнасьць праекту, у Кабелавым доме не было ніякіх прэтэнзій, нічога на сьценах, ніякіх лямпаў ці нават сьвятла.

Асьцярожна прайшоўшы дваццаць крокаў ускраем гэтага малога астраўка дрэваў, Дэлейні ўбачыў Уорыка Кабела, які сядзеў на лапіку газончыка побач зь дзіцячай кашолкай. У ёй, мусіць, ляжаў аб’ект спрэчкі — дачка, якую Дэлейні запісаў Аляксандрай. Ён адчуў удзячнасьць да Кабелаў за тое, што яны выносілі дзіця на паветра, не забывалі апекавацца ім сярод сваіх шалёных праектаў. Дзіця, відаць, падало голас з кашолкі, бо дзядзька Уорык крыва ўсьміхнуўся. Дзядзька Уорык, спэцыяліст па пастках з узрыўчаткай, майстар па ўжываньні пісталетаў магнум і стрэльбаў.

Усьмешка Уорыка чамусьці выклікала ў Дэлейні імгненную страту веры ў дзяўчыну са Службы па Справах Моладзі й Грамадзкасьці, дзеля перакананьня якой ён змарнаваў паўдня. Я павінен выкрасьці дзіця, забраць Данелу. Мне ня трэба было траціць паўдня на гутарку з той вэгетарыянскай супрацоўніцай сацыяльнай службы.

Уорык падняў сьцябліну травы й паклаў яе ў кашолку, як падарунак. Дэлейні ўявіў сабе дзіцячыя пульхныя ручкі, якія цягнуцца зь дзіцячага пледзіка па травінку, як па нейкі скіпетар.

Апоўдні Уорык падняў кашолку зь дзіцём і накіраваўся ў сярэдзіну пакоя, як быццам прыйшоў час накарміць яго й пакласьці спаць, як быццам добраўпарадкаваная электрычнасьць далей ішла ў дом па правадох, а вада грамадзкага здароўя працягвала бруіць у трубах.

Мінулі яшчэ дзьве гадзіны. Ад Сініх Гор да Параматы, і ад Рычманда да Пэнрыту расьцягнулася вялікая парахвія нешчасьлівых і неўладкаваных дзяцей, нібыта чуўся яму голас юрысконсульта. Ягонае нешчасьлівае і неўладкаванае дзіцё мусіла чакаць свае чаргі. Ён чакаў, і сьлінкі яму набягалі не ад смактаньня каменьчыкаў, а ад разважаньня над тымі хадамі, якімі ён мог бы пакарыстацца. Дзеля дзіцятка ён мог бы ахвяравацца: аплаціць рахункі Кабелаў, хоць для іх адключаная электрычнасьць не стварала ніякай праблемы — яны дазволілі, каб Уорык, які быў некім накшталт выканаўцы ў іхнім раі, прагнаў яго ад парога адной са сваіх стрэльбаў. Ён мог бы заплаціць свайму сябру Браену Стэнтану, каб той дапамог яму выкрасьці дзіця, але Стэнтан быў на ўмоўным звальненьні, чакаючы справы аб ненаўмысным забойстве, і Дэлейні быў ягоным паручальнікам. І ён мог чакаць у цені каўчукоўцаў, на прыемным восенскім паветры, у ціхім зумканьні паміраючых казюрак, чакаць прыезду тае вэгетарыянкі, няхай сабе й хударлявай, але падмацаванай валаконцам закону.

Была ўжо другая апоўдні, калі ён убачыў, як да Кабелаў пад’яжджае машына, але не зь юрысконсультам, а з мужчынам у гарнітуры. За ягоным камадорам пад’ехала машына з двума паліцыянтамі. Адзін зь іх, як зразумеў Дэлейні, быў Стыў Рэмідж, абаронца зь мясцовага клюбу. Я пацягнуў за вагар, аб якім нават ня думаў. Цяпер мяне ведаюць паўсюды. Я скрышыў сківіцу, мяне на шэсьць месяцаў адставілі ад матчаў — праз гэтую адстаўку я на больш відным месцы, чымсьці калі падаваў надзеі, як паўабаронца. Дубіньнікі ў клюбе зробяць для мяне ўсё.

Чалавек у гарнітуры пагрукаў у дзьверы. Адчыніў Уорык. Дэлейні спадзяваўся гэтага: Уорык быў прадстаўніком Кабелаў у вонкавым сьвеце. Уорык адказваў на ўсе звароты. Паміж Уорыкам і чалавекам у гарнітуры, як здавалася, завязалася ветлівая й зьмястоўная размова; гаварылі яны спакойна, і Дэлейні нічога ня мог дачуцца. Чалавек уручыў Уорыку складзены ў столку дакумант. Дэлейні адразу ўсё зразумеў. Гэта было высяленьне. Ён быў упэўнены, што Уорык пачне тлумачыць, маўляў, дзіцятка яшчэ сьпіць і некаторыя рэчы трэба будзе спакаваць — прыкладам, дапаможнікі па выбуховых матар`ялах.

У вакне на другім паверсе паказалася на дзьве-тры сэкунды Данела, ахайная бялявая жанчына ў сукенцы з набіваным расьлінным карункам і швэдры, накінутым на плечы каптуром. Яна незварушна паглядзела ўніз на вялізнага маладога паліцыянта, які праводзіў агента наёмнага бюро з позваю аб высяленьні да яе дзьвярэй. На ўскрайку зарасьніка Дэлейні страпянуўся й прыткнуў да рота запясьце свае рукі.

— Ах, ты няшчасная вар’ятка, — прашаптаў ён біцьцю свайго пульсу. Ён амаль адчуваў цемру дому, што брыняла й варушылася за ёю. Яна спакойна адвярнулася ад вакна, як быццам да кагосьці ззаду, хто да яе загаварыў.

Ты выйдзеш з тае цёмнае праклятае нары. Тае пячоры без вады й току. Ён мог бы кінуцца цераз дарогу і паабяцаць агенту аплату за месячны чынш наперад, калі б гэта магло дапамагчы. Кабелы аднак жа страцілі цікавасьць да чыншу, як, зрэшты, да вады й току. Кабел усё яшчэ меў зброю вартую тысячы даляраў для аматараў; дом быў абстаўлены зброяй усё адно як мэбляй. Ён мог бы прадаць палову арсэналу Дзядзькавай Аховы і ўсё яшчэ мець дастаткова зброі, каб раскруціць новую фірму або невялікую рэвалюцыю.

У дзьвярах Уорык папрасіў выбачэньня й пайшоў у сярэдзіну. Дзьверы засталіся адчыненымі. Чакаючы, агент па найме павярнуўся да канстэбляў, і яны ціха загаварылі між сабою, спрактыкаваны майстра ды — як падалося Дэлейні — сумныя памочнікі пры высяленьні. Як сказаў бы ягоны бацька, стары Грэг, калі бачыў маладых паліцыянтаў: “Пакарыстайся рабочай клясай, калі хочаш даць рабочай клясе ў сраку“. Калі б толькі справа Кабела была яшчэ адным выпадкам клясавай барацьбы.

Нявыключана, што зараз магла выйсьці Данела з Аляксандрай на руках. Яму мроілася, што высяленьне зможа адарваць яе ад бацькі адно сваім кумулятыўным узьдзеяньнем. Найперш забралі сьвятло, потым ваду, цяпер дах над галавою. Гэта мусіць займець свой уплыў на кемную дзяўчыну, пасеяць у ёй зярнятка сумневу. Не нахлынула аніякая Хваля, не распусьціўся аніякі ледавік. Пустыня далей заставалася пустыняй. У Аерс Рок далей ліў той сраны дождж. Мара далей заставалася той самай марай. Рудзі Кабел ня даў ёй нічога акрамя цёмнага будана, у якім нельга было нават падагрэць немаўляці малака ці даць яму грудзі ў сякой–такой выгодзе.

Дэлейні ў ягонай каўчукавай зацені падалося, нібыта сям’я Кабелаў пачала перасоўваць хатні спрат — як быццам камоду ці пасудную шафу. Маладыя паліцыянты вырачылі б свае вочы, калі б убачылі Рудзіна ўзбраеньне, але Рудзі адно ўсьміхнуўся б і паказаў бы ім сваю візытоўку, на якой стаяла “Дзядзькава Ахова“. Ягоная пастава — сумленнага прафэсіянала, чыя фірма ў цяжкі час сама патрапіла ў несамавітае становішча — задаволіла б іх толькі часткова. Дэлейні ўсьвядоміў з пачуцьцём раней нязьведанай радасьці, што Рудзі Кабел аніякім чынам ня мог выставіць сваю ўласнасьць на сонечнае сьвятло перад домам, не прыцягваючы ўвагі адразу некалькіх урадавых ведамстваў, уключна з паліцыяй штату Новая Паўднёвая Валія й Службай па Справах Моладзі й Грамадзкасьці, у якой працавала кашчавая грачанка. Рудзі быў бы вымушаны заняцца новым клопатам. Сям’я пад сьледзтвам разьляцелася б, і Дэлейні падабраў бы два аскялепкі, якія былі ўсім, чаго ён хацеў ад жыцьця.

Зноўку яму падалося, нібыта ён чуе гойстры шоргат мэблевых кольцаў аб падлогу на другім паверсе гарадзкога дамка Кабелаў, аднак ніхто не паказаўся ў дзьвярах, каб вытлумачыць замаруджаньне наёмнаму агенту й паліцыянтам. Дэлейні ўбачыў, як агент па найме набліжаецца да прачыненых дзьвярэй, гукае на кухню, прачыняе дзьверы шырэй, складае свай далоні ў трубку й галёкае паўз сходы наверх. На момант адварочваецца да паліцыянтаў, і ўсе трое ўваходзяць у сярэдзіну. Не далей чымсьці праз паўтары хвіліны агент вылятае зь дзвярэй, падае на траўнік, дзе Аляксандра ляжала сёньня ў сваёй кашолцы, і коціцца, як працяты раптоўным болем. Дэлейні падумалася, што гэта Рудзі ці, больш верагодна, Уорык прыстрэліў чалавека, або, можа, пачалася рэвалюцыя. Абодва паліцыянты выбеглі з дому выпрастаныя, і адзін зь іх нахіліўся над агентам, каб даць дапамогу. Другі, той спрытны абаронца, дабег да паліцыйнай машыны й схапіў мікрафон радыётэлефону.

Дэлейні выскачыў з свае схованкі між каўчукоўцаў і спрынтэрскім тэмпам махнуў праз адкрытую прастору да пад’язной дарожкі. Канстэбль Рэмідж павярнуў да яго твар, бяскроўны, пазбаўлены зьместу да такой ступені, што ён здаваўся ня больш, чымсьці пустой асновай.

— Святы Божа, Дэлейні! — выкрыкнуў Рэмідж, пачынаючы плакаць. — Хто яны, гэтыя людзі?

2.

Дэлейні першы раз сустрэўся з Рудзі Кабелам у парку аднае парнае начы, а трэцяй гадзіне, у студзені 1984. Паўднёвы вецер, якога жыхары з сыднэйскага боку заўсёды чакаюць парнымі начамі, не зьявіўся, але прагнозы надвор’я запэўнівалі няшчасных насельнікаў, што ён прыпозьніцца й прыйдзе ўраньні, здымаючы душнасьць і прывяртаючы кожнаму добрае самаадчуваньне. Дэлейні з сваім напарнікам Стэнтанам, хоць і працавалі асобна, заўсёды сустракаліся над раньнем, каб папіць кавы з тэрмаса, які прыносілі па чарзе.

