|
Сяргей Шыдлоўскі
АБЗАЦЫ
Генэрацыя Х
Ціхія Віры празрыстых тэкстаў нам не пагражаюць. Мы кулдыячым, сьпяшаючыся зрэзанаваць у гіпэрманіхвэсьце свайго пакаленьня. Мы захліпваемся словамі, бо нам жа гэтак шмат ё чаго сказаць. Мы заўжды пераканаўчыя ў сваіх цямраных мэдытацыях, поўных паэзіі некантралюемага сэнсу. Калі б якісь землянін у ХІХ стагодзьдзі меў хоць палову наскай інтэлектуальнай шчырасьці, дык пад 25 гадоў ён зрабіў бы ўжо кар’еру нацыянальнага клясыка – з усімі вынікаючымі адсюль наваротамі (ад сухотаў і да глухой зьнелюбеласьці прыйдучых пакаленьняў шкаляроў), пакінуўшы ў памяці паспольства пахвальныя згадкі, як аб забздурыстым, але адходлівым пане. Не кажу ўжо пра старазапаветных прарокаў, - тыя, будучы на нашым месцы, займелі б цудоўную дзелавую рэпутацыю ды шырокую прафэсійную практыку. Нам жа прыходзіцца зарабляць на хлеб адно эсэістыкай (уявіце сабе Іаанаў Апакаліпсіс, выкладзены ў фармаце эсэ), - які зьдзек над натурай!
Неспатоленасьць
Нацыянальныя праекты, рана ці позна, рэалізуюцца. Але нацыянальнае пачуцьцё сатысфакцыі ня ведае, - толькі юначыя сны паэтаў даруюць яму спатолю. Мо таму, нат і самыя выбранецкія праекты не абыходзяцца ў нас бяз чыннага ўдзелу бажаволкаў, пустадомак ды дзяцей. Усе свае жарстныя маналёгі, відзежы ды бзікі яны культывуюць ад імя “прастаты, дабраты ды праўды”, то бок адэкватнасьці, пазытыўнасьці ды рацыяналізму. “Рэспэкт” бажаволкаў, “грунтоўнасьць” пустадомак ды “здаровы клёк” дзяцей надаюць патрыятычным пачынаньням адмысловае сьцішнаватае хараство. Бог Адраджэньня пэўна сабе, надсылаючы гэтых упадабаных ім пэрсанажаў на сем гукаў – у Беларусь. Дадзенага “электарату” хапае таму на ўвесь спэктар айчынных культурніцкіх праектаў – ад “элітарных” і да “неадэкватных”. Гэтак мы і йдзем па жыцьцю, - “басанож, але пад бел-чырвона-белым сьцягам”.
Сваё!
Як выславілася за кухлем “Князя Рагвалада” полацкая аўтарка Іра Ўльстэровіч: “Нас трасе”. Чым гэта не рэзюмэ для айчыннай газэтнай аналітыкі? Вось так – сьцісла і канкрэтна – пераказаны дзьвума словамі велягурысты зьмест тых бясконцых “эсэй” нашых лібэральных аналітыкаў, што друкаваліся з нумара ў нумар на працягу блізу пяці гадоў. Дык можа праўду баюць людзі, што чэскае баначнае ўплывае на мысьленьне інтэлектуалаў горш, чымся полацкае разьліўное? Ня думаю. Хутчэй, працягваецца традыцыя 80-х, калі любы студэнт-завочнік, прачытаўшы пару працаў Барта, уважаў сябе экспертам ва ўсіх пытаньнях сучаснасьці. З-за браку сур’ёзнай гуманітарнай школы (якая была напрыклад, у Тарту ці Львове) вышапісаныя паквапы праходзілі ў Менску “на гура”. Адсюль у нас цяпер столькі многа газэтных экспертаў, і так мала кваліфікаваных спэцыялістаў.
Лоўцы душ беларускіх
Беларусь спрадвеку вызначалася сваімі асьветнікамі. І мусіць самы некарысны шкаляр пасьпеў ужо зацемць, што дыдактычнасьць – гэта вызначальная рыса беларускай клясычнай літаратуры. Але тое, што было апраўданым, напраклад, для “першай беларускай газэты з рысункамі”, - напрыканцы стагодзьдзя можа падасца кур’ёзным. За прыкладам далёка хадзіць ня трэба, - пачытайма разважаньні нашых палітыкаў пра нацыянальную ідэю, якія багата друкавалі летась (конкурс нейкі на лепшае патрыятычнае сачыненьне сярод партыйных адраджэнцаў быў ці што?). Далібог, ёсць у іхным наіўна-дыдактычным патасе нешта ад трактату “Як ратаваць быдла ад яшчуру” – зь якогась 1909 году.
А ўсё-такі яна круціцца
Савецкая адукацыйная сыстэма вызначалася тым, што школьныя веды – ад гісторыі да астраноміі – яна трактавала як прадмет веры. Гэта збольшага ўжо ня столькі адукацыя, колькі катэхізацыя, заснаваная на мінімальнай доказнай базе. Такая сыстэма можа эфэктыўна працаваць толькі пры падтрымцы таталітарнай дзяржавы, якая сваім аўтарытэтам ператварае абзацы школьных падручнікаў у сьвятое пісьмо. Сучаснай Беларусі – спадкаемцы савецкай адукацыйнай сыстэмы – падтрыманьне гэткага рэжыму каштуе вялізарных высілкаў, - дайшло да таго, што тэмы экзаменацыйных самыненьняў зачытвае па тэлевізіі прэзыдэнт краіны. Але асноўны цяжар кладзецца, зразумела, на рамёны шэраговых выкладчыкаў, і тут ім на дапамогу прыходзіць эротыка. Цікуючы ў разрэз настаўніцкай блюзкі, лягчэй паверыць і што зямля круглая, і што Ленін думае пра Беларусь. Для тугадумаў жа, каму аргумэнту пэдагагічнага ню замала, - ісьціну заўжды можна спраўдзіць з дапамогаю бацькавай дзягі, што і ня горш. Веды, адглянцаваныя гэткім чынам, набываюць бляск, варты аплёмбу багаборцы Лышчынскага. Думаецца, што харызма большасьці нашых палітыкаў таксама палягае на выдатна вывучаных, але блага зразуметых школьных экзэрсысах. У гэтых дзядзькоў заўжды заводна з аксыёмамі, але высноўваць тэарэмы яны гэтак і не навучыліся. Прынамсі, да абгрунтаваньня сваіх меркаваньняў яны зазвычай не папускаюцца, задавальняючыся таўталягічнымі дыямэнтамі шкалярскага здаровага клёку.
Рэканквіста
Добры крытык – заўжды гулец, які пэрманэнтна рызыкуе апынуцца ў “мінусе”, а здаровы клёк – занадта мізэрная стаўка, каб ён мог адквітацца. Гэтак зазвычай і здараецца пасьля “вялікай гульні”, калі ад былой раскошы адзін здаровы клёк і застаецца. Вось і пільнуй тады, каб апошняе ня страціць – жывем жа, як на вулькані, - што ня новая генэрацыя, то чарговая праграма Абнаўленьня. Балазе, усе іхныя галасы неўзабаве губляюцца ў фізыялягічных зыках, якія сыходзяць ад песьняроў грамадзянскага эрасу ды здаровага клёку. Мовіў жа надоечы нехта з паэтаў-песеньнікаў: “Сорамна пісаць аершы пасьля трыццаці гадоў”, - прыпадобіўшы паэзію да праяваў юнацкіх гарманальных забурэньняў, кшталту ювэнальнай скулаватасьці. Так прыходзіць рэканквіста здаровага клёку. РАбіце свае стаўкі.
Рэвізыянізм
У сярэдзіне 90-х частка беларускамоўных выданьняў пачала пераходзіць на двухмоўе. Рабілася гэта пад лёзунгам пасьлярэфэрэндумскай “адэкватызацыі”. Найбольш экзальтаваныя самаеды пачалі нават вышукваць утропы за Азаронкам “дыскурс нянавісьці” ў андэграўндных культурніцкіх праектах першай – далукашэнкаўскай – паловы 90-х. Хоць акурат жорсткай пасьлядоўнасьці ім бракавала больш за ўсё, - дужа ўжо забавіліся шушкевічаўскія ўдатнікі цягам тых часоў нарцыстычнымі імпрэзамі ды раскулешыліся ад першых авансаў за “нонканфармізм” сваіх маніхвэстаў. Урэшце, самі сябе яны гэтым і пакаралі, - іхныя мастацкія “піраміды” збанкрутавалі нават хутчэй, чымся расейскі МММ, бо Беларусь – яна для неспатоленых. У краіне, дзе лейтэнанты КДБ стала прэтэндуюць на ролю мастацтвазнаўцаў, - расслабеньвацца ня варта.
Монстры-дэструктыўшчыкі
Экзыстэнцыйна-гастранамічны шок, выклікаемы спажываньнем “жыгулёўскага” – пошасьць малавядомая, з гэнай жа падклясы хворасьцяў, што і стомленасьць. Парыжам. Выяўляе яна сябе немэтававанымі паквапамі на інтэлектуалізм, чырвонае віно, а таксама – расчараваньнем у вэрсыфікацыі. Мяркуемая група рызыкі – беларускія паэты сярэдняга веку. Першы адкрыў ды апісаў гэты сындром таксама, зразумела ж, паэта. Хто дасьця цяпер крытыкам веры, што гэныя ахвяры далікатнай пэрыстальтыкі – і зьяўляюцца тымісамымі “монстрамі-дэструктыўшчыкамі”, імёнамі якіх колішнія старшыні СП пужалі сваіх неслухаў -унукаў. Выглядае, што бурапеністы літарацкі разьліў пачатку 90-х конча адхлынуў, - і на сухазем’е засталіся менавіта крытыкі.
Дзеці-інквізытары
Мы выяўляем вітальнасьць плянктону, павялічваючы свае шэрагі між катастрофамі. З кожным новым падобным цыклям беларускі рух усё больш маладзее. Імпэт нэафітаў у гэтых варунках робіцца галоўным рэсурсам культуры. Стыль маладых ваўкоў запанаваў ня толькі ў палітыцы, але і ў мастацтве, - мы можам з рэгулярнасьцю ў пяць год назіраць як чарговы тузін нэафітаў з паквапам на які-кольвечы “ізм” штораз ператрушчваюць Нэкропаль айчыннага пісьменства. У Беларусі нават школьныя хрэстаматыі ўкладаюцца з твораў нэафітаў. Клясыкі ў тубыльным клімаце не высьпяваюць да “канвэртабэльных” кандыцый, - застаецца толькі здагадацца, якія кшталты выпрацаваліся б, напрыклад, з творчасьці Багрыма або Труса, каб не акупацыі ды рэвалюцыі. На лядах беларушчыны ўтульна толькі “падлеску” – пэрманэнтнаму “маладняку”, што зусім не выбачае выпадкаў інтэлігенцкай сэрвільнасьці ды інфантылізму. Калі ты “эмігруеш” у запой або да “карыта” – гэта толькі твая асабістая нястаннасьць. Зрэшты, вышпаменаванае – скрайнасьць, большасьць жа беларускіх культурнікаў выбірае сярэдні шлях, улягаючы ў рутыну на імя Адраджэньне, блытаючы эстэтычныя ды палітычныя заангажаванасьці. Што да моладзі, то як бы васемнаццацігадовы хлапчук ня хмарыў лабешнік і не рабіў пальчыкам правідловамыснае “но-но”, - “стаўпом грамадзтва” ён патрапіць зрабіць толькі сярод “дзяцей кукурузы”. У сталым жа грамадзтве за фармуляваньне правілаў гульні мусяць адказваць сталыя людзі, - няма ўжо куды далей маладзець ды дзяцініцца беларускаму руху. Менавіта на сярэднім пакаленьні палітыкаў ды культурнікаў палягае цяпер галоўная адказнасьць. Вось чаму, калі з гэтага асяродзьдзя зьяўляецца чарговы суіскальнік “палітычнага прытулку”, гэта не сустракае разуменьня нават сярод патрыятычнай грамады, не зважаючы на ўсе запабегі лібэральнай прэсы.
Беларускае графіці
У кожным беларускім мястэчку ёсьць свая сьценка з апазыцыйным графіці, да якой вызваленыя фронтаўскія работнікі гадоў ужо як пяць водзяць экскурсіі іншагародніх рэзыстантаў. Абавязкова прысутнічае ў гэтым жа гарадку і яшчэ адзін плот – з брутальна выбеленым пасярод пасам ды амонаўцам ля яго , - сюды на экскурсію ходзіць ужо “вэртыкаль”. УСе задаволеныя – і рэзыстанты, і начальнікі. НАзываецца гэты ўсеагульны поцяг да манумэнтальнага абстракцыянізму “культурай бунту”. Таму, калі вы бачыце, як паэты самавыяўляюцца на платах, а заўзятары пэцканьня сьценак грамадзкіх прыбіральняў перакваліфікоўваюцца на старонкі афіцыйных выданьняў, - не хапайцеся суадносіць убачанае з палітычнай сытуацыяй. Гэта проста апошняя вясна стагодзьдзя, гэта дэкаданс квітнеючай маладосьці ў буяньні марцовых тэкстаў. Усе бьюць у бубны і падгоцваюць – адвечны “маладняк”, багема змаганьня. Гэта так імпэтна, што яшчэ трохі – і вы прабачыце ім фальш слабых вершаў пра моц.
Улада і мастак
Як было ўжо слушна адзначана айчыннымі крытыкамі, пераважная большасьць беларускіх літаратурных часопісаў выходзяць не таму, што іх нехта чытае, а праз тое, што існуе чарга жадаючых надрукавацца. Народ наш засаб зь лядашчай, але бяскоштнай мэдыцынай звык таксама мець права і на местачковае, але гарантаванае графаманскае шчасьце. Калі б прэзыдэнцкая вэртыкаль датрымлівалася ў гэтым пытаньні сацыялістычнай справядлівасьці, беларускія пісацелі не прасілі б “палітычнага прытулку”.
Баярве памежных марак
ХХІ стагодзьдзе пачынаецца ў 2001-м. Але гэта абыходзіць толькі матэматыкаў ды маргіналаў, - астатніх жа мэйнстрым вынясе на пратокі эпохі ды ў ейныя залатыя анталёгіі ўжо ў 2000-м. Ня цяжка здагадацца, што будзе адбывацца ў гэтым годзе, скрадзеным у вечнасьці, - патрыярхі Праспекту пачнуць дзяліць міжсобку вынікі ды “прысушваць” тэндэнцыі. Што да баярвы памежных марак – пракаветнікаў пэрыфэрыі, то мы парупімся сустрэцца са старымі сябрамі, касуючы ўсе ліміты, яшчэ ў гэтым стагодзьдзі. Свайго мы яшчэ не дапракудзілі, не далюбілі, не дабылі.
Наваполацак
|