Малы” жанар для “малога” чалавека“
Брыль Я. Дзе скарб ваш. 1997.
Галубовіч Л. Зацемкі зь левай кішэні. 1998.
Тое, што добрае хутка забываецца, а гаротнае ды злое з намі пакідаецца – не народная прыкмета, а самы што ні на ёсьць вядомы закон у псыхалёгіі. І як яшчэ, як не праз гэты самы закон вытлумачыць тое, што сёньняшняя моладзь чытае ды слухае не лірычныя мініятуры Янкі Брыля, а такія вось вершыкі:
Вось вам, дзеткі, казка-быль…
Жыў на сьвеце Янкабрыль.
Валасаты, паласаты,
Хвост трубою і насаты.
Ён крычыць, раве і стогне,
Ён напэўна хутка здохне…
Напісаў гэты твор адзін з тых, пра каго сам Брыль сказаў: “Хай будзе блаславёнай сёньняшняя маладосьць зь яе крынічнай прагай нацыянальнага адраджэньня, няхай жывуць і множацца сьвятыя парывы нашых юнакоў і дзяўчат, — тых, што і любяць многа, і нямала патрэбнага ведаюць!..”
“Янкабраль” – гэта абагулены вобраз савецкага пісьменьніка, а таму і выглядаючае блюзьнерствам у дачыненьні да чалавека сталага ўзросту прадказаньне хуткай сьмерці ня больш чым літаратурнае хуліганства, якое ідзе ад юнакоўскага жаданьня вымкнуцца, быць заўважаным. “Янкабрыль” – гэта адносіны маладога пакаленьня да літаратуры, якая ўяўляецца афіцыйнай, менавіта ўяўляецца, бо наша дзяржава ня ў стане падтрымліваць ні добрых, ні дрэнных пісьменьнікаў. “Янкабрыль” – гэта стаўленьне да падручніка па беларускай літаратуры, дзе пісьменьнік з падобным іменем ужо гадоў дваццаць прадстаўлены аднымі і тымі ж творамі.
Што ж да самога імя, то між волі прыгадваецца брылёўская мініятура з кнігі “Дзе скарб ваш”, дзе аўтар распавядае пра аднаго таджыцкага пісьменьніка, чый аўтограф па-руску пачынаўся так: “Дорогое Янко Брил…” На яго юбілеі малады чыноўнік, што доўга ірваўся сказаць тост, нарэшце дамогся слова і папрасіў… “почтить память дорогого товарища Лахути вставанием”. На што пачуў адчайны крык юбіляра: “Сволошь! Я еще жив!” Брыль, з прыналежнай яму манэрай бачыць у малым вялікае, у сьмешным – трагічнае, падагульняе:
“Гэта мне – да рогату ясна – прыгадалася днямі, калі ў групе сяброў паныла гаварылася пра нашу беспрасьветнасьць. Прыгадалася з думкай п р а т а г о, чортведама як зьменліва-калектыўнага і разам з тым нібы сабранага ў адну асобу, хто давёў, даводзіць нас да гэтага, мне захацелася крыкнуць – дома ўжо, за рабочым сталом:
— Сволошь! Я ещё жив!”
Як шкада, што іх так мала – с а п р а ў д ы ж ы в ы х . Як не хапае нам сёньня энэргіі і аўтарытэту Адамовіча, Караткевіча, Танка. Як добра, што яшчэ ёсьць Быкаў і Брыль. І вельмі ня хочацца, каб маладыя прыходзілі да іх творчасьці гэтак жа, як прыйшоў да апавяданьняў Бядулі сам Брыль – праз паўстагодзьдзя, пра што зь вялікай скрухай і напісаў.
Апошняя кніга пісьменьніка “Дзе скарб ваш” чытаецца на адным дыханьні. Гэта сапраўды эўрапейскага клясу эсэістыка, з той хіба папраўкай, што цяжкавата ўявіць сабе эўрапейца, які б з такой амаль хваравітай любоўю адносіўся да роднага слова. Ф.Янкоўскі неяк заўважыў, што ў беларускай традыцыі называць “словам” ня толькі ўласна слова, але і прыказку, і кароткі дыялёг, і жарт. Слова Брыля – учэпістае, прачытаеш не – не адзьдзярэш. “Як убачыў чорную латку, дык забыўся пра родную матку!” - пра юнака, якому прысьпічыла жаніцца. “Эх, тыц у хату, нюх у с…!” – пра занадта цікаўнага, што любіць вынюхваць. “Забег – як агню пазычыць” – пра таго, хто мала пабыў.
Эўрапейскасьць, эрудыцыя, сьціпласьць, адзначаныя крытыкамі раней – усё гэта сапраўды ёсьць у Брыля. Але ёсьць і іншае – юнакоўскае: задзёрыстасьць, зьедлівасьць, зьдзек.
“Зноў і зноў сустракаючы ў маладога празаіка пра так званы сэкс, успомнілася пастушынае: “Міша х… піша”. Тут яно, няхай сабе і па-дурному грубае, зусім дарэчы. Бо ня розумам, ня сэрцам піша новы кандыдат у геніі”.
Ня трэба быць асаблівым знаўцам літаратуры, каб здагадацца каго мае на ўвазе пісьменьнік… Аднак, па-за пэрсонай, у вадносінах да ўсёй літаратуры – дакладна.
Дарэчы, і ў самаго Брыля апошнім часам багата пра “так званы сэкс”. З гумарам і з разуменьнем, без усялякага маралізатарства, ставіцца ён да гісторый простых людзей, а вось пісьменьнікам, на дзіва, не даруе. Можна зразуменць адмоўную ацэнку твораў Э.Лімонава, але з заўвагай, пра тое, што Набокава за яго “Лаліту” трэба судзіць па адным артыкуле з гвалтаўнікамі нялетніх, пагадзіцца цяжка. З другога боку, пісьменьнік і не прэтэндуе на аб’ектыўнасьць – ад самага моманту стварэньня жанру лірычных мініятур, ён даводзіць нам, што піша іх для сябе.
“Пісаць для сябе”. Можа гэта і ёсьць яно – пісаньне перш за ўсё для самога сябе – у тым, што і я хвалююся сваім, і ў сумненьнях пакутую, і радуюся, дасягнуўшы належнай адпаведнасьці”, - чытаем мы ў новай кнізе.
Для сябе ці для іншых, шчыра ці ня шчыра – амаль традыцыйныя пытаньні брылёўскай эсэістыкі, заўсёды адцененай нейкім комплексам віны, малазразумелым сучаснаму чытачу. Іншым разам падаецца, што пісьменьніку сорамна за тое, што ён пражыў шчасьлівае жыцьцё. Шчасьлівае, бо шмат дзе быў, багата бачыў, многа адчуваў, а галоўнае, не згубіў юнакоўска-яснага сьветаўспрыманьня. Увогуле, адчуваньне радасьці быцьця – патрохі становіцца пачуцьцём рудымэнтальным і ў жыцьці, і ў літаратуры, і, магчыма, з-за гэтага так добра чытаюцца показкі Янкі Брыля – адначасова вяс.лыя і сумныя, як само жыцьцё. Сярод іх сустракаюцца сапраўдныя пэрліны – пра Калупана, напрыклад, ці пра бабулю, якая забыла колькі ёй гадоў. Ці нацыянальны варыянт з гісторыі пра пратапопа Авакума і Авакумшу, дзе бедны, мнагадзетны габрэй, дарэшты згалелы, бяжыць тапіцца, а за ім сьледам жонка з пытаньнямі.
- А ці табе Ісроліка не жаль?
- Не жаль! Не жаль!
- А ці табе Ханачку не жаль?
- Не жаль! Не жаль!
- А ці табе Гітачку не жаль?
Дабегшы да ракі, ён спыніўся на крутым беразе, пастаяў.
- Жаль, жаль! Усіх жаль!..
І падаліся дахаты”.
Жаль, шкадаваньне, любоў да маленькага чалавека, выразна адчувальныя ў кнізе “Дзе скарб ваш”, сустракаем і ў другога сучаснага эсэіста Л.Галубовіча. Яго “Зацемкі зь левай кішэні” вельмі нагадваюць мініятуры Я.Брыля.
“Ну ніяк мне не разьмінуцца з Брылём у гэтых сваіх пісанках…” – так пачынае адзін са сваіх абразкоў пісьменьнік. Сапраўды, імя літаратурнага папярэдніка ўвесь час сустракаецца на старонках ”Зацемак”. Перш за ўсё гэта вытлумачваецца павагай да асабовых якасьцяў старэйшага калегі, якія аўтар неаднаразова засьведчыў.
“Часта перачытваю Брыля – супастаўляю словы са шчырасьцю…”
А нехта ўжо даводзіць, што гэтыя самыя зацемкі “пайшлі ў сьвет ад яго”. Не, шаноўныя, хачу запярэчыць я, яны вылузаліся самі па сабе з досьведу пражытага і перажытага мною, але…, пэўна, што ўсё лепшае ў Брыля падсьвядома скіроўвала маю руку да яго формы і стылю. І я не саромлюся гэтага. Пальцаў адной рукі замнога, каб палічыць тых нашых клясыкаў, якія б схілялі да сябе, не прыкладаючы для гэтага аніякіх намаганьняў, апроч слова ды чалавечых паводзін…” – так вызначае свае творчыя “ўзаемаадносіны” з бацькам жанру сам пісьменьнік.
Неаднойчы тэкст брылёўскіх мініятураў станавіўся штуршком для далейшых развагаў Гвалубовіча над той ці іншай зьявай жыцьця. Іншым разам, у ім адшукваў пісьменьнік зьвесткі ці цытаты зь іншых аўтараў, творча апрацаваных ужо самім Брылём, і тады мініятура ператваралася ў шматгалосы дыялёг. “Слава – жанчына высакародная і ня любіць тых, хто дамагаецца яе сілком…. Праўда, Мантэнь сьцьвярджае адваротнае: “Славалюбства – не сумяшчальнае з адасобленасьцю. Слава і спакой ня могуць ужыцца пад адным дахам”. Дзеля справядлівасьці скажу, што гэта я вычытаў у Брыля, а не ў Мантэня. Аднак ці не сам Брыль і адкідвае гэтыя словы Мантэня?”
Безумоўна, што творчасьць Брыля вабіць пісьменьніка і як пэўны літаратурны ўзор, тым больш што Галубовіча, здаецца, як нікога іншага з сучасных эсэістаў, хвалюе таямніца жанру, у якім ён працуе. “Маніякальная”, як гаворыць сам пісьменьнік, увага да працэсу ўласнай творчасьці – зьява дастаткова нязвыклая для беларускай літаратуры, якая хутчэй імкнецца ўхваляць сьціпласьць аўтарскай натуры. Трэба, аднак, прызнаць, што гэтыя суб’ектыўныя нататкі даюць матэрыялу для роздуму над заканамернасьцямі жанру ня менш, чым назіраньні таго ж Мантэня, ад якога і пачыналася традыцыя самавывучэньня.
Нягледзячы на тое, што імя апошняга ня раз згадвалася Л.Галубовічам на старонках “Зацемкаў”, нельлга гаварыць пра якую б то ні было творчую пераемнасьць, бо мініятуры беларускага пісьменьніка сьведчаць хіба толькі пра жаданьне паразумецца з мантэнеўскімі “вопытамі”. Аднак нельга і абмінуць іх неверагоднае падабенства ў думках і поглядах на ўласную творчасьць.
“Нічога ў сьвеце не зьмянілася ад напісаных мною словаў. Магчыма, зьмяніўся я сам…” – зазначае ў адной зь мініятураў Галубовіч і дадае: “такое ўражаньне, што некага паўтараю”. Гэтая, у цэлым не такая ўжо і арыгінальная думка ня можа не нагадаць вядомае мантэнеўскае “мая кніга ў той жа ступені створана мной, у якой я сам створаны маёй кнігай”. Такім чынам, пацьвярджаецца асноўнае правіла эсэізму – кругазварот, калі сыходзчая зь сябе індывідуальнасьць вяртаецца да свайго вытоку. Аднак менавіта з-за таго, што асоба ў творах гэтага жанру сама спрабуе вызначыць сябе, яна ня можа быць акрэсьленай дарэшты – суб’ект кожны раз застаецца большым за сябе як аб’ектау дасьледваньня, а таму зноў вымушаны зьвяртацца да сваёй ужо вырасшай у працэсе аб’ектывацыі асобы. У працэсе творчасьці аўтар перарастае ўласныя межы, бо эсэістычнае пісьмо – гэта ня столькі літаратурная праца, як спосаб выпростваньня зуласных межаў.
“Усё пазьней кладуся спаць…. Сяджу, п’ю каву, чытаю, куру, пішу ўсякі суб’ектыўны маразм як зараз, мрою, вольна думаю пра ўсё і пра нічога – мысьлю сябе…” – так гіранічна занатоўвае працэс стварэньня “зацемак” сам Галубовіч. Вопыт самамысьленьня разьвівае асобу, удасканальвае яе, гэта не любаваньне ўласным адбіткам, а крытычны агляд, безь якога немагчымы далейшы рух. Схільнасьць да самааналізу ні ў якім разе нельга атаясамліваць аўтарскім нарцысізмам. Хутчэй, наадварот, менавіта незадаволенасьць сабой – ня толькі ўнутраным, але і вонкавым – вымагае пісьменьніка да пошукаў.
Адной з прыкметаў эсэістычнага мысьленьня зьяўляецца яго парадаксальнасьць. У творах Л.Галубовіча яна выяўляецца з усёй паўнатой – з аднаго боку, пісьменьнік самазасяроджаны на ўласнай асобе, з другога, ён гэтую асобу не прыймае, прызнаючы за ёй больш заганаў, чым перавагаў. Супярэчнасьці самаўспрыняцьця становяцца характэрнай рысай “Зацемкаў зь левай кішэні” і сустракаюцца нават у межах асобных мініятураў. У вадной зь іх аўтар дае сабе такую характарыстыку:
“Я – чалавек самотны і гультаяваты, а проза патрабуе здароўя і працаздольнасьці….
Я люблю дэталь, мэтафару і – сябе.”
Нараканьні на адсутнасьць працаздольнасьці, памяці, здароўя, уменьня лагічна занатаваць уласныя думкі – усе гэтыя сваеасаблівыя апраўданьні адданасьці “лёгкаму” жанру эсэістыкі знаёмыя чытачам на “Вопытах” Мантэня. У пэўным сэнсе, гэта творчае какецтва. У адной з “Зацемкаў” Галубовіч заўважыў, што ўсё напісанае ім настолькі суб’ектыўнае, што “прымерваць тое да сябе можа толькі нягідлівы і хамаваты эгаіст”. Зразумела, узьнікаюць пытаньні – калі не прымерваць на сябе аўтарскае, то навошта чытаць, калі прымервацца можа толькі “хамаваты эгаіст”, то навошта пісаць? Калі пісьменьнік сапраўды шчыры ў сваім пакаяньні – “пражыў дарма”, “усё маё пісаньне – гэта нездаровы, ненармальны лад жыцьця, абломаўшчына…”, “пасьля сябе я не пакіну ў гэтым сьвеце радасьці і аптымізму людзям, а толькі безадказнае, нямое пытаньне - ? – да гэтага сьвету і гэтых людзей” – то навошта рабіць высілкі на пісаньне і друкаваньне?
“Навошта” – скразное слова галубовічаўскіх зацемкаў. “Я ўжо даўно задумваюся над тым: навошта я пішу свае рыфмаваныя і празаічныя тэксты? Хіба я магу абнадзеніць імі заведама няшчасных людзей? Тады – навошта? Абнадзеіць сябе, захаваць маску скамароха на стомленым твары?” У гэтым “навошта” бачыцца жаданьне знайсьці адказ ня толькі на канкрэтнае пытаньне – дзеля чаго і для каго чалавек піша – але і прага спасьцігнуць агульны сэнс чалавечага быцьця. У кантэксьце “Зацемкаў зь левай кішэні” асобна ўзнятыя праблемы ўзаемаадносінаў творцы і творчасьці, творчасьці і адрасата выступаюць не як шырокія агульнавядомыя паняцьці, а як пэўныя моманты ў самавызначэньні той еднасьці, якую ўяўляе сабой аўтар, а таму ўсе яны ўспрымаюцца як адказ на адно пытаньне “што ёсьць чалавек?”
Пры ўсёй зьнешняй шматаблічнасьці чалавек у Галубовіча вымалёўваецца дастаткова пэўна – і ў не малой ступені з-за таго, што сам сябе пісьменьнік не вылучае з гэтага кола досьледных.
Перш за ўсё, чалавек самотны. Адзінокі ня толькі тады, калі паліць адну цыгарэту за другой, укглядаючыся ў начную цемру, але і ў натоўпе, у сяброўскім коле, у ложку. Адзінокі, бо нікім дарэшты не зразуметы, не прыняты цалкам. “Ніхто, апроч маці, на гэтым сьвеце ня любіць нас так, як мы таго вартыя ці нявартыя”,— заўважае пісьменьнік. Гэта вельмі адчувальны недахоп любові, чалавечая, асабовая, мужчынская незапатрабаванасьць, хутчэй за ўсё, і зьяўляюцца прычынамі выразна мазахісцкіх выказваньняў пісьменьніка. “Жанчына, як крытык, ня больш, чым белетрыст”, “Нарадзіць чалавека ад любімага мужчыны – вось вяршыня жаночай творчасьці”, —такі агульна прадузяты пагляд на творчасьць калег-жанчын, зьяўляецца толькі часткай больш агульных прэтэнзій да прадстаўніц супрацьлеглага полу.
Самотнасьць – адна з прычынаў, па якой чалавек адчувае сябе няшчасным.
“Усе мы няшчасныя. Тое, што мы пілім, габлюем, будуем, варым, адліваем, штампуем, разбураем, пішам, малюем, не набліжае нас да шчасьця ні на ёту… Хто адважыцца сказаць, што ён пражыў шчасьлівае жыцьцё, той несусьветны хлус”.
Няшчаснасьць ідзе ад немагчымасьці зразумець, усьвядоміць і перарабіць наканаваны лёсам шлях, чалавечыя жаданьні, памкненьні, высілкі – ня больш чым ілюзія дзеяньня, бо дзеяньне адбываецца па-за воляй чалавека. Неаднойчы ў “Зацемках” паўтараецца думка аб тым, што самае існае з таго, што мы ведаем, гэта тое, што мы памрэм. Магчыма, адсюль жа і парадаксальнае сьцьвярджэньне Л.Галубовіча, што ён любіць сьмерць, адкрыта здраджваючы жыцьцю.
Аднак і ў сьмерці чалавек ня можа знайсьці пэўнасьці, рэалізаваць сваю волю. Сярод дастаткова кароткіх, афарыстычных мініятураў Галубовіча вылучаюцца два сюжэтных, амаль навэлістычных аповяды.
Адзін пра тое, як, адбываючы пакараньне у клецкім міліцэйскім ізалятары, будучы аўтар зацемак уладкоўваў да апошняга шляху абгарэлае цела свайго аднакласьніка, які заснуў за рулём бэнзавозу. У другім аўтар расказвае, як разам з Алесем Наварычам стаў сьведкам няшчаснага здарэньня ў мэтро, калі паміж першым вагонам і плятформай быў па пояс заціснуты маладзенькі хлопец, жывы нябожчык. Яго крык, жудасны і нечалавечы, прадаўжаў чуцца і пасьля выхаду, бо стаў унутраным крыкам – “унутры нас чалавек крычыць да нас!”
Вобраз чалавечага крыку, крыку пакутуючай душы ня раз узьнікае на старонках “Зацемкаў зь левай кішэні”.
“Чуеце – чалавек крычыць?! І – другі – і – трэці… І сам крычу таксама, хоць ведаю, што ніхто нічым ужо не дапаможа мне ў гэтым драматычным чалавечым жыцьці…
Заціснуты між быцьцём і бытам, радасьцю і нягодамі, днём і ноччу, сьвятлом і цемрай… - крычыць чалавек… Каму?! Да каго?..”
Не цікавасьць да ўласнай асобы, а несьцішны чалавечы крык зьяўляецца галоўнай матывацыяй зьяўленьня зацемак. Не пра сябе і не для сябе яны пішуцца, а для “маленькага трагічнага чалавека”, якім бачыць сябе і сам пісьменьнік.
Ганна Кісьліцына