Дэлейні й Стэнтан, як супрацоўнікі Замкавай Аховы, адказвалі за шэраг маёмасных аб’ектаў, уключна з прадстаўніцтвам Субару й Сельскім Банкам. Прынамсі, Стэнтан называў яго Сельскім Банкам, падобна як на Заходнеакіянскі працягваў гаварыць Банк Новай Паўднёвай Валіі. “Можаце жыць у Новай Валіі“ — гучаў колішні лёзунг штату Новая Паўднёвая Валія. “Можаце выць ад новай жаліі“ — любіў пагаворваць Стэнтан аб Сельскім Банку, цяпер перайменаваным у Штатны.

Рэстаран Сан Ра таксама знаходзіўся пад апекай Дэлейні й Стэнтана, як і гандаль прычэпамі ды склад, завалены высьцілкамі купальных басэйнаў. Гэтыя апошнія сінелі сваімі бакамі як гіганцкія купальныя тазы для немаўлят, як — акрэсьленьне Браена Стэнтана — начныя гаршчкі жахотнага Гулівэра. У кола абавязкаў Замку ўваходзіў таксама будынак начнога клюбу зь сялібай. Падчас сваіх патрульных абходаў Дэлейні бачыў шмат падпітых, якія позьняй ноччу сядалі ў свае камадоры й ад’яжджалі зусім бясьпечна, прынамсі да аўтастрады, на якой магчымасьць людабойства нельга было выключыць ніколі.

Тае начы, калі яны сустрэліся з Кабелам, Дэлейні са Стэнтанам выйшлі з вулачкі за супэрмаркетам Фрэнкліна і ўбачылі Кабела, які сядзеў у парку каля канцэртнай пляцоўкі з раскладзеным перад сабою падмацункам на начную зьмену, нібыта выбраўшыся на пікнік ля апусьцелага гандлёвага цэнтру. Ён выглядаў надта дзіўна ў сваім сіняй уніформе — гэта ня быў той сіні колер, у якім ходзіць большасьць ахоўнікаў, а, як падумалася Дэлейні, сіні колер чужаземнага адценьня. Дэлейні таксама адзначыў — мяркуючы зь нейкага духу варожасьці, які йшоў ад ягонага сябра — што спакойнае перажоўваньне таго чалавека насьцярожыла Стэнтана.

Калі яны падыйшлі бліжэй, Дэлейні заўважыў, што верхні гузік на каўнерыку мужчыны быў расшпілены, прыдаючы яму яшчэ больш чужаземны выгляд. Да каўнерыка ён меў прычэпленыя два медзяныя значкі ў выглядзе чатырох пярсьцёнкаў, сплёт якіх нагадваў крыху алімпійскія колцы, хоць іх было толькі па два зьверху і ўнізе. Стэнтан падыйшоў да мужчыны з той сардэчна-варожай манэрай, якую ён падхапіў у паліцыйных сілах Новай Паўднёвай Валіі.

— Ласуемся нашым надзённым? — спытаўся Стэнтан.

Чалавек быў высокага росту, арыйскага выгляду, прадаўгаватая галава нагадвала кулю з пругкімі бялявымі валасамі, якія месцамі пераходзілі ў сівізну.

— А вы не пачастуецеся? — спытаўся чалавек, падсоўваючы пакет з сэндвічамі да Стэнтана й прыхаматліва зводзячы яго да становішча жабрака. Стэнтан з падзякай адмовіўся й пагрозьліва заварушыў плячыма пад сіняй кашуляй. Але гэтае выпінаньне мускулаў толькі прыніжала ягоны аўтарытэт. Магчыма, гэта мела б нейкае значэньне, калі б ён далей быў паліцыянтам. Тады б яно дало зразумець грамадзяніну, нават гэтаму чужаземцу, што Стэнтан думае аб магчымых правакацыях і абвінавачаньнях — супраціўленьне пры арышце, ужываньне вульгарных і непрыстойных выслоўяў, наўмыснае зьнішчэньне паліцыйнай уніформы.

— Вы працуеце для Замку, — сказаў чалавек, прачытаўшы таблічкі на іхніх кашулях.

— Я калісьці працаваў для Бастыёнаў. Гэткія намёкі на сярэдневяковыя фартыфікацыі! Цяпер у мяне свая ўласная фірма.

Чалавек выняў з нагруднай кішэні пачак службовых візытовак й вылузаў адну для Дэлейні, а потым адну для Стэнтана. На візытоўцы быў малюнак з чатырох колцаў, пад імі йшла назва фірмы — “Дзядзькава Ахова“, а спадысподу яе — вялікімі літарамі: Рудзі Кабел, дырэктар. Зь візытоўкі вынікала, што Рудзі Кабел, калі й не належаў да князёў капіталу, дык у кожным разе быў мясцовым шляхціцам. Ягонае бюро знаходзілася ў Парамаце; у яго працавалі пяць чалавек. У Пэнрыце ён меў пад аховай некалькі пунктаў продажу аўтамашынаў, судапастаўшчыка, які абслугоўваў нядзельных лодачнікаў на рацэ Ніпін, і лесасклад.

— Маё сапраўднае ймя — Радаслаў, — сказаў Кабел і паўтарыў яго па літарах. — Але аўстралійцам не пад сілу яго вымавіць.

Стэнтан памякчэў настолькі, каб выпіць паўкубачка кавы з Кабелавага тэрмасу.

— Мае сыны, Уорык і Скот, таксама працуюць у мяне, — прызнаўся чалавек у вадказ.

Сямейная фірма не выклікае такога самага даверу, як тая, у якой працуюць абсалютныя чужынцы.

— Уорык і Скот, — буркнуў Стэнтан. — І ня блізка да Рудзі, што?

— Мая жонка захацела даць ім аўстралійскія ймёны. Цяпер мы разьведзеныя, аднак жа ймёны застаюцца. Што да мае дачкі... яна абслугоўвае наш сувязны цэнтар... гэта я настаяў на яе імені. Яе завуць Данела, па сваёй маці. Данела — гэта францускае ймя.

— Аднак Кабел — гэта не францускае, га? — Стэнтан не зусім зьнелюбіў усё францускае. Людзі, якія калісьці парнулі яго нажом, належалі да больш паўднёвай і смуглявай пароды, чымсьці гэты чалавек.

— Гэта беларускае.

— Яшчэ раз?

— Беларусь. Белая Русь. Беларутэнія.

— Дзе яно такое ёсьць? — спытаўся Стэнтан.

— Гэта краіна малака й мёду, якой ніколі не дазвалялі стаць самастойнай, — растлумачыў Рудзі Кабел. — Краіна лясоў, раўнінаў і невялікіх узгоркаў. Ці чулі вы пра Літву, пра Балтыю?

Стэнтан і Дэлейні кіўнулі, хоць іхнія геаграфічныя веды не былі зусім дакладныя, і чалавек гэта ведаў.

— Гэта на ўсход ад Польшчы. Калі хочаце ісьці з паходам на Расею, як гэта часамі бывала, па дарозе мусіце прайсьці празь Менск. Менск — гэта сталіца.

— Ага, — сказаў Дэлейні, які палепшыў сваю арыентацыю ва Ўсходняй Эўропе праз захапленьне Лехам Валенсам. — Дык вы з Расеі?

— Так сказалі б саветы. Я сам так не кажу. Я беларус. У нас іншая мова й вера. Прынамсі ў некаторых з нас. Калі б на сьвеце была справядлівасьць, мы былі б самастойным народам.

— Як куінслендцы, — выказаў здагадку Дэлейні. Ён бачыў, што Кабел нахмурыўся, але потым пастанавіў зьмірыцца з гэтым нявінным жартам наконт аўстралійскага рэгіянальнага сэпаратызму. Кожны раз, калі ён пазьней задумваўся над натурай Кабела, над тым, ці можна Кабела назваць фанатыкам, Дэлейні прыгадвалася тая парная ноч і Кабелава згодлівая ўсьмешка, зь якою ён пагадзіўся на адвольнае прыраўнаньне Беларусі да Бананаляндыі.

— Можна сказаць, як куінслендцы, — урэшце прызнаў Кабел. Але, сказаў ён, куінслендцы маглі прынамсі рабіць свае ўласныя памылкі. У іх быў Бар’ерны Рыф, якім маглі распараджацца па-свойму. У іх былі трапікальныя лясы, якія яны маглі пляжыць і дратаваць. А ўсе беларускія скарбы былі зьнішчаныя палякамі, літвакамі й, перш за ўсё, расейцамі. Прыкладам, беларусы даражылі пародай сваіх бізонаў, такіх як амэрыканскія, на якіх паляваў Бафала Біл. — Вы пра гэта ня ведалі, хлопцы, га? — спытаўся ён у Стэнтана й Дэлейні, падміргнуўшы ім, нібыта актор у камічнай опэры. Хоць Дэлейні адказаў, што не, Стэнтан пастанавіў занішто не прызнавацца да няведаньня беларускага зьвярынага сьвету.

Іхні бізон называўся зубрам. Ён напісаў гэтае слова на адваротным баку аднае зь візытовак Дзядзькавай Аховы. Яны жылі ў Белавескай пушчы. Расейцы й немцы, іхнія дзьве вялізныя арміі, зьвялі іх паляваньнямі падчас Першай і Другой сусьветных войнаў. — Калі што да іх не належыць, — сказаў Кабел, — дык расейцы на тое серуць. Усе іншыя беларускія скарбы напаткаў той сам лёс, што й зубра.

— Амэрыканцы таксама сволачы, — сказаў Стэнтан, ня столькі, каб падтрымаць Кабелава сьцьверджаньне, а каб ураўнаважыць яго ідэалягічна. У сапраўднасьці Стэнтан быў вельмі праамэрыканскі, аднак яму хацелася неяк асадзіць гэтага кемнага чужака.

— Абодва іхнія валадарствы — несправядлівыя, — прызнаў Кабел. Ён скоса глянуў на Дэлейні. — Але калі б вы прадстаўлялі, скажам, касьмічную сілу, і вам трэба было б выбіраць, дык на чый бок вы сталі б?

— На амэрыканскі, — сказаў Дэлейні, усьміхаючыся ад нададзенай яму ролі баства. — Прынамсі часова. Каб паддаць ім маху, як думаю.

— Менавіта, мой разумны сябра, — сказаў Кабел. Дэлейні падалося, што тон у таго стаў пратэкцыянальным. — На нейкі час. Ніводнай сіле не наканавана вечнасьць, трываньне назаўсёды.

Тады ён папрасіў выбачэньня. У яго быў кантрактны работнік непадалёку, у раёне Маўнт Друйт, і яму трэба было прыгледзець за ім.

— Ці ўсё яны носяць гэткія ўзаед туркусовыя уніформы, як у вас? — пацікавіўся Стэнтан.

— Гэта фірмовая уніформа, — працэдзіў Кабел цьвёрдым, хоць не аўтарытарным тонам. І гэты факт прыгадаўся Дэлейні пазьнейшым часам. — Кашуля шырэйшага крою. Усё гэта дзеля вашай выгоды, мужыкі, — ён вымавіў мужыкі неяк асабліва, — бо вашы кашулі абцягваюць цела й нагадваюць турэмнікаў накшталт Робэрта Рэдфарда ці некага такога. А нашы кашулі пакідаюць месца на слой паветра паміж матар`ялам і целам, а ў такі вечар, як сёньня, слой паветра надзвычай пажаданы.

