БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 7

Ёкай Мор

СЫНЫ ЧАЛАВЕКА З КАМЕННЫМ СЭРЦАМ
УРЫВАК З РАМАНУ

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Шэсьцьдзесят хвілін!

Яго мосьць дапяў акурат сярэдзіны тосту... Няктарная шума шампаны бруілася праз край келіха па пульхных пальцах... Уступная фраза выпусьціла з плуцаў [1] прамоўцы траха ня ўсё паветра, выпрабаваўшы на трываласьць яго шыйныя цягліцы... Ад шляхетнай натугі кроў кінулася яму ў твар. Шыкоўнае спадарства застыгнула ў прагным чаканьні тае хвілі, калі ракетападобны тост выбухне нарэшце заключным агнямётам; госьці ветла трымалі ў выцягнутых руках танканогія келіхі, а цэлая армія гайдукоў-лёкаяў сьпяшалася напоўніць іх да краёў віном... Кіраўнік егіпецкага аркестра, які разьмесьціўся ў глыбіні залі, падняў сваю тактоўку ў паветра, каб у момант, калі скончыцца тост, з новай навальнасьцю абрынуць на гасьцей туш, які павінен быў зьліцца са звонам келіхаў... Як раптам у залю бясшумнымі крокамі ўвайшоў хатні лекар і шапнуў колькі словаў на вуха пані, якая сядзела ў галаве стала, пасьля чаго тая нябаўна паднялася са свайго мейсца і, папрасіўшы ледзь прыкметным споківам галавы прабачэньня ў тых, хто сядзеў поруч зь ёй, выдалілася з залі.

Адылі тост, як выпушчаная граната, сьпяшаўся дапяць свае выбуховае кропкі, не ўважаючы на тое, што адбывалася.

— ...дык хай жа гэты буйвасны муж, гэты Атлянт, які трымае на сваіх плячах бярэмя краіны, гэты наўзор ісьцівага патрыятызму, гэты чалавек, варты праслаўленьня на доўгія-доўгія гады, найпершы й найгалоўнейшы павадыр нашага стану адзінадумцаў, які мкне цяпер да поўнае перамогі, наш апякун, наш паль [2] , наш зьзяючы мігак [3] , той, якога цяперака тут няма, — дык хай жа ён жыве з божае ласкі безьліч гадоў!

Апошнія словы патанулі ў звоне келіхаў, у крыках «жыве!» і ў склочных згуках аркестра. Госьці з голсам адсоўвалі стаўцы, у знак найвышняга захапленьня разьбівалі аб сьцены келіхі, абдымаліся, захлібваючыся ў моры сьлёзаў, над якім, здавалася, шугалі бліскавіцы і грукаталі пяруны.

— Жыве! Жыве тысячу год!

— Жыве найласкавы і найшаноўны, высакародны, зацны і харобны пан Казімір Барадлай, пашанотны і запраўдны рытар Залатога ключа і вастрогаў [4], валадар шматлікіх земляў, весяў і местаў, уладальнік сэрцаў і розумаў, галава «Хаўрусу наймагутнейшых», які сем разоў выбіраўся яго старшынём, ісьцівы мадзярскі Далай-Лама.

І ўсе гэтыя паважаныя і найшаноўныя, найласкавыя і дабрародныя спадары, якія наўседзь сядзяць за трайным радам сталоў у доўгай кляйнодавай залі, нераўнуючы як залатыя матылькі пырхаюць у промнях яго славы. На цяперашні ўрачысты сход яны зьехаліся з самых далёкіх камітатаў [5] краіны, каб у ходзе мудра праведзенае рады выпрацаваць чыстую як золата праграму, якой было наканавана вызначыць на доўгія вякі лёс дзяржаваў і народаў, а таксама задачы наступных пакаленьняў.

Завяршэньнем гэтае пасьпяхова праведзенае рады і было сяньняйшае банкетаваньне, дзеля якога пан Барадлай любасна выдзеліў слаўным і шанаблівым паплечнікам свой дыхтоўны замак. Але вой! Галоўны вінаваўца гасьцьбы ня мог быць прытым.

За званым сталом замест яго вяла рэй сужонка.

Адылі на радзе яго самасьць намесьціў адміністратар.

Той, хто загляне ў нямецкі «Konversationslexikon», знойдзе супраць слова «адміністратар» тлумачэньне, што гэта — рахманая духоўная асоба, якая адпраўляе малітвы, прамаўляе жалобныя казані і робіць спалуку [6] . Паводле ж мадзярскага «Лексыкону» гэтае слова мае ў сабе паняцьце ўплывовае асобы, якая наводзіць жах на сваіх падуладных, мэрам той казачны вірутнік-пан, які выпраўляў непакорных слугаў карчаваць ляды і крышыць скалы.

Гэты вось адміністратар зваўся Бэнцэ Рыдэгвары.

У канцы тосту госьці, падняўшы келіхі ў бок таго мейсца, дзе кагадзе сядзела гаспадыня дому, заўважылі яе адсутнасьць.

Лёкай, які стаяў за пустым крэслам, паведаміў спадарству, што прыходзіў лекар і шапнуў колькі словаў імцьпані, пасьля чаго яна зыйшла. Напэўна яго сьветласьць паклікаў самую да сябе.

Найчульлівыя з гасьцей задаваліся пытаньнем: што здарылася зь яго вялікасьцю? Тады пан адміністратар, які займаў мейсца праваруч ад пустога крэсла гаспадароў, пасьпяшаўся супакоіць усё спадарства — дакладней тых, хто мог яго пачуць за доўгім сталом; ён патлумачыў, што Барадлай паддаўся звычайнаму нападу свае хваробы.

Больш дасьведчаныя госьці напаўголас паведамілі сваім менш асьведчаным суседзям усім ужо даўно вядомы сакрэт: Казімір Барадлай ужо не адзін дзесятак гадоў пакутваў на сардэчнае захворваньне, напады якога часта чынілі яму жорсткія пакуты, што аднак, трэ спадзявацца, не зашкодзіць яму пражыць не адну дзесяціну гадоў, натуральна пры нармальным ладзе жыцьця.

Найшаноўны пан адміністратар зараз жа прыгадаў показку, дзе распавядалася, што нейкі лекар-ангелец, які пакутваў ад гэтакае ж сардэчнае немачы, прадказаў за шмат гадоў наперад дзень свае сьмерці. Калі гэты аповяд, пераходзячы з вуснаў у вусны, дапяў краю стала, ён ужо зьмяшаўся з гісторыямі пра Дзюры Ёжа [7] ...

Ды не! Дастаслаўны пан мае ўсяго толькі звычайную нямогласьць, і Пан Бог спашле яму яшчэ доўгія і доўгія гады жыцьця.

А тым часам хатні лекар прашаптаў на вуха гаспадыні наступныя словы: — Яму засталося жыць шэсьцьдзесят хвілін!

Ці спалатнела графіня Барадлай, пачуўшы гэтыя словы? Зрэшты, хіба можна быць больш блядой, чымсь яна была заўсёды?! Але ніхто пра гэта і не падумаў.

Пераступіўшы парог суседняе залі, яна схапіла руку лекара і запытала:

— Гэта праўда?

Лекар са строгім выразам твару толькі кіўнуў у адказ.

Калі за ім зачыніліся дзьверы яшчэ адной істобы [8] , ён паўтарыў раней сказанае.

— Яму засталося жыць толькі шэсьцьдзесят хвілін. Ён жадае бачыць Вашу вялікасьць. Усіх астатніх ён ужо выдаліў ад сябе. Прашу Вас прайсьці да яго. Я больш непатрэбны.

Ля трэйціх дзьвярэй лекар адкрочыў убок і прапусьціў графіню наперад.

Яна ачулася ў чацьвёртым пакоі, дзе ў вялікіх пазалочаных рамах узвышаліся побач адно ля аднаго два партрэты арыстакратаў Барадлай на поўны рост, намаляваныя ў той час, калі яны былі яшчэ заручонымі. Ёй не хапіла сілаў спыніцца каля гэтых партрэтаў, і яна, мінаючы іх, захінула свой халодны мармуровы твар рукамі. Сьлёзы і ўзрыгі рваліся вонкі, але яна мусіла стрымліваць іх. Ёй нельга было плакаць. Унутраная барацьба адняла ў яе амаль паўхвіліны з гэтых шасьцідзесяці. Яна была пэўная, што муж яе дакарацьме за гэта.

Яна мела прайсьці яшчэ адну пустую і глухую істобу, усю застаўленую кніжнымі паліцамі; і толькі пасьля гэтага адчыніліся тыя дзьверы, якія вялі ў пакой, дзе ейны паміраючы муж чакаў на свой вапошні час.

Там ляжаў чалавек, сэрца якога ператварылася ў камень. Але цяпер гэта быў камень і ў літаральным, анатамічным, і ў пераносным, біблейскім сэньсе.

Галава яго ўзвышалася сярод высока ўздыбленых падушак, увесь ён быў якійсьці падцягнуты і сабраны, але на твар ужо лёг цень сьмерці гэнага вялікага мастака, які надае тварам паміраючых іншы выраз, непадобны да таго, які быў у іх пры жыцьці, нібыта з гонарам кажучы пры гэтым: «Бач, якое прыгожае, створанае мной, аблічча!»

Жонка пасьпяшалася да сьмяротна хворага.

— Я чакаў Вас, — мовіў ён. І ў ягоных словах пачуўся дакор.

— Я адразу ж прыйшла, — прагугнела яна, нібыта апраўдваючыся.

— Вы затрымаліся з-за таго, што плакалі. Але Вам жа вядома, што час мой абмежаваны.

Яна сьціснула кулакі, сьцяла вусны.

— Жаднае слабасьці, Марыю! — рэкнуў муж яшчэ больш халодным голасам. — Сьмерць — натуральны працэс. Праз шэсьцьдзесят хвілін я ператваруся ў нямоглую масу. Гэдак сказаў лекар. Ці добра весяляцца госьці?

Яна моўчкі кіўнула.

— Хай весяляцца сабе далей. Хай ніхто не турбуецца, не зьязджае. Усе, хто прыехаў на раду, хай застануцца і на памінкі. Хаўтурную цэрымонію я даўно ўжо прыдумаў. Зь дзьвюх трунаў выберыце тую, што аздобленая пад чорны мармур. Пакладзеце на катафалк шаблю, інкруставаную плацінай. Кутасы саяну хай нясуць чацьвёра нашых старостаў з чатырох бакоў. Жалобны хор павінен складацца з дэбрэцэнскіх сэмінарыстаў. Жадных сьвецкіх мэлодыяў. Толькі старазаветныя псальмасьпевы. Хаўтурны казань у царкве хай прамаўляе супэрінтэндант[9], удому — пробст[10] . Наш парафіяльны сьвятар няхай прачытае перад родавым склепам толькі «Ойча наш», і нічога больш. Вы добра зразумелі мяне?

Яна глядзела проста перад сабой у нябачную кропку.

— Прашу Вас, Марыю. Тое, што я зараз кажу, я не змагу больш паўтарыць. Будзьце ж так ласкавай, сядзьце за гэты маленькі столік ля ложка, на ім Вы адшукаеце усе пісальныя прылады. Занатуйце ўсё, што я Вам сказаў і яшчэ скажу.

Яна паслухмяна выканала гэты загад, села за столік і занатавала наказы мужа.

Калі яна скончыла, хворы прадаўжаў:

— Вы заўжды былі вернай і рахманай жонкай, Марыю. Выконвалі кожнае маё жаданьне. Яшчэ толькі гадзіну я заставацьмуся Вашым мужам. Але тое, што я накажу Вам за гэтую гадзіну, Вы мецьмеце выконваць усё Вашае далейшае жыцьцё. Значыцца, я і пасьля сьмерці заставацьмуся Вашым панам. Панам, сужонкам і каменнасэрным тыранам. Вой, мяне штосьці душыць! Налеце мне шэсьць кропляў з гэнага флякона.

У маленькай залатой лыжцы жонка падала яму зельле. Хвораму палягчэла, і ён зноўку загаварыў:

— Пішэце ж мой запавет! Хай ніхто, акром Вас, ніколі ня ўбачыць і не пачуе яго. Я ўзьняў вялікі хорам, і ён не павінен абрынуцца, рассыпацца пылам разам са мной. Я б жадаў, каб Зямля не круцілася, а стаяла на адным мейсцы, а калі нават уся Зямля прыйдзе ў рух, хай гэты край, дзе мы гаспадарамі, застанецца нязрушным. Разумее мяне бо шмат хто, але як мала такіх, што могуць, а яшчэ менш тых, што наважваюцца што-кольвек распачынаць. Занатоўвайце кожнае маё слова, Марыю.

Яна моўчкі пісала.

— Стрыжань выпадае з машыны, — прадаўжаў паміраючы. — Я ўжо чую, як яе разкрушаныя часткі грукацяць па даху дамавіны. Але не жадаю гэтага чуць. Трох нашых сыноў заменяць мяне, калі я стануся прухой. Пішэце, Марыю, што мецьмуць рабіць сыны пасьля мае сьмерці. Але сьпярша перадайце мне піжмовую[11] пігулку. Дзякую. Сядайце і прадаўжайце пісаць.

Яна зноўку ўзялася за пяро.

— Нашыя сыны яшчэ задужа маладыя, каб замяніць мяне. Няхай яны спачатку пройдуць школу жыцьця; да таго часу Вы не павінны іх бачыць. Не ўздыхайце, Марыю! Яны ўжо дарослыя, Вы не павінны цацкацца зь імі. Старэйшы, Эдэн, няхай застаецца пры санкт-пецярбургскім двары. Покі што ён толькі сакратар амбасады, але з часам дасягне большага. Гэта служба быцьме для яго добрай школай. Натура і брыдкія схільнасьці запарушылі ягоную душу рознай нісяненіцай, што нясвомна нашаму роду. У Расеі яго вылечуць ад іх. Але, царскі двор — цудоўная школа. Там яго навучаць бачыць розьніцу паміж шлюбнанароджанымі і тымі, хто зьявіўся на сьвет па-за шлюбам. Там яго навучаць цьвёрда стаяць на нагах і ня падаць тварам у бруд. Там ён дапяцьме, чаго вартыя жанчыны ў параўнаньні з мужчынамі. Там, можа, зьнікнуць ягоныя ілюзіі, і калі ён вернецца, стаўшыся сьпелым мужам, то здолее стаць ля стырна ўлады, якое я зараз выпускаю з рук. Увесь час засобце яго ўдостань грашыма, каб ён ні ў чым не саступаў зацнай моладзі расейскага двара. Дайце яму выпіць да дна чару жыцьцёвых радасьцяў. Не зважайце на ўсе ягоныя пракуды[12] , нават самыя недарэчныя: праз гэта павінен прайсьці той, хто жадае дасягнуць вышынь бестурботнасьці.

Хворы зірнуў на гадзіньнік; ён мусіў сьпяшацца.

Хвіліны беглі, сказаць заставалася яшчэ шмат.

— Тую дзяўчыну, — ціха прадаўжаў ён, — з-за якой Эдэну давялося пакінуць родны кут, парупцеся аддаць замуж. Хай не пужаюць Вас ніякія выдаткі. Пасуючых бо ёй хлопцаў маецца багата. Пасагам мы яе забясьпечым. Калі ж яна ўпарта будзе налягаць на сваю бабскую прыхамаць, зробце захады, каб перавесьці ейнага бацьку ў якую-небудзь парафію ў Трансільванію. Там у нас маецца багата сувязяў. Эдэну трэба заставацца ў Расеі да таго часу, пакуль яны адсюль ня выберуцца альбо пакуль ён там не ажэніцца. Ня бойцеся гэтага. У Расеі аднойчы так здарылася, што цар узяў сабе за жонку папоўскую дачку. І потым, гэта быў усяго толькі расейскі цар, а не мадзярскі шляхціч.

Пры гэтых словах на паліччах хворага запалалі дзьве чырвоныя плямы, якія праз колькі хвіль зьніклі.

Жанчына моўчкі занатоўвала далей.

— Другі мой сын, Рыхард, хай яшчэ з годзік застаецца ў каралеўскай гвардыі. Там аніякае кар’еры. Для пачатку яно гэта добра. Рыхарду трэба перавесьціся ў коньніцу. Няхай паслужыць там год і пасьля гэтага паспрабуе перайсьці ў генэральны штаб. Спрыт, харобрасьць ды вернасьць — вось тры прыступкі, неабходныя яму для асягненьня вяршыні. Гэтыя якасьці праявяцца затым на практыцы. Толькі там перад чалавекам адчыняецца вольнае поле дзеяньняў. Застаецца толькі ставіць нагу на праступкі, каб займець усё гэта. Не дазваляйце яму расьціць у сабе бязглуздую пыху: ён павінен пракладваць шлях іншым. Як толькі ў Эўропе запахне землятрусам, зашугае вайна. Да сяго нерухомыя сілы спружыны сьпіхнуць адно з адным розныя гаспадарствы. Для Рыхарда Барадлай тамака адчыніцца шырокае поле дзейнасьці. Водсьвет ягонае славы азорыць увесь наш род! Рыхард ніколі не павінен жаніцца. Жанчына будзе толькі замінаць ягонаму шляху ўгару. Ягонай задачай ёсьць пракладваць шлях братам. Як гэта цудоўна гучыць: брат, палеглы на полі бітвы, Марыю! Вы ня пішыце? Ужо ці ня плачыце Вы? Прашу Вас, не мардуйцеся, мне засталося ўсяго толькі сорак хвілін, а я маю шчэ шмат чаго сказаць. Занатуйце ж тое, што я Вам кагадзе быў мовіўшы.

Жонка, не наважваючыся выказаць свае душэўныя пакуты, моўчкі пісала.

— Наш трэйці, наймалодшы сын, Енё — мой улюбёнец. Не хаваю, што кахаю яго больш за ўсіх з трох. Але ён пра гэта ніколі не даведаецца. Пры жыцьці бо я абыходзіўся зь ім як бацюк. І Вы абыходзьцеся зь ім найдалей гэтаксама адчурана. Хай ён застаецца ў Вене, служыць там у канцылярыі і крок за крокам угрунтоўвае сябе ў жыцьці. Гэта барацьба зробіць яго гнуткім, разумным, кемным. Хай ён вучыцца апярэджваць іншых і заваёўваць кожны свой посьпех, разьлічваючы толькі на ўласны розум і спрыт. Хай нястомна прымушае сябе дагаджаць тым, каго напасьледак зможа выкарыстоўваць нібы тыя прыступкі, каб падымацца па іх вышэй і вышэй. Ні ў якім выпадку ня песьціце яго: жаднае спамогі з дому. Яму трэба навучыцца абапірацца на незнаёмых людзей і вызначаць сапраўдную вартасьць кожнага чалавека. Трэба гадаваць у ім пачуцьцё самапавагі: Вы пачнеце завязваць і падтрымліваць празь яго знаёмствы са знакамітасьцямі і ўплывовымі людзьмі, і гэта можа прывесьці затым да сямейных сувязяў, якія ўсталёўваюцца без усялякіх там паэтычных прымхаў.

На імгненьне твар хворага перакасіла пакурчлівая ўхмылка, і стала бачна, якія вусьцішныя пакуты выносіў гэты чалавек, пакуль гаварыў. Але гэта доўжылася толькі імгненьне.

Высілкам волі ён перамог у сабе гэтую чалавечую слабасьць, уласьцівую хіба толькі якому прастаку, а не яму, шляхцічу, Казіміру Барадлай.

Чалавек з каменным сэрцам прадаўжаў дыктаваць свой запавет.

— Такім чынам, тры магутныя палі падтрымаюць будынак, які я ўзьвёў. Дыплямат, вайсковец, дзяржаўны муж. Чаму мне ня дадзена папрацаваць яшчэ, пакуль яны не падужэюць, пакуль ня знойдуць сваё мейсца ў жыцьці?! Марыю! Жонка мая! Графіня Барадлай! Я прашу, я патрабую, я заклікаю Вас дзейнічаць акурат так, як запавядана мной. Кожны мой нэрв змагаецца са сьмерцю, але ў свой вапошні час я думаю не пра тое, што скора ператваруся ў пыл. Халодны пот на маім ілбе выступіў не з-за барацьбы са сьмерцю, а ад страху, што працаваў марна. Зьнеціцца мая праца, на якую я аддаў чвэрць стагодзьдзя! Легкадумныя летуценьнікі кідаюць дыямент у вагонь і ня ведаюць, што ён распадзецца там на нікчэмныя часьцінкі і ніколі зноў ня стане каштоўным камянём. Дыямент — гэта мы, шляхта васемнаццатага стагодзьдзя. Мы — старыя лекары і апірышча нашае нацыі, запаветны талісман існасьці. І вось нас хочуць закласьці ў ахвяру, зьнішчыць! Дзеля чаго? Дзеля трызьненьня, якім чужародная пошасьць заказіла Вугоршчыну ў час усеагульнага паморку. Ах, Марыю, калі б Вы ведалі, як пакутуе маё скамянелае сэрца! Не. Ня лекі патрэбныя мне. Яны не дапамогуць. Я хачу бачыць партрэты сыноў. Мне гэта дасьць палёгку.

Яна ўзяла тры мініятурныя партрэты, агорнутыя ў вагульны футарал, і паднесла іх да вачэй мужа. Чалавек з каменным сэрцам па чарзе ўглядаўся ў твары дзяцей, і ягоныя пакуты сьціхалі. У гэтую хвілю ён забыўся на змаганьне са сьмерцю. Паказаўшы касьцлявым пальцам на партрэт старэйшага сына, ён прашаптаў:

— Бадай гэты больш за ўсіх падобны на мяне.

Затым рухам рукі ён аддаліў партрэты ад сябе і працягваў халодным тонам:

— Прэч чульлівасьць! Мала часу. Праз колькі хвілін я адыйду да прабацькоў і пакіну сынам тое, што пакінулі мне прашчуры. Але наш дом застанецца цьвердзь маіх ідэй. «Нэмэшдомб» [13] ня зьнікне з гісторыі. Ён быцьме цэнтрам, агменем і сонцам нашых блукаючых памкненьняў. Пасьля мяне тутака застанецеся Вы.

Графіня раптам кінула пісаць, потым паднялася і са зьдзіўленьнем паглядзела на паміраючага.

Той заўважыў яе зьдзіўленьне.

— Вы са зьдзіўленьнем глядзіце на мяне. Што можа зрабіць жанчына, удавіца, на тым точышчы, дзе адыйшоў у нябыт яе муж?! Я растлумачу Вам. Роўна праз шэсьць тыдняў па маёй сьмерці Вы пойдзеце замуж.

Яна выпусьціла пяро з рук.

— Я гэдак хачу, — строгім тонам прадаўжаў чалавек з каменным сэрцам. — І я скажу, чыёй жонкай Вы будзеце. Вы аддасьцё сваю руку Бэнцэ Рыдэгвары.

Праз гэтыя словы графіня канчаткова страціла самавалоданьне. Кінуўшы пісаць, яна бегма рынулася да ложка мужа, бухнула перад ім на калені, і, прыпаўшы да яго рукі, абліла яе гарачымі сьлязамі.

Чалавек з каменным сэрцам заплюшчыў вочы, нібыта просячы парады ў валадара цемры. І пэўна пачуў яго.

— Кіньце, Марыю! Годзе! Зараз ня час для сьлёзаў. Я сьпяшаюся. Я маю перад сабой вапошні шлях. Усё павінна быць так, як я сказаў. Вы шчэ маладая: Вам няма і сарака. Вы прыгожая і заўсёды будзеце такою. Вы цяперака прыгожая ня менш, чым дваццаць чатыры гады таму, калі я ўзяў Вас за жонку. Вы мелі чорныя як смала валасы і зіхатлівыя вочы. І цяперака яны тыя ж. Вы былі рахманай і цнатлівай. І сяньня прадаўжаеце заставацца такой жа. Я вельмі кахаў Вас. Гэта Вам добра вядома. У першы год нашага шлюбу нарадзіўся наш старэйшы сын Эдэн, у другі год — Рыхард, у трэйці — самы малодшы, Енё. Тады, па боскай волі, я цяжка захварэў і стаўся інвалідам. Лекары прыгаварылі мяне да сьмерці. Адзін-адзіны пацалунак Вашых пажадлівых вуснаў мог бы забіць мяне. Вось ужо больш за дваццаць гадоў, як я павольна канаю на Вашых вачах, несучы на сабе пакутніцкі крыж кары нябеснай. На Вашых вачах вянула кветка майго жыцьця, і вось ужо дваццаць гадоў Вы для мяне — толькі сястра міласэрнасьці. Так вось я жыў, цягнучы бярэма сваіх дзён. Бо вялікая ідэя, якая пануе над чалавечымі пачуцьцямі, прымушала мяне змагацца, дапамагала мне прадаўжаць жыцьцё, поўнае пакутаў і самазрачэньняў. Што гэта было за існаваньне! Вечная адмова ад усяго, што нясе радасьць, шчасьце, захапленьне! Я ўзяў на сябе гэты крыж. Адмовіўся ад усяго, што прымушае мацней біцца чалавечае сэрца. Вытруціў са свае душы паэзію юнацкіх летуценьняў, якія палоняць сэрца кожнага маладога чалавека. Я стаўся чэрствым, рахублівым, бесспагадлівым. Жыў толькі будучыняй і будучыню гэту ўважаў за ўвекавечанае мінулае. У гэтакім жа духу я выхоўваў і сыноў. Гэтаму я прысьвяціў сваё жыцьцё. І таму маё імя застанецца ў вяках. Яно будзе гучаць як праклён сучаснасьці і як блаславеньне будучыні. Дзеля гэтага імя Вы столькі пакутвалі, Марыю. Вам яшчэ павінна пашчасьціць у жыцьці. У вадказ пачулася ўзрыдваньне.

— Я так хачу! — рэкнуў паміраючы муж і адняў сваю руку. — Вярнецеся да стала і пішэце. Гэта — мой тастамэнт. Мая жонка праз шэсьць тыдняў аддасьць сваю руку Бэнцэ Рыдэгвары, які найбольш годны прадаўжаць пачатую мной справу. Толькі тады набуду я спакой у зямлі і шчаснасьць на небе. Марыю, ці Вы занатавалі ўсё, што я Вам сказаў?

З рук жанчыны выпала пяро, яна прыклала пальцы да скроняў і маўчала.

— Час на сконе, — прагугнявіў паміраючы муж, змагаючыся з сумненьнем. — «Non omnis moriar...» [14] Мая справа павінна быць прадоўжаная і па маім сконе, Марыю! Вазьмеце маю руку і трымайце, покі не адчуеце, што яна пахаладнела. Толькі без сантымэнтаў, бязь сьлёзаў — я не хачу, каб Вы плакалі. Мы ня будзем разьвітвацца. Я аддаю Вам сваю душу, і яна Вас ніколі не пакіне; кожную раніцу, кожны вечар яна патрабавацьме ў Вас споведзі: як выконваеце Вы тое, што я запавеціў у свой сьмяротны час. Я буду тут! Я заўжды буду тут.

Жанчына дрыжэла.

А ён пры сьмерці, спакойна склаўшы рукі на грудзях, прадаўжаў надламаным голасам:

— Час на сконе... лекар меў рацыю... Я ўжо не адчуваю болю...усё наўкола цёмнае... бачу толькі партрэты сыноў... Хто гэта набліжаецца да мяне зь цемры? Стань там! Не падыходзь, го змрочны вобраз!... Мне шчэ трэба сказаць...

Але вялікі змрочны вобраз, узьнікшы зь цемры нябытнасьці, усё набліжаўся; яго нельга было спыніць загадам, і ён не чакаў, пакуль вялікі, магутны чалавек з каменным сэрцам выскажа ўсё, што яму яшчэ хацелася сказаць на гэтым сьвеце; гэты вобраз наклаў на яго чало сваю нябачную далонь.

І калі вялікі, магутны чалавек з каменным сэрцам адчуў, што павінен падпарадкавацца чыёйсьці яшчэ больш магутнай волі, ён пакорліва заплюшчыў вочы, сьцяў вусны, не чакаючы, як іншыя сьмяротныя, што яму аблегчаць пераход у засьвяты, і аддаў сваю душу вялікаму валадару цемры, аддаў яе з гонарам, бяз выкруткі, як і належыць высакароднаму мужу.

А жанчына, заўважыўшы, што зямны шлях яе сужонка скончаны, укленчыла ля стала і, склаўшы на сьпісаны аркуш паперы скрыжаваныя рукі, зьвярнулася з мальбой да неба:

— Пачуй мяне, Пане, і прабач яго бедную душу! Пашлі яму ласку сваю на тым сьвеце... А я, клянуся табе, што адпрэчу ўсё благое, што ён запавядаў мне ў свой сьмяротны час! Дапамажы мне ў гэтым, Божа Ўсемагутны!..

... Вусцішны нялюдзкі крык працяў цішыню пакоя.

Жанчына з жахам і са здрыганьнем зірнула на нябожчыка, што ляжаў у ложку.

Сьпярша сьціснутыя вусны яго разамкнуліся, заплюшчаныя вочы зноўку шырока раскрыліся, правая рука, якая спакойна ляжала да таго на грудзях, была занесеная над галавой.

Быць можа, гэта душа яго, адыходзячы да неба, сутыкнулася з пасланай усьлед малітвай і, пакінуўшы нябесныя абсягі, збочыўшы з зорнага шляху, вярнулася ў сваю зямную абалёнку, каб пасьмяротным крыкам заявіць пра вапошнюю нязгоду чалавека з каменным сэрцам.

Пераклаў з мадзярскае Мікола Ермалаеў


1 Плуцы (анат.) — лёгкія.
2 Паль — паля, слуп, стоўп.
3 Мігак — маяк.
4 Астрога — шпора.
5 Камітат (гіст.) — вобласьць у Вугоршчыне.
6 Спалука (рэл.) — прычасьце.
7 Дзюры Ёжа — напаўлегендарная асоба, мадзярскі шляхціч, вядомы праз свае ганебныя выбрыкі і блазноцтвы.
8 Істоба — камора, пакой.
13 Літаральна: «Шляхецкі пагорак».
14 Ня ўсё памрэ... (лац. Гарацый).

Ёкай Мор (Jkai Mr, 1825-1904 гг.) — выбітны мадзярскі пісьменьнік-раманіст. Нарадзіўся ў сям’і адваката, дробнапамеснага шляхціча, вучыўся ў каледжы г.Пап, дзе пазнаёміўся з Ш.Пётэфі. Разам зь ім Ёка браў удзел у рэвалюцыі 1848 г., якой і прысьвечаны ягоны раман «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (A kszivuember fiai) — адзін зь лепшых і найбольш вядомых твораў пісьменьніка.

Пераклад зроблены з кнігі: Jkai Mr, «A ksziv ember fiai», reqeny, Afedl banfloy kos munkaja, Tizeneqyedik kiadas, Mora Ferenc Knyvkiad, 1986.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія