БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 7

Iван Фурсевіч

НЯЎЗЯТАЕ ІНТЭРВІЮ


Цёплым майскім вечарам 1958 году мы, выпускнікі вячэрняй школы, у чаканьні перадэкзаменацыйнай кансультацыі на ганку школы абмяркоўвалі «цякучыя падзеі». Важнейшай з ь іх для нас тады была «персанальная справа» нашага школьнага таварыша Валодзі Кавалёва, які працаваў інструктарам гаркаму партыі і разам з намі канчаў вячэрнюю школу.

Жонка яго паскардзілася першаму сакратару гаркаму на амурныя справы Валодзі, і сёньня павінна была разглядацца яго «персанальная справа» у Першага сакратара гаркаму. Нас цікавілі рэзультаты гэтай гутаркі, бо за імі маглі адбыцца і «оргвывады». А Валодзя зьбіраўся завочна паступаць у юрыдычны інстытут. Пасля-ж «оргвывадаў», зразумела, яму б той інстытут не сьвяціў.

Падышоў Валодзя.

— Ну як ? — сустрэлі мы яго пытаньнем.

— А ніяк. Спатканьня не было. Першы ўчора тэрмінова выляцеў у Алма-Ату.

— А што здарылася?

— Ніхто нічога ня ведае. Мы самі зьдзіўлены. За ім нават прыляцеў спэцыяльны самалёт. Такога дасюль ніколі не было.

Усе мы ведалі, што ўжо некалькі гадоў аэрапорт у Экібастузе не працаваў. Усе, каму трэба было ляцець у Алма-Ату, ехалі да Паўладара, а адтуль ляцелі ў Алма-Ату. А тут — спэцыяльны самалёт. Штосьці тут незвычайнае.

Экібастуз тых часоў быў невялікім гарадком сярод голага стэпу, кілёмэтраў за сотню ад Паўладара. Ён і горадам стаў усяго з год назад. Палову насельніцтва складалі былыя зэкі асобага лягеру, якія будавалі гэты горад, а цяпер жылі ў тых жа бараках, сталаваліся ў былых сваіх сталоўках і працавалі на сваіх былых прадпрыемствах. Ды і на прадпрыемствах мала што зьмянілася. Нават начальства засталося тым жа. Праўда, дырэктарам рамонтнага заводу стаў былы зэк, латыш Трэйвінш. Галоўным інжынерам ДОКа — Токараў, які да гэтага працаваў тут жа, але толькі ў якасьці зэка. Нават лягерны калючы дрот вакол некаторых прадпрыемстваў яшчэ быў цэлы. А ў цэнтры кварталу двухпавярховых дамоў стаяла звычайная лягерная вышка, якую дзеці скарыстоўвалі пад галубятню.

Другая палова насельніцтва была больш пёстрай. Яна складалася з былой абслугі лягеру, «вярбованых», якія прыехалі сюды за «доўгім» рублём, і вялікай колькасьці хлопцаў і дзяўчат з Украіны, якія па закліку камсамолу прыбылі сюды на Вялікую камсамольскую будоўлю, якой тады стаў Экібастуз.

Будучыня і прамысловае значэньне Экібастузу тады рысавалася вялікім. Ужо ў той час там будаваліся вялізныя вугальныя разрэзы, якія забясьпечвалі заводы Уралу танным вуглём. Толькі адзін разрэз даваў у месяц адзін мільён тон вугля. А разрэзаў плянавалася адкрыць аж дванаццаць. Ды яшчэ плянавалася пабудаваць тры магутныя ТЭЦ-мільёньнікі, энергію якіх плянавалі падаваць на Урал.

Абмеркаваўшы гэтую падзею, мы прыйшлі да высновы, што Валодзю можна не хвалявацца. Пасьля такой паездкі Першаму будзе не да Валодзі. А Другога і Трэцяга сакратароў Валодзя не баяўся — свае хлопцы.

У наступны панядзелак, ідучы на працу, я спаткаўся з сакратаром партарганізацыі ТЭЦ Мікалаем Несьвятайлам. Чалавек ён быў просты, даступны, любіў выпіць і, можа нават зашмат, любіў і пажартаваць. Жылі мы ў адным квартале, разам працавалі — ён начальнікам аддзела кадраў, я — электрыкам у лабараторыі. Я ў той час быў актыўным рабкорам гарадзкой газэты і ня раз зьвяртаўся да Несьвятайлы за матэрыяламі для сваіх карэспандэнцыяў.

— Ну, ідзі браць інтэрв’ю ў новага дырэктара, — сказаў Несьвятайла, прывітаўшыся.

— А я нядаўна ўжобраў, — кажу.

І сапраўды тыдні два назад да нас прыслалі новага дырэктара з Карагандзінскага Саўнаргасу, якогасьці снабжэнца, які, як нам стала вядома, толькі што абараніў дыплом тэхніка ў горным тэхнікуме, ды шчэ — завочна.

— Дык зноў — новы, — кажа Несьвятайла.

— А хто?

— Георгі Максіміліянавіч Маленкоў, — усьміхаецца Несьвятайла.

— Ці ты, Коля, яшчэ не працьвярэзіўся пасьля ўчарашняга? — пытаю.

— А я ўчора і ня піў. Не да гэтага было. Рыхтавалі сустрэчу. Ня верыш, спытай у электрыкаў з электрацэху.

Не паверыўшы Несьвятайлу, я пайшоў у электрацэх. Там расказалі падрабязнасьці. Сапраўды, напярэдадні раніцаю былі ўзяты дзьве грузавыя машыны са станцыі і адпраўлены ў Патанінку — невялікую прыстань на Іртышы кілямэтраў за сорак вышэй Паўладару. Ад нас да яе было кілямэтраў з сотню. Зроблена гэта было тайна. Шафёры ня ведалі ні маршруту, ні мэты паездкі. Яны ехалі за ўпраўляючым трэстам, які на ГАЗ-69 паказваў дарогу. Там яны дачакаліся кацера, які прывёз Маленкова з Усьць-Каменагорску. Ён прыехаў з жонкаю і добработніцай. Кватэру тэрмінова выдзелілі ў недабудаваным двухпавярховым доме, што стаяў пасярэдзіне гораду, але крыху ў баку ад жылых дамоў, бо горад меў форму падковы і дом стаяў амаль у цэнтры гэтай падковы, на голым мейсцы. У адной палове гэтага дому жылі афіцэры з ваенкамату і медсёстры з бальніцы, другая даводзілася да кандыцыі. Там і выдзелілі кватэру Маленкову. Усю ноч там працавалі рабочыя з ТЭЦ. Электрыкі рабілі праводку, маляры фарбавалі падлогу. Кіраваў усёй работай галоўны інжынер станцыі Анцоў.

Да прыезду кватэранта амаль усё было гатова. Электрыкі дапамаглі разгрузіць рэчы. А Маленкоў папрасіў іх зрабіць яшчэ адну разетку ў спальні, бо, казаў, любіць чытаць перад сном. Папрасіў ён хлопцаў і расставіць кнігі ў шафах. «Пакуль жанчыны сьпяць, — патлумачыў. — Бо калі прачнуцца, то шафы зоймуць пад посуд».

Хлопцы зьдзівіліся, што кнігаў у Маленкова было аж дзьве шафы. Для гэтых хлопцаў такая колькасьць кніг была дзівам. Зьдзівіла хлопцаў, што ў Маленкова не было радыёпрыёмніка. І галоўны інжынер станцыі загадаў прывезьці прыёмнік са свайго кабінету — была тады такая мода — мець радыёпрыёмнікі ў кабінетах. «Пэўна, не дазвалялі Маленкову мець лямпавы прыёмнік», — разважылі хлопцы.

У той жа дзень, пакуль Маленкоў адпачываў, на ТЭЦ прыехаў Першы сакратар гаркаму партыі. Ён сабраў кіраўніцтва станцыі і сказаў:

— Да вас назначаны дырэктарам Георгі Максіміліянавіч Маленкоў. Вы ведаеце, хто гэта такі. Але не глядзіце на яго як на бога, а як на простага дырэктара.

Гэта была інструкцыя для дзеяньня начальству. Праз пару гадзін яна стала вядома ўсяму калектыву. На другі дзень упраўляючы трэстам прывёз Маленкова і прадставіў кіраўніцтву станцыі. Маленкоў агледзеў станцыю і застаўся на працы.

Тут нам стаў зразумелы і тэрміновы выклік у Алма-Ату Першага сакратара гаркаму і нечаканы прыезд кэгэбэшнікаў з Паўладару, якія разам з нашымі гарадзкімі тыдзень назад нечакана зьявіліся на станцыі і старанна абнюхвалі кабінет дырэктара. Я акурат у той час браў даведку з мейсца працы для дакумантаў у інстытут і заўважыў, як яны ўважліва вывучалі кабінет дырэктара станцыі і нават абітыя дэрмантынам дзьверы прыёмнай.

Аднак не маглі мы глядзець на Маленкова як на звычайнага дырэктара. Імя Маленкова ў той час ведаў кожны жыхар Савецкага Саюза. Пасьля сьмерці Сталіна ў 1953 годзе ён стаў Першым сакратаром ЦК КПСС — замяніў Сталіна на гэтай пасадзе (тады званьня Генеральнага сакратара яшчэ не існавала). Але знакамітым Маленкоў стаў ня гэтым, а тым, што зьняў з калгасьнікаў «Второе крепостное право (большевиков)» — калгасьнікі пачалі атрымліваць аплату за працадні — па рублю, ды па кілаграму зярна. І гэта ў канцы кожнага месяца. Упершыню за ўсю гісторыю калгасаў людзі перасталі галадаць. «Прыйшоў Маленкоў — даў наесьціся блінкоў» — пайшла пагаворка ў народзе.

А яшчэ больш загаварылі аб Маленкове пасьля так званага «Чэрвеньскага пленума ЦК КПСС 1957 году», на якім была «разоблачена» антыпартыйная група Молатава, Маленкова, Булганіна і прымкнуўшага да іх Шыпілава. Гэтую групу, як і ў 1937 годзе, абвінавацілі ва ўсіх сьмяротных грахах супраць партыі і савецкага народу і сусьветнага пралетарыяту. Яны былі і сектантамі, і начотчыкамі, і выступалі супраць рашэньняў ХХ зьезду партыі, і парушалі устаў партыі, і выступалі супраць барацьбы за мірнае суіснаваньне і дружбу народаў, і супраць пад’ёму сельскай гаспадаркі і прамысловасьці і росквіту нацыянальных культураў — чарговыя «ворагі народу». І нягледзячы на тое, што яны, як і ўсе папярэднія «ворагі народа», раскаяліся і прызналі свае памылкі, Хрушчоў разагнаў іх па ўсяму Саюзу: Булганіна — ў Стаўрапаль, Кагановіча — на Урал, Шыпілава — у Ташкент, Молатава — у Манголію, а Маленкова — да нас, у Казахстан. Да пераезду ў Экібастуз Маленкоў крыху папрацаваў дырэктарам будоўлі вялікай Усьць-Каменагорскай ГРЭС. Але адтуль яго паперлі да нас, у самую глуш. Паперлі за «заигрывание с народом». «Заигрывание» гэта заключалася ў тым, што ён хадзіў на вясельлі да сваіх будаўнікоў — каму ж з маладых не хацелася мець «вясельным генералам» такога высокага госьця? Зрэшты і хадзіў ён, як пасьля расказвалі усьць-каменагорцы, толькі фармальна — прыйдзе, павіншуе маладых, уручыць падарунак, вып’е чарку і пойдзе. Але для ЦК КПСС гэта ўжо было вялікім грахом — «зарабляньнем таннага аўтарытэту». Таму і пагналі яго яшчэ далей ад гэтага народу — да нас.

Казалі, што і ва Усьць-Каменагорск яго прывезьлі тайком. Даведаўшыся, што да іх едзе Маленкоў (а цягнік тады ішоў шэсьць сутак, вестка гэта пэўна прыляцела хутчэй і пасьпела абляцець горад), на вакзале сабралася шмат сустракаючых. Ня ўсе, зразумела, там былі яго сябрамі ці прыхільнікамі, сябры, хутчэй за ўсё, і не прыйшлі. Але КГБ «бдило». Яны высадзілі Маленкова на апошняй перад Усьць-Каменагорскам станцыі, пасадзілі на машыну і цішком завезьлі на кватэру. Цягнік прыйшоў, а Маленкова няма!

Аб сапраўднай ролі Маленкова і іншых «правадыроў партыі» у жахлівых падзеях камуністычнага генацыду тады яшчэ ніхто ня ведаў і перад намі была сьціплая фігура савецкага кіраўніка, можа, незаслужана пакрыўджанага «вялікім кукурузьнікам». А ў народзе да пакрыўджаных уладамі заўсёды адносіліся спагадліва. Сібір з даўніх часоў засялялася імі. І на фоне цёмных сібіракоў яны былі яркімі зоркамі, якія асьвятлялі шлях да прагрэсу, ды і самі нямала рабілі для гэтага прагрэсу.

Таму прыезд Маленкова ў Экібастуз — гэта, пэўна, было ня меншай зьявай, чым прыезд Папы Рымскага ў Польшчу. Ды і што тут дзіўнага? Чалавек, які кіраваў двухсотмільённай дзяржавай, прыехаў кіраваць прадпрыемствам, дзе працавала менш за дзьвесьце чалавек. Такое ў нармальнай краіне і ўявіць цяжка.

Зразумела, што кожны крок, кожны позірк, кожнае слова Маленкова ўлаўлівалася народам і абмяркоўвалася. Паехаў ён на другі дзень у пасёлак Калкаман за восемдзесят кілямэтраў ад Экібастузу, дзе быў забор прэснай вады для станцыі. Там поў-пасёлка кінулася на яго са скаргамі — няма садзіка, няма таго, няма гэтага. А ён: «Я толькі дырэктар станцыі. Вось гаспадар,» — паказаў на ўпраўляючага трэстам.

Спрабавалі ў першыя дні зьвяртацца да яго і жыхары Экібастузу. Ён заўсёды адказваў: «Я — дырэктар станцыі. Ёсьць савецкая ўлада. Да яе і зьвяртайцеся».

Першыя дні Маленкоў езьдзіў на машыне ўпраўляючага трэстам — ГАЗ-69. А пасьля перасеў на старэнькі тэцаўскі ГАЗ-47. Усе зьдзіўляліся, як толькі ўціскаўся ён сваёй тушаю ў гэту маленькую машыну. Быў Маленкоў сапраўды даволі тоўсты. Твар — бабскі, сказалі б — як бацера (ляпёшка), мэдыкі назвалі б тварам Іцэнка-Кушынга. Скура — бледная. Пад вачыма — мяшкі, як у «почачніка». Валасы — як смоль, прамыя, без сівізны. Па фігуры ён Хрушчова не дагнаў, але не на шмат ад яго і адстаў.

Насіў ён простага пакрою фрэнч-«сталінку», але шэрага колеру. Такога ж колеру быў плашч і капялюш.

Хадзіў Маленкоў дробнымі шажкамі, як балярына з «Бярозкі», не адрываючы ног ад зямлі. Пэўна ж прызвычаіўся на паркеце. А ў Экібастузе паркету не было. Тут і асфальт быў толькі на адной вуліцы.

Хадзіў Маленкоў усюды адзін, а вечарамі ў гарадзкі кінатэатр — з жонкаю. І ніхто яго тут не ахоўваў, нікому ён тут ня быў патрэбен, акрамя, хіба КГБ, якое зь яго, зразумела, вока ня зводзіла. Зрэшты, ня толькі КГБ.

Валодзя Кавалёў казаў, што ім райкамаўцамі дадзен загад запісваць кожнае слова Маленкова на ўсіх нарадах, дзе ён прысутнічаў як дырэктар. Для гэтага заўсёды выдзяляліся два супрацоўнікі гаркаму.

Але Маленкоў пэўна добра разумеў сваё становішча і маўчаў, як рыба. Дый з кім яму было гаварыць тут, у гэтай глушы? Як кіраўніку станцыі яму працаваць было лёгка. Загады яго выконваліся неадкладна — давіў былы аўтарытэт. Праходзячы па станцыі, мімаходам скажа начальніку цэха: «А чаму гэта дэталь тут валяецца?» І дэталь зьнікае мігам. Даставаць-выбіваць яму таксама было лёгка. Прозьвішча яго магічна дзейнічала на любога начальніка. Кожны зь іх думаў: «А чорт яго ведае, што заўтра будзе. А можа заўтра ён зноў вернецца ў Маскву».

Абмяркоўвалі ўсе падзеі і мы. І неяк мы сказалі Валодзю: «Не зайздросьцім мы ні табе, ні твайму сакратару. Маленкоў — у ссылцы ў Экібастузе, як Меншыкаў у Бярозаве. І хоць цяпер ня сталінскія часы, але ўсё адно ніхто ня ведае, што там думаюць у Маскве. Вы знаходзіцеся паміж молатам і кавадлам: не дагнеце палку — пападзе, перагнеце — таксама пападзе. А хто ж ведае, колькі гэту палку трэба гнуць?..»

Зь Несьвятайлы мы кпілі: ганарыся — былы Першы сакратар ЦК КПСС у цябе на партыйным уліку. А Несьвятайлу, пэўна, было не да жартаў. Надышла восень і чарга партканферэнцыяў. Па наменклатуры дырэктар прадпрыемства абавязкова павінен быць членам партбюро. Сакратар партбюро станцыі пайшоў у гаркам — як быць? Выбіраць ці не выбіраць? З гаркаму патэлефанавалі ў абкам. Адтуль: На ўліку ў вас ён стаіць? Стаіць. Устаў партыі дзейнічае? Дзейнічае. Вось і паступайце згодна Уставу.

На станцыі і паступілі «па уставу» — выбралі і ў склад партбюро, і дэлегатам на гарадзкую партканферэнцыю. А праз пару дзён — камісія з Алма-Аты: хто дазволіў? З кім раіліся? Першы сакратар ўсё ўзяў на сябе — паступалі, маўляў, па Уставу. Сакратару патрбюро — па шапцы. Выбары прызнаць несапраўднымі. Першаму сакратару гаркаму таксама па шапцы. А так. як ён засланіў сабою абкам, то яго надта і не панізілі — паслалі сакратаром парткаму вялікага алюмініевага заводу ў Паўладар. А праз пару гадоў нават павысілі — паслалі трэцім сакратаром абкаму ў суседнюю вобласьць.

Маленкова празь некалькі месяцаў ЦК і зусім выключыў з членаў КПСС. І гэта для яго яшчэ было добра. Пры Сталіне такое выключэньне значыла арышт і расстрэл. А ён працаваў дырэктарам да самай пенсіі. А пасьля пераехаў у Маскву, дзе пражыў яшчэ доўга.

Я інтэрв’ю ў Маленкова браць не адважыўся. Усё ж магутнасьць яго папярэдняй пасады дзейнічала магічна і на мяне. Дый трэба было быць надта нахабным, каб будучы рабкорам гарадзкой газеты ісьці браць інтэрв’ю ў былога Першага сакратара ЦК КПСС. Зрэшты, хто б надрукаваў гэтае інтэрв’ю? А мне самому, хутчэй за ўсё, давялося б «даваць інтэрв’ю» супрацоўнікам КГБ. А гэтага мне хацелася меней, чым браць інтэрв’ю ў Маленкова.

Ды і працаваў я пад непасрэдным кіраўніцтвам Маленкова нядоўга. Я паступіў у інстытут. А ў кабінеце ў Маленкова я пабыў толькі адзін раз. Мне трэба было звальняцца з працы, і я пайшоў з заяваю на звальненьне да дырэктара станцыі. Маленкоў моўчкі, неяк задумліва, паглядзеў на мяне, прачытаў заяву і моўчкі напісаў: «звольніць» і расьпісаўся сваім чоткім, як на дзяржпаўных паперах, почыркам — «Г.Маленкоў», як быццам не роспіс зрабіў, а напісаў прозьвішча.

Хацеў я спачатку пакінуць сабе гэты аўтограф, але перадумаў і аддаў у адзьдзел кадраў Несьвятайлу.

Докшыцы


Час ад часу на полацкі адрас ТВЛ прыходзяць лісты ад пачынаючых літаратараў. Пераважна з рэгіёнаў краіны. Прысылаюць рукапісы, просяць парады адносна выданьня ўласнай кнігі. Са стыхійнага папаўненьня нашага рэдакцыйнага партфеля мала што трапляе ў тэвээлаўскі друк. Гэтыя творы, за рэдкім выключэньнем, маюць дзьве непрыймальныя рэдакцыяй «Калосься» заганы: постсавецкі дух і кволасьць стылю. Ведаючы нашы эстэтычныя арыенціры, некаторыя творцы зь перыферыі, асабліва сталага ўзросту, ТВЛ пабойваюцца і абыходзяць бокам. Маўляў, экстрэмісты. Таму лісты сталага чалавека з Докшыцаў, якія я пачаў атрымліваць напрыканцы 1998 года, мяне ўражвалі. Карэспандэнт з раённага цэнтру пісваў: «Калосьсе» чытаў зь цікавасьцю. Як мне падалося, ён вонкава нават лепш за тое, першае «Калосьсе», якое выдавалася калісьці ў Вільні. Я яго бачыў дзесь у 1943 годзе. Памятаю там белыя старонкі са зьнятымі цэнзураю тэкстамі». Нас чытае чалавек, які памятае яшчэ тое, віленскае, Калосьсе. Фантастыка! Неўзабаве з Докшыц прыйшла бандэроля з апавяданьнямі. Сярод іх быў гэты аповед-успамін пра былога старшыню міністраў СССР Г.М.Маленкова, якога дзеля перавыхаваньня направілі ў Экібастуз дырэктарам мясцовай ТЭЦ. Падзеі адбываюцца ў 1958 годзе. Я пачаў ліхаманкава вылічваць, дык колькі ж гадоў аўтару гэтых радкоў? Толькі праз некалькі месяцаў, калі «ЛіМ» надрукаваў гулагаўскае апавяданьне майго знаёмага, даведаўся, што Іван Фурсевіч нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Галавенчыцы Стаўбцоўскага раёну. Пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня скончыў у Казахстане медычны інстытут, вярнуўся на радзіму, да пенсіі працаваў лекарам у Докшыцах. Зараз піша кнігу пра свой пакручасты лёс.

Алесь Аркуш

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія