|
Сяргей Кавалёў
СТОМЛЕНЫ Д`ЯБАЛ
Фантасмагорыя ў 2-х дзеях
А с о б ы:
ЯСЬКА, гаспадар.
ПАЎЛІНКА, ягоная жонка.
Д`ЯБАЛ
СУСЕД
СУСЕДКА
1-ы ВАЙСКОВЕЦ
2-гі ВАЙСКОВЕЦ
НЕЗНАЁМЫ
1-я РАСПУСЬНIЦА
2-я РАСПУСЬНIЦА
КАРЧМАР
У пьесе выкарыстаны фрагменты з твораў К. Марашэўскага, Я. Купалы, Ф. Аляхновіча.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
ЗЬЯВА ПЕРШАЯ
Перад глухой мураванай сьцяной сядзіць на зэдліку Яська і майструе зь вяроўкі пятлю.
ЯСЬКА. Конча, сёньня павешуся. Не збаюся ўжо, як тады. Чым жыць так пагана, як мы цяперака жывём, — лепш у пятлі задушыцца. Усё нам насуперак ідзе. Нічога не ўдаецца так, як мы хочам! А калі раптам здарыцца з нашае волі, дык нам жа на бяду. І ўсе вакол сьмяюцца з глупства, якое мы ўчынілі. Пэўна, Бог выракся нас і пакінуў на зьяданьне Д’яблу. (Зрабіўшы пятлю, узлазіць на зэдлік і прывязвае другі канец вяроўкі да жалезнай бэлькі, якая тырчыць са сьцяны.) Б’ешся, як рыба аб лёд, сьвету белага за працай ня бачыш, а плёну — ніякага. Прыйдзеш дадому — і там няма ладу і спакою. Ад маёй Паўлінкі ніколі ласкавага слова не пачуеш, толькі: «чаго сядзіш, Яська!» ды «чаго ляжыш, Яська!» Нібыта калі я падымуся — нешта ў сьвеце зьменіцца! Коньча, павешуся! (Торгае некалькі разоў за вяроўку, застаецца задаволены тым, як яна прымацавана.) Эх, каб гэты Адам, бацька наш першы, не саграшыў, дык мы б цяпер так не гаравалі. Навошта ён, дурань, паслухаўся Еву і сарваў яблык з праклятага дрэва? Ня мог узяць у рукі які дрын ды ўсыпаць настырнай бабе як сьлед за яе цікаўнасьць? (Прасоўвае галаву ў пятлю.) У самы раз. Ну, здаецца, усё. (Нерашуча.) Хіба што пакурыць перад сьмерцю? (Лазіць па кішэнях.) Чорт, як на бяду, забыўся цыгарэты.
З-за вугла выходзіць Д’ябал, вымае з кішэні пачак цыгарэт і закурвае. У Д’ябла няголены твар, стомлены выгляд, пацёртая вопратка.
ЯСЬКА. Гэй, добры чалавек, дай закурыць!
Д’ябал уважліва глядзіць на Яську, потым моўчкі аддае яму сваю цыгарэту.
ЯСЬКА (зацягваецца). Дзякуй табе, добры чалавек.
Д`ЯБАЛ. Дык кажаш, ва ўсіх цяперашніх няшчасьцях вінаваты Адам зь Еваю?
ЯСЬКА (важна). Ясна, што яны.
Д`ЯБАЛ. А яшчэ — Д”ябал?
ЯСЬКА. Вядома. Хто нас усіх зводзіць, хто перашкаджае нашым намерам?
Д`ЯБАЛ (асьцярожна). А... Бог?
ЯСЬКА. Э, і ён таксама! Чаму сьпіць у шапку, чаму не дапаможа?
Д`ЯБАЛ. А ты? Ты сам?
ЯСЬКА (разгублена). Я? Што я магу? Хіба ад мяне нешта залежыць. (Заводзіцца.) Вось каб я быў на месцы Адама — не паслухаўся б Евы, не сарваў бы яблык з дрэва. І жылі б мы з табой цяперака, братка, у раі, не мусілі б гнуць сьпіну ды пакутаваць.
Д`ЯБАЛ . Жылі б у раі? (Ажно падскоквае.) Хочашь, Яська, я дапамагу табе выправіць памылку Адама?
ЯСЬКА (занепакоена). А ты, чалавеча, кім будзеш? Скуль ты ўзяўся ў нашых мясьцінах? (Падазрона.) Скуль ведаеш маё імя?
Д`ЯБАЛ . Я не чалавек. (Уздыхае.) Я Д”ябал.
ЯСЬКА . Маці Божая!
Са страху Яська ледзь не звальваецца з зэдліка, але Д’ябал падхоплівае яго і трымае за ногі.
ЯСЬКА . Ратуйце, вешаюся!
Д`ЯБАЛ . Ня бойся, я цябе трымаю.
Д’ябал дапамагае Яську зьняць пятлю і зьлезьці з зэдліка. Яська сядае на зэдлік і пераводзіць дух.
ЯСЬКА . Празь цябе я мала не павесіўся.
Д`ЯБАЛ . А ты хіба не меў такога намеру? (Паказвае рукой на пятлю.)
ЯСЬКА . Дзе там! Калі хочаш ведаць, я не першы раз вешаюся. Але не хапае адвагі. Узьлезу на зэдлік, накіну пятлю на шыю, пастаю, пакуру. Уяўлю, як на маім пахаваньні будуць галасіць сваякі ды суседзі, як жонка будзе сабе локці кусаць. Усьміхнуся, здыму пятлю ды пайду сабе дахаты. Неяк лягчэй на душы робіцца, нібыта нанова на сьвет нарадзіўся.
Д`ЯБАЛ . Не трэба вешацца, Яська. (Бярэ Яську за руку.) Хочаш жыць у раі?
ЯСЬКА . Хто ж ня хоча? Але дзе ён цяпер, той рай? Ты паглядзі, што навокал робіцца. (Зноў заводзіцца.) Эх, каб гэта наш першы бацька Адам не саграшыў...
Д`ЯБАЛ (перапыняе). Ты можаш выправіць памылку Адама. Ты наракаў, што ад цябе нічога не залежыць, што ты нічога ня можаш. Зараз ад цябе залежыць усё, ты можаш выратаваць увесь Сусьвет, Яська.
ЯСЬКА (спалохана). Як гэта?
Д`ЯБАЛ. Адам ня вытрымаў выпрабаваньня, паддаўся спакусе і быў выгнаны з раю. Прызнаюся, што і я да гэтага прычыніўся. Але зараз я хачу дапамагчы чалавеку выратавацца. Хачу, Яська, каб ты прайшоў выпрабаваньне і перамог спакусу. Тады людзі вернуцца ў рай, перастануць гараваць ды пакутаваць, зажывуць весела ды шчасьліва. (Натхнёна.) Мы перапішам нанава твой лёс, зьменім гісторыю тваёй краіны, павернем шляхі ўсяго чалавецтва!
ЯСЬКА (зьбянтэжана). Але чаму акурат я? Чаму ты прыйшоў сюды, да нас? Што мы, лепшыя за ўсіх? Ня бачыш хіба, як мы жывем?
Д`ЯБАЛ. Не лепшыя. Можа, якраз наадварот, горшыя. Але таму я вас і выбраў. А край мне ваш падабаецца. (Сентыментальна.) Як там было ў паэта: «Мой родны кут, як ты мне мілы...» Не, не тое. «Краю мой родны, як выкляты Богам...» (Спахопліваецца.) Зусім ня тое. Ага, вось: «Паміж пустак, балот...»
ЯСЬКА (перапыняе). Ясна, дзе балоты — там і чэрці! (Падазрона.) А табе навошта гэта ўсё? Дзеля чаго ты стараешся?
Д`ЯБАЛ. Я стаміўся, Яська. Як ты ведаеш, калісьці вельмі даўно я быў Анёлам і жыў у раі. Але потым з-за сваёй пыхі паўстаў супраць Бога і быў скінуты ў пекла. Я думаў, што я сам змагу быць Богам, збудую сабе іншы, яшчэ лепшы Сусьвет! Але я памыліўся, Яська. Я ня Бог, я нічога не магу стварыць, магу толькі разбураць і псаваць створанае Богам. Каб ты толькі пабачыў, як жахліва выглядае цяпер пекла, як там змрочна і няўтульна!
ЯСЬКА. Барані Божа!
Д`ЯБАЛ. Доўгае знаходжаньне там шкодзіць майму здароўю. Паглядзі на мяне: хіба я падобны на князя цемры, на ўладара зямлі?
ЯСЬКА (прыглядаецца). Прызнацца, выглядаеш ты, як нейкі задрыпанец.
Д`ЯБАЛ. Я адчуваю сябе старым і хворым. Я нават прымаю лекі! (Вымае з кішэні жменю таблетак і паказвае Яську.) Хутка я пачну баяцца сьмерці. Я, вечны дух!
ЯСЬКА (сам сабе). Во, бедалага! А як мы з-за цябе хварэем ды паміраем?
Д`ЯБАЛ. Апошнім часам я жыву на зямлі і стараюся як мага радзей наведваць пекла. Але і на зямлі цяпер цяжка знайсьці добрае мейсца для адпачынку. Скажы, у што вы, людзі, ператварылі сваё жытло? Паўсюль пануюць гвалт і нянавісьць, зайздрасьць і ашуканства.
ЯСЬКА. А хіба не ад цябе ўсё зло на зямлі?
Д`ЯБАЛ. Павер мне, Яська: вось ужо дзьве тысячы гадоў, як я ня ўмешваюся ў вашыя справы. І што ад гэтага зьмянілася? Чалавек сам, без маёй дапамогі і нават насуперак майму жаданьню, ператварае зямлю ў пекла! Прыдумвае такія рэчы, ад якіх мне робіцца страшна. Прызнаюся, я не адчуваю сябе тут сярод вас, у бясьпецы. (З настальгіяй.) Я стаміўся. Я хачу назад у рай. Прагну цішыні ды спакою.
ЯСЬКА (сам сабе). Бач ты, і яму ў рай захацелася, чорту лысаму!
Д`ЯБАЛ. Я прызнаю сваю прыкрую памылку і хачу прасіць у Бога прабачэньня. Ведаю, што я апошні з грэшнікаў, але спадзяюся на божую міласэрнасьць. Калі я дапамагу людзям, можа, і мне даруецца? Вось чаму я прапаную табе, Яська, выправіць памылку Адама. (З надзеяй.) Ну як, ты згодны?
ЯСЬКА. Што мне губляць? Як кажуць, ці пан, ці прапаў. А якое выпрабаваньне мяне чакае? (Жартам.) Не сарваць яблык з дрэва?
Д`ЯБАЛ. Не зазіраць у місу.
ЯСЬКА (зьдзіўлена). У якую місу?
Д`ЯБАЛ. У звычайную, што будзе стаяць на абрусе.
ЯСЬКА. Шкада, я акурат яблыкі дужа не люблю. (Сам сабе.) Я думаў, ён Бог ведае чаго запатрабуе, а тут такая дробязь. (Да Д’ябла). А дзе мне шукаць тую місу? Куды ісьці?
Д’ябал падыходзіць да сцяны, вымае з кішэні крэйду і малюе дзьверы.
ЯСЬКА. Што гэта ты намаляваў?
Д`ЯБАЛ. Не бачыш хіба? Дзьверы.
ЯСЬКА (у захапленьні). Проста ў рай?
Д`ЯБАЛ. Можа, яшчэ не ў рай, але табе там спадабаецца.
Д’ябал адчыняе дзьверы, з праёма ліецца яркае сьвятло. Яська жагнаецца і, павагаўшыся, адной нагой пераступае парог.
ЯСЬК А (азіраецца). А ты?
Д`ЯБАЛ. Мусіш пакуль ісьці без мяне. Я магу ўвайсьці толькі апошнім. Самым апошнім.
ЯСЬКА (сам сабе). І Дзякуй Богу!
Д`ЯБАЛ. Глядзі, Яська, я на цябе вельмі спадзяюся.
Яська зьнікае. Д’ябал зачыняе за ім дзьверы. Чуваць жаночы голас: «Яська, дзе ты? Яська!» Д’ябал хмыкае і хаваецца за вуглом. Зьяўляецца Паўлінка.
ПАЎЛIНКА. Дзе падзеўся, валацуга? Колькі можна яго чакаць? Ох, доля мая гаротная! За якія грахі Бог пакараў мяне такім мужам? (Заўважае зэдлік, але пятлі над ім ня бачыць.) Наш зэдлік! Навошта Яська яго сюды прывалок? (Азіраецца і заўважае дзьверы ў сьцяне.) Во, дзьверы! А раней не было. (Падыходзіць да дзьвярэй, моцна штурхае іх. Дзьверы адчыняюцца.) Бачылі? Чаго толькі не прыдумае мужык, каб ад жонкі скруціцца! Але я цябе, мой міленькі, і пад зямлёй знайду! (Зьнікае за дзьвярыма.)
ЗЬЯВА ДРУГАЯ
Райскі сад. Сьвеціць сонца, пяюць птушкі, цурчыць ручай. На галінах дрэў паразьвешаны прыгожыя мужчынскія і жаночыя ўборы, элегантныя капялюшыкі.
На траве пад яблыняй засланы чароўны абрус, на якім поўна размаітых заморскіх трункаў, страў і прысмакаў. Пасярэдзіне стаіць вялізная міса з накрыўкай.
З глыбіні саду выходзіць Яська.
ЯСЬКА. Сапраўдны рай, без падману! Сонейка сьвеціць, птушачкі пяюць, ветрык павявае. Траўка зялёненькая, вадзічка ў ручаі чысьценькая, навакол ні душы. (Заўважае гарнітуры і сукенкі.) А гэта што за адзеньне? Няўжо ад Адама і Евы засталося? (Падыходзіць да мужчынскага гарнітура і мацае за край пінжака.) Не, здаецца, новае, проста з крамы. (Заўважае абрус з пітвом і ежывам.) Во, ёсьць што выпіць і чым закусіць. Сапраўдны рай! (Прысаджваецца пад яблыняй. Бярэ ў рукі адну бутэльку, потым другую, трэцюю.) Бач ты, усё не па нашаму напісана. Райскія напоі і трункі. І стравы ўсе заморскія, хатнім не раўня. (Заўважае місу.) А вось і міса. Вя-ліз-ная. (Разглядае місу.) Цікава, чаму ў яе зазіраць нельга? (Спахопліваецца.) Нельга дык нельга. Звычайная міса. Вып’ю лепш боскага пітва ды пакаштую анёльскага ежыва.
Яська бярэ ў рукі бутэльку і спрабуе яе адкаркаваць. Нечакана з-за дрэў выходзіць Паўлінка, заўважае Яську, ставіць рукі ў бокі.
ПАЎЛІНКА. А ну, пастаў бутэльку на месца!
ЯСЬКА (зьдзіўлена). Паўлінка, ты адкуль тут узялася?
ПАЎЛІНКА. А ты спадзяваўся ад мяне ўцячы, разумнік? (Сурова.) Не чапай, кажу, бутэльку. Адкуль ты такі багаты? (Паказвае рукой на абрус.) Хто плаціць за ўсё будзе?
ЯСЬКА. Не трэба плаціць, Паўлінка. Тут усё за так. (Узьнімаецца, падыходзіць да Паўлінкі, бярэ яе за руку і цягне да абруса.) Сядай, мая любая жоначка, частуйся.
ПАЎЛІНКА (недаверліва). А хто ўсё гэта прыгатаваў? Чые гэта сукенкі ды капялюшыкі? (Паказвае на ўборы.) Прызнавайся, акаянец, завёў сабе кралю? (Тупае нагой.)
ЯСЬКА (сам сабе). Давядзецца ёй тое-сёе растлумачыць, інакш наробіць гвалту і нас хуценька адсюль выпруць. (Усаджвае Паўлінку пад яблыняй.) Гатаваць больш нічога не трэба, Паўлінка. А сукенкі ды капялюшыкі гэта, напэўна, твае, калі ты ўжо тут апынулася.
ПАЎЛІНКА. Мае? (Не можа адвесьці вачэй ад убораў.) Яська, ты не жартуеш? (Усхопліваецца і бяжыць да ўбораў.)
ЯСЬКА (важна). Разумееш, Паўлінка, нам пашанцавала. Мы з табой у рай трапілі.
ПАЎЛІНКА (як ад гарачага адводзіць руку ад сукенкі). У які рай? Ты што, пасьпеў ужо прыняць на душу?
ЯСЬКА. Ну, можа, не зусім у рай, але блізка да таго. (Абводзіць рукой вакол сябе.) Працаваць ня трэба, адно еш, пі ды гуляй уволю!
ПАЎЛІНКА (хуценька пераапранаецца ў новую сукенку.) Усё жыцьцё марыла мець такую прыгожую сукенку! А які файны капялюшык! І праўда, рай!
ЯСЬКА (адкаркоўвае нарэшце бутэльку і разьлівае пітво ў два келіхі). Застанемся з табой тут назаўсёды, калі толькі ўстрымаемся, каб забароненага не зрабіць.
ПАЎЛІНКА. А што нам забаронена? (Мяняе капялюшык.)
ЯСЬКА. Ніколі не здагадаешся, Паўлінка. (Сьмяецца.)
ПАЎЛІНКА. Няўжо есьці?
ЯСЬКА. Ну, ты скажаш. Не паміраць жа нам з голаду.
ПАЎЛІНКА. Тады, напэўна, піць.
ЯСЬКА (абурана). Які б гэта быў рай! Не, зусім ня тое. Хадзі, вып’ем за наша райскае жыцьцё.
Паўлінка ў новай сукенцы і ў капялюшыку сядае побач зь Яськам. Выбраньнікі лёсу чокаюцца, Яська выпівае, а Паўлінка выпускае келіх з рук.
ПАЎЛІНКА (усплёсквае рукамі). Ой, Ясечка, няўжо... (Сарамліва азіраецца, нахіляецца да Яські і нешта шэпча яму на вуха.) Тады я ня згодная. (Плача.) Хадзем дамоў...
ЯСЬКА. От, кабеты! Адно ў галаве. (Супакойвае Паўлінку.) Адам зь Еваю ня бралі шлюбу ў касьцёле, а нас ксёндз блаславіў — нам можна.
ПАЎЛІНКА. Яська, мне ўжо тут падабаецца! (Цалуе Яську.) Але што нам тады забаронена?
ЯСЬКА. Бачыш місу?
ПАЎЛІНКА. Гэтую? (Цягнецца рукою да місы.)
ЯСЬКА. Стой! Ты куды? (Хапае Паўлінку за руку.) Місу чапаць забаронена.
ПАЎЛІНКА. Місу?
Паўлінка са зьдзіўленьнем глядзіць на місу, Яська з трывогаю — на Паўлінку. Нейкі час пануе напружанае маўчаньне.
ПАЎЛІНКА (расчаравана). Такое глупства! Хто ж павернецца ў яе бок, калі забаронена?
ЯСЬКА (узрадавана). Вось і цудоўна! Я заўсёды казаў, што ты ў мяне, Паўлінка, разумная кабета, бо свайго мужыка слухаешся. Давай яшчэ вып’ем па келіху ды нарэшце добра закусім. У мяне ўжо кішкі марша граюць. (Бярэцца за бутэльку.)
ПАЎЛІНКА. Пачакай, я толькі пераапрануся ў іншую сукенку! (Усхопліваецца і бяжыць да ўбораў.) А ты ня хочаш прымерыць новы гарнітур?
ЯСЬКА. Мне і так добра. (Сам сабе.) Хто нас тут бачыць? (Налівае ў келіхі пітво.) Цудоўнае пітво, напэўна, які-небудзь нектар ці амброзія.
Паўлінка хуценька пераапранаецца ў іншую сукенку, мяняе капялюшык.
ПАЎЛІНКА (какетліва). Яська, зірні: падабаюся я табе ў такім строі?
ЯСЬКА. Нішто сабе паненка. Але ў касьцюме Евы ты мне падабаешся больш (Сьмяецца.)
ПАЎЛІНКА. Фу, нецікава з табой. (Круціцца, нечага шукае.)
ЯСЬКА. Чаго шукаеш?
ПАЎЛІНКА. Люстэрка.
ЯСЬКА. Люстэрка, відаць, у раі не прадугледжана.
ПАЎЛІНКА (уздыхае). А... (Азіраецца вакол.) Яська, а мы што, тут зусім адны?
ЯСЬКА. Адны, дзякуй Богу. (З гонарам.) Каму тут яшчэ быць?
ПАЎЛІНКА. Шкада. (Пераапранаецца ў сваё старое адзеньне.)
ЯСЬКА. Хадзі, жоначка, пакаштуй райскага ежыва.
Паўлінка падыходзіць і сядае крыху ўбаку ад Яські. Яська з Паўлінкай моўчкі чокаюцца і выпіваюць.
ЯСЬКА. Столькі дзівосных страў і прысмакаў — ажно вочы разьбягаюцца. (Прагна есьць.) Усяго хочацца пакаштаваць.
ПАЎЛІНКА (узяўшы маленькі кавалачак). Глядзі, не аб’ешся.
ЯСЬКА. Смакацішча!
ПАЎЛІНКА. Нішто сабе стравы, але і дома ў нас былі ня горшыя: мачанка з блінамі, клёцкі з душамі, пірагі з капустай, качка, запечаная ў гліне... Не падабалася табе, як я гатавала?
ЯСЬКА. Падабалася, Паўліначка, падабалася. Але дома ўсё было свойскае, звычайнае. А тут усё заморскае, з выкрунтасамі. (Працягвае есьці, не зьвяртаючы болей увагі на Паўлінку.)
ПАЎЛІНКА (нечакана). А цікава ўсё ж: што схавана ў гэтай місе?
ЯСЬКА (давіцца кавалкам). Паўлінка! (Гнеўна.) Глядзі сюды! (Паказвае кулак.) Я табе дам за тваю цікаўнасьць! Забаронена зазіраць у місу — і ўсё тут. Нашая справа слухацца і не мудраваць.
ПАЎЛІНКА (агрызаецца). Ты мяне не вучы. Я свой розум маю. (Адварочваецца ад місы.) Проста цікава.
ЯСЬКА. Каб я ад цябе больш ня чуў пра місу! Давай лепш вып’ем ды яшчэ чаго зьямо. (Налівае ў келіхі пітво.)
ПАЎЛІНКА (адсоўвае келіх). Не хачу больш піць. І есьці таксама не хачу. (Азіраецца вакол.) Нудна мне.
ЯСЬКА. То давай пасьпяваем. (Выпівае з келіха і зацягвае песьню.)
Дробна драбніца, дробна драбніца,
Дробны дождж ідзе.
Ой, сабралася бедна галота
Дый гарэлку п’е.
(Штурхае Паўлінку ў бок.) Дапамагай!
Пілі гарэлку, пілі наліўку,
Будзем піць віно.
А хто прыйдзе, з нас пасьмяецца,
Будзем біць таго.
Чаму не сьпяваеш, Паўлінка?
ПАЎЛІНКА. Не хачу. Голас сеў.
ЯСЬКА. То, можа, патаньчым?
Яська падхопліваецца на ногі і пачынае скакаць лявоніху. У садзе гучыць музыка.
ЯСЬКА (крычыць). Хадзі да мяне, Паўлінка! Удвох будзе весялей!
Паўлінка не кранаецца зь месца і нават адварочваецца ў іншы бок. Яська перапыняе скокі і сядае побач з Паўлінкай.
ЯСЬКА. Чаму не скачаш, Паўлінка? Ты ж так любіш лявоніху.
ПАЎЛІНКА. Не ў гуморы я. Сумна мне тут.
ЯСЬКА (падумаўшы). А можа... (Шэпча нешта Паўлінцы на вуха і лезе цалавацца.)
ПАЎЛІНКА (адштурхоўвае Яську). Адчапіся, бессаромнік! Не да таго мне.
ЯСЬКА (чухае патыліцу). Вось табе і маеш! (Сам сабе.) Якога ражна ёй трэба?
ПАЎЛІНКА. Яська, яно варушыцца.
ЯСЬКА (не разумее). Што варушыцца?
ПАЎЛІНКА. Там, у місе нешта варушыцца.
ЯСЬКА. У місе?! А табе што да таго? Няхай варушыцца, а ты не чапай! А ну, адсунься далей!
ПАЎЛІНКА. Я й не чапаю! (Адсоўваецца далей, але сядзіць неспакойна, час ад часу кідае позіркі на місу.) Яська!
ЯСЬКА. Чаго табе зноў?
ПАЎЛІНКА. Нікога ж тут няма.
ЯСЬКА. І што з таго? Цалавацца са мной ты ня хочаш.
ПАЎЛІНКА. Пішчыць нешта.
ЯСЬКА. Дзе пішчыць?
ПАЎЛИНКА. У місе.
ЯСЬКА. Ты ўсё з гэтай місай?! (З пагрозай.) Вось як перацягну цябе зараз рэмнем, дык ты ў мяне запішчыш.
ПАЎЛІНКА. Чаго цябе бярэ? Ледзь што — адразу біцца... Я ж нічога... я толькі так... каб ты ведаў... (Прыслухоўваецца да таго, што робіцца ў місе і міжволі падсоўваецца да яе бліжэй.) Ясечка, родненькі мой! Я ўжо больш не магу! Нас жа ніхто ня ўбачыць... Я хуценька-хуценька адкрыю місу і зазірну ў сярэдзіну...
ЯСЬКА (крычыць). Не чапай! Хочаш, каб мы праз тваю дурную цікаўнасьць рай страцілі?
ПАЎЛІНКА. Ну, і заставайся адзін у сваім раі. А я пайду сабе дахаты. (Плача.)
ЯСЬКА. Пачала ўжо раўсьці. Што мне рабіць з гэтай неразумнай бабай? Ну, годзе, Паўлінка, ня плач.
ПАЎЛІНКА (трапечацца). Я місу хачу!
ЯСЬКА. А каб ты трэснула разам са сваёй місай! Чаўпе адно: місу ды місу! Як заведзеная.
ПАЎЛІНКА. Вось ты які! Табе для сваёй жонкі нейкай місы шкада. Ты мяне ня любіш! (Плача наўзрыд.)
ЯСЬКА (мітусіцца). Ах, бедны я, няшчасны я чалавек! Вось доля, ліха на яе. (Не вытрымлівае.) Добра, чорт з табой! Сьціхні толькі, не раві. Бачу, што ад цябе не адчэпішся. Зазірні ў гэтую праклятую місу, каб яна спрахла!
ПАЎЛІНКА. Ясечка, любы мой, каханы!
Паўлінка кідаецца да Яські і моцна-моцна яго цалуе. Потым нахіляецца да місы, асьцярожна прыўзьнімае накрыўку і зазірае ў сярэдзіну.
Зь місы вылятае птушка.
ПАЎЛІНКА. Якая прыгожая птушачка!
ЯСЬКА. Лаві яе, лаві! Хапай за хвост!.. Паляцела птушачка.
ПАЎЛІНКА. Што ж ты не ўлавіў яе, разява?
ЯСЬКА. А навошта ты яе выпусьціла?
ПАЎЛІНКА. Хто ж мог ведаць, што яна сядзіць тамка, у місе?
ЯСЬКА. Зусім ня трэба было чапаць місы!
ПАЎЛІНКА (усхліпвае). Калі цікава.
ЯСЬКА. Праз тваю цікаўнасьць выпруць нас, пэўна, з раю. Эх, нап’юся з гора! (Налівае сабе пітва.)
ПАЎЛІНКА. А мы нікому ня скажам. Ніхто ж ня бачыў, як мы місу адкрывалі.
ЯСЬКА. А калі спытаюцца, дзе падзелася птушка?
ПАЎЛІНКА. Скажам, кот зьеў.
Яська вылівае ў рот пітво, але адразу ж выплёўвае і недаверліва нюхае келіх, потым бутэльку. Паўлінка са зьдзіўленьнем глядзіць на ежу, потым спрабуе накалоць на відэлец кавалак ежыва, але ў яе нічога не атрымліваецца.
ЯСЬКА. Цьфу, амброзія зрабілася як вада. (Адкаркоўвае новую бутэльку, нюхае, пасьля яшчэ адну.) Так і ёсьць, звычайная вада. Ва ўсіх пляшках.
ПАЎЛІНКА. Яська, зірні, які цуд: ежа сталася ўсёроўна як драўляная.
ЯСЬКА. І пітво несапраўднае, і ежа. Канец нашаму раю. Зірні, што навокал робіцца.
Сонца хаваецца за хмары, сьціхаюць птушыныя галасы, цурчаньне ручая. Грыміць гром, бліскаюць маланкі, на сад насоўваецца густая цемра.
ПАЎЛІНКА. Яська, я баюся. Я хачу дахаты.
ЯСЬКА. Уцякайма адсюль хутчэй!
Уцякаюць з саду.
ЗЬЯВА ТРЭЦЯЯ
На лаўцы перад хатай сьпіць, паклаўшы рукі пад галаву, Яська. Побач сядзіць Д’ябал і паліць цыгарэту.
ЯСЬКА (прачынаецца). Няўжо я дома? Бачыў дзіўны сон. Нібыта мы з Паўлінкай — у райскім садзе... уборы і капелюшы на дрэвах... абрус з ежывам і пітвом... міса, птушка і... Так добра ўсё пачыналася і так недарэчна скончылася...
Д`ЯБАЛ. Што, Яська, упусьціў ты сваю птушку шчасьця?
ЯСЬКА (паварочвае галаву). Ты? Дык гэта быў ня сон?
Д`ЯБАЛ. А я так на цябе спадзяваўся. Так шчыра хацеў вам, людзям, дапамагчы.
ЯСЬКА (разводзіць рукамі). Хіба я вінаваты? Паўлінка адкрыла місу і выпусьціла птушку. Далася ёй тая міса...
Д`ЯБАЛ. А ты куды глядзеў? Навошта дазволіў? Наракаў на Адама, а сам хіба лепшы за яго?
ЯСЬКА (абараняецца). Добра табе так казаць пра нас з Адамам. Каб у цябе была жонка — паглядзеў бы я, як бы ты зь ёй упраўляўся.
Д`ЯБАЛ. Зноў шукаеш на каго зваліць віну, Яська? Калі не на Адама дык на Еву, калі не на Бога дык на Д’ябла?
ЯСЬКА. Анягож! Вядома, ты вінаваты. Няўдалае прыдумаў выпрабаваньне. (Выхоплівае ў Д’ябла з рук цыгарэту і курыць.) Адкуль у райскім садзе ўзялася Паўлінка? Мусіш прыдумаць нешта іншае. Дай яшчэ раз спрабую! Каб я з гэтага мейсца не сышоў, калі зноў не датрымаю слова.
Д`ЯБАЛ. Каб зь месца не сышоў? (Глядзіць Яську пад ногі.) А чаму не? Здавалася б, такая дробязь. (Задумваецца.) Толькі цяжка будзе вытрымаць. (Уздыхае.) Баюся, ты ня ўседзіш.
ЯСЬКА. Дзе ня ўседжу?
Д`ЯБАЛ. Ня ўседзіш на лаўцы перад сваёй хатай цэлы дзень, ня кратаючыся зь мейсца.
ЯСЬКА. Жартуеш? Ці ж гэта выпрабаваньне? Я і без загаду сяджу тут, бывае, праз цэлы дзень.
Д`ЯБАЛ (сам сабе). Менавіта, што без загаду. Але варта чалавеку нешта загадаць, і яму адразу карціць адваротнае ўчыніць.
ЯСЬКА. Толькі каб Паўлінка зноў ня ўлезла куды ня трэба!
Д`ЯБАЛ. Не хвалюйся, сёньня нядзеля, я адправіў яе да бацькоў, у госьці.
ЯСЬКА (усхопліваецца). Што? Ейныя бацькі даўно памерлі! (Хапае Д’ябла за грудкі.) Куды падзеў маю жонку?
Д`ЯБАЛ. Да тваіх бацькоў, дурань! (Вызваляецца.)
ЯСЬКА (сканфужана). Даруй, не разабраўся. (Папраўляе на Д’яблу пінжак.) Са мной такое здараецца. Значыцца, мушу сядзець тут да вечара, і калі вытрымаю — траплю ў рай?
Д`ЯБАЛ. Ты толькі пра сябе дбаеш, Яська. Хіба забыўся, дзеля чаго мы ўсё гэта задумалі?
ЯСЬКА (адмахваецца). Як жа, памятаю. Народ, чалавецтва. Нешта там наноў перапісваць трэба. Ты перапісвай. Я ня супраць. Але мне свая кашуля бліжэй да цела. Ды й сумняваюся я, што для ўсяго народа, для ўсяго чалавецтва ў раі хопіць месца за чароўным абрусам.
Д`ЯБАЛ. Эх, Яська, які ж ты яшчэ цёмны і недалёкі. Ты ня верыш ва ўсемагутнасьць Бога і ня любіш бліжняга свайго, а гэта ёсьць найважнейшая ўмова для выратаваньня душы. Чаму я, Д`ябал, мушу табе гэта нагадваць?
ЯСЬКА. Добра, хопіць мне маралі чытаць, мы не ў касьцёле. Ведаю, дзеля чаго стараешся і куды пнешся. Не бойся, возьмем і цябе ў рай.
Д`ЯБАЛ. Бачу, ты ня верыш у шчырасьць маіх слоў. (Сам сабе.) Можа мне яго прыстрашыць? (Да Яські.) Глядзі, Яська, другі раз я табе не дарую. Калі не датрымаеш слова — зацягну цябе ў пекла!
ЯСЬКА (бесклапотна). Зьбірай валізкі ў рай!
Д’ябал сыходзіць.
ЯСЬКА. Але ж і сьмешны гэты д’ябал! Такое несур’ёзнае выпрабаваньне прыдумаў. Калі б я не пабываў у райскім садзе, увогуле б падумаў, што гэта ашуканец ці вар’ят які. Зусім не падобны на чорта, якім яго малююць. (Кладзецца на лаўку.) Прылягу, пасплю да абеда, а там і да вечара недалёка.
Перад хатай зьяўляецца Сусед.
СУСЕД. Здароў, Яська! Чаго сьпіш зраніцы?
ЯСЬКА (прыўзьнімаецца). Якое там сьпіш, суседзе! Так, прылёг на хвілінку. (Сам сабе.) Што за нячыстая сіла яго прынесла?
СУСЕД. А дзе твая? У хаце?
ЯСЬКА. Паехала наведаць маіх бацькоў.
СУСЕД (уздыхае). Добра табе. Каб маю куды чорт выпер з хаты. (Азірнуўшыся.) Яська, хочаш выпіць?
ЯСЬКА (мужна). Не, суседзе, не хачу.
СУСЕД. Дзіўна. А маеш?
ЯСЬКА. І не маю.
СУСЕД. То хадзем у карчму.
ЯСЬКА. Не магу. Мушу сядзець на лаўцы зраніцы давечара.
СУСЕД. Навошта?
ЯСЬКА. Слова даў.
СУСЕД. Каму? Жонцы?
ЯСЬКА. Ды не, Д’яблу. Калі высяджу, ён адправіць мяне ў рай.
СУСЕД. А мне можна з табой?
ЯСЬКА. Сядай. (Паказвае на лаўку.)
СУСЕД (сьмяецца). Кінь, Яська, выдурняцца, хадзем вып’ем.
ЯСЬКА. Не, не пайду. У рай дужа хочацца.
СУСЕД. Дык ты не жартуеш? (Задумваецца.) Яська, хочаш, я дапамагу табе трапіць у рай?
ЯСЬКА. Як гэта?
СУСЕД. Вазлюбі бліжняга свайго: дай на гарэлку.
ЯСЬКА. А каб ты здох. Во, прыдумаў!
СУСЕД. Тады пазыч.
ЯСЬКА. Ты хоць аднаго разу мне вярнуў?
СУСЕД. Навошта? Ты ўсё роўна ў рай выбіраешся.
ЯСЬКА. Ня дам. Ідзі з Богам.
СУСЕД. Слухай, а Паўлінку ты як: з сабой забярэш, ці тут пакінеш?
ЯСЬКА. А табе што да маёй Паўлінкі? (Павагаўшыся.) Вядома, забяру.
СУСЕД (узрадавана). Значыцца, вашая хата нам застанецца! Сёньня ж, пакуль іншыя не даведаліся, перабярэмся з жонкай у новае жытло!
ЯСЬКА (зьбянтэжана). Пачакай, суседзе, пачакай! (сам сабе). Вось табе і маеш! Як жа так: у маёй хаце будзе раскашаваць гэты п’яніца і абібок? (Да суседа.) Я вас забяру з сабой, у рай.
СУСЕД. Э, не, нам твой рай ня сьвеціць і ня грэе. А вось хата ў цябе добрая, дагледжаная, ня тое, што мая развалюха. Пайду толькі пашукаю, ці няма там непатрэбных рэчаў, якіх можна пазбыцца. (Хоча зайсьці ў Яськаву хату.)
ЯСЬКА. Стой, злыдзень, ты куды?! (Ледзьве не ўстае з лаўкі, але спахопліваецца.) Вярніся, я нешта для цябе знайшоў! (Ліхаманкава шукае ў кішэнях грошы.)
СУСЕД (азіраецца). А?
ЯСЬКА (вымае ўсе грошы з кішэняў). Вось, вазьмі на гарэлку!
СУСЕД. Пазычаеш? (Бярэцца рукой за клямку дзьвярэй.)
ЯСЬКА (злосна). Так даю!
СУСЕД (падыходзіць да Яські і забірае грошы). Дзякуй, суседзе. Пайду, вып’ю за тваё здароўе. Каб ты хутчэй у рай трапіў.
ЯСЬКА (ціха). Каб ты захлынуўся гэтай гарэлкай!
Сусед сыходзіць.
ЯСЬКА. Дзякуй Богу, пайшоў. (Занепакоена.) Але што мне рабіць з хатаю, калі і праўда давядзецца ў рай выпраўляцца? Сваімі рукамі яе збудаваў, па бярвеньчыку, па дошчачцы. Столькі поту праліў, столькі сьлёз, часьцінку душы ў яе ўклаў! І раптам пакінуць яе гэтаму недарэку, які за год усё расьцягне і прап’е? Эх, каб можна было ўзяць хату з сабой, у рай! Як бы гэта ўгаварыць Д’ябла?
Перад хатай зьяўляецца Суседка.
СУСЕДКА. Дзень добры, Яська!
ЯСЬКА (непрыязна). Здароў, суседка! (Сам сабе.) Выпер-такі яе чорт з хаты.
СКСЕДКА. Чаму адзін сядзіш? Дзе Паўлінка?
ЯСЬКА. Выбралася ў госьці да маіх бацькоў.
СУСЕДКА. А цябе пакінула аднаго, без нагляду? Мой таксама некуды пацягнуўся. Мусіць, у карчму. (Падазрона.) Цябе не запрашаў з сабой?
ЯСЬКА. Можа й запрашаў.
СУСЕДКА. Чаму ж ты не пайшоў?
ЯСЬКА. Бо мушу сядзець на гэтай лаўцы да самага вечара. Слова даў.
СУСЕДКА (перапытвае). Каму?
ЯCЬКА. Д’яблу. Калі выседжу — ён мяне ў рай возьме.
СУСЕДКА. А калі ня высядзіш?
ЯСЬКА. Тады — у пекла.
СУСЕДКА. Як цікава! А можна і я з табой крыху пасяджу?
ЯСЬКА. Сядай.
Суседка сядае на лаўку побач зь Яськам. Нейкі час пануе маўчаньне. Потым Суседка пачынае неспакойна круціцца на лаўцы.
СУСЕДКА. Яська, а хадзем да мяне ў хату, вып’ем гарэлачкі ды закусіць чаго пашукаем. (Сарамліва апускае вочы.) Паўлінкі няма і мой ня хутка вернецца...
ЯСЬКА (зьдзіўлена).Ты што, суседка, блёкату аб’елася?
СУСЕДКА (падсоўваецца бліжэй). Ах, Яська, так сёньня горача, так горача!
ЯСЬКА. Чым ты слухаеш, га? Я ж сказаў табе: мушы сядзець на лаўцы з раньня да зьмярканьня. Я з Д’яблам аб заклад пабіўся.
СУСЕДКА. Я што? Я ж ня супраць (Сядзіць нейкі час спакойна, але неўзабаве зноў пачынае круціцца.) А, можа, да цябе на хвілінку зойдзем?
ЯСЬКА. Цьфу! дурніца. (Крычыць.) Нельга мне праз цэлы дзень уставаць з гэтай лаўкі! Зразумела?
СУСЕДКА (спалохана). Зразумела, зразумела, Ясечка. Толькі не крычы. Але ж горача... (Расшпільвае верхнія гузікі кашулі.)
ЯСЬКА (стараецца не глядзець у бок суседкі). І прынесла ж яе на маю галаву!
СУСЕДКА (падбірае вышэй спадніцу і падсоўваецца да Яські). Яська, а чаму сэрца чалавека б’ецца ціха-ціха, роўна-роўна, як раптам пачынае трапятаць і тахкаць, тахкаць...
ЯСЬКА. Чаго? (Паварочваецца да Суседкі.) Ты што, можа захварэла?
СУСЕДКА. Вось паслухай. (Бярэ Яськаву руку і прыціскае сабе да грудзей.) Чуеш? Нібыта хоча выскачыць з грудзей.
ЯСЬКА (спрабуе вызваліць руку). Ня чую.
СУСЕДКА. А так? (Прыціскае Яськаву руку мацней.)
ЯСЬКА (азіраецца). Зараз як вернецца твой мужык з карчмы, дык ты затрапечашся.
СУСЕДКА (сьмяецца). Ён ужо даўно набраўся як сьвіньня гразі і валяецца пад плотам. (Падсоўваецца да Яські зусім блізка.) Яська, ты што, мяне баішся?
ЯСЬКА. Чаго мне цябе баяцца? (Пакрыўджана.) Прыдумала яшчэ.
СУСЕДКА. І я цябе не баюся. (Абдымае Яську.) І так мне горача. (Цалуе Яську.) А сэрца тахкае. (Накідваецца на Яську.)
ЯСЬКА (супраціўляецца). Дзеўка, ты гэта што... а як жа Паўлінка... а твой мужык... я ж слова даў... нельга мне ўставаць з лавы.
СУСЕДКА. Не ўставай, Яська, не ўстввай. (Забіраецца на Яську.) Ня трэба парушаць слова.
ЯСЬКА (паддаецца). Але ж ты настырная...
Зьяўляецца падвыпіўшы Сусед, трымаючы ў кожнай руцэ па пляшцы гарэлкі.
СУСЕД (крычыць). Яська, вазьмі мяне з сабой у рай, я гарэлкі прынёс! (Прыглядаецца.) Вой, а што гэта за баба на цябе ўзьлезла?
Суседка, пачуўшы голас мужа, адразу пачынае вырывацца і лупіць Яську.
СУСЕДКА (крычыць). Ратуйце, гвалцяць! Адпусьці мяне, мярзотнік! Я табе ня дзеўка якая! Я сумленная кабета! Вось табе, вось табе! (Спрытна злазіць зь Яські, адбягае ад лаўкі і хаваецца за плечы мужа.) Што надумаў, жарабец! Пасярод белага дня, перад уласнай хатай! Людзі добрыя, якая ганьба!
СУСЕД. Жонка? (Спрабуе працьверазець.) Гэта ты сядзела на Яську? Нічога не разумею.
СУСЕДКА. Згвалціць мяне хацеў!
СУСЕД. Вось зьмей! А я яму гарэлкі прынёс.
ЯСЬКА (усхопліваецца з лаўкі). Брэша! Сама на мяне ўзьлезла!
СУСЕДКА. Хто табе, шылахвосту, паверыць? (Зьдзекліва.) Вось вернецца Паўлінка, дазнаецца пра тое, пагоніць цябе з хаты!
ЯСЬКА. Ах ты, сучка! (Кідаецца да Суседкі з кулакамі.)
СУСЕДКА (з-за плячэй мужа). Не баюся цябе, не баюся! (Да мужа.) А ну, дай яму, ды добра. Каб не чапаў чужога!
Яська спрабуе дастаць Суседку, тая не даецца і круціць Яську дулі. Спалоханы Сусед адно прыціскае да сябе пляшкі, каб толькі не пабіць.
Раптам усе заміраюць і прыслухоўваюцца. Чуваць бой гадзіньніка.
СУСЕДКА. Што гэта?
СУСЕД. Ня чуеш хіба? Гадзіньнік.
ЯСЬКА (спахапіўшыся). Лаўка, мая лаўка! (Кідаецца назад на лаўку.) Што цяпер будзе? (Сядае на лаўку, лаўка пад ім развальваецца.)
СУСЕД (прыслухоўваецца да бою гадзіньніка). Тры гадзіны. Час абедаць. Жонка, есьці давай!
СУСЕДКА (абурана). Тваю жонку ледзьве не згвалцілі, а табе толькі адно ў галаве: выпіць ды пад’есьці!
СУСЕД. Ужо не адно. Хадзем дамоў, там разьбярэмся. (Паказвае пляшкі.) Во, і гарэлачка ёсьць. (Шэптам.) За Яськавы грошы купіў, на дурня нарваўся.
СУСЕДКА. Ах ты, Юда, за дзьве пляшкі гарэлкі гатовы жонку прадаць!
СУСЕД. Э, сучка не захоча, кабель ня ўскочыць. Хадзем абедаць. (Цягне жонку дадому.)
ЯСЬКА (усьлед суседзям). Каб вам гэты абед колам у горле стаў! З-за вас я зноў не датрымаў слова!
Суседзі сыходзяць, Яська застаецца адзін над разваленай лаўкай.
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
ЗЬЯВА ЧАЦЬВЁРТАЯ
На слупе ад лаўкі сядзіць перад хатай маркотны Яська.
ЯСЬКА. Бедны я, гаротны я чалавек. Шчасьце само прыйшло мне ў рукі, а я яго не ўтрымаў. Чаму ўсё так наперакасяк выходзіць? Так усё па-дурному. Страціць рай з-за нейкай сабачай місы, з-за гнілой лаўкі. Лепш бы я павесіўся... Што я цяпер скажу Д’яблу?
Зьяўляецца Д’ябал. Моўчкі сядае на другі слуп ад лаўкі, вымае цыгарэты, закурвае і частуе Яську.
ЯСЬКА (не вытрымлівае маўчаньня). Чаго глядзіш?
Д`ЯБАЛ. Нічога ў нас не атрымалася, Яська. Відаць, і праўда вы, людзі, занадта слабыя і легкадумныя. Не можаце супрацьстаяць спакусе. І ні Бог, ні Д”ябал вам не дапамогуць.
ЯСЬКА. Каб жа я хоць ведаў, зь якога боку чакаць тую спакусу!
Д`ЯБАЛ. Чаму, калі зводзіш чалавека да згубы — усё атрымліваецца, а калі спрабуеш яго выратаваць — адразу няўдача? Няўжо дабро такое бездапаможнае перад злом? Няўжо, каб дасягнуць мэты, трэба абавязкова хітраваць і выкручвацца? Цяжка, аднак, даводзіцца Богу.
ЯСЬКА. А што калі Бог даў мне такіх суседзяў? Хіба побач зь імі можна ўтрымацца ад граху?
Д`ЯБАЛ. Што табе суседзі? Не яны, а ты кляўся датрымаць слова. Я ў цябе паверыў, а не ў іх. Цябе выбраў, каб выратаваць твой народ і ўсё чалавецтва. Няма чаго рабіць, хадзем у пекла. Там нашае мейсца.
ЯСЬКА (у адчаі). Не вінаваты я! Нейкі чорт мяне зьвёў!
Д`ЯБАЛ (з дакорам). Яська, які чорт? Што ты пляцеш? Маўчы лепш, калі вінаваты.
ЯСЬКА. Маўчу. (Нечакана.) Хочаш, буду маўчаць цэлы дзень, як вады ў рот набраўшы? Дай мне апошні шанец!
Д`ЯБАЛ. І слухаць не хачу! Зноў не вытрымаеш, як звычайна.
ЯСЬКА. Гэтым разам не падвяду, датрымаю слова.
Д`ЯБАЛ. Будзеш маўчаць праз цэлы дзень? Не скажаш ані слова? (Задумваецца.) Ды ты запішчыш праз гадзіну!
ЯСЬКА. Вось пабачыш, буду маўчаць, хоць бы канец сьвету здарыўся. А не вытрымаю — сам, па сваёй волі пайду ў пекла.
Д`ЯБАЛ (павагаўшыся). Згода. Толькі не наракай больш ні на Адама зь Евай, ні на суседзяў, ні на Бога з Д”яблам. Ад цябе самога ўсё залежыць, памятай гэта. Што маўчыш?
Яська паказвае на мігах, што ён ужо не размаўляе.
Д`ЯБАЛ. Вось і маўчы. І што б вакол цябе ні адбывалася — нават ні пікні. Бо гэта — твая апошняя магчымасьць. Адам аднойчы саграшыў і ўсё жыцьцё пакутваў. Ты — ужо двойчы. Трэці раз я табе не дарую.
Д’ябал сыходзіць. Яська з важным выглядам сядзіць на слупе ад лаўкі. Праз нейкі час перад хатай зьяўляецца Незнаёмы.
НЕЗНАЁМЫ. Здароў, братка! Чаго сядзіш у такі дзень каля хаты? Дзе твая годнасьць, тваё сумленьне?
Яська паказвае на мігах, каб яго пакінулі ў спакоі.
НЕЗНАЁМЫ (шэптам). Хіба ты ня чуў, што сёньня зьбіраецца вялікі сход?
Яська адмоўна круіць галавой.
НЕЗНАЁМЫ. Божа, што за народ! Неба плача горкімі сьлязамі, зямля стогне ад гора, а яны капошацца ціхенька ў сваім балоце, як чэрві, прыдаўленыя каменем. Слухаць ня хочуць, гаварыць ня ўмеюць, нават якую маюць сілу, дык і тую баяцца выказаць. Жывуць нібыта ў нейкім страшным, зачараваным сьне. (Да Яські.) Склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэты схрод зьявіцца. (Таямніча азіраецца.) Будзем праклятага Цмока выганяць. Разумееш, пра што я гавару?
Яська зьбянтэжана паціскае плячыма.
НЕЗНАЁМЫ. Таго самага Цмока, з-за якога на нашай зямлі завяліся ўсе беды і няшчасьці Таго самага Ваўкалака, які навёў на наш край зграі чужынцаў. Успомні, колькі чароўных песень і казак сьпявала над тваёй калыскай маці, а што зь іх сёньня засталося? Асьмяялі, аплявалі іх нязваныя госьці, мучыцелі нашы. Але выбіла такая гадзіна, калі далей ня можам трываць над сабой зьдзек. Уставай, скажы сваё слова, братка! На сход, на вялікі сход!
Яська спалохана ўціскае галаву ў плечы.
НЕЗНАЁМЫ. Ты што, ня чуеш мяне? Можа, ты глухі?
Яська адмоўна круціць галавой.
НЕЗНАЁМЫ. А чаго маўчыш? Нямы?
Яська адмоўна круціць галавой.
НЕЗНАЁМЫ (пагардліва). Ага, зразумела. Такі самы, як і ўсе: баязлівы. Чакаеш, пакуль доля сама прыйдзе да цябе ў хату і папросіцца, каб ты толькі адчыніў дзьверы. Спадзяешся, што нехта іншы аддасьць сваё жыцьцё за тваю свабоду. Але так не бывае на сьвеце, братка. Нельга сядзець моўчкі і чакаць раю, за шчасьце трэба змагацца! (Трасе Яську за плечы.) Устань, скажы сваё слова, зрабі свой учынак! Колькі можна спаць! (Адпускае Яську.) Э-эх, што за людзі! Хіба з такімі выратуеш Бацькаўшчыну? (Адыходзіць, але неўзабаве вяртаецца і працягвае Яську кнігу.) Вазьмі вось, прачытай. Тут усё напісана. Можа, нарэшце зразумееш што да чаго.
Незнаёмы сыходзіць. Яська застаецца адзін, баязліва глядзіць на кнігу, якую трымае ў руках як мага далей ад сябе.
Перад хатай зьяўляюцца два вайскоўцы.
1-ы ВАЙСКОВЕЦ (заўважае Яську). Глядзі, можа гэта ён?
2-і ВАЙСКОВЕЦ (разглядае Яську). Непадобны. Нейкі дурнаваты з выгляду.
1-ы ВАЙСКОВЕЦ. Але ў руках у яго — кніга.
2-і ВАЙСКОВЕЦ. Значыцца, ён. Бі гада!
Вайскоўцы вырываюць у Яські з рук кнігу і пачынаюць яго жорстка, прафесійна зьбіваць.
1-ы ВАЙСКОВЕЦ. Папаўся, сволач!
2-і ВАЙСКОВЕЦ. Мы табе пакажам, як забароненыя кніжкі чытаць! (Кідае кнігу сабе пад ногі.)
1-ы ВАЙСКОВЕЦ. Разумнейшым за ўсіх хочаш быць! Быдлам нас лічыш!
Яська маўчыць, спрабуе на мігах нешта растлумачыць, паказвае рукой у той бок, куды падаўся Незнаёмы. Але ягоныя спробы яшчэ больш раз’юшваюць вайскоўцаў.
2-і ВАЙСКОВЕЦ. Нямым прыкідваецца.
1-ы ВАЙСКОВЕЦ. Зьдзекуецца з нас.
2-і ВАЙСКОВЕЦ. Мы ведаем, хто народ баламуціць!
1-ы ВАЙСКОВЕЦ. Прызнавайся, дзе адбудзецца вашае зборышча, бунтаўшчык!
2-і ВАЙСКОВЕЦ. Заб’ем на сьмерць, калі не скажаш праўды!
ЯСЬКА (не вытрымлівае). Я — Яська! Я не бунтаўшчык! Пусьціце мяне, я нічога не зрабіў!
Яська спрабуе вырвацца, але адзін з вайскоўцаў надзейна трымае Яську, а другі ў гэты час б’е. Зьяўляецца Д’ябал у накінутым на плечы камандзірскім фрэнчы.
Д`ЯБАЛ (уладна). Адставіць! Адпусьціце яго. Гэта ня той чалавек, якога мы шукаем.
1-ы ВАЙСКОВЕЦ (адпускае Яську). Як ня той? А кніга?
2-і ВАЙСКОВЕЦ (падбірае кнігу і падае Д’яблу). Вось.
Д`ЯБАЛ. Гэта не ягоная кніга. (Працірае кнігу ад пылу.) Той, каго мы шукаем, падаўся туды. (Паказвае рукой.) Чаго стаіцё? Выконвайце загад.
Вайскоўцы бягуць туды, куды паказаў Д’ябал.
Д`ЯБАЛ. Дык ты, Яська, забароненыя кнігі чытаеш? (Разгортвае кнігу на першай старонцы і чытае ўслых.) «Напачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля ж была бязьвідная і пустая, і цемрадзь над безданьню, і Дух Божы насіўся над водамі. І сказаў Бог: няхай будзе сьвятло. І сталася сьвятло». (Загортвае кнігу.)
ЯСЬКА (калоціцца). За што? Я не вінаваты. Я — Яська. Я нічога не зрабіў. (Плача.)
Д`ЯБАЛ. Хадзем, Яська.
Сыходзяць.
ЗЬЯВА ПЯТАЯ
Старая карчма з чорнымі закопчанымі сьценамі, з бруднымі драўлянымі сталамі і лаўкамі.
За адным сталом сядзіць Д’ябал і п’е гарэлку. Побач зь ім прымасьціўся Яська, паклаўшы галаву на стол.
За суседнім сталом дзьве распусьніцы гуляюць у карты, кідаючы прагныя позіркі ў бок Яські і Д’ябла.Збоку, за стойкай Карчмар працірае брудным фартухом чаркі і келіхі.
Нечакана Яська падхопліваецца і пачынае крычаць.
ЯСЬКА. Я не чытаў! Я нічога ня ведаю! Я не бунтаўшчык!
Д`ЯБАЛ (ловіць Яську за руку). Не крычы. Ты не на судзе.
ЯСЬКА. Дзе? (Азіраецца.) У пекле?
Д`ЯБАЛ. Амаль што. (Налівае Яську гарэлкі.) Бяры.
ЯСЬКА (баязьліва паглядае на чарку з гарэлкай і адсоўваецца.) Дзякуй, я ня п’ю.
Распусьніцы за суседнім сталом пырскаюць ад сьмеху.
1-я РАСПУСЬНІЦА (шэптам). Чула: не п’е чалавек. Можа, сьвяты?
2-я РАСПУСЬНІЦА (шэптам). Які сьвяты! Хворы. (Уголас.) А вось мы б не адмовіліся, калі б нас хто пачаставаў.
Д`ЯБАЛ (да Карчмара). Карчмар, гарэлкі для дзяўчат. (Да Яські.) Зусім ня п”еш?
ЯСЬКА (нясьмела). Можа, квасу.
1-я РАСПУСЬНІЦА (шэптам). Чула: папрасіў квасу.
2-я РАСПУСЬНІЦА (шэптам). Добра, што не сьвянцонай вады. Я ж казала: хворы. (Уголас.) А дзе наш пачастнуак?
Карчмар не сьпяшаецца несьці гарэлку, нібыта чагосьці чакае.
Д`ЯБАЛ (да Карчмара). Ты што, ня чуеш? Пляшку для паненак!
КАРЧМАР (хмыкае). Знайшліся мне паненкі. Пан яшчэ не заплаціў мне за тое, што выпіў.
Д’ябал моўчкі вымае з унутранай кішэні пінжака тоўсты пачак грошай і, выцягнуўшы адну купюру, кладзе яе на стол. Карчмар выходзіць з-за стойкі, падыходзіць да стала і, пабачыўшы вартасьць купюры і таўшчыню пачка, мяняецца з твару.
КАРЧМАР (лісьліва). Выбачайце, пане. Увогуле, у нашай карчме можна ўсё браць напавер. (Забірае грошы.) Значыцца, гарэлкі для дзяўчат і... квасу для панскага сябра?
Д`ЯБАЛ. Ня трэба квасу. Ён жартуе.
КАРЧМАР. То замест квасу яшчэ адну пляшку гарэлкі?
Карчмар бяжыць па гарэлку.
Д`ЯБАЛ. Пі, Яська, не дурыся. У пекле табе не наліюць.
ЯСЬКА (уздыхае). Э-эх! (Бярэ ў рукі чарку.)
Д’ябал з Яськам п’юць гарэлку. Карчмар прыносіць пляшку гарэлкі для распусьніц і пляшку — для Д’ябла з Яськам.
КАРЧМАР (да распусьніц шэптам). Бачылі, колькі ў яго грошай? То чаго седзіцё, як манашкі на імшы? (Вяртаецца за стойку.)
ЯСЬКА (да Д’ябла). Але ж ты і набраўся!
Д`ЯБАЛ (усьміхаецца). Зусім як чалавек, праўда?
ЯСЬКА. Як сьвіньня, прашу прабачэньня.
Д`ЯБАЛ. Ах, Яська! Д”ябал, чалавек, сьвіньня... Невялікая паміж намі розьніца. Мы маглі з табой трапіць у рай, а выбіраемся ў пекла. Дык што цяпер удаваць анёлаў?
ЯСЬКА. Паглядзеў бы я, як бы ты маўчаў, калі б цябе так зьбівалі.
Д`ЯБАЛ. Бедны Яська! Як мала трэба, каб ты адмовіўся ад вечнага шчасьця: даць табе раз-другі ў морду. А калі б трэба было ахвяраваць жыцьцём?
Падыходзяць распусьніцы і пачынаюць заляцацца да Яські і Д’ябла.
1-я РАСПУСЬНІЦА. Чаго, хлопцы, сумныя такія?
2-я РАСПУСЬНІЦА. Можа, разам нам было б весялей?
Д`ЯБАЛ. Сядайце, дзяўчаткі. Мы акурат тыя, хто вам патрэбны.
Д’ябал усаджвае 1-у распусьніцу сабе на калені і налівае ўсім гарэлкі. 2-я распусьніца хоча сесьці на калені да Яські, але той адсоўваецца.
ЯСЬКА. Адчапіся, у мяне і без цябе грахоў хапае.
2-я РАСПУСЬНІЦА (пакрыўджана). Фу, які нявыхаваны. (Падыходзіць да Д’ябла і сядае яму на другое калена.)
1-я РАСПУСЬНІЦА (з усьмешкай). Сьвяты.
2-я РАСПУСЬНІЦА (злосна). Хворы!
Д`ЯБАЛ. Забудзься пра ўсё, Яська! Гуляй, пакуль яшчэ ёсьць час. Давай вып”ем!
ЯСЬКА (змрочна). Не хачу.
Усе, акрамя Яські, выпіваюць. Д’ябал цалуецца з распусьніцамі, шэпча ім на вуха брыдкія словы, мацае за найбольш далікатныя месцы. Усе, акрамя Яські, рагочуць.
ЯСЬКА (не вытрымлівае). Цьфу! Брыдка на вас глядзець. Канец сьвету! Што мы тут робім? Чаму сядзім у гэтай бруднай карчме? Не справіўся , горшы я за Адама! Дык бяры мяне і цягні ў пекла. (Стомлена.) А не — адпусьці дамоў.
Д`ЯБАЛ. А, можа, даць табе яшчэ шанец? Як? Не падвядзеш? (Сьмяецца.)
ЯСЬКА. Пайшоў ты... да д’ябла.
Д`ЯБАЛ. Баішся, баішся! (Нечакана цьвяроза.) Бо ўжо ведаеш, што і гэтым разам ня вытрымаеш. (Нахіляецца да Яські.) І ніхто, Яська, ня вытрымае. Чалавек слабы, занадта слабы. Таму няма для нас раю: ні для цябе, ні для мяне. Дзьверы зачыніліся назаўсёды. (Шэптам.) А, можа, няма і пекла, толькі гэтая карчма? Можа, няма нам куды адсюль ісьці? (Рагоча, як вар”ят.) Няма Бога і няма мяне! Толькі ты, Яська, ёсьць, толькі ты... (Казыча распусьніц, тыя заходзяцца ад сьмеху.)
ЯСЬКА. Ты ўжо лыка ня вяжаш. (Азіраецца.) Што я буду з табой рабіць?
Д`ЯБАЛ. Гуляй, Яська! Пі гарэлку, забаўляйся зь дзеўкамі. Я фунджу! Гэй, карчмар, яшчэ гарэлкі! (Абдымаецца з распусьніцамі, задзірае ім спадніцы.)
Падбягае Карчмар з новымі пляшкамі гарэлкі, але бачыць, што Д’ябал ужо зусім п’яны.
КАРЧМАР. А, можа, шаноўныя госьці жадаюць адпачыць? Маем надзвычай утульныя пакойчыкі. Дзяўчаты ахвотна вас правядуць і пакажуць усе выгоды.
1-я РАСПУСЬНІЦА. І ў ложак пакладзем!
2-я РАСПУСЬНІЦА. І распранем!
1-я РАСПУСЬНІЦА (натхнёна). Зробім, што толькі пажадаеце!
2-я РАСПУСЬНІЦА (злосна). Казачку на ноч распавядзем.
Д`ЯБАЛ (падміргвае). Што скажаш, Яська? Выбірай, табе каторую?
ЯСЬКА. Я да Паўлінкі хачу. (Адварочваецца.)
Д`ЯБАЛ. То я вазьму абедзьвюх! Хадземце, мае салодкія!
1-я РАСПУСЬНІЦА. А пан з намі ўправіцца?
2-я РАСПУСЬНІЦА. Абы заплаціў.
Д’ябал з распусьніцамі ўстаюць з-за стала.
ЯСЬКА. А мне што рабіць? Не баішся, што я ўцяку?
Д`ЯБАЛ. Куды, Яська? Ад сябе не ўцячэш.
Д’ябал у абдымку з распусьніцамі выходзіць з пакою. Карчмар сядае да Яські за стол.
ЯСЬКА (сам сабе). Вось паскуднік! А я было паверыў, што ён і праўда стаміўся, у рай захацеў... Каму паверыў, гэтаму жлукце?
КАРЧМАР. Бачу, Яська, ты ня вельмі любіш свайго сябра. Даўно ты яго ведаеш?
ЯСЬКА. Які ён мне сябра! Лепш бы я яго зусім ня ведаў.
КАРЧМАР. А што ён за чалавек? Адкуль у яго столькі грошай?
ЯСЬКА. Што табе да ягоных грошай? Смачны жабе арэх, ды зубоў Бог ня даў. Д’ябал ён, а не чалавек.
КАРЧМАР. Нам з табой, Яська, за ўсё жыцьцё столькі не зарабіць. (Нахіляецца да Яські.) Можа, гэта наш адзіны шанец у жыцьці?
ЯСЬКА (устрывожана). Які да халеры шанец? Ты што пляцеш, карчмар? Ты да чаго мяне намаўляеш? Украсьці ў яго грошы?
КАРЧМАР. Не ўкрасьці, не! Барані Божа! (Шэптам.) Забіць. А грошы пасьля з табой падзелім.
ЯСЬКА. Забіць? Яго? (Сьмяецца.) Але ж ты і прыдумаў!
КАРЧМАР (заклапочана). Украсьці я мог бы і сам. Але раніцай ён прачнецца, і што тады? Не, яго трэба забіць. А я стары, ня дам рады.
ЯСЬКА. Ты што, гідкі сьлімак, ня чуў: гэта не чалавек, а д’ябал.
КАРЧМАР. Ня бойся, Яська, ён добра напіўся і будзе спаць як пшаніцу прадаўшы.
ЯСЬКА. Сапраўдны д’ябал! Зь пекла! Зразумеў? (Налівае ў чарку гарэлкі і куляе ў рот.)
КАРЧМАР (недаверліва). Сапраўдны д’ябал? Там? П’яны як зямля і зь дзьвюма дзеўкамі ў ложку? (Сьмяецца.) Яська, ты больш ня пі.
ЯСЬКА. Ня верыш мне? А ў рай верыш? Я там быў.
КАРЧМАР. Што ж ты там рабіў?
ЯСЬКА. Што рабіў?.. Піў... закусваў... музыка грала...
КАРЧМАР (расчаравана). Э, хлопча, гэткі рай ў маёй карчме кожнага вечара.
ЯСЬКА. Ня верыш мне! Як хочаш. Можа, я таксама ўжо сабе ня веру. Але там — д’ябал. (Адварочваецца.)
КАРЧМАР (сам сабе). Во набраў у галаву. Ці не крануўся ён з розуму? (Падумаўшы.) Д’ябал не д’ябал, а грошы ў яго не фальшывыя, я праверыў. (Да Яські.) Хлопча, ты мяне пераканаў. Там — д’ябал.
ЯСЬКА (абыякава). Дык што?
КАРЧМАР (урачыста). Мы павінны яго забіць.
ЯСЬКА (ашалела). Д’ябла? (Паварочваецца да Карчмара.) З глузду зьехаў, стары? Хіба яго можна забіць?
КАРЧМАР (упэўнена). Можна, Яська, можна! Там, у пекле, калі ён ва ўсёй сваёй сіле ды пры розуме — немагчыма. А тут, на зямлі, калі ён у абліччы чалавека, п’яны ды сонны — можна. (Вымае з-пад палы нож.) Вось гэтым нажом.
ЯСЬКА (глядзіць на нож). Узяць і забіць д’ябла. Вось гэтым нажом. І што тады?
КАРЧМАР (пераканана). І тады — рай. Рай на зямлі. Бо ўсё зло ад д’ябла. Ад яго ўсе нашыя беды і няшчасьці.
ЯСЬКА. Як проста! Рай на зямлі.
КАРЧМАР. І, заўваж, ніякага злачынства! Ніякага граху, Яська! Хіба гэта грэх — забіць нячыстага? Твой хрысьціянскі абавязак!
Яська, як зачараваны, глядзіць на нож. У пакой вяртаюцца распусьніцы.
КАРЧМАР. Ну як, дзяўчаткі? (Сквапна.) Ці шмат зарабілі?
2-я РАСПУСЬНІЦА. Не чалавек, а д’ябал. Ніколі больш не лягу зь ім у ложак, нават за такія грошы.
1-я РАСПУСЬНІЦА. Ах, я а дык, здаецца, вярнула б яму грошы, каб толькі яшчэ раз паспытаць такога шчасьця.
2-я РАСПУСЬНІЦА. Пашкадуй сваю задніцу, дурніца!
1-я РАСПУСЬНІЦА. Ты пра сваю клапаціся. Ёй даўно ўжо пара на печы грэцца.
2-я РАСПУСЬНІЦА. Ах ты, курва! (Б’е сяброўку па твары.) Смаркачка!
1-я РАСПУСЬНІЦА. Ад курвы чую! (Спрытна дае здачы.) Порхаўка старая!
Карчмар кідаецца разьнімаць дзевак.
КАРЧМАР. Годзе ўжо! Каму я казаў: не біцца ў карчме? Хочаце апынуцца на вуліцы?
1-я РАСПУСЬНІЦА (пакрыўджана). А чаго яна? Смаркачкай мяне назвала...
2-я РАСПУСЬНІЦА (усхліпвае). На печ мяне адпраўляе... Хто яе рамяству вучыў?
КАРЧМАР. Атрымалі сваё — і дадому. (Бярэ са стала пляшку гарэлкі і аддае дзеўкам.) Вось вам, каб хутчэй памірыліся.
Карчмар выправаджвае дзевак з карчмы і вяртаецца да Яські.
ЯСЬКА (разгублена). Жлукціць гарэлку, сьпіць з бабамі... Можа, ён і праўда ніякі не д’ябал? Можа, ашуканец які?
КАРЧМАР (пераконвае). Д’ябал, Яська, д’ябал. Не сумнявайся! Чуў, што сказала дзеўка? А яна столькі іх бачыла на сваім вяку, што ёй можна даць веры. Трэба яго забіць! Мусіш хоць раз у жыцьці адважыцца на геройскі ўчынак. (Падсоўвае Яську нож.) Бяры нож!
ЯСЬКА (бярэ нож у руку). І тады — рай? Рай на зямлі? (Узьнімаецца з-за стала.)
КАРЧМАР. Рай, рай... Хадзем, я пакажу дзе... (Мітусіцца каля Яські.) Пасьля гарэлкі і дзевак ён, мусіць, сьпіць як забіты. Ага, як забіты. А грошы, калі ты ня хочаш іх браць, не бяры. Ты ж не дзеля грошай, праўда?
ЯСЬКА (згадвае словы Д’ябла). Мы ўсё перайначым! Мы перапішам нанава гісторыю чалавецтва! (Сьціскае ў руцэ нож.)
Яська ў суправаджэньні Карчмара пакідае пакой. Неўзабаве Карчмар вяртаецца.
КАРЧМАР. Як я яго абкруціў?! Няхай думае, што забіў самога д’ябла. А мне застануцца грошы. (Прыслухоўваецца.) Толькі б не збаяўся ў апошнюю хвіліну.
Чуваць адчайны чалавечы крык, гучна стукаюць дзьверы. Зьяўляецца Яська з акрываўленым нажом у руцэ.
ЯСЬКА (дрыжачым голасам). Крычаў... зусім як чалавек. І кроў такая чырвоная, цёплая... Карчмар, а калі гэта... не д’ябал?
КАРЧМАР. Д’ябал, д’ябал! Зараз трэба схаваць у склепе цела. Хадзем, дапаможаш мне.
Карчмар выходзіць з пакоя, але Яська застаецца стаяць.
ЯСЬКА. Божа, што я нарабіў? Каго я забіў, Божа?
Вяртаецца разгублены Карчмар.
КАРЧМАР. Яська, грошай няма. І цела няма таксама... Што за жарты, Яська?
Чуваць ціхі іранічны сьмех. Карчмар зьдзіўлена азіраецца. Яська заціскае вушы рукамі і падае на калені.
ЗЬЯВА ШОСТАЯ
Глухая мураваная сьцяна, без аніякага сьледу намаляваных крэйдай дзьвярэй. На вышыні трох-чатырох метраў ад зямлі са сьцяны тырчыць жалезная бэлька, зь яе зьвісае вяровачная пятля. Пад самай пятлёй сядзіць на зэдліку Яська з акрываўленым нажом у руцэ.
ЯСЬКА (ачуняўшы). Дзе я зноў? (Азіраецца.) Сьцяна, зэдлік, пятля. Ах так, я зьбіраўся павесіцца... Але зьявіўся Д’ябал і мне перашкодзіў. (Заўважае нож у руцэ.) І я забіў яго! (Адкідае нож.) Але навошта?.. Дзе райскі сад з чароўным абрусам? Дзе блакітнае неба, смарагдавая трава, крыштальная вада? Нічога няма. Зноў гэтая ненавісная сьцяна... Навошта?
Яська ўзлазіць на зэдлік і прасоўвае галаву ў пятлю. З-за вугла выходзіць Д’ябал. Ён апрануты ў летні белы гарнітур, на нагах — белыя чаравікі, на галаве — белы капялюш. У адной руцэ ён трымае валізку, у другой — парасон ад сонца. Д’ябал нагадвае чалавека, які выбіраецца адпачываць на паўднёвы курорт.
Д`ЯБАЛ. Прывітаньне, Яська. Не пазнаеш?
ЯСЬКА (прыглядаецца). Ты? Ты што... уваскрэс?
Д`ЯБАЛ. Падобна на тое. А ты як маешся? Зноў надумаў вешацца? А шкада. Шкада, што ты ня выкарыстаў сваю апошнюю магчымасьць.
ЯСЬКА (перасьмяглымі вуснамі). Якую магчымасьць?
Д`ЯБАЛ. Там, у карчме. Няўжо ты нічога не зразумеў? Добра, ня буду табе перашкаджаць.
Д’ябал падыходзіць да сьцяны. Дзьверы перад ім самі адчыняюцца, з праёма ліецца яркае сьвятло. Д’ябал перастаўляе нагу за парог.
Д`ЯБАЛ (азірнуўшыся). Бывай, Яська.
ЯСЬКА. Стой, ты куды? (Вымае галаву зь пятлі.)
Д`ЯБАЛ. Як куды? У рай. Душа нявінна забітага...
ЯСЬКА (саскоквае з зэдліка). А як жа я?
Д`ЯБАЛ. Ты? Ты мне больш не патрэбны. І я вам таксама. Навошта вам Д”ябал, калі вы ў Бога ня верыце?
Д’ябал уваходзіць і шчыльна зачыняе за сабой дзьверы.
ЯСЬКА. Пачакай! Вазьмі мяне з сабой! (Кідаецца да сьцяны, спрабуе знайсьці і адчыніць дзьверы, але безвынікова.) Я ўсё зразумеў! Дай мне яшчэ адзін шанец! (Разганяецца і б’е плячом у сьцяну там, дзе толькі што былі дзьверы.) Я моцны! Я змагу! Я вытрымаю! Вярніся, прашу цябе! (Зноў разганяецца і б’е плячом у сьцяну.) Адчыні дзьверы! Я не хачу тут заставацца!
Зьяўляецца ўстрывожная Паўлінка.
ПАЎЛІНКА. Ясечка! Міленькі мой, што ты робіш? (Кідаецца да Яські.) Чаго ты крычаў? Табе дрэнна? Што здарылася?
ЯСЬКА (б’е кулакамі ў сьцяну). Ён падмануў мяне! Ня ўзяў з сабой! Зачыніў дзьверы!
ПАЎЛІНКА. Хто падмануў? Якія дзьверы? (Абдымае Яську.) Хто цябе пакрыўдзіў, родненькі?
ЯСЬКА. Тут, у сьцяне, былі дзьверы. (Усхліпвае.) Памятаеш?
ПАЎЛІНКА. Не было тут ніколі дзьвярэй.
ЯСЬКА. Намаляваныя крэйдай.
ПАЎЛІНКА. Дзеці гулялі — намалявалі. А потым дождж змыў. Не бяры да галавы. Ты сёньня шмат працаваў, стаміўся, есьці, напэўна, хочаш. Я прыгатавала смачную вячэру. Сяджу, чакаю, а цябе ўсё няма і няма. Пайду, думаю, пагляджу, дзе мой Яська падзеўся. (Цалуе Яську.) Хадзем дадому, любы. Хадзем, мой каханы.
ЯСЬКА (з надзеяй). Так, я сьаміўся. Я вельмі стаміўся. Адвядзі мяне дадому, Паўлінка.
Паўлінка бярэ Яську за руку і вядзе дахаты.
Крокі людзей сьціхаюць. Усталёўваецца абсалютная цішыня, западае поўная цемра.
ІУ самае апошняе імгненьне чуваць ціхае рыпеньне, дзьверы ў сьцяне прыадчыняюцца і скрозь шчыліну прасочваецца тонкі праменьчык сьвятла.
З А С Л О Н А
|