Марэк Гласка
КРЫЖ
Дзьверы скрыпнулі, і ў камэру ўвайшоў вартаўнік. Гэта быў высокі й худы чалавек, зь вечнымі мяшкамі пад вачыма – пра ягоную хворую пячонку ведалі ўсе тыя, хто сядзеў там ня першы дзень, бо сам ён часьцяком уголас скардзіўся. Вартаўнік гучна кашлянуў. Чалавек, што сядзеў на нарах, зірнуў на яго з насьцярожанасьцю.
— Бацькі прыехалі – сказаў вартаўнік. Гаварыў ён нейк праз нос. – Трэба пайсьці разьвітацца.
Чалавек на нарах маўчаў, аглядаючы свае рукі. Далоні ў яго былі вялікія й шырокія, а пальцы — зьбітыя. На першы позірк гэткія рукі – нязграбныя, ні на што ня здольныя; каб пераканацца, што яны ў стане зьдзейсьніць, трэба іх бачыць падчас працы.
— Але – паўтарыў вартаўнік і пераступіў з нагі на нагу. – Трэба разьвітацца. Яны ад раніцы чакаюць. Першым цягніком прыехалі.
Чалавек устаў і выпрастаўся. Ён быў высокі й самавіты, з круглым тварам; каротка астрыжаныя валасы закруглялі ягоны твар яшчэ больш, прыпадабняючы да клубу.
— Сёньня холадна? — запытаў ён і пачаў расцікаць далоні.
— А мы ня пойдзем праз панадворак – адказаў вартаўнік, спакойна махаючы рукой. – Проста ўніз зыйдзем, бо яны там чакаюць.
Выйшлі на калідор. Вартаўнік зачыніў дзьверы. Калі яны рушылі па тым калідоры, вязень, які йшоў наперадзе, склаў далоні ззаду. Насустрач ішлі двое вязьняў з парашамі ў руках. Адзін зь іх махнуў падканвойнаму, і, прымружыўшы вока, сказаў:
— Як маесься, гаспадар?
— Тссс... – сказаў вартаўнік. – Не размаўляць.
Той, што нёс парашу, сьвіснуў. Прайшлі. Чалавек з круглай галавой запытаў:
— А я што, болей ня выйду на панадворак?
— Бадай што не – адказаў вартаўнік. Выраз ягонага твару быў пакутніцкі: ад самай раніцы ён прадчуваў набліжэньне прыступу пячонкі. Павярнулі ў наступны калідор і йшлі вельмі павольна, бо вязень апошнім часам мала хадзіў і ў яго балелі ногі, абутыя ў цяжкія драўлянкі. Ён пыхцеў і спатыкаўся. Урэшце сказаў:
— Ногі страшэнна пякуць.
— Вох – адказаў вартаўнік, паціскаючы плячыма. – Недалёка ўжо.
Вязень нешта прабурчэў: ён стараўся ступаць бокам. Упарта глядзеў на сьцяну й неўзабаве сказаў:
— Лямпачка перагарэла.
— Дзе? — запытаў вартаўнік і яны затрымаліся.
— Там – сказаў вязень і падняў угару сваю вялізную далонь.
Вартаўнік зірнуў. Адна зь лямпачак калідорнага асьвятленьня сапраўды не сьвяціла. Паківаў галавой.
— Ну й скажыце вы мне — пачаў ён. – Ці ж гэта лямпачкі? Мой зяць на мінулым тыдні дык тры такія купіў, і што? Дык дзьве адразу перагарэлі. Тады ён у краму пайшоў, каб замяніць, а яму кажуць: „Вы што, сьмяецеся? Гэта што – нашая віна? Якія даюць, такія й прадаем...” Зь лямпачкамі цяперка марна.
— Колькі каштуе лямпачка?
— Нават ня ведаю – адказаў заклапочаны вартаўнік. І раптам падазроза спытаў:
— А што?
— Так сабе.
— Вартаўнік уважліва зірнуў на падканвойнага й злосна сказаў:
— Хадзем, хадзем. Тут табе ня гулі.
Яны працягвалі рухацца уздоўж зачыненых дзьвярэй. Ля самых сходаў дзяжурныя вязьні мылі калідор. Яны гучна шаравалі шчоткамі на кароткіх ручках. Запахла гаспадарчым мылам ды парай гарачай вады. Адзін зь вязьняў узьняў спатнелы твар і шапнуў:
— Братан, дай закурыць. Аддам, калі выйду.
— Тссс... – сказаў вартаўнік – не размаўляць.
— А хто тут размаўляе? — адклікнуўся чалавек з падлогі – Няўжо ж я, бляха, размаўляю? Я ж маўчу... Ён з грукатам кінуў шчотку і адставіў вядро; вартаўнік з круглатварым амінулі яго. Вязень зноў няўдала ступнуў і сыкнуў.
— Сё ўсё – сказаў вартаўнік са спагадай. – Мы амаль на месцы.
Яны ўвайшлі ў канцылярыю, а потым у палату, дзе чакалі бацькі вязьня. Убачыўшы яго яны ўсталі з лаўкі.
— Можна прывітацца – сказаў вартаўнік, і на ягоным схуднелым твары паявілася нешта, што можна было б – памятаючы пра пакуты гэтага чалавека — назваць усьмешкай. – Можна сядзець. Ён паправіў пас з цяжкім пісталетам і сеў на крэсьле пад вакном. Вязень стаяў у сярэдзіне палаты і міргаў вачыма; тут было нашмат сьвятлей, чым у камэры, дзе ён знаходзіўся дагэтуль. Потым ён падышоў да бацькоў; сьпярша пацалаваў у руку бацьку, потым маці.
— То вы сёньня раніцай прыехалі? — запытаў.
— Ага, так - сказаў бацька. Ён быў высокі й мажны, шыя не зьмяшчалася пад каўнерам ягонай кашулі; нават у гэты момант, калі невядома чаму ён стараўся гаварыць шэптам, ягоны голас быў гучны. Сын ня быў да яго падобны ані звонку ані паводзінамі. – Мы сюды ўсю ноч ехалі – сказаў бацька сурова.
— Зь перасадкай у Ёдлаве?
— Цяпер – сказала маці – дык трэба ў Расташэве перасаджвацца.
— Угу – мрукнуў вязень. Ён стараўся сесьці так, каб хаця б крышку даць нагам адпачынак. Сьпіной абаперся на сьцяну й выцягнуў іх. Раптам ягонае сэрца страпянулася: прыгадаў, што бацька – чалавек вельмі суворы – зараз загадае яму ўстаць, бо ён ня любіць, калі дзеці размаўляюць зь ім без належнай пашаны. Вязень згадаў гэта й хутка адклікнуўся:
— А што там у Сідаровіча?
— У Сідаровіча? — задуменна паўтарыў бацька. Ён на сэкунду змоўк, шукаючы адпаведнага слова, а потым адказаў:
— У яго ўсё як заўжды. Толькі вось конь здох.
— Здох конь – суцешыўся вязень. Яму марылася хутчэй вярнуццца на нары й зьняць абутак. – Як жа гэта здарылася?
— Здох і канец – адказаў бацька. Вэтэрынара клікалі, яле было запозна. – Ён пачухаў галаву й зноў замоўк. А потым павучальным тонам сказаў: — З канём трэба далікатна.
— Заканчвайце – сказаў, паварочваючыся да іх, вартаўнік. – У вас яшчэ пяць хвілін.
— Гэта конь – сказаў вязень і высунуў ногі крыху далей. – Але, але... Конь ёсьць конь... Зь ім вядома – трэба далікатна. Як жа йначай? Што ж зробіш, калі здохне?... Трэба асьцярожна і ўсё тут. Але, але... – Вязень сыкнуў, бо яму згадалася таксама, што зараз - разьвітваючыся - трэба будзе ўстаць. Ён сыкнуў і хутка спытаў: — А што там у нас?
— А, дзякаваць Богу – адказаў бацька. – Як будзе добра, то на вясну карову купім.
— Канец – сказаў вартаўнік. Ён устаў і падцягнуў пас; вялізная кабура пісталету сьмешна выглядала на фоне ягонага худога цела.
— Ну, вось што... – сказаў бацька. – Няма чаго нам гутарыць. Ты, сыну, цяпер мусіш з Богам пагутарыць. Цяпер ты ўжо ягоны. Але. Давай, маліся.
— Бацька падняў руку, а вартаўнік адвярнууўся. – Хрыстом Божым... – сказаў бацька гучна. – Стань на калені.
— Вязень маўчаў.
Ён ведаў, што гэта вельмі балюча, і нават сама думка пра рух загаралася сьвечкамі ў ягоных вачах.
— Не.
— На калені, сыну – сказаў бацька ўрачыстым тонам. – Перад крыжам трэба стаяць на каленях.
— Вязень кіўнуў галавой і паўтарыў:
— Не.
Ён схапіў руку бацькі, й пацалаваў яе. Потым пацалаваў маці й выйшаў разам з вартаўніком. Старыя таксама выйшлі; прайшоўшы праз дзядзінец, яны апынуліся на вуліцы. Пайшлі ў бок вакзалу, адкуль празь дзьве гадзіны адыходзіў іх цягнік. Ішлі яны па-вясковаму: бацька сьпераду, а маці ззаду, два крокі за ім.
— Ён зьмяніўся – сказала маці. – На калені ня стаў.
Маці хліпнула, і яе твар жалосна скрывіўся. – Можа ён і ў Бога ўжо ня верыць?
— Першы раз – сказаў бацька такім тонам, быццам не давяраў сам сабе – Першы раз, калі ён зрабіў не па маёй волі. Але дзіця ён – добрае.
Празь некаторы час яны селі ў нейкім сквэрыку. Дзень быў цёплы і таяў сьнег. Колер неба, нязначная набухласьць галінак у вільготным бляску поўсьці коней, што праходзілі уздоўж гасьцінца: ва ўсім адчуваўся надыход вясны. Прахожыя расшпільвалі паліто, дзеці грамадкамі выбягалі са школаў, а брудны сьнег сплываў ручаямі.
— Так – сказаў бацька. – Увосень Метэк з войска вернецца. Янкаў гарнітур сабе возьме. Да восені трэба яшчэ пачакаць-патаміцца.
— Янка быў мажнейшы – сказала маці.
— Мажнейшы, мажнейшы... Метэк у войску паправіцца, там яго кормяць як трэба... – Бацька крыху памаўчаў, пазіраючы на свае абадраныя чаравікі. –А што – сказаў ён. – Дзіця ён быў добрае. Нічога не сказаў, што гэта я яму загадаў. Нічога – да самага канца.
— Дык гэта ты яму?... – спытала маці.
— Але – адказаў бацька. – Выходзіць, што я... – Раптам ягоная шыя пачырванела. Дармаеды мне ў хаце не патрэбныя. – Ён махнуў кулакамі – Вось гэтымі рукамі я ўсяго дабіўся – зямлі, дому, жонкі. Дык што мне цяпер , на старасьць, людзей саромецца? Зграшылі – іхняя справа, але не жаніцца ж з абарванкай! Што ў яе было? Чаго варты чалавек без кавалка зямлі? Я пытаюся? А нічога ня варты, як тое сьмецьце. Я жадаў яму дабра. Казаў жа, каб ля каня яе пакласьці, каб падумалі, што гэта конь яе лягнуў і забіў, а той перапужаўся ўсяго: уцёк і пакінуў сякеру. Я яму жонку ў Завадаве знайшоў. І дом бы меў, і зямлі кавалак, але яму ўсё па-свойму хацелася. А трэба было па-мойму. Дзіця ён быў добрае. І пра мяне не сказаў. Значыць, усё ж быў паслухмяны.
— Каб жа толькі гэта не балела – мовіла маці і ўсхліпнула.
— А чаго там – адклікнуўся бацька й нецярпліва кашлянуў. – Сьмерць як сьмерць. Ці ж мала людзей памерла? Што ж ён сьмерці ня бачыў? Аднае зімы, яшчэ да дэмакратыі дык у Глуховічах палова вёскі вымерзла. А ў Завадаве? А ў Янавіцах? З голаду й холаду горш было паміраць. Дзіцём ён быў добрым, то й сьмерць атрымае лёгкую. Гэта ж яшчэ праз тры дні. Вернемся дадому, дык пойдзем памолімся, каб сьмерць ягоная была лёгенькай.
— Ён быў добры – сказала маці. – Але, добры. – Аднак на яе круглым паморшчаным твары паявілася поўная сумневу грымаса. – Добры, добры – паўтарыла яна сварліва. – Чаму ж тады перад крыжом на калені ня стаў?
1956
Пераклаў з польскай мовы Аляксандар Айна
Марэк Гласка (Варшава, 1934 — Весбадэн, 1969) рана кінуў школу, быў кіроўцам, меў у жыцьці мноства іншых прафэсій, крымінальныя эпізоды. Быў ідалам і адначасова enfant terrible варшаўскага асяродзьдзя. У 1958г. Падчас ягонай паездкі ў Фрвнцыю даў некалькі забароненых інтэрвію заходняй прэсе, і польскія ўлады адмовіліся падоўжыць яму пашпарт а пазьней забаранілі прыяжджаць на Бацькаўшчыну. Пераклад прозы гэтага скандальнавядомага аўтара ўпершыню друкуецца у Беларусі.
Заўвагі перакладчыка, або некалькі зацемак на пабоччы:
*Часта ймёны замежных аўтараў перадаюцца па-беларуску фанэтычна, калі перакладчык стараецца прыпадобніць гучаньне да арыгіналу. Аднак у выпадку дадзенага аўтара (у арыгінале Marek Hіasko) я меў дылему. Ягонае ймя мае беларуска-расейскі адпаведнік Марк, а прозьвішча пачынаецца на „h”, якое у польскай мове гучыць як беларускае „х”. Поўная фанэтычная перадача ймя аўтара была б Марэк Хласка, аднак я адмовіўся ад гэткай транскрыбцыі й прыняў форму, зьмешчаную над тэкстам апавяданьня, бо:
1. Дрэнны звычай зьбеларушчваць чужыя ймёны, і таму ня Марк, а Марэк.
2. Пачатак уласнай назвы на „h”з польскай мовы перакладаць на беларускую пры дапамозе „х” было б праявам няведаньня беларускай традыцыі, а дакладней лацінкі, у якой „h” гучыць як „г”.