|
Алег Прусаў (1970-1996)
Бесклапотны летні дзень
1.
Пакуль мы сьпім, стрэлкам гадзіньніка няма патрэбы скакаць на манэр алавёвага жаўнерыка з адной хвіліны на другую. Ніхто ня сочыць за іхнай хадой, і час можа заняцца сваімі справамі. Пасьля поўначы паблукае па тыбецкім сьнезе, скоціцца ў глыбозную цясьніну, завітае на халасьцяцкую гулянку дзе-небудзь у цэнтры Эўропы. Гукне начною птушкаю ў бары і, абляцеўшы ўсіх варажбітак, празорцаў і шаптуноў, вернецца, дарэшты стамлёны, акурат а другой, каб потым — сарваўшыся камлыгай — тут жа прабіць палову пятай. Ня ведаючы дакладна часу вашага абуджэньня — бо вы самі ўказалі стрэлкам, калі вас абудзіць — час прысьпешыць і скарэктуе сваю хаду: нават прачнуўшыся хвілін на дзесяць раней, вы наўрад ці заўважыце што-небудзь незвычайнае.
Вось пакой, схоплены па кругу цісьнёнымі шпалерамі. У пакоі бязладна тахкае гадзіньнік. Сьпіць малады, гадоў дваццаці, чалавек. Цяжка сказаць, ці прыгожы ён: сон насунуў на ягоны твар застыглую маску — напаўадкрыты рот, зацягнутыя павекамі вочы. Чалавеку сьніцца блытаны вецер і сіняваты, расьцярушаны ветрам сьнег. Малады чалавек глядзіць на сьнег надта ўважліва, і сьнег ня рэжа вачэй зіхценьнем крышталю, ён глядзіць, глядзіць, разьмежвае павекі —
сьнег — столь па-над ім, а вецер,
вецер — ягонае дыханьне.
Суняўшы парывістасьць ветру і пасьміхнуўшыся сьнегу, які ня падаў долу, ён зірнуў на гадзіньнік — прысьпешыўшы хаду, гадзіньнік выяўляў гатоўнасьць неўзабаве яго абудзіць. Апошніх пару месяцаў ён рэдка прачынаўся зарана і таму ўсьведамленьне гэтага факту зьдзівіла яго, хаця, вадома ж, раньняе абуджэньне ніяк не адбілася на настроі. Ён устаў, нядбайна заслаў пасьцель і вырашыў — спаслаўшыся сам сабе на лёгкую немач — не рабіць сёньня звычайных ранішніх практыкаваньняў. Ён хуценька памыўся, надзеў падрыхтаваны зь вечара гарнітур і сеў сьнедаць.
Тым часам другі чалавек, на другім канцы места — нават ня места, а ў адным са шматлікіх ягоных прадмесьцяў — таксама ўстаў, надзеў не на тую нагу тэпці, машынальна пагаліўся, уціснуў цела ў гарнітур і таксама сеў сьнедаць.
Трэці чалавек, які жыў у самым цэнтры, за квартал ад будынку галоўпаштамту, гэтак жа сама ўстаў, памыўся і сеў сьнедаць.
Чацьверты, пяты, шосты чалавек займаліся тым жа, што, зрэшты, і ня дзіўна, бо гэта быў той самы ранішні час, калі большая частка насельніцтва задзіночана агульным памкненьнем выправіцца ў кантору, на завод, ва ўнівэрсытэт на вучобу ці проста ў краму за справункамі.
Сьняданкі ва ўсіх гэтых людзей былі даволі разнастайныя — пачыналіся кубкам кавы з булачкай і сканчваліся рознымі прысмакамі — дэсэртамі, але якімі б яны ні былі, кожны чалавек спажываў кожнага ранку адно і тое ж, і толькі першы (той, што прачнуўся раней звычайнага) дазволіў сабе зьмяніць заўсёднае мэню. Звычайна сьняданак ягоны складаўся з разагрэтай, недапітай зь вечару гарбаты з салодкім аўсяным печывам, аднак гэтым разам ён згатаваў сабе яешню з цыбуляй, салату з гародніны і запёк да гарбаты канапкі.
— Паслухай, Глюн, — сказаў ён сам сабе, — цябе змучыла аднастайнасьць. Ты ўсё жыцьцё жывеш рэфлекторна і неўсьвядомлена выконваеш тую ці іншую працу. Ты, я бачу, думаеш: навошта, маўляў, уключаць мазгі на такую драбязу як, скажам, сьняданак. Кожны дзень адно і тое ж і кожны дзень ён жуе печыва і запівае гарбатай. Але сёньня крыху ня так. Сьняданак сьняданкам і застанецца, але штосьці зьменіцца. Ня буду набівацца, але паспрабуй — табе павінна спадабацца.
І сапраўды. Глюн сьнедаў сёньня са смакам. І быў у добрым настроі. Калі гарбата была выпітая, а канапкі зьедзеныя, ён, па старой звычцы, пасядзеў крыху, потым устаў, наліў сабе з графіна вады, прычакаў, пакуль адбіткі коламі разыйдуцца па паверхні кубка, прыпаў да адбіткаў вуснамі і стаў прагнымі глыткамі піць. Зьнішчыўшы адбітак да дна, ён паставіў кубак на стол і, вырашыўшы быць элегантным да канца, уголас падзячыў сабе, прамаўляючы чамусьці праз плячо:
— Дзякуй, Глюн. Ты сёньня, відаць, у гуморы.
Потым ён надзеў плашч, адзначыў пры гэтым — каторым разам, — што неабходна прышыць адарваны гузік, выйшаў з пакою і замкнуў дзьверы. На калідоры паспрабаваў дачакацца вінды, але не дачакаўся. Гэта яго не засмуціла й ён пайшоў уніз па сходах. Раніца пырснула ў твар густа прасоленымі гукамі імклівых самаходаў і рассыпанымі па вокнах і вітрынах бліскамі. Не па-ранішняму цёплая сонечная пяшчота кранула Глюна за плячук; вецер адагнаў яе на міг; яна прыгарнулася да Глюна ізноў і гарачымі ўвішнымі рукамі пачала яго лашчыць. Глюн пасьміхнуўся — нягледзячы на млявасьць, ён цудоўна сябе пачуваў — і хуткім крокам рушыў да прыпынку. На перакрыжаваньні ён на імгненьне спыніўся — быў выбар паміж аўтобусам і мэтро — і, не пажадаўшы такім лагодным ранкам лезьці пад зямлю, вырашыў ехаць аўтобусам.
Той хвіляй другі чалавек — які жыў у прадмесьці — гэтаксама сьпяшаўся на прыпынак і быў зьлёгку засмучаны з прычыны сваёй няпамятлівасьці: ён забыў дома парасон, але вяртацца за ім не выпадала.
Аўтобусы тым часам ішлі, як заўсёды, перапоўненыя. Глюн, які звычайна спраўна набываў квіты, вырашыў сёньня квіта ня браць, бо ніякі кантралёр да яго ў такой таўкатні ня здолеў бы праціснуцца. Выпадковыя суседзі Глюна цягнулі ўгору шыі, ліхаманкава хапалі адно другога за рукі й не заўважалі, што наступаюць яму на ногі.
Прыпынкаў празь пяць, калі народу стала крыху менш, Глюн прабіўся да задняе шыбы і, тыцнуўшыся носам у шкло, пачаў хапаць шырока разьмежанымі вачыма фрагмэнты гарадзкой панарамы. Тысячу разоў зьежджаны маршрут ня быў для яго й сёньня новым; за вакном мільгацелі дробныя дэталі, мільгценьне тое поўніла душу нейкай дзіўнай асалодай. Па гладкай бронзе помніка заснавальніку места, ад самага цемя плыў пякучы белы пісяг за каўнер мундура; бот крыху выстаўлены і непрапарцыйна вялікі. Міліцыянт забіўся ў цень і толькі зрэдзьчасу воклічам сьвістка прымушаў мінакоў дачакацца зялёнага сьвятла. Маладая раззлаваная кабета пляскае непаслухмяную дачку, і чым больш дзяўчынка плача і абяцае не рабіць гэтак надалей, тым больш маці злуецца і усё мацней яе пляскае. Сівенькі дзядок прытаміўся, прысеў, пераводзячы дых, на лаўку і захітаў галавой: ці то пагаджаючыся з усім, ці то абураючыся на сёньняшнія норавы... Драбнюткія фрагмэнты велічнай панарамы. Дзіўныя, не прыдуманыя пэндзлем майстра кадры. І ўсе гэтыя мілыя эпізоды шчодра палітыя сонечным сьвятлом, упрыгожаныя і пададзеныя па-царску, з млявай, непадробна-прыроднай нядбайнасьцю. Глюн са зьдзіўленьнем і замілаваньнем пазіраў на гэтыя сонечныя мініятуры і ледзь не прапусьціў свайго прыпынку — зрэшты, прапусьціць яго ўсё ж такі ня мог: ня так ён ужо і захапіўся.
2.
Сёньня раніцою я быў пакараны. Мяне хвасталі бізунамі; хвасталі да тае пары, пакуль я не памёр. Гэта было звычайным пакараньнем вінаватага; бізунамі ў нас забіваюць даволі часта. Людзей лупцуюць у двары будынку Вышэйшых курсаў, дзе я меў гонар вучыцца апошнія тры гады. Я сканаў і маё цела пранесьлі пад гімн: — Славься, Всевышний, дающий надежду... — праз шыхт курсантаў, якіх — каго прымусова, а каго й па добрай волі — сабралі дзеля такой нагоды. Цела занесьлі ў канцылярыю, склалі пратакол, выдалі дакумэнты аб адлічэньні з курсаў і аднесьлі ў трупярню. У трупярні мяне памыюць, адрэтушуюць і, я мяркую, хутка вы ўбачыце мяне дакладна такім, якім я выглядаю на апошнім здымку (пасылаў вам у сакавіку), нават лёгкі выгін усьмешкі, спадзяюся, яны адновяць з поўнай дакладнасьцю. Аднак усяго гэтага я не пабачу і кажу так упэўнена таму, што дакладна ведаю: парадак у нашым справаводзтве адмысловы і наўрад ці знойдзецца прычына, якая б прымусіла зьмяніць гэты парадак.
Што да маіх асабістых успамінаў, дык надвор’е сёньня — да той пары, пакуль я не памёр — было дзіўным, нават гарачым. Неба аблівала маё цела струменямі сонечнага настою, і мухі, і без таго ачмурэлыя ад сьпёкі, канчаткова звар’яцелі і нахабна лезьлі ў вочы. Дрэваў ці там нейкіх пабудоваў у двары амаль што не было, таму цень толькі там-сям наступаў фіялетавай нагой на асвальт; курсанты пацелі і — я адчуваў гэта — клялі мяне самымі страшнымі словамі.
Ну а пакараны сьмерцю я быў з тае прычыны, што Вышняя рада адміністрацыі Вышэйшых курсаў заўважыла ў маім трактаце (які курсанты пішуць прыканцы кожнага году навучаньня) колькі вольных думак, якія хаця й не супярэчылі генэральнай лініі Вышняй рады, але — на думку радных — былі занадта арыгінальнымі. Прыняўшы рашэньне аб пакараньні, Вышняя рада — як і належыць саліднаму, мудраму воргану ўлады — не сьпяшалася яго выконваць, а прызначыла аўтарытэтную камісію, не даўшы тым самым падліць алею ў лямпаду плётак і чутак. Лямпада тая, як вядома, разгараецца хутка, асьвятляючы вагнём сваім ікону недаверу — а што можа быць горшым ад зерня недаверу, кінутага ў развораныя юначыя мазгі. Незалежная камісія складалася з двух на дзіва дапасаваных адно да другога фацэтаў — ростам, паставаю, рухавасьцю блякла-рудых вусоў яны нагадвалі братоў. Мяне прывялі ў габінэт, дзе сядзелі, раскінуўшыся ў крэслах, гэтыя панове і, прадставіўшы іх — адзін банкаўскі службовец, другі —прадстаўнік працоўнай інтэлігенцыі — прапанавалі выкласьці ў сьціслай форме сутнасьць майго трактату. Я пакланіўся сябрам камісіі, спытаў — ці дастаткова добра мяне чутна — і стаў гаварыць. Пачаў я блытана (давалася ў знакі хваляваньне), да таго ж адразу прапусьціў дзьве ці тры важныя дэталі, але неўзабаве супакоіўся і скончыў свой аповед даволі зграбна. Дзеля таго, каб «браты» правільна зразумелі саму ідэю трактату, а таксама ацанілі маю рахманасьць і далікатнасьць, прыканцы свайго аповеду я яшчэ раз сьцісла, але ўцямна паўтарыў асноўныя вывады. Пакланіўшыся сябрам камісіі чарговым разам, уадначас прачысьціўшы нос і паклаўшы ў кішэнь насоўку, я сеў на прапанаванае мне крэсла і гатоў быў выслухаць іхны прысуд, бо, зрэшты, менавіта гэтыя два чалавекі і мусілі вырашыць мой лёс. «Браты»— абодва — падняліся з крэслаў і, каб супакоіць мае напружаныя нэрвы, прыязна пасьміхнуліся. Той, які служыў у банку, нахіліўся і шапятнуў на вуха, што прычын для хваляваньня няма. Я быў удзячны ім: і за тое, што быў зразуметы, і за тое, што адразу супакоілі, не прымушаючы чакаць. Бо, перш чым сказаць хаця б слова ўголас, яны абавязаны былі напісаць сваё рашэньне на паперы, надаць паперы законнасьць уласнымі подпісамі і пячаткамі, перадаць паперыну ў архіў і толькі тады прамовіць напісанае ўслых.
