Дрытэра Аголы
ЗАБОЙСТВА
1.
Даўно калісьці — ня памятаю ўжо, у якім годзе, — давялося мне наве-даць псыхіятрычную бальніцу Ўлёры* , якую тамтэйшыя жыхары дасьціпна называлі «вар’ятняй». Наведаў не таму, што прагнуў пабачыць няшчасных хворых, а дзеля таго, каб перадаць невялічкую пасылку роднаму дзядзьку, які хварэў на нэрвы.
Дзядзьку свайго — неўзабаве пасьля нашай сустрэчы ён памёр, — я ўбачыў пасярод двара: небарака зацята спрачаўся аб нечым са сваімі сябрамі па няшчасьці. Прычым рабіў гэта з вар’яцкім імпэтам.
Сярод людзкога збою я адразу ж прыкмеціў вельмі старога чалавека са спалавелымі валасамі, зьлёгку гарбаватага і з глыбока пасаджанымі вачыма. Стары муляў вуснамі і зрэдзьчасу з нутра ягоных грудзей вырываўся вонкі здушаны воклік:
— Вох... ты мяне забіў! Ты забіў мяне!
Пакуль я знаходзіўся на двары, сярод гэтых няшчасных людзей, да вушэй маіх некалькі разоў даляцеў гэты страшны воклік.
Неўзабаве я выйшаў са двара, які звонку нагадваў пляцоўку перад якім-небудзь домам адпачынку, і рушыў у гасьцініцу. Голас старога, аднак, не пакідаў мяне — гучаў у сьвядомасьці, і я, прайшоўшы зь дзесятак крокаў, вырашыў вярнуцца і паглядзець ягоную гісторыю хваробы.
Мне далі мэдкарту, але запісаў у ёй было няшмат і зь іх цяжка было штосьці ўведаць пра лёс старога. І толькі адна фраза прыцягнула маю ўвагу: «А.Е. ў 19... годзе забіў нажом цырульніка Мусу Чакеры...»
Гэтыя глыбока пасаджаныя вочы, пахілая сьпіна, гэты лямант «Вох... ты мяне забіў! Ты забіў мяне!» і гэтая няўцямная фраза з мэдкарты прымусілі мяне пачаць роспыты, а потым узяцца за пяро.
2.
Цырульнік Муса Чакеры меў у сябе вучня.
Іншыя цырульнікі шчыра дзівіліся: як гэта Муса, які ня быў вялікім майст-рам, займеў столькі кліентаў? Бо ж да яго прыходзілі галіцца нават сяляне з суседніх вёсак, а там жа завіхаліся свае цырульнікі. У цырульні такім чынам было заўсёды поўна народу, і покуль Муса галіў аднаго з наведнікаў, астатнія пыхкалі люлькамі і гутарылі. Ну а потым — пра гэта казалі ў горадзе, — навед-нікі гамузам ішлі ў верхні пакой і уста* * зачыняў на ключ дзьверы на лесьвіцу.
Адному цырульніку заманулася падгледзець — чым гэта Муса займаец-ца са сваімі наведнікамі. І вось аднойчы, завітаўшы ў цырульню, ён, як бы між іншым, клікнуў чакерынага вучня, хлопца пятнаццаць гадоў:
— Гэй, хачу пазычыць брытву ў твайго гаспадара, але не ведаю, дзе яго знайсьці. Куды ён падзеўся?
— Пайшоў наверх са сваімі кліентамі, — адказаў хлопец.
Яны ўдвох адчынілі дзьверы, узьняліся па лесвіцы на другі паверх і неў-забаве ўбачылі гаспадара і ягоных наведнікаў: прыкладна трыццаць мужчынаў сядзелі, скрыжаваўшы ногі, уздоўж сьцяны. Палова іх былі няголеныя, і ўсе яны трымалі на далонях чорныя таблічкі, на якіх штосьці рупліва пісалі, мармычучы сабе пад нос.
Уста Муса сядзеў пасярод пакою і таксама трымаў у руцэ чорную таблічку, на якой былі намаляваныя некалькі вялікіх літараў.
— Гэй, Муса! — гукнуў калега-цырульнік. — Ты, як бачу, нягоднік... шайтан табе ў вочы!
— Чаму нягоднік? — прамовіў зьніякавелы уста.
— А таму, мой любы, што не запрашаеш мяне прыходзіць вывучаць на-шу мову — вучыцца чытаць і пісаць па-альбанску. І не дзярэ табе сорам вочы?
Мужчыны, што сядзелі ў пакоі, пераглянуліся, але ніхто нічога не сказаў. Муса Чакеры быў відочна ўсхваляваны, але адказаў цьвёрда і стрымана:
— Калі ёсьць такое жаданне — запрашаю. Купі толькі сабе таблічку для пісьма ды сьвінцовы алавік.
— І што, заўтра прыходзіць?
— Заўтра не атрымаецца.
— Чаму? — зьдзівіўся калега-цырульнік.
— Таму, што мы ўжо даўно займаемся. Пару тыдняў буду цябе вучыць абэцэдзе, а потым пачнеш вучыцца разам зусімі.
— Ох, які ты, аказваецца, разумны, Муса! На першым паверсе, нібыта, стрыжэш і голіш кліентаў, а на другім... Ох, які кемлівы! — і калега-цырульнік падміргнуў аднаму з мужчынаў, які сядзеў непадалёку. Пры гэтым Муса Чакеры панура змаўчаў, а хлопец-вучань засьмяяўся.
3.
— Навошта ты яго прывёў? — накінуўся уста Муса на вучня. — Ці ты ня ведаеш, што туркі за гэта закоўваюць у кайданы?
— Але ж ён добры чалавек, — адказаў хлопец.
— На вуснах мёд, а ў руцэ нож, — сказаў, як адрэзаў цырульнік.
Наступным днём калега Мусы завітаў у цырульню з таблічкаю ў руцэ, праз пару тыдняў ён вывучыў абэцэду і стаў займацца разам з другімі мужчынамі.
Прайшло няшмат часу і пэўнага ранку мяйсцовы бімбаш* ** — чалавек з жаўтлявым тварам, чорнымі бровамі і маленькімі рухавымі вачанятамі, што рабілі яго падобным да султана Хаміда, загадаў прывесьці ў адміністрацыю вучня Мусы Чакеры.
— Шаноўны, — прамовіў бімбаш, зыркаючы рухавымі вачанятамі, — мяне трывожыць твой лёс. Маці твая хворая, дзьве сястры дагэтуль незамужкі, брат сядзіць у вязьніцы... Я хачу зрабіць табе падарунак. Бяры гэты кошык... хэ-хэ-хэ.
Хлопец стаяў пасярод пакою і ад хвалявання ня ведаў, куды падзець рукі.
— Бяры, мой маленькі арнавут* *** ... бяры, гэта падарунак.
Маленькі арнавут канчаткова збянтэжыўся. Ён нясьмела памкнуўся ўзяць падарунак.
— Хэ-хэ-хэ... Падыходзь бліжэй, мой хлопчык... хэ-хэ-хэ... Бяры гэты нож. Паглядзі, якое ў яго прыгожае дзяржальна.
І сапраўды — нож быў файны. Хлопец ніколі ня бачыў такога.
— Хэ-хэ-хэ... Ты мне падабаешся — нагадваеш майго пляменьніка, мой маленькі арнавут. Усё выдатна. Ідзі цяпер і ўсьцеш сваю хворую маці.
Вучань Мусы Чакеры выйшаў на вуліцу, усхваляваны да ліпучага поту.
Апрача маці, ён нікому не сказаў пра сустрэчу з бімбашам, бо ведаў: яго-наму аповеду ніхто ня дасьць веры і могуць празваць хлусам, ці дадаць яшчэ якую крыўдную мянушку. Ад таго дня ў душы хлапечай нарадзіўся неспакой. Перад ім раз за разам усплываў бляды бімбашавы твар і маленькія вочкі — хітрыя й падступныя.
— Баюся, — казала маці, — каб ня выйшла якой бяды.
«Калі б што такое — бімбаш бы сказаў. А так зрабіў падарунак», — супа-койваў сябе хлопец.
Не прайшло і двух дзён, як на скрыжаваньні вуліц яго перахапіў бімба-шавы пасыльны і паведаміў:
— Цябе патрабуе начальнік.
Хлопец улякнута сьцепануўся...
— Шаноўны... хэ-хэ-хэ... Уваходзь, мой маленькі арнавут. Як маці, сёстры? Ці атрымалі вестку ад брата? Я загадаю яго выпусьціць. Ох, мой маленькі арнавут, як жа ты падобны на майго пляменьніка! Бяры гэтыя мяджыты* ****. За гэтыя грошы можна шмат што купіць.
Мяджыты заблішчэлі на далоні. Хлопец памкнуўся выйсьці, але бімбаш ізноў загаварыў:
— Шаноўны... мой маленькі арнавут. Як там маецца Муса Чакеры? Працягвае вучыць арнавутаў пісаць гявурскімі літарамі? А? Хэ-хэ-хэ?!
Хлопец спалатнеў. Бімбаш наставіў на яго свае зекры, якія гарачымі голкамі ўпікалі душу.
— Ты атрымаў ад мяне бакшыш* ***** — ножык. Прыходзь заўтра, мой маленькі арнавут, і я дам табе яшчэ мяджытаў. Ты іх атрымаеш шмат, калі ўсыпіш Мусу Чакеры. Усыпіш так, каб ён ніколі не прачнуўся. Зразумеў, няшчасны? Ты так падобны на майго пляменьніка... хэ-хэ-хэ.
Хлопец хацеў шпурнуць мяджыты бімбашу, хацеў закрычаць, але панік, яшчэ больш зьбялеў і, разнасьцежыўшы дзьверы, кінуўся на вуліцу, працяты цяпер ужо халодным потам.
4.
Вярнуўшыся дадому, хлопец убачыў, што маці стала зусім блага — у яе пачалася гарачка. У хаце было халодна, бо дровы скончыліся й не было чым паліць у печы. Гэтым разам ён нічога не сказаў маці, і адна зь сясьцёр, зірнуўшы на брата, запыталася:
— Ты ня хворы?
— З чаго ты ўзяла?
— Ты такі бледны...
Хлопец правёў рукою па твары і больш не сказаў ні слова. На падваконь-ні цьмяна бліскала лязо нажа. Блісканьне гэтае рэзанула вочы, і нечакана з носу хлапечага пайшла крывя.
— Кладзіся на спіну і глядзі ў столь, — параіла сястра.
Погляд чарговым разам засяродзіўся на нажы.
Ноччу ён доўга варочаўся на лежаку, потым падняўся і закінуў нож у пры-сенак. Зноў прылёг, але думкі ягоныя былі там, у прысенку. Там, за парогам, было цёмна, але ён разгледзеў у цемры белае лязо. Потым ён папоўз у сенцы, намацаў рукою нож і схаваў яго ў двары, пад сьлівамі.
Раніцою, ідучы ў цырульню, ён дастаў нож са схову і прыхапіў з сабой.
— Чаму не ў гуморы? — запытаў Муса Чакеры вучня.
Па целу хлапечаму прабеглі дрыжыкі — ад сэрца да кончыкаў пальцаў — і хлопец няўцямна прабубнеў:
— Ды так...
— Пойдзеш сёння на заняткі?
— Не, у мяне маці захварэла.
У цырульню тым часам адно за адным уваходзілі людзі. Зьявіўся і той самы калега Мусы, са сшыткам у кішэні. У вучня, зь невядомай прычыны, за-дрыжэлі рукі і на поясе пачаў цяжэць, штохвілі набіраючы вагі, нож зь белым лязом. Вучань ведаў, што зараз гаспадар зачыніць цырульню, людзі падымуц-ца наверх і Муса спусьціцца па сходах, каб пайсьці за кнігаю, якую ён шторазу забываў дома.
Так яно і сталася. Муса выйшаў з цырульні, а сьледам за ім ціхенька высьлізнуў з прачыненых дзьвярэй і ягоны вучань. Муса шпарка ішоў, не паварочваючы галавы й напяваючы сабе пад нос нейкую старую песьню. Вучань прысьпешыў крок і за рогам дома выхапіў з-пад кашулі нож.
...Муса паволі павярнуўся, паглядзеў на вучня і паваліўся на брук, здушана прахрыпеўшы:
— Вох... ты мяне забіў... ты забіў мяне! За што?!
Вочы цырульніка былі жудасныя; жудаснымі былі і гэтыя словы.
Вучань зьніякавеў, і раптам закрычаў нечалавечым голасам. Запіхнуўшы нож пад кашулю, б’ючы кулакамі па галаве, ён пабег па вулічным бруку і лямант ягоны ўзьняў на ногі ўвесь мэхал.* ******
— Вох... ты мяне забіў... ты забіў мяне!
І гэта была адзіная фраза, якую ён паўтараў усё астатняе жыцьцё, забыўшыся на іншыя словы. Вучань цырульніка страціў розум.
І ў ягонай мэдычнай картцы, праз шмат гадоў, я прачытаў: «А.Е. ў 19... годзе забіў нажом цырульніка Мусу Чакеры...»
З альбанскай мовы пераклаў Аляксандар Новік
* Улёра — места й порт у паўднёвай Альбаніі.
** Устб (альб.) — майстар, гаспадар, наогул паважаны чалавек.
*** Бімбаш (тур.) — сакратар турэцкай адміністрацыі.
**** Арнавут (тур.) — альбанец.
***** Мяджыты (тур.) — манэты.
****** Бакшыш (тур.) — хабар, падарунак.
******* Мэхал (альб.) — квартал.
Адзін з Дыяскураў
Згадваючы пра навачасную альбанскую прозу, крытыкі кожнага разу зга-дваюць пісьменьнікаў, імёны якіх ужо даўно зьзяюць на літаратурным далягля-дзе, не губляючыся сярод зорак эўрапейскага прыгожага пісьменства: Ісмаіля Кадарэ й Дрытэра Аголы. І хаця да нядаўняга часу Альбанію толькі ўмоўна мо-жна было далучыць да эўрапейскага кантэксту — там панавала дыктатура азіяцкага кшталту, — згаданыя літаратурныя Дыяскуры засьведчылі сваёй творчасьцю, што дыхтоўныя тэксты можна пісаць нават у такіх, звышнеспры-яльных варунках.
Дрытэра Аголы нарадзіўся ў 1931 годзе — у тым раёне Альбаніі, насель-нікі якой здавёнчасу жылі ў гарах і спавядалі праваслаўе. Яшчэ ў школе мала-ды Дрытэра выявіў схільнасьць да літаратуры і, паколькі выдатна вучыўся і паходзіў з партызанскай радзіны, дык неўзабаве быў пасланы на вучобу ў далёкі і — ва ўяўленні горцаў — казачны Ленінград.
Студыі ў сьценах Ленінградскага ўнівэрсытэту сталіся адметным этапам у жыцьці маладога альбанца. Менавіта там, на берагох пахмурнай Нявы, яго наведала паэтычная Муза, і адведкі гэтыя далі плён. Вярнуўшыся ў 1957 годзе на Бацькаўшчыну, Дрытэра Аголы пачаў актыўна друкаваць свае вершы ў газэтах і часопісах, а ў наступным годзе выдаў свой першы паэтычны зборнік.
І хаця паэзія і надалей не давала спакою прачулай душы — у сярэдзіне 70-х гадоў Дрытэра напісаў паэму «Маці Альбанія» — адзін зь лепшых твораў падобнага жанру ў альбанскай літаратуры, — неўзабаве горац «асядлаў прозавага каня». Напачатку пісаў невялічкія апавяданьні, а потым падступіўся да больш аб’ёмных тэкстаў.
Цягам 60-70-х гадоў у альбанскай (гэтак жа, як і ў беларускай) літаратуры панавала тэма партызаншчыны. Аддаў належнае партызанскім закалотам і Дрытэра Аголы. Сярод твораў гэтай тэмы варта згадаць раманы «Чалавек і гармата» й «Камісар Мэма». Але неўзабаве партызанская баталістыка адышла на другі плян, бо ў празаіку ізноў абудзіўся паэт, і Дрытэра напісаў адзін са сваіх лепшых твораў — лірычны раман «Ружа ў шклянцы», пазначаны тонкім псіхалягізмам і чэхаўскай пранікнёнасьцю.
У 1973 годзе быў напісаны яшчэ адзін раман — «Бляск і падзеньне тава-рыша Зюлё», які ў хуткім часе пераклалі на ўсе асноўныя эўрапейскія мовы. У рамане, у зьедлівай форме, пісьменьнік абсьмяяў чынадралаў ад культуры, але пры гэтым усім было зразумела, што Дрытэра Аголы секануў ювэналавым канчуком па сьвятое сьвятых: па верхаводах камандна-адміністрацыйнай сыстэмы, якая квітнела на той час у Альбаніі.
Узьнікае пытаньне — як насьмеліўся творца са зьдзекам пісаць пра «слуг народа» у краіне казармавага камунізму, краіне страхаморлівых бэтонных бункераў і пэрманэнтнага палітычнага псыхозу? Насьмеліўся, бо на той час быў прылашчаны «вялікім правадыром» Энвэрам Ходжам, па ўказаньні якога ў тым жа 1973 годзе Дрытэра абралі старшынём Зьвязу пісьменьнікаў і дзеячоў мастацтва Альбаніі. Як бачым, нават камуністычным дыктатарам час ад часу карцела пагуляць у дэмакратыю і стацца апекунамі літаратуры і мастацтва. (Dritёro Agolli.»Njeriu i mirё». — Rilindja. Prishtinё, 1973).
Ну а калі пад азадкамі камуністычных верхаводаў захісталіся седалы, старшыня Зьвязу пісьменьнікаў ператварыўся ў трубадура народнай рэвалю-цыі. У адрозьненьне ад Ісмаіля Кадарэ, які ўвосень 1990 года паехаў у Парыж чытаць лекцыі, ды там і застаўся, другі з Дыяскураў нікуды не паехаў і ўлетку наступнага, 1991 года, на 10-м зьезьдзе Альбанскай партыі працы — упершы-ню ў гісторыі партзьездаў — сказаў усё, што ён думаў пра камуністычнага дыктатара Энвэра Ходжу і ягоных хаўрусьнікаў.
Мінуў час, шмат што зьмянілася ў Альбаніі, але пісьменьнік застаўся адэптам «сацыялізму з чалавечым тварам». Ён актыўна дзеіць у палітыцы, удзельнічае ў пленумах і зьездах Сацыялістычнай партыі, а па вечарах сядае за пісьмовы стол і піша. Піша кнігу жыцьця і пакутаў свайго народу, адну з старонак якой мы сёньня чытаем.
Апавяданьне ўзятае са зборніка «Добры чалавек» (Dritёro Agolli. «Njeriu i mirё». — Rilindja. Prishtinё, 1973).
Вінцэсь Мудроў