|
Лера Сом
* * *
Адзінота, мая навука,
Нам ня трэба дзяліць жыцьцё.
Ты спаткала мяне, як мука,
Перажылася ў адкрыцьцё.
Нарадзілася, як пытаньне,
Разагнула сьпіну ў адказ:
Ёсьць сумеснасьць і ёсьць расстаньне,
Ды ніхто не разьдзеліць нас.
Але, як два бакі манеты,
Як бутэлькі рыльца і дно,
Ні зь якою вышэйшай мэтай
Не зьліемся ў зусім адно.
* * *
Вельмі проста — узяць, паверыць,
І ніколі ня знаць параз:
Хтось кіруе, працуе, мерыць
І адказвае нам за нас.
Пазірае лагодным вокам
На паклонна-пахілы люд...
Назаві яго богам, рокам,
І аддайся на правы суд!
Ды якой бы чарговай зьвягай
Не ўціскалі душу маю,
Пры ўсім тым і з усёй павагай,
На нявер’і сваім стаю.
* * *
Надзеяй нейкай ў гэтую вясну
Так цягне з дому, што мая работа
Любімая абрыдла мне, але
Няма як кінуць... Колькі мы марнуем
Бязладна часу, каб пашкадаваць
Такой вясной, зь зяленівам цнатлівым...
Хто прачытае гэта? Ды ніхто,
Апроч карэктара (калі яго пасада
У выдавецтве існуе пакуль)...
Прабач, вясна! Я дрэнны пэйзажыст.
* * *
Хаос! Магчыма, ты — Парадак,
Якога мне не зразумець,
І тое, што завуць «выпадак», —
Няўхільнасьць, верная, як сьмерць.
Ды сьніцца ісьціна старая,
Якая й сёньня адкрыцьцё:
Любы заўсёды памірае
Таму, што верыць не ў жыцьцё.
* * *
Веданьне — болем, няведаньне — цемраю...
Так і туляюся, не прытуліўшыся
З прыцемак пад асьвятляльнік бясьценевы
Апэрацыйнай (яна ж — катавальная).
Так зьнітаваліся словы і дзеяньні,
Што я ня ў стане напрамкі адрозьніваць.
Вось ужо зноўку мае пераблытаны
Веданьне — цемраю, болем — няведаньне.
Час тут ці лёс мне падкінуў пытальнікі,
Не падарыўшы ні кропкі, ні клічніка?..
Ці дачакаюся я, што абернецца
Веданьне — сілай, няведаньне — дзеяньнем?..
* * *
Ах, бывай, бывай, Радзіма!
За вагонным шклом
Дождж «мінула» і «магчыма»
Зьвязвае вузлом.
Ні абставінам, ні лёсу
Саступаць ня сьлед.
Выбраў сам сярод хаосу
Гэты вось білет.
Сэнс шукаць у гэтым сьвеце
Стоміцца любы...
— Там, mon chere, куды мы едзем,
Сьветла... быццам бы.
* * *
Зайчык сонечны мой...
На драўлянай масьнічыне
фарба і пыл
ў сьветлаўзгаданым промні.
Усё я магу паўтарыць:
выбраць сонечны дзень
і настрой назапасіць...
Ды не пакліча
дранікі есьці
бабуля.
* * *
Гэта дрэва ўжо — не маё,
Колькі б я пад ім не сядзела,
Колькі б вішань зь яго ня зьела,
Гэта дрэва ўжо — не маё.
Помніш, вішня, — усё я мела,
Не пытаючыся: «Чыё?»...
...Гэта дрэва ўжо не маё,
Колькі б я пад ім не сядзела.
Полацак
|