|
Мідзьені (1911-1938)
Лёс клясыка альбанскай літаратуры Мідзьені (псэўданім Мілаша Дзьердзя Ніколы) дзіўным чынам нагадвае лёс нашага Максіма Багдановіча. Мяркуйце самі: калі хлопчыку Мілашу не было й пяці гадоў, у яго памерла маці, пры жыцьці паэт выдаў толькі адзін паэтычны зборнік і памёр на чужыне, ва ўзросьце дваццаці шасьці гадоў, паехаўшы туды лекавацца аб сухотаў.
I ўсё ж такі Мідзьені, як творцу, пашанцавала. Пасьля захопу ўлады ў Альбаніі камуністамі, ягонае імя, у вадрозненьне ад імёнаў іншых літаратараў міжваеннай пары, не было выкінутае зь літаратуры. Больш таго, у 1956 годзе камуністычныя ўлады парупіліся перанесьці паэтавы парэшткі на Радзіму, Мідзьені (пэдагогу па адукацыі) была пасьмяротна нададзена годнасьць Народнага настаўніка, а галоўная літаратурная прэмія краіны стала насіць ягонае імя. Зрэшты, дзівіцца такому стаўленьню камуністаў да вольналюбівага, выхаванага на творах Шапэнгаўэра і Ніцшэ паэта, не даводзіцца, калі ўлічыць, што ніцшэанскія матывы не былі ім чужыя .
Пісаў Мідзьені ня толькі вершы, але й прозу — пераважна сатырычныя навэлы, адну зь якіх – «У храме» – мы прапануем чытачам.
Вінцэсь Мудроў
УРОКІ ІТАЛЬЯНСКАЙ
Ператрэсеныя ветрам хмары ляцелі нізка над зямлёй, чапляючыся сваімі размытымі краямі за сьпічакі кіпарысаў, стрэлы партовых кранаў і высокія трубы «Citta di Catania» — італьянскага параплаву, які стаяў ля пірсу, рыхтуючыся выйсьці ў мора.
На вымытай сьнежаньскімі залевамі палюбе было галасна і тлумна: плячыстыя горцы ў зьбітых набакір фесках, падхорцістыя каміваяжоры — усе спрэс з фацэтна закручанымі вусамі, манашкі-кармэліткі ў мокрых апранахах, колькі падпітых бэрсальераў у парадных шаломах — усе яны бязладна мітусіліся і крычалі штосьці сваім бацькам, сябрам, жонкам, якія прыйшлі іх праводзіць.
Плячыстыя горцы выпраўляліся ў курбэт*, каміваяжоры — у Брындызі ды Вэнэцыю, кармэліткі — у Вечны Горад, бэрсальеры, удосыць наглытаўшыся абісынскага пылу, вярталіся да сваіх сем’яў і альбанскі порт Дурэс скаланаўся ад крыку і плачу.
Зрэшты, крычалі ня ўсе... Кармэліткі стаялі моўчкі, маўчаў і адзін з бэрсальераў — чарнабровы капрал, хаця зь берагу — відавочна яму — раз-пораз ляцеў дзявочы вокліч:
— Dummi qualche cosa, su!**
Маўчаў таксама белатвары, інтэлігентнага выгляду альбанец. Ён стаяў поруч з капралам і яму таксама крычалі зь берагу, але ўжо на тутэйшай мове — каб ён глытаў пігулкі, а прыехаўшы ў Турын, адразу ж адпісаў ліста.
... 22 сьнежня 1937 году Мілаш Дзьердзь Нікола — настаўнік і паэт — ад’яжджаў у Італію — паступаць на гісторыка-філялягічны факультэт Турынскага ўнівэрсытэту. Дакладней кажучы, ён ехаў лекавацца: спакрэвічы здабылі яму мейсца ў «Сан-Луіджы» — санаторыі для сухотнікаў, які знаходзіўся ў ваколіцах гэтага самага Турыну. Але Мілаш пераканаў сяброў і, найперш, сябе самога, што ён здаровы і, калі й патрапіць у санаторый, дык толькі дзеля таго, каб у цішыні і адзіноце заняцца італьянскай мовай.
Ад самага ранку пад сэрцам ягоным пасяліўся трапяткі халадок — прадчуваньне далёкай дарогі. На душы не было ні суму, ні трывогі: адно гэтае няўцямна-трапяткое прадчуваньне і выпетралася яно толькі там, на хісткім трапе, калі ён азірнуўся і ўбачыў свайго сябра Ёрдана Місью, зь якім некалі вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі, выдаваў часопіс, і зь якім да сіпаты спрачаўся аб навачаснай літаратуры.
Ёрдан стаяў на кнэхце, сябруковая галава лунала над натоўпам, і Мілашу ў той міг здалося, што сябар плача. Ён спыніўся, падумаўшы — ці не падацца назад, але, атрымаўшы штурхеля ў сьпіну, няпэўным крокам рушыў па мастках. Паэт зразумеў, што гэты бераг, гэтыя цёмныя, пакарабачаныя ветрам кіпарысы, спусьцістыя дурэскія дахі, сябра Ёрдана і сваю няшчасную Радзіму ён бачыць апошнім разам. Ад такой думкі балюча сьцялася душа, стала цяжка дыхаць і Мілаш, прыхапіўшы з кішэні насоўку, хваравіта закашляўся.
На палюбе ён прабіўся бліжэй да кармы, дзе было менш народу, і пашнарыў вачыма па натоўпу. На тым мейсцы, дзе толькі што стаяў Ёрдан, цяпер атабарыўся нейкі вусач у чорнай гуне***, які, склаўшы рупарам далоні, клікаў нейкага Ахмэта.
Агледзеўшы натоўп, паэт зірнуў угору — на рухавыя, дарэшты выплаканыя хмары і з сумам падумаў, што ў родным Шкодэры дождж, відаць, яшчэ ідзе і ў душы пашкадаваў бяздомных шкодэрскіх жабракоў, якім нясоладка жывецца такою парой.
Хтосьці з «макароньнікаў» шпурнуў за борт недапітую пляшку «К’янці», палюба зь невядомай прычыны нахілілася, і Мілаш машынальна схапіўся за рукаво шыняля італьянскага капрала. Альбанец на тое не зьвярнуў бы ўвагі, а «макароньнік» зь нейкім дзіўным імпэтам адхінуўся ўбок і штосьці няўцямна прамармытаў. Можна было падумаць, што капрал грэбаваў альбанцамі, нават выпадковы дотык лічыў за абразу. Мілаш так і падумаў, але, зірнуўшы на бэрсальера, адрынуў такія думкі: правая, прыкрытая накідкаю рука ваякі вісела на тальмаху.
Параненая рука й да чарноцьця загарэлы твар сьведчылі пра тое, што капрал ехаў з Абісыніі і, па дарозе да хаты, завітаў у Дураца**** — адведаць сяброўку, якая цяпер плакала на пірсе.
Вочы італьянца неўзабаве бліснулі, на вуснах адбілася робленая ўсьмешка і ён, глянуўшы на Мілаша, запытальна таргануў галавою.
— Вучыцца еду... ва ўнівэрсытэт, — прамовіў Мілаш па-альбанску і, схамянуўшыся, дадаў:
— Universita... Torino...
Капрал пасьміхнуўся, цяпер ужо зусім натуральна, прамовіў нешта па-свойму і, уздыхнуўшы, налёг жыватом на поручні.
«Першыя тры месяцы — вучу італьянскую. Потым два месяцы — чытаю клясыку. Петрарку, Бакача, Дантэ...» — падумаўшы так, Мілаш зьмежыў павекі і ў сьвядомасьці дарэшты выяўна прагучалі тыя першыя словы, якімі сустрэне яго італьянскі бераг.
— Che hai nella valigia?*****
І што ён адкажа? Sapone, camice...****** майка... Як гэта будзе па-італьянску? Хвіліну Мілаш згадваў гэтае слова, цёр даланёй па лобе і, не згадаўшы, адсунуў валізу, што стаяла між ног, далей ад борту.
З кніг ён узяў з сабой толькі два слоўнікі ды, вядома, свой зборнік вершаў, які летась павінен быў убачыць сьвет і наклад якога, ужо аддрукаваны, быў зьнішчаны каралеўскай цэнзурай. Захавалася ўсяго некалькі асобнікаў, якія скраў з друкарні адзін знаёмы хлопец. Даведаўшыся пра тое, Мілаш было засмуціўся, але потым, падумаўшы, махнуў на ўсё рукой. І сапраўды: каму патрэбныя вершы ў гэтай Богам забытай краіне?
Цяжка, з натугаю заскрыгатаў катвіжны ланцуг, палюба ізноўку хітнулася й гамэрню людзкую пакрыў пранізьлівы дзявочы воклік:
— Amor mio, dimenticarmi!*******
На палюбе закрычалі, заплакалі, штосьці гучна бухнула ля борта і бераг пачаў аддаляцца. «У жніўні прыеду», — хацеў крыкнуць Мілаш, але не пасьпеў: навакольле здрыганулася ад нізкага сіплага гуду. «Citta di Catania» гула як апантаная — працягла, ачмурэла, а калі, нарэшце, сунялася, рэха гэтага гуду адбілася ад навакольных гор і доўга цьвеліла слых, аж пакуль не зьлілося з пошумам нястрымных хваляў і лямантам сварлівых кагарак.
Мілаш Дзьердзь Нікола памёр праз 8 месяцаў, у жніўні наступнага, 1938 году. За ягонай труной ішло некалькі альбанцаў, што прыехалі на паховіны, ды два сухотнікі, якія ляжалі зь Мілашам у вадной палаце: лекары больніцы ў Торэ-Пелічы дазволілі ім прайсьціся да могілак і падыхаць ласкавым, настоеным на паху прывялых магнолій паветрам.
Ёрдан Місья перажыў свайго сябра амаль на чатыры гады: ён загінуў у чэрвені 1942 году ў Шкодэры, пад час перастрэлкі з італьянскімі карабінэрамі.
* Выезд за мяжу на заробкі.
** — Скажы мне што-небудзь! (італ.)
*** Шырокая і доўгая адзежына альбанскіх пастухоў.
**** Італьянская назва Дурэсу.
***** — Што ў валізе? (італ.)
****** Мыла, кашуля... (італ.)
******* — Каханы мой, не забывай мяне! (італ.)
ВОСЕНЬ МІНАЕ
На вулкі й твары восень скруху сьцеле,
Канае сонца, вецер дзесь скуголіць,
Пакутуе душа ў зьнямоглым целе,
Трапеча зьвялае жыцьцё на гольлі.
Апошні танец барваў сухазлотых
(Вар’яцкі лёт і сутаргі лістоты!)
Надзеі нашы, радасьці й пяшчоты
Канаюць па чарзе ў адбымках слоты.
Вунь дуб, застыглы ў высілку тытана,
Крывёй сплывае ў бруях сьлёз нябесных,
«Жыць! Жыць хачу!» — галосіць апантана
І нікне ў стогне, грозным і балесным.
І гэты стогн ляціць па навакольлі,
Захраслым у імгле. І дрэвы гольле
Дарэмна цягнуць у мальбе, бо знаюць:
Няма ратунку й хутка ўсе сканаюць.
На сэрцы смутак, а на вейках сьлёзы
У час, калі ня грэе кроў у жылах,
А груд магілы сьвежай у нябёсы
Расьце пад скогаты вятроў панылых.
На вулкі й твары восень скруху сьцеле...
Дык плачце над усім, што не збылося,
Смуткуйце па лістах, што адшамрэлі —
Над тленам іх, што гэтак красіць восень.
НОЧ
Багіня? Жанчына? Адкуль невядома
Сышла з вышыні да майго ты жытла,
І ветрык дыхнуў, і салодкая стома
Трывогаю сэрца маё апляла,
І толькі гадзіньнік стукоча ў паўзмроку,
Ды чуецца водгалас песьні далёкай,
Што з высяў, адкуль ты зьляцела, ліецца.
Ідзі ж да мяне! Чую стук твайго сэрца!
У вочы твае, і на вусны
Гляджу неапусна!
Мяне галізна твайго цела
Пажадаю цьвеліць!
Маўчаньне тваё і лагоду
Прымаю за згоду!
Так, я не мылюся! У мяккім сутоньні
Нас вір асалоды закруціць сягоньня...
З. Б.
Зыбаліся вячорныя абрысы
На тле зары ў праменьні косым,
На пурпуровых шатах ціса,
На сінім покрыве нябёсаў,
І адбіваліся ў сінечы
Тваіх вачэй, у глыбіні каторых
Каханьне ўзьнікла, ціхае, як мора,
У час, калі над ім трапеча
Галубка, бы вястунка надыходу
Суцехі, шчасьця і лагоды...
Каханая, ад той хвіліны
Я мару горача й няспынна
Пра сьветлае і чыстае каханьне
Вачэй блакітных, што адхланьне
І радасьць дораць у жыцьці глухім
Пяшчотным позіркам сваім.
Пераклаў Алег Мінкін
БЯССОННАЯ НОЧ
Крыху сьвятла, сьвятла мне, сябар мой,
Сьвятла прашу, калі душа ў пакутах,
Калі прыцісьне ўсё імглой начной
І да бяссоньня, нібы раб, прыкуты.
Прарок! Герой, які стварае сьвет,
Крыху сьвятла, бо пашкадуй нямогу!
Пашлі праменьчык у маім вакне
І асьвятлі праз морак мне дарогу.
Хачу паходні ўбачыць я праз ноч,
Каб у званы агонь грымеў прарочы,
Каб кожны, хто няшчасны, ўстаў са мной
Ды па лязу нажа скакаў уночы.
Але няма паходняў і сяброў.
І я ізноў марнею ў адзіноце.
Маўчы, душа, і ў цемрыве гадоў,
Зьвіні у сэрцы на пакутнай ноце!
На ранку певень хрыпла пракрычыць —
Ён маніць пра сьвятло, ці праўду кажа?
Прыходзіць ранак, значыць, трэба жыць,
З душы здымаць на міг пакуты камень.
Дык прэч пакуты! І сумненьні прэч!
Рукамі прагна абхапі падушку.
Прабачце, мары. Сёньня насамрэч
Свой адзінокі шал я ноччу гушкаў.
Пераклаў Навум Гальпяровіч
У ХРАМЕ
Ёсьць у нашым горадзе адзін квартал... А ў тым квартале — храм. А ля храма — жабрак, які апанаваны адным жаданьнем: жыць.
«Прыходзьце да Мяне ўсе струджаныя і пакрыўджаныя, — сказаў некалі Валадар гэтага храма, — і Я супакою вас...»
Жабрак і прыйшоў. І папраўдзе знайшоў тут спачынак. Касьцельная прахалода агарнула ягонае змучанае, апаленае сонцам цела.
А на двары сьпёка. Сонца такое гарачае і так шалёна пячэ, што біцьцё крыві ў скронях падаецца біцьцём кавальскага молата аб кавадла.
Зазнаў, аднак, пакут, небарака, пакуль дабраўся да храма! Як назло, з-за сьпёкі ён ня мог хутка бегчы. А таму ледзь было не папаўся. Аднак сьпёка яго і ўратавала. Паліцыянт, які за ім пабег, быў на дзіва тлусты, і ад гарачыні гатовы быў расплавіцца, што той тлушч на патэльні, таму неўзабаве і кінуў гнацца.
«Каб табе духі выгнала з-за тых грошаў! Каб цябе чэрці папісалі!» — падумаў той хвіляй паліцыянт. Паліцэйскі лічыў, што гэта жабрак сьцягнуў тыя пяць-шэсьць лекаў, — а спыніўшыся, вырашыў, што той іх зусім і ня браў.
Ну а жабрак і не зьбіраўся абвяргаць такія думкі. Ды яно й зразумела: яму, сумленнаму чалавеку, аніяк не выпадала сесьці на лаву падсудных. І ён, вядома, меў рацыю. Ці ж не такім чынам дзеюць шаноўныя прадпрымальнікі ў нашым горадзе? І ці можа хто ўсумніцца ў іхнай прыстойнасьці? Сядзець за кратамі і быць пры гэтым невінаватым — ганьба ў вачох усіх добрых людзей!
І вось жабрак у храме. Сядзіць на лаве й раскашуе ад прахалоды. Уф... як гэта добра — сядзець, раскашаваць, ведаючы, што на бліжэйшыя два дні ты забясьпечаны хлебам надзённым. Шэсьць лекаў! Не, не два, а нават тры дні можна жыць на такія грошы. Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсьць лекаў... Дзынь, дзынь, дзынь, дзынь... Брат — манах, які стаіць за брамамі аўтара, чуе звон манэт і ўсхвалявана азіраецца. Манах выторквае галаву з-за статуі сьвятога, але нічога такога ня бачыць. У храме пуста, калі не лічыць жабрака, што сядзіць на задняй лаўцы і, склаўшы далоні, моліцца Богу.
Разгубіўшыся, жабрак казеліць вочы на манаскую галаву. Пужаецца! Гатовы даць веры, што зараз надарыцца нейкі цуд. Але ж не! Перад ім адно манаская галава і болей ніякага цуду. І калі галава, нарэшце, зьнікае, жабрак ізноўку лашчыць свае шэсьць лекаў, радуючыся ім болей, чым здраднік Іскарыёт трыццацём сарэбранікам, за якія той прадаў свайго Настаўніка. І, апанаваны лятункамі, жабрак засынае на задняй лаўцы ціхім сном бестурботнага чалавека.
Цішу касьцельную тым часам парушаюць гулкія й няўцямныя зыкі... Капялюшыкі чырвоныя й чорныя, сукні белыя і блакітныя, панчохі звычайныя і ядвабныя, твары вусатыя і бязвусыя, сьмяшлівыя й сур’ёзныя — гэта вернікі прыйшлі паслухаць пасляабедзеную казань. І вось ужо ўсе лавы занятыя, а на апошняй лаве сядзіць жабрак.
"Праўду, праўду кажу вам", — грыміць з катэдры голас падрэ, абрыньваючы на грэшныя галовы перуны і маланкі. Вернікі ж слухаюць сьвятара надта ўважліва. Старыя нават ірты паразяўлялі. Нейкая цётухна шчасна пасьміхаецца. Дзьве маладухі, тыцкаючы адна другую локцямі, спрачаюцца: учора ці сёньня галіўся падрэ? А маленькая дзяўчынка зачаравана глядзіць на вясёлкавыя промні, што прабіваюцца скрозь вітражы...
А казань між тым ліецца як мае быць. У наступнае імгненьне падрэ пачынае выкрываць злодзеяў, кранаючы пры гэтым патаемныя струны жабрачай душы. Жабрак падымаецца, ідзе да выхаду і ў дзьвярах, паслаўшы на адрас прамоўцы пару мацюгоў, дадае: — А жыць як? Гэтага ты не сказаў. Мне ж таксама жыць хочацца!
Пераклаў з альбанскай мовы Вінцэсь Мудроў
|