|
Васiль Дзiвашэвiч
МРОI ЖОЎТАГА АВАДНЯ
паэтычная рэтраспэкцыя
* * *
Хацеў ляцець — i выйшла неба,
хацеў паплысьцi — выйшла мора,
хацеў пайсьцi — i выйшла поле,
ды жыць тады я не хацеў.
Хацеў каханьня — ажанiўся,
хацеў напiцца — не ўтапiўся,
хацеў пабегчы — не пабег.
(З-за розуму ня маю волi.)
Хацеў, жадаў i прагнуў, марыў,
найдаражэйшае спажарыў...
Цяпер ты ведаеш, чаму я
так часта не хацець хачу.
4 кастрычнiка 1991
БЛЮЗАВАЯ РАНIЦА
У некранутасьць прахалоды
ўпаўзае жоўты авадзень.
Заспаць ня мае Сонца моды.
Хвiлiнна ўсеў на крыжах дзень.
Хай глыб разяўленага рота
хавае волата далонь.
Даўно раздорана работа —
на кожным сьцiснута супонь.
I плошча дыхае народам —
нага аб ногу б’е ў каня.
На сьпiну лёг — замест смуроду
чутна наўкола балбатня.
Крышталем сыплюцца хвiлiны,
трымцiць квяткасты агарод,
напэўна ўсьмешкаю дзяўчына
прыпынiць твараў карагод.
Ганебны змрок цяпер жаданы.
Сьвятло зьмяняецца ў пажар,
бы лапавухiя каштаны
пусьцiлi ў сьвечкi ўвесь абшар.
5 траўня 1990
ТЛУМЛIВЫ ВОДАР
Танцуе дождж,
а плачуць — шыбы,
праходзiць ўздоўж
мае сялiбы.
Да тлумных крокаў
мкнецца дол.
Сабраны змрокам
сны ў падол.
Калi ня трапiць —
ляжа нiц.
Не запрынадзiць
рой зарнiц.
Пачне хiстацца —
здрадзiць дню.
Мне б зь iм ня знацца
(брак вагню).
Жыве, трывожыць,
як цяжкi сон...
Пачатак зложыць
хцiвы слон.
Буяе квецень,
пахаў зрэз,
i мглiста сьвецiць
гронкай бэз.
15 траўня 1990
ЛЕТА
Узьнёслы дзень —
адбiтак мараў.
Згубiўся цень,
бракуе хмараў.
Блiшчыць блакiт,
п’е зелень зь неба.
Шкляны магнiт
прылiп да вербаў.
Цяпло ў сунiц,
з бурштыну росы,
лёг холад нiц,
пяшчоты досыць.
Адчуты час
i думак мала,
бракуе нас
з табой удалых.
6 лiпеня 1990
НАЧНОЕ ПАДАРОЖЖА
Шлях рэжуць чорныя каты,
перабягаючы дарогу.
Наўкола цернi. Нават ты
не прапануеш дапамогу.
Сьмярдзiць дарогi сэрпанцiн,
ад рук — сьмярдзючыя бутэлькi,
з-пад дахаў кiнутых хацiн
на голаў сыплюцца мне бэлькi.
Сякера, плашка, ржавы нож,
фiзiяномiя крывая...
Жыцьцё цяжкое — марны лёс.
Нячысьцiк мне дапамагае.
5 чэрвеня 1991
НIЯКIЯ ВЕРШЫ
Надыйдзе дзень, звычайны, шэры
i высьсе з ночы цiшыню.
Адчыненыя Поўняй дзьверы
нiзрынуць цемру за Зямлю.
I выпхнецца з-пад броў усьмешка
на зло зашэранаму дню,
i зь небам параднiцца сьцежка —
лязом зьбялелага вагню.
Напаўзастыглыя хвiлiны
пакiнуць змрок, сьцякуць з папер,
i зноў пахмурныя хваiны
затуляцца ў сiвы каўнер.
12 сьнежня 1990
* * *
Блакiтная птушка пакiне нябёсы.
На стужкi дарог лягуць крылаў сьляды.
Мы, зь веданьнем спраў, кажам гнеўнае: "Досыць!"
Нам досыць чаканьня, i досыць бяды.
У вэрхале пер’я няма спадзяваньня,
ня душыць маркота, ня палiць мана.
Ад посьвiсту крылаў варушацца зданi,
а iх нецярплiвасьць утойвае знак.
Ратуйцеся! Птушка сягоньня ў зэнiце.
Падрэзаць ёй крылы — спадзе на зямлю.
Шалёна бягуць за ёй тысячы жыцьцяў,
нiкому на сьвеце ня кажуць «люблю».
13 траўня 1991
* * *
Чырвоны колер — зь белых мрояў.
Чарговы вальс i — перадых...
У недагледжаных пакоях
гук вальсу трэцца аб мой слых.
Сiлкуюцца друкарскiм мёдам
мая каханка i мой кот,
мой дух сьвяты жыве смуродам.
А восень плiшчыцца праз плот.
Чырвонакрылыя дзiцяткi
той перасьпелае пары,
як карнавухiя ягняткi
на яснай сiнi, — рэж, бяры!
30 траўня 1991
* * *
Цемра выткала сны
з маiх мараў на штодзень,
i танюткi кiлiм
нам ня змог перашкодзiць
зазiрнуць у душу
праз захмеленасьць вочаў,
праз дапытлiвы шум
тонкiх вуснаў сiрочых.
Ноч напяла струну
i кранула мне сэрца.
Бачу крыж i труну.
Валацуга пляцецца...
23 траўня 1991
ЦІХІ ЗАБОЙЦА
Пяшчотна абтрасаю бруд,
прычэсваю хлапцу чупрыну,
стараюся прыцішыць нуд
і радасьць сэрца ўпалавіну.
Як вочы радасна блішчаць!
Хлапец зьбіраецца ў дарогу.
Я ж толькі здрадным рухам — шась —
адзіную надзею — ногу.
Раз`юшаны хачу крыві,
а п`ю бясколерныя сьлёзы,
бо зразумеў, хоць жылы рві —
не ўтаймаваць свой гнеў бязмозглы.
Тады насустрач мне — браток:
зьмяніў таго, што сплюшчыў вочы,
ды вось, чамусьці, не на крок
ён ад ляза майго ня збочыў.
24 ліпеня 1990
* * *
Небасхіл з`араны,
вечар туліць сьценкі,
вецер закаханы
ліпам рве сукенкі.
Учапіўся, блазан,
да вярбы схілёнай...
Мы з табой ня разам,
я такі стамлёны.
І такі упарты,
так шукаю скону,
што рука рынае
трубку тэлефона.
Прыціскае цемра
да грудзей кашлатых.
Тузаюцца гнеўна
п`яныя салдаты.
На баку прыцемак
змрок расплюшчыў вока.
Не, ніхто ня ўмеў так
блізка быць й далёка.
І ня ўмеў ніхто так
упрыгожваць жыцьці,
даючы употай
жменяй сінь лавіці.
Вецер закаханы
ліпам рве сукенкі...
Мне ня спаць да раньня —
душу будзяць енкі.
8 чэрвеня 1990
ДРУЗ
Я прадракаю новы век.
У сьвеце гукаў, не іначай,
затрэцца подзьвіг мой бядачы -
буйны Атлант сярод калек.
Апошнім выбрыкам да хвілі,
да карыстаньня соннай зьявай
начное хараство насілі
зь імгненным посьпехам, праявай
хады вякоў у чулай цішы,
снапом сьвятла з халоднай нішы
да рэчаіснасьці сьцьвярджальнай
адкрытым позіркам ядальні
з крыптаграфічнай багадзельні.
У думках, зблытаных кудзеляй,
на калаўроце спраў і часаў,
сярод вяндлінаў і каўбасаў,
сярод старых карцінных рам
мне сумна, сорамна, як вам,
о, Беларусы!
студзень, 1996
Горадня
|