— Лухта сабачая, — выгукнуў інтэлігент, справіўшыся з усімі фармальнасьцямі.
— Выбачайце, але я б не дазволіў агучваць у сьценах майго дому падобныя тэорыі, — сказаў банкаўскі службоўца.
Прысуд быў вынесены двойчы. Мне, як і любому злачынцу, далі дзень на тое, каб я разабраўся са спадчынай, даўгамі ды іншымі рэчамі і наступнага ранку, а дзевятае — гэта значыць сёньня — мусіў зьявіцца да ката. Спазьненьне лічылася дрэнным тонам. Трэба яшчэ сказаць пару словаў пра ката. Добры і няўклюдны па натуры, ён быў улюбёнцам усёй курсанцкай браціі. Кожнаму стрэчнаму ён ветліва ківае і цісьне руку — хаця згодна займанай пасадзе ён амаль што сябар адміністрацыі — носу ў неба не ўтыкае і паводзіць сябе з курсантамі як роўны з роўнымі. Нават мне, асуджанаму, ён падаў руку, доўга яе трэс, спачувальна зазіраў у вочы і пытаўся пра здароўе. Быўшы чалавекам няўклюдным, ён увесь час штосьці забывае, губляе, альбо кладзе не туды, куды трэба. Вось і сёньня ён забыўся прыхапіць з дому парасон і, калі надвор’е сапсуецца — чаго я ўжо не даведаюся — яму давядзецца зьлегчы ў пасьцель. Жыве ён са старою маці, якая сама патрабуе дагляду і ня можа езьдзіць з прадмесьця ў цэнтар па лекі, і таму цяжка нават сказаць — хто за ім будзе даглядаць. Карціна гэтая дарэшты выяўна паўстае ўваччу: ён ляжыць, зьнясілены, у яго гарачка, пот пацеркамі раскладзены на лобе. Доўгія, рэдкія ад прыроды валасы разбэрсаныя па падушцы; мокрыя ад поту, яны непрыемна абхопліваюць шыю. Бедная бабуля сядзіць поруч і плача: ён хворы каторы ўжо дзень, нават лекар ужо кінуў ілгаць пра хуткую папраўку. У бабулі гэта адзіны сын і раз-пораз, паміж парывамі ўдушлівага жалю, старая падлічвае: сабраных на чорны дзень грошаў хопіць толькі на год. Яна лашчыць даланёю сынаву руку: ён быў добрым чалавекам, ён быў ветлівы з курсантамі. Мілае, ціхае стварэньне з прыязнаю ўсьмешкай, якая сьвеціцца любоўю, у якой...
... але ж, падлюга, ён ня проста біў мяне, а рупіўся хвастануць бізуном па баках — бо гэта страшэнна балюча. Я бачыў — я кожную хвіліну азіраўся — ён захапіўся працай, ён шчасна крахтаў, пакусваў кончык языка; вочы ягоныя захоплена гарэлі. Яго не прымушалі прыдумляць нейкіх езуіцкіх катаваньняў, але гэтаму ўбогаму чалавеку недастаткова было проста секчы мяне; ён увесь час змочваў бізун у рошчыне воцату і солі і сачыў за тым, каб я ня страціў прытомнасьці. Мне згадваецца (ці гэта я прыдумаў потым), што нават хтосьці з сяброў Вышняй рады ня вытрымаў і зрабіў кату заўвагу: маўляў, ня трэба так — трэба проста біць. Хаця, магчыма, гэтага напраўдзе і не было.
Я кепска памятаю само пакараньне. Шыхт курсантаў, чытаньне прысуду — гэта, вядома ж, як заўжды. Потым было штосьці непрыемнае — я, відаць, напужаўся і стаў прасіць літасьці, але грукат вялікіх бубнаў заглушыў мой жаласны лямант. Потым усё навокал стала нейкім размытым і невыразным — я ніколі не насіў акуляраў, але менавіта такім мусіць бачыць сьвет чалавек з кволым зрокам. Цьмянасьць, абагуленасьць, расплывістасьць прадметаў і дзеяў. Зьнікомыя ўсплёскі памяці — запаленыя радасьцю вочы ката, гнюснае зумканьне мух — і далей штосьці жахлівае. Хаця, не; самай жахлівай падзеяй сёньняшняга ранку было ня гэта. Божухна! Я й зараз — як толькі ўспомню — сорам апаляе твар. Цяжка нават сабе ўявіць — я забыўся зьмяніць кашулю, каўнерык быў бруднаватым. Я заўважыў гэта перад самым пакараньнем, калі кат прапанаваў мне скінуць пінжак; я засаромеўся, прыкрыў каўнерык рукамі, а кат — наіўнасьць! — адрываў мае рукі, думаючы, што я баюся. Жахлівыя ўспаміны — я пакутую ад іх і дагэтуль. Найдаражэйшыя бацькі мае, калі й ёсьць прычына саромецца вам за сына, дык толькі за гэта. Хаця я ведаю — бацька ўпікае мяне і за адлічэньне. Ну што ж, даруйце мне, даруйце велікадушна. Аднак я бачу, што стаміў вас; усе гэтыя падрабязнасьці недарэчныя. Ні слова болей. Няма патрэбы апісваць сёньняшні дзень.
Пад канец цалую вас шмат разоў, і малодшую сястру маю Клаўдзію таксама. Бывайце пакуль што. Кропка. Глюн.
1992
Гэты ліст адрасаваны мне
«Дзень добры, дарагі доктар.
Мінула зусім няшмат часу пасьля Вашага ад’езду, а наша мястэчка ўжо зусім не пазнаць. Блазенскае, маляўнічае, кірмашовае, цяпер яго ўпадабала Цішыня. Лістота шматслойным кілімам заслала ходнікі, часіна лянотная і сонная; вецер валадарыць ля мора, балаганы і бістро памерлі. Птушкі паляцелі ўсьлед за сонцам. Птушкі ня любяць Цішыні; яны, як і Вы, любяць гаману і песьні. Зеляніну палёў, блакіт вады, бялюткасьць аблачын зьнеслі яны пад крыламі. На ўсім ляжыць шэрая цьвіль туману. Мястэчка абязьлюднела. Імя яму — Мёртвы Сэзон. Зямля цяпер колеру лінялай воўны, неба колеру халодна-абыякавых вачэй. Днямі ў мястэчка вярнуліся вандроўныя акторы. Яны ня будуць даваць спэктакляў; яны вярнуліся сюды на зіму; яны тутэйшыя; спэктаклі пачнуцца толькі ўвесну. Арлекіны зьнялі свае паношаныя ромбы і ператварыліся ў немаладых азызлых суб’ектаў з жаночападобнай скурай твару, папсаванай грымам і прафэсійнымі грымасамі. Каламбіны склалі пабітае мольлю трыко ў куфары і сталі строгімі матухнамі. Яны гатуюць супы і падліўкі, дзіцячыя галовы прычасаныя, панталёны і кашулі бяльмом трапечуцца на ветры. Заўтра яны будуць адпрасаваныя, заўтра знойдуцца новыя справы.
Ваша палова дому цяпер пад замком. Па мястэчку вісяць аб’явы, але каму сёньня патрэбнае жытло. Нуда апраметная. Па двары параскіданыя бясформенныя кавалкі плеценых кашоў, дробным зьвяр’ём завіхаюцца пад нагамі абрыўкі газэт. Садовая альтанка пустая, на летнім століку мыюцца пад пацеркамі дажджу антонаўкі.
Нам вельмі не хапае Вас, доктар. Вы зьехалі, і процьма незапоўненай прасторы ўтварылася ў нашым доме. Рука ўвесь час цягнецца да шахматнай дошкі — вось Вашае крэсла. Вы гуляеце белымі, — але Вас ужо тут няма, мілы, цудоўны, вясёлы наш доктар. Я шмат разоў апавядаў пра Вас выпадковым людзям, зь якімі сутыкаўся ў жыцьці, і цяпер ужо й сам не разумею — дзе казаў праўду, а дзе прыдумляў. Мы сапраўды езьдзілі з Вамі ў горы? І Вы сапраўды хвацкі вершнік? Вы сапраўды сьпявалі рамансы, а ў мінулым жыцьці былі валадаром нома? Ці сапраўды Вы насілі бараду, ці гэта мая фантазія дамалявала гэтую дэталь, дагаджаючы майму ж густу? Мая жонка так прызвычаілася да гэтых аповедаў, што й сама ўсё пераблытала і таксама ня можа сказаць — як усё было на яве. Тым жа людзям, якім я апавядаю пра Вас, усё адно: ці была ў Вас барада, ці яе і не было зусім; ці гэта Вы жылі ў Эгіпце, ці гэта быў хтосьці іншы. Яны даюць веры маім аповедам, і тым задаволеныя. Ну, а калі камусьці зь іх спадабаецца сюжэт — ён запомніць яго; але пераказваючы, абавязкова ператасуе па-свойму. І будзеце Вы не высокім і чарнявым, з павольнымі манэрамі інтэлігентам, а ўвішным, шчуплым і хітрым недаросткам. Выбачайце, доктар, але тут я ўжо ня дам рады штосьці зьмяніць: кожны лепіць свой вобраз героя. Якім жа Вы былі насамрэч? Зрэшты, кепска, што я апавядаў пра Вас сваім знаёмым. Слова — крывое люстэрка, слова нявечыць памяць. Цяпер, пабачыўшы Вас праз год, я, выявіўшы пэўнае непадабенства, падумаю: як Вы зьмяніліся...
Што датычыць мяне, дык у галаве ўсё пераблыталася. Іншым разам я пачынаю прыпісваць сабе Вашыя ўчынкі. Бывала, я дзівіўся жончыным словам: «Памятаеш, як доктар уратаваў цябе на рацэ?» Я заўсёды быў перакананы, што ня Вы, а я ратаваў Вас тады... Калі ж казаць пра нейкія разумныя думкі, дык я канчаткова пераблытаў — дзе мае, а дзе Вашы. Партыя ў шахматы — агульная гульня, агульная размова. Усё сказанае я памятаю, але тут, як у паўночнай п’есе: чарада дыялёгаў зь цямноцьця, і невядома, чыім голасам што прамоўлена. Жонка мая ўсё арыгінальнае сьпісвае на Ваш рахунак. «Ты цудоўна ўмееш паўтараць — кажа яна мне, — і паўтарацца». Падчас яна робіцца цынічнаю, зь ёю цяжка потым весьці гутарку.
А ці памятаеце Вы, доктар, нашу паездку ў Агап’еўскі лес? Чорнага ворсу ноч, цьмяны, як бы нерэальны сьвітанак. Дрэвы па калена ў парным тумане, сьцяжына, якая зьнікае ў трох мэтрах за сьпінаю. Адчуваньне такое, што перад табою сьцелюць габэлен зь дзіўным малюнкам; ты праходзіш, і габэлен адразу ж скручваюць. Вы помніце, доктар, жоўтыя камяні на дне ручая, нясьмелы голас травы пад нагой? Вы памятаеце нашу размову пра ворагаў? «Ворагаў — казалі Вы — трэба нажываць зь вялікай абачлівасьцю. Тут трэба быць вельмі асьцярожным. Дапамагаюць нам нашыя сябры, а імя нам ствараюць нашыя ворагі. Сябар можа на вас забыцца, вораг не забудзецца ніколі. Ён будзе згадваць вас, гаварыць пра вас, сам таго не жадаючы, ён не дазволіць пахаваць вашае імя; вы станеце бясспрэчным аўтарытэтам. Сапраўдны вораг пачне аналізаваць, пачне шукаць вытокі вашай папулярнасьці і, адшукаўшы іх, міжволі пачне насьледваць вам, стварыўшы тым самым куміра з ворага свайго. Але калі ваш вораг будзе чалавекам нікчэмным, дык і кошт ягоным словам і дзеяньням будзе нікчэмны. Яго ніхто не пачуе. Нажывайце сабе тых ворагаў, якіх паважаеце. Бесхарактарным можа быць сябар, вораг павінен быць асобай. Моцны вораг прымусіць вас дзейнічаць, дзеля яго вы зробіце шмат годнага. Калі ж у вас няма ворага, дык прыдумайце яго, каб мець магчымасьць перамагчы». Вы помніце, доктар, гэтыя словы? Вы сказалі іх на беразе ручая, калі мы, страшэнна згаладнелыя, вярталіся назад. Наперадзе шла мая жонка і яе брат, братавая жонка і іхныя прывучаныя да этыкету дзеці. А памятаеце тую бездакорную круглую паляну, якая зьнянацку вынырнула, — паляну, засланую мяккім лямцом акуратна скошанай травы. «Цудоўнае мейсца для двубою» — сказаў тады хтосьці. Магчыма, і я. «Запомнім. Раптам прыдасца...» — адказалі мне. Відаць, Вы.
Як нядаўна ўсё гэта было; як даўно ўсё гэта стала ня больш рэальным, чым аповед пра шаблезубых тыграў.
Усё гэта — бесцялесныя сны, якія ажыўляе нашая фантазія. І толькі пераходзяць з аднаго сну ў другі блізкія сэрцу людзі. Адвечныя вандроўнікі з аднаго жыцьця ў другое, выпадковыя прыяцелі на некалькі сноў. Ці зьявіцеся Вы ў маіх снах ізноў, доктар? Вы абяцалі прыехаць да нас прыканцы красавіка. «Выбухне бутонамі бэз — чакайце.» Вы так сказалі. Ваша бездакорная мова. Памятаеце? Мы чакаем Вас. Прыяжджайце адразу, без папярэджаньня. Ваша крэсла, шахматы. Вы будзеце гуляць белымі. Пільная неабходнасьць вясновага росквіту, поўны ўздых пачуцьця ўласнай годнасьці — я спадзяюся, пасьля Вашага прыезду гэта таксама да мяне прыйдзе. Да хуткай сустрэчы, доктар. Да вясны.
P.S. Жонка сьцьвярджае, што ў Агап’еўскім лесе мы былі ня з Вамі. Няўжо яна мае рацыю?
Як я ўжо казаў, гэты ліст адрасаваны мне. Я добра памятаю яго, бо напісаў яго сам, тры гады таму. Зараз, калі мінуў час, мне цяжка давесьці да ладу думкі і пачуцьці, цяжка прыгадаць — што рухала мною тады. Тры гады таму я сапраўды езьдзіў да мора. Гаспадар дамка, дзе я жыў, сапраўды любіў шахматы і нястрымнай пустой балбатнёю атручваў мне асалоду ад гульні. Гуляючы зь ім, я не адчуваў азарту, гармонія вечаровых прыцемак, точаных фігур і моцнай гарбаты, якія чаравалі мяне ранейшым часам, тым разам не краналі майго сэрца; партыя ў шахматы была платаю за пражываньне, абавязковай лыжкай дзёгцю, лекамі ад супакаеньня і задаволенасьці. Дык чаму я напісаў сам сабе гэты ліст? Якую фантазію жадаў выдаць тады за праўду? Магчыма, мне хацелася, каб ягоная жонка зьбегла са мной, і каб ён — чалавек, які краў мае ідэі і ўдалыя камбінацыі словаў, — набыў, нарэшце, сэнс у жыцьці, скінуўшы мяне з куміраў у лягер сваіх ворагаў. Ці мне карцела, каб ён, які ніколі мяне па-сапраўднаму не любіў, капіраваў мае жэсты і інтанацыі толькі дзеля таго, каб спадабацца ўласнай жонцы? А можа ён тут і не прычым — папросту я цешыў сябе, спрабуючы паверыць у тое, што мяне яшчэ нехта памятае і што дзесьці з-за мяне разгараюцца сямейныя закалоты, і перамываюцца яшчэ мае косткі. Ня ведаю, ня памятаю. Не жадаю нічога згадваць. Што адчуваю я зараз, перачытаўшы гэты ліст? Абыякавасьць? Раскаяньне? Прыступ цынізму? Дакоры сумленьня? Зьбянтэжанасьць? Злосьць? Самазакаханасьць? Нянавісьць да сябе самога? Не, нічога такога. А можа і ўсё разам.
Я сядаю за стол, слухаю яўканьне завірухі за вакном. Рука ўключае таршэр, дастае аркуш паперы і асадку, і я нетаропка пішу: «Добры дзень, мой стары, шчыры сябра, мой гасьцінны гаспадар, мой вечны нястомны спрачальнік. Як сумна мне бяз Вас. Сёньня, у плыні панылых студзеньскіх дзён, я з цеплынёй і пяшчотаю прыгадваю Вашы ўтульныя крэслы, нашы з Вамі гутаркі, нашы дзіўныя партыі ў шахматы. Ніколі яшчэ, ні да таго, ні пасьля, я не адчуваў ад гульні такой дзіўнай асалоды...»
1993—1994
Карціна
I.
«Адзін у чыстым полі — як той аловак на белым аркушы паперы, — па калена ў сьнезе, іду. Да сьвітанку неабходна пасьпець мне сваімі сьлядамі намаляваць гісторыю пра Матадора і Вялікага Інквізытара...»
II.
Пакой Бэнжаміна і Лапіна месьціўся ў самым канцы калідору. У калідоры здаўна пасяліўся змрок. Даўжэзныя пустыя сьцены пафарбаваныя спакойнай вохрай, на падлозе — дарэшты стаптаны лінолеюм у шахматную клетку. Cьцярожка, нетаропка дайдзіце пешкай да канца калідора. Там вы станеце ферзем. Адчыніўшы дзьверы, вы патрапіце ў абсалютна белы пакой. Насупраць дзьвярэй прымасьцілася вялікае, амаль квадратнае вакно, ніжнія куты якога падтрымліваюць праржавелыя сьпінкі двух ложкаў. На падваконьні знайшлі прытулак некалькі дзесяткаў кніг. Бальшыня іх зьвязаная ў стосы, з астатніх — то тут, то там, рознакаляровымі зьмейкамі вытыркаюцца закладкі. Вось тут і жывуць Бэнжамін і Лапін. Калі падысьці да ложка й азірнуцца, дык перад вачыма ў вас, вядома ж, будуць дзьверы. Па-над дзьвярыма з учарашнага вечара вісіць карціна. Яна невялікіх памераў, у немудрагелістай асадзе. На карціне намаляваны двое. На першы, мімалётны погляд, гэтыя двое вельмі падобныя адзін на другога. Каротка астрыжаныя рудыя валасы, аднолькавыя, у буйную кратку, кашулі. Але, падыйшоўшы бліжэй, вы ня зможаце не заўважыць, што ў аднаго валасы крыху цямнейшыя і ў ягонай усьмешцы больш суму, чымся радасьці. Другі, наадварот, пасьміхаецца вам па-добраму, як старому і надзейнаму сябру. Гэты другі круглейшы тварам, сам твар больш грубай лепкі — просты і адкрыты. У параўнаньні зь ім першы глядзіць сугнеям, і над рысамі ягонага твару працаваў фаховы разьбяр. Вось, бадай што, і ўсё. Вас цікавіць — як называецца карціна? «Ахвяра і Кат».
III.
Бэнжамін ляжаў на ложку паверх коўдры, у адзеньні, закінуўшы рукі за патыліцу. Ужо працяглы час ён не мяняў паставы, адно то заплюшчваў, то зноўку расплюшчваў вочы. І тады ягоны пагляд супыняўся на кагадзе набытай карціне. Стаяла неверагодная цішыня: ні з вуліцы, ні з калідору не далятала аніводнага зыку. Вуха даўно прагла пачуць хаця б нязначы шум, але места ці яшчэ спало, ці то стамілася ад шматгалосься грымотных сьвятаў, ці то наадварот — ізноўку рыхтавалася да сьвятаў. Але вось дзесьці далёка, відаць, у канцы калідора, пачуліся крокі. Крокі набліжаліся, іх мерны пошчак рабіўся ўсё больш выразным, і раптам, дасягнуўшы свайго найвышэйшага напалу, пошчак зьнянацку аціх. На імгненьне ізноў вярнулася гнятлівая ціша. Але ў наступную хвіліну дзьверы разнасьцежыліся і ў пакой імкліва ўвайшоў Лапін. Рукі ягоныя былі занятыя: абхапіўшы сябе, ён надзейна прыціскаў да грудзіны дзьве бутэлькі малака, батон і загорнуты ў паперу кавалак сыру.
— Неверагодны выпадак, — усклікнуў Лапін, прычыняючы дзьверы абцасам чаравіка, — проста неверагодны! Гэтая думка наведала мяне яшчэ ўчора, і яшчэ ўчора я хацеў распавесьці табе аб гэтым, але пакуль я мыўся ды чысьціў зубы, ты заснуў, і я вырашыў цябе не будзіць. Паслухай, якая дзіўная выпадковасьць...
Бэнжамін перабіў яго:
— Выпадковасьцяў не бывае. Усё на сьвеце заканамерна. Толькі людзі лянуюцца гэтую заканамернасьць шукаць, і таму прыдумалі слова «выпадковасьць».
— Добра, добра... — пагадзіўся Лапін, ставячы на падвоканьне бутэлькі, — заканамернасьць. Дзіўная заканамернасьць... Дык вось, учора ўвечары я блукаў па старых кварталах, і дзесьці ў чвэрць на сёмую — ты казаў, што менавіта гэтым часам набыў карціну — вырашыў зазірнуць у краму букіністага. У тую, што знаходзіцца ў падвале непадалёку ад пляцу. Ты, відаць, там быў. Я люблю гэтую краму. Там заўсёды пахне старой скурай і, чамусьці, царкоўнымі сьвечкамі, там цесна ад кніг і мала людзей. Я часта заходжу туды, нават калі няма грошай, проста так, пагартаць кнігу, другую. Так яно было і ўчора. Я ўвайшоў у краму і стаў аглядаць паліцы. Неўзабаве маю ўвагу прыцягнула адна кніга, ня вельмі старая, але надта пашарпаная. Я ўзяў яе, разгарнуў і прачытаў колькі старонак. Гэта была аповесьць пра Матадора і Вялікага Інквізытара. Адразу ж, зь першых старонак, аўтар, жадаючы паказаць нам — хто ёсьць герой, а хто злодзей, малюе партрэт Матадора і Інквізытара. Інквізытара аўтар ведае асабіста і таму прымушае чытача — і аб гэтым ён сам гаворыць — здавальняцца ягонай, аўтаравай суб’ектыўнай думкай. «Перад намі — дэспат і кат, які ня церпіць чужых поглядаў. Сьветапогляд можа быць толькі адзін — той, які стаў у вапошнія гады афіцыйным і кананічным і які спавядае сам Вялікі Інквізытар. Усё астатняе караецца сьмерцю, і таму нават ягоныя бліжэйшыя паслугачы з патаемным сумам прыгадваюць часіны, калі ў інквізытаравым крэсьле сядзеў іншы гаспадар. Але вось адна цікавая дэталь. Зьнешні выгляд Інквізытара ніякім чынам не адпавядае абліччу ката. Круглатвары, з гульліва стуленымі вуснамі і ружовымі павекамі, з рэдкімі валасамі, з-пад якіх сьвіцілася, як і павекі, ружовая дзіцячая скура...»
Далей малюецца партрэт Матадора. Але тут аўтар ужывае мудрагелісты, як яму здаецца, выкрутас. Каб засьведчыць сваю непрадузятасьць, гэтым разам ён ня сам апавядае пра Матадора, а прымушае гаварыць аб ім ягоных сяброў — варожку Верду, Канкістадора і дзядзюхну Габрыэля. Іхныя аповеды супярэчлівыя ў драбязе, але зьліваюцца ў адно ў галоўным: Матадор цудоўны хлопец, які мае жывы гостры розум і якому ўласьцівыя рашучасьць і воля. Да таго ж ён поўны добрых намераў. Ня даць веры такім важным асобам немагчыма: Матадор праўдзівае ўвасабленьне ідэальнага героя.
... Варожка Верда. «Усё ў абліччы Матадора было супярэчлівым, але менавіта гэтыя супярэчлівасьці і вабілі мяне. У такім целе павінен быў пасяліцца звонкі, зрывісты голас, але голас у Матадора, насупраць, быў нізкім і сіплаватым. Сумныя вочы выдавалі безабароннага, рамантычнага П’еро, але крыху прыўзьнятыя куточкі вуснаў заўсёды пасьміхаліся і, я думаю, у ягоным сэрцы заўсёды жыў маленькі ваяўнічы цынік.»
Канкістадор. «Я, бадай, ведаў Матадора лепш, чым хто іншы. Мы былі сябрамі, часьцяком вечаравалі за кубкам гарбаты да позьняй ночы. Зь ім было цікава размаўляць. Ён любіў спрачацца, а я, бывала, у якой-небудзь кампаніі ўваб’юся ў спрэчку і, вычарпаўшы ўсе свае доказы, клічу на дапамогу Матадора. А наогул Матадор быў чалавекам ня надта таварыскім, часам бываў нават змрочным. Я часта лавіў сябе на думцы, што калі б Матадора не было побач, я пачуваў бы сябе больш разьняволеным, асабліва ў кампаніі шляхетных дам. Матадор быў, безумоўна, чалавекам разумным і, бадай што, хітраватым. Але зрэдзьчасу ён рабіў крайне нелягічныя ўчынкі: браў на сябе, зь невядомай прычыны, чужыя клопаты і праблемы. Бескарысьлівасьць матадоравай я ніколі не даваў веры, бо, як чалавек разумны, ён ня мог паступаць неабдумна, а значыць усё гэта было чарговай ягонай хітрасьцю, лёгіку якой я ніяк ня мог зразумець, але якая, безумоўна, мела месца.»
Дзядзюхна Габрыэль. «Я жыў з Матадорам па суседзтву і добра яго ведаў. У Матадора лёгка ўжываліся два чалавекі. Большасьць ведала яго як самаўпэўненага і засяроджанага ў сабе чалавека. Фанабэрыя? Не. Бадай што не. Папросту ён ведаў сабе цану. Сябры ж успрымалі яго як чалавека гаваркога і таварыскага, заўсёды гатовага прыйсьці на дапамогу. Бескарысьлівасьць? Так, ён быў, вядома ж, бескарысьлівым. І гэта нягледзячы на тое, што ён — асоба занадта разважлівая. Ён заўсёды ведаў — як і што трэба рабіць, але сам почасту рабіў усё наадварот. Часам ён ня мог сумясьціць у сабе разважлівасьць і гонар. Высакародныя памкненьні былі неад’емнаю часткаю ягонага жыцьця.»
Дачытаўшы гэтую старонку, я з абурэньнем ляпнуў кнігай. Усё было зразумелым: рана ці позна Матадор патрапіць да Вялікага Інквізытара і яму наўрад ці ўдасца вырвацца з крывавых рук ката. Але абурыла мяне ня гэта. Мяне абурыла нахабства аўтара. Такое яўнае навязваньне сваёй думкі — гэта элемэнтарная непавага да мяне, чытача. Да таго ж, выглядае прымітыўным маляваньне аднаго толькі чорнай фарбай, а другога — крыштальна белай. А Матадор... Што Матадор! Усе ягоныя дадатныя якасьці даволі падазроныя. Што станоўчага яму прыпісалі? Добрыя намеры? Так. Але добрыя намеры часьцей ад усяго ўжываюцца поруч зь бязьдзейнасьцю. Якая цана такім добрым намерам? Далібог, нават злое дзеяньне лепей нерухомасьці. Такім чынам, толькі разам з рашучасьцю, хуткасьцю і самаадданасьцю добрыя намеры маюць сілу. Але хутка і рашуча можна падыйсьці да прорвы, а самаадданасьць можа прывесьці да таго, што пачнеш рабіць людзей шчасьлівымі, чаго б гэта табе ні каштавала. І, зрэшты рэшт, выявіцца, што «добрымі намерамі выкладзена дарога ў пекла». Тут бяз розуму не абыйсьціся. Толькі працуючы з розумам, можна дасягнуць выніку. Вось, ізноў-такі, якасьць, якую адзначаюць у Матадора — розум. Розуму і воля не перашкодзіць, бо які сэнс ад чалавека разумнага, але бязвольнага? Сам сябе не ўтаймуе, сваю шчырасьць аддасьць у ахвяру ўласным жаданьням. Розум і воля мусяць быць разам. І яны ў Матадора ёсьць. А што гэта значыць? А нічога гэта ня значыць. Бо нічога на зямлі не прынесла столькі няшчасьця, колькі розум і воля без дабрыні. А пра матадораву дабрыню ў кніжцы нічога ня сказана. Вось і атрымліваецца, што ўсе гэтыя якасьці добрыя толькі як вузельчыкі адной вяроўкі, а ў другой вяроўчыны яны будуць страшэнным злом. Ня згодны?
Лапін змоўк. Адламіў ад батона вялікі акраец і нетаропка зьеў яго. Потым задуменна прамовіў:
— Добра, гэта ўсё так... усяго толькі мае разважаньні. Я наогул хацеў сказаць пра іншае. Мяне ўразіла дзіўная — як ты сьцьвярджаеш — заканамернасьць. Адным і тым жа часам ты купляеш карціну пад назовам «Ахвяра і Кат», а я чытаю кнігу «Матадор і Інквізытар». Памяняем мейсцамі назовы: карціну назавем «Матадор і Інквізытар», а кнігу «Ахвяра і Кат» — і нічога ня зьменіцца. У адзін і той жа час нас хвалявала адна і тая ж тэма.
Бэнжамін адышоў ад дзьвярэй і зноўку лёг на свой ложак.
— А нідзе ж не сказана, — вымавіў ён, — хто з гэтых на карціне ахвяра, а хто кат. Мне здаецца, я павінен усё ўзважыць і знайсьці адказ на гэтае пытаньне.
Лапін заплюшчыў вочы і, прыкусіўшы вусны, зьлёгку кіўнуў.
— Ты маеш рацыю, — сказаў ён, — я таксама так думаю. Але, спрабуючы знайсьці адказ, трэба памятаць пра тое, што ахвяра не бязгрэшная, а кату нічога людзкае не чужое.
IV.
Развагі Бэнжаміна аб тым — хто з дваіх кат, а хто ахвяра.
Дапусьцім, што той, які леваруч — кат, а той, які справа — адпаведна, ахвяра. У ахвяры добрыя вочы, добрая ўсьмешка. Ён, і гэта відавочна, чалавек жыцьцярадасны. Магчыма, па прыродзе няўважлівы. Вось ён зірнуў у мой бок, замёр на імгненьне. Я для яго незнаёмец, але, як у чалавека добрага, ветлая ўсьмешка ўжо кранула ягоныя вусны. Але імгненьне пройдзе, і ён адвернецца, загарыцца якой-небудзь новай ідэяй і, тут жа забыўшыся на маё існаваньне, кінецца яе ажыцьцяўляць. Такія людзі далёка не заўсёды даводзяць пачатую справу да канца, адразу ж захапляюцца чымсьці новым, і старыя ідэі выпетрываюцца з галавы. Усе іхныя дзеяньні маюць сэнс, ці, наадварот, пазбаўленыя гэтага сэнсу. Гэта фізычна здаровы чалавек. Хутчэй за ўсё, ён нарадзіўся дзе-небудзь у глухім кутку. Альпійскія лугі ці жытнёвыя палі Расеі прыдаліся б для ягонага нараджэньня як ніякія іншыя мясьціны. Ён чалавек просты і шчыры і, магчыма, менавіта гэта ўратавала яго ад рук ката.
Наш кат крыху меншы ростам, рысы ягонага твару больш адметныя і далікатныя. І гэта зразумела. Вы заўважылі — у тварах катаў ёсьць штосьці шляхетна-хвараблівае. Манэрнасьць гішпанскіх грандаў. Тонкія і неверагодна доўгія, з нэрвовай дрыготкай, пальцы рук. Яны хутка і ўчэпіста абхопяць дзяржальна сякеры альбо элегантна і спрытна зацягнуць вузел вяроўкі. У ката сумныя вочы і сумная ўсьмешка. Такія ўсьмешкі тыповыя для людзей хваравітых, ён — дзіця места, і тыя нешматлікія промні, што здолелі прабіцца на вузкія крывыя вулкі, вядома ж, не змаглі напоўніць здароўем ягонае лядашчае цела.
А калі глянуць наадварот і дапусьціць, што менавіта гэты чалавек і ёсьць ахвяра? Тады зусім па-іншаму будзе выглядаць прычына суму ў ягоных вачах. Гэты чалавек не адзін месяц правёў у мурох вязьніцы — адсюль і ягоная хваравітасьць, да таго ж, узброены якой-небудзь асьветніцкай ідэяй, ён даўно змагаўся за перабудову грамадзтва. Яго схапілі, катавалі, але ён ня выракся сваіх ідэалаў. Нават каты і тыя падзівіліся, што ў такім кволым, недаразьвітым целе жыве такі моцны і непахісны дух. Гэты чалавек прайшоў усё, але, паглядзеўшы перад сьмяротным пакараньнем на сьвет, зразумеў, што ягоныя ідэалы ня больш, чым прыгожая казка, і людзям яны не патрэбныя: у іх вельмі мала мейсца аддадзена золату й асабістай выгадзе. Ягоных вуснаў кранулася маркота, яму стала шкада і людзей, і сябе самога. Побач зь ім кат. Кат бесклапотны і жыцьцярадасны. Просты, адкрыты твар. Мастак, безумоўна, не на столькі наіўны, каб такім чынам ствараць вобраз ахвяры. Сваёй добрай ветлай усьмешкай гэты чалавек адразу ж выклікае сымпатыю да сябе. Мы даем веры першаму ўражаньню, і ў гэтым крыецца ўвесь жах. Мы давяраемся добрым вачам забойцы, мы давяраемся добрай ўсьмешцы маньяка і таму дазваляем зацягнуць сябе ў цёмны закутак. Такім, і толькі такім быў Вялікі Інквізытар. Памятаеце — ружовая скура, зьлёгку падтуленыя вусны? Я перакананы — Мастак доўга абдумваў вобраз гэтага чалавека. І ён намаляваў ката, для якога ягонае рамяство — не прафэсія, а прызваньне. Тут менавіта гэты тыпаж. Ён сустракаецца надта рэдка, гэтак жа рэдка, як таленавіты дойлід альбо піяністы. Гэты кат — рэжысэр тэатру, дзе разыгрываецца містэрыя пакараньня сьмерцю і дзе ён грае галоўную ролю. Ён — творца, і сёньня ён прыдумаў новы эпізод. На вуснах ягоных усьмешка, вакол вачэй ляглі добрыя зморшчынкі, але ён не заўважае вас — ён пазірае некуды ўнутр самога сябе. Як заморскую страву, ён смакуе зараз новую дэталь сьмяротнага пакараньня. Гэта — страшны чалавек. Я ледзь не паддаўся націску ягонай вонкавай прыгажосьці, яшчэ хвіля — і я даў бы яму веры. Такія людзі — найвышэйшае зло і трэба зрабіць усё ад нас залежнае, каб іх зьнішчыць.
V.
Ужо зьмяркалася, пакой страціў свае выразныя абрысы. Бэнжамін устаў і паглядзеў на ложак суседа. Лапін ляжаў, перакрыжаваўшы рукі на грудзіне і наставіўшы ў столь падбародак. Вочы ягоныя былі заплюшчаныя, магчыма, ён спаў. Бэнжамін выцягнуў з-пад сеньніка брытву і выйшаў за дзьверы. Неўзабаве ён вярнуўся, трымаючы ў руках сінюю табурэтку. Намагаючыся не рабіць грукату, Бэнжамін паставіў табурэт ля дзьвярэй і залез на яго. Яшчэ раз паглядзеў на карціну і спакойна, бяз дрыжыкаў, некалькі разоў секануў брытвай па ўсьмешлівым твары. У вечаровай цішыні рэзка і надрыўна прагучаў трэск напятага палатна.
— Вось і ўсё, — шапятнуў Бэнжамін.
— Так. Вось і ўсё, — прагучаў за ягонай сьпінай голас Лапіна.
Бэнжамін азірнуўся. Лапін ужо сядзеў на ложку і ўважліва, паўзьверх ягонай галавы, глядзеў на карціну.
— Вось і ўсё, — зноўку паўтарыў Лапін. — Цяпер стала зразумелым — хто ахвяра. Ты сам прывёў прысуд у выкананьне. А кат... кат той, хто застаўся цэлым.
Са сьцяны Лапіну й Бэнжаміну сумна пасьміхаўся каротка стрыжаны, хвараблівага выгляду чалавек.
1996
З расейскае пераклаў В.М.
|