|
Iгар Сідарук
КАНЕЦ ЭПОХІ
* * *
Ну вось, канчаецца эпоха!
А мне ня хораша, ня плоха.
А мне абычна — аніяк.
Я зь печкі прама ў каку — брак!
І не адсохне тая кака,
Пакуль цьвіце радзіма макам,
Пакуль пахошчы лучыць бэз.
Я прама ў жыжку ботам ўлез!
Ах, гэта жыжка, гэта жыжка!
Здавалася, што шчасьце блізка,
Што толькі рукі працягні —
І схопіш папараць-агні.
А тая папараць — у мухах,
А тыя мухі бзычуць ў вуха:
«Чаму ж табе жывецца плоха?
Глядзі: канчаецца эпоха!
Эпоха Глёбуса і Блока!
! нас прызнала аж Марока!..
Жывуць за пазухай у Бога
Мільёнаў дзесяць — то-та многа!..
А ты жывеш, паскуда, плоха?!
Калі канчаецца эпоха —
Эпоха Глёбуса і Блока?!
Жывеш абычна — аніяк?!
І ў гэтым, братка, добры знак!
6.02.98
* * *
Ратуй мяне, мая радзіма.
Мяне пакрыўдзіў дзядзя Дзіма.
Мне пальцам вока выбіў, гад!
Адпомсьці, мама, за сыночка,
Таксама выбі дзядзю вочка,
Заканапаць яго у бочку,
Няхай пабачыць чорну ночку,
Пабачыць вечны зарапад.
Ратуй мяне, мая айчына,
Да скону вернага касына.
(Каб ведаць, хто такі касын?!)
Мяне пабілі на базары,
Што скраў ол-вэйс у цёці Клары
Ды процьму іншага тавару,
І тым зьдзяйсьняў адвечнасьць мары —
Складаў зямельцы сваёй гімн!
Ратуй мяне, мая зямелька,
калі скарціць залезьці ў пэльку
Ад ўсіх шчадротаў і выгод.
Эх, маць тваю! Сьлязьмі я плачу:
Я для цябе хоць нешта значу?!
Вось незайздросная задача:
Жыць у галечы ды нястачы
І быць дурным, як драны бот!
6.02.98
* * *
Эх, песенька! Хоць выдыхні, хоць здохні —
А ўсё ніяк. Матыўчыкі ня тыя!
Давай з табою, дзядзька, ціха вохнем
Ды чахнем первачу тры кроплі залатыя.
Тры кропелькі. Тры шаньчыкі — застацца.
А ўсё ніяк. Зямелечка не тая!
Але калі у белае нам ўбрацца,
Дык шэрай будзе нават квецень мая.
Эх, кветачкі! Да болю бель-бялюткія квяточкі.
А ўсё ніяк. Калёрчыкі ня тыя!
Давай жа, цётачка, памянем гэту ночку,
Бо не сьвятыя мы. Бо не сьвятыя...
7.02.98
* * *
А мне здаецца: будзе дождж і град.
І побач — незнаёмая жанчына.
І за вакном шумецьме гольлем сад,
І недзе ля ракі — губляцьме цьвет каліна.
Я ціха пацалую вусны ёй
І косы распляту усе дашчэнту.
І назаву вахканкаю сваёй
Ды прапаную чарачку абсэнту.
І вып’ем мы. І нас распаліць шал,
Які спатоліць будзе немагчыма.
І спапяліць да раніцы пажар
Сад — за вакном. І пада мной —
Жанчыну.
23.02.98
* * *
нішто ня будзе
дзе маё збавеньне?
дзіця ад птушкі
шолах — чуеш
шэптам шэрым
прынясі вады
пранясі крыж
ведаеш, чаму не паміраюць паэты?
яны вынайшлі
досыць танны спосаб самаўваскрашэньня:
прадаць запраданцам
прыгожае
15.02.98
* * *
на стале
драўляная паверхня якога
яшчэ зь вечара
была добра адшураваная галяком
ўздымаючыся над талеркаю
дымкай параю
якая цьвеліла ды прыемна казытала
наздрыны
ляжала адвараным
вялікае сэрца бацькі
дзеці елі яго
з асалодаю
забываючыся падзякаваць маме
за смачны ды спажыўны сьняданак
мама стаяла наводдаль
і толькі моўчкі
маліла Госпада Бога аб тым,
каб зараз
да іх у хату
ня ўнурылася суседка
што заўсёды мела ахвоту
патрапіць на дарэмшчыну —
на пяць сірочых лыжак заціркі...
23.04.98
* * *
гэта невыносна
глядець
на чыстае неба
гэта невыносна
думаць
што ты жывы
гэта невыносна
пісаць вершы
дзецям
забаўляцца з дурненькімі шчанючкамі
дакранацца
да мудрай шурпатасьці дрэваў
гэта невыносна
застацца
зьняацку
сярод сьпелага жыта
сярод тваёй нечаканай вернасьці
цёплага твайго цела
сярод успамінаў
пра...
невыносна...
векдаць
што за рысаю
nihil
што за адключаны тэлефон
там не спаганяюць аплаты
гарачая піца
ніколі не ахалоне
словы тваёй ужо абрыдлае нечаканае вернасьці
гучаць як поўная абсурдовасьць
і што там,
чорт бы цябе пабраў,
усё выносна!
усё выносна!!.
там ня пусьціш сабе кулю ў рот
там няма для цябе вар’ятняў
і палону сьпелага жыта
і тугі
па звычайным, халодным дажджы,
пад якім
невыносна...
1.06.98
Кобрынь
|