Хэпэнінг «Прысуд»
Кафка Ф. Прысуд: апавяданьні і мініятуры/ Пер. Л.Баршчэўскага, Прадм. П.Васючэнкі. - Мн., 1996.
Ужо колькі стагодзьдзяў мінула, як вынайшлі кнігадрукаваньне, але посьпех і друкарская хварба ўсё яшчэ маюць аднолькавы пах. Няма, здаецца, гэткай журбы, якая не дэзадаравалася б гэтым старасьвецкім водарам славы, — не злагодзілася б, адбіўшыся ў друкаваных радках. Таму, калі рукапіс ператвараецца ў кнігу, ейныя старонкі неўнікнёна брыняюць духам жыцьцясьцьверджаньня.
Якім змрочным і гермэтычна зачыненым не падаваўся б тэкст, сам факт ягонага зьяўленьня — яго стварэньня — сьведчыць аб чарговай перамозе творчасьці над паняверкай, дэпрэсіяй, нябытам... Апошняе гледзішча ня мог ня ўлічваць Макс Брод, калі, насуперак пажаданьню Франца Кафкі, наважыўся друкаваць ягоныя творы.
Кожная кніга мае свой лёс, і таму, мусіць, не выпадкова беларускім перакладчыкам Ф.Кафкі стаўся менавіта Лявон Баршчэўскі, а, да прыкладу, не выкшталцоны Васіль Сёмуха... Л.Баршчэўскі спэцыялізуецца на перакладах эўрапейскай клясыкі, ігнаруючы літаратурную моду. Зразумела, што і гэты пераклад Ф.Кафкі ня зробіцца той Кнігай, якую панясе ў сваіх заплечніках легендарны мільён беларускага супраціву. Аднак, калі Л.Б. узяўся за перастварэньне Ф.Кафкі, дык можна быць упэўненым, што творы апошняга ўжо пазбавіліся сэнсацыйнай аўры і надзейна асталяваліся на залатой паліцы сусьветнай клясыкі.
З гэткай запраўду самаахвярнай для перакладчыка пазыцыяй можа працаваць толькі чалавек, які непахісна ўпэўнены ў будучыні беларускага слова і ўважае за лепшае не падпадаць кан’юнктуры, а фармаваць яе самому. Магчыма, таму Л.Баршчэўскі не абмяжоўваецца толькі культурніцкім чынам і прымае сталы ўдзел у палітычным жыцьці сучаснай Беларусі. Зрэшты, і тут ён не выбірае наўпростых шляхоў да папулярнасьці. Калі ў літаратуры Л.Баршчэўскі трымаецца эўрапейскасьці, дык у палітыцы ён — беларускі патрыёт. А гэткая камбінацыя ў вачох прамаскоўскага рэжыму сучаснай Беларусі выглядае найбольшым злачынствам.
Лявону Баршчэўскаму нельга закінуць абвінавачаньне, што ён зьяўляецца палітыкам у культуры або культурнікам у палітыцы; ва ўсіх сваіх праявах Л.Б. — адмысловец, але ягоная грамадзкая дзейнасьць усё ж адбіваецца на літаратурных занятках. Першае актуалізуе другое, ствараецца агульны кантэкст, адзіная дзея-хэпэнінг у межах асобнай краіны. Вядома, што Л.Баршчэўскаму — нават разам з Ф.Кафкай ды П.Васючэнкам — не ўдалося б стварыць ды захаваць тую атмасфэру абсурднасьці, якая зрабілася апошнім часам «фірмовай» праявай беларускай культуры ды палітыкі. Таму паўнавартаснымі сааўтарамі хэпэнінгу «Прысуд» варта ўважаць таксама і прэзыдэнта РБ — разам зь ягонымі паслугачамі.
Сяргей Шыдлоўскі
Made in Прашпэкт
Фрагмэнты. Сярэднеэўрапейскі культурны агляд. №1-96, №2-97. Выданьне Цэнтра Эўрапейскіх Досьледаў і Культурных ініцыятываў.
Пакуль бальшыня беларускіх культурнікаў мэдытавала над чарадзейнай формулай «Наш дом - Беларусь», менскія інтэлектуалы збольшага здолелі разьвязаць для сябе праблему тутэйшай бяздомнасьці , асталяваўшыся на Прашпэкце... Маўляў, каб кола эўрапейскай культуры павярнула на Беларускі шлях, на ім мусіць зьявіцца мейскі брук. І сапраўды, бальшыня ідэяў ды праектаў, што вызначае сучасныя абрысы беларускай культуры, — проста аніколі не забуяла б на тубыльным тарфяніку. Іхны экзатычны хімізм вымагае насыпной глебы менскіх кветнікаў.
«Фрагмэнты», што ад першага ж нумара здолелі стацца эталёнам інтэлектуальнага рышпэкту ды амбітнасьці, — льга ўважаць познамкай гэтай «сыліконавай даліны» беларускай гуманітарыстыкі. Часопіс у сканцэнтраваным выглядзе ўвасобіў на сваіх старонках усё тоё лепшае, чым вызначалася «Наша Ніва» да сакавіка 1996. Нібыта сымбалізуючы пераемнасьць, першы нумар «Фрагмэнтаў» распачынаюць эсэ Сяргея Дубаўца ды Алега Дзярновіча. Але галоўную адказнасьць за выклік фантома колішняй «НН» мусіць несьці адзін Ігар Бабкоў. Побач зь ягонымі сугестыўнымі тэкстамі — не зважаючы, ці то гэта рэцэнзіі, ці то трактаты аб Гайдэгеры ды генэалёгіі беларускай ідэі — суседнія творы рэзануюць ва ўнісон, касуючы першапачатковыя задумы сваіх аўтараў.
Адмыслова трэба ўганараваць перакладнікаў. Гатовы — узгадаваны «НН» — але яшчэ не падрыхтаваны чытач «Фрагмэнтаў» зацята ўчытваецца ў тэкст таго ж Гайдэгера ня гэтак дзеля асалоды ад спасьціжэньня думкі майстра, як, найхутчэй, дзякуючы перакладніцкаму штукарству Валеркі Булгакава.
Але месіянэрскі, вэстэрнізацыйны чын аўтарскай грамады «Фрагмэнтаў» ужо дае і пэўны цывілізуючы плён. Цяперака, апынуўшыся сярод развалаў расейскамоўнай літаратуры, пачуваешся ня так самотна, напаткаўшы раптам ксёнжкі Раляна Барта, Мішэля Фуко або Умбэрта Эка ды Вітальда Гамбровіча. Ад іхніх імёнаў тхне на цябе беларускім духам.
Ад іншых праектаў эўрапеізацыі Беларусі «Фрагмэнты» розьняцца сваімі сустрэчнымі захадамі па беларусізацыі Эўропы. Праўда, пакуль беларускі культурніцкі імпэрыялізм самапаўстрымлівае сваю экспансію ў межах Сярэдняй Эўропы. Залучыўшы ў першы нумар «Фрагмэнтаў» тэкст сярэднеэўрапейскага інтэлектуальнага «цяжа» Мілана Кундэры, яму падступна зладзілі ўзорны адлуп, выставіўшы супраць госьця непараўнальнага Валянтына Акудовіча.
Жорстка азначыўшы першым нумарам беларускую культурную прысутнасьць у Сярэдняй Эўропе, другі нумар «Фрагмэнтаў» значна палагаднеў. Гэты часопіс атрымаўся збольшага нават трохі хаўтурным. На яго старонках хаваюць спачатку народ, а потым Аўтара разам з Тэкстам. Аўтары ж саміх «Фрагмэнтаў» раз-пораз кідаюць па чарзе загадкавую фразу — «la culture revolte», — ёлупень не заўважа, а разумны ня скажа. Сьвежым струмянём адрэналіну трохі ажыўляе змрачнаватую атмасфэру нумара трактат Міхася Баярына «Адраджэньне і беларускі шлях». Малады культуроляг пераканаўча, хаця й не заўжды пасьлядоўна, намагаецца давесьці слушнасьць старой аксыёмы аб тым, што добра сьмяецца той, хто сьмяецца апошнім.
Пакуль ня вычарпаецца магутнае зложжа культурніцкага аўтсайдэрства, незапатрабаванасьці ды неспатоленасьці, нацыя паэтаў будзе спраўджваць сваё мяно. А тое, што гэтае радовішча мае значна большую пэрспэктыўнасьць, чымсьці знаны «беларускі інтэлектуальны рэсурс», — проста відавочна.
Таму сэлекцыйная праца выданьняў кшталту «Фрагмэнты», што літаральна «на маршы» выгадоўвае сваіх аўтараў ды чытачоў, скіроўвае іхнюю амбітнасьць у пазытыўнае рэчышча, надаючы маладой жарсьці стылёвасьць ды густ, — мае ў нашых варунках адмысловую каштоўнасьць.
Паменаваць «Фрагмэнты» элітарным выданьнем было б замалым. Гэты часопіс — сапраўдны прадмет раскошы, але толькі з адзінага гледзішча — праз сваю банальную адсутнасьць у кнігарнях беларускай правінцыі.
P.S. Засьцярогу Андрэя Дынька наконт неадэкватнага рэагаваньня на інтэлектуальныя правакацыі, выказаную ім на старонках другога нумара «Фрагмэнтаў», напачатку меркавалася вынесьці ў якасьці эпіграфа, але праз няўважнасьць ды летнюю ляноту аўтара гэтай рэцэнзіі, — прыйшлося пакінуць яе на сканчэньне.
Сяргей Лотва
Паміж «крывічамі» і «беларусамі»
Архіўная кніга. Уладзімер Дудзіцкі, Хведар Ільляшэвіч, Уладзімер Клішэвіч, Уладзімер Сядура-Глыбінны, Мікола Вярба, Юрка Віцьбіч/ Аўтар-укладальнік Лявон Юрэвіч/ — Нью-Ёрк: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 1997 - 446 с.
Прачытаўшы гэтую кнігу, карпатліва складзеную Лявонам Юрэвічам, доўгі час цябе не пакідае пачуцьцё горычы. Столькі намаганьняў, ахвяраў, скалечаных лёсаў. А вынік... З другога боку зьдзіўляесься — колькі беларускай інтэлігенцыі апынулася па-за межамі Бацькаўшчыны. Сотні выбітных асобаў, эўрапейскага досьведу і адукацыі. Чаму ж тады беларуская эміграцыя паўтарыла тыя ж памылкі, што і іхнія суродзічы на радзіме? Няўжо традыцыйная беларушчына ня здольная разьвівацца ў любых умовах — ці то таталітарных, ці то дэмакратычных? Знаёмлюся з творамі пісьменьнікаў-эмігрантаў і не знаходжу адрозьненьня ад твораў, якія нараджаліся на Беларусі. Толькі савецкі зьмест заменены на антысавецкі. З а к а н с э р в а в а н а е адраджэнства, — ні каліўца ўплыву заходнеэўрапейскае культуры, або амэрыканскае. І бясконцая валтузьня паміж «бэнээраўцамі» і «бэцээраўцамі», «крывічамі» і «беларусамі», паміж рознымі кірункамі беларускае праваслаўнае царквы. Зразумела, чаму Антон Адамовіч і Юрка Віцьбіч з настальгіяй узгадвалі «узвышэнскую» традыцыю, безвынікова імкнучыся прышчапіць яе да амэрыканскае глебы ( пры гэтым эмацыйна высьвятляючы паміж сабой — хто быў сапраўдным сябрам «Узвышша», а хто ўяўным. Гл. ліст Юркі Віцьбіча да Антона Адамовіча ад 20 лістапада 1951 г.)
У рэшце рэшт, сёньня мы маем тое, што маем. Адзіны сур’ёзны літаратурны праект — часопіс «Шыпшына» сканаў яшчэ на пачатку 50-х гадоў, ініцыятыва Юркі Віцьбіча так і не знайшла падтрымкі сярод пісьменьнікаў-эмігрантаў. Заангажаванасьць дзеячоў мастацкага слова палітыкаю перапыніла разьвіцьцё беларускае культуры замежжа. Беларушчынай стала палітычная дзейнасьць. Не стварыўшы агульнага культурна-эстэтычнага падмурку, пачалі будаваць нацыянальны дом. «Я асабіста лічу, —пісаў Віцьбіч Аўгену Каханоўскаму 23 чэрвеня 1956 году, — што нашая мастацкая літаратура на чужыне проста ня мае права на апалітычнасьць, як літаратура палітычнае эміграцыі. Аднак пісьменьнік, змагаючыся мастацкім словам за зьдзяйсьненьне Акту 25 Сакавіка, зьяўляючыся сымпатыкам або сябрам (гэта вузка асабістая справа) тае ці іншае нашае палітычнае плыні на эміграцыі, разам з тым мае сьвятое права на тое, каб паставіцца вышэй за змаганьне гэтых плыняў паміж сабой.» Гэтыя перасьцярогі ніхто не пачуў. Да сёньняшняга дня... Да сёньняшняга дня Беларусь ня мае за сваімі межамі аніводнага пэрыядычнага літаратурнага выданьня. Напэўна, насьпеў час яму нарадзіцца. Найлепей у Празе, — і да радзімы бліжэй, і ствараць друк ёсьць каму.
Алесь Козік
Няўдалая спроба сучаснай міталягізацы
Францішак Хлус, Марцін Юр. Здані і пачвары Беларусі. Беласток-Менск, 1995.
«Здані і пачвары Беларусі» — аскепак «тутэйшаўскай» праграмы напісаньня беларускіх маскультурных кніг — займальна-пацяшальных і разам з тым нацдэмаўскіх. Аўтары, пра сапраўдныя імёны якіх можна толькі здагадвацца, паставілі сабе за мэту «дасьледаваньне арэалаў і ладу існаваньня звышнатуральных ды замагільных істотаў». Сваеасаблівая міталягізацыя жыцьця Беларусі напрыканцы ХХ стагодзьдзя. Усіх сучасных зданяў і пачвараў аўтары рассартавалі па відах, падвідах, атрадах і клясах. Напрыклад, могілкавыя істоты, водныя істоты, гістарычныя здані, літаратурныя здані, істоты-людажэры і г.д. Шмат якія падзеі, што адбыліся ў першай палове 90-х гадоў, Хлус і Юр тлумачаць не з пазыцыі дыялектычнага матэрыялізму, а на падставе сваёй пачварна-зданевай тэорыі існаваньня сьвету. Вось і абраньне першага прэзыдэнта Беларусі не абышлося без дапамогі чараў. Калі верыць дасьледчыкам, стрыечная пляменьніца будучага прэзыдэнта, нейкая інструктарка калгаснай лазьні Арына, ператварыла ў кныра дзядзькавага галоўнага канкурэнта на выбарах, тагачаснага прэм’ера, а загадзя падрыхтаваную сьвіньню з калгаснай сьвінафэрмы — у кіраўніка ўраду. Вядома, жывёліна са сьвінакомплексу ня здолела правесьці перадвыбарчую кампанію на патрэбным узроўні, і, такім чынам, паспрыяла атрыманьню ўлады нахрапістым дырэктарам саўгасу.
Дасталося на пернікі ў «навуковым дасьледаваньні» ня толькі прэзыдэнту, былому прэм’еру, Міколку-Паравозу, Палескім Рабінзонам і Фэліксу Дзяржынскаму, але й Язафату Кунцэвічу, якога аўтары называюць «крыважэрным уніятам», цару Ілжэдзьмітрыю, які няўдала далучыў Расею да Вялікага княства Літоўскага, Чорнай даме Нясьвіскага замку й нават «камэнданту Музэя-кватэры Максіма Кніжніка Ё.Б-лядзкаму», які хацеў паспрыяць перавозу парэшткаў паэта-пакутніка на радзіму — чым, напэўна, аўтары кнігі не на жарт разьюшылі прыхільнікаў беларускай гісторыі, уніяцтва і нават БНФ, які ўзначальвае, сярод іншых сустаршыняў, былы «камэндант Музэя-кватэры Максіма Кніжніка». У выніку атрымалася, прызнацца, ня вельмі чытэльная ды карысная кніжка, ва ўсякім разе для "чальца нацруху", бо несьвядомы паспаліты беларус, прыхільнік эратычна-саркастычных показак, па-беларуску не чытае наогул. Дый показкі Хлуса і Юра пра сучасных пачвараў і зданяў Беларусі не вызначаюцца дасьціпнасьцю і гумарам. Лепш пачытаць Мрыя.
Васіль Кроква
Сонца пад попелам
Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. /Укладаньне, падрыхтоўка тэксту, уступны артыкул Лявона Юрэвіча/- Нью-Ёрк: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 1996 - 398 с.
Калі у Вяліскім павеце ўзьняўся антыбальшавіцкі рокаш, ладную частку ягоных удзельнікаў складалі гімназістыя ў веку ад 12 да 18 гадоў. На чырвоны тэрор яны адказалі тэрорам зялёным. Сярод іх вылучаўся сваім гартам васьміклясьнік Зьміцер Лаймінг, — нездарма ў гербе ягонага рода пад мяноклічам «Гонар і адвага» быў залаты леў...
Кінуўшы собскія занядбаныя гарады, бальшавікі скіравалі сваю прагнасьць на захад. Дзе праходзілі яны — заставаўся чырвоны пас сьмерці. На месца аднаго тубыльнага швондэра, утаймаванага паўстанцамі, заступалі дзесяць прыблудных шарыкавых — галодных, але добра ўзброеных. У аблогу гэтай сабачай гайні патрапіў і наш малады леў...
Калі Зьміцер Лаймінг апрытомеў на падлозе, у сядзібе мясцовага ЧК, першае, што ён убачыў, былі брудныя камісараўскія боты начальніка вяліскіх чэкістаў Мусаева.
— Уставай, сабака! — загадаў чэкіст Зьміцеру Лаймінгу — нашчадку лівонскіх рыцараў.
Забыўшыся на боль, юнак хутка ўзьняўся. А ў наступны момант начальнік ЧК ужо слаўся па паветры ў кірунку вакна. Высадзіўшы шыбу сьпінай, партыец выпусьціў на двары духі. І адразу ж два стрэлы абарвалі жыцьцё й Зьміцера Лаймінга... Сябры казалі пра яго, што Зьміцеру лягчэй было данесьці гімназістку Клару Р. на руках зь Вяліжа ў Віцебск, чымсі прызнацца ёй у каханьні.
Праз год ён быў адпомшчаны, — гімназісты Таварыс пакараў сьмерцю памочніка Мусаева — чэкіста Хадакова. Неўзабаве загіне і сам Таварыс. Але ён, як і Зьміцер, усёж зьдзейсьніць сваю мару — жыць вечна і памерці маладым. Бо дзякуючы кнізе веліжаніна Юркі Віцьбіча — яшчэ аднаго ўдзельніка гэтай крыжовай выправы дзяцей — памяць аб Лаймінгу, Таварысе і сотнях іншых — дасюль невядомых у Беларусі — змагароў супроць бальшавіцкай Расеі, — адноўлена. А народная памяць — мо й зьяўляецца той адзінай формай неўміручасьці, якая даступная чалавеку.
Сяргей Шыдлоўскі
«І лопат таполі»
Віктар Жыбуль. Рогі гор. (Рэха эры). Вершы, паліндрамічная паэма. Менск. Фонд маладых літаратараў «Пэгасавы крылы», 1997.
Галоўным «цьвіком» гэтага невялікага паэтычнага зборнічка зьяўляецца паліндрамічная паэма «Рогі гор». Надрукаваная ў літаратурна-філязофскім сшытку «ЗНО» (2-8 ліпеня, 1996 г., дадатак да газэты «Культура»), паэма выклікала вялікі розгалас і была прыхільна ацэнена як сябрамі па «новай генэрацыі», так і прафэсійнымі літаратуразнаўцамі. Гэтая публікацыя была, бадай, дэбютам маладога паэта. Усіх зьдзівіла тая глыбокая зьместавая напоўненасьць такой, здавалася б, штукарскай паэтычнай формы.
У дар ураду —
замак, КАМаз,
ЗАЗ,
а дар урада —
шалаш...
А нам — масам — мана,
нам — зман...
Усё?.. Лёсу,
марам —
канец!? (Са зману нам — засценак!)
Енк? Не!
Цыц!!!
А во — мар прамова:
«Удар ураду!
Удару раду!
А на нары — тырана! На
ката — гару рагатак!
I бі
заразу зараз!!!...»
Зьдзівіў сваёй дасканаласьцю гэты твор і замежных знаўцаў паліндрамічнага вершаскладаньня. Кіраўнік аб’яднаньня ўкраінскіх паліндрамістых Іван Лучук назваў «Рогі гор» важкім унёскам у славянскую паліндрамістыку.
Астатнія вершы, якія паэт аб’яднаў разам з паэмай пад адной вокладкай, сам В і к т а р Ж ы б у л ь называе тэхнарамантычнымі. У іх няма і ценю сацыяльнасьці. Паэт больш радыкальна за Галіну Булыку (зборнік «Сінтэз»,1986) падыйшоў да навукова-тэхнічнай тэмы ў беларускай паэзіі. Вершы насычаныя (часам нават перанасычаныя) разнастайнымі тэрмінамі, параўнаньнямі і мэтафарамі. Пры гэтым у паэта-бумбамлітаўца не атрымалася халоднае «бразганьне» словам і зьнікненьне ў творах прысутнасьці чалавека, зь яго пачуцьцямі, прымхамі і марамі. Некаторыя мэтафары — сапраўднае паэтычнае вынаходніцтва.
На цьвіку вісяць
брудныя штаны,
нібы ржавая дубальтоўка.
Заўтра прыйдзе паляўнічы
і зарадзіць у яе
свае патроны-ногі,
бразнуўшы затворам папругі.
Багата мэтафарычных знаходак і ў іншых вершах: «Дарога — сьпіраль разьбы балта гары», «Трыбуна — века вока велатрэка», «скальпелі-лыжы».
Галоўная загана зборніка — карэктарскія памылкі. Іх проста процьма. Неахайнасьць друку робіцца хранічнай хваробай незалежніцкіх выданьняў. Напэўна, адзінае выйсьце — больш адказна ставіцца да зьяўленьня на сьвет сваіх кніг самім аўтарам, ва ўсякім разе, абавязкова патрабаваць папярэднюю карэктуру для ўласнага прачытаньня.
Магчыма, выйдзе дадатковы, выпраўлены, наклад зборніка «Рогі гор», а гэты, сапсаваны, аўтар «пахавае». Інакш кніжка так і застанецца незавершаным выдавецкім праектам.
Тамаш Гурба