|
Iгар Сідарук
БАБУСЕЧКІ
Фарс-рэквіем на два акты
Дзейныя асобы:
ПАНІ РАІНА, прыхільніца вязынкаўскіх магілаў; тэрарыстка.
ПАНІ ДОРА, прыхільніца дрэздэнаўскіх сабак; тэрарыстка.
ПАНІ МАРТА, прыхільніца саратаўскае страляніны; тэрарыстка.
МАШЫНІСТ КГБ, ураджэнец Гібралтару; палкоўнік.
АКТ I.
Купэ. Цьмянае асьвятленьне. На ніжніх паліцах, насупраць адна адной, сядзяць ПАНI РАIНА й ПАНI ДОРА, напружаныя й прамыя, як палкі. Перад кожнай — дарожныя старызныя валізы.
ПАНІ РАІНА. Зараз паедзем.
ПАНІ ДОРА. Ага.
Крануўся цягнік, і Пасажыркі торкнуліся галовамі ўсьлед. У купэ адразу пасьвятлела.
РАІНА. Та-та-тах!
ДОРА. Тах-тах-тах!
РАІНА (са зьдзіўленьнем, што ёй пярэчаць). Та-та-тах, та-та-тах!
ДОРА (настойваючы на сваім). Тах-тах-тах! Тах-тах-тах!..
РАІНА (больш пераканаўча). Та-та-тах, тах-тах! Та-та-тах,тах-тах! та-та-тах, тах-тах!
ДОРА (адмоўна матлянуўшы галавой, нават адбівае сабе такт). Тах-тах-тах! Тах-тах-тах! Тах-тах-тах!
РАІНА. Прыміце мае спачуваньні.
ДОРА. Што?
РАІНА. Вы сьляпыя, як Бэтховэн? Та-та-тах, тах-тах! Та-та—тах, тах-тах!
ДОРА. А вы глухія, як Касаблянка? Тах-тах-тах! Тах-тах-тах! Тах-тах-тах!
РАІНА. Вас не чытаў бы нават Янка Купала*.
(Дзелавіта расчыняе сваю валізу, пачынае корпацца ў ёй.)
ДОРА. Ён камуніст?
(Ня меней дзелавіта расчыняе сваю валізу, пачынае корпацца ў ёй.)
РАІНА. Водаправодчык. (Дастае вялікія армейскія штаны, апранае іх пад сукенку.)
ДОРА. І колькі бярэ? (Дастае доўгія рыбарскія боты, залазіць у іх.)
РАІНА. Ня танна. (Дастае дзіцячы біноклік, чапляе яго на шыю.)
ДОРА. Нават з жанчын? (Дастае супрацьгаз, нацягвае яго на патыліцу.)
РАІНА. З жанчын ён не бярэ зусім. (Дастае вучэбную алюміневую гранату, запіхвае яе за пояс.)
ДОРА. Чаму? (Дастае гаечны разводны ключ.)
РАІНА. Таму што смокча зь іх апошнюю кроў. (Накладвае сабе на шчокі тлустыя зялёныя паскі грыму.)
ДОРА. О Божа! (Дастае ладны абрывак масковачнай сеткі, укручваецца ў яе.) Вы — прыхільніца пэдофэліі?
РАІНА. А вы што — хацелі б, каб я лавіла і жэрла бадзяжных сабак?!
ДОРА (зацікаўлена). Вы таксама едзеце ў Дрэздэн?!
РАІНА. Я еду ў Вязынку, на магілу Янкі Купалы!!
ДОРА (трохі расчаравана). А.... Ён што — памёр?
РАІНА. Хто?
ДОРА. Ну... ваш знаёмы... Водаправодчык.
(Раіна пільна глядзіць на Дору.)
Што вы на мяне так глядзіцё?
РАІНА. А што вы такога верзяцё? Хіба можа памерці вечна жывы?! (Дастае гумовую мухобойку ды некалькі разоў узмахвае ёю ў паветры.) У адрозьненьне ад некаторых...
ДОРА. На што вы, мадам, намякаеце?
РАІНА. Да вашага ведама — мадэмаўзель!
ДОРА. О Божа! Спыніце цягнік, я выйду!
РАІНА. Позна. Та-та-тах, тах-тах! Та-та-тах, тах-тах!..
ДОРА. Вы яшчэ пашкадуеце.
РАІНА. Та-та-тах! Та-та-тах!
ДОРА. Пашкадуеце, пашкадуеце! Як шкадаваў ваш нятанны Янка Купала.
РАІНА. Даўся ў знакі вам гэты Купала. Ён ляжыць мёртвы. Пад вамі.
ДОРА. Так. Ясна. Я выходжу. (Спрабуе адсунуць дзьверы купэ, аднак яны нават не скрануліся. Міжволі паддаючыся ўнутранае паніцы:) А вы можаце!.. выклікаць!.. сваіх падпольных канатаходчыкаў!
РАІНА. Між іншым, Раіна.
ДОРА (у жаху). Што?!
РАІНА. Раіна. Мяне так зваць. А вас?
ДОРА. А... Дора. Але якое...
РАІНА. Спакойна, Дора. Зараз ён прыйдзе сюды.
ДОРА. Хто?!
РАІНА. Камандор.
(Дора адстараняецца ад дзьвярэй, і яны самі сабою паволі адсоўваюцца. Аднак за імі — нікога...)
Яшчэ рана. Сядайце.
ДОРА. І не падумаю! Вы ня бачыце, хто я?!
РАІНА. Бачу. Толькі ў сапраўднага Фэда нашмат большая барада.
ДОРА. На Дрэздэнаўскую выставу я магу прыехаць хоць голай!!!
РАІНА. Куды?..
ДОРА. На выставу. У Дрэздэн! Там, дзе сабакі...
РАІНА. Ясна. Бедныя...
ДОРА. Ня болей, чым ваш...
РАІНА. Яшчэ адно слова — і...
ДОРА. І — што? Што?!
РАІНА (не знаходзіць, што сказаць. І нарэшце прамаўляе, як страшэнную абразу). Аўсяная каша!!!
ДОРА. Як?! Як вы сказалі?.. (Шукае вачэй Раіны, аднак тая толькі адводзіць позірк, закрываецца рукамі ад Доры, адстраняецца.) Аўс... аўс... Значыць, і вы?.. Значыць, і вас?!. І вы таксама?.. Адтуль?! Дзе ўжо толькі... аўс... аўс...(Хапае Раіну, стрэсвае яе, ставіць на ногі.) Станьце! Станьце! О Божа! Як я магла не пазнаць вас раней?!.
РАІНА. Раней? Раней у нас быў, відаць, іншы фактар-рэзус.
ДОРА. Рэзус-фактар, вы хацелі сказаць?
РАІНА. Што фактар-рэзус, што зулус-пэніс — істотнасьць адная.
ДОРА. Не скажыце. У зулус-пэніса могуць быць іншыя пэрспэктывы. Але паслухайце!.. Мы толькі дарэмна!.. Я ж бачу, што вы — як і я!.. Давайце...
РАІНА (перапыняе). Давайце. Зараджай!
ДОРА. Зараджаю! (Кляцае разводным ключом.) Куды гнаць?
РАІНА. Гнаць? Трэба спачатку...
ДОРА. Та-та-тах?!
РАІНА. Та-та-тах, тах-тах!!!
ДОРА. Ха-ха-ха?
РАІНА. Ха-ха-ха!!! Давай! (Размахвае мухабойкаю.) Першаму, хто сунецца, — гэпні яго! Ушмандохай! Адмаж па бацюшцы! Хай, падла, адчуе розьніцу!
ДОРА (з жадобаю пазірае на дзьверы). І гэпну, і ўшмандохаю! Рот-фронт! Над Гішпаніяй чыстае неба! Яшчэ Польска не згінела!
РАІНА. Та-та-тах!!!
(І тут рэзка адсоўваюцца дзьверы купэ, і сюды спрабуе заехаць на веласіпедзе яшчэ адна пасажырка — ПАНI МАРТА. Ейныя ногі — у ластах, у руцэ — прэзыдэнцкі партрэт чужацкае нам краіны.)
МАРТА (задыхана). І... іх... Пасьпела... І... іх... Усё ж пасьпела! (I раптам пераходзіць на перадушаны, астматычны крык.) Ля-а-а-а-жаць!.. Лішні рух — і я страляю!.. Мордай!.. (Раптоўна хапаецца за сэрца.) Мордай... (Яшчэ хвіля — і яна зваліцца са свайго веласіпеда.)
Раіна і Дора падхопліваюць непрытомную Марту. Здымаюць яе зь веласіпеда, хочуць забраць партрэт, аднак яна не адпускае. Разам зь ім кладуць Марту на ніжнюю паліцу. Мінералкаю, што стаяла на століку, пырскаюць у твар. Паціху яна ачуньвае.
О-о!.. Гэта цягнік на Карлавы Вары?
ДОРА. На Карлавы Вары, калі ваш білет да Саратава.
МАРТА. А вы ўжо яго — ...
РАІНА. Ужо.
МАРТА. А маршрут?
РАІНА. Узгадняецца.
МАРТА. Заложнікі?
РАІНА. Заложнікі?
МАРТА. Заложнікі.
РАІНА. Яшчэ ня думалі.
МАРТА. Трэба думаць. Колькі ў нас часу?
ДОРА. Да вечара?
МАРТА. Чаму да вечара? Увогуле...
РАІНА. Увогуле? Увогуле, я б сказала, у нас часу ўжо й няма...
МАРТА. Што?! (Рэзка ўзьнімаецца, Раіна ёй дапамагае, ды так, што Марта грукаецца галавою аб верхнюю паліцу.) А! Аўся...(Зноў вырубаецца.)
ДОРА. Ты чула?! Яна сказала...
РАІНА. Чула.
ДОРА. Што?..
РАІНА. Правакацыя. Звычайныя кітайскія штучкі.
ДОРА. Думаеш, яе купілі?
РАІНА. Спачатку прадалі, потым купілі, а потым яшчэ раз прадалі. Яна працуе на тры выведкі. На ангельскую, пуэртарыканскую і беларускую. Я ж кажу: кітайцы нават на даху!.. (Дастае з валізкі доўгія дзіцячыя банты, пачынае імі абвязваць Марту.)
ДОРА. А калі — ?!.
РАІНА. Тады скончым жыцьцё самагубствам.
ДОРА. Я не жадаю!
РАІНА. Я дапамагу.
ДОРА. Гэта ўсё, чаму вучыць ваш сьветач думкі Купала?..
РАІНА. А на вашай кейптаўнаўскае выставе ты думаеш трэба жывыя?
ДОРА. На дрэздэнаўскае.
РАІНА. Ну й цудоўна. (Скончыўшы з Мартаю, прыўздымае яе.) Дапамагай...
Дора, павагаўшыся, усё ж дапамагае Раіне. Разам спрабуюць закласьці Марту на верхнюю паліцу. З апошніх няшчасных сілаў утрымліваюць яе. Марта ледзь ня падае, аднак партрэт не выпускае. Сьледам за Мартаю Раіна й Дора запіхваюць наверх і веласіпед. Вельмі цяжка, бедныя, дыхаюць.
ДОРА. І што... І што... Што далей?
РАІНА. Пе... пера... перачакаем. Калі не пачнуць бамбаваньне...
ДОРА. Бамба...?!
РАІНА. Так. З агнямётаў.
ДОРА. Але хіба так можна?
РАІНА. Можна. Гэта выбрыдкі краю людзкога!..
(На верхняй паліцы цяжка стогне Марта.)
ДОРА. Што будзем...
РАІНА. Ціха. Пакуль — зробім выгляд.
ДОРА. Ага.
(Раіна й Дора — робяць выгляд. Марта зноў глуха стогне.)
МАРТА. О!.. Гэта цягнік на Карлавы Вары?
РАІНА (падхопліваецца, зазірае ёй у твар). А ваш муж — матацыкліст?
ДОРА. На Карлавы Вары, калі ваш квіток да Саратава.
МАРТА. О, Саратаў!.. Слава Богу.
РАІНА. Каму-каму, але толькі не Яму.
ДОРА. А Ён у вас у чым вінаваты?
РАІНА. Сабака.
(Паўза. Марта, лежачы, міжволі касавурыцца на партрэт...)
Ваш Камандор — сабака.
МАРТА. Гэта чаму? (Пачынае тузацца ў бантах.)
РАІНА. Таму што матацыкліст.
МАРТА. Ну... Ён матацыкліст толькі па пятніцах. (Тузаецца.) У астатнія дні ён прадае кока-колу!
РАІНА. Колю.
МАРТА. Як?.. ( Падымае напераменку то галаву, то ногі.) Аднак дазвольце!..
РАІНА. І не падумаем. (Яшчэ мацьней зацягвае вузлы.) Сапраўднае вымаўленьне гучыць мякка. (Напявае.) «Заўсёды сьвята з табой, кока-коля!»
МАРТА. А!.. Здаецца, ён ужо не адчувае розьніцы.
ДОРА. Ён што — памёр?
МАРТА. Пэдыгрыпал.
ДОРА (з непрытворным жахлівым захапленьнем). Ён яго еў?!
МАРТА. Піў.
РАІНА. Таму што матацыкліст!
ДОРА (да Раіны). Адкуль вам ведаць статыстыку, мадэмаўзэль?
РАІНА (з пачуцьцём уласнае перавагі). Вы ж не якшаецеся зь ня таннымі водаправодчыкамі!
МАРТА. Якшацца — цюркізм.
РАІНА. Мой дзед ніколі ня быў аніякім туркам! Нават і блізка!
МАРТА (да Раіны). Вы памятаеце свайго дзеда?
ДОРА. А майго пераехала бульбасаджалкаю.
ДОРА (да Марты). Вы мелі прыхільнасьць да калярадскіх жукоў?
МАРТА. Не. Яна была на... кхм, як бы гэта вам сказаць больш дакладна... ну, увогуле яна была... скажам, так!.. яна была на колах!
РАІНА. Коля. Сапраўднае вымаўленьне гучыць мякка. «Заўсёды сьвята з табой, кока-коля!»
МАРТА. Не.
РАІНА. Што - «не»?! Што — «не»?! Прывыклі ў нас не зважаць на агульнаэўрапэйскія традыцыі. Нездарма яшчэ Янка Купала...
МАРТА. Ня Коля. Яго звалі Бад. І як ён любіў страляць! Та-та-та-та! (Уздымае зьвязаныя ногі, нібы з кулямёта, строчыць імі.) Тра-та-та-та!.. Мы былі неразлучнаю параю! Божа! Як мы любілі страляць! Тра-та-та-та-та-та! Самыя лепшыя палігоны! Мора піва! Стрэльбішча ў Саратаве! Разьвяжыце! Разьвяжыце мяне, ... люфтвангэйзэры! Чуеце?! Я — ваша!
РАІНА. А гэта мы зараз праверым! (Яшчэ мацьней зацягвае вузел Марце на руках.) Колькі за вамі кітайцаў?
МАРТА (крычыць ад болю). А-а!.. Я ня ведаю! Я не лічыла! Але яны толькі й рабілі, што жэрлі, жэрлі ды жэрлі!..
РАІНА. Так, аўсяная каша. Адкуль ты ведаеш пра аўсяную кашу?!.
МАРТА. Я ня ведаю! Яны проста яе жэрлі, бралі за горла, пхалі мне ў рот! На сьняданак, абед і вячэру! На першае, другое ды трэйцяе!
ДОРА. ...А таксама на чацьвертае, пятае, шостае, сёмае, восьмае, дзевятае, дзесятае, адзінаццатае, дванаццатае, трынаццатае, чатырнаццатае, пятнаццатае, шаснаццатае, сямнаццатае...
МАРТА. Так, так! Значыць, і вы?!. Значыць, і вас?!.
ДОРА. Іншым разам давалі кісель. Праўда, таксама аўсяны. (Да Раіны.) Здаецца, яна... Я б нават сказала...
РАІНА. Ціха. Гэта нічога ня значыць. Іх вучаць у школе нават страляць. З-за вуха, наўскос і наўскідку. (Да Марты.) Я зараз задам вам пытаньне... Ад якога залежыць... Калі вы адтуль... Сярод нас толькі адна... Хто ня хроп...
МАРТА. Гэта была я. Мой ад таго й прадставіўся.
РАІНА (кідаецца разьвязваць Марту). Божа ж мой! Божа ж мой! Што ж ты!.. А я!.. Старая эквалайзэрка! Скажыце!.. Скажыце... А ваш — таксама?..
МАРТА. Што?
РАІНА. Ну... водаправодчыкам.
МАРТА (вызваленая ад путаў, па-ціху спускаецца зь верхняй паліцы). Ён быў Трумэнам. Фэліксам Трумэнам. Жалезным. І гэта ён вынайшаў вадародную бомбу.
ДОРА. Ім абодвум далі па Нобэлю?
МАРТА. За што?!
ДОРА. Ну... за педыгрыпал. Ён жа ў вас не хварэў на сухоты?
МАРТА (раптам несуцешна рыдае). Як... вы... так можаце?!. Спадзяюся, я трапіла... не ў асацыяцыю... па барадзьбе... з наркатызмам?!
РАІНА (нібы сама сабе). Карова.
ДОРА. Малакавоз.
МАРТА (павольна сьцішваецца). Альфрэд Шнітке Чэ Гэвара.
РАІНА. Тэрор — ён і ёсьць тэрор!!!
Няёмкая паўза. Можа, даўжэй, чым трэба...
ДОРА. А мой сабака, калі сьпіць, — плача.
РАІНА. А мой, калі плача, — псуецца.
МАРТА. А мая котка, калі абажрэцца, — рыгае!
ДОРА (да Марты). У вас ёсьць сабака?
МАРТА. Нават тры.
РАІНА. І колькі ёй плацяць?
МАРТА. О! Усё залежыць ад якасьці ніжняй бялізны.
Зноў паўза. На гэты раз зусім невялічкая.
ДОРА. Адчаго, вы сказалі, памёр ваш муж?
МАРТА. Удар.
ДОРА. Апакаліпсычны?
МАРТА. Звычайны. (Хапаецца за веласіпед, спрабуе яго зьняць зь верхняй паліцы.) Вы марнатраўкі, пані! Дзе вашая абарона?!
ДОРА. Абарона?.. Якая можа быць абарона ў бранаваным купэ?
МАРТА. Супрацьпаветраная!
ДОРА. О Божа! Значыць, праўда? Нас напраўду будуць бамбіць?!
РАІНА. І рэзаць. З агнямётаў!
ДОРА. Спыніце цягнік. Я выйду.
МАРТА. Позна! Вас схопяць на станцыі. Вы занадта падобны на Эрыка Хэма!
ДОРА. Ён таксама ёсьць тэрарыстам?
МАРТА. Ён быў быком! Сапраўдным быком на тарыдзе! І ведаеце, што ён рабіў у такіх выпадках?
ДОРА. Што?
МАРТА. О! Ён рабіў над Гішпаніяй чыстае неба! Вот!.. (Разьядноўвае свой веласіпед на дзьве часткі. Адное кола дае ў рукі Раіне, другое — Доры.) Ён сам хадзіў на базар за сьвежай пятрушкай... (Укладвае Раіну на сваёй паліцы, папраўляе ёй ногі, разводзячы па-армейску.)
РАІНА. Хто — ваш бык Эрык Хэм?..
МАРТА. Мой муж Фэлікс Трумэн! А ў той дзень... Ён застаўся дома. Сказаў, што дрэнна сябе адчувае... Вось так! (Паказвае Раіне, як трэба наводзіць прыцэл на «аб’ект».) Пайшла я. А ля самага ўваходу... вецер сарваў шчыт з рэкламаю...
РАІНА (хутчэй машынальна). Рэклямаю...
МАРТА. І якраз мне па галаве! Добра, што плазам, бо калі б рогам, мёртвай была б ужо я.
РАІНА. А ваш муж?
МАРТА. А ён памёр на месяц раней. У той дзень мы спраўлялі па ім саракавіны. Потым адна вядомая ў пэўных колах асоба сказала, што т а к ён за нешта на мяне сердаваўся.
ДОРА. Канешне. Купля сьвежай пятрушкі — выключна мужчынскі занятак.
РАІНА. І продаж.
МАРТА. Пра якія куплю-продаж вы гаворыце, калі ён быў патомным электрыкам-пацыфістам?
ДОРА. Ну-ну, прабачце. А што было на тым рэкла... (Нечакана лёгка Марта лацьвей укладвае яе на паліцы. Кулаком падпраўляе ёй жывот; гэтак жа, як і Раіне, — ногі.) ...рэклямным шчыце?
МАРТА (раптам ваяўніча). Усё што заўгодна, але толькі ня кефры!
ДОРА. Мэнструацыя — гэта так натуральна.
РАІНА. Нават яшчэ мой турэцкі дзед ведаў смак у такіх тонкіх рэчах. Уся справа ў крылцах.
МАРТА. У крыльцах? У крыльцах, якія ніколі ня вернуць майго мужа.
ДОРА. Добра яшчэ, што не па галаве.
Паўза агульнага суперажываньня.
РАІНА. Ну, што?
МАРТА. Здаецца...
РАІНА. Калі што...
МАРТА. Ага. Адзін доўгі, тры кароткіх. (Спрабуе залезьці на верхнюю паліцу, у яе ніяк не атрымліваецца.)
РАІНА (узіраецца ў свой біноклік). А вось яшчэ быў выпадак з зыходам...
МАРТА (у захапленьні). Са сьмяротным?!
РАІНА. Горай!..
ДОРА. Хопіць табе са сваімі (перадражняе) «эўрапэйскімі трыдыцыямі»!
МАРТА (да Доры). Паслухайце... (Дзярэцца на верхнюю паліцу.)
РАІНА. Дора.
МАРТА. Што?..
РАІНА. Яе зваць Дора. А мяне Раіна, калега!
МАРТА. Паслухай, Дора... (Усё ніяк не залезе.)
РАІНА. А...
МАРТА. Марта. Удава.
РАІНА. Бедны Янка Купала...
МАРТА. Што?..
РАІНА. Гэта я так. Для сябе.
ДОРА. І што там у цябе за выпадак?
(I— пасьля паўзкі.) Яшчэ не бамбуюць?
РАІНА. О, кашмар! Проста дзікі кашмар! Карацей: ноч... Людзей — не прадыхнуць!.. І раптам урываецца гэты бамбіза, гэты чорт у сутане і — тра-та-та-та! тра-та-та-та-та-та-та-та! — са свайго чорнага кулямёту, са сваёй бранябойнай гачыцы! І — уяўляеце! — ён нават страчыў тады, калі закончыліся ўсе патроны!
МАРТА. Раю эканоміць, паручнік Галіцын! Падмога ня хутка... (Так і ня ўзьняўшыся на верхнюю паліцу, грымдаецца на Раіну.) І што паліцыя?
РАІНА. Што, што!.. Яны нават ня чулі стрэлаў!
ДОРА. Спалі?
РАІНА. Якое там спалі! Яны ўсе там ляжалі мёртвыя! Усе! Да апошняга адстаўнога сяржанціку!
МАРТА (лежачы на Раіне). Чаму адстаўнога?
РАІНА. Ну!.. (Спрабуе неяк сьпінаю скінуць зь сябе Марту.) Калі б на вашым участку ўсчалася такая грамабобія, вы запрасіліся б у адстаўку яшчэ зь вечара!
МАРТА. Ані! (Нарэшце, сасьлізнуўшы з Раіны на падлогу, адной рукою хапаецца за прэзыдэнцкі партрэт чужыцкае нам краіны, другой адцягвае й адпускае матацыклетныя акуляры. Яны досыць трапна абхопліваюць пераносьсе.) Не — рэакцыі Васэрмана! Вікторыя! (Перакідвае партрэтнае дрэўка бы кулямётную рулю.) Божа! Дайце мне пастраляць! Дайце мне пастраляць на прасторах Саратава!
ДОРА (засяроджана ў некага цэліцца). Між іншым, вашая Вікторыя даўно ляжыць у белых тапках у чугуннай труне.
МАРТА (нейкі час асэнсоўвае пачутае. Раптам хапае Дору, рэзка ставіць яе на ногі, прымаючы разам зь ёю гэройскую паставу.) Чаму гэта, мая харошая, яна ляжыць у чугуннай?!
ДОРА (падобным гэройскім тонам). А хто ж гэта яе пакладзе ў залатую?! Вунь спытайце... (Паказвае разводным ключом на Раіну.) Колькіх яна закапала?
РАІНА (падхопліваецца са свайго мейсца). Як ты... (Далучаецца да Марты й Доры, іхняя агульная гэройская пастава робіцца ўжо занадта ваяўнічай.) ...можаш?!
ДОРА. А ты дрынькні кока-колі!
МАРТА. Увогуле, мне цікава...
РАІНА (да Марты). Калі так цікава, дык раю Врэнглер Спэрміт бяз цукру і Врэнглер Спэрміт дэ фрут!
МАРТА. Ваш спэрміт дэ фрут — нішто ў параўнаньні з тым, як адзін мой янкакупалазнаўца наступіў на костачку ад абрыкоса, празь дзень яму адцялі нагу, затым яшчэ адну, а яшчэ праз тры ён хадзіў у тых самых белых тэпцях, пра якія мы мелі прыязнасьць нейкую хвілю таму тут пачуць!
(Мяняе гэройскую паставу. Раіна з Дораю не адстаюць. Раіна асьцярожна вызірае з купэ, гатовая даць адлуп любому нападоўцу.)
РАІНА. Ты таксама ведала Янку?
МАРТА. Я нават ведала, зь якое прычыны ён ухайдохаў сваіх трох каханак!
ДОРА. Вось вам і нятанны водаправодчык. Людажэр!
МАРТА. Так, адну ён зжэр. Але за што?!
Паўза. Усе прыслухоўваюцца, ці не лятуць бамбавікі...
ДОРА. Ну, што?..
МАРТА. Ціха. Яшчэ не было каманды!..
ДОРА. І за што?!
МАРТА. ...За тое, што яна не давала яму гарэлкі, калі ён ноччу ўставаў у прыбіральню, а заадно шураваў зь пятага паверху ўніз галаваю ўсіх зьненавідлых яму людзей!
РАІНА. Гэта паклёп!
МАРТА. Паклёп?! А вы лепш паслухайце, што ён зрабіў з другімі!..
ДОРА. Хто?
МАРТА. Ваш адчаёвы крыміналіст, людажэр і рамантач Пэнэсонікаў! (Апошняе слова вымаўляе ў нос.)
РАІНА (зацікаўлена). Там быў яшчэ Кура Сава?! Як ён?..
МАРТА. Наш! Як і ягоная Сіне Кура! Яна была ягонаю другой жонкаю! І ён злавіў яе неяк на вуліцы, распатрошыў бы куру ды даслаў тое крывавішча, тую гнюснасьць, тое сьмердзюіска той самай трэйцяй каханцы, якая струпянела ад аднаго толькі позірку ў сумна-сьветлыя вочы Купалы!
ДОРА. Але дазвольце!.. Прычым тут вочы, калі ён даслаў... цьфу, ня дай Бог пабачыць!.. як вы самі мелі ласку сказаць, тую ванітную гідкасьць?!
МАРТА. А прытым, мая харошая, што якраз трэйцяя каханка яго й забіла! Урэпала! Заманточыла! Самым лютасным і гнюсна-паскудніцкім чынам! Яна зрабіла такую машынку... якую... калі сядаеш на веласіпед... (Адбірае адное кола ад Доры. Пачынае раскручваць яго.) ...пачынае сама... «чах-чах-чах! чах-чах-чах!» о-у-у-у!.. «чах-чах-чах! чах-чах-чах!» ага! ха-ха-ха-ха-ха-ха-ха!.. пырскі! кроў! жыжа! кішкі! шкалада! шлункі! кіндзюк! кезаўка!.. р-р-р-р-р-р-р! др-р-р-р-р-р-р!.. І як не было чалавека! А-а-а-а! Лажыся! Лажыся-а-а!
Усе падаюць. Паўза. Раіна асьцярожна прыўзьнімае голаў.
РАІНА. Ага. Ці ня хочаш ты гэтым сказаць...
МАРТА. А ты болей чытай парнаграфічнай літаратуры. Можа, і трапіш... У Інтэрнэт...
ДОРА. Божа мой! Які Інтэрнэт?! У Дрэздэн! Трэба ў Дрэздэн! Гнаць, гнаць і гнаць!
МАРТА. Хто ж, мая мілая, гоніць у Дрэздэн, калі нават не ўзялі заложнікаў?
ДОРА. А як жа сабакі?
МАРТА. На саратаўскіх палігонах іх да чорнай халеры! Толькі страляй, ха-ха-ха!
РАІНА. Вы што?! Канцэптуальна — у Вязынку, на магілу!
МАРТА. Чыю магілу?
РАІНА. Ну ня той жа зладзюжанкі, каго распатрошыў твой Сіне Кура!
МАРТА. Кара Сіва, ты хацела сказаць?
ДОРА. У Дрэздэн! У Дрэздэн! Я вас прашу!
МАРТА. У каго ты зьбіраесься нешта прасіць? Гэта мы выстаўляем тут свае кантрыбуты!
РАІНА. Так, абуты, абуты! Ён хадзіў заўсёды абуты! У сваёй спачывальні, на прашпэкце Цанавы, чакае ён нас!
МАРТА. А ў дупу! (Ускоквае на купэйны столік, выкідвае наперад руку.) Зік хайль! Ост Кейтэль — на саратаўскія палігоны! Ясна, мужычкі?!.
РАІНА. Правакэйшэн! Пер яе, квазімодзіху!
ДОРА. Як?..
РАІНА. Кусі, кусі!..
Дора ў шалёным кідку ўпіваецца ў Марту, кусае яе за нагу. Марта скача недзе ўверх, чапляецца за прыстасаваньне на столі. Раіна чапляецца за другую нагу, Марта адбіваецца.
Мы што — дарма клалі сваё жыцьцё?! За нашых маркшнэйдэраў ды мэліяратараў? Каб вось так... праляцець... міма?!
МАРТА (боўтаючыся, адбіваецца абедзьвюма нагамі).
О, Беларусь, мая шыпшына, *
Зялёны ліст, чырвоны цьвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасьцеш.
ДОРА. Не, ты толькі глянь! Яна яшчэ жарыць гэтую дастаеўшчыну!
РАІНА (разглядае ласту Марты). А красоўкі ад Вэрсачэ!
ДОРА (разглядвае другую ласту Марты). Адыдас!
РАІНА. Той, хто носіць Адыдас, хутка бацькаўшчыну здасьць!
МАРТА (боўтаючыся, дэклямуе):
...Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй, пад колер сталі,
праменьне яснае люблю!
РАІНА (лупіць шалёна па Марце). І там, дзе былі! І там, дзе ёсьць! І там, дзе будзем! І быці плачу ды енку вялікаму па ўсяе зямлі!
ДОРА. А ты ёй у зуб, дык можа, ня зьенчыць!
РАІНА. А як дастаць?
ДОРА. Веласіпедам!
РАІНА. Ага! У краіне сьветлай, дзе я паміраю!..
(Раіна хапае частку веласіпеда, імкнецца дастаць-наехаць колам на твар Марты.)
МАРТА....Варожасьць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расьце.
О, Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цьвет!..
(З апошнім словам Марта, злаўчыўшы момант, перыць наском сваёй ласты ў твар Раіне. Ды так трапна, што тая адлятае прэч, падае. Кола веласіпеда, якое трымала Раіна, падае на Дору, тая адлятае прэч, падае. З-пад столі на Раіну падае Марта, хапае яе за валасы, рэзка прыўзьнімае ейную галаву. Бачыць, што Дора неяк ачуньваецца і хоча падняцца, хапае яе таксама, прасоўвае паміж ейных каленяў галаву Раіны, моцна прыціскае сваімі рукамі.)
РАІНА. А-а!..
МАРТА. Ага! Яшчэ бывае такая сьмерць! У чыстае поле прыязджае камбайн!.. А там стаіць... баба! І ён той бабе!.. пад самыя яльцы!.. а-шу-ру-ру! а-шу-ру-ру!!! А потым — гох! гох! гох! (Падскоквае, седзячы на Раіне.)
РАІНА. А-а-а!..
ДОРА. Вой... Во-ё-ёй!..
МАРТА. А потым!.. Баба — раз! — упала, рукі склада і...
ДОРА. Што «і»?..
МАРТА. Гатовая.
ДОРА. Да чаго?
МАРТА. Да пераходу.
ДОРА. Куды?
МАРТА. Да Кракаўскіх нескароных вяршыняў!
ДОРА. Чаму Кракаўскіх?
Нечакана рэзка адсоўваюцца дзьверы купэ, і перад Бабусямі паўстае МАШЫНIСТ КГБ, ураджэнец Гібралтару.
МАШЫНІСТ КГБ. Бо Радопы ўжо за вамі! ха-ха! ха-ха-ха! Стаяць!!! Рукі ні зь месца! Лішнія рухі караюцца штрафам! Калі што — б’ю па шарах! Разводка шароў караецца штрафам! Цягнік не раскачваць! Раскачка вагонаў караецца штрафам! Выхад з аблогі караецца штрафам! (Бязладна размахвае ў розныя бакі рукамі ды нагамі, бы сьляпы, які ад нечага абараняецца. Бабулькі паволі падымаюцца з падлогі. Машыніст КГБ закранае Раіну. Відаць, зусім не чакаўшы гэткага, рэзка прысядае перад ёю.) О так! О так!.. Зараз будзе!.. Верталёт! Шрубалёт! Гоп-адлёт! Ха-ха-ха! Хо-хо-хо! Гоп! Гоп! Хей-хей-хей!
РАІНА. У вас што, малады чалавек, непраходнасьць кезаўкі?
МАШЫНІСТ КГБ. Еду-еду! Ду-ду-ду! Акружэньне і атака, здрада крэкаўскіх кашмараў! Ногі ў рукі — тэрарызм! Рукі ў ногі — каратызм! Зубы ў сьнезе — бандытызм!!! Гоп-гоп! Ганібал! Яшчэ слова — і расстрэл!
МАРТА. Гэта хто й каго зьбіраецца тут страляць?
МАШЫНІСТ КГБ (ня ведаючы, адкуль можа зыходзіць сапраўдная небясьпека, скача ўсё вышэй ды імклівей, вычвараючы неверагодныя па). Вы селі на станцыі А!.. Вас адсачылі на станцыі Б!.. Я — машыніст КэГэБэ! Кэ! Гэ! Кэ-Гэ-Бэ!!! Кэгэгэгэ... Бэ-бэ-бэ! (І далей — скарагаворкаю:) Стоп-кран не зрываць! Болей трох не зьбірацца! Хто — дзе? Хто — я? Я — тут! Ураджэнец Гібралтару, чорны пояс, сіні глаз! Тэрарысты праходзяць усе па адным! Трэйці — за першым, другі — за трэйцім, першы — адразу за дрым-дым-дым! Дрэнь вашая справа — вам упалі на хвост!.. А? Бэ? А і Бэ! Ляжаць мёртвыя на трубе! Мёртвыя ноччу і мёртвыя днём!.. Шухер, аблава, шмананьне, пажары, разьня, акупацыя, напалм, бамбаваньне, палон, трэпанацыя, атручэньне, пагром! Будуць рэзаць, будуць біць, (інтуітыўна лічыць Бабусек) табе — крэсла, табе — вышка, табе — жмурыкаў да пня вадзіць!
Раіна спрабуе паварушыцца.
Хто?!. А?!. (Рэзкі рух.)
Марта спрабуе скрануцца зь мейсца.
Дзе?! О!!! (Больш рэзкі рух.)
Дора разварочваецца...
Ага!!!
Дора раптам асьцярожна цюкае разводным ключом у лоб Машыніста КГБ. Той ціха апускаецца на падлогу.
РАІНА. Ого!
ДОРА (не расьціскаючы вуснаў). Мугу! (Далей гаворыць.) Гэта проста нейкі сарліпопэт! Аж у вачох замігцела!
МАРТА. Ты яго заманточыла?!
ДОРА. Так! Урэпала!
ДОРА. Я ж яго толькі... пашкадавала...
МАРТА. І што ён?..
(Раіна схіляецца над Машыністам КГБ. Паказвае, што той дыхае. Прыслухоўваецца. Падзывае жэстам астатніх Бабусек. Нейкую хвілю Раіна ды Марта сьцішана нахіленыя над Машыністам КГБ. Нечакана ён, бы ў канвульсыі, тузаецца ды хапае схіленых над ім Бабусек за горлы. Тыя хрыпяць.)
МАШЫНІСТ КГБ. Вы што?! Ня рубіце фішкі?! Чык-чырык — і вы ў адлёце! Узвод «тэрор-антырэрор», я — ягоны камандзёр!
РАІНА. Хр-р... Купала... Няўжо так завяшчаў Купала?!.
МАШЫНІСТ КГБ. А?.. Ён з вамі?
РАІНА. Хр-р... Вечна...
МАШЫНІСТ КГБ. І яму гамон! У купэ — атас і міны! Трыбунальшчыкі точаць нажы!
МАРТА (працягвае рукі да Доры). ...Жы! Хл-ру... пажы!
(Дора пакуль у разгубленасьці, ня ведае што рабіць. Машыніст шчасьліва сьмяецца.)
ДОРА. Пыжы?..
МАРТА. Па... мама... мажы!!
ДОРА. Пажы?..
МАРТА. Хр-л-р... Да... памажы!
ДОРА. А!.. (Ня ведаючы, як гэткую дапамогу ўчыняць, раптам зноў успамінае пра свой ключ ды цюкае й цюкае ім у лоб Машыніста КГБ.)
Аднак Машыніст КГБ толькі сьмяецца, ужо ня так шчасьліва, як змрочна ды страшна.
МАШЫНІСТ КГБ. Давай! Бац! Фоя!.. Ай Сі Дзій Сі! Бац, бац! Тут ваша магіла, вам іграюць чарльзтон! Ха-ха-ха-ха!
Дора цюкае. Машыніст КГБ сьмяецца. Аднак горлы Бабусек сьціскае мацьней.
Аўсвайсы!!! Чыя «крыша»? Колькі «пушак»? Хто бугор?.. Энэ, бэнэ! Ана, мана! Выйшаў вожык з-за тумана!.. Рэжа фінкаю, бэйс бой! Я — у пекла; вы — за мной!
Раіна й Марта з апошніх сілаў адбіваюцца. Той-сёй тэрорскі камуфляж зьязджае набакір, аблятае. Машыніст КГБ раптам палёгчыў свае поціскі, прынюхваецца да твараў сваіх ахвяраў. Потым рэзка адштурхоўвае іх. Яны ўскокваюць, па інэрцыі адлятаюць, цягнучы за сабою Дору. Усе ўтрох усаджваюцца на ніжнюю лаву. Машыніст КГБ хутка ўзьнімаецца з падлогі.
Тэ-эк... Тэк! Тэк-тэк-тэк! Ну — і?.. І — хто? А? А?!. А-га-га!
Бабуські пачынаюць па чарзе ўсхліпваць, даставаць насовачкі, смаркацца.
РАІНА. Я...
МАРТА. Мы...
РАІНА. У нас самыя высакародныя мэты!
ДОРА (спрабуе схаваць пад лаву свой ключ, пасоўваючы яго куды далей нагамі). Я нават ня думала вас замантачыць!
МАШЫНІСТ КГБ. Паўхвіліны — раззбраеньне, паўхвіліны — прызнаваньне!
РАІНА. Ну якія ў нас гранаты?! (Раптам хапае пад локаць Марту, якая апынулася ў цэнтры.) Гэта ўсё!.. (Паказвае з боку мухабойкаю на Марту.)
ДОРА (хапае Марту зь іншага боку). Так! Нічога сьвятога!.. Мы проста ехалі сабе ціха ў Дрэздэн!
МАШЫНІСТ КГБ (зноў пачынае падскокваць, размахваючы рукамі перад імі). Каторая? Каторая?..
РАІНА. Які яшчэ Дрэздэн?! Мы, дзьве старых няшчасных кабеты, ехалі ў Вязынку, на магілу Янкі Купалы, каб ціха страляць там сабак і перапраўляць іх у Саратаў! Пры гэтым ніхто й нікога, зёлкі з тэрмасу, мушу заўважыць доўга захоўваюць свае якасьці, як тут урываецца вось яна!.. (Усё яшчэ моцна трымае Марту.)
МАШЫНІСТ КГБ. Каторая?.. Каторая?!.
МАРТА (спрабуе вырвацца). Ах вы, драныя зёлкі! Плявуздры!!. Бач, магілаў схацелася! У Дрэздэн, на Купальле, каб адстрэльвацца ад саратавак ды хавацца ў Янкі! Вось там і папілі б вашага тэрмалягічнага шнапсу!
МАШЫНІСТ КГБ. Каторая?! Каторая?!
ДОРА. Не, гэта проста нейкая навухаданосарша! А хто, яшчэ на пэроне, усе вушы — бз!-бж!-бзждр!-бзждрбзж!: едзем! едзем! каб страляцца з сабакамі, на магіле Купалы! у Саратаве за іх даюць па тры капейкі за пуд, і пры гэтым сам Кура Сава прыме нас за дрэздэнаўскіх каханак!
МАШЫНІСТ КГБ. Каторая?!!
РАІНА (убок Марты). Сабачара.
МАРТА (убок Доры). Падлажэра.
ДОРА (убок Раіны). Кормараздатчыца!
РАІНА (убок Доры). А тваё цялё сера боегалоўкамі Пэршынг-два!
МАРТА (убок Раіна). А твая качка стаптала ленінскую канюшыну!
ДОРА (убок Марты). А ты сама, калі падала з дуба, разадрала дупу!
РАІНА (убок Марты). Так, так. Да самуськай гарлячкі!..
МАШЫНІСТ КГБ (спыняецца). Ціха! Госпадзе... Госпадзе!.. То што... То што?..
Бабуські ўжо плачуць усур’ёз.
ДОРА. Мы... і... і... У-ю-ю!!.
МАРТА. Там толькі клізмы, клізмы! І вэгэтарства!
РАІНА. Там... там... Там нават прарок... ня змог бы.
МАШЫНІСТ КГБ. А!.. Дык вы — уцеклыя баб... (Заціскае сабе рот. Пракашліваецца.) Кгм!.. Я вам раю! Аптымальна! Заставацца!... (Пачынае навобмацак прыводзіць Бабусечак у належную тэрарыстычную экіпіроўку.) Рок-тэрор!!!
МАРТА. Мы...
РАІНА. Не...
ДОРА. І-і-і!
МАШЫНІСТ КГБ. Я вам раю! Аптымальна!
РАІНА. Чаго гэта ён раптам нам раіць?
ДОРА. Відаць, гэткі ж канкістадор, як і ваш бамбіза ў сутане.
РАІНА. Які бамбіза ў сутане?
ДОРА. Што страляў.
МАШЫНІСТ КГБ (уручае партрэт Марце). Так, страляць! Піф-паф! Ганіце! Та-та-тах, та-та-тах!
МАРТА. Куды гнаць? Куды гнаць? Нікуды мы не зьбіраемся гнаць!
МАШЫНІСТ КГБ. Я вам раю! Аптымальна! Уцякачкі! Партрэты! Лыжка за бабку, лыжка за дзедку, сунь, мая радасьць, два пальцы ў рызетку!!!
Бабуські недаступна вышчэрваюцца.
А яшчэ!.. Саджаюць у такую штукерыю!.. І шрубуюць у лоб! І колюць наркоты! Калі што — прасьцірадла! Калі што — электруха! Калі што — шызашок!
РАІНА. Вой, не пужайце...
МАШЫНІСТ КГБ. Ха-ха! Ха-ха-ха! А можа, вам клёва па тры дні ня «пі-пі»?
ДОРА. Ня «пі-пі»?
МАШЫНІСТ КГБ. Ні пі-пі, ні ка-ка! Толькі праз трубачку — цюрлю-лю-лю! — кашку-аўсяшку, ха-ха-ха-ха! Можа, балдзёжна вам ад анаболяў? Ці адцяжка на трох на крывавым батуце?!.
МАРТА. На якім яшчэ...
МАШЫНІСТ КГБ. А на такім, на двухколым, якім!.. Першае колца — вашыя ручкі, колца другое — вашыя ножкі, двое — расьцяжка, трэйці пампуе, — гоп-гоп! гэй-гэй-гоп! на жывоціку — гоп-гоп!
ДОРА. І што?
МАШЫНІСТ КГБ. Кроўка, сьвішчы! мая радасьць, пішчы! — кіслародны кактэйль для мазгоў!!!
РАІНА. А... А... Тады мы выходзім!
(Спрабуе ўзьняцца з лавы. За ёю імкнуцца сьледам Дора й Марта.)
МАШЫНІСТ КГБ (сьляпым, аднак упэўненым штуршком садзіць іх назад). Я вам раю! Аптымальна!
РАІНА. А што, мой харошы, гэткі клопат пра нас? Ледзь ня ў лепшых традыцыях... Можа, прапануеце...
ДОРА. Кока-колі!
МАШЫНІСТ КГБ. Я ня Коля! Я — Машыніст КэГэБэ, ураджэнец Гібралтару, чорны пояс, сіні газ!..
МАРТА. Тады мы выходзім. (Зноў памкнулася падняцца.)
МАШЫНІСТ КГБ (крычыць шалёна). Ста-а-аяць!!!
МАРТА (жагнаецца). Сьвента Маці Пахвалёна! Стаю, стаю.
МАШЫНІСТ КГБ. Хто вам сказаў?! Які яшчэ клопат? Тут я — камандзёр, вы — палонныя чорнага стэпу!
РАІНА. Якога... стэпу?..
МАШЫНІСТ КГБ. Чорнага, вольнага, пад крумкачамі! Крум — я ваш госьць, «Дабранач, рэвалюцыя, гуд бай!» я ваш кум; «Вы што, ня чуеце? — Кашчавая ідзе!» там расчыненая труна, па вас рыдае яна ад цемры і да відна!
(Асьцярожна намацвае Раіну, яшчэ раз папраўляе на ёй тэр-шмоткі, лёгка закідвае яе на верхнюю паліцу. Абшпільвае рамянямі бясьпекі.)
Крум — у тым стэпе стаіць чорны дуб, на дубе тым — куфар, у куфры тым — заяц, у зайцы тым — качка, у качцы той — яйка, у тым яйку — ваш сьляпы кампазытар Бэтховэн! Крум — саната до дзіес мінор, жалобныя вяночкі, Дэвід Гілмор, яшчэ адна цэгла ў сьцяне!
(Гэткую ж апэрацыю праводзіць з Дораю. Таксама закідвае яе на верхнюю паліцу, абшпільвае рамянямі.)
(Падступаецца да Марты.) Крум! Колы! Варголы! Недахват у вары голых! Заставайся на ночку, партызанская дочка!..
(Марта сама спуджана забіраецца з нагамі на паліцу, сама зашпільваецца рамянямі.)
Ці дачка!.. Ха! Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!!!
РАІНА. Я б сказала, што гэта... (Машыніст КГБ выпростваецца перад Раінаю. Тая адстараняецца.) Зважайце, аднак!
ДОРА. Можа мець розны сэнс... (Машыніст КГБ выпростваецца перад Дораю. Тая адстараняецца.) Перадінфарктнае рэчыва мае звычку атакі!
МАРТА. Сьвента Маці! Сьвента Маці! Сьвента Маці Пахвалёна! Я страляю! Страляю!..
МАШЫНІСТ КГБ. А, давай! Піф-паф, вой-вой-вой, памірае зайка мой! Тут выходзяць тэрарысты, праваслаўныя марксысты, рокэр-покэр, мусульмане, аты-баты, маскхалаты, вам раздам бронепатроны, вы ганіце мані-мані!
ДОРА (тузае рамяні). Выходжу, выходжу! Мая станцыя, мой чорны стэп!
МАШЫНІСТ КГБ (яму ў рукі трапляе веласіпеднае кола. Даручае яго Доры). А во твая станцыя! Твая зупыначка! Твой фарпост, Францінбрас! Хто жадае выйсьці яшчэ? Ты, Брут? Ці ты, Гарацый? Або ты, усёведны прарок?! (Дастае нешта з-за пазухі, паказвае.) Усё залежыць ад гэтае штучкі! Тармазучкі! Яшчэ аніхто!.. Аніколі!.. Калі я!.. Тут яго!.. Як вы самі заўважылі: «Та-та-та-тах!» Станцыя?.. Вам жадаецца станцыя?!. Чаканьне, ба... (папраўляецца) камрады, чаканьне! Там вам і драйв, там вам і рок, там вам і дом найблакітнейшага сьвятла!!! Усё пад распіску, усё як належыць! (Яшчэ адно кола — Раіне.) Р-р-рота!!! Па маёй камандзе!..
РАІНА. Тра-та-та?
МАШЫНІСТ КГБ. Тра-та-та-та!
РАІНА (строчыць). Тра-та-та-та! Тра-та-та-та!
МАРТА (строчыць). Тру-ту-ту-тут-тут-тут-ту!
ДОРА (строчыць і строчыць). Пах, пах, пах! Тры-ты-ты-ты-ты! Дры-ду—ду-ду-ду-ду-да!
ІТут недзе над імі, а можа, і проста ў некага зь іх у рукох пачынае лупіць буйнакалібэрны кулямёт. Усё купэ напаўняецца гарам, сінім дымам, подыхам сьмерці...
МАШЫНІСТ КГБ (крычыць у шале ды радасьці). А-а! Нармалёва!!! Я вам раю! Аптымальна! Давай! Болей джазу! Болей джазу, гольдэн гёрлз! Стрэлкі, рэйкі, шлагбаўмы! У паветры — дазапраўка! Пералётнае пікэ!
РАІНА (амаль у непрытомнасьці). Піць... Дайце піць.
МАШЫНІСТ КГБ. А мы зараз гарбаткі!.. У лепшых традыцыях. Як завяшчаў ваш вялікі Махмуд!
РАІНА. Купала...
МАШЫНІСТ КГБ (насьцярожана). Тэрарыст?
ДОРА (вельмі стомлена). Бабнік...
За Машыністам КГБ з трэскам зачыняюцца дзьверы.
КАНЕЦ ПЕРШАГА АКТУ
АКТ II
Бабусечкі застаюцца на сваіх мейсцах. У гэткіх жа недарэчных прычандолах ды апранахах. Здаецца, Раіна бязгучна моліцца, адначасна адганяючы незаўважных, аднак досыць надакучлівых мух. Дора глядзіць на яе і спрабуе гэтак жа бязгучна паўтараць словы малітвы, падганяючы да патрэбнасьці супрацьгаз. Чутно, як грукоча цягнік.
МАРТА (аніяк ня можа адшпіліць сваю ласту). Мама... Мая мама!..
ДОРА (перавешваецца ўніз галавою). А твой тата?
РАІНА. Ну пэўне ж, не...
ДОРА. Закрый рот. Няхай твой... (паўза, бы нельга прамаўляць табу) не варочаецца ў труне.
МАРТА. Нас што — усіх пакладуць?..
ДОРА. Хутчэй за ўсё, што крэмацыя.
РАІНА. Я ня вынесу! Божа, я ня вынесу! Гэта так...
ДОРА. Смуродна?..
РАІНА. Так, так! Аніякае, аніякае... эстэтычнасьці!
ДОРА. Затое з прагматычнасьцю. Вам ад таго лягчэй? Ці табе?..
РАІНА. Вам ці табе — якая розьніца!
МАРТА. Ну дык пашанотна прашу заткнуцца!
РАІНА (спрабуе супакоіцца). Мне было б лягчэй, калі б я памятала, ці выключыла ў палаце тэлевізор!
МАРТА. Тэлевізар.
РАІНА. У той палаце стаяў менавіта тэлевізор!
ДОРА. У вас была асобная?
РАІНА. Агульная. Але тэле я глядзела адна.
ДОРА (крыху падумаўшы). І я.
МАРТА (пасьля большае паўзы). Здаецца, і я таксама.
ДОРА. Не! Яшчэ я карміла сабачку. Толькі мне яго не давалі...
РАІНА. А мне хоць давалі, ён у сваіх вершах толькі лаяўся. Прычым гэтак гідка, усё болей па мацечцы!
МАРТА. А я сваю маму запомніла балерынаю. Можа, бачылі?.. Ёсьць такі фільм — «Чалавек з ружжом». Гэта пра яе!
РАІНА. А я на сьняданак любіла катлеты.
ДОРА. М-м! Я іх проста абажала!
МАРТА. Абажала — рюсізм. Аднак, з вашага агульнаэўропэйскага дазваленьня!.. Гэта мне! мне! мне!!! падавалі штораньня!.. Сапраўдная адбіўная, дасмажанасьць і сакаўнасьць!.. Усім астатнім давалі...
РАІНА. Аўсянку. Я ведаю. Таму й любіла...
Паўза.
Ён быў такі!.. Увесь капялюшысты, акулярысты, у новай куфайцы! Ён прысьвячаў мне маласольныя агуркі й заўтрашнія рададэндроны! І нават чытаў Брокгаўзэра й Крузэнштэрна!
ДОРА. Рададэндраны... Я таксама здымалася. З Чарлі Чапліным. Проста шалым дажджом!.. А потым ён пайшоў служыць у «Макдональдс» і загінуў пад капытом... Чырвонаармейца.
МАРТА. Так, «Чырвоная раніца»! Пятроў-Водкін, школа Марчэла Караваджоні!.. Яна вісела над нашым кухонным сталом! Мама брала чырвоны фарш, мухі яшчэ не пасьпелі заседзець...
РАІНА. ...паляпваючы, перакідвала яго з рукі на руку...
ДОРА. ...а потым акуратна дзяліла...
МАРТА. ...крыжыкам! (Паказвае, як мама дзяліла.)
РАІНА. ...на чатыры!.. (Паказвае, як мама дзяліла.)
ДОРА. ...роўныя часткі! (Паказвае, як мама дзяліла.)
МАРТА. Каб усім хапіла...
ДОРА. ...каб усім выйшла...
РАІНА. ...па адной маленькай катлецінцы!
Паўза. Момант пакутнага асэнсаваньня.
ДОРА (да Раіны). Мама! Ты нават ні разу!.. Да мяне!..
РАІНА (да Доры). А хто? Хто самую мяне?! Ты хоць памятаеш?!
ДОРА. Што я павінна памятаць?! Мяне адвезьлі яшчэ раней за... Што я павінна?!..
МАРТА (да Доры). Толькі тое, як я прасіла з сабою хоць бы лішні камплект!.. цёплых!.. А ты!!! М-мамусечка! Колькі год прайшло, га? Ні — хто! Ані — хто!!!...
РАІНА (да Марты). Унучка?! Божа! У мяне? — І нават унучка?! (Да Доры.) Што ж ты пра гэта мне?.. Пашкадавала?
ДОРА (да Раіны). Думаеш, было лёгка?.. (Да Марты.) Думаеш, я не зразумела б?..
МАРТА (да Доры.) Бачу я, як ты разумела. Шыба памятае. Тая, мокрая, на трэйцім паверсе... (Да Раіны.) І па табе я плачу, дачушка. Толькі чым было вас пракарміць?!
РАІНА. Канешне. Аўсянка была смачнейшая. На трэйцім паверсе...
ДОРА. Да цябе прыходзілі водаправодчыкі.
РАІНА. Так. Толькі я адпраўляла іх да трубаўкладчыкаў.
МАРТА. Каб цалавацца з сабакамі.
ДОРА. Што валяюцца на ўласных магілах.
РАІНА. І адстрэльваюцца ад саратаўскіх графаманаў!
МАРТА. Грамафонаў.
ДОРА. Фанаграмаў!!.
РАІНА. Там была яшчэ песьня. Пад фанаграму. (Ціха напявае, а болей нашэптвае.)
Засякла сваю донечку маці,
Ды ня можа ёй радачкі даці...
ДОРА (падхоплівае). Кіне ў ямачку, шчыльна трамбуе...
МАРТА. І адтуль яна матку цалуе!
РАІНА. Атруціла бабцю унучка
Ды пад вокнамі вые, як сучка...
МАРТА. Як на частачкі бабцю разрэжа,
Яна косанькі ўнучцы расчэша!
ДОРА. Сваю маці дзеткі любілі.
Ды касою крывою забілі!..
РАІНА. У труну яе з плачам хаваюць.
МАРТА. А яна ім калюбку гайдае!
(...І як беспрытульна адзінока, як бясконца самотна ўсьведамляецца Бабусечкам! І як хочацца ім урэшце пабыць хоць на нейкі час разам.)
ДОРА (скрозь сьмех, што адплакаўся). Ну чаму?.. Ну чаму, ну чаму яно так?!.
МАРТА (скрозь сьлёзы, што навярнуліся ды — адсьмяяліся). Таму што іншых — няма.
РАІНА (скрозь адчай, што прыходзіць ціха). І ня будзе.
ДОРА. Я плачу...
РАІНА. Ня трэба плакаць.
МАРТА. А што трэба?
РАІНА. Трэба ехаць. Трэба проста ехаць і ўсё.
ДОРА. Куды?
РАІНА. Куды?.. Хіба нам ужо не... Хіба нам ужо да пэўных маршрутаў?
МАРТА. А Машыніст КГБ?
РАІНА. Ураджэнец Гібралтару?
ДОРА. Дык ён жа сьляпы! (Нарэшце рашуча бярэцца за рамяні, адшпільвае іх ды хоча зьлезьці з паліцы.)
РАІНА. Ад яго гэтак дзіўна пахне!.. (Хоча таксама зьлезьці з паліцы, аднак ейныя ногі трапляюць на плечы Доры, і Раіна ўсаджваецца ёй на карак.)
МАРТА (вызваляецца са свайго мейсца, каб падхапіць на рукі Раіну, якая вось-вось грымнецца.) Ня лепш, чым ад нас!
РАІНА. Тады кінь, гран мэр!
МАРТА. Толькі ў моргу імя Янкі Купалы, ма пэтіт фій!
Усе ўтрох шчасьліва сьмяюцца.
З грукатам расчыняюцца дзьверы купэ, і заходзіць Машыніст КГБ, трымаючы тры шклянкі гарбаты.
РАІНА (усё яшчэ на руках Марты, паказваючы на шклянкі). А сабе?..
МАШЫНІСТ КГБ. Што — сабе? Што — сабе?! У мяне — рэкэр-покэр, усе ў масьць, дваццаць адно! Белая костачка, чорная храстачка! Вам — раздача апошніх патронаў! (Хоча паставіць шклянку на столік, Бабуські ўхіляюцца ад ягонага праходу. Разварочваецца да тых мейсцаў, дзе Марта, Раіна й Дора сядзелі раней, растаўляе шклянкі па паліцах.) Ваш чорны білет! Ваш чорны білет! Ваш чорны білет!
Нечакана Марта ўручае самому Машыністу КГБ Раіну.
МАРТА. Ваша бронь, пане!
МАШЫНІСТ КГБ. А? Што? Правакацыя! Дэзактывацыя! Стоп-кран не зрываць, боле трох не зьбірацца, на пуцёх не ашывацца!
Дора рэзкім рухам накідвае на вочы Машыністу КГБ хустачку ды моцна зацягвае яе. Пачынае раскручваць, бы ў гульні ў жмуркі. Марта ёй дапамагае. Раіна, адпаведна, перапудна вішчыць.
А-а! Я ж ня бачу! Я ж нічога ня бачу!..
РАІНА. А-а-а-а-а-а-а-а! А-а-а-а-а-а-а-к-мм-мама-а-а-а-а!
МАРТА. Та-та-тах! Та-та-тах! (Падгрукваючы сабе рукамі.) Та-та-тах!
ДОРА. Тах-тах-тах! Тах-тах-тах! (Падгрукваючы сабе нагамі.) Тах-тах-тах! Тах-тах-тах! Тах-тах-тах!
РАІНА (вішчыць неймаверна). А-о-о-о-і-і-вь-ю-у-у-у!..
ДОРА. Тах-тах-тах! Та-та-тах-тах-тах! Та-ратахтахтахтах! Таратахтахтахтах- тахтахтах!
МАРТА (здаецца, большае хуткасьці вымаўленьня й не бывае...) Тататахтахтах! тататах тататахтах тах тах! тарата тахтаратах таратаратахтаратахтаратахтаратахтахтах!
Скрозь крыкі, тахтахі, віскат і ляскат чутно, як шалёна разагнаўся цягнік. У нейкі момант грукаценьне ягоных колаў пакрывае ўсё пад сабой.
МАШЫНІСТ КГБ (з канчальна заверчанай галавой). Падаю... Падаю... Капцы... Госпадзе мой...
I ўсё ж ён спыняецца. I ўсё ж апускае на ногі амаль ашалелую Раіну. I атрымлівае ад яе смачную аплявуху.
РАІНА. Ды як вы сьмееце, малакасос!
МАШЫНІСТ КГБ (ну зусім не чакаўшы). Хто — я?! (Зрывае хустачку.) Гэта вы мне?!
РАІНА. Ну, а каму?! Можа, Фэліксу? Та-та-тах... (I зацягвае яе агульны рытм, і далучаецца яна да Марты й Доры.) Та-та-тах-тах-тах!
ДОРА. Тахтахтахтахтаратахтахтахтаратах!
МАРТА.Та-та-та-та-тахтататахтахтахтаратахтахтахтаратахтах!
МАШЫНІСТ КГБ. Вы што? Вы што? Так ня можна!!
ДОРА. Можна! Нам ужо можна! Тах-тах-тах! тах-тах-тах!
МАШЫНІСТ КГБ. Там — стрэлку направа, бо за мостам — сьцяна!
МАРТА. О! Дазапраўка — у паветры, пердалетнае пікэ! І-і, у-у-у! Тахтахтахтахтах!
РАІНА. А ты тармазі, галубок, тармазі! Тахраратахтахтахтах!
МАШЫНІСТ КГБ. А-а-а-а!.. (Сьціскае кулакі, хапаецца з усяе сілы за ручку купэ. Прысядае і трымае падлогу рукамі. Падскоквае, упіраецца нагамі ў адну верхнюю паліцу, галавой — у другую. Спрабуе спыніць цягнік хоць чым!..)
РАІНА. Тармазі, тармазі!..
МАРТА. Хай спачатку пакладзе назад рэйкі.
МАШЫНІСТ КГБ (не пакідае спробу спыніць цягнік). Я прынёс вам білеты!.. А вы ўсё!.. Хто вам даў?! Хіба так робіцца тэрарызм?!
ДОРА. Тэрарызм?.. А чыіх пэцкалёпна-паскудніцкіх рук сакрушальніцкае тарнада?!! Мы едзем па лесапавалу, можаш глянуць, таварыш гэбісцкі машыніст! Хоць хто ты такі — мы ведаем!
РАІНА. Як жа, гляне, чыгунячае касарыла!!! Ён будзе страляць нават голым!
МАРТА. А што — хіба ў голых не бываюць пісталеты?
РАІНА. Бываюць. І нават з узьведзенымі куркамі!
МАШЫНІСТ КГБ. Мой курок!.. Партзаданьне! Дастаўка жывымі! А там сьцяна!.. Камяніска! Нам усім будзе бібус!
ДОРА. Бібус? Бач, якое смачнае слоўка. Можна сказаць, у традыцыях!
МАШЫНІСТ КГБ (і раптам ламаецца). Бабулечкі... Бабусечкі! Ну зрабіце!.. Ну зрабіце хоць што... Я ж... Я... (iІ нечакана — расплакаўся.)
РАІНА. Ну, во. А яшчэ сіні дым пускаў.
ДОРА. Ураджэнец...
МАШЫНІСТ КГБ (горка плача, размазвае соплі, рыдае). Гы!.. Гы-гы-ы-ы-ы! Ну які я ўраджэнец Гібралтару! Так, няшчасны службіст, недарэчнасьць з тупою касою, нігэр...
РАІНА (сьцярожка кранаецца ягоных валасоў). Ну які ты негер... Ты ж белы!
МАШЫНІСТ КГБ. Я — унутраны нігэр! У мяне ніколі не было мамы!
ДОРА. А ў нас — таты. Сіроткі!.. (Далей сьпявае).
Мы цябе будзем любіці...
МАРТА. Мы цябе будзем люляці.
БАБУСЕЧКІ (разам). Пасярод чыстага поля
Будзем магілку капаці!..
МАШЫНІСТ КГБ. Вы шкадуеце, а я!.. Вас!.. Хацеў вас!.. Мне за вас — генэрала!..
МАРТА. І дадуць. Як прыедзем...
МАШЫНІСТ КГБ (плача). Куды мы прыедзем?! Нікуды мы не прыедзем! Усе яўкі праваленыя, там ня знойдуць нават мазгоў! Ну што вы за людзі такія?..
РАІНА. Так — бабусечкі.
ДОРА. Уцякачкі...
МАШЫНІСТ КГБ. А вы знаеце, хто я? Я — Сьмерць! Сьмерць!..
МАРТА. Ну й няхай сабе. Мы ўсё роўна зьелі свае білеты.
МАШЫНІСТ КГБ. Ня верыце?!
РАІНА. Верым. Таму й зьелі. Ну, супакойся, хлопча. (Зь пяшчоцьцем.) Негер!..
МАШЫНІСТ КГБ (утыкаецца носам у калені Раіне). Я не хачу! Не хачу!..
РАІНА. А мы?.. Думаеш, хочам?
ДОРА. Трэба...
МАРТА. Бач, ты вунь асьлеп нават.
МАШЫНІСТ КГБ (увесь напяты, у страшэнным грукаце колаў). То што?!
РАІНА. Што? А што б ты хацеў? (Расьцягвае яму краі вуснаў у шырокай усьмешцы.) Ну во — сапраўдны палкоўнік!
МАШЫНІСТ КГБ. Я — Сьмерць!!!
ДОРА. Ай, ты як той народны, да ўсяго й ня танны, водаправодчык. Вечна жывы!
МАШЫНІСТ КГБ. А — вы?!
ДОРА. А мы пачакаем.
МАШЫНІСТ КГБ. Чаго вам яшчэ чакаць?!
ДОРА. Не чаго, а каго. Калі ён да нас прыедзе.
МАШЫНІСТ КГБ. Хто?!
ДОРА. Ну, вядома, Хрыстос!
МАРТА. Дык гэта ён папраўляў керагазы?
ДОРА. А хто ж ты думала?
МАРТА. А кім тады Янка Купала?
РАІНА. Ён — вечна з намі, таму што — лабковая косьць!
МАРТА. І ён да нас едзе?
РАІНА. Так! На аднаколавым веласіпедзе! (Падымае веласіпеднае кола, на якім, аказваецца, яшчэ й можна ездьдзіць. Бярэ пад руку Машыніста КГБ.) Давай!
МАШЫНІСТ КГБ (яшчэ не разумеючы, што да чаго). А?.. Што?..
ДОРА (падхоплівае Машыніста КГБ пад другую руку, дапамагае балянсаваць.) Давай, давай, мая радасьць!
МАРТА ( напявае першыя акорды старога, аднак па-ранейшаму маднецкага чарльстону). Чарльстон «Мілы мой! Я пакіну цябе ў нашу першую ноч!» Па! Пара! Пара-па-па-пам!..
Раіна й Дора адпускаюць Машыніста КГБ. Той, ускрыкваючы, балянсуе на коле, спрабуе ня ўпасьці й нават туды-сюды пракочваецца па купэ. Бабусечкі на падлозе, на століку, на паліцах і нават на столі нажарваюць па-вар’яцку выбітны, шалёна-адчайны чарльстон. Камняпад цягніковага грукаценьня перарастае ў завываньне сырэны. Лупіць буйнакалібэрны кулямёт, і ўсё зноў патанае ў гарыдлым бяспамяцтве, у непрадыхлым куродыме.
I — ціха.
Расьсейваецца шчыльнае мроіска.
На забытым пэроне адзінока паводдаль адна ад адной стаяць Раіна, Марта й Дора. Яны — па-ранейшаму ў сваім тэрорскім камуфляжы: Раіна зь дзіцячым біноклікам трымае мухабойку, Дора — разводны ключ, Марта — партрэт прэзыдэнта чужацкае нам краіны.
РАІНА (прыцішана). Дора!.. (Спрабуе сьвістаць, аднак у яе амаль не атрымліваецца.) Марта! Фью! Фь-ю-у!
ДОРА. Марта-а! (Гукае.) Раіна-а! А-о! А-о-о-о!..
МАРТА. Раіна-а! Агу! Дора! Агу-гу-у-у!..
РАІНА. Марта-а-а!
ДОРА. Раіна-а-а!
МАРТА. До-о-ра-а!.. Да нас едзе Янка Купала-а-а!..
Марудна апускаецца
ЗАСЛОНА
КАНЕЦ
*Заўвага. У залежнасьці ад краіны(кантынэнту), дзе п’еса знойдзе сваё яскравае сцэнічнае ўвасабленьне, а таксама абставінаў, — на мейсцы Янкі Купалы могуць быць: Бэнжамін Франклін, Томас Мор, Марат Казей, Дзед Мазай etc. Гэтак жа, як і іншы геаграфічны россып: Масква, Гайнаўка, Багамы, Барсэлёна, Заказельская Слабада і г.д. — толькі ўзаемазаменны антураж, ня болей...
*Заўвага. У якасьці альтэрнатывы можа быць прадэклямаваны верш А.Сыса «Беларусь, мая магіла!..»
ліпень 1997, Кобрынь.

Людка Сільнова, Ігар Сідарук і Славамір Адамовіч. Менск, студзень 1995г.
|