БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

КАЛОСЬСЕ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
КАЛОСЬСЕ № 7

Заўвагі на бачынах кнігі, якая яшчэ пішацца

Лявон Вашко

Прывітаньне, Алесь!

Прыехаў зь Менску, а на стале бачу ліст ад цябе. Дзякуй за прыемны допіс і за добрыя словы пра «Еўрапейскія гісторыі» ды «Паэтаў-цароў». Карыстаючыся з твае прапановы, вырашыў напісаць для «Калосьсяў» некаторыя меркаваньні паводле нашае беларускае літаратуры. Даруй, што адказваю няхутка; але затое — грунтоўна. Заўвагі свае раблю ў форме допісу, бо гэткі жанр, як мне падаецца, даволі «дэмакратычны», а на артыкул нестае ў мяне часу, бо зараз маю багата працы над дысертацыяй, дый розныя акалічнасьці ў прыватным жыцьці вырынаюць зь «вечнасьці». Калі раптам вам падыйдзе маё пісьмо, дык друкуйце; зрэшты, калі што якое, дык няцяжка гэты ліст і прычасаць — адрэзаць чуб ды хвост, і будзе сякая-такая літаратурна-крытычная храновіна з назваю «Заўвагі»; калі ж яно ня «ляжа» ў часопіс, таксама нібяды — я прывык ужо, што маё пісаньне ня дужа «ідзе ў работу», і дзесьці далёка ў душы мне нават спадабалася не друкавацца; зрэшты, наракаць на лёс мабыць мне няварта. Карацей, сваю справу я раблю — пішу, як мне бачыцца і чуецца, — а ты там ужо мяркуй сам, што і як.

Думаю, што скмета Пятра наконт іранізму наколькі слушная, настолькі ж можа і не адпавядаць абсалютнай беларускай ідэі — нашай духатворчасьці. Наконт іранізму я ўжо чуў ад Уладзі Арлова гады са два таму назад, у часе, калі мы сядзелі ды адзначалі маю першую кніжку. Увогуле, зьнешневідавочна яно гэтак і ёсьць — стыль; аднак з прымерам да нашага новага беларускага часу яно больш, чымся стыль. Неяк я сабе ўзяў у думку, што беларуская літаратура — то больш, чымся проста літаратура; яна рэчаіснатворнік, духовае выяўленьне нашае, собскае рэчаіснасьці; гэта значыць, што і ўсе мастацкія індывідуальныя сродкі, стыль ды мова ды ўсялякія значкі-кручкі для прыпынку маюць на сабе гэты сьвяты адбітак нашае сьвятое творчасьці; яны існуюць ня толькі фармальна, і хутчэй яны — зусім і ня форма, а сакральнае думніцтва; рытміка, фоніка, танальнасьць... усё гэтае — сьвятое думніцтва ды жывая думка. Акурат у гэтым жывым рэчышчы і мусяць тварыцца беларускае мастацтвабудаўніцтва сьвету ды вычувацца герархічныя каштоўнасьці нашае літаратуры.

З гэтае нагоды я папытаўся самака ў сябе: што найперш мусіць быць для нас сьвятакаштоўным? Вядома ж, самая беларускасьць. Нават калі ў мастацкім творы анічога няма, апрача, як у-кароткага, ці проста коскі, але коскі, напісанай па-наску, па-беларуску, дык твор гэты ўжо сьвятакаштоўны. Пасьлясучаснасьць (постмадэрн) тут не прычым, як не прычым і крызіс мастацтва, выяўлены найперш праз духазанядбаньне ўнутрымастацкага формазьмесьціва. Гаворка, зноў жа не пра форму, а пра сьвятабеларускае духовае напаўненьне мёртвае формы — яно вылучае з некаштоўнасьці ці з каштоўнасьці агульначалавечай (і значыць, нічыйнай — і значыць, амаль чужынскай, ва ўсялякім разе, не сваёй — і ўрэшце, значыць, некаштоўнасьці) рэч у зьяву роднасную, уласнавычутую, жывасакральнабеларускую. І адсюль пачаткуе нашая сьвятамастацкая герархія, з жывога прымітыву, які тым ня менш наш. У астатнім, напэўна, трэба прыняць усе тыя герархічныя каштоўнасьці традыцыйнага мастацкага сьвету як асабістую, беларускую зьяву, прыняць, мераючыся да жывое беларускае творчасьці; бяздарнае мусіць быць бяздарным, але бяздарным нашым, унутранасьвятавобразным, беларусажывым, сакральнадзейсным, таленавітае — гэтак жа, вытанчанае — гэтак жа...; усё, што існуе ў навакольным сьвеце назоўна, прадметна, у нашым беларускім сакральным сьвеце мусіць творчадзеіць, зьяваіснаваць. Урэшце на гэтым жывым мастацтве і палягала заўжды ды палягае цяпер беларускае духовае дойлідзтва.

Дык жа што робяць нашыя крытыкі? Я часта бачу, што, калі дзе ёсьць што жывое, дык хутчэй стараюцца загнаць яго ў нашую сакральную творчасьць мёртвым законам кантэксту. Яны ствараюць для нашае творчасьці нейкую турму з прыдуманых імі мёртвых ісьцін, мёртвых стыляў, плыняў, зь нейкага фармалізму, а тады ў гэты астрог «содзяць» беларускае жывое мастацтва; там, у астрозе, яно або чахне без свабоды, або ператвараецца ў берваяно-раба ды служыць — добра, калі спрошчанай нежывой ідэі, а не, дык яшчэ і якомусь пахану, ягоным густам загадчыка адзьдзела крытыкі ці прозы, ці яшчэ якой халеры з кабінета, дзе патыхае зусім ня тымі чарніламі, што трэба, — або ўрэшце... рве астрожныя ланцугі і вымыкае на волю (хіба ж тварэньне Янкі Брыля, ці Васіля Быкава, ці Уладзіміра Караткевіча — ня сьведчаньне за творчае, жывое пераадоленьне мёртвых стэрэатыпаў, і хіба Быкаўская творчасьць апошніх гадоў — то не палон у прыдуманых часам і жыцьцём умоўнасьцях?).

Прычына, зь якой склалася такое становішча ў мінулыя гады, зразумелая; але як зразумець, што новая перарода крытыкаў, завучы бегчы прэч з Бастыліі ў чыстае поле, на вольны вецер, завучы ледзь не на рэвалюцыю (а можа, нават і на яе) у роднай літаратуры, пакуль што здолела ў наругу ўчорашняму астрогу, які захаваўся ў даволі трывалым стане, прапанаваць мастакам пасядзець у астрозе сёньняшнім — з горшай «пайкаю», але ж з тэлевізарам у камеры? Відаць, тлумачыцца тое імклівасьцю вакольных пераменаў у грамадзтве, у сувязі з чым адбываюцца колькасныя пераўтварэньні навакольнага ў жыцьці, але ня якасныя пераўтварэньні самога жыцьця. Прапанова пасядзець за новымі кратамі адбылася гэтак хутка і нахабна, што, узьнікае ўражаньне, ніхто асабліва і не заўважыў пераменаў. Таму я яшчэ змарную паперы, каб трохі сказаць пра новыя путы.

Ідэя нашай найноўшай крытыкі — я найперш маю на ўвазе «Нашу Ніву» і Сяргея Дубаўца — аблудная адпачатна: памылка ў тым, што ў разуменьні мастацкага чыну нашаніўцы сыходзяць з пункту гледжаньня герархіі літаратурнага кантэксту, але не герархіі самаго сакральнага мастацтва, творчасьці. Іначай кажучы, у аналізе ці ў ацэнцы творчасьці сьвядома выбіраюць кантэкставы, прадметны бок літаратуры і часьцяком не ўважаюць на сакральны сьвет мастацтва і на ягоную псыхічную прыроду — на духадзею. Гэтае прыводзіць да спрошчанага разуменьня нашага мастацтва — да зьмертаўленьня творчасьці ў адоймах кантэксту. Абсалютызаваўшы кантэкст, нашаніўцы вырабілі і абсалютызавалі для сябе і сам спосаб існаваньня ў гэтым кантэксьце — іначай, узялі за сістэму прынцыпаў і каштоўнасьцяў сістэму прынцыпаў і каштоўнасьцяў, выпрацаваных на Захадзе, і механічна ўжылі ў дачыненьні да беларускага мастацтва і, увогуле, да літаратурнага жыцьця як абавязковы і непарушны закон. Сутнасна гэта нічога не зьмяніла: памянялася форма, зьявілася больш модная вопратка, і адразу ж пасьля гэтага наш літаратурны Дом Саветаў ператварыўся ў наш літаратурны цырк на дроце — у нейкую закамплексаваную на сваёй недаразьвітасьці, «саўковасьці» ды сялянскасьці балахонную ідэю, якая вырвалася з калгасных загонаў у Еўропу, кудысь на кірмаш у Беласток, ці ў нейкае іншае еўрапейскае сяло. Чытаючы нашаніўскую мастацкую літаратуру ды крытыку (вядома, я кажу пра агульны нахіл, а не пра асобныя творы, якія часцяком, дый абавязкова, вытвараючы агульшчыну, пярэчаць ёй), няцяжка прыкмеціць гэтую нашую новаідэйную старамёртвасьць беларускае спрадмечанае літаратуры. Зноў жа, асабліва тое відаць з крытычнага думніцтва; ужо толькі нашаніўскі лексікон-апаняцьцяўленьне кажа на запрыгоньваньне жывога: мастацкі твор яны называюць тэкстам, у творчасьці бачаць кантэкст, у жывой мове аўтара — сродак; замест таго, каб тварыць мову, яны прыдумалі сабе правапіс, замест таго, каб шырыць ды глыбіць сьвятое беларускае слова, яны набраліся, як ваўчкоў, нейкіх «інтарнацыйных» лексемаў, нейкіх «агульначалавечых» (і, значыць, нічыйных, чужых і беларусанекаштоўных) мёртванезразумелых гукаспалучэньняў, і замест таго, каб змагацца з рускім уплывам у нашай мастацкамоўнай стыхіі праз абуджэньне беларускага сакралу, яны паназьбіралі, чыста блохаў у каўтуны, усялякіх паланізмаў; рацанзуючы нашую беларускую творчасьць, яны ў алфавітным парадку запаўняюць імёнамі пісьменьнікаў нейкія свае сьпісы-намінацыі, якія, на іх думку, адлюстроўваюць сапраўднае становішча ў літаратурным жыцьці, дробяць гэтыя сьпісы, злучаюць, дапісваюць нешта ў іх, выкрэсьліваюць зь іх...; замест таго, каб убачыць у мастацтве сьветатворчую жывіну, яны заганяюць яго ў «стылі», «тэмы», «плыні»... Дык хай бы і заганялі сабе, дык жа знаходзяцца пісьменьнікі, што самі, знарочыста ідуць у той палон, самі робяць выбар не на карысьць жывога мастацтва, а на карысьць гэтае турмы: яны адпачатна пішуць як бы «тэму», «стыль», але не мастацтвавытвараюць нашую сакральную рэчаіснасьць. Літаратура разьвіваецца колькасна, намінатыўна, з улікам не сутнасных асаблівасьцяў, унутраных, а найменна-зьнешніх: першы аўтар-ямбіст, хто напісаў пра калгас, першы гекзаметар пра брыгадны падрад, трэцьцяе хоку пра мужалюбства і яно ж першае пра мужалюбства ў тэлефоннай будцы і г.д.

Гэткае мярцьвяцістае кантэкставаньне, калі крытыкі жывое мастацтва канавалуюць, а пісьменьнікі, усьсеўшы на маладую і вечнанеўміручую беларускую душу, без мяжы нацягваюць на яе, чыста гандон, свайго раньняга Басё, пакідае родную літаратуру на ніжэйшай прыступцы жывамастацкае герархіі: на ўзроўні нашых косак і кропак, на ўзроўні нашага беларускага у-кароткага; гэтае самое па сабе няблага, нават выдатна, бо яно — адпачатнанашасакральны прымітыў, які, як ты не спрадмечвай, ды ён усё адно застаецца сьвятой зьяваю ў нашай духадзеі; і гэтае няблага і выдатна, але можа быць яшчэ ляпей; і яшчэ па сто разоў яшчэ.

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што акурат «Н.Н.» разьвярэдзіла прыстаялае літаратурнае жыцьцё на Беларусі; ад яе і пайшло ўсё скачма. «Тутэйшыя», па вялікім рахунку, усё ж валялі дурня — пад гэтым выразам я маю на ўвазе рамантычныя спробы пайсьці ўрожкі з акамелым у маналітных формах нацыянальным мастацтвабытам, спробы, якія не вынікалі па-за межы дэкларацыі; ацэнкі зборніка «Тутэйшыя», бадай што, трохі завышаныя — пры безумоўнай эстэтычнай вартасьці надрукаваных у ім твораў кніжка мае прынамсі дзьве асаблівасьці, якія сьведчаць пра яе неадпаведнасьць да самой сябе (рэальнасьць дэкляратыўная як бы разыходзіцца з рэальнасьцю насам’істай): па-першае, зборнік не выяўляе абавязковае для падобнае «брацкае магілы» скразное мэтанакіраванае «эстэтыкі гушчаў», нейкае творчае маналітнасьці індывідуумаў, што была дэклараваная іхняй суполкаю, а хутчэй яна ёсьць мазаіка з розных і па форме, і па духу твораў, чые аўтары апынуліся адзін пры адным проста з-за немагчымасьці апынуцца на якіхсьці старонках адзін без аднаго, па-другое, на сёньняшні дзень гэтая кніжка ўжо не ўспрыймаецца як штось настолькі гістарычна-этапнае ў разьвіцьці беларускае літаратуры, наколькі гэтае ўяўлялася нашым крытыкам і дасьледчыкам, ці пісьменьнікам хоць і пяць гадоў таму назад, і наколькі раз-пораз яно ўяўляецца імі зараз — этапнасьць гэтае кніжкі мабыць больш выясьняецца ў індывідуальным літаратурным лёсе ейных аўтараў, большасьць зь якіх зь цягам часу выразна, адметна рэалізавалі сябе ў красным пісьменстве ці хаця б добра заявілі пра сябе (для іх «Тутэйшыя» — і сапраўды, істотная прыступка), але этапнасьць зборніка не выясьняецца гістарычна-разьвіцьцёва, бо ён яшчэ не плынь, не накірунак, не ідэалёгія, і нават не канкрэтны бунт, як гэта падаецца нашым літаратурным знаўцам, а проста кніжка суполкі з шасьцідзесяці, ці каля гэтага, новых беларускіх літаратараў, якія сабраліся, каб сур’ёзна пагаварыць адзін з адным пра тое, як яны шчыра любяць сваю бацькаўшчыну, якія праз сваю вялікую і моцную любоў, загрыбіўшы губы, укрыўдавалі на тых, хто яе ня любіць ці любіць недастаткова моцна, ці дастаткова моцна, але трохі іначай, як яны, і якія далёка ня ўсе трапілі на борт іхняе кніжкі-карабля, бо засталіся па-за ейным бортам пасьля таго, калі былі бартанутыя на бераг сваім жа штурманам-укладальнікам Сяргеем Іванавічам; не дамаглася тагачасная маладая літаратура жаданай ідэалягізацыі і выдаючы свае «ксэраксы», у якіх эстэтычная вартасьць твораў не заўсёды дасягала ўзроўню твораў, зьмешчаных у зборніку «Тутэйшыя», хаця пры гэтым быў зроблены даволі істотны крок да афармленьня новае літаратурнае плыні: «ксэраксы» ў розьніцу ад «Тутэйшых» больш выразна акрэсьлілі накірунак новай літаратуры, ейныя прынцыпы і апэўнілі кола ейных аўтараў.

«Бясьцеласьць» «Тутэйшых», дэкларацыйнасьць іхніх памкненьняў праявілася ня толькі ў галіне літаратуры, але і ў галіне самога жыцьця: крытыкі неаднаразова ўжо ўважалі на неадпаведнасьць прынцыпаў, якія вылучала суполка, з жыцьцёвымі ўчынкамі асобных ейных супольнікаў, калі ў выніку гэтых учынкаў у «тутэйшых» пачало абрастаць пухам падбародзьдзе. Памятаецца, сутыкненьне між «тутэйшымі» і «тамтэйшымі» было на глебе немагчымасьці адных выдаваць свае творы і поўным панаваньнем другіх у афіцыйных выдавецкіх інстытуцыях; паўстаньне «новай літаратуры», такім чынам, было скіраванае супраць камфармізму, атаесамлёным з афіцыйным уладараньнем пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня, якія не давалі маладым сілам ступіць ані кроку, і не давалі ім надрукаваць ані радка; свабода творчасьці як бы проціпастаўлялася несвабодзе камфармізму, афіцыёзу. Але нечаканыя і ўпартыя ўзлазіны шэрагу літаратараў-тутэйшаўцаў на афіцыйны парнас як бы засьведчылі, што хлопцы яўна клеюць гарбатага да плота і што гаворка ідзе проста пра несправядлівае разьмеркаваньне літаратурнага пойла, калі секачы, стаўшы шарам вакол карыта, не пускаюць і блізка падсьвінкаў, пакуль самі не наядуцца ўсмак; зборнік «Тутэйшыя», такім чынам, зьявіўся сімвалічным абрадам далучэньня, прычашчэньнем, калі секачы шчодра дазволілі асобным падсьвінкам зрабіць па адным глытку запаветнае спажывы; тыя ж адчулі смак, і таму якраз тады, як «тутэйшыя» пішчом палезьлі на парнас, канчаткова зрабілася відавочным, што іхняя «тутэйшасьць» — усяго адваротны бок іхняе «тамтэйшасьці». (У дадзеным выпадку я не зьбіраюся кагосьці асуджаць ці апраўдваць, а толькі хачу зьвярнуць увагу на пэўныя неадпаведнасьці гэтага новага літаратурнага руху, які так і не зрабіўся сапраўдным рухам, і, напэўна, ім ніколі і ня быў хаця б на кіпаць, бо не «рухаўся» і не існаваў ані ідэялагічна, ані стыхійна-бунтоўна, ані зьдзейсьнена-матэрыяльна, — адно ў рамантычных мроях сваех супольнікаў).

Нашаніўства ўрозьніцу ад тых — гэта ўжо акрэсьлены рух, ідэалогія, ідэйнае процістаяньне. Калі «тутэйшыя» таўкліся ў чарзе па глыток пойла ды лезьлі навыперадкі адзін перад другім да карыта, дык нашаніўцы вырашылі праблему «сьвінячага ненаедку» хутка і мудра — яны папросту пакінулі гэтую праблему самой сабе і выйшлі па-за яе межы. Гэта самае галоўнае дасягненьне новай літаратуры — наўмыснае адмаўленьне ад унутрыстарапраблемнага ўласнаразьвіцьця, разьвіцьцё бо ва ўлоньні мёртвае праблемы ёсьць марнатраўства, рух на месцы; то рухавыпустошваньне, калі дзея зьмяняецца дзеяспадабненьнем, імітацыяю; то зьнесьвячэньне сьвятасьці, калі жывая сьвятасьць ператвараецца ў мёртвы культ пакланеньня ёй: і нашаніўцы зрабілі крок з гэтае мёртвае аблады.

«Наша Ніва», дзякуючы гэтаму свайму кроку-прэч, адкрыла ў беларускай літаратуры шмат таго, чаго было ў літаратуры закрыта, або, увогуле, чаго не было: 1) свабодапрамаўленьне (маральная і матэрыяльная незалежнасьць ад пэўных гнятлівых умоўнасьцяў, якія існавалі дагэтуль: утварылася незалежная выдавецкая будова, зьявілася магчымасьць казаць шчыра, не баючыся ўладзіць патрабаваньням звыш, зьнік цяжар ранейшае маральнападвоенасьці, пад якім даводзілася тварыць мастакам за пісьмовым сталом і выпрошваць літаратурную міласьціну ў выдавецтвах ды выданьнях), 2) канонаразбурэньне (ваяўнічае процістаяньне ўчорашняму адзеравеламу быту, ягоным «нежывым» законам; зьявілася арганізаваная сіла, ваяўніча скіраваная да ўсяго нядаўнамінулага і з гэтым зьявілася магчымасьць спрэчкі-вайны нароўных дый самая тая спрэчка-вайна; мастацтва ў гэтай вайне, руйнуючы ўчорашнюю сьвятасьць, як бы набыло страчанае ім колісьць — тую сваю місію прарока, якое яно ўсклала на самога сябе на пачатку ХХ стагодзьдзя; пабіцьцё традыцыі, такім чынам, зрабілася прыходам да традыцыі, ганьбаваньне сьвятасьці сталася пошукамі сьвятога), 3) формаразьняволеньне (наватарства ў галіне форматворчасьці; мастацтва адкрыла для сябе новы сьвет новых формаў, невядомых ранейшаму пісьменству ці не ўжытых ім; галавакружныя метафары, неверагоднае сюжэтна-кампазіцыйнае вырашэньне твору, моўна-стылёвыя пошукі і знаходкі, жанравыя напрацоўкі — дадатнасьці новай літаратуры), моватварэньне (зноў жа, вяртаньне да традыцыі праз барацьбу супраць яе: вяртаньне да ідэі моватварэньня. выпеставанай ва ўлоньні першай «Нашай Нівы» ды ў пасьлейшую пару, у 20-ыя гады, сталася барацьбою супраць мовапрыгону, што быў народжаны ў часе кантэкставаньня моватворчасьці ў 30-ых гадох, у нетрах Акадэміі Навук і жорсткаўсталяваны афіцыйнай ідэалёгіяй ва ўсіх беларусадышных інстытуцыях; адбыўся яўны, наўмысны паварот мастацтва ад мовы да маўленьня, ад літаратурнага слова да мастацкага гучаньня), 5) і г.д., і г.д.

У «Н.Н» згуртавалася нямала таленавітых аўтараў, якія ў гэтай газэце дужа добра сябе паказалі, хаця, верагодна, былі і гэткія, хто паказаў сябе нядужа і нават дужа нядужа (ня буду тут канкрэтна нікога ні хваліць, ні ганіць, прыводзячы сьпісы ў алфавітным парадку — усе мы свае людзі і добра ведаем, хто чаго варты і хто чаго няварты). Карацей, «Н.Н.» зрабіла крок па-за вузкі круг, у які загналі нашую літаратуру самая гісторыя і ейныя таварышы.

Але, пераўтвараючы літаратуру колькасна, нашаніўцы ня надта далі справы пераўтварыць яе якасна, і таму, целам адчуўшы водар сьвежага паветра, душою яны ўсё ж засталіся ў той абладзе, скуль вырваліся — ува ўсё тым жа апозадным сьціслашчыльным крузе (зразумела, я зноў-такі ня маю на ўвазе тут кагосьці прыватна; мае заўвагі тычацца агульнага накірунку, але ня творчасьці і твораў асобных пісьменьнікаў, літаратараў, журналістаў, асабліва тых, шчырым прыхільнікам каго зьяўляюся я сам).

Мабыць у гэтым трэба ўвінаваціць час-рэвалюцыю, калі імклівасьць колькасных пераўтварэньняў неабходная для механічнага «напаўненьня» нуля як мага большым ахопам лічбаў, калі пры нулявых зьменах самаго жыцьця адбываюцца няўпынныя зьмены палітычных колераў, сьцягоў, сімвалаў, калі мілі ці вёрсты зьмяняюцца на кіламетры, але пры гэтым фізычна не скарачаецца пакутны шлях да жаданых яснотаў. І «Н.Н.» улягла ў гэтую наканаваную доляю, цяжкую і няўдзячную працу, якая вымагае шмат высілкаў, праз якую, апрача кухталей, нічога не заробіш і без якой, каб нуль ня быў нулём, нельга абысьціся. У гэтым мне бачыцца падабенства сёньняшняе «Н.Н.» з пачаткастагодзьдзевай — яны зачынаюць: першая «Н.Н.» вытварыла з нуля наш беларускі сьвет, які пасьля ўрэчаісьніўся наяве з сакральнага вобразу, і другая — кліча да новага беларускага быту; і тут, і там самаахвярнасьць, беларусатварэньне, урачыставаньне духу над акамелай гісторыяй. Аднак зьвярну ўвагу на асаблівасьці сёньняшняга нашаніўскага колькаснага разьвіцьця-сталеньня.

Робячы крок па-за межы старапраблемнага быту, нашаніўцы ўсё адно нейкім неразгаданым чынам ня могуць пазбыцца ўчорашняга палону; ужо самое абвяшчэньне імі гэтага ачышчальнага пазбыцьця мінулага сьведчыць за іхні сёньняшні палон — пазбыцца чагось бо можа толькі той, хто мае, скінуць цяжар можа толькі той, хто яго нясе. І вось атрымліваецца карціна колькаснае беларускае духадзеі-пазбаўленьня: 1) свабодапрамаўленьне часьцяком нараджае ня тое, што закрытае як неспазнанасьць перад прагай да спазнаньня, пазамежавымыкальнай сьвядомасьцю, а тое відавочнае, пра якое ці трэба дбаць, калі ж яно і так заўжды з намі; свабодапрамаўленьне нараджае ня шчырасьць, а разьдзяваньне, шчыры паказ бо ці ў лекарскім пакоі, ці ў грамадзкай лазьні свае каросты яшчэ ня ёсьць шчырасьць як такая (адсюль і творы пра тое, хто як сікае, хто чым пукае, хто ўва што сера, і хто што дрочыць — і гэтае ня ёсьць свабода, а ёсьць рабства, пра што сьведчыць самое нашаніўскае тлумачэньне-апраўданьне публікацыі падобных штукаў: яно друкуецца таму, што яно ёсьць на самай справе; свабода ж — знаходзіцца акурат па-за ёсьць, свабода — ёсьць тое, чаго няма, і таму яна заўсёды большая, чымся ёсьць, таму яна заўсёды бязьмежнейшая ад ёсьць і заўсёды дае нам бясконцыя магчымасьці ейнага трансцэндэнтальнага спасьціжэньня; бязьмежнасьць спасьціжэньня драчылаўкі сканчаецца акурат на межах ёсьць), 2) нашаніўскае канонаразбурэньне таксама пакуль што явіць «барацьбу лічбаў», а не «сэнсаў» («Наша Ніва» ўсё яшчэ там, што даўно памёрла, і ў гэтым царстве мёртвых яна спрабуе нешта зыначыць, памяняўшы на спруцянелых трупах апраткі: акупанты, паводле «Н.Н.», гэта вызвольнікі, а вызвольнікі гэта акупанты, здраднікі гэта героі, а героі гэта здраднікі, палякі гэта беларусы, беларусы гэта літоўцы, літоўцы гэта яцьвягі, а яцьвягі гэта не яцьвягі...; нашаніўцы яніяк ня могуць пазбыцца на мёртвы непатрэбны цяжар жывой сакральнай беларускай душы, і гэткае канонаразбурэньне, напэўнае, патрэбнае больш самім старым канонам, ажно не сьвятой беларускай духадзеі), 3) форматворчасьць збольшага таксама ня згук жывога тварэньня, а намінатыўнае выплоджваньне літаратурнага тэксту (гэткая літаратура, не наталёная духам, ня можа быць мастацтвам нашым — мастацтвам народу, які во толькі нарадзіўся духова і, зьясьніўшыся на яве, прагне жыцьця; то літаратура сьмяротнікаў, і, як мне падаецца, «Н.Н.», дый, лічы, усе нашыя сапраўднабеларускія газеты, дзесь падспудна, непрыкметна для саміх сябе, уверылі ў тое, пра што неаднаразова і з нумара ў нумар яны пішуць на сваіх старонках — у блізкую беларускую пагібель), 4) моватворчасьць, як я ўжо казаў, абярнулася, зноў жа, у фармальныя праявы сьвятога моўнага тварэньня (прыкмета рэвалюцыяў — гвалт над «душою» мовы, калі намінатыўнасьць слова як бы замяняе ягонае сакральнае духовае жыцьцё; то імітацыя духадзеі, але не самое тварэньне — барацьба супраць «яця» у расейцаў ці змаганьне за мяккі знак у беларусаў кажуць сімвалізацыю жыцьця, якая ўрэшце проціпастаўляецца самому жыцьцю; можна прыгадаць выбух беларускае моватворчасьці ў «Н.Н.» на пачатку 90-х гадоў і тое, чым гэты выбух скончыўся літаральна праз некалькі веснаў — мовасамазапрыгоненасьць, мяккія знакі замест сакральнага жыцьця-тварэньня, засраныя паланізмамі і варварызмамі старонкі замест чысьціні-красы свайго роднага маўленьня, мовакантэкставаньне замест сьвятамоўнага будаўніцтва сьвету), 5) і г.д., і г.д.

Гэтая назоўнасьць жыцьця, але не самая творчая жыцьцяпраўднасьць аніяк не дае «Н.Н.» выбавіцца з таго рабства і з тае «саўковасьці», якія яны дужа ня любяць; і чым больш яны ненавідзяць учорашні памерлы сьвет, тым у большы палон да яго трапляюць. Станоўча вырашыўшы пытаньне «сьвінячага ненаедку», тым ня менш нашаніўцы ня здолелі агораць у сабе колешнюю «тутэйшасьць» і пачалі зводзіць рахункі з усёй старэйшай перародаю секачоў нашага літаратурнага статку; паразьбіваныя насы, выбітыя зубы, абгаўняныя гальштукі і сьцёртыя з шыльдаў вечнасьці імёны нашых колішніх слынных байдачкоў — вынік гэтае барацьбы; такім чынам пытаньне «сьвінячага ненаедку» пераўтварылася, зноў-ткі колькасна, у пытаньне «законаў дзікае пушчы», паводле якіх сыны, асьвінеўшы сталым векам, набраўшыся моцы, мусяць ужыць у якасьці ежы некалі непераможных ваяроў, сваех бацькоў, якіх, пакуль маладняк падымаўся, час ня дужа пеставаў; як бачна, пытаньне «сьвінячага ненаедку», трансфармуючыся, усё адно засталося «сьвінячым».

Разам з тым усё гэтае, разьвіваючыся так, а не іначай, сьведчыць за адную вельмі дадатную акалічнасьць: колькасныя пераўтварэньні мусяць зрабіцца якасным крокам у разьвіцьці беларушчыны. Вытвараны сакральны прымітыў будзе новаадухаўлёны ў наканаваную пару нашым беларускім сьвятым тварэньнем; прыкладаў гэткага новаадухаўленьня безьліч — ад першага нашаніўя і дасюль; кожны паўмёртвы гук паўмёртвага мастацтва будзе аджыўлены жывымі стварцамі беларускага быцьця.

Выказваючы гэтыя свае заўвагі, я пэўным чынам маю на ўвазе і ТВЛ. Хаця яно, афармляючыся як рух, дужа рашуча адпрэчыла колішнія «традыцыі» «тутэйшых» (гэта прынцыповае непрыняцьце самой ідэі прычашчэньня да пойла), тым ня менш і яго не абмінула пара рэвалюцыйна-колькаснага разьвіцьця. Гэта, як ні дзіўна, наўмыснае і нязломнае проціпастаўленьне сябе афіцыёзу (аднак нават такі шлях засьведчыць пра патрэбу пісьменьніцкага аб’яднаньня ў адзіны саюз з мэтаю адстойваньня сваіх правоў, стварэньня нармальнага быту і г.д., і нават «тэвээлаўскі» шлях мабыць паскорыць падобнае аб’яднаньне і выпрацоўку новых прынцыпаў саюзу; ва ўсялякім разе, як мне падаецца, у сваіх артыкулах ты раз-пораз пішаш акурат пра гэтае). Заўважанае ў «Калосьсях» імкненьне да мёртвае форматворчасьці, мовапрыгону, характэрнага для старонак «Н.Н.», імкненьне да імітацыйнае еўрапейскасьці. Усё гэтае, вядома — толькі перадумова новага нашага выбуху творчасьці, і ўрэшце таму ўсё гэтае выдатна.

Увогуле, «Калосьсі» пакідаюць па сабе добрае ўражаньне. Апошні пяты нумар прачытаўся за адным глытком. Запомніліся (пішу літаральна па памяці, бо пакінуў «Калосьсі» ў сябе ў Заслаўі) пераклад польскага апавяданьня, В.Чаропка, ты, В.Мудроў, ад якога я заўсёды ня ў меншым захапленьні, як ты, (пры нагодзе перадавай яму прывітаньне; магчыма, ён мяне прыгадае — некалі, напачатку васьмідзесятых нас бандаю прывозіў на Новы год С.Дубавец да іх — Арлова, Мудрова і Сокалава, — у Полацак).

Наконт жа заўвагі П.Васючэнкі, дык, вядома, крытыка, навука мусяць займацца канкрэтнымі вызначэньнямі. Але першае, што яны мусяць рабіць, дык гэта сутварыць разам з мастацтвам. Толькі тады, калі крытыка адчуе сваё сакральнае сумастацтва, яна зробіць якасны крок з аблады ўчорашніх умоўнасьцяў. А каб крытыка вычула ў сабе і зьясьніла гэтыя сакральныя глыбіні, трэба парупіцца пра сваю сьвятасьць, пра сваю большчыммастацкасьць самому нашаму мастацтву; сёньня часьцяком аўтары гатовыя верна служыць крытыцы, паслухмяна пішучы для ўжо загадзя прыгатаваных ёю стандартаў свае бесьсьмяротныя творы. Нам жа трэба ведаць, што сіла беларускага мастацтва ў ягонай неўтаймоўнай творчасьці Духу, у ягоным духовым дойлідзтве, праз якое вырэчаісніваецца новы сьвет — наш, беларускі. Дык нам трэба і будаваць ды тварыць. Трэба ладна трахануць наўкольнае балота, каб адно вошы зь яго пасыпаліся; а крытыкі няхай тады сабе прыдумляюць, да чаго б гэтае ўсё прыстасаваць.

На тым бывай. Жадаю ўсяго самага найлепшага.

 кантакт: freelit@polotsk.unibel.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія