|
| |
|
КАЛОСЬСЕ
НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ
|
|
Пётар Мiцнэр
ПЕРАМЕНА ЧАСУ
ДЫПЛЯМАТЫЯ
Сьвяты Юры
выязджае ў цямрэчу
бачна яго здалёк
як зьнiчку на багне
сьпяшаецца ля ўваходу ў грот
у глыбiнi пад скляпеньнем
калыхаецца клетка
з каралеўнай
Перамовы з цмокам
цягнуцца гадамi
наслойваецца лiсьце
перад пячорай
Сьвятая цярплiвасьць рыцара
цярплiвасьць цмока
i каралеўны
— робiцца страшна
нудна
тры галавы пачвары пазяхаюць
рыцар хiстаецца ў сядле
Змучаныя беснаватасьцю
адвагаю
нявiннасьцю
Калi нiчога ня здарыцца
ўсiх захлыне цямрэча
— мяркуе конь
грабаючы капытом у балоце
ЭПIЛЁГ
Рыцар ловiць у полы каралеўну
на сядло i ў дарогу
ўрэшце наважыўся
Яна ах якая шчасьлiвая
адчувае на грудзi моцны ўцiск
подых збаўцы
вандруе па карку
але рука пакрыта лускою
крывавыя вочы пад забралам
завершаны гротам
сьвiшча жалезны хвост
запальваецца вэлюм
З глыбiнi гор
апошнiя словы бестыi:
Хто змагаецца з цмокамi
сам становiцца цмокам.
СЭАНС
Сэанс доўжыцца
сутыкаюцца пальцы
вiруе край
размова
коцiцца колам
Выклiкаем
духа зь лесу
каб увайшоў
на хвiлiну
ў кагосьцi з нас
Пад намi вiр
парцалянавая талерачка
што мела сказаць праўду
разьбiлася.
На шчасьце.
ВУЧАНЬ
Бачу вас у асьветленым вакне
выцягваю нататнiк
у цямрэчы
цела станецца словам
Не магу знайсьцi алоўка
каб гэта запiсаць
маю аловак
не магу знайсьцi запалак
лiтары блытаюцца
маю запалкi
згасла вакно
ня маю таго
што хацеў запiсаць
Тады я ўбачыў Яго
крэсьлiў нешта на пяску
хвалi Мёртвага Мора
скручвалi рукапiс
укрыты зараз
кожную хвiлiну
памiж хваляй якая адступiла
i той якая надыходзiць.
* * *
Мулкія крэслы ў пачакальнi
шчыльныя дзьверы
змайстраваныя
з дрэваў мiж якiмi
прайшлiся дрывасекi.
Пераклаў з польскае мовы Ю.Г.
Пётар Міцнэр нарадзіўся ў Падкове Лесьнай пад Варшавай у сям`і журналістаў. Скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага Ўнівэрсытэту. Працуе ў гістарычным часопісе "KARTA" і зьяўляецца дырэктарам Цэнтру культуры "Кола Падковы" у Падкове Лесьнай. Вершы ўзяты з кніг "Перамена часу"(1990) і "Лес"(1996).
|
кантакт: freelit@polotsk.unibel.by |