БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 7

Самадзейная Беларусь
Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі / 1971-1990. Каталёг / Укладальнікі Юрась Лаўрык, Ларыса Андросік / — Менск: БГАКЦ, 1998. — Архіў Найноўшае Гісторыі.

Манаполія КДБ на «вывучэньне» беларускага «самвыдату» нарэшце парушана. У 1998 годзе накладам 500 асобнікаў пабачыў сьвет Каталёг пазацэнзурнага пэрыядычнага друку Беларусі 1971-1990 гадоў. Ён укладзены шэрагам незалежных дасьледчыкаў, якія гуртуюцца наўкола Архіва Найноўшае Гісторыі — менскай няўрадавай арганізацыі. Ачолілі гэтую працу Ларыса Андросік ды Юрась Лаўрык. Да падрыхтоўкі выданьня спрычыніліся таксама Алег Дзярновіч, Вацлаў Арэшка, Уладзімер Арлоў, Валерка Булгакаў, Міхал Баразна ды Гальяш Патаповіч.

Фундаментальная праца па дэсаветызацыі беларускай гістарычнай навукі, якую сістэмна вядзе Архіў, прынесла чарговы плён. З выхадам Каталёгу разбураны падваліны яшчэ аднаго міту Машэраўскіх ідэёлягаў пра бесканфліктны савецкі рай. Панарама грамадзянскага супраціву ў Беларусі 1971-1990 гадоў, якую ўзнавілі аўтары Каталёгу, уражвае сваёй рэпрэзентатыўнасьцю. Тое, што гісторыя Беларусі пачалася ня ў 1917 годзе, беларускае грамадзтва ўжо пасьпела зацеміць. А цяпер надышоў час пераглядаць ня толькі абэцэдараўскія, але й адраджэнскія містыфікацыі, — у 1917-ым ня скончылася гісторыя вольнага слова ў Беларусі, што і засьведчана Каталёгам.

Каталёг мусіць асабліва зацікавіць палачанаў, бо Падзьвіньне пазначана на мапе беларускага «самвыдату» пяцьцю цэнтрамі, якія складаюць блізу 25% ад агульнабеларускай лічбы. Полаччына з сваімі трыма выданьнямі безумоўны лідар рэгіёну. Кожнае з гэтых выданьняў уяўляе асобную старонку ў гісторыі вольнага слова Беларусі. Гэта «Ксэракс беларускі», «Демократический форум» і, зразумела, легендарны «Блакітны ліхтар», які распачынае сьпіс пазацэнзурнага пэрыядычнагпа друку Беларусі 1971-1990 гадоў.

Ветэраны беларускага андэнграунду Вінцэсь Мудроў і Алесь Аркуш не згубілі за прамінулае дзесяцігодзьдзе грамадзянскага імпэту, пра што сьведчыць выхад новага незалежнага выданьня «Полацкая ініцыятыва» — правапераемніка жывой традыцыі пазацэнзурнага беларускага друку на Падзьвіньні.

Выхад у сьвет Каталёгу зьяўляецца толькі першым крокам на шляху вывучэньня нашае найноўшае гісторыі, пра што і абвешчана складальнікамі дадзенага выданьня ў прадмове да кнігі. Яшчэ ня высьветленыя шматлікія акалічнасьці функцыянаваньня незалежных беларускіх выданьняў вышазначанага часу, што тлумачыцца выдаткамі кансьпірацыі, ва ўмовах якой вымушаныя былі працаваць вольныя беларускія журналісты і выдаўцы. Асобнікі «Блакітнага ліхтара» ўвогуле згубіліся ў спецхране КДБ. Таму стваральнікі Каталёгу дэкляруюць свой намер і надалей працягваць працу па вывучэньню беларускага самвыдату і прапануюць чытачам дасылаць свае зьвесткі й прапановы па наступнай адрэсе: а/с 71, 220123, Менск, Беларусь.

Сяргей Шыдлоўскі

Кавалкі мазаікі
Водгук на кнігу Л. Юрэвіча «Камэнтары»

Кніга Лявона Юрэвіча названая «Камэнтары». Гэта адзін з тых, дастаткова рэдкіх выпадкаў, калі назва вельмі ўдала перадае зьмест, бо складана неяк іначай дакладна назваць кнігу, дзе сабраныя пад адной вокладкай культуралягічныя нарысы, літаратуразнаўчыя артыкулы, зьвесткі з гісторыі беларускай рэлігійнай думкі, гісторыі тэатра і драматургіі, замежнай беларускай лексікаграфіі, выняткі з эпісталярнай спадчыны Юркі Віцьбіча, Міхася Міцкевіча (малодшага брата Я.Коласа, пра існаваньне якога сьвядома забываліся савецкія дасьледнікі), Ларысы Геніюш. Асобныя артыкулы, якія ўвайшлі ў кнігу, друкаваліся раней (напрыклад, у зборніку «Культура беларускага замежжа. Кн. 3», у часопісе «Роднае слова»), і толькі сабраны пад адной вокладкай гэты разнатэмны матар’ял аб’ядноўваецца ў дзесьці контурную, фрагмэнтарную, але дастаткова завершаную карціну духоўнага жыцьця беларускай эміграцыі на працягу яе фізычнай, жалезназаслоннай адлучанасьці ад Бацькаўшчыны.

Цікавым зьяўляецца той факт, што стварыць такую карціну змог чалавек прыезжы, староньні, эмігрант (калі яго можна так назваць) апошняй хвалі, з постсавецкай Беларусі. Відаць, гэтая, з аднаго боку далучанасьць да дыяспары, а з другога — успрыйманьне яе як новага-невядомага, і дала магчымасьць цэласнага ўсеабдымнага падыходу, заснаванага не на паказчыку «свой-чужы» (успомнім першую кнігу аб беларускай эміграцыі «Сьняцца сны аб Беларусі» Б.Сачанкі), а на глыбокай зацікаўленасьці неабыякавага навукоўца-аналітыка прадметам свайго вывучэньня. Пазыцыя дасьледніка — пазыцыя ўважлівага суразмоўцы, для якога важная не ідэялёгія (савецкая ці адраджэнцкая), а няпростая, часам супярэчлівая і нерацыянальная праўда чалавечай душы, праўда Асобы, якая ня лічыцца зь неспрыяльнымі ўмовамі і робіць справу, у якую верыць, у самых безнадзейных варунках.

Да аналітызму Юрэвіча з поўным правам можна далучыць азначэньне «эмацыянальны». Эмацыянальнасьць Юрэвіча вызначаецца высокай ступеньню шчырасьці, той шчырасьці, якая не пакідае па сабе адчуваньня патачнай замілаванасьці, і дае, зрэшты, маральнае права на выказваньне меркаваньняў пра чыюсь творчасьць і жыцьцёвы шлях. Пры гэтым эмоцыі дасьледніка ўдала спалучаюцца з лёгікай, што дае ў выніку высокі ўзровень аналізу, у якім розум спалучаецца з інтуіцыяй. Якраз аналізу, асабліва ў публікацыях, разьлічаных на масавага чытача, і бракуе большасьці ранейшых артыкулаў і кніг, прысьвечаных беларускай эмігранцкай літаратуры і, шырэй, усёй беларускай эміграцыі. Нарысы ж Юрэвіча — гэта ня толькі апісаньне, але і спроба асэнсаваньня, заснаваная на працаёмкай архіўнай працы. Дарэчы, многія дакумэнты тут упершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак, а гэта тым больш каштоўна, што ня многія беларускія дасьледнікі па матэр’яльных ці іншых прычынах у стане непасрэдна працаваць з архівамі беларускай эміграцыі, якія раскіданы па ўсім сьвеце. З гэтага боку Лявон Юрэвіч, які цяпер жыве ў Нью-Ёрку, знаходзіцца ў непараўнальна больш спрыяльных умовах, якія і скарыстоўвае.

Можна (як гэта робіць У.Конан у пасьляслоўі) спрачацца зь некаторымі высновамі Л.Юрэвіча, але бясспрэчна нельга адмаўляць высокай навуковай вартасьці яго кнігі. Шкада толькі, што ў нашых умовах нельга разьлічваць на шырокае распаўсюджаньне і, адпаведна, шырокі рэзананс «Камэнтараў». Наклад кнігі — усяго толькі 500 асобнікаў, так што яна наўрад ці дойдзе нават да ўсіх выкладчыкаў вышэйшай школы, не гаворачы ўжо пра школьных настаўнікаў. Шкада таму, што нашы веды пра беларускую дыяспару могуць так і застацца неспалучанымі паміж сабой кавалкамі мазаікі.

Алена Красоўская

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія