|
Гала Гара
ДАРУЕ ДЗЕНЬ ЗАБЫТЫЯ ГРАХІ…
* * *
Устаць… узьняцца… сплыць за курганы…
забыць свой дом… імя… усе
драбніцы,
ад нежывой,
няправяднай
маны
да Сьветлай
Веры
да жыцьця
прабіцца.
* * *
Паўдзённы вецер,
колкі і сухі,
сьляпое
сонца
жорстка засьціць
вочы.
Даруе дзень
забытыя грахі!
Даруе дзень —
у прадстаяньні
Ночы…
* * *
Хай дзённы гвалт нясе свае турботы
праз лёгкі сон, ў якім няма бяды.
Квітнеюць бесклапотныя сады
няўцямныя у дзень жальбы й сьпякоты.
А можа мне паспрабаваць заснуць,
А можа мне забыцца і заснуць?
На мурагох пасьветлае зямліцы
між гонкіх хвой у водары ігліцы…
О, Божа! У бесспатольныя вачніцы
Твае хоць раз бяспрытамна зірнуць!
А можа мне паспрабаваць заснуць…
* * *
Мне гэта ўсё ня трэба, не,
ня трэба позы і бравады,
я ведаю усе парады,
якія хочаш даці мне –
мне гэта ўсё ня трэба, не…
Мне нецікавы гэты сьвет,
яго сумненьні і адвагі,
яго вар’яцтвы і развагі,
яго скрыжалі, скаргі, зьвягі,
мне гэта ўсё ня трэба, не…
О, дай ты мне навек забыцца,
глухой тугі навек пазбыцца,
у воблака ператварыцца,
туды, уверх, дзе вольна — мкнуць…
О, дай ты мне навек забыцца,
апошні раз сьлязьмі умыцца —
забыць, заплакаць і заснуць.
* * *
Я над болем сваім
уздымуся, як Белая Птушка,
я над горам сваім
узьвяду Залатую Царкву,
каб гулі ў ёй Званы,
каб там вецер
гайдаў іх і гушкаў,
каб там Мары плылі,
нібы Павы,
адна у адну.
Я над болем сваім уздымуся…
* * *
Спрабую хадзіць…
Гайдаецца неба,
аціхла зямля,
хісткія сходы,
ледзь чутныя крокі...
па пяску, па траве,
пакрысе, спакваля,
наліваецца чырваньню
захад глыбокі.
Спрабую хадзіць –
па дрыгве, па вадзе,
па калючай жарстве,
па выжарынах лютых…
…па старой брукаванцы…
і так, абы-дзе…
Спрабую хадзіць…
|