|
ПАЧУЦЬ НОВАЕ МАЎЛЕНЬНЕ
(Гутарка Алеся Аркуша з Міхасём Тычынам)
— Жыцьцё і сьмерць — два вечныя пытаньні літаратуры. Так атрымалася, што ў гэтым нумары «Калосься» пераважае тэмат сьмерці. Сьмерць — як апошняя квадра месяца, ветах. Ці адчуваеце Вы, што недзе ва ўлоньні бацькаўшчыны выношваецца маладзік?
— Калі згадзіцца з думкаю, што колькасьць энтрапіі ў сьвеце павялічваецца, дык лёгка адшукаць філязофскае апраўданьне настрояў паміраньня, якія выяўна запанавалі ў наш час. Можна гэта тлумачыць з дапамогаю кабалістыкі, магіі лічбаў, паняцьцяў «канец гісторыі» і інш. Аднак відавочна, што ні ў якія іншыя часы сьмерць не зьбірала такога ўрадлівага «ўраджаю», як на працягу нашага ХХ стагодзьдзя. Лік ідзе на сотні мільёнаў, а мільёны — гэта ўжо не псыхалёгія, а статыстыка. Што ёсьць на гэтым чорным фоне сьмерць асобы? Тым ня менш менавіта сьмерць перажываецца з усёй вастрынёй, на якую толькі здольная наша душа. Каб уявіць тое, што ўявіць прынцыпова немагчыма, мы шукаем параўнаньні, сьвядома спрашчаем зьяву сьмерці. Умоўнасьць паэтычнай мэтафары «жыцьцё — квадра месяца» канчаецца там, дзе пачынаецца ўмоўнасьць іншай мэтафары: «жыцьцё як вечнае вяртаньне на кругі свае». Канец азначае, што за ім сьледуе пачатак нейкага новага жыцьця, існаваньня. Таму ўявіць, што апошняя квадра нашай Айчыны на зыходзе, ня цяжка, калі думаць, што ў глыбінях сусьвету сьпее, набіраецца гарту маладзічок. Але ў адрозьненьне ад месяца, заўсёды аднаго і таго ж самага, гэта будзе нешта зусім іншае, абсалютна новае, непазнавальнае ў сваёй духоўнай сутнасьці. Ранейшай, вясковай Беларусі, якая помніцца да часоў «хімізацыі» і «русыфікацыі», ужо ня будзе: сялянская Атлянтыда пайшла на дно на нашых вачох. Хацелася б верыць, што «гарадзкая Беларусь» будзе ня горшай і што яна наогул будзе.
Адпаведна, зьменіцца і мастацкая літаратура, яе самасьвядомасьць, эстэтыка, паэтыка. Прыкметы абнаўленьня заўважаюцца ўжо і цяпер: новыя імёны, лёсы, літаратурныя школы, друкаваныя выданьні. Я веру, што абнаўленьне пойдзе з правінцыі: менавіта там жыве дух беларушчыны і нараджаецца будучая нацыянальная эліта. Гэты працэс пакуль што адбываецца ў досыць прымітыўных, амаль што этнаграфічных формах, але галоўнае, што ён пачаўся і набірае імпэту.
— У часы «ветаху» часта надараюцца выпадкі заўчаснага спыненьня жыцьця таленавітых творцаў. Апошнія гады ўжо прынесьлі нам некалькі трагічных сьмерцяў: Галіна Пойманава, Андрэй Пяткевіч, Алег Прусаў. У чым палягае гэтая прыкрая заканамернасьць? Сьмерць надыходзіць гвалтоўна, без жаданьня яе абраньнікаў, загадзя вызначыўшы ахвяры — часьцей за ўсё сярод ізгоеў афіцыйнае культуры. Здаецца, у такія складаныя часы павінны пераважаць самагубствы. Але, не. Самагубствам скончвалі жыцьцё ў «застойныя» гады — Рыгор Семашкевіч, Яўгенія Янішчыц, Iван Рубін.
— Вядома, што месяц уплывае, і вельмі моцна, на наша самаадчуваньне. Расейскі філёзаф В.Розанаў увёў нават паняцьце: «людзі месяцавага сьвятла» — людзі, якія чула адгукаюцца на зьявы і працэсы ў глыбінях космасу. Ня ведаю, у якіх дачыненьнях да квадраў месяца знаходзіліся названыя Вамі літаратары, але добра ведаю, што самагубствы ў «застойныя» гады, амаль без выключэньня, мелі вельмі пэўныя прычыны. Праўда, адным словам адказаць, уляпіць як у сук, нельга. Але, прынамсі, можна зь вялікай доляй верагоднасьці разважаць, што здарылася з Міколам Прашковічам, знаным філёлягам-гісторыкам, які быў адвергнуты ўсімі пасьля таго, як «здаў» сваіх сяброў КГБ, застаўся ў вусьцішнай самоце, а мы, яго калегі, не знайшлі ў сваім сэрцы каліва міласэрнасьці, каб уратаваць яго ад апошняга кроку. Тое самае можна сказаць і пра названыя тут імёны: прычыны былі сацыяльныя, маральныя.
У той жа час сьмерці апошніх гадоў невытлумачальныя, «таямнічыя», містычныя, у іх большую ролю іграла падсьвядомае. Максім Гарэцкі гэта ў свой час абазначыў словам «мэлянхолія», тлумачачы, праўда, крызісам нацыянальнай ідэі, вайною, жорсткім векам, жыцьцём бяз Бога ў душы. Усё гэта, мабыць, прымяніма і да нашага часу, з тым, аднак, удакладненьнем, што мы на гэты раз маем справу не з «карнявым тыпам» беларуса, а з... мутантамі, псыхіку якіх зразумець немагчыма ў прынцыпе, бо гэта заўсёды адхіленьне ад нормы, хоць гэтыя адхіленьні могуць насіць прыкметы геніяльнасьці. Хвароба нацыянальнага духу, па-мойму, пайшла ўглыб, зьмяніўшы прыкметна сам мэнталітэт, і дабіраецца да асноў нашага існаваньня ў сьвеце. Большасьць сучасных суіцыдаў некантралюемыя розумам, спантанныя. На жаль, аб тым, як усё адбывалася на самай справе, мы можам здагадвацца хіба толькі па выніках літаратурнай творчасьці прадстаўнікоў гэтага пакаленьня, дзе заўважаюцца «сьляды» новага духу эпохі: талент — адна з разнавіднасьцяў мутацый.
— У літаратурах, нават такіх далёкіх, як альбанская і беларуская, ня цяжка знайсьці агульныя заканамернасьці, амаль дубляваньне сытуацыяў, падобныя постаці — ня толькі іхнімі ролямі ў культурным жыцьці краінаў, але й асабістымі лёсамі. Так, амаль двайніком Максіма Багдановіча зьяўляецца клясык альбанскай літаратуры паэт Мідзьені. У яго таксама ў раньнім дзяцінстве памерла маці, ён таксама хварэў на сухоты і памёр у 26 гадоў на чужыне ў Iталіі, куды паехаў лячыцца; ён таксама меў толькі адзін прыжыцьцёвы зборнік і яго прызналі толькі пасьля сьмерці і г.д. Як растлумачыць такія супадзеньні? Ці не шукаць нам заўтрашняга клясыка сярод сёньняшніх ізгояў літаратурнага цэху?
—У прыкладзе, згаданым Вамі, дзіўнай пераклічкі ў жыцьці і творчасьці беларуса Максіма Багдановіча і альбанца Мідзьені можна бачыць пацьверджаньне моднай тэорыі «двайнікоў», якая знаходзіць ужо і навукова-экспэрымэнтальнае пацьверджаньне. Мне здаецца, што тлумачэньне можа быць і іншым: Беларусь, як і Альбанія, знаходзіцца ў «горным ланцугу» маленькіх дзяржаваў, якія геапалітычна змушаны існаваць і знаходзіць сябе паміж Захадам і Ўсходам, паміж молатам і кавадлам. Адсюль супадзеньне ў лёсах, ажно да падрабязнасьцяў. Прычынай агульнасьці магла быць аднолькавая арыентацыя, скажам, на творчасьць старарымскага паэта Катула: ён таксама прыехаў у мэтраполію з правінцыі, таксама мала жыў і выдаў адну прыжыцьцёвую кніжку вершаў, пабудаваную паводле канцэнтрычнай кампазыцыі. Велемір Хлебнікаў, кажуць, настолькі быў захоплены паэзіяй і жыцьцём Аляксандра Пушкіна, што і ўласнае жыцьцё «падганяў» пад ягонае: прынамсі, вядома, што ён пражыў 37 гадоў, столькі, колькі і Пушкін, а ёсьць і іншыя супадзеньні. Пасьля сьмерці прызналі Гіёма Апалінэра і Ўолта Ўітмана — апошняга да таго ж, прызналі не на радзіме, у Штатах, — а ў «віктарыянскай» Англіі. Згодзен з тым, што наш час хавае нямала таямніцаў, якія будуць абнародаваны і прызнаны пазьней, магчыма, ужо новымі пакаленьнямі, як тое адбылося з гішпанскім паэтам ХVI стагодзьдзя Гангорай ці з беларусам Міколам з Гусава.
— Не зьяўляліся ў Вас пачуцьці штучнасьці, няшчырасьці беларускай літаратуры, нейкай закамплексаванасьці?
— Беларуская літаратура ў нейкай меры зьявілася як рэакцыя на штучнасьць афіцыйнай літаратуры, рускай і польскай, пра беларусаў і Беларусь: спатрэбіўся аўтэнтычны погляд на жыцьцё народу. Найперш гэта быў парыў пісаць і гаварыць па-беларуску, на мужыцкай мове, што было раўназначна рэвалюцыі ці ядзернаму выбуху. У кожнага з клясыкаў свая беларуская мова: у Купалы і Коласа, Багдановіча і Гарэцкага, Чорнага і Мрыя, Танка і Куляшова... Адчуваньне штучнасьці сучаснай беларускай літаратуры ўзьнікла ў выніку бясконцага паўтарэньня пройдзенага і знойдзенага папярэднікамі: пасьлядоўнікі задужа часта гаварылі ў сваіх творах чужою моваю — моваю Мележа, Коласа, а то й Ядзьвігіна Ш.
З чаго пачалася рэформа францускай паэзіі? З імкненьня Апалінэра даць слова вуліцы, новай рэальнасьці новага стагодзьдзя. Літаратурная творчасьць маладзейшай генэрацыі якраз і цікавая спробаю гаварыць больш набліжанаю да жыцьця («вуліцы») моваю. Патрэба ў рэфармаваньні беларускай літаратурнай мовы відавочна насьпела. Гэты працэс суправаджаецца сэнсацыямі, нават скандаламі, эпатажам толькі таму, што два папярэднія пакаленьні амаль не займаліся гэтым рэфармаваньнем, а, значыцца, трэба наганяць упушчанае: увогуле знаёмая ў нас сытуацыя!
— Што Вы лічыце набыткам беларускай літаратуры першай паловы 90-х гадоў? Можа гэта новыя імёны, ці новыя эстэтычныя «павевы», ці незвычайная культурніцкая сытуацыя?
— На жаль, многае з таго, што сёньня выдаецца на літаратурнай прасторы Беларусі (а гэта ўжо ня толькі Менск і сталічныя пісьменьнікі), мне проста невядома. Але тое, што трапляе на вочы, дазваляе досыць упэўнена сьцьвярджаць, што працэсы эстэтычнага абнаўленьня ідуць, і вельмі інтэнсыўна. Адна з прыкметных асаблівасьцяў — узьнікненьне новых агменяў літаратурнага жыцьця ў ранейшай правінцыі. Гэтаму спрыяе і такі факт, як выданьне кніжак, падрыхтаваных у Менску, дзе-небудзь у Маладэчне, Баранавічах ці Беластоку. Паўтараецца сытуацыя пачатку стагодзьдзя, калі кнігі друкаваліся ў Вільні, Пецярбургу, Кракаве, Львове, Празе і нават у Бэрліне. Пачатак стагодзьдзя адлюстраваўся ў яго канцы, як люстэрку, але ўсё цяпер наадварот. Постмадэрнісцкая сытуацыя ў Эўропе так ці інакш выяўляецца ў сьветаадчуваньні былых «Тутэйшых», «ТВЛ-аўцаў», «Бумбамлітаўцаў»і нават «Першацьветаўцаў». Гэта новая этыка і новая эстэтыка, нязвыклая, парадаксальная, але — сучасная. Літаратурная моладзь гэта востра адчувае, чаго, на бяду, ня скажаш пра старэйшых. Літаратурная і культурніцкая сытуацыя тым ня менш пакрысе зьмяняецца.
— Чаму літаратурныя заняткі па-за межамі СП па сёньняшні дзень лічацца «выпендрожам» і «блазнаваньнем»?
— Беларуская літаратура занадта доўга гаварыла моваю этнаграфіі і паказу жыцьця «ў вобразах самога жыцьця». Хоць сама па сабе этнаграфія, узятая як цэлае, — гэта космас нацыі. Аднак жа літаратура брала толькі аскепкі ад звона, якія гучалі, зразумела, глуха і няўцямна. Новае маўленьне заўсёды нязвыклае, тым больш, што яно пакуль у «падлеткавым» стане. Адсюль нараканьні «афіцыйных літаратараў». Гэта ідзе ад неразуменьня псыхалёгіі часу, новага пакаленьня і інш.
— Наколькі дзейнасьць Таварыства Вольных Літаратараў агучана сярод прафэсійных літаратуразнаўцаў і крытыкаў?
— Што да мяне, то дзейнасьць ТВЛ дужа цікавіць, і менавіта як спроба новага маўленьня, а гэта задача літаратуры, якая выходзіць за межы другога тысячагодзьдзя. Ня трэба сьпяшацца з прызнаньнем — у вечнасьці шмат часу.
верасень, 1997 г.
|