Дэлейні успацеў яшчэ больш ад гэтай гутаркі аб прахалодных месцах пад вопраткай, і ягоная кашуля, нібы абруч, сьціснула мокрыя плечы.

[......]

3.

Для Дэлейні й Стэнтана — разы чатыры на тыдзень, а сама менш тры, — стала звычайнай справаю, калі яны, выйшаўшы з вулачкі за супэрмаркетам Фрэнкліна, сустракалі Кабела ў мешкаватай уніформе, які сядзеў за паркавым столікам ля канцэртнай пляцоўкі. Тэрмас і запас булачак, якіх ня зьеў бы нават абжора гэтай раньняй гадзінай, што была парой падмацунку для ахоўніка, чакалі ў вялікім пакунку на століку перад ім, як быццам выстаўленыя на продаж, як быццам Кабелу сапраўды — як сказаў Стэнтан — больш падабалася быць адным з тых падаўстралізаваных уласьнікаў гастраноміі. Нарэшце й Стэнтан стаў выпіваць поўны кубак Кабелавай кавы. Яна мела спэцыфічны смак і была вельмі салодкая, дзіўнай густой слодыччу. Дэлейні гэты напой стаў зьвязвацца зь беларускай адметнасьцю, як нейкі доказ на апраўданьне беларускіх памкненьняў да апрычонасьці.

— Ахова, — любіў пагаворваць Рудзі Кабел падчас гэтых спатканьняў, — гэта хваля будучыні.

Дэлейні заўважыў, што Кабел часта ўжываў у гутарцы вобразы хваляў, ачышчальнага агню й землятрусаў, якія пройдуцца па зямлі, спустошваючы яе й ачышчаючы. Але перад тым, як усё будзе зьмецена дашчэнту, ахоўнікаў чакала вялікая будучыня. Кабел удзельнічаў у сэмінары ахоўнікаў у Лос Анджэлесе і паведаміў ім, што ў той мэтраполіі ахова сталася індустрыяй, у якой працуюць сотні тысячаў чалавек. Адна рэзыдэнцыя ў Бэвэрлі Гіл, прыкладам, давала працу тром або й чатыром ахоўнікам. Тое самае мела паўтарыцца й тут, бо Сыднэй ўжо ня быў тым нявінным і глухім горадам, у які калісьці эміграваў ягоны бацька.

— Тая самая хваля, што сёньня папалудні разьбіваецца аб Заходні Бераг, заўтра ўраньні разаб’ецца аб пляж Бондзі, — пагаворваў Кабел.

Бацька Дэлейні часта паўтараў думкі Кабела, хоць ён ніколі й не сустракаў гэтага беларуса. Старэйшы Дэлейні памятаў Пэнрыт з таго часу, калі на Вялікай Заходняй аўтастрадзе яшчэ не было сьветлафораў. Маёмасьць усю ноч заставалася без аховы пад круглаватай вясковай поўняй — бо ў тыя часы Пэнрыт лічыўся мясцовасьцю, якая знаходзіцца па-за межамі мэтраполіі. Тое, што ў часы дзяцінства старэйшага Дэлейні было самым сьціплым і някідкім паркінгам, аптэкай ці мэблевай крамай, цяпер вымагала ахоўнікаў.

Стэнтан і надалей ставіўся непрыхільна да ўсходнеэўрапейскіх зацяжных гамонак Кабела, але Дэлейні быў сустрэчамі задаволены. Іншая рэч, што зусім няцяжка было зацікавіць ахоўніка, у якога быў самы нудотны занятак на зямлі, калі не лічыць шарагоўца ў пяхоце.

— Нічога сабе жыцьцё, спадары, — сказаў аднае начы Кабел сваёй знакамітай, хоць няўпэўнена вымаўлянай ангельскай мовай. — Грамадзтва дайшло да тае мяжы развалу, што стала патрабаваць нашых ненадакучлівых паслугаў, хоць яшчэ не ў такім памеры, каб мы не маглі пасядзець тут каля падмосткаў пасярод глухое начы й зьесьці нашу каўбаску з чырвонай капустай. Мы носім зброю, якой ніколі не ўжываем, хіба што, як прыдараецца некаторым ахоўнікам, выпадзе папільнаваць нейкія філіі Заходнеакіянскага банку. Аднак уявіце сабе наступнае. Лядовае покрыва Антарктыды растае і ўзровень мора падымаецца на семдзесят мэтраў, затапляючы банкі, якія, як вы пэўна заўважылі, заўсёды стаяць на ўзьбярэжжы. Пляжы перасоўваюцца да падножжа гор, а грошы губляюць усякае значэньне — калі справа ў грошах, дык яны й цяпер ня маюць ніякага значэньня, а падтрымоўвае іх тая самая вера, якой вераць у Чыстае Зачацьце, скажам, неістотная справа. Калі гэта станецца, ніхто ня выступіць у ролі спадара Ахоўніка. — Ён адкусіў булачкі. Потым спытаўся:

— Ці Замкавая Ахова дазваляе вам штодня забіраць з сабою зброю дахаты, панове?

— Гэта справа фірмы, — адказаў Стэнтан.

— Ну, так. Безумоўна так. Справа фірмы. — Ён пры гэтым расьсьмяяўся, як быццам ён меў агентаў, якія трымалі яго ў курсе Замкавых паблажак.

— Значыць, вы забіраеце зброю ад усіх сваіх людзей пад канец кожнай зьмены? — спытаўся ў яго Дэлейні.

— Я мушу так рабіць. Я не магу сабе дазволіць на падтрымоўваньне сяброўства зь людзьмі ў паліцыі, якія заплюшчваюць вочы на гэта. Я не магу дазволіць на ўжываньне маёй фірмовай зброі ў хатніх спрэчках і іншых прыватных справах. З-за двух чалавек, такіх, як вы, я не турбаваўся б. Калі б гэта залежала толькі ад мяне, я б вам сказаў: бярэце дахаты вашу зброю. Аднак у гэтай дзялянцы поўна расчараваных паліцыянтаў і каўбойскіх самадураў.

Усе змоўклі, і Дэлейні ведаў, што першы адзавецца Стэнтан.

— Я калісьці служыў у паліцыі, — урэшце выціснуў Стэнтан. — І я не сказаў бы, што так ужо халерна расчараваўся. Мяне звольнілі па няздатнасьці здароўя.

Стэнтан часта так гаварыў, намякаючы на пэнсію ці страхоўку. Дэлейні, з выпадковай заўвагі, зробленай Дэнісай Стэнтан, ведаў, што ў жыцьці Стэнтанаў не было ніякай такой падмогі, што Браен і Дэніса Стэнтаны ды іхнія дзьве дачкі, летуценьніца й настырніца, жылі без аніякай ільготы ад штату Новая Паўднёвая Валія. Аднак была гэта бясшкодная мана з боку Стэнтана, і Дэлейні ня выдаў яе перад Кабелам.

— Па няздатнасьці здароўя, — сказаў Кабел. Гэта загучала тонам братэрскай турботы.

— Нічога сур’ёзнага, — сказаў Стэнтан.

— Значыць, — сказаў Рудзі Кабел, —ты маеш той каштоўны прафэсійны досьвед?

— Пэўна, што маю. А вы?

— Я не, — прызнаўся Кабел. — Можна сказаць, што найбліжэйшае дачыненьне да паліцыйнай службы я меў, калі мой бацька быў начальнікам паліцыі ў горадзе Старовічы ў Беларусі. Я ня думаю, каб тамтэйшы статут быў дужа падобны да службы ў Новай Паўднёвай Валіі. — Ён паставіў свой тэрмас перад Стэнтанам. — А ты, Тэры?

— Не, дзякую.

— Я пытаюся, ці ў цябе таксама ёсьць паліцыйны досьвед?

— Не, Рудзі. Я замалады.

Кабел засьмяяўся з такога адказу. Стэнтан дадаў:

— Ён толькі бавіць сабе час у перапынках паміж матчамі рэгбі.

Усе расьсьмяяліся, а асабліва Дэлейні, які ведаў, як шмат было праўды ў гэтай заўвазе.

[......]

5.

Асьветлены месяцам паркавы столік на Вялікдзень быў завалены колавымі каўпакамі, якія грувасьціліся адзін на адным нібыта бліны; за столікам разам з Кабелам сядзеў малады чалавек, высокі й бялявы.

— Гляньце, сябры! — усклікнуў Кабел да Стэнтана й Дэлейні, калі яны выйшлі з вулачкі. — Вось гэта занятак па ахове для вас! — Ягоныя хлопцы адкрылі арганізаваную групу, якая крала каўпакі з аўтамашын прадстаўніцтва Аўдзі й Субару ля аўтастрады. Хадзілі чуткі, што яны робяць гэта ўздоўж усяе аўтастрады. — Гэтая шайка йдзе ранкам з каўпакамі да кіраўніка й кажа яму: “Мы якраз праходзілі і ўбачылі, як рэкецёры выймаюць вашы каўпакі. Такога не здарылася б, калі б гэта мы пільнавалі“. Квапяцца на заробак, бачыце, нават у гэты ўпадніцкі пэрыяд цывілізацыі, га? А фундамэнтальнае пытаньне для нас — ці прышрубаваць гэтыя каўпакі самім, чаго не рэкамэндуецца рабіць ўручную ў выпадку высокаякасных машын, ці, можа, занесьці іх раніцай кіраўніцтву са спадзяваньнем, што яно паверыць нашай вэрсіі й не падумае, быццам мы робім яму тую самую штучку, што й мафія з Параматы. Што б вы параілі?

— Занесьці яму гэта раніцай, — сказаў Стэнтан да Кабела зь бялявым маладзёнам, — а калі не паверыць, дык сказаць — няхай ідзе да д’ябла.

— Або, — азваўся Дэлейні, — занесьці яму гэта раніцай з копіяй лісту да Асацыяцыі, у якім вы падаяце скаргу на мафіёзную групу з Параматы.

— Якая да Асацыяцыі не належыць, — сказаў сьветлавалосы маладзён, які сядзеў насупраць Кабела.

— Так, але гэта прыдасьць вашай вэрсіі большай вагі, ці ж не? Дадатковы штуршок.

Кабел пачухаў сваё бялява-сівое цемя.

— У Аўстраліі поўна прыватных арміяў, — сказаў ён, — якія хаваюцца пад шыльдамі ахоўных кампаніяў. Іхняя мэта — не палітыка, як гэта было б у шмат якіх іншых краінах, а голая нажыва. Гэта, панове, мой сын Уорык.

Яны ўсе парукаліся. Стэнтан не хаваў сваёй прыязьні да Ўорыка, ягонага росту, вымаўленьня:

— Хлопец, ты жывы доказ, што ў наежджых можа быць аўстралійскае патомства.

Аднак Дэлейні здавалася, што Уорык надалей захоўвае ў сабе нешта ад чужаземнай адасобленасьці. Гэта было так, як быццам хлопец не зразумеў Стэнтанавай братэрскай кпіны, не адчуваючы ў ні жарту, ні абразы.

— Мой бацька — геній, — сказаў Уорык, слаба ўсьміхаючыся. — Гэтага мне хапае.

— Ну, так, — цягнуў неадступны Стэнтан. — Калі з твайго старога такі закончаны цуд, дык дзе тут месца на сцэне для таго Дзядзькі?

— Дзядзька — гэта мой сапраўдны дараднік, — сказаў Кабел. — У выпадку загрозаў, у якія вы не паверылі б, ці якіх не зразумелі б, ён бываў маім сапраўдным голасам, маёй адзінай аховай. Я і цяпер спатыкаюся зь ім, калі толькі захачу, у адной з кавярняў у Парамаце. Ён жыве наверсе, цяпер ужо старажыл, чалавек нявызначанага ўзросту. — Кабел усьміхнуўся. — Ён геній над геніямі. Калі б мае дзеці ня верылі ў мой надпрыродны відзеж, яны не дасталі б у мяне працы. — Ён выбухнуў раскоцістым сьмехам, у якім, як падалося Дэлейні, хавалася асаблівае значэньне.

— Я не даю веры таму, што ад вас пачуў, — упарціўся Стэнтан. — Значыць, у якім клятым месцы мне трэба перастаць?

— Не, не, спакойна, — сказаў Кабел. — Ад людзей я вымагаю толькі, каб яны лічылі мяне сумленным чалавекам.

— Нават гэтая вымога можа аказацца не пад сілу, — сказаў Стэнтан, беручы астатні кавалак Кабелавага сэндвіча.

Кабелаў сын Уорык пачаў зьбіраць імпартныя каўпакі. — Мне трэба вяртацца й пабачыцца са Скотам.

Кабел адарыў яго паглядам, поўным бацькоўскай чульлівасьці.

— У гэтага хлопца вялікая будучыня, — шапнуў ён Дэлейні.

Дэлейні быў упэўнены, што ягоныя бацькі ніколі так не казалі. Ягонае сьціплае пасьведчаньне аб заканчэньні сярэдняй школы яны не лічылі падставай для кар’еры. Ягонай кар’ерай мелася быць рэгбі. Яно мелася давесьці яго да пасады ў рэкляме або ў сэнсацыйнай журналістыцы. Ягоная праца ў начной ахове была часовым зручным заняткам, каб займець час на дзённыя трэніроўкі. Сыднэй аднак жа кішэў ад здольных паўабаронцаў, а да ўсяго гэтага іх яшчэ дакуплялі з Куінсленду ці Новай Зэляндыі, або нават імпартавалі з самой Англіі. (Стала аксыёмай, што кожны цьвёрда ўзгадаваны хлапец зь Ёркшыру з ахвотай ахвяраваў сваім задзірыстым асяродзьдзем дзеля шанцу гуляць і жыць у Сыднэі.) Кар’ера Дэлейні яшчэ не заквітнела так, як у свой час у Брата Оўбіна, ягонага трэнэра зь дзяцінства, ці так, як прадказваў Грэг Дэлейні, які да правілаў рэгбісцкай лігі ставіўся зь замілаваньнем, нібыта да нейкага працягу канону Сапраўднай Веры. Што мелася быць пасадай адно дзеля зручнасьці, сталася кар’ерай роўнай па значнасьці з гуляньнем на пазыцыі паўабаронцы. Без аднаго й другога нельга было б аплочваць дом, які ўпрыгожвалі гішпанская гасьцёўня й сталовы пакой спалучаны з кухняй, не было б і пасудамыйніка. (А Дэлейні інстынктыўна адчуваў, што якраз пасудамыйнік зьяўляецца наяўным знакам адрозьненьня паміж прасторай і цеснатой).

Ні Дэлейні, ні Стэнтан не адчувалі, каб Замак надта дацэньваў іхнія адмысловыя здольнасьці. Стары Кірні, кіраўнік, аднойчы намякнуў Дэлейні, што яго могуць павысіць на адміністрацыйную пасаду. Аднак фірма апынулася ў застоі. Увасабленьне шатляндзкага скупенды, Малкалм Фрэйзэр, заціснуў сваю руку з вузлаватымі шчыкалаткамі на горле эканоміі, а здалёк ішлі яму насустрач Мэгі Тэчэр, Каўбой Рэган, новазэляндзкая Пігі Малдун і размаітыя іншыя прыхільнікі дактрыны эканамічнага запору. Калі наступіла эра лёгкага паслабленьня, у фірме зьявіліся свае ўласныя праблемы, нейкі сакрэт, які кіраўніцтва старалася схаваць ад людзей на патрулях. Аднак быў гэта кепска прытоены сакрэт, бо Рудзі Кабел разгадаў яго для Дэлейні й Стэнтану на тым самым тыдні, калі яны бачылі каўпакі й пазнаёміліся з Уорыкам.

— Ці чулі вы, хлопцы, што Замак трапіў у бяду? Прабачце, я не хацеў бы вас трывожыць. Але Замак быў прымушаны разгледзець прапанову ўдзелу з боку Авангарду, і калі яна пройдзе, Авангард прывядзе сваіх людзей. — Кабел панізіў голас у пустым парку. — Паведамеце мне, калі з вамі выйдзе што–небудзь ня так. Я маю новы й даволі спакусьлівы кантракт. Працуючы ў мяне, вы будзеце як мая сям’я.

— Ці трэба нам будзе хадзіць у тых мешкаватых апранахах? — спытаўся Стэнтан. Але гэта была хутчэй за ўсё аўтаматычная ці рэфлекторная гіронія. Дэлейні ведаў, што Кабелавы шэпт пазбавіў ягонага сябра ўсялякіх аргумантаў, парушаючы няўстойлівую раўнавагу, якую той трымаў у жыцьці.

— Затое зможаш узяць сваю жонку пад прыпол, — сказаў Кабел сьмеючыся, — калі табе захочацца пагуляць у гарачага Стыва МакКуіна.

— Набліжаецца ўжо зіма, — сказаў Стэнтан.

Машына Дэлейні стаяла на рамонце. Адвозячы яго дахаты й мружачы вочы супроць прыцьмёнага, але шырокага сонечнага ўзыходу, Стэнтан урэшце разгаварыўся. (Гадзін колькі пасьля іхняга спатканьня з Кабелам ён галоўным чынам маўчаў.)

— Сваю вартасьць можаш зьмераць тым, што табе кажуць і хто табе гэта кажа. Калі чуеш аб звальненьні ад клятага дырэктара, гэта зусім іншае, чымсьці пачуць такое ад клятага бізанруса глухой ёбанай парою.

Гэта была зноў Стэнтанава прыдумка, каб назваць Кабела бізанрусам. Дэлейні сказаў яму звыклую рэч: што гэта можа аказацца няпраўдай.

— Я не хачу апынуцца ў сям’і таго сракачыста. Я лепш стану папіхайлам у Замку, чымсьці пайду ў ягоную сям’ю. — Стэнтан загамаваў перад белым домам Дэлейні. Нядаўна засаджаныя лімоннадухмяныя каўчукоўцы стаялі незварушна й, як яму хацелася думаць, чуйна ў першых праменьнях мяккага жоўтага сьвітаньня. Ён пачуваў сябе няёмка ад пабуджанасьці свайго настрою. Канец Замку прымушаў яго хапіцца іншых шанцаў, якіх ён павінен быў хапіцца пакуль у яго была магчымасьць. Ён моцна заціснуў вусны, хаваючы сваю ўсхваляванасьць. Ён ведаў, што Джына цяпер сьпіць. У яе быў сур’ёзны, глыбокі сон. Ягоным дзённым заданьнем было лагодна абуджаць яе да жыцьця.

Браену Стэнтану, які насіў шнары з папярэдняй, разладжанай кар’еры, Замак быў апошнім спадзяваньнем на свой хлеб для сябе і сваіх кабетаў.

Дэлейні выйшаў з машыны, аднак усьпёршыся на яе, прасунуў галаву праз вакно. Стэнтан адпусьціў гамульцы й пераключыў машыну на ход. Здавалася, што гэты занятак спрычыняе яму боль.

— Часамі на чалавека находзіць такое адчуваньне, што ён усяго на валасок ад круглай нікчэмнасьці, любы мой пасылач усяго ў сраку. Перадай прывітаньні тваёй этнічнай сябровачцы.

Ад’яжджаючы, Стэнтан тхнуў ня столькі каб уморанасьцю, як небясьпечным духам расчараваньня. Дэлейні падумалася, што такі якраз попах здольны наклікаць драпежніцкі лёс.

Пры наступнай выплаце ў капэрце Дэлейні аказалася ружовая позва. Такую самую атрымаў і Стэнтан. Нават Дэлейні гэта ўразіла, як абвестка аб нечаканай сьмерці й ня менш за тое агаломшыла.

— Звальненьне з двухтыднёвым папярэджаньнем, заплата за месяц належнага водпуску, — сказаў Стэнтан. — Я не пайду жабраваць. Я ня маю намеру тупаць да Дарадчай Фінансавай Службы ў тым клятым парку й растрасаць, як уладкавацца з сваёй клятай беднасьцю. Вось якраз у гэтую засраную дудку я дзьмуць ня буду. Лепш пайду рабаваць банкі.

У Стэнтана была змрочная драпежніцкая жылка. Загадчык фірмовага складу зброі быў чалавекам рыцарскіх паводзінаў, і Стэнтан меў надзею, што яму пакінуць ягоны пісталет калібру 9.65. Тады ён будзе мець яго дома ў шуфлядзе, як нейкі іншы варыянт. Дэлейні адчуў палёгку, калі новы кіраўнік аказаўся чалавекам дробязным і пажадаў мець усе адзінкі амуніцыі й зброі згодна з улікам.

Дэлейні пачаў рупіцца аб пасадзе, якую ён заўсёды прагнуў займаць. “Нешта ў гаўнавознай прамысловасьці“, падсумаваў ідэальны праект Дэлэйневага працаўладкаваньня Стэнтан. “Трэба быць сама менш Мэлам Гібсанам з навуковай ступеньню па мастацкай юрыстыцы“, прызнаўся блізкі сьлёз Дэлейні ў абдымках Джыны пасьля тыдня размоваў з загадчыкамі кадравых аддзелаў.

Стэнтан таргаваўся па менш фанабэрыстых установах, чымсьці спартовыя інстытуты й фірмы па наладжваньні грамадзкіх зносінаў, у якіх Дэлейні спрабаваў зачапіцца ў пачатку свае кар’еры. Людзі бяз працы, сказаў Стэнтан, усё роўна што дзікуны. Ён быў такім праклятым дзікуном. Ён мог бы забіць дзеля такога сраканадрыўнага занятку, як разладоўваньне скрынак з грузавікоў ад задняга ходу ў супэрмаркет, альбо дзеля некантрактнае працы ў транспартнай фірме пры перавозах мэблі перасяленцаў з платай пры кожным перавозе. — Яны павінны былі пачакаць з пабудовай пірамідаў да 1980-ых, — казаў Стэнтан. — Я запісаўся б.

На пачатку трэцяга тыдня яны наставілі свой будзільнік на другую ўначы й пайшлі ў парк пабачыцца з Кабелам.

6.

Кіраваньне фірмай Рудзі Кабела адбывалася з сувязнога цэнтру перад ягоным старым домам у Парамаце. Пакой быў памаляваны ў сьветлы колер і меў прытульны выгляд. Прыйсьце сюды пасьля некалькіх тыдняў беспрацоўя крыху нагадвала вяртаньне дахаты; нават Браен гэтае адчуваў. Месца мела таксама нейкі прафэсарска–аўтарытэтны выгляд і падыходзіла дзеля таго, каб прыводзіць сюды патэнцыяльных кліентаў і казаць ім: “Гляньце, вось тут мы дзейнічаем.“ У пакоі было некалькі дадатковых крэслаў, гішпанскі стол з асобнікамі “Гардыяна“ на ім, часапісу Асацыяцыі. У адным канцы пакоя, на ўласна кампутарным століку, знаходзіўся ўключаны прыймач кампутарнай сыстэмы трывогі. Кодавыя нумары розных кліентаў сьвяціліся жоўтым на чорным экране. Кампутар быў спалучаны провадам з някідкай сірэнай высока на сьцяне. У кутку стаяў радыёперадатчык. На супрацьлеглай сьцяне было карункава закратаванае вакно, вісела масыўная шафка.

Праяжджаючы каля сялібы Кабела раней, Стэнтан быў сказаў: “Спадзяюся, што гэта не акажацца задрыпаным мерапрыемствам з радыётэлефонам у нейкім кутку гаражу або пральні“. Дэлейні таксама гэтага пабойваўся. Гэткага роду фірмы зьяўляліся й зьнікалі. Ліпелі не даўжэй за восеньскія крылатыя мурашкі. Аднак Кабелаў дом, з падвойна кладзенай цэглы, у фэдэральным стылі, выглядаў як сядзіба трывалкага прадпрыемца.

Кабел вымоўна прывітаў іх і абвёў па сувязным цэнтры. Увайшлі сыны Кабела ў сваіх туркусова–сініх уніформах — той, якога звалі Уорыкам і якога Дэлейні з Стэнтанам нядаўна спаткалі над стосам каўпакоў ад БМВ, і ягоны драбнейшы брат Скот. Яны расьпісаліся ў кніжцы і ўзялі свае пісталеты нанач. Малодшы ўзяў звычайны службовы рэвальвэр калібру 9.65, але Уорык зарадзіў і сунуў сабе ў кабуру зброю, якая неразлучна зьвязвалася зь вяршыняй шчасьця сярод стралкоў — магнум-9.0.

— Данела, — сказаў Кабел, — усё яшчэ запакоўвае пральную машыну.

Стэнтан і Дэлейні пераглянуліся.

— Мая дачка, — растлумачыў Кабел. — Яна кіруе нашым бюро. Цудоўная дзяўчына. Хлопцы, як я ўжо вам казаў, дасталі карэнна аўстралійскія ймёны, але Данела носіць імя маёй маці. Мае дзяды з матчынага боку былі франкафіламі — любілі ўсё францускае.

— Я ведаю, што гэта значыць, — сказаў Стэнтан. — Вы ня мусіце мне тлумачыць кожнае другое слова. (“А я быў харвата–клята–філам“, сказаў Стэнтан па дарозе дадому.)

Кабел пачаў казаць ім пра абсяг ягонай дзейнасьці. Дзьвесьце дваццаць кліентаў, аднак большасьць зь іх у паласе дваццаці пяці даляраў на тыдзень. Цяперака ён узяў пад ахову сетку ліцэнзаваных пунктаў хуткай абслугі — печанае кураня Залаты Стыль. Іх турбуюць пастаянныя шкоды, што прычыняюцца іхнім сталоўкам; яны ўпэўненыя, што гэта падстройвае канкурэнцыя.

— Шкоды? — спытаўся Стэнтан. Яму не падабалася гэтае слова.

— Дробныя рэчы — парассыпанае сьмецьце са сьметніц. Адкіды на паркінгу ў Руты Хіл. Камень, кінуты ў вакно. Гэтак выглядае партызанская вайна на тутэйшых задворках куранячага рынку. У Залатым Стылі лічаць, што іх ранейшая ахоўная фірма не патрулявала дастаткова энэргічна, і гэта ўсё, чаго яны хочуць ад нас — нагляду й энэргічнага патруляваньня. Ніхто не вымагае, містэр Стэнтан, у сьвеце, дзе йснуе шмат сапраўдных прычын дзеля гэтага, каб вы рызыкавалі сваім жыцьцём дзеля Залатога Стылю.

Якраз смакуючы гэтыя словы ў сваёй галаве, пахкасьць “Залатога Стылю“, адзін з тых знакамітых назоваў, што нашмат багацейшыя за прадукты, да якіх іх прывязалі, Дэлейні першы раз убачыў Данелу Кабел. Яна ўвайшла, несучы кніжку ў цубкай вокладцы й нататнік, як быццам яна толькі тое й рабіла, што вучылася, калі дзяжурыла — маркоціла, тужыла, панурыла ці што там яшчэ рабіла — пры радыё. Як і малодшы зь яе братоў, яна была амаль драбнюткай, але, таксама як у яго, у яе быў дасканалы целасклад. І бялявая — сям’і Кабелаў гэты ген бялявасьці дастаўся са шчодрай рукі. На перадплеччах у яе расьлі далікатныя й прыгожыя валаскі. Залаты Стыль.

Кабел пазнаёміў іх.

— Чытаем? — спытаўся ў яе Дэлейні, няёмка, але такім тонам, што паказваў — як ён спадзяваўся — на прыхільнасьць да кніжак.

— Я хаджу на курс раману, арганізаваны Жаночай Адукацыйнай Асацыяцыяй, — яна адказала яму абыякавым тонам, а потым паказала, як працуе іхняя сыстэма. Калі на месцы ў якога-небудзь кліента спрацавала трывога, кампутарны экран высьвятляў код якраз гэтага кліента; у выпадку, калі яна спала (Дэлейні ўявіў сабе, як яна сьпіць за кампутарным столікам з кніжкай пад шчакою), альбо калі яе не было ў пакоі, ажывала сырэна на сьцяне. Тады яна выклікала праз радыё кагосьці з патрульных, і той ішоў правяраць падазроную ваколіцу. Калі гэтая вонкавая праверка выяўляла парушальніка, яна званіла ў паліцыю і ўласьніку. І гэта ўсё, сказала яна Дэлейні й Стэнтану. Прываблівы бок іхняга занятку.

— А калі вы сьпіцё? — захацеў даведацца Дэлейні.

— Наагул паміж трэцяй і сьвітаньнем, — адказала яна, сарамяжліва затуляючы сваю ўсьмешку даланёй. — Я — як і мой бацька, — дадала яна. — Беларусы ніколі ня сьпяць. Гэта мэтабалічнае.

— Мы — як той бізон, пра якога я вам згадваў, панове, — сказаў Кабел. — Мы сьпімо стоячы.

— Ах, — буркнула дзяўчына, зірнуўшы на іх з–над радыё, — ён ужо пасьпеў і вам пратрубіць вушы пра беларускіх зьвяроў.

Вяртаючыся дадому, Стэнтан паглядаў на зялёнажоўтыя ліхтары, што гарэлі над аўтастрадай. Дэлейні яны заўсёды нагадвалі пра мігрэнь. — Спраўная штука з тае малое Данелы, га?

ЧАСТКА ДРУГАЯ
[......]

8.

ГІСТОРЫЯ СЯМ’І КАБЕЛЬСКІХ ПІСАНАЯ РАДАСЛАВАМ КАБЕЛЬСКІМ

Надумаў я гэтым позьнім часам пісаць гісторыю свае сям’і. Мая мэта — адзначыць жорсткія раны, якія барацьба за свабоду Беларусі пакінула ў жыцьці маіх бацькоў, і гэткім чынам стварыць фон пад маё ўласнае намаганьне падрыхтаваць духа сапраўднай Беларусі тут, на гэтай зямлі, якая неўзабаве абернецца ў дзікую пустэльню. Гэтым самым я хачу памясьціць у адпаведным кантэксьце й дзёньнік майго бацькі.

Пачну з таго, што ў самой Беларусі, а таксама ў некаторых месцах Парыжа, Бэрліна, Нью Джэрзі, дзе жывуць беларускія выгнанцы, нямала зьдзівіліся б, калі б даведаліся, што мой бацька закончыў жыцьцё ў Аўстраліі. Ён быў, дарма што малады ў палітычным сэнсе, міністрам у беларускім урадзе й блізкім сябрам вялікага беларускага патрыёта Астроўскага. Бальшыня зь ягоных урадавых калегаў мелася правесьці свае экзыльныя гады ў Саўт Рывэры, штат Нью Джэрзі, як бліскапастаўленыя розных выведак і контрвыведак — на той прыклад, Бюро Палітычнай Каардынацыі. Іншыя пражывалі ў Парыжы, даверанымі супрацоўнікамі Францускай Тайнай Службы. Мой бацька, ня будучы ні кіраўніком дасьледчага інстытуту пад прыстойным адрасам на Ру-дэ-Граніе, ні дакладчыкам на антысавецкіх сэмінарах у Лёндане ці Эдынбургу, меў закончыць сваё жыцьцё як вартаўнік (на пэнсіі) Урадавай Чыгункі Новай Паўднёвай Валіі.

Калі мой бацька прыехаў са мною ў Аўстралію пад канец саракавых гадоў, яго хацелі зрабіць кіраўніком грашовага фонду беларускіх эмігрантаў у Сыднэі й Мэлбурне. Грошы, якія ён зьбіраў на гэтых далёкіх шырынях, мелі наблізіць той дзень, калі беларусы вернуцца на ўсход, у свой родны край. Грошы таксама спатрэбіліся беларускаму ўраду на выгнаньні, які ў сваёй бальшыні быў расьцярушаны па розных лягерох перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Увесь час існавала небясьпека, што пад савецкім націскам альянты арыштуюць іх і паставяць перад судом за розныя інцыдэнты, якія мелі месца на нашай бацькаўшчыне паміж 1941 і 1944 гадамі.

Мой бацька меўся таксама завязаць у Аўстраліі знаёмствы зь неаперанымі аўстралійскімі службамі бясьпекі й выведкі. Дзеля гэтага йснаваў нейкі кантакт. Аўстралійцы, як бальшыня заходніх краінаў, вельмі баяліся інфільтрацыі камуністаў пад маскай уцекачоў. Калі б пагартаць аўстралійскія сакрэтныя архівы, дык праўдападобна аказалася б, што мой бацька нейкіх гадоў дваццаць быў дараднікам аўстралійскіх уладаў па палітычнай правамыснасьці таго ці іншага беларускага імігранта.

Аднак сапраўднай прычынай прыезду майго бацькі на Антыподы было тое, што пасярэдзіне свайго пятага дзесятка ён ужо стаміўся ад палітыкі. Бязь лішняга драматызму можна сказаць, што гісторыя яго спустошыла. А таксама й тое, што праз тыя інцыдэнты, якія я маю намер расказаць у гэтым аповедзе, у пару ягонай эміграцыі ў Аўстралію ён страціў увесь свой палітычны ўплыў сярод тых спрытных і спрактыкаваных беларускіх палітыкаў і патрыётаў. Нават будучы падлеткам, я гэта ведаў і разумеў. Мой бацька быў высланы ў адстаўку сваімі калегамі, сасланы, як раньнія вязьні Брытаніі, у далечыню, зь якой ня меў магчымасьці вярнуцца.

Перш, чым разгледзець эўрапейскія прычыны заняпаду мае сям’і, скажу, што ў Аўстраліі мой бацька паказаўся ў публічным жыцьці толькі раз, у 1955 годзе. У тым годзе беларускія асяродкі ў Аўстраліі наведаў стары палітычны супернік майго бацькі, Мікола Рэдзіч. Рэдзіча выслалі зьбіраць грошы. Ягоным заданьнем было — як кажуць у гэтай краіне — “падсыпаць перцу“ ў беларускую грамаду. Зімовым вечарам, калі ён пасьля дакладу на прадмесьці Эшфілд вяртаўся з маім бацькам у Парамату, прадмесьце Сыднэю, дзе яму далі прытулак старыя сябры зь лягероў перамешчаных асобаў, Рэдзіч выпаў зь цягніка на станцыі Лідкум, атрымаў сур’ёзныя пакалечаньні й памёр на месцы здарэньня.

Вартым увагі было тое, што ў сьледзтве шматлікія аўстралійскія службовыя асобы пастараліся засьведчыць добры характар майго бацькі. Але сярод тутэйшых беларусаў віравала шмат чутак пра прычыну Рэдзічавай сьмерці, і з гэтага здарэньня пачаўся заняпад здароўя майго бацькі ды наша штораз большае адчужаньне сярод беларускіх выхадцаў у Сыднэі.

Цягнікі адціснулі трывалы сьлед у гісторыі сям’і Кабелаў. Для ўсіх нас яны былі сродкамі выезду ў выгнаньне. Цэнтральнае месца ў маёй асабістай гісторыі займаюць нашыя ўцёкі зь Менску, разам зь сем’ямі іншых беларускіх службоўцаў, у цягніку спэцыяльна падагнаным службай СС. Гэты цягнік пакінуў Менск дзён за пяць да таго, як саветы захапілі горад у ліпені 1944. Мне тады было адзінаццаць гадоў. Супрацоўнікі генэрала фон Готбэрга, нямецкага камісара Беларусі, махалі нам на разьвітаньне на менскім вакзале. На маёй маці гэты паказ СС–аўскай карэктнасьці не зрабіў уражаньня. Яна не магла выбачыць прыдворным фон Готбэрга, што яны не зьявіліся на паховінах обэрфюрэра Вілі Ганца, яе ўлюбёнага нямецкага госьця, даверанага чалавека й — са згоды майго бацькі — найбліжэйшага сябра. Для мяне обэрфюрэр Ганц быў дзядзькам Вілі. Яго пахавалі на каталіцкіх могілках у Старовічах — гэта зь віны Готбэрга ягонага цела ня выслалі дадому. Цяпер могілкі апынуліся пад расейцамі. Ягоная нямая магіла ня будзе ніяк пазначаная, магчыма, што яе нават апаганяць. Мой бацька, на той час начальнік паліцыі ў Старовічах, меў рацыю, калі казаў маці, што обэрфюрэра Ганца хавалі восеньню, у пару праліўных дажджоў і усплёску партызанскіх дзеяньняў, і што гэтыя абодва чыньнікі выставілі б стокілямэтровае падарожжа фон Готбэрга па гразкіх дарогах на непатрэбную небясьпеку. Аднак пераканаць яе не ўдалося.

Маладыя й элегантна падцягнутыя эсэсманы, якія нас праводзілі ў Менску, сардэчна ціснучы руку нашаму Прэзыдэнту Радаславу Астроўскаму (майму хроснаму бацьку, дарэчы), як быццам давалі ўсім зразумець, што мы выяжджаем у нейкі прыбалтыйскі курорт на лета, магчыма нават, што ў той самы Пуцк, дзе мы правялі першую ваенную восень, чакаючы падзеньня Варшавы. Мае бацькі, безумоўна, ведалі больш за гэта. Яны ня першы раз пакідалі гэты старажытны й пашанотны горад беларусаў. Аднак для мяне гэта быў першы выезд. Я зусім натуральна спадзяваўся, што празь месяц ці два мы вернемся назад, і што мае бацькі ізноў будуць спрачацца, ці пакінуць шыкоўны дом у Старовічах, ці, калі ўжо бацька стаў членам беларускага габінэту міністраў, зьняць вялікую кватэру ў Менску.

Цягнік выйшаў зь Менскага Цэнтральнага праз паўгадзіны пасьля першых промняў сьвітаньня, парою, калі старыя гарады выглядаюць ідэальнымі й вечнымі, асабліва ў напаўзасмужаныя чэрвеньскія поранкі. На Марыінскім саборы паблісквалі сьпічакі. Пакуль не закруціліся колы цягніка, настрой у маці быў напружаны, таму што гэтае падарожжа было падобнае да пераезду зь яе бацькамі зь Менску ў Горадню чвэрць стагодзьдзя таму, калі яна надарвала сваё фізычнае здароўе. Яе неспакой быў павялічаны й тым, што напярэдадні скрозь па горадзе ўсчаліся баі паміж савецкімі партызанамі й нямецкімі вайсковымі адзінкамі, а ўторыў гэтым партызанскім дзеяньням своеасаблівы бас артылерыі маршала Ракасоўскага, грукат якога быў чуваць усю ноч. Нягледзячы на ўвесь гэты савецкі разгул, Менск выглядаў прыстойна, гэта значыць, падаўся мне нязьмененым. Заставаліся зьнішчэньні з баёў 1941 году й зьнішчэньні ад пазьнейшых бамбардаваньняў, але сьвітальная зара пакрыла гэтыя невялікія хібы сваім глянцам. Я ведаў, што нешта ад сутнасьці Менску захоўваецца вечна.

Іншыя гарады маюць выпадковы характар. Напрыклад тут, у заходняй частцы Сыднэю, чалавек мае адчуваньне, што знаходзіцца ў вялізным запасным лягеры з чырвонай цэглы. Адны й тыя ж гандлёвыя цэнтры выглядаюць як нейкія ваенныя ўсталяваньні, спушчаныя зь вэрталётаў. Тут не адчуваецца патрэбы зладжанасьці паміж зямлёй і тым, што на ёй знаходзіцца. Маўнт Друйт, Руты Гіл, Сэнт Мэрыс, Кінгсвуд — кароткатрывалыя пасяленьні, якія так і просяць прыліўнага валу й , на сваё няшчасьце, дачакаюцца яго.

Менск жа ў той ранак 1944 году, калі я яго пакідаў, быў адзіным магчымым горадам, які мог раскінуцца сваімі кварталамі, нібыта нізкамі караляў, абапал зьвілістай Сьвіслачы. Менск кідаў выклік навале. Было вядома, нават у той ранак, калі мы са скрыгатам выходзілі зь Менскага Цэнтральнага, што немцы пакідаюць сваіх параненых, каб даць месца нам, жыхаром Беларусі. Мы, беларусы, мелі першынство. За маё месца ў цягніку, за другое занятае маёй падрослай сястрой Геняй, за трэцяе занятае маім бацькам Станіславам, начальнікам паліцыі ў Старовічах і намесьнікам міністра юстыцыі Беларускай Рэспублікі, і за чацьвертае, для мае маці Данелы, чатырох нямецкіх хлопцаў пакідалі на зусім пэўную сьмерць. Чатырох простых маладзёнаў, несумнеўна замаладых, каб разьбірацца ў палітыцы ці мець нейкі сьветапогляд, якія толькі нядаўна выкацілі жалюгодную гармату свае даросласьці, трэба было пакінуць бальшавіком. Увесь цяжар помсты меў адціснуцца на іхніх недасьведчаных, выпаласканых абліччах.

Калі цягнік пачаў агінаць аэрадром, сталі відаць доўгія разорыны ў зямлі, пра якія я тады ведаў, як пра месцы пахаваньня жыдоў і бальшавікоў.

— Мне цікава, што з гэтым усім зробяць расейцы, — шапнуў мой бацька да маці. Ён прысьвяціў гады на вырашэньне клясычнай беларускай дылемы — выбару супрацоўніцтва дзеля здабыцьця свабоднае прасторы паміж адным барбарскім народам і другім.

Уцёкі на цягніку задавальняюць куды менш, чымсьці на самалёце. У тыле ваенных дзеяньняў заўсёды вялікі рух цягнікоў. Пасажырскія вагоны адстаўляюць на бочныя лініі, каб прапусьціць больш важныя грузавыя саставы. Дзіўнае адчуваньне агартае пасажыра, калі зь невядомай прычыны цягнік пачынае скрыгатліва тармазіць і пасьля шматлікіх мэталічных попіскаў запыняецца, калі стае рухавік паравоза й зь летняга лесу абапал чыгуначнай лініі ў купэ ўрываецца гул казюрак. Калі такое здараецца, а ты ведаеш, што ззаду саветы ня сьпяць, глытаючы гарады адзін за адным, дык нават супакойлівае пчалінае гудзеньне можа раніць, што нажом. Яно параніла маю маці, стаўшы неадчэпным кашмарам і прадвесьцем няўдачы ў ейных снох.

Цягнік спыніўся на дваццаць хвілінаў, у жахліва прадвызначанай незварушнасьці, а потым ахвоча рушыў да польскай мяжы, якая маёй маці ў дзяцінстве зьвязвалася з пачуцьцём адноснае бясьпекі. Тады якраз маці нахілілася да мяне зь сястрою й сказала:

— Няшмат людзей зь Менску выратуецца. Калі будзеце гаварыць свае малітвы, падумайце пра тое, што гэта значыць — быць выратаваным.

Сястра Геня, у той час зусім ужо падлетак, узьняла вочы на багажную паліцу. Геня была першай, хто адмовіўся ад ролі ўцекача. Мае бацькі не маглі, з прычыны, якую неўзабаве растлумачу, перастаць быць беларусамі ў выгнаньні. З увагі на пэўныя гарантыі, якія я атрымаў таго дня, калі памёр дзядзька Вілі, я падарожнічаў вельмі спакойна. Мая маці не магла сабе дазволіць такога. Яна патрабавала гарантый бясьпекі, аднак ніколі іх не атрымлівала. Бацька, як будзе відаць, быў свайго роду ваяром.

Мая маці нарадзілася ў горадзе “вялікага дыму“, калі ўжыць тут аўстралійскі тэрмін. Яе сям’я паходзіла з самога Менску. Бацька нарадзіўся крыху далей на ўсход, у правінцыйным Рагачове. Абодва сямействы былі клянамі юрыстаў, заўсёды з палітычнай ангажаванасьцю. Яны жылі ў Беларусі, якая вякамі пакутавала ад падзелаў. У найноўшы час мы зьведалі толькі шэсьць тыдняў незалежнасьці. Празь вякі рабскае тугі мы былі “боскай дыняй“ (выслоўе майго бацькі), якую заўсёды дзялілі між сабою Польшча з Расеяй. Жыхары Менску жартавалі, што іхні горад пераходзіў з рук у рукі сто пяцьдзесят разоў у пісанай гісторыі. Палякі й расейцы маглі сябе лічыць вельмі адрознымі, аднак у сваёй неталерантнасьці да беларускай мовы й культуры яны былі падобныя, што блізьнюкі.

Калі майму бацьку было шаснаццаць гадоў і ён хадзіў у школу польскіх езуітаў, у Менск прыляцела радасная вестка аб падзеньні цара, адвечнага ворага беларускай незалежнасьці. Нямецкая армія, якая ў той час акупавала Менск, дазволіла майму дзеду й шматлікім іншым беларускім патрыётам сабраць кангрэс і абвясьціць Беларускую Народную Рэспубліку. У ейным урадзе дзед быў міністрам лясьніцтва. Магчыма, яму ўяўлялася, што ён правядзе доўгае й спакойнае дзесяцігодзьдзе, загадваючы беларускімі запаветнымі ялінавымі й грабавымі гушчарамі, дубровамі й бярэзьнікамі, вольхамі й вязамі. Магчыма, яму ўяўлялася, што ён прысьвяціць шмат паляўнічых сэзонаў на адрэгуляваньне пагалоўя аленяў, ваўкоў, рысеў, беларускіх мядзьведзяў і зубрыных статкаў. Беларусы заўсёды так думалі, заўсёды верылі, што ў рэшце рэшт сьвет дазволіць ім дыхнуць вальней. Аўстралійцы — людзі больш рэалістычныя, як я заўважыў. Яны лічаць, што Азія — кітайцы, інданэзійцы, японцы — апануюць іх. Некаторым гэта даспадобы, іншыя гэтага баяцца, але ўсе гэтага чакаюць. Аўстралійцы — малады народ, які думае, як стары. Што тычыцца беларусаў, чыя краіна рэдка калі перасягала межы ідэі, прывіду, дык яны заўсёды думалі са сьвежасьцю маладосьці.

Мой дзед не пасьпеў замацаваць свае палітыкі ў лясьніцтве, калі ад Смаленска надыйшла бальшавіцкая армія. А немцы, якія дагэтуль вялі дробную гульню ў паўстрыманьне саветаў, дазваляючы майму дзеду й ягоным сябром стварыць урад, цяпер пастанавілі пагуляць у большае. Нямецкі штаб дамовіўся з чырвонымі генэраламі, што нямецкая армія адступіць з усходніх абшараў, а на яе месца нахлыне савецкае войска, запаўняючы пустку. Немцы спадзяваліся, што калі ўпусьцяць саветаў, тыя зьвяжуць палякаў на ўсходзе — гэткі быў хітрык. Гэта адпавядала бальшавіцкай фанабэрыі прайсьціся ажно да самога Бэрліна, каб злучыцца з бунтоўнымі нямецкімі работнікамі й жаўнерамі. Гэта пасавала таксама немцам, якія ведалі, што саветам ня ўдасца дайсьці да Бэрліна, што Чырвоная Армія была занадта слабой, каб не абнядужаць, прабіваючы сабе дарогу праз Польшчу.

Немцы з расейцамі наладзілі мір; адно некаторыя белагвардзейскія кавалерыйскія аддзелы дробнымі сутычкамі стрымлівалі паход чырвоных. Калі чырвоныя разьмяталі гэтае белае войска, мае дзяды з абодвух сямейных ліній уцякалі на цягніку на захад разам са сваімі дзецьмі. Яны ня ведалі спачыну, пакуль чугуначнымі лініямі, запруджанымі адступаючай польскай арміяй, не дабраліся да Варшавы. Ды нават там польскія газэты перадавалі жахлівую пагрозу савецкага генэрала Тухачэўскага: “Дарога ў Нямеччыну пралягае праз трупа Польшчы“.

Але ён здолеў дайсьці толькі да Варшавы. Палякі ўрэшце прарваліся над Віслай на поўдні й на захадзе ад Варшавы й пайшлі ў наступ, пакуль не апынуліся на адну кароткую прабежку каня перад Менскам, горадам, што зьяўляўся сэрцам беларускае мроі. Тады ўмяшаліся альянты. У той час ролю Генры Кісынджэра выконваў брытанец. Лорд Кэрзан, сакратар замежных справаў Вялікабрытаніі, вызначыў у перамовах лінію, якая прабягала сярэдзінай Беларусі — тэрыторыя на захад ад яе адыходзіла да Польшчы, а на ўсход — да Расеі. Тады якраз запанавала мода на самавызначэньне, але, як яно здаралася заўсёды, ніхто ня быў зацікаўлены ў самавызначэньні беларусаў.

Мая маці з бацькамі жылі ня надта раскошна на прадмесьці Варшавы званым Прагай, над Віслай, непадалёку ад варшаўскага заалягічнага саду. Бацькава сям’я, сям’я міністра лясной гаспадаркі ў выхадзтве, займала крыху лепшую кватэру ў цэнтры гораду, блізка да Варшаўскага Галоўнага чыгуначнага вакзалу. Абодва мае дзяды прысьвяцілі сваё жыццё ў выгнаньні беларускім справам.

У прыватнасьці, яны заняліся праблемай беларускіх маёнткаў. Польскія землеўладальнікі хлынулі цяпер назад у Заходнюю Беларусь з дамаганьнямі на спадчынную маёмасьць і атрымоўвалі яе (не патрабуючы плаціць выкупу) толькі на той падставе, што іхнія прадзеды ці прапрадзеды калісьці трымалі й эксплюатавалі гэтую зямлю. (Мае прадзеды з матчынага боку, напрыклад, мелі вялікі тартак і сыраварні ў Менскай вобласьці, частка якіх апынулася ў Саветах, а частку дастала шляхецкая польская сям’я з доўгай памяцьцю. Адсюль і ўбогая кватэра каля заалягічнага саду з адзінай марай пра вяртаньне на бацькаўшчыну, каб зажыць больш багата.)

Палякі любілі беларусаў таксама як жыдоў, і дапусьцілі адно нязначную іх колькасьць на ўнівэрсытэты. Адукацыя майго бацькі ў польскіх езуітаў заслужыла яму рэдкае месца на юрыдычным факультэце Варшаўскага Ўнівэрсытэту. “Быць беларусам у Варшаве, — казаў ён мне, — гэта ўсё роўна, што гатэнтотам у Оксфардзе, з пэрспэктывай, што цябе ў любы момант могуць арыштаваць і нанесьці цялеснае пашкоджаньне“.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту ён заняўся тым, што тады стала называцца юрыдычнай дапамогай беларусам. Ён разьяжджаў па Баранавічах і Старовічах ды заступаўся за сваімі людзьмі ў справах аб маёмасьці, у важданінах з гарадзкімі ўладамі за пабудову новай царквы ці разбудову старой, або атрыманьне згоды на будан, у якім праводзіліся ўрокі беларускай мовы. Ён шмат пісаў у ледзь талераваную беларускую газэту, якую публікавалі ў Варшаве. Яна выходзіла пад усё іншымі назовамі, бо як толькі атрымоўвалі згоду на адзін назоў, паліцыя зараз яго забараняла. Такім чынам газэта называлася па-рознаму: “Нацыя“, “Незалежнасьць“, “Народ“, “Вольнасьць“, “Голас“, “Беларусь“, “Задзіночаньне“, “Трываньне“. Урэшце паліцыя дазволіла некалькі гадоў публікаваць яе пад бясшкодным мэтафарычным назовам “Сьвітаньне“. Але цэнзура была заўсёды, і часамі артыкулы выціналіся з газэты цалкам, таму беларускія чытачы, з увагі на пярэсты выгляд газэты, называлі яе “Сарокай“.

Беларусы ў Варшаве мусілі трываць ня толькі нагляд тайнай паліцыі Пілсудзкага, але й савецкіх агентаў, апэратыўнікаў ленінскай Чэка, а потым ОГПУ — папярэднікаў славутага КГБ. Чэкісты цягаліся хвастамі за маёй маці й бабкай на рынак на вуліцу Фрэта й назад. Агенты былі б шчасьлівыя, калі б удалося падпільнаваць, як яны нешта крадуць — нейкі адмысловы плод, да якога яны былі прызвычаеныя ў Менску, або каралі ці якую хустку. Чэкісты адразу данесьлі б на іх у польскую паліцыю, якая да справы дадала б багата чаго з свайго запасу прадузятасьці. Сытуацыя яшчэ пагоршала, калі ў 1925 годзе бацька стаў заляцацца да мае маці. Агенты ОГПУ хадзілі за імі сьледам, як дамы-кампаньёнкі. Якое-колечы парушэньне правілаў, устаноўленых для закаханых у Лазенкаўскім парку, магло на іх сьцягнуць зграю польскіх жандараў.

У свае дваццаць пяць гадоў бацька быў абраны прадстаўніком Заходняе Беларусі ў польскі Сойм. Толькі трынаццаць прадстаўнікоў ад нацыянальных мяншыняў здолелі прайсьці ў парлямант, таму выбар бацькі прынёс яму вядомасьць ў той частцы Беларусі, што знаходзілася пад польскім панаваньнем.

Зімою 1927 году бацьку зь дзедам арыштавала польская паліцыя й абвінаваціла іх ва ўдзеле ў падрыўной беларускай арганізацыі, званай Грамадою. Цягніком даставілі іх у турму на Павіяку. Тут патрактавалі іх тымі самымі мэтадамі, якімі пазьней СС пакарысталася ў адносінах да саміх палякаў — “ваганэткі“ , каморкі, у якіх вязьні сядзелі або кленчылі, як манахі, у абсалютным маўчаньні, на малых лавачках, якія нагадвалі prie-dieux, зь якіх забіралі іх па адному на допыты, білі й прыводзілі назад сядзець або кленчыць у маўчаньні далей. Бацьку перабілі там сківіцу, і няўклюднасьць, зь якою яе саставілі, пачала выдаваць сябе зь цягам часу штораз выразьней.

Мой бацька, з сківіцай, дагледжанай дактарамі настолькі, каб не было відаць сьлядоў ад пабояў у судзе, меў працэс разам з васемнаццацю іншымі беларускімі пасламі й сэнатарамі. Аднак пратэст лібэральных колаў у Польшчы быў настолькі гучны, што падсудных апраўдалі. Тры тысячы іншых беларусаў, якіх арыштавалі ў тую студзеньскую раніцу, былі асуджаныя en masse — мае два дзяды між імі — і дасталі турэмныя тэрміны. Ды зноў жа пратэст лібэралаў змог зьняволеньне замяніць умоўным прысудам. Дзяды вярнуліся з тартаку на Шлёнску празь некалькі дзён. Пра лібэралаў жа можна сказаць наступнае — яны, магчыма, зусім не падрыхтаваныя да кіраваньня сьветам, аднак вартыя пашаны ў асобных праявах несправядлівасьці.

Адзін мой дзед, — той, што служыў у Міністэрстве Лясной Гаспадаркі, памёр праз год пасьля свайго выхаду з турмы. Другі, з матчынага боку, які быў таксама арыштаваны й суджаны як сябар Грамады, ужо ніколі пасьля не вярнуўся пісаць артыкулы й хадзіць на сходы, што да таго часу складалі два асноўныя заняткі ў ягоным жыцьці.

Уражаньні з Павіяка й суд схілілі майго бацьку ажаніцца й замацаваць сваю беларускую нацыянальнасьць такім спосабам, якога нават палякі не маглі забараніць, а ОГПУ разладзіць — менавіта ўтварыць сваю беларускую сям’ю. Шлюб у старым езуіцкім касьцёле каля рынку на Старым Месьце адбыўся ў прысутнасьці як агентаў ОГПУ, так і польскай тайнай паліцыі. З увагі на маіх дзядоў, якія цяжка перанесьлі сваё турэмнае заключэньне, абедзьве сям’і стараліся збыць гэтых няпрошаных гасьцей жартам.

9.

ГІСТОРЫЯ СЯМ’І КАБЕЛЬСКІХ ПІСАНАЯ РАДАСЛАВАМ КАБЕЛЬСКІМ

Здаецца, гэта былі апошнія дні жніўня 1939 году — мне цьмяна прыгадваецца ўсхваляванасьць у сувязі з вакацыйным пакаваньнем — калі наша сям’я замкнула наглуха сваю кватэру ў Варшаве й выехала, як назваў гэта бацька, на кароткія вакацыі ў Пуцк, зацішны польскі курорт над Балтыкай, непадалёку ад вялізнага міжнароднага порту Гданьска. Мы меліся затрымацца ў прыморскім гатэлі. Мне сказалі, што дадатковай прыемнасьцю будзе спатканьне з маім хросным бацькам Астроўскім, які ўжо зьняў там нумар і чакаў нас, як добры дух нашых вакацыяў. У сапраўднасьці гэта ён паклікаў нас над Балтыку, а калі мы селі на цягнік у Гданьск, аказалася, што мы не адзіныя беларусы, якія едуць у Пуцк, што ён запрасіў яшчэ з паўтузіна іншых сем’яў. Бацькі выглядалі спакойнымі й амаль зласьліва таямнічымі наконт такога позьняга выезду над мора, калі неўзабаве поўным махам меліся рушыць заводы, прадпрыемствы й школы. Аднак дзяцей ліхаманіла ад радасьці, за выняткам старэйшых, такіх як мая сястра Геня, якая быццам завязла на паўдарозе між цьвярозасьцю дарослых і хмяльным шчасьцем дзяцей. Яна не ганялася туды й назад па калідорах цягніка разам з намі. Часам яна згадвала — зь нейкай халоднай дарослай тугою — свайго настаўніка маляваньня Бэкмана, напалову немца й напалову паляка, і гадала, што ён мабыць будзе вельмі зьдзіўлены, калі ня ўбачыць яе на ўроку ў наступны аўторак.

На балтыйскіх пляжах было яшчэ вельмі цёпла, але вецер пачаў мяняцца на паўночнаўсходні й круціць пясок. Жанчыны сядзелі разам за брызэнтовымі заслонамі й спакойна, але засяроджана гутарылі, зусім ня так, як дарослыя, якія адпачываюць на сонцы. Мужчыны сядзелі ў сваёй кампаніі на пляжных лаўках, згуртаваўшыся вакол хударлявай і бледнаватай фігуры Астроўскага, колькі соцень мэтраў на поўнач ад жанчын. Вада была халодная, таму толькі дзеці й тыя, што гартавалі характар, плюхаліся ў ёй, парушаючы пастэльна блакітную паверхню й засяроджанасьць беларускіх патрыётаў, якія сядзелі вакол майго хроснага бацькі.

Аднойчы паполудні, вярнуўшыся да нашых гатэлевых пакояў на трэцім паверсе, мы ўбачылі польскую службу бясьпекі, агентаў у цывільным і паліцыянтаў у мундурах, якія абшуквалі нумары. Далей у калідоры стаяў Астроўскі ў летнім плашчы, дыскутуючы з польскім афіцэрам, які наглядаў за гэтым разбоем. Магчыма, што разбой тут замоцнае слова, бо хоць палякі грабліся ва ўсіх камодах і шафах, сабе не пакідалі нічога. Яны хацелі ведаць, як пазьней сказаў мне бацька, чаму так шмат вядомых беларусаў сабралося ў прыбалтыйскім курортным гатэлі пад канец сэзону. Яны спадзяваліся, што могуць знайсьці нейкі дакумант на гэты конт у нашых рэчах, калі мы былі на пляжы.

Маці зьвярнулася да аднаго з агентаў: “Я спадзяюся, што вы ня супраць, калі мы зь дзяцьмі пачакаем у дворыку, пакуль вы будзеце мець ласку пакінуць нашы пакоі“. Яна была шчуплай, элегантнай жанчынай. Бацька казаў, што яна была ягоным увасабленьнем габсбурскай прынцэсы. Яна пасарамаціла тым гламаздаватых палякаў. Я любіў яе за ейную вымоўнасьць, за каралеўскую манеру, зь якой яна сунімала мой страх.

Два дні пасьля пачаўся наезд на Польшчу, і наша падарожжа было адкладзена. Водгалас бітвы прыглушаным гулам разносіўся па ціхім узьбярэжжы. У соснах за пляжам латочнікі ўсё яшчэ гандлявалі кашолкамі суніцаў, чарніцаў і малінаў. Мы, дзеці, лёталі туды й назад па мяккім дробным пяску й лясных сьцяжынках, купляючы й даносячы ягады нашым бацьком, зьяўляючыся перад іхнімі лаўкамі з вуснамі паплямленымі ад тых ягад, што зьелі як аплату за паслугу. Дарослыя як быццам пашчасьлівелі. Яны ўрэшце знайшлі ў сабе духа вакацый.

Мы заставаліся, пакуль трывала бітва, у пуцкім гатэлі, у якім ніхто апрача нас ня жыў. Аднаго ранку, пад час сьнеданьня, афіцыянты зьявіліся ў зелянковых вайсковых уніформах — праз гадзіну ім трэба было заявіцца ў іхніх польскіх палкох. Некаторыя з афіцыянтак ад нечаканасьці ўпусьцілі талеркі й пайшлі плакаць за заслоны. Чатыры-пяць дзён пасьля, калі над Пуцкай затокай разгуляўся шквал, у мястэчку зьявіліся на матацыклах і грузавікох нацысты з Гдыні. Нямецкія нацыяналісты, якія пражылі дваццаць гадоў пад польскім панаваньнем, паднялі намоклы сьцяг нацыянальнага сацыялізму на слуп перад поштай, для якое да гэтага часу найбольш драматычнымі падзеямі былі высыланьні вакацыйных паштовак зь відамі Пуцка й Гэлю або рыбацкае вёскі Ястарня.

Халады сталі штораз часьцейшыя, аблога Варшавы ўсё працягвалася, а мы далей гасьцявалі ў гатэлі. Магчымы кошт гэтага побыту пужаў маці. Праз адчыненыя дзьверы паміж маім пакоем і іхнім я аднойчы пачуў, як бацькі гаварылі аб гэтым. Я тады яшчэ не разумеў усяго, аб чым бацькі гаварылі між сабою, але, паколькі вуха ў мяне было вострае, а падслухоўваньне бацькоўскіх шаптаных гутарак аб справах перад сном належыла да найлепшых забаваў, размова мне запамяталася зь некаторымі дэталямі.

— Не, — сказаў бацька. — Не турбуйся гэтым. Астроўскі мяне запэўнівае, што рахунак будзе аплочаны Цэнтральнай Управай Бясьпекі Райху.

Матчына маўчаньне паказвала на нейкі неспакой. Бацька дадаў, што абодва бакі, беларусы й нацысты, мелі пакарыстацца ўзаемнымі паслугамі. З кім яшчэ можна было супрацоўнічаць? З саветамі? — Нам трэба выйсьці з гэтай вайны нацыянальна задзіночанымі, — шапнуў ён. І далей мне запомнілася асабліва выразна, хоць назовы, якіх ён ужыў, тады для мяне ня мелі ніякага значэньня. — Дзякуй Богу, — шапнуў ён, — што па падказцы Астроўскага я трымаў кантакт заўсёды з гестапа, а ня з тымі садамітамі–штурмавікамі.

Калі балтыйскія туманы спусьціліся на Пуцк усур’ёз і напоўнілі гатэлевыя калідоры сырасьцю, калі імгліна клубавала праз адчыненыя дзьверы й вокны, як пара з турэцкай лазьні, мы сталі прагнуць вызваленьня з гатэлю. Калі здалася Варшава, мы ўрэшце змаглі вярнуцца дадому, у сваю кватэру, якая перажыла бамбардаваньні. Пан Бэкман, настаўнік маляваньня, уступіў у СС — Геня бачыла яго ў іхняй уніформе на вуліцы Фрэта. Бацька стаў пісаць у новую беларускую газету — нейкая цэнзура ўсё яшчэ захоўвалася, бо немцы не хацелі, каб абражалі Саветы — іхных хаўрусьнікаў. Бацька таксама наведваў адміністрацыйныя курсы, якія вяліся Цэнтральнай Управай Бясьпекі Райху ў даўнім польскім урадавым будынку каля Гданьскага мосту. Аднойчы ён стаў наракаць, што саветы — ён быў упэўнены —насадзілі сваіх агентаў на курсы, але нямецкія афіцэры, якія прыходзілі да нас папіць кавы й каньяку, запэўнілі яго, што хоць ОГПУ, безумоўна, мае там сваіх агентаў, аднак жа яны пасыўныя й бясшкодныя, а прытым СД трымае на іх вока.

Калі немцы занялі цэнтральную Польшчу, саветы рушылі на польскую частку Беларусі. Беларусь зноў апынулася пад цалкавітым кантролем саветаў — гэтак стаяла ў дамове паміж Гітлерам і Сталіным. Бацька стаў жартаваць за сталом, што такія абставіны нават пажаданыя, бо цяпер трэба было мець справу толькі з адным захопнікам. Немцы прыкідваліся абуранымі й прасілі яго пакуль занадта не адкрывацца з сваёй антысавецкасьцю.

Вядома ж, мой бацька ведаў, што будзе далей. У чэрвені 1941 году немцы нанесьлі свой зьнішчальны ўдар саветам, заняўшы ўсю сьвятую беларускую зямлю за некалькі дзён. Усяго праз пару гадзін пасьля здабыцьця Старовічаў у горад прыбыў мой бацька й заняў пасаду, на якую прызначыла яго Цэнтральная Управа Бясьпекі Райху — начальніка паліцыі цэлай акругі. Тыдзень пазьней, адбыўшы адно зь нешматлікіх шчасьлівых у гісторыі сям’і Кабельскіх падарожжаў цягніком, з Варшавы прыбылі астатнія члены сям’і й далучыліся да яго ў элегантнай рэзыдэнцыі на вуліцы Драздоўскай.
[......]

Пераклаў з ангельскай мовы Ян Максімюк


Томас Кенэлі (Thomas Keneally) — аўстралійскі пісьменьнік (нар. 1935 г.), аўтар каля паўтара дзесятка раманаў. Вядомасьць прынёс яму перш за ўсё квазі–дакумэнтальны раман “Сьпіс Шындлера”, паводле якога славуты Стывэн Спілбэрг паставіў аднайменны фільм. Беларускаму чытачу гэты пісьменьнік цікавы з увагі на ягоны раман “Сямейнае вар’яцтва” (A Family Madness, 1985), які распавядае пра сям’ю беларускіх эмігрантаў у Аўстраліі. “Сямейнае вар’яцтва” па сваіх літаратурных якасьцях — кніжка куды лепшая за “Сьпіс Шындлера”, але да літаратурных шэдэўраў яе залічыць цяжка. Яшчэ цяжэй беларускаму чытачу пагадзіцца з трактоўкай беларускай гісторыі і беларускага нацыянальнага характару, прадстаўленых у кніжцы Кенэлі. Яе аўтар пра Беларусь ведае столькі, колькі прачытаў у сумнавядомай кніжцы Джона Лофтуса “Беларуская тайна” (The Belarus Secret, 1982), дзе беларускі лёс разглядаецца праз прызму беларускага калябарацыянізму ў часе гітлераўскай акупацыі Беларусі. Увесь уласна беларускі матар’ял у кніжцы Кенэлі — гэта фабулярызаваныя матывы “досьледу” Лофтуса, якія паўтараюць і ягоныя стэрэатыпы, і ягоныя фактаграфічныя памылкі. Ды ня ў тым рэч. Чытачам “Калосься”, пэўна, будзе цікава пабачыць, як выглядае беларускі лёс under Western eyes. Пра Беларусь "далукашэнкаўскай эпохі" Захад ня ведаў амаль нічога. Раман Кенэлі — гэткі аўстралійскі варыянт “Беларусі ў фантастычных абразках” — зьяўляецца, бадай, ці не адзіным вартым увагі літаратурным творам на Захадзе, які, нягледзячы на ўсё, напісаны дзеля эстэтычных, а не прапагандысцкіх мэтаў. Чытачам прапануецца некалькі ўрыўкаў з пачатковых разьдзелаў раману.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія