БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 6

Хведар Ніцка

ЧОВЕН ХАРОНА


ПАХМЕЛЬЛЕ


Усё так, як раней, але троху
Больш падвоху ў паветры й спалоху,
Больш паныласьці ў тварах і смутку,
Больш нянавісьці ў кожным закутку,
І глядзяць адусюль блазнавата
Зьвільгатнелыя вочы вар’ята.

Зноў стрыножаны коні Пагоні,
На іх месцы — дубінкі, пагоны,
І разумнікі зноў не ў цане
І вусаты партрэт на сьцяне.
Што ж, за пляшкай схаджу, буду піць...
Можа загадзя кайстру купіць?


БЭЗ

I

У вазе зьвяў духмяны бэз.
А я паперы скрэмзаў жмутак...
Я доўга быў з табой і без
І вызнаў, што такое смутак:
Ён, пеніста-лілёвы спрэс,
Так нас спавіў і так захутаў,
Як той зьдзічэлы, прагны бэз,
Што плот збуцьвелы пералез
І захінуў забыты хутар.

II
Рассунуў бэз я... Акурат
Насупраць, у ваконнай шыбе,
Губамі варушыў, як рыба
Бязгучна, за чытвом мой кат.

Карпеў да ранку, мусіць, ён
Над мудрым томам «Капітала»,
Скуль навукова вынікала,
Што ўсім, такім як я — гамон!

Было ўсё вызначана спрэс
Там аж да «чыстак» і «лікбезаў»...
Адно ня ўлічана: куст бэзу,
Пад самай шыбай, і абрэз.

III
Пад мурам таго самага мэханічнага цэху,
Дзе Кукабака* вырабляў пратэзы,
Штогод у траўні зацьвітаў куст бэзу,
Сарамліва затуляючы шчарнелую цэглу.

Такой нязвыклай і такой сірочай 
Была сярод шкла, бэтону й зялеза
Лілёвая квецень квітучага бэзу,
Што Кукабака адводзіў вочы.

На тэрыторыі, абнесенай дротам,
Квітучага бэзу лілёвая кіпень
Здавалася Кукабаку дзівосным выкапнем
Нейкай недарэчнай, забытай пяшчоты.

Напэўна ў Кукабакаў задушны закутак
Той, хто ня церпіць ніякага лішку,
Дадаваў штогод пяшчоты крышку,
Каб яшчэ яскравей адцяніць пакуту.



ЧОВЕН ХАРОНА

«І вось другі ўжо бераг шэры неўпрыцям...»
Н.Арсеньнева

I
Я змантачыў усё абы дзе, абы з кім, абы як
І ў спацелай далоні апошні сьціскаю мядзяк.

Я б збаёдаў яго, ды пахмурны Харон не анёл:
Усё роўна, круці — не круці, а спагоніць абол

За правоз у гаючую нішу, жаданы суцём
З дасканалага пекла, якое завецца жыцьцём.

II
Плыву я ў Харонавым чорным чаўне
У змроку па роўнядзі сьпячай,

Гляджу на ваду й непамысна мне,
Што твару твайго ня бачу.

Ды ўсё ж, пакуль зьнізу плюскоча рака,
Я ў плынь углядаюся, быццам

Мне трапіць на вочы крыло матылька
Ці трэска з кропляй жывіцы.

III
Калі жыцьцё нашчэнт згалее,
Бы ўвосень гольле ржавых крон,
Харон па чорнай шугалеі
Зьвязе мяне за Ахерон.

Ды, стаўшы ценем, у імгле я
На беразе расстайным зноў
Зьляплю сабе з рачнога глею
Людзей, і птушак, і зьвяроў.


КУКАБАКА ПЕРАД ЛЮСТЭРКАМ

Я ўзіраюся ў люстэрка —
Як жа час мяне скаверкаў:
Зжоўклы твар у зморшчках спрэс,
Плех на месцы, дзе быў лес.

Эх, падсела, падгніло,
Пане Дух, тваё жытло,
У якое мімаходзь
Запіхнуў цябе Гасподзь.


ДВОРНІК

Надараецца, жахам агорне
Ад таго, што яшчэ не памёр...
Ды са зьдзівам пачуеш, як дворнік
Ачышчае засьнежаны двор.

Звыклы лад пахіснуўся, пажухлі
Усе веры й атожылкі вер,
А вось дворнік шкрабе сваёй шухляй
І тады, і заўжды, і цяпер.

Ён адкідвае да агароджы 
Сьнег наносны і сыпле пясок,
Каб няўпэўнены ў заўтра прахожы
Пасьлізнуцца ня мог незнарок.


* * *
Настане дзень, і сонца згасьне,
як не шкада. 
Заледзянее ў вадначасьсе
кроў і вада.
Паветра зробіцца ад сьцюжы
цьвярдым, што мост —
Па ім да Новай Зоркі душы
сыйдуць наўпрост.

Вільня

*Кукабака — пэрсанаж шмат якіх вершаў Хв. Ніцкі